Алесь Кажадуб
Ваўкалакi
Вяселле iмчала, здавалася, акурат па цалiку, бо снежная бель хавала ад вачэй уезджаную дарогу на роўным полi. Ды i iмчаць гэтая святочна апранутая моладзь - з-пад кажушкоў i жупаноў чырванелася вышыўка кашуль, стракацелi ўваччу вясёлкавых колераў каснiкi, ледзь трымалiся на галовах надта ж зухавата збiтыя набок магеркi, грывы коней былi старанна заплеценыя i перасыпаныя чырвона-белымi кветкамi, вiдаць, з анучак, - iмчаць гэтая моладзь магла толькi таму, што была вяселлем. Дакладней, не вяселлем, а дружынай жанiха, якая iмчала па маладую, каб адбiць яе, выкупiць, вымалiць, праўдамi i няпраўдамi забраць i павезцi, ахоўваючы пiльней за самую вялiкую каштоўнасць, у новую хату, дзе цяпер жыць маладой, гаспадарыць, падтрымлiваць цяпельца шчасця. Пасярод шнурка конных падскокваў таксама святочна ўпрыгожаны вазок - палазы спераду загнутыя паўкругам, вазок аздоблены разьбой, размаляваны, у яго накiдана розных футраў. Адно толькi замест маладых сядзеў у iм дзядзька ў гадах, i ягоны бурнос, накiнуты на кажух, амаль не варушыўся - дзядзька пабачыў, пэўна, ужо не адно вяселле i весялiцца пакуль што лiчыў за глупства.
Конi з храпам задзiралi галовы, у чыстым паветры далёка разносiлiся выкрыкi хлопцаў, стралялi з-пад капытоў камякi снегу. Дружына ляцела.
Аднак за невялiкай завонькаю ўжо блiзка бачыўся цёмна-шызы лес, насоўваўся, памалу расступалiся выносiстыя сосны, паказваючы нiжэйшае драбналессе - ялiнкi, бярэзiнкi, ядловец з ляшчынаю, - i тут ужо коннiкi мусiлi перайсцi на рысь, хоць галасы iх пры гэтым не сцiшылiся, а, наадварот, памацнелi. Рэха заскакала ў вяршалiнах дрэў, замiтусiлася ў кустоўi, зашархацела ў цяжкiх, аснежаных галiнах старых соснаў. Здавалася чамусьцi рэха напалохала лес, прымусiла яго нават сцяцца, стаiцца. Ды дружыне ўсё адно было тут вольна i лёгка, як i ў полi. А жанiх i памiж дрэў круцiўся чортам, кiдаў каня з галавы ў хвост дружыны, трухаў побач з вазком, чапляўся з жарцiкамi да дзядзькi - ад весялосцi, ад радасцi, што распiрала грудзi, ад сваiх дваццацi з невялiкiм гадкоў.
- Што, дзядзька Мiкiта, сычом сядзiш? - крычаў малады, Змiтрок. Надзьмуўся як мыш на крупы! Спявай, весялiся, як забяром маладую - i брага будзе, i да брагi, музыкаў учуеш... Гэх, воўча мяса, пакруцiся шчэ! - i цуглi ўпiлiся ў конскiя губы, ажно выцiснулася пена.
- Ды вось еду, - усё яшчэ сонна, як не дрэмлючы, адказваў дзядзька.
- Не абы ж куды едзеш!..
- Лепш па сена ехаць, чым на вяселле.
- Во сказануў! Хiба маладым не быў? Хiба радасцi... шчасця не бачыў?
- Было шчасця. З жабiны прыгаршчы.
Блiжэйшыя хлопцы, што прыслухоўвалiся да размовы, не хацелi прапусцiць нiводнага слова, зарагаталi.
- Гэта, мусiць, ты сабе такую жонку ўзяў, - не здаваўся малады, - што жыццё нямiлае. А з выгляду ж спраўная яна, твая цётка Васiлiса, i не дурная.
