Алесь БЯЛЯЦКІ

ДА ГІСТОРЫІ АДНОЙ ПАЛЕМІКІ

3 гісторыі беларусізацыі

Сярэдзіна 20-х гадоў... Бурлівы час на Беларусі. НЭП ажывіў эканоміку, у культурным будаўніцтве быў узяты курс на беларусізацыю. Нацыянальнае пытаньне вырашаецца на ўзроўні Пленумаў ЦК. Вельмі доўга беларускі народ быў у становішчы нацыянальна і класава прыгнечанага. Шмат трэба зрабіць, і кіраўніцтва рэспублікі падыходзіла да праблемы станаўленьня нацыі з усёй адказнасьцю і рэалізмам. Створаны нацыянальныя камісіі на рэспубліканскім і акруговым узроўнях, якія назіраюць за правядзеньнем беларусізацыі, дапамагаюць беларускай мове ўзьняцца на дзяржаўны ўзровень. Упершыню праз сотні гадоў урад размаўляў з народам на адной мове. А. Чарвякоў у брашуры «За Савецкую Бела­русь», прысьвечаную дзесяцігодзьдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, як дасягненьне ў нацыянальнай палітыцы адзначаў паступовы перавод войска на беларускую мову: «Вялікая работа праводзіцца ў Чырвонай Арміі. Заснавана аб’яднаная Беларуская школа камандзіраў сярэдняга саставу, у задачы якой уваходзіць падрыхтоўка камандзіраў для беларускіх войск. Адна пяхотная дывізія, блізка цалкам, праводзіць сваю палітычную, а часткай і сьпецыяльна вайсковую працу на беларускай мове. Друкуюцца статуты, падручнікі на бела­рускай мове».

Побач зь беларускаю перажывалі час рэнесансу і іншыя нацыянальныя культуры. На 1927 год на Беларусі выкладаньне ў школах вялося на васьмі нацыянальных мовах.

Рэзалюцыя Пленума ЦК КПБ аб нацыянальнай палітыцы (14.10.1925) абвяшчала: «Пралетарскае ўладжаньне на­цыянальнага пытаньня адрозьніваецца ад шурпатага дробна- буржуазнага падыходу да яго першым чынам тым, што замест фармальнага раўнапраўя нацый на пярэдні плян высоўваецца рэальная дапамога раней занядбаным нацыянальнасьцям у справе ўздыму іхняй культуры... Поруч зь першачарговаю задачаю гаспадарчага адраджэньня краю важнейшае значэньне мае праца па пераводу справаводства дзяржаўных, партыйных і прафесыянальных арганізацый на родную мову жыхарства па заснаваньню школы на матчынай мове, па забесьпячэньню раўнапраўя моў».

Сьведамыя беларусы, якія пазаймалі некаторыя ўплывовыя пасады ў Савецкай Беларусі, імкнуліся выкарыстаць свае ўладныя магчымасьці для правядзеньня беларусізацыі дзяржаўнага апарату, школьніцтва, войска ды іншых галінаў грамадскага жыцьця.

Але працэс беларусізацыі праходзіў няпроста. Чынавенства і бюракратыя яшчэ царскай выпраўкі ўсяляк тармазілі яго. Старшыня СНК Язэп Адамовіч на 2-й сесіі ЦВК СССР у красавіку 1926 года адзначаў: «Мы бачым, што якраз чыноўніцкі апарат усякімі спробамі выяўляе сваю ўпартасьць, не хоча даваць адказу ўкраінскаму ці беларускаму селяніну на яго роднай і зразумелай яму мове».

Фельетонны бюракрат са старонак «Савецкай Беларусі» шчыра рапартаваў: «Беларусізацыя ідзе ў нас шпаркім крокам, і не сёньня, дык заўтра перашагне 30 прац. Дасягненьні аграмадныя. Сялянства на ўсе 100 прац. ужо гаворыць на беларускай мове. Яшчэ напор — і... хто наступны?»

