Сяргей БЕЛАЯР

ЖАЛЕЗНЫ ВОЎК

ГОД 1314-ы АД НАРАДЖЭННЯ ХРЫСТОВА

Першым прыйшоў боль — рэзкі, нясцерпны. Ён літаральна разрываў на часткі. Здавалася, усё цела было прасякнута сотмямі вострых распеленых іголак. якія прымушалі сэрца біцца гулка і часта. Боль зашкальваў, біў праз край, ліўся халодным ліпкім потам праз кожную пору змардаванай чалавечай плоці. Хацелася выць і крычаць, але бязвольныя вусны не падпарадкоўваліся, імгненна спыняючы ўсе спробы выціснуць з горла хоць нешта падобнае да асэнсаванай гаворкі.

Янка з цяжкасцю расплюшчыў пацяжэлыя павекі. Крывава-чырвоная заслона, што плыла перад вачыма, паступова знікла, але палонны яшчэ доўга не мог сфакусіраваць погляду, які блукаў па прапахлым крывёю і страхам халодным засценку, нібы позірк юродзівага. Калі зрок прыйшоў у норму, Янка ўбачыў перад сабой апранутага ва ўсё чорнае манаха, які спачувальна глядзеў на яго.

— Ну што, чарнакніжнік, апрытомнеў? — святар усміхнуўся, нібы ўгледзеўшы старога знаёмага, з якім не бачыўся шмат гадоў. Бялёсыя вусны юрліва расцягнуліся, агаляючы два шэрагі гнілых зубоў, што тырчалі няроўнымі пянькамі. Манах прамяніўся лагоднасцю і клопатам, але чорныя як смоль вочы заставаліся халоднымі і змярцвелымі. — Будзеш казаць ці не? — служыцель Хрыста падышоў да Янкі, агарнуўшы яго смуроднай хваляй даўно нямытага цела.

Словы даносіліся да змучанага бясконцым катаваннем чалавека нібыта праз тоўсты слой саломы, губляючы ўкладзены ў іх сэнс ужо напаўдарозе да палоннага. Янка паспрабаваў паварушыцца. Безвынікова. Жалезныя абручы надзейна прыхапілі запясці, намёртва прыкаваўшы палоннага да халоднай кладкі цаглянай сцяны. Вязень вісеў на выцягнутых руках, не дастаючы босымі нагамі да ўтрамбаванай падлогі цямніцы ўсяго на палову далоні.

— Кажы, язычнік! — загадаў манах.

Янка ў адказ толькі незразумела ўтаропіўся на святара. Дзесьці за спінай манаха корпаўся другі чалавек, мяркуючы па ўсім, кат, які дзелавіта варушыў нейкія жалязякі. Цягнула гарачынёй распаленага металу.

Непаслухмянымі вуснамі, з цяжкасцю пракаўтнуўшы ломкі ком смагі, палонны выціснуў: «Піць... »

— Пакайся, грэшнік! — святар паднёс да твару Янкі залаты крыж, заціснуўшы ніжнюю перакладзіну трыма пальцамі. — Пакайся — і будзе вада...

Вязень паўтарыў: «Піць... »

Манах, які прывык да цудоўнага ўплыву крыжа на ведзьмакоў і ўсякую нечысць, спачатку збянтэжыўся. Але паўза доўжылася нядоўга — святар апусціў крыж, бразнуўшы ланцужком, а затым уважліва паглядзеў у вочы Янкі, нібыта імкнучыся пракалоць таго наскрозь.

— Хочаш піць? Тады пакайся...

— У чым? — ледзьве змог вымавіць палонны, з цяжкасцю варочаючы распух­лым ад смагі языком.

Янкава пытанне збянтэжыла манаха. Святар нават адкрыў рот і вылупіў вочы, здзіўляючыся нахабству паганца. Здавалася, служыцель царквы вось-вось лопне ад абурэння...

