Мiхась Зарэцкi
Двое Жвiроўскiх
I
Жвiроўскi-бацька i Жвiроўскi сын.
У Жвiроўскага-бацькi нос высах ад ранняе старасцi, i на твары, шызым ад куца падстрыжанай шэрсцi, ён выдаецца навiслым карчом, пераплеценым сiнiмi жылкамi-пруццем. На самым канцы заўсёды трасецца блiскучая кропля. У Жвiроўскага-сына нос не высах - завастрыўся ад ранняй дзiцячай гароты, ад думак цяжкiх, недзiцячых. На сiнiм змарнелым тварыку ён выдаецца недалужна-ўзнятай птушынаю дуюбкай. I не кропля, а заўсёды падцёкi пад носам. I не трасуцца, а плывуць з настойнай павольнасцю.
Жывуць Жвiроўскiя на Завальным завулку ў той старэнькай хацёнцы, што слепа касурыцца вокам крывым з карузлага бруднага садзiку, што ўзляглася трухлявым тулавам на кастылi - падпоркi лабатыя.
У хацёнцы адзiн цямнявы пакой, у пакоi - цямнявым i брудным - раскiданы роiлам рэчы, грамоздзяць пакой непрытульным халодным бязладдзем. На бруднай, гадамi нямытай падлозе стаiць i ляжыць такое начынне: гарнушкi для стравы, апоркi, падтопа, чайнiк, труба пабiтая ад грамафона, сноп спарахнелай саломы, цэбар, конь паломаны (цацка), рознае смецце.
Чапяла, вiлкi i качарга стаяць, дружна стулiўшыся, у чорным кутку каля печы.
У гэтым пакоi праходзiць-паўзе жыццё двух Жвiроўскiх: Жвiроўскага-бацькi i Жвiроўскага-сына.
Калiсьцi даўней (i цяпер таксама, але ў думках толькi туманна-цягучых Жвiроўскага-бацькi) было iначай, было так...
На сурдуце - блiскучыя гузiкi, на шапцы - кукарда. У гузiках i кукардзе iдзеш па завулку з асаблiвай паважнасцю, бо суседзi пазiраюць з пашанай, бо ў сустрэчных твары палахлiва сур'ёзяцца або растаюць ветлай усмешкай. Так iдзеш, бывала, са службы. А дома прыстойнай i гладкай плынню цячэ сямейнае шчасце. Жонка - руплiвая, слухмяная гаспадыня, цiхiя, далiкатныя дзецi, канапа мяккая. I грамафон пасля полудня, задорна-вiсклiвы ёкат - рамансы Вяльцавай.
А мо i не было гэтага? Мо гэта старчыя сны толькi турбуюць нутро малюнкамi пекнымi? Памяць у Жвiроўскага-бацькi ўжо высыхае, памяць дрэнна ўжо служыць. Сцiраюцца межы-гранiцы памiж успамiнаў жывых i туманна-ружовых мар-летуценняў.
Цi было, цi не было... Цi бачыў, цi снiў...
Добра помнiцца во што.
Стаў непарадак. Непарадак гэты звалi словам, якое палохала сваёй страшэннай навiзной, сваёй жудаснай незразумеласцю. Слова - рэвалюцыя. Непарадак адабраў у Жвiроўскага жонку, канапу, Вяльцаву i блiскучыя гузiкi. Асталася хацёнка трухлявая на Завальным завулку i асталася навекi ўнутры турботна едкая злосць.
А непарадак астоiўся ў новы парадак - у дзiўны, чужы. Асеў гэты новы парадак, разгарнуўся чужым сумятлiвым жыццём, сцiснуў Жвiроўскiх у хатцы старэнькай, у непрытульным брудным пакоi.
Так i жывуць. Трудна сказаць, адкуль дастае стары Жвiроўскi сабе i сыну свайму на пражытак. Мабыць, яшчэ прадае, што дасюль не прададзена?
Ранiцой, толькi золак засцеле цьмянай сiвiзною вокны, Жвiроўскi-бацька пачынае бубнець, гутарыць з сынам. Ён добра ведае, што сын не слухае, што сын яшчэ соладка спiць, але ўсё роўна гаворыць - цягне цяжкiм аднатонным голасам, вядзе бясконцую гутарку, навучае сына, як трэба жыць, як сцерагчыся нядобрых людзей, як ладзiць з начальствам, са старэйшымi.
О, Жвiроўскi прайшоў дасканала навуку жыцця! Ён цяпер ведае ўсё, i ён не дапусцiць, каб сын яго трапiў на нядобрую сцежку, не дапусцiць, каб ён спазнаўся са злымi людзьмi i паддаўся iх ашуканству. Ого, iм толькi гэтага i трэба, яны толькi i чакаюць, каб узбiўся якi неразумны хлапец, каб ашукаць яго, адабраць апошнi грош, сарочку з цела садраць. О, трэба ўмець, як з iмi жыць, абыходзiцца. Стары Жвiроўскi век пражыў, ведае ўсё.
I гаворыць-гаворыць бясконца Жвiроўскi. I вусны яго, аброслыя куца падстрыжанай шэрсцю, крыва шаволяцца, тонка падцягваюцца таемнай едкай усмешкай.