Пазьней, на пачатку 30-х гадоў, калі пад выглядам барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам ад беларускай культуры былі ізаляваны лепшыя навуковыя і літаратурныя сілы на­цыянальнай інтэлігенцыі, супраціў беларусізацыі меў ужо арганізаваны характар. Білі з розных бакоў. Гісторык В. Міхнюк у манаграфіі «Становление и развитие исторической на­уки Советской Белоруссии (1919-1941 гг.)», выдадзенай у 1985 годзе, адзначаў: «Трацкісты, крытыкуючы беларускіх нацыяналістаў па тых ці іншых пазіцыях, нават не згадвалі пра махровыя бундаўскія фальсіфікацыі гістарычнага мінулага. У выглядзе джэнтльменскай удзячнасьці бундаўскія гісторыкі засяроджвалі агонь крытыкі толькі на беларускім нацыянал- дэмакратызьме, пакідаючы за межамі сваёй увагі трацкісцкія скажэньні гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі».

Падобны малюнак быў не толькі ў гістарычнай навуцы. Спрабуючы асэнсаваць працэс беларусізацыі, адзін зь сяброў рэдакцыйнай калегіі часопіса «Полымя» Я. Ліманоўскі адзначаў: «Характэрна, што пакрыўджанымі “насильственной” беларусізацыяй аказваюцца пераважна расейцы (ня ўсе), ім належыць перавага ў скаргах на беларусізацыю... рэшткі “великодержавного, великорусского” шавінізму, — працягваў Я. Ліманоўскі, — выяўленага не ў аднолькавай сіле ў розных колах грамадзянства, вельмі “занепакоены” беларусізацыяй, не могуць зь ёй згадзіцца і выяўляюць значную актыўнасьць у перашкодах беларусізацыі» (Савецкая Бела­русь. 1926. 21 жніўня).

Не меншую актыўнасьць у супраціве беларусізацыі праяўлялі і т. зв. «тоже белоруссы», як іх ахарактарызаваў яшчэ да рэвалюцыі М. Гарэцкі, — былое чынавенства, старарэжымная псеўдаінтэлігенцыя, беларусы па паходжаньні і вялікадзяржаўнікі па выхаваньні.

16 мая 1926 года ў беларускамоўнай тады газеце «Савец­кая Беларусь» пад агульным загалоўкам «Ці мае беларускі народ сваю мову і сваю культуру?» быў надрукаваны ліст з Полацка «Вражда из-за языка», падпісаны сьціплым псеўданімам «Белорусс». Аўтар ліста не хаваў сваіх непрыхільных адносінаў да беларусізацыі, апісваючы становішча, якое склалася, на яго думку, такім чынам: «Язык белорусский стал злобой дня в Белоруссии. Казалось бы, что раз вводится в крае язык белорусский, то населению остается только радо­ваться. А тут как раз наоборот; население в 75-80 проц. вы­ражает свой громкий протест против своего языка — чтобы не вводить в жизнь, в учреждения, в школы, чтобы изъять его из употребления».

Аўтар ліста выказвае наступныя аргументы супраць беларусізацыі:

1) народ не жадае навязаную яму мову;

2) насельніцтва страціла сваю адзіную мову і ў розных месцах размаўляе на розных дыялектах, «причем эти наре­чия мало отличаются от чисто русского языка»;

3) беларуская літаратурная мова штучная, «в основу это­го языка положено минско-полесское наречие, и в него введе­на масса польских слов... В самом деле, что может дать бело­русский язык в школах и учреждениях... Ведь язык белорус­ский, не имеющий литературы (ибо нельзя же в самом деле считать большими литераторами таких “письменников”, как Янка Купала, Якуб Колас, которых местные шовинисты ста­вят наряду с Пушкиным, Шекспиром), в сущности говоря, служит лишь для того, чтобы портить, извращать фонетику, стиль, грамматику чисто русского языка...»

Вельмі арыгінальна «Белорусс» апісвае беларускую літаратурную мову, пералічваючы яе прыкметы:

«1) Одни слова русские, как бы нарочито каверкаются в угоду белорусскому (пошта, навука);

2) Вместо “о” почему-то ставится “а” (барада, дарагій);

3) Вместо “и” осьмеричного везде пишется “і” десятирич­ное;

4) Вместо твердого произношения “т” — “ть” (вядеть, нясеть);

5) Наконец, целый ряд чисто русских слов заменены сло­вами польскими (расчет — рахунак, казна — скарб). При­бавьте к этому изменение чисто русских имен на белорусский манер (Александр — Алесь, Михаил — Міхась, Иосиф — Язэп) и вставку новых слов — творения новой терминологии (сябр — таварыш, гвоздь — цвяк, воздух — паветра) — и вы будете иметь в миниатюре белорусский “словник”. В общем вы можете сказать, что одни слова служат для извращения русского, другие для его полонизации...»

