Агеньчык у цемры (на белорусском языке)

Шитик Владимир

Уладзiмiр Шыцiк

Агеньчык у цемры

Можна было чакаць, што адбудзецца землятрус, навалiцца снежны буран, урэшце, выпадзе метэарытны дождж. Усё гэта магло здарыцца, хоць, як паказвалi даследаваннi, планета была старая i падобныя з'явы, у тым лiку метэарыты, для яе былi надзвычай рэдкiя. Але гэта?..

Скрут заплюшчыў вочы, каб адагнаць прывiд. Але калi ён адкрыў iх, то ў начной цемры, якраз пад яркай блакiтнай кропкай Сiрыуса, што вiсеў над самым небасхiлам, свяцiўся чырванаваты агеньчык.

Нiбы каб падражнiць Скрута, ён блiснуў раз, другi, трэцi i згас. Скрут прастаяў, напэўна, цэлую гадзiну, чакаючы, цi не з'явiцца гэта чырвоная кропка зноў. Аднак цемра нiбы яшчэ больш пагусцела, i ён вобмацкам, не адважваючыся чамусьцi запалiць лiхтар, сабраў некалькi камянёў i склаў iх у грудок, каб заўтра, калi развiднее, знайсцi гэта месца.