Гаворачы, ён падтапляе печку, чысцiць бульбу, гатуе сняданне. Потым будзiць сына. Каб разбудзiць, ён не аклiкае яго, не кратае, а толькi мацней заводзiць гаворку. У сына тады пачынаюць блытацца, сплятацца ў адну недарэчную муць з'явы дзiвосныя сну з шэрымi зрыўкамi вобразаў-думак, роджаных бацькавай гутаркай. Але нарэшце бацька нешта пытаецца. Сын толькi чуе апошняе:
- Га?
I, расплюшчыўшы вочы, дапытлiва глядзiць на бацьку шырокiм нерухомым поглядам.
Бацька заводзiць сваю бясконцую гутарку. Сын млява пацягваецца i апранаецца.
Так пачынаецца дзень двух Жвiроўскiх.
Удзень сына няма - ён ходзiць у школу. Удзень Жвiроўскаму-бацьку няма з кiм гутарыць, i ад гэтага цяжка стаўпляецца злосць унутры i не сядзiцца на месцы. Тады Жвiроўскi пачынае гаспадарыць. Ён здзявае сваю старую паддзёўку i садзiць на нос акуляры. Ён кожны дзень правiць паддзёўку i кожны дзень знаходзiць у ёй новыя дзiркi. Такi ўжо парадак.
I яшчэ ёсць работа ў Жвiроўскага. У фанернай скрынцы з-пад мыла складзена вопратка. Там, на саменькiм дне, пад кучай рознага рыззя, ляжыць тужурка з блiскучымi гузiкамi. Жвiроўскi часамi яе выцягвае i сядзiць над ёй гадзiнамi цэлымi, шукае раней незаўважаных дзiрачак, старанна iх зашывае, загладжвае. А то яшчэ возьме анучку i чысцiць блiскучыя гузiкi. Ад чыстага бляску iх у Жвiроўскага плавае мокрая ўсмешка на вуснах i масляцца вочы ўбогай давольнасцю.
Над тужуркай Жвiроўскi ўспамiнае. Над тужуркай у тумане старых вачэй пасцiлаюцца пекныя ўзоры мiнулага, i ў iх так прыемна, так соладка распускаецца жорсткi ком засохлай свядомасцi.
I гладзiць тады Жвiроўскi тужурку, з пяшчотай гладзiць, з ласкай, быццам прад iм жывое стварэнне - роднае i блiзкае.
I тады сцiраюцца межы-гранiцы памiж успамiнаў жывых i туманна-ружовых мар-летуценняў.
I невядома тады:
Цi было, цi не было... Цi бачыў, цi снiў...
А трэцяй гадзiне (роўна а трэцяй) прыходзiць са школы сын. Палуднуюць моўчкi. Бацька жыдка-вiхлясты погляд упiнае ў мiску i аднамерна, размашыста цмякае. А сын есць марудна, спыняецца. Яго скруглёны дзiцячымi марамi погляд туды, за акно палунаў, распусцiўся ў бялясым прасцягу свежага дня.
Мо гэты прасцяг клiча яго да сябе, у сваё шырокае, вольнае ўлонне? А мо змарыўся проста хлапец, дык нязмога павесцi вачамi, адарвацца ад светлае плямы акна...
Пасля полудня бацька крэкча, бурчыць i кладзецца на ложак. Сын прыбiрае стол, раскладае кнiгi i сшыткi i вучыць лекцыi. У пакоi тады плыве нуднай патокай цiша (бацька, як спiць, не храпе), i, як хвалькi гэтай цiшы, шалясцяць маўклiвыя кнiжкi ў руках Жвiроўскага-сына.
У час пасля полудня, калi так глуха звiсае навокал цiша, калi асцярожны бацькаўскi посвiст снуе мяккую пялёнку спакою, Жвiроўскi-сын аддаецца сваiм дзiцячым думкам-развагам. Гэты час здаецца яму нечым празрыстым i вязкiм, нейкай шырокай густой паласой, у якой так павольна i мякка купаюцца вобразы-думкi, у якой сам увесь расплываешся, пералiваешся ў плаўна-цягучыя мары.
Кнiжкi спакойна ляжаць на стале. Пальцы мякка цярэбяць старонкi. А вочы застыглыя, цiхiя - плывуць сваiм бляскам празрыстым туды, за акно, дзе шырокi прасцяг, дзе халодна-глыбокiя свежыя далi.
Аб чым можа думаць, аб чым можа марыць хлапец у дванаццаць гадоў? От, сцелюцца i сцелюцца смелыя вобразы, пiшуцца фарбай шырокай малюнкi жыцця нязнанага, чароўнага сваёй глыбокай нязбытнасцю.
Ён ужо вандроўнiк, ужо бродзiць па дзiкiх гушчарах адвечных лясоў, жыве сярод лютых звярэй, вядзе з iмi бойку. Вось ужо з тыграм лютым сустрэўся. Ашчэрыўся страшны раз'юшаны звер, выгiнаецца гiбкiм спрунжынавым целам, во-во гатоў кiнуцца. Але ж у яго добрая спадзейная стрэльба ў руках. Стрэл - i валiцца звер, недалужна рычыць, аблiвае крывёй раслiны зялёныя.