Ліст полацкага «Белорусса» заканчваўся ледзь не істэрычнай нотаю: «Было бы очень отрадно, если бы высшая власть поскорей бы обратила внимание на это ненормальное явление в жизни исстрадавшегося народа белорусского и от­менила бы особым декретом насильственное введение бело­русского языка в школу и учреждения, так как нет к тому решительно никаких оснований — ни исторических, ни поли­тических, ни экономических, ни научных».

3 вышыні сёньняшніх дзён мы не будзем абвяргаць аргу­менты «Белорусса», адзначым толькі, што некаторыя зь іх, як, напрыклад, наўмыснае спальшчэньне беларускай мовы, «заснаванай на гаворках кулацкіх хутароў Міншчыны», словаўтварэньне на аснове ўласных моўных рэсурсаў, а не калькаваньне з расейскай, у хуткім часе будзе абвешчана шкодніцтвам нацыянал-дэмакратаў на мовазнаўчым фронце. Абвешчанае лагерам, абсалютна супрацьлеглым «Белоруссу» па ідэалогіі, барацьбітамі з нацыянал-дэмакратызмам зьлева, устаноўкі якога ў пэўнай ступені захаваліся ў нашым мовазнаўстве аж па сёньняшні дзень (як прыклад насьледаваньня гл. артыкул дырэктара Інстытута мовазнаўства АН БССР А. Жураўскага ў часопісе «Беларуская мова і літаратура ў школе» за 1988 год, № 2-3). Вось так духоўнае ўбоства, атрафацыя ўласнай нацыянальнай годнасьці аб’ядноўвае, здавалася б, несумяшчальнае. I трэба сказаць, што асноўная просьба «Белорусса», праўда, без асобых дэкрэтаў, паступо­ва, паўзучымі мерамі на вачах у дэзарганізаванага рэпрэсіямі народа і з дапамогаю пасьвечаных згоднікаў будзе выканана амаль да канца.

Але паглядзім далей, як разгортваліся падзеі вакол надрукаванага ліста. Пакуль што адраджэньне беларускай куль­туры лічылася пачэснай справай і за беларускую мову па­куль што не запісвалі ў ворагі народа. Каментары «Савецкай Беларусі», якую ўзначальваў на той час гадунец Усевалада Ігнатоўскага паэт Міхась Чарот, быў недвухсэнсоўны. Пад загалоўкам «Шавінізм, які расьперазаўся» рэдакцыя разважала: «Чаго тут больш у гэтым малюнку, кашмарнага ці трогацельнага? Сутнасьць разважаньняў нашага аўтара грунтуецца на адкрыта выказаным пераконаньні: беларускі мужык тупы. Дзе ж яму, тупому і малапісьменнаму, мець сваю мову, сваю літаратуру?»

Супраць першага і самага сур’ёзнага доваду «Белорусса» рэдакцыя дае пераканальны адказ: «Усебеларускі зьезд Саветаў, людзі ад верстакоў і сахі ўхваляюць дэкрэт аб беларусізацыі... Пытаньне аб нацыянальнай палітыцы савецкай улады разглядалася і разглядаецца на многіх тысячах сялянскіх сходаў — без усякага пратэсту супроць сутнасьці гэтае палітыкі. Дзе ж яно, якое ўціскаецца, абуранае «населеньне»? — пытаецца «Савецкая Беларусь» і адказвае: — Яно ёсьць. Аўтар праў. Але яно сядзіць у савецкіх канцэлярыях, як абломак царскага дзяржаўнага апарату».

Такім чынам, скажам мы, да пытаньня беларусізацыі далучаўся і класавы, нацыянальны асьпект. Варта тут згадаць вызначэньне, дадзенае беларускім публіцыстам і крытыкам Лявонам Гмыракам, перадрэвалюцыйнай інтэлігенцыі краю, якая складалася «з памешчыкаў-палякаў і апалячэўшых, з чыноўнічэства расейскага і абруселага, ды мяшчанства, часьцю абруселага, часьцю апалячанага». Праблема існавала, і было бачна, адкуль, зь якіх слаёў грамадства зыходзіць варожасьць да беларусізацыі.