Неяк зладзіўшы з раздражнёнасцю, манах вымавіў:

— Пакайся ў сваіх грахах, чарнакніжнік, і Гасподзь наш Ісус Хрыстос змілуецца над табой! Ён даруе табе, як калісьці дараваў Адаму, падбухторанаму жонкай сваёй Евай да пакаштунку забароненага плода з дрэва пазнання дабра і зла. Ён даруе табе, як многім сотням іншых да цябе і пасля цябе!

Вязень скрывіўся — ці то ад болю, ці то ад агіды — і ў чарговы раз папрасіў: «Піць... »

Святар, зломлены ўпартасцю Янкі, не вытрымаў і падаў знак кату: напаі. Бугай павольна ўзяў коўш, зачарпнуў вады і паднёс да вуснаў палоннага. Янка, душачыся ад агіды, стаў сквапна глытаць цёплую, прапахлую гніллю ваду.

— Дастаткова! — загадаў манах, і кат адвёў коўш, расплюхаўшы рэшткі каламутнай вады сабе на кашулю. — Цяпер ты прызнаешся? — ласкава спытаў святар.

— У чым мяне абвінавачваюць, хрысціянін?

— А ты не ведаеш? — манах здзіўлена ўзняў бровы. Некалькі імгненняў твар святара быў шчыра здзіўленым, а потым рэзка ператварыўся ў выскаленую маску. — Твой воўк, чарнакніжнік, за мінулую сядміцу забіў шасцярых. Ці ты забыўся? Тады я магу дапамагчы табе ўспомніць!

Манах кіўнуў, і мучыцель, абматаўшы руку бруднай анучай, выцягнуў з купкі вуглёў, што палалі ў пакрытым маршчынамі глыбокіх расколін ачагу, распалены дабяла металічны прут.

— Будзеш гаварыць? — служыцель Хрыста ўсміхнуўся, бачачы, як палонны пакрываецца потам. Кат паднёс распаленае жалеза да твару Янкі, з задавальненнем назіраючы, як па целе вязня прабегла сутарга і ён паспрабаваў вырвацца з ланцугоў. Куды там... Кавалі сваю справу ведалі...

I Янка ўспомніў...

Забыццё, выкліканае доўгімі пакутлівымі катаваннямі, саступіла месца малюнкам нядаўняга мінулага, якія ўяўлялі сабой шэраг жорсткіх забойстваў. У памяці ўсплылі раз’юшаныя твары звар’яцелых сялян, якія ўварваліся ў зямлянку; кароткая схватка, якая скончылася тым, што сяляне паднялі яго ваўка на вілы; вогнішча з кніг; і пачуццё безвыходнасці, памножанае на горыч страты адзінага сябра...

Гэта потым ужо сяляне звязалі Янку і пацягнулі да князя Воіна, каб здзейсніць суд над чалавекам, якога падазравалі ў вядзьмарстве. Расправа была кароткай — полацкі князь, прыняўшы пасля хрышчэння імя Васілій, загадаў кінуць паганца ў цямніцу, каб заплечных спраў майстры выцягнулі з Янкі такое патрэбнае валадару прызнанне. Князь не любіў, калі хтосьці забіваў яго падданых...

Успамін быў настолькі яркім, што палонны заскрыгатаў зубамі. Згарэла ўсё — «Стаглаў», «Грамоўнік», «Арыстоцелева брама», «Зодзій», «Каледнік»... Мудрасць продкаў згінула ў гарачых абдымках усёпаглынальнага агню, які не ведае жалю ні да бяросты, ні да людзей...

I ніхто не хацеў нічога слухаць. Людзі былі сляпыя, не бачылі відавочнага. Фенрыр вызваліўся з пут, накладзеных на яго багамі, і стаў забіваць. Чараўніцтва светлых Альваў аказалася дарэмным супраць усёпаглынальнай сілы неўпарадкаванага. Прадвызначанае спраўджвалася — набліжаўся Рагнарок... I толькі Янка ведаў праўду, крычаў да той пары, пакуль хтосьці з сялян не саўгануў у рот палоннага брудную смуродную анучу. Праўда была страшнай — воўк небыцця вырваўся на волю, і неўзабаве звычайны Свет павінен быў стаць полем смяротнай бітвы паміж Дабром і Злом, і будучыня не была прадказальнай. Усё пачыналася спачатку: Жывое і Нежывое зноў, як і шмат мільёнаў гадоў таму, усталі адно супраць аднаго, каб са зброяй у руках даказаць сваю правату...

