Масей Сяднёў
Раман Корзюк
Раман
Доктару фiлязофскiх навукаў, прафэсаруБарысу Ўладзiмiравiчу Кiту прысьвячаю
АД АЎТАРА
Кнiга гэтая пачалася даўно - 27 год таму, калi, пачынаючы яе, я думаў напiсаць чытэльную кнiжку, даць у рукi беларускага чытача твор, якi-б зацiкавiў яго, як сваёй тэмай, сваёй матэрыяй, гэтак i сваiмi сюжэтна-фабульнымi калiзiямi, без асаблiвых прэтэнзiяў на вялiкую лiтаратуру. Праўда, не захаваю - я хацеў напiсаць твор, якi вызначаўся-б пэўнай ступеняй культуры - культурай мовы, стылю, iнтэлектуальным узроўнем галоўных пэрсанажаў: у рамане дзеюць не сяляне ў традыцыйным разуменьнi гэтага паняцьця, а iнтэлiгенты. Iншая рэч, цi яны, атрымалiся гэткiмi. Урэшце, я хацеў напiсаць твор, якога ня могуць тымчасам, напiсаць беларускiя пiсьменьнiкi там. Кожнаму разьдзелу ў творы я iмкнуўся надаць самастойны, сюжэтна завершаны, характар з мэтай - трымаць увесь час чытача ў напружаньнi, выклiкаць у яго зацiкаўленьне творам.
Нягледзячы на гэткую, здавалася-б, сплянаванасьць твору, на ягоны рацыянальны пачатак, пiсаўся ён, хоць i з перапынкамi, адносна лёгка, iнтуiтыўна, як-бы сам па сабе. Аднак гэта ня выключала часамi ўпартай, мазолiстай працы, над выбарам слова, дэталi, фармулёўкi. Але гэта ўжо споведзь i можа тутака непатрэбная. Наогул-жа, часу працаваць над творам у мяне было вельмi мала, сiлаў - яшчэ менш, i я ня раз сьхiльны быў пакiнуць сваю задуму напiсаць празаiчны, твор. Напiсаць верш я мог i ў памяцi, стоячы за тым цi iншым варштатам на фабрыцы. Але ня тое з прозай. I толькi заахвочваньнi з боку некаторых нашых лiтаратараў, у прыватнасьцi з боку рэдактара часопiсу "Конаднi", у якiм былi надрукаваныя першыя разьдзелы, раману, сьхiлялi мяне брацца за свой даробак зноў. Напрыклад, рэдактар суцяшаў мяне: "Працуй, выходзiць добра, патрапляеш бiць, як у капеечку". I я стараўся "бiць". Як скончылi сваё iснаваньне "Конаднi", друкаваньне раману - часткамi, як толькi яны выходзiлi з-пад пяра - працягвалася ў газэце "Бацькаўшчына" з зазначэньнем, "працяг будзе". Гэта мяне падганяла, змушала "працягваць". Ды скончылася й "Бацькаўшчына" i я надоўга пакiнуў сваё тварэньне - 17 год ня браўся за яго, пакуль iншы наш вядомы, лiтаратар не пераканаў мяне ў мэтазгоднасьцi завяршыць твор. Ён мiж iншага пiсаў: "Хоць друкаваньне гэтага раману не закончанае яшчэ, але мяркуючы, паводля надрукаваных ужо разьдзелаў, гэта твор шырокамаштабны, з глыбока ахарактарызаванымi пэрсанажамi, удумлiвым аналiзам тэорыi i практыкi НКВД у змаганьнi з гэтак званым беларускiм нацыянальным дэмакратызмам ("нацдэмаўшчынай", М.С.) у савецкай Беларусi... было-б вельмi пажадана, каб раман быў... даведзены да канца й надрукаваны".
Гэткая вось гiсторыя напiсаньня раману, даведзенага ўжо цяпер да канца й надрукаванага.
Пра што-ж - сьцiсьлей - гэтая кнiжка? Як сказана ў вышэй пададзенай цытаце, - усё пра той-жа беларускi нацыяналiзм, пра "нацдэмаўшчыну" i пра "нацдэмаў", пра змаганьне з iмi савецкiх органаў бясьпекi. Або можа больш дакладней - пра пошукi беларускай моладзяй, у прыватнасьцi студэнцкай моладзяй 30 гадоў свае, нацыянальнай Беларусi, пра трагiзм гэтых пошукаў. У аснову твору пакладзены ня толькi асабiсты вопыт аўтара, але ўзяты на ўвагу i вопыт беларускай нацыянальнай iнтэлiгенцыi ў цэласьцi, што сталася ахвярай чыстак, праводжаных НКВД падчас змаганьня з гэтак званым "буржуазным нацыяналiзмам", што быў абвешчаны савецкiмi партыйнымi iдэёлагамi ў 30-х гадох "галоўнай небясьпекай" для цэласьцi савецкай iмпэрыi. Амаль усе пэрсанажы твору - гэта канкрэтныя, ня выдуманыя людзi з iхнымi сапраўднымi прозьвiшчамi. Я толькi трансфармаваў iх у вобразы, каб яны ажылi для чытача нанова. Апрача студэнтаў, настаўнiкаў, пiсьменьнiкаў, паэтаў, мастакоў, у кнiзе фiгуруюць ведамыя беларускiя дзяржаўныя дзеячы, палiтыкi, вучоныя, уключна з мiнiстрам былога ўраду Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР). У кнiзе засяроджана ўвага на допытах "нацдэмаў" у НКВД i на iхных паказаньнях. Выведзены вобраз "тэарэтыка" ў беларускiм пытаньнi, што каб наладзiць адкрыты працэс "нацдэмаў" шукаў усюды адпаведных для працэсу "мадэляў", апрацоўваў iх, карыстаючыся самымi неверагоднымi мэтадамi. Сцэны гэтых "апрацовак" у рамане - самыя жудасныя. Патугi НКВД стварыць ува ўсебеларускiм маштабе нацдэмаўскую арганiзацыю, што нiбыта стаўляла сваёй мэтай адзьдзяленьне Беларусi ад Саюзу, набываюць часта ў рамане рысы гратэску i пародыi.
Сьведамы заганаў i недахопаў свайго твору, я аддаю яго на суд чытачу iз страхам Божым. Асобна хачу тут зазначыць, што выхадам гэтай сваёй кнiгi я забавязаны доктару Барысу Кiту. Прафэсар Кiт, разглядаючы гэты твор, як унiкальны ў беларускай лiтаратуры, з гiстарычным значэньнем, паставiўся да яго энтузiястычна, зрабiў захады для ажыцьцяўленьня ягонага выданьня друкам.
Сакавiк, 1985
1
У неспакойным характары Рамана Корзюка нiчога ня было авантурыстычнага. Барджэй гэта была гульня ў арыгiнальнасьць, намаганьне выклiкаць да сябе ўвагу, адрозьнiцца, выдзелiцца, знайсьцi сваё месца ў ваднастайнай i шэрай на першы пагляд грамадзе студэнтаў. Гэта была, нарэшце, поза, наiўная, мiлая, трагiчная ў сваёй несьвядомасьцi