Ганна НАВАСЕЛЬЦАВА
СВЯТЛО ЗЯМЛІ НЕЎРЫДА
Міфалагічная аповесць
УСТУП
Вакол была цемрадзь, завешаная непрагляднымі шатамі ялін. Іх густыя, калматыя галіны, здавалася, плылі ў змроку. Плылі праз нямую прастору, праз вечныя чорныя ночы, плылі ў бясконцым акіяне часу... У іх цёмна-зялёных лапінках была скруха, роспач і туга гэтага бясконцага існавання. На іх шляху была шэрань няпамяці, горыч расcтання і адзінота. Але з чорнай зямлі прабіваўся да шатаў ялін кволы праменьчык святла, які іскрыўся надзеяй...
З шэрай няпамяці вечнага спачыну вяртаўся адзін. Як і ўсе, што спалі тут, ён быў неўрам. Яго вяла памяць сонца, якое некалі ён бачыў у гэтых шатах, пачуццё зямлі, па якой ён хадзіў, і гнеў апошняй бітвы, у якой ён загінуў. Гэта ён быў святлом у бясконцым змроку ночы, бо ён сніў пра вялікую агністую кветку — чару святла...
І прыйшла ў чорнай вечнасці шэрая гадзіна, калі агністае святло пыхнула, прасвятліўшы непраглядную ноч. Пыхнула і не згасла. Тады над зямлёй прагучаў адрыўны, прарэзлівы покліч Дзіва. Яго пачулі тыя, хто спазнаў таямніцы чараўніцтва. Дзіў. Чары пошуку. Трывога. Пра што ты сумуеш, мудры і вяшчунны Сын Сусветнага... Каму кажаш пра згубу... Над якім жыццём плачаш... Усевідушчы, бачыш ты праз чорныя хмары і цёмныя лясы, і ніхто не схаваецца ад твайго пільнага позірку. Хоць бы не да лепшага чарадзея ты быў пасланы. Творацца чары, якія павінны адкрыць тваю скруху, але хто цябе, непрадказальнага, спазнае. Цяжка зразумець цябе людскім смяротным чараўнікам. Баюць, толькі неўры калісьці цябе разумелі. Але таго яны не раскажуць: ніводнага даўно няма на зямлі. Згублена таямніца, і нязведаным застаецца шлях, шлях, па якім пойдуць за табою на Калінавы мост. Хто? Агнём і Вадой заклінаю, не плач пра мяне, Дзіў.
А ў цёмных яловых нетрах агеньчык разгарэўся жыватворным полымем.
Неўр абудзіўся.
ЗАГАДКА ДЗІВА
Голас Дзіва быў першым пачынам, што сустрэў яго на зямлі. Прыходзячы да свядомасці, неўр чуў магутны покліч, што гучаў над лесам. Вяшчунны голас не знікаў і, аддаляючыся, адно змяняўся, рабіўся яшчэ больш прарэзлівым. І доўгі час пасля неўр быў у задуменні. Дзесьці далёка лунаў над зямлёй покліч таго, хто вяшчуе будучыню для кожнага смяротнага. Што ты пракрычаў мне, Дзіў? Калісьці я чуў твой голас. Няўжо гэта той, яшчэ ў колішнім маім жыцці абронены табой покліч цэлую вечнасць лунаў над светам і вось цяпер зноў прыйшоў да мяне, пра якога казаў...
Ён толькі што стаў чарадзеем, толькі што далучаны да мудрасці Вялікага Кола. Яму радасна свеціць сонца, прабіваючыся праз шаты зусім не змрочных ялін. Неўр звыкла ўслухоўваецца ў іхні прыцішаны пошум. Усё чынна, кажуць яму лясныя гукі, усё спакойна, усё добра. Не, не ўсё, мільгае раптоўная думка. Што гэта? Ён пазнае стварэнне магіі бессмяротных, чары якіх нават для мудрацоў Неўрыды заўсёды былі таямніцай. Стварае свае чары і неўр, звяртаючыся да майстэрства і ведаў усіх магаў Вялікага Кола. І Вялікае Кола адказвае: гэта дарунак непрадказальнага Дзіва, які вяшчуе тваю будучыню. Калі зможаш зразумець яго пасланне, то атрымаеш права пражыць не адно доўгае чарадзейскае жыццё. Калі не, то сумна заплача Дзіваў голас, што пасланы ён да нявартага, і пойдзе ад цябе вечна лунаць над зямлёй, выказваючы сваю нязмерную жальбу. І тады ты пражывеш толькі адно кароткае жыццё. Але зразумець Дзівавы чары можна толькі сэрцам, таму што няма ў смяротных роўнай яму магіі. Поруч з сынам Сусветнага жыццё любога неўрыдскага чарадзея толькіўспыхвае вокамгненным маленькім агеньчыкам...
Неўр тады, як ні імкнуўся, так і не зразумеў Дзівава пасланне. Аказаўся нявартым высокага даверу бессмяротнага і таму пражыў толькі адно кароткае жыццё. І цяпер адчувае неўр, што канец яго быў наканаваным. Наканаваным магутным пракляццем непрадказальнага і мудрага, у якое абярнуўся яго дарунак. За што ты выбраў мяне, Дзіў? Мяне, які яшчэ не зрабіў для сваёй зямлі і свету нічога. Сярод майго народа было многа вартых, якія сталі тваімі абраннікамі. Яны чулі твой голас толькі аднойчы. А да тых, хто не змог яго зразумець, ты больш не звяртаўся. Ніколі-ніколі, раз і назаўжды забыўшы няздольных. Але да мяне твой покліч вяртаўся неаднойчы, прыходзіў з вечнага блукання над светам. Насуперак усім магічным скрыжалям, зноў і зноў нагадваў пра неразгаданую таямніцу. І толькі і маглі сказаць пра гэта самыя абазнаныя нашы чарадзеі, што вялікая таямніца ды вялікае наканаванне. Маё наканаванне. Чаму ты вырашыў, што я лепшы з вартых? За што ты, які роўны справядлівасцю Сусветнаму, пракляў апошнія хвіліны майго жыцця?
Неўрыда яшчэ была. Была таму, што быў яшчэ апошні чарадзей Вялікага Кола. Разам з воямі ён прыйшоў у храм, каб трымаць тут астатнюю мяжу сваёй абароны. Дзевяць вялізных валуноў мацавалі камлі найстарэйшых у лесе ялін, стваралі Кола, якое спрадвеку было Вялікім. Згаслымі і халоднымі цяпер сталі восем валуноў з дзевяці, што азначала смерць васьмі чарадзеяў. І толькі адзін валун чынна выпраменьваў роўнае святло, што казала пра жыццё аднаго. Апошняга. Яго, неўрава, жыццё. Пакуль будзе свяціцца гэты валун, датуль будзе падтрымліваць неўрава магія жыцці апошніх абаронцаў. Датуль будуць яны амаль непераможныя. Амаль, таму што бессмяротнымі зрабіць іх неўр не здолее. Хоць і будзе за іх паміраць...
Змрочна шумелі яліны, роспачна калыхалі галінамі. І пад гэтую скрушную песню мроіліся неўру твары і абліччы тых, хто прыйшоў з ім некалі ў гэты храм. З памяці вярталіся ўсмешкі і словы, сказаныя тымі, хто ўжо бачыў перад сабою раскрытае небыццё. Ён маліўся ўсім багам, каб яны далі сілу вытрымаць тыя позіркі.
Развітальна глядзелі на яго адзіныя з ім крывёю, для якіх ён быў апошняй надзеяй. Яны не баяліся блізкага небыцця. У іх не было ні смутку, ні жалобы. Толькі нейкая наканаваная цвёрдасць і неспатольная прага забраць як мага болей жыццяў тых, хто будзе па другі бок мяча. Ён, неўр, таксама быў цвёрдым. Яму адкрывалася вышэйшая мудрасць пазнання сваёй зачараванай сілы, якая дазваляла перамагаць мацнейшых за сябе. Перамагаць нават паміраючы, таму што раней, чым пакліча ён апошнія чары, пойдуць за Калінавы мост не лічаныя, як дрэвы ў лесе, ворагі. Ён быў цвёрды. Толькі яснасць чарадзейнага ляснога святла была побач, калі, спакутаваны несупыннай варажбой, не мог ён болей узнімацца над немагчымым. Гінулі тыя, чые жыцці былі яму давераны, і ён спакойна і разлічана ствараў непрадказальную, невядомую, небяспечную магію. Што яму было да тых чарадзейных межаў, пераступіўшы якія, чарадзей ужо не мог належаць сабе. Ён заставаўся сабою, знябыўшы ўсе магічныя скрыжалі, таму што верыў у замову зямлі Неўрыды: да астатняга бараніць сваіх кроўных радовічаў, дапамагаць названым братамі, быць адказным за ўсіх неўраў. Што яму было да свайго адданага за хвілінныя чары жыцця, да свайго забыцця і няпамяці, да знішчальнага гневу багоў на ўсю зямлю, калі гінула маленькая лясная Неўрыда. Што яму было да гэтага, калі засталася толькі палова абаронцаў, і ён стварыў чары гневу. Што яму было да гэтага, калі засталося ўсяго некалькі апошніх, і ён абудзіў магію адчаю. Што яму было да гэтага, калі ў яго застаўся апошні, і неўр паклікаў чары веры і смерці... Ён быў цвёрды.
А пасля... боль і гнеў апошняй бітвы, на якую звярнулі ўвагу нябесныя ўладары. Яго апошняй бітвы. Толькі яго. Дзіваў покліч, словы якого самі разгадваюцца. І як нябесны праклён і прысуд, няпамяць і забыццё, — стагоддзі цемры і разбураны храм, дзе спяць вечным сном апошнія. Тыя, хто з ім быў тады. А над ім, як цяпер, у тую хвіліну апошняй бітвы гучаць словы Дзівава паслання. Першы пачын, што сустрэў яго на зямлі: «З нараджэннем, чарадзей Неўрыды. Блізкага табе зорнага сонца».
***
«З нараджэннем, чарадзей Неўрыды. Блізкага табе зорнага сонца», — даляцела з начнога паўзмроку. Тады, калі толькі стаў чарадзеем Вялікага Кола, неўр хацеў, але не змог разгадаць Дзівавай таямніцы. Яна ўяўлялася вялікім дарункам бессмяротнага, што павінен прынесці радасць яго зямлі. І адкуль было неўру ведаць, што не многа і не мала часу даў свайму найлепшаму абранаму чарадзею Дзіў, але ўсё кароткае зямное жыццё. Апошняя бітва зрабіла яго, неўра, больш моцным і мудрым, і таму тады, калі ўжо было не да вялікіх дарункаў і таямніц, змог апошні з неўравага племені здзейсніць не толькі ратную справу. І адкрыўся ў дзіўным, незразумелым поклічы звычайны стомлены голас, які на нейкі здзек і праклён вітаў яго нараджэнне на гэтай зямлі. Вітаў тады, калі знікала яго Неўрыда. Вітаў цяпер, дараваўшы другое жыццё, якое павінна здоўжыць раскрытая таямніца. Здоўжыць яго адзіноту і боль сапраўды апошняга... чарадзея, ваўкалака, неўра. Яго скруху і роспач, таму што цяпер ужо ён не меў ні гневу, ні адчаю, ні веры быць цвёрдым...
Правальваецца чалавек-чарадзейу бяздонныя нетры свядомасці, губляе людскае аблічча. Воляй сваёй саступае месца зверу, ваўку-ваўкалаку, над якім ужо не ўладарны. Не мае чалавечай людскасці ваўкалак, мае толькі вострыя кіпці ды ашчэраную ў гірчэнні пашчу. Мае толькі нянавісць, што тапырыць яго чорную поўсць, пасылаючы ў драпежнае паляванне. Хутка імчыць хіжы звер, зліваецца з цёмнай ноччу. І ад іскрыстых сполахаў чырвоных вачэй адступаюць з ягонага шляху ўсе, хто мае страх і надзею. І пужаюцца людзі, пачуўшы працяглае, поўнае невыказнага чалавечага малення пра спакой і забыццё, далёкае ваўчынае галашэнне.
...Не цёмная для яго ноч. Не замінае імклівы бег чуць усе лясныя шолахі, бачыць усе лясныя дзеі. Мякка кратае лапы знаёмы мох, звыкла адштурхоўваючы ад зямлі. Скок, яшчэ скок. Карагодам ідуць дрэвы, цягнуцца-варушаць сваімі галінамі. Але вырываецца ён з яго, бо імклівейшы за гэты карагод. Лягчэйшы за лагчынны туман. Мацнейшы за дубовы буралом. Гэта яго лес. Але побач з ім няма нікога. Дзе вы? Чаму я адзін? Гэта ведае чалавек, але не ваўкалак. Гэта быў яго лес. І з ім побач тады былі... Цені. Цяпер толькі цені, але цені з імёнамі і абліччамі. Што ведае ваўкалак? Нечалавечым болем адгукаецца ваўчынае выццё. Тое, што і чалавек. Таму што адчувае чалавечую адзіноту і роспач мацней за чалавека. І тады прыходзіць выратавальны сон...
Ад сну яго абуджае лес. Вяртае такая знаёмая лясная песня, памяць пра якую не змагло сцерці нават чорнае небыццё. Неўр не чуў яе безліч часу. Не чуў у той бездані няпамяці, якая адбірае ў любой смяротнай істоты ўсе зямныя ўспаміны. Але насуперак усім магічным скрыжалям, неўр памятаў сябе, а таму памятаў і песню. Песню, якая цяпер вітала яго нараджэнне.
Плыў над зямлёй спеўны лясны шолах. Пераліваючыся, ляцелі зыкі ад цёмных шатаў яго, неўравых, ялін. Яны, мудрыя, шапацелі пра сонца, сіняе бясхмарнае неба і зямлю, якая купаецца ў сонечным святле. Змрочныя яліны віталі гэты свет, хоць самі побач з яго жыццядайным святлом былі толькі сумнымі ценямі. Але гэтыя цені ведалі вялікую патрэбу святла. Вялікую патрэбу жыцця. Як і кожнае, яго, неўрава, жыццё было святлом. І лясная песня вітала новае жыццё.
***
Лясная песня вітала жыццё. Мудрыя лясныя яліны віталі неўрава нараджэнне. Так як калісьці ў мінулым жыцці славілі ягоную магію лясы Неўрыды. Удзячныя, калыхалі свайго чарадзея зялёныя шаты. І ведаў тады неўр, што стварае яго чары цёмны дух лесу, якому падуладная гэтая прастора. Неўр быў народжаны лесам, і таму ён сам, як і лес, быў цёмным. Непрадказальным у сваім чарадзействе, скрытным у сваіх таямніцах, невядомым да апошняй мяжы сваёй сілы. І цяпер неўр памятаў, што ён цёмны, што ягоная магія бярэ вытокі ад лесу, а заспакоены ў глыбінях свядомасці ваўкалак — яго дарунак. Неўр гэта памятаў, але вітальная лясная песня не пазнавала яго, не бачыла сваім. Мудрыя яліны не памяталі. Яны нарадзіліся і ўвайшлі ў сілу пасля яго, неўравай, смерці.
