Мiхась Лынькоў
Мiколка-паравоз
Хата на калёсах
Вы не бачылi Мiколкавай хаты?
Яна вунь у самым тупiку, дзе канчаюцца станцыённыя лiнii, дзе безлiч стрэлак, дзе стаяць недалёка прыгожыя семафоры, дзе ў бязмежныя прасторы працягнулiся, пабеглi блiскучыя рэйкi.
Па рэйках тых бягуць цягнiкi. Бягуць i днём, i ноччу. I шэраю ранiцай. Калi яшчэ сонца не ўзыходзiць. Калi яшчэ Мiколка спiць. Калi спяць усе звычайныя людзi, якiя ноччу не ў машынiстах, не ў кандуктарах, не ў рабочых дэпо, не ў абходчыках пуцявых. А цягнiкi бягуць. Зiмой i летам, увосень i ўвесну. I чым халадней, тым гучней гудуць паравозы, углядаючыся сваiмi пукатымi блiскучымi вачыма ў далёкiя агеньчыкi семафораў. Агеньчыкi белыя, зялёныя, чырвоныя. I кожны паравоз крычыць па-свойму. Адзiн так гудзiць, што шыбы трасуцца ў вокнах. У другога хрыпаты голас, нiбы прастудзiўся паравоз, бегаючы ў зольных туманах i завеях. А трэцi - якая-небудзь кукушка - не гудзiць, а проста пасвiствае галаском такiм тонкiм, пранiзлiвым. I па голасу пазнае Мiколка кожны паравоз, цi то таварны, цi то пасажырскi. I часам ноччу, пачуўшы голас далёкага паравоза, Мiколка будзiць матку:
- Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскiм. Яго паравоз гудзiць.
- Сам ты паравоз! - дражнiць матка Мiколку. - Вось спаць не даеш толькi, пасажырскi яшчэ далёка...
Але матка ўставала, ставiла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Мiколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам i грукатам, пастукваючы на стрэлках, цягнiк, як зацiшаў ён хаду, а потым i зусiм станавiўся на станцыi. Тут зменьвалiся паравозы, зменьвалiся i машынiсты. I заўсёды акуратна, праз якiя-небудзь хвiлiн дзесяць, дахаты з'яўляецца Мiколкаў бацька.
- А ты прачнуўся ўжо, кур'ерскi? - гаварыў ён да Мiколкi i заўсёды намерваўся ўхапiць яго за нос сваёй чорнай прамазучанай рукой. Мiколка хаваўся пад коўдру i, паказваючы адтуль толькi кончык носа, пачынаў чохкаць, як сапраўдны паравоз:
- Чшы... чшы... чшы... чшы-чшы-чшы...
I важна гаварыў потым да бацькi:
- Ага! Не можаш мяне ўзяць... Забуксаваў!
"Забуксаваў" - гэта значыць, што бацька далей не пасунецца нi на крок, нiяк не ўхапiць яму цяпер за Мiколкаў нос. Не будзе ж ён бруднымi рукамi за коўдру брацца, павiнен ён памыцца як след. I калi бацька зоймецца з умывальнiкам, Мiколка таропка злазiць з ложка i бяжыць да бацькавай дарожнай скрынкi. Ён спрабуе яе на вагу, а цi ёсць што ў ёй, цi варта ля яе турбавацца.
- Прывёз, татка, што-небудзь? - грозна пытае ён бацьку.
- А што будзе, калi не прывёз? - перапытвае бацька, смяецца.
- Што ж будзе? Нiчога не будзе... - гатоў пакрыўдзiцца Мiколка.
А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнiк, загорнутую ў паперыну шклянку, кавалкi "зайцавага хлеба" - так заве ён дарожныя недаедкi. Дужа ж смачныя гэтыя недаедкi. Не сказаць, каб вялiкiя ласункi былi з чэрствага хлеба, але еў яго Мiколка з вялiкай ахвотай, толькi пугаўка-нос паблiскваў ад вялiкага задавальнення. Есць, i здаецца яму, нiбы ён таксама памочнiк машынiста, як бацька... Хлеб пахне трохi вугалем, i аддае крыху ад яго i мазутным пахам. Адным словам, не звычайны хлеб, а хлеб, якi праехаў на паравозе сотнi вёрстаў, падсушыўся, паабiваўся ў скрынцы, прапах. I не дзiва, што як змеле Мiколка гарбушку, дык адразу i пайшоў:
- Чшы-чшы-чшы... Чшы-чшы-чшы...
Памчаў паравоз.
Аж падлога дрыжыць ад Мiколкавага бегу. Бяда толькi, што не разбяжышся як след: i цесна, i мацi ўшчувае:
- Кiнь ты дурыкамi займацца - узняўся нi свет нi зара. Яшчэ брата разбудзiш...
Акрамя "зайцавага хлеба" ў бацькавай скрынцы бывае шмат якiх цiкавых рэчаў. Не бывае нiводнага разу, каб бацька вярнуўся з пуцi з пустой скрынкай. Заўсёды ў скрынцы знаходзяцца новыя цацкi. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы iзалятар, то трубку якую блiскучую, а то проста каменьчыкаў розных, каляровых. Часам прывязе звычайны кавалак каменнага вугалю, падае Мiколку:
- Вось табе новая цацка!
Мiколка гатоў i ў крыўду ўкiнуцца: знайшоў бацька цацку! Ды iх, гэтакiх цацак, вунь цэлыя горы каля дэпо!
- А ты прыгледзься вось лепш, тады не будзеш i носа задзiраць...
I сапраўды, цiкавы камень. На адным баку малюнак, нiбы выразаў нехта цэлую ветку, i сцяблiнкi тут, i дробнае лiсцейка разышлося веерам.
- Хто маляваў? - пытае Мiколка.
- Нiхто... Сама мацi-прырода...
- А ты не абманьвай... Яшчэ памочнiкам называецца, жарты строiць... ушчувае Мiколка бацьку.
Тады расказвае бацька розныя цiкавыя гiсторыi пра гэты самы камень. Нiбы быў ён тысячы год назад не каменем, а самым звычайным дрэвам, высокiм, прыгожым, з гаманлiвым лiсцем зялёным. I вось найшла навальнiца, павалiлiся дрэвы, усю зямлю ўслалi векавыя гiганты. Iх засыпала зямлёй, зацягнула балотнаю тванню. Ляжаць дрэвы пад зямлёй, ляжаць, не гнiюць. Год ляжаць, дзесяткi ляжаць, ляжаць сотнi i тысячы гадоў. Ляжаць, пакуль не скамянеюць. I лiсцейка як адцiснулася тысячы год назад, так i захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. А часам трапляецца адбiтак-адпячатак тагачасных казюрак, жывёлiнак. Вось якая гiсторыя гэтага малюнка...
Слухае Мiколка. Сапраўды ж цiкава. Бацька яшчэ раскажа i пра нафту, якую таксама паляць на паравозе. Бацька раскажа i пра мазут, дзе i як яго здабываюць. Ён раскажа i пра паравоз, i пра чыгунныя рэйкi, i пра розныя сiгналы. Багата чаго ведае ён. I нездарма заўсёды здзiўляецца Мiколка i кажа ў роздуме:
- Разумны ты, бацька!
Праўда, з гэтым не зусiм каб пагаджалася матка. Тая трымаецца трохi iнакшых думак пра бацьку i пра гэтыя свае думкi кажа часам уголас, ды ў якi яшчэ голас. Хоць вушы тады затыкай:
- I калi ты ўжо сур'ёзным чалавекам станеш? Другiя ж, глядзi, у старшыя машынiсты ўжо выбiлiся... Другiя, глядзi, на ўласныя хаткi з садамi ўзбiлiся... А ты век тут карпей ды гiбей у гэтым дзiравым вагоне... Галава непуцёвая.
На гэта бацька звычайна нiчога не адказваў, маўчаў. Альбо важна пытаўся: "Што скажаш яшчэ цiкавага?" Альбо запяваў канарэечку:
Канарэй, канарэй-пташачка,
Канарээ-е-чка жалабна пяёць.
Ну што ты з яго возьмеш тады, з гэтай канарэечкi. Пабурчыць, пабурчыць мацi ды сцiхамiрыцца.
А вагон сапраўды дзiравы. Вагон - хата Мiколкава. Стары парахнявы вагон, з пашчапанымi коламi, са збiтымi буферамi. З'ездзiўся вагон, пастарэў. Паставiлi яго ў тупiк пад жыллё. I колькi вунь гэтых вагонаў, цэлы пасёлак - жывуць у iх дэпоўцы: токары, слесары, машынiсты з качагарамi. I цеснавата ў вагоне. Палову займае бацькаў ложак. Пасярэдзiне невялiкая печка. На другой палове месцiцца дзiцячы тапчан, тут жа спiць Мiколкаў старэйшы брат, якi ўжо сам зарабляе, ходзiць у змазчыках. Тут жа спiць дзед Астап. Тут жа невялiчкi стол, за якiм палуднуюць, вячэраюць, на якiм мацi бялiзну качае. Цесна ўсё ж.
Адно што добра: выскачыш з вагона, i тут табе воля вольная. Бяжы куды хочаш: цi пад дэпо, цi на пуцi, цi на недалёкае балота за лесам. Знадворку i вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусiм чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Пад арлом надпiс: "40 человек, 8 лошадей".
- Дзе ж тыя конi? - пытае бацьку Мiколка, калi старэйшы брат чытае часам уголас гэты надпiс.
- А мы з табой чым не конi? - пасмейваецца бацька.
- А чаму ў арла дзве галавы?
- Таму што адной не хапае, дзiравая... Таму, бачыш, i каронай накрытая.
Дужа там разбiраўся ў тых царскiх каронах Мiколка!
Куды цiкавей былi яму розныя цацкi: гайкi, каменьчыкi, шасцяронкi чыгунныя, розныя блiшчастыя гузiкi, якiя знаходзiў часам на пуцях. Ды яшчэ безлiч розных малюнкаў, аж паўсцяны вагона было аблеплена iмi. Кожны дзень папаўняў Мiколка сваю калекцыю, цi, як называў бацька, карцiнную галерэю. Шукаць доўга новыя малюнкi не прыходзiлася. Даволi прайсцiся раз у дзень па чыгунцы - вярсты дзве туды ды назад - вось i поўныя кiшэнi здабытку. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскiх цягнiкоў: тут i паперкi ад цукерак, папяросныя карабкi, часам цэлыя кнiжкi, газетныя лiсты, цiкавыя малюнкi на розных бутэльках.
"Смачна ядуць, чэрцi!" - думаў часам Мiколка, збiраючы сваю калекцыю. Пад чарцямi ён разумеў усiх тых, што ехалi ў пасажырскiх цягнiках, асаблiва ў вагонах першага i другога класа. Гэтыя вагоны ён вызначаў па iх колеру. Звычайны вагон бура-зялёнага прапыленага колеру, а другi i першы клас цёмна-сiняга, блакiтнага, а часам жоўтага.
- Паны... - у дадатак да чарцей называў ён пасажыраў гэтых вагонаў. I сапраўды, ездзiлi ў iх багата апранутыя людзi, прыгожыя ўборы былi на дзецях, якiя паказвалiся ў вокнах.
"Самi цукеркi жаруць, салодкую гарэлку п'юць, а мне толькi пустыя паперкi ды пустыя бутэлькi... Вось бы ўзяў бацька ды звярнуў цягнiк пад адхон, няхай бы тады гэтыя паняняты пехатой прайшлiся..." - так думаў часам Мiколка, не на жарты сярдуючы на гэтых людзей, якiя, вiдаць, не разумелi смаку ў "зайцавым хлебе" i жылi на ўсiм гатовым. I дзецi iх у прыгожых шапках з залатымi лiтарамi. Знайшоў раз Мiколка на пуцях такую шапку, дахаты прынёс, на галаву прымераў. Паглядзеў на шапку бацька ды кажа:
- Дурань ты, Мiколка! Хiба ў гэтай шапцы нам ды пры мазутнай справе... Не да твару, браце, нам такая шапка. У такiх шапках, браце, ходзяць толькi буржуйскiя дзецi.
- А хто такiя буржуi?
- Буржуi? - задумаўся бацька. - Гэта, бачыш, такiя людзi, якiя нiчога не робяць i смачна ядуць... Такiя, браце, пузатыя людзi, на чужым карку жывуць... на маiм вось, на тваiм.
Памацаў Мiколка свой карак, здзiвiўся.
- Няхай жа паспрабуе сесцi каторы, я яго гайкай па лбе.
- Дзiва што, гайкай... - пасмяяўся бацька.
Але думка пра буржуяў не пакiдала Мiколку. Часта ён чуў пра буржуяў у гутарках бацькi з другiмi суседзямi, рабочымi. Буржуямi часам лаяўся i старэйшы Мiколкаў брат - змазчык. I ў хуткiм часе адбылася сустрэча Мiколкi з буржуем. Можа, i не з сапраўдным буржуем, але ж вельмi да яго падобным. Зайшоў аднаго разу да iх нейкi начальнiк дэпо. I такi ж тоўсты-тоўсты, а на пузе блiшчастыя гузiкi, залатыя, няйначай. Зайшоў ён у вагон, абышоў кожны куток, усё поркаў нешта сваiм блiскучым кiёчкам, поркаў, носам вадзiў з боку ў бок ды моршчыўся, як той грыб-смарчок, што расце пад штабелямi старых шпал. На матку накiнуўся:
- Псуеце вы мне тут памяшканне, зусiм не даглядаеце за падлогай... Смецце каля вагона... Выганю ў дваццаць чатыры гадзiны.
I зусiм узлаваўся, аж плямiны белыя заскакалi на тлустым твары, ды кiёчкам сваiм як дзеўбане ў сценку, у самую галерэю карцiнную Мiколкаву.
- Гэта што? Сцены паскудзiць? Казённае памяшканне псаваць? Цi мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць. Ану, венiк сюды, паздзiраць усё, памыць, паскрэбцi.
А сам палкай поркае, здзiрае Мiколкавы малюнкi. I калi дабраўся да прыгожай крышкi з папяроснага карабка - быў то малюнак дзяўчынкi на срэбнай паперы, - не сцярпеў тут Мiколка, да начальнiка кiнуўся.
- Ты хто? Ты збiраў мае карцiнкi, каб iх здзiраць?
Той зiрнуў скоса на Мiколку, паморшчыўся. А Мiколка наступае:
- Буржуй ты!
Начальнiк аж абамлеў, мацi перапалохалася.
- Пузан ты! Ходзiць, як бочка ў штанах... Бач, раз'еўся на маiм карку... Вон!
Начальнiк, доўга не думаючы, даў ходу. Мацi - за iм.
- Даруйце. Дзiцё зусiм не разумее... Вярзе, не разабраўшы што.
А той не слухае, далей шпарыць. Толькi i кiнуў:
- Хамы вы! Самi хамы i дзяцей робiце хамамi.
Дасталася добрая прачуханка Мiколку ад маткi. Але бацька, прыехаўшы з работы i даведаўшыся аб "буржуi", толькi пасмейваўся.
- Так iх, Мiколка, так. Калi дах вось прагнiў, перакрыць трэба, дык iх нямашака... А да цацак дзiцячых чапiцца надумаўся... Крый iх, Мiколка, i ў хвост, i ў грыву...
Так жыў i гадаваўся Мiколка-паравоз. Ён i сам добра не ведаў, чаму празвалi яго паравозам. Магчыма, за тое, што вельмi ж упадабаў ён паравозы, асаблiва ж пасажырскiя. Стаiць такi прыгажун ля дэпо, калёсы высокiя, чырвоныя, не раўнуючы, як ногi ў бусла балотнага. Альбо выязджае такi прыгажун з дэпо i так важна парай пыхкае: пых... пых... пых...
Ну як тут уцерпець Мiколку, ды не падсесцi ззаду на тэндэрную падножку, ды не праехацца да паваротнага круга. Праўда, счэпшчыкi лаюцца часам:
- Злазь, жаба, а то падмажаш калёсы!
Дзе ты там злезеш!
Цiкава i ля паваротнага круга. Паравоз вялiкi-вялiкi, а на крузе стаiць, як дзiцё, не паварухнецца. I адзiн рабочы, усяго толькi адзiн, паварочвае гэты самы круг з паравозам. Канечне, Мiколка не прамiне, каб не дапамагчы тут рабочаму. I здаецца Мiколку, што пад яго рукой паварочваецца шпарчэй круг - гэткая аграмадзiна - i на ёй паравоз вялiкi, стаiць i пыхкае. Вось павернут круг, Мiколка зноў на падножку, i паравоз зноў жывы. Загудзiць, заляскоча i так памчыцца, што толькi пыл курыць ззаду аж да самых стрэлак, адтуль паравоз iдзе назад, на станцыю, пад пасажырскi поезд. На станцыi трэба пiльнавацца, каб не трапiць на вока жандару. Той не любiць дзяцей. Толькi заўважыць i бяжыць услед, памахваючы шабляй-селядцом. З падножак зганяе.
Ведаў бацька пра Мiколкавы практыкаваннi на падножках, ушчуваў колькi разоў, але нiчога не дапамагала.
- Ты памочнiк машынiста? - пытаў Мiколка ў такiх выпадках бацьку.
- Ну, а што?
- Вось табе i што. На паравозах ездзiш?
- Езджу. А што з таго?
- А нiчога... Павiнен i я ездзiць.
Што ты тут скажаш Мiколку? Нiчога. I, выязджаючы ў чарговую паездку на пуць, бацька толькi прасiў усiх знаёмых счэпшчыкаў i стрэлачнiкаў на станцыi:
- Вы, браткi, пiльнуйце хаця, каб не трапiў мой басурман на рэйкi!
- Дзе ты яго ўпiльнуеш, блыху? На жывое будзе жывы, не дзе дзенецца.
- Ды яно ж так.
Так гадаваўся Мiколка на рэйках.
Прыгоды Мiколкi з дзедам Астапам
У Мiколкавым раннiм дзяцiнстве было многа падзей, але цi дужа iх успомнiш усе. А таму i раскажам толькi аб тых, якiя больш памятны Мiколку, на якiя ён не забываецца да апошняга дня. Памятае ён пра вужа, пра гарачыя спрэчкi з дзедам, пра матчыных курэй i пра зялёнага ката. Ды яшчэ пра слаўную дзедаву стрэльбу i пра сваё досыць цiкавае знаёмства з царом.
Раскажам цяпер пра вужа.
Вольнымi днямi, калi Мiколкаў бацька адпачываў i не ездзiў на паравозе, Мiколка з бацькам iшлi на рэчку, якая працякала недалёка ад станцыi. Тут лавiлiся добрыя акунькi, траплялi шчупакi на шнур, часам пападаўся дробны сом. А больш за ўсё лавiлiся плоткi. Цэлымi стайкамi хадзiлi яны пад лазовымi кустамi, паблiскваючы на сонцы срэбнай луской. Толькi знай закiдвай вудачку.
Акрамя рыбы ў рэчцы было багата ракаў. Яны масцiлiся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. У цёплыя днi Мiколка лазiў з бацькам у рэчку i мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Сагнешся як мага болей, каб толькi ў вушы вада не трапiла, а руку глыбей пад бераг. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы кляшнёй. Цiскане часам так, што аж вочы на лоб палезуць. Але не бяда, падхопiш яго, калючага, ды на бераг. Скачы там, як хочаш, кусайся. За гадзiну якую, глядзi, цэлае вядро ракаў дасталi. Прынясуць iх у вагон, паставяць. Павылазяць яны, разбрыдуцца па ўсёй падлозе. У такiя шчылiны забяруцца, што мацi потым гадзiнамi шукае iх, выпорвае венiкам ды праклiнае нашых рыбаловаў.
Дзед Астап быў старым мiкалаеўскiм салдатам, служыў вартаўнiком у дэпо, меў два срэбныя медалi за турэцкую вайну. У святочныя днi дзед важна чысцiў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалi i, павесiўшы iх на грудзi, урачыста iшоў на станцыю, каб людзям сябе паказаць, як казаў ён, i на людзей падзiвiцца. Прыйшоўшы са станцыi, дзед звычайна хвалiўся:
- Iду гэта я аж каля самага жандара, а ён перада мной у струнку так i выцягнуўся... Бача, значыць, герой iдзе. А то яшчэ генерал мне насустрач... старэнькi такi... Ну, я пад казырок яму, а ён, не разгледзеўшы добра, сляпы, як вiдаць, стаў ва фрунт ды на ўсю станцыю: "Здравiя жалаем, ваша высокаправасхадзiцельства". Вось яно як! Вiдаць, падумаў, што я яшчэ вышэйшы генерал... Ды перад усiмi людзьмi, перад усёй станцыяй. Вось што знача мiкалаеўскi салдат! Вось што знача - медалi!
Тут дзед важна стукаў сябе па грудзях, каб забражджалi медалi, каб вiдаць было, якi ён, дзед Астап, ёсць герой на свеце, якога нават жандары i генералы баяцца, пад казырок бяруць.
Бацька i мацi звычайна спакойна выслухоўвалi дзеда - яго заўсёдашняя пахвальба была iм у прывычку. Але Мiколка кiдаўся ў спрэчкi, сумняваўся.
- Ты, дзед, вялiкi манюка!
- Як то манюка? - аж садзiўся ад злосцi дзед.
- А так! Манiш усё... Бачыў я, як ты шапку перад жандарам здымаў i аж крактаў, нiзка кланяючыся. А яшчэ перад начальнiкам дэпо ты зусiм без шапкi ходзiш... Вунь, калi дождж быў, дык хадзiў ты перад iм без шапкi, аж з лысiны цякло.
Дзед не мог уседзець ад знявагi. Ён таропка хапаўся за папружку, знiмаў яе. Трымаючы адной рукой штаны, каб не ўпалi без папружкi, ён грозна размахваў другой рукой i наступаў на Мiколку:
- Я табе пакажу, як дзеда ў манюкi залiчваць! Я табе пакажу, як бэсцiць героя турэцкай вайны, старога мiкалаеўскага ваяку, якi, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотнi ворагаў пабiў - батальёны турак палажыў.
- А ты ж казаў, дзеду, дывiзii, а не батальёны! - кiдаў Мiколка i спешна ўцякаў з вагона, хаваючыся за блiзкай стрэлкай. Дзед туды не пабяжыць. Нязручна яму скакаць цераз рэйкi, ды i небяспечна для адзення, яшчэ згубiш без папружкi. Таму дзед станавiўся звычайна ў дзвярах вагона i, патрасаючы кулаком, заводзiў доўгую дыскусiю з Мiколкам. Мiколка агрызаўся:
- Ты, дзед, камара не заб'еш, не толькi што турка!
- А за што медалi мне дадзены?
- Як за што? А за лягушак...
- За якiх гэта лягушак? - здзiўляўся дзед, заўсёды забываючы гэты жарт над iм.
- А за тых лягушак, якiх ты ганяў з-пад пушак...
Сказаўшы гэта, Мiколка лiчыў за лепшае адступiць яшчэ на адну пазiцыю, падалей ад вагона.
"Хоць дзед звычайна i не ганяецца ўслед, але ўсё можа быць, - думае Мiколка, адыходзячы далей i ўжо шкадуючы дзеда. - Вiдаць, перабаршчыў я крыху... Угневаецца цяпер дзед не на жарт..."
I сапраўды, дзед набiраўся вялiкага гневу. Гэта ж жартачкi, усумнiцца ў яго былой храбрасцi. I хiтры дзед мяняў тактыку. Ён i вiду не паказваў, што ўкрыўджаны. Ён завiхаўся ля чыгуннай печкi, шчапаў лучыну, адным словам, займаўся мiрнымi гаспадарчымi справамi. Але тым часам не зводзiў вока з падшыванца Мiколкi. I калi той з'яўляўся дзе поблiзу, дзед, быццам бы нiчога не было мiж iмi, клiкаў Мiколку:
- Унучак!
- Што?
- А цi не вып'ем мы з табой чаю?
Мiколка думае з хвiлiну. Як-нiяк чай вялiкая спакуса. А дзед iзноў:
- Абаранкi ў мяне ёсць... Свежыя... А пахнуць жа, пахнуць.
- Ну! - здзiўляецца ў сваю чаргу Мiколка. - Няўжо з макам?
- З макам, унучак, з макам! Ну i абаранкi! Дык вып'ем, кажаш?
- А што ты думаеш, дзеду! Давай сабе вып'ем...
I Мiколка пераступае парог вагона, ужо ў думках ласуючыся абаранкамi, ды яшчэ з макам. Гэта ўжо, калi на тое пайшло, смачней за "зайцаў хлеб", смачней за ўсякiя прысмакi.
I тут пачынаюцца гэтыя абаранкi, ды яшчэ з якiм макам.
- Хадзi, хадзi, каток мой, паласуйся!
I дзедавы рукi нечакана спрытна ловяць Мiколку за вiхор. Тут толькi схамянецца Мiколка, даведаецца, што папаўся. Але позна. Кастлявыя дзедавы рукi моцныя, з iх вiхор не вызвалiш. А дзед круцiць вiхор ды прыгаворвае:
- Гэта табе за лягушкi! А гэта за пушкi! А гэта з макам! А не вычварай над дзедам! А не рабi над старым надругi! А не здзекуйся над старым мiкалаеўскiм артылерыстам!
Ужо Мiколка крычыць на ўвесь вагон, ужо заступаецца за яго мацi:
- Кiнь ты, чалавеча, над дзiцем здзекавацца!
Але гэта толькi падлiвае масла ў агонь. Дзед наступае на абодвух:
- Я вам пакажу, як зневажаць старога героя! Я вам пакажу, як турак б'юць... Я вам пакажу, як пушкi зараджаюць... Распатрашу пад карцеч!
Так асвойваў Мiколка артылерыйскую справу. I бачачы, што не паласа, пачынаў iсцi на мiравую:
- Даруй, дзеду, здаюся!
- А, здаешся, даўней бы так! Гавары, хто такi я ёсць?
- Герой турэцкай вайны...
- Ну?
- I iмператарскiх ордэнаў...
- Ну?
- Смешна, дзеду!
- Што ты смешнага тут знайшоў, супастат?
- Ну, кавалер... ордэнаў кавалер. Вунь у стрэлачнiкавай Зоськi ёсць кавалер, дык той малады. А тут дзед - ды кавалер. Смешна!
- Усё табе смешна... - ужо мякка крыўдуе дзед i кiдаецца ў сумныя развагi: - Малы ты, не разумееш нiчога, якi кавалер i да чаго. Як бачыш, з'яўляюся я ўласнiкам двух ордэнаў, а гэта, значыцца, i ёсць па-iмператарску кавалер... А медалi гэтыя дадзены мне за праяўленую ў баях выключную храбрасць.
- А хто кажа, што не? - угаворвае i Мiколка. - Вядома, за храбрасць... Храбрэй цябе, дзеду, няма, мусiць, на ўсiм свеце? - падлабуньваецца Мiколка да дзеда.
А гэта дзеду, што лыжка мёду. Аж сядзе на зэдлiк i важна сiвую бараду разгладжвае. Трохi яна няроўная ў яго - адна палавiна густая, другая рэдкая. I медалi выне са скрынкi, унуку пакажа:
- Бачыш, гэта цар Мiкалай... А тут вось i напiсана: "За храбрасць!"
- А чаму ў цара барада смешная, на шчацэ канчаецца?
- Гэта не барада, дурань, а бакi.
- А чаму бакi?
- "Чаму, чаму"... Таму... У мужыка барада, а ў пана бакi. Усе генералы i афiцэры такiя бакi насiлi. Некаторыя i салдаты, каторыя спрытнейшыя, таксама бакi насiлi. Ну, а каторы не спрытны, таму з такiмi бакамi нязручна: самае выгоднае месца, каб за яго афiцэру ўчапiцца, да апошняга валаска выскубалi... Вось i мая барада калiсь пацярпела, аж напалавiну выскублi.
- За храбрасць хiба? - пытаў не да ладу Мiколка.
- Ат, гавары з табой...
I дзед кiдаўся ў доўгую гутарку аб тым, што такое ёсць храбрасць. I не звычайная, а храбрасць мiкалаеўскага артылерыста, якi войны прайшоў i турэцкiя крэпасцi браў. Мiколка ўважлiва слухаў, каб займець з гэтай храбрасцi сякiя-такiя здабыткi i для сябе. Дзед любiць, калi яго хто доўга слухае. I за гэта заўсёды пачастуе чым-небудзь. Вось i цяпер, калi дзед скончыў свае расказы аб турэцкiх крэпасцях, ён зрабiўся зусiм лагодным i запрапанаваў Мiколку:
- Хадзем хаця на станцыю, абаранак куплю!
На гэта Мiколка згодны. Яны iдуць на станцыю. Дзед доўга таргуецца з буфетчыцай, усё выбiрае, каб абаранак быў большым i мякчэйшым, ды паболей маку на iм. Так мiрылiся дзед з унукам, i Мiколка не пярэчыў тады дзеду i прызнаваў яго храбрым, хоць сам употайкi крыху сумняваўся ў гэтым. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзiн, праз якi страцiлася ў Мiколкi ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Аднае ночы ўсе прахапiлiся са сну ад вялiкага крыку.
Крычаў дзед:
- Ратуйце хутчэй!
Мацi кiнулася да лямпы, усё не магла нiяк патрапiць на яе, каб запалiць хутчэй. А дзед усё крычаў:
- Хутчэй, хутчэй! Ой, дапамажыце!
- Што з табой, дзеду? - кiнуўся да яго Мiколка.
- Ой, гiну! Звяруга нейкая ў бараду ўбiлася, стрыжэ яе, як нажнiцамi...
Мiколка сцямiў тут, у чым справа, ды хуценька да дзеда, цап яго за бараду. Дзед яшчэ большы крык узняў:
- Уцякай, уцякай, звер i табе пальцы адгрызе!
Але Мiколка ўжо трымаў звера ў руках, толькi нiяк не мог вызвалiць яго з барады. Тут мацi лямпу паднесла, i ўсе ўбачылi ў дзедавай барадзе звычайнага рака, якi запоўз туды i заблытаўся ў валасах. Ледзь-ледзь супакоiўся дзед, пакуль Мiколка выблытаў рака.
- Гэта ж трэба! Сплю я i чую: нешта ў барадзе шамацiць. Я цап рукой, а ён, гэты звер, як шчыкане за палец, а потым за горла, думаў - галаву адгрызе.
Тут мацi ўжо на Мiколку ўскiнулася:
- Вечна ты з бацькам з гэтымi ракамi носiшся. А каб прыбраць iх як след, дык гэтага нямашака... Вось мог праз гэтага рака дзеда ў магiлу загнаць.
I смех тут быў, як кажуць, i грэх.
А дзед з таго часу не мог спакойна глядзець на ракаў, i калi толькi даведваўся, што днём лавiлi ракаў, дык перад ноччу абвяшчаў забастоўку, не хацеў класцiся спаць на падлозе. I мусiў тады Мiколка мяняцца з дзедам месцамi, даваў яму прытулак на сваiм тапчане, а сам iшоў на дзедава месца. Iшоў i папракаў дзеда:
- А яшчэ стары ваяка! Яшчэ з гармат страляў!
- Гарматы i ракi - розныя, браце, штукi... - уздыхаў, апраўдваючыся, дзед.
- А яшчэ храбры! Вось я i то за цябе храбрэй, не баюся ракаў!
- Ну што ж, на ракаў ты храбрэц... - згаджаўся дзед з Мiколкам i доўга крактаў, прыладжваючыся на тапчане.
Выйшла з дзедам i другая штука, калi аднаго разу рыбу лавiлi. Праўда, i Мiколка з бацькам набралiся тады здаровага перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Неяк у вольны дзень пайшлi рыбу лавiць на раку. Хоць дзед i не меў асаблiвай прыхiльнасцi да гэтага занятку, але паколькi ён быў вольны i хацелася яму крыху прайсцiся, дык i далучыўся да рыбаловаў. Тыя ў вадзе плёскаюцца, а дзед на беразе сядзiць ды парады дае.
- Адтуль, адтуль заходзь - там самая рыба ходзiць! - радзiць дзед ды пiпку смыголiць.
Спачатку Мiколка з бацькам з таптухай цялёпкалiся, а потым узялiся рукамi плотак лавiць памiж карчоў. I намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слiзкi, цяжка яго рукамi ўзяць. Бацька Мiколку на дапамогу клiкнуў. Ловяць рукамi, мiж карчоў шаруюць.
- Ну i вялiкi ж, няйначай хунтаў на шэсць! - кажа Мiколка, стараючыся спрытней падчапiць неўваротную рыбiну.
Але як ты яе нi бяры, выслiзгваецца, ды годзе. Выслiзгваецца ад Мiколкi, падаецца пад карчом да бацькi. Ад таго зноў назад.
- За зябры яго, за зябры, гада! - падае дзед параду.
- Ну, вядома, не за хвост... - адказвае бацька i яшчэ спрытней бярэцца за ментуза. Але нiчога не выходзiць. А дзеда тут ужо i нясцерп бярэ, дужа ж тым ментузом зацiкавiўся. Трэба-такi сказаць, што дзед падабаў рыбу, ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз.
- Рыба, яна, браце, заўсёды рыбiна! Гэта табе не ракi, з якiх нi смаку, нi наедку, а адна толькi прыкрасць ды барадзе маёй непакой...
I вось аж усхадзiўся на беразе дзед, забегаў. I пiпка ў яго даўно патухла, знае толькi - рукамi махае ды нашых рыбаловаў ушчувае:
- Яшчэ рыбаловы! Iм рыбу! Вам толькi прусоў ганяць!
- Сам злавi, - усердаваў тут не на жарты бацька.
- I злаўлю!
- А паспрабуй жа.
- I што ты думаеш? I паспрабую. Ён у мяне не выслiзнецца, як у вас, у няўмекаў...
I дзед самым рашучым чынам скiнуў адзежу i, павесiўшы яе на плечы баяўся пакiдаць на беразе, каб не скралi пастушкi, - смела рушыў у ваду.
- Дзе ён тут? Падавайце яго мне, я з iм разам распраўлюся, з супастатам!
Аж Мiколка падзiвiўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасцi - дзед так захадзiўся каля карча, аж вада кiпела наўкола. I вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:
- Ага! Папаўся-такi, не мiнуў маiх рук! А вы - няўмекi!
Мiколку з бацькам засталося толькi пераглянуцца мiж сабой. Ну i дзед, не чакалi такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымi пальцамi было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй i падчапiў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасцi, каб не ўпусцiць часам рыбiну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвiлiну.
Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Мiколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такi ж вялiкi. Але тут падзеi прынялi зусiм нечаканы зварот. Толькi гэта дзед, урачыста гледзячы на Мiколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулi на яго Мiколкаў бацька ды i сам Мiколка i, як бачыш, сiганулi на бераг. Толькi пырскi паляцелi па вадзе. Аж збялеў Мiколка, засопся. Выскачыў на бераг, азiрнуўся. Стаiць дзед i на iх глядзiць, дзiвуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далi. Тут як закрычыць Мiколка не сваiм голасам:
- Ратуйцеся, дзеду, пакуль не позна!
Зiрнуў тады дзед на свайго ментуза - i ледзь не самлеў. Аж прысеў у вадзе, умачыўшы сарочку. А тады як кiне ментуза падалей у рэчку ды як дасць драпака на бераг, аж адзенне згубiў, спатыкнуўшыся аб корч. Паплыло яно ўрачыста па рацэ. Ледзь злавiў яго потым Мiколка, ад'ехаўшы на чаўне ад берага.
I калi аддыхалiся потым усе ад перапуду, дзед пачаў грозны наступ на Мiколку i на яго бацьку:
- I якое лiха панесла вас вужаку лавiць?
- А цябе якое?
Змоўчаў дзед на якую хвiлiну. Гэтакi ж канфуз выйшаў - усё iшло так добра i гладка, i на табе, заместа ментуза гада злавiлi. А яшчэ парады даваў, а яшчэ выхваляўся. Пасля гэтага здарэння дзед канчаткова рашыў нiколi болей у ваду не лазiць. I калi траплялася часамi Мiколку з бацькам лавiць якую рыбiну ў рацэ, дзед асцерагаўся нават падыходзiць блiзка да iх, калi яны выцягвалi на бераг таптуху альбо брэдзень. I толькi здалёк пытаў:
- Ну што, шчупак цi акунь?
- А ты падыдзi, сам паглядзi!
- Хопiць ужо, нагледзеўся...
Прызнацца, i Мiколка з бацькам не адважвалiся болей мацаць ментузоў i, да вялiкай радасцi дзеда, баялiся лазiць i па ракавых пячорах.
