Алена Васiлевiч

Панi старшынiха прыехала...

Хотят ли русские войны...

Я.Еўтушэнка

- Цi чуў бо ты, Чэсiк, што да старшынi нашага панi яго прыехала?

Гарбаты Мiкодым, не спяшаючыся, рассцiлае пад дубам зрудзелы ад дажджовiцы i сонца суконны даматканы халат, выпростваецца на iм усiм сваiм нязграбным целам i з асалодай закурвае люльку. Люлька сiпiць i захлiпваецца гэтаксама, як сiпяць i захлiпваюцца Мiкодымавы грудзi. Мiкодым зацягваецца пякельным дымам i доўга бухае кашлем: бух-бух-бух...

- Каб цябе немач узяла, каб цябе... - тыльным бокам далонi выцiрае ён з воч слёзы.

Адбухаўшы, зноў звяртаецца да падпаска Чэсiка:

- Дык кажу, цi чуў ты, што да старшынi яго панi прыехала?

- Панi?!. - Чэсiк не чуў гэтай навiны. Яна звальваецца на яго, як гура снегу. - Панi прыехала?.. - перапытвае ён, i чорны ад загару i сiверу твар яго, звычайна пахмуры i абыякавы, расплываецца ва ўсмешцы, адбiваючы па чарзе адно за другiм самыя нечаканыя адценнi: спачатку разгубленасць, потым спалох, а потым такую дзiўную пяшчоту...

Мiкодым робiць выгляд, нiбыта нiчога гэтага не заўважае, i працягвае сваё:

- Дык вось кажу, пакуль старшыня будзе вылежвацца са сваёй паняю, давай упусцiм на гадзiну якую кароў скраечку ў сенакос. Няхай паходжваюць з расой, а то пашы няма анi звання... Усё пазаворвалi, усё пакарчавалi гэтымi кустарэзамi... А цяпер з быдлам куды хочаш дзенься...

Новы кiрунак Мiкодымавых думак пра кароў i пра пашу пераключае Чэсiка на гэту тэму не адразу.

- А можа панi i не вылежваецца... - панура пярэчыць ён Мiкодыму.

- "Не вылежваецца"... - перадражнiвае падпаска Мiкодым. - Дурны ты, Чэсiк.

- А вось i не дурны...

- Ну, а не дурны, дык займай кароў ды пераганяй канаву, - строга, ужо загадвае Мiкодым.

Ён старэйшы калгасны пастух. Пасе кароў як толькi пасля вайны заснаваўся калгас. Чэсiк таксама даўно пасе кароў, але ён усяго толькi падпасак у Мiкодыма.

Чэсiку хутка трыццаць год. Ён рослы, плячысты i прыгожы з твару. У яго бяскрыўдныя, як у малога дзiцяцi, сiнiя вочы i ўсмешка таксама бяскрыўдная i заўсёды крышку як быццам недаверлiвая. Чэсiк баязлiвы i паслухмяны. Рукамi сваiмi ён можа падняць, напэўна, хату - капу сена ён бярэ i падае на стог за адзiн раз.

Чэсiку хутка трыццаць год... Некалi ў вайну, на вачах у яго, немец забiў з аўтамата яго матку. Мацi сядзела ў хаце на ложку i кармiла грудзьмi дзiця - Чэсiкаву сястру. Немец даў з парога ўсяго адну толькi чаргу... I пайшоў з хаты. Суседзi тады ледзь сцягнулi Чэсiка з печы.

Ён тады доўга не гаварыў зусiм, а потым доўга заiкаўся... Паступова страх i заiканне прайшлi, а Чэсiк як быў, так i застаўся на ўсё жыццё дзiцём. На ўсё жыццё застаўся няшчасным чалавекам...

Бацька з вайны таксама не вярнуўся, а цётка, у якой гадаваўся Чэсiк, памерла неўзабаве пасля вайны. Так ён i застаўся на белым свеце адзiн, як перст, у цётчынай хаце. У сваю хату (яна доўга стаяла з забiтымi вокнамi, аж пакуль не перацягнулi яе да рэчкi, на брыгадную лазню) заходзiць баяўся. Нават калi i вырас ужо, калi i забыў усё чысценька - i матку, i сястрычку, i тое кароткае чорнае дула аўтамата... Так i гiбеў небарака, жывучы з людское ласкi. А ласка тая вядомая: кепска чалавеку самому - тады ён i пра другога ўспомнiць. А добра - дык хто там вельмi клапоцiцца, што ў некага галавы няма да каго прыхiлiць...