Рэдакцыя праўдзіва зазначае: «Аўтар яго (ліста. — А. Б.) меў брыдкую адвагу сказаць тое, аб чым думаюць шмат іншых... Шмат яшчэ вакол нас гэтых “белоруссов через ять”. Зьява была ацэнена з разуменьнем той небясьпекі, якую яна ўтойвала для дзяржаўнасьці беларускай нацыянальнай куль­туры: «Вялікадзяржаўны шавінізм выпаўзае напаверх праз дзіравыя лахмоцьці слоўных хітрыкаў».

Ліст «Белорусса» выклікаў ланцуговую рэакцыю. Некаторыя з водгукаў былі зьмешчаны ў газеце і працягнулі дыскусію. Цяпер вопыт дзяржаўнага нацыянальнага будаўніцтва ў 20-х гадах асабліва каштоўны для нас і вымагае самага ўважлівага вывучэньня.

Наступным у дыскусіі выступіў вядомы мовазнаўца прафесар П. Бузук, які напачатку сярдзіта папракнуў аўтара «Вражды из-за языка» ў некампетэнтнасьці: «Вельмі мала людзей цікавяцца вывучэньнем мовазнаўства, але гаварыць на мовазнаўчыя тэмы бярэцца кожны», а потым спакойна, па пунктах абверг асноўныя довады «Белорусса»:

1. Зьнікла сацыяльная база магчымага неўспрыманьня беларускай мовы народам. Новае пакаленьне інтэлігенцыі размаўляе па-беларуску. (Так-так, шаноўны чытач, беларуская інтэлігенцыя ў 20-х гадах пасьля заканчэньня беларускіх ВНУ размаўляла па-беларуску.)

2. Кантактаваньне моваў між сабою — натуральны працэс, дыялектаў жа хапае і ў любой іншай мове. Вялізнае адрозьненьне паміж паўночнымі архангельскімі і паўднёвымі астраханскімі рускімі гаворкамі, але іх аб’ядноўвае якраз руская літаратурная мова. «Беларуская літаратурная мова, — казаў П. Бузук, — павінна зьвязваць усе дыялекты».

3. Зноў жа, руская літаратурная мова яшчэ больш адрозьніваецца ад дыялектаў за беларускую. Такім чынам, «Белорусс» выказвае неразуменьне адносінаў дыялектнай і літаратурнай мовы.

А для авалодваньня беларускімі сялянамі літаратурнаю моваю, адзначае аўтар артыкула, выйсьце не ў спрашчэньні тэрмінаў, а ў ліквідацыі непісьменнасьці.

Ад сябе мы можам яшчэ дадаць, што беларуская тэрміналогія, утвораная на аснове ўласных рэсурсаў мовы (экватар — роўнік, фундамент — падмурак, экзамен — іспыт і г. д.), замененая пазьней на словы, узятыя жыўцом з рускай мовы, а туды з замежных моваў, была больш зразумелай і блізкай народу за такія, напрыклад, пэрліны сучаснай літаратурнай мовы: «фракцыя інтэрнацыяналістаў канстатавала каласальныя дэфекты эвакуацыі». Ад рускай мовы ў беларускай гэтую фразу адрознівае толькі вымаўленьне. Як бы хто сьпецыяльна памкнуўся выправіць «памылкі» мовазнаўцаў 20-х гадоў, выканаць зьдзеклівы пастулат «Белорусса» аб «извра­щении русского языка...».

Найбольш абсурдным лічыць П. Бузук погляд «Бело­русса» на ўтварэньне беларускай мовы. «“Белорусс” павінен ведаць, — піша прафесар, — што ніхто з гары загадамі не ўтварае мовы. Галоўныя рысы беларускай мовы былі ўжо ў XIV ст., а некаторыя і да пачатку пісьменнасьці». Што да запазычаных слоў, то і тут прафесар Бузук патрабуе асьцярожнасьці ў высновах, бо часта «гэта — агульная спадчына 2-3 моў, як і фанетычныя і марфалагічныя асаблівасьці».

