Сумленны ўчынак (на белорусском языке)

Базен Эрве

Эрвэ Базэн

Сумленны ўчынак

Пераклад: Сяргей Шупа

"Просьба да жыльцоў, выходзячы, пакiдаць ключы на дошцы..." Не зважаючы на аб'яву, тэкст якой адмiнiстратар, былы сяржант iнтэнданцкай службы Пюмiле, вывеў з любоўю калiграфiчным почыркам, Ганзаг прабег мiма адмiнiстратаравага столiка i нiчога не пакiнуў на кручку з нумарам 23. I ўсё ж панi Пюмiле паспела высунуцца з акна i пачала абурацца на пацеху ўсяму кварталу:

- Я вас бачыла, пан Рабатэн! Ключ вы можаце пакiнуць сабе. Але я абяцаю, што вы будзеце сёння начаваць на вулiцы, калi не заплацiце.