Анатоль Грыцкевіч

1612 год у гісторыі Расіі

...і яго тлумачэнне расійскімі палітыкамі і гісторыкамі

...сапраўдную гісторыю таго часу мы ні

ад расійскіх гісторыкаў і кінематаграфістаў,

ні тым больш ад палітыкаў не пачуем

і праўдзівых твораў не пабачым...

У апошнія гады ў Расіі ўлада і палітычныя дзеячы ўсё больш звяртаюцца да гістарычных падзей далёкага мінулага, каб падмацаваць свае пазіцыі і апраўдаць сваю па-ранейшаму імперскую палітыку.

Адной з такіх тэм з’яўляюцца гістарычныя падзеі, звязаныя з перыядам Смуты ў Маскоўскім царстве на пачатку XVII стагоддзя са зменай ва ўладзе цароў і самазванцаў і ўсеагульнага рабавання Расіі самімі расейцамі (маскоўцамі).

Паколькі савецкія гісторыкі абапіраліся на класавую барацьбу народа супраць эксплуататараў “працоўнага народа” (тады гэта сяляне), то тэрмін Смута не ўжывалі, а бачылі маторам падзей масавы народны рух, і перш за ўсё сялянскую вайну пад кіраўніцтвам Івана Балотнікава. Умяшанне ў падзеі ў Расіі ў гэты час Рэчы Паспалітай (вайна 1609-1618 гг.) разглядалася савецкімі і разглядаецца расійскімі гісторыкамі як польская або польска-літоўская інтэрвенцыя. Гэтыя ж гісторыкі называлі і называюць захоп маскоўскімі войскамі беларускіх і ўкраінскіх земляў з іх пункту гледжання “вызваленнем брацкіх народаў” (альбо інакш адзінага рускага народу) ад чужаземных захопнікаў.

Доўгі час падзеі 1612 года не краналі расійскіх палітыкаў. Але на пачатку XXI стагоддзя тагачасны расійскі прэзідэнт, а цяперашні прэм’ер-міністр, Уладзімір Пуцін успомніў і пра гэтую дату. Праводзячы агрэсіўную палітыку ў дачыненні да суседніх краін, расійскае кіраўніцтва вырашыла выкарыстаць дату вызвалення Крамля ад іншаземнага гарнізона (дарэчы, запрошанага ў Маскву самімі маскоўскімі баярамі ў 1610 г.), каб замацаваць гэтыя падзеі ў свядомасці расіян як дзяржаўнае свята антыпольскага характару, бо якраз у гэты час пагоршыліся адносіны паміж урадамі Расіі і Польшчы ў сувязі з уступленнем Польшчы ў НАТО і Еўразвяз.

Восенню 2004 года кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай царквы, якое знаходзіцца пад поўным кантролем расійскай дзяржаўнай улады (і хіба па падказцы расійскага палітычнага кіраўніцтва), звярнулася да ўраду Расійскай Федэрацыі з ініцыятывай змяніць тады яшчэ расійскае дзяржаўнае свята 7 лістапада на іншы дзень, блізкі па часе. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II прапанаваў дзень 4 лістапада як дзень заканчэння Смуты ў Расійскім царстве ў 1612 годзе, матывуючы гэта тым, што якраз у гэты дзень Масква была вызвалена расійскім апалчэннем ад польска-літоўскіх інтэрвентаў. Патрыярх прапанаваў абвясціць гэты дзень святам - Днём народнага адзінства, а 7 лістапада пакінуць ужо не святочным, а звычайным рабочым днём тыдня.

Сапраўды ж 4 лістапада з’яўляецца царкоўным святам цудатворнай іконы Казанскай Божай Маці, якую вельмі шануе праваслаўная царква. У выніку ініцыятыва была прынята і часам прыняцця адпаведнага закона Дзяржаўнай думай і Саветам федэрацыі, падпісанага прэзідэнтам Расіі, дата свята 4 лістапада была прынята і з 2005 г. стала адзначацца як Дзень народнага адзінства.

Для падмацавання святочнай даты мастацкімі сродкамі быў хутка падрыхтаваны фільм “1612 год”, у якім паказана ў лепшых патрыятычных пазіцыях савецкага кіно гісторыя гераічнага змагання рускіх воінаў з “польскімі захопнікамі” (якія, дарэчы, нават гавораць па-польску, праўда, чамусьці з рускім акцэнтам).

Прымітыўная, прапагандысцкая ідэя фільма “1612 год” - “нашыя героі” і “захопнікі-ворагі” - вельмі нагадвае бяздарныя савецкія фільмы па гістарычнай тэматыцы і мае сваю мэту - распальваць сярод расіянаў шавінізм і варожасць да прадстаўнікоў іншых, “варожых” народаў у гэты важны для расійскіх палітыкаў момант. Такім чынам, у масавай свядомасці расіянаў павінна стварыцца ўражанне пра сапраўды народнае адзінства таго часу і перамогу над “польскімі захопнікамі”, якіх самі маскоўскія баяры запрасілі ў Крэмль за два гады да таго...