- Яшчэ, чаго добрага, i адтуль выцягнеш трасцу якую паласатую...
А дзед толькi гаварыў:
- Цяпер-то я магу спаць спакойна!
Пасля ўсiх гэтых прыгод з дзедавым ракам i ментузом кончылiся i ранейшыя дыскусii дзеда з Мiколкам, хто з iх храбрэйшы. Абодва прыйшлi да таго вываду, што храбрасцi хапае ў iх абодвух... Нават сталi яны блiзкiмi дружбакамi i зiмнiмi вечарамi вялi доўгiя размовы аб тым, як бы гэта агульнымi сiламi адпомсцiць "буржую" за Мiколкаву карцiнную галерэю. I аб тым, што яны будуць вясной рабiць, калi жаўранкi запяюць, калi зазвiняць ручаiны i ўкрыюцца лясы зелянiнай.
I парашылi ў адзiн голас - будуць яны ў вольныя ад работы днi заўзятымi паляўнiчымi, будуць качак бiць i ўсякую другую жыўнасць. Тым больш што была ў дзеда слаўная стрэльба, якая вiсела без усякай карысцi пакуль што на сцяне. Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда, i парадкам заржавелая, страцiўшая ўсякi колер i вiд. Але як-нiяк яна магла страляць, а гэта ўжо вялiкая штука. Прызнацца, i цяпер яна вiсела набiтая, бо колькi нi намагаўся дзед, каб разрадзiць яе, яму нiяк гэта не ўдавалася. I каб не нарабiць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруцiў анучай куркi ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам, каб такiя падшывальцы, як Мiколка, не нарабiлi б часам бяды са стрэльбай.
Такая слаўная стрэльба была ў дзеда. I не дзiва, што Мiколка, седзячы зiмой у халодным вагоне, так нецярплiва чакаў вясны. I цёпла тады. I качкi тады лятаюць. I ўсякая жыўнасць у балоце варушыцца.
Вось слаўная пара настане!
Гiсторыя з дзедавай "арудзiяй"
Прыйшла ўрэшце вясна. Пачарнелi чыгуначныя пуцi i курылiся парнасцю пад сонцам. А вечарамi храбусцелi льдзiнкi ў лужынах i востра пахла зямлёй, мазутам i каменным вугалем. Гучна гудзелi паравозы, i лiхтары гарэлi ў iх па-новаму, па-веснавому. I самi паравозы рабiлiся куды прыгажэйшымi. Не было тых iржавых лядовых сасулек, што вiселi зiмой пад дышламi, пад цылiндрамi, не было намёрзлага бруду, копацi. Паравозныя бакi льснiлiся на сонцы i дрыжалi, гатовыя ўздыхнуць на ўсю моц сталёвых цылiндраў i панесцiся ўдалячынь хутчэй ветру i птушкi.
А ў небе курлыкалi журавы i паблiсквалi на сонцы, нiбы нехта сарваў з тэлеграфнага слупа нiзку фарфоравых iзалятараў i кiнуў iх высока-высока ў блакiтныя безданi неба.
Хораша вясной! I дыхаць лягчэй, i на нагах неяк цвярдзей становiшся. I цяплей куды робiцца. I не трэба дзень пры днi сядзець у цесным вагоне i дыхаць цяжкiм смуродам ад каменнага вугалю ў жалезнай пячурцы. I дзеду вальней. Выйдзе з вагона, усядзецца на штабель шпал, размiнае пад сонцам старыя косцi i турэцкую вайну ўспамiнае. А калi дзед прымецца за турак, то звычайна каля яго i Мiколка ацiраецца.
- Ну дык што ж, дзед, час ужо нам з табою на паляванне рушыць!
- А што ты думаеш! Вось абсохне зямля, тады i пойдзем...
Прыйшоў i доўгачаканы дзень. Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу, узброiўся абцугамi i доўга раскручваў дрот, не падпускаючы нi на крок Мiколку.
- Яшчэ, чаго добрага, пекане, дык лепш адыдзiся!
Але стрэльба трымала сябе спакойна. Развязаўшы дрот i дастаўшы капшук з порахам i пiстонамi, дзед з Мiколкам рушылi ў паход. Гукнулi з сабой i невялiчкага сабачку Жэўжыка. Жэўжык быў рад такому выпадку i, наставiўшы хвост пiсталетам, важнецка бег перад паляўнiчымi, старанна абнюхваючы кожны слупок, кожны пянчук. Дзед не хвалiў такiх паводзiн i штохвiлiны падганяў "ганчака":
- Пайшоў, пайшоў! Зайцаў ганяй, шкнарадзь!
Але вiдаць было, што асаблiвага спрыту ў паляўнiчых справах Жэўжык не меў i толькi кiдаўся ў розныя бакi, ганяючыся за першай папаўшайся птушкай. Хутка i зусiм знiк, сiгаючы па балоце за нейкай птахай. Доўга хадзiлi нашы паляўнiчыя, ногi намачылi, але нiякай здабычы не траплялася. Нi заяц не набягаў, нi дробная птушка не пралятала паблiзу. Толькi i заўважылi каршука, якi лятаў кругамi над ляском, апускаючыся нiжэй i нiжэй. I ён хутка сеў на высокую алешыну ў балоце.
- Знаеш што, дзед? Давай каршука падстрэлiм!
- А што ты думаеш? Пеканём!
Дзед зняў стрэльбу з пляча, доўга прыладжваў пiстон, той усё саскокваў, пакуль дзед не прымацаваў яго кавалачкам хлеба. I ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставiў i жмурыцца пачаў левым вокам, як Мiколка, падштурхнуўшы яго пад локаць, дыскусiю распачаў:
- Не павiнен ты, дзед, першы страляць!
- Як гэта так?
- А так... Ты вунь колькi настраляўся за сваё жыццё: i з стрэльбы страляў, i з гармат смалiў... Сам жа казаў, колькi ты дывiзiй турэцкiх палажыў... Давай-ка стрэльбу сюды, я першы стрэлю...
Дзед падумаў з хвiлiну, патылiцу пачухаў:
- Наконт турак ты гэта правiльна... Ну што ж, страляй... Толькi глядзi, станавiся моцна, а то павалiцца можаш ад аддачы.
- Нiчога, вытрымаю...
Мiколка ўпёрся нагой у купiну, стрэльбу падняў. Цяжкая яна тым часам. Доўга цэлiўся ў каршука, аж руля захадзiла ходырам, да таго рукi дрыжалi.
- А ты не хвалюйся! Вытрымку дай! - раiў дзед, стоячы збоку.
Прыжмурыў вока Мiколка, на курок нацiснуў. I што адбылося тут, дык i сам дзед спачатку нiчога не зразумеў, бо стрэльба бахнула, як батарэя гармат. Воблака шызага дыму паплыло па алешнiку, мякка ахiнаючы кусты i дрэвы. У двух кроках ад сябе нiчога нельга было ўбачыць.
- Дзе ты, Мiколка? - запытаўся, ачухаўшыся, дзед.
Нiхто не адказаў, i дзед яшчэ раз запытаўся. Iзноў маўчанне. Тады дзед спалохаўся не на жарты i пачаў на ўвесь голас клiкаць унука. Урэшце, як з-пад зямлi, раздаўся цiхi, прыглушаны голас:
- Я тут, дзеду, а што з каршуком?
- А лiха з iм, з каршуком. Скажы лепей, што з табой?
Тут разышоўся дым, i дзед убачыў Мiколку. Той ляжаў на зямлi, перакiнуўшы праз купiну ногi, i цёр то плячо, то шчаку. На шчацэ была кроў. Дзед зусiм перапалохаўся.
- Цi жыў ты хаця?
- Жыў! А ты, дзеду?
- Як бачыш, варушуся...
З дзедавай дапамогай Мiколка ўстаў на ногi. I тут толькi яны заўважылi, што ад слаўнай дзедавай стрэльбы засталiся адны толькi ўспамiны. I каб сказаць прыемныя - дык не: адна толькi пашчапаная ложа ды перагнуты курок. Нi рулi, нi шомпала нiдзе паблiзу не аказалася, колькi нi шукаў iх збянтэжаны дзед, адразу застаўшыся без такой слаўнай "арудзii", як часам называў ён сваю стрэльбу.
- Лоўка ж пекануў! - здзiвiўся дзед. - Каб з кожнага стрэлу ды стрэльбу ў паветра, што б тады зайцы выраблялi: засмяялi б яны тут нас...
I як нi шкадаваў дзед стрэльбы, але, каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кiнуўся ў рогат. Мiколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо i вельмi саднiла параненая шчака. Аднак, каб трымаць сябе дастойна перад дзедам i не паказаць вiду, што яму дужа балiць, што ён вельмi напалохаўся, Мiколка важна распытваў дзеда, з якой прычыны "арудзiя" разляцелася на кавалкi.
- Вiдаць, што заржавела стрэльба... Ды i набой быў моцны, праз меру... бадай з паўхунта пораху заправiў я калiсьцi ў рулю. Яшчэ добра, што так пашанцавала нам... Магло б быць, унучак, трохi горай...
I яны абодва прынялiся ўважлiва шукаць забiтага каршука. Не магло быць, каб ад такога стрэлу ды застаўся каршук цэлы. Але ён, нiбыта нiчога i не было, сядзеў сабе на той алешыне, на якой сядзеў i да стрэлу.
- Справы! - пачухаў дзед патылiцу. - З такiх паляўнiчых, як мы, i птушкi смяюцца.
А тут яшчэ некалькi пастушкоў падбегла i ўсё дапытвалiся, дзе гэта такi вялiкi выбух адбыўся, што аж зямля страсянулася i нешта ў паветры праляцела з вялiкiм грукатам i вурчаннем.
Паслухалi Мiколка з дзедам гэтыя размовы i, панурыўшы плечы, паклыпалi моўчкi дахаты. I каб не Жэўжык, дык зусiм упалi б духам нашы слаўныя паляўнiчыя. Аж адкуль нi вазьмiся з'явiўся сабачка, якi ўрачыста нёс у зубах нейкую птушку. Бегаючы па балоце, ён налаўчыўся недзе злавiць дзiчыну i не паспеў яшчэ расправiцца з ёй, як напаткаў Мiколку з дзедам.
- Ну вось, мы цяпер i не з пустымi рукамi дахаты варочаемся, ёсць i здабытак!
I Мiколка адабраў у Жэўжыка яго здабычу. Той адразу ж кiнуўся зноў у балота. I не прайшло некалькi хвiлiн, як ён выбег з другой птушкай у зубах.
Так дапамог Жэўжык нашым паляўнiчым паправiць крыху iх паляўнiчыя справы. I да таго ўнадзiўся Жэўжык птушак лавiць, што Мiколка i дзед кожнага вольнага дня iшлi з iм на луг да ракi альбо на балота i займалiся паляваннем. Iм i стрэльба цяпер непатрэбна была, малы сабачка быў вельмi спрытны на птушыную лоўлю. А слаўныя паляўнiчыя прывучылi яго не псаваць здабычу, а цэлай прыносiць у рукi.
Але нядоўга цягнулася такое шчаслiвае паляванне. I тут пасцiгнула нашых паляўнiчых чарговая няўдача. I, сказаць бы, праз каго? Праз матчыных курэй i пеўня. Задумала мацi летам курыную гаспадарку развесцi i купiла недзе тры курыцы i пеўня. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу, але гэта не перашкаджала яму быць здольным певуном i кожнае начы гучна выводзiць сваё непераможнае "кука-рэ-эку!".
Уся курыная гаспадарка змяшчалася ў фанернай скрынцы пад вагонам, i мацi дужа клапацiлася аб тым, каб хто не спакусiўся на яе птушынае багацце. I вось аднаго разу, праз няшчасных гэтых паляўнiчых, як казала мацi, птушыная гаспадарка ўраз загiнула. Неяк надумалася мацi ў сонечны дзень выпусцiць курэй са скрынкi, каб яны крыху пабегалi па пяску, паглядзелi белага свету. Выпусцiла, пiльнавала iх сярод пуцей, але потым на хвiлiну адлучылася ў вагон. Як на бяду, тут трапiўся Жэўжык. Набраўшыся вялiкага паляўнiчага спрыту i, вiдаць, прыняўшы курэй за нейкiх балотных птушак, ён умомант задушыў трох курэй i, паклаўшы iх на парог вагона, кiнуўся як дуж за пеўнем. Той даў лататы. Жэўжык - за iм.
Певень i скокам, а часамi i падскокам iмчаў, як вiхор, аж пад самае дэпо. Магчыма, i не давялося б Жэўжыку дагнаць курынага ўладыку, мо i ўцёк бы ён ад нашага паляўнiчага, але тут, як на бяду, iмчаў насустрач пасажырскi цягнiк. Толькi пер'е ўзляцела ў паветра - усё, што засталося ад кульгавага певуна, трапiўшага пад паравоз. Убачыла мацi такое няшчасце i за галаву схапiлася. Ды, узяўшы ў рукi лапку пеўня - неяк засталася цэлая пад вагонамi, - прыйшла з гэтай лапкай у вагон ды тыц ёю дзеду ў самую бараду, а потым, доўга не думаючы, ды гэтай самай лапкай Мiколку па патылiцы.
- Праз вас певень загiнуў!
Мiколка з дзедам, не кiдаючыся дужа ў спрэчкi, адразу ж падалiся вон з вагона, далей ад разгневанай мацi.
- Уцякайма, пакуль не позна. А то можа быць горай!
Але больш за ўсiх дасталося лепшаму памочнiку нашых паляўнiчых, заядламу "ганчаку" Жэўжыку. Злавiла яго мацi i адразу панесла да таварнага цягнiка, што стаяў на станцыi. Там адчынiла дзверы ў адным з пустых вагонаў i, загнаўшы туды Жэўжыка, зачынiла дзверы. А праз якую хвiлiну цягнiк пайшоў. Так i паехаў без бiлета Жэўжык, найлепшы дружака нашых паляўнiчых, да суседняй станцыi з таварным цягнiком. А мо i не да суседняй, мо куды i далей. Хiба прасочыш за таварным вагонам, куды ён iдзе, дзе ён спынiцца пад пагрузку.
З ад'ездам Жэўжыка спынiлiся паляўнiчыя справы Мiколкi з дзедам, бо не з голымi ж рукамi на качку iсцi. I доўга яшчэ памiнала мацi iх паляўнiчыя ўдачы i сваю трагiчна загiнуўшую курыную гаспадарку. I толькi бацька пасмейваўся:
- А ўсё ж трапна выйшла. Каб не займаўся дзед з Мiколкам паляваннем, то не давялося б нам курацiнкi паспытаць!
Дзед i Мiколка лiчылi пры гэтым за лепшае памаўчаць, каб не вярэдзiць матчыны раны i залiшне не выклiкаць яе гневу.
Мiколкавы непаразуменнi з Богам
Дужа багата было непрыемнасцей у Мiколкi з-за Бога. Нiяк не мог зразумець ён, што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзi, якой баiцца мацi. Нават дзед - на што ўжо храбры чалавек - i той, калi прыставаў да яго Мiколка з роспытамi пра Бога, адмахваўся рукой i шэптам казаў:
- Адчапiся, унуча, з гэтым сваiм Богам. Цi я вучоны чалавек, каб ведаць, што гэта такое за стварэнне... А калi мацi цябе малiцца прымушае, дык ты i памалiся, язык жа ў цябе не адвалiцца... А не захочаш малiцца, то, вядома, мацi дасць табе пытлю.
А пытлю мацi давала часта. Як толькi падымаўся Мiколка з ложка, то мацi тут як тут:
- Ану, станавiся "Ойча наш" чытаць! Кажы ўслед за мной: "Ойча наш, iжа ясi на небясах..."
Стаiць Мiколка, на абраз глядзiць, у мацi пытаецца:
- А што такое "ясi на небясах"?
Мацi ад нечаканасцi не ведае, што рабiць. Дужа яна ведае, што такое "ясi". Нерашуча адказвае:
- То ясi... Бачыш, мы ямо, скажам, хлеб, i Ойча наш - Бог таксама, мусiць, есць, бо далей i гаворыцца пра хлеб насушны...
А дзед моўчкi збоку слухае матчыны тлумачэннi, ды не сцерпiць i ў бараду сваю: хе-хе-хе.
Зiрне на яго грозна мацi, дзед адразу як шоўкавы, сядзiць, не варухнецца.
А мацi далей дыктуе:
- Хлеб наш насушны даждзь нам днесь...
А Мiколка зноў пытае:
- А чаму толькi насушны, а калi я, скажам, пiрага хачу цi абаранка?
Не сцерпiць тут дзед, падказвае: "З макам", а сам хуценька падаецца за дзверы, убачыўшы, што мацi грозна пазiрае на качарэжку каля печы.
А Мiколка зноў са сваiмi роспытамi:
- А цi любiць Бог "зайцаў хлеб"?
Замест адказу матчыны пальцы даволi блiзка знаёмяцца з Мiколкавым вухам, i яно пачынае гарэць i чырванець, як той семафор за стрэлкамi. А мацi прыгаворвае:
- Гэта табе за "зайцаў хлеб"! А гэта табе за непаслушэнства перад Богам. А гэта табе... бязбожнiк ты гэтакi... Кажы цяпер "Багародзiцу"!
Маўчыць Мiколка, насупiўшыся.
- Кажы: "Багародзiца Дзева, радуйся, благадатная..."
- Дужа яна ўзрадавалася б, твая благадатная, калi б яе так за вуха пацягалi... - мармыча Мiколка пад нос.
- Што ты вярзеш там, неслуш! - гневаецца мацi. - Ну, пачынай!
- Не буду...
- Кажы адразу!..
- Не буду... - упарта стаiць на сваiм Мiколка i скоса пазiрае, як матка развязвае матузы ад фартуха, становячыся блiжэй да дзвярэй, каб адрэзаць Мiколку ўсякi шлях да адступлення. Калi заўважае Мiколка, што развязваецца апошнi вузел i матузовая пагроза набывае яўную небяспеку, ён маланкай кiдаецца пад тапчан, наганяючы страху на спаўшага там ката. Той стралой iмчыць да дзвярэй, збiваючы з ног Мiколкаву мацi.
- Пастой жа, я цябе ўчастую, пазнаеш ты ў мяне Багародзiцу!
- А няхай яна згарыць, твая Багародзiца! - лямантуе пад тапчаном Мiколка, забiраючыся ў самы куток за розныя скрынкi, клумкi з лахманамi.
- Пастой жа, паспытаеш ты ў мяне благадацi... - рашуча бярэцца мацi за качаргу, i пачынаецца, як кажа дзед, баталiя-вайна. Праўда, выпараць Мiколку з-пад тапчана - не такая-то лёгкая справа. Ды i дзед прыходзiць на дапамогу Мiколку. Ён асцярожна падыходзiць да дзвярэй i пачынае ўшчуваць мацi:
- Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзiця з ражном перцi... Ды Бога пабаялася б, ён жа ўсё бача... - i дзед урачыста падымае руку ўгару, нiбы хоча паказаць ёй Бога на небе. Усё гэта ён робiць, каб адцягнуць матчыну ўвагу ад Мiколкавых тапчаноў. Мацi мiмаволi глядзiць угару. Там ляцiць звычайная варона. Пакуль мацi прыглядаецца да яе, Мiколка паспявае вылезцi з-пад тапчаноў i праслiзнуць у дзверы пад самымi матчынымi рукамi. Тая толькi паспявае войкнуць - лавi цяпер бязбожнiка ў чыстым полi. Усё гэта хiтрыкi дзеда, i мацi добра разумее яго палiтыку. Але што ты з гэтым дзедам зробiш, не ганяцца ж за iм з качаргой, за гэтым старым бязбожнiкам.
А дзед ужо iдзе з Мiколкам да дэпо i павучае ўнука:
- Ты, браце, заўсёды, калi туга табе давядзецца з Багародзiцай, дык iмчы ў дэпо. У нас, браце, багi не ў пашане, ураз iм крыллi абскубуць.
I сапраўды, хоць i вiселi ў дэпо сям-там абразы, але не бачыў Мiколка, каб дужа малiлiся перад iмi, шапкi скiдалi. Усё больш завiхалiся ля паравозаў, ля паравозных колаў, кляпалi паравозныя печы, расточвалi цылiндры. I такi грукат стаяў там, што любы Бог, як думаў Мiколка, адразу павiнен быў аглухнуць. А якая пашана iм, глухiм. Вiсяць вось на сценах, копацi набiраюцца. I не дзiва, што дэпоўцы не паважаюць багоў. Вось i Мiколкаў бацька, калi надакучала мацi яму сваiмi жалобамi на сынава бязбожнiцтва, звычайна агрызаўся:
- А кiнь ты са сваiм дурным Богам!
Дзiвiўся тады Мiколка: у мацi Бог разумны, у бацькi ж ён выходзiць дурным. Каму ж верыць? Вiдаць, бацьку, бо той усё ведае, той свет аб'ехаў на паравозе. I ўсё большае непавагi набiраўся Мiколка да багоў, хоць i цярпеў за гэта не раз вялiкiя непрыемнасцi. I не толькi ад маткi, але асаблiва ў школе, куды давялося яму ў хуткiм часе патрапiць. Тут адразу ўткнуўся ён у дыскусiю з папом, не ведаючы спачатку, што такiя дыскусii заўсёды канчаюцца для вучняў вельмi кепска. Поп, заўважыўшы новага вучня, адразу спытаў Мiколку:
- Хто ты такi?
- Мiколка... - крыху нерашуча адказаў ён.
- Дурань! - накiнуўся чамусьцi поп. - Перш за ўсё ты раб Божы...
- Ну, гэта ўжо хлусня, усё роўна, што ў дзеда пра туркаў, - набраўся смеласцi Мiколка. - А мы не рабы божыя, а рабочыя-дэпоўцы...
Чуў Мiколка пра рабочых, а пра нейкiх рабоў яму чуць не даводзiлася. Тут i ўсхадзiўся поп.
- Хто, хто? - перапытаў ён, набiраючыся злосцi, i ўжо запусцiў свае пальцы ў Мiколкаў вiхор.
- Паравознiкi мы, во хто мы... - пераказаў яшчэ раз Мiколка, горка плачучы, бо поп не на жарты ўзяўся за яго чуб.
А другi раз такая дыскусiя закончылася яшчэ горш для Мiколкi. Расказваў поп, як Бог займаўся будаўнiцтвам, як будаваў i стварыў свет, неба, зямлю, раслiны i жывёлу i як урэшце ён чалавека стварыў, Адама, а з яго рабрыны жонку гэтаму чалавеку, Еву. Слухаў, слухаў Мiколка ды - у рогат. Так i пусцiўся ў смехi, аж да скамейкi прысядае. Раз'ярыўся поп, наступае грозна на Мiколку:
- Ты чаго, iрад, з Божага слова смяешся?
А Мiколка не сцiхае, рагоча, залiваецца. I як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама i Еву. Не пра тых, з якiмi Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачнiка Адама i прыбiральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькi рэбры ды косцi. А "буржуй" вунь тоўсты-тоўсты, ледзь у дзверы пралазiць, калi ходзiць па складу. А поп ужо за вуха Мiколкава ўзяўся:
- Кiнь смяяцца, кажу!
- То як жа кiнуць, калi смешна... Калi Адам i Ева ў нас такiя хударлявыя, што Богу i клопату не было з iмi, цi доўга iх стварыць... А вось як гэта Бог "буржуя" стварыў, няйначай тры днi пацеў.
- Якога "буржуя"? - вытарашчыў поп вочы.
- Ды нашага, што складам пры дэпо i нашымi вагонамi, дзе мы жывём, загадвае... Такi ж таўшчэзны. I злосны, гад, як прыйдзе, дык усё лаецца.
Поп учапiўся, як абцугамi, за вуха i пацёг Мiколку ў кут на каленi.
- Станавiся тут i не варушыся! - i як бразне Мiколку аб падлогу, у таго аж iскры пасыпалiся з вачэй.
- А ты не бiся, чорт кудлаты! - не сцярпеў тут Мiколка ды як хопiць зубамi за папоўскую руку, той аж падскочыў на месцы.
I чаго-чаго не было тут пасля. Даўся ў знак Мiколку гэты "буржуй". Пацярпеў i чуб, i вушы, i каленi, хапiла яшчэ i па патылiцы. А ў дадатак да ўсяго загадалi бацьку паклiкаць у школу. I доўга ўпрошваў бацька папа, каб не злаваў ён дужа на дзiця, якое нiчога не разумее i вярзе часам тое, у чым само добра не разбiраецца. I калi iшлi са школы, бацька ўгаворваў Мiколку:
- Ты ўсё ж дужа не задзiрайся з папом... Вось выганяць са школы, дык будзе зусiм дрэнна i будзеш зусiм ты цёмным чалавекам. А што ён, поп гэты, гаворыць там, дык ты слухай i маўчы, лiха з iм.
- Калi ж гэты "буржуй" дужа смешны... Каб Бог ды стварыў яго.
I рашыў Мiколка адпомсцiць калi-небудзь "буржую" за ўсе непрыемнасцi, панесеныя праз яго. А тут яшчэ i прычыны былi новыя. Ужо даўно працякаў дах, прагнiлi некаторыя дошкi ў вагоне. I колькi нi прасiў бацька "буржуя", каб той загадаў дах пафарбаваць ды вагон падправiць, "буржуй" заўсёды аднекваўся ды лаяўся яшчэ:
- Набярэшся тут на вас на ўсiх фарбы, калi на паравозы ды на вагоны не хапае...
Адмаўляў.
А зрабiць ён быў павiнен. I ведалi ўсе, што крадзе гэты загадчык усё са склада, прэ цэлыя бочкi - алiву, фарбу, скрынкi цвiкоў, шкло, жалеза, што нi трапiць пад руку. Збывае потым, прадае гандлярам. Затое i дом, якi будаваў сабе за крадзеныя грошы, - палац цэлы. Дзе ж ты тут дапросiшся ў яго?!
- Узяў бы я яго ды з пузам у бочку, у бочку з мазутай цi з фарбай... Ведаў бы тады ён.
А што ён ведаў, Мiколка i сам добра не разумеў.
Але ў хуткiм часе Мiколка сапраўды адпомсцiў "буржую". I хоць помста была i нядужа вялiкай, але давялося ўсё ж "буржую" перажыць некалькi непрыемных хвiлiн. Было гэта тады, калi "буржуй" скончыў будаваць свой дом. Дом быў яшчэ не агароджаны, стаялi толькi некалькi сарайчыкаў з рознымi матэрыяламi, i, як падгледзеў Мiколка з групай сваiх дружбакоў, былi там i бочкi з фарбай. З прычыны завяршэння будаўнiцтва дома гаспадар наладзiў урачысты баль, склiкаў шмат гасцей. Тут быў i начальнiк дэпо, i некаторае дарожнае начальства, усе вялiкiя шышкi на чыгунцы. Госцi весялiлiся ў невялiкiм садку, выпiвалi, закусвалi. Тут жа круцiўся ля стала i вялiкi пушысты кот, любiмец "буржуя". Мiколкава кампанiя доўга завiхалася ля садка, пакуль iм не ўдалося заманiць ката да сябе i злавiць яго.
А злавiўшы, усе забралiся ў адзiн сарай i наладзiлi кату хрышчэнне ў бочцы з вадкай зялёнай фарбай, якой фарбуюць звычайна пасажырскiя вагоны. Акунуўшы ката разы са два ў бочцы так, што з яго цякла з усiх бакоў фарба, Мiколкава кампанiя задала лататы i, схаваўшыся за садком, назiрала, што будзе рабiць кот. Той адразу ж кiнуўся да гасцей i, не доўга думаючы, скочыў на каленi да свайго гаспадара i пачаў атрасацца ад мокрае фарбы. "Буржуй" не заўважыў спачатку нiчога, усё гаварыў нешта з гасцямi. Але потым да Мiколкавай кампанii данёсся выбух рогату: то смяялiся госцi над катовымi ўчынкамi. Увесь летнi касцюм гаспадара быў канчаткова сапсуты.
Тады Мiколкава кампанiя крыкнула на ўвесь голас: "Крадзеная, крадзеная!" i ў адзiн мiг кiнулася наўцёкi. Што было далей з "буржуем", Мiколка не ведаў. Але быў вельмi задаволены - хоць чым-небудзь ды адпомсцiў ненавiснаму чалавеку.
- Будзе ведаць, як фарбы шкадаваць нашым людзям...
Царскiя арлы
Акрамя непрыемнасцей праз Бога, меў iх Мiколка i праз цара. Чуў ён пра яго i дома i ў школе. У школе нават спецыяльнай малiтве вучылi, дзе гаварылася аб тым, каб дапамог Бог яго iмператарскай вялiкасцi, каб захаваў яго жыццё i даў перамогу над супастатамi.
"Вось гэта дык асоба, калi ўсе моляцца аб ёй", - думаў Мiколка. Дома ён распытваў дзеда, хто такi цар.
- Ого! Цар - гэта, браце мой, цар, а не абы-што... - адказваў дзед. Ён табе сядзе вячэру спраўляць, а навокал тысячу слуг... Не менш! Адзiн каўбасу падае, другi - гарэлку, трэцi - селядца, чацвёрты, браце мой, салоныя агуркi прэ.
- А пяты? - пытае Мiколка.
- Пяты? Ну i пяты мае якую-небудзь справу, скажам, блiнцы падае, дранiкi або капусту тушаную... - прыпамiнаў дзед стравы, каб даць абавязак для кожнага слугi.
- А цi есць цар прэжаны гарох? - пытаўся Мiколка пра свой найлепшы прысмак.
Дзед доўга чухаў патылiцу, не ведаючы, як адказаць. Але потым, каб падтрымаць свой аўтарытэт, рашуча казаў:
- А што ж ты думаеш! Магчыма, есць... Ён, браце, усё можа... Захоча гароху - з'есць гароху, захоча смятаны - яму падаюць смятану... Яшчэ толькi ў думках у яго пра смятану, а тут ужо слуга перад iм з гладышом смятаны, хоць адбаўляй... Але, як мне здаецца, цару i без гароху добра жывецца... Гарох жа не панская яда.
Тады ўжо Мiколка кiдаўся ў спрэчкi з дзедам:
- Не можа быць, каб гароху не еў! Няма нiчога на свеце смачнейшага, як гарох. А цар, вiдаць, не дурны.
- Вядома, не дурны... Ён, браце, i хiтры, усё ведае, хто дзе жыве i што думае. Вось i пра нас з табой ён ведае. Сядзiць дзе-небудзь у Пецярбургу на троне, на карту зiрне, бачыць - станцыя наша... I адразу ў думках у яго: "Ага! А ў мяне там стары герой турэцкай вайны Астап жыве з унукам Мiколкам, а паказаць iх мне перад мае царскiя вочы!" I што ты думаеш! Ён усё можа. Захоча пакараць, адразу i скажа: "Ану, падайце мне сюды Мiколку, я яго жыцця рашу за непаслушэнства!" I чык-чырык - няма галавы ў Мiколкi... А захоча памiлаваць, скажа: "А што табе, Мiколка, даць - залатыя палацы цi цуда-камень самацвет?"
- Мне палацы залатыя непатрэбны... - уздыхае Мiколка. - От бы далi нам, дзеду, невялiчкую хату, каб табе на падлозе не спаць ды зiмой нам усiм не прастуджвацца...
- Бачыш, куды ты хапiў! Невялiчкую хату - гэта, браце, для цара цяжэй, чым залатыя палацы... Не любiць цар такой драбязой займацца.
Мiколка ўздыхаў, не згаджаўся з такiмi парадкамi.
Так гаварылi часта памiж сабой дзед з унукам. Мiколка i ў бацькi пытаўся пра цара i пра гарох прэжаны.
Бацька пасмейваўся, на дзеда мiргаў:
- Ты яго, Мiколка, слухай, ён табе казак нагаворыць, усё роўна як пра турэцкую вайну. Цар народ кулямi частуе, вось пра якi гарох ён дбае...
Кулi i гарох - незразумела гэта крыху для Мiколкi. Распытаў бы яшчэ пра цара ў бацькi, але той не асаблiва паважае такiя гутаркi.
- Адчапiся ты з царамi сваiмi... Трутнi яны, крывасмокi на нашым целе.
- Як буржуi?
- Ну, вось... Цар над усiмi буржуямi буржуй, вось хто такi цар...
Не шкодзiла б яшчэ каго распытаць пра цара, але няма ў каго. Не ў папа ж таго ў школе. Можа выйсцi горай Адама i Евы...
А неўзабаве давялося Мiколку з царом пазнаёмiцца, ды яшчэ як! Так пазнаў цара, што потым i другiм не раiў.
Аднае ранiцы панеслiся па вагонах чуткi, што заўтра цар будзе па чыгунцы ехаць. I сапраўды, яшчэ ўвечары ў вагон да Мiколкi ўвалiлiся салдаты i пара жандараў. I так па ўсiх вагонах пасёлка. Бацьку i дзеду далi спецыяльныя бляшкi, каб павесiлi на грудзi замест прапускоў. Гэта каб кожны бачыў, што яны служаць на дарозе, i не затрымлiваў на пуцях. I вельмi строга загадалi, каб не хадзiлi, аднак, без патрэбы па пуцях i каб нi кроку не рабiлi на станцыю. Ды загадалi яшчэ навокал вагона жоўтага пяску насыпаць. А мацi цэлы экзамен учынiлi, загадалi ёй вагон звонку адмыць i новымi хусткамi дзверы i вокны завесiць, каб не бачыў цар лахманоў гэтых тухлых, не псаваў бы настрою. I каб самi ля вокнаў не стаялi, iначай "страляць будзем".
- Ды глядзi, галадранца гэтага за дзверы не выпушчай, убача цар - у Сiбiр тады запяком! - гэта ўжо ў дачыненнi да Мiколкi.
"Вiдаць, пабойваецца мяне цар, калi зiрнуць на мяне баiцца..." падумаў Мiколка, але змоўк, не сказаў нiчога.
I як прачнуўся Мiколка, так i пiльнаваўся акна, а цi скора царскi цягнiк пойдзе. Бачыў ён, як завiхалiся на пуцях рабочыя, якiх падганялi жандары. Рабочыя падчышчалi i падмяталi пуцi, замыкалi стрэлкi i наглуха забiвалi iх кастылямi. Гэта для таго, каб царскi цягнiк не павярнуў на другую дарогу i каб нiхто не мог павярнуць стрэлку не туды, куды трэба. I ўвесь таварны i пасажырскi рух спынiўся. Таварныя цягнiкi стаялi ў тупiках, а пасажырскi як стаў на трэцiм пуцi, так i не пайшоў далей. А ўсiх пасажыраў выгналi з вагонаў i пазаганялi на станцыю. Вiдаць, таксама, каб цар не ўбачыў...
Мiколка назiраў за пераездам цераз чыгунку. Там таксама iшла работа. Салдаты i жандары не давалi нiкому пераязджаць цераз чыгунку i заганялi ўсiх - i конных i пешых - далей ад чыгункi ў лагчыну. Наогул, у гэты дзень было багата работы жандарам i салдатам. I колькi ж iх нагналi! Паабапал усёй дарогi было поўна iх, усё ганялiся за людзьмi, адганялi iх ад чыгункi.
Вось урэшце паказаўся i цягнiк. Ён хутка прайшоў праз станцыю. Усе вокны былi завешаны фiранкамi. I як нi прыглядаўся Мiколка, ён нiчога не ўбачыў. I толькi ён сабраўся ўжо выйсцi з вагона, калi прайшоў цягнiк, як яго за руку схапiў салдат.
- Ты куды, падшывалец, назад!
Аказалася, што прайшоў толькi цягнiк з царскiмi генераламi i слугамi i хадзiць па пуцях яшчэ не дазвалялася. Праз якiя паўгадзiны паказаўся i царскi цягнiк. Вялi яго аж два паравозы, i на пярэднiм быў вялiкi двухгаловы арол. Усё роўна як той, што быў намаляваны на Мiколкавым вагоне над надпiсам: "40 человек, 8 лошадей". Але гэты арол быў надзвычай вялiкi i блiскучы, аж загледзеўся на яго Мiколка, на якую хвiлiну i пра цара забыўся. Вагоны ў цягнiку былi надзвычай прыгожыя, усё з шырокiмi вокнамi, блiскучымi, як люстэркi. Цягнiк iшоў вельмi марудна на стрэлках, нiбы воз якi з малаком цi з гаршкамi. Мiколка пiльна прыглядаўся да акон, каб угледзець цара цi хаця царанят. Але дзе ты ўбачыш на такой адлегласцi. А цягнiк усё iшоў цiха, паволi. I тады, не доўга думаючы, кiнуўся Мiколка маланкай да цягнiка, каб спрытней разгледзець усё. Ён ужо наблiжаўся да вагонаў, як за iм пабеглi аж два жандары i крычалi так, што не чутна было стуку вагонаў:
- Стой! Стой! Страляць будзем...