I ўздыхае вольна Жвiроўскi-сын, быццам сапраўды мiнуў небяспекў, i, зморшчыўшыся, выцiрае пад носам назойлiвыя падцёкi.
Потым - ён правадыр, вядзе за сабой мiльёны паўстанцаў. Ён абуран страшэннай адвагай, ён цвёрды, як камень, яго ўсе слухаюць, ён аддае мудрыя загады, iх выпаўняюць з маўклiвай павагай. I вось - бой. Льецца кроў, грымяць гарматы, прылятаюць на конях з даносамi, ён сам на канi, на гарачым, буяным стаеннiку. Вось нацiскаюць ворагi, сярод паўстанцаў спалох, сумятня. Ён кiдаецца наперад, сам уразаецца ў гушчу ворага. Усе смялеюць, запаляюцца адвагай, усе за iм, у апошнюю напружную бойку.
I - перамога.
I зноў вольна ўздыхае Жвiроўскi-сын, зноў выцiрае падцёкi.
I чуе, як суха кашляе бацька на ложку, як варочаецца, крэкча.
Вымятаюцца ўраз палахлiвыя мары, пальцы нервова хапаюць за кнiжку. На твары нуда расплываецца кiслай грымасай.
Пачынаецца вечар.
Увечары будзе самае прыкрае. Будзе бацька лекцыi чытаць, будзе глядзець жорсткiм чакаючым поглядам, папраўляць па кнiжцы суха i рэзка. I будзе гаварыць яшчэ, пазiраючы на сына з апаскай затоенай, што ў кнiжцы пiшацца так, а сапраўды вось так, што напiсалi кнiжку бальшавiкi, што не трэба iм верыць, а гаварыць усюды трэба, што верыш... I будзе чакаць тады сын, калi ў бацькi твар затрасецца ад злосцi на гэтых бальшавiкоў i замiтусяцца жыдкiмi вострымi аганькамi цьмяныя вочы. Будзе чакаць, бо знае, што тады прычэпiцца бацька к яму i балюча будзе цягаць за вушы.
А кончыцца вечар доўгiм дакучным маленнем. Будуць стаяць поплеч у змрочнай чырванi лампадкi двое Жвiроўскiх. I будзе сын, шаволячы вуснамi, пазiраць скоса на бацьку, будзе думаць аб тым: чаму гэта бацька, як молiцца, дык падцягвае вусны i непрыемна так шчэрыцца, быццам усмiхаецца нечага едка i прыкра.
I будзе чакаць, пазяхаючы, сын, цi скора бацька кончыць маленне, каб легчы хутчэй i яшчэ хоць трошкi, хоць паўгадзiнкi памарыць.
II
Бывае так, што адна i тая самая думка гадуецца доўга ў двух чалавек уцiшку, затоена - i баiцца, не важыцца кожны сказаць другому аб ёй, зацiскае яе ў самы глыбокi куток iстоты свае, беражэ, як патаемную нейкую схову.
I бывае потым, што думка гэта раптам сама па сабе выслiзае наповерх i робiцца простай, звычайнай. Бывае тады адзiн момант, што звязвае думка гэта двух чалавек блiзкасцю шчырай, сагравае цёплай сяброўскай лучнасцю.
Бывае гэты момант прыгожы i шчасны.
Так гадавалася думка адна ў двух Жвiроўскiх.
Маладое сэрца Жвiроўскага-сына на волю рвалася. Душыў шэры гнёт жыцця нуднага, жыцця тупога i вузкага, як сляпая нара. Нязбытныя мары - далёкiя, як небасхiл, як ружовыя ценi вячэрняй зары, цягнулi некуды, пенiлi ў сэрцы дзiцячым шчымлiвыя няясныя парываннi.
Нязбытныя мары, далёкiя... Яны толькi акраса, толькi ружовы свет, у якi можна на час акунуцца, каб аквяцiць хоць у думках, хоць на момант адзiн шэрасць жыцця.
А хочацца часам блiжэйшага нечага. Хочацца, каб у жыццi было трохi пярэстасцi, каб не драўляная гэтая аднастайнасць заўсёды, штодня. Хочацца смеху, песень хоць трошкi. Каб вырвацца на часiнку з-пад бацькавай волi цяжкай, жалезнай, - быць такiм, як iншыя дзецi, як большасць дзяцей.
У школе Жвiроўскi ад усiх старонiцца, у школе няма ў яго блiзкiх сяброў. Прыйдзе i заб'ецца ў куток свой, стулiцца, сцiснецца, як птушанё адзiнотнае, i пазiрае нясмела, водзiць спалохана востранькiм носам, дзюбкай птушынай.
У школе заўсёды поўна жывога дзiцячага тлуму. Сплятаецца ў бязладдзе дружнае звон галасоў - смелых i рэзкiх, працятых свежым задорам дзяцiнства вольнага.
Гоман, пiск, смех, песнi. I ўсё - абрыўкамi ўзмыўнымi, усё - выбухi, узлёты напорнай бурлiвасцi маладога жыцця.