Янку катавалі, па жылах выцягваючы душу распаленым жалезам. Палонны то крычаў ад болю, то паглыбляўся ў выратавальнае забыццё. Але яно было нядоўгім — кат час ад часу выліваў на паўжывога цэбар халоднай вады, прыводзячы вязня ў прытомнасць. Але страшней за катаванні была чалавечая слепата, нежаданне прыняць праўду, якой бы жудаснай яна ні падавалася. I яшчэ словы манаха: прызнайся... прызнайся... прызнайся...

Белае ад нясцерпнай гарачыні жалеза павольна набліжалася да вачэй палоннага. Яшчэ крыху — і лопнуць зрэнкі, выцякуць з вачніц, пакінуўшы пасля сябе толькі вартае жалю шмаццё прыпаленай плоці. Янка паспрабаваў адхінуцца, але кат моцна трымаў палоннага за падбароддзе. I вязень здаўся, не вытрымаў невыносную пакуту. Фізічны боль зламаў яго...

— Пытайся.

— Вось і добра, чарнакніжнік. Пачнём па парадку, калі не пярэчыш... — манах задаволена ўсміхнуўся, але кату загаду прыбіраць жалязяку не даў, засумняваўшыся ў шчырасці палоннага. — Твой воўк?

— Я ўжо казаў: падабраў яго яшчэ маленькім, калі сельскія сабакі хацелі разарваць ваўчаня. Выкарміў, і ён стаў мне сябрам.

— Вось як... Нейкае незразумелае атрымліваецца сяброўства. Зрэшты, для ведзьмака гэта не дзіўна. Слугі Д’ябла часта сыходзяцца з агіднымі Богу стварэннямі... Значыць, ты прызнаеш, што воўк твой?

Янка кіўнуў.

— Вось і слаўна! — манах задаволена пацёр рукі. У рэшце рэшт атрымалася выціснуць з палоннага хоць нешта пэўнае. Кат прыбраў прут і паклаў жалеза ў агонь, як бы намякаючы, што катаванне не скончана і цяпер усё залежыць ад Янкі, дакладней, ад яго слоў...

Святар задуменна закусіў ніжнюю губу, зайграў ланцужком залатога крыжа, збіраючыся сфармуляваць наступнае пытанне.

— Воўк мой, але ён ніколі не нападаў на людзей, — апярэдзіў святара вязень.

— Нават так? — штучна здзівіўся манах. — Тады як ты растлумачыш, што сяляне, пасланыя на пошукі зніклых, знайшлі ў логаве гэтай пачвары абгрызеныя чалавечыя косткі? Маўчыш?.. Ты можаш упірацца і далей, але ўсё сведчыць супраць цябе, чарнакніжнік. Людзі бачылі, як твой воўк шныраў па лесе. Для чаго?

— Воўк невінаваты! — упарта паўтараў Янка, імкнучыся не зважаць на рэзкі боль ва ўсім целе.

Святар перасцерагальна падняў руку. Кат страпянуўся і пацягнуўся да клешчаў, збіраючыся падчапіць прут, які паспеў ужо нагрэцца.

— Зараз табе трэба шкадаваць не ваўка, а самога сябе. Яшчэ не позна выратаваць сваю душу, бо мукі фізічныя — нішто ў параўнанні з пакутамі душэўнымі. Пакайся!

Палонны плюнуў, спрабуючы трапіць у твар святара. Следам за пляўком кінуў:

— Ты памыляешся, манах. Паміж душой і целам няма разрыву. Няхай яны і розныя па сваёй сутнасці, але ўсё ж адзіныя, і цела ёсць выраз душы. Гэта — воля светабудовы, адвечны закон захавання раўнавагі паміж касмічнымі і людскімі сіламі. Чалавечае цела — неабходны складнік Гармоніі, бо ўнутраная і знешняя сутнасць ёсць праява Адзінага. Развіваючы цела, мы развіваем душу...