Над Чэсiкам зжалiлася старая Паўлiха. Была яна глухая i жыла адна душою, у самым канцы вёскi, у старой, як i сама яна, хаце. Гаспадара пахавала яшчэ за панамi. Сыноў трох з вайны не дачакалася. А дачка адзiная, хоць i жыла непадалёку, да маткi амаль не наведвалася. Пайшла замуж за нейкага ўпраўнага нарыхтоўшчыка, выбудавала дом пад шыферам - i забыла дбаць пра матку. I Паўлiха вельмi не дамагалася даччыной ласкi. Ногi яшчэ трымалi, i яна пынiла калгасную птушкаферму.

...Бядак бедака бачыць здалёк. Так i Паўлiха. Пашкадавала сiрату (ды яшчэ такое няшчаснае): адзiн раз зварыла чыгунок гарачай бульбы ды занесла Чэсiку са свежым гурочным расолам, як прыгнаў кароў з поля. Другi раз забегла - апатрыла хату, ды сёе-тое з адзення перамыла, каб падабнейшы быў. А як халады навалiлiся, пачала заходзiць у печы прапалiць, цi хоць дроў падкласцi ды строга наказаць, каб глядзеў, каб, бронь божа, пажару не нарабiў... (Сам Чэсiк нiколi ў печы не палiў. Нават зiмой. Днём ён заўсёды рабiў на кароўнiку, дык было цёпла. Вечарамi грэўся па цёплых людскiх хатах. А ноччу хоць спаў i ў ледзяной хаце, але пад кажухом таксама цёпла было...)

У аддзяку Чэсiк прывозiў Паўлiсе з лесу дроў. Прывязе, напiлуе з хлапчукамi, а потым возьме пераколе ды гэтак акуратненька складзе iх у сцiртачку пад паветкай. А то надумаецца ды ваду пачне Паўлiсе насiць: налье поўны цэбар, налье начоўкi, а потым усе вёдры, якiя толькi ёсць у гаспадарцы, паналiвае... I ўсё гэта без загаду, па сваёй волi, моўчкi... Ну дык як ты яго, на месцы гэтай старой Паўлiхi, не пашкадуеш? I каго ж ты пашкадуеш яшчэ, як не яго. I хто цябе пашкадуе, хто табе прывязе гэтых дроў цi пра ваду гэту ўспомнiць.

Паступова да гэтага прывыклi i самi Паўлiха з Чэсiкам i людзi прывыклi. Праўда, Паўлiшын клопат пра Чэсiка зусiм не перашкаджаў людзям (хiба не знойдуцца такiя) падвучваць хлапца на кепскае. Маўляў, ты добра зарабляеш у калгасе, а Паўлiха цябе нясмачна кормiць i абы-як апранае. Пасля такой гаворкi Чэсiк звычайна прыбягаў да Паўлiхi сварыцца... Паўлiха не спрачалася з Чэсiкам, нiчога не адмаўляла - яна толькi садзiла яго за стол, налiвала яму мiску гарачай капусты, а сама даставала з-за абразоў ключ ад шафы. Потым адмыкала шафу i пачынала паказваць:

- Вось гэты суконны гарнiтур, Чэсiчак, хiба даўно мы табе яго купiлi? Памятаеш, на Юря наўмысля хадзiлi з табою ў Смаргонь... А вось гэту шаўковую блакiтную кашулю? У каго на вёсцы ёсць харашэйшая? А вось гэтыя картовыя штаны - нi разачку не адзетыя. А яшчэ вось бравэрка, а паўбацiнкi...

Не задзiрлiвы, i не злапомслiвы, Чэсiк у момант апаражняе мiску заскваранай здорам капусты i ў момант забывае ўсё тое нядобрае, што яшчэ некалькi хвiлiн назад варам бушавала ў яго грудзях. Раз-пораз ускоквае ён з месца то памацаць шаўковую рубашку, то апрануць бравэрку - сiняе суконнае паўпалiто з цыгейкавым каўняром, то прымерыць чаравiкi... Чэсiк цешыцца сваiм багаццем, як дзiця, а Паўлiха цешыцца Чэсiкам. Дзякаваць богу, хлапцу ёсць у што апрануцца, ёсць што абуць. А людзi - iм ратоў не пазашываеш. Няхай сабе мелюць!