Жвiроўскаму тлум гэты сэрца сцiскае. Жвiроўскаму ён спакуса вечная цяжкая, невымоўная спакуса. Часамi ледзьве стрымаецца, каб не ўбiцца ў гурму дзяцей, каб не злiць свой цiхенькi слабенькi голас з гэтай пярэстай жывой сумятнёй. Хочацца ж i яму гэтага звону вясёлага. Хочацца ж i яму хоць трошачкi смеху, хоць трошачкi песень. I падмывае нешта ўнутры, i цяжка ўседзець на месцы - у куточку сваiм. I тады сэрца даўка сцiскаецца, а ў востра ўзнятым носе, у дзюбцы птушынай пачынае шчыпаць нешта, выцiскаць на вочы балючыя слёзы.
Тады скрозь зацятую злосць, скрозь шчымлiвую боль унутры праразаюцца жорсткiм рыпеннем сухiя бацькавы словы:
- Трымайся сам па сабе, не зводзься нi з кiм, кампанiя да дабра не давядзе. Сыдзешся з iмi, яны i падвядуць цябе, ашукаюць. Iм што, яны выкруцяцца, чыстымi выйдуць адусюль. А ты i ўлiпнеш, як мухiна ў цеста. Не глядзi, што яны дружакi такiя...
Разам з сухiмi жорсткiмi словамi выплывае злосны i едкi бацькаў твар, ашчэраны дзiкай усмешкай-грымасай.
Страшна Жвiроўскаму, што бацька агiдным здаецца, што злосць на яго мiмаволi ўцiскаецца ў сэрца. Гонiць тады, як мага гонiць вон з галавы спакусныя думкi, сiлком прымушае сэрца радзiць пачуццё адданай пакорнасцi. Шэпча настойна, упарта, каб заглушыць iншыя думкi, iншыя словы:
- Татачка... татачка... Даруй мне... Я буду слухаць... Я не буду крыўдзiць цябе...
I нецярплiва чакае, ахмелены тлумам, збянтэжаны роiлам думак напружаных, каб хутчэй скончылiся заняткi, каб не было ўжо нi тлуму таго, нi звону дзiцячага, каб пабегчы, сцiснуўшы сэрца, да бацькi i стулiцца ў норцы сваёй, забыцца на ўсё, толькi ўцiшку, непрыметна для ўсiх пацяшаць сябе глыбока-нязбытнымi марамi.
Думка тая прыйшла к Жвiроўскаму-сыну перш як далёкая палахлiвая мара. Прыйшла ў той дзень, як было нейкае рэвалюцыйнае свята, як разам з бацькам хадзiў ён па вулiцы i з захапленнем углядаўся смаглымi вачыма ў чырвоныя сцягi, у блiскучыя трубы аркестраў, у стройныя рады людскога натоўпу, як пiў нутром усiм песнi бадзёрыя - звонкiя i шырокiя, як бязмежны прастор.
Бацька бурчаў тады, але цiшэй, як звычайна, i голас яго быў убогi, сiпучы - слабы ў злосцi бяссiльнай.
Сын тады бацьку не слухаў. Сын думаў сваё. Сын марыў аб нязбытным, аб немагчымым i разам такiм простым, даступным, марыў аб чырвоным гальштуку.
О, каб знаў тады бацька сынавы думкi!
Вось з таго часу чырвоны гальштук закрасаваў у ваччу Жвiроўскага-сына, стаў яго таемнай марай. Ужо ў час пасля полудня ён не брадзiў па дзiкiх зараслях лесу адвечнага, не змагаўся са звярамi крыважэрнымi, а з чырвоным гальштукам на шыi, з радасным боем у грудзях хадзiў у стройных радах пiянераў, пад задорны ядраны гул барабанаў, пад бязмежна-шырокiя, вольныя спевы.
А з часам прыгледзеўся, - i мара зрабiлася думкай, настойным намерам.
Толькi баяўся, не важыўся сказаць аб ёй бацьку, хаваў яе ў самым глыбокiм кутку iстоты свае, бярог, як патаемную нейкую схову.
А ў Жвiроўскага-бацькi iначай было.
Жвiроўскi-бацька ўзгадаваў тую думку з болем, з шчымлiвым турботным страхам.
Жвiроўскi-бацька думаў часамi аб долi свайго сына, i яго старое счарсцвелае сэрца балюча знiбела трывогай. Трывога была чорная, поўная жудасцi, бо цёмна было ўсё, гублялiся думкi ў няясным, няведамым. Бо тое, што развiналася вакол, што абкружала новым, чужым, - толькi агульны тупы спалох наганяла, сцiскала колам варожым, у якiм не бачыў стары Жвiроўскi выйсця, не знаходзiў месца свайму слабенькаму сыну.
Знiбела сэрца чорнай трывогай, трывога пераходзiла ў страх. А страх звiнаўся ў пэўную думку, i гэта жорсткая думка душыла нутро сваёй цвердай, халоднай няўхiльнасцю.
Загiне сын. Напэўна загiне. Не хопiць сiлы ў яго, каб знайсцi сабе месца сярод сучаснага свету, у якiм поўна бязбожных жулiкаў, у якiм на кожным кроку натрапiш на злоснiкаў лютых.
Не знойдзе сын сабе месца, не... Загiне напэўна...