— Чур мяне... — святар некалькі разоў асяніў сябе крыжам, не забыўшыся пацалаваць распяцце. Спыніў ката, які кінуўся да Янкі, і сказаў: — Не гавары так, агіднае спараджэнне Яхідны! Цела ёсць бруднае жыллё душы, і задача чалавека — вырвацца з ланцугоў грэшнай плоці, каб узвысіцца і набыць выратаванне.

— Выратаванне — гэта падман, — сумна ўсміхнуўся Янка. — Хімера хворага розуму, якой прыкрываюцца тыя, хто аддаецца страху. Табой рухае страх, хрысціянін. Страх перад сутнасцю твайго Бога. Задумайся, хто ты для яго? Усяго толькі раб, безаблічная істота. I твайму Богу няма да цябе ніякай справы. Што можа звязваць гаспадара і раба? Толькі вера апошняга ў боскасць Гаспадара. Вы, хрысціяне, лічыце сябе рабамі аднаго з мноства багоў, які палічыў сябе першапачатковым. А гэты Бог не мае ніякага права называцца адзіным, бо ён толькі частка цэлага, адна з граняў Ісціны. Ты молішся на каленях, а я цвёрда стаю на нагах, з паглядам, скіраваным у неба, і з рукамі, расхінутымі ўверх, як раўнацэнная частка сусветнага парадку, якая захавала пачуццё гонару. Твая вера пазбаўленая розуму. Хіба ты не разумееш, што сутнасць чалавека не мае патрэбы ў пасрэдніках, бо яны толькі скрыўляюць Ісціну, імкнуцца да духоўнага панавання над людзьмі ў сваіх карыслівых мэтах?

— Змоўкні, язычнік! — ускіпеў манах.

— Твая вера хлуслівая і сумніўная. Вера дзеля веры, пустата неразумення вялікай таямніцы Сусвету. Той, хто верыць толькі сэрцам, ніколі не ўвойдзе ў харомы Ісціны. Гэтая дарога даступная выключна розуму... Наш свет — толькі адвечны парадак, у якім як багі, так і людзі маюць сваё месца, свой час і сваю місію.

— Кат, заткні яму рот! — закрычаў святар, закрыўшы вушы рукамі. Бугай выхапіў з вуглёў металічны прут і прыціснуў яго да цела палоннага. Пачулася агіднае шыпенне плоці, якая імгненна пайшла пухірамі. Пранізлівы крык захлынуўся. Янка страціў прытомнасць...

* * *

Палонны павольна адкрыў вочы, намацаўшы размытым паглядам закураную столь. Над Янкам, які ляжаў на падлозе, схіліліся туманныя вялізныя постаці. Кат, манах і таўстун у расшытым сярэбранай ніткай каптане. Расплывістыя сілуэты аб нечым перагаворваліся, але сутнасць іх гаворкі выслізгвала, гублялася ў лабірынце болю.

— Жывы? — прабубніў таўстун, уважліва гледзячы на палоннага.

— Жывы... Што з ім здарыцца?! — голас быў незнаёмы. Хутчэй за ўсё, казаў кат.

— У, ірад, ледзь не замардаваў чалавека! — гнеўна працадзіў сярэбраны каптан.

— Які ж гэта чалавек? Гэта вядзьмак! — паспрабаваў запярэчыць манах. Убачыўшы, што Янка чуе яго, святар прамовіў: — Радуйся, чарнакніжнік. Князь пашкадаваў цябе... Ганец прынёс дрэнныя весткі — воўк загрыз яшчэ дваіх. Так што ласкай Госпада нашага Ісуса Хрыста ты — свабодны...

Сэнс сказанага не адразу дайшоў да ўзбуджанага розуму. Вязень паспрабаваў паварушыць пальцамі і раптам зразумеў, што ляжыць на падлозе. Без кайданоў... Холад брамы Ніфельхейма, якая ўжо маячыла перад вачыма Янкі, імгненна змяніла пачуццё ап’яняльнай радасці — ён вольны...