Нарэшце ўсё дабро зноў звешана i складзена ў шафу. Шафа замкнёна на ключ. I ключ схаваны за абразы.

На сэрцы ў абаiх лёгка i весела.

Тым часам пара i выганяць каровы з ранкаў, i Паўлiха iдзе рыхтаваць Чэсiкаву торбу.

- Не баўся ж бо, дзеткi, - папярэджвае яна Чэсiка. - А то Мiкодым будзе лаяцца.

Сама яна таксама спяшаецца. Ёй таксама пара на сваю ферму: каб хаця дзяўчаты не забылi паналiваць вады куранятам, а то пазаходзяцца ад смагi гарачыня такая!..

- Глядзi ж, дзеткi, не пазнiся! - яшчэ раз, з парога ўжо, наказвае Паўлiха i бяжыць на ферму.

Чэсiк бярэ торбу з ядой, бярэ пугу i, як штодня, як штолета, iдзе займаць калгасныя каровы.

...Чэсiк пагрозлiва замахваецца - i раменная пуга свiшча i сыкае ў паветры вужакаю. Каровы ведаюць Чэсiкаву пугу i подбежкам, грузнучы па чэрава ў багне, перабiраюцца цераз канаву. Выбраўшыся на грудок, прагна прыпадаюць да смачнага роснага мурагу. Толькi i чутно: жвiў, жвiў, жвiў...

Сам Чэсiк пераходзiць канаву па кладцы. Загад Мiкодыма выкананы, i Чэсiк можа пасядзець таксама. Адсюль каровы нiкуды не пойдуць. Трэба толькi пiльнаваць, каб старшыня калгаса не нарваўся.

Успамiн пра старшыню калгаса зноў падкочвае да Чэсiкавага сэрца дзве хвалi. Адна хваля цёплая i лагодная: да старшынi прыехала яго панi старшынiха, а яна таксама прыгожая, такая вясёлая... Другая хваля нядобрая: яна студзiць Чэсiкава сэрца i поўнiць яго злосцю: а мо i праўду кажа Мiкодым, што старшыня вылежваецца з паняю старшынiхаю... I Чэсiку здаецца, што брыдчэйшага i горшага чалавека за iх старшыню калгаса няма на свеце. Здаецца, каб стрэўся з iм дзе-небудзь у лесе цi ў жыце - забiў бы! Такi кiрунак думак робiць Чэсiкаў твар тупым i звераватым. I няма нiчога дзiўнага: стрэнься старшыня яму ў такую хвiлiну дзе-небудзь адзiн на адзiн - i заб'е...

- Чэсiк, глядзi адно, не ўпусцi ў шкоду кароў! (У лагчыне, за грудком, аўсы.)

Уладны Мiкодымаў голас абуджае Чэсiка ад яго думак. Яны, як напуджаныя вераб'i, рассыпаюцца каторая куды, i Чэсiк зноў застаецца сам з сабою, з галоўным сваiм клопатам - каровамi.

- Гляджу, - панура адказвае ён i накiроўваецца да белага каменя.

Камень гэты, нiбыта яго ўзялi i наўмысля пагаблявалi, роўны i гладкi, што той стол. На iм можна легчы i выцягнуцца - удоўж, упоперак. Можна сесцi ўпяцярых. Можна скакаць нават. Ляжыць гэты белы камень тут з незапамятных часоў, i старыя кажуць, што ад яго i назва вёскi пайшла - Белая. Летась начальнiк экспедыцыi, што шукала цэлае лета каля Белай нейкай солi, надумаўся быў узарваць белы камень. Ды людзi не далi.

Узлезшы на камень, бачыш, як бяжыць удалечынi Вiлiя, халодная, быстрая рэчка. Левы бераг яе нiзкi, нiбыта засланы зялёным аксамiтам - толькi мясцiнамi аксамiт перасыпаны, як вальцоўкай, мяккiм, залатым пяском. У гэтым пяску цэлае лета капаюцца вясковыя дзецi. Гэтыя пясчаныя мясцiны заўсёды выбiрае сабе для вадапою жывёла.

