Веркор

Маўчанне мора

Пераклад: А.Асташонак

Памяцi забiтага паэта Сэн-Поль-Ру

Да таго, як з'явiўся ён, немцы не раз прыглядалiся да нашага жытла. Перш за ўсё салдатня: два белабрысыя пехацiнцы, адзiн - няўклюдны, худзенечкi, другi - каржакаваты, з рукамi каменячоса. Яны агледзелi жытло з усiх бакоў. Пазней з няўклюдным пехацiнцам прыйшоў унтэр-афiцэр. Яны загаварылi са мною на мове, якую, вiдаць, лiчылi французскаю. Я не зразумеў нiводнага слова, але правёў iх па свабодных пакоях. Здалося, што немцам яны прыйшлiся даспадобы.

Назаўтра ранiцай у сад уехала адкрытая ваенная машына, шэрая i вялiзная. Шафёр i худы салдат, малады i вясёлы, выгрузiлi з яе дзве скрынi i велiзарны пак, загорнуты ў брызент, i ўцягнулi ўсё гэта ў гасцёўню. Машына кудысьцi паехала, а праз некалькi гадзiн я пачуў на дварэ конскi тупат. Былi гэта тры кавалерысты. Адзiн злез з каня i пайшоў да старой мураванай будынiны, дзе была мая майстэрня. Потым вярнуўся, i немцы павялi туды коней. Пазней я ўбачыў, што яны прывязалi коней да скабы, якую замацавалi ў дзiрцы памiж камянямi ў сцяне.

Прайшло яшчэ два днi, i нiчога новага не адбылося. Больш я не бачыў нiкога. Кавалерысты выходзiлi з коньмi на золку, вярталiся ўвечары i клалiся спаць у каморы пад лесвiцай, куды нацягалi сабе саломы.

На трэцi дзень ранiцай вярнулася ваенная машына. Вясёлы салдат узвалiў на плечы вялiкi куфэрак i занёс яго ў гасцёўню. Потым узяў свой мяшок i паклаў яго ў суседнiм пакоi. Сышоў унiз i на правiльнай французскай мове загадаў маёй пляменнiцы прынесцi пасцельную бялiзну.

Калi пачуўся стук, адчыняць дзверы пайшла пляменнiца. Як звычайна, яна толькi што падала мне кубак кавы, якую я п'ю перад сном. Я сядзеў у самым куце, далёка ад лямпы. Дзверы адгэтуль выходзяць у сад, а ўздоўж усяго дома цягнецца выкладзены плiткаю тратуар. Мы пачулi стук абцасаў па тратуары. Пляменнiца паглядзела на мяне i паставiла кубак. Я трымаў свой у руках.

Было цёмна, не вельмi холадна. Леташнi лiстапад увогуле не быў халодны. Я ўбачыў велiзарны сiлуэт, плоскую фуражку, плашч, накiнуты на плечы нiбыта палярына.

Пляменнiца моўчкi адчынiла дзверы. Стала, прыцiснуўшыся да сцяны, апусцiла вочы. Я ж маленькiмi глыткамi пiў каву.

- Прабачце, - сказаў чалавек у дзвярах i пачцiва схiлiў галаву.

Здавалася, ён спрабаваў зразумець наша маўчанне. Пастаяўшы крыху, афiцэр увайшоў.

Плашч саслiзнуў яму на руку. Ён аддаў нам чэсць i зняў фуражку. Павярнуўся да пляменнiцы, элегантна пакланiўся ёй, амаль няўлоўна ўсмiхнуўся. Пасля з прыкметнай павагай пакланiўся мне.

- Мяне завуць Вернер фон Эбрэнак.

У галаве мiльганула: "Iмя гучыць не па-нямецку. Нашчадак эмiгранта-пратэстанта?"

- Я вельмi вам спачуваю, - павольна дадаў афiцэр.

Апошняе слова нiбыта ўпала ў наша маўчанне. Пляменнiца зачынiла за афiцэрам дзверы. Яна ўсё яшчэ стаяла каля сцяны i глядзела перад сабою. Я не зварухнуўся з месца. Павольна паставiў пусты кубак на фiсгармонiю, сашчапiў пальцы i стаў чакаць.

Афiцэр загаварыў зноў:

- Я проста вымушаны быў стаць вашым кватарантам. Iншага выйсця ў гэтых умовах няма. Спадзяюся, што мой ардынарац забяспечыць вам спакой.

Ён стаяў пасярэдзiне пакоя - высачэзны i тонкi. Рукою ён мог бы дастаць да столi.

Галава ў яго была крыху нахiлена ўперад, i таму ўражанне было такое, што яна iшла не з шыi, а з грудзей; ён здаваўся згорбленым. Сцёгны i плечы сухарлявыя. Прыгожы худы твар. Глыбока запалыя вочы, здаецца, блакiтныя, цяжка было разгледзець. Зачасаныя назад валасы, бялявыя i шаўкавiстыя, мякка блiшчалi ў святле люстры.

Маўчанне было, як туман на досвiтку - густое i нерухомае, а нашы застылыя постацi рабiлi яго яшчэ цяжэйшым, быццам налiвалi свiнцом. Разгублены, такi ж нерухомы, стаяў i афiцэр. Урэшце я ўбачыў, як на яго вуснах пачала з'яўляцца ўсмешка - сур'ёзная, без намёку на iронiю. Ён зрабiў нейкi рух рукою, сэнсу якога я не зразумеў. Вочы яго спынiлiся на пляменнiцы, што застыла каля сцяны, i я добра разгледзеў яго мужны твар, вялiкi тонкi нос. Прыкмецiў, што адзiн зуб быў залаты. Урэшце афiцэр адвёў вочы, паглядзеў на полымя ў камiне i сказаў:

- Я вельмi паважаю людзей, якiя любяць сваю радзiму. - Потым рэзка падняў галаву i ўгледзеўся ў скульптурку анёла над акном. - Я мог бы падняцца цяпер у свой пакой, але не ведаю як.

Пляменнiца адчынiла дзверы на лесвiчку i пачала падымацца па прыступках, не гледзячы на афiцэра, нiбыта нiкога побач з ёю i не было. Немец iшоў следам. Тут я ўбачыў, што адна нага ў яго не згiнаецца.

Я пачуў, як яны прайшлi праз пярэднi пакой; крокi афiцэра то гучнелi, то зацiхалi. Аднынiлiся i зачынiлiся дзверы. Пляменнiца вярнулася, узяла свой кубак i пачала пiць каву. Я распалiў люльку. Некалькi хвiлiн мы маўчалi.

- Дзякуй богу, здаецца, чалавек ён прыстойны, - сказаў я.

Пляменнiца пацiснула плячыма. Паклала на каленi маю вельветавую куртку i пачала латаць локаць.

Ранiцай, у снеданне, афiцэр сышоў унiз. У кухню вяла другая лесвiца, i я не ведаю, цi пачуў немец нашы галасы, цi пайшоў так.

- Я добра выспаўся. Спадзяюся, i вы таксама, - сказаў ён i спынiўся ля дзвярэй. Потым з усмешкай агледзеў прасторны пакой. У нас было не дужа багата дроў i яшчэ менш брыкету, таму мы вырашылi перайсцi на зiму ў кухню. Я яе перафарбаваў, яшчэ мы ўпрыгожылi яе розным медным i iншым даўнiм посудам, перанеслi сюды сёе-тое з мэблi. Ён разглядваў усё з той самай ледзь прыкметнаю ўсмешкаю, i я ўбачыў вузенькую палоску белых зубоў. Яшчэ я ўбачыў, што вочы ў яго не блакiтныя, як мне здалося спачатку, а зеленаватыя. Урэшце ён прайшоў праз пакой i адчынiў дзверы ў сад. Ступiў два крокi i павярнуўся да нас, каб паглядзець на доўгi i нiзкi дом з цёмным чарапiчным дахам, увесь увiты вiнаградам. Пасля задаволена ўсмiхнуўся.