Мiколка бачыў, як заварушылiся фiранкi на вокнах вагонаў i нечыя палахлiвыя твары схавалiся за iмi. I, каб не папасцiся ў лапы жандараў, Мiколка як дуж сiгануў на падножку вагона i кiнуўся далей, у тамбур.
"Пад'еду, - думаў, - за станцыю, а там i саскочу ля семафора..."
Толькi ён падумаў гэта, як яго i схапiлi за рукi ў вагоне двое салдат-вартавых, што стаялi непрыкмечаныя iм каля выхаду. А нейкi сiвы-сiвы, увесь у золаце, у медалях, у звёздах ды ў блiшчастых эпалетах, наставiў на Мiколку пiсталет i, трасучыся i адступаючы назад, крычаў не сваiм голасам:
- Стой! Стой! Рукi ўгару!
А дзе ты падымеш гэтыя рукi, калi iх сцiснулi так, што косцi занылi.
- Не варушыся, застралю! - не сунiмаўся стары. - Звязаць злачынца, абшукаць, адабраць зброю!
Моцна скруцiлi Мiколку рукi назад, аж уелiся рамянi ў цела. Павалiлi Мiколку на падлогу, абшукваць пачалi. Але што ты там знойдзеш у Мiколкавых кiшэнях. Высыпалася з iх штук з дваццаць розных гузiкаў, дзве невялiчкiя гайкi, пара цвiкоў, кавалачак каляровага шкла, драбок цукру, што ўзяў у дзеда, ды кавалак "зайцавага хлеба".
Сiвы генерал, а можа, мiнiстр - не было асаблiва часу Мiколку даведацца дасканала пра ўсё, - трымаючы над Мiколкам пiсталет, другой рукой у пальчатцы асцярожна дакрануўся да гузiкаў, да цвiкоў. Ён нiбы баяўся, што гэтыя гузiкi ўзарвуцца адразу i разнясуць на мэтлахi ўвесь царскi цягнiк.
- Што гэта? - грозна спытаў ён Мiколку, паказваючы на гузiкi.
- Гузiкi... Вось гэта пара ад штаноў дзеда Астапа, а гэта...
- Маўчаць! - i так грозна крыкнуў сiвы, што ў Мiколкi i дух заняло. А гэта што? - i сiвы асцярожна дакрануўся пальцам да хлеба.
- "Зайцаў хлеб"... - ледзь прашаптаў ад страху Мiколка, адчуваючы сябе нi жывым нi мёртвым пад грозным пiсталетам.
- Панюхаць! - скамандаваў салдатам сiвы.
Тыя добра панюхалi па чарзе, паклалi назад i грымнулi ў адказ, як па камандзе:
- Хлеб, ваша сiяцельства!
Сiвы недаверлiва паглядзеў на хлеб, дакрануўся да яго яшчэ раз пальцам i, наморшчыўшы нос, загадаў:
- Пакласцi ўсё назад у кiшэнi злачынца. А яго прывесцi ка мне на допыт...
I вось стаiць Мiколка перад генералам, а можа, перад мiнiстрам, i ўспамiнае дзеда. Эх! Хутчэй бы да яго, да бацькi, да мацi. А цягнiк iдзе. Толькi чуваць, як пастукваюць колы: цiк-так-так, цiк-так-так... Праз завешанае акно нiчога не было вiдаць. Абапал Мiколкi стаяць два салдаты, трымаюць яго за рукi. Генерал пытае сурова:
- Дык чаго ж ты скочыў у вагон?
- Убачыць хацеў... - выпалiў адразу Мiколка. Ён ужо смеласцi пачаў набiрацца, узгадаўшы, як храбра лавiў ён рака ў дзедавай барадзе. Дый баяцца ён кiнуў гэтага сiвога, якi, бачыш ты, не разумее, што такое гузiкi i што такое "зайцаў хлеб". Дый баiцца, вiдаць, яго гэты сiвы. Не стаў бы звязваць Мiколку, пiсталетам яму пагражаць.
- Каго ж ты ўбачыць хацеў?
- Цара! З царом хацеў пазнаёмiцца...
- Ах жа ты рыштант! - аж пачырванеў тут ад злосцi сiвы i ад злосцi той бараду сваю торгаў. - Ладна, я пакажу табе цара, добра пакажу, каб нiколi не забыўся ты на гэта знаёмства...
На суседняй станцыi, дзе спынiўся на хвiлiну цягнiк - паравоз дровы браў, - з'явiлася ў вагон цэлая група жандараў i ўзяла з сабою Мiколку. На станцыi яны доўга распытвалi яго: хто ён, адкуль, чый сын. Доўга званiлi па тэлефоне на Мiколкаву станцыю i ўрэшце запыталi:
- Дык хочаш цара ўбачыць?
- Не трэба цяпер мне вашага цара, мне б дзеда хутчэй цi бацьку...
- Не... Чаму ж... мы пакажам... Загадана паказаць табе як след.
I так паказалi цара Мiколку, што ён i цяпер не любiць асаблiва ўспамiнаць аб гэтым. I плачу было тут, i слёз, i рову. Так спаласавалi хлопца папругамi, што месца жывога не пакiнулi. А адзiн усё банькай ад папругi стараўся.
Ледзь жывым вярнулi Мiколку на родную яму станцыю, куды накiравалi яго таварным цягнiком, даручыўшы галоўнаму кандуктару. А на роднай станцыi ён патрапiў яшчэ ў рукi свайго жандара. Той наверх усыпаў, прыгаворваючы:
- Гэта табе за замах на свяшчэнную асобу гасудара-iмператара. Гэта за гузiкi ад штаноў дзеда Астапа, якiмi абразiў ты яго сiяцельства, вялiкага князя... Гэта табе за вялiкiя непрыемнасцi мне, што парушыў ты, супастат, наладжаны мною парадак на станцыi...
Хацеў Мiколка ў зубы даць жандару, усё намацваў свае гайкi ў кiшэнi. Але не хапала сiлы, так быў збiты. Ледзь жывога вярнулi яго ў вагон да дзеда, да мацi, да бацькi. Ахнулi яны, жахнулiся. Раздзелi Мiколку, цёплай вадой пабоi змачылi. Дзед прыгледзеўся, збялеў аж:
- Глядзiце-ка, па ўсяму целу нiбы царскiя арлы павыбiвалi, няйначай хто казённай банькай стараўся...
А назаўтра дзед, узброiўшыся сукаватым кiем, пайшоў на станцыю i, напаткаўшы жандара, збiў яго на горкае яблыка. Патрушчыў i шаблю i пiсталет паламаў. I хоць уся станцыя i ўсё дэпо падтрымалi голасна дзеда пры гэтай баталii, аднак на другi дзень арыштавалi дзеда i пасадзiлi ў турму. Праўда, праз месяц якi выпусцiлi дзеда, з прычыны яго старасцi, на волю, але са службы ў дэпо прагналi як "небяспечнага злачынца". Дзед спрабаваў пахвалiцца крыху, што таму выпусцiлi яго з турмы, што ён герой, што ў яго два медалi за турэцкую вайну. Бацька слухаў гэтую пахвальбу ды папракаў дзеда:
- Кiнуў бы ты, стары, свае турэцкiя байкi. Герой! Не нам з табой пакуль што ў героях хадзiць, i медалi веку ў цябе ўварвалi... Аддаў бы лепш малому на цацкi, чымся вешаць гэтыя бразджолкi на грудзi...
Маўчаў дзед, не адказваў нiчога. Але, вiдаць, згаджаўся з сынам. I, вiдаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскiх арлах, што павыбiвалi жандары на Мiколкавым целе.
Так пазнаёмiўся Мiколка з царом.
Так пазнаў яго.
Цяжкiя гадзiны
Некаторым можа паказацца, што Мiколку заўсёды жылося весела i бесклапотна: то ракаў ён ловiць, то з дзедам на паляванне ходзiць, то ласуецца "зайцавым хлебам", то ўрэшце з "iмператарскiм вялiчаствам" знаёмiцца, самога Мiкалая Другога хоча за руку пацiснуць. Але гэта толькi так здаецца.
Мала было вясёлага ў Мiколкавым жыццi. Усю зiму мерзлi ў халодным i цесным вагоне, марачы аб цёплых летнiх днях. У дадатак да холаду даймаў i голад, асаблiва калi пачалася вайна. А тут i бяда насцiгла Мiколкаву сям'ю. Неяк аднае ночы ўвалiлася ў вагон цэлая група жандараў. Пабудзiлi ўсiх. Шукалi нечага, нават дзеда паднялi з падлогi i ператрэслi мяшок з саломай, на якiм спаў дзед.
Дзед стаяў пануры, злосны, з жандарамi лаяўся:
- Што вы шукаеце тут, чаго не палажылi?
Адзiн з iх, той самы, якога пабiў некалi дзед на станцыi, штурхануў яго ў грудзi:
- Адыдзi, стары пёс!
Дзед не мог сцярпець такой знявагi i адразу захадзiўся ля свае скрынкi, усё мармычучы сабе пад нос:
- Я табе пакажу, хто пёс... Я стары царскi служака, я царскiя ўзнагароды маю... я...
- Кiнь, стары, свае штукi... Ведаю, хочаш ты свае медалi паказаць iм... - спынiў дзеда бацька. - Непатрэбны iм твае царскiя бляшанкi... у iх вунь у самiх поўныя грудзi бляшанак гэтых. Адна толькi рознiца, што ты сваёй крывёй медалi набыў, а яны набываюць медалi нашай крывёй... Глядзi вось за ўнукам добра, дзед, гадуй яго.
Нiчога не знайшлi жандары, але бацьку забралi, не спыталi Мiколку. А за што? Цi бацька ўкраў што, цi забiў каго? Здаецца ж, нiчога такога з бацькам не здарылася. А вось узялi i ў турму пасадзiлi, як апошняга злодзея.
А на другi дзень ранiцай з'явiўся той самы станцыённы жандар i, раскрыўшы дзверы, закамандаваў:
- Ану, выкiдвайцеся з вагона, каб i паху вашага тут не было!
Мацi спачатку нiчога не зразумела, запытала толькi:
- Як гэта выкiдвайцеся?
- А так! - сказаў абыякава жандар i, ухапiўшы вiсеўшае на сцяне дзедава палiто, выкiнуў яго з вагона.
- А як жа жыць? - спытала яшчэ раз мацi, нiчога не разумеючы з таго, што гаварыў жандар. Той нiчога не адказваў, а толькi выкiдваў па чарзе невялiкiя набыткi Мiколкавай сям'i. Дзед узяўся быў за адломленую ножку тапчана, каб кiнуцца на жандара, але Мiколка заўважыў, як адсцёгвае жандар кабуру рэвальвера, i кiнуўся к дзеду, павiс у яго на руцэ, крычучы на ўвесь вагон:
- Не трэба, дзеду, не трэба... Гэты сабака i забiць можа цябе...
- Вон, шчанюк! - i жандар, схапiўшы Мiколку за плечы, адштурхнуў яго за дзверы.
Мацi сядзела ў вагоне, безуважная да ўсяго. Толькi слёзы кацiлiся адна за адной ды словы адны i тыя чулiся з яе вуснаў:
- Як жа нам далей жыць? Што ж гэта за бяда такая...
- А гэта ўжо не мая справа... Мне-то што! - пасмейваўся жандар i не кiдаў сваёй работы.
Да вагона пазбiралiся людзi: жанчыны з вагоннага пасёлка, некаторыя рабочыя з дэпо. Спачатку гаварылi цiха памiж сабой, сумна кiвалi галовамi, спачувалi Мiколкавай сям'i. Потым пачалi гаварыць гучней i гучней, i хутка каля вагона чулiся ўжо крыкi, пагрозы, гучная лаянка, некаторыя спрабавалi ўгаворваць жандара:
- Што ты робiш, чалавеча, на зiму людзей выганяючы на холад? Сягоння iх, а заўтра нас выганяць будзеш?
- Адыдзi, а то ўраз i цябе арыштую... - агрызаўся жандар, накладаючы пячатку на дзверы пустога вагона.
- Знайшлi ў кiм совесць шукаць! Цi была яна калi ў сабакi... гаварылi адны. А другiя ўжо грозна наступалi на жандара. Яны былi гатовы ўзяць яго, разарваць на кавалкi, умяшаць у брудную прамазучаную зямлю.
Тады падняўся дзед, якi сядзеў увесь час на разбiтым тапчане i сумна пазiраў на народ. Дзед рашуча ступiў уперад, загаварыў:
- Кiньце, людцы, гэтага сабаку... Не ў iм жа справа... Не выганiць ён мяне сягоння, дык заўтра iх дваццаць знойдзецца, усё роўна выкураць. А вы толькi непрыемнасцi можаце набыць сабе. Ёсць вышэй за iх людзi, яны разумеюць чалавечую справядлiвасць. Калi сына забралi гэтыя сабакi, дык гэта ж непаразуменне. Тыя, што вышэй, тыя ўсё разбяруць, тыя ўбачаць, хто правы i хто вiнаваты... А вы разыходзьцеся, людцы, па хатах.
Дзед верыў яшчэ ў нейкую вышэйшую справядлiвасць, верыў крыху ў цара.
- Не можа быць, каб ён дапускаў такiя непарадкi, калi чалавека за нiвошта садзяць у турму.
Прадаўшы сёе-тое з манаткаў i надзеўшы свае медалi, ездзiў ён да вышэйшага жандарскага начальства хадайнiчаць аб сыне. Але прыехаў вельмi пахмуры i расчараваны. Здзеў медалi свае, Мiколку кiнуў:
- На, унучак, хавай са сваiмi гузiкамi - блiскучыя цацкi будуць...
I, дастаўшы з кiшэнi паперу, чытаў яе Мiколкавай мацеры. То быў прысуд над бацькам Мiколкi. Па "загаду яго iмператарскай вялiкасцi" быў засуджаны Мiколкаў бацька на дзесяць год катаргi.
- "Яго iмператарскай вялiкасцi"... - мармытаў пацiху дзед. - Погань гэта, а не вялiкасць... А я думаў...
Шмат аб чым перадумаў дзед. Жылi цяпер у невялiчкiм хлеўчуку, складзеным са старых шпал. Гэты хляўчук аддаў iм пад жыллё адзiн стрэлачнiк. Дзед хадзiў кудысьцi на работу, цi то пiлаваць, цi то складаць дровы. Мацi хадзiла таксама на падзённую работу: то мыла чужую бялiзну, то падлогi, то прыбiрала двары ў багатых дамах. Часта пытаўся Мiколка, за што ж пасадзiлi бацьку. Але нiхто не мог адказаць яму дакладна i падрабязна. Ведаў толькi, што бацька яго палiтычны злачынца, а ў чым гэтае злачынства, нiяк не мог ён толкам дабраць. Хiба ж злачынства ў тым, што ён кiраваў забастоўкай i хацеў, каб рабочым плацiлi болей, каб iм лепш жылося? Якое ж у гэтым злачынства, хiба за гэта трэба людзей садзiць за краты?
Худое жыццё настала для Мiколкi. Некаму было i "зайцавым хлебам" пачаставаць. Часта яшчэ, учуўшы знаёмы гудок паравоза, кiдаўся спрасонку Мiколка да мацi:
- Стаў самавар, мама, бацька едзе!
Але ставiць самавар не было патрэбы, i мацi ўгаворвала Мiколку:
- Спi, сынок, спi... Бацькаў цягнiк яшчэ далёка, далёка.
Днi цягнулiся за днямi, шэрыя, нудныя, халодныя. Толькi i было шчасця, калi прыходзiлi некаторыя рабочыя, суцяшалi мацi i дзеда:
- Не гаруйце, усё пройдзе, усё мiнецца, будзе свята калi-небудзь i на нашай вулiцы... Не ўсё ж iм ды iм.
Суцяшалi гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалi. То грашыма, то дроў прыстараюцца, то змайструюць печку чыгунную, каб не так даймаў холад. I тады рабiўся весялейшы дзед, жартаваў з Мiколкам, падбадзёрваў яго:
- Не сумуй, унучак, дачакаемся i мы з табою лепшае долi...
Суцяшаў, суцяшаў дзед, але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Неяк застудзiўся ён на рабоце, прастыў. Ледзь дахаты прыйшоў i злёг, з ложка не падымаўся.
I колькi нi даглядалi за iм мацi i Мiколка, аслаб зусiм дзед, да сябе паклiкаў:
- Вiдаць, трэба мне памiраць... Дык глядзi ж, Мiколка, слухайся мацi, расцi. А ты гадуй хлопца, да працы прывучай... Не было ў нашым родзе людзей, якiя б з чужога мазаля жывiлiся, кожны здабываў хлеб сваiм гарбом...
Заплакаў тут горка Мiколка, баючыся расстацца з найлепшым таварышам сваiм i з другам-прыяцелем.
Але не здаў пазiцыi дзед. Меў здаровую кроў ён. Сяк-так ад хваробы выкачаўся. Толькi надоўга выбыў са строю, i Мiколкавы прыгоды надалей доўга абыходзiлiся без удзелу дзеда Астапа.
А днi iшлi. I неўзабаве пасля дзедавай хваробы пачалi да Мiколкавай сям'i даносiцца чуткi, адна другой дзiўней, адна другой цiкавей. Чуткi iшлi па чыгунцы аж з самага Петраграда. Спачатку цьмяныя, невыразныя, нiбы вялiкi смутак пайшоў у народзе i рабочы люд супроць цара выступае. Хадзiлi чуткi, што скора прыйдзе свабода i буржуям будзе канец. Буржуям i прыганятым iх. Чуткi рабiлiся ўсё больш яснейшымi, i ўжо ў кожнай хаце гаварылi, што ў Петраградзе пачалася рэвалюцыя.
Неяк аднаго разу вечарам да Мiколкавай сям'i зайшоў жандар. Быў ён чамусьцi без шаблi i без свае чырвонае шапкi. I голас быў зусiм не той. I выгляд зусiм не начальнiцкi. Зайшоў у хату i, пажадаўшы добрага дня, нечакана пачаў прасiць Мiколкаву мацi, каб яна забылася на ўсё старое, бо "цi мала чаго ў жыццi бывае, усякiх там непрыемнасцей...".
Узлавалася тут мацi, выгнала яго:
- Iдзi, iдзi, сабачае мяса, не жвенькай тут мне, крывасмок...
Нiчога не зразумела яна з жандаравай просьбы. Але назаўтра ўсё стала ясным. Калi прачнуўся Мiколка, то пачуў у горадзе стралянiну. На станцыi было надзвычай весела. Над будынкам вакзала калыхаўся аграмадны чырвоны сцяг. Усюды было поўна людзей, i ўсе былi радасныя, вясёлыя. Не вiдаць было нi жандара, якi вечна тырчаў са сваёй чырвонай шапкай, пахавалася кудысьцi начальства ды афiцэры, якiх раней багата было ў праходзiўшых праз станцыю эшалонах. I што зусiм здзiвiла Мiколку - ён смела прайшоў у тую залу, куды раней нiколi не мог папасцi нават разам з бацькам. Нiхто не затрымаў яго цяпер. У зале першага класа вiсеў на сцяне аграмадны партрэт цара. Вось цяпер гэты партрэт рабочыя дэпо здзiралi са сцяны. Здзiралi з мясам. Ужо зляцелi на падлогу царскiя ногi i мундзiр, толькi галава пад каронай, учапiўшыся за цвiкi, усё яшчэ вiсела на сцяне. Вось гэтую галаву i сцягвалi багром рабочыя.
У залу ўбег начальнiк станцыi. Ён зiрнуў на сцяну, ахнуў i замахаў рукамi:
- Што вы робiце з партрэтам, вы ўсю сцяну папсавалi!
За начальнiкам нехта пагнаўся жартам, а другiя ўжо зусiм без жартаў параiлi начальнiку вымятацца:
- А не, дык павесiм на царскае месца...
Хутка царская галава з кавалкам рамы i прыстаўшым да яе тынкам з грукатам паляцела ўнiз, узняўшы цэлыя клубы пылу, ад якога ўсе пачалi дружна чыхаць.
- Адзiная хаця карысць з цара - насы прачысцiм... - пасмейвалiся рабочыя, калi стары прыбiральшчык станцыi змятаў у кучу цара, тынк i ўсякую гразь, каб вынесцi яе на сметнiк.
- Вось, браце, як цароў скiдаюць! - кiнуў нехта, смеючыся, Мiколку.
За станцыяй яшчэ чулiся стрэлы. То не здавалiся на некаторых вулiцах жандары i гарадавыя. Але стрэлы былi радзей i радзей. Мiколка кiнуўся ў горад. Па галоўнай вулiцы вялi групу арыштаваных. Тут было некалькi афiцэраў, жандары, кучка гарадавых. Усе яны скоса пазiралi на народ, i злосныя агеньчыкi паблiсквалi ў iх пахмурых вачах.
- А... фараоны, папалiся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць! чулiся паасобныя выклiкi людзей з тратуараў, з вулiцы.
"Нешта нашага жандара не вiдаць... Яшчэ ўцячэ куды, гад..." - падумаў Мiколка пра жандара са станцыi. Вось бы каго злавiць, вось бы каму даць: за бацьку, за дзеда Астапа, за стары вагон, у якiм радзiўся Мiколка i з якога выкiнуў яго ненавiсны гэты чалавек.
I толькi гэта падумаў Мiколка, як бачыць ён: стаiць гэты жандар на базары ў кучцы людзей, гаворыць нешта. Толькi аблiчча зусiм другое i вусы абстрыг, шынель змянiў на палiто, нiякай пры iм шапкi жандарскай, нi шаблi. Стаiць i з людзьмi гаворыць. Цэлая група сялян тут сабралася. Аб цару гавораць, аб свабодзе.
- Нам гэта куды вальгатней цяпер будзе, зямлi прыбавяць... - кажуць некаторыя сяляне.
- Як жа, чакайце зямлi, калi нiякага парадку цяпер не будзе, нiякага закону... - устаўляе сваё слова жандар.
Слова за слова i ўжо цэлую прамову шпарыць жандар. I выходзiць па-ягонаму, што цяпер настала самая дрэнная часiна, што "змушчаюць" народ розныя свавольцы, фабрычныя ды жыды. Як-нiяк перашкаджаў iм цар апошнiя сокi з мужыка выцiскаць.
А цяпер хочуць гэтыя людзi свой парадак устанавiць.
Уздыхаюць сяляне, згаджаюцца, не згаджаюцца. Некаторыя спрачацца кiнулiся.
- Што нi кажы, чалавеча, а перамена павiнна быць вялiкая... Вось каб ведаў ты, колькi нашага брата розныя ўраднiкi, стражнiкi ды жандары прыцiскалi.
- Пра стражнiкаў ды жандараў я не кажу... Вядома, гэта сабакi... Але пры чым тут цар, хiба ён ведаў, як народ жыве, усё ад яго скрывалi... - так гаворыць жандар i ў вус не дзьме, нiбы ён самы найлепшы, самы працавiты чалавек на свеце.
I ўжо хацелася Мiколку крыкнуць на ўвесь голас: "Лавiце яго, вось ён, жандар!" Але пабаяўся крыху. Яшчэ не павераць яму людзi, дык гэты гад, чаго добрага, i пабiць яго надумаецца. I тут заўважыў Мiколка, як праз проразь палiто вiдаць жандарскiя сiнiя штаны. I тады адразу з'явiўся ў Мiколкi план, як спрытней узяць ворага.
Падышоў ён да яго, узяўся за полы палiто ды пытаецца:
- Дзядзенька, прадаеш палiто?
Людзi ў смех, а жандар у лаянку:
- Iдзi прэч, падшывалец! - i выказвае яўныя намеры адысцiся.
А Мiколка ўзяўся за палу, расхiлiў яе ды ўжо крычыць на ўвесь базар:
- Вось яны, штаны жандарскiя! Лавiце яго!
Заўважылi людзi жандарскую адзежыну, заварушылiся адразу, жандара схапiлi.
- Бач ты, гад, а яшчэ добрым чалавекам прыкiдваецца! Бач ты яго, царскi абаронца знайшоўся... I форму змянiў, каб не пазналi.
Так злавiў Мiколка апошняга жандара са сваёй станцыi i ўрачыста прывёў яго пад канвоем людзей у дэпо. Усе вiталi Мiколку, вiншавалi з перамогай над ворагам:
- Маладзец, хлопец, па бацьку пайшоў! Лавi iх, супастатаў, усюды, дзе толькi ўбачыш!
Так пачалася свабода, рэвалюцыя, i такi ўдзел браў у ёй наш Мiколка. А праз колькi дзён у Мiколкавай сям'i было вялiкае шчасце. Нечакана прыехаў бацька. Ён быў страшэнна худы, зжаўцелы, увесь аброс барадой. Але колькi было радасцi ў яго, весялосцi. Ён усiх абдымаў, цалаваўся з усiмi рабочымi, якiя цэлымi гурмамi прыйшлi да яго з дэпо. Рабочыя падкiдвалi бацьку ўгору, качалi на руках, звалi да сябе ў госцi.
- Цяпер, браткi, не да гасцявання! - жартаваў бацька. - Не доўга i прагасцявацца... Буржуi перапалоханы насмерць, хочуць на свабоду ланцуг накiнуць...
Бацька так i зашыўся адразу ў работу. Жыць пераехалi назад, у родны вагон. Прыходзiў зноў той "буржуй", з дэпо, якi калiсьцi знiшчыў Мiколкаву карцiнную галерэю. Ён загадаў пафарбаваць вагон, падправiць дах, змянiць некалькi дошак у падлозе. Ён бегаў навокал бацькi, як на калёсiках, i ўсё пытаў:
- Можа, гэта падправiць, можа, лепшую печачку паставiць?
Бацька моршчыўся нечага, не адказваў. Потым не сцярпеў, крыкнуў:
- Адчапiся ты, чаго прылiп як банны лiст... Нешта раней ты не лiп да нашага брата... Зрабi вось, каб было па-людску.
"Буржуй" хадзiў як на заднiх лапках. Гаварыў лiслiва:
- Вы ўжо старое не памiнайце: што было, таго няма. А мяне вось рабочыя прыцiскаюць. Хочуць пад суд аддаць... Нiбы я iх прыцясняў калiсьцi, нiбы за крадзеж дом паставiў i на iхнiя капейчыны квапiўся. А вы цяпер вялiкi чалавек, паважаны чалавек. Недарэмна рабочыя хочуць за камiсара паставiць над участкам... Дык вы ўжо абаранiце хаця.
- Вон! - не сцярпеў тут бацька. Ды Мiколка паддаў жару:
- Iдзi, iдзi, погань буржуйская... Бач, хвост падцяў, калi на лапы наступiлi.
"Буржуй" пакiнуў вагон.
А жыццё зноў стала вельмi трывожнае. На свабоду спакушалiся тысячы ворагаў. Буржуi не хацелi даваць уладу рабочым, бальшавiкам, сярод якiх быў Мiколкаў бацька. Часцяком даводзiлася яму хавацца, каб не папасцiся ў лапы буржуяў, афiцар'я. Але Мiколка бачыў, што бальшавiкi над усiмi маюць перавагу. Усё дэпо iшло за iмi, усе рабочыя дбайна ахоўвалi сваiх бальшавiкоў ад буржуазнага ўрада Керанскага. Усе iшлi насупроць гэтага ўрада, не выконвалi яго распараджэнняў, псавалi вагоны, паравозы, не давалi iх пад пагрузку войскаў на фронт.
I толькi ў Кастрычнiку свабодна ўздыхнулi рабочыя. Улада перайшла канчаткова да iх.
- Цяпер, браце, наша свята! - сказаў бацька Мiколку. - Цяпер паравозы нашы, дарогi нашы, дзяржава наша. I каб толькi не ворагi - жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца.
Бацька быў цяпер камiсарам цэлага ўчастка дарогi i часта аб'язджаў яго, бываў на розных станцыях. Па старой звычцы ён не ездзiў у вагоне, а падсаджваўся на паравоз якога-небудзь цягнiка i так рабiў свае аб'езды, арганiзуючы рабочую ўладу на станцыях, па дэпо, па чыгуначных лiнiях.
А ворагi не хацелi здавацца. Яны збiралi ўсе сiлы, каб загубiць рабочую дзяржаву, каб зноў аднавiць стары лад у краiне. Насоўвалiся цяжкiя днi.
Мiколка вызваляе бальшавiкоў
Ужо з тыдзень хадзiлi чуткi, што наблiжаецца нямецкае войска.
Рабочыя дэпо рыхтавалi лепшыя паравозы, каб не пакiнуць iх немцам. Мiколкаў бацька раiўся з другiмi рабочымi, што рабiць: цi ваяваць з немцамi, цi пусцiць iх без бою. Але паступiлi i пэўныя ўказаннi, каб не адкрыць бойкi, не рабiць кровапралiцця, бо што могуць зрабiць рабочыя з узброенымi да зубоў палкамi Вiльгельма. Ды трэба было памятаць i аб Берасцейскiм мiры, расказаць аб iм рабочым i сялянам. Трэба было быць гатовым для падпольнай работы сярод нямецкiх салдат, каб зрабiць iх салдатамi-рэвалюцыянерамi.
Меркавалi, што немцы прыйдуць праз днi два, праз тры. Але яны з'явiлiся ноччу зусiм нечакана. Вiдаць, знайшоўся здраднiк на суседняй станцыi i не папярэдзiў аб адпраўцы нямецкiх эшалонаў.
Прачнуўся Мiколка ад стрэлаў. То ганялiся немцы за бацькам, якi ў адной сарочцы выскачыў праз акно i адстрэльваўся ад салдат. Бацьку ўдалося ўцячы, ён паспеў дабегчы да вялiкiх штабеляў дроў i схавацца там да вечара. I толькi ранiцай наступнага дня, калi iшлi рабочыя ў дэпо, бацька непрыкметна зайшоў у вагон. Страшна ўзрадавалiся мацi i Мiколка. Яны чулi, што арыштавана i пасаджана ў пакгаўз цэлая група рабочых-бальшавiкоў, i нiчога не ведалi, цi жывы яны, цi пабiты, цi ёсць сярод iх Мiколкаў бацька. Аж заскакаў ад вялiкай радасцi Мiколка, але бацька абурыўся на яго:
- Цiшэй ты, скакун! Яшчэ немцы пачуюць, ураз прыйдуць сюды... А цяпер бывайце... Даводзiцца, як бачыце, хавацца... Арыштоўвалi, вiдаць, па спiску, нейкi гад пастараўся для немцаў спiсак скласцi ўсiх тых, хто быў найбольш актыўны... Ну, не сумуйце ж, не вечна тут немцы будуць.
I толькi бацька нагу на парог паставiў, як падбегла ўсхваляваная мацi, на акно паказала:
- Пачакай, вунь iдзе адзiн з начальнiкаў дэпоўскiх, каб не ўгледзеў яшчэ часам.
Да вагона наблiжаўся той самы "буржуй", з якiм былi ў Мiколкi неаднаразовыя сутычкi i якi загадваў жыллёвымi вагонамi дэпо. Ён iшоў проста да вагона. Мiколкаў бацька зайшоў за полаг i схаваўся там. Неўзабаве зайшоў "буржуй", не вiтаючыся, важна рассеўся на зэдлiку, нахабна азiраючы ўсё навокал...
- Ну што ж, вiтаю вас, вiтаю! Накамiсарствавалiся, значыць, здаволiлiся...
Маўчала мацi, маўчаў Мiколка, не ведаючы, да чаго хiлiць гэты чалавек.
А той сядзеў, азiраўся навокал, усё адцягваў надалей сваё рашэнне. I ўрэшце загаварыў:
- Сказ мой будзе кароткi... Не ўсё ж у камiсарах хадзiць ды другiмi камандаваць. Расправяцца вось цяпер немцы з вашым камiсарам. Паслухайце цяпер i майго загаду - у дваццаць чатыры гадзiны аслабанiць гэтую кватэру, i каб духу вашага тут не было... Хоць да д'ябла! А не паслухаеце - штыкамi выпарам, бо, дзякаваць Богу, ёсць цяпер каму за парадкам сачыць... Дык жыва ж... - разышоўся ваўсю "буржуй", i аж тлустая яго шыя пачырванела i заскакаў тлусты падбародак з барадаўкамi, з рудай шчацiнай. I раптам "буржуй" змоўк, абмяк, нiбы костка яму ў горла папала цi нечакана паляруш стукнуў. Перад iм стаяў бацька, якi выйшаў з-за полага. Бацька прыставiў "буржую" рэвальвер да лба i гаварыў цiха, але так, што чуў i Мiколка:
- Дык вось хто немцам нас павыдаваў... Малiся ж Богу, што сядзiш ты ў мяне ў вагоне, не хачу вось шуму падымаць ды iм непрыемнасцi рабiць.
Тут паказаў ён на Мiколку i на мацi.
- А цяпер глядзi: калi хоць пiкнеш слова якое пра мяне цi супроць нас усiх, цi будзеш iх вось чапаць, дык памятай: жыццё кароткае, а мы яго яшчэ табе ўкароцiм... А не верыш, дык вось панюхай!.. Гэта табе прысяга - не раскрываць нiдзе свайго паганага рота ды вымятацца самому падабру, па-здароваму са станцыi...
"Буржуй" сядзеў i пiкнуць не смеў. У яго не пападаў зуб на зуб - i ад страху, i ад здзiўлення. Не чакаў ён сустрэць тут Мiколкавага бацьку, якога лiчыў ён ужо нават загiнуўшым ад немцаў.
Бацька сунуў яшчэ раз рэвальвер у лоб "буржую" i, развiтаўшыся са сваiмi, пайшоў як нi ў чым не бывала з вагона. Перапалоханы "буржуй" прасядзеў яшчэ з паўгадзiны i толькi тады рушыў з вагона. Пайшоў моўчкi, азiраючыся за сабой, як пабiты сабака.
А вечарам прыйшлi некалькi рабочых. Сярод iх Мiколкаў брат Павел, якi служыў змазчыкам. Мацi пайшла кудысьцi да суседзяў. Мiколка забраўся спаць на свой тапчан. Драмаў i прыслухоўваўся, аб чым цiха гаварылi рабочыя. Яны, вiдаць, спрачалiся аб нечым, бо адны гаварылi, што можна ўцячы з пакгаўза, другiя гаварылi, што цяжка. Тады Мiколка зразумеў, што гутарка iдзе аб вызваленнi тых рабочых, якiя арыштаваны немцамi i сядзяць зараз у станцыённым пакгаўзе. Добра ведаў Мiколка гэты пакгаўз, колькi разоў забiраўся ў яго з хлапчукамi, сваiмi таварышамi, калi грузiлi ў пакгаўз семечкi, гарох альбо якiя iншыя падобныя прысмакi.
- Туды вельмi цяжка забрацца, бо пакгаўз новы, ды часавых стаiць аж два - ад станцыi i ад горада, - чуў Мiколка, як гаварыў адзiн з рабочых. Пачуў i не сцярпеў. Саскочыўшы з тапчана, падбег да рабочых.
- Я магу залезцi ў пакгаўз, нягледзячы i на часавых... - хутка выпалiў ён i пачырванеў нават, цi то ад нечаканае свае храбрасцi, цi ад сарамлiвасцi.
Рабочыя аж ахнулi.
- Казаў жа я вам, каб гаварыць цiшэй... А то вось аб усiм i даведаўся гэты падшывалец.
Мiколку страшна ўкрыўдзiла такое слова. Ён скоса зiрнуў на гаварыўшага, працадзiў праз зубы:
- Каму падшывалец, а каму Мiколка, бальшавiкоў сын...
- Ну, то iдзi да немцаў i скажы iм, што бацька твой - бальшавiк!
- Няма такiх дурных! - увязаўся ў гутарку Мiколка. - Калi вам кажу, ведаю каму. А немцы пра бацьку i так ведаюць, што ён бальшавiк, бо не сталi б лавiць яго, нехта ж падказаў... А пакгаўз я ведаю, як свой вагон, мы вунь колькi разоў туды лазiлi галубоў ганяць...
- "Галубоў, галубоў!.." - перадражнiў яго адзiн з рабочых. - Тут, бачыш, не галубамi пахне, а куляй, а ты яшчэ дурань малы.