Правы бераг Вiлii высокi, стромкi, чырвоны ад пластоў глiны, што залягаюць па той бок. На тым беразе лясы - дубовыя i хвойныя. Па той бок у невялiчкiх вёсачках Залессе, Падарэссе, Дуброва кожны год плойма дачнiкаў...

Там на цёплым залатым пясочку цэлае лета загараюць у стракатых купальнiках гарадскiя дачнiцы. Каля iх, з берагу, пялёскаюцца i вiшчаць ад захаплення iх дзецi, зялёныя i худыя, нiбыта дома iх не кармiлi хлебам... За лета гэта худзеча так адбегаецца па цёпламу пяску, так адап'ецца смачнага вясковага малака, так загартуецца пад вольным сонейкам i ветрам, што пад восень дзiўна робiцца, няўжо гэта тыя самыя заморкi?..

А то яшчэ вельмi цiкава пазiраць, як прыбягуць на Вiлiю i пачнуць купацца гарадскiя паненкi. Як пачнуць плаваць i дурэць! Вось паненкi дык прыгожыя! Тоненькiя, зграбныя. Асаблiва, калi паскiдаюць свае кароткiя, нейкiя ўсё роўна як надзьмутыя, сукенкi ды панадзяваюць на абстрыжаныя валасы блакiтныя i ружовыя каптурыкi...

Чэсiк падбiрае полы свайго некалi фарсовага афiцэрскага плашча (плашч гэты падараваў яму гадоў сем назад адзiн палкоўнiк, сын якога ад школы i ад гарадскога жыцця кожны год уцякаў у Белую на цэлае лета пасвiць калгасных коней) i, нiбы цар, з пугай у руках умошчваецца на сваiм каменным троне. З трона Чэсiку ўсё вiдно як на далонi: каровы, Вiлiя, у лагчыне за грудком аўсянае поле. Налева ад грудка - у засенi старых негаманкiх хвой - могiлкi. Не тыя вясковыя могiлкi з крыжамi i помнiкамi, з кустамi бэзу i лiлеi, з птушыным шчэбетам i свiстам - дзе хаваюць усiх вяскоўцаў. А зарослыя муравой, бязмоўныя, панурыя салдацкiя могiлкi - узгорачак на ўзгорачку, узгорачак на ўзгорачку - яшчэ з часоў першай iмперыялiстычнай вайны. Сярод iх узвышаецца некалькi большых узгоркаў - брацкiя магiлы. На гэтых могiлках не захавалася нi надпiсаў, нi iмён, нi нават крыжоў. Надпiсы сцёрлiся, iмёны забылiся, а крыжы з цягам часу збуцвелi i згнiлi...

Чэсiк любiць блукаць па гэтых бязмоўных могiлках, якiя, хоць i падступаюць да самых вясковых гумен i агародаў, цяпер ужо нiкога не палохаюць, не хвалююць i не цiкавяць нават... У Белай не памятаюць, каб на гэтыя могiлкi прыязджаў цi прыходзiў нават i хто-небудзь блiзкi тым, што ляжалi тут у радок больш паўвека. Вiдаць, гэта былi могiлкi загiнуўшых без вестак...

Блукаючы па могiлках, Чэсiк не ўмее адрознiць часоў i баёў. Яму здаецца, што i яго бацька, салдат другой сусветнай вайны, таксама ляжыць недзе тут. Трэба толькi адгадаць бацькаў узгорачак...

Некаторы час Чэсiк сядзiць на сваiм каменi-троне нерухома. Потым ён устае, тупае i, як генерал, з вышынi свайго каманднага пункта, аглядае наваколле. Каровы ходзяць. З-за лесу выкацiўся i паволi коцiцца па небе чырвоны бохан сонца. Святлее неба, i ўсё навокал святлее. I ў Чэсiка на душы робiцца святлей...

- Чэсiк! Ты не заснуў там? - зноў турбуецца па той бок канавы Мiкодым. Ён усё пад тым самым дубам - ён лiшняга кроку не зробiць: а навошта Чэсiк?

- Не заснуў! - павесялеўшым голасам адгукваецца Чэсiк.

- То мо будзем выганяць... Каб старшыня часам не нарваўся...