- Ваш стары мэр абяцаў мне, што я буду жыць у замку, - сказаў ён, углядаючыся ў шыкоўны будынак на ўзгорку, што вiднеўся скрозь аголеныя дрэвы. - Я падзякую маiм падначаленым за тое, што яны не памылiлiся. Гэты замак куды лепшы.

Потым зачынiў за сабою шкляныя дзверы, пакланiўся нам i пайшоў.

Вярнуўся ён вечарам, у той самы час, што i напярэдаднi. Мы пiлi каву. Ён пастукаўся, але не чакаў, пакуль да дзвярэй падыдзе пляменнiца, адчынiў iх сам.

- Баюся, што не ў пару, - сказаў ён. - Калi хочаце, я буду хадзiць праз кухню, тады вы зможаце замыкаць гэты пакой. - Ён падышоў да дзвярэй, спынiўся на хвiлiну, агледзеў памяшканне. Урэшце пачцiва пакланiўся, сказаў: Дабранач, - i выйшаў.

Мы так i не замкнулi нi разу пакой. Я не ўпэўнены, што ўсё, што мы тады рабiлi, было нам ясна i зразумела. Маўклiва пагадзiўшыся, мы вырашылi нiчога ў нашым жыццi не мяняць, нiводнае дэталi - i жылi так, быццам афiцэра не было, нiбыта ён быў якi прывiд. Але магло быць i так, што з гэтым рашэннем зжылося ў маiм сэрцы i нейкае iншае пачуццё: я не ўмею, не пакутуючы сам, пакрыўдзiць чалавека, нават ворага.

Даволi доўга - больш за месяц - гэта сцэна паўтаралася штодзень. Афiцэр стукаўся i ўваходзiў, гаварыў пра надвор'е цi яшчэ што, так, што можна было яму не адказваць. Ён заўсёды спыняўся каля дзвярэй, абводзiў поглядам пакой, нас. Лёгкая ўсмешка перадавала задавальненне, якое яму, як мне думаецца, даваў гэты агляд. I так кожны раз: агляд i задавальненне. Ён узiраўся ў твар пляменнiцы за вязаннем або шытвом, заўсёды стрыманай i абыякавай, а калi ўрэшце адводзiў вочы, я бачыў у яго ўсмешцы нешта спачувальнае, нейкую пахвалу. Кланяючыся, ён заўсёды казаў: "Дабранач".

Усё нечакана змянiлася ў адзiн вечар. На дварэ iшоў дождж з невялiкiм снегам, было страшэнна сыра i холадна. Я падкладаў у камiн тоўстыя палены, якiя бярог менавiта на такiя халады, i неяк непрыкметна пачаў думаць пра афiцэра, уяўляць сабе, як ён iдзе па вулiцы, як зараз увойдзе, увесь заснежаны. Але ён не прыйшоў. Час, калi ён вяртаўся, даўно мiнуў, i я злаваў, што не магу прагнаць гэтых думак. Пляменнiца засяроджана вязала.

Урэшце пачулiся крокi. Але чамусьцi зверху. Па iх няроўным стуку я здагадаўся, што гэта афiцэр. Вiдаць, ён увайшоў праз другiя дзверы, а цяпер спускаўся да нас. Вядома, яму не хацелася, каб мы бачылi яго ў прамоклай форме, таму ён i пераадзеўся.

Крокi па лесвiцы, то цяжкiя, то лёгкiя, наблiжалiся. Дзверы адчынiлiся, i афiцэр увайшоў - у цывiльным. На iм былi штаны з тоўстай шэрай фланелi i куртка са сталёва-блакiтнага цвiду з рудаватымi пражылкамi, шырокая i свабодная; швэдар з тоўстай нябеленай шэрсцi хораша прыставаў да яго статнага мускулiстага торса. Ва ўсёй яго паставе адчувалася нейкая вытанчаная грэба да таго, што ён насiў.

- Прабачце. Не магу сагрэцца. Прамок дашчэнту, а ў пакоi вельмi холадна. Пагрэюся колькi хвiлiн каля вашага агню.

Ён грузна прысеў на кукiшкi перад камiнам, працягнуў да цяпла рукi.

- От добра!.. Добра!.. - прыгаворваў ён задаволена.

Пасля павярнуўся да агню спiнаю, абхапiў калена рукамi. Пачакаўшы яшчэ крыху, загаварыў:

- Ну, гэта яшчэ нiчога. Зiма ў Францыi мяккая. А ў нас яна вельмi суровая. Лясы ў нас сасновыя, густыя, узiмку снегу на iх - процьма. А тут i дрэвы нейкiя пяшчотныя, i снег на iх, што тыя карункi. Наша прырода - усё роўна як дужы, прысадзiсты бык, створаны для барацьбы за выжыванне. А ваша - дух, узнёслая паэтычная думка.

Акцэнт у Эбрэнака быў лёгкi, прыкметны хiба што на цвёрдых зычных, голас даволi глухi, амаль без тэмбру, так што гаворка яго нагадвала нейкае пявучае гудзенне.

Ён устаў, паставiў локаць на камiнную палiчку, прыцiснуўся лобам да рукi. Гэты немец быў такi высокi, што яму прыходзiлася нахiляцца нават там, дзе я i блiзка не даставаў галавою.

Ён стаяў так даволi доўга - маўклiвы i нерухомы. Пляменнiца механiчна вязала. Яна не глянула ў яго бок нi разу. Я курыў, седзячы ў ёмкiм крэсле, i думаў, што нiшто не можа парушыць нашага гнятучага маўчання, адно чакаў, калi ўжо афiцэр адкланяецца i пойдзе.

Але пявучае глухое гудзенне пачулася зноў, i дзiўна, адно ж здавалася, яно не парушала маўчання, а цi не ўзнiкала з яго.

- Я заўсёды любiў Францыю, - сказаў ён, не зважаючы на нашу абыякавасць. Заўсёды. У мiнулую вайну я быў яшчэ маленькi, i пра тое, што я думаў тады, успамiнаць не варта. Але потым я любiў яе заўсёды. Толькi здалёку, нiбыта прынцэсу Мару.

- Праз бацьку, - дадаў ён задуменна, потым засунуў рукi ў кiшэнi курткi i прытулiўся да камiна. Час ад часу ён павольна цёрся аб карнiз патылiцаю, - у гэты момант ён нагадваў мне аленя. Побач з iм стаяла крэсла, трэба толькi было зрабiць адзiн крок. Але ён застаўся на месцы. Да апошняга дня ён так i не сеў у гэтае крэсла - нi разу. Мы яго сесцi не запрашалi, ён жа нiколi не рабiў таго, што магло падацца фамiльярнасцю.

- Праз бацьку, - паўтарыў ён. - Ён быў сапраўдны патрыёт. Паражэнне стала для яго асабiстым горам. I ўсё ж ён любiў вашу краiну, Брыяна, верыў у Веймарскую рэспублiку, у тое, што Брыян з'яднае Гермянiю i Францыю ў адну непарушную сям'ю, верыў, што сонца ўрэшце ўзыдзе над Эўропай... Яго энтузiязму хапiла б на многiх...

Расказваючы, Эбрэнак не зводзiў вачэй з пляменнiцы. Але глядзеў на яе не як мужчына на жанчыну, а так, як глядзяць на статую. Ды яна i была статуя. Жывая, а ўсё-такi статуя.

- Але Брыяна перамаглi. Бацька зразумеў, што ў вас гаспадараць людзi, падобныя на Вэндэля, Анры Бардо, старога маршала Пэтэна - уся гэта пражэрлiвая буржуазiя. Тады ён i сказаў мне, што я змагу ступiць на зямлю Францыi толькi ў касцы i ботах. Я быў вымушаны паклясцiся яму ў гэтым, таму што ён быў пры смерцi. I вось да вайны я аб'ездзiў усю Эўропу, апроч Францыi.

Немец усмiхнуўся i дадаў:

- Я ж музыкант.