СМУТА

Пачатак XVII стагоддзя ў Расіі быў часам палітычнага і эканамічнага крызісу, які ахапіў усю дзяржаву. Гэты перыяд быў вынікам жудаснага панавання Івана Грознага (Жахлівага), панічна неўраўнаважанага цара, які праводзіў масавыя рэпрэсіі сярод ўсіх сацыяльных пластоў насельніцтва - ад баяраў да сялянаў. Асабліва жорсткія рэпрэсіі праводзіліся гвардыяй цара - апрычнікамі з абсалютным правам рабавання і пакарання ўсіх падазроных асобаў без ўсялякіх доказаў. Расійскі афіцыйны гісторык М. М. Карамзін (сучаснік А. С. Пушкіна) налічыў шэсць хваляў масавых рэпрэсій часоў Івана Грознага. Эканоміка Расіі пацярпела за гэты час настолькі, што многія землі вярнуліся ў сельскагаспадарчы зварот толькі праз сто гадоў пасля смерці гэтага цара.

3-за таго, што, баючыся страціць уладу, цар Іван Жахлівы пазабіваў амаль усіх сваіх бліжэйшых сваякоў (нават старэйшага сына царэвіча Івана), пасля смерці Івана IV у 1584 г. засталіся толькі двое яго сыноў - Фёдар і маленькі Дзмітрый. Царом маскоўскім стаў Фёдар (1557-1598), у якога сыноў не было і які быў абмежаваным чалавекам. За яго царствам кіраваў брат жонкі Фёдара, баярын Барыс Гадуноў. У 1591 г. пры нявысветленых абставінах быў забіты 7-гадовы царэвіч Дзмітрый, і спадкаемцаў у цара не засталося. Таму пасля смерці цара Фёдара Іванавіча у 1598 г. наступіў дынастычны крызіс. У Расіі не засталося мужчынскіх нашчадкаў маскоўскага вялікага князя Івана I Каліты (XIV ст.). Барыс Гадуноў умела арганізаваў сваё абранне царом Маскоўскім і Усяе Русі.

Аднак супраць яго выступіла маскоўская баярская апазіцыя, бо лічыла яго не баярскім, а дваранскім царом, і не магла дараваць яго дзейнасць у апрычніне. Гадуноў адказаў на гэта новымі рэпрэсіямі. Маскоўскія баяры падрыхтавалі планы звяржэння ненавіснага цара, палітыка якога сустракала таксама супраціў гараджанаў і сялянаў. Адзін з планаў маскоўскага баярства палягаў на тым, каб аб’яднаць Маскоўскае царства з Рэччу Паспалітай шляхам ўваходу дзяржавы ў склад Рэчы Паспалітай як чальца федэрацыі. Гэты план аб’яднання дзяржаваў прывёз на перамовы ў Маскву ў 1600 г. на чале пасольства канцлер вялікі літоўскі Леў Іванавіч Сапега, і маскоўскім баярам ён спадабаўся. Паводле гэтага праекта дзяржаўнай уніі, маскоўскія баяры і дваране маглі пераязджаць у Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу і набываць там маёнткі. Можна было свабодна жаніцца з мясцовымі жанчынамі і дзяўчынамі з правам уласнасці на землі жонак. Маскоўскім баярствам (а не толькі панамі, як пішуць савецкія і паслясавецкія гісторыкі) быў падрыхтаваны свой кандыдат у цары, які ўвайшоў у гісторыю як Ілжэдзмітрый (каля 1581-1606), які выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, які быццам бы пазбег смерці ва Углічы (дзе быў забіты царэвіч Дзмітрый).

Асоба Ілжэдзмітрыя I не высветлена. кнуе версія, што ён - збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Па іншай версіі - сапраўды сын Івана Грознага, але няшлюбны (таму і трымаўся ўпэўнена, як царскі сын). Ілжэдзмітрыя I падтрымлівалі баяры Раманавы, Чаркаскія і інш., і нават патрыярх. Паводле іншых звестак яго падтрымліваў Леў Сапега.

Каб захаваць свайго кандыдата на царскі пасад маскоўскага цара, баярская апазіцыя перакінула яго ў Рэч Паспалітую, між іншым у Брагін, дзе ў 1603 г. яго падтрымаў уладальнік горада праваслаўны князь Адам Вішнявецкі. У 1604 г. з дапамогай караля польскага (і вялікага князя літоўскага) Жыгімонта Вазы і некаторых магнатаў з набраным войскам з беларускай, украінскай і польскай шля­хты, рускіх дваранаў, казакоў і ўдзельнікаў сялянскіх паўстанняў Iлжэдзмітрый I авалодаў паўднёвай і паўднёва-заходняй часткай Маскоўскай дзяржавы, заняў Маскву і ў ліпені 1605 г. быў каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Ён адмовіў Рэчы Паспалітай у яе прэтэнзіях на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за патрымку яго выступлення. Баярам Ілжэдзмітрый I стаў непатрэбны пасля таго, як была скінута і ліквідавана дынастыя Гадуновых. Таму ў маі 1606 г. ён быў забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з князем В. I. Шуйскім падчас народнага паўстання ў Маскве, падрыхтаванага гэтымі баярамі. Царом быў абвешчаны Васіль Іванавіч Шуйскі. Новы цар даў крыжацалавальную грамату, якой гарантаваў баярству захаванне ўсіх яго прывілеяў.