Неўра тут не было. Зніклі бяскрайнія неўрыдскія лясы, здольныя ствараць чары і памятаць, дапамагаць і ўшчуваць, дзяліцца мудрасцю мінулага і веставаць будучыню. Тыя дрэвы мелі жывую душу, якую неўр адчуваў усюды, дзе ён быў. Адчуваў, калі хадзіў па сваёй зямлі, цягнучыся сваімі чарамі да яе магіі. Адчуваў, калі ладзіў мяжу апошняй абароны... Калі паміраў. І нават у небыцці непакорны лёсу чарадзей сніў пра свой лес. Лес быў ягоным лёсам. Лёс быў лесам. Але гэтыя яліны, мудрыя і задуменныя, былі толькі дрэвамі. Неўр быў у небыцці. Быў у незваротным, такім прагным імкненні жыць, калі істота пераступае мяжу жыцця і смерці. Неўр быў у мінулым жыцці. Але тут яго не было.
І няхай скаланае лес магія бессмяротнага, што сведчыць пра ягонае набліжэнне. З неўрам ужо не можа нічога адбыцца, таму што яго няма. Ён памёр і цяпер яго не будзе...
«Не будзе святла Вялікай Кветкі», — цягнецца да неўра Дзіваў голас. І хоць нікога няма побач, адчувае неўр нібы ўяўны позірк шэрых вачэй, у якіх пабліскваюць іскрынкі нябеснага агню. Хавае Дзівава магія ад неўра ўсю постаць бессмяротнага, але праз гэтую заслону агністыя вочы сына Сусветнага глядзяць на неўра, і не можа той схаваць ад усевідушчага свае думкі. І цяпер, магутны, прабіваецца той у нетры свядомасці смяротнага, адхінаючы неўраву магію.
«Не будзе святла Вялікай Кветкі», — паўтарае Дзіў, пыхкаючы блішчастымі нябеснымі пажарамі. Хвост нечакана хутка аплятае неўра, і вось ужо паднесены неўр хвастом, нібы рукою, да самых мудрых на свеце вачэй.
— Што? Дзіўны я? — пытаецца між тым бессмяротны. — А якім, ты думаў, павінен быць сын Сусветнага Змея, Першага бога гэтага свету? Але я не такі раўнадушны, як мой бацька. Я не такі ўсюдыпранікальны, як маладыя багі. Мае чары жывуць на ўсіх межах... і заўсёды, заўсёды залежаць ад волі і ўчынку самога смяротнага.
Бачыць неўр мудрасць і скруху вечнага жыцця, бачыць велічны спакой істоты, што роўная ўзростам з гэтым светам. Хаваюцца ў Дзівавай памяці абліччы тых смяротных, каго ён сустрэў за сваё бясконца доўгае жыццё. Твары, усмешкі, словы. Многа твараў, многа ўсмешак, многа слоў тых, хто даўно ў небыцці. І кожны самы маленькі ўспамін асветлены хваляй агню. Агню, які ў магіі ўсіх нашчадкаў Сусветнага азначае памяць. Дзіў памятаў усіх...
— Так, я памятаю ўсіх... усіх тых, каго сустрэў за сваё бессмяротнае жыццё. Іх не проста многа, іх — безліч. Ці разумееш ты мяне, неўр? Усіх, каго сустрэў, каму дапамог, з кім пазнаваў скарбы вялікага Сусвету. Усіх, каго страціў. Але я памятаю кожнага... І я не кляну сваю бессмяротную памяць, якая не губляе ніводнай драбніцы, хоць часам мне здаецца, што той, хто не мае смерці, асуджаны на вечнае нежыццё. Я памятаю іх усіх, таму што яны вартыя гэтага. І яны жывыя, пакуль я іх памятаю.
І плыў у Дзівавых вачах смутак і боль вечнага жыцця. Мудры агонь, які саграваў усіх, хто меў смеласць падысці да гэтага агню. Хто меў мужнасць палымяна гарэць. Дзіў ведаў, што не памрэ ніколі. Дзіў жыў... Жыў з кожным смяротным, што меў у сэрцы даволі смеласці кінуцца разгадваць таямніцы гэтага свету, якія стварылі бессмяротныя багі, раз і назаўсёды забараніўшы да гэтых загадак набліжацца. Багі не ведалі літасці. Разумныя і непадкупныя, яны цвёрда трымалі ўсталяваны аднойчы лад, створаны імі ж парадак. Яны выслухоўвалі людскія просьбы і нешта рабілі для іх выканання. Але яны жорстка каралі тых, хто меў дзёрзкасць цягнуцца вышэй, хто бачыў болей і прагнуў большай мудрасці, а таму нібыта быў пагрозай для ўсіх астатніх. Гэта былі чарадзеі Неўрыды. І неўр ведаў, што калі ты пацягнуўся да сапраўдных чараў, імкнучыся стварыць вялікую магію ў дарунак сваёй зямлі, табе засталося не так доўга жыць. Любому смяротнаму чарадзею няма чым абараніцца ад бессмяротных багоў.
Сын Сусветнага заўсёды дапамагаў кожнаму смеламу смяротнаму. Быў з ім, падтрымліваючы яго ад першых крокаў да апошняга імгнення. Ганарыўся яго ўчынкамі, вучыў пераадольваць страты, зберагаў яго запаветы для нашчадкаў. Дзіў не пакідаў смяротнага нават тады, калі ўсе багі разам вырашалі караць нявернага. І таму цяпер у Дзівавых вачах палымнеў вечна жывы агонь.
Дзіў асцярожна паставіў неўра на зямлю.
— Ты адзін з маіх і ты не мой. У табе спляліся смерць і жыццё. Ты мой, неўр. Ты пайшоў насуперак багам і перамог. Спазнаў скруху і небыццё. Я спачуваю табе. Ты здолеў немагчымае: вярнуцца адтуль, адкуль не вяртаюцца. І мне не трэба ведаць, якая сусветная магія, смяротная ці бессмяротная, гэта зрабіла. Таму ты не мой. Ты не мой, бо я занадта добра ведаў Першага. Я знайшоў цябе дзеля твайго настаўніка... Спадзяюся на цябе, не мой. Без цябе не будзе святла Вялікай Кветкі.
***
«Без цябе не будзе святла Вялікай Кветкі», — гучалі ў неўравай свядомасці словы. Без мяне не будзе святла Вялікай Кветкі... Што ты хацеў сказаць мне, Дзіўны? Як мне дайсці да разгадкі тваёй таямніцы? Ты сказаў, што ведаў Першага. Майго настаўніка. Але няўжо ты думаеш, што ў імгненні тваёй улады над маёй свядомасцю я не мог чараваць... Я неўр з народа неўраў, чарадзей з народа чарадзеяў. І я буду змагацца нават тады, калі ўсе бессмяротныя магутныя багі сыдуцца атрымаць маю галаву. Таму, хто страціў сваю зямлю, няма апошняй мяжы. Таму, хто ўжо памёр, няма страху смерці. Таму, хто застаўся апошні, няма каго шкадаваць... Не толькі ты меў уладу над маёй свядомасцю, я таксама чытаў тваю бессмяротную памяць. Ты ведаў герояў, ты быў з героямі і ты сам стаў героем, і за гэта я паважаю цябе. Але ў тваёй памяці, што не губляе ніводнай драбніцы, няма аблічча майго настаўніка — Першага Неўра. Я ведаю законы тваіх чараў: ты нішто не робіш дарэмна. Ты сказаў, што ведаеш Першага, але ты — я зразумеў гэта — не памятаеш яго. Як гэта можа быць, Дзіў? Я твой і не твой. І ты спадзяешся на мяне, таму што я не твой. Што ты хацеў мне сказаць?
Ты пазбавіў мяне адчаю. Ты аддаў мне часцінку сябе, мудры бессмяротны Дзіў. Як аддаваў яе тым героям. Амаль усе яны былі неўрамі. І цяпер я бачу вечную мудрасць жыцця. Вечную сілу хвілінных учынкаў смяротных. Мой шлях хаваецца ў сіняй смузе. Чары мне падказваюць, што сіняя смуга — гэта мая воля і мае ўчынкі, якія залежаць толькі ад мяне, над якімі не ўладарныя ўсемагутныя бессмяротныя. Мой шлях — разгадаць тваю таямніцу, і я пакрочу ў гэты шлях. Але я буду заўсёды памятаць, што за маёй спінаю забыты неўрыдскі храм.
Храм. Спакой. Вечнасць. Храм, што быў яго домам. Храм, што стаў полем змагання і курганам спачыну. Жыццё. Слава. Веліч. Сагрэты яго днямі, ён ніколі не будзе змрочным і чужым. Гэта быў ягоны храм.
— Слабей за смерць, мацней за жыццё...
Камень гарэў жывым агнём. Гарэў, прасвятляючы цемру пакінутага і забытага храма, што страціў сваіх вернікаў. Гарэў, азначаючы жыццё самага маладога неўрыдскага чараўніка, адзінага жывога нашчадка цэлага народа, апошняга неўра, які быў слабейшы за смерць, бо некалі смерць яго перамагла. Але ягоныя чары стварылі на памежжы быцця і небыцця вялікую магію: з неспатольнай прагі доўжыць свой шлях, з вялікай адказнасці за непрынесены, няздзейснены дарунак чарадзея зямлі, з водбліскаў імкненняў і надзеі далёкага зорнага сонца. Яно, нязведаная мара-цуд кожнага неўра, раскрывае магічныя таямніцы, калі становіцца блізкім. Таму неўр жыў, нават калі яго жыццё памірала. Нават калі скончылася яго апошняя бітва, ён, ціха падаючы на дол, бачыў святло. Ведаў і верыў у сваё блізкае зорнае сонца. Жыццё знікала, пакідаючы яго, але ён заставаўся. Ён быў мацнейшы за жыццё. Няспынна ствараў чары, якія клікалі жыццё, і жыццё вярнулася, перамагло смерць. І пакуль ён ходзіць па зямлі, слухае яерадасць і смутак, бачыць надзеі і расчараванні, камень будзе гарэць. Храм будзе жыць. Неўры не знікнуць, не памруць, не пойдуць у забвенне, пакуль ёсць на зямлі хоць адзін неўр. Асабліва апошні, што слабейшы за смерць, мацнейшы за жыццё.
Зямля была зусім колішняй. Не змяніўся ні сіні блакіт дня, ні зорны россып ночы, ні зманліва-трывожныя вытокі магічнай сілы, з якой чарадзеі твораць чары. Неўр пакідаў крокі на сцежках, па якіх даўно не хадзіў народ чарадзеяў. Быццам нічога не было, не прайшло і не змянілася, звыкла ўспыхвалі пры набліжэнні неўра магічныя межы прастораў. Нібыта ён і не паміраў, не пазнаваў небыццё, не нараджаўся другі раз. Не пакутаваў, не прагнуў, не сустракаўся. Не спадзяваўся. Нібыта ён не жыў... Жыццё смяротнага падуладнае смерці. Але жыццё заўсёды ўзвышаецца над смерцю, перамагаючы яе. Жыццё мацней за смерць.
Доўжыцца старажытная неўрыдская замова: «Слабей за смерць, мацней за жыццё...».
***
Слабейшай за смерць, мацнейшай за жыццё была высокая зялёная трава, якая кранала яго сваімі рукамі-мятлушкамі, вечным жыццём уздымаючыся над смерцю шматвекавых дрэў. Зялёная сіла ўзнаўлення несла свежасць, якая маладзіла кроў, дорачы свае шолахі. І была вакол светлая, нібы сляза радасці, імжа, што ўбірала ў брыльянцістыя кроплі зялёныя аксаміты. Вачам адкрываўся вялікі зялёны абшар, да якога злёгку туліліся зубчатыя краі лесу. І тады зліваліся ў вачах усе колеры, ціхай жаданай мелодыяй плылі зыкі. Па-над зямлёю плыло святло. Зыркае, блішчастае, іскрыстае... Яно спавівала і цягнула да сябе, як гэта было калісьці.
Цягнецца ён чарамі да светлых, празрыстых вытокаў, ствараючы жыццядайную магію. Гарачую, як агонь, што зіхціць на алтары храма. Небяспечная магія агню, магія святла. Тым больш для тых, чыім знакам была зямля. Ён зусім не паддаецца спакусе зманлівых агеньчыкаў. Ён ведае, што павінен зрабіць.
Неадабральна глядзяць старэйшыя чарадзеі, непакоіцца настаўнік. А ён неадступна творыць задуманыя чары, адкрываючы магіі свядомасць. І вось ужо ўвесь ён там, дзе сплятаюцца першаасновы стыхій. Несумяшчальных, непрадказальных, небяспечных, што могуць быць зусім не ласкавымі і літасцівымі. Яго знак — зямля. І прызнае гэта стыхія ў ім свайго, даруючы вытокі сілы. Але побач — агонь. І нібы ўяўна бачыць малады чарадзей, як хціваўсміхаецца дух агню, вяшчуючы яго хуткую смерць. «Як ты рызыкнуў прыйсці сюды, смяротны. Ты не вернешся адсюль», — гучаць у яго галаве гарачыя сполахі. «Ты мне дапаможаш вярнуцца», — адказвае ў думках неўр і бачыць яшчэ адну ўсмешку. Чарадзей доўга рыхтаваўся да гэтага імгнення. Замова, яшчэ замова. Сплятаецца сіла стыхій воляй смяротнага. І, ужо вяртаючыся ў храм, адчуў, што дух агню даруе яму сілу. Не для гэтай магіі. Для іншай, на будучыню. Мы яшчэ сустрэнемся з табою, уладар Агню...
Неўр добра ведаў магію святла. Святло было побач, але яго было мала. Таму што на зямлі не стала народа неўраў-чарадзеяў, якія падтрымлівалі гэтае святло. А тое, што засталося, памятала сваіх стваральнікаў. Святло захоўвала абліччы і твары тых, каго неўр ведаў. І яго таксама захоўвала. Святло мела разумную свядомасць. І тут, на зялёным росным абшары, празрыста-светлай смугой, шэптам траваў і шолахам вятроў яно вітала свайго чарадзея. Апошняга, на каго магло спадзявацца.
...У неўрыдскім храме хтосьці быў. Ён няспешна падышоў да кола валуноў. Доўга стаяў і глядзеў, як сярод васьмі патухлых ззяе жывым полымем адзін. Адно жыццё. Ён доўга спасцігаў неўрыдскую магію. Ён прынёс сюды старажытныя і жахлівыя чары, каб разбіць валун і знішчыць жыццё апошняга. Нарэшце, апошняга. Ён не сумняваўся ў іх магутнасці. Толькі невядома чаго марудзіў.
І вось магія выпушчана на свабоду. Валун ярка ўспыхвае і... застаецца цэлым. І па-ранейшаму спакойна ліе яснае, празрыстае святло. Невядомы спакойна сузірае яго, а пасля паварочваецца і хуткімі крокамі пакідае храм. Ён не бачыць, як з іскрыстага валуна падымаецца нехта, хто збярог неўру жыццё, і гэты нехта не належыць зямному свету. Свету празрыстага, яснага святла, якога засталося на зямлі так мала...
НАДЗЕЯ КАЛІНЫ
Празрыстага, яснага святла засталося мала. Яго час, час восеньскага святла, мінаўся. Але, напэўна, таму, што быў гэты час апошнім, святло ўспыхвала надзіва ясным, іскрыстым, жывым агнём. Усёй сваёй істотай адчуваў неўр, як разляталіся іскрынкі-лісцікі такога знаёмага полымя лясоў, што калыхаў сваімі подыхамі вецер. А паўз іхняй высокай зубчатай сцяны зелянелі зусім летнія абшары, на якія так тужліва і так трывожна вачыма чалавека-неўра глядзеў ваўкалак. Адчуваў развітальную светлую сілу...