З камiна выпала палена, вакол рассыпалася вуголле. Немец нагнуўся, падабраў яго, пасля загаварыў зноў:

- Кампазiтар. У музыцы ўсё маё жыццё, i цi не дзiўна, што я салдат?.. I ўсё ж я не шкадую, што iдзе гэтая вайна. Я веру, што яна - пачатак вялiкiх спраў...

Ён выпрастаўся, выняў рукi з кiшэняў i, не апускаючы iх, дадаў:

- Прабачце мне: можа быць, я чымсьцi вас паранiў. Але ж я веру, усiм сэрцам веру ў тое, што вам сказаў. Я веру ў гэта ад любовi да вашае краiны. Вайна стане пачаткам вялiкiх спраў i для Германii i для Францыi. Як i бацька, я перакананы, што над Эўропаю будзе свяцiць сонца.

Ён зрабiў два крокi, пакланiўся i, як заўсёды, сказаў, перад тым як выйсцi:

- Дабранач.

Я моўчкi дакурыў люльку. Кашлянуўшы, сказаў:

- Можа, бесчалавечна адмаўляць яму ў такой дробязi, як адно слова?..

Пляменнiца ўзрушана паглядзела на мяне. Вочы яе блiшчалi ад абурэння. Я адчуў, што чырванею.

З гэтага дня яго вiзiты сталi iнакшыя. Цяпер мы вельмi рэдка бачылi яго ў форме. Ён пераадзяваўся, а потым ужо iшоў да нас. Цi рабiў ён так, каб мы не бачылi варожага мундзiра? Цi каб мы забылiся, што ён яго носiць, i прызвычаiлiся да кватаранта? Хутчэй за ўсё справа была i ў тым, i ў другiм. Ён стукаўся i ўваходзiў, не чакаючы адказу, бо ведаў, што яго не будзе. Рабiў ён гэта вельмi проста i натуральна: прыходзiў пагрэцца каля камiна. Ён i хаваць не спрабаваў зручную ўмоўнасць гэтае заўсёднае падставы.

Прыходзiў ён, праўда, не кожны вечар, але ж не помню, каб хоць раз пайшоў ад нас, не сказаўшы нi слова. Грэючы то рукi, то спiну, ён цiхенька пачынаў сваё пявучае гудзенне. Усе гэтыя доўгiя вечары ён вёў няспынны маналог на тэмы, што запаланiлi ўсю яго душу: радзiма, музыка, Францыя... Нiводнага разу не спрабаваў ён дамагчыся ад нас адказу, ухвалы цi нават позiрку. Нiколi не заставаўся ў нас так доўга, як у першы вечар. Расказваў што-небудзь пакрысе, то падзяляючы думкi маўчаннем, то злiваючы iх у адну няспынную манатонную малiтву. То стаяў каля камiна нерухомы, як карыятыда, то, гаворачы, падыходзiў да якой-небудзь рэчы цi малюнка на сцяне. Потым змаўкаў, кланяўся i выходзiў, сказаўшы заўсёднае: "Дабранач".

- У чым рознiца мiж гэтым агнём i тым, што палае ў камiне майго жытла? сказаў ён у адзiн з першых вечароў. - Вядома, i дровы, i полымя, i камiн усюды аднолькавыя. Але ж толькi не водсвет гэтага полымя! Бо водсвет яго нясе ў сабе кавалачак душы тых рэчаў, якiя полымя асвятляе, людзей, што жывуць яго цяплом, мэблi, сцен, кнiг на палiцах...

- Чаму я так люблю гэты пакой? - сказаў ён задуменна. - Не такi ўжо ён прыгожы - выбачайце!.. - Ён засмяяўся. - Я хачу сказаць, што гэта не музей. Пра вашу мэблю нiяк не скажаш, што гэта цуд мастацтва!.. Але ж у гэтага пакоя ёсць душа. Усё гэта жытло - жывое.

Ён стаяў перад палiцамi з кнiгамi, з ласкавай лёгкасцю праводзiў пальцамi па пераплётах.

- ...Бальаак, Барэс, Бадлер, Бамаршэ, Буало, Бюфон... Шатабрыян, Карнэль, Дэкарт, Фенелон, Флабэр... Лафантэн, Франс, Гацье, Гюго... Якiя мастакi! сказаў ён,i ўсмiхнуўшыся. - А гэта ж усяго толькi некалькi палiц.." Ёсць яшчэ Мальер, Рабле, Расiн, Паскаль, Стэндаль, Вальтэр, Мантэнь i ўсе астатнiя... Час ад часу ён здзiўляўся - мусiць, тады, калi сустракаў нечаканае iмя.

- Гаворачы пра Англiю, перш за ўсё ўспамiнаюць Шэкспiра, пра Iталiю Дантэ, пра Гiшпанiю - Сервантэса. Бяруцца за нас - зараз жа кажуць: Гётэ. А потым трэба корпацца ў памяцi. А калi гаворка заходзiць пра Францыю? Хто прыгадаецца адразу? Мальер? Расiн? Гюго? Вальтэр? Рабле? Хто? Не ведаеш, каго i выбраць.

Ён павярнуўся да нас i дадаў сур'ёзна:

- Але што да музыкi - тут ужо пашукайце ў нас: Бах, Гендэль, Бетховен, Вагнер, Моцарт... Якое iмя вы ўспомнiце першае? А мы ваюем!.. - сказаў ён сумна. Пасля вярнуўся да камiна i з усмешкаю паглядзеў на пляменнiцу. - Але гэтая вайна апошняя! Больш ваяваць мы не будзем: мы з'яднаемся. - Каля вачэй у яго з'явiлiся маршчынкi, на шчоках - ямачкi, блiснулi белыя зубы, i ён весела сказаў: - З'яднаемся, - пасля пацвердзiў свае словы лёгкiм рухам галавы i дадаў, памаўчаўшы: - Калi мы ўвайшлi ў Сэнт, я быў проста шчаслiвы, так добра нас сустракалi. Думаў, што ўсё будзе лёгка. Адно ж пасля зразумеў, што гэта была баязлiвасць. - Ён пасур'ёзнеў. - Я стаў пагарджаць гэтымi людзьмi, пачаў баяцца за Францыю. Думаў: няўжо яна так змянiлася? Але не! Яна не змянiлася! Я зразумеў гэта пазней, i цяпер мяне робiць шчаслiвым яе строгi i стрыманы твар.

Ён паглядзеў на мяне, - я адвёў вочы, - потым вакол сябе, i ўрэшце погляд яго зноў спынiўся на бязлiтасна абыякавым твары пляменнiцы.

- Я шчаслiвы, што сустрэў тут старога чалавека з пачуццём годнасцi. I маўклiвую дзяўчыну. Трэба перамагчы гэтае маўчанне Францыi. Мне гэта люба.

Ён глядзеў на пляменнiцу, на яе ўпарты, замкнёны i чысты твар, глядзеў моўчкi, з сур'ёзнаю настойлiвасцю, але ў гэтай настойлiвасцi таiлася нейкая ўсмешка. Пляменнiца адчувала гэта. Я ўбачыў, як яна пачырванела, мiж яе бровамi з'явiлася маршчынка. Пальцы занадта таропка цягнулi iголку здавалася, нiтка вось-вось парвецца.