Шырокія масы сялян і гараджан, частка дваранства выступілі супраць новага цара і яго палітыкі закабалення сялян і халопаў. Улетку 1606 г. у раёне Пуціўля пачалося паўстанне, асноўнай сілай якога былі халопы і сяляне, і ў якім удзельнічалі гараджане, стральцы, казакі, дваране. Кіраваў паўстаннем Іван Балотнікаў, які заклікаў да звяржэння цара Васіля Шуйскага і аднаўлення ўлады цара Дзмітрыя. Армія Балотнікава дайшла да Масквы, але ўзяць яе не здолела. У кастрычніку 1607 г. войскі цара Васіля Шуйскага ўзялі Тулу, дзе абараняліся галоўныя сілы Балотнікава. Кіраўнікі паўстання былі забітыя, як і шмат паўстанцаў. Астатнія разышліся асобнымі казацкімі атрадамі па Расіі, рабуючы насельніцтва.

Іван Балотнікаў абвяшчаў сябе ваяводам цара Дзмітрыя. А хутка з’явіўся і сам цар, які выдаваў сябе за Ілжэдзмітрыя (цара Дзмітрыя). Гэта быў ужо стаўленнік не маскоўскага баярства, а Рэчы Паспалітай і расійскіх дваранскіх і казацкіх колаў Расіі. Асоба яго таксама не высветлена. Магчыма, ён быў набліжаным Ілжэдзмітрыя I. Ёсць звесткі, што ён быў настаўнікам у Магілёве. Паводле іншых звестак - настаўнікам у Шклове. Улетку 1607 г. Ілжэдзмітрый II з’явіўся ў Старадубе. 3 атрадамі шляхты і данскіх казакоў зімой 1608 г. прыйшоў у Арол, улетку 1608 г. падышоў да Масквы, заняў сяло Тушына (адсюль мянушка “Тушынскі злодзей”), дзе сфармаваў урад з баяраў і дваранаў-перабежчыкаў. Мітрапаліта Растоўскага Філарэта (бацьку Міхаіла Раманава) ён прызначыў Патрыярхам Маскоўскім і Усяе Русі. У Расіі стала два цары, дзве баярскія думы і два патрыярхі - у Маскве і ў Тушыне. Ва ўрад у Тушыне ўвайшлі рускія баяры - Раманавы і іх сваякі князі Чаркаскія, Трубяцкія і Сіцкія. Але Тушынскі лагер фактычна ўзначальвалі беларускія і ўкраінскія военачальнікі Ян Пётр Сапега (сваяк Льва Сапегі), М. Ражынскі, А. Лісоўскі. Да восені 1608 г. Ілжэдзмітрый II кантраляваў раёны на поўнач, усход і паўночны захад ад Масквы. У Маскоўскай дзяржаве было няўстойлівае становішча (як тады называлі “Смута”).

У гэтых умовах цар Васіль Шуйскі, каб пазбавіцца суперніка, хацеў заключыць дагавор з польскім каралём Жыгімонтам, але баярская апазіцыя ў Маскве, жадаючы пазбавіца ад В. Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону сыну караля, каралевічу Уладзіславу Жыгімонтавічу (як яго звалі ў Польшчы па беларускамоўнаму ўзору).

Тады цар Васіль Шуйскі заключыў саюз са Швецыяй, і з поўначы ў Расію быў уведзены шведскі корпус на чале з Я. Дэлагардзі. Разам з войскам пляменніка цара, князя М. В. Скопіна-Шуйскага расійска-шведскае войска паступова ачышчала тэрыторыю Паўночнай Расіі ад атрадаў тушынцаў. Зразумела, што падчас ваенных дзеянняў усе арміі рабавалі насельніцтва.

ВАЙНА

Узнік план увогуле далучыць Расію да Рэчы Паспалітай, а агульным каралём і царом захацеў стаць сам Жыгімонт, і таму ён не адпускаў у Маскву юнака-сына.

Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне шведскіх войск на тэрыторыю Расіі для барацьбы з атрадамі Ілжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт быў у стане вайны са Швецыяй (раней ён быў і каралём Швецыі, але быў там пазбаўлены трону шведскай шляхтай на карысць яго роднага дзядзькі), то ўвядзенне каралеўскіх шведскіх войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаў як варожы акт.

Сабраўшы грошай і набраўшы войска, Жыгімонт абвясціў вайну Расіі і сваёй арміяй пачаў наступ. У войска ўвайшлі і 12 пяхотных выбранецкіх рот Вялікага Княства Літоўскага (10 з іх беларускія). Да войска далучыліся польскія, беларуска-літоўскія і ўкраінскія атрады, адкліканыя з-пад Тушына. У верасні 1609 г. пачалася аблога Смаленска. Першымі да горада падышлі атрады Льва Сапегі, потым польскага гетмана польнага (палявога) С. Жулкеўскага. Аблогай кіраваў сам кароль, але толькі ў чэрвені 1611 г. Смаленск быў узяты.

У выніку распаду лагера Ілжэдзмітрыя II, які ўцёк у Калугу, тушынскія баяры і дваране не пайшлі на замірэнне з Васілём Шуйскім (а ён з імі), а накіравалі сваё пасольства пад Смаленск да Жыгімонта. Пасля перамоваў гэтае пасольства на чале з Міхаілам Салтыковым, князем Васілём Масальскім і іншымі, якія ад імя Тушынскага патрыярха Філарэта (Раманава) прапанавалі кандыдатуру каралевіча ў цары, падпісалі дагавор у лютым 1610 г. аб абранні царом 15-гадовага Уладзіслава, а кароль на гэта даў згоду. Уладзіслаў павінен быў дзяліць уладу з баярскай думай.