А начамі лес і абшары клікалі сваёй нязведанай далеччу. Падалі на зямлю празрыстыя водбліскі зорак, адкрываючы чарадзею імглісты Шлях Продкаў. І нібы ў душу глядзелі тыя, чые абліччы адбіліся ў водблісках нябеснага святла. Хто, ведаў неўр, не сталі трынаццаццю лепшымі, але былі з ім адзіныя крывёй. Яны ўзнесліся высока, каб сузіраць з нябёс усю зямлю. Бачыць свае сцяжынкі і шукаць сваіх нашчадкаў. Спадзявацца. Верыць. Маліць за сваіх спадкаемцаў духаў стыхій. Гэты вялікі Шлях клікаў, роспачна гукаў ваўкалака, які азываўся з глыбінь свядомасці працяглым, тужлівым выццём. І тады хацелася знікнуць, пайсці ў бясконцае вандраванне. Хацелася ляцець з ветрам, адчуваючы ў вушах яго прарэзлівы свіст. Бегчы і не стамляцца, чуйна слухаючы дыханне зямлі пад нагамі, на святло вечных агнёў. Вецер, зямля і ён, што кожнай кропляй сваёй крыві родны ім. Але не даваў неўр ваўкалаку волі, і той толькі з ціхай марай глядзеў на абшар... Глядзеў і ўсё ніяк не мог наглядзецца.
У сны чарадзея прыходзіла Каліна. Тады клікаў свае чары неўр, спрабаваў прадказаць сваю будучыню. Але чары бачылі толькі схаваны ў смузе няроўны магічны шлях, што магло значыць толькі адно: будучыня залежала ад самога неўра. А Каліна звала. Яе голас гучаў усё мацней і мацней. І перажываў неўр тую горыч і асалоду, тыя надзеі і расчараванні, якія напаткалі невядомую чараўніцу. Няхай неўр не ведаў яе, але магія спагады клікала да той, што стварала самыя вялікія для смяротнага чары. Чары, за якія трэба аддаць жыццё ...Ярка ўспыхвалі гронкі каліны, і гэтак жа ярка зіхцелі для неўра гронкі ўспамінаў, якіх ён асцярожна дакранаўся магіяй. Нашто ты паміраеш, Каліна? А ў адказ нібы адчуваў чарадзей горкі смак ягад у роце. Смак жыцця...
Тады зрываўся ў свой шалёны бег ваўкалак. У абліччы ваўкалака яшчэ больш яркім бачыў чарадзей прамяністае святло, што вялікай, шырокай хваляй сыходзіла ад Каліны. Чырвоныя зоркі гронак, горкі смак. Здавалася, у свеце няма больш нічога, акрамя іх. Каліна была святлом...
Святло адхінала цені небыцця, пазначала шлях у бясконцай, паўсюднай шэрані. Гарчыла роспаччу вялікіх страт, але гэты горкі смак прымушаў змагацца, а значыць — жыць. Ззаду заставалася ўсё больш і больш чорных, пазначаных толькі смуткам, шляхоў. Ён не хацеў змагацца, ён стаў ужо амаль ценем. Толькі спакою і вечнага забыцця, толькі спакою. Але спакою не дае горкі смак... Такі зманлівы, горкі смак каліны...
Ён нібыта цягнуў на вузкі, запарушаны шэрым пылам мосцік. Чарадзей адразу адчуў, як хістка загайдаліся бярвенні. Іх злучала толькі магія, якая была чужой гэтаму свету. Але мост належаў гэтаму свету, належаў небыццю. З цяжкасцю даваўся кожны крок, бо імкнуўся ён пайсці адтуль, адкуль не вяртаюцца. Бачыў чарадзей, як ступаюць на мост тыя, хто ішоў у ягоны бок. З таго свету ў гэты, з быцця ў небыццё... Калісьці і ён так ішоў. Але не памятаў чарадзей таго сумнага шляху. Памяць сцірае вялікі час.
Крок, яшчэ крок. Пагойдваецца пад нагамі цёплае, шурпатае, нечакана знаёмае дрэва. Уроце становіцца нясцерпна горача. Калінавы смак... Калінавы мост... Мост жыцця і смерці. Чалавечай, чарадзейнай, боскай. Нават тых, хто, здавалася б, не мае смерці. Цмокаў, калі іх забівае ўсеўладны Пярун. Чаму ён успомніў пра цмокаў? Для ўсіх аднолькавая смерць. Так зманліва кліча другі бок моста... Яшчэ адзін крок.
Налятае вецер, буран. Адкуль ён у небыцці? Яго не павінна быць. Заціхае няспыннае калыханне бярвенняў, і бачыць чарадзей на другім баку постаць. Аблічча смяротнага, за якім угадваецца бессмяротны. Воін, бог вайны, Пярун. У яго, неўрыдскага чарадзея, няма шанцу ў міжбоі. А Пярун тым часам кажа: «Я цябе ўжо адзін раз забіў, цмок. Але ты, як бачу, бессмяротны. Я заб’ю цябе яшчэ раз, мне няцяжка». Але што гэта? Гэта не яго ўспаміны. Неўр ніколі не сустракаўся з Перуном.
Невядомая сіла падымае неўра ў нечалавечым палёце, што пераадольвае многамнога цяжкіх крокаў. Са здзіўленнем глядзіць чарадзей на свае блішчастыя крылы, што маюць усе нашчадкі Сусветнага. І вось вялікі цмок апускаецца на мост зусім побач з Перуном. Так блізка да другога боку... Ён — цмок. Задзейнічана не падуладная смяротнаму магія, і ён прымае чалавечае аблічча. І няўжо гэта яго такі спакойны голас адказвае Перуну: «Ты не заб’еш мяне ніколі, уладар зброі і маланкі. Ты не ведаеш, наколькі я стаў бессмяротным».
Не, гэта не ён. Ён, смяротны неўр, не можа такога ведаць. Ён не быў воінам, і тым больш не быў такім Воінам, як Пярун. Але ён будзе змагацца. Як супраць тых ворагаў, супраць бога, што заўсёды бласлаўляў вайну і сам быў вайною, роўны ў бітве многім сотням такіх, для каго меч — гэта працяг рукі. «Змагайся, — гаворыць яму нечы голас, — змагайся, і ты пераможаш». Уруках неўра з ’явілася зброя. З лязгатам сутыкнуліся мячы.
Неўр стаяў перад Калінай. Ад яе плыла іскрыстая хваля святла. Дрэва з чалавечай душою, людская чараўніца вялікай сілы ў абліччы каліны. Ён прыйшоў занадта позна. Каліна стварыла незваротныя чары, назаўсёды пазбыўшыся права вярнуць чалавечае жыццё.
Ледзьве-ледзь шапацелі прасветла-шэрыя галіны, лістоў на іх ужо не было. І таму сярод толькі кранутых восенню, яшчэ амаль зялёных дрэў, адзінокая апалая каліна была смуткам і напамінам пра тое, што хутка здарыцца. Напамінам чарадзеям і людзям. Першыя павінны ўсё зразумець, другія толькі паспачуваюць. Але ў сваім спачуванні нават не здагадаюцца, наколькі блізка апынуліся да праўды...
Кратаў вецер мядзяную россып, і, здавалася, успыхвала Каліна алтарным вогнішчам, якое шугала па-над лесам, абшарам, зямлёй. Плыла ў бясконцы шлях, ззяючы горкімі чырвонымі гронкамі. Такімі знаёмымі чырвонымі гронкамі. Горкі смак жыцця...
***
Горкі смак жыцця. Ты вярнуўся да жыцця, а хтосьці з яго пайшоў. Ты змагаўся за гэты свет з багамі, а хтосьці ахвяраваў гэтым светам. Хоць меў наперадзе роўны, доўгі жыццёвы шлях. Мог хадзіць па гэтай зямлі, ствараць свае чары і клапаціцца пра гэты свет, здзяйсняючы сваё наканаванне чарадзея берагчы зямлю. І ніводзін з бессмяротных не заступіў бы шлях. Не пазбавіў бы права зрабіць вялікі дарунак сваёй зямлі, якая так лёгка цябе насіла. Дараваць стваральную магію ў бессмяротнай справе, нязгасную памяць пра сябе гэтаму хуткаплыннаму свету... Пра сваё кароткае смяротнае жыццё, што ўспыхнула яснай знічкай, на імгненне асвятліўшы неба і зямлю, на імгненне засланіўшы магутнасць і веліч бессмяротных. Тваё жыццё не прайшло дарма, твая магія не спала, і ты, чараўнік і чарадзей, дадаў сябе да высокіх адвечных скрыжаляў людзей і багоў... Як я разумею цябе, Дзіў. Цябе, хто бярог кволае смяротнае жыццё болей за жыццё бессмяротнага. Апошні заўсёды паспее... усё, што можна паспець. А жыццё смяротнага так лёгка спыніць, яго не абараняюць ні магутная зброя, ні вялікая магія. І таму ён павінен паспець прынесці тым даражэйшы свету дарунак, што гэты дарунак адзіны. Непаўторны. Незамяняльны. Неабходны, як паветра. Гэты дарунак стварае свет, як ніколі не створаць яго бессмяротныя багі. Навошта ты ўчыніла так, Каліна?
Ці гэта дрэва яму адказала, ці гэта вецер прынёс пакінутыя чары, але чарадзей пачуў. «Час святла мінаецца, неўр. Спяшайся. Ты доўга быў у небыцці і шмат чаго не ведаеш.
Пасля таго, як знікла, захлынуўшыся ў крыві, твая Неўрыда, многае для зямлі аказалася страчаным. Магіяй сталі ўладаць чарадзеі, што былі людзьмі і таму не маглі быць роўныя неўрам. І я таксама з іх роду. Чарадзей, мы ніколі не маглі зраўняцца з вамі, мы не маглі спазнаць вашых таямніц, мы не змаглі зберагчы вашу спадчыну. А вы... вы даравалі свету занадта многа. Вашы дарункі былі дасканалымі, магутнымі і амаль жывымі, з памяццю і ведамі свайго стваральніка. Яны доўга бераглі зямлю пасля вашай смерці. Але нават стварэнні народа чарадзеяў не маглі існаваць бясконца. Ты ведаеш, неўр, што без наступнікаў, якія падтрымліваюць яго сваёй магіяй, дарунак чарадзея траціць сілу. Мы доўга не маглі стаць вашымі наступнікамі. Занадта доўга. І цяпер дарунак вашых вялікіх чарадзеяў, дарунак святла, амаль страчаны. Час святла мінаецца, неўр».
Ствараецца чарамі ласкавае, прамяністае святло. Ужо цяпер іскрыцца ў ім вялікая жыватворная сіла. І са здзіўленнем глядзіць неўр, як сплятаюцца ў немагчыма складаным узоры промні сілы. Скачуць блішчастыя водсветы. «Глядзі ўважліва, вучань, — кажа між тым задаволены голас настаўніка. — Цяпер ты бачыш вялікую магію. Яна яшчэ не скора стане маім дарункам гэтаму свету. Ды і не толькі маім. Але гэта будуць вялікія чары. Памятай, што дарунак кожнага чарадзея — незвычайнае майстэрства яго самога і вялікая міласць духаў стыхій. Твае стыхіі — Зямля і Агонь. Стыхія Зямлі будзе падтрымліваць цябе па праве твайго нараджэння. Уладар Агню таксама з табою. Цяпер табе трэба стварыць сабе Абярэг. Гэта будзе тваім першым крокам у пазнанні высокага майстэрства». «Як мне стварыць Абярэг, настаўнік? — Заклапочана пытае ён. — Як мне злучыць у Абярэгу дзве такія розныя стыхіі?» — «Пра гэта мы пагаворым пасля, вучань. А пакуль што глядзі ўважліва, якія чары ты будзеш падтрымліваць у свой час. Гэта тое, што будзе аберагаць цябе як свайго захавальніка, што будзе патрабаваць ад цябе высокай годнасці і найвялікшага майстэрства. Калі ты зможаш стаць такім, якім належыць быць чарадзею, ты будзеш маім наступнікам».
«Але з пакалення ў пакаленне зямных чарадзеяў перадаецца адно вяшчунства».
***
«З пакалення ў пакаленне перадаецца вяшчунства, што калісьці на зямлю вернецца адзін з неўраў, сын народа чарадзеяў. З тых, хто мог прымаць аблічча звера, ваўка-ваўкалака, адно па сваім жаданні. З нямногіх абазнаных свайго народа, якія ведалі больш за звычайныя чары, стваралі магію самай цудадзейнай зямлі. Ён, народжаны Зямлёй і лесам, спасціг многія таямніцы свету і стаў роўным самому Агню. Ён ад святла і нашчадак святла. Але будзе несці ў сабе боль, скруху, расчараванне, бо прыйдзе адтуль, дзе былі і боль, і скруха, і расчараванне. І створыць ён новую зямлю, імя якой будзе Неўрыда. Вялікую краіну, якую памятаў у жыцці і смерці. Суджана яму тройчы памерці і нарадзіцца, атрымаць вялікую спадчыну і знайсці заклятую Вялікую Кветку, мацнейшую за ягоныя чары», — гучаў непераадольны голас людской чараўніцы. Гучаў упэўнена і пранікнёна, нібы сабраўшы ў сабе магію цэлага жыцця.
Чараўніца Каліна верыла ў тое, пра што казала. Нават у немагчымае, нездзяйсняльнае вяшчунства пра стварэнне новай Неўрыды. Адраджэнне маленькай зямлі чараў, якое таму немагчымае, што яго нельга здзейсніць ніякімі чарамі.
«І пазнае Вялікая Кветка ў ім свайго стваральніка, першага і апошняга, і дасць яму вялікую выратавальную сілу... »
Свеціцца магіяй толькі што створаны Абярэг, які з гэтага моманту будзе дапамагаць крыніцамі магічнай сілы. І ведае неўр, што нічога не скажа пра яго настаўніку. Проста не зможа сказаць. Таму што такія Абярэгі ствараюцца адзін раз і на ўсё жыццё. Неўр сам не ведае, як так атрымалася. Ён, як і трэба, знайшоў дрэва, дух якога пагадзіўся стаць ягоным ахоўнікам. Закляў стыхію Зямлі. Паклікаў уладара Агню. Ужо рыхтавалася патрэбная магія, калі здарылася гэта...
«...якая запатрабуе яго жыцця ў апошні раз. І не зможа ён перамагчы сваю смерць, калі толькі не... »
Гэта было зацятае змаганне двух бессмяротных, якое па законах чараў і магіі аднаго з іх пазбаўляла жыцця. Усемагутны Грамаўнік, які, ведаў чарадзей, не вельмі прыкмячаў неўраў, змагаўся з такім жа ўсемагутным Першым уладаром неба. Цмокам. Нашчадкам Сусветнага. Вялікім воінам, роўным ва ўсім самому Перуну.
Ён ніколі не забудзе гэтай бітвы. Узмоцненыя няскончанымі чарамі слых і зрок лавілі ў небе тое, што не чуў і не бачыў неўр да гэтага ніколі. Вось падае Перуноў агністы меч на цмока, але ўхіляецца той, прымушаючы Грамаўніка праваліцца ў свой удар. І сам нападае на бога, выпусціўшы доўгі слуп знішчальнага агню. Захіляецца Пярун ад агню шчытом, і скаланае неба і зямлю грукат ягонага мяча, які сутыкнуўся з мячом цмока ўжо на зямлі.
«...зберажэ яго сіла Абярэга, якая прыйдзе неспадзеўкі для яго самога, што ведае і не ведае пра яе, памятае і не памятае...»