- Жанiцеся, панiчы, ды знайце скутку: тры днi вяселля, а цэлы век смутку! - як нi круцi, а старэйшы перамагаў у жартаўлiвай спрэчцы, нiяк маладому не ўдавалася збiць яго, трапiць не ў брыво, а ў вока. Ды цi ж дзiўна гэта?
- Эт! - махнуў рукой Змiтрок. - Не тое дабро, што дабро, але тое, што каму даспадобы. Мне жанiцца даспадобы!
- Правiльна! - нечакана згадзiўся Мiкiта, засмяяўся. - Ажанiся - кепска, не жанiся - кепска. Старыя казалi, - што два, то не адзiн. Н-но! Паганяй, малойчыкi, дружына едзе, хто супраць такой устоiць!
Хлопцы загарлалi, засвiсталi, пачалi падварушваць коней.
...Яны здаля пачулi, нават не пачулi - адчулi вяселле i цяпер цяжкiмi скачкамi, бо снег у лесе ляжаў глыбокiмi сумётамi, спяшалiся да дарогi, каб перастрэць тых святочна выстраеных коннiкаў i коней, фасонiсты вазок. Яны як не слалiся над снегам, i не чуваць было iх лёту, нiводная галiнка не дрыжала, закранутая поўсцю моцнай, шырокай спiны, не рассыпаўся лёгкiм воблачкам сняжок-пудра ад ледзь чутнага павеву паветра, калi iх постацi рассякалi яго пры самых яловых лапках. Нават сойкi, якiх не магла ўтаймаваць, сцiшыць самая лютая зiма, не ўздымалi вэрхал, калi пад iмi праслiзгвалi шэрыя постацi, не гналiся за iмi з сакатаннем i лямантам. Ценяў было тры, яны беглi след у след, як не датыкаючыся да хваста пярэдняга. Самае дзiўнае, на снезе не заставалася слядоў. Зусiм не заставалася, хоць яны павiнны былi заставацца - вялiкiя, з ямiнкаю, аблямаванаю дзiркамi ад кiпцюроў. Тры ценi iмчалi да вяселля. Яны iмкнулi так упарта, упэўнена, пагрозлiва, што той, хто б iх убачыў, да супынку сэрца спалохаўся б за тых, каго мусiлi хутка дагнаць, спынiць гэтыя ценi.
Яны ляцелi, бо не маглi не перастрэць вяселле; для iх гэта значыла тое ж, што i жыццё. Сэнс жыцця трох вялiкiх шэрых зданяў якраз i быў у сустрэчы з вяселлем. Любым вяселлем. Чым весялейшае спяшалася iм насустрач вяселле, з рыпаннем скрыпак, бубненнем бубнаў, крыкамi i пошчакам капытоў - тым было лепш. Гэта ведаў кожны з трох, i таму кожны прагнуў сустрэчы з упартасцю, апантанасцю, няўмольнасцю, якiя могуць быць толькi пры дасягненнi найвялiкшай мэты.
З кожным скачком iх бег неверагодна паскараўся.
Зданi сустрэлi дружыну перад самаю Вялiкай палянаю, пасярод якой, бы вялiзазная саха студнi-кайдуба, стаяў сухi дуб, спалены маланкаю яшчэ ў невядома якiя часы; ад паляны да лясной вёскi, у якой расцвiла Змiтракова кветка-дзяўчына, была ўжо толькi гадзiна язды, i не шалёнай, на злом галавы, а звычайнай, рыссю. Першы дружок, Антось, згледзеўшы трох вялiкiх ваўчынаў пасярэдзiне, на самай дарозе, стаяў большы, па баках, трохi ззаду, два астатнiя, - у першае iмгненне iнстынктыўна нацягнуў павады, i конь, збiўшыся з рысi, стаў бокам, загарадзiў дарогу.
- Ваўкi!