- Вядома, - зноў загудзеў ён, - так будзе лепш. Намнога лепш. Мы створым непахiсны саюз - саюз, у якiм кожны набудзе велiч... Ёсць цудоўная казка для дзяцей, якую чытаў я, чыталi вы, чытаў увесь свет. Не ведаю, як у вас, а ў нас яна называецца "Das Tier und die Schone" - "Страшыдла i Прыгажуня". Бедная Прыгажуня - бяссiльная нявольнiца Страшыдлы, якое бязлiтасна не адпускае яе ад сябе нi на хвiлiну... Прыгажуня горда i мужна пераносiць свае пакуты... Але Страшыдла лепшае, чым здаецца. Яно не ведае вытанчаных манер! Яно нязграбнае, прыкрае, проста пачварнае побач з Прыгажуняй. Але ў Страшыдлы ёсць сэрца, у яго ёсць душа, i ў гэтай душы жывуць высокiя iмкненнi. Толькi б Прыгажуня захацела яго зразумець!.. Але ж не, яна гэтага не хоча. Аднак iдуць днi, i яна спакваля пачынае прыкмячаць у вачах ненавiснага турэмшчыка душэўнае святло, штосьцi падобнае на малiтву i каханне. Яна ўжо не так балюча адчувае на сабе цяжар лапы Страшыдлы, лягчэй пераносiць аковы свайго палону... Яе кранае яго пастаянства. Яна перастае ненавiдзець Страшыдлу, падае яму руку - i раптам знiкаюць вядзьмарскiя чары, пад пачварнаю ўладай якiх быў рыцар... Перад Прыгажуняй рыцар - прыгожы i чысты, лагодны i выхаваны. А кожны пацалунак Прыгажунi аздабляе яго новымi адмысловымi вартасцямi... Найвышэйшае шчасце спадарожнiчае iх шлюбу. Дзецi iх, у якiх усё больш прыгажэе суквецце бацькоўскiх талентаў, - самыя цудоўныя з усiх, каго нараджала зямля... Вам даспадобы гэтая казка? Я заўсёды яе любiў. Часта перачытваў. Плакаў над ёю. Асаблiва кранала мяне Страшыдла: я так добра разумеў яго пакуты... Нават сёння хвалююся...

Ён змоўк, удыхнуў з усяе сiлы паветра i пакланiўся:

- Дабранач.

Аднойчы вечарам, падняўшыся да сябе па тытунь, я пачуў гукi фiсгармонii. Гэта былi "Восьмая прэлюдыя i фуга", якiя пляменнiца развучвала яшчэ да разгрому. Ноты так i засталiся адкрытыя на той самай старонцы: да гэтага вечара пляменнiца не рашалася зноў падысцi да фiсгармонii. Музыка выклiкала ўва мне i задавальненне i здзiўленне: якая ўнутраная неабходнасць падштурхнула пляменнiцу да iнструмента?

Але iграла не яна. Пляменнiца, як заўсёды, вязала на сваiм звычайным месцы. Позiрк яе сустрэўся з маiм, яна нешта хацела сказаць мне вачыма, але што - я не зразумеў. Я разглядваў высокую постаць каля iнструмента, галаву, якая над iм схiлiлася, доўгiя рукi. Тонкiя, нервовыя пальцы дакраналiся да клавiшаў, нiбыта жывыя iстоты.

Ён сыграў толькi прэлюдыю. Устаў, падышоў да камiна.

- Што можа быць вышэй за гэтую музыку? - сказаў ён глуха i цiха. Вышэй?.. Не, гэта не тое слова, не тое... Яна па-за чалавекам, па-за яго iстотаю. Яна раскрывае, не, вымушае ўгадваць... не, прадчуваць... прадчуваць, што ж гэта такое - прырода... загадкавая прырода душы чалавечае... Так: прырода, боская i недаступная розуму... Не, гэта музыка не чалавечая.

Ён надоўга змоўк, пасур'ёзнеў, задуменна пакусваў вусны.

- Бах... Ён мог быць толькi немцам. Гэта ёсць у характары нашае зямлi: штосьцi нечалавечае. Я хачу сказаць - далёкае чалавеку... Я люблю гэтую музыку, абагаўляю яе, яна напаўняе мяне, жыве ўва мне, нiбыта бог, але... Але яна не мая. Я хацеў бы стварыць музыку, блiзкую чалавеку: гэта таксама шлях да праўды. Гэта мой шлях. Я не хацеў бы, не мог бы iсцi iншым шляхам. Цяпер я гэта ведаю... Ведаю цвёрда. З якога часу? З таго, як жыву тут.

Ён павярнуўся да нас спiнаю. Моцна ўхапiўся за палiчку камiна i глядзеў на агонь мiж сваiх рук, нiбы праз пруты кратаў. Голас яго пацiшэў, паглушэў:

- Цяпер я не магу без Францыi. Але ж я патрабую многага: я хачу, каб яна мяне прыняла. I не як чужынца - вандроўнiка цi пераможцу. Не. Гэтыя ад яе не атрымаюць нiчога, яна iм нiчога не дасць... Багацце яе, велiзарнае багацце не захопiш. Трэба, каб яна сама аддала яго са сваiм малаком, сама, як мацi, прыгарнула да грудзей... Я добра разумею, што гэта залежыць ад нас... Але i ад яе таксама. Трэба, каб яна згадзiлася зразумець нашу прагу, згадзiлася яе спатолiць... згадзiлася з'яднацца з намi.

- А мне, - ён выпрастаўся, голас яго пазванчэў, - мне трэба тут жыць. Жыць доўга. У такiм жытле, як гэта. Жыць, як сыну такое вёскi... Мне гэта трэба...

Ён змоўк. Павярнуўся ўрэшце да нас. Ён глядзеў на пляменнiцу i ўсмiхаўся, але ўсмiхалiся яго вусны, толькi не вочы.

- Перашкоды будуць пераадолены, - сказаў ён. - Шчырасць заўжды пераадольвае перашкоды. Дабранач.

Я не магу прыпомнiць цяпер усё тое, што пачулi мы ад яго за гэтыя сто з лiшкам зiмовых вечароў. Але тэма не мянялася нiколi. Гэта была доўгая рапсодыя яго адкрыцця Францыi: любовi да яе здалёку, да таго, як ён спазнаў яе, i любовi, якая спела ў iм з кожным днём з таго часу, як лёс, на шчасце, прывёў яго сюды. Дальбог, я яго паважаў. Паважаў за тое, што ён не страцiў цярпення. За тое, што яго нi разу не спакусiла жаданне разбiць гэтае няўмольнае маўчанне якiм-небудзь злым словам... Наадварот, калi, бывала, маўчанне, як цяжкi газ, запаўняла наш пакой, кожны куточак, здавалася, што з нас траiх лягчэй за ўсiх дыхалася, вядома, яму. Тады ён глядзеў на пляменнiцу, выказваючы тую асаблiвую ўхвалу - адначасова i сур'ёзную i iранiчную, - якую мы прыкмецiлi на яго твары яшчэ ў першы дзень, а я бачыў, як мiтусiцца душа пляменнiцы ў турме, якую яна сама сабе збудавала, i самай першай прыкметай яе хвалявання было лёгкае дрыжанне пальцаў. I калi ўрэшце Вернер фон Эбрэнак мякка i спакойна парушаў гэта маўчанне сваiм цiхiм пявучым гудзеннем, здавалася, што i мне дыхаць было ўжо лягчэй. Ён часта расказваў пра сябе:

- Наша жытло стаiць у лесе; там я нарадзiўся, хадзiў у школу. Я нiкуды не выязджаў да тае пары, пакуль не паехаў у Мюнхен здаваць экзамены, а потым у Зальцбург - вучыцца музыцы. Вярнуўшыся адтуль, я стаў дамаседам. Я не любiў вялiкiх гарадоў. Нi Лондан, нi Вена, нi Рым, нi Варшава, нi нямецкiя гарады не спадабалiся мне... Я толькi вельмi любiў Прагу - нiводзiн горад не мае такой душы - i асаблiва - Нюрнберг. Кожнаму немцу гэта горад, дзе растае яго сэрца: там ён знаходзiць дарагiя яму прывiды, там кожны камень захоўвае памяць пра тых, хто быў гонарам старое Германii. Я думаю, што французы адчуваюць тое ж самае перад Шартрскiм саборам: блiзкасць продкаў, вытанчанасць iх душы, велiч веры, высакароднасць. Лёс прывёў мяне ў Шартр. Як я там расхваляваўся, калi ўбачыў, як над спелай збажыной у блакiце далёкае смугi ўзнiкае гэты сабор-прывiд! Я ўяўляў сабе пачуццi тых людзей, што калiсьцi сцякалiся да яго пехатою, конна, на калёсах... У думках iшоў з iмi, перажываў тыя ж пачуццi, што i яны, i любiў гэтых людзей... I як хацелася мне быць iм братам!..