Меч Грамаўніка сустрэў меч цмока, і бачыць са здзіўленнем неўр, што абодва яны прынялі зусім людскія абліччы. Пярун, як і трэба было чакаць, удаўся высокім, каржакаватым воінам сярэдніх гадоў з чорнай барадой. А вось цмок, не паверыў сваім вачам неўр, зусім маладым хлопцам, статным і светлавалосым. Зліваюцца ў нешта суцэльнае, незразумелае імклівыя росчыркі іхніх мячоў.
«...і даруе Кветка шчасце за пакуты яго. Верне зямлі вялікае святло, таму што не могуць не вярнуць святла чары веры, надзеі і памяці», — змоўкнуў голас чараўніцы Каліны. Ярка пыхнулі гронкі дрэва, даруючы свету астатнія кроплі святла.
«Ты зноў мне прайграў, цмок», — падае ўдар Перуновага мяча на чалавека-цмока. Але немагчымым намаганнем зноў — каторы ўжо раз — ухіляецца ён ад прамога, смяротнага ўдару. «Шкада, цмок, ты не падобны да сваіх братоў. Ты ўжо амаль роўны мне. Амаль роўны. Алероўным не станеш ніколі». Падае Перуноў меч. Падае апошніраз, не сустрэўшы ніякай перашкоды. І гатовы неўр паклясціся, што на імгненне, на нейкае маленькае імгненне, ён убачыў, як вусны пераможанага кранула ўсмешка. Спакойная, упэўненая, мудрая. «Смяешся, паганы ўладар неба. Смейся, смейся. Ніхто не дапаможа табе, ні бог, ні смяротны. Зараз ты памрэш, не паспеўшы ні звярнуцца да бессмяротных багоў, ні стаць Абярэгам смяротнага. Памрэш апошні раз і назаўсёды». А ў адказ — толькі светлая, заспакоеная ўсмешка. Як ты можаш быць такім мужным, нашчадак Сусветнага? Як у цябе хапае такой выключнай дзёрзкасці? Як магчыма трываць зноў і зноў балючыя ўдары Перуновага мяча?
— Ты ўратавала мяне ад небыцця, Каліна? — сам неўр ужо не сумняваўся, што гэта так.
— Нават бессмяротныя не могуць такога рабіць, ая толькі людская чараўніца. Я бласлаўляю цябе. Знайд зі сваю Кветку, чарадзей. Не зрабі марным мой дарунак гэтаму свету. Знайдзі Вялікую Кветку Неўрыды, якая стала дарункам краінычарадзеяў усёй зямлі. І стане тваім дарункам...
Пярун даўно пайшоў, палічыўшы сваю справу скончанай, калі неўр нарэшце адважыўся падысці да таго, хто ляжаў на зямлі. Да забітага цмока, які ўжо перастаў быць уладаром неба. У гэтым законы Сусвету аднолькавыя для ўсіх бессмяротных і суровыя да пераможаных. Немагчыма, але цмок быў яшчэ жывы. У ім трапятала апошняя іскрынка жыцця, якая трымалася невядома якой воляй. Але хутка і яна павінна адляцець, адысці за Калінавы мост, які пераходзяць аднойчы ўсе смяротныя. І бессмяротныя. Былыя бессмяротныя.
Неўр нахіліўся над паміраючым. Той неадрыўна глядзеўу высокае, сіняе неба, якое ён бярог безліч гадоў бессмяротнага жыцця. Якім ён уладарыў нароўні з багамі і за якое змагаўся. За якое цяпер паміраў. Немагчыма, але за нейкую хвіліну неўр спасцігнуў горыч паражэння, смутак страты бессмяротнага жыцця і бязмежную любоў да сіняй далі, якія валодалі душой нашчадка Сусветнага. Ясныя пачуцці, зусім чалавечыя. Той, каго запаветы цяперашніх багоў называлі пачварай і хціўцам, неадрыўна глядзеў у сіняе неба, нібы хочучы забраць яго з сабою. Неба, дзе ён так шчасліва лётаў. Неба, дзе кожны вецер быў ягонай душой. А таму і цяпер ён заставаўся ўладаром неба, не роўным багам, але лепшым за іх.
Неўр ведаў, што ён рабіў. Але ведаў таксама, што ніколі і нікому не раскажа пра гэта. І асабліва свайму настаўніку. Неўр дакрануўся да чалавека-цмока, прыўзняўшы яго галаву. Позіркі сустрэліся. Неўраў, спачувальны і засцярожаны, і цмокаў, пакутлівы, мудры і крыхураўнадушны. Быўупэўнены, што нічога не зможа зрабіць смяротны. І не спадзяваўся. Памыляешся, нашчадак Сусветнага. Табе не спазнаць людской утрапёнасці і веры.
— Будзь маім Абярэгам, Першы ўладар неба, — адно ціха прамовіў неўр.
Вусны таго, да каго ён звяртаўся, кранула ўдзячная, такая знаёмая ўсмешка.
СПАДЧЫНА НЕЎРА
Такая знаёмая ўсмешка святла клікала на дапамогу. Чарадзейным, бачным толькі для магічнага зроку, святлом было заліта ўсё навокал. І хоць не здаваліся яшчэ светла-іскрыстыя чары, але неўр ведаў, што час святла няўмольна мінаўся. Неўр ішоў далей, у нязведаны шлях, з сумам пакінуўшы Каліну. Барвянае ў сваёй іскрыстай, неўтаймаванай чырвані, паціху заходзіла над зямлёй сонца. Ягоныя нябачныя промні развітальна краналіся ўсяго, што жыло на гэтай зямлі. Краналіся і цёмных ялін, што засталіся дзесьці далёка-далёка, у пачатку неўравага шляху. Шляху чараў, які пакуль што хаваўся ў смузе нязведанага. Гэта казала неўру пра тое, што ўсё наступнае пакуль залежыць толькі ад яго.
Промні сонца падалі на парослую густой травой сцежку пад нагамі неўра, што хавала ў сабе нязгасныя сляды людскіх чараў. І рабіліся гэтыя сляды пад жыццядайным святлом то засохлымі калючымі, жорсткімі купінамі травы, то ярка-зялёнай, трапяткой і ласкавай рунню, што не ведала пра змярканне і таму радасна і аддана вітала сонца. Бачыў неўр, як цягнуліся маладыя парасткі да аслаблага сонца, чакаючы ад яго ўсходу, дапамогі і жыцця. І, бадай, толькі ён адзін ведаў, што гэтыя добрыя ўчынкі людскіх чарадзеяў ніколі не змогуць атрымаць свайго законнага працягу. Таму што час святла мінаўся. А жорсткай траве было ўжо ўсё роўна, яна не ведала далейшага жыцця і не спадзявалася на літасць.
Гарачыя, ласкавыя промні святла зніклі ў асмужанай шэрані, што раптоўна паўстала перад неўрам, зацінаючы яму шлях. Там, падказвалі выкліканыя чары, было шэрае аднастайнае неба, якое злівалася з яшчэ больш аднастайна-шэрай халоднай зямлёю. Там лятуць шолахі ветру, кратаючы адно толькі парослыя абапал шляху, высахлыя галінкі быльнягу. Там калышацца ў сумётах чорная лістота, што не мае памяці. Там толькі шэрань... Там толькі пустэча... Там толькі адзінота...
Неўравы чары пранікалі ўсё далей і далей. Пакуль нарэшце не напаткалі ціхую іскрынку святла, што лучылася мудрасцю і спакоем. І не мог сказаць чарадзей, каго адшукала пасланая далёка наперад магія. Хто мог валодаць такімі чарамі, вытрымкай і мэтай, што змог жыць у гэтым шэрым свеце. Але тая істота чакала... Чакала таго, хто здолее здзейсніць чарадзейства, якое б пераўзышло шэрань створанага невядомымі чарамі свету. Чакала таго, у каго хопіць мужнасці і веры перайсці страшную мяжу. Неўр амаль не вагаўся. Ён паклікаў магію, якую даўно не бачыў гэты свет, і імкліва пайшоў наперад.
Ён перайшоў мяжу і трапіў у сіні дзень, пра які не папярэджвалі чары. Да непазнавальнасці змяніўся вакольны свет. У густым паўзмроку патанала тое ж неба, цьмянай і шэрай зрабілася тая ж зямля. Нібы ўяўныя згусткі змроку плылі навокал, усё атуляючы сабою, нагадвалі чарадзею такое знаёмае небыццё. І ўсё ж гэта не магло быць небыццём, таму што была магія сіняга дня рукатворнай. Той, хто стварыў гэта, быў магутным, як Першы Неўр, мудрым, як Сусветны Змей, непрадказальным, як Дзіў. Ён змог задзейнічаць людскія чары, падначаліць сабе духаў усіх чатырох стыхій і ператварыць сілу небыцця. Хто ж ты такі, што стварыў сіні дзень?
— Але я не вяртаўся адтуль. Падыдзі да мяне, я хачу бачыць таго, хто спазнаў небыццё, — ціха, але настойліва прашалясцеў голас. І яму немагчыма было пярэчыць.
Са здзіўленнем убачыў неўр, што кожны крок у гэтай прасторы становіцца чарамі, якія пераносяць яго далёка наперад. Тут, дзе ўжо не было дня, але не настала яшчэ і ноч, на хісткай і небяспечнай мяжы, мусіў ён крочыць па пройдзеных людскімі чарадзеямі магічных шляхах. З кожным крокам змянялася прастора, і пазнаваў неўр людскія страты і радасці, перажываў іх, як свае. Цуд усёй смяротнай і бессмяротнай магіі, сіні дзень. Ён клікаў надзеяй нераскрытых таямніц, песняй вартых скарбаў, якія былі зусім побач. У адным адчайна-рашучым кроку. Нібы ўвачавідкі назіраў чарадзей набліжэнне зорнага сонца ўсёй Неўрыды... Свет стане лепшым. Цяпер абавязкова стане. І навошта было звацца моцным неўрыдскім чарадзеем, які мог ствараць чары спадчыннай, крэўнай памяці? Не, не трэба... Тыя, хто прайшоў тут раней, не дайшлі якіх паўкроку. Але яны пакінулі ў спадчыну мэту, да якой вялі сляды іхніх чараў. Яны клічуць здоўжыць шлях пошуку, трывожныя і вечныя сляды.
Магія невядомага і непрадказальнага завалодала ім, прымусіўшы змоўкнуць яго ўласную. І стаў цяпер неўр адным з людскіх чараўнікоў, слабыя чары якога падтрымлівала толькі трапяткая сіла яго душы. З цяжкасцю даецца кожны крок, нібы там, на Калінавым мосце. Не можа людская магія пераадолець таго, чаго ёй пераадолець не наканавана. І з кожным крокам набліжаецца чалавек да Калінавага моста, па кроплі аддаючы сваю душу чарам. З кожным крокам бліжэй і бліжэй незваротнае, якое ніколі не зможа пераадолець смяротны. Не цёмны сіні дзень. Так пяшчотна раскрывае свае абдымкі шэрань, абяцаючы збавенне ад пакутаў і спакой. І, здаецца, праменіцца сіняе святло, у водблісках якога патанае зямля і неба. Сіняе, светлае, празрыстае. Крок, яшчэ крок. У абдымкі сіняга святла. Ціха пакалыхваецца Калінавы мост пад нагамі.
Невядомая сіла ўзрывае на мірыяды маленькіх іскрынак неўраву свядомасць. За спінаю з ’яўляюцца блішчастыя крылы, па якіх пазнаюццаўсе нашчадкі Сусветнага. Нечаканаўруках неўра з ’яўляецца зброя. З лязгатам сутыкаюцца мячы. Невядомая сіла прымушае неўра сустракаць гулкія Перуновы ўдары, ухіляцца і падаць, прапускаючы над галавою знішчальны блішчасты меч і ў сваю чаргу заносіць над богам зброю, імкнучыся прабіцца праз яго шчыльную абарону. Гэтая сіла прымусіла знікнуць усе думкі, акрамя адной: ёсць толькі змаганне, дзе слабы памрэ, а моцны — будзе жыць. Не думаць, змагацца. Не думаць, адкуль ён, смяротны, ведае, што зараз зробіць лепшы воін Сусвету. Не думаць, як ён, хто ніколі не ўмеў трымаць у руках зброю, змог прымусіць самога Грамаўніка сысці ў глухую абарону. Толькі змагацца. Ужо не кіруе ім невядомая сіла, а становіцца існасцю яго, раскрываючы ў гэтым змаганні сваё вялікае майстэрства валодання зброяй, якое ніколі не спасцігнуць неўру. Ухіліцца, паймаць Перуновы меч на свой, даць бессмяротнаму найглыбей праваліцца у свой удар, і, вокамгненна крутануўшы зброю, ударыць самому... Каб дасягнуць мэты.
— Я Свеціч з роду Свецічаў, я апошні чарадзей Вялікага Кола, я апошні неўр ахвяраванага табой народа. І мы не размінёмся на маім Калінавым мосце.
Доўга не азываўся паранены Грамаўнік, глядзеў на неўра, свайго пераможцу. Глядзі-глядзі, бессмяротны. Я сапраўды апошні з пакінутых багамі і табою, Пярун. Я паўстаў з небыцця. Што мне да вас, багоў. Не мне папракаць вас у жорсткасці, таму што папракаць — гэта значыць верыць. Апошні Свеціч, апошні чарадзей, апошні неўр, я ведаю пра вас усё і я не веру ў вас. Вашу боскасць, літасць, мудрасць. Іў жорсткасць. Вы толькі абыякавыя ў сваёй уладарнасці, вы толькіраўнадушныя ў сваёй барацьбе за лад і парадак. Мне сапраўды няма чаго губляць. Ія буду верным сабе. На гэтым баку моста ці на тым.
— Будзь ты пракляты, паганы цмок, — толькі і сказаў Грамаўнік, пакідаючы мост.
Невядомая сіла пераадольвае прастору сіняга дня. Лёгка і хораша ляцець у паветры. Вялікая магія нашчадка Сусветнага праганяе змрок. Зніклі невядомыя чары, і тады чарадзей убачыў таго, хто стварыў сіняе небыццё.
***
Чарадзей убачыў таго, хто стварыў сіняе небыццё. Але гэты не меў ні магутнасці Першага Неўра, ні мудрасці Сусветнага Змея, ні непрадказальнасці Дзіва. Ён быў мацнейшы за ўсіх. Таму што гэта быў ягоны брат, вучань яго настаўніка. Неўр.
— Адкуль ты тут, брат мой? — ціха прашаптаў неўр з роду Свецічаў.
Але маўчаў у адказ ягоны брат, толькі з жахам узіраўся ў Свецічаў твар, нібыта глядзеў і не пазнаваў, бачыў і не мог убачыць. Клікаў да сябе магію сіняга дня, робячы з яе моцныя абарончыя чары. Маўчаў і Свеціч, усё больш разумеючы пра таго, з кім звёў яго шлях. І ніяк не мог спасцігнуць: як гэта здарылася з такім, як ён, з чарадзеем, неўрам. Цяпер жа Свеціч мог толькі асуджальна глядзець на таго, хто страціў сваю волю і стаў адно цацкай у руках багоў. Яны падпарадкавалі яму вялікую магію, якою неўр не ўладарыў. Не мог уладарыць. Толькі выконваў волю бессмяротных: прыцягваць чарамі ўсіх тых, хто меў замнога дзёрзкасці і надзеі. На самога сябе і свае чары. А не на магутнасць багоў. Такі, утрапёны і смелы, рана ці позна прыходзіў сюды. І пераходзіў мяжу, як і ён, Свеціч. Таму што бачыў боль і пакуты, якія нельга было не ўбачыць, бо чары заўсёды бачаць сапраўднае. І, дапамагаючы, чарадзей хутка сам трапляў у палон чараў сіняга дня: боль, раздзелены з неўрам, якога трымала на мяжы жыцця і нежыцця магія бессмяротных, быў занадта вялікі для любога смяротнага і пасылаў таго за Калінавы мост, адкуль ужо не было вяртання.