— Напаіць его, — загадаў таўстун. — Перавязаць і прывесці ў боскі выгляд... А ты, язычнік, павядзеш княжых ратнікаў. Сяляне гавораць, ты добра ведаеш лес. Апошні раз ваўка бачылі на балоце...

Лекар змазаў скалечанае цела палоннага маззю, якая дрэнна пахла. Потым Янку далі вады, пераапранулі ў чыстую кашулю. З’явіліся дружыннікі, якія выцягнулі вязня на двор і акуратна пасадзілі на калёсы.

Сонечны свет балюча ўдарыў па зрэнках, прымусіўшы Янку прыжмурыцца і закрыць твар далонню. Хлынулі слёзы, але цяпер ужо былы палонны не саромеўся іх, бо гэта былі слёзы волі...

Янка плакаў, падстаўляючы бледны твар гарачым промням, наталяючыся сонцам, з якім паспеў развітацца.

Дзесьці побач кашлянулі, і язычнік са шкадаваннем адарваўся ад свайго занятку. Ратнік...

Княжы дружыннік назваўся дзесятнікам Транятай.

— Здароў будзь, чалавеча. Гэта ты нам у дапамогу? — дачакаўшыся кіўка Янкі, воін спытаў: — Дарогу ведаеш? Павядзеш маіх людзей. I глядзі не дурэй — заб’ю!

Язычнік усміхнуўся: што можа зрабіць адзін змучаны чалавек супраць дзесятка воінаў, увешаных зброяй?..

Ратнікі корпаліся вакол калёсаў, збіраючыся ў дарогу. Грымела жалеза, іржалі коні, мітусілася княжая чэлядзь...

Калі з падрыхтоўкай было скончана, Транята па-заліхвацку свіснуў і атрад рушыў у дарогу.

Ехалі доўга, не спыняючыся. Дзесятнік гнаў воінаў, імкнучыся дасягнуць балота да надыходу цемры.

Янка бязвольна прытуліўся да жэрдкі, боўтаючы галавой у такт колам, якія скакалі па калдобінах. Боль адступіў, але пачалася гарачка. Былы палонны то пагружаўся ў багну бяспамяцтва, то зноў вынырваў у рэальнасць. Яны ўсё ж такі паверылі... Дурны манах, які раздзьмуўся ад празмернай гордасці; полацкі князь, які грэбаваў уласным народам дзеля золата; сяляне, якія не паверылі словам Янкі. I што дзіўна, ён зусім не адчуваў да іх злосці. Боль прытупіў успрыманне, пакінуўшы на душы толькі горкі асадак расчаравання ў людзях. Ніхто так і не зразумеў, ШТО супрацьстаяла чалавеку. Фенрыр, злоснае спараджэнне шлюбу Локі і волаткі Ангрбодэ, не стане разбіраць, хто перад ім — ён проста заб’е кожнага, хто выступіць супраць Хаосу. Цяпер воўк стане расці з кожным днём, набіраючы сілу для вырашальнай бітвы...

Надыдзе Рагнарок, і напрыканцы свету людзі стануць побач з багамі, каб супрацьстаяць небыццю, бо чалавек — частка разумнага парадку Сусвету, і ягоная задача ў тым, каб змагацца супраць усіх антыбоскіх сіл першапачатковага Хаосу. Свет, у якім мы жывём, — гэта поле бітвы, на якім і расліны, і жывёлы, і людзі павінны вырастаць і саспяваць для самасцвярджэння ў пазачасавай прасторы, поле, дзе пастаянна змагаюцца боская воля да ўпарадкавання ўсяго жывога і антыбоская воля да раскладання, да пашкоджання ўсіх зародкаў. Багі недарэмна паставілі Мідгард у цэнтр Ігдрасіля, ператварыўшы Сярэдзінны свет у сукупнасць разумнага ўзаемадзеяння ўсіх боскіх законаў і ўсяго чалавечага гонару. Мідгард абнаўляецца і захоўваецца толькі дзякуючы адважнай барацьбе чалавека на баку Гармоніі. Таму што людское «Я» мае боскі характар і з’яўляецца часткай сакральнага. Кожнае «Я» бессмяротнае і вечнае. Чалавек — не тупое двухногае стварэнне, мэта жыцця якога зводзіцца да задавальнення сваіх жаданняў і запатрабаванняў, а перш за ўсё памочнік і партнёр багоў. Толькі той варты звацца чалавекам, хто побач з багамі захоўвае ўсеагульную Гармонію, не дае Хаосу знішчыць светабудову...