Каб старшыня не нарваўся - сам Чэсiк баiцца гэтага больш за Мiкодыма. Баiцца, што старшыня будзе сварыцца на iх за тое, што ўпусцiлi кароў у сенакос. Баiцца, што Мiкодым раптам возьме ды скажа, што гэта не ён загадаў, а Чэсiк сам узяў ды загнаў кароў на грудок... А самае галоўнае, што гэтага старшыню Чэсiк сёння забiў бы...

Да старшынi прыехала з горада (яна кожнае лета прыязджае) яго панi старшынiха. Па тутэйшаму звычаю - усё яшчэ на польскi манер - яе так i завуць "панi". "Панi" - хоць яна i ходзiць разам з усiмi жанкамi на работу, хоць умее i жаць, i сена грэбцi, i лён браць i бiць... I гаворыць, як усе гавораць у Белай. А ўсё роўна - панi. Бо ў горадзе яна вучыць дзяцей у школе. У горадзе яна ходзiць у капелюшы i пальчатках. А з горада як прыедзе сюды - твар у яе белы i далiкатны i рукi таксама белыя i далiкатныя, а не такiя, як у тутэйшых жанок i дзяўчат... I сукенкi ў яе гарадскiя, прыгожыя. I сама яна такая прыгожая, такая вясёлая i добрая...

- Займай, Чэсiк! - падае каманду Мiкодым.

I Чэсiк злазiць з каменя i - свiсь, свiсь пугаю - займае кароў з сенакосу. Ого, вунь якiя круглыя зрабiлiся! А здаецца, толькi што ўпусцiлi. Вось сёння дзяўчаты-даяркi будуць хвалiць яго, Чэсiка! Будуць адна перад другой упрошваць яго, каб узяў замуж - гэтак ён умее добра напасвiць кароў! Але начорта яны ўсе Чэсiку. Нават Дуню Ўшакевiчаву Чэсiк не ўзяў бы замуж, хоць яна i самая харашэйшая даярка, хоць яе i ў газету здымалi. Начорта i Дуня Чэсiку!.. Вось каб яна была такая, як панi старшынiха...

- Выкруглiлiся, - Мiкодым ужо стаiць з кiем, пiльнуе кароў ад загарадзi, каб каторая ўпраўнейшая ў калгасныя буракi не джганула. Глядзi, Чэсiк, каб цябе сёння дзяўчаты-даяркi не папацалоўвалi - каровы гэтулькi малака дадуць, - дражнiць Чэсiка Мiкодым.

- Начорта яны мне, - агрызаецца Чэсiк.

- Дурны... "Начорта". Гэта дзяўчаты начорта? Ого, брат, каб я меў столькi гадоў, як ты, я б пахадзiў каля iх...

- Ну, дык i хадзеце... - гэтыя дурныя Мiкодымавы жарты кожны раз толькi ўзлуюць Чэсiка: патрэбны яму гэтыя дзяўчаты! I каб не слухаць Мiкодыма, Чэсiк займае кароў i барджэй, барджэй з выгану ў лес. Там таксама будзе дзе пахадзiць каровам... А самае галоўнае - у лесе, на маладых пасадках, можна ўжо будзе назбiраць сунiц. Можна будзе знайсцi гняздзечка i непрыкметна ўкрасцi адно цi два яечкi... Сунiцамi ён пачастуе панi старшынiху (яна, напэўна, не спытала iх яшчэ сёлета). А яечкi аддасць панi старшынiшынаму хлопчыку...

Мiкодым iдзе ззаду чарады i толькi пасмiхаецца ўслед Чэсiку: дурны то дурны, а бач, губа не дура - упадабаў панi старшынiху...

У лесе Чэсiк украў у сiнiцы-дуплянкi пяць маленечкiх блакiтных яек. А на пасадцы назбiраў салодкiх духмяных сунiц. Яйкi ён загарнуў у шырокi кляновы лiст i палажыў iх запазуху - так не забудзеш пра iх i не парасцiскаеш. А сунiцы насiў, насiў у прыгаршчах, а потым даўмеўся высыпаў iх у шапку...