Хацеў тут Мiколка абазваць гэтага рабочага таксама дурнем, але ўбачыў, што той абзывае яго так не злуючы, а проста жартам.
- Няхай сабе i малы, але мне куды спрытней у пакгаўз залезцi, чым катораму з вас вялiкаму...
На гэтым i разышлiся, строга-настрага наказаўшы Мiколку, каб нi слова, нi гуку нiхто не пачуў ад яго аб тым, пра што ён чуў.
- Ну, што вы, маленькiя якiя, цi што... - не на жарты ўсердаваў Мiколка. - Цi буржуй я, цi меншавiк, па-вашаму...
Чуў Мiколка пра меншавiкоў як пра вялiкiх паскуднiкаў, якiя любому буржую гатовы заўсёды боты лiзаць. Таму i памянуў пра iх.
- Ну, глядзi ж, - яшчэ раз сказалi яму на развiтанне.
А ранiцай, яшчэ сонца не ўзышло, было яшчэ цёмна, пабудзiў Павел Мiколку, сказаў яму пацiху:
- Ну, уставай, бальшавiк! Пойдзем сваiх ратаваць. Глядзi ж не падкачай... Зловяць, скажы - за галубамi палез.
- Якiя ж галубы па начах! - папракнуў Мiколка брата за такое выключнае няведанне галубовай справы.
- Тады скажы, што за семечкамi палез.
- За семечкамi яшчэ можна... - згадзiўся Мiколка з такой прапановай.
Станцыя хавалася ў прадранiшнiм змроку. Сям-там мiгацелi стрэлачныя лiхтары, пыхкалi парай паравозы ля дэпо, збiраючыся ў дарогу. Сям-там на пуцях стаялi адзiночныя таварныя вагоны, платформы з лесам ды з iншымi грузамi. Каб не быць заўважанымi нямецкiмi часавымi, Мiколка з рабочымi прабiраўся каля вагонаў, хаваючыся ў iх доўгiм ценi.
I тут ля вагонаў заўважылi i дзеда Астапа. Ён iшоў следам за ўсiмi, не адстаючы нi на крок. На яго накiнулiся ўсе:
- Куды табе, дзеду, iсцi! Iдзi кладзiся спаць!
Аднак дзед аж узлаваўся:
- За каго вы мяне прымаеце? Каб я ды пакiнуў унука свайго ў небяспецы?
I колькi нi спрачалiся з дзедам, нiчога не выйшла. Дзед не адступiў i рашуча iшоў услед. Вось i пакгаўз. На iм паблiскваюць цьмянымi аганькамi два-тры лiхтары, вiдаць шырокiя дзверы. Ля iх стаiць, не зварухнецца, нямецкi часавы. Дзесьцi далёка за пакгаўзам паблiскваюць у небе агнявыя зарнiцы - вiдаць, недзе немцы вёску паляць. На гэтыя зарнiцы загадкава пазiрае часавы. Водблiскi iх мiгцяцца на шырокiм блiскучым штыку, на цяжкай, чорнай уначы, касцы салдата.
Задумаўся часавы, абапёрся на вiнтоўку, не зварухнецца.
А побач з пакгаўзам - вялiкiя штабелi дроў. Сюды i дабралiся Мiколка, Павел i другiя рабочыя. Адсюль добра вiдаць пакгаўз i часавы, добра сачыць за кожным яго крокам. Мiколка бачыць, як у руках яго таварышаў з'яўляюцца рэвальверы. Людзi становяцца кожны на сваё месца, загадзя яму вызначанае. А самога Мiколку цiха вядуць да пакгаўза блiжэй, пад самы апошнi штабель дроў.
- Ну, цяпер дзейнiчай сам! Ды глядзi ж, не патрап пад вiнтоўку! - дае апошнiя парады брат Павел.
Мiколка ўзiраецца ў часавога, да яго якiх трыццаць цi сорак крокаў. Вiдаць толькi спiна салдата ды кончык штыка. Прыпаўшы да самай зямлi, цiха пасоўваецца Мiколка да пакгаўза, хаваючыся за раскiданыя побач каменнi. Мiколка паўзе i думае: што будзе з iм, калi заўважыць салдат, i куды трапiць нямецкая куля. Добра, каб у галаву - адразу i ўсё табе тут... А калi ў жывот?.. Гэта ж будзе балець!
Падумаў Мiколка i аж улiп у зямлю, халодным потам аблiўся, замёр на якую хвiлiну-другую. Не з-за страху за свой жывот - якi там у яго жывот! а баяўся за справу. Зварухнуў нагой нейкую бляшанку па дарозе, i яна чыркнулася аб камень, забрынчала. Салдат павярнуў галаву, нават руку да вуха прыставiў, каб спрытней учуць. Але дзе ты ўчуеш, дзе ты ўбачыш. Ляжыць Мiколка нi жывы нi мёртвы i толькi чуе, як моцна б'ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.
"Эх! хаця б ды супакоiлася, а то яшчэ ўчуе немец..." - думае Мiколка ды праз шчылiну мiж каменнямi сочыць за часавым. Той ужо супакоiўся, нейкую песеньку пачаў цiха напяваць. Папоўз Мiколка далей. Вось i ганак пакгаўза. Пад ганкам можна пралезцi пад насцiл, на якi выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. I праз якую хвiлiну быў ужо Мiколка пад ганкам i прабiраўся праз дзiрку ў цаглiнах пад самую падлогу пакгаўза. Ледзь не крыкнуў ён з перапуду, трапiўшы рукой у нешта слiзкае i халоднае. Але ўспомнiў, што i днём тут хаваюцца часам жабы, супакоiўся. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогi Мiколка ведаў як свае пяць пальцаў, бо не раз рабiў ён налёты сюды са сваiмi таварышамi. Вось i гэтая дошка, якая падымаецца ўгору разам з цвiком.
Мiколку здаецца, што праходзiць цэлая гадзiна, пакуль удаецца яму падняць адзiн канец гэтай дошкi i прасунуць у дзiрку галаву. Спачатку нiчога не бачыць Мiколка, i толькi прыгледзеўшыся, ён заўважае групу людзей, якiя згрудзiлiся ў кутку на ахапках гнiлой саломы. Недалёка на сценцы мiгае закапцелы чыгуначны лiхтар. Пад iм ляжыць чалавек i, як вiдаць, не спiць, бо часта варушыцца i ўздыхае. Прыгледзеўся да яго Мiколка i пазнаў - гэта найлепшы бацькаў прыяцель, стары машынiст Арлоў. Разам з бацькам колькi пачысцiлi яны на сходах эсэраў ды меншавiкоў, тыя прымушаны былi заўсёды ледзь не ўцякаць ад рабочых пад гучны свiст, вострыя жарты i кепiкi.
Цiха падпоўз Мiколка да машынiста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Мiколка хуценька перадаў аб усiм, сказаў, што ў дровах чакаюць яшчэ рабочыя, што трэба спяшацца, таго i глядзi, развiднее.
Доўга не збiралiся. Адзiн за адным з вялiкiмi перасцярогамi лезлi пад падлогу, па аднаму выбiралiся з-пад ганка i адтуль Мiколкавым спосабам паўзлi да дроў. Мiколка сядзеў пад ганкам i скрозь ранiшнi змрок сачыў за Паўлавымi сiгналамi. Апусцiць той руку за штабелем дроў - значыць можна паўзцi чалавеку. Падыме руку - значыць нельга, няйначай часавы ходзiць па насцiлу, над ганкам. Так i выпусцiў усiх восем чалавек, арыштаваных немцамi.
А сам затое ледзь не папаўся. Толькi высунуў ён галаву з-пад ганка, як бачыць паднятую руку Паўла. Падаўся назад Мiколка, як рак у пячору, сядзiць там сагнуўшыся, чакае i бачыць: над самым над iм сядзiць нямецкi часавы, ногi на прыступку ганка паставiў, вiнтоўку да калена прыцiснуў. Вiдаць, надакучыла яму стаяць, i, не бачачы поблiзу начальства ў такi час, рашыў ён прысесцi. Выбраў жа месца! Хоць ты бяры гэтага часавога за ногi i цягнi пад ганак. Але дзе ты пацягнеш! Сядзiць Мiколка хвiлiну, сядзiць другую, трэцюю. А далей ужо i нясцерп бярэ - калi ж гэты часавы на другое месца падасца. А тут i кашлянуць хочацца, наглытаўшыся пад падлогай усякага пылу. Засунуў Мiколка канец рукава ў рот, сядзiць ды чхнуць баiцца.
I, магчыма, доўга б прасядзеў так Мiколка, каб не выручылi рабочыя. Павел загадаў двум рабочым перайсцi на другi бок пакгаўза i там чым-небудзь адцягнуць увагу часавога, прымусiць яго перайсцi на другi бок. Так i зрабiлi. Рабочыя адышлiся на добрую адлегласць i пачалi гучную гутарку, нiбы ў сварку ўкiнулiся адзiн з адным. Услухаўся часавы, падняўся з месца, падаўся ў другi бок пакгаўза. Не то праверыць хацеў, што там робiцца, не то проста пабаяўся начальства, каб не заспела яго часам седзячым на пасту.
А Мiколка толькi i чакаў гэтай хвiлiны i, як маланка, сiгануў пад дровы. Там цiха i моўчкi пацiскалi яму руку, а стары машынiст Арлоў расцалаваў яго i, жартам пацягнуўшы за нос, цiха сказаў:
- I якi ж ты яшчэ малы, мой хлопец! Але справы можаш рабiць вялiкiя... Ну, расцi, ды немцам не пападайся. Яны, брат, такiх бальшавiкоў, як ты, не паважаюць...
"Такiх бальшавiкоў, як ты..." - ад такога гонару можна было падскочыць, прайсцiся калясом на руках сярод дроў. "Бальшавiкоў! Гэта не дзедавы турэцкiя крэпасцi, а куды важней..." - думаў i радаваўся Мiколка. Але трэба было хутка i непрыкметна разыходзiцца ад дроў ды хавацца, каб не папасцiся на нямецкае вока.
Так вызвалiў Мiколка арыштаваных прыяцеляў свайго бацькi, якому пашанцавала яшчэ раней пазбавiцца ад нямецкага арышту.
Яшчэ не выспаўся Мiколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся i падумаў: "А што ж будзе там, ля пакгаўза?" I тут успомнiў: "А дзе ж дзед?" Учора, як разыходзiлiся ад пакгаўза, не заўважыў Мiколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш.
Мiколка агледзеў вагон - няма дзеда. Выйшаў за дзверы - i там няма. Запытаў у мацi. Тая адказала, што з самае ночы не бачыла дзеда i не ведае, дзе ён цяпер.
"Няйначай, там..." - мiльганула думка, i Мiколка хуценька падаўся з вагона, дабраўся да дэпо i, каб не быць заўважаным нямецкiмi часавымi, разам з рабочымi перабраўся праз пуцi пад штабелi дроў. Даволi высока забралася ўжо сонца i мякка прыгравала зямлю. Над пакгаўзам кружылiся галубы, усё вышэй i вышэй узнiмаючыся над страхой, паблiскваючы на сонцы беласнежнымi крыллямi.
"Вiдаць, нехта папужаў iх..." - падумаў Мiколка.
I сапраўды, на пуцях каля пакгаўза варушылiся людзi. Манеўровы паравоз падганяў пад пакгаўз арыштанцкi вагон, якi сурова пазiраў на Мiколку сваiмi грознымi вокнамi з тоўстымi жалезнымi кратамi. На падножках вагона стаялi нямецкiя часавыя. Ля вагона i паравоза завiхалiся стрэлачнiк i счэпшчыкi, машынiст курыў цыгарку i злосна пляваў праз сваё акенца. Заўважыўшы Мiколку, ён сярдзiта замахаў на яго рукой з паравознай будкi i крыкнуў цiха:
- Уцякай, падшывалец, а то дадуць табе немцы пытлю, што ходзiш ты дзе не трэба...
"Вiдаць, падаюць вагон пад арыштаваных, што ў пакгаўзе..." - падумаў Мiколка. Але ўспомнiў ноч i пусцiўся ў рогат. Цяпер будзе камедыя... Вось заскачуць немцы, калi даведаюцца!
Мiколка хацеў яшчэ блiжэй падысцi да паравоза, каб разам з машынiстам пасмяяцца над дарэмнымi клопатамi немцаў. Машынiст жа свой, бацькаў знаёмы. Але той рашуча замахаў на Мiколку рукой, нiбы хацеў сказаць: "Знаю, усё знаю... Не лезь на ражон дарэмна..."
Зразумеў Мiколка яго знак, падаўся далей ад вагона. Толькi зiрнуў на пакгаўз. Той стаяў, як i раней. Той жа цяжкi замок вiсеў на дзвярах. Тая ж самая пячатка нямецкая вiсела на замку. I толькi часавы быў не той, што ноччу.
У гэты час паравоз, бразнуўшы буферамi, цiха падаўся ад вагона на стрэлкi. I тут успомнiў Мiколка пра дзеда: "Дзе ж ён падзеўся, аднак?"
I толькi падумаў, як учуў моцны храп са штабеляў дроў. Насцеражыўся адразу Мiколка i пацiху падаўся ў дровы. Храп быў такi моцны, што станцыённыя вераб'i, прыляцеўшыя на дровы, палахлiва круцiлi з боку ў бок сваiмi дзюбамi. Яны скоса пазiралi на зямлю i палахлiва падымалiся цэлаю стайкаю далей ад небяспечнага месца, дзе чуюцца такiя страшэнныя, незразумелыя для iх гукi. Нават часавы ля пакгаўза пазiраў часам на штабелi дроў, але, добра прыслухаўшыся, пачынаў так пазяхаць, што чутно было, як патрэскваюць яго скiвiцы. Вiдаць, зайздрасць брала чалавека да такога важнецкага сну.
На храп i дабраўся Мiколка да дзеда. Той, палажыўшы пад галаву бярозавы цюльпак, спаў як пшанiцу прадаўшы.
"З такiм гучным носам можна лёгка i ў турму патрапiць..." - падумаў Мiколка i пачаў асцярожна будзiць дзеда, торгаючы за руку.
Дзед нечакана раскрыў рот ды як грымне:
- Другая арудзiя па бастыёну карцеччу, агонь!
Аж прысеў тут Мiколка, ды пакгаўзныя галубы зноў узвiлiся спалоханай стайкай, ды крыкнуў часавы па-нямецку:
- Эй! Хто там?
Аднак не iсцi ж Мiколку да часавога i растлумачваць яму, што ў дровах нiчога страшнага няма, што дзед Астап проста снiць свае турэцкiя баталii, ад якiх цяпер нiкому нi холадна нi горача. Мiколка хуценька прыкрыў дзеду рот далоняй i лёгка таргануў яго за бок. Адкрыў дзед вочы, схамянуўшыся, нешта гаварыць захацеў.
Але Мiколка рашуча замахаў яму рукой пад самым носам i цiха шапнуў:
- Нiшкнi, дзед!
Часавы паслухаў, паслухаў - не чуваць нiчога - i паклыпаў на другi канец пакгаўза.
- Ну, цяпер выбiрайся, дзеду, з дроў i блiзка сюды не падыходзь. Аднак i падкачаў ты, дзед, можна сказаць, на баявым пасту... - хацеў Мiколка сказаць "заснуў", але не хацелася крыўдзiць дзеда.
- Што падкачаў, то падкачаў... - вiнавата прамовiў дзед. - Гады бяруць сваё, унучак мой... Сядзеў я тут ноччу, сядзеў, пакуль ты пад пакгаўз лазiў, ды неяк i задрамаў... А тут i сняцца мне ўсякiя туркi ды крэпасцi. Усё наступаю ды наступаю. I вось-вось ужо ў атаку павiнен быў кiнуцца, а ты разбудзiў...
- А дарэмна ты, дзед, у атаку хадзiў!
- Як так дарэмна?
- А для чаго ты турэцкiя дывiзii лажыў, людзей бiў? За цара ваяваў? А ты ж вось уведаў пасля, што гэта за птушка твой цар?
- Дык вось у тым-та i справа, што пасля... А цар? Якi ён мой?
- Ну, вось! - пераможна сказаў Мiколка i, захапiўшыся, яшчэ колькi хвiлiн ушчуваў дзеда за яго турэцкiя прыгоды. Дзед спачатку ўсё аднекваўся, апраўдваўся сваёй мiнулай цемнатой, але потым у спрэчкi ўкiнуўся:
- Добра табе так разважаць, калi ты ўсяго старога жыцця не бачыў, а пражыў бы з мае гады...
Слова за слова, спрэчкi набылi такi гарачы характар, што нашы субяседнiкi i не заўважылi, як апынулiся пасярод нямецкiх салдат, якiя акружылi iх i чакалi далейшай каманды рыжавусага i надзвычай злоснага на вiд нямецкага каменданта.
- Ну, вось i прыехалi... - сказаў з перапуду дзед i змоўк.
Маўчаў i Мiколка, праклiнаючы ў думках дзедавы арудзii i турэцкiя бастыёны, праз якiя так нечакана трапiлi ў нямецкiя лапы. "Гэта ж трэба, надумалiся дзе спрачацца з дзедам!"
Па загаду каменданта iх прывялi да пакгаўза.
А справа ўся адбылася такiм чынам. Нямецкi камендант, якi прыйшоў з атрадам салдат, каб пераправiць арыштаваных з пакгаўза ў арыштанцкi вагон, учуяў гучныя спрэчкi Мiколкi з дзедам. Наяўнасць лiшнiх людзей ля пакгаўза паказалася яму падазронай, ды i хто наогул мае права блiзка хадзiць ля такога месца... Так натрапiў ён на Мiколку з дзедам i, каб высветлiць, што яны за людзi, затрымаў iх да пары да часу. Нельга сказаць, каб Мiколка з дзедам адчувалi сябе зручна пад нямецкiмi штыкамi, але далейшыя падзеi намнога ўзнагародзiлi iх за якiя паўгадзiны нечаканага палону.
Паставiўшы дзеда i Мiколку каля пакгаўза, камендант важна рушыў да дзвярэй, сарваў пячатку на замку, адамкнуў замок i пацягнуў дзверы. Дзверы не паддавалiся.
Мiколка сачыў за камендантам, за яго работай i хiтра падмiргваў дзеду. Але дзед Астап быў не ў гуморы i ў адказ на Мiколкавы падмiргваннi так сурова зiрнуў на яго i так рашуча ўзяўся парадкаваць пяцярнёй сваю бараду, што Мiколка палiчыў за лепшае "не падсыпаць дзеду солi на раны", як казала часам мацi. Калi дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны.
А камендант усё завiхаўся ля дзвярэй. Ён i пыхцеў i соп, аж каплi поту ўкрылi яго лысiну, а дзверы ўсё не паддавалiся. Ён ужо некалькi разоў грозна крычаў, мусiць, прапануючы арыштаваным адразу ж адчынiць дзверы i не заводзiць такой непрыемнай бузы.
"Як жа, адчыняць табе..." - пасмейваўся сам сабе Мiколка, успамiнаючы, як, уцякаючы ноччу з пакгаўза, вызваленыя iм арыштаваныя асцярожна, каб не пачуў часавы, замкнулi дзверы знутры на вялiкую жалезную засаўку.
Камендант грымнуў каманду, адышоў убок, i чалавек з дзесятак салдат наляглi на дзверы. Але яны - нi з месца, як моцна нi калацiлi па iх дзесяткi чалавечых рук. Яшчэ спрытней наляглi салдаты на дзверы, увесь пакгаўз тросся ад моцнай калатнечы, але дзверы не паддавалiся. I толькi са страхi пралiлiся некалькi струменьчыкаў вады i трапiлi за каўнер каменданту. Той падняў галаву ўгару, разгублена паглядзеў на неба, адкуль то дождж. Але ярка свяцiла сонца, на небе не вiдно было нi воблачка, над пакгаўзам мiрна ляталi белагрудыя ластаўкi, нiдзе не было анiякага, хоць бы маленечкага, намёку на дождж.
Пакруцiў галавой камендант, пацяў плячыма недаўменна, на салдат накiнуўся з лаянкай. Тыя яшчэ дружней узялiся за працу, i цэлы струмень вады iзноў ёмка трапiў за каўнер каменданта. Аж ашалеў тут камендант, хапiўшыся рукой за спiну, дзе пад мундзiрам пацяклi халодныя струменьчыкi вады. Тут i салдаты пазiралi на яго, як на цуд, глядзелi ўгару, але неба па-ранейшаму было чыстае i яснае, без воблачка, без хмурынкi.
А Мiколка з дзедам закрывалi раты далонямi рук, каб не засмяяцца голасна, не прарвацца шалёным рогатам. Хто-хто, а яны-то ведалi, адкуль бярэцца нечаканы дождж.
- Узяць бервяно! - закамандаваў тут па-нямецку камендант. Прынеслi тэлеграфны слуп, якi ляжаў на пакгаўзным двары. Узялiся дружна салдаты i давай дзяўбцi слупам у дзверы. Такi стук паднялi, што народ пачаў збягацца, усiм хацелася падзiвiцца на незвычайную работу. I тут здарылася такое прадстаўленне, што дзед, расказваючы аб iм пасля, за бакi хапаўся ад вялiкага смеху. Толькi гэты слуп разышоўся як след па дзвярах, як на страсе нечакана раздаўся страшэнны грукат. Ледзь не абамлеў ад страху камендант, але паспеў грымнуць каманду:
- Лажыся! Агонь!
I выхапiў рэвальвер з кабуры.
Ляснуў вобземлю слуп. Салдаты маланкай сiганулi ўбок i заляглi на зямлю, нацэлiўшы вiнтоўкi на дзверы. I ў гэты момант скацiлася са страхi нешта круглае, чорнае, вялiкае, абдаўшы каменданта цэлай рэчкай вады. Яшчэ секунда - i гэтае круглае, чорнае, прабiўшы дно аб камендантаву каску, уссела на каменданта. Той толькi i паспеў, што пекануў разы са два з рэвальвера па гэтаму страшнаму ворагу. А потым стаяў як мыла з'еўшы, лыпаў вачыма. З вусоў лiлiся струменi вады, i ўвесь ён быў такi прыгажун у гэту хвiлiну, такi ваяўнiчы з выгляду, што цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыплiну ў такi ўрачысты момант. Яны залiвалiся дружным рогатам. Дзед i Мiколка не прамiнулi тут даць драпака.
Дзед бег так шпарка, што зачапiўся за кастыль i пакiнуў на iм палавiну адарванай падэшвы. Ды ў дадатак згубiў красала, якiм выкрэшваў заўсёды агонь для свае пiпкi. Гэтае красала, як i ўсё ў дзеда, пачынаючы з яго медалёў i канчаючы пiпкай, было, па яго словах, вельмi гiстарычным. Таму зразумелы тыя вохi i ахi, якiя апанавалi дзеда, калi ён не далiчыўся красала. Яно заўсёды было прывязана танюткiм раменьчыкам да пояса.
- Гэта ж не са звычайнага жалеза, а з турэцкай крывой шаблi была зроблена гэтая рэч. А шабля належала самаму заядламу турэцкаму салдату-янычару... - успамiнаў пасля дзед пра сваю страту i вельмi ж сумаваў i жалкаваў.
- Яно i вiдаць! - падтакваў дзеду Мiколка. - Калi ты пачынаеш красаць, дык нiбы шабляй махаеш, i не падыходзь блiзка.
I сапраўды, калi дзед выкрэсваў агонь для пiпкi, дык махаў так заўзята рукой, што лепш было адысцiся далей, каб не атрымаць па лбу. Ды i выгляд тады ў дзеда быў надзвычай суровы i грозны.
Так закончылiся ўцёкi для дзеда. Мiколка ж кiнуўся ў другi бок. Як маладзейшы i спрытнейшы, ён пабег пацiху памiж вагонаў, перабег пуцi i схаваўся за вадакачку. Апынуўшыся тут, ён не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаўзная справа. Па вiтай чыгуначнай лесвiцы ён спрытна забраўся на вадакачку i, прымасцiўшыся пад самай страхой, пiльна сачыў за пакгаўзам.
Там варушылiся ля каменданта салдаты. Яны вызвалiлi яго ад уссеўшай на яго бочкi, разабраўшы яе па клёпцы. То была самая звычайная бочка пажарная, якая стаяла на пакгаўзнай страсе, на самым вiльчыку, з вадой. Калi пачалi салдаты грукаць у дзверы i трэсцi сцены пакгаўза, бочка скранулася ад стуку з месца, пахiлiлася трохi. Вось адкуль былi тыя струменьчыкi вады, якiя лiлiся з гары за каўнер каменданту, хоць быў такi цiхi i ясны дзень. А калi салдаты ўзялiся за слуп i ўзялiся не на жарты за дзверы, бочка зусiм пахiснулася i, пакацiўшыся з грукатам нанiз, нагнала вялiкага перапалоху на каменданта. Ад нечаканасцi той падумаў, што тут цэлая дывiзiя варожая наступае.
Калi салдаты вызвалiлi каменданта з яго вымушанага палону, яны зноў узялiся за перарваную справу.
Якiя нi моцныя былi пакгаўзныя дзверы, але падалiся яны пад тэлеграфным слупам, бразнулi засаўкi, разляцелiся. Каб падтрымаць свой крыху падмочаны аўтарытэт, камендант храбра кiнуўся ў насцеж раскрытыя дзверы, высока трымаючы, аднак, перад сабою неразлучны рэвальвер.
- Ану, выходзь, бандыты, рукi ўгару! - грозна скамандаваў камендант па-нямецку. Але ў пакгаўзе было цiха, як у магiле. I толькi пары з дзве галубоў са свiстам пранеслiся мiма падмочаных каменданцкiх вусоў, прымусiўшы яго для перасцярогi разы са два стрэлiць у пусты пакгаўз. Ды клубы пылу, узнятыя галубамi, паволi плылi з дзвярэй, i ад гэтага пылу папярхнуўся начальнiк, зачыхаў. Зачыхаў i ўзлаваўся.
- ...Смiрна! - зароў начальнiк i тут жа - "чых... чых... чых!". - На плячо-о-о!.. чых... чых... чых... Шагам... арш... чых-чых-чых...
Выстраiлiся салдаты i, каб замаскiраваць свой вялiкi рогат над начальнiкам i залiшне яго не канфузiць, пачалi дружна чыхаць. Так i пайшла, што называецца, з носам чыхаючая каманда. I кожны ўяўляў сабе расправу, якую ўчынiць генерал над незадачлiвым камендантам, не сумеўшым усцерагчы арыштаваных бальшавiкоў.
А на станцыi была абвешчана ваенная трывога. Замiтусiлiся немцы, наладжваючы пошукi ўцекачоў. Але дзе ты iх зловiш! Сядзеў, сядзеў Мiколка на вадакачцы i ўрэшце наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, блiжэй да дзеда. Каб не папасцiся пад гарачую руку немцам, Мiколка з дзедам рашылi перасядзець у лесе ночы са тры, пакуль кiнуць немцы пошукi ўцекачоў.
Стрэл на паляне
То ж гэтыя мацi!
Яны заўсёды плачуць. Бацька на катарзе быў - мацi плакала. Бацька ад немцаў уцякаў - мацi ў слёзы. Вось i цяпер, калi сабраўся дзед з Мiколкам рушыць у паход, мацi таксама пусцiлася ў слёзы:
- I куды ж вы пойдзеце? Каб забiлi дзе-небудзь, такi ж час неспакойны...
- Не заб'юць... - казаў важна дзед. - А калi тут сядзець, то можна да немцаў у лагер канцэнтрацыйны трапiць... А гэта горай, чым заб'юць...
I дзед паказваў мацi нямецкую адозву да рабочых-чыгуначнiкаў. У ёй нямецкi генерал пагражаў рабочым куляй i катаржнымi лагерамi, калi яны будуць выступаць супроць нямецкага войска, няспраўна працаваць на чыгунцы. I асаблiва калi будуць падтрымлiваць бальшавiкоў i думаць аб нейкай там свабодзе.
Мацi не спрачалася доўга. Яна ўжо звыклася з такiм неспакойным жыццём, гатовая кожную хвiлiну да яшчэ горшага. Перад тым як пайсцi ў лес, дзед схадзiў да Мiколкавага брата Паўла, якi хаваўся дзесьцi ў горадзе, i вярнуўся адтуль са зброяй. Ужо ў лесе паказваў дзед Мiколку сваю зброю. Гэта быў стары пiсталет, якi мог бы справядлiва канкурыраваць з дзедавай славутай "арудзiяй", якая калiсьцi ўзарвалася ад Мiколкавага стрэлу. Пiсталет быў вялiкi i цяжкi, але дзед любоўна пачысцiў яго, прывязаў рэмень, пералiчыў i перацёр патроны i схаваў зброю за пояс.
Так i пайшлi.
Ужо цямнела, як прыселi яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункi. Адзiн за адным iшлi таварныя цягнiкi. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свiней, гагатанне гусей.
- Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць? - запытаў Мiколка ў дзеда.
- Куды? У Нямеччыну, куды ж iначай...
- А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?
- Як дзе? У сялян, па вёсках... Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукi, сялян жабракамi пускаюць, адбiраючы ўсё да нiткi.
- Ну, я б iм паказаў, як рабаваць!
- А што б ты зрабiў? - запытаў дзед.
- А пастраляў бы ўсiх! - I Мiколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.
- Вось у тым-то i бяда, што мала ў нас зброi, цяжка з ёй супроць нямецкай вiнтоўкi ды кулямёта выступаць... Вось калi арганiзуемся як след, тады нiякi вораг нам не страшны...
Цiха гутарылi Мiколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкi патруль на чыгунцы, рашылi падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясцiну для начлегу.
Несцi пiсталет, вiдаць, было ў вялiкi труд дзеду, i ён часта спыняўся, папраўляючы сваё не досыць зручнае "аружжа". Тады Мiколка прасiў дзеда даць яму паднесцi пiсталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. I Мiколка ўрачыста нёс зброю, любоўна пагладжваючы вялiкую чорную рулю, праўда, вельмi заржавелую i аблупленую. Мiколка цэлiўся з пiсталета ў дрэвы, у прыдарожнае каменне i быў вельмi задаволены такiм важнецкiм "аружжам".
"Усё роўна як вiнтоўка i страляе, мусiць, як з гарматы... Цяпер нiякiя немцы нам не страшны... Вось бы паспрабаваць ды пекануць з яго!"
I Мiколка прыстаў, як смала, да дзеда:
- Давай паспрабуем, цi спраўна страляе!
Не было асаблiва ахвоты дзеду займацца стральбой, але дзе ты адчэпiшся ад унука.
- Ну, добра, вось раскладзем агонь, тады i паспрабуем...
Месца для начлегу выбралi надзвычай добрае. Старыя ялiны высока ўзнеслi свае лапы ў чорнае неба, на якiм мiгцелi рэдкiя зоры. Пад ялiнамi быў сухi ўзгорак, на якiм густа разраслiся верасы, папарацi i блiскучы бруснiчнiк. Яловыя лапы так моцна перапляталiся, што праз iх цяжка было прабрацца. Пад iмi было цiха, утульна. Сюды не дасягалi вятры, што глуха гулi ў верхавiнах дрэў, i нiякi дождж не прабiўся б тут праз густыя яловыя нетры.
На ўзгорак нацягалi сухога лiсця, моху i, падаслаўшы на зямлю яловых лапак, змайстравалi такiя мяккiя пасцелi, што дзед аж крактануў ад вялiкага задавальнення.
- Гэта, браце, лепш, чымся твой тапчан у вагоне! Прастор, чыстата, мякка i пах якi духавiты, ну, не раўнуючы, як буржуйская пасцель!
- А ты калi-небудзь спаў, дзеду, на буржуйскай пасцелi? - запытаў Мiколка.
- Спаць не спаў, але думаю, што пасцелi ў буржуяў важныя, мяккiя... Нязручна ж з iх тоўстым пузам ды на падлозе спаць, як нам з табой.
Назбiраўшы яшчэ сушняку, Мiколка з дзедам расклалi невялiкi агонь, i ён весела патрэскваў, асвятляючы блiжэйшыя дрэвы i згушчаючы ценi за iмi. З агнём стала куды весялей. Ён нiбы разганяў i тыя гукi лесавыя, да якiх уважлiва прыслухоўваўся Мiколка i, не разумеючы iх, распытваў дзеда:
- А хто гэта там крычыць?
- А гэта заяц дзе-небудзь каля лесу...
- А хто гэта нiбы рагоча так страшна?
- Гэта сава.
- Дык давай, дзеду, пеканём цяпер з пiсталета. Весялей будзе, i воўк уцячэ, калi пачуе...
- Ваўкi, браце, не страшны! Цяпер страшней двухногiя звяры... А страляць дарэмна не варта, шкада патронаў.
- А ўсё ж паспрабуем, паглядзiм, як страляе.
Дзе ты тут адчэпiшся ад Мiколкi! Згадзiўся дзед. Мiколка ўсё намагаўся, каб самому стрэлiць. Але дзед, узгадаўшы колiшняе паляванне, рашуча адмовiў i стаў сам рыхтавацца да стральбы. Зрабiўшы нажом метку на ялiне, дзед важна стаў у баявую позу i падняў пiсталет угору. Але калi пачаў цэлiцца, дык адвярнуў так далёка галаву ад пiсталета i так далёка адставiў руку са зброяй, што вiдаць было, як дзед яўна непакоiцца за вынiкi стрэлу, баючыся, каб не паўтарылася старая гiсторыя з "арудзiяй". I сапраўды, ён хутка крыкнуў унуку:
- Хавайся, Мiколка, за ялiны, а то чаго добрага...
Падаўся Мiколка за тоўстае дрэва i, высунуўшы з-за кары сваю кiрпаўку, назiраў за дзедавым практыкаваннем. А той стаяў усё з выцягнутай рукой i глядзеў зусiм у другi бок ад мiшэнi, вiдаць, баючыся выбуху.
- Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэлiш! - дапамагаў Мiколка сваiмi парадамi.
Урэшце дзед адважыўся i, зажмурыўшы вочы, нацiснуў на курок. Мiколку здалося, што ў ялiну стукнуў пярун, бо ўся яна моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж iглiцы i шышак. Аж шорах пайшоў па лесе - так церушылiся шышкi. Ды агеньчык ледзь не згас ад стрэлу.
Дзед i Мiколка мнагазначна пераглянулiся:
- Вось гэта дык арудзiя, вось гэта дык б'е.
- Важнецкi б'е, не раўнуючы, як батарэя... - задаволена адказаў дзед i пачаў масцiцца нанач, схаваўшы пад бок сваю слаўную "батарэю".
Аднак спалi трывожна. Насiлiся па лесе нейкiя таемныя гукi, пагрозлiва шумелi верхавiны ялiн, i абамшэлыя ствалы гудзелi працягла i сумна. Зрэдку падалi каплi дажджу. З цiхiм шолахам скочвалiся яны з ялiн i сiпелi, трапляючы ў прысак вогнiшча. Дзесьцi раздавалiся не то раскаты далёкага перуна, не то прыглушаныя стрэлы. А з поўначы палавiна неба зрабiлася барвовай. Барвовасць то рабiлася цьмянай, то набракала залацiстай чырванню, нiбы падмiргвала неба налiтым крывёю зрокам. Барвовыя спалохi неба наганялi жудасць i страх. Верхавiны дрэў нiбы загаралiся тады празрыстым полымем, i яшчэ гусцей быў змрок на зямлi.
А з ветрам, што кiдаўся зверху, з высокiх вяршалiн, даносiлiся водгукi нейкiх слоў, крыку. Нiбы нехта кiдаў у чорныя прасцягi ночы прыглушаныя словы цi то просьбы, цi то адчаю, цi гарачага заклiку да расправы, да помсты.
Мiколка бачыў, як дзед уважлiва прыслухоўваўся да нечага, прынiкшы вухам аж да самай зямлi. Твар дзеда быў трывожны.
- Што слухаеш, дзеду?
- Нiчога, унуча, гэта я так... - схамянуўся дзед, заўважыўшы, што за iм назiрае Мiколка. - Ты сабе спi спакойна...
Але адзiн за адным даляцелi гукi стрэлаў, i тады Мiколка рашуча запытаў дзеда:
- Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робiцца ноччу?
- А што можа рабiцца цяпер? Няйначай немцы вёску паляць, рабуюць. Бачыш, зарава на паўнеба, значыць, хаты гараць.