Воклiч зусiм не напалохаў дружкоў, а, наадварот, яшчэ больш наддаў iмпэту. Пакуль адны паказвалi на ваўкоў, узбуджана крычалi, размахвалi рукамi, з'язджалiся ў гурт, два хлопцы - зразумела, самыя маладыя - ужо i памкнулiся былi скакаць, гнацца, калi i не ўпаляваць, бо не было зброi, то хоць бы проста патрэсцiся ў сядле, пагалёкаць, адным словам - папалохаць гэтых лясных прывiдаў, валацугаў. Ды ваўкi не зрушылiся з месца, нават не паварушылiся, i постацi iх - наструненыя, з высока ўзнятымi галовамi, незразумела ўпэўненыя насцярожылi старэйшых, i перш Мiкiту.
- Стой, маладзёны! - устаў ён у вазку, i голас яго - нечакана рэзкi, уладны - астудзiў усiх, спынiў; нават узялася цiшыня.
А тыя двое самых маладых ужо ўзялi разгон, падскоквалi ў сёдлах, нiчога не бачачы i не чуючы.
Самае дзiўнае - конi, якiя пры ваўчыным з'яўленнi заўсёды храплi, круцiлiся, прысядаючы на заднiя ногi, стрыглi вушамi, дзiка выкочвалi бялкi вачэй, - конi iх цяпер ахвотна скакалi да ваўкоў, быццам бачылi перад сабой якiх зайцоў, зусiм не баялiся. Наогул усе конi стаялi спакойна, пафырквалi, пераступалi. I ўжо нават маладзейшыя ў нерухлiвасцi ваўкоў адчулi нешта не тое, ухапiлiся за павады, вернучы галовы коней убок, а тыя ўсё не хацелi паварочваць, скакалi, i з кожным такiм скачком бялелi перакошаныя твары хлопцаў, дранцвелi рукi i ногi, спыняў кроў жах. Нават тым, хто моўчкi на ўсё гэта глядзеў, было вусцiшна. Урэшце конi ўсё ж перад самымi мордамi ваўкоў завярнулi i лёгка памчалi назад, i хлопцы на iх драўляна падскоквалi, усё не маглi ачомацца.
- Не баяцца!.. - здаўленым голасам сказаў нехта ў дружыне, i адказам гэтаму голасу былi толькi пафыркванне i мяккi перастук капытоў.
- Вось я i кажу, - сказаў дзядзька Мiкiта, - што конi iх баяцца не будуць. I яны нiкога не баяцца. Нi страла iх не возьме, нi дзiда, нi самы востры корд. А вяселле яны, калi могуць, перастрэнуць заўсёды. Во так пастануць - i стаяць. Не варушацца, не дыхаюць нават. Усё жыццё ўспамiнаць будзеце, хлопчыкi, усё жыццё... Мала каму выпадае пабачыць. Можа, раз у сто гадоў. А мы з вамi бачым.
- Дзядзька, i што яны ўвесь час так стаяць будуць?.. - у дрыготкiм голасе быў непрыхаваны жах.
- Ды не. Пастаяць i пойдуць. Яны чакаюць цяпер.
- Каго чакаюць?!
- Не каго, - усмiхнуўся дзядзька. - Замовы чакаюць. I шкада ж iх... З чалавека ў звера перавярнуцца - не дай Божа.
- А я чуў, - распiхваючы ўсiх, да вазка пад'ехаў Антось, - што раней можна было назад у чалавека перавярнуцца. Нават адзiн князь быў... Мне Iгнась Забалоцкi - са збяднелых Забалоцкiх, не з тых, у каго маёнтак, - Iгнась расказваў пра Ўсяслава Чарадзея. Сёння воўк - заўтра чалавек. Адсюль у Кiеў воўкам бегаў.
- Гэтыя назад у людзей самi не могуць, - сказаў Мiкiта. - У даўнейшыя часы, можа, i ўмелi, а тут цi забылiся, цi праклён якi над iмi. Раз вяселле шукаюць - не могуць. Iх людзьмi толькi такiя, як мы, могуць зрабiць.