— Колькіх ты забіў, брат мой? — ціха прашаптаў Свеціч, які ўжо зразумеў, што не зможа вызваліцца з гэтай так старанна падрыхтаванай бессмяротнымі пасткі. — Колькіх адправіў за Калінавы мост?
Неўравы чары пацягнуліся да Свеціча. Але той нават не імкнуўся абараніцца. Багі ўсё ведалі. Сорамна, што яго так лёгка прадбачыць. Ён не мог змагацца супраць таго, хто быў ягоным братам. Бязвольнай цацкай, што мусіла выконваць волю бессмяротных, але братам. Забойцам лепшых і невінаватых, ды адзіным па крыві.
І тады невядомая сіла ўзнялася з нетраў свядомасці таго неўра, што быў Свецічам.
— Я не брат твой, не чакай ад мяне літасці, — спакойна прамовіў ён. — І я не дазволю забіць табе твайго брата, як ты забіў многіх іншых, адзіных па крыві. І не толькі адзіных.
— Я не забіваў сваіх братоў, гэта зрабілі багі.
— Тваімі рукамі. Ты ведаеш законы магіі. Ты мог не рабіць тое, што рабіў. А ты дапамог ім упадобіцца Дзіву.
— Што ты можаш зразумець у законах магіі смяротных, жорсткі вораг Перуна... У цябе нават няма сваёй душы, ты жывеш душой майго брата.
— Дык адпусці яго, не забівай. Ведаеш, неўр, амаль у кожнага з іх была такая ж вялікая душа. Здольная дараваць свой свет іншаму. Таму, у каго гэтага сапраўды не было. Не па праве выбару, як у цябе. Па праве нараджэння.
— Ты бачыш сляды магіі смяротных? Мой брат вялікі чараўнік. Ён здолеў дараваць табе... зямное быццё.
— Не, проста многа зямлі і неба, неўр. Многа чалавечых пачуццяў, якіх раней я не мог зведаць. І цяпер я маю сваю душу, свой смяротны свет, які адмаўляе смерць і здраду. Я спазнаў законы магіі смяротных.
— Я не магу зберагчы жыццё майму брату. Ты ведаеш, што з гэтай пасткі няма ратавання.
— Гэта толькі вартая жалю падробка пад Дзіваву непрадказальнасць, яго боскую непаслядоўнасць. Пад чалавечую глыбіню пачуццяў і чараў. Яны ўзялі ў цябе тое, што ніколі не мелі самі. І гэта па-ранейшаму ім не належыць.
— Табе не зразумець, нашчадак бессмяротнага, як хочацца жыць.
— У цябе ўжо няма жыцця, неўр. Яго не стала, калі ты толькі згадзіўся на гэта. Ты, які бачыў світанне Неўрыды, доўга быў амаль у небыцці і не ведаеш, што тваіх братоў знішчылі гэтыя самыя багі.
— Мае браты не нашчадкі Сусветнага. Іх не могуць знішчыць багі. Багі — твае ворагі, але не нашы.
— Багі знішчаюць усіх, хто можа калісьці стаць больш мудрым, чым трэба смяротнаму.
— Багі зберагаюць адвечны лад, без якога парушыцца свет.
— Значыць, ты забіваеш сваіх братоў толькі таму, што яны былі крыху лепшыя за іншых. Больш сталыя. Больш літасцівыя. Больш мужныя. У чым яны былі вінаватыя, неўр?
— Я прынёс дарунак сваёй Неўрыдзе.
— Каб паскорыць яе змярканне, якога ты, на шчасце, не бачыў.
— Табе лёгка казаць. Ты сам роўны багам. А што мог зрабіць я, смяротны... Толькі падпарадкавацца іх волі.
— Цябе ніхто не мог змусіць рабіць тое, што ты рабіў.
— Дапамажы мне, нашчадак Сусветнага. Я шукаў свайго Дзіва. Дапамажы мне, як ты дапамог майму брату.
— Я не стану тваім Абярогам, неўр. Любы смяротны павінны быць вартым.
— Я варты. Ты не ведаеш, што за таямніцу мне ўдалося захаваць. Каб дазналіся пра яе бессмяротныя багі...
— То знішчылі б цябе на месцы. Яны ведаюць, неўр. Яны ведаюць. І дазваляюць табе зрабіць тое, што ты маешся зрабіць.
— Як гэта можа быць. Ніхто не ўладны над маімі думкамі.
— Ты іх цацка, неўр. Ты цацка ўсіх бессмяротных. Хочаш, скажу, пра што ты думаеш? Дык слухай. Тым, хто падпарадкаваўся багам, толькі здаецца, што яны па-ранейшаму самастойныя. Самі распараджаюцца, самі выбіраюць на шляху чараў. Чым яны замовілі цябе, неўр, калі прымалі тваю службу? Ці не замовай крыві? Яны ведалі, што рабілі. Калісьці, калі я быў яшчэ адзіным уладаром неба, я спазнаў ваш народ. Вашых продкаў, што толькі заснавалі Неўрыду і імкнуліся зрабіць яе прыгожай і велічнай. Тады лепшыя з вашых чараўнікоў прыходзілі да мяне. Ты ведаеш, неўр, але наўрад ці ты здольны спасцігнуць сэнс гэтых чарадзейных слоў: «Кроў адкрые магутнасць, кроў дасць мудрасць, кроў зберажэ вартых». Я бачу, што ты цяпер адчуваеш. Ваша легендарная таямніца запэўнівае: гэтыя словы сказаў першым чарадзеям Вялікага Кола Сусветны. Сказаў і надзяліў сілай, зрабіўшы іх чарамі для кожнага неўра. З таго моманту любы з вашага народа мог звяртацца да сілы і мудрасці сваіх кроўных родзічаў, якія заўсёды прыходзілі на дапамогу. Слаўныя трынаццаць продкаў, лепшыя чарадзеі народа чарадзеяў. Памяць пра іх стала для вас нечым большым, чым звычайным ушанаваннем. Вы не проста памяталі тых, хто годна жыў і варта пайшоў з жыцця. Вы не проста зберагалі здабытую імі мудрасць. Вы заўсёды знаходзіліся побач з імі, карысталіся іх ведамі, як сваімі. Калі стаялі ў бітве, то побач з кожным з вас нябачна было трынаццаць вялікіх, якія трымалі ў сваіх руках магію крыві. Вялікую магію, што дазволіць доўга не загінуць вартаму нашчадку нават там, дзе ўсеўладныя толькі Пярун і Чарнабог. Калі чаравалі, то маглі звяртацца да мудрасці трынаццаці абазнаных, кожны з якіх памятаў скарбы свайго часу не як легендарную показку, а як сапраўднасць. Так, кожны з трынаццаці вечна жыве ў сваім часе, і толькі тыя, хто не сталі волатамі вашай мудрасці, велічы і славы, пайшлі на Шлях Продкаў, значаць змену пакаленняў. Далей не буду казаць, далей усё вядома. І пра тое, што кожны неўр лічыць сябе абавязаным нашчадку Сусветнага, і нават пра тое, што пазней неўраў сталі называць народам Першага ўладара. Я калісьці прамовіў тыя словы, неўр, але я не ствараў твой народ. Я толькі раскрыў тое, чым надзяліў неўраў свет. Сіла крэўнай сувязі знітоўвае род, робіць яго адным, магутным чалавекам. Мудрым чалавекам, які не стане цацкай у чыіхсьці бессмяротных, але не годных справах. Нават выступаючы супраць волі ўсеўладных багоў, ён застанецца вартым. Такога чалавека амаль немагчыма падпарадкаваць, падмануць, прымусіць. Ён становіцца амаль што роўным бессмяротным багам. Ты хочаш спытаць, неўр, ці прадбачыў я тады, што калісьці маё валадарства скончыцца, ці не імкнуўся я пакінуць на зямлі моцны народ чарадзеяў, які будзе не рады новым багам? Я не мог не прадбачыць, што калісьці маё валадарства скончыцца. Але паўтаруся: я не ствараў твой народ. Калі вы прыйшлі да мяне, вы ўжо былі мудрыя. Вы ўжо мелі вялікую крэўную сілу. І я рады, што ў маім свеце жылі твае родзічы: яны рабілі гэты свет ясным і годным. А цяпер адкажы мне неўр, чым цябе замовілі? Ці не адрокся ты ад дапамогі продкаў? І стаў слабым, нават не чалавекам, адсечаным кавалкам, які будзе выконваць любую, любую волю сваіх уладароў. Ты не верыў, што гэта замова пазбавіць цябе сілы, якая стала тваім дыханнем, думкай, пачуццём? І цяпер ты не можаш зразумець, як так здарылася: ты жывы, а не маеш таго, што заўсёды меў. Што, быў упэўнены ты, можаш страціць толькі за Калінавым мостам. Мае наступнікі ведалі, што рабілі.
— Дапамажы мне, Сусветны. Япамру замест яго...
— Чаму раптам?
— Ён Светлы. Дзеля святла...
—Дзеля святла. Успомні, як ласкава бруіліся Нараў, Гарынь і Ясельда. Як лёгка калыхалі цябе іх празрыстыя хвалі. Як глядзеліся ў іхняе люстэрка высокія яліны. Як зусім не балюча краталі цябе іглістымірукамі...
***
«Успомні, як ласкава бруіліся Нараў, Г арынь і Ясельда. Як лёгка калыхалі цябе іх празрыстыя хвалі. Як глядзеліся ў іхняе люстэрка высокія яліны. Як зусім не балюча краталі цябе іглістымі рукамі», — шаптаў Свецічу невядомы голас. І ведаў неўр, што гэты, каму належаў голас, памятаў яго Неўрыду. Невядомы разумеў яго пачуцці, адчуваў, як уласныя, яго ўспаміны. Невядомы сапраўды памятаў, як неадступна кліча да сябе хуткаплынны Нараў, як ціха-ціха адзываецца ледзьве чутным плёскатам Гарынь, як вялёсай песняй струменіцца Ясельда. Невядомы ведаў, якія пачуцці перажывае чарадзей. Успаміны плылі роднымі рэкамі, неслі, як жыццё, твары і постаці тых, хто нават для Свеціча заўсёды будуць чыстымі вытокамі святла. Г этыя ўспаміны прайшлі з ім праз небыццё. Подых смерці зрабіў іх цьмяна-трывожнымі, аддалена-сінімі. Як гэты дзень, што быў рукатворным небыццём і развейваў многія сапраўдныя пачуцці. Яго пачуцці, Свеціча. А замест іх насылаў свае, якія пазбаўлялі чарадзея волі. Не было ў гэтым прымусу. Проста той, хто спачувае іншаму, той, хто радуецца за іншага, той, хто сумуе па-іншаму, той, хто абяцае працягваць справу іншага, не будзе адчуваць насланых чараў. Ён побач з іншым, ён з іншым адзінае цэлае, яны разам. Яны браты, іх з’яднаў асмужаны ў сваёй далечы магічны шлях.
Але было ў гэтым такое падабенства сіняга небыцця да сапраўднага, чорнага і бясконцага, што неўр сумеўся. Сапраўднае небыццё адбірае памяць, разрывае сувязі з родам, робіць чалавека слабым, як адсталая ад чарады птушка, і нязначным, як маленькая пясчынка. Толькі пасля гэтага чорнае небыццё можа паглынуць смяротнага. Тады, на Калінавым мосце, ён, Свеціч, аддаліў сваё небыццё. Сіні дзень не быў сапраўдным небыццём, але Свеціч толькі цяпер зразумеў, што з самага пачатку рабіла магія гэтай прасторы: спакваля насылала на чалавека сон. Не аднастайным, не сумна шэрым здаваўся смяротнаму вакольны свет. Ён нават быў прыгожы, свет сіняга дня. Ён быў поўны трывожных, жывых пачуццяў іншых чарадзеяў, якія калісьці тут былі. Тут была спадчына іх дасягненняў і памылак. Тут быў шлях, багаты на чарадзейныя сляды. Ён прапаноўваў адкрыць вялікія таямніцы і зрабіць вялікі дарунак свету. Большы за той, што меўся зрабіць чарадзей. Шлях прапаноўваў мудрасць і веды, якія можна прынесці сваёй зямлі, калі ты толькі... толькі пойдзеш па гэтым шляху. Ён не быў страшным шляхам у нябыт, ён загадваў верыць у свае ўласныя сілы. Ён ставіў перад чарадзеем мэту, ад якой нельга было адмовіцца. Таму што кожны носьбіт чараў імкнецца здабыць вялікую мудрасць і зрабіць найгоднейшы дарунак свайму свету. Зямлі, што яго стварыла, даўшы вялікую здольнасць ствараць самому.
Бачыць вялікую мэту чарадзей, і засынае ў яго свядомасці самая моцная, самая выратавальная магія, магія сілы яго роду. Немагчыма такія чары знішчыць, немагчыма абысці. Але тут той, каго дакранулася сіняе небыццё, сам адмаўляецца ад іх. Далей быў толькі адзін крок. У сапраўднае небыццё. І ён, Свеціч, ледзь не зрабіў яго. Але тыя неўры, чые пачуцці ён спазнаў, зрабілі. Яны пайшлі па гэтым шляху, сталі звычайнымі людскімі чарадзеямі і ўзышлі на Калінавы мост.
Збераглі неўра Свеціча ўспаміны. Яны сталі яркімі, моцнымі і трывалымі. Нібы побач быў яго брат, які адчуваў тое ж, што і Свеціч. Яны абодва ўглядаліся ў люстраную плынь, і Свеціч ведаў, што думае яго брат, а той ведаў, што думае Свеціч. Свеціч нібыта плыў па рацэ пачуццяў, якія належалі таму, хто быў з ім адзіны крывёй. Абуджалася, бруілася выратавальная магія, якая адвеку была самай моцнай для неўраў. Голас гучаў, здаецца, у нетрах свядомасці, запаланяў усе думкі і пачуцці ўспамінамі. І здавалася неўру, што ён дзесьці чуў такі знаёмы голас.
— Я забіў многіх, мой брат. Многіх братоў адправіў дачасна за Калінавы мост. Яны былі не вінаватыя. Ты правільна здагадаўся, брат. Годныя, яны хацелі адно толькі мудрасці і ведаў, якія б даравалі гэтаму свету. Я ведаю гэта, як ніхто. Гэты шлях я прайшоў самым першым. Многія пайшлі па гэтым шляху пасля мяне. Я радаваўся, што ўжо даўно ніхто да мяне не прыходзіў. Ты прыйшоў, мой брат... я зайздрошчу табе, нават калі ты застаўся апошнім, калі страціў усіх і перажыў змрок небыцця... Цяпер багі мне даруюць літасць няпамяці. Забудзь пра сіні свет. Успамінай яго толькі як сон. Але памятай, што сапраўдную спадчыну глыбокай мудрасці, якую адкрывае ўласная годнасць, майстэрства, смеласць, неўр можа здабыць адно са сваім родам.