I вось, прыгнаўшы каровы на ранкi, Чэсiк крадком абмiноўвае чырвоны куток на калгасным двары (каб дзяўчаты-даяркi не заўважылi - яны нiколi не даюць яму праходу...), крадком уцякае ад Мiкодыма, хоць звычайна дадому iдуць яны разам. Сёння ў Чэсiка iншы клопат, i ён як быў з ранiцы ў плашчы i цяжкiх гумавых ботах, так i iдзе ў суседнюю брыгаду, дзе кватаруе iх старшыня калгаса i куды ўчора прыехала панi старшынiха...

Чэсiк iдзе сцежачкай мiж высокiх жытоў i ўяўляе сабе, як прыйдзе вязаць у жнiво гэта жыта пасля жняяркi панi старшынiха. I як ён, Чэсiк, таксама прыйдзе сюды i будзе, як i летась, памагаць ёй зносiць снапы (каб яна ног не пакалола iржышчам) i ставiць iх у бабкi... А да жнiва яшчэ, як пачнецца касьба, як пачнецца грэбля сена, ён таксама будзе ладаваць за панi старшынiху ладкi i будзе насiць за яе копы да стога (каб у яе сярэдзiна i рукi не балелi)... А пачнуць некалi лён бiць на таку - ён i на лён будзе хадзiць, будзе памагаць бiць... Ён не тое што бабы: ляп-ляп пранiкам - i знаку нiякага няма...

Захапiўшыся разважаннямi, Чэсiк не заўважыў нават, калi ён прыйшоў да старшынёвай хаты. Ён зайшоў з прыгумення, агародамi i, не адважваючыся зайсцi на двор, стаiўся за хлеўчыкам... Вось выбег з хаты i пагнаўся за катом бялявы хлапчук. Чэсiк пазнаў яго (панi старшынiшын сынок Коля) i памацаў у сябе за пазухай, цi не парасцiскалiся яечкi... Неўзабаве за Колем старшынёва гаспадыня цётка Ганька вынесла нейкi белы скрутак (Чэсiк не разабраў добра: дзiця, цi што?) i схiлiлася з iм над каляскай, што стаяла ў цяньку пад iгрушай-сапяжанкай. Скрутак раптам заварушыўся i заплакаў. (Чэсiк упэўнiўся: дзiця. Толькi дзе яна ўзяла яго, гэта старая Ганька?) Цётка Ганька загойдала каляску.

У гэты час расчынiлася насцеж акно на старшынёвай палавiне, i голас, якi Чэсiк пазнаў бы за светам, паклiкаў:

- Коля! Iдзi, сыночак, выпi цёпленькага малачка.

- Ай! - адказаў Коля, аберуч трымаючы ката.

А цётка Ганька таксама сказала Колю:

- Iдзi, дзеткi, выпi кубачак.

Але ёй таксама Коля адказаў "ай" i пабег з катом на вулiцу. А голас, ад якога ў Чэсiка закалацiлася ўсё ўсярэдзiне, зноў сказаў з хаты:

- Цётка Ганька, не трэба яе калыхаць. Я яе буду зараз кармiць. Дома я яе нiколi не калышу.

Чэсiк здагадаўся: значыць, гэта панi старшынiшына дзiця. А летась яго не было...

А потым з хаты выйшла сама панi старшынiха. Сонца свяцiла ёй проста ў вочы, i яна спынiлася на ганку, зажмурылася, засмяялася i, як маленькая, працягнула насустрач яму рукi...

- Ой, цётка Ганька! Як тут у вас добра, як хораша! - усклiкнула яна.

Яна не была ўжо такой тоненькай, як летась. I залатыя валасы яе ўжо не плылi па спiне хвалямi, а былi закручаны ў вузел i заколаты на патылiцы шпiлькамi. I плацце на ёй было другое. Летась яна цэлае лета хадзiла ў белым... Але Чэсiк не заўважыў гэтае рознiцы. Чэсiк нiчога не заўважаў.

Не зводзячы з панi старшынiхi воч, ён раптам i сам засмяяўся i зажмурыўся. I, не выпускаючы шапкi, працягнуў рукi насустрач панi старшынiсе...

- А ў горадзе цяпер такая гарачыня, такая пылiшча!.. - яна лёгка збегла з ганка i нагнулася над каляскай.

- Есцi хоча, - зноў засмяялася яна - ужо да дзiцяцi.