А мо будзе iначай... Мо пойдзе сын на нядобры шлях, сам такiм зробiцца, як усе тыя. Забудзецца i на бога i на бацьку, страцiць сумленнасць.
О, гэта будзе самае горшае. Пры думцы аб гэтым у бацькi старога загараюцца вочы цьмяным злосным агнём i трасецца, вiхляецца аброслы падстрыжанай шэрсцю твар. А вусны падцягваюцца, крывяцца дзiкай усмешкай-грымасай.
Хай лепш загiне, хай лепш памрэ.
Калi гняце старога Жвiроўскага страх, калi шчымiць у сэрцы трывога за сына, ён пачынае малiцца.
Ён доўга стаiць тады на каленях, корчыцца, хлiпае ў малельным экстазе, плача без слёз. Слёз няма - старасць высушыла. Толькi сударгай моршчыцца твар ды нейкi ком горла сцiскае.
Просiць Жвiроўскi ў бога, каб навучыў, надавумiў, што з сынам рабiць.
Муляць каленi худыя, ломiць сухая сярэдзiна, у вачах пачынае дрыжаць цьмяны Езусаў твар. I мяшаецца шчыры малельны настрой з бяссiльнай старчаскай злосцю. I плача ўжо, хлiпае не ад гарачай набожнай чуласцi, а ад гэтае злосцi, едкай, турботнай.
А трывога не гiне. Трывога гняце, труцiць сэрца. Быццам на сэрца капаюць нейкiя кроплi гаручыя i ўпiваюцца, колюць, атрутную пену ўздымаюць.
Потым, сустрэўшыся з сынам, бацька Жвiроўскi доўга i ўпарта ўглядаецца, сочыць за iм настарожаным вокам. Глядзiць, цi не ёсць у сыне змена якая, цi не прынёс з сабой сын чаго новага адтуль, ад таго чужога, варожага. I некаторы час здаецца няшчырым, падробленым цiхi слухмяны погляд сына, здаецца, што ёсць ужо нешта ўнутры ў яго, толькi хавае ён, тоiцца.
Знаў, адчуваў сваiм хваравiтым iнстынктам бацька Жвiроўскi, што калi-нiкалi, а ўсё роўна ўбачыць ён у сыне сваiм гэта страшнае, новае, чаго так баiцца ўбачыць. Знаў i дрыжаў, i нецярплiва, настойна шукаў якога выйсця, шукаў спосабу ратаваць свайго сына.
Адразу спалохаўся быў Жвiроўскi стары, як гэты спосаб мiнуў у думках ценем няясным. Хацеў адагнаць, знiшчыць зародак дзiкае думкi. Але мiмаволi стаў расцi, развiвацца гэты зародак, i вырасла думка - выразная, ясная.
З воўкам жыць - па-воўчаму выць.
Увесцi самому сына ў iх хеўру. Увесцi i навучыць, як "з воўкам жыць па-воўчаму выць". Цяпер, пакуль жыў ён яшчэ, пакуль ёсць яшчэ сiлы сякiя-такiя, ён здолее сына ўтрымаць у межах патрэбных, зможа прывучыць яго быць падвойным - у iх такiм, як яны, а тут такiм, якiм хоча бацька бачыць яго, якiм быў i астаўся сам бацька.
Няхай сабе будзе там несумленным бязбожкiкам - iначай месца не знойдзе ў iхнiм жыццi, iначай загiне. А тут, уцiшку, яны разам удвух будуць малiцца, будуць замальваць бога, каб прасцiў iм абодвум гэты мiжвольны грэх.
Вырасла думка i захапiла iстоту Жвiроўскага-бацькi. Спачатку страшэнная, дзiкая - з часам стала простай, звычайнай, стала настойным намерам.
Толькi баяўся казаць аб ёй сыну. Баяўся, каб не падумаў той часам, што здаўся бацька стары, каб не зразумеў сын iначай бацькаву думку.
I хаваў Жвiроўскi-бацька думку гэту ў самым глыбокiм кутку iстоты свае, бярог, як патаемную нейкую схову.
Быў у Жвiроўскiх адзiн такi момант, калi ўзгадаваная кожным з iх думка раптам, сама па сабе, выслiзнула наповерх i для абодвух стала простай, звычайнай. I звязала гэтая думка двух чалавек блiзкасцю шчырай, сагрэла цёплай сяброўскай лучнасцю.
Быў гэты момант прыгожы i шчасны.
Было гэта ўвечары. Жвiроўскi-сын згатаваў у аблезлым чайнiку чай. У запэцканай мухамi пушцы з надпiсам "какао Жорж-Борман" было два агрызкi цукру. Бацька i сын пiлi чай з цукрам.
Ад чаю цяплынь расплывалася, сагравала пакой мяккай прытульнасцю. Было ласкава на душы ў абодвух Жвiроўскiх, было цёпла на сэрцы. Бацька з сынам завялi цiхую гутарку. Сын апавядаў пра вучэнне, пра школу, пра настаўнiкаў, бацька распытваў, цiкавiўся. Бацька ўспамiнаў даўнiя-даўнiя часы, калi ён вучыўся ў школе, калi i ён жыў такiмi iнтарэсамi.