Твар яго стаў змрочны.

- Вядома, цяжка чуць такiя словы ад чалавека, якi прыехаў у Шартр у бранiраванай машыне... Аднак гэта праўда. Столькi супярэчнасцей поўнiцца ў душы ў немца, нават у самага лепшага! I як бы ёй хацеў, каб яго вылечылi ад гэтае хваробы... - Ён зноў ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. Твар яго пасвятлеў.

- У суседнiм з нашым маёнтку, - гаварыў Эбрэнак, - жыве дзяўчына, вельмi прыгожая i лагодная. Мой бацька быў бы шчаслiвы, калi б я ажанiўся з ёю. Калi ён памёр, мы былi амаль заручаныя, нам нават дазвалялi гуляць удваiх i падоўгу.

Пляменнiца парвала нiтку. Ён спынiўся. Вушка было надта маленькае, i дзяўчына доўга не магла ўцягнуць нiтку ў iголку.

- Аднойчы мы гулялi з ёю ў лесе. Хараство было незвычайнае: зайцы, вавёркi, птушкi, усялякiя краскi - нарцысы, гiяцынты, амарылiсы... Ад радасцi яна расчырванелася. "Я шчаслiвая, Вернер! Як я люблю гэтыя боскiя дарункi!.."

Я таксама быў шчаслiвы. Мы прылеглi на моху сярод папарацi i моўчкi любавалiся лесам. Раптам яна закрычала: "Маленькая дрэнь, брыдкi камар, ён укусiў мяне ў падбародак! - Пасля ўзмахнула рукою. - Я злавiла аднаго, Вернер! Глядзiце, як я зараз яго пакараю! Я адарву яму ножкi - адну, цяпер другую..." - i зрабiла гэта... На шчасце, у яе было багата жанiхоў. Сумленне мяне не мучыла. З таго часу я пачаў баяцца нямецкiх дзяўчат.

Ён задуменна паглядзеў на свае далонi i сказаў:

- Такiя ж i нашы палiтыкi. Вось чаму я нiколi не хацеў лезцi ў палiтыку, нягледзячы на маiх таварышаў, якiя ў лiстах заклiкалi мяне далучыцца да iх гуртаванняў. Не, я заўсёды быў дамаседам. Вядома, гэта не павялiчвала поспеху маёй музыкi, але што такое поспех у параўнаннi са спакойным сумленнем?! Я перакананы, што мае сябры змагаюцца разам з фюрэрам за самыя вялiкiя i высакародныя iдэi. Але ж я перакананы i ў тым, што яны здольныя адрываць камарам ножкi. Так заўсёды ў немцаў, калi яны застаюцца ў поўнай адзiноце: тады гэта проста непазбежна. А хто больш адзiнокi, як не людзi, што становяцца гаспадарамi зямлi? На шчасце, цяпер яны ўжо не адзiнокiя: яны ў Францыi. Гэта краiна iх вылечыць. I скажу вам: немцы гэта ведаюць. Велiч i чысцiня Францыi будуць iм лекамi.

Ён пайшоў да дзвярэй i цiха сказаў, нiбыта сабе:

- На гэта патрэбная любоў...

Ён спынiўся на iмгненне i азiрнуўся. Паглядзеў на пляменнiцу, якая схiлiлася над вязаннем, на яе кволую, бледную шыю з завiткамi валасоў колеру цёмнага чырвонага дрэва, спакойна i рашуча дадаў:

- ...Любоў, якая падзяляецца.

Пасля адвярнуўся i, зачыняючы дзверы, сказаў як звычайна:

- Дабранач.

Насталi доўгiя веснавыя днi. Цяпер афiцэр прыходзiў да нас, калi ўжо дагарала сонца. Як i зiмою, ён насiў шэрыя фланелевыя штаны, але куртку змянiў на лягчэйшую вязаную, а швэдар - на кашулю з адкрытым каўняром. Аднойчы вечарам ён сышоў унiз з кнiжкаю ў руках, трымаючы палец мiж старонак. На твары ў яго была радасная ўсмешка, як у чалавека, што смакуе наперад задавальненне, якое ён з кiмсьцi зараз падзелiць.

- Я прынёс гэта вам. Старонка з "Макбета". Божа! Як велiчна!

Ён разгарнуў кнiгу.

- Надыходзiць канец. Магутнасць выслiзгвае з Макбетавых рук разам з прыхiльнасцю тых, хто ўрэшце ўбачыў яго агiдную, пыхлiвую сутнасць i расчараваўся ў iм. Дваране, якiя абараняюць гонар Шатландыi, чакаюць яго падзення. Адзiн з iх апiсвае трагiчныя прыкметы наблiжэння катастрофы...

А н г у с

На руках сваiх

Ён адчувае слiзь i кроў забойстваў;

За вераломства помсцяць яму здрады;

I слухаюцца ўсе яго загадаў,

Не ад любовi: бачыць ён, што ўлада

Матляецца на iм, як плашч гiганта

На злодзеi куртатым.

Ён падняў галаву i засмяяўся. Я здзiўлена падумаў, цi не мае ён на ўвазе таго ж тырана, што i я. Але ён сказаў:

- Цi не праўда, што менавiта гэты неспакой не дае спаць вашаму адмiралу Дарлану? Дальбог, я шкадую гэтага чалавека, нягледзячы на пагарду, якую адчуваю да яго, як i вы. Падпарадкоўваюцца яму ўжо не ад любовi, а ад страху. Правадыр, ад якога адвярнулiся паплечнiкi, - проста вартая жалю марыянетка... Але... але... цi можна было жадаць чаго-небудзь iншага? Хто, як не такi ж змрочны славалюб, як ён, узяў бы на сябе гэтую ролю? А зрабiць гэта трэба было. Нехта павiнен, але, нехта павiнен быў здрадзiць сваёй радзiме, таму што нi сёння, нi яшчэ доўга Францыя не зможа самахоць кiнуцца нам у абдымкi, не страцiўшы пачуцця сваёй вартасцi. Часам самая брудная зводнiца стварае найвыдатнейшы саюз.

Ён iмклiва загарнуў кнiгу, сунуў яе ў кiшэню курткi i неяк машынальна паляпаў па кiшэнi далонню. На яго доўгiм твары з'явiлася шчаслiвая ўсмешка.

- Павiнен папярэдзiць, - сказаў ён, - што мяне не будзе два тыднi. Я еду ў Парыж i радуюся гэтаму. Надышла мая чарга iсцi ў адпачынак, i я ўпершыню прабаўлю яго ў Парыжы. Гэта вялiкi дзень для мяне. Самы вялiкi дзень у чаканнi другога, якi, я спадзяюся ўсёю душою, абавязкова настане, i калi трэба, я буду чакаць яго гады. Маё сэрца ўмее доўга чакаць. Я думаю, што сустрэну ў Парыжы сяброў, многiя з якiх, дбаючы пра стварэнне цудоўнага саюзу нашых двух народаў, прысутнiчаюць на перагаворах з вашымi палiтычнымi дзеячамi. Такiм чынам, я стану маленькiм сведкам гэтага вялiкага шлюбу... Мушу дадаць, што я шчаслiвы за Францыю, раны якой дзякуючы гэтаму загояцца вельмi хутка, але яшчэ больш я радуюся за Германiю i за сябе! Нiхто яшчэ так не выйграваў ад добрае справы, як выйграе Германiя, вярнуўшы Францыi яе былую велiч i волю! Дабранач.

А т э л а

Святло задзьму. Спярша задзьму я свечку,

Пасля яе.

Мы не бачылi, як ён вярнуўся.

Мы ведалi, што ён тут, бо прысутнасць у доме чужынца пазнаецца па шмат якiх прыкметах, нават тады, калi ён i нябачны. Але многа дзён - больш за тыдзень - мы яго не бачылi.