З паўночы крыху паспакайнела, i Мiколка з дзедам моцна заснулi пад яловым дахам. Але пад самую ранiцу, калi пачало ўжо шарэць на ўсходзе неба, iзноў упаўзла трывога ў лес. Прыслухаўся Мiколка да палахлiвых гукаў, насцеражыўся. Няйначай хто плакаў у лесе, да таго ж выразна чуваць былi паасобныя словы:
- Божа ж мой, Божа...
I яшчэ чуваць былi нейкiя словы, але былi яны зусiм незразумелымi, i нiколi Мiколка iх не чуў.
Заварушыўся Мiколка.
- Уставайма, дзед. Вунь плачуць, ды блiзка недзе... Дапамагчы трэба.
Прыслухаўся дзед.
- Так... плачуць... Ну што ж, пойдзем, унуча. Вазьмi толькi ў мяшок наша снеданне.
Мiколка выкарпаў з цяпла дзесяць печаных бульбiн, якiя паклаў у прысак, калi лажылiся спаць. Укiнуў бульбу ў торбу, якая вiсела ў яго цераз плячо. Смачна пахла бульба, i ад торбы iшла прыемная цеплыня, прыграваючы Мiколкаў бок. У самы раз была гэтая цеплыня, бо ў лесе стаяў густы халодны туман, у расе былi лесавыя травы, кусты i дрэвы. Аж пальцы на руках адубелi ў Мiколкi ад золкай вiльгацi ранiцы. Прыкладзеш руку да торбы - i добра, як ля печы ўсё роўна.
Развiднела.
Галасы раздавалiся ўсё мацней i мацней, выразна чуўся плач. Вось i выйшлi на самы ўскраек лесу да невялiчкай палянкi, акружанай непралазным хвойнiкам, хмызнякамi. Трохi не дайшлi да самай палянкi, як спынiлiся, схаваўшыся ў хваёвым гушчарнiку. Стаялi i моўчкi глядзелi на палянку. I праз якую хвiлiну да Мiколкi нахiлiўся дзед, праказаў гарачым шэптам:
- Iдзi, Мiколка, назад адсюль... Не трэба глядзець на брудныя людскiя справы.
Але, сцяўшы зубы, стаяў Мiколка i, нiчога не адказваючы дзеду, глядзеў на палянку. Пад высокай разгалiстай хвояй стаяў чалавек. Быў ён сярэдняга росту, шырокi ў плячах, прысадзiсты. Быў ён без шапкi, буйныя пасмы валасоў у беспарадку звiслi на бледны лоб. На чалавеку была звычайная сялянская свiтка, такiя ж зрэбныя штаны. Ён быў босы i зябка перамiнаўся з нагi на нагу. З-пад разарванага каўняра палатнянай сарочкi вiдаць быў матроскi цельнiк у сiнюю з белым палосамi.
"Марак, вiдаць", - падумаў Мiколка, успомнiўшы матросаў, якiя цэлымi эшалонамi праходзiлi праз станцыю ў часе рэвалюцыi.
Але што асаблiва кiдалася ў вочы, гэта быў позiрк гэтага чалавека. Ён быў поўны вялiкай нянавiсцi да людзей, што стаялi вакол яго з вiнтоўкамi са штыкамi. То былi немцы. Трое вартавалi чалавека, двое таропка, хапаючыся, рылi лапатамi зямлю, капалi яму - магiлу. Свежы пясок жаўцеў на палянцы, бразгалi каменьчыкi аб лапаты. Завiхалiся людзi. I вiдаць было, нiбы чаго саромеюцца гэтыя людзi, унiкаюць глядзець у вочы адзiн другому i нiбы чакаюць нецярплiва, як хутчэй скончыць гэтую нудную справу. Толькi адзiн з iх, што быў без вiнтоўкi i трымаў у руцэ рэвальвер, хадзiў абыякава па палянцы, грозна падганяў тых, што капалi зямлю, крычаў, лаяўся.
- Афiцэр... - цiха шапнуў Мiколку дзед i замоўк.
З ямы вылезлi салдаты, кiнулi ўбок лапаты, узялi вiнтоўкi, што стаялi прыхiленыя да дрэва. Афiцэр падышоў да чалавека пад хвояй, выняў з кiшэнi нейкую паперу. Страшэнны плач раздаўся на паляне, i Мiколка тут заўважыў, што з боку паляны пад зламанай бярозай стаяла жанчына з дзiцем на руках. Другое, большае, стаяла побач, трымаючыся адной рукой за матчын падол, другой расцiрала слёзы на перапалоханым i запэцканым тварыку. Жанчына кiнулася была да чалавека, што стаяў без шапкi, але грозна закрычаў афiцэр i, наставiўшы на яе рэвальвер, адагнаў назад.
Афiцэр, спяшаючыся, чытаў прысуд:
- "За пасягненне на маёмасць i жыццё мясцовага пана... за парушэнне закону аб уласнасцi... за супрацiўленне iмператарскiм нямецкiм войскам... за падбухторванне сялян супроць падаткаў... батрак Сямён, былы матрос i член былога бальшавiцкага савета, па загаду яго iмператарскага вялiчаства iмператара ўсяе Германii Вiльгельма II прысуджаны ваенным судом да расстрэлу..."
Двое салдат кiнулiся да чалавека пад хвояй i сталi надзяваць яму мяшок на галаву. Але чалавек рашуча скiнуў яго i, кiнуўшы мяшок у твар афiцэру, крыкнуў:
- Прэч, нягоднiкi!.. Не мне баяцца смерцi, як вам, сабакам... Але памятайце, нават з магiлы я падыму свой кулак, як грозную перасцярогу вам... I многа яшчэ жывых...
Далейшыя словы былi не чутны. Нешта грозна крычаў афiцэр. Бразнулi затворы вiнтовак. Мiколка сцяўся ў халодны камяк, нiбы ўлiп у зямлю. Яго слых абвастрыўся да таго, што ён чуў, як шархацiць пясок на магiле, як скочваюцца каменьчыкi на дно ямы. Ён чуў, здаецца, сваё ўласнае дыханне. Ён бачыў, як непакойна стаў варушыцца дзед, дастаючы нешта з-пад пояса. I гарачыя слязiнкi павiслi на раснiцах. Вось-вось расплачацца Мiколка, выдасць сябе i дзеда ў гэтай лесавой схованцы.
Грымнуў стрэл. Празрысты дым пасцiлаўся над палянай. У iм гублялiся фiгуры салдатаў. Бачыў Мiколка: чалавек як стаяў, так i стаiць. Вось яшчэ цэляць салдаты, але бачыць Мiколка, як няўпэўнена ходзяць iх рукi, як дрыжаць вiнтоўкi, паднiмаючыся то задужа высока, то нiзка. Яшчэ грымнуў залп, а чалавек усё стаiць пад хвояй, i вочы яго гатовы, здаецца, спапялiць усё перад сабой, да таго гараць яны палаючым бляскам. I вось бачыць Мiколка, як азвярэлы афiцэр кiдаецца да салдат, выхоплiвае ў аднаго вiнтоўку i пачынае цэлiцца ў чалавека пад хвояй.
I не заўважыў Мiколка, як над самым яго вухам грымнуў незвычайны стрэл. Афiцэр упаў як падкошаны, нязграбна раскiнуўшы рукi на жоўтым пяску. Выразна бачыў Мiколка падэшвы яго ботаў з прыстаўшай да iх зямлёй. Ды яшчэ бачыў, як кiнулiся ўбок напалоханыя салдаты ды блiзка каля iх шпарка прабег той чалавек, што стаяў дагэтуль пад хвояй. Чалавек, якому хацелi завязаць вочы, каб нiколi-нiколi не бачыў ён нi зары, нi яснага сонечнага ўсходу, нi чыстых зор, нi ўсяго, што ёсць на прыгожай зямлi. Гэта быў адзiн толькi момант, калi, здавалася, нiбы прыкуты быў да месца Мiколка, не мог скрануцца, паварушыцца.
- Пойдзем хутчэй адсюль, унучак! Не варта тут доўга аставацца...
Дзед быў узрушаны не менш, чым Мiколка, i таропка хаваў сваю зброю за пояс.
I тут не вытрымаў Мiколка. Ён кiнуўся дзеду на шыю, церабiў яго сiвую бараду, ласкава гладзiў шурпатыя шчокi ў маршчынках i, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў:
- Якi ж ты, дзед, слаўны чалавек... Якi ж харошы, дзядуля... Якi ж ты, мой дзеду, храбры.
Але дзед тут паморшчыўся крыху.
- Пра храбрасць ты кiнь... Не ў ёй справа, унуча. Кожны павiнен дапамагчы свайму чалавеку, якi з мазаля жыве i якога крыўдзяць.
Мiколка з дзедам, спяшаючыся, пайшлi ад таго месца, дзе вызвалiлi яны ад смерцi чалавека, якога нават не ведалi, пра iмя якога нiколi не чулi. Вызвалiлi таму, што на чалавеку было зрэбнае палатно, у чалавека былi мазалi, чалавека хацелi забiць насiльнiкi, прыгнятальнiкi.
Мiколка з дзедам трапляюць у бяду
Ужо вечарэла, калi Мiколка з дзедам натрапiлi на незвычайную стаянку ў лесе. Тут было некалькi дзесяткаў сялян з сем'ямi, з маёмасцю, з коньмi, з каровамi. Збоку ўсё было падобна на вялiкi цыганскi табар. Стаялi калёсы з паднятымi ўгору аглоблямi. На аглоблях былi панадзяваны розныя дзяругi, коўдры. Пад гэтымi дзяругамi спалi на лахманах дзецi. Плакалi жанчыны то голасна, то цiха, наўзрыд. Плакалi па-рознаму, але словы былi адны:
- А што ж то будзе далей? Хiба жывымi ў магiлу класцiся?
Ля калёс гарэлi агнi. Сухое вецце хвой патрэсквала ў полымi i сыпала ўгору снапы iскраў. Нiбы раiлiся залатыя пчолы, падымалiся ўсё вышэй i вышэй, аж пад самыя верхавiны маўклiвых сосен, ялiн. Ад сядзеўшых ля агню сялян мiтусiлiся навокал палахлiвыя ценi, яны скакалi па дрэвах, па кустах i знiкалi, праглынутыя чорнымi змрокамi ночы. Усюды было трывожна. Гэта вiдаць было i па плачу жанчын, i па гутарках сялян, па iх трывожных позiрках навокал. Некалькi чалавек было з старымi паляўнiчымi стрэльбамi. Яны вартавалi жывёлу - тут жа ў лесе пасвiлiся конi, каровы, свiннi.
Мiколку з дзедам спынiлi некалькi чалавек, акружылi, запыталi сурова:
- Што вы за людзi? Чаго паначы швэндаецеся па лесе?
- А вы хто? - перапытаў у сваю чаргу дзед.
- Мы сяляне, уцяклi ў лес ад немцаў...
- Ну дык i мы ўцяклi ў лес... А самi мы рабочыя, чыгуначнiкi.
Слова за словам - пачалася гутарка. I тут убачыў Мiколка, што аднолькава прыходзiцца ад немцаў i рабочым i сялянам. I тым i другiм прыходзiцца хавацца, ратаваць сваё жыццё, апошнi свой кавалак хлеба. Рабочага пад канвоем немцы вядуць на працу ў дэпо, на паравоз. За гэтую працу амаль нiчога не даюць, прымушаюць галадаць. У селянiна немцы адбiраюць апошнюю карову, апошнi хлеб, паляць яго хату, калi селянiн не захоча добраахвотна аддаваць гэты хлеб. А паспрабуй ты выступi супроць гэтых парадкаў, цябе расстраляюць або закатуюць да смерцi.
- Адным толькi панам настала цяпер вялiкае жыццё... - гаварыў адзiн з сялян. - Толькi немцы прыйшлi, з'явiўся i пан. I такую расправу ўчынiў нам, што мы i не снiлi нiколi... Вось i сядзiм цяпер у лесе, укрыўшыся небам. А Сёмку-матроса, якi быў у батрацкiм камiтэце, выдаў пан немцам. Тыя прысудзiлi Сёмку да смерцi за тое, што ён нiбыта падбухторваў сялян да паўстання. Сёмка быў ворагам паноў. За гэта, вiдаць, i судзiлi. I хто ведае - жыў цяпер Сёмка цi не...
Да самае поўначы гаварылi каля агню. Тут жа i ўлеглiся спаць. Хто пад калёсамi, хто пад хатнiм скарбам, прывезеным сюды. Хто тут жа каля агню, падклаўшы пад галаву торбу цi шапку-кучомку. Тут жа спалi i Мiколка з дзедам.
А перад самай ранiцай узнялiся ў лесе таропкiя стрэлы. Папрачыналiся напалоханыя людзi, беглi куды папала, крычалi:
- Ратуйцеся, немцы ў лесе!..
Але хавацца было ўжо недзе. З усiх бакоў акружылi немцы паляну, дзе размясцiлiся ўцекачы-сяляне. I калi намагаўся хто праскочыць праз густыя зарасцi хмызнякоў, насустрач яму высоўваўся шырокi нямецкi штык i чуўся грозны воклiч:
- Стой! Назад!
Сяляне кiдалiся назад, але ўсюды iх сустракала адна i тая ж грозная каманда, шэрыя каскi салдат i ашчацiненыя штыкi. I тады ўбачыў Мiколка, як таропка хавалi сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлi, хаваў у стары абамшэлы корч зброю, старанна абкруцiўшы яе старой хусцiнкай.
- Патроны, дзеду, хавай, патроны! - цiха крыкнуў Мiколка. Але недачуў дзед, ды позна было. Каля дзеда стаяў ужо нямецкi салдат i штыком падганяў яго, каб ён хутчэй падняўся на ногi. Мiколка кiнуўся да салдата, лёг грудзьмi на вiнтоўку, каб адвесцi штык ад дзеда, але тут жа пакацiўся па зямлi. Яго ўдарыў прыкладам вiнтоўкi другi нямецкi салдат. Мiколка ледзь падняўся на ногi, бо, падаючы, ён моцна ўдарыўся аб ламачыну. У Мiколкi кружылася галава, нейкая пеляна засцiлала яму вочы, але ён выразна бачыў таго салдата, якi так немiласэрна ўдарыў яго. I вялiкае, непераможнае пачуццё помсты запалiла Мiколку. Ён падхапiў вялiкi камень i кiнуў яго ў салдата. Камень трапiў у каску. Азвярэлы салдат кiнуўся са штыком на Мiколку. I здавалася тады Мiколку, што нiколi яму болей не ўбачыць нi гэтай паляны, нi лесу, нi дзеда, нi бацькi. Ля самых грудзей прамiльгнуў перад iм шырокi штык, i Мiколку здавалася нават, што ён бачыць на штыку цёплыя каплi расы ў барвовых i яркiх водблiсках ранiцы. Але то была не раса. Гэта Мiколкава кроў пацякла па штыку. Хапiўшыся за яго абедзвюма рукамi, Мiколка моцна, да пякучага болю, парэзаў пальцы i крыкнуў. Яго адцягнулi ад штыка падбегшыя жанчыны.
- Што вы з хлопчыкам робiце, рабаўнiкi! - крыкнулi яны азвярэламу салдату.
Той памкнуўся быў жорстка расправiцца са сваёй ахвярай, але нейкi трэцi салдат затрымаў яго за рукi, нешта гаварыў яму, няйначай, папракаючы за дзiкi ўчынак.
Хутка ўсiх сялян павялi пад канвоем з лесу. Сярод сялян быў i Мiколка з дзедам. Ззаду салдаты гналi сялянскiх кароў, ганялiся па лесе за коньмi, за свiннямi...
Развiднела. Узышло сонца. Было яно нейкае пахмурнае, мутнае, нiбы шызая пеляна засцiлала яго ранiшнi зрок. То былi шэрыя хмары, якiя абляглi ўсё неба, праглынулi сонца, замуцiлi небавую сiнь. Неба было шэрае, халоднае, нiбы ў познюю дажджлiвую восень.
- Гэта ж дым, а не хмары, - праказалi сяляне.
I сапраўды, то дагарала вёска, да якой падвялi цяпер пад канвоем сялян. Вёска гарэла ўжо другi дзень, i некаму было тушыць пажару, дый баялiся тушыць. Вёску падпалiлi немцы за супрацiўленне сялян непамерна цяжкiм падаткам i кантрыбуцыям. У гэтым падпале вiнаваты быў i пан, якi помсцiў сялянам за рэвалюцыю i падгаворваў немцаў на бязлiтасную расправу з беднатой вёскi. I вось стаялi пачарнелыя комiны, дымiлiся галавешкi, струменьчыкi дыму вiлiся ад платоў, ад пажоўклых яблынь, бяроз. Зграi крумкачоў ляталi ў паветры, апускалiся сям-там на гарачых папялiшчах i завiхалiся на трупах жывёлы, загiнуўшай у дыме, у агнi.
- Наша вёска... - цiха прамовiў адзiн селянiн да дзеда. - Вось яны ж i спалiлi... - паказаў ён на сваiх канваiраў.
Над усiмi навiсла грозная цiшыня. Толькi чуваць былi кароткiя загады афiцэраў ды канваiраў. Твары салдат былi ва ўсiх грозныя, у некаторых раз'ятраныя. Гэтыя зусiм былi не падобны на тых, якiя займалi калiсьцi Мiколкаву станцыю. Там былi палкi запасных салдат, многiя былi з бародамi, пажылыя людзi. Неяк нават лягчэй было гаварыць з iмi, не так па-зверску абыходзiлiся яны з народам. У гэтых жа i форма трохi iнакшая: чорныя венгеркi, большасць салдат на конях, у многiх чорныя шапкi i на шапках страшныя чарапы з перакрыжаванымi касцямi.
- Вiдаць, гусары смерцi з карных вiльгельмаўскiх батальёнаў... Быць цяпер у бядзе нам... - цiха прагаварыў дзед Астап да Мiколкi.
Канваiры спынiлi народ недалёка ад спаленай вёскi. Паставiлi пару кулямётаў, нацэлiўшы iх на сялян. Асобна ад усiх пад узмоцненым канвоем трымалi двух маладых сялянскiх хлапцоў, якiх захапiлi немцы са зброяй у лесе. Канваiры i афiцэры, акружыўшы сялян, нечага чакалi. I раптам заварушылiся, заўважыўшы на дарозе ад маёнтка белае воблачка пылу. Воблачка расло, шырылася. I хутка ўсе ўбачылi, што гэта шпарка едзе па дарозе запрэжаная ў чацвёрку коней карэта. Паабапал i ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннiкаў. Усё гэта былi тыя ж гусары смерцi. Чацвёрка коней стала як укопаная перад кругам сялян. З карэты паволi сышоў добра апрануты чалавек з навiслымi сiвымi вусамi, у паляўнiчым касцюме, у жоўтых ботах. Чуваць было, як рыпелi гэтыя боты, становячыся на зямлю. То быў памешчык. Ён дапамог выйсцi з карэты другому чалавеку ў вайсковай форме.
- Палкоўнiк нямецкi... - шапнуў нехта збоку i замоўк пад суровым позiркам канваiра.
Памешчык з палкоўнiкам падышлi да сялян. Спешылiся коннiкi, пад'ехала яшчэ адна каламажка, i з яе таропка вылез поп, няўклюдна апраўляючы падраснiк, з-пад якога вiдаць былi наваксаваныя папоўскiя боты.
- А гэты сiваграк чаго тут? - гучна запытаў дзед Астап у стаяўшага побач з iм селянiна. Але той не паспеў адказаць, бо загаварыў памешчык. Ён стаяў перад народам, важна выставiўшы ўперад немалы свой жывот, ленавата пакручваючы вус, i нiбы ўсмiхаўся сялянам самай мiрнай, лагоднай усмешкай:
- Ну вось, мужычкi, iзноў мы з вамi сустрэлiся... А вы думалi, што мы рассталiся навекi... Ну што ж, мала з вас ласкi iмператара Вiльгельма? - I ён паказаў рукой на абгарэлыя комiны сялянскiх хат, на сумныя папялiшчы. Вы думалi, што вам пройдуць так, даруюцца грабяжы над маiм маёнткам? Што вам даруецца бальшавiцкае свавольства? Не, не чакайце, мае мiлыя, гэта вам не свабода... Гэта вам не бальшавiкi... Гэта войска вялiкага iмператара Германii, якое стаiць за закон, за законную ўладу, за маю зямлю, за маё дабро.
Ён гаварыў i гаварыў, i словы яго перайшлi ўжо ў шалёны крык. Ён захлiпаўся словамi, пырскаў пенай, пагражаў, лаяўся.
- За кожную маю карову я вазьму цяпер тры каровы, за кожнае зярно вы будзеце расплачвацца са мной сваёй крывёю i потам... Я згнаю ў турмах... Я расстраляю.
Яго спынiў чамусьцi палкоўнiк, запытаў нешта. Тады памешчык пачаў гаварыць больш спакойна:
- Палкоўнiк ставiць перад вамi ўмову: калi хочаце яшчэ пабачыць свету, гаварыце, хто забiў нямецкага афiцэра i вызвалiў Сёмку-бальшавiка?
Народ глуха маўчаў. Толькi вiдны былi сцятыя ў бяссiллi кулакi, суровыя твары былi ў цяжкай задуме. Ужо бегаў памешчык сярод людзей, ярасна трос кулакамi, грозна падступаў да некаторых.
- Гавары, дзе Сёмка? Хто яго вызвалiў?
Але маўчаў народ. Толькi ўсхлiпвалi жанчыны, выцiраючы слёзы ражкамi хусцiнак, ды плакалi дзецi.
Адышоўся памешчык, пачаў нешта раiцца з палкоўнiкам. Той махнуў рукой аднаму з афiцэраў. Двух хлапцоў, якiх узялi з лесу са зброяй, падвялi да абгарэлай грушы, паставiлi пад ёй. Да iх падышоў поп, нешта гаварыў iм, паказваючы на крыж. Але бачыў Мiколка, як плюнулi хлопцы на крыж папу, на яго грудзi. Як пабiты сабака, адышоў поп убок. Загаласiлi жанчыны, хапiўшыся за галовы. Глуха шапталi старыя:
- Калi ж кончацца гэтыя здзекi? Цi доўга цярпець яшчэ будзем?
Грымнулi стрэлы... Мiколка не глядзеў туды. Ён бачыў толькi, як узнялiся над папялiшчам стаi чорных крумкачоў, як з абгарэлай грушы пасыпалася сухое лiсце i цiха-цiха кружылася, ападаючы ўнiз. Яму насустрач вiлiся шызыя клубы дыму ад стрэлаў.
Доўга яшчэ здзекавалiся над людзьмi, усё выпытвалi пра Сёмку, пра тых, хто падбухторваў не здаваць немцам хлеб i жывёлу, хто быў у батрацкiм камiтэце.
Але колькi нi настаўлялi на людзей кулямётаў, колькi нi спрабавалi страляць паверх галоў у народ, нiчога не дапамагала. Людзi маўчалi. Тады памешчык з афiцэрамi падышлi блiжэй да людзей. Некаторых бралi i адводзiлi ўбок. Вось i да дзеда з Мiколкам падышоў памешчык, сурова паглядзеў:
- Ты хто, нешта цябе я не памятаю?
- Я таксама з табой незнаёмы... не даводзiлася сустракацца... працадзiў дзед скрозь зубы.
- А ты, чорт стары, адказвай, калi з табой гавораць... Жарты ў мяне кароткiя... Хто i адкуль? - усё пытаў расчырванелы ад злосцi пан.
- Чалавек я... Вось хто я.
Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукi. Кастлявыя былi гэтыя рукi, з шырокiмi пляскатымi далонямi, з вечнымi мазалямi, з незмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамi ад мазуту. Зiрнуў на iх пан i затросся аж.
- Недарма ты ацiраешся тут сярод мужыкоў... Вiдаць, з рабочага кодла, пракляты... - засiпеў ён i, заўважыўшы Мiколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: - Гавары, хто гэта такi?
- Гэта мой дзед... - адказаў напалоханы Мiколка.
- Якi дзед?
- А дзед... вось проста дзед, i ўсё тут.
- А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?
Хацелася Мiколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што нi на ёсць бальшавiкоў сын, але, зiрнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў цiха:
- А я дзедаў унук.
- А фамiлiя твая?
Зiрнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовiў: "Не ведаю..." Як уджалены, падскочыў пан.
- У склеп iх! - грымнуў ён на ўсё горла.
Мiколку з дзедам адвялi ўбок да купкi людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганялiся за каровамi, за iншай жывёлай. Частку гналi ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралi для нямецкага войска. Сяляне аставалiся на дымных папялiшчах. Над папялiшчамi кружылiся крумкачы. Дымiлiся платы i дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалi два забiтыя чалавекi.
Мiколка з дзедам iшлi ў групе людзей. Iх падганялi салдаты. На салдатах былi чорныя венгеркi i чорныя шапкi. На шапках былi страшныя чарапы. На пражках паясоў паблiсквалi пад сонцам выбiтыя лiтары нямецкiх слоў: "З намi Бог!"
Кружылiся крумкачы над дымнымi папялiшчамi.
Паблiсквалi штыкi.
Людзей вялi ў склеп.
У нямецкiм палоне
Склеп быў нiзкi, вiльготны, з прапыленымi, бруднымi сценамi, з невялiкiмi акенцамi, узятымi ў жалезныя краты. У акенцы вiдаць былi ногi часавога. Другi часавы быў ля дзвярэй, ад якiх вяла ў склеп невялiчкая лесвiца. Гэты часавы хадзiў узад i ўперад ля дзвярэй i раз-пораз гучна пакрыкваў, каб не размаўлялi мiж сабой, каб сядзелi цiха, маўклiва. Было тут каля трыццацi чалавек. Было некалькi батракоў, адзiн каваль, а рэшта сяляне. Усе чакалi, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеi, цi будзе калi збаўленне ад пана, ад немца, цi хутка прыйдзецца памiраць. Спрабавалi спытаць аб тым часавога:
- Што-та будзе з намi?
Часавы трохi разумеў словы. Ён зразумеў запытанне. Усадзiўшы з размаху штык у зямлю, ён сказаў:
- Вось што будзе з вамi...
Такi быў адказ. Ад гэтага жэсту ў многiх забегалi мурашкi па целу i стала цяжка дыхаць. Каб пазбыцца невясёлых дум, старалiся заснуць, масцiлiся на цаглянай падлозе, на старых бочках, паскiданых у склепе. Мала гаварылi, бо ўсё ўжо было перагаворана памiж сабой i кожны знаў галоўную ўмову - не гаварыць немцам нiчога, не выдаваць нiкога. Толькi адзiн з сялян, з прычасанай у клiнок барадой, у чыстым, новым кажушку, усё божкаўся ды войкаў у кутку:
- Ах, Божа мой, Божа... ах, Божа мой, Божа...
Адзiн з маладзейшых раздражнёна сказаў яму:
- Ды кiнь ты Бога трывожыць... Пражыў век свой сабакам, памры хоць па-людску.
Чалавек змаўкаў на хвiлiну, потым зноў пачынаў сваё:
- Ах, Божа мой, Божа...
А часам, забыўшыся i не зварочваючыся нi да каго, шаптаў сабе ўголас:
- Я ўсё раскажу... усё... усё... I хто што ў пана браў. I хто да бальшавiкоў быў блiзка. I хто бальшавiцкiм духам жыве.
Тады акружылi яго цiха i, наставiўшы кулакi да носа, папярэдзiлi грозна:
- Замоўч, божая гнiда... Толькi рот паспрабуй раскрыць, не ўбачыш болей ты свету. I памятай, калi выдасi хоць аднаго чалавека, не жылец ты на гэтым свеце. Не гэтымi, дык другiмi рукамi задушым, з агнём-полымем пусцiм усе твае паганыя здабыткi.
Чалавек змаўкаў, бялеў i тросся ўвесь, як у лiхаманцы.
Гэта быў трапiўшы сюды па непаразуменню царкоўны стараста суседняга сяла. Ён баяўся за сваё жыццё, баяўся немцаў, каб не трапiць у немiнучую бяду. Але яшчэ болей баяўся ён сваiх сялян. Ён добра ведаў, што яны не кiдаюць сваiх слоў на вецер, што ўсiх iх не заб'юць, што заўсёды знойдуцца людзi, якiя здолеюць жорстка расправiцца з iм. I ён тросся, баяўся, як смоўж, уцiнаў галаву ў плечы, малiўся Богу.
Вельмi ненавiдзеў гэтага чалавека Мiколка, гатоў быў сваiмi рукамi задушыць яго, каб змоўк гэты паганы слiзкi рот, якi памiнае ўсё Бога, Багародзiцу.
Як жа! Багародзiца! Благадатная!
У склепе прасядзелi да самага вечара. Увесь дзень сядзелi галодныя, толькi далi iм па кубку халоднай салдацкай кавы, горкай, нясмачнай. Дзед аж плюнуў.
- I гэта ежа, называецца...
Вечарам зайшоў афiцэр i пачаў выводзiць па аднаму, па два са склепа. Неўзабаве павялi i дзеда з Мiколкам. Iх доўга вялi па розных калiдорах, закутках, урэшце прывялi ў вялiкi, прыгожа абстаўлены пакой. Тут было некалькi салдат, афiцэр. За сталом сядзелi памешчык i надзьмуты палкоўнiк.
- Абшукаць! - быў кароткi загад.
Мiколку i дзеда старанна абшукалi. З кiшэняў вынялi з пару печаных бульбiн, урачыста паклалi iх на паперы, на стол. З-за пазухi дзеда дасталi невялiчкi пакунак, скручаны з розных анучак. Абодвух падвялi да палкоўнiка. Паказалi палкоўнiку знойдзеную пры вобыску бульбу. Той паглядзеў, пачаў смяяцца з памешчыкам.
- I гэта, называецца, людзi! Апора бальшавiкоў... Варвары, дзiкуны. Харчуюцца, як жывёла, як першабытныя людзi. I яны яшчэ, бачыце, хочуць свабоду. Iм хочацца, бачыце, улады... Яны хочуць быць уладарамi зямлi, уладарамi фабрык, заводаў, вялiкай чалавечай культуры. Дык я ж пакажу iм культуру, сапраўдную нямецкую культуру, культуру iмператарскай Германii.
I, павярнуўшыся да афiцэра i павысiўшы голас, ён грымнуў:
- На два гады ў канцэнтрацыйныя лагеры, як удзельнiкаў беспарадкаў...
- Дазвольце далажыць вам, гаспадзiн палкоўнiк, што гэтыя людзi, - тут афiцэр паказаў на Мiколку i на дзеда, - аказалi нам у лесе супрацiўленне.
- Тры гады турмы... - кiнуў палкоўнiк.
- Дазвольце далажыць вам, гаспадзiн палкоўнiк, што салдат яго iмператарскага вялiчаства...
- На катаргу! - усё больш свiрэпым рабiўся палкоўнiк.
Афiцэр, якi ўсё дакладваў i раз-пораз хадзiў да столiка, дзе была пакладзена Мiколкава бульба i дзедаў скрутак, раптам спрытна падскочыў да палкоўнiцкага стала i стаў як укопаны:
- Асмелюся далажыць, што ў гэтых людзей знойдзены яшчэ пры вобыску баявыя патроны...
Памешчык аж падскочыў на крэсле, цi то ад страху, цi то ад нечаканасцi. Паволi падымаўся палкоўнiк, i вочы яго налiвалiся крывёй, увесь ён надзьмуўся неяк, ашчацiнiўся, нiбы ўспенiўся твар, набрыняў хваравiтаю чырванню. Палкоўнiк адразу страцiў увесь свой важны выгляд, сваю вытрыманасць. Ён бегаў навокал стала, падбягаў да дзеда з Мiколкам, трос кулакамi, адскокваў раптам назад, нiбы не Мiколка стаяў перад iм, а ўзброены да зубоў чалавек. Мiколка разумеў, што трапiлi яны з дзедам у бяду, ды яшчэ вялiкую. А праз каго? Вiдаць, трохi i праз дзеда... Гэта ж трэба, зброю схаваў, а пра патроны забыўся. Але некалi было крыўдаваць, дый цяжка было крыўдаваць на дзеда. Як-нiяк, ён жа вельмi стары чалавек, дзе яму ўсё прыпомнiць.
А палкоўнiк усё бегаў.
Надакучыла гэта Мiколку. Дый цяжка было стаяць увесь час на змораных нагах. I, не чакаючы асаблiвага запрашэння, Мiколка важна ўсеўся ў крэсла ля стала, ды яшчэ дзеда запрасiў:
- Сядай, дзед, яны ж могуць i пастаяць, не вялiкай жа працы людзi...
Дзед разгублена паглядзеў на ўнука, але потым рашуча сеў, махнуўшы рукой:
- Нам цяпер усё роўна! Абы адпачыць...
Аж аслупянелi тут усе. У памешчыка выпала папяроса з зубоў. Вырачанымi вачыма пазiраў на памешчыка палкоўнiк. Стаялi афiцэры, выцягнуўшыся ў струнку, чакалi начальнiцкага загаду. Замерлi салдаты ля дзвярэй. У пакоi была мёртвая цiшыня. Чуваць было толькi, як гудзе каля лямпы муха, выбiрае месца, дзе сесцi. I села. Проста на начальнiцкi нос села. Муха вывела палкоўнiка з аслупянення. Ён махнуў раздражнёна рукой, падскочыў да дзеда, грымнуў на ўвесь пакой:
- Устаць перада мной, нягоднiк!
Дзед адмахнуўся ад яго, як ад назойлiвай мухi.
Аж зайшоўся тут ад крыку палкоўнiк:
- Забiць! Павесiць! Расстраляць!..
Усе захадзiлi i замiтусiлiся. Нiбы трывога ўзнялася над старым панскiм палацам. Ляпалi дзверы, брынчалi шпоры, чулiся загады, распараджэннi. Палкоўнiк сядзеў на канапе i выцiраў спацелы лоб. Цяжка дыхаў памешчык, засопся аж, цi ад страху то, цi ад вялiкай злосцi. Да дзеда i Мiколкi падскочылi салдаты, схапiлi iх, звязалi рукi. Павялi з пакоя ўсё тымi ж доўгiмi змрочнымi калiдорамi. Павялi ў склеп.
Хутка апынулiся ў тым жа самым склепе, дзе сядзелi i раней.
Толькi цяпер тут было меней народу. Усяго чалавек дзесяць. Усе яны ўжо ведалi Мiколку, сустрэлi яго ветлым словам:
- Не табе б, хлапчына, хадзiць сюды... Адсюль дарога толькi адна...
Яны не хацелi дагаворваць, не хацелi, каб залiшне сумаваў Мiколка, каб не думаў ён аб тым, аб чым не варта думаць у такiя дзiцячыя гады. I мо таму, што сярод iх быў такi малы хлапчук, яны старалiся сябе трымаць весела. Пелi песнi, расказвалi яму смешныя байкi. I калi даведалiся, што дзед Астап стары мiкалаеўскi салдат, прасiлi яго расказаць пра турэцкую вайну. Але тут умяшаўся Мiколка:
- Дужа старыя байкi ў дзеда, што iх расказваць... Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька, колькi-то дзён, як няма яго. I дзе ён невядома.
- I я не ведаю, унуча... Давай лепш класцiся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны...
- Што сны... - махнуў рукой Мiколка.
Як нi старалiся ўсе развесялiць Мiколку, гэта не ўдавалася. Якая весялосць у такiм месцы. Хутка ўсе паляглi спаць на падлозе. Але не спалася. Чулiся галасы наверсе. Зрэдку даляталi гукi музыкi. То iграў у пана палкавы нямецкi аркестр. Пан спраўляў перамогу над сялянамi, над бальшавiкамi. Шчодра частаваў сваiх збаўцаў - нямецкiх афiцэраў. Адтуль даляталi гукi танцаў, чулася брынчанне шпор, вясёлыя галасы. У склепе было цёмна. Скрозь невялiчкае акенца, скрозь краты вiдаць быў кавалачак цёмнага неба. На iм перамiргвалiся махнатыя зоры. Крычала нейкая птушка ў садзе. Здалёк, з-за саду, даносiўся дзiцячы плач, i нечая мацi цiха спявала: "Ба-а-ю, бай... а-а-а... ай..." Вiдаць, батрачка калыхала недзе свайго малога.