На дапамогу абложанаму Смаленску пайшло вялікае маскоўскае войска на чале з братам цара князем Дзмітрыем Шуйскім, хіба адным з самых бяздарных расійскіх палкаводцаў (дзеля яго прызначэння камандуючым жонка Д. Шуйскага атруціла ягонага пляменніка М. Скопіна-Шуйскага). 24 чэрвеня (4 ліпеня) 1610 г. адбылася бітва каля сяла Клушына пад Гжацкам (цяпер горад Гагарын). У складзе войска С. Жулкеўскага было 6325 чалавек конніцы, 200 пяхоты і 4 невялікія гарматы. Войска С. Жулкеўскага складалася з польскіх і беларускіх коннікаў і ўкраінскіх казакоў. У рускім войску Дз. Шуйскага было 35 тысяч чалавек, сярод якіх 5 тысяч складалі наёмнікі-шведы, французы і немцы. Але перад бітвай Дз. Шуйскі ім абяцанай сумы не заплаціў, разлічваючы, што ў бітве частка з іх загіне, а іх грошы ён забярэ ў сваю кішэню. Тады частка наёмнікаў адмовілася змагацца.

Пяць гадзін цягнулася бітва войска С. Жулкеўскага з маскоўскім войскам, і невялікае войска (у чатыры разы меншае) перамагло. Маскоўскія атрады пачалі ўцякаць, а потым уцяклі ўсе, пакінуўшы наёмнікаў. Маскоўскае войска страціла забітымі і палоннымі 15 тысяч чалавек, а астатнія разбегліся па сваіх дамах. Частка наёмнікаў перайшла на службу да караля, частка адпушчана па дамах. Пераможцы разрабавалі маскоўскі лагер і забралі ўсе боезапасы і іншыя рэчы.

Паражэнне расійскага войска было настолькі ганебным, што ў Маскве адбыўся дзяржаўны пераварот. Цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона і пастрыжаны ў манахі. Быў створаны баярскі ўрад (“сямібаяршчына”) на чале з князем Ф. М. Мсціслаўскім (унукам апошняга мсціслаўскага ўдзельнага князя).

Карыстаючыся паражэннем царскага войска пад Клушынам, Ілжэдзмітрый II зноў падышоў да Масквы. 3 другога боку да Масквы набліжаўся гетман С. Жулкеўскі, на бок якога пераходзілі царскія войскі і гарады. У самой Расіі гарады прысягалі на вернасць Сямібаяршчыне ў Маскве. Частка баяраў і дваранаў ехала ў польскі лагер пад Смаленск да караля Жыгімонта, каб служыць будучаму цару Уладзіславу. Жыгімонт ужо раздаваў маёнткі ад імя сына рускім баярам і дваранам, то было для чаго ехаць туды. Такім чынам, у Расіі тады мелася некалькі ўрадаў.

Маскоўскія баяры вельмі баяліся Ілжэдзмітрыя II, які абяцаў (і рабіў гэта на справе) пераразмеркаванне зямельнай маёмасці. Таму кандыдатура гэтага цара была для іх непрымальнай. Найбольш адпавядаў ім Уладзіслаў Жыгімонтавіч (як яго называлі ўжо ў Маскве). Здавалася, што пры ім будзе наведзены парадак і гарантаваныя правы на баярскую і дваранскую маёмасць. Ён таксама мусіў разагнаць шматлікія банды расійскіх казакоў, польскіх і беларускіх авантурыстаў, якія, карыстаючыся анархіяй, рабавалі насельніцтва.

Улетку 1610 г. Масква зноў апынулася ў блакадзе: у Каломенскім стаяў Ілжэдзмітрый II, у Мажайску - гетман С. Жулкеўскі. У канцы ліпеня Жулкеўскі ўжо падышоў да Масквы. Князю Ф. Мсціслаўскаму і іншым баярам С. Жулкеўскі прапанаваў ад імя караля ўсе тыя вольнасці, што мелі магнаты і шляхта ў Рэчы Паспалітай - без канфіскацый маёнткаў і смяротных пакаранняў без суда. Баяры з радасцю прынялі умовы.

Перамовы маскоўскіх баяраў з С. Жулкеўскім скончыліся дамовай, заключанай 17 жніўня 1610 года (паводле старога стылю). Уладзіслаў Жыгімонтавіч абвяшчаўся маскоўскім царом, а баяры і ўсе жыхары Масквы ўрачыста прынялі прысягу новаму цару Уладзіславу ў адмысловых шатрах і ва Успенскім саборы. Па гарадах Расіі былі разасланыя граматы з наказам прысягаць Уладзіславу. Частка гарадоў прыняла прысягу каралевічу, а частка падтрымала Iлжэдзмітрыя II. Каралевічу была адаслана “крыжацалавальная грамата” з подпісамі баяраў і верхавіны гараджан.

Каб забяспечыць сябе ад Ілжэдзмітрыя II, баяры запрасілі войска С. Жулкеўскага ў Маскву, куды яно і ўвайшло ў верасні 1610 г. Разам з гэтым войскам у Маскву ўвайшлі і расійскія войскі, што падтрымлівалі новага цара Уладзіслава, былыя тушынцы на чале з Міхаілам Салтыковым, князем Васілём Масальскім, Міхаілам Малчанавым і іншымі.

Прыбыццё польска-беларускага войска і расійскага гарнізона вымусіла Ілжэдзмітрыя II адступіць у Калугу.

