СЯРГЕЙ БЕЛАЯР
СП@М
Мыс Канаверал, ЗША.
5.09.1977 г. 12:56:00 UTC.
Палкоўнік Янкоўскі з хваляваннем глядзеў на лётнае поле, дзе тэхнікі рыхтавалі да старту 722-кілаграмовы аўтаматычны зонд «Ваяджэр-1», умацаваны на носьбіце «Тытан ІІЕ-Цэнтаўр». З Цэнтра кіравання палётамі людзі здаваліся мурашкамі. Яны дзелавіта і засяроджана завіхаліся на стартавых рыштаваннях, неаднаразова правяраючы правільнасць работы абсталявання і прыбораў. У параўнанні з мініяцюрнымі чалавечкамі ракета-носьбіт здавалася сапраўдным гігантам.
Кіраўнік ЦКП не мог адарваць ад зонда захопленага погляду. Агрэсіўны дызайн, драпежныя абводы... «Ваяджэр-1» будаваўся з разлікам на пяць гадоў для вывучэння Юпітэра, Сатурна, яго кольцаў і вялікіх спадарожнікаў абедзвюх планет. Палёт аўтаматычнага зонда быў спланаваны так, каб выкарыстаць рэдкае размяшчэнне знешніх планет, якое дазваляла здзейсніць касмічны тур з мінімумам паліва і выдаткаванага часу. З выкладак спецыялістаў палкоўнік ведаў, што такое размяшчэнне вывучаемых аб'ектаў бывае адзін раз у 175 гадоў. Грэх было не скарыстацца такім шансам. «Яйкагаловыя» падлічылі, што пралёт Юпітэра павінен быў змяніць траекторыю руху так, што карабель параўнальна хутка трапіў бы да Сатурна. Былі перабраны больш за 10 000 варыянтаў траекторый для выбару дзвюх найбольш аптымальных. Агульны кошт праекта наблізіўся да 865-ці мільёнаў долараў, а гэта азначала, што рызыкаваць Пітэр Янкоўскі не меў права. Дэпартамент энергетыкі здзярэ з яго тры скуры, калі нешта пойдзе не так.
Палкоўнік адагнаў ад сябе змрочныя несвоечасовыя думкі. Не хапала толькі выпусціць ход важнай аперацыі з-пад кантролю. Тады сапраўды пазбавішся не толькі пагонаў, але і галавы. Рускія пастаянна наступалі на пяткі, спрабавалі вырвацца наперад. А губляць пальму першынства Злучаныя Штаты не маглі — увесь свет пільна сачыў за супрацьстаяннем двух звышдзяржаў, вырашаючы, да якой з іх далучыцца.
Янкоўскі перажываў за лёс праекта. Уклаўшы ў яго душу, выдатна разумеў, што сёння даўняя мара чалавецтва аб кантакце як ніколі блізкая да здзяйснення. І няхай асноўнай задачай «Ваяджэра-1» было вывучэнне Юпітэра, Сатурна, Тытана і Іа, палкоўнік быў у курсе, што аўтаматычны зонд меў і дадатковае заданне. На яго борце знаходзілася медная пазалочаная пласціна. На яе ў закадзіраваным выглядзе было нанесена 115 фотаздымкаў і гукавая дарожка, якая пачыналася са слоў прывітання на 55-ці мовах свету. Потым ішлі шум трактара, гук пацалунку, брэх сабакі, песня кіта, плач дзіцяці, галасы птушак і звяроў... За імі ішла музычная падборка, куды ўвайшлі класічныя, фальклорныя і папулярныя творы народаў свету, а таксама гукавое прадстаўленне электрамагнітных хваль, што выпраменьваліся мозгам пісьменніцы і прадзюсера Эн Друйан. З дапамогай слайдаў атрымальнік «пасылкі» мог навучыцца зямной арыфметыцы. На пласцінцы прысутнічалі адзінкі вымярэння асноўных фізічных велічынь, схема атама вадароду. Меліся кадры з выявай карэнных звестак аб Сонечнай сістэме, малюнак схемы будовы хімічных элементаў, якія ляжалі ў аснове зямнога жыцця. Заканчвалася пласцінка зваротам прэзідэнта ЗША Джымі Картэра. На адваротным баку паслання іншапланецянам была выгравіравана інструкцыя па расшыфроўцы даных. У спецыяльны футляр таксама былі спакаваны фонаграфічная капсула і іголка для прайгравання запісу. Навукоўцы ўскладалі на пласцінку вялікія надзеі — шмат хто ў Амерыцы (ды і ў свеце) мроіў кантактам з пазаземнай цывілізацыяй. Чалавецтва было літаральна перапоўнена жаданнем сустрэць «братоў па розуме», імкнулася адчуць, што яно не самотнае ў Сусвеце. «Візітная картка» зямлян мела зваротны адрас на выпадак, калі чужая раса ўсё ж вырашыць наведаць нашу планету.
