Адступнiк, або Затлумлёны дух (на белорусском языке)

Камю Альбер

Альбэр Камю

Адступнiк, або Затлумлёны дух

Пераклаў Змiцер Колас

"О, каша! Каша! Трэба навесцi парадак у галаве. З той пары, як яны адрэзалi мне язык, не ведаю, напэўна, нейкi iншы язык ажыў у маiм чэрапе, нешта гаворыць ува мне цi нехта, то знянацку змаўкае, то пачынае зноў, о, я чую, я шмат чаго чую з таго, што ён кажа, але ўвесь час маўчу, каша, i варта разявiць рот - нiбыта грукоча каменне. Парадак, патрэбен парадак, кажа язык, але адначасна ён кажа пра iншае, праўда, мне заўжды хацелася парадку. Прынамсi, пэўна адно: я чакаю мiсiянера, што павiнен мяне замянiць. I вось я тут, на сцяжыне, за гадзiну ад Тагазы, схаваўся ў патрушчаных скалах, сяджу на старой стрэльбе. Над пустэльняю днее, яшчэ вельмi халодна, але зараз пачнецца сквар, гэтая зямля даводзiць да вар'яцтва, i я, за столькi гадоў, якiя няможна злiчыць... Не! Яшчэ адно намаганне. Гэтым ранкам цi вечарам павiнен прыйсцi мiсiянер. Я чуў, яны казалi, што ён будзе з павадыром, можа быць, у iх будзе ўсяго адзiн вярблюд на дваiх. Я буду чакаць, я чакаю, холад, холад - толькi ён прымушае мяне дрыжаць. Трывай яшчэ крыху, брудны раб!

О, як я ўжо доўга чакаю. Калi я быў там, у сваiх, на гэтым высокiм узгор'i ў Цэнтральным Масiве, дзе былi гэтае быдла-бацькi, i вiно, i штодня суп на сале, асаблiва - вiно, кiслае i халоднае, i гэтая доўгая зiма, i ледзяны сiвер, сумёты, агiдная папараць, о! як я хацеў з'ехаць, кiнуць усё адразу i пачаць нарэшце жыць - па-сапраўднаму, сярод сонца i светлай вады. Я паверыў кюрэ, ён гаманiў са мной у семiнарыi, ён цэлыя днi праводзiў са мной, яму не было куды спяшацца ў тым пратэстанцкiм краi, дзе ён заўсёды iшоў уздоўж сцен, калi праходзiў па вёсцы. Ён гаманiў са мной пра нейкую будучыню i пра сонца, каталiцызм - гэта сонца, - казаў ён, i прымушаў мяне чытаць, ён увапхнуў лацiну ў маю таўсталобую мазгаўню: "Разумнiк, гэты малы, але тугадум", - такую таўсталобую, што за ўсё жыццё, нягледзячы на ўсе падзеннi, я нi разу не ўцяў яе так, каб пайшла кроў: "Тупагаловы крэцiн", - казаў мой бацька, гэты парсюк. У семiнарыi яны былi такiя ганарлiвыя, навiчок з пратэстанцкага краю - гэта была перамога, калi я прыйшоў, яны глядзелi на мяне, як на сонца над Аўстэрлiцам. Бледнаватае сонейка, трэба прызнаць, i ўсё праз гарэлку, яны пiлi гаркавае вiно, i цяпер у iх дзяцей гнiлыя зубы, хр-хр, забiць свайго бацьку, вось што трэба было, але можна не апасацца, што ён выправiцца сюды з мiсiяй ён даўно ўжо здох, кiслае вiно нарэшце прадзiравiла яму чэрава, значыць, застаецца адно - забiць мiсiянера.