***
«Сапраўдную спадчыну глыбокай мудрасці, якую адкрывае ўласная годнасць, майстэрства, смеласць, неўр можа здабыць адно са сваім родам», — прамовіў неўр Свеціч, абудзіўшыся ад сну. Ён быў яркім і кароткім, гэты сон пра сіні свет. Неўр не адпачыў пасля яго. У свядомасці мроіліся ўбачаныя вобразы, а ўласная магія адгукалася балючым, шчымлівым плачам. Нібыта ў сапраўднасці неўр змагаўся за тое, каб зноў не трапіць на Калінавы мост. І адкуль гэта такі знаёмы голас, што кажа пра сілу роду, якая здабываецца адно цеснай крэўнай повяззю родзічаў? Адкуль спакойны і мудры яго ўладар, што змог існаваць у рукатворным небыцці, ведаў пра таямніцу неўраў? Сам быў неўрам? Толькі так. Ягоны народ умеў хаваць і зберагаць свае таямніцы. Значыць, ён, Свеціч, не адзіны і не апошні. На гэтай зямлі і пад гэтым небам ёсць яго брат. Ну і што, што знаходзіцца той у рукатворным небыцці. Ён жа сам вярнуўся з небыцця. Не з сіняга свету, з сапраўднага. Мабыць, вернецца і той з шэрані смутку. Галоўнае, што цяпер ён не адзін.
Але які сапраўдны сон. Сон пра сіні свет. Неўр раней ніколі б не паверыў, што можа быць хоць бы і бессмяротнымі створана такое небыццё. Свеціч засяродзіўся, намагаючыся ўспомніць усё да драбніц. Так, пераходзячы мяжу, ён паклікаў свае чары. Але вось далей, далей... Квяцістыя, прыгожыя краявіды. Сіні золак чарадзейнага сонца. Сіні, трапяткі дзень. Ён нібыта глядзіць на свет вачыма людскога чарадзея, адчувае яго думкі, перажывае яго пачуцці. Такі зманлівы сіні дзень, столькі ён хавае таямніц вялікай магіі. Раскрый іх, даруй свету, і свет стане лепшым. І не ведае чарадзей, што вядома неўру Свецічу, сыну вялікага народа чараўнікоў. Свет робіць лепшым не раскрытая таямніца. Свет робіць лепшым не створаная магія. Свет робіць лепшым нават не сам дарунак гэтаму свету любога чарадзея. Свет робіць лепшым сам чарадзей, які сваёй воляй аддаў часцінку сваёй душы гэтаму свету.
Аддаў, стварыўшы чары, раскрыўшы таямніцу, ды ці мала яшчэ як. Але ўвасобіў сваю радасць і дабрыню, свае надзеі і імкненні, свае лепшыя жаданні ў гэтым свеце. Людскі чарадзей, зрабіўшы такі дарунак гэтаму свету, цяпер будзе не слабейшым за неўра-чараўніка. Таму што вялікую радасць і дабрыню пасылае ён у гэты свет. А гэтыя пачуцці ствараюць магію. Складаную, непрадказальную, немагчыма цяжкую для самога чарадзея, але магію. Вялікую магію. Тым мацнейшую і вялікшую, чым большай і лепшай была адданая часцінка душы яе стваральніка. Спрадвеку кожны неўр бярог сваю душу, таму што трэба было пакінуць спадчыну. Стаць адным з годных, адным з трынаццаці. Ведаў: аддай занадта многа, і ты сам знікнеш, станеш тым, дзеля чаго аддаў. Зямлёй, паветрам, вадой, агнём. Возерам, дрэвам, валуном. Нават не людскім чарадзеем, звычайным смяротным. А людскі чарадзей дараваў сябе цалкам, таму што яго ніхто і ніколі не чакаў. Ну і каго цяпер назваць народам чарадзеяў...
Нестрывальны боль апякае твар. У чорным небыцці знікае амаль адданы дарунак. Дарунак, які так і не атрымала яго зямля. Не слухаюцца ўласныя чары. Дранцвее свядомасць. Захлынае небыццё. Не сіняе, але сапраўднае. Што гэта? Людскі чарадзей забіты. Кім і навошта? Як так магло атрымацца?.. Не веру, не можа быць. Дзеля зямлі і неба, навошта, мой брат?! Якім багам ты прынёс такую ахвяру? Неўр цягнецца да сваіх успамінаў, спрабуючы магічна абудзіць памяць. Квяцістыя, прыгожыя малюнкі. Яны і толькі яны. Маўчыць, стаміўшыся як ад вялікага цяжару, уласная магія. Адкуль жа, адкуль такі знаёмы голас...
Парослая густой травой сцежка хавала ў сабе нязгасныя сляды людскіх чараў. Неўр ляжаў на сцежцы і глядзеў на захад сонца. Ён не мог паверыць, што хтосьці тут ішоў у апошні раз. Знікла з абшараў зямных рукатворнае небыццё. І была навокал толькі зямля, якой не ставала святла. Барвяна-іскрыстае, знікала сонца, плылі лёгкія празрыста-ружовыя аблокі, ападалі і ўздымаліся пад уздыхамі ветру травы. І лавіў чуйны слых чарадзея ў гэтых лёгкіх павевах такую мілую і знаёмую лясную песню. Неўр заўсёды застаецца неўрам. Ён заўсёды будзе чуць лес.
Люба і хораша было навокал. Не бачна і не чутна было нічога, што б прадказвала бяду. Але неўр ведаў, што час святла няўмольна мінаўся. І як ніводзін з неўрыдскага народа, неўр з роду Свецічаў адчуваў гэта. Святла навокал было яшчэ многа, але яно памірала. Як людскі чарадзей, што не паспеў прынесці дарунак гэтаму свету, няўмольна і жахліва...
Неўр думаў. У нязведанай, асмужанай далечы хаваўся ягоны шлях. Шлях жыцця. Шлях магіі. А гэта значыла, што будучыня па-ранейшаму залежыць толькі ад яго. Яго воля і жаданне пакуль што могуць перамагчы ўсё. Але... Але была загадка Дзіва пра яго настаўніка, Першага Неўра, якую ён, Свеціч, мусіць адгадаць. Але была надзея Каліны, надзея на тое, што ён, Свеціч, знойдзе Вялікую Кветку. Людская чараўніца была ўпэўнена ў сваім вяшчунстве: з Вялікай Кветкай неўр зможа вярнуць святло. Немагчыма не выканаць яе апошнюю волю. Неўр у сінім небыцці, мой брат. Тваім апошнім уздыхам быў напамін пра самую надзейную нашу неўрыдскую магію. Дзеля чаго... Толькі дзеля вялікіх учынкаў на мяжы жыцця і смерці. Бо дзе ж яшчэ можа спатрэбіцца дапамога радовічаў... Яны былі са мною ў апошняй бітве. Насуперак усім магічным скрыжалям яны былі са мною, з апошнім сваім нашчадкам, у небыцці. Таму што як іначай я змог бы вярнуцца? Яны будуць са мною яшчэ раз.
Не трэба ніякіх пачуццяў, толькі халодная развага. Настаўнік, мне не пад сілу самому разгадаць загадку пра цябе. І толькі твой дарунак гэтаму свету — той, што назвала Каліна Вялікай Кветкай, — дапаможа мне. Каліна, я не ведаю, ці спраўдзіцца тваё вяшчунства. Я хачу, каб не спраўдзілася. Я хачу, каб не пакутліва адраджалася, а засталося на зямлі дараванае цэлым народам святло. Маім народам, чарадзеямі-неўрамі. На радасць і шчасце. Яго немагчыма адрадзіць аднаму, як і немагчыма абудзіць аднаму магію Вялікай Кветкі. Мой брат з сіняга небыцця, ты не проста нагадваў пра тое, пра што ніколі не забудзецца ніводзін з неўраў. І цяпер я ведаю, што спадзявацца мне толькі на сілу майго Абярэга...
СІЛА АБЯРЭГА
Вялікая сіла Абярэга вярнула яго да жыцця. Пакутлівым было ўміранне. Нечаканым стала вяртанне. Не толькі нечаканым, амаль нездзяйсняльным. Ён, Першы ўладар неба, паміраў, пераможаны іншым бессмяротным. Надзейна і незваротна, без права на новае нараджэнне. І ён памёр бы, каб не малады неўрыдскі чарадзей, што ўбачыў у ім цмока, нашчадка Сусветнага. Смерць аднолькавая для ўсіх: і для яго нашчадкаў, і для яго самога, Сусветнага Змея, Першага бога і стваральніка гэтага свету, які можа прымаць аблічча любога свайго наступніка, валодае яго магіяй нібы сваёй.
«Будзь маім Абярэгам, Першы ўладар неба», — ціха прамовіў да яго неўр. Іяму стала нечаканахораша і смешна. Ён не памрэ. Таму што побач смяротны чарадзей, які жадае працягу яго жыцця. Смяротны, ён усхваляваны спачуваннем, павагай да смеласці. І таму насуперак усім скрыжалям зробіць Абярэгам таго, хто ніколі ім не быў. Зробіць насуперак сваёй жа ўпэўненасці ў тым, што ніколі не можа быць бессмяротны Абярэгам смяротнага. Глядзеў Першы ўладар неба ў вочы чарадзею і спасцігаў усю боскую веліч яго душы. Тым больш вялікую і вартую, што была гэта душа смяротнага. «Я дапамагу табе, смяротны. Ты і не ведаеш, наколькі магчыма здзейсніць тваё жаданне». Першы ўладар неба ведаў тое, пра што не здагадваўся самы мудры неўрыдскі чарадзей. Чараўнікі-неўры, якія зрабілі чары Абярэга сапраўдным майстэрствам, не маглі ведаць, што сілу Абярэга прызнаюць усе магічныя скрыжалі, аднолькавыя для багоў і людзей: «І павінен той, хто стаў ім, берагчы жыццё захаванага. І павінен захаваны аддаваць часцінку жыццядайнай магіі свайму Абярэгу. Калі памірае захаваны, памірае і Абярэг. Калі памірае Абярэг, памірае і захаваны». А калі Абярэгам стане бессмяротны, а захаваным — смяротны людскі чарадзей... то бессмяротны выбірае: якую жыццядайную магію смяротны яму аддасць. Выбірае таксама чары, якія будуць аберагаць такое патрэбнае яму жыццё. Стварае і абуджае магію, што, аддаляючы самога Абярэга ад захаванага, дазваляе бессмяротнаму нябачна знаходзіцца побач. Заўжды і заўсёды. І няхай ён, амаль што Абярэг неўрыдскага чарадзея, быў страціў сваю бессмяротнасць, нават, бадай што, страціў жыццё. Пакуль ён жыве, ён застанецца Першым уладаром неба, уладаром усіх цмокаў. Ім можа быць толькі магутны, толькі мудры, толькі бессмяротны. І кожнае стварэнне чатырох стыхій гатова аддаць сваё бясконцае жыццё за Першага і Сусветнага. Але пакуль што ад апошняй смерці яго ратавала магія смяротнага неўра. Задумлівы, нават самотны, той моўчкі рабіў абрад, наступствы якога не мог прадказаць. Неўр ведаў, што ягонае жыццё як сваё будзе берагчы Першы. Ведаў, што яны абодва памруць, калі хтосьці, той жа ўсемагутны Пярун, пераможа ўладара цмокаў. Але не ведаў, не мог ведаць таго, чаго самыя мудрыя з яго народа не ведаюць. Ды малады чарадзей і не быў самым мудрым.
Рассякаюць крылы лёгкае паветра. Хутка, імкліва ляціць Першы ўладар неба, які па праву мудрасці і ўчынкаў назаўсёды застанецца Першым. І што яму цяперашнія ўладары, бессмяротныя багі. Занадта руплівыя, занадта прадбачлівыя, занадта асцярожныя. Яны не ведаюць, якім зманлівым бывае неба ў час бессмяротнага і смяротнага ўмірання. Яны зайздросцяць. Яны ніколі не ўмелі жыць.
А ён, Першы, умеў. Таму што чуў і бачыў зямлю. Яе чарадзеяў — маленькі неўрыдскі народ, схаваны пад ляснымі шатамі. Таму цяпер адзін з неўраў — яго захаваны. Таму па праву абярожных чараў атрымана часцінка смяротнай, неспасцігальнай душы. І наперадзе — далёкі вырай.
Згодна ўздымаюцца-апускаюцца крылы. Далёка ўнізе застаеца зямля. А Першы ўладар неба ляціць вышэй і вышэй. Неба, нябёсы, наднябессе. Неба ахінае сабою зямлю. Яго, то сіняе і вясёлае, то шэрае і пахмурнае, бачаць чалавечыя вочы. У яго ўглядаюцца з надзеяй вочы чараўнікоў. Але нават яны не бачаць нябёсаў — схаванага ад зямлі іншага, таемнага неба, дзе жывуць багі. Там стаяць іх троны, і адтуль кіруюць маладыя бессмяротныя зямлёй, сузіраючы яе з вышыні свайго неба. Але не ўсё адбываецца згодна і зладжана, хоць і імкнуцца яны да таго. Ён, Першы, памятае час, які пасля быў названы Вялікім Бязладдзем. Ды і не толькі памятае: тады не сведкам, удзельнікам быў. Вясёлы, бесклапотны бог Месяца, пыхлівы, разважлівы бог Сонца. Тады ён, Першы ўладар, здолеў, каторы ўжо раз, але на памяці маладых багоў — першы, адрадзіцца ў гэтым свеце.
У гэтым Сусвеце — над зямлёй і ў нябёсах — ён заўсёды быў Першым. Першым сярод сваіх падданых, надзеленых моцнай магіяй чатырох стыхій. Першым богам, стаўшы ім па праву нараджэння. Першым стваральнікам гэтага свету, якім цяпер уладарыць не ён. Ды ён ніколі ім і не ўладарыў. Сапраўднай велічы не трэба самаўладства. А ён быў сапраўдным, не створаным верай людзей, хоць і ў яго таксама верылі. Яго могуць забыць, як забываюцца ў рэшце рэшт на самых магутных багоў. Але ён не памрэ, як памруць тыя бессмяротныя. Не знікне ў небыцці. Няма яму небыцця. Для яго смерць — толькі кароткае імгненне перад новым нараджэннем. Дарунак ад свету, які памятае свайго стваральніка.