У гутарцы сын памянуў пiянераў. Мiж iншага неяк сказаў:
- Пiянерам - тым добра. Яны ўсюды ходзяць, на сходках на розных бываюць, на гуртках. Яны больш чаго знаюць за iншых...
Бацька паволi паставiў на стол недапiтае блюдца, выняў з рота недассаны кавалак цукру i спытаўся:
- А калi вышэй куды паступiць, цi лягчэй пiянераў прымаюць?
- Вядома, лягчэй... А з пiянераў у камсамольцы перавядуць, дык камсамольцаў усюды першых прымаюць.
- А ў гуртках чаму навучаюць гэтых пiянераў?
- Усяму. Ёсць спартыўны гурток. Гiмнастыку робяць. Кажуць, мацней чалавек ад гэтага робiцца. Прыгожа так, калi пачнуць вырабляць розныя штукi.
Бацька задумаўся, змоўк. Сын таксама. Усплыло памiж iмi нешта напятае, вострае i жывое, што вымагала выказу нейкага, што цяпер ужо, у гэты момант, не магло астацца затоеным.
Сын проста, нiбы аб звычайнай якой дробнай справе, сказаў:
- Я б дужа хацеў паступiць у пiянеры.
Ён не бачыў, што ў бацькi нервова дрыжала ў гэту часiнку шчака. Ён не глядзеў на бацьку, адвёў свой шырокi марудны погляд убок. Але чуў, што бацька не лаецца, што не злуе нават. I яму было добра зусiм, ён быў спакойны.
Тады бацька сказаў:
- Я ўжо троху думаў аб гэтым. Яно i праўда, не шкодзiла б.
I тож зусiм проста выйшла ў яго, быццам гаварыў аб звычайнай якой дробнай справе.
У гэты момант, можа, больш, як калi, Жвiроўскi-сын пачуў свайго бацьку. Яго сэрца растапiлася жаркай пяшчотай, хацелася ў гэты час прыгалубiць старога бацьку, пацалаваць у шызы, аброслы падстрыжанай шэрсцю, зморшчаны твар.
Ён радасна блiскаў светлымi вачыма, заўзята шморгаў вострым носам, дзюбкай птушынай, i лапатаў жвава аб тым, як будзе добра яму, як будзе весела, калi ён паступiць у пiянеры.
Бацька спынiў яго.
- Толькi во што, сынок. Паступаць ты паступай, але будзь асцярожны... Не паддавайся на iхнiя штучкi. Глядзi, каб не ашукалi цябе.
I Жвiроўскi-бацька пачаў павучаць свайго сына, як трэба трымацца яму ў пiянерах, як захаваць сумленнасць, набожнасць сваю i г. д.
Жвiроўскi-бацька бурчаў, Жвiроўскi-сын не слухаў нiчога. Яму ўсё роўна, ён згодзен на ўсё, будзе рабiць усё чыста, як бацька гаворыць.
У яго будзе чырвоны гальштук.
Ён будзе хадзiць у стройных радах пад дружныя песнi, пад звонкi, задорны гул барабана.
Што яму больш яшчэ трэба?
III
Жвiроўскi-сын прыйшоў са школы ў чырвоным гальштуку. Першы дзень у чырвоным гальштуку... Як жа тут не задраць угару востры нос, як жа не чмыхнуць лiшняга разу, не падсярбнуць задорна падцёкаў з-пад носа!
Жвiроўскаму-бацьку чырвоны гальштук на худзенькай сынавай шыi непрыемна вока ўкалоў. Ён паглядзеў скоса на гальштук, i яго зморшчаны твар раптам затросся. Скрывiўшы вусны нядобрай усмешкай, ён падышоў да сына i дрыжачымi пальцамi здзеў з сынавай шыi чырвоную стужку.
- Не трэба тут... Там насi сабе, колькi хочаш, а тут, у хаце маёй, я не дазволю.
Сын няўцямна зiрнуў на бацьку. У вачах у яго блiснулi слёзы. Глядзеў на бацьку, не зводзiў вачэй, быццам чакаў яшчэ нечага. А ў вачах дрыжала слязьмi маўклiвая горкая крыўда, i скрозь яе - тонкiя iголачкi злосцi.
Бацька схаваў гальштук у фанерную скрынку з-пад мыла, дзе было складзена рознае рыззё, дзе на саменькiм дне ляжала тужурка з блiскучымi гузiкамi.
- Нiчога, паспееш. Наносiшся...
Сын не сказаў нiчога. Моўчкi сеў за стол, моўчкi стаў палуднаваць. А як пасля полудня бацька заснуў, сын асцярожна падкраўся пад ложак i выняў са скрынкi чырвоную стужку. Ён сеў з ёй да акна, глядзеў на яе, любаваўся. I стала спакойна, не было ўжо крыўды, не было злосцi.
- Хай сабе. Не ўсё роўна? Абы там, у школе, у горадзе...
У той вечар ён добра адказаў бацьку лекцыi i перад сном шчыра малiўся за сябе, за бацьку, за пiянераў.
Назаўтра ўраннi бацька аддаў сыну чырвоны гальштук, а сын, прыйшоўшы са школы, сам вярнуў яго бацьку назад.
Так i пайшло з таго часу.
Разгарнулася шумам зялёная вясна.