- Як?! - слова вырвалася ва ўсiх, i дружкi, нязвыкла цiхiя, уважлiвыя да дзядзькавых слоў, збiлiся яшчэ шчыльней.
- Яно i проста, ды... Ат! - Дзядзька махнуў рукой. - Бачыце, заўсёды да вяселля, заўсёды. Зразумела, зрэшты - вяселле ж самая што нi на ёсць чалавечая справа. Сям'я ладзiцца, гаспадарка, людзi ладзяцца! Вось як у цябе, - Мiкiта павярнуўся да Змiтрака.
- Дзядзька!.. - зазвiнеў голас маладога. - Кажы, дзядзька, як iх у людзей перавярнуць! А то пра мяне ён!..
- I правiльна, пра цябе. А iм мы не дапаможам. Шкада iх, бачыш, чакаюць?
Мiкiта раптам выскачыў з вазка i прайшоў колькi крокаў да тых, што чакалi.
- Няма ў нас нявесты, чуеце? - гукнуў ён. - I скрыпкi няма! Не дапаможа вам мая замова. Не верыце? То слухайце! I вы слухайце, - павярнуўся ён да дружыны.
Мiкiта набраў поўныя грудзi паветра i закрычаў:
- Цi не досыць жа вам хадзiць, людзей смяшыць, сабак дражнiць?! Iдзiце лепш дамоў!
Рэха ўзляцела да вяршалiн соснаў, палунала там, дробненька паскакала ў кустах - i знiкла ў гушчары. I ўсiм здалося, што тых, каму рэха прызначалася, яно абмiнула. Бо тыя стаялi ў каменнай маўклiвасцi, па-ранейшаму чакалi.
- Казаў жа я... - павярнуўся i пайшоў да вазка дзядзька. - Не пайшоў туды голас, не захацеў у бок паляны iсцi. А пасля замовы трэба было на скрыпцы зайграць. Нi маладой, нi скрыпкi...
- Зараз!.. - устаў у сядле Змiтрок, i як не пазнаць было яго - рашучага, злога, прыгожага. - Зараз, дзядзька, i маладая будзе, i скрыпку ў рукi возьмеш! Чакайце, хлопцы, тут чакайце!
I ён сцебануў каня i памчаў проста на тых, што павiнны былi таксама чакаць, мусiлi чакаць, бо цяпер ён не збiраўся шкадаваць нi сябе, нi каня, нi сваю маладую, каханую. Не шкадаваць дзеля iх. Дзеля будучых людзей.
- Стой!.. - крыкнуў наўздагон дзядзька Мiкiта, але дарэмна.
Тыя, на каго ляцеў Змiтрок, ажылi, усе ўтрох адбеглiся ўлева, зноў спынiлiся. Пошчак слабеў, глухнуў, урэшце зусiм сцiх. Дружына маўчала, бо гаварыць не было чаго.
I тут тыя, шэрыя, маўклiвыя, незямныя, раптам лёгка i бязгучна зрушылi з месцаў, выцягнулiся ў шнурок - морда да хваста - i слiзганулi ў гушчар, злiлiся з iм, растварылiся.
- Сто-ой!.. - высокiм, не голасам, падгалоскам закрычаў-заплакаў самы маладзенькi з дружыны, малодшы брат Змiтракоў Васiлька, прымусiў здрыгануцца людзей, коней, дрэвы. - Сто-о-й!..
I захвастаў свайго конiка, зусiм спудзiў яго, сялянскага конiка, паскакаў у дрэвы, у гушчар з кустамi, засталася ад яго адно магерка, збiтая суччам. Ды недалёка праскакаў Васiлька, спынiўся, не ведаючы, у якi бок гнацца за тымi, i заплакаў, па-дзiцячы, няўцешна.