На беларускую ж літаратуру і пісьменьнікаў, якія, на думку «Белорусса», не апраўдваюць мэтазгоднасьці існаваньня мовы, П. Бузук выказаў вялікія спадзяваньні, у чым, сёньня мы сьмела гаворым, і не памыліўся.

16 чэрвеня 1926 года ў «Савецкай Беларусі» была надрукавана цэнтральная публікацыя дыскусіі, яе апагей — падборка водгукаў, у якой быў зьмешчаны і верш Янкі Купалы, які такім чынам адрэагаваў на палеміку.

З-за сарамлівай сьціпласьці нашых дзялкоў ад кіраўніцтва культурай і, здавалася б, ужо ад вырашанасьці праблемы, якая падымалася ў гэтым вершы, а можа, якраз дзеля яе нявырашанасьці, а таксама з-за «нявыхаванасьці» Янкі Ку­палы, якога мы прывыклі са школьнай парты бачыць зусім не такім, верш не быў выдрукаваны ў апошніх зборах твораў (у пасьмяротных выданьнях Я. Купалы друкуецца з 1993 года. — А. Б .) і нават не быў згаданы ў Купалаўскай энцыклапедыі.

1926 год. Купала яшчэ заставаўся Купалам:

Акоў паломаных жандар,

Сьліўнём зарыўшыся ў нару,

Сядзіць расейскі чынадрал,

«Слуга оцечаству, цару».

Ён сьніць былую моц і шыр:

Цары, царыцы, цэрквы, трон,

Пагромы, катаргі, Сібір...

О Русь, прымі раба паклон!

Табе такой служыць па гроб

Ня кіну я і «расьцярзаць»

Ня дам дзяржаўнасьці «оплот»,

Цябе, «единую», о маць!

Здарма-ж двуглавы твой арол

Празь векі ў кіпцюрох трымаў

Мільёны ўбогіх хат і сёл,

Рабоў мільёны?.. Нездарма!

У твой ланцуг былі, о Русь,

Уплецены з усіх бакоў

Украйна, Польшча, Беларусь

І сотня іншых «языкоў».

Цяпер, што бачу я кругом?

Пасад маўклівы збуран скрозь...

Рэспублікі?! Ды зь «языком»

Зь іх лезе кожная ўсур’ёз,

А ты, о рускі мой «язык»!

Мой общаруски, што з табой?

Табе слухмян быў мал, вялік,

Быў славен ты сваёй кляцьбой.

Табой сам самадзержац цар

Пісаў ланцужны свой закон,

Што маці-Русь есі жандар

Усёй Эўропы!.. I твой сон

Сьніць далей гэты царадвор,

Калі надыдзе яму дзень,

Ізноў пад лёзгат царскіх шпор

Свой распрасьцерці чорны цень.

Ён, гэты скінуты сатрап,

Ня знае, што ў свабодзе жыць;

Яму дай вісельню, дый каб

На ёй «языкі» ўсе ўшчаміць.

Не па нутру, як сьмерць, яму,

Што беларускае дзіцё

Бяжыць у сьцюжную зіму

У школку пазнаваць жыцьцё.

Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх,

Напоўадзеты вёскі сын

У роднай мове ўчыцца змог?..

О, стыдна, рускі «гражданін»!

Язык твой царскі ён табе

Ня выража, спакойны будзь!

Цябе тваім-жа у кляцьбе

Ён не забудзе памянуць.

Былых не выклічаш вякоў

I ты, Масквы кароннай гразь,

Парваных не скуеш акоў,

Зь якой брахнёю ні вылазь!

5 чэрвеня 1926 г., Акопы.

Палымяная публіцыстычнасьць верша, яго грамадзянскі пафас накіраваны супраць змрочных перажыткаў царскага мінулага, супраць нацыянальнага, культурнага прыгнёту беларускага народа. Янка Купала злосна высьмейвае «расейскага чынадрала», паказвае рабскую сутнасьць натуры чыноўніка, гатовага растаптаць культуру, мову свайго народа дзеля інтарэсаў звышдзяржавы, «турмы народаў».