Была вясна цёплая, ясная. Ахiнула яна прыроду ўрачыстасцю свежай, паслала на свеце дыван хараства маладога.
Разгарнулася вясна Жвiроўскаму-сыну. Павесялела жыццё, аквяцiлася. Далучыўся - чэзлы, слабенькi - да маладой ядранай рунi - i сам зарунеў, сам сокам свежым набраўся.
I не пазнаць стала хлапца. На твары - чырвань, на вострым носе, на дзюбцы птушынай, вяснушка ў капейку асела. Вочы - не вочы, а зайчыкi гарэзныя, спрытныя.
Ходзiць Жвiроўскi-сын на спорт, на гурткi, спявае песнi вясёлыя, смяецца смехам звонка-рассыпчастым - сапраўдным, поўным смехам дзяцiнства.
А дома Жвiроўскi-сын так, як раней. Дома слiзкi, вiхлясты погляд Жвiроўскага-бацькi заўсёды блукае, сочыць за сынам. Прыглядаецца бацька да сына, быццам наскрозь яго працiнае, нутро ўсё хоча ўбачыць. Баiцца стары, каб не згубiць роднага сына, каб не дапусцiць яго ў лапы злосных варожых людзей.
I адчувае стары, з страхам, з трывогай нямой адчувае, што робiцца нешта ў сыне, што не той ужо ён. I напружвае сiлы свае, каб не выпусцiць з рук, каб затрымаць, захаваць хлапца ў спрадвечных дзядоўскiх звычаях, у набожнай строгай сумленнасцi.
Жвiроўскi-сын прынёс новыя прыгожыя кнiжкi. Кнiжкi заўсёды ляжалi пярэстым, стройным грудком на акне. Ляжалi цiха, спакойна, - нiбыта што. А Жвiроўскаму-бацьку яны здавалiся чымсьцi жывым i калючым, як вожык. Бачыў ён у пярэстым стройным грудку нешта злосна чужое, варожае, бачыў пагрозу едкую ў чырванi вясёла размаляваных вокладак, у страшнай незразумеласцi новых нечуваных слоў.
Лёг невялiчкi цiхi грудок бярэмем цяжкiм на свядомасць Жвiроўскага-бацькi, прыцiснуў страхам тупым, нямою трывогай. Лез невялiчкi цiхi грудок востра назойлiвай плямай у вочы старыя, балюча калоў сваiм маўчаннем затоеным. Турбаваў, жыцця не даваў Жвiроўскаму-бацьку.
I нешта раз, топячы печку, стары Жвiроўскi спалiў сынавы кнiжкi. З злараднай дзiкай усмешкай на зморшчаным твары чакаў, калi вернецца сын.
Сын прыйшоў i спытаўся:
- Татка, дзе мае кнiжкi?
Бацька жыдкiм вiхлястым поглядам поўзаў па цёмным кутку. Блукала на твары зларадна дзiка ўсмешка.
- Няма кнiжак. Малы ты яшчэ, каб чытаць iх.
Выйшла так, што зiрнуў пасля гэтага бацька на сына, i тая дрэнная, дзiкая ўсмешка, злараднасць тая маўклiвая, - з кнiжак варожых, з успамiнаў аб iх, аб расправе над iмi, супраць волi самога Жвiроўскага-бацькi перанеслася на сына, на атарапелую постаць яго, на едка чырвоны гальштук на шыi.
У адказ вочы Жвiроўскага-сына завастрылiся тонкiмi iголкамi злосцi.
I быў у тую хвiлiну бацька ворагам сыну, а сын ворагам бацькi.
Гэта быў пачатак. З таго часу так i пайшло. З таго часу памiж двух Жвiроўскiх прайшла глухая шчылiна i расла з кожным днём i глыбела, разяўлялася чорным непераступным бяздоннем.
Бацька яшчэ пiльней стаў прыглядацца да сына, сачыць за кожным крокам яго, выпытваць аб усiх драбнотах яго жыцця за парогам хаты.
Мукай нясцерпнай былi для Жвiроўскага-сына вечары, калi не было нiякiх сходаў, заняткаў, калi трэба было сядзець дома, у брудным пакоi, адзiн на адзiн з сухiм, злосна насцярожаным бацькам. У гэтыя вечары садзiўся бацька за стол супраць сына i пачынаў жорсткi свой допыт.
Не было ўжо цяпер у старога Жвiроўскага руплiвай бацькоўскай трывогi, не было i страху за сына, за яго долю. Пытаўся для таго, каб злавiць на чым-небудзь, каб знайсцi прычэпку якую i потым пiлаваць, упiкаць, мучыць бсконца сваёй буркатнёй - звягаю злоснай. Хацелася цяпер прагна хацелася выпытаць у сына што-небудзь такое, што б падагрэла злосць у старых нячулых грудзях, што б дало магчымасць едка ўскiпець старому счасцвеламу сэрцу.
I калi мучыў ён сына, калi бачыў, як маўклiва i балюча набягаюць слёзы на крыўдай працятыя сынавы вочы, станавiлася лягчэй сэрцу старому, была на душы дзiкая нечалавечая давольнасць. Было гэта так мо затым, што паступова злучыўся ў цяжкiм уяўленнi вобраз сына з вобразам таго чужога, варожага, што сцiснула колам глухiм, што адабрала некалi жонку, канапу i блiскучыя гузiкi.