Цi прызнацца мне? Яго адсутнасць не давала мне спакою. Я думаў пра яго; не ведаю, цi адчуваў я спагаду i хваляванне. Мы не заводзiлi гутарку пра яго. Але калi часам мы чулi над сабою ўвечары глухi стук яго няроўных крокаў, то па ўвазе, з якою пачынала вязаць пляменнiца, па некаторых ледзь прыкметных рысах, што надавалi яе твару выраз адначасова ўпарты i засяроджаны, я адчуваў, што яна падзяляе мае думкi.

Аднойчы мне прыйшлося пайсцi ў камендатуру на нейкi выклiк. Калi я запаўняў паперы, Эбрэнак выйшаў са свайго кабiнета. Спачатку ён не заўважыў мяне i загаварыў з сяржантам, што сядзеў за столiкам каля вялiкага люстэрка на сцяне. Я пачуў яго глухi i пявучы голас i, хоць мне ўжо не было чаго рабiць у камендатуры, не ведаю чаму, застаўся - я хваляваўся, нiбы чакаў нейкае развязкi. Я ўбачыў у люстэрку яго бледны i змарнелы твар. Вочы яго ўзнялiся i сустрэлiся з маiмi, мы глядзелi адзiн на аднаго колькi хвiлiнак, пасля ён павярнуўся тварам да мяне. Вусны яго растулiлiся, ён павольна i лёгка падняў руку i адразу ж яе апусцiў. Ледзь прыкметна, не адводзячы ад мяне погляду, пакруцiў галавою з нейкай усхваляванай нерашучасцю, нiбы казаў сабе "не". Пасля пакланiўся, апусцiў вочы i, пакульгваючы, пайшоў у свой кабiнет.

Я нiчога не сказаў пляменнiцы. Але жаночая здагадлiвасць - неверагодная. Увесь вечар яна адводзiла вочы ад вязання, кожную хвiлiну ўглядалася мне ў твар, быццам спрабавала прачытаць на iм што-небудзь, пакуль я старанна распальваў люльку, з цяжкасцю захоўваючы спакой. Урэшце яна апусцiла рукi, робячы выгляд, што стамiлася, адклала вязанне. Пацерла пальцамi лоб, быццам адганяла мiгрэнь, i сказала мне, пацалаваўшы, што пойдзе спаць. Мне здалося, што ў яе прыгожых шэрых вачах стаяць папрок i сум. Яна пайшла, i я адчуў, што мяне апаноўвае недарэчны гнеў: я сердаваў i на сваю безразважлiвасць i на сваю безразважлiвую пляменнiцу. Што гэта яшчэ за вар'яцтва?! Але адказаць сабе на гэта я не мог. Калi ўжо гэта i было вар'яцтва, то яно мела глыбокiя каранi.

Толькi праз тры днi пачулi мы зноў знаёмыя няроўныя крокi, якiя гэтым разам, бясспрэчна, наблiжалiся да нас. Мы якраз канчалi каву. Я ўспомнiў раптам той зiмовы вечар паўгадавое даўнасцi, калi мы ўпершыню пачулi гэтыя крокi, i падумаў, што сёння таксама дождж. Моцны дождж сек з самага ранку. Роўны i настойлiвы, ён затапiў усё наўкол i нават жытло напоўнiў нейкай халоднай няўтульнасцю. Пляменнiца накiнула на плечы шаўковую хустку з малюнкам Жана Както: дзесяць рук, поўных унутранай трывогi, млява паказваюць адна на адну. Я саграваў люлькаю пальцы - i гэта быў лiпень!

Ён прайшоў праз пярэднi пакой, пасля зарыпелi прыступкi лесвiцы. Спускаўся ён усё цяжэй i цяжэй, але ж не ваганне адчувалася ў гэтым, а воля чалавека, што рашыўся на вельмi цяжкае выпрабаванне. Пляменнiца глядзела на мяне ўвесь гэты час так, быццам нiчога не бачыла, быццам на ўсё забылася. Калi рыпнула апошняя прыступка i настала доўгая цiшыня, пляменнiца адарвала ад мяне вочы, i я ўбачыў, як пацяжэлi яе павекi, як схiлiлася галава. Урэшце яна стомлена адкiнулася на спiнку крэсла.

Наўрад цi гэтая цiшыня стаяла больш за некалькi хвiлiнак, але хвiлiны гэтыя былi надзвычай доўгiя. Мне здавалася, што я бачыў, як чалавек за дзвярыма стаiць з паднятаю рукою i ўсё аддаляе той момант, калi ён адным стукам паставiць на карту сваю будучыню... Урэшце ён пастукаў. У гэтым стуку не было нi лёгкасцi вагання, нi раптоўнасцi пераадоленай нясмеласцi. Ён пастукаў тры разы - выразна, упэўнена i спакойна, быццам адганяў апошнiя сумненнi. Я чакаў, што, як i раней, ён зараз жа ўвойдзе. Але ён не адчыняў дзвярэй, быццам чакаў, што мы гэта зробiм самi, i тады мяне ахапiла неверагоднае хваляванне: супрацьлеглыя, нерашучыя жаданнi змяшалiся ў iм з мноствам пытанняў; з кожнаю хвiлiнай, што iмчалiся, як мне здавалася, усё хутчэй i хутчэй, быццам лавiна, адчуванне гэтае рабiлася ўсё цяжэйшае, усё больш безвыходнае. Цi трэба адказваць? Адкуль, з якой нагоды гэта перамена? Чаму ў гэты вечар наш кватарант чакаў, што мы ўрэшце парушым маўчанне, стойкасць якога ён так ухваляў да гэтага часу ўсiмi сваiмi паводзiнамi? Што загадвала мне ў гэты вечар - у гэты час - пачуццё годнасцi?

Я паглядзеў на пляменнiцу, каб знайсцi ў яе вачах ухвалу альбо якi iншы знак, але яна сама глядзела на клямку. Глядзела тым нечалавечым пiльным позiркам, якi ўжо аднойчы ўразiў мяне - быццам нiчога iншага i не бачыла, быццам на ўсё забылася. Яна была вельмi бледная. Потым я прыкмецiў, як растулiлiся яе вусны i агалiлася ў пакутнай грымасе тонкая лiнiя зубоў. Якiмi ж простымi здалiся мне мае ваганнi ў параўнаннi з гэтай душэўнай драмай, што раскрылася так раптоўна. Я страцiў апошнюю сiлу. У гэты момант пачулiся два новыя ўдары - толькi два, два слабыя таропкiя ўдары, - i пляменнiца сказала:

- Ён зараз пойдзе...

Сказала цiха, з такiм адчаем, што я не стаў больш чакаць i выразна сказаў:

- Уваходзьце, васпане.

Чаму я дадаў гэтае "васпане"? Каб падкрэслiць, што запрашаю чалавека, а не варожага афiцэра? Цi, наадварот, каб паказаць, што я ведаю, хто стукае, i звяртаюся таму менавiта да яго? Не ведаю. Няважна. Але ўсё ж такi я гэта сказаў, i ён увайшоў.

Я думаў, што ўбачу яго ў цывiльным, але ён быў у мундзiры. Я сказаў бы нават, што адчуванне было такое, быццам ён быў у мундзiры неяк больш, чым калi-небудзь раней: я мушу дадаць гэтым тое, што мне здалося, нiбыта на гэты раз ён надзеў форму таму, што вырашыў вымусiць нас звярнуць на яго ўвагу. Ён расчынiў дзверы да самае сцяны i спынiўся на парозе - такi высачэзны i важны, што я ўжо пачаў быў сумнявацца, цi ён гэта перада мною. Я ўпершыню прыкмецiў, як падобны ён на аднаго славутага акцёра. Ён стаяў так некалькi хвiлiнак, расставiўшы трохi ногi, апусцiўшы рукi, - маўклiвы i самавiты. Здавалася, што на твары яго, халодным i неверагодна абыякавым, не засталося нiякага пачуцця.

Але я сядзеў у глыбокiм крэсле i добра бачыў яго левую руку. Я так i не змог адарваць ад яе вачэй, так хвалявала мяне вiдовiшча гэтае рукi, якая выкрывала ўвесь фальш яго позы...

