Вендэта (на белорусском языке)

Де Мопассан Ги

Гi дэ Мапасан

Вендэта

Пераклад: Алесь Iстомiн

Удава Паола Саверынi жыла са сваiм сынам у беднай хатцы на ўскраiне Банiфача. З горада, пабудаванага на горным выступе, якi месцамi нават навiсае над морам, праз пралiў, зрэзаны рыфамi, вiднеецца нiзкi бераг Сардынii. Унiзе з другога боку скалы разрываюцца, утвараючы праход, што нагадвае велiзарны калiдор i атачае горад амаль цалкам. Ён служыць гораду портам; па iм, пасля доўгага абыходу памiж дзвюма абрывiстымi сценамi, маленькiя рыбацкiя судзiны iтальянцаў цi сардаў выходзяць да першых дамоў; два разы на месяц тут прыстае стары сiпаты параход, што ходзiць памiж Банiфача i Аяча.

На белаватай гары купка дамоў утварае яшчэ бялейшую плямку. Яны нагадваюць гнёзды дзiкiх птушак, прылепленыя да скалы, што высiцца над гэтым жахлiвым праходам, па якiм i караблi iдуць з асцярогаю. Вецер няспынна хвалюе мора, не дае спакою берагу, iм жа ж i падточанаму, ледзьве прыкрытаму травою; ён урываецца ў пралiў, пустошыць абодва берагi. Стужкi белага шуму ад чорных верхавiнаў безлiчы камянёў, што пранiзваюць хвалi паўсюль, нагадваюць палатняныя лахманы, што развяваюцца i дрыжаць на паверхнi вады.