ПРАЦЯГ ВАЙНЫ

Заняцце Масквы польска-беларускім войскам рэзка змяніла сітуацыю ў Расіі. Змянілася і палітыка караля Жыгімонта. Ён цяпер ўсё больш схіляўся да дзяржаўнай уніі з Расіяй, г. зн. уключэння ў Федэрацыю Польшчы і Беларуска- Літоўскай дзяржавы яшчэ і Расіі, зразумела, на чале з самім Жыгімонтам. Так кароль з-за сваіх асабістых амбіцый пахаваў баярскі праект заняцця маскоўскага царскага пасада Уладзіславам з устанаўленнем больш ліберальнага, у параўнанні з парадкамі Івана Жахлівага, ладу кіравання.

У снежні 1610 г. адпала і кандыдатура Ілжэдзмітрыя II. Ён быў забіты ля Калугі служылымі татарамі за тое, што загадаў забіць татарскага касімаўскага цара (удзельнае ханства на ўсход ад Разані). Цяпер былых тушынцаў яднала кандыдатура маленькага сына Ілжэдзмітрыя і Марыны Мнішак - цара Івана Дзмітрыевіча.

Яшчэ да ўвядзення ў Маскву войска С. Жулкеўскага польскі гетман арганізаваў пасольства ад маскоўскіх баяраў пад Смаленск да караля. Па настойванні С.Жулкеўскага маскоўскае пасольства ўзначалілі самыя ўплывовыя дзеячы князь В. В. Галіцын (які сам мог быць прэтэндэнтам у цары) і былы тушынскі патрыярх, а цяпер зноў мітрапаліт Філарэт (у міры Фёдар Раманаў). У склад пасольства былі ўключаны 1200 чалавек (амаль уся палітычная эліта Масквы і Расіі). Пасля ад’езда пасольства ад’ехаў і сам С. Жулкеўскі, пакінуўшы ў Маскве кіраўніком гарнізона (а фактычна гаспадаром) Аляксандра Гасеўскага. Ад’язджаючы з Маск­вы, Жулкеўскі ўзяў з сабою былога цара Васіля Шуйскага з двума яго братамі (усе яны памерлі ў польскім палоне).

Перагаворы пад Смаленскам паказалі, што Жыгімонт сам хоча сесці царом у Маскве, а таму не адпускае ў Маскву сына. Перамовы скончыліся нічым, і ўсіх паслоў адправілі ў Польшчу як палонных.

Урэшце 3 (13) чэрвеня 1611 г. польска-беларускае войска разам з украінскімі казакамі ўзяло Смаленск. У Маскву былі накіраваныя некаторыя расійскія дзеячы, якія атрымалі ад Жыгімонта маёнткі, і пачалі агітаваць за Жыгімонта. З іх быў створаны расійскі ўрад, што замяніў семібаяршчыну, але фактычна кіравалі Гасеўскі з Салтыковым. Урад падтрымліваў баяраў, але парушаў эканамічныя інтарэсы дваранаў і сялянаў. Гэта выклікала супраціўленне ў значнай колькасці расіян.

Патрыярх Маскоўскі Гермаген адмовіўся прызнаць царом Жыгімонта і заклікаў пачаць барацьбу “супраць літоўскіх людзей” (большасць акупантаў складалі беларуская шляхта і вайсковыя людзі). Яго пасадзілі ў вязьніцу, дзе ён пазней і памёр. У сакавіку 1611 г. у Маскве выбухнула паўстанне, якое скончылася паражэннем.

На пачатку красавіка 1611 г. да Масквы падышло першае апалчэнне рускіх дваранаў, стральцоў, казакоў і халопаў для вызвалення Масквы. Беларуска-польскія акупанты заселі ў Крамлі і Кітай-горадзе - умацаваных крэпасцях унутры горада. Аднак паміж кіраўнікамі першага апалчэння Пракопіям Ляпуновым (дваранства), князем Дз. Трубяцкім (тушынскім баярынам) і I. Заруцкім (казацтва) не было згоды. Дваране не хацелі адмаўляцца ад прыгонніцкай сістэмы, а казакі (большасць з халопаў і збеглых сялян) не хацелі вяртацца да старога ладу. Пачаліся сутычкі паміж дваранамі і казакамі. 22 ліпеня (1 жніўня) 1611 г. падчас бунту П. Ляпуноў быў забіты казакамі. Пасля гэтага дваране раз’ехаліся, а Трубяцкой і Заруцкі прынеслі прысягу Івану, сыну Iлжэдзмітрыя II і яго маці - “царыцы Марыне Юр’еўне ўсяе Русі”.

Пасля распаду першага апалчэння смута працягвалася. Галава баярскай думы князь Мсціслаўскі разаслаў граматы, у якіх пераконваў народ не далучацца да Трубяцкога і Заруцкага, а падпарадкавацца Жыгімонту і Уладзіславу. Самі сябе яны называлі “баярамі цара Уладзіслава”.

У ніжнім Ноўгарадзе восенню 1611 г. пачало фарміравацца другое апалчэнне на чале з князем Дзмітрыем Пажарскім як галоўным ваяводам і Кузьмой Мініным, земскім старастам у Ніжнім Ноўгарадзе, які больш займаўся гаспадарчымі справамі, але таксама камандаваў атрадамі. Мэтай апалчэння было вызваленне Расіі ад чужаземцаў і абранне на Земскім сборы новага цара. У склад апалчэння запісваліся дваране, частка казакоў, гараджане, сяляне.

