Трагедыя майго настаўнiка (на белорусском языке)

Черный Кузьма

Кузьма Чорны

Трагедыя майго настаўнiка

Найдрабнейшае калiва травы - незаўважанае цi даўно забытае, - i яно можа калi-небудзь увайсцi раптам у жыццё чалавека, заняць увагу i думкi. I няма тае рамы, у якую можна было б, нават самаму моцнаму з моцных, увагнаць гэтую з'яву з малым калiвам травы. А якую адлегласць трэба вымераць ад травы да чалавека?!

Аб трагедыi аднаго старога чалавека, майго былога настаўнiка чатырох правiлаў арыфметыкi, паведамiў мне яго лiст. Я атрымаў яго ў летнi дзень, пад вечар.

"Прыйшлося мне давесцi да вашага ведама, што я ажанiўся, - пiсаў ён. Жонка мая - вельмi маладая, прыгожая, слаўная i добрая; яна мяне вельмi глядзiць, шкадуе i любiць, хоць мне i пайшоў ужо шэсцьдзесят чацвёрты год. Я яе вельмi люблю, але жыць з ёю мне цяжка, бо дзецi мае, Клаўдзя i Ваця, мне жыць не даюць. Яны мяне i яе выганяюць з хаты i намагаюцца, каб я браў з ёю разлуку. Кажуць, што мне даўно пара ўмiраць, а я ажанiўся. Я не дамагаюся пашаны да мяне як да бацькi, я толькi клапачуся, каб як ёй пражыць разам са мною. А яна жыве i начуе ў суседкi, бо яны не пускаюць яе нават на парог дома. Яны кажуць, што я iм свет завязаў, а тут, удумаўшыся, як я яго iм мог завязаць, калi гэта яны свет мне завязалi, не даючы спакойна пражыць да канца жыцця майго. Яна цяпер ходзiць да людзей на работу i кормiць мяне. Дык от я, ваш даўнейшы настаўнiк, i зварочваюся да вас як да свайго даўнейшага вучня, каб вы паклапацiлiся аба мне i дапамаглi мне дастаць пасаду настаўнiка. Хоць я ўжо год восем i не працую настаўнiкам, можа, нават i больш, але я нiчога з навук не забыўся. Палiтыку i палiтэканомiку я падзубру, i ў мяне ўсё як мае быць пойдзе. Я аб сабе не думаю, мне толькi, каб яна не нудзiлася. Калi трэба будзе прайсцi настаўнiцкiя курсы, то я за свой кошт мог бы гэта зрабiць, нiчога не патрабуючы ад казны, абы толькi мець пасля пасаду настаўнiка. Пастарайцеся, дарагi мой, паклапацiцеся аба мне, не пакiньце мяне ў маёй бядзе. Можа, вам будуць што пiсаць на мяне цi нагаворваць мае ворагi, дык вы не верце iм, бо яны ўсе жадаюць мне толькi бяды, хоць я iм нiякае прыкрасцi i не зрабiў. Я з сваёю жонкаю абкружаны ворагамi, нават родныя дзецi паўсталi на мяне. Памажэце мне, дарагi. Чакаю ад вас добрага для мяне адказу".