Але як жа балюча смыляць пакінутыя Перуновым мячом раны. Ён, Першы, заўсёды адчуваў боль, хоць і жыў у высокім наднябессі, дзе няма месца звычайным чалавечым законам. Проста гэты боль быў сваім, як створаны ім свет. Цяжка, невыносна, амаль немагчыма трываць. Але чамусьці ён, Сусветны, ніколі не спяшаўся паклікаць чары, каб суняць нясцерпныя пакуты. Як і ніколі не ашчаджаў свайго жыцця: гэта было патрэбна яго стварэнню, яго свету. І няхай маладыя багі трасуцца над сваім адзіным бессмяротным жыццём, аддаюць свету ўсё новыя і новыя загады. Ім усім не пад сілу змяніць тое, што стала мудрым і вяшчунным задоўга да іх нараджэння. Ён жа ведае створанае ім самім. Зямля, ашчадна ўзятая ў людскую руку. Плямёны, народы. Ён ведаў, што рабіў, калі дараваў зямлі вялікае права свайго сцвярджэння. Яго захаваны назваў гэта б вялікім дарункам, прынесеным свету. І смешнай здаецца яму дзіцячая пагарда маладых бессмяротных. Яшчэ да іх з’яўлення ён, Першы, наканаваў, што ў ягоным свеце будуць уладарныя Трыглавы. Будзе такі вясёлы, прадказальны Кляскун. Будзе чуйная багіня Знічка. Будзе яго вораг Пярун. Будуць усе, хто патрэбны яго свету. А яго свету патрэбны лепшыя і горшыя, што нясуць злое і добрае. Таму, што злое дазваляе ўбачыць дабрыню, а дабрыня — паверыць у гэты свет. І будзе ён, Сусветны Змей, якога назавуць маладыя багі жорсткім, хцівым, абыякавым. Няхай, што яму да таго, калі ён спазнае шчасце стаць Абярэгам смяротнага: атрымае здольнасць глядзець на створаны ім свет вачыма чарадзея-неўра. А для чарадзея-неўра не было адмерана безліч гадоў, і таму свет яго складаўся з жыццяў тых, каго ён ведаў. Жыццяў смяротных, а таму кароткіх, кволых, безабаронных. Іх так лёгка незваротна страціць. Не паспець дайсці па сваім шляху чараў. Не паспець прынесці свой дарунак свету. Не паспець... і знікнуць у небыцці. Бясследна знікнуць.
Ён, Першы і Сусветны, жыве ў наднябессі. Туды можа патрапіць толькі ўладар старэйшай за свет цмокавай магіі. Балюча пякуць раны, пакінутыя Перуном. Але ён звыкла творыць магію, што дазволіць вырвацца з абалонкі яго свету. І вось далёка застаюцца нябёсы, яшчэ далей застаецца зямля, а ён бачыць блізкія белыя вежы драконавай цытадэлі — Наднябеснай Брамы. Кіруецца да адной з іх, найбольш стромкай і блішчастай. Самы мудры ў Свеце, ён правільна зрабіў, што дараваў свайму захаванаму сваё майстэрства зброі і магіі. Аберагаць такое кволае жыццё.
***
— Аберагаць жыццё смяротнага чарадзея-неўра? Мы правільна цябе зразумелі, уладар? — непакоіліся яго падданыя, яго радцы. З таго моманту, як ён з’явіўся ў сваёй вежы, бачыў толькі іх здзіўленне і заклапочанасць. Было з чаго. Кожны цмок адчувае іншага. Радасць, гнеў, боль. І кожны цмок ведае, дзе знаходзіцца і што робіць яго Першы. І тады, калі ён паміраў пад мячом Перуна, то ўсе іншыя цмокі ведалі гэта. І не спадзяваліся яго зноў убачыць. Тым больш жывым Абярэгам зямнога чарадзея. Асабліва зямнога чарадзея. Але ж ён вярнуўся...
— Ты ведаеш бессмяротных чарадзеяў-неўраў? Пакажы хаця б аднаго. — Ён быў спакойны. Ён ведаў, што яго падданыя не памыляліся. Ні ў чым. Не могуць цмокі памыляцца.
— Кожны слаўны неўр крышачку бессмяротны. Калі прыходзіць ягоны час, то ён памірае, але і застаецца поруч з тым, з кім адзіны крывёй. — Гэта ягоны Брамны, вочы і вушы Сусветнага ў створаным ім свеце.
Маўчыць Першы. Нашто казаць, калі цябе даўно разумеюць без слоў. Калі бачаць тое, што бачыш ты, і перажываюць твае пачуцці, як свае. Ад зброі Грамаўніка, ад смерці без наступнага нараджэння, ад створанай ім самім зямлі ў наднябессе вярнуўся Сусветны. Вярнуўся, калі яго ўжо не чакалі. І прынёс з сабою адказнасць за свайго захаванага, што б там ні казалі, — смяротнага, які памрэ ў адзначаны час і, мабыць, стане адным з трынаццаці, каго будуць шанаваць нашчадкі. Але ўжо нашчадкам неўра Першы жыццём не абавязаны. Не абавязаны нічым. Але свайму захаванаму — абавязаны і заўсёды. А захаваны будзе жыць у памяці сваіх наступнікаў. Стане продкам-абаронцам для кожнага кроўнага радовіча, якому будзе патрэбны ў вялікай справе. Будзе побач з кожным вартым нашчадкам. І ён, Першы і Сусветны, ягоны Абярэг, будзе заўсёды бачыць аблічча маладога чарадзея такім, якім убачыў яго тады, у момант сваёй смерці. Такім, якім неўр пераступіў мяжу зямной магіі. Такім, якім, радасны і шчаслівы, чарадзей спазнаваў сваю зямлю, растаўшы сваёй існасцю ва ўсіх яе чарах. У яе скарбах і мудрасці, у спадчыне ўсіх славутых неўраў свайго народа, якія пайшлі па крутым, няроўным шляху. Ва ўсмешцы, што люстэркам адбівае вобразы чарадзейных замоў, патанае ў глыбокіх лясных нератах, цягнецца да ясных зор. Творацца чары дзеля дарунку на радасць зямлі, любай і лёгкай. Топчацца, схаваны ў смузе нязведанага, магічны шлях. Свецяцца постаці і твары: настаўнік, брат, бацька. Мара, надзея, шчасце. Сны, ява, чары. Учора, сёння, заўтра. Разам і побач дзеля маленькага святла, свету, Сусвету, імя якому — Неўрыда.
Ён заўсёды будзе Абярэгам толькі Свецічу з роду Свецічаў. Толькі аднаму неўру з Вялікага Кола. Адзінаму неўру з усёй Неўрыды.
— Цяпер і да скону, няхай доўга не спаткаецца Грамаўнік, мы будзем берагчы адзіны абраны народ — народ чарадзеяў. — Вястунны, для якога была адкрытай будучыня, зірнуў на свайго Першага. — Нашы маладыя... гэтага баяліся і крыху прадбачылі.
— Крыху. Яны ўпэўнены, — Стажарны, які ствараў нябесныя зоркі і таму бачыў сапраўдную існасць кожнай рэчы, не хаваў свае пагарды, — што няма магутнейшай магіі за магію бессмяротных. Нашэсце ворагаў павінна знішчыць народ чарадзеяў. Для гэтага яны змусілі паверыць Першага Неўра, настаўніка нашага захаванага, што толькі Закляцце Веры з Чарнабогам можа ратаваць яго Неўрыду. Першы Неўр не баіцца смерці, але ён не ведае, што Чарнабог не адпусціць нікога з тых, дзеля якіх зроблена такая ахвяра. Смяротныя чарадзеі ніколі не змогуць прадбачыць, што Закляцце Веры не мае мяжы. Чарнабог жа стаіць на чале ворагаў нашага захаванага. Першымі загінуць чарадзеі Вялікага Кола. Цяпер, калі ў нашага захаванага ёсць Абярэг, гэты неўр хутка стане адным з іх.
— Нашага захаванага можна выбавіць ад Закляцця Веры. — Чараспеўны, які ведаў усе таямніцы смяротнай і бессмяротнай магіі, усміхнуўся. — Але ратаваць сапраўды можа толькі цуд неўрыдскіх чараў. А Закляцце... Гэта зробіш не ты, Першы, і не Дзіў, які пазней знойдзе маладога чарадзея. Таму што нельга дазволіць, каб знікла Неўрыда.
— Калі знікне Неўрыда, то непапраўна зменіцца створаны намі свет. А жыць бясконца не ў сваім свеце, жыць вечнымі выгнаннікамі — гэта сумна. — Адчужана змоўкнуў Вандроўны, што падарожнічаў у іншых Сусветах. — Тым больш, што неўры яшчэ толькі пачалі ствараць вялікі цуд сваёй магіі. А нашы маладыя прыспешваюць кола часу.
— Калі можна прыспешыць гатовае павярнуцца кола часу, то свет вяртаецца да сябе. Ад улады Чарнабога неўра Свеціча выбавіць пракляцце яго настаўніка, — усміхнуўся Першы. — І мой захаваны яго атрымае. Няхай ён будзе хоць тройчы неўрам, але я пакуль што Сусветны, уладар Наднябеснай Брамы. А да зорнай мудрасці і сілы свайго народа ён прыйдзе сам.
Цішыня і згода пануе ў Наднябеснай Браме. Тут, на парозе свету, даўно ўсё прадбачана і сказана. Даўно без слоў разумеюць адзін аднаго тыя, хто старэйшыя за багоў. Іх маўчанне даруе спакой ім і іх свету перад нявыказаным, што мае адбыцца і адбудзецца. Калі памыляюцца маладыя багі... Калі нязнанае раскрывае ў сабе зямная магія... Калі маленькі народ лясной Неўрыды... Свет сам стварае сябе. Яны не ўмешваюцца. Яны толькі жывуць у гэтым свеце, што чароўны такім зямным, такім вечным святлом.
КВЕТКА НЕЎРЫДЫ
«Зямное і вечнае святло, твой час незваротна мінаецца. Зусім, зусім мала засталося цябе на гэтай зямлі. Ты знікнеш, як знікла мая лясная Неўрыда. Што мне зрабіць, каб цябе зберагчы? Якая ўладарная бессмяротная магія можа цябе затрымаць у быцці?»
У дальняй далечы туманом шарэе нязведаны шлях. То блісне нешта, праясніцца на момант, то зноў схаваецца, як і не было гэтага. Што ўжо не залежыць ад мяне, пакручасты і неспазнаны? Што яшчэ залежыць? Адкажы мне, што? Як мне шукаць выйсця і ратунку?.. Пакрыху спавівае зямлю снегавы вянок. Спавівае ды не спаўе, таму што тоіць яшчэ зямля іскрынкі святла. Чакае, падказваюць чары, спадзяецца дачакацца. Таго, вялікага, хто ўжо не будзе неўрам па крыві, але будзе неўрам па духу. Князя-чарадзея, які зведае вялікае зямное чарадзейства і вялікую славу сярод смяротных чараўнікоў. Так ён і будзе звацца — слаўным. Усяслаўным, таму што ўсёй славы і спадчыны неўраў будзе ён наступнікам. Таму ён, Свеціч, не мае права не захаваць тое, што спрадвеку захоўваў ягоны род. Святло зямлі. Святло Неўрыды.
— Дзе ж мне шукаць цябе, жаданая кветка? Зніклі твае захавальнікі, і стала ты сама толькі казкай. Але ты квітнела калісьці на маёй зямлі і ты цяпер патрэбна ёй. Без цябе на зямлі застанецца толькі стынь, золь і холад. Без цябе на зямлі запануе цемра, стварэнне магіі Чарнабога. Дзе ж мне адшукаць цябе?
І тады неўр Свеціч успомніў.
Ціха гойдаюцца самыя высокія на свеце яловыя шаты. Ён, самы малады чарадзей Вялікага Кола, стаіць поруч з астатнімі. Стаяць усе чарадзеі ў храме, ля сваіх валуноў, утвараючы сапраўднае кола. Зусім хутка мае адбыцца вялікая магія, якой раней не ведала Неўрыда. А Першы Неўр між тым кажа: «Будзе цвісці гэтая Кветка раз у год у час летняга сонцастаяння. І будзе тады найвялікшае святло. Будуць ахоўваць яе тыя, каго людское слова назаве нячыстай сілай. І з веку ў век будуць смяротныя шукаць яе. Таму ж, хто знойдзе яе, і сапраўды будзе даравана шмат з нашай чарадзейнай спадчыны, а галоўнае — здольнасць быць усевідушчым і мудрым. Але найвялікшы дарунак Кветкі будзе любому з нашага народа — яе стваральніка».
Мякка закалыхваюць словы Першага, самага вялікага чарадзея Неўрыды. І далучаецца неўр да сузірання і прадбачання, якое павінна будзе стаць вялікай магіяй стварэння. Спакой, засяроджанасць, яснасць. Адкрываюцца магічнаму зроку неўра глыбіні чараў.
Ад цёмных магутныхялін шырыцца-разліваецца прыгожаяяснасць, нібыта неў лясным сэрцы Неўрыды, аў нябеснай сонечнай высі стаіць чарадзей. Гарача-іскрыстае, запаланяе святло ўсю неўраву істоту, даючы чарам вялікую сілу. Ціха гучыць голас Першага, запісваюцца словы ў магічныя скрыжалі: «Пакуль ходзіць народ Неўрыды па сваёй зямлі, пакуль бачыць сонца над сваёй зямлёй, пакуль беражэ лясныя нетры сваёй зямлі, будзе дараваць святло Кветка, якой кожны з Вялікага Кола аддасць часцінку сваіх чараў — сваёй веры, сваёй любові, сваёй мары. Яна будзе нашай памяццю і сумленнем, нашай світальнай думкай і нашай надзеяй змяркання. Яна — душа наша, што не мае смерці. І няхай веліч і слава зямлі Неўрыды, магія ўсіх яе чарадзеяў і жыцці неўраў будуць вечнымі ў гэтай Кветцы, якой наканавана бясконца доўжыць магію, славу, жыццё. Будуць збірацца да Кветкі чарадзеі Вялікага Кола, па адным з кожнага роду, і кожны будзе адказваць за свой род. Я, Першы Неўр, Першы чарадзей Вялікага Кола, заклінаю...».
— Я, неўр Свеціч з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, заклінаю, — успыхвае і гасне святло Кветкі, як было ўжо колькі разоў пасля закляццяў іншых чарадзеяў. А што ён, неўр Свеціч з роду Свецічаў, згубіць, калі даруе незвычайныя чары, магію, роўную цэламу жыццю... Яго жыццю. Здабыў жа ён незвычайнага Абярэга. Што рабіць, калі мала проста вялікіх дарункаў. Тое, што чаравалі іншыя — гэта найвялікшая неўрыдская магія, цуд пачуцця і майстэрства. Але Кветка так і не замігцела роўным ясным святлом.
— Я, неўр Свеціч з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, заклинаю, — паўтарае ён і чуе папераджальныя шэпты старэйшых братоў. Няхай. Ён зробіць тое, што зробіць. Праз вялікую прастору адчувае цёплую ўсмешку свайго Абярога, маўляў, рабі, што робіш, а я заўсёды з табою. Збіраецца на яго, неўраў, заклік, вялікая сіла стыхій. Зямля. Вада. Паветра. Агонь. Агонь... Агонь... Чуйна слухае яго і становіцца поруч з ім усемагутны уладар Агню. «Ты — мой, — нібыта чуе Свеціч, — ты заўсёды быў маім. З твайго першага недазволенага кроку па шляху чараў і да стварэння немагчымага для смяротных Абярэга ты быў тым, кім станеш — пераможцам цемры, слаўнейшым за тваіх прашчураў».
Немагчымыя для смяротнага сілы аддае яму ўладар Агню. Утрымаць бы такі цяжар. І адкуль узнікла недарэчнае ў гэтую хвіліну пачуццё наканаванасці.
Невядома за што, але ён стаў абраннікам Кветкі — ужо цяпер вялікага стварэння чараў яго народа. Неўр Свеціч быў упэўнены, што для яго Кветка стане нечым большым за... што? Але абраннікам... Няхай ён аддаваў чары, роўныя жыццю. Хіба ж вакол няма больш вартых?
Толькі тры разы можна паўтарыць заклён. Невыносна цяжка, нельга далей марудзіць.
— Я, неўр Свеціч з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, заклінаю... — радасна свеціццароўным гарачым святлом Кветка. Яго Кветка.