Прынiк Мiколка гарачым iлбом да жалеза крат i глядзеў, глядзеў. Нiбы ўпершыню ён бачыў i гэтае неба, i такiя ж махнатыя зоры, i ў цiхiм шолаху лiсця цёмныя купiны лiп. Нiбы дрыжалi гэтыя дрэвы пад густым месячным святлом, i так выразна вiдаць былi зубчыкi лiсця на цёмным небе, што хацелася дацягнуцца да iх рукой, дакрануцца да iх, прылашчыцца гарачай шчакой. Дакрануўся рукою да крат. Халодныя яны, моцныя. Рыпнуў пясок за акенцам, мiльганулi ногi часавога. Раздаўся злосны воклiк i стук вiнтоўкi:
- Назад!
Лязо штыка прасунулася ў акенца, пагрозлiва бразнуўшы аб краты. Мiколка адхiнуўся ўбок i, трымаючыся за сцяну, цiха падаўся да дзеда. Прылёг ля яго. Дзед ляжаў у глыбокай задуме, маўчаў. Не вытрымаў тут Мiколка, аж затрымцеў увесь, сцяўся ў камочак.
- Страшна мне, дзеду...
- А ты не бойся... Чаго баяцца, унуча! Усё будзе добра. Усё будзе слаўна. Прыйдзе час - не будзе нi паноў, нi царскага войска нямецкага. Будуць толькi рабочыя ды сяляне, ды такiя вось, як ты, бальшавiковы сыны... i зямля будзе наша... i паравозы нашы... i яны будуць бегаць куды шпарчэй, бо яны будуць нашы. Сонца будзе свяцiць куды гарачэй, i яно будзе нашым... i неба наша... Усё, усё наша!
- То добра, дзеду, але ж нас з табой не будзе. Вунь на ганку стаяць кулямёты, яны ж нарыхтаваны на нас.
- А ты плюнь на iх, на гэтыя кулямёты... дужа страшныя яны хiба?
Змаўкае Мiколка. Але чуе дзед, як уздрыгваюць Мiколкавы плечы. Плача Мiколка i стараецца захаваць свой плач, сцяўшы зубы, уткнуўшыся тварам у дзедава плячо. Упору i самому дзеду заплакаць, але трымаецца ён, гладзiць унукавы плечы, на вуха яму шэпча:
- Ну чаго ты, дурненькi мой... А яшчэ казаў, што храбры, храбрэй дзеда.
Захлiпаецца плачам Мiколка, гаворыць скрозь слёзы:
- Не ад страху я, дзеду... Мне бацьку шкада. Мне паравозаў нашых шкада. Хто-та ездзiць цяпер на iх. Немцы ж гэтыя... Як жа ж... У iх жа царскiя арлы. Ды з iмi Бог яшчэ гэты. На кожным поясе напiсана.
- А ты, унуча, яшчэ раз плюнь i на арлоў, i на Бога. I арлам галовы скруцiм. А дасць Бог, i Богу шыю звернем... Было то клопатаў, каб аб iх думаць... А дзеду ты вер! Кладзiся вось i спi... Усё, браце, будзе наша! Толькi выспацца цяпер нам трэба з табой. Ну, кладзiся!
Цiха ў склепе. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Прашуршыць часам спужаная мыш у саломе.
А на дварэ парыпвае пясок пад цяжкiмi ботамi часавога. Паблiсквае штык пад месяцам, цьмяна льснiцца цёмная каска. Застыглi на ганку палаца чорныя кулямёты, ды дрэмлюць салдаты ля iх.
Цiха шалясцяць на вятрыску пахучыя лiпы, скiдаючы на жвiр, на траву цяжкiя кроплi расы.
Спiць Мiколка.
Нiбы спiць i не спiць. Ён едзе на вялiкiм-вялiкiм паравозе. Ля акенца бацька сядзiць. Снапы гарачых iскраў ляцяць з трубы i нiзка пасцiлаюцца над дрэвамi, над кустамi, над бязмежнымi прасцягамi палёў. Ляцяць рэйкi насустрач i нiбы пасцiлаюцца пад магутныя колы, нiбы праглынаюцца паравозам... А ён усё шпарчэй i шпарчэй, цiха кружыцца галава ў Мiколкi, развяваюцца валасы ад страшэннага ходу, ад iмклiвага ветру. Пара шыпiць, аж гудзе, i ляскочуць сталёвыя колы.
...Тах-тах-тах... тах-тах-тах...
Зiрнуў Мiколка ўперад, i валасы ў яго дыбам - проста на iх ляцiць, наблiжаецца семафор. Вялiкi, чырвоны. Як кроў, гарыць яго зыркае вока. А паравоз усё шпарчэй i шпарчэй, аж заходзiцца сэрца, дыхаць цяжка. Збiраецца з сiлай Мiколка, намагаецца крыкнуць. Але цяжка перамагчы страшэнны бег паравоза, гэты грукат сталi, жалеза, гэтае гудзенне шалёных вятроў. Яшчэ секунда i, перамагаючы страх, крыкнуў Мiколка:
- Бацька, стой! Стой, стой, семафор вунь чырвоны...
Крыкнуў i прахапiўся, вочы адкрыў. Разам з iм прачнуўся дзед, прачнулiся ўсе, што спалi з iм разам. Спачатку нiчога не маглi ўцямiць. У склепе было вiдна, але святло было нейкае дзiўнае. Маленькае акенца ўзiралася ў iх распаленым чырвоным вокам...
- Пажар! - схамянулiся ўсе i кiнулiся да акна.
Нечаканае вызваленне
Кавалак неба, якi вiдзён быў праз акенца, цяпер здаваўся жывым. Нiбы трапятаў ён, калыхаючыся ў чырвоных пералiвах. Чырвань то набракала крывёю, то рабiлася цьмянай, то раптам успыхвала на ўсю шырыню залацiстымi водблiскамi. Водблiскi цямнелi, гаслi, знiкалi i зноў успыхвалi з новаю сiлай, паланiлi ўсё неба. I здавалася, плавiцца неба, робiцца вадкiм, празрыстым. Вось-вось успыхне яно i ападзе на зямлю мiльёнамi iскраў i ззяючага вугалля. Нiбы аграмадная птушка ўзмахвала агнявым крылом, i яно бiлася, трапятала, параненае, цяжка прыпадала да зямлi, рассыпаючы па небу залатыя пер'i.
Глуха шумелi цяпер барвовыя кроны лiп. То ўзняўся вецер i грозна гудзеў у садзе, па сценах палаца, па даху. Чамусьцi не вiдаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку.
- Пажар! - крыкнулi людзi. - Але дзе гэта гарыць? Няйначай, пачалося з панскiх гумнаў, адтуль ляцяць iскры.
I толькi сказалi гэта, як страшэнны выбух адкiнуў iх ад акна. Блiснула асляпляючым полымем, i, уздрыгануўшы, глуха загудзелi сцены склепа. Пасыпаўся тынк са сцен, са столi. Чутна была бязладная тупатня ног наверсе, чыесьцi крыкi, i зусiм недалёчка раздалося некалькi адрывiстых стрэлаў. Потым раптам нiбы ўсё змоўкла на хвiлiну, i злавесная цiшыня павiсла над домам, над садам.
Мiколка зiрнуў у акно. I першае, што ён убачыў, гэта нямецкую каску. Яна ляжала ля самага акенца, уткнуўшыся казырком у пясок. Ля ганка, на каменнi ў нязручных позах раскiнулася некалькi чалавек, ляжаў абернуты кулямёт, цьмяна паблiсквала стужка з патронамi. Людзi ляжалi нерухома.
- Дык вось яно што! - ускрыкнулi разам усе людзi ў склепе. - Пажар-то вiдаць не просты, наш пажар, партызанскi...
Раптам раздалiся з грукатам дзверы на ганку, i цэлая група людзей з'явiлася там. Яны выходзiлi з панскага палаца. Уперадзе iшоў звязаны палкоўнiк, разам з iм клыпалi некалькi афiцэраў, трымаючы рукi ўгору. Iх канваiравалi каля дваццацi чалавек з вiнтоўкамi, з драбавiкамi. У аднаго Мiколка заўважыў звычайную сякеру. Палкоўнiка i афiцэраў павялi кудысьцi за вугал, у цёмную лiпавую алею.
Тут жа, ля ганка, стаяла група абяззброеных нямецкiх салдат. Яны стаялi без канвою, аб нечым гаварылi, спрачалiся. Чуваць былi асобныя словы, смех, паасобныя вясёлыя выкрыкi.
Дзесьцi ў садзе грымнула некалькi стрэлаў.
Салдаты замоўклi на хвiлiну, некаторыя махнулi рукой.
I тут толькi зразумелi людзi, якiя сядзелi ў склепе, што яны вольныя цяпер, што наканаваная смерць прайшла мiма iх, стараной. I, абняўшы радасна адзiн аднаго, расцалаваўшы малога Мiколку, яны пабеглi да акна i пачалi бiць па яго жалезных кратах. На стук прыбеглi некалькi нямецкiх салдат. Яны зiрнулi ў акенца i кiнулiся кудысьцi за дом. Хутка цэлая група людзей паказалася адтуль. Бразнулi засовы дзвярэй, i палоннiкi склепа адзiн за адным выйшлi на вольны прастор. Развiднела ўжо. Вось-вось пакажацца сонца над блiзкiм лесам. Але ясней сонца ўзнялося пад самае неба гучнае i радаснае "ўра".
I здавалася Мiколку, што вылецiць яго сэрца з грудзей ад вялiкай радасцi. Ён кiнуўся на шыю матросу, якi, вiдаць, камандаваў усiмi людзьмi.
- Ого! Якi ж ты яшчэ маленькi, а так ужо немцаў укрыўдзiў, што яны табе смерць рыхтавалi... - усмiхнуўся матрос i, падхапiўшы Мiколку, падняў яго высока-высока, пад самыя шаты нерухомых лiп.
Нiчога не адказаў Мiколка, увесь захлынуты радасцю збавення, радасцю перамогi. I толькi ўгледзеўшыся ў матроса, ён крыкнуў дзеду:
- Дзед, а гэта ж той чалавек, што пад хвояй стаяў i якога ты ад расстрэлу выбавiў.
I што тут было, хiба апiшаш! Дзед абняўся з матросам. Яны кiнулi вобземлю шапкi i разы тры пацалавалiся, моцна абняўшыся. Аж войкнуў дзед, да таго моцна сцiснуў яго ў абдымках Сёмка-матрос. I бачыў нават Мiколка, як заплакаў дзед i - якi ж ён хiтры! - неўпрыкметку выцер слязу кончыкам барады. Не сцярпеў тут Мiколка, папракнуў дзеда:
- А здаецца ж, не малы ты ўжо, дзед, i трэба ж так...
- То ж гэта не сляза, унуча, гэта радасць... - сканфузiўся дзед.
Ну, што ты зробiш тут з гэтым дзедам!
Сёмка-матрос запытаў iх, адкуль яны, што за людзi i якiя прычыны прымусiлi дзеда смела заступiцца за яго, Сёмкава, жыццё. I калi ўсе даведалiся, што дзед Астап - бацька памочнiка машынiста Андрэя, а Мiколка сын Андрэеў, агульнай радасцi не было канца-краю.
- Гэта ж мой найлепшы прыяцель, твой бацька! - гаварыў ён Мiколку. Твой жа бацька самы смелы бальшавiк! Мы з iм, ды з другiмi рабочымi, ды з нашымi вось партызанамi добра правучым паноў... будуць ведаць, як вёскi грабiць, бальшавiкоў ды беднату выдаваць немцам на расправу... А прыйдзе час, возьмемся як след i за немцаў!
Панскi палац пачаў ужо гарэць з аднаго канца. Вострыя языкi полымя вырывалiся з верхнiх акон, узнiмалiся чорныя клубы дыму.
- Важнецкi гарыць. Усё пайшло пылам-дымам... Мала было яму ўсё, гаду... Ад хцiвасцi на нашыя вёскi пайшоў, праз яго пагарэлi. Немцаў наслаў. Няхай жа гарыць, выгарае, каб i кораня панскага не засталося...
I тут хапiўся матрос:
- А гэтага самага тлустага д'ябла, самога пана мы яшчэ не злавiлi.
- Схаваўся, гад, недзе...
- Выкурым, нiдзе дзенецца!
I тут заўважыў Мiколка, як з верхняй веранды скочыла на зямлю нешта белае, грузнае. Ён як дуж кiнуўся ўслед. За iм пабег дзед. Белае, грузнае кiнулася ў зараснiкi бэзу, акацый. Вось яны наганяюць ужо, толькi лыткi ўцекача мiльгаюць у роснай траве, а спынiцца каб, дык не. Гэта быў пан. Ён выскачыў у адной сарочцы i цяпер пабег, засопшыся, наважыўшыся праскочыць сад i даць лататы да лесу.
- Стой, пузан, а то выстралю! - крыкнуў на бягу дзед i размахваў карабiнкай, якою надарыў яго Сёмка-матрос.
Пан сiгануў праз шчыкет, але, учапiўшыся сарочкай за шчыкецiну, павiс на ёй, агалiўшы валасатыя ногi.
- Бач ты, сцёгны якiя паразгадаваў, па тры пуды, няйначай...
Але раптам зрабiўся сур'ёзны i адступiў на крок. Узяўшы важна пад казырок, скамандаваў дзед:
- Злазьце з плота, ваша сiяцельства, нязручна так, няйначай!
Але дзе тут злезцi пану. Павiсла сiяцельства ўсур'ёз. Падбеглi сяляне i не зусiм, каб сказаць, далiкатна знялi яго з нязвыклага крэсла. Як крануўся зямлi пан, так i кiнуўся ў ногi сялянам. Цалаваў зямлю, слюнявiў сялянскiя лапцi, малiўся, прасiўся, усiмi багамi кляўся, што не ён вiнаваты ў расстрэлах, а немцы.
- Хто табе веры дасць, iрад? Але што з iм рабiць, з сiяцельствам гэтым? Не варта кулю псаваць на жабу такую... - раiўся Сёмка-матрос i загадаў: - Пасадзiць яго ў сажалку, няхай прахалоджваецца пасля такой гарачкi... А то ў ванне яшчэ сёння, мусiць, не было яго сiяцельства.
I сядзеў пан у сажалцы, паварухнуцца баяўся.
А партызаны тым часам не драмалi. Выганялi жывёлу з панскiх хлявоў, выводзiлi коней, выгружалi свiрны. Прыгадзiлiся панскiя каламажкi, на iх зручна прымайстравалi адабраныя ў немцаў кулямёты, палажылi вiнтоўкi. На адной з каламажак прымасцiўся ля кулямёта Мiколка. Дзед Астап усеўся на нямецкага стаеннiка i быў цяпер падобны на сапраўднага ваяку-кавалерыста. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькi шаблi. Але Сёмка-матрос дастаў аднекуль i шаблю i надарыў ёю дзеда. Мiколку ж ён даў маленькi штык ад нямецкай карабiнкi. Штык быў падобны на кiнжал, i iм вельмi ганарыўся Мiколка, павесiўшы яго збоку на папружку. Так зрабiўся Мiколка кулямётчыкам, а дзед Астап - кавалерыстам. Праўда, у кавалерыi дзеду Астапу хутка не спадабалася, i ён перайшоў неўзабаве ў пяхоту. Але аб гэтым пасля.
Калi дагараў ужо нiжнi паверх панскага палаца, атрад Сёмкi-матроса рушыў з двара. Уперадзе ехаў Сёмка на добрым вараным канi, якога ўзялi ў пана. За iм ехалi некалькi хлопцаў, узброеных шаблямi, карабiнамi i гранатамi. Услед рушылi тры каламажкi з кулямётамi.
Ужо развiднела.
Збляднела зарава пажару, толькi дым пасцiлаўся яшчэ чорнай смугой над дарогай, над лесам. Атрад прыбавiў кроку. Конi рванулi ўперад i панеслi наўскач, пераганяючы адзiн аднаго. Затарахцелi каламажкi, падскакваючы на выбоiнах ды на карэннях лясной дарогi.
- Ану яшчэ, яшчэ паддай! - грымнуў Сёмка-матрос.
Як лёгкiя птушкi, узнялiся конi, распушыўшы хвасты i грывы. Толькi срэбрам мiльгалi падковы капыт ды клубы пылу ўзнiмалiся ўслед, плылi за атрадам ружовым воблакам.
- Паддай, паддай! - не змаўкаў камандзiр.
I нiбы беглi насустрач дрэвы, кусты. Нiбы кiдаў хто пад ногi коням лесавую дарогу. Шалёным вiхрам неслiся кулямётныя каламажкi, нiбы плылi над дарогай, не адчуваючы ўжо нi пнёў, нi камення. Бiў вецер насустрач, захлынаў дыханне, намагаўся шапкi сарваць. Але што той вецер!
- Гармонiк давай! - крыкнуў нехта.
Захлiпнуўся спачатку гармонiк, прачышчаючы свае медныя галасы. I потым пайшоў, разышоўся, узляцеў гарачымi галасамi вышэй стромкiх хвоек, пракацiўся звонамi-перазвонамi, i дух захапiла, калi пайшлi ў ход пералiвiстыя пераборы. Ды бумкалi басы, як цяжкiя стрэлы гармат: бум, бум, бум...
А з гармонiкам песня ўзляцела. Усiм атрадам яе падхапiлi. I песня, i людзi, i агнявыя пад сонцам грывы коней - усё ляцела бурай-вiхурай уперад ды ўперад.
I толькi iскры мiльгалi з падковаў капытоў ды гудзелi дрэвы, захлёствалi твары вятры. Воблака пылу пасцiлалася ўслед, узнiмаючы вiхурай апаўшае лiсце, прыгiнаючы да зямлi шумлiвыя верасы i зялёную папараць.
А песня ляцела.
Не дагнаць яе, не перагнаць...
Рукой ворага яе не злавiць.
Здарэнне з дзедавым скакуном
Атрад спынiўся на стаянку ў густым непраходным лесе. Нiякаму немцу сюды не дабрацца. Паабапал глухiя балоты, дзе толькi дзiкая птушка праляцiць ды лесавая звярушка з купiны на купiну пераскочыць. Партызаны выкапалi зямлянкi, паставiлi шалашы ад дажджу.
На векавой сасне, якая ўзнiмалася над усiм лесам, ставiлi наглядчыкаў па чарзе. На сасне было буслава гняздо, вельмi зручна было чалавеку хавацца пад iм. I вельмi часта забiраўся туды Мiколка i, прыслухоўваючыся да буславага клёкату, назiраў за лесам, сачыў за дальнiмi дарогамi, якiя вiдаць былi адсюль як на далонi. Часам прыходзiлi сяляне i скардзiлiся, што iх толькi-толькi абрабавалi немцы. Кiдалiся ўслед партызаны, наганялi немцаў, раззбройвалi, адбiралi назад сялянскае дабро.
А кожнае ночы частка партызан рабiла налёт на маёнткi, давала "перцу" панам. Дзед Астап ездзiў часам з другiмi партызанамi на разведку. Ён ужо нядрэнна трымаўся на канi, добра налаўчыўся страляць, седзячы на канi, з карабiна. Але адно, што турбавала дзеда, гэта яго няўменне абыходзiцца з шабляй. I так i гэтак практыкаваўся ён, але нiчога не выходзiла. I нават тонкi дубец не паддаваўся адразу дзедавай шаблi.
- Цяжка мне, старому мiкалаеўскаму артылерысту, да шаблi прызвычаiцца... Цi то шабля худая, цi то рукi аслаблi... - скардзiўся ён часам на сваё няўмельства Мiколку.
I гэта, на яго думку, падрывала яму крыху аўтарытэт як слаўнага кавалерыста-рубакi. Але дзед не здаваўся. Ён усё намагаўся прылаўчыцца да шаблi. Цэлымi гадзiнамi сек лазовыя дубцы. Сек, праўда, у пешым страю. Нават дровы налаўчыўся шабляй сеч. Але калi толькi садзiўся на каня, усякi спрыт на шаблю праходзiў. А калi ўрэшце адважыўся дзед папрактыкавацца на канi, выйшаў адзiн толькi канфуз. Разагнаў ён каня, выхапiў маладзецкi шаблю i ну ёю махаць, каб ямчэй секануць па бярэзiне. Размахнуўся з усiх сiл, крактануў ды як секане, аж конь на дыбы ўзвiўся. Зiрнуў тут дзед, а ў каня толькi адно вуха матляецца. I хоць з адным вухам конь, але такога вялiкага спрыту ён набраўся, як сiгане, як падскочыць ды, наставiўшы хвост пiсталетам, як пусцiцца ў шалёны галоп - у дзеда аж дух захапiла.
Iмчыць дзед нi жывы нi мёртвы, толькi барада па ветру пасцiлаецца. I ў пору яму крыкнуць "ратуйце", але цi старому артылерысту паратунку прасiць. Ухапiўся за грыву, трымаецца. Але тут як падскочыць конь, як падкiне ўгору заднiя ногi, не ўтрымаўся дзед i лёгкай птахай узвiўся ў паветра. Добра яшчэ, што гарцаваў ён пад вялiкай бярозай. Так i ўчапiўся за сук, павiс на iм. Назiраючы за дзедавай джыгiтоўкай, Мiколка з жалем падумаў, што давядзецца яго бацьку быць сiратой, а яму, Мiколку, застацца без слаўнага таварыша. Але, угледзеўшы дзеда на суку, узрадаваўся i, пад'ехаўшы з каламажкай, дапамог яму злезцi на зямлю. Стары быў зусiм разбiты, скардзiўся на паяснiцу, але духам не падаў i ўрачыста тлумачыў Мiколку:
- Хiба ж гэта конь? Гэта ваўкарэзiна, а не конь, не можа седака на сабе ўтрымаць... Вось у турэцкую вайну былi конi ў нас, дык конi.
Хаця Мiколка быў трохi iнакшых думак пра коней i пра седакоў, але тут не пярэчыў. Не хацеў крыўдзiць старога. Тым больш што ў таго i так хапала тут непрыемнасцей. Набегаўшыся ўволю, яго скакун з'явiўся назад, з'явiўся аднавухi, з абкарнаным хвастом. Усе, усмiхаючыся, зiрнулi на кавалерыста, сёй-той запытаўся:
- Што-та сталася з тваiм стаеннiкам?
Не мiргнуўшы вокам, дзед адказаў:
- Ды, няйначай, дзе за сук засiлiлася жывотнае, ну... i адарвала слыхавы орган.
Дзед любiў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова.
Змаўчалi ўсе. Каму было ахвота крыўдзiць такога слаўнага рубаку. Толькi Сёмка-матрос, хiтра падмiргнуўшы, запытаў яго:
- Цi цэлы хаця сук той?
Гэта завельмi ахаладзiла дзеда да кавалерыйскай справы. А тут яшчэ падвярнулiся такiя падзеi, што дзед хоць i атрымаў перамогу над немцамi, але канчаткова рашыў перайсцi да пяхотнай справы. I не тое каб пешака хадзiць, скажам, але каб не кiдацца болей з дзедавым слабым здароўем у кавалерыйскiя атакi.
Неяк давялося дзеду паехаць раз у разведку. Паехалi ўтрох: Сёмка-матрос, Мiколка i дзед. Чуткi былi, што ў блiжэйшых вёсках грабяць нямецкiя коннiкi. Паехалi праверыць, цi праўда то, каб у выпадку патрэбы наляцець з атрадам. I толькi выехалi на ўскраек лесу, бачаць - едуць чалавек з восем нямецкiх кавалерыстаў. I проста насустрач едуць. Мiргнуў Сёмка Мiколку i дзеду, каб зараз жа хавалiся ў лесе. Не iсцi ж утрох супроць васьмi.
Але тут пачалi рабiцца несусветныя штукi з дзедам. Праўда, ва ўсiм ён i душой не быў вiнаваты, усё пачалося з каня. Цi той пачуў iржанне сваiх былых нямецкiх сяброў, цi якое другое лiха ўзбрыло яму ў галаву, але конь выказаў яўныя намеры кiнуцца ўперад, насустрач немцам. Дзед i так i сяк браўся за каня, усё намагаўся яго павярнуць убок да лесу. Але нiчога не дапамагала. I праз якую хвiлiну дзед горда iмчаў на немцаў, не трацячы, аднак, у глыбiнi душы надзеi, што, можа, як i ўдасца павярнуць шалёнага каня назад. Толькi i паспеў крыкнуць дзед: "Ратуй, Сёмка, старога артылерыста!" Ды, бачачы немiнучую сустрэчу з немцамi, прышпорыў з адчаем каня наскамi ботаў, выхапiў шаблю ды як закрычыць "ура", аж Мiколка не на жарты спужаўся.
Зiрнуў Сёмка на Мiколку - вось ашалеў дзед! - ды, выхапiўшы гранату з кiшэнi, памчаў на ўвесь дух услед за дзедам. Не кiдаць жа старога рубаку ў небяспецы такой. Бачаць немцы, ляцяць на iх дзiўныя коннiкi, "ура" крычаць, шаблямi махаюць. А тут i трэцi памчаўся ад лесу. То Мiколка пусцiўся наўскач за дзедам, за Сёмкам. Павiнен жа i ён дапамагчы дзеду з бяды выбавiцца. Iмчыць Мiколка ды раз-пораз з карабiна страляе. Замiтусiлiся немцы, спынiлiся. А ўгледзеўшы Мiколку, зусiм спалохалiся. Iм паказалася, што прытаiлiся ў лесе несусветныя сiлы - выскакваюць адтуль адзiн за адным партызаны. I, не разважаючы доўга, пусцiлiся немцы назад, коней прышпорылi.
Але не такi дзед, каб адстаць. I хоць гатовы ён i каня нямецкага праклясцi, якi кiнуў яго ў такую страшэнную атаку, хоць гатовы ён i другое вуха яму адсеч за вялiкае непаслушэнства, але дзе ты ўжо дзенешся, калi шаблю выхапiў. Ляцiць вiхурай дзед, насцiгаючы немцаў, крычыць:
- Здавайцеся, пакуль не ўцяклi!
Бачаць немцы - не паласа, кiнулi карабiны, рукi ўгору. Тут i Сёмка падскочыў, падскакаў Мiколка, палонных пад канвой забралi.
Так неспадзявана рушыў дзед у кавалерыйскую атаку i, як бачым, атрымаў перамогу. Дзедаў аўтарытэт вырас яшчэ болей, i нiхто ўжо не пасмеў бы напомнiць дзеду аб яго джыгiтоўцы, аб няшчасным конскiм вуху i абсечаным хвасту яго скакуна. Але ўсе гэтыя падзеi вельмi дорага каштавалi дзеду, днi са тры прахварэў ад тых здарэнняў i расказваў пасля:
- Думаў я, што не прыйдзецца мне болей Мiколку пабачыць праз гэтага нямецкага скакуна, якi папёр мяне на нямецкi атрад. Але калi ўбачыў, што няма мне ўжо анiякага выхаду болей i што насоўваецца мая смертухна, рашыў я тады на хiтрыкi пайсцi i так грымнуў на iх, што аж сам быў спужаўся... А тут i Сёмка! А тут i Мiколка! Ну, думаю, цяпер падавай мне цэлую дывiзiю i самога генерала! Я iм пакажу, што знача дзед Астап i яго турэцкая шабля!
Сказаўшы пра шаблю, ды яшчэ пра турэцкую, дзед трохi пачырванеў i змоўк. Вiдаць, адчуваў сябе нiякавата. Ён сам убачыў, што трохi перабаршчыў. Пра шаблю ж ён наогул не любiў успамiнаць пасля трагiчных падзей з конскiм вухам. З крыху прыкрага маўчання вывеў Мiколка:
- А ты не зважай, дзед, калi там сёе-тое з шабляй у цябе было раней... Затое ж ты перамог! Усё ж такi здалiся немцы!
- Так, здалiся... - прамовiў дзед.
Але ўсё ж прымушаны ён быў адмовiцца ад кавалерыйскiх атак.
Як-нiяк, адчуваў сябе вельмi нязручна з шабляй. Ды i гарцаваць на канi не дазвалялi ўжо гады i здароўе!
- Арудзiю б мне! Паказаў бы я вам, як ваяваць трэба! - гаварыў часам дзед i марыў аб гарматах, аб сваёй колiшняй зброi.
I трэба сказаць, што гэтыя мары хутка спраўдзiлiся i дзед Астап стаў заўзятым артылерыстам, багата дапамогшы партызанам у iх барацьбе з немцамi.
Аб гэтым пасля.
Партызанскi браняносец
За часы Мiколкавага партызанства на яго роднай станцыi ў родным горадзе станавiлася ўсё горш i горш. Дзесяткi рабочых былi пасаджаны ў турмы. Некаторых саслалi на катаргу, некаторых у канцэнтрацыйныя лагеры. Каля дэпо стаялi часавыя, i рабочым ледзь не пад канвоем прыходзiлася станавiцца на работу. Пад канвоем вадзiлi машынiстаў на паравозы. За малейшае супрацiўленне пагражалi расстрэлам. За работу амаль не плацiлi, i сем'i рабочых жылi ў вялiкiм голадзе. I гэта ў той час, калi праз станцыю праходзiлi дзесяткi i сотнi эшалонаў з хлебам, з мясам, з жывёлай. Немцы рабавалi народ i ўсё, што рабавалi па гарадах i вёсках, адсылалi ў Германiю.
Але як нi горка жылося рабочым, яны не думалi здавацца немцам. Яны рабiлi ўсё, чым толькi можна было нашкодзiць нахабным заваёўцам, якiя марылi задушыць Савецкую краiну. Рабочыя псавалi паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзiць немцам вывозiць нарабаванае дабро. Уцякалi машынiсты з паравозаў, спынялi ў лясах цягнiкi i раздавалi назад сялянам адабраную ў iх жывёлу. Арганiзоўвалi рабочыя дружыны абароны. Даставалi зброю.
Нават дзецi рабочых удзельнiчалi ў гэтай барацьбе. I часта можна было назiраць на станцыях, як Мiколкавы таварышы, катаючыся на падножках вагонаў, сыпалi ў буксы вагонаў пясок, разлiвалi ў кандуктараў i змазчыкаў мазут, каб не было чым змазваць калёсы.
Барацьбой рабочых кiравалi бальшавiкi. Сярод iх быў i Мiколкаў бацька - Андрэй. Ён даўно быў у падполлi, i часам самыя блiзкiя людзi не ведалi, дзе ён знаходзiцца.
Часам, калi асаблiва зверскiмi рабiлiся немцы ў якiм-небудзь горадзе цi на станцыi, рабочыя рабiлi iм добрую ўзбучку, напамiнаючы гэтым, што рабочая сiла не зломлена. Вось i цяпер атрымаў з горада лiст Сёмка-матрос. Прачытаўшы яго, раiўся з дзедам Астапам, з другiмi партызанамi. Быў пры гэтай нарадзе i Мiколка. Чуў ён, што трэба атраду зрабiць налёт на горад i даць добрага пытлю немцам. Думалi i гадалi, як лепш правесцi налёт.
Да поўначы раiўся Мiколка з дзедам, як лепш справу зрабiць. Аж надакучыў дзеду сваiмi парадамi. Той i рукой махнуў:
- Адчапiся ты! Малы ты яшчэ, табе толькi варон бiць з карабiна ды штыком тваiм пячуркi з пяску рабiць...
I дзед паказаў на кiнжал, якiм так ганарыўся Мiколка. Абурыўся тут Мiколка, трохi нават узлаваўся на дзеда i з пагардай сказаў яму:
- Як вiдаць, ты, дзед, добра яшчэ мяне не ведаеш! Можа, я таксама ваяка... Iзноў жа: хто спаў каля пакгаўза, а хто лазiў у пакгаўз людзей вызваляць? Ага! Успомнiў! А хто каню вуха шабляй адсек?
Аж паморшчыўся дзед, узгадаўшы пра гэтую прыгоду, i, каб спынiць непрыемныя для яго Мiколкавы ўспамiны, адразу ж пайшоў на змiрэнне:
- Ну, дык чаго ты ўжо так разышоўся? Хiба я кажу, што ты не храбры? Ну дык гавары, што ты надумаў.
- А вось i надумаў...
I тут расказаў Мiколка аб сваiм плане:
- Бачыш, дзеду, сiл яшчэ ў нас мала i зброi мала... Калi не пойдзем мы на хiтрасць, нiчога часам i не выйдзе!
Мiколкаў план быў вельмi просты. Лазячы на хвою, на наглядальны пункт, Мiколка часта бачыў, як праходзяць зрэдку па Дняпру параходы. Яны хадзiлi пад нямецкiм сцягам, хадзiлi з узброенай камандай, з кулямётамi, а часам i з гарматамi.
- Абы толькi параход нам дастаць, а там пабачым... - закончыў Мiколка свой план.
- А што ты думаеш! - захапiўся дзед планам. - Ты ж у мяне мудрэй за Напалеона!.. Ды што Напалеон! Ты ж проста, браце мой...
- Бальшавiкоў сын, - падказаў дзеду Мiколка.
- То-та ж!.. - згадзiўся дзед i пайшоў раiцца да Сёмкi-матроса.
А ранiцай дзед Астап i Мiколка выбралiся на разведку ў горад. Запрэглi звычайныя сялянскiя калёсы, палажылi на воз паўмяшка мукi, яек з дзесятак. Дзед Астап нават пеўня недзе расстараўся. Усё гэта рабiлi, каб нiхто не западозрыў iх у партызанстве i каб немцы прынялi iх за звычайных сялян, якiя едуць на базар у горад. Так i паехалi. Амаль без асаблiвых прыгод дабралiся яны да горада. Толькi ў адным месцы спынiлi iх немцы, хацелi ў падводы забраць. Але выручылi ўзятыя яйкi. Аддаў дзед салдату цэлы дзесятак, пусцiлi iх далей. Так i даехалi. Каб лiшне не цягацца з мукой ды з розным другiм харчам, рашылi аднесцi iх на станцыю да мацi.
- Нябось, даўно i хлеба добрага не бачыла яна...
Расплакалася мацi ад нечаканай сустрэчы.
- А я-то думала, што i костачак тваiх не збяру. Толькi чуеш штодня расстрэлы ды расстрэлы... Вось бацька твой таксама хаваецца недзе. Хiба ж гэта жыццё! Табе б у твае годы пагуляць толькi!
- Некалi, мацi, гуляць! - заўважыў Мiколка.
Яшчэ больш расплакалася мацi.
- А ты слёзы кiнь! Некалi, мацi, плакаць! Давай лепш павячэраць старым бальшавiкам! - важна сказаў Мiколка i стаў наразаць хлеб на стол. - А ты, дзед, цягнi сала з торбы.
Хутка i развiталiся. Мацi дзеда прасiла, каб сачыў ён за ўнукам, да бяды не дапускаў.
- А ты не клапацiся, мы-то ўжо адзiн за аднаго пастаiм, у крыўду не пусцiм.
Пайшлi на прыстань. Па дарозе дзед Астап заглянуў да Мiколкавага брата, потым забег на тэлеграф, на станцыю, да знаёмага тэлеграфiста, з сваiх.
- Ты ўжо стукнi па тэлеграфу на раз'езд, што мы выязджаем. З раз'езда нашым перададуць у атрад...
На прыстанi сустрэлiся. Абышлi горад, агледзелi, дзе i якая часць стаiць. Заўважылi на беразе Дняпра нямецкую батарэю. Недалёка ад прыстанi стаяў штаб. За штабам стаяла гарадская турма. Ля яе важна прахаджвалiся нямецкiя часавыя. Агледзелi ўсё, запомнiлi i пайшлi на параходную прыстань. Якраз i параход стаяў на Дняпры, i даволi вялiкi. Дзед купiў бiлеты, селi на параход. Тут было багата пасажыраў, усё больш буржуяў, памешчыкаў, царскiх афiцэраў i генералаў, якiя ўцякалi з савецкай Расеi. Адны ехалi ў гетманаўскую Ўкраiну, другiя трымалi шлях за гранiцу. На параходзе была спецыяльная суправаджальная каманда з нямецкiх салдат i аднаго афiцэра. На носе i на карме стаяла па кулямёту. Недалёка ад капiтанскага мосцiка прыстроiлася скарастрэльная гармата.
Зiрнуў на яе дзед, уздыхнуў, на Мiколку глянуў.
- Разумею, дзеду, зайздросцiш? Гэта табе не турэцкая шабля!
Яны ўважлiва аглядалi ўсё, прымячалi кожную драбнiцу, пакуль не накiнуўся на iх капiтан парахода:
- Чаго вас носiць тут, д'яблы? Панам толькi вочы мазолiць... Айда ў трэцi клас, галадранцы!
Зiрнуў на яго Мiколка, кулакi сцяў. Нешта хацеў сказаць, але мiргнуў тут яму дзед, за руку ўзяў, унiз павёў. Шапнуў:
- Памятай, дзе знаходзiшся!