Янка Купала сьпецыяльна акцэнтуе ўвагу на ўсім ненавісным, што заключала ў сабе паняцьце «Расейская імперыя», з тым каб сімптомы гэтай узурпацыі ніколі не выявіліся надалей. Да таго, хутчэй за ўсё, паэт адчуваў магчы­масьць вяртаньня рэакцыі ў адносінах да беларускай культу­ры, мовы ў школе, ён адчуваў безабароннасьць маладой бе­ларускай інтэлігенцыі, якая толькі яшчэ станавілася на ногі, і ўсёй магутнасьцю свайго таленту імкнуўся яе абараніць. Гаворка ішла аб самым сьвятым у яго жыцьці, што ён ставіў вышэй над усім, і тут ужо ён не далікатнічаў, а зь нянавісьцю змагаўся супраць спробаў вярнуць вялікадзяржаўную асімілятарскую палітыку ў дачыненьні да беларускага народа.

Разам зь вершам Янкі Купалы рэдакцыя зьмясьціла і агляд пошты. Настаўніца Р. пісала: «Варожыя адносіны “Бе­лорусса” да роднай мовы... — гэта здабытак нашае непрыкметнае асьветніцкае працы. Мы ішлі супраць прыроды, вучылі беларусаў па-расейску, маем такія дасягненьні!»

Вось і яшчэ адзін з адказаў на пытаньне «Хто вінаваты?» не толькі для сярэдзіны 20-х гадоў, але і ў цяперашнія часы. Выключна, што адказнасьць за дыскрымінацыю беларускай мовы ў царскай сістэме адукацыі ўзяла на сябе звычайная настаўніца. У гэтым выявілася яе сапраўдная інтэлігентнасьць, бо яна адчула сябе саўдзельніцаю ў антымаральнай палітыцы асімілятарства.

Настаўнік Я. Цьвірка ў допісе «Прыгнечаны роднаю моваю» піша: «Дык вось, братка “белорусс”, я, які не нажыў палацаў за гэтую родную мову, а самы звычайны, не з кітоў навукі вясковец, як нарадзіўся і пад стол пехатою хадзіў, дык і да гэтага часу жыву ў вёсцы, хоць і працую вясковым настаўнікам, а таксама “прыгнечаны”, як і 75-80 прац., па тваёй, братка, думцы, беларускага жыхарства, кажу табе — помні заўсёды беларускую прыказку: “Ня зьмерыўшы броду, ня сунься ў воду”. Не беларускі народ прыгнечаны моваю, а беларускі мешчанін, царская салдафоншчына, чыноўніцтва, якіх яшчэ шмат у нашых установах, а ад іх і беларуская мова церпіць».

Заканчвае настаўнік Я. Цьвірка сваё пісьмо так: «Такіх жа беларусаў, якія прамянялі беларускую сярмягу зь яе моваю і розумам на бліскучыя гузікі, ды яшчэ завуць сябе беларусамі і высоўваюцца на абарону правоў беларускага народу, якога правы самі здраджвалі — трэба гнаць ад сябе ў тры шыі».

Рэзка адмежаваўся ад думкі полацкага «Белорусса» агульны сход настаўнікаў Полацка супольна з загадчыкамі раённых адзьдзелаў народнай асьветы.

У наступным нумары «Савецкай Беларусі» за 17 чэрвеня рэдакцыя зьмясьціла ліст старога беларускага адраджэнца Хв. Імшэньніка, які адзначыў, што нападкі на імкненьне беларускага народа да самастойнасьці, на яго мову, культу­ру — зьява не новая. Гэтак было і ў часы першай рэвалюцыі 1905 года, ды беларуская рэвалюцыйная моладзь аб’ядналася ў сацыялістычную падпольную партыю Беларуская сацыялістычная грамада. «Гэтая моладзь мела шырокі ўплыў на батрацка-сялянскія масы, павяла іх за сабою і адбівала ўсе атакі ворагаў беларускага адраджэньня».

