На мяжы загонаў (на белорусском языке)

Никонович Николай

Мiкола Нiкановiч

На мяжы загонаў

На захадзе павольна завяла сонца.

Сцiх вецер. Сiнiя i мяккiя, як кудзеля, змрокi боязка ляглi за густымi каноплямi, за гумнiшчам. Апала дзённая спякота, i паветра зрабiлася густое, як туман, i пахучае, як затануўшыя ўдалечынi за маўклiвай ракой жытнiя прасторы.

Я, расхлiстаны i прыемна стомлены ад дзённай працы, сяджу на ганку i гляджу перад сабою за вiшнёвы сад, за паплавы, за сцены цёмна-залацiстага жыта. Мне хочацца думаць аб тым, што я зрабiў сёння, што будзе зроблена мною заўтра. Ад гэтых думак i меркаванняў мне радасна i пачуццi ў мяне такiя слаўныя.