Адно, што добра было ў трэцiм класе цяпер, гэта прастора. Як вiдаць, звычайныя людзi мала карысталiся цяпер параходам. Усё больш паны ехалi са сваiмi манаткамi, чамаданамi, сабачкамi. Ехалi афiцэры. Ехалi эсэры i ўсякая iншая погань. Усе яны ратавалi свае шкуры ад бальшавiкоў, марылi аб жорсткай расправе над iмi.
- Мы iм пакажам матушку Русь! Мы iм адпомсцiм за бацюшку-цара! Мы павешаем iх на слупах тэлеграфных за святую царкву! - толькi i чуваць было навокал. I асаблiва стараўся адзiн генерал. Стары, сiвы, недалужны, а такi ж заўзяты. Каб змог, дык, вiдаць, сваёй бы рукой перадушыў i бальшавiкоў, i сыноў бальшавiковых. Аж пенай пырскаў:
- Вось гетман iм пытлю дасць... Вось немцы вуму-розуму навучаць... Вось французы, ангельцы... Хоць немцам усю Расею аддаць, толькi не iм, бальшавiкам праклятым...
I аж сiпеў стары, шапялявiў. I "за бацюшку-цара" было ў яго "за бачушку-чара". I пра супастатаў-бальшавiкоў: "Я iх, шупаштатаў, на кожным шлупку паражвешваю, я ж iх кiшкi павыпушчаю..."
Нявесела было Мiколку слухаць гэтыя размовы, i калi генерал на якую хвiлiну астаўся з iм адзiн, Мiколка шапнуў дзеду, мацаючы пад поясам свой кiнжал:
- Дай я яго, дзеду, трохi штыком памацаю цi хоць стукну па дурным чэрапу...
Але дзед рашуча забаранiў:
- Не чапай яго! Ён i так акалее ад свае злосцi... А мы з табой тут адны пакуль што. Вось пачакаем ранiцы, а цяпер кладзiся i спi...
А ранiца выдалася надзвычай добрая. Узышло яркае сонца, i пад яго праменнямi хутка раставалi i знiкалi белыя пасмы туманаў. Паволi плыў параход. Дзед разбудзiў Мiколку:
- Уставай! Ужо час на работу, пад'язджаем.
Абмацаўшы за поясам сваю зброю, дзед з Мiколкам падалiся на гару, на верхнюю палубу. Было мала людзей на ёй. Яшчэ спалi. Толькi драмала ля кулямётаў некалькi салдат, хадзiў сонны афiцэр i курыў цыгарку, каб адагнаць рэшткi сну. Ды неўгамонны генерал сядзеў ужо на лаўцы, усё не супакойваўся i пагражаў "шупаштатам", памiнаў "бачушку-чара".
Дзед з Мiколкам скромна прыселi на скрутку канатаў. Дзед закурыў цыгарку i ленавата сплёўваў за борт, пiльна прыглядаючыся да берагоў. I, нешта заўважыўшы, раптам ажывiўся, падняўся, Мiколку крыкнуў: "Пара!" I адкуль толькi спрыт узяўся ў дзеда, кiнуўся ён бегма да капiтанскага мосцiка i, стрэлiўшы на бягу з рэвальвера, закрычаў капiтану:
- Ану, круцi да берага! Ды шпарчэй! А то галаву знясу!
Стрэл нарабiў перапалоху. За дзедам кiнуўся афiцэр. Перапалохалiся салдаты. I ўжо гатоў быў афiцэр выстралiць у дзеда, як з правага берага раздаўся дружны залп. Потым яшчэ i яшчэ. Толькi пырскi ўзнялiся ля бартоў партызаны стралялi так, каб не паранiць Мiколку i дзеда. Стары генерал як стаяў, так i сеў на лаўку, i падняцца не мог, прылiп ад страху. Прынiклi салдаты да кулямётаў, але тут раздалiся залпы з левага берага. Салдаты кiнулi зброю i пабеглi хавацца.
Прачнуўся народ на параходзе, пачалася несусветная сумятня. Iстэрычна крычалi панi i паненкi, выскачылi паны на палубу. Некаторыя ад страху перад партызанамi кiдалiся за борт у ваду. Толькi нямецкi афiцэр паспрабаваў яшчэ абараняцца, прыпаў да кулямёта. Але не паспеў ён зрабiць па беразе i дзесятка стрэлаў, як адцягнуў яго дзед ад кулямёта.
А параход, ткнуўшыся носам сюды i туды, паволi падплываў ужо да берага. Людзi на параходзе стаялi з паднятымi ўгору рукамi. З берага неслася моцнае "ўра". Адтуль вiталi дзеда, вiталi з перамогай слаўнага Мiколку.
Праз якую хвiлiну параход прыстаў да берага. Яго прывязалi канатамi, паклалi дошкi на бераг, пачалi высаджваць палонных. I чаго тут не рабiлася толькi. I крыку было, i панскiх вобмаракаў, i просьбаў, i паклонаў, i слёз. Яшчэ ўчора такiя гордыя i грозныя, сёння кiдалiся паны на каленi перад Сёмкам-матросам, перад дзедам, перад Мiколкам. Сёмка-матрос дзялiў палонных на дзве кучкi. У адну адсылаў жанчын, старых i маладых паненак, старых паноў i афiцэраў, камандаваў:
- Ану, мадамы ды старыя сiяцельствы, айда налева.
А маладзейшых адбiраў у меншую кучку. Тут былi заўзятыя ворагi бальшавiкоў. Людзi, якiя вербавалi сiлы для гетмана. Людзi, якiя ездзiлi ў савецкую Расею па контррэвалюцыйных справах, якiя прадавалi Расею сусветнай буржуазii. Мiколка ведаў, што чакае гэтых людзей, i нiколькi не шкадаваў iх, калi партызаны павялi iх у лес, у лагчынку.
Яго больш зацiкавiла гiсторыя з генералам. Той ад страху страцiў усякую прытомнасць, i як сеў на лаўку, так i прылiп да яе.
Зiрнуў на генерала Сёмка-матрос, а ў генерала i каленкi затрэслiся. Аж плюнуў тут Сёмка-матрос:
- Ну i абломак iмперыi, да чаго ж палахлiвы!
Паглядзеў на генерала i Мiколка. Успомнiў пра "бачушку-чара" i пра "шупаштатаў". Хацеў нешта грознае сказаць, але махнуў рукой i, пераймаючы Сёмкавы манеры, таксама плюнуў паважна i адышоўся ўбок.
- Што ж з генералам рабiць будзем? - запыталi партызаны Сёмку.
- А паслаць яго да мадамаў!.. Няхай iдзе.
I тут звярнуўся Сёмка-матрос з вялiкай прамовай да незвычайных сваiх палонных:
- Вы, каторыя мадамы, старыя сiяцельствы i ўсякiя iншыя абломкi iмперыi! Айда адсюль хутчэй, ды на вочы больш не трапляйцеся! Пападзецеся зноў - народ мы недалiкатны: адзьё, мусью, на штык ды ў рэчку...
I нават Мiколку падмiргнуў: "Бачыш, як я па-французску з iмi наярваю!"
А "мадамы", "сiяцельствы" i ўсе "iншыя абломкi" не палiчылi патрэбным доўга ўпрошваць сябе i адразу ж далi заўзятага драпака, толькi лыткi мiльгалi. Адкуль i спрыту набраўся стары генерал: так бег, што аж "мадамы" з сабачкамi ззаду засталiся. Бег i шаптаў:
- Пожа, Пожа, выратуй маю душу!
I даваў такога спрытнага драпака, што толькi пыл курэў пад "абломкам iмперыi".
А "шупаштаты" аглядалi параход, прыводзiлi яго да парадку. Сёмка-матрос, жартуючы, назваў параход браняносцам, i гэтая назва так i засталася за iм. А паколькi Мiколка быў галоўным завадатарам усёй параходнай справы, то судна называлi яшчэ Мiколкавым браняносцам.
Так партызаны набылi сабе "браняносец".
Каравул! Палкоўнiка ўкралi!
Днi са два вакольныя памешчыкi адчувалi сябе спакойна. У гэтыя днi iх не турбавалi партызаны, занятыя выключнымi клопатамi. Яны рамантавалi параход. I не толькi рамантавалi, а рабiлi яго сапраўдным баявым параходам. Завёўшы яго ў вузкую затоку ў лесе, адкуль параход нельга было ўгледзець з Дняпра, партызаны фарбавалi судна, грузiлi яго дрывамi, ставiлi кулямёты. Уздоўж бартоў клалi мяшкi з пяском. Гэтыя мяшкi - добрая абарона ад куль. Дзед Астап старанна завiхаўся ля параходнай гарматы, вывучаючы яе механiзмы.
Але самая галоўная справа была з абмундзiраваннем. Мiколкаў план патрабаваў, каб усе пераапранулiся немцамi. Iначай нельга было рабiць. I хоць дзеду Астапу i не дужа падабалiся гэтыя спектаклi, як назваў ён пераапрананне, але нiчога не зробiш. Справа - яна заўсёды ёсць справа. I вось шукалi дзеду нямецкi мундзiр па яго росту i густу. Апрануўся дзед як след, зiрнуў у люстэрка i плюнуў. Быў вельмi незадаволены. Дзедавы валасы лезлi з-пад каскi, зусiм недарэчы была барада. Ну, якi ж салдат нямецкi ды з такой барадой, не раўнуючы, як у Льва Талстога. Спрабаваў яе дзед i за каўнер мундзiра запхнуць, каб схаваць гэтую бараду, але як зiрнуў iзноў у люстэрка, яшчэ раз плюнуў.
Усе зарагаталi. Гэта яшчэ больш узлавала дзеда. А тут яшчэ нехта параiў:
- Узяў бы ты, дзеду, галавешку, абсмалiў бы бараду крыху, глядзi, маладзей бы за нас стаў!
Тут дзед зусiм выйшаў з цярпення i моцна аблаяў дарадчыка:
- Хоць гадамi ты малады, а па розуму ўсё ж вя-я-лiкi дурань! Барада справе не перашкода... Калi салдаты ходзяць без барады, дык затое носяць яе генералы... Жадаю быць генералам!
- Раз генералам, дык генералам...
Хто будзе пярэчыць дзеду. Так зрабiўся дзед Астап на якiя два днi нямецкiм генералам. Важна i строга хадзiў па параходу, разгладжваючы сiвую бараду i папраўляючы спаўзаўшую на лоб нямецкую каску. Каб сапраўды дзед паходзiў на генерала, яму нават два ордэны нямецкiя начапiлi на грудзi. Зiрнуў на яго Мiколка, усмiхнуўся. Успомнiў дзедавы турэцкiя медалi i хацеў нават падражнiць яго: "Медалi веку ўрвалi..."
Але ўзгадаўшы, што ўсё гэта робiцца для справы, Мiколка палiчыў за лепшае не чапаць дзеда, не рабiць яму непрыемнасцей. Тым больш што дзед Астап, зрабiўшыся генералам, праводзiў час зусiм не па-генеральску. Дзед ведаў машыны. Таму разам з Сёмкам-матросам яны завiхалiся ля машын, лазiлi ў качагарку, рабiлi агляд механiзмаў свайго "браняносца".
А праз якi дзень, пакiнуўшы частку людзей у лесе, партызанскi атрад рушыў да горада на параходзе. Нiхто не мог разгадаць, што пад выглядам нямецкай каманды хаваюцца самыя заўзятыя партызаны. Параход iшоў пад нямецкiм сцягам, на якiм важна чарнеў кiпцюрысты вiльгельмаўскi арол. Ва ўсiх былi нямецкiя карабiны, стаялi нямецкiя кулямёты, нямецкая гармата. Ля гарматы важна прахаджваўся дзед-генерал. На капiтанскiм мосцiку быў за капiтана малады афiцэр, у якiм чытачам няцяжка распазнаць Сёмку-матроса. А ў памочнiках яго быў зусiм невялiчкi хлопчык у шчыгульным нямецкiм мундзiрыку, якi спецыяльна падагналi пад Мiколкаў рост партызанскiя краўцы. Калi капiтан спускаўся ўнiз, тады камандаваў яго памочнiк. I раз-поразу быў чуваць яго звонкi голас:
- Круцi налева! Гэй, направа!
Скажа Мiколка слова, i цяжкi параход плаўна паварочвае нос i iдзе туды, куды яму загадана. Ды як яшчэ iдзе! Аж хвалi ўздымаюцца за кармой i расходзяцца доўгiмi каснiкамi, з шумам пляскаючы аб берагi, аб пясок, прыбярэжныя кусты i асокi. Аж гудзiць параход, налягаючы грудзьмi на глыбокiя воды. А на параходзе песнi. Каманда нямецкая, а песнi звычайныя, нашы. Усё больш на "Дубiнушку" налягалi. Праўда, калi праходзiлi ля мястэчка, ля вёсак, тады песнi сцiхалi. Асцерагалiся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт.
Параход паспяшаў. Трэба было як мага хутчэй з'явiцца ў горад. Адтуль прыйшлi весткi, што ў лапы немцаў трапiлi Мiколкаў бацька i яшчэ некаторыя актыўныя бальшавiкi. Нейкi здраднiк выдаў iх немцам. Казалi, што быў нейкi эсэр, якi працаваў тэхнiкам у дэпо. Бальшавiкоў чакала суровая расправа ў турме. Трэба было як мага хутчэй выбавiць iх з бяды. Таму i паспяшаў параход.
* * *
Нямецкi палкоўнiк быў у гэты дзень задаволены. Ён толькi што прыйшоў з турмы, дзе быў на допыце бальшавiкоў. I хоць iхнiя паказаннi не маглi даць яму нiчога талковага, але ж ён быў задаволены: як-нiяк да яго папалi гэтыя няўлоўныя людзi, якiя расстройвалi нямецкiя тылы, разлагалi нямецкую армiю, псавалi чыгуначны транспарт. Цяпер-то можна са спакойным сэрцам адрапартаваць камандзiру дывiзii, а то i самому камандуючаму армiяй, што зможа ён, палкоўнiк, куды болей даць хлеба, мяса, сала, масла для адсылкi ў Германiю.
Яшчэ блiжэй здавалася яму канчатковая перамога над бальшавiцкай Расеяй. Гэткая неабсяжная тэрыторыя, выдатная калонiя для iмператарскай Германii! Аднае сыравiны хоць завалiся. Вось калi пойдуць поўным ходам заводы i фабрыкi яго бацькi, вядомага банкiра Германii Шлёпкiнбаха. А з гэтымi людзьмi цырымонiцца не трэба. Давядзецца расстраляць гэтых бунтароў, выступаючых супроць Германii, супроць вялiкага кайзера. Добра, што адаслаў ён найбольш падазроных у арыштанцкi вагон. Там больш надзейная варта. А яму, палкоўнiку Шлёпкiнбаху, няйначай цяпер як узнагарод чакаць, могуць i лiшнi крыж начапiць на грудзi за цвёрдую руку, за ўмелыя загады.
I палкоўнiк аддаўся самым ружовым марам аб недалёкiм будучым. I каб крыху адпачыць у такi слаўны сонечны дзень ад загадаў, ад допытаў, ад рапартаў, палкоўнiк прысеў на лаўку на прыстанi, закурыў. Насвiстваючы нейкую песеньку, пазiраў на шырокi Днепр, на далёкiя берагi, на беласнежныя воблакi, якiя цiха плылi над вадой, на стаi белых галубоў, кружыўшых над будынкамi i складамi прыстанi. Папыхкваючы дымком, да прыстанi наблiжаўся параход. Ля берага купалiся нямецкiя салдаты. Групы афiцэраў гулялi з паненкамi ў гарадскiм садзе, якi цягнуўся ўздоўж дняпроўскага берага. Недалёчка маршыравалi артылерысты. Чарнелi стаяўшыя батарэi.
Палкоўнiк бачыў, як прыстаў параход, як пачалi сыходзiць з яго нямецкiя салдаты.
"Няйначай як папаўненне! А добра, у самы раз! Гэтых расейцаў трэба скруцiць цяпер у баранi рог... патрэбны лiшнiя сiлы, i скруцiм, бо..." падумаў палкоўнiк i ад вялiкага задавальнення ўслых закончыў сваю думку словамi: "З намi Бог!" Гэта былi тыя словы, што носiць кожны салдат на сваiм поясе, на блiшчастай спражцы з кайзераўскай каронай.
I толькi гэта палкоўнiк сказаў: "З намi Бог!", як пачуў ну проста над вухам: "А мы за вамi, ваша благароддзе!" Зiрнуў палкоўнiк i нiяк зразумець не мог, што гэта робiцца з iм. Стаiць чалавек перад iм, i форма як форма, крыжы i медалi на месцы, i толькi барада ўжо зусiм не па форме. I крывая, i нясе ад яе цыбуляй i, няйначай, капустай. Кажучы па сакрэту, дзед Астап сапраўды толькi-толькi папалуднаваў, даў рады i капусце, i нейкай яшчэ там страве з цыбуляй. Так што капуста тут зусiм была, як бачым, да месца. Але хiба зразумець iх нямецкаму палкоўнiку. Таму i глядзеў ён на дзеда Астапа, як баран на новыя вароты.
А дзед Астап не меў багата часу на жарты i, прыставiўшы свой пiсталет да палкоўнiцкага лба, цiха, але настойлiва гаварыў:
- Так што просiм, ваша благароддзе, да нас на параходзiк! Вельмi прашу!
Дзе ты адмовiшся на гэтыя просьбы! Бачылi тут людзi, як павялi нямецкiя салдаты палкоўнiка на параход. Таксама без лiшняй мiтуснi i вэрхалу ўзялi групу афiцэраў. Прытрымалi i iхнiх паненак, каб не рабiлi лiшняга вэрхалу ў горадзе. Узялi артылерыстаў. Хутка прыкацiлi i пагрузiлi на параход iхнюю батарэю, i дзед Астап з Мiколкавай дапамогай спешна ставiў гарматы, наводзячы iх на нямецкi штаб. Захапiлi i салдат, i афiцэраў, якiя купалiся ў Дняпры. Гэтай аперацыяй займаўся непасрэдна сам Мiколка, бо людзей было нястача, усе пабеглi да турмы вызваляць зняволеных. Немцаў, што купалiся, Мiколка забраў у палон бадай што без усякага прымусу. Сабраў на беразе ўсю iхнюю адзежу i панёс урачыста на параход. Зiрнулi купальшчыкi, узлавалiся не на жарты. Думалi, што злодзей, няйначай, адзежу прыбраў. Адзiн за адным павылазiлi з Дняпра, кiнулiся Мiколку наганяць. А той ужо на параходзе. Пабеглi купальшчыкi на параход. Ступiць каторы на палубу, а тут ужо Мiколка ды другiя партызаны ветлiва iх з карабiнамi сустракаюць:
- Заходзьце, заходзьце ды будзьце як дома! - i на пустую каюту паказваюць.
Поўную каюту панагналi гасцей.
Так без шуму, без адзiнага выстралу захапiлi вялiкую колькасць палонных, батарэю, некалькi кулямётаў. I толькi ля турмы ўзнялася стралянiна. Гэта выстралiў часавы i падняў трывогу. Пачалi збягацца ўзброеныя немцы, паказаўся даволi буйны кавалерыйскi атрад. Але яны спазнiлiся, апошнi зняволены ўжо ступаў на параход.
Нямецкiя кавалерысты кiнулiся былi на параход, але, сустрэтыя моцным кулямётным агнём, павiнны былi ў беспарадку адступiць. Завязалася ўпартая стралянiна, але тут дзед Астап адразу як ударыў з Мiколкам з усiх пяцi арудзiй, аж шыбы паляцелi з акон блiжэйшых дамоў ды клубы дыму ўзвiлiся навокал нямецкага штаба.
Але трэба было адступаць. У горадзе было багата нямецкiх часцей. Яны маглi i захапiць партызан. Партызан ратавалi iх смеласць, выключная нечаканасць iх з'яўлення. Ды i наогул налёт збiў немцаў з усякага панталыку, тым больш што партызаны захапiлi бадай палавiну афiцэраў штаба.
Так правучылi партызаны немцаў. А яшчэ вызвалiлi сваiх людзей з турмы, папоўнiлi зброю, набылi гарматы i сярод белага дня ўкралi самога нямецкага палкоўнiка.
Але радасць гэтай выключнай перамогi была няпоўнай. Сярод вызваленых з турмы арыштаваных не было Мiколкавага бацькi i яшчэ трох бальшавiкоў. Як гаварылi вызваленыя, iх толькi-толькi перавезлi з турмы на станцыю, каб у арыштанцкiм вагоне адаслаць на суд у губернскi горад. Даручыўшы дзеду Астапу камандаванне над атрадам i над параходам, Сёмка-матрос, Мiколка i яшчэ чалавек з сем партызан высадзiлiся на бераг непадалёку ад горада i цёмнаю ноччу накiравалiся на станцыю. Яны думалi звязацца з чыгуначнымi рабочымi i прыняць усе меры к таму, каб вызвалiць сваiх людзей.
Параход, патушыўшы агнi, паплыў далей па Дняпру. Мiколка з партызанамi пайшлi ў горад, на станцыю. Калi прыйшлi i пакуль усё разведалi ад рабочых, аказалася, што спазнiлiся. На станцыi стаяў ужо гатовы да адпраўкi цягнiк. У канцы яго быў прычэплен арыштанцкi вагон. Навокал стаяў моцны канвой. На станцыi было багата немцаў. Напалоханыя падзеямi з параходам, яны прымалi выключныя меры аховы.
I тут надумалiся нашы партызаны на выключны ўчынак, каб не дапусцiць сваiх таварышаў на лютую расправу немцам. Мiколка падышоў да паравоза i, угледзеўшы на iм знаёмых людзей, паспеў абмяняцца з iмi парай-другой слоў. Партызаны зайшлi за стрэлкi. Да iх пабег i Мiколка.
I вось рушыў цягнiк. Быў ён змешаны, так званы тавара-пасажырскi. Спераду былi пасажырскiя вагоны, у канцы таварныя. Арыштанцкi вагон быў ззаду таварных. Калi на станцыi было светла ад лiхтароў, дык тут, за стрэлкай, пачыналася такая цемра, што хоць вока выкалi. Цягнiк цiха iшоў цераз стрэлку. Мiколка, як самы вопытны ў чыгуначных справах, кiраваў пасадкай атрада на цягнiк. Яны садзiлiся неўзаметку на падножкi таварных вагонаў. Цягнiк прыбаўляў ходу. Партызаны размясцiлiся на дзвюх тармазных пляцоўках. Нiякi нямецкi часавы не дабярэцца сюды. Не лазiць жа немцам па дахах вагонаў! Затое партызаны могуць лазiць. Хоць страшна, але ж трэба. I адзiн за адным па бакавiне вагона яны ўзбiраюцца на дах, асцярожна пераступаюць з вагона на вагон, цiха пасоўваюцца ўсё блiжэй i блiжэй да арыштанцкага вагона.
Вось i зусiм ужо блiзка. Да арыштанцкага вагона застаўся адзiн толькi таварны вагон. Далей iсцi нельга. На пляцоўках вагона-турмы стаяць часавыя, не лезцi ж на iх. Таго i глядзi патрапiш на кулю цi звалiшся пад калёсы.
Партызаны асцярожна злазяць на тармазную пляцоўку таварнага вагона. Цягнiк прыбаўляе ходу. Ён iдзе з гары. Моцна нацiскаюць адзiн на адзiн вагоны, абвiсае кручча, якiм сашчэплены памiж сабою вагоны. У самы раз iх цяпер раскруцiць, расшчапiць! Бо як пойдзе цягнiк на гару, на пад'ём, тады не расшчэпiш нацягненыя крукi. I прыступае Мiколка да работы. Перагнуўшыся цераз борт пляцоўкi, партызаны трымаюць Мiколку за ногi, за куцы пiнжачок. Мiколка, павiсшы над крукамi, раскручвае сашчэпку. Вось можна ўжо i расшчапiць. Але не з Мiколкавымi сiламi, ды яшчэ ў такiм нязручным становiшчы, падняць цяжкi крук. Але дзе не хапае сiлы, там выручае спрыт, выручае здагадка. I, моцна ўчапiўшыся абедзвюма рукамi ў крук, камандуе Мiколка:
- Цягнiце мяне цяпер угору!
Падцягваюць Мiколку ўгору, разам з iм падымаецца крук. Яшчэ секунда i кiдае яго Мiколка. Бразнуўшыся, абвiсае крук i важна гойдаецца з боку ў бок у такт колам вагонаў. Мiколка з камандай гатовы закрычаць "ура", гатовы пусцiцца ў несусветныя скокi ад вялiкай радасцi. Але не раскрычышся тут, не разгонiшся на скокi на цеснай пляцоўцы. А пярэднi вагон усё больш i больш адыходзiць уперад. Адчэплены арыштанцкi вагон разам з таварным паволi зацiшаюць ход. Партызаны саскокваюць з падножкi, хаваюцца пад адкос, чакаюць, што ж будзе далей, што будуць рабiць немцы.
Цiха скрыгануўшы коламi, сталi вагоны. Толькi i распазнаеш iх, гледзячы з-пад адкосу. Цёмныя абрысы вагонаў ясна выдзяляюцца на змрочным небе начы. Партызаны чакаюць. Але ў арыштанцкiм вагоне цiха. Не чуваць адтуль нi гукаў, нi шолаху. Цёмна ў вагонных вокнах, не вiдаць нiводнага водблiску свечкi.
- Што за чамярыца? А дзе ж людзi, канвой? - думалi i здзiўлялiся партызаны. Акружылi вагон. Яшчэ раз прыслухалiся - цiха ў вагоне. Пастукалi - нiхто не адказвае. Тады пачалi моцна бiць у замкнутыя дзверы, але вагон маўчаў, не адзываўся нiводным гукам на стук.
- Буфер сюды! - закамандаваў Мiколка.
Знялi з вагона буфер i, падняўшы яго, пачалi iм бiць з усiх сiл у замкнутыя дзверы. Хвiлiна-другая - i цяжкiя, акутыя жалезам дзверы сарвалiся з завесаў. Разбiлi i другiя дзверы i толькi тады ўскочылi ў вагон. I тое, што ўбачылi яны, было зусiм нечаканым i незразумелым. На лаўках ляжалi пазвязваныя нямецкiя салдаты. Тут жа ляжалi i звязаныя два нямецкiя афiцэры з канвою.
Канвой хоць i звязаны, але ж быў у вагоне. Не было толькi арыштаваных. Як нi старанна аглядалi кожны куток вагона, нiводнага з арыштаваных не знайшлi. I куды падзелiся яны, нiхто не мог дакладна давесцi. Былi цэлыя дзверы i вокны, былi цэлыя, акутыя дзе-нiдзе жалезам, сцены. I толькi пасля даведалiся партызаны, што арыштаваным удалося шчаслiва ўцячы з вагона праз спецыяльна прарэзаную дзiрку ў падлозе вагона пад адной з лавак. Перад тым як уцячы на хаду з вагона, арыштаваныя зрабiлi смелы напад на канвой, абяззброiлi яго i, каб не было перашкоды для ўцёку, павязалi яго. А дзiрка ў вагоне была знарок падрыхтавана загадзя рабочымi, калi вагон яшчэ стаяў у дэпо.
Хоць Мiколка вельмi хацеў пабачыць свайго бацьку, для якога ён так стараўся, усё ж бацькава нечаканае знiкненне не надало яму суму. Мiколка быў надзвычай радасны i задаволены.
- Маладзец бацька! Не паддаўся, уцёк...
А тым часам ужо развiднела. Падышла група рабочых з блiжэйшай пуцявой казармы. З iх дапамогай абярнулi вагоны i скiнулi iх пад адкос.
- Далоў нямецкую турму! - жартавалi рабочыя, падкладаючы шпалы i тэлеграфныя слупы пад арыштанцкi вагон, каб ямчэй спiхнуць яго ўнiз.
Нямецкiх салдат пусцiлi на волю.
А самi падалiся праз лясы да свайго атрада, да слаўнага свайго "браняносца".
* * *
Гiсторыя з пакражай палкоўнiка i смелым уцёкам бальшавiкоў нарабiла вялiкага шуму ў немцаў. Па вёсках пайшлi ўзмоцненыя карныя атрады. Яшчэ больш пасыпалiся розныя кары на рабочых. Барацьба прымала рашучы i жорсткi характар. Але рабочыя не здавалiся. Чым большыя былi кары, тым марудней iшлi цягнiкi, тым больш было рознае шкоды для немцаў.
Шалелi нямецкiя генералы. Прымалi i абвяшчалi самыя суровыя загады, рабiлi захады, каб злавiць людзей, якiя супрацiўлялiся iм, перашкаджалi беспакарана грабiць гарады i вёскi, распаўсюджвалi пракламацыi сярод нямецкiх салдат. I хутка Сёмка-матрос i дзед Астап даведалiся, што iх галовы ацэнены ў сотнi тысяч германскiх марак. Нават Мiколкава галава была ў генеральскiм цэннiку. Гэтыя цэны былi вызначаны ў спецыяльным генеральскiм загадзе, расклееным па гарадах i па вёсках.
Прачытаў гэты загад дзед Астап i, злажыўшы тры пальцы ў вядомую камбiнацыю, урачыста сказаў:
- Вось усё тое, што атрымаюць ад нас i за нас!
Зiрнуў на яго Сёмка-матрос, падмiргнуў дзеду i загадаў спецыяльную пячатку выразаць. Днi са два стараўся Мiколка, выразаў пячатку з лiпавай плашкi. Пячатка выйшла важнецкая, памерам у далонь, з ясным малюнкам, з вялiкiмi лiтарамi. На самай сярэдзiне ў кругу быў майстэрскi выразаны звычайны кукiш. А навокал яго вiлiся буйныя лiтары слоў: "Нямецкiм генералам - з любоўю ад партызан". Гэта пячатка хутка з'явiлася на ўсiх генеральскiх загадах. Гэтую пячатку лажылi на спецыяльныя распiскi, якiя выдавалi партызаны нямецкiм салдатам, калi адбiралi ў iх якое дабро цi зброю. Захопяць у палон атрад, адбяруць карабiны, коней, награбленае дабро, Мiколку загадваюць:
- Ану, пiшы iм дакумент, распiску!
Пiсаў Мiколка:
"Мы, партызаны, даём распiску ў тым, што сорак карабiнаў, пяць рэвальвераў, сорак коней, трыста пудоў хлеба, награбленага ў сялян, прыняты намi ад нямецкай часцi ў поўным парадку i спраўнасцi, што i сведчым сваiмi подпiсамi i пячаткай. Выдана гэта для нямецкiх генералаў".
А напiсаўшы, даставаў Мiколка з торбы пячатку, браў кусок бяросты, запальваў яе i, пакапцiўшы пячатку, важна прыкладаў лiпавы кукiш да "квiтанцыi". З усiх канцоў да генералаў сыпалiся гэтыя кукiшы.
Шалелi генералы i кiдалi сiлы, каб расправiцца з партызанамi. Падцягнулiся i нашы лясныя ваякi. З параходам цяжка было ўпраўляцца, не зацягнеш жа яго ў лес. А па Дняпру хадзiлi ўзброеныя нямецкiя судны, якiя не сягоння, дык заўтра маглi засцiгнуць параход у затоцы i захапiць яго. I як нi шкадавалi хлопцы свайго "браняносца", яны вымушаны былi расстацца з iм. У светлую месячную ноч, зняўшы з парахода ўсе кулямёты i гарматы, вывелi яго партызаны на сярэдзiну ракi i затапiлi на самым глыбокiм месцы, каб перашкодзiць нямецкаму параходнаму руху. А ранiцой з вялiкiм задавальненнем назiралi, як на гэтым месцы затапiўся нямецкi параход, наскочыўшы дном на партызанскага "браняносца".
Лагер свой партызаны прымушаны былi пераводзiць у другiя месцы, каб збiваць з панталыку немцаў.
Шчаслiвыя хаўтуры
Атрад Сёмкi-матроса наблiжаўся да горада, каб дапамагчы рабочым на выпадак якой сутычкi з немцамi. А такiя сутычкi маглi быць. Атрад разбiлi на тры часткi, каб лягчэй было прабрацца праз нямецкiя войскi. У перадавым атрадзе былi Сёмка-матрос, Мiколка, дзед Астап i сотня коннiкаў партызан. З атрадам быў адзiн кулямёт, рэштка кулямётаў была ў другiх атрадах. У кожнага партызана былi карабiнка, рэвальвер, гранаты. Некаторыя спрытнейшыя мелi яшчэ шаблi.
Атрад спынiўся на начлег у адным вялiкiм сяле. Ужо з даўняга часу павялося, што партызаны рабiлi па вёсках суд i расправу над тымi, хто крыўдзiў сялян, хто прыгнятаў бедных. I доўга разбiралi Сёмка-матрос, дзед Астап i Мiколка розныя сялянскiя скаргi i крыўды. Скардзiлiся на мясцовага памешчыка, якi такую волю пры немцах займеў, што адбiрае ў сялян зямлю, не пускае iх у лес, з дапамогай немцаў жорстка распраўляецца з усiмi тымi, хто быў раней у батрацкiх камiтэтах i ў сельсаветах.
- Пусцiць яму чырвонага пеўня! - скамандаваў Сёмка.
Група партызан адразу ж села на коней i, нягледзячы на цемень ночы, паехала "ў госцi" да памешчыка. I праз якую гадзiну шырокае зарава калыхалася ўжо над лесам i над палямi. I кожны ведаў, што гэта пану навука, што гэта з агнём i дымам пусцiлi партызаны панскiя здабыткi.
Скардзiлiся сяляне i на мясцовых кулакоў, на мельнiка, на старасту, якi задужа налягае на сялян з падаткамi для немцаў, прычым гэтыя падаткi ўскладае на плечы бяднейшых, адбiрае ў iх апошняе дабро, апошнюю карову. Узялiся як след за старасту. Да позняй ночы дапытвалi яго i дзесяткi сведак. Каб добра правучыць кулака, пастанавiлi: адабраць у яго палавiну маёмасцi i раздаць бяднейшым, а лепшых коней узяць у атрад. Узвыў тут стараста, замахаў рукамi, захадзiў, забегаў.
- Хто даў вам такi закон распраўляцца з чужым дабром? Хто мае такое права?
Аж падскочыў тут Сёмка-матрос ды як лясне па стале рэвальверам:
- Маўчы, крывасмок! Вось як пастаўлю да сценкi, пазнаеш тады закон наш i права!
Сагнуўся кулак, згорбiўся. На цiхую авечку зрабiўся. Толькi барада шырокая трасецца ад страху. Прасiцца пачаў:
- Даруйце, таварышы! Па несвядомасцi гэта я, па цемнаце нашай...
Ды бух у ногi з мольбамi, з просьбамi.
Зiрнуў тут дзед Астап, i крыху жаль яго ўзяў. Не любiў ён, каб чалавек па зямлi поўзаў, задужа ўнiжаў сябе. I сказаў Сёмку-матросу:
- Пусцi ты яго лепш на волю... Цi варта на такога кулю псаваць?
Стараста ледзь дзверы не выбiў ад радасцi, што застаўся жывым. Так спяшаўся да свае хаты. Але вышэй за радасць была пякучая злосць. Шкадаваў дабра, шкадаваў сваiх коней. I, апынуўшыся на сваiм двары, ён пагразiў некаму кулаком:
- Я пакажу вам, галадранцы, як устанаўляць над светам закон свой...
Пайшоўшы да хлява, доўга быў там, потым вывеў каня, якога пакiнулi яму партызаны з яго маёмасцi. Сеў верхам i агародамi, па загуменню, паехаў у цемень ночы, хаваючыся па кустах i сцежках, каб не перанялi часам партызаны.
Ехаў, успамiнаў пра нямецкiя аб'явы i загады, дзе абяцалася некалькi тысяч марак таму, хто пакажа месца стаянкi партызан цi даставiць жывым альбо мёртвым Сёмку-матроса цi дзеда Астапа. Успомнiў i ўзрадаваўся, кiнуў коней сваiх шкадаваць. Не такiх стаеннiкаў можна будзе набыць за такiя вялiкiя грошы... Колькi зямлi яшчэ можна будзе купiць, дамы паставiць, сады пасадзiць, вялiкiя крамы паадчыняць. I будзе тады ягонай кожная капейчына. А капейка за капейкай - рубель. А там сотнi, а там тысячы.