Пяць машын вяселля, пяць "Жыгулёў", убраных каляровымi стужкамi, папяровымi кветкамi, паветранымi шарамi, гэтае зiмовае поле, на якiм павiвалася лёгенькая замець i кацiлiся доўгiя, абгладжаныя вятрамi сумёты, пераскочылi даволi хутка i толькi ў пералесачку, што застаўся, як невялiкi востраў пасярод мора, ад колiшняга Тамашэўскага лесу, прыцiшылi хуткасць дарога тут круцiлася, як той вуж, што ўцякае ў хмызняк. Але ад гэтага ляска не ляска - купкi ялiн ды бяроз - да вёскi, куды кiравалася вяселле, было ўжо ўсяго пятнаццаць - дваццаць хвiлiн язды. У першай машыне, дзе на пярэднiм сядзеннi шчаслiва ўсмiхалася маладая з шасцiгадовай дзяўчынкаю на руках, пляменнiцаю, а ззаду надзвычай сур'ёзна глядзеў перад сабой i нiчога не бачыў малады, было цёпла, утульна, з радыёпрыёмнiка ляцелi рытмы сучаснай рок-музыкi, - у машыне панавалi радасць, свята. Малады, Дзiма, з усяе моцы стараўся прывесцi да ладу i свае думкi, хоць бы падумаць аб нечым канкрэтным i абавязковым - i не мог. Маладая, Iрына, проста бяздумна ўсмiхалася i прымала гэты дзень - з усмешкамi, вiншаваннямi, пацалункамi, жывымi кветкамi - лёгка i вольна, такiм, якi ён ёсць. Яна была жанчынай, таму i не старалася думаць, ёй хапала таго, што яна ўмела адчуваць.
I тут гэтую заспакоенасць, што легла перад новым выбухам вiншаванняў i абавязковай мiтуснi, парушыў крык дзяўчынкi на руках у маладой:
- Сабака, сабака!
Малая паказвала пальцам у акенца, i ўсе сапраўды ўбачылi метраў за пяцьдзесят, якраз пасярод дарогi, вялiкага сабаку. Нават дужа вялiкага сабаку - шэрага, з лабастай галавой, густой сiвой поўсцю, тоўстым хвастом. Сабака стаяў, высока ўзняўшы прыгожую галаву, i глядзеў на машыны. I па нерухлiвай упэўненай постацi яго адразу адчувалася, што ён гэтых машын не баiцца. Ён нават чакае, каб яны пад'ехалi да яго як мага блiжэй. I ад таго, што ён вось гэтак чакаў, вадзiцель першай машыны адразу ж нацiснуў на тормаз i нават заглушыў матор. Пасталi, зразумела, i астатнiя.
- Што гэта за сабака такi... дурны? - няўпэўнена спытаўся вадзiцель, дзядзька маладога - Мiкола. - Стаiць як слуп. Га, Дзiма?
Малады не адказаў нiчога, адчынiў дзверцы, вылез з машыны на дарогу, i хутка каля яго апынулася амаль усё вяселле. I амаль нiхто не ведаў, у чым справа, таму галасы гучалi моцна i бязладна, кожны перабiваў суседа, смех i крыкi былi як на кiрмашы. I, мусiць, доўга не маглi б маладыя з дзядзькам увесцi ў вушы вяселлю пра дзiўнага сабаку, каб не малая, Святланка, тая, што першая ўбачыла яго - незразумелага i вялiкага. Пакуль сваякi з гасцямi спрабавалi давесцi адзiн аднаму i ўсяму свету нешта вельмi важнае, пакуль таўклiся, некаторыя нават спрабавалi пайсцi ў скок, бо ўсё ж вырывалiся з агульнай гаманы слабенькiя гукi музыкi з радыёпрыёмнiка, - Святланка адразу пабегла проста да сабакi. I нiхто спачатку не заўважыў гэтага, нават дзядзька з маладымi, бо iх штурхалi, распытвалi, не пакiдалi ў спакоi, i малая ўжо ладна адбеглася, калi закрычала Iрына, будучая Дзiмава жонка. I тады ўсе ўбачылi, што малая каля сабакi зусiм блiзенька. Вось тут прыцiснула ўсiх да зямлi цiшыня, якая раптам аказалася неверагодна цяжкай.
