Пакупнік сноў

Станкевіч Юры

Юры СТАНКЕВІЧ

ПАКУПНІК СНОЎ

Адзін чалавек па прозвішчы Кук, а ён працаваў загадчыкам аддзела ў гарадскім архіве, маючы аднойчы нейкую не вельмі істотную патрэбу, зайшоў да свайго суседа па лесвічнай пляцоўцы, якога звалі Яўген Мігель. Суседзі, як гэта звычайна бывае ў большасці выпадкаў у вялікіх гарадах, мала што ведалі адно пра другога, хіба толькі ў агульных рысах. Так, Аляксандр Кук ведаў пра Яўгена Мігеля тое, што апошні жыў у сваёй аднапакаёўцы адзін, хаця іншым разам да яго заходзіла жанчына сярэдніх гадоў, шэрая і непрыкметная, што Мігелю за сорак, ён калісьці трапіў у аўтамабільную аварыю і меў ці мае праблемы са здароўем, нават ляжаў у стацыянары. З жонкай быў разведзены, а адзін сын ад іх шлюбу першы год служыў у арміі. У сваю чаргу Мігель мог ведаць ці ведаў пра Кука тое, што ён сямейны чалавек, лысаваты, сярэдняга веку, мажны, мае дваіх дзяцей, працуе служачым і жыве ў кватэры насупраць.

Дык вось Кук зайшоў да суседа а другой палове дня, пасля работы. Мігель, хударлявы і цёмнавалосы, сустрэў яго ў дзвярах і, нібы апраўдваючыся, патлумачыў, што нечакана задрамаў на канапе, бо нядаўна вярнуўся з начнога дзяжурства. Кук папрасіў прабачэння і сказаў, што мусіць вярнуцца да сябе, але Мігель яго затрымаў.