У сакавіку 1612 г. апалчэнне выступіла з Ніжняга Ноўгарада “супраць польскіх і літоўскіх людзей”, але адразу на Маскву не пайшло, пакуль што другое апалчэнне падтрымлівалася толькі цывільнымі і царкоўнымі ўладамі Ніжняга Ноўгарада. Ды і пазіцыя казацтва была варожай. Таму апалчэнне павярнула на Яраслаўль, які яно заняло на пачатку красавіка 1612 г. Атрады другога апалчэння вялі барацьбу не толькі з інтэрвентамі, але і з казацкімі атрадамі Трубяцкога і Заруцкага.

Спачатку Пажарскі хацеў склікаць Земскі сабор для выбара цара ў Суздалі ці ў Яраслаўлі ў адсутнасці казакоў і ўсёй баярскай эліты, што была або ў Маскве, або ў палоне ў Польшчы. Тады царом быў бы абраны ён як прадстаўнік дынастыі Рурыкавічаў. Аднак Трубяцкой і Заруцкі сарвалі гэты план, заняўшы некалькі гарадоў. Пачынаць барацьбу с Жыгімонтам і з казакамі было бессэнсоўна. Таму кіраўніцтва другога апалчэння стварыла ў Яраслаўлі часовы ўрад - Савет усяе зямлі, які стварыў новыя дзяржаўныя кіраўнічыя структуры. У Яраслаўлі апалчэнне прабыло да ліпеня 1612 г. У гэты час вяліся перамовы з казацкімі правадырамі Дз. Трубяцкім і I. Заруцкім, каб унікнуць сутыкнення.

Сітуацыя змянілася, калі надышлі звесткі, што на Маскву ідзе беларуска- польскае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Янам Каралем Хадкевічам. Кіраўнікі другога апалчэння князь Дзмітрый Пажарскі і Кузьма Мінін - былі вымушаны змяніць планы (у т. л. абранне царом Дзмітрыя Пажарскага) і ісці на Маскву, каб увогуле яе не страціць. А пад Масквой прыходзілася дамаўляцца з казакамі аб сумеснай барацьбе супраць інтэрвентаў і ісці ім на ўступкі.

Пасля падыходу да Масквы атрадаў другога апалчэння у жніўні 1612 г. Заруцкі са сваімі казакамі адышоў у Каломну. Князь Трубяцкой з першага апалчэння застаўся са сваімі казакамі на месцы, але актыўных дзеянняў не вёў. У жніўні другое апалчэнне заняло пазіцыі вакол Масквы і частку горада. Становішча беларуска-польскага гарнізона ў Маскве было цяжкім: харчавання не хапала, гарнізон не атрымоўваў платы за службу і хацеў пакінуць Маскву. Але грошы кароль абяцаў выплаціць, а харчаванне вёз гетман Хадкевіч, войскі якога 21 (31) жніўня 1612 г. знаходзіліся ў 5 вёрстах ад Масквы, на Паклоннай гары. Атрады першага і другога апалчэння, якія аб’ядналіся супраць інтэрвентаў, былі значна большымі, чым войска Хадкевіча.

На наступны дзень Хадкевіч заняў падмаскоўны тады Новадзевічы манастыр і спрабаваў увайсці ў Маскву з захаду праз Чартольскую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсці да вуліц Большая Ардынка і Пятніцкая. Спроба прарвацца да Крамля і Кітай-горада, дзе засеў гарнізон, не ўдалася. 23 жніўня (2 верасня) Хадкевіч узнавіў атакі. Яго жаўнерам удалося дайсці амаль да самай Масквы-ракі, але рускія апалчэнцы да ракі іх не дапусцілі. У выніку атакі атрада К. Мініна жаўнерам Хадкевіча прыйшлося адступіць.

УЗЯЦЦЕ КРАМЛЯ

У жніўні Аляксандру Корвін-Гасеўскаму са сваім атрадам удалося пакінуць Маскву. Частка гарнізона ў Крамлі і Кітай-горадзе была заменена. Камандаваць гарнізонам застаўся палкоўнік Мікалай Струсь (шляхціц з Падоліі), ён жа і камандзір аднаго з палкоў. Двума другімі палкамі, пераважна з беларусаў, камандавалі беларускія шляхціцы Язэп (Юзаф) Будзіла, які меў ганаровы тытул харунжага Мазырскага, і Эразм Стравінскі (род паходзіў з Менскага і Мсціслаўскага ваяводстваў). Такім чынам, польскі элемент у крамлёўскім гарнізоне быў значна меншы, чым беларускі. Большасць гарнізону складалі беларусы. На другім месцы па колькасці былі немцы, на трэцім - французы, на чацвёртым - палякі. Так што вызваленне Крамля было не ад палякаў, а ад беларусаў і дапаможнага ім інтэрнацыяналу. Гарнізон налічваў 1,5 тысячы чалавек. Масква была ўжо занята апалчэнцамі Пажарскага і Трубяцкога.

Акупацыйнае войска ў кастрычніку адступіла ў Крэмль, пасля ўзяцця рускімі Кітай-горада 22 кастрычніка (1 лістапада) 1612 года. У Крамлі гарнізон пратрымаўся яшчэ некалькі дзён, нягледзячы на страшэнны голад.

Камандаванне гарнізона Крамля, па дамоўленасці з князем Д. Пажарскім, выпусціла з Крамля рускіх жанчын - жонак баяраў, дваран і іншых рускіх людзей з ураду “цара Уладзіслава Жыгімонтавіча”, а да таго баяраў і іншых з Тушынскага лагера.