Адвеку людзі горача жадалі зразумець сваё прызначэнне і сэнс быцця. Зоркі давалі ім гэты шанс. Адным са значных вынікаў пранікнення чалавека ў Космас стала тое, што навука пачала страчваць свой першапачатковы геацэнтрычны характар. Межы вывучанага свету за кароткія тэрміны істотна рассунуліся. Людзі атрымалі магчымасць непасрэдна спазнаваць пазаземныя целы і працэсы. Пласцінка была падарункам гіпатэтычным пазаземным цывілізацыям ад маленькага далёкага свету: чалавечыя гукі, навука, малюнкі, музыка, думкі і пачуцці. Зямляне верылі, што аднойчы настане дзень, калі будуць вырашаны ўсе праблемы, і людская раса далучыцца да галактычнай цывілізацыі, спазнае таямніцы светабудовы. Іншапланетны розум уяўляўся выключна як высокаразвіты і міралюбны.
Тэхнікі каля ракеты-носьбіта нарэшце скончылі падрыхтоўку. Хутка вызвалілі стартавую пляцоўку.
— Сэр, мы гатовыя да запуску, — далажыў палкоўніку адзін з навукоўцаў.
— Выдатна, — кіўнуў Пітэр. — Пачынаем па маёй камандзе.
Рука Янкоўскага лягла на кнопку актывацыі. Палкоўнік міжволі падумаў аб тым, што варта толькі ўтапіць чырвоны кругляк, як даўняя мара чалавецтва ператворыцца ў рэальнасць, а зоркі стануць бліжэй. Пітэр адчуваў хваляванне, ніяк не мог справіцца з дрыготкай у пальцах. Усё ж такі страшэнна цяжка адчуваць сябе Богам.
Колькі важных адкрыццяў, якія тычацца законаў развіцця матэрыі наогул і жывой матэрыі ў асаблівасці, прынясе людзям выяўленне і вывучэнне працэсаў жыцця на іншых планетах, няхай нават калі яны і не дасягнулі высокіх прыступак развіцця!.. Прага кантакту — гэта гісторыя чалавечага спасціжэння, гісторыя таго, як паслядоўна, крок за крокам, яшчэ неспазнанае людзьмі ператвараецца ў спазнанае, няведанне — у веданне, таямніца — у адкрыццё. Шмат разоў на гэтым складаным, звілістым шляху ўзнікалі розныя цяжкасці, якія здаваліся неадольнымі. Яны прымаліся некаторымі людзьмі за прынцыповыя перашкоды, перайсці якія чалавечы розум нібыта не ў сілах. Тым не менш навука і людская цікаўнасць заўсёды знаходзілі рэальныя шляхі для асваення невядомага.