Аж дух захапiла ў яго ад прыемных мар. Ехаў, спяшаючыся, ды ўсё шаптаў сабе пацiху ўголас:
- Гэткiя ж грошы, гэткiя грошы...
I, успамiнаючы тых, якiя прыносiлi скаргi на яго партызанам, не шаптаў, а сiпеў праз вялiкую злосць:
- Нiчога... Я правучу! Я скручу вас так, што юшка з вас крывавая пацячэ!
Ён то выпростваўся, выцягваўся, пагражаюча сцiскаў кулакi, то рабiўся адразу абмяклым, расслабленым i гойдаўся тады на канi, як саламяны куль. Тады ападаў на яго душу страх. Нiбы прылятаў ён з недасяжных вышынь i цiснуў яго, прыцiскаў да чорнай зямлi.
Гэты страх iшоў адтуль, дзе калыхалася чырвонае зарава. Махнатыя зоры рабiлiся бледнымi перад заравам. Некаторыя нiклi, гаслi. Водблiскi зарава хадзiлi па каменнях. Аб каменнi спатыкаўся конь, таропка прабiраючыся па кустах, па глухiх ваўчыных сцежках.
Глухая ноч была напоена пахамi пажараў, крывi i чалавечае нянавiсцi.
Спяшаўся коннiк.
* * *
А партызаны спалi.
Даўно адгулi гармонiкi, разышлiся дзяўчаты са скокаў з удалымi партызанамi. Дзед Астап з Мiколкам спалi ў каламажцы, што была з кулямётам. У хаце не захацелi спаць. Там было душна. Ды i, акрамя таго, у хаце быў нябожчык. Там памёр нядаўна адзiн стары селянiн. Ён ляжаў цяпер на стале, васковая свечка гарэла ля яго. На лаве стаяла труна. Не сказаць, каб дужа далюблiваў дзед Астап нябожчыкаў.
Таму i сказаў самым рашучым чынам:
- Будзем спаць на дварэ, на каламажцы! Самае лепшае месца: нi прус цябе не джыгане, нi клоп не кусне, нi духаты, нi спякоты. Ты спiш, а табе зоры ўсмiхаюцца ды падмiргваюць. I зноў жа ноч, цi мала што можа здарыцца, а тут i кулямёт пад бокам...
Так i спалi, укрыўшыся дзедавым кажухом.
Цiха i спакойна мiнулася ноч. Даўно ўжо пагаслi зоры, апала зарава i пачаў ружавець усход. Вось i першы сонечны прамень блiснуў, пазалацiў калодзежны журавель, перакiнуўся на старую лiпу. Замычэлi каровы, забляялi авечкi. То выганялi сяляне жывёлу на пашу. I толькi паспелi выгнаць яе за сяло, як страшэнны крык пракацiўся па вулiцы. Ён узнiк за сялом, адтуль беглi перапалоханыя пастушкi. Падхоплены дзесяткамi галасоў, крык шырыўся, рос, паланiў усе двары, усю вулiцу.
- Немцы! Ратуйцеся! - крычалi з усiх бакоў.
Як скрозь сон пачуў гэты крык Мiколка, дзеда разбудзiў. Паднялi на ногi Сёмку-матроса, усiх партызан. Тыя кiнулiся да коней.
Сёмка хутка ўзабраўся на высокую бярозу, за iм ускарабкаўся Мiколка. Глянулi навокал. Па дарозе ад лесу ехаў конны нямецкi атрад. Было ў iм чалавек з сотню. Ужо хацеў скамандаваць Сёмка, каб выбiралiся партызаны ў другi бок сяла. Але заўважыў тут, што i з другога боку падаецца да сяла яшчэ большы конны атрад. Хвiлiна-другая - i ад нямецкiх атрадаў аддзялiлiся групы коннiкаў i памчалi галопам, акружаючы з усiх бакоў сяло.
- Акружаюць, гады, у пастку бяруць! Што ж то рабiць? - услых падумаў Сёмка-матрос.
- Прарвацца! У шаблi ўзяць! - закрычалi тут партызаны. Але Сёмка-матрос махнуў рукой, гарачых спынiў.
- Усiх не возьмеш!.. Вялiкi атрад, трохi нам не па сiле. Нельга на ражон перцi. Прыйдзецца, няйначай... - i хацеў Сёмка яшчэ нешта сказаць, але тут яму Мiколка пару слоў шапнуў, на кулямёт паказаўшы. Дужа шкадаваў кулямёта Мiколка, баяўся, каб немцам яго не пакiнуць. I з'явiўся нейкi план у Мiколкi, аб iм i сказаў ён матросу. Той аж смехам спачатку залiўся, але раптам зрабiўся сур'ёзны, каманду даў:
- Коней хавай па хлявах, сёдлы ў каноплi! Палавiна каманды хавайся па гародах, а палавiна за мной!
I, узяўшы чалавекi з чатыры, кiнуўся з iмi да хаты, дзе нябожчык быў.
Праз якую хвiлiну выносiлi пустую труну адтуль. Партызаны i раты паразяўлялi: што за праява? Некаторыя ў жарты кiнулiся: "Малая труна, усiх не ўмясцiць!"
Але так грозна закрычаў тут Сёмка-матрос, што ўсе захадзiлiся, як па струне:
- Карабiнкi хавай, з сабой бяры гранаты i рэвальверы! - I да дзеда Астапа: - Крыж бяры! Крыж хапай, дзед Астап, ля труны станавiся! А ты, Мiколка, за пратэсiю!
Пачухаў патылiцу дзед Астап, нiчога не разумеючы. Але ўзяў крыж, што стаяў ля варот каля хаты з нябожчыкам. Раз каманда, дык каманда, трэба выпаўняць.
Мiколка ўзяўся за пратэсiю, з якой носяць нябожчыкаў на могiлкi. А Сёмка ўжо клаў кулямёт у труну. Той не лез, знялi колы, у гарод iх закiнулi. Уцiснулi кулямёт, патронаў налажылi. Прыкрылi белым палатном, паднялi труну на плечы, аж чалавек з восем яе панеслi. Ды ўслед чалавек сорак. I тут толькi зразумелi партызаны справу з труной i як пусцяцца ў шалёны рогат:
- Вось гэта дык нябожчык!
Але грымнуў тут Сёмка-матрос:
- Смех далоў! Слёзы давай, слёзы, плачу паболей!
I загаласiлi ўсе па камандзе, галасамi грубымi, басавiтымi:
- Угу-гу-гу... Ого-го-го... Га-га-га...
З усiх хат выскоквалi на той плач старыя бабкi. Як зiрнулi на труну, напалохалiся. Пачалi лбы хрысцiць, ды галасiць, ды прыгаворваць:
- Упакой, Госпадзi, душу бязгрэшную!
Iм i сапраўды здавалася, што нябожчыка нясуць. Таму i слёзы пусцiлi, самыя сапраўдныя.
А тут i немцы ўжо. Iмчаць наўскач з канца вулiцы, толькi пыл курыць, конi ржуць, шаблi паблiскваюць.
I страшна Мiколку i смешна. Нясе пратэсiю царкоўную ды тонкiм голасам падцягвае:
- Ве-е-ч-ная памяць! Ве-е-чны пакой!
I ўсе за iм:
- Ве-е-ч-ная памяць...
А тут зiрнуў на дзеда i ледзь не самлеў. Ужо блiзка немцы, а дзед нясе крыж i на сябе не глядзiць. Вiсяць на поясе ў дзеда дзве бомбы, забыўся той па старой памяцi на iх, не схаваў. I як запяе тут Мiколка ды на новы лад:
- Ве-е-чная па-а-мяць... Дзеду, дзеду, бо-о-мбы хавай, што на поясе вiсяць...
I ўсе падхапiлi басам:
- Што на поясе вiсяць... што на поясе вiсяць...
Пачуў дзед, схамянуўся, хуценька бомбы схаваў за пазуху i, як нi лыс, Мiколку падмiргнуў. I да таго тут зрабiлася весела Мiколку, што ледзь у скокi не пусцiўся з пратэсiяй. Нават "вечную памяць" на манер кадрылi запеў. Зiрнуў на яго Сёмка сурова, шапнуў - загадаў:
- Цягнi, цягнi, ды каб жаласлiва было...
А немцы ўжо блiзка. Цяжка храплi ўзмыленыя конi, гулка бiлi ў зямлю цяжкiмi капытамi. Прыцiшыўся нямецкi атрад, калi параўняўся з хаўтурнай працэсiяй. Нават пад казырок узялi немцы труне з нябожчыкам. Не азiралiся партызаны, старанна выцягвалi "вечную памяць". Плакалi ды галасiлi бабкi. Нямецкi атрад паволi праехаў каля "працэсii" i, падагнаўшы коней, памчаў далей галопам па вулiцы. Аж у самы канец праляцелi. Адтуль назад, на сярэдзiну сяла. Немцы былi яўна расчараваны. Яны, вiдаць, рабiлi налёт, хацелi некага злавiць. Але нiякiх партызан на сяле не знайшлi, i следу тут не вiдаць было ад партызанскага атрада.
Труна з нябожчыкам усё шпарчэй наблiжалася да могiлак, якiя былi за сялом.
- Хутчэй, хутчэй! - камандаваў Сёмка-матрос.
Не паспявалi бабкi следам, бурчаць пачалi:
- Куды гонiце... Дайце душы нябожчыка гэтым светам усмак падыхаць...
Але тут як крыкне Сёмка, як закамандуе бабкам:
- Хавайцеся, бабкi, па баразёнках, нябожчык уваскрос!
Зiрнулi тыя на труну, ды куды каторыя кiнулiся ў жыта хавацца.
А немцы тым часам спешылiся i, прывязаўшы коней да платоў, кiнулiся курэй ды парасят лавiць, шукаць па хатах "млека ды яйкi". Пачуўшы кудахтанне курэй, уехалi ў вулiцу i тыя атрады, якiя акружалi сяло, заставы рабiлi.
I пачалiся тут несусветная сумятня, гвалт, вэрхал, шалёная стралянiна.
Не паспелi немцы i малака паспытаць, як загрымеў з могiлак вызвалены з труны "нябожчык". Ваўсю грымеў кулямёт, наводзячы вялiкi жах на немцаў сваiм нечаканым з'яўленнем. Кiнулiся немцы да коней, але партызаны, якiя засталiся па гародах, такую стралянiну паднялi, што было не да коней. Ды i кулямёт не змаўкаў. I пабеглi немцы хто куды, без коней, а некаторыя i карабiны пакiдалi. Як злавiў каторы курыцу, так i бег з ёй, гойсаючы цераз платы, цераз канавы, уцякаючы да лесу. I не да курэй было. Ляцелi вызваленыя птахi, ашалела кудахталi па гародах, кiдалi немцы гладышы з малаком, давалi спрытнага драпака.
А ўслед iм iмчалi ўжо конныя партызаны... На нямецкiх конях ляцелi. Хто з немцаў уцёк, а многiх у палон забралi, абяззброiлi. Сабралi ў кучу, наладзiлi допыт.
- Хто? - дапытваўся ў iх Сёмка-матрос. Ён пытаў пра чалавека, якi навёў iх, паказаў iм партызанскую стаянку.
Добра не ведалi немцы iмя чалавека, але паказалi на блiзкi лясок, дзе, паводле iх слоў, хаваўся той чалавек, якi прывёў iх i, баючыся паказацца з iмi на сяле, застаўся там.
З дзесятак партызан паскакалi к паказанаму месцу. I праз якiх хвiлiн дваццаць прывялi адтуль чалавека. Гэта быў стараста.
- Ён... - паказалi на яго немцы.
Здрыгануўся той, пабялеў увесь, прылiп да зямлi, не зварухнуўся. Зрабiлi вобыск. З-за пазухi выцягнулi вялiкi пачак нямецкiх грошай. Памахаў Сёмка гэтым пачкам перад стараставым носам, прагаварыў праз зубы:
- Мала, аднак жа, ты зарабiў на нашай крывi...
I, сцяўшы зубы, коратка загадаў:
- Станавiся пад бярозу.
Была малая размова са здраднiкам-кулаком.
Немцаў адпусцiлi на волю, выдаўшы iм вядомыя распiскi з партызанскай пячаткай.
Сёмка-матрос падмiргнуў дзеду:
- Бачыш, пашкадаваў учора!
Дзед i сам абураўся:
- Каб я ведаў, што чалавек здольны на такую подлую справу, дык я сваiмi рукамi задушыў бы яго.
- Ворага не шкадуй нiколi...
Хутка песнi i вясёлая музыка паланiлi атрад. Ходырам хадзiла сяло, успамiнаючы незвычайныя хаўтуры i такога дзiўнага нябожчыка.
Сёмка Мiколку хвалiў:
- Вось каму дзякуйце за шчаслiвыя хаўтуры! Не здагадаўся б ён, магчыма, i прапелi б нам немцы вечную памяць...
Смяялiся хлопцы, жартавалi. Успамiналi дзедавы бомбы. Ладзiлi кулямёт, чысцiлi карабiны, пахаваныя раней па гародах.
Атрад рушыў у дарогу.
Мiколкаў браняпоезд
З далёкай Нямеччыны прыходзiлi цьмяныя чуткi аб надыходзячай там рэвалюцыi. Урэшце прыйшлi чуткi, што гэта рэвалюцыя адбылася. Але генералы, вiдаць, хавалi гэтыя чуткi ад салдат, жорстка каралi iх за малейшыя ўчынкi, расстрэльвалi за адно толькi слова аб волi, аб рэвалюцыi. I ўжо сцягваючы да савецкiх гранiц свае сiлы, яны не пакiдалi старых намераў: як мага спустошыць краiну, зруйнаваць яе, абяссiлiць.
Велiзарныя запасы хлеба былi звалены на станцыi, чакалi вагонаў. Стаяла некалькi дзесяткаў цягнiкоў з хлебам, з жывёлай, з розным iншым дабром, награбленым па гарадах i вёсках. Не хапала паравозаў. А тыя, якiя былi, псавалiся рабочымi. Немцы шалелi, наладжвалi зверскiя кары.
- Не даць вывозiць хлеб! - пастанавiў падпольны бальшавiцкi камiтэт.
Ад рабочых была выбрана спецыяльная дэлегацыя з трох чалавек. У яе ўваходзiў i Мiколкаў брат, змазчык Павел. Дэлегацыя наведала нямецкi штаб, перадала патрабаваннi рабочых да нямецкай армii: мiрна пакiнуць горад i ехаць у Нямеччыну... Рабочыя згодны даць вагоны пад эшалоны. Пад хлеб, пад награбленае дабро рабочыя вагонаў не дадуць. Пад гэтыя цягнiкi нiводзiн паравоз не выйдзе з дэпо.
Такiя былi мiрныя патрабаваннi ад рабочых.
Сiвы падцягнуты генерал моўчкi выслухаў гэтыя патрабаваннi. Ён доўга маўчаў, калi дэлегацыя кончыла гаварыць. I цяжка было даведацца па сухiм, паголеным твары, аб чым думае гэты генерал, увешаны ордэнамi, звёздамi, рознымi шнуркамi i шнурочкамi. I толькi праз хвiлiну важна падняўся ён з крэсла, важна падышоў да дэлегацыi, стаў бокам да старэйшага з дэлегацыi, да старога машынiста Арлова. Працадзiў праз зубы:
- Як вядома вам, я генерал армii яго вялiчаства iмператара Вiльгельма... Я прадстаўнiк самай культурнай, самай перадавой у свеце нацыi. Вам павiнна быць вядома, што з дзiкунамi мы не размаўляем... Для дзiкуноў у нас штык, кулямёты, вiнтоўкi. Можаце дзякаваць мне, што я не расстраляў вас за абразу нямецкай армii такiмi ганебнымi, такiмi дзiкiмi, такiмi нечуванымi яшчэ ў гiсторыi патрабаваннямi... Можаце выбiрацца вон!
Вiдаць было, як генерал ледзь-ледзь стрымлiваў гнеў. Суха паблiсквалi яго шэрыя вочы, шчацiнiлiся сiвыя бровы.
Дэлегацыя не пайшла. Загаварыў стары машынiст:
- Выгнаць вон - гэта справа няцяжкая. Але ж гэта не вырашае справы. А мы, пане генерал, прыйшлi да вас не ў жарты гуляць i не аб дзiкунстве спрачацца, дзе яно i ў каго... Аб гэтым пагаворым пасля. Мы яшчэ раз пытаем вас: згодны вы прыняць нашы ўмовы цi не? Калi не згодны, тады наракайце самi на сябе...
Што адбылося тут - цяжка апiсаць. Куды дзеўся вонкавы спакой генерала, яго славутая вытрыманасць?! Ён зверам кiнуўся на старога машынiста i люта ўдарыў яго па твары. Стрымаўся стары машынiст. Але не сцярпеў Мiколкаў брат, малады змазчык Павел. Як стаяў поплеч з генералам, так i ўссеў на яго i бiў, бiў, забыўшыся на ўсё на свеце. Падскочылi ад'ютанты, сiлком адцягнулi яго ад генерала. Паўла выцягнулi на штабны двор i тут доўга катавалi яго, пакуль ён не страцiў прытомнасць. Усю рабочую дэлегацыю адвялi ў турму. А Паўла загадалi судзiць ваенна-палявым судом за знявагу нямецкага генерала.
Суровая вестка аб лёсе рабочай дэлегацыi маланкава абляцела ўвесь горад, дэпо, станцыю. I праз якiя дзесяць хвiлiн трывожна гудзелi гудкi над дэпо, над фабрыкамi, над паравозамi. Паравозы выпускалi пару, тушылi топкi. Разыходзiлiся з дэпо рабочыя, заварушылiся рабочыя баявыя дружыны. I калi вечарам намагалiся немцы штыкамi загнаць машынiста на паравоз i пусцiлi ў ход зброю, каб рушыць першы цягнiк, з дэпо, з-за вадакачкi пачулiся дружныя стрэлы. То рабочыя абстрэльвалi немцаў, якiя рыхтавалi цягнiк. На станцыю падышоў моцны нямецкi атрад. Ён адцяснiў крыху рабочых, паспрабаваў адправiць цягнiк. Але перад самым носам паравоза ўзарвалiся выхадныя стрэлкi, паравоз зарыў носам зямлю, зашыпеў, абяссiлены, загарадзiў чыгуначны шлях. Пачалася моцная перастрэлка. Немцы абстрэльвалi дэпо, кулямётным агнём прайшлiся па рабочым пасёлку. Не здавалiся рабочыя, хоць i падалiся назад. Адступаючы, падпалiлi нямецкiя вайсковыя склады ля станцыi. Гарэлi i рвалiся патроны, снарады, моцныя выбухi патрасалi паветра. Нават немцы прымушаны былi крыху адступiць ад станцыi, далей ад страшэнных выбухаў, пажару.
Ранiцай падаспелi да рабочых партызанскiя атрады Сёмкi-матроса. З гiкам, са свiстам iмчалi наўскач смелыя коннiкi, адрэзалi на ляту нямецкую батарэю i ўраз павярнулi гарматы на немцаў, на штаб. Немцы спешна адступалi ад станцыi, падавалiся ў горад, акопвалiся на ўскраiнах.
Пачаўся зацяглы бой. Ён iшоў то зацiхаючы, то зноў узрастаючы, гарачымi перастукамi кулямётаў, залпамi карабiнаў, гармат. Цяжка даводзiлася партызанам. Прызвычаеным да боек у лясах, у засадах, iм нязручна было весцi бой з пахаваўшымiся ў акопах немцамi, з буйнымi нямецкiмi атрадамi, узброенымi бамбамётамi i гарматамi. Але i гэта не магло стрымаць iх, i групы коннiкаў-партызан рабiлi адчайныя налёты на нямецкiя акопы i кулямёты. Не вытрымлiвалi немцы, вельмi баялiся партызанскай шаблi, i то тут, то там рабiлi яны перабежкi, адыходзячы далей ад штаба.
У смелым налёце на немцаў загiнуў Сёмка-матрос. Пагарачыўся ён крыху. Захапiўшы нямецкi кулямёт, кiнуўся ён за ўцякаўшым афiцэрам, высока ўзнёсшы вострае джала шаблi. I вось-вось ужо апусцiцца гэтае джала на блiскучы лак iмператарскай каскi. Аж прыцiх Мiколка, назiраючы за паядынкам. Перастаў з кулямёта страляць, каб не паранiць сваiх. Уздыбiўся Сёмкаў конь, вось-вось пераскочыць цераз афiцэра... I глуха войкнуў Мiколка. Бачыў ён: абярнуўся на бягу афiцэр, стрэлiў з упору... Скочыў конь ашалелы. Нахiлiўся Сёмка, апусцiў галаву на пахучую конскую грыву, рукi апалi, i ўвесь ён стаў хiлiцца набок, усё нiжэй i нiжэй... Бачыў Мiколка, як узнесеная Сёмкава шабля ўпала на зямлю i цiха дзвынкнула, загайдалася, устромiўшыся вастрыём у жоўты пясок. На гэты ж пясок упаў Сёмка-матрос, камандзiр партызанскiх атрадаў, слаўны ваяка i бальшавiк...
Прайшоўся далонню па спацеламу твару Мiколка i нацiснуў на спуск кулямёта. Здрыганулася, загула зямля перад iм. Грымеў кулямёт. То Мiколка спраўляў памiнкi па старэйшаму таварышу, па любiмаму партызану, прыяцелю. Не стала афiцэра. Але не ўстаць з зямлi i Сёмку-матросу, i далёка-далёка адкацiлася запыленая яго бесказырка, што бачыла свету багата, бачыла сiняе мора, бачыла вольныя караблi, неразлучнай была з чалавекам, якi жыццё любiў i ведаў цану чалавечай нянавiсцi i любвi.
Так загiнуў Сёмка-матрос.
Камандаваць боем стаў дзед Астап. I дрэнна б прыйшлося немцам, ужо генерал гатовы быў iсцi на перамаўленнi з рабочымi, як адбылiся падзеi, адразу пагоршыўшыя для рабочых i партызан вынiкi бою. Дзед Астап пачуў свiсткi паравозаў. I, угледзеўшыся на захад, збялеў дзед, рукой безнадзейна махнуў.
- Дрэнна, браты! - сказаў ён. - Памылiлiся мы крыху... Трэба было з захаду чыгунку ўзарваць... Немцам iдуць падмацаваннi, вунь iхнiя эшалоны.
Павярнулi гарматы на эшалоны. Але было позна. Немцы акружылi горад, абыходзiлi станцыю. Трэба было адступаць. Немцы пачалi насядаць з бакоў, захапiлi ўжо некалькi дзесяткаў чалавек у палон.
Тады падышоў да Мiколкi дзед, загадаў:
- З кулямётамi мы самi ўправiмся... Пакуль будуць патроны, немцам не здамося. А ты, пакуль не позна, бяжы за станцыю. Там у тупiку на паравозных могiлках схаваны намi пасажырскi паравоз. Ён стаiць пад парай. Дык ганi на iм да чырвоных... Вёрст пяцьдзесят да iх будзе, яны павiнны наступаць сёння на суседнюю станцыю. Прасi дапамогi. Не дамо немцам награбленага дабра!
Як ветрам падхоплены, iмчаў Мiколка. Вось i тупiкi. Вось i паравозныя могiлкi. Стаяць на iх старыя, паржавелыя паравозы. Пасажырскiя, таварныя, манеўровачныя, "кукушкi". А вось i жывы паравоз. Прытаiўся, схаваўся за паравозным ламаччам. Аж дрыжыць, так чакае дарогi прыгажун пасажырскi. Паравозная каманда ў парадку. У кожнага карабiн.
Уздыхнуў паравоз парай i без гудкоў, без свiсткоў выбраўся на галоўны пуць. Прастора перад iм, разгон бязмежны. Аж колы сакочуць, не ўгледзiш за дышлам, за размашыстым вобадам. Не iдзе, а ляцiць паравоз, i толькi мiльгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Нахiляюцца бярозы, i iх шэпт кучаравы злiваецца з гарачым дыханнем машыны.
А паравоз iмчыць.
Толькi i чуваць: ча-ча-ча... ча-ча-ча...
Аж калышацца тэндэр, гойдаецца з боку ў бок, ды ўзвiваюцца клубы пылу ззаду - нiчога не вiдаць там у дыме, у пыле.
Вось i суседняя станцыя. Тут могуць быць яшчэ немцы.
"Каб жа не затрымалi!" - адна ва ўсiх думка.
Трывожна загудзеў паравоз i, не збаўляючы ходу, iмчаў на закрыты семафор. Замiтусiлiся рабочыя там. Бачылi - здарылася нешта дужа важнае. Перакiнулi стрэлкi на галоўны пуць, i паравоз маланкай прамiльгнуў праз станцыю. Нямецкi патруль, выскачыўшы на перон, паслаў наўздагон некалькi стрэлаў. Але дзе ты вецер дагонiш!
Праз якое паўгадзiны былi на жаданай станцыi. Паравоз стаяў як укопаны ля браняпоезда. Бачыў Мiколка, што гэта наш браняпоезд. Шырокi чырвоны сцяг калыхаўся над закутым у браню паравозам.
- Хутчэй да начальнiка поезда! - кiнуў Мiколка падаспеўшым чырвонаармейцам. Вось ён i ў начальнiка, у маладога камандзiра. Той слухае яго ўважлiва.
- Адразу ж давайце нам дапамогу... Неадкладна, вось зараз жа...
- Добра! - заўважыў начальнiк i загадаў падрыхтаваць да адпраўкi поезд ды, акрамя таго, быць напагатове запасному эшалону. - А цяпер можна спакойна расказаць мне аб усiм. I колькi немцаў... I цi ёсць гарматы ў iх... Цi цэлая пуць.
Аб усiм расказаў Мiколка. I аб немцах, i аб рабочай дэлегацыi, i аб сваiм партызанстве...
- Ну дык ты, выходзiць, не звычайны хлапчына, а слаўны герой!
Некалi было Мiколку пра сваё геройства расказваць, ды i не любiў ён пахваляцца гэтымi справамi. Камандзiра прыспешваў.
- А ў нас ужо ўсё гатова! Садзiся вось да нас у вагон, паедзем... сказаў яму камандзiр.
- Не... Мне ўжо дазвольце на ваш паравоз... Я з машынiстам паеду!
- Ну што ж, бяжы на паравоз, калi ахвота!
Пабег Мiколка да паравоза, але дзе ты ўзбярэшся на яго, закутага ў браню. Пастукаў Мiколка, загадаў:
- Адчыняйце! Загадана камандзiрам ехаць з вамi!
Паволi адсунулiся сталёвыя дзверцы. Зiрнуў Мiколка, i слёзы ўмомант твар укрылi: не ад страху, не ад перапалоху, ад вялiкае радасцi былi Мiколкавы слёзы. Перад Мiколкам стаяў яго бацька. Ён быў за машынiста на браняпоездзе. Падскочыў Мiколка, павiс у бацькi на шыi, прынiк шчакой да калючай шчацiны яго барады.
Бацька нацiснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына, гладзiў яго, цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку.
- Як жа гэта так, партызан мой малы? Як жа гэта так здарылася, што вас немцы ў крыўду бяруць! Ну, расказвай! - гаварыў бацька i пiльным вокам углядаўся наперад, куды iмчаў цяпер браняпоезд. Глуха гудзелi i перазвоньвалi металам гарматныя вежы, бранявыя бакi вагонаў ашчацiнiлiся кулямётамi. Цяжка пастуквалi рэйкi пад паравозам. Паравоз бег, набiраючы iмклiвы разгон.
I калi сказаў Мiколка, што зруйнавана немцамi дэпо, што бiлi немцы з кулямётаў па рабочым пасёлку, што забралi ў турму рабочую дэлегацыю i зверскi бiлi брата Паўла, - пасуравеў бацька, да болю сцiснуў рычаг паравозны. Маўчаў з хвiлiну. А браняпоезд iмчаў. Неўзаметку ляцелi насустрач чыгуначныя вёрсты. Гудзелi гарматныя вежы, паварочвалiся паволi, рыхтавалiся да сустрэчы.
- Ну што ж! Не падай духам, Мiколка! - сказаў павесялеўшы бацька. Хто-хто, а мы пераможам... Не можам iначай! Такi, сыне, закон у нас: не пераможам мы, сатруць нас з твару зямлi, змяшаюць з пылам, з крывёю... З нашай уласнай крывёю... Таму i павiнны мы перамагчы!
Iмчаў браняпоезд.
* * *
А рабочыя выбiвалiся з апошнiх сiл. Многа страт панеслi партызаны ў няроўным баi. Ужо выбiлi са станцыi партызан i рабочых, ля самых штабеляў абаранялiся яны ды займалi невялiкую ўскраiну горада. Маўчалi партызанскiя кулямёты. Шкадавалi апошнiх патронаў. Каб выкурыць рабочых з ускраiны, немцы падпалiлi некалькi дамоў, i вялiкi пажар узняўся над горадам.
Рабочыя не здавалi апошнiх сваiх пазiцый, ладзiлi барыкады з дроў, забiралiся на дахi дамоў, каб зручней адбiваць налёты немцаў. Але вiдаць было, што перамогуць немцы, што гадзiну-другую пратрымаюцца яшчэ рабочыя i прымушаны будуць цi здавацца на нямецкую лiтасць, цi загiнуць пад моцным кулямётным агнём. I быў ужо момант, калi дужа задумаўся дзед Астап над тым, як бы зручней вывесцi людзей з небяспекi, жыццё адратаваць iм. Задумаўся на хвiлiну i страпянуўся раптам. Гучнае i радаснае "ўра" страсянула паветра. Загрымелi замоўкшыя было партызанскiя кулямёты, сцiх на хвiлiну нямецкi агонь.
Зiрнуў дзед у бок ад станцыi i аж крыкнуў ад вялiкае радасцi. Вярстах у пяцi-шасцi ад станцыi iмчаў браняпоезд. Ясна вiдаць быў чырвоны сцяг над iм. Сцяг то разгараўся чырвоным полымем, то нiк у клубах чорнага паравознага дыму.
- Трымайся, хлопцы, нашы iмчаць!
Акрыялi радасцю рабочыя i партызаны.
Заварушылiся немцы. Павярнулi некалькi гармат на браняпоезд. Узвыла паветра пад гарачым свiстам снарадаў. Крактануў у адказ браняпоезд, ды як крактануў - ураз сцiхлi гарматы немцаў. Пара iхнiх гармат была збiта цяжкiм снарадам з браняпоезда. А браняпоезд яшчэ i яшчэ - цяжка вухкала па лясах, па-над горадам. Браняпоезд бiў з цяжкiх гармат.
Немцы кiнулiся да пуцей, каб рэйкi ўзарваць, акапацца ля чыгункi. Але рабочыя i партызаны не пускалi iх да рэек, метка знiмалi кожнага, хто памыкаўся ўскочыць на пуць.
А браняпоезд iшоў.
Крыху адчынiў Мiколкаў бацька сталёвае акенца, каб пуцi праверыць, цi цэлыя, цi пашкоджаныя. Глянуў туды i неяк раптам асеў, асунуўся, стаў хiлiцца да падлогi. Навiс на рычаг усiм цяжарам свайго цела. Павярнуўся рычаг, паравоз абарваў свой бег i ўсё цiшэй, цiшэй, вось i зусiм становiцца паравоз. Здзiўленыя твары чырвонаармейцаў паказалiся ў шчылiнах-акенцах вагонаў.
Узрадаваныя немцы беглi насустрач i шалёна крычалi, размахваючы ручнымi гранатамi. Прыцiхлi рабочыя i партызаны, не разумеючы, што сталася з браняпоездам.
I не памятае Мiколка, як адбылося ўсё гэта. Асцярожна адхiлiў ён бацькаву руку ад рэгулятара, нацiснуў на рычаг абедзвюма сваiмi рукамi iрвануў паравоз, зашыпеў весела парай, памчаў наперад. З браняпоезда ваўсю загаварылi кулямёты, грымнулi яшчэ разы са два цяжкiя гарматы. А Мiколка ўжо крычаў двум чырвонаармейцам, што былi разам з iм на паравозе:
- Машынiста кладзiце на падлогу ды перавязку хутчэй!
Бачыў, як прамазучаны бацькаў пiнжак набухаў чырвонай плямай. Яна рабiлася ўсё шырэй i шырэй. Чырвонаармейцы таропка знiмалi пiнжак, разразалi нажом кашулю, бiнтавалi бацькавы грудзi.
I хоць страшна горача было на паравозе, але адчуваў Мiколка, як халадзее яго маленькае сэрца, як халадзеюць яго пальцы на гарачым рычагу. Гэта вялiкi жаль да бацькi агарнуў усю яго малую iстоту, i ён нiбы сабраўся ўвесь у маленькi камок i, напружыўшы ўсе свае сiлы, трымаў у руках паравозны рычаг. I бачыў ён, зiрнуўшы ў шчылiнку паравознага акенца, як уцякалi немцы ва ўсе бакi, як беглi рабочыя, iмчалi да браняпоезда партызаны. Яны размахвалi карабiнамi, падкiдвалi шапкi, крычалi вясёлае "ўра", выкрыквалi словы:
- Няхай жыве наша слаўная Чырвоная Армiя!
Вось i станцыя.
Спынiў паравоз Мiколка. Кiнуўся з шапкай пад паравозны кран, халоднай вады набраў, выплеснуў бацьку на грудзi, абняў яго.
I не вытрымаў тут, заплакаў гарачымi слязамi.
- Цi жыў ты, бацька? Устань жа, ну слова скажы!
Але маўчаў бацька. Глуха плакаў Мiколка. Дзед Астап падышоў, паглядзеў, неяк пасуровеў адразу. Паслаў па доктара. Сабралiся рабочыя, партызаны, маўчалi ў вялiкiм суме. Хутка прыйшоў доктар. Агледзеў, рану прамыў. Зiрнуў на Мiколку, па плячы яго весела пахлопаў:
- Ну, Мiколка, тваё шчасце! Будзе твой бацька жыць яшчэ доўгiя гады... Хоць цяжкая рана, але праз месяц-другi мы загоiм яе! Кроў у яго рабочая, здаровая...
I што тут пачалося толькi! У Мiколкi ўраз вочы сталi сухiмi. Усмiхнуўся доктару.
- Глядзi ж, не падманi!
А тут падхапiлi Мiколку на рукi - i ну качаць. Вышэй паравоза падкiнулi яго, аж дым паравозны перасiгнуў ён i ўпаў вясёлы i радасны на рукi рабочых, партызан, чырвонаармейцаў. Усе вiталi Мiколку, слаўнага машынiста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавiка.
А назаўтра Мiколка разам з другiмi рабочымi i партызанамi дыктаваў у нямецкiм штабе сваю волю нямецкаму генералу. Той хадзiў маўклiвы i пануры. Куды i гонар мiнулы падзеўся. Пабiлi яго рабочыя, а яшчэ болей пабiла рэвалюцыя ў Германii. Весткi аб гэтай рэвалюцыi дайшлi нарэшце да нямецкiх салдат.
Генерал хадзiў па кабiнеце i нехаця пазiраў у вокны. Ён бачыў, як гулялi па вулiцах яго салдаты. Салдаты старой iмператарскай армii. Салдаты-заваёўцы. Салдаты-пераможцы. Салдаты-рабы. Гэтыя салдаты гулялi сёння з рабочым народам. З чужым народам. Яны браталiся з гэтым народам. Яны называлi гэты народ сваiмi лепшымi прыяцелямi ў свеце.
Для гэтых салдат не iснуе больш ён, суровы i грозны генерал. Цяпер ён нiшто. Дый цi можа ён быць цяпер чым-небудзь, калi даводзiцца выпрошваць у гэтых людзей вагоны для афiцэраў, каб ехаць у Германiю. Рабочыя i партызаны жартуюць:
- Вы б, ваша правасхадзiцельства, можа б, пехатой як-небудзь. Салдат-то мы давязём...
Але ўмешваецца ў гутарку дзед Астап. Той не любiць лiшнiх жартаў.
- Даць iм вагоны, няхай хутчэй адсюль вымятаюцца...
А дзесяткi цягнiкоў, сотнi i тысячы вагонаў з хлебам, з жывёлай, з награбленым дабром стаяць на станцыi, загрузiўшы ўсе пуцi i тупiкi. Не бачыць iх болей генералу, як не ўбачыць яму свайго генеральскага носа.
Не выйшлi генеральскiя планы!
I як праў быў Мiколкаў бацька, калi казаў яму на паравозе:
- Мы не можам не перамагчы!
Перамаглi!
Не можа iначай рабiць Мiколкава слаўнае племя.
1936