Страх (на белорусском языке)

Де Мопассан Ги

Гi дэ Мапасан

Страх

Пераклад: Сяргей Шупа

Ж.-К. Гюйсмансу

Пасля вячэры мы зноў паднялiся на палубу. Перад намi распасцерлася нерухомая роўнядзь Мiжземнага мора, у якой расплывiста адбiвалася цiхая поўня. Наш вялiзны карабель плыў, выпускаючы ў неба, усеянае зоркамi, велiчэзную змяю чорнага дыму; а за намi вада, ускалыхнутая хуткiм рухам цяжкага судна, узбiтая вiнтом, пенiлася, закручвалася i так ярка свяцiлася, што здавалася, нiбы зiхацеў растоплены месяц.