Сёння ён, Пітэр Янкоўскі, нашчадак эмігрантаў з Польшчы, накіроўвае пазнанне насустрач зоркам, сваёй рукой набліжае сусветную гармонію. Бо для розуму няма ніякіх межаў, а гісторыя цывілізацыі — гэта гісторыя пашырэння людскога далягляду. Свет першабытнага чалавека быў абмежаваны толькі паляўнічымі ўгоддзямі яго племені, усё астатняе для яго ўяўлялася «бясконца» далёкім. Але ўжо тады чалавецтва чакала кантакту, прагнула спазнаць гэтыя таямнічыя далі. І штодзённыя цяжкасці адступалі перад марай...
Дыспетчарская зала была поўная. Навукоўцы, тэхнікі, госці, ахоўнікі. І для ўсіх металічная «цыгара» з'яўлялася ўвасабленнем цягі чалавека да зразумення светабудовы.
Аператары ўважліва сачылі за бясконцымі слупкамі даных, якія паўзлі па экранах камп'ютараў. Час ад часу паведамлялі кіраўніку праекта атрыманую інфармацыю. Пакуль усё ішло па плане.
Сэрца гулка стукала, аддаючыся ў скронях маленькімі малаточкамі. Палкоўнік Янкоўскі прамакнуў насоўкай лоб. Пашкадаваў аб тым, што нельга запаліць. Невялікая доза нікаціну выдатна дапамагла б супакоіцца. Да старту ракеты-носьбіта заставалася зусім нядоўга, нервовае напружанне зашкальвала. Доўгая дарога набліжалася да фінішу.
Пітэр высілкам волі справіўся з хваляваннем. Адкашляўся, рашуча падсунуў да сябе мікрафон.
— Увага персаналу! Прыступаю да перадстартавай працэдуры. Тэставанне ўсіх сістэм...
Падначаленыя заклацалі клавішамі. Запусцілі праграму праверкі. Праз некалькі хвілін з усіх бакоў пачуліся даклады аб гатоўнасці да старту.
— Цудоўна! — Кіўнуў кіраўнік праекта. — Аб'яўляю хвілінную гатоўнасць. Пачынаю адлік часу. Шэсцьдзясят секунд... пяцьдзясят дзевяць... пяцьдзясят восем...
Тым часам фермы, якія падтрымлівалі ракету-носьбіт, пачалі плаўна адыходзіць у бакі.
— Далажыць аб агульным стане! — Загадаў Пітэр.
— Ціск ў норме... — адгукнуўся дыспетчар. — Прадуўка завершана. Мачта сілкавання адышла. Ёсць адлучэнне штуцэраў. Пацвярджаю пераход на ўнутраную крыніцу энергіі. Ціск у баках палётны. Тэлеметрыя ўключана. Гідраўлічныя сістэмы адключаныя. Запушчаны галоўны рухавік...
Хваляванне імкліва нарастала. Здавалася, Цэнтр кіравання палётамі тоне ў цяжкіх густых хвалях. Палкоўнік неадрыўна сачыў за імклівым бегам секунднай стрэлкі. Як толькі яна наблізілася да запаветнай лічбы «12», націснуў кнопку. Вуркатанне рухавіка «Тытана ІІІЕ-Цэнтаўра» было чуваць нават на шматкіламетровай адлегласці. Дробна зазвінела шкло. Загайдаліся плафоны.
Янкоўскі перавёў погляд на лётнае поле. Ракета агарнулася густымі клубамі дыму. Скрозь яго выбіваліся яркія ўспышкі рэактыўных струменяў, якія білі з соплаў. Некалькі пакутліва доўгіх імгненняў нічога не адбывалася. Сэрца Пітэра сціснулася ад страху. Здавалася, касмічнаму апарату не хапала цягі для пераадолення зямнога прыцягнення. Аднак праз імгненне ракета ўсё ж такі пачала павольна паднімацца, пакідаючы пасля сябе зачаравана прыгожы вогненны струмень у абрамленні дымнага вэлюма.
