Яўген Васiлёнак
Сёмае акно
Напэўна, гэта дужа сумны занятак - прадаваць на пошце маркi? Як вы лiчыце?
Вiдаць, вы нiколi не задумвалiся над такiм пытаннем. I я таксама. А вось пасля ўчарашняга дня думка аб гэтым не выходзiць з маёй галавы. Колькi ўжо гадзiн сяджу я ў сваiм пакойчыку на трэцiм паверсе i ўсё думаю, думаю, думаю... А божачкi, якая ж гэта сумная, мусiць, справа - прадаваць маркi! I як толькi я адважылася на такое!..
А ўсё праз гэты мой дурны характар! Люблю, шчыра прызнаючыся, усё рабiць па-свойму, насупор усiм. Так атрымалася i з работай. Многа ўсялякiх парад давалi мне сяброўкi. Вера Шышакова настойвала, каб я iшла сакратаркай у мiнiстэрства сельскай гаспадаркi, дзе яна сама працавала ў нейкiм аддзеле. Тоня Кажакiна ледзь не разраўлася, даводзячы, што мне абавязкова трэба стаць кiнаартысткай: у мяне, маўляў, незвычайны талент, i будзе вялiкi грэх, калi я загублю яго ў самым зародку. А Надзя Юхтановiч безапеляцыйным тонам гаварыла, што я павiнна вучыцца далей i толькi ў полiтэхнiчным iнстытуце, бо проста не маю права здраджваць сямейнай традыцыi.
Не, я не паслухала нi Веру, нi Тоню, нi Надзю. Я вырашыла, што сама выберу сабе занятак.
I выбрала!..
Сяброўкi адно рукамi развялi, калi даведалiся пра мой выбар. А Надзя дык тая сказала, што больш i размаўляць са мною не будзе.
Пра тату i казаць няма чаго. Такi скандал быў, што i цяпер яшчэ звон увушшу стаiць...
I вось я сяджу на ложку i думаю, думаю... Ужо ранiца. Праз якую гадзiну трэба iсцi на працу. На пошту. Прадаваць маркi.
А здарылася ўсё гэта так.
Учора зранку я пайшла па вулiцах горада i стала чытаць аб'явы. Каля табачнага магазiна на праспекце iх вiсiць асаблiва многа. Станкабудаўнiчаму заводу патрэбны былi токары, слесары, фрэзероўшчыкi. Гэта мне не падыходзiла, бо нiводнай з тых спецыяльнасцей я, вядома, не мела. Тонкасуконны камбiнат запрашаў на работу ткачых i яшчэ нейкiх вiнтоўшчыц. Не, i на камбiнат мне таксама не было чаго iсцi. Некалькi разоў перачытала аб'яву друкарнi, але i там не знайшла нiчога па густу. У самым нiзе дошкi, з правага боку, быў прылеплены блакiтны лiсточак, перакрыжаваны з кутка ў куток ярка-чырвонай ломанай стралою. Няцяжка было здагадацца, што гэтая страла сiмвалiзуе маланку, а значыць - прадпрыемства сувязi. I сапраўды, на лiсточку было напiсана, што пошце патрэбны работнiкi аж васьмi спецыяльнасцей. Я на хвiлiнку ўявiла сабе акенца на пошце, дзе пытаюць пiсьмы "да запатрабавання", i ў думках усмiхнулася.
Потым я пайшла на Камсамольскую вулiцу, дзе таксама вiсiць дошка рэкламнага бюро. Спецыялiсты патрэбны былi ўсюды. Я перачытала аб'явы хлебазавода, мэблевай фабрыкi, цагельнага завода, унiвермага, шавецкай арцелi, камбiната бытавога абслугоўвання... А на тым самым месцы, што i на дошцы каля табачнага магазiна, вiсеў знаёмы блакiтны лiсточак з прывабнай пунцовай маланкай.
Я прыгадала, што многа аб'яў вывешваецца на вулiцы Энгельса. I першае, што мне кiнулася там у вочы, - той самы блакiтны лiсточак i тая самая маланка...
"Мусiць, iм вельмi патрэбны людзi", - падумала я.
I пашыбавала на паштамт.
У жанчыны з высокай прыгожай прычоскай i бялюткiм тварам, якая сядзела за адным з акенцаў, я купiла лiсток паперы.