Сутонела. Транята спыніў атрад.

— Далей не пойдзем. Заначуем тут!

Воіны сталі распрагаць коней і выцягваць з калёсаў няхітры скарб. Запалаў агонь. Насекшы яловых галінак, ратнікі размясціліся вакол вогнішча, працягваючы да полымя задубелыя рукі.

Забыўшыся пра боль, Янка прыцэліўся і плаўна адпусціў скобу. Звонка праспявала цеціва. Болт сарваўся з арбалета. Акрэсліў прамую лінію, накіраваную ў сэрца адроддзя Ніфельхейма. Дум! Страла ўдарыла ў цела ваўка, але, здзівіўшы паганца, не спыніла звера. Толькі гулкі металічны звон, нібы меч прайграў моцнаму шлему...

— Што за дрэнь! — прашаптаў былы княжы палонны, які не мог паверыць уласным вачам. Да Фенрыра было не больш за сем крокаў...

Янка ледзь не заскуголіў ад прыкрасці. Яркай успышкай прачнуўся забыты боль. Рукі дрыжэлі, і болт ніяк не хацеў класціся ў жалабок, увесь час стараючыся выслізнуць. Язычнік лаяўся, поўнымі жаху вачыма глядзеў на тое, як Фенрыр распраўляецца з атрадам.

Некалькі разоў воям удалося стрэліць з арбалетаў. Аднак металічныя балты, здольныя на адлегласці пяцідзесяці крокаў прабіць наскрозь даспехі цяжкаўзброенага рыцара, проста адляталі ад скуры ваўка, нібы той быў зроблены з жалеза.

Янка нарэшце справіўся са здрадлівым дрыжаннем. Падняў арбалет і навёў на Фенрыра, ледзь паспяваючы за імклівымі рухамі чатырохногай пачвары. На гэты раз язычнік прыцэліўся ў пякельнае рубінавае вока ваўка. Затрымаўшы дыханне, утапіў скобу. Стукнуў метал. Цеціва жвава распрамілася, паслаўшы насустрач Фенрыру заточаную кулю. Але замест крывавага шмацця Янка ўбачыў толькі дробныя празрыстыя пырскі.

Фенрыр на імгненне страціў арыентацыю, а затым адхінуўся ўбок, сыходзячы з лініі агню. Вачніца ваўка зіхацела чорнай пустатой. Звярыны рык быў здольны абудзіць і мёртвага...

Трое ратнікаў, якія засталіся ў жывых, атакавалі ворага. Фенрыр апусціўся на заднія лапы, рыхтуючыся да скачку. Сціснутыя магутнай спружынай, канечнасці рэзка выпрасталіся, і істота магутным кідком кінулася на людзей. Упаў першы воін. Хруснуў пазваночнік другога...

Дзесятнік з перакошаным ад лютасці тварам кінуўся на Фенрыра. Удар... і загартаваны меч Траняты пераламіўся на дзве часткі. Воўк завыў і моцным штуршком адкінуў княжага дружынніка на некалькі метраў...

Здавалася, крываваму кашмару не будзе канца...

Былы княжы палонны выпусціў арбалет: утрымліваць зброю не было сэнсу. Да балтоў не дацягнуцца. Але горш за ўсё тое, што ён застаўся адзін супраць смяротнага ворага...