А сын стуляўся, хаваўся ў маску глухой затоенасцi, паказваў бацьку свайму толькi маўклiва напятыя вочы, у якiх скрозь слёзы нямотнае крыўды прабiвалiся часам вострыя тонкiя iголачкi злосцi.
Не было ўжо ў сынавым сэрцы адданай пакорнасцi, ужо скрозь панавала ў iм сцiснутым комам агiда - цяжкая, шчымлiвая, шавялiлася чорнай гадзюкай варожасць. Ужо ў часе вячэрняй малiтвы Жвiроўскi-сын не малiўся за бацьку, не прасiў дараваць думак нядобрых пра бацьку. У дрыготна-чырвонай цiшы, стоячы на каленях перад змрочным панурым Езусам, Жвiроўскi-сын думаў аб тым, як, што зрабiць, каб пазбыцца ад вечных бацькавых здзекаў. I карабатая, быццам мохам чорным аброслая постаць, што нязграбна кленчыла поплеч, здавалася чужой, незнаёмай, быццам нейкiм дзiўным выпадкам сышлiся, сустрэлiся i некаторы час церпяць адзiн аднаго.
Так не магло доўга цягнуцца. Так было цяжка, нязносна абодвум. I чулi абодва, што прыйдзе нейкi канец. Не зналi - якi, але чулi i чакалi яго. Бацька - з трывогай тупой, а сын - з палахлiвай надзеяй, з туманнай радасцю.
Блiшчала ў той час сонцам i радасцю лета. У сонечнай радасцi пералiвала сумятнёй квяцiстай маладое жыццё. Было ў iм поўна задору моцнага, свежага, поўна размаху шырокага. Захапляла гэта жыццё, цягнула ў сваё бурлiвае ўлонне ўсё маладое, здаровае, усё, у чым клякоча крынiцай рунёвы ядраны сок.
Жвiроўскi-бацька пачаў бiць Жвiроўскага-сына. Ён бiў не так, як звычайна б'е бацька непаслухмянага сына. Ён бiў з асаблiвай звярынай жорсткасцю, знаходзiў у гэтым сабе бруднае, дзiкае здаволенне. Ён перастаў гаварыць, перастаў весцi сваю бясконца цягучую буркатню. Ён маўчаў увесь час, у маўчаннi збiраў злосць, каб вылiць яе ў жорсткiх здзеках-пабоях.
Сын пачаў не прыходзiць дахаты. Сыну хата стала турмой, стала катаргай. Сын аддаўся цалкам сумятнi пярэстай жывога жыцця. Прыходзiў дамоў толькi нанач. Прыходзiў з тупым адчаем, з затоенай глуха ў дзiцячым сэрцы варожасцю. Iшоў i знаў, што зараз бацька зашчэпiць дзверы, возьме хлудзiну якую i пачне бiць. Бiць будзе доўга, бо сын не хоча плакаць, а сцiсне зубы ад болю i маўчыць. Будзе бiць, пакуль усё-такi сын не заплача. А сын заплача не ад болю, боль ён можа стрымаць, - заплача ад злосцi бяссiльнай, ад таго, што сiлы няма, што не зробiш нiчога. I яшчэ ад таго, што доўга ўжо, жудасна доўга б'е раз'юшаны бацька.
I вось прыйшоў нарэшце канец.
Канец быў такi.
Прыйшлi нешта раз да Жвiроўскага-бацькi i сказалi, што ён не мае права бiць свайго сына. Жвiроўскi-бацька нiчога не адказаў, толькi ўсмiхнуўся таемна i злосна. Потым сядзеў на ложку i нешта шаптаў, часамi нервова ўздрыгваючы i крывячы ў дзiкую ўсмешку-грымасу свой шызы, аброслы куца падстрыжанай шэрсцю, зморшчаны твар.
На полудзень прыйшоў сын. Прыйшоў, як зазвычай, цёмны, насуплены. З-пад зведзеных броў палахлiва блiшчалi вострыя вочы, вочы загнанага звярка.
Бацька, як сына ўбачыў, адразу затросся, зашамаў бязгучна дрыжачымi вуснамi. Хацеў нешта сказаць, хацеў закрычаць, але замест гэтага вырваўся толькi дзiкi зашчэмлены вiск.
Ён кiнуўся да сына, схапiў сваiмi касцянымi пальцамi сына за вуха, вывеў моўчкi з хаты i з усёй сiлы штурхнуў за вароты. Сам вярнуўся ў хату, зашчапiў дзверы i сеў зноў на ложку - чорны, страшны, як нейкая дзiкая крыважэрная птушка.
Сын адразу сцямiў, у чым тут справа.
Ён пастаяў часiнку на месцы, зiрнуў, вока прыжмурыўшы, на пякучае яснае сонца, падшмаргнуў разы са два носам i пайшоў па завулку, адважна махаючы левай рукой, задраўшы задорна ўгару востры нос - дзюбку птушыную.
Так разлучылiся двое Жвiроўскiх.
Жвiроўскi-бацька i Жвiроўскi-сын...
1926 г.