Нягледзячы на пагрозы казакоў з першага апалчэння, што яны заб’юць князя Дзмітрыя Пажарскага, які не дазволіў ім рабаваць і гвалтаваць баярынь і іншых рускіх жанчын, Д. Пажарскі сам прыняў ля адной з крамлёўскіх брам жанчын і ўзяў іх пад сваю апеку.

Потым зусім згаладалы гарнізон згадзіўся на капітуляцыю з умовай захаваць жыццё палонным. Спачатку 27 кастрычніка (6 лістапада), выпусцілі з Крамля рускіх баяраў, што супрацоўнічалі з акупантамі. Сярод баяраў былі князі Фі. Мсціслаўскі, I. М. Варатынскі, баярын Іван Мікітавіч Раманаў з 15-гадовым пляменнікам Міхаілам Фёдаравічам Раманавым (якога Земскі сабор Расіі ў лютым 1613 г. абраў царом). Разам з сынам выйшла яго маці Ксенія Іванаўна (якую за дванаццаць гадоў да таго цар Барыс Гадуноў загадаў пастрыгчы ў манахіні пад імем Марфа). Былі адпушчаны і іншыя баяры і дваране. Казакі прыбеглі і хацелі іх забіць, але апалчэнцы адстаялі баяраў і іншых рускіх людзей. Казакі толькі паспелі сарваць з некаторых з іх адзенне і абрабаваць. Д. Пажарскі прыняў баяраў з “вялікім гонарам”.

На наступны дзень, 28 кастрычніка (7 лістапада) 1612 года, капітуляваў гарнізон Крамля. Язэп Будзіла выйшаў са сваім палком праз Траецкую браму да войска Д.Пажарскага, а М. Струсь з іншымі жаўнерамі - праз некалькі брам на Красную плошчу - да казакоў Трубяцкога. Жаўнеры Я. Будзілы засталіся цэлымі, а на Краснай плошчы жаўнераў, пасля таго, як тыя склалі зброю, абрабавалі, шмат каго забілі. Сведка гэтых падзей запісаў: “По взятии же царствующего града Москвы многих литовских людей посекли,а больших панов по темницам засадили”.

Як бачым, дзень 4 лістапада як дзень народнага адзінства не адпавядае гістарычным фактам і падзеям. Вызваленне Крамля адбылося 7 лістапада, але расійскія ўлады не пайшлі на перайменаванне свята ў гэты дзень. У выніку дзяржаўнае свята Расіі аказалася штучным і фальшывым. Гады два таму газета “Новые из­вестия” зрабіла апытанне сярод чытачоў: “Калі вы святкуеце: 4 ці 7 лістапада?” і атрымала праз інтэрнет адказ: “П’ем і 4 лістапада, і 7 лістапада”.

ЗНОЎ ВАЙНА...

Пасля ўзяцця Масквы апалчэннем К. Мініна і Д. Пажарскага Смута ў Расіі працягвалася. Яшчэ дзейнічалі казацкі атрады, што былі прыхільнікамі царыцы Марыны (Мнішак) і яе маленькага сына Івана. Яны не прызналі выбар цара Міхаіла Раманава. У 1614 годзе Марына з сынам былі схопленыя. 3-гадовы хлопчык быў павешаны, а Марына памерла ў турме.

Уладу ў Маскве пасля яе вызвалення зноў узяла “сямібаяршчына” (за выключэннем двух яе ўдзельнікаў), якая ў 1610 г. капітулявала перад польска-беларускім войскам. У лютым 1613 г. на Земскім саборы ў Маскве разгарнулася барацьба за кандыдатуры на царскі пасад. Расійскі гісторык В. О. Ключэўскі адзначыў, што па саборы былі рознагалоссі, падкопы, інтрыгі і подкуп. Нават князь Дзмітрый Пажарскі з дапамогай грошай хацеў, каб яго выбралі царом.

Аднак справу вырашылі казакі: “Галоўнае апірышча самазванства, казацтва, натуральна, хацела бачыць на пасадзе маскоўскім або сына свайго тушынскага цара, або сына свайго тушынскага патрыярха”. В.О. Ключэўскі адзначыў: “... саборнае абранне Міхаіла было падрыхтаванае і патрыманае на саборы і ў народзе цэлым шэрагам дапаможных сродкаў: перадвыбарнай агітацыяй з ўдзелам шматлікай радні Раманавых, ціскам казацкай сілы, тайным дазнаннем у народзе, выкрыкамі сталічнага натоўпу на Краснай плошчы.” Абраны быў 16-гадовы Міхаіл Фёдаравіч Раманаў.

У склад новага ўраду Расіі ўвайшлі сваякі абранага цара. Гэта, акрамя чальцоў сямібаяршчыны, былі прадстаўнікі тушынскага лагера, што рашуча падтрымлівалі Iлжэдзмітрыя II, а пасля яго смерці другога цара - Уладзіслава.

Дарэчы, у дарэвалюцыйных расійскіх падручніках афіцыйна лічылася, што ў 1610-1612 гг. царом Расіі быў Уладзіслаў, бо быў абраны расійскімі баярамі, масквічамі і жыхарамі іншых гарадоў. У савецкіх падручніках царом ён не лічыўся. Таму тыя, хто быў у яго ўрадзе ў Маскве, праз 300 гадоў сталі здраднікамі.