Пытаньне аб грамадскіх правах беларускай мовы выносілася ў 1909-1910 гадах у Дзяржаўную думу. Імкненьне ж да нацыянальнага адраджэньня выклікала і арганізаваную апазіцыю «з манархічна настроеных і ўрадавых асоб». Беларусы праз «ять» сьцьвярджалі: «Яшчэ лепшымі зробяцца беларусы тады, як усе пачнуць гаварыць толькі па-расейску». «Разьвіцьцё беларускай нацыянальнай душы, — спасылаецца на «Нашу Ніву» Хв. Імшэньнік, — гэта аграмадны дар і скарб для ўсясьветнай людскай культуры».

Дыскусія паказала, што вытокі ліста «Белорусса» цягнуліся яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Тэарэтычна гэта адчувалі і пісалі пра гэта ўсе ўдзельнікі дыскусіі. I таму зусім лагічным было яе заканчэньне, калі дзеячы беларускай куль­туры А. Адамовіч, I. Барашка і А. Аніхоўскі ў артыкуле «Якая глеба, такое і насеньне» за 1 ліпеня 1926 года раскрылі псеўданім «Белорусса». Аўтары паперш адзначылі, што нумары газеты з артыкулам «Вражда из-за языка» расхоплівалі, «бо артыкул “Вражда” адбіваў сапраўдныя настроі беларусаў праз “ять”, якія яны не адважваліся адкрыта выказваць у друку, але настойліва праводзілі ў жыцьцё, працуючы на тэрыторыі Савецкай Беларусі». Аўтары вызначылі гістарычныя ўмовы задушлівай атмасферы ў Полацку, дзе «Белоруссом» быў напісаны артыкул.

Перад рэвалюцыяй Полацк быў «асяродкам “истиннорус­ской” грамадскасьці, пагромшчыкаў, школай чарнасоценцаў». Падчас Першай сусьветнай вайны, з эвакуацыяй, «гарады Усходняй Беларусі апрача старых “культурных” і “палітычных” сіл атрымалі значнае папаўненьне зь верных царскіх слуг, якія раней працавалі ў Заходняй Беларусі...

Вось тая глеба і тыя ўмовы, — адзначаюць аўтары артыкула, — на якой расла і разьвівалася полацкая «грамадскасьць», якая дае сябе адчуваць і на сёньняшні дзень у выглядзе артыкулаў, заяў і той штодзённай кротавай шавіністычнай працы, якая так шкодзіць будаўніцтву Са­вецкай Беларусі... Праца чарнасоценных зуброў ішла ўвесь час, але найбольш узмацнілася ў 1925 годзе, калі цэлы шэраг адпаведных таварышаў, працаўнікоў Беларусі, пачалі атрымліваць скаргі з Полацка аб тым, што мясцовыя органы з практычным правядзеньнем нацыянальнай палітыкі душаць усякія праявы расейскай культуры, робяць немагчымай працу і ствараюць такія ўмовы, калі «ўсе культурныя сілы павінны бегчы з Полаччыны ў Расею» .

I вось, працягваюць аўтары ліста-адказу, «5 сьнежня 1925 году на кватэры аднаго з настаўнікаў г. Полацку зьбіраюцца на чале з гр. Пігулеўскім і Пшчолка вялізная кампанія чорнасоценцаў, якія пішуць вышэйпамянуты артыкул “Враж­да”, а таксама заяву бадай аналягічнага зьместу ў прэзыдыум ЦВК СССР, у якой, гаворачы ад 80 прац. насельніцтва Савецкай Беларусі, пратэстуюць супраць правадзімай камуністычнай партыяй нацыянальнай палітыкі, адраджэньня беларускай культуры, арганізацыі для беларускага насельніцтва школ на роднай беларускай мове і г. д.».

Усё стала на свае месцы. Гр. Пігулеўскі — былы «дей­ствительный статский советник», намесьнік папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі, натуральна, «истинно русский» чыноўнік. Ну а гр. Пшчолка? Пра яго ў дыскусіі, якая падыходзіла да канца, было зьмешчана яшчэ два артыкулы, якія раскрываюць нам вобраз цікавай асобы, ураджэнца гэтай зямлі.