I Чэсiк зноў таксама цiха засмяяўся.

- Дзiва што хоча. Не пара хiба... У нас дык пра гэтыя гадзiны нiхто i вухам не вядзе. Захацела дзiця есцi, дык мацi ўзяла ды дала яму цыцку. А вы там у горадзе, вучоныя, усё па гадзiнах ды па кнiгах i кормiце i спаць кладзяце...

Дзiця зноў заплакала, i, сеўшы тут жа на траву, панi старшынiха расшпiлiла сукенку i пачала кармiць яго грудзьмi. Дзiця ссала прагна, круцячы ад асалоды i задавальнення галоўкай i тыцкаючыся носiкам у цёплыя матчыны грудзi.

- Бач, выгаладалася, - цётка Ганька пастаяла яшчэ хвiлiнку i пайшла ў хату.

А Чэсiк усё не мог крануцца з месца, усё стаяў за хлеўчыкам i як зачараваны глядзеў на панi старшынiху.

У гэты час з плачам прыбег з вулiцы Коля, са свежай драпiнай на шчацэ.

- Мама... мяне коцiк!..

- А я табе колькi разоў казала - не бяры коцiка на рукi, не цягай яго... Ён не любiць гэтага.

- Я толькi хацеў пакупаць яго ў сажалцы.

- А ён цябе прасiў купаць яго?.. Ну, хадзi сюды. А то напужаеш маленькую.

Размазваючы рукой па твары слёзы, Коля падышоў да мацi i ўмасцiўся ёй на другое калена. Яна абняла яго адной рукой, але яму так было нязручна, i ён сярдзiта ўзвалiўся на сястру. Мацi лёгенька адапхнула яго, але ён, яшчэ больш закапрызiўшы, стукнуў маленькую па голаму сцягенцу. Маленькая зацялася ад болю, а мацi сярдзiта сапхнула Колю на траву.

- Ты што гэта! А ну - iдзi прэч ад мяне... Я не люблю такiх нядобрых дзяцей.

- Ай! - зароў Коля i зноў палез да мацi на каленi, абхапiў яе за шыю i таксама прыцiснуўся да грудзей. - I я хачу-у-у...

- Ну, пачакай, пачакай... - зразумела яго мацi. - Вось накормiм сястрычку, паложым яе ў каляску, i тады мы будзем з табою...

Але Коля не хацеў нiчога слухаць.

- Яна брыдкая! - зноў замахнуўся ён на сястру, але мацi ў час спынiла яго руку.

- Ды не... Яна проста маленькая яшчэ i дурненькая... А ты ж у нас ужо вялiкi, ты ў нас разумны...

- Ай! - усхлiпваў Коля i цясней хiлiўся да мацi, да яе цёплых грудзей, да яе ласкавых рук i пяшчотных пацалункаў.

...А Чэсiк стаяў за хлеўчыкам, глядзеў на ўсiх траiх i ўсё стараўся нешта ўспомнiць. I нiяк не мог успомнiць...

Ён глядзеў, як панi старшынiха кармiла грудзьмi малое дзiця, як яна лашчыла i пяшчотна цалавала Колю, глядзеў i як быццам бачыў ужо не iх, а бачыў - успамiнаў нейкую другую жанчыну i другiх дзяцей... Праўда, тая другая жанчына была ў хустцы, была ў нечым цёмным, i дзiця на руках у яе таксама было ў цёмным... I хлопчык таксама сядзеў... Толькi не на каленях у мацi, а на прымурку. Болей ён нiчога не памятаў, ён толькi пакутлiва намагаўся ўспомнiць. Дзе ён гэта бачыў... Калi гэта было... Хто была тая жанчына...

- Панi старшынiха... - шэпча Чэсiк. - Мама!.. Мама!.. - паўтарае ён, раптам пазнаўшы яе...

Толькi дзе яна была столькi гадоў?.. Чаму яна гэтак доўга не iшла?..

- Мама! - голасна крычыць Чэсiк. - Мама!.. - i бягом, па градах, па загуменню, праз жыта кiдаецца да свае старое хаты, што стаiць цяпер за лазняю на беразе рэчкi.

...На разоры застаецца ляжаць толькi Чэсiкава шапка. А ў шапцы - жменi са дзве сунiц - панi старшынiсе...

1964 г.