***
Кветка. Яго Кветка, што даравала зямлі святло. Што была святлом гэтай зямлі. Была святлом яго Неўрыды. Тады, калі чарадзеі Вялікага Кола стварылі гэты цуд, ніхто не ведаў, навошта трэба яе хаваць. Кожны неўр меў тое, што берагла магія Кветкі.
Пра яе згадваў Дзіў, які ведаў вялікую справу майго настаўніка. Ведаў Першага праз яго майстэрства, што дапамагло тады майму непрадбачанаму нікім чараўніцтву стаць плённым. Але не ведаў самога чарадзея. Таму што не мог яго бачыць.
Пра яе казала Каліна, якая даравала святлу сваё чалавечае жыццё. Яна ведала болей за ўсіх нас, хоць была смяротнай людской чараўніцай. Даруй мне, Каліна.
Пра яе ўспамінаў і мой брат. Многіх адправіў дачасна за Калінавы мост, але і сам у адным кроку да яго быў годным. Пазнаў, з якога я роду, памятаў, чым былі для неўраў усе Свецічы. І таму нагадаў мне пра сілу крэўнай дапамогі свайго роду. Я не забудуся пра гэты напамін.
Але Кветка. Яго агністая Кветка, якую трэба знайсці, а знайсці невядома як. Таямніцу захавання Кветкі ведаюць іншыя чарадзеі Вялікага Кола. Замову захавання зрабілі ўжо без яго: занадта многа ён, абраны, аддаў сваёй магіі вялікаму стварэнню чараў. Аддаў сваёй душы, як зрабіў дарунак зямлі. Аддаў нешта большае, чым душа. Ніхто так і не спазнаў, на што закляў малады чарадзей жывое стварэнне неўрыдскай магіі. Ніхто ўжо і не спазнае: вялікі Агонь умее хаваць свае таямніцы. Свеціцца Кветка полымем, іскрыстым, барвяна-зыркім... Каб толькі ён ведаў таямніцу захавання...
Неўр звяртаўся да ўсіх чарадзеяў Вялікага Кола. Да ўсіх тых, хто быў цяпер у небыцці. Да ўсіх тых, каго ўжо не было. У вытанчаныя ўзоры слоў сплятаюцца чары, у якіх зорным святлом ззяюць імёны... Яны адгукнуцца дзеля ўсяго таго, што пакінулі ў дарунак гэтаму свету. Таму што без Кветкі не застанецца святла. І тады на зямлю і ў свет прыйдзе Чарнабог, супраць якога адвеку змагаўся род Свецічаў.
Вялікае Кола заўсёды шанавала кожнага свайго. І цяпер яго чарадзеі прыходзілі на заклік адзінага, хто яшчэ не перайшоў Калінавы мост. Хто яго амаль перайшоў і здолеў вярнуцца назад. Амаль... Мёртвыя браты прыходзілі да адзінага жывога, каб дапамагчы яму памерці.
— Блізкага табе зорнага сонца, брат наш, — прамовіў вусцішны голас. — Няхай доўга асвятляе яно твой шлях чараў...
Ясным і надзіва празрыстым робіцца ягоны, неўраў, шлях, які знікае з дарог быцця. І адчувае Свеціч, як мінаецца Калінавы мост, застаўшыся за спінаю. Няма і не будзеўжоратунку. Не стане сілы другіраз вярнуцца. Але... ён сам хацеў гэтага.
Вялікае Кола пачула свайго брата.
Пачула і прыйшло да яго.
І цяпер яны стаялі побач, усе восем, што былі ў небыцці. Сумныя, сцішаныя твары. Нават чарадзею тут самотна і адзінока. Асабліва, калі на зямлі мінаецца пакінутае дзеля жыцця і радасці святло.
—Даруйце мне, браты. Даруйце, што дадам смутак да вашага смутку і горыч да вашай горычы, — з жалем прамовіў неўр.
— Не прасі даравання, брат наш. Калі-небудзь у небыцці мы сустрэнемся. І тады ў нас будзе час пагаварыць пра гэта. У нас будзе многа часу. Цэлая вечнасць, — усміхаюцца чарадзеі яго Кола.
Усё так. Ён адзіны, дзявяты, быў з імі, але яшчэ не іх. Ён адзіны яшчэ быў. Неўр і чарадзей. Апошні.
— Я прашу вас адкрыць мне таямніцу захавання Кветкі Неўрыды дзеля астатняй зямлі, дзеля свету быцця, у якім мінаецца дараванае намі, браты, святло.
Ціха іскрыцца амаль жывы смех. Гэта смяюцца ягоныя браты.
***
Смяюцца ягоныя браты, чарадзеі Вялікага Кола. Не смяецца толькі адзін з тых, хто пакінуў свет. Не смяецца толькі Першы Неўр, яго настаўнік.
— У цябе аднаго не хапіла мужнасці пайсці ад святла. Ты занадта прагна хацеў жыць, калі трэба было годна памерці, — з дакорам прамаўляе той. Змаўкае іскрысты, бесклапотны смех, і маўклівымі ценямі заміраюць іншыя чарадзеі, нібы ведаючы, што ўчыніцца далей. Згаджаюцца з безвыходным.
Маўчыць неўр Свеціч. Што можна сказаць на справядлівы дакор?
— Ты адзіны аказаўся слабым перад мяжой непазбежнага, выклікаў гнеў бессмяротных, парушыўшы ўсё, што можна парушыць, — гнеўна гучаць словы.
І адчувае неўр, як паціху збіраецца, цягнецца да Вялікага Кола злая, варожая сіла. Тая, з якой змагаўся ў апошні дзень мінулага жыцця. Храм. Чары. Кроў.
— Настаўнік...
— Маўчы! Хіба такому можна даверыць Вялікую Кветку, апошнюю нашу надзею. Каб з усіх нас жывым застаўся годны... ён бы вярнуў Неўрыду. — У гнеўным голасе Першага загучалі пакліканыя ім чары, якімі ён тварыў, ведаў Свеціч, самыя небяспечныя закляцці. — Будзь ты на векі вечныя пракляты... мой наступнік, захавальнік крэўнага дарунку, адданага той зямлі і таму свету. — Завірылася, пайшла карагодам злая сіла, якая запаланіла сабою, здаецца, усё.
— Я даўно чакаў гэтага. Чакаў, апошні з ненавісных мне чарадзеяў, калі ты зробіш сваю апошнюю памылку. Я нават прыходзіў у ваш разбураны храм. Але ты сам прыйшоў да мяне, прыйшоў туды, адкуль ледзь вырваўся. Ты заўсёды быў упартым. Але болей ніякая людская чараўніца не перашкодзіць маім намерам. Я таксама доўга чакаў. Разам з табою.
Зніклі ягоныя браты з Вялікага Кола. І вакол сябе цяпер бачыў неўр толькі цемру, з якой гучаў гэты голас. Такі знаёмы голас... Алеў адным Свеціч не сумняваўся: гэта голас таго, супраць каго ён трымаў апошнюю мяжу абароны. Ад яго сыходзілі тыя чары, змаганне з якімі неўр не спыніць да апошняй кроплі крыві. Кроплі. Крыві.
— Мы зрадніліся, неўр. Мы сталі амаль братамі. Ты спаў на маіхруках у небыцці. І я здолеў зрабіць так, каб ты забыўся. Але праклятая цацка, у яго засталося зашмат волі. За гэта я знайшоў яго. Няхай цяпер не чакае збавення і спачыну. І ты не чакай. Вам будзе на векі вечныя дараванае самім Чарнабогам нежыццё.
Большае мой доўг перад табою, брат мой. Але я і сапраўды амаль забыўся. Але не забыўся зусім. І ты, вораг, не ведаеш пра Абярэг.
— Але нарэшце ты прыйшоў сюды, каб атрымаць пракляцце. Табе болей не памогуць твае прашчуры, неўр. Хто б мог падумаць, што крэўную повязь так лёгка зніштожыць. Хутка ты знікнеш, як зніклі тыя, і ніколі ўжо не народзішся. Нават Вялікая Кветка не выратуе ад Закляцця Веры, — да неўра пацягнулася чорная магія.
Чарнабог. Гэта тая знішчальная сіла, якая забіла ўсіх з яго народа. Закляцце Веры. Яго мог прынесці толькі Першы Неўр. «Чаму ты прынёс Закляцце Веры, настаўнік, — ціха пашкадаваў Свеціч. — Ці так спадзяваўся ратаваць свой народ?.. Чаму не звярнуўся да свайго крэўнага, дараванага зямлі і свету? Дарунку. Крэўнага».
Змагацца з Чарнабогам. Змагацца з Закляццем Веры. У небыцці. У небыццё... Але няма чаго губляць яму, апошняму. Сплятае чары неўр супраць чорнай магіі, і звыкла адгукаюцца на заклік тыя, хто заўсёды змагаўся з цемрай. Як і ён, неўр. Ён Свеціч, Светавіт з роду Свецічаў. З роду тых, хто, перамагаючы, нёс святло. За многія пакаленні святло ўвайшло ў яго кроў. Стала ім самім. Яно стварае яго самога, як святло Вялікай Кветкі стварае цуд жыцця.
Годнасць і спакой. Толькі цвёрдасць. Яго апошняя бітва. Загінулі ўсе, хто быў яму даручаны. Але цемра не можа паглынуць яго, Свеціча. І ніколі не зможа. Бо найперш трэба паглынуць памяць тых змагароў, ад якіх ён нарадзіўся. А гэта немагчыма, пакуль ён трымае згубу цемры ўруках —_ прасветлы прамень, што ўдаецца бліскучым мячом, цуд магічнага майстэрства. Ён знаходзіць цёмныя, гатовыя крануць смерцю чары. Іх многа, але зброя святла мацнейшая за іх. А цемру прасвятляе ён, Свеціч. Святло, якоеўвайшло ў кроў, сталася крывёю, ім самім. Ад вас, трынаццаць лепшых, вы са мною ў маёй бітве. Ія смелы разам з вамі. Няма смутку і адчаю. Ёсць толькі змаганне, у якім патанаеўсё, але не сам светлы. Лёгка ходзіць меч, рукі не чуюць змогі. Хутчэй. Яшчэ хутчэй, кліча неўра голас крыві. Пранясіся святлом над бітвай, майстра. Даруй смерць ворагам сваёй зямлі. Яны яшчэ не ведаюць, што так лёгка памерці. Яны ўжо нікому не раскажуць пра цябе. І новыя, што прыйдуць на іх месца, не будуць ведаць, з кім яны сустрэліся... у астатніраз. Ніхто не вяртаецца з-за Калінавага моста. Не вернешся і ты адтуль. Але хіба гэта так важна цяпер, калі так лёгка лётае меч. Святла, яшчэ святла. Безліч святла, колькі можа дараваць толькі сапраўдны светлы. Колькі можна дараваць жыццём сапраўднага светлага. Колькі можна дараваць самым палымяным яго гарэннем на апошняй мяжы... Светавіт. Вітае свет. Свет вітае яго, і яго нельга перамагчы, пакуль нельга перамагчы кроў. Выпакутаваны пакаленнямі, неўр і чарадзей, будзе святлом нават у паглынаючым змроку. Таму што ніколі не будзе пераможана кроў. Раскрываецца свядомасць, выпускаючы на волю вялікую магію крыві. Чары твораць чары. І зноў, як колісь, даруецца перамога святлом крыві. Цёплымі кроплямі крыві, што збягае на дол... Адкрывае шлях. Крэўны шлях святла... Святла Вялікай Кветкі.
Шчымліва трымціць Абярэг, заступаючы цемры шлях. Што ж ты сумеўся, Чарнабог? Але ці так ты яшчэ здзівішся?..
Балюча, нясцерпна балюча. І цяжка, як тады, калі атрымаў дараваную ўладаром Агню моц. Але цяпер гэта выратавальны боль. Марудна, але няўхільна пляцецца закляцце. Мой доўг неаплачаны перад табой, настаўнік, ты выбавіў мяне ад улады Закляцця Веры. Я разгадаў тваю загадку, Дзіў. Цяпер я ніколі не буду тваім. А калісьці пакліканы варты — Першы Неўр — цяпер сапраўды твой. Ты дараваў яму два бясконца доўгія жыцці: адно на тым, зямным, другое — на гэтым свеце. Ігэта, другое, сталася чаканнем свайго наступніка — мяне. Дзеля майго выратавання. Неўры заўсёды будуць памятаць пра цябе, мудрая людская чараўніца Каліна, ты вартая спадчыны народа чарадзеяў. Мы хутка ўбачымся, мой пакутны брат, што пайшоў за мяне на Калінавы мост, але раней трынаццаць і адзін абудзяць вялікую магію. Разам гэта цалкам магчыма. Бывай назаўсёды, Чарнабог, я больш ніколі не сустрэнуся з тваёй цемрай. Адгукніся, Вялікая Кветка, што спіш у маёй крыві. Тваё святло стварае зямлю і свет, жыццё і быццё... Я нарэшце знайшоў цябе.
— Я, неўр Свеціч, Светавіт з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, заклінаю верай, надзеяй і памяццю...
***
Неўр Свеціч, Светавіт з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, ляцеў з неба. Неўра над лясной і роснай, ахутанай святлом зямлёй, нёс яго Абярэг, які прыняў сваё першае і сапраўднае аблічча. Не шапацелі крылы Сусветнага, уладара Наднябеснай Брамы, стромка трымаючы вышыню і хуткасць. Велічны і мудры, ён плыў па-над сваім светам лёгкім белым ветразем. Не журыліся сінія вочы азёр, не шумелі лясныя нетры, не плакалі журботна травы. Свет звыкла і проста вітаў свайго стваральніка.
А дзесьці на зямлі, у глыбокіх лясных нетрах, хаваўся неўрыдскі род. Адзін з яго нашчадкаў быў чарадзеем, што колісь наймацней закляў Вялікую Кветку. І цяпер ён, Свеціч, раз-пораз паглядаў на зямлю. Але ўсё спакойна было на зямлі. На асветленай прыгожай зямлі. Бачыў неўрыдскі чарадзей, адзіны чарадзей свайго роду, вачамі сваіх братоў пакінуты і забыты храм. І ведаў, што не доўга храм такім застанецца. Няхутка яшчэ будуць шукаць неўры былой велічы і славы, але ўсё пачынаецца з таго, дзе завяршылася.
— Настаўнік назваў мяне наступнікам і захавальнікам. Яны не забудуцца. І зробленага не даруюць.
— Мабыць. Маладыя багі помслівыя. Але што табе да гэтага.
Неўр яшчэ не ведаў, што яны ляцелі насустрач зорнаму сонцу. Пранікліва маўчаў Сусветны, думаў пра штосьці сваё, пра тое, што прадбачыў адзін толькі ён. А неўр, неўр бачыў наперадзе, як калісьці, асмужаны і нязведаны шлях. Аднойчы ягоны шлях чараў асвятліла самая агністая на свеце, самая чарадзейная Кветка... Асмужаны шлях наперадзе. Шлях несамотны.
— Ці бачыў ты калісьці зблізку, неўр, славутае зорнае сонца вашага народа? — весела і бесклапотна пытаўся Абярэг.
— Я думаю, што яно было блізкім мне, калі я ўбачыў тваё змаганне з Перуном. І калі я змагаўся з Чарнабогам.
— Калі зразумеў покліч Дзіва.
— І калі сустрэў Каліну.
— Калі выйшаў з сіняга небыцця.
— І калі закляў Кветку. Але зараз яно далёкае ад мяне.
— Зараз яно як ніколі блізкае табе. Глядзі. Памятай.
Неўра паланілі і панеслі некуды магутныя цмокавы чары...