А. Шлюбскі ў артыкуле «Пшчолка і “вражда из-за язы­ка”» і Хв. Імшэньнік у дадатку «Хто яны?» да свайго першага артыкула паведамлялі: нарадзіўся Пшчолка ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні ў сям’і беларускага праваслаўнага дзячка, скончыў духоўную семінарыю, настаўнічаў, вучыўся ва ўніверсітэце. Ён добра ведаў беларускую мову і нават пісаў на ёй апавяданьні, часам высьмейваючы ў іх беларускага селяніна, яго мову. Потым працаваў эксьпертам-перакладчыкам зь беларускае мовы ў Віленскім судзе і нават перакладаў на працэсах супраць «Нашай долі» і «Нашай Нівы», дзе абвастраў зьмест, як адзначае Хв. Імшэньнік, з пазіцый манархіста.

Пшчолка, працягвае Імшэньнік, «у нашаніўскую пару рашуча выступаў супроць нацыянальнага адраджэньня бела­рускага народу і праводзіў погляд на беларускую мову як на такую, на якой можна было казаць толькі нешта сьмешнае».

А. Шлюбскі прыводзіць некалькі цытатаў з артыкулаў Пшчолкі, надрукаваных у рускіх чарнасоценных выданьнях. Давайце і мы паслухаем шчыры голас «истинно русского человека» родам зь Віцебшчыны: «Кто говорит, пишет, рату­ет за целость русской земли, за крепость и величие русской власти, русского имени, кто открыто высказывает привязан­ность к родине, к родным полям, лугам, к русской песне, кто не пресмыкается перед врагами России, кто не требует для инородцев государства в государстве, того не постесняются назвать черносотенцем. Наоборот, кто ругает в России все русское, кому даже стыдно “за свое русское имя”, кто готов раздать веками добытые поля, луга “чужестранцу задарма, безденежно”, того называют “возродителем”, спасителем, ос­вободителем отечества, передовым человеком» (Пахарь. 1906. Нум. 8).

А вось як Пшчолка стагнаў у 1917 годзе, калі ў народаў «імперыі» зьявілася рэальная магчымасьць, кажучы словамі Янкі Купалы, «парваць аковы»: «Что же сталося с русским народом? Неужели же он целые века рос, крепился, расширяя без конца свои владения, собирал, устраивал Русь великую, объединял под своей “высокой рукой” множество инородцев, — неужели этот народ задумал погубить себя, стереть себя с лица земли? Где же ты, наша Русь смиренная, кроткая, долготерпеливая?» — пытаўся разгублены «Белорусс».

«Пшчолка зьяўляецца правакатарам, які добра ведае бе­ларускую мову, ведае яе распаўсюджанасьць — выступае пе­рад вышэйшымі органамі нашага саюзу і перад чарнасоценным грамадзянствам, не спачуваючым беларусізацыі — з запэўненьнем таго, што ніякай беларускай мовы няма», — робіць суровы прысуд Хв. Імшэньнік.

Давайце задумаемся: ці ёсьць логіка ў паводзінах Пшчолкі? Быць узгадаваным гэтаю зямлёю, выдатна валодаць роднай (і для яго ж таксама) моваю народа і ўсё рабіць, каб зьнішчыць яе, зьнішчыць у сваім народзе любыя праявы нацыянальнае самабытнасьці, запабягаючы перад іншым, хай сабе і мацнейшым народам?

Але ёсьць нейкая заканамернасьць у тым, што людзі, якія сьвядома адышлі ад нацыянальнай культуры, ад свайго на­рода, зьдзекуюцца зь яго найбольш, хутчэй імкнучыся зьнішчыць у ім усё самабытнае і адметнае. I няма страшней для народа за такіх вось выпладкаў, якія вядуць барацьбу з ім, пры выпадку сьцьвярджаючы: «Не надо нам этого. Не надо. Ведь я тоже белорус и ничего страшного со мной без “мовы” не происходит».

Дыскусія наконт беларускай мовы ў 1926 годзе паказала нам глыбокія гістарычныя карані «тоже белоруссизма». Прадбачваючы з хадою дэмакратызацыі і паступовы працэс беларусізацыі — вяртаньня беларускай мове правоў рэальнага ўжытку ва ўсіх сферах грамадскага жыцьця, мы павінны ведаць, што гэты шлях не будзе лёгкі і просты і што знойдуцца беларусы празь «ять», якія будуць спрабаваць спыніць кола гістарычнага разьвіцьця з мэтаю павярнуць яго хаду ў іншы бок.