Я зразумеў у той дзень, што назiральнаму чалавеку рукi могуць расказаць не менш за твар, калi не больш, бо яны не так падуладныя волi. Пальцы гэтай рукi згiналiся i разгiналiся, сцiскалiся i расцiскалiся, мiмiка iх была надзвычай выразная, у той час як твар i цела заставалiся напружлiва нерухомыя.

Потым вочы яго, здалося, аджылi, затрымалiся на iмгненне на мне блiскучыя вочы з шырока раскрытымi i нерухомымi павекамi, стомленымi i набрынялымi, як у чалавека, што даўно не спаў. Мне здалося, што мяне цiкуе сокал. Але позiрк яго спынiўся на пляменнiцы i ўжо не пакiдаў яе больш.

Урэшце рука яго замерла, пальцы расшчапiлiся, упiлiся ў далонь, i ён разявiў рот з прыдыханнем, падобным на гук, з якiм вылятае з бутэлькi корак. Голас у яго быў яшчэ глушэйшы, чым звычайна:

- Я мушу сказаць вам нешта важнае.

Пляменнiца сядзела насупраць яго, апусцiўшы галаву. Яна намотвала на пальцы шэрсць з клубка, якi, размотваючыся, круцiўся па канапе. Мусiць, толькi гэтая, без нiякага сэнсу работа была яшчэ ёй па сiле i памагала ўтойваць пачуццi.

Афiцэр загаварыў зноў - здавалася, ён рабiў намаганнi, якiя каштавалi яму цi не жыцця:

- Усё, што я гаварыў гэтыя паўгода, усё, што чулi сцены гэтага пакоя... ён удыхнуў паветра, як астматык, i затрымаў на момант дыханне... - трэба... ён выдыхнуў, - трэба забыць.

Дзяўчына павольна апусцiла рукi, i яны так i засталiся вiсець нерухома, як лодкi, выкiнутыя на пясок. Пасля гэтак жа павольна падняла галаву i тады ўпершыню - упершыню! - паглядзела на афiцэра сваiмi сумнымi вачыма.

Ён сказаў так цiха, амаль прашаптаў, што я ледзьве яго пачуў:

- Oh, welch ein Licht!*

* О, якое святло! (ням.)

I нiбыта напраўду вочы яго не маглi перанесцi гэтага святла - ён прыкрыў iх рукою. На дзве хвiлiнкi. Потым адвёў руку, але павекi яго былi апушчаныя, i больш ужо ён вачэй не ўзнiмаў - утаропiўся ў падлогу...

Вусны яго расстулiлiся, i ён вельмi глуха сказаў:

- Я бачыў гэтых пераможцаў.

Пасля, праз некалькi хвiлiн, дадаў яшчэ цiшэй:

- Я гаварыў з iмi.

I ўрэшце шэптам, з горкаю маруднасцю:

- Яны смяялiся з мяне.

Ён паглядзеў на мяне i тройчы ледзь прыкметна пакруцiў галавою. Потым заплюшчыў вочы i сказаў:

- Яны сказалi мне: "Хiба вы не зразумелi, што мы iх дурым?" Вось, яны сказалi менавiта так: "Wir рrеllеn siе". Яны рагаталi. "Вы, вядома, не думаеце, што мы, бы дурнi, дазволiм аднавiцца Францыi каля нашай мяжы? Га?" Весела ляпалi мяне па спiне, смеючыся ў твар: "Мы не музыканты!"

На апошнiх словах у голасе пачулася пагарда. Я не зразумеў, што ён хацеў перадаць гэтым: альбо тон суайчыннiкаў, альбо свае пачуццi да iх.

- Тады я пачаў пераконваць iх - захоплена i доўга. А яны ўсё прыцмоквалi языкамi: "Палiтыка - гэта не летуценнi паэта. Дзеля чаго, вы думаеце, вялi мы вайну? Дзеля iх старога маршала? - I зноў я чуў iх смех. - Мы не вар'яты, не пустадомкi, i як ужо нам выпала нагода знiшчыць Францыю, то мы яе знiшчым. I не толькi адну яе моц, але i яе душу. Душу асаблiва. Менавiта ў ёй найвялiкшая пагроза. Вось дзе зараз наша галоўная праца, i не трэба ашукваць сябе, галубок! Мы толькi разбэсцiм душу нашымi ўсмешкамi i цырымонным абыходжаннем. Нам трэба зрабiць з краiны пакорлiвую служанку".

Эбрэнак змоўк. Здавалася, ён задыхаўся. Ён з такою сiлаю сцiскаў скiвiцы, што я ўбачыў, як на шчоках у яго ўсхадзiлiся жаўлакi, а на скронi пульсавала жылка, пукатая i звiлiстая, як чарвяк. Раптам уся скура на яго твары заварушылася, быццам ад нейкага ўнутранага дрыжання - як возера пасля лёгкага ветрыку, як пенка на малацэ, што закiпае. Ён угледзеўся ў вялiкiя сумныя вочы пляменнiцы i сказаў цiха, невыразна, пакутлiва:

- Надзеi няма, - i яшчэ цiшэй, яшчэ глушэй, яшчэ больш марудна, быццам спапяляў сябе гэтым страшным прызнаннем: - Няма надзеi. Надзеi няма. - I раптам нечакана высокiм i моцным голасам, надзiва ясным i звонкiм, як ражок гарнiста, як крык: - Надзеi няма!

Запала маўчанне.

Мне здалося, што ён смяецца. На яго напружаным iлбе склалiся глыбокiя барозны. Вусны ў яго дрыжалi - лiхаманкавыя i бяскроўныя вусны хворага.

- Яны сердавалi i лаялi мяне: "Вось бачыце! Бачыце, як вы яе любiце! Вось яна, вялiкая пагроза! Але мы вызвалiм Эўропу ад гэтай чумы! Мы вынiшчым гэту атруту!" Яны мне ўсё растлумачылi... О, яны нiчога не ўтаiлi ад мяне! Яны хваляць вашых пiсьменнiкаў, i ў гэты ж час - у Бельгii, у Галандыi, ва ўсiх краiнах, занятых нашымi войскамi, яны ўжо паставiлi загароды. Нiводнае французскае кнiгi не прапусцяць праз мяжу, нiчога, апроч тэхнiчных выданняў, падручнiкаў па якой-небудзь дыёптрыцы цi iнструкцый па цэментаваннi... Нiводнага лiтаратурнага твора. Нiводнага!

Вочы яго блукалi па пакоi i натыкалiся на куты, што спалоханыя птушкi ўначы. Урэшце, ён, здалося, супакоiўся - пасля позiрку на цёмныя кнiжныя палiцы, дзе выстраiлiся ў рад Расiн, Рансар, Русо. Не адрываючы вачэй ад кнiг, ён зноў загаварыў захопленым, поўным роспачы голасам:

- Нiчога, нiчога, нiкога! - I як быццам мы яшчэ не зразумелi, не змералi ўсёй жахлiвасцi пагрозы: - Не толькi вашых сучаснiкаў! Не толькi вашых Пегi, Прусаў, Бергсанаў... Але i ўсiх астатнiх! Усiх! Усiх! Усiх!

Позiрк яго яшчэ раз з роспаччу i пяшчотаю слiзгануў па пераплётах, што мякка блiшчалi ў цемнаце.

- Яны патушаць агонь назаўжды! - крыкнуў ён. - Эўропу больш не асвецiць гэтае святло! - i глыбокiм, цяжкiм голасам, працягла, як усхваляваную жалобу, сказаў толькi два словы, што знайшлi ў маiх грудзях нечаканы i надзвычайны водгук:

- Nеvеr mоrе!*

* Болей нiколi! (англ.)

Зноў, у якi ўжо раз, настала маўчанне, але ж якое яно было цяпер змрочнае i напружлiвае! Раней у хвiлiны цiшынi я бачыў пад спакойнаю паверхняю вады хваляванне падводнага жыцця, сутычку марскiх жыхароў, iх затоеных пачуццяў, супрацьлеглых жаданняў i думак. Але за сённяшнiм маўчаннем не было нiчога, апроч жахлiвай прыгнечанасцi...