- А канверт непатрэбен? - запытала жанчына. - I марка непатрэбна?
Я зiрнула на жанчыну. Напэўна, я шмат разоў купляла ў яе маркi, канверты, паштоўкi, але зусiм не прыкмячала яе. Падыдзеш да акенца, падасi манеты, возьмеш, што табе трэба, а хто даў - цi не ўсё роўна?..
Жанчына глядзела на мяне ўважлiва i нават, як здалося мне, добразычлiва. У яе былi вельмi харошыя вочы.
- Дзякую... - сумеўшыся, прамармытала я i скоранька падалася ад акенца.
За адным з столiкаў я напiсала заяву - першую ў сваiм жыццi.
Начальнiк аддзела кадраў - маленькi, з пасiвелай галавой, дзядуля сустрэў мяне чамусьцi няветлiва. Калi я падышла да ягонага стала i, стараючыся трымацца як мага больш смела, незалежна, бойкiм голасам сказала: - Маё вам шанаванне, дзядуля! - ён нават не глянуў у мой бок.
- Добрай ранiцы... - ужо не так смела яшчэ раз павiталася я.
- Га? - Начальнiк пакiнуў на момант нейкую вялiзную кнiгу, што ляжала перад iм на стале, узняў на мяне вочы, схаваныя за дзвюма парамi акуляраў. - Прывiтанне, прывiтанне! - скорагаворкай прамовiў ён i зноў утаропiўся ў кнiгу.
Не ведаючы, што мне рабiць далей, я пераступiла з нагi на нагу, пасля асцярожна кашлянула ў кулак.
- Вы - да мяне? - здзiўлена спытаў дзядуля. Ён зняў адну пару акуляраў, пiльна агледзеў мяне з галавы да ног, пасля паправiў свае сiнiя сацiнавыя нарукаўнiкi, нiбы збiраючыся кiнуцца ў бойку са мною.
- Да вас... вось... - i я падала яму заяву.
Усё з тым жа выразам здзiўлення на твары стары нерашуча ўзяў з маiх рук шэры лiсток, глянуў на яго i раптам засмяяўся.
- А бадай яму лiха, гэта ж я зусiм забыўся, што цяперака я тут начальнiк... Даруйце, калi ласка...
Ён хацеў быў зноў насунуць на вочы другiя акуляры, але перадумаў i з шчырым давер'ем сказаў мне:
- Я, цi ведаеце, сам толькi ўчора паступiў сюды працаваць. I, бачыце, не прывык яшчэ. Сядзеў тры гады на пенсii, не ўседзеў больш i падаўся сюды. Усё ж нейкi занятак...
Уздыхнуўшы, ён прамовiў яшчэ нешта, але я не пачула, бо штосьцi пачало раптам замiнаць яму гаварыць i ён нiбы глытаў свае ж словы. Пасля ён ускочыў з-за стала, збегаў у суседнi пакой, прынёс адтуль крэсла i прапанаваў мне сесцi. А сам усё прасiў прабачэння:
- Вы ўжо ж даруйце мне... Прывыкну, вядома. Да ўсяго можна прывыкнуць. Праўда?
Голас у яго быў сiплаваты, вочы часта мiргалi, i мне чамусьцi стала вельмi шкада яго.
- Можа мне зайсцi другiм разам?
- Што вы, што вы! - замахаў рукамi дзядуля i ледзь не ўпусцiў з iх акуляры. - Ого, так я вас i выпушчу, чакайце! Вы ж у мяне першая кадра!
Так i не надзеўшы другiя акуляры, ён узяўся чытаць маю заяву. Тут у пакой завiтала нейкая тоўсценькая жанчынка, i з iх размовы я ўведала, што начальнiк аддзела кадраў мае прозвiшча Гур'янчык. Жанчынка была чымсьцi нездаволеная i нечага дамагалася ад Гур'янчыка, i той пад яе нацiскам штосьцi паабяцаў ёй. Калi яна пайшла, Гур'янчык зноў узяўся за маю заяву.
Тым часам я як след разгледзела яго. Асаблiва мяне ўразiў яго нос. Ён быў нейкi кручкаваты, проста-такi драпежны, i зусiм не адпавядаў дабрадушнай усмешцы, якая амаль не сыходзiла з ягонага старанна паголенага твару.
- Ну, ну... - сказаў Гур'янчык, калi прачытаў заяву. - Дзесяцiгодка, выходзiць, за плячмi ёсць?
