Залаты прамень (на белорусском языке)

Колас Якуб

Якуб Колас

Залаты прамень

У кожны момант i на кожнай мясцiнцы зямлi адбываюцца найцiкавейшыя рэчы i складаюцца самыя дзiвосныя казкi, падобныя iншы раз да праўды, i нараджаецца праўда, яшчэ болей цiкавая часамi, чым сама казка. Але скрыжалi зямлi, дзе запiсваюцца казка-праўда i праўда-казка, такiя разнастайныя i такiя багатыя, што людзi вечна будуць iх чытаць i ўсяго не перачытаюць. I трэба вельмi ўважна прыглядацца, каб i на самым малюсенькiм куточку гэтых скрыжаляў расчытаць гiсторыю аб вялiкiх падзеях.

Вось i тут, у гэтым лесе, здарылася нешта падобнае. Раскажу, толькi зараней прашу памятаць, што гэта - казка.

На горцы лясок стаяў, i лясок гэты быў не так вялiкi. Каля горкi сям-там прабiвалiся крынiчкi, i рэчачка вывiвалася збоку. Было нават i азярко i балотца, - ну, словам, усё было. Для адных iстот, якiя жылi ў гэтым лесе, тыя маленькiя крынiчкi паказвалiся непраходнымi вялiкiмi рэчкамi, а азярко бясконцым акiянам, а ўсё гэта разам здавалася iм цэлым сусветам. Другiя ж глядзелi на гэта iначай...