Зала выбухнула аглушальнымі апладысментамі і крыкамі захаплення. Спецыялісты ўскочылі, пачалі абдымацца, віншаваць адзін аднаго. Ніхто не застаўся абыякавым. Нават госці і тыя ўсміхаліся.
Палкоўнік Янкоўскі расцягнуў губы ва ўсмешцы, а затым сказаў у мікрафон:
— Віншую вас, хлопцы! Мы зрабілі гэта!
Адказам кіраўніку праекта было свята ўрачыстасці, скрозь якое з цяжкасцю прабіваўся голас дыспетчара:
— Дзесяць секунд. Палёт нармальны... Дваццаць секунд. Без змяненняў. Галоўны рухавік працуе на магутнасці восемдзясят працэнтаў ад максімальнай. Усе сістэмы функцыянуюць без збояў...
Пітэр паглядзеў услед ракеце-носьбіту. Касмічны карабель быў падобны на дробную парушынку, якая хутка растваралася ў небе. Палкоўнік Янкоўскі, ледзь стрымліваючы скупую мужчынскую слязу, прашаптаў:
— Шчаслівай дарогі! Няхай у нас усё атрымаецца!
Зорка АС + 79 3888. Сузор'е Змеяносца.
Праз 40 000 гадоў.
Кава была цудоўнай. Матрыкс-45-Зэд, прыцмокваючы ад задавальнення, сёрбаў гарачы напой дробнымі глыткамі. Чатыры пары вачэй уважліва сачылі за маніторам, па якім беглі доўгія слупкі даных. Аператар назірання за станам Сусвету без асаблівых праблем арыентаваўся ў вар'яцкай мітусні значкоў, час ад часу робячы паметкі ў кантрольнай дырэкторыі. Працэс быў настолькі звыклым, што Матрыкс-45-Зэд дазволіў сабе крыху расслабіцца. Усё роўна нічога экстраардынарнага здарыцца не магло. Служба Касмічнай Раўнавагі сваю справу ведала на «выдатна». У зародку перарывала любую небяспеку, якая тэарэтычна магла пагражаць Універсуму.
Але раптам нудны, абрыдлы за некалькі тысяч гадоў працэс быў парушаны. На экране замільгацеў папераджальны сігнал. Аўтаматычна адкрылася новае «акно».
Матрыкс-45-Зэд адставіў кубак, падсунуў крэсла бліжэй да пульта, прабегся шчупальцамі па клавішах. З немалым здзіўленнем прачытаў: «Атрыманы новы ліст». Адрас адпраўніка значыўся як «Зямля». Пакапаўшыся ў памяці, аператар так і не змог ідэнтыфікаваць месца, адкуль прыйшло пасланне. А ведаў ён нямала.
Разгублена хмыкнуўшы, Матрыкс-45-Зэд запусціў праграму сканіравання ліста на вірусы. Па экране паплылі даныя праверкі. Пераканаўшыся ў тым, што іншапланетнае пасланне не ўтрымлівае вірусаў і «чарвякоў», аператар рызыкнуў адкрыць яго. Прабегся вачыма па тэксце. Адзначыў прымітыўнасць выкладання і ўбогасць прымацаваных файлаў. Мімаволі чмыхнуў.
Неасцярожны рух, і кубак з гарачым напоем упаў прама на ніжнія шчупальцы і рэпрадуктыўныя органы Матрыкса-45-Зэд. Апараны аператар тузануўся. Ад душы вылаяўся. Раздражненне імгненна забіла ўсё жаданне далей знаёміцца з пасланнем.
Матрыкс-45-Зэд выцягнуў сурвэтку. Выцер форму. Грэбліва адправіў скамечаную паперу ў скрыню. Затым адзначыў атрыманы ліст як спам. Камп'ютар паслухмяна прыняў новую ўводную. Кантакт не адбыўся...
27 жніўня 2010 г.