- Нашу, - сказала я.
- Можа, прабачце, i з медалем?
- Медаляў на маю долю не хапiла.
Ён трошкi памаўчаў i цiха спытаў:
- А iнстытут?
У мяне не хапiла духу прызнацца, што я збаялася конкурсу i нi ў якi iнстытут дакументы не падала. I я дзёрзка сказала:
- Маю ахвоту прайсцi другую навуку. Прадаваць у вас на пошце маркi.
- А-а-а... - працягнуў Гур'янчык i зноў пачаў перачытваць маю заяву. Пасля сумна сказаў: - А коскi ўсё ж трэба ставiць, нават у заявах.
I, узяўшы ручку, ён крутнуў ёю ў якiмсьцi месцы маёй заявы.
"Усё прапала!" - вырашыла я.
- А вы не ўздыхайце... як вас? Ганна Мiкалаеўна? Не ўздыхайце, Ганна Мiкалаеўна. Вам галоўнае цяпер - не зблытаць двугрывенны з пятаком. I яшчэ - даць рэшту з рубля не пяцьдзесят капеек, а шэсць грыўняў, калi чалавек просiць марку для простага пiсьма. Тут коскi непатрэбны.
Я бачыла, што Гур'янчык робiцца ўсё больш i больш нездаволены мною.
- Заўтра i пачынайце, - ужо амаль злосна сказаў ён, выводзячы на маёй заяве маленькiмi лiтарамi рэзалюцыю. - Ваша пасада будзе называцца... пачакайце, зараз я вам скажу... - Ён пагартаў нейкую кнiгу - здаецца, тую самую, якую трымаў у руках, калi я прыйшла да яго. - Вось: паштовы агент! Здорава гучыць, га? Агент! - I Гур'янчык падняў угору ўказальны палец правай рукi. Сiвыя бровы яго таксама ўзнялiся, нарабiўшы на лбе глыбокiх маршчын.
Трэба было штосьцi сказаць начальнiку аддзела кадраў перад тым як развiтацца, але што - я не ведала.
- А мая Саша ў педагагiчны падалася... вось... - пацiху, нiбы адказваючы на нейкiя свае думкi, прамовiў Гур'янчык.
- Бывайце! - выгукнула я i пабегла з пакоя.
Вось так i паступiла я на работу...
А цяпер во не сплю, сяджу на сваiм ложку i ўсё думаю...
Зазванiў будзiльнiк. Гэта я ўчора звечара накруцiла яго, каб не праспаць...
На дварэ iдзе дождж. Фортка ў пакой адчынена, i я чую, як кроплi з шумам падаюць на лiстоту клёна, што расце пад самым маiм акном. Чамусьцi ўяўляецца, быццам клён курчыцца, уздыхае i вось-вось пачне скардзiцца мне на панылы, надакучлiвы дождж.
Я бяру парасон i выходжу з дому. У наш завулак залятае гарэзлiвы ветрык. Стары клён нездаволена калыша галлём, пакуль я не збочваю на вулiцу.
Прыгадалася... Аднойчы, калi я была яшчэ зусiм маленькая, бабуля-нябожчыца мне неяк сказала:
- Ох, i язычок у цябе, Ганначка! I трашчыш, i трашчыш - ну чыста сарока. Глядзi, будзеш от так i далей трашчаць, вырасце ён у цябе, як вясло. Кепска тады табе будзе.
- Чаму кепска? - зацiкавiлася я.
- А таму, што тых, у каго язык доўгi, пасылаюць на пошту. Стаяць яны там, высунуўшы свае языкi, а людзi падыходзяць i мачаюць аб iх свае маркi.
Мiлая мая бабуля, каб жа гэта ты ведала, куды я зараз iду!..
Пошта адчыняецца ў дзевяць гадзiн, але я прыйшла а палове дзевятай, i гэтыя паўгадзiны да пачатку працы жанчына з высокай прычоскай цярплiва растлумачвала мне мае абавязкi. Ля майго стала стаiць невялiкая жалезная скрынка, у ёй поўна марак, канвертаў, паперы для пiсем, усялякiх бланкаў для тэлеграм, паштовых пераводаў, пасылак.