Урэшце голас яго тужлiва i цiха парушыў цiшыню:

- У мяне быў сябар. Мой брат. Мы разам вучылiся. Жылi ў адным пакоi ў Штутгарце, у Нюрнбергу. Мы нiчога не рабiлi адзiн без аднаго. Я iграў яму свае творы, ён чытаў мне свае паэмы. Ён быў чуллiвы i рамантычны. Але ён пакiнуў мяне. Гэта ён няспынна пiсаў мне з Мюнхена, каб я далучыўся да iх, гэта менавiта яго бачыў я ў Парыжы з новымi сябрамi. Ведалi б вы, што яны з яго зрабiлi!

Ён павольна пакруцiў галавою, нiбыта з пакутай адмаўляўся слухаць чыюсьцi просьбу.

- Ён быў самы няўрымслiвы! У iм ужывалiся i лютасць i смех. То глядзеў на мяне гарачымi вачыма i крычаў: "Гэта атрута! Трэба выпусцiць атруту з жывёлiны!" То тыкаў мяне ў грудзi пальцам: "Яны цяпер да смерцi напалоханыя, ха-ха! Дрыжаць за свае кiшэнi i жыццё - за свой гандаль i прыбыткi. Толькi пра гэта i думаюць! А тых, хто з'яўляецца рэдкiм выключэннем, мы падманем лiслiвасцю, ха-ха!.. Гэта зусiм не цяжка!" Ён смяяўся, твар яго ружавеў: "Мы купiм iх душу за сачавiчную полiўку".

Эбрэнак перавёў дыханне:

- Я iм сказаў: "Цi разумееце вы, што робiце? Цi разумееце?!" А ён мне адказаў: "Ты думаеш, гэта нас засмуцiць? Наша рашучасць iншага гарту!" Я спытаў: "Значыць, вы закрыеце гэту труну? Назаўсёды?" Ён адказаў: "Гэта пытанне жыцця i смерцi. Каб перамагчы, дастаткова сiлы, каб уладарыць - не! Мы добра ведаем, што нiякая армiя не можа ўтрымаць уладу".

"Але ж не такою цаною! - закрычаў я. - Не цаною забойства духу!" - "Дух нiколi не памiрае, - сказаў ён, - дух многае бачыў. Ён узнiкае з свайго ж попелу. Мы павiнны будаваць на тысячагоддзi наперад. Але спачатку трэба зруйнаваць". Я глядзеў на яго. Я ўглядаўся ў яго ясныя вочы. Ён быў шчыры, i гэта страшней за ўсё.

Вочы яго шырока раскрылiся, нiбыта пры iм адбывалася гнюснае забойства.

- Яны зробяць тое, пра што гавораць! - закрычаў ён, быццам баяўся, што мы яму не паверылi. - Метадычна i настойлiва! Я ведаю гэтых раз'юшаных д'яблаў!

Ён страсянуў галавой, як сабака, у якога балiць вуха. Праз яго сцiснутыя зубы вырваўся нейкi гук, нудны i гарачы, як стогн падманутага каханка.

Ён не зварухнуўся. Па-ранейшаму напружлiва i нерухома стаяў каля дзвярэй з апушчанымi кулакамi, нiбыта пальцы яго былi налiтыя свiнцом. Ён быў бледны, але не васковаю бледнасцю, а нейкаю шэравата-зямлiстаю, як старая тынкаваная сцяна.

Я ўбачыў, як ён павольна нахiлiўся, узняў руку, пасля сцiснуў пальцы i патрос кулаком - вочы яго напоўнiлiся нейкай шалёнай энергiяй. Вусны яго растулiлiся, i мне здалося, што вось зараз ён кiне нам нейкi клiч - цi не да паўстання?! Але мы не пачулi нiчога. Ён сцiснуў рот, заплюшчыў вочы, выпрастаўся i ўзняў рукi да твару, робячы нейкiя дзiўныя рухi, якiя прыгадалi мне фiгуры з культавых яванскiх скокаў. Пасля прыкрыў далонямi скронi i лоб, сцiснуў павекi выцягнутымi мезенцамi.

- Яны мне сказалi: "Гэта наша права i абавязак!" Наш абавязак! Шчаслiвы той, хто так лёгка i ўпэўнена знаходзiць шлях да свайго абавязку!

Ён апусцiў рукi.

- На ростанях вам кажуць: "Iдзiце вось гэтай дарогай". - Ён пакруцiў галавою. - А ты бачыш, што дарога гэтая вядзе не да светлых вяршыняў, а ўнiз, у злавесную лагчыну, у душную цемру змрочнага лесу!.. О божа! Пакажы мне, дзе мой абавязак!

Ён сказаў, амаль крыкнуў:

- Гэтая барацьба - вялiкая бiтва мiж тым, што адыходзiць, i тым, што жыве вечна!

Ён пiльна i тужлiва ўгледзеўся ў драўлянага анёла над акном. Натхнёна ўсмiхаючыся, той выпраменьваў нябесны спакой.

Раптам позiрк яго, здалося, памякчэў. Цела расслабiлася. Ён апусцiў на нейкi момант вочы, потым зноў глянуў. "Я скарыстаў сваё права, - сказаў ён проста. - Папрасiў дазволу далучыцца да баявой дывiзii. Мне зрабiлi ўрэшце гэтую ласку. Заўтра я ад'язджаю".

I ўдакладнiў:

- У пекла.

Мне здалося, што на вуснах у яго мiльганула нешта накшталт прывiднай усмешкi.

Рука паказвала на ўсход - у бок абшараў палёў, да будучы хлеб узыдзе на трупах.

Я падумаў: "Вось i ён падпарадкаваўся. Адзiнае, што яны ўмеюць рабiць. Яны ўсе падпарадкоўваюцца. Нават гэты".

Мне стала балюча, калi я зiрнуў на твар пляменнiцы. Ён быў бледны, як у мерцвяка. Вусны яе, падобныя на бакi апалавай вазы, растулiлiся, i твар застыў у трагiчнай нерухомасцi грэчаскiх масак. Я ўбачыў, як на лобе ў яе пырснулi так, не з'явiлiся, а менавiта пырснулi - кропелькi поту.

Я не ведаю, цi ўбачыў гэта Вернер фон Эбрэнак. Зрэнкi, здалося, злучылiся са зрэнкамi дзяўчыны нейкай нябачнай напружлiвай нiццю. Немагчыма было ўявiць, што гэтая нiць зараз жа парвецца. Эбрэнак схапiўся адною рукою за клямку i сказаў:

- Дабранач.

Голас у яго быў вельмi невыразны.

Я падумаў: зараз ён зачынiць дзверы i пойдзе. Ажно ж не. Ён усё яшчэ глядзеў на пляменнiцу. Пасля дадаў, не, прашаптаў:

- Бывайце.

Ён стаяў зусiм нерухомы, i на яго застылым напружлiвым твары вочы здавалiся яшчэ больш нерухомымi i напружлiвымi. Яны глядзелi ў вялiкiя чыстыя вочы пляменнiцы. Гэта цягнулася да тае пары, пакуль дзяўчына не разамкнула вусны. Вочы ў Эбрэнака блiснулi.

Я пачуў:

- Бывайце.

Трэба было лавiць гэтае слова, каб пачуць яго, але ўсё ж такi я яго пачуў. Пачуў яго i Эбрэнак. Ён выпрастаўся. Твар яго i цела раптам супакоiлiся.

Ён усмiхнуўся, i ўсмешка гэтая засталася апошнiм успамiнам пра яго. Дзверы зачынiлiся, i крокi зацiхлi ў глыбiнi дома.

Яго ўжо не было, калi я спусцiўся выпiць кубак малака. Пляменнiца, як звычайна, гатавала сняданак. Мы моўчкi пiлi. На дварэ праз туман прасвечвала бледнае сонца. Мне здалося, што вельмi холадна.

Кастрычнiк, 1941