- Святланачка, стой! - звiнеў крык маладой, але малая быццам i не чула.
А сабака стаяў зусiм нерухлiва, i Мiкола, дзядзька, ужо ўскочыў у "Жыгулi" i ляснуў дзверцамi, каб газануць i паляцець ратаваць малую, - ды тая, бы ў нечым пераканаўшыся, павярнула назад сама. Яна бегла i нешта крычала, i сабака за ёй не гнаўся, не варушыўся, таму Мiкола зноў заглушыў матор i выскачыў з машыны на дарогу. I толькi як малая падбегла да людзей, усе ўрэшце зразумелi, пра што крычала яна:
- Зусiм не страшны!.. Харошы! Давайце з сабой яго возьмем!..
- Ды што гэта стаiць ён! - раззлавана закрычаў тады Мiкола. - Дубальтоўкi няма, так бы пастаяў ён у мяне!
- Можа, воўк?.. - сказаў нехта з натоўпу, i ўсе ўтаропiлiся на таго, што стаяў перад вяселлем на дарозе як прывiд.
- I праўду воўк!
- Здаравенны якi!..
- Бачыце, не звялiся яшчэ...
А той стаяў.
- От халера! - пашкадаваў малады. - Сапраўды, ружжа няма... Адсюль абавязкова б пацэлiў. Стаiць - як мiшэнь.
I тут заплакала Святланка:
- Ён харошы, не злы!.. Ён не воўк!
Нiхто з натоўпу не чуў, зусiм не зважаў на музыку, што лiлася з першых "Жыгулёў" - чыстыя гукi скрыпкi ляцелi над зямлёй, ляцелi ў неба i ў поле, ляцелi да таго, што стаяў на дарозе. Ён слухаў iх, убiраў у сябе, стаяў, Ён глядзеў на людзей.
I вяселле не ведала, што рабiць.
Тады той вялiкi, шэры, сiвы ажыў, цяжка павярнуўся i пайшоў у лес. Не пабег - пайшоў.
Ён быў апошнi. Спачатку, у той амаль забытай, асмужанай лётам часу даўнiне, якая была ўжо быццам i не явай, а трызненнем, iх было некалькi. Яны блукалi па вялiзнай зямлi, сустракалiся ў лясных гушчарах, у палях i на балотах, сустракалiся каля людскiх паселiшчаў - i заставалiся адно пры адным, бо былi аднародцамi. Можа, не аднародцамi - аднолькава народжанымi невядомымi людзям сiламi. Народжанымi незразумелым. Потым iх аказалася трое. Астатнiя знiклi незаўважна, не пакiнулi пасля сябе нiякага следу, i так павiнна было быць.
А цяпер ён застаўся адзiн. Дзесяцiгоддзi злiлiся ў адну нiзку, нiзку пакутлiвых бадзянняў у сутоннях туманных iмшараў, зрэдку - па ўскраiнах вёсак, дзе вiшчалi, скавыталi, забiўшыся ў будкi цi пад ганкi, сабакi, дзе выскоквалi з хат людзi i, калi бачылi яго - вялiкага, моцнага, здавалася iм - нахабнага, - стралялi. Ды дзе iм было ведаць, што кулi не бралi яго, як i даўнейшыя стрэлы. Як i смерць у звычным яе выглядзе.
Ён быў апошнi.
I ён яшчэ зрэдку сустракаў якое-небудзь вяселле. Сустракаў, бо ведаў, што трэба сустрэць, трэба ўбачыць маладых i пачуць скрыпку. Але ж навошта трэба было сустракаць гаманлiвае вяселле, ён даўно забыўся.
I яны сустракалiся, i ў вачах яго здранцвела стаяла цьмяна глыбокая туга стагоддзяў.
...Ён, апошнi, павярнуўся i пайшоў у лес.