- Вы не палохайцеся, мiлая, - прыемным голасам гаварыла далей жанчына, раскладваючы на стале стосiкамi бланкi, канверты, маркi. - От гэта зручней будзе тут пакласцi, а гэта - лепш з правага боку. Маркi па сорак капеек тут пакладзiце, яны часцей за ўсё iдуць, а астатнiя можна пакласцi далей, iх менш пытаюць.
Я слухала Аўдоццю Паўлаўну - так звалi жанчыну - i пакутлiва намагалася запомнiць яе парады, але ў галаве ўсё блыталася, i я з сумам думала: "Вось яна, Ганна Мiкалаеўна, коска ў тваiм жыццi..."
Вялiкi старадаўнi гадзiннiк, што стаяў на падлозе i ўзвышаўся ледзь не да сярэдзiны сцяны, прабiў дзевяць разоў. Аўдоцця Паўлаўна адсунула фанерку, якая зачыняла маё акенца, села побач са мной i сказала:
- Ну вось...
Здаецца, яна таксама хвалявалася.
Акенца было з правага боку ад мяне, на ўзроўнi маiх вачэй. Непрыкметна я кiнула позiрк направа. У акенца мне была бачна ўся амаль пустая яшчэ зала. Вунь стаiць круглы стол, за якiм я ўчора напiсала сваю заяву...
- Дождж на вулiцы, таму i не iдуць... - прамовiла Аўдоцця Паўлаўна. Яна, вiдаць, заўважыла мой позiрк. - Вы не палохайцеся, мiлая.
- Грамадзяначка, марку, хуценька! - пачуўся раптам нечы моцны басавiты голас, i ў акенца прасунулася вялiзная мужчынская рука. На мой стол са звонам упалi тры манеты, адна з iх пакацiлася, я не паспела падхапiць яе, i яна са стала звалiлася на падлогу.
- Выбачайце! - сказаў той жа басавiты голас.
Аўдоцця Паўлаўна падняла манету i паказала мне вачыма на маркi - вунь адтуль, моў, бяры. Я схапiла лiст i пачала адрываць марку, але пальцы не слухалiся, i марка разарвалася папалам.
- Якая ж вы нялоўкая... - прагрымеў голас у акенцы. - Я ж спяшаюся, мне некалi!
Новая марка адарвалася добра, рука з акенца хутка выхапiла яе ў мяне i знiкла.
- А рэшту? - палахлiва спытала Аўдоцця Паўлаўна. - Ён жа даў сорак пяць капеек!
Я таксама спалохалася. Нервова схапiла нейкую манету, высунула яе з акна, але там нiкога не было. Выглянула ў залу - але таго чалавека i след прастыў...
- Няма, - цiха сказала я.
- Як кажуць - першы блiн комам, - не то з дакорам, не то са спачуваннем сказала мая настаўнiца.
"Эх ты, коска!" - аблаяла я сябе ў думках.
- А дождж, вiдаць, перастае, - радасна паведамiла Аўдоцця Паўлаўна.
"Лепш бы ён не пераставаў", - падумала я.
У зале захадзiлi, затупалi людзi. У маё акенца раз-пораз чулася:
- Любая, адзiн канверцiк!
- Марачку для заказнога пiсьма!
- Бланк для перавода можна? Будзьце ласкавы!
- Для тэлеграмы, хуценька бланк для тэлеграмы!
Я ледзь упраўлялася падаваць. Гадзiне а дзесятай я з жахам заўважыла, што ля майго акна выцягнулася доўгая чарга.
- Не палохайся, мiлая, не палохайся, - ласкава прамовiла Аўдоцця Паўлаўна i пачала дапамагаць мне. Чарга ў хуткiм часе растала, i пасля хвiлiн колькi да акна амаль нiхто не падыходзiў.
- Дождж, цi што, зноў пайшоў? - спытала я.
- Якi там дождж! Сонца вунь як пячэ! - весела адказала Аўдоцця Паўлаўна. - А што народ схлынуў, дык гэта ў нас заўсёды так: то густа, то пуста.
Нечакана да стала падышоў Гур'янчык. Сёння ён выглядаў не такiм старым, як учора. Паблiскваючы шкельцамi дзвюх пар сваiх акуляраў, Гур'янчык сярдзiта спытаў:
- Прывыкаеце? - I не чакаючы майго адказу, ужо мякчэй дадаў: - А я, ведаеце, амаль прывык ужо. Сёння ад начальнiка канторы наганяй атрымаў. За кадры. Не хапае iх у нас. Сярод вашых знаёмых няма такiх, што не працуюць? Можа ўгаворыце каго? Гэта ж як яно прыгожа гучыць: агент!