У склад новага ўрада ў Расіі ўвайшлі сваякі цара Міхаіла Раманава па бацькоўскай лініі князь Іван Чаркаскі, Фёдар Шарамецьеў, князь Барыс Лыкаў-Абаленскі, а перш за ўсё дзядзькі цара па матчынай лініі Барыс і Міхаіл Салтыковы. Амаль усе яны былі ўведзены ў склад Баярскай думы і сталі начальнікамі прыказаў (эквівалент міністэрстваў). Дзмітрыю Пажарскаму таксама надалі тытул баярына, а Кузьме Мініну - думнага двараніна (чальца думы). У наступныя гады маскоўскі ўрад разбіў казацкія атрады спачатку на поўдні, а потым і на поўначы Расіі, і ўстанавіў пэўны парадак.

Ніякага поўнага вызвалення Расіі не было. У наступныя гады пасля абрання царом Міхаіла Раманава кароль Жыгімонт ужо сам не прэтэндаваў на царства, а дапамагаў сыну, каралевічу Уладзіславу як маскоўскаму цару заваёўваць землі на ўсходзе, але недахоп грошай не дазволіў сабраць вялікае войска. У 1613 г. маскоўскае войска падышло да Смаленска, але ў красавіку 1614 г. беларуска- літоўскае войска вызваліла горад ад аблогі. У 1615 г. беларуска-літоўскія войскі Януша Кішкі і Аляксандра Лісоўскага зрабілі рэйды адпаведна на Старадуб і Бранск.

У 1617-1618 гадах Уладзіслаў Жыгімонтавіч узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць свой трон. Побач з ім знаходзіўся гетман вялікі літоўскі Ян Кароль Хадкевіч. Гэтае польска-беларускае войска пайшло праз Беларусь на Маскву. Каралевіча падтрымліваў і канцлер Леў Сапега. З Украіны ў напрамку Масквы пайшлі ўкраінскія казакі на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным. Падтрымалі Уладзіслава данскія казакі і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў з часоў паўстання Івана Балотнікава. Уладзіслаў выдаваў дарчыя граматы, у т. л. і сялянам.

Дваранскі ўрад Міхаіла Раманава быў напалоханы. Ён спешна пачаў рыхтаваць войскі. Маскоўскія ваяводы пераходзілі на бок Уладзіслава. Яны здалі яму Дарагабуж і Вязьму. Дарога на Маскву была адкрыта. У кастрычніку 1618 г. Уладзіслаў з захаду, Сагайдачны з поўдня падышлі да Масквы. Але штурм горада вынікаў не даў. Не былі ўзяты таксама Мажайск і Троіцка-Сергіеў манастыр. Вычарпаныя рэсурсы і значныя страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. 1 (11) снежня 1618 года ў сяле Дэўліна было заключанае перамір’е тэрмінам на 14 з паловай гадоў (каб потым узнавіць войска ўлетку, калі цёпла). Умовы Дэўлінскага перамір’я былі цяжкімі для Расіі. Да Вялікага Княства Літоўскага адыходзілі адвечна беларускія (крывіцкія) землі Смаленскага ваяводства (за выключэннем Вязьмы) з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Кароны Польскай - Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў, Лябедзін і Ахтырка на Украіне. Рэч паспалітая абавязалася вярнуць з палону Філарэта - бацьку цара Міхаіла Раманава. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул “цара Маскоўскага і ўсяе Русі”, але Міхаіл Раманаў застаўся на троне. Пытанне аб канчатковым міры было адкладзена.

Філарэт вярнуўся ў Маскву. Цар, вітаючы бацьку, пакланіўся яму да зямлі. 22 чэрвеня 1619 года ў Крамлі цар Міхаіл урачыста прасіў бацьку прыняць сан патрыярха, і бацька згадзіўся. 24 чэрвеня іерусалімскі патрыярх Феафан, які на той час быў у Маскве, асвяціў Філарэта як патрыярха. З гэтага часу Расіяй кіравалі двое: бацька, патрыярх Філарэт, які падпісваў граматы злева - “вялікі гасудар” і сын, цар Міхаіл, які падпісваў граматы справа - “гасудар”.

Калі ж падсумаваць расійскія і польска-беларускія адносіны на пачатку XVII ст., то трэба адзначыць, што тут былі і інтэрвенцыя, і дапамога (дарэчы, незаўсёды поўная) прэтэндэнтам на царскі трон, і запрашэнне на трон Уладзіслава са стварэннем расійскага ўраду пры ім, і перабежкі з лагера ў лагер, і рабаванні насельніцтва Расіі не толькі чужынцамі, але і сваімі казакамі (збеглым халопамі, сялянамі і гараджанамі). Уражвае, што пасля абрання царом Міхаіла Раманава тыя, хто кіраваў ў тушынскім лагеры, а потым у Маскве пад наглядам беларускіх акупантаў, ад 1613 года сталіся патрыётамі Расіі і зацята баранілі яе незалежнасць, а дакладней, сваю ўладу.

Але сапраўдную гісторыю таго часу мы ні ад расійскіх гісторыкаў і кінематаграфістаў, ні тым больш ад палітыкаў не пачуем і праўдзівых твораў не пабачым. Замест гэтага ўведзена штучнае свята і прапагандысцкі кінафільм дня падтрымкі народнага адзінства.

15 жніўня 2009 года