Фенрыр заўважыў Янку і павольна, нібы адчуваючы жах чалавека, накіраваўся ў ягоны бок. Адзінае вока палала лютай нянавісцю. Крок. Другі...

Язычнік не мог зрушыцца з месца. Цела нібыта прырасло да зямлі...

А ў гэты час да Траняты вярнулася прытомнасць. Вой схапіў сякеру і з гучным крыкам кінуўся на Фенрыра. Апісаўшы кола, зброя ўваткнулася ў цела ваўка. Дум! Жахлівы гул паўтарыўся. У дзірцы, пакінутай сякерай, бліснуў метал...

Фенрыр развярнуўся на месцы, выскаліўшы акрываўленую ляпу.

— Памры, дэман! — дзесятнік зноў падняў сякеру, але ўдарыць не паспеў — доўгія кіпцюры разарвалі кальчугу. Транята выпусціў зброю і схапіўся за грудзі. Болю дзесятнік не адчуў — толькі здзіўленне, навечна застылае ў вачах ратніка. Яшчэ некалькі імгненняў ён захоўваў раўнавагу, а затым стаў завальвацца набок.

Янка ўскочыў і кінуўся бегчы.

Балота прыняло ўцекача неласкава. Галінкі дрэў, якія тырчэлі ў бруднай вадзе, балюча хвасталі па твары. Чапляліся за вопратку, стараліся затрымаць. Ногі правальваліся ў дрыгву, і некалькі разоў Янка падаў, але ўсё ж знаходзіў сілы падняцца.

Металічны лязг за спінай не змаўкаў — Фенрыр жвава наганяў уцекача...

Павязкі даўно спаўзлі, і былы княжы палонны сарваў іх. Раны сталі кроватачыць. Сілы раставалі, але Янка бег, распырскваючы вакол сябе фантаны твані і гразі. Страх кідаў бязвольнае цела наперад. Адрэналін перапаўняў вены, ледзь прымушаючы перасоўваць і да таго знямелыя ад стомленасці ногі.

Балота засмоктвала з кожным крокам. Спачатку вада была па шчыкалатку, потым — па калена. Калі дрыгва дайшла да сярэдзіны сцягна, бегчы стала немагчыма. Але палонны князя Васілія не здаваўся, упарта рухаўся да сярэдзіны балота, туды, дзе дрыгва магла вытрымаць вагу чалавечага цела і дзе тонкая скарынка гаці абавязкова праглыне ваўка...

Дапамагаючы сабе рукамі, Янка ўсё далей і далей заходзіў у гразкую пастку, з цяжкасцю выцягваючы ногі, каб зрабіць чарговы крок. Жыжа цягнула, не адпускала...

Нечакана воўк спыніўся, моцна ўвязнуўшы ў гразі. Металічны шум сціхнуў.

Спыніўся і Янка. Цяжка дыхаючы, павярнуўся. Паглядзеў на Фенрыра, які беспаспяхова спрабаваў выбрацца з прыроднай пасткі. Воўк заходзіўся ў лютым скавытанні, але зрабіць нічога не мог. Дрыгва трымала моцна.

Пот, змяшаны з крывёю, заліваў вочы, і былы княжы палонны выцерся рукавом бруднай кашулі. Затым засмяяўся. Вораг быў пераможаны.

Воўк кідаўся з боку ў бок, спрабуючы вызваліць канечнасці, што ўвязлі ў дрыгве. Роў Фенрыра накладваўся на ляск металу. Праз некалькі імгненняў па целе ваўка пачалі скакаць блакітныя іскры. Неўзабаве іх змянілі бледныя бліскавіцы маланак.

Янка перастаў смяяцца, здзіўлена гледзячы на Фенрыра. З ваўком адбывалася нешта дзіўнае — прыхадзень сачыўся рознакаляровымі агнямі, ірваў ікламі скуру, нібы спрабуючы дабрацца да сэрца, якое білася ў магутнай грудной клетцы. Касмылі бруднай, збітай поўсці ляцелі ў розныя бакі. Разлічваючы ўбачыць акрываўленыя вантробы ворага, язычнік знерухомеў у нямым здзіўленні — замест цягліц і жыл цела ваўка пакрывалі дзіўныя гнуткія шнуры, замацаваныя пры дапамозе металічных балтоў. Не менш дзівосныя цыліндры рознай формы бесперапынна рухаліся туды-сюды, нараджаючы паскудны металічны ляск. I што самае дзіўнае — аніводнай кроплі крыві...

І тут з’явіліся ЯНЫ...

Асляпляльная ўспышка — і паміж чалавекам і ваўком адкрыліся дзверы, адкуль зыходзіла мяккае зеленаватае святло. Кола паступова пашыралася, мяняючы колер з зялёнага на сіні, а затым яно ўвогуле стала празрыстым.

З брамы з’явілася чацвёра багоў, апранутых у дзіўныя кароткія кашулі з плямамі зялёнага і жоўтага колеру. Такімі ж аляпаватымі былі і нагавіцы прышэльцаў, увабраныя ў скураныя боты, перахопленыя тоўстымі шнурамі, якія ўтрымлівалі абутак на назе. У руках багі трымалі дзівосную зброю — доўгія трубкі незразумелага металу з паўкруглым адгалінаваннем і дзяржальнам, якое заканчвалася спускавой скобай. Але як ні стараўся Янка, разгледзець цяжкія балты ці іншыя кідальныя снарады так і не змог.

Адзін са светлавалосых прышэльцаў дастаў з-за пазухі чорную каробачку і націснуў на яе. Пачуўся піск, і дзіва ажыло, напоўніўшы паветра шумам пераднавальнічнага неба.

— База, адкажыце Тору! Прыём!..

Былы княжы палонны, забыўшыся на ўсё на свеце — на боль, ваўка, свой абавязак, — здзіўлена слухаў звонкі голас прыхадня, які шаптаў у чароўную шкатулку незнаёмыя словы. Ногі ледзь трымалі. Давялося ўхапіцца за ствол напалову спарахнелага дрэва, што тырчэў з багны.

— Аператар, як мяне чуеце? Прыём!.. Мы на месцы... Так, знайшлі. Небяспекі няма. ЧАЛАВЕК разладзіў Фенрыра, як і спадзяваўся штаб. Праўда на баку Вотана — выкарыстанне чалавечага матэрыялу супраць баявых сістэм праціўніка поўнасцю сябе апраўдала. Локі пралічыўся...

Скрыначка рыкнула нешта незразумелае. Тор перавесіў зброю на спіну і, гледзячы на гатовага праваліцца ў каламутную ваду Янку, прамовіў:

— База! У нас груз 300, прашу тэрміновую эвакуацыю...

***

Ядзерны рэактар, знясілены няроўнай барацьбой з багнай, якая ўсё глыбей зацягвала кібернетычны арганізм, пачаў перагравацца, рызыкуючы выбухнуць у любы момант. Цэнтральны працэсар дарэмна шукаў каналы сувязі паміж асобнымі ўзроўнямі шматслойнага мозгу. Пашкоджаныя ўдарам сякеры сервапрывады жаласна стагналі і не маглі выцягнуць монстра з гразі. Храміраваны металічны шкілет быў заляпаны брудам, з-за таго заклінілі гідраўлічныя поршні і эластычныя сучляненні. Фенрыр паміраў...

Пагляд механічнага ваўка па-ранейшаму быў накіраваны туды, дзе некалькі імгненняў таму зачыніўся партал міжпрасторавага пераходу, які паглынуў ворага і прымкнуўшага да асаў чалавека. Адзінае вока кібарга гарэла нянавісцю.

Але захавальнікі Гармоніі пралічыліся...

ПЕРАЗАГРУЗКА...

Праз некалькі секунд уключылася дубліруючая сістэма. Унутраны рэзерв аўтаматычнага забойцы, разлічаны на работу ў аварыйным рэжыме, прыйшоў у дзеянне. Фенрыр ажыў і стаў павольна выбірацца з багны.

Вайна працягвалася...