Я нiчога не паспела адказаць начальнiку аддзела кадраў. У акне пачуўся чыйсьцi нясмелы тонкi галасок:
- Цёценька, з Пушкiным няма маркi?
У акне вiднелася бялявая галоўка.
- Ёсць, дзяўчынка, ёсць. Табе колькi?
- Я не дзяўчынка, - пакрыўджана сказала бялявая галоўка, - Я хлопчык. Дайце дзве.
Маленькая рука ўзяла маркi i знiкла. Але праз хвiлiну той жа галасок зноў спытаў:
- А з Маякоўскiм ёсць?
З Маякоўскiм у мяне марак не было, i я прапанавала юнаму фiлатэлiсту марку з Чапаевым.
- З Чапаевым у нас ужо ёсць, - важна адказаў хлопчык, i я толькi цяпер заўважыла, што побач з белай варушыцца яшчэ i русавалосая галоўка. - А калi будзе з Маякоўскiм?
Я адказала, што не ведаю, i хлопчыкi, вiдавочна расчараваныя, пайшлi.
- Дык можа ўгаворыце каго? - зноў падаў голас Гур'янчык.
Але я iзноў не паспела адказаць яму. У акенца прасунуўся канверт, i чалавек, якi трымаў яго, хутка загаварыў:
- Даражэнькая, адну марачку. Простую. Будзьце ласкавы!
Не паспела я даць марку, як яна ў адзiн момант аказалася прылепленай да канверта. I тут здарылася нечаканае.
- Прабачце... - пачуўся разгублены голас. - Каб на яго лiха! Грошы ў старым касцюме засталiся... Ну, што ты скажаш - нi капейкi!
У акно разгублена, то бялеючы, то чырванеючы, глядзеў малады чалавек, з выгляду студэнт. На iм быў новенькi каверкотавы касцюм з ледзь прыкметнай блакiтнай палоскай i шэры капялюш. I яшчэ мне запомнiўся яго ярка-чырвоны гальштук, завязаны на вялiкi вузел.
- Што ж цяпер?.. - збянтэжана прамовiў малады чалавек, круцячы ў руках канверт. - Прамок, разумееце, ранiцой, забег пераапрануцца, i вось - на табе...
- А вы не палохайцеся, - адказала я чамусьцi словамi Аўдоццi Паўлаўны.
- Не, праўда, што ж рабiць? - Ён разгублена зiрнуў на мяне, потым на Гур'янчыка, на Аўдоццю Паўлаўну.
- А нiчога! - сказала я. - Прынясеце пры выпадку, другiм разам.
Малады чалавек неяк няўмела, адчуваючы няёмкасць, стаў дзякаваць, ён некалькi разоў паўтарыў, што вядома ж, абавязкова прынясе грошы, прынясе сёння ж. Я заўважыла, што калi ён выходзiў з залы, то павярнуўся i яшчэ раз паглядзеў на мяне...
- Чакайце, прынясе! - сярдзiтым голасам сказаў Гур'янчык, махнуў рукой i пайшоў. Аўдоцця Паўлаўна таксама некуды адышла, i я засталася за сваiм сталом адна.
Насупроць мяне за гэткiм жа сталом, як i мой, сядзiць немаладая жанчына ў цёмна-сiняй кофтачцы. Гэта - Зiнаiда Нiлаўна, мяне пазнаёмiлi ўжо з ёю. Яна прымае заказныя пiсьмы. Зiнаiда Нiлаўна сядзiць спiною да мяне, i я амаль не бачу яе твару. У яе вясёлы характар, яна ўвесь час размаўляе са сваiмi клiентамi. А чарга да яе акна вялiкая. Я заўважыла, што некаторым даводзiцца стаяць у ёй па два разы. Вось падышоў рослы шыракаплечы хлопец з нейкай здаволенай, нават нiбы радаснай усмешкай на твары. Ён працягнуў вялiкi, жоўтага колеру канверт. Зiнаiда Нiлаўна кiнула яго на вагi, паглядзела ў кнiгу расцэнак за перасылку карэспандэнцыi i аддала канверт назад:
- Два рублi сорак капеек... Наступны!
Хлопец здзiўлена паглядзеў на Зiнаiду Нiлаўну, вiдаць, не разумеючы, чаму яму вернута пiсьмо.
- Маркi побач, - з лагоднай усмешкай растлумачыла Зiнаiда Нiлаўна. - У сёмым акне. Наступны! У вас заказное? Авiя? Тады яшчэ на рубель вазьмiце марак. Наступны!
Цяпер я не бачыла твару хлопца, але чула, як ён, хоць i па-ранейшаму весела, але ўжо з ноткай прыкрасцi ў голасе прамовiў:
- Скажыце дзякуй вашаму богу, грамадзяначка, за тое, што ў мяне сёння дзень такi... А то накатаў бы я на вас скаргу, як пiць даць!
- За што?.. - здзiвiлася Зiнаiда Нiлаўна i нават пацямнела з твару.
- Хiба вы самi не можаце даць маркi або нават i наклеiць iх? Ганяеце людзей ад аднаго акна да другога.
- Не магу, бо не паложана. У мяне i марак нават няма. Я толькi прымаю пiсьмы. I не чапiцеся да мяне ненаведама праз што!
- Ну i парадачкi! От напiсаць бы на вас у газету!
Хлопец падышоў да майго акна.
- Фiзкульт-прывет, даражэнькая! А можа i вы мяне куды яшчэ пашляце?
Ды я ўжо загадзя падрыхтавала яму марак на два рублi i сорак капеек i цяпер працягнула iх у акенца. Хлопец заплацiў грошы, прыклеiў маркi i яшчэ раз сказаў:
- Фiзкульт-прывет!
I памахаў левай рукой.
"Спартсмен, напэўна", - падумалася мне.
У хлопца на правай руцэ былi забiнтаваны вялiкi i ўказальны пальцы, i ён усё рабiў левай рукой. Я ўзяла ягоны канверт i перадала Зiнаiдзе Нiлаўне. Мiжвольна зiрнула на адрас. Пiсьмо пасылалася ў Маскву, у выдавецтва. "А можа пiсьменнiк? - мiльганула новая думка. - Паэт, га?"
Хлопец адышоўся, але раптам зноў вярнуўся да майго акна.
- Ледзь не забыўся... Бланк можна, даражэнькая? Для тэлеграмы. - Ён азiрнуўся наўкола i, як мне здалося, узрадаваўся, што каля акна нiкога няма. Вiнавата ўсмiхаючыся, ён амаль шэптам сказаў: - Рука вось... паранiў учора. Чамадан рамантаваў. Можа напiшаце, га? Тут усё пра ўсё некалькi слоў. Га?
- Дыктуйце.
I я падрыхтавалася пiсаць.
- Значыць, так, - спяшаючыся, загаварыў ён. - Пiшыце. Орша, Дэпоўская, сто дваццаць тры, Чупраковай Анастасii Гаўрылаўне. Напiсалi? Цяпер тэкст. Выязджаю новую будоўлю, падрабязнасцi пiсьмом. Ёсць?.. Ну i яшчэ: цалую, твой Анфiл. Усё!
На слове "цалую" я пасадзiла кляксу, i тэлеграму прыйшлося перапiсваць.
- Эх, задаў я вам работы, - сумеўся Анфiл. - Але ж ведаеце - мацi. Яна ж непакоiцца.
На гэты раз слова "цалую" напiсалася асаблiва выразна.
- Ну i дзянёчак жа ў мяне сёння - адзiн раз у жыццi такi бывае! На вялiкую будоўлю ўзялi! Экскаватаршчык я, - ахвотна расказваў Анфiл. - На шагаючы разлiчваю трапiць.
- А я думала - вы спартсмен.
- Спартсмен? Што вы! Балельшчык - гэта праўда. Адзiн - нуль у маю карысць!
I ён пайшоў да выхаду лёгкай роўнай хадою, энергiчна махаючы левай рукою.
Я чамусьцi ўздыхнула...
Перад самым заканчэннем майго першага працоўнага дня зноў прыйшоў Гур'янчык.
- Куды ж гэта варта, таварыш Гур'янчык! - накiнулася я на яго. - Што ж гэта такое! Людзi павiнны стаяць там, потым iсцi сюды, стаяць тут, пасля iзноў вяртацца назад, iзноў стаяць. Куды гэта варта?!
Гур'янчык доўга не мог зразумець, што я хачу сказаць. Злуючыся на яго за някемлiвасць, я растлумачыла, што трэба было б зрабiць неяк так, каб людзям не прыходзiлася стаяць па тры разы ў чарзе з-за аднаго пiсьма.
- Добра, падумаем. - Ён паглядзеў на гадзiннiк, асцярожна запытаў: Гэты... студэнт не прыходзiў?
- Не...
- Чакайце, прыйдзе, а як жа! - У голасе Гур'янчыка гучала iронiя. Ён патаптаўся крыху на месцы, адышоў, потым зноў падышоў да майго стала. - Вы вось што... Пакладзiце ў касу. - I, кiнуўшы мне на стол дзве саракоўкi, Гур'янчык кароткiмi сваiмi крокамi выбег за дзверы. Не паспелi дзверы зачынiцца за iм, як я пачула ў акенцы знаёмы голас:
- Ледзь не спазнiўся! Вось... Дзякую вам...
На мой стол побач з манетамi Гур'янчыка ляглi яшчэ дзве.
А потым у акенцы нешта зашамацела, i я ўбачыла букет пахучых руж.
- Ад маёй брыгады! - данеслася з-за кветак. Букет завяз у акне, i таму я нiкога не бачыла. - Ад брыгады токараў завода iмя Кiрава. Пiсямко, прызнаюся, было калектыўнае. Маскоўскiм токарам, абмен вопытам.
- Што ж вы, токары-пекары, у рабочы час па кветкавых магазiнах расхаджваеце? - якраз падышоўшы да мяне, сказала Аўдоцця Паўлаўна.
- А нам працаваць у начную змену.
Букет, нарэшце, пралез, i я ўбачыла ў акенцы ярка-чырвоны, як i ружы, гальштук. Токар памахаў мне рукой i знiк.
Напэўна, гэта нядобра - прымаць на рабоце ружы?.. Але згадзiцеся самi: хiба ж дзяўчына можа адмовiцца ад кветак?..
...На галоўнай магiстралi нашага горада - шумна. Туды i назад iдуць людзi, бягуць аўтамашыны. Перашэптваюцца аб нечым лiпы.
Я iду не спяшаючыся, павольна. Iду дамоў. З работы.
Правай рукой прыцiскаю да грудзей букет. Адчуваю, што на яго многiя заглядаюцца.
I раптам з правага боку чую моцны мужчынскi голас:
- Алё, даражэнькая! Фiзкульт-прывет!
Так, гэта быў ён, экскаватаршчык Анфiл! Хiба я магла не пазнаць яго! Анфiл шырока ўсмiхаўся, увесь твар яго ззяў радасцю. Мiжвольна заўсмiхалася i я.
- Ну як? - спытала я, i сама здзiвiлася, што звярнулася да яго, як да старога знаёмага.
- Парадачак! - трасянуўшы сваiмi каштанавымi валасамi, прагаварыў экскаватаршчык. - Бiлет - вось ён, у кiшэнi. Цягнiк адыходзiць праз сорак хвiлiн. Пажадайце мне нi пуху нi пяра! - I ён хутка пакрочыў наперад, лёгка несучы левай рукой жоўты фанерны чамаданчык.
Але вось ён азiрнуўся, глянуў на мяне. Паставiўшы свой чамаданчык на асфальт, пачаў нешта шукаць у кiшэнях. Анфiл завiхаўся, але не мог знайсцi, што хацеў, бо шукаць левай рукой было нязручна. Я падышла да яго.
- Вось! - узрадавана сказаў ён, выняўшы, нарэшце, нейкi лiсток паперы, i падаў яго мне. - Вось. Гэта - адрас. Аддзел кадраў нашай будоўлi. Пiшыце! Могуць узяць, а што вы думаеце! Пiшыце!
Экскаватаршчык падхапiў свой чамаданчык i павярнуў на другую вулiцу.
Калi я выйшла на рог вулiцы, Анфiла ўжо не было вiдаць. Туды i назад iшлi людзi. Адны спяшалiся, другiя крочылi павольна.
У кожнага сваё.
Вось i скончыўся мой першы дзень. Заўтра я зноў буду прадаваць маркi. Каму ж прыйдзецца заўтра ўручаць iх?..
Я ведаю каму. Прыходзьце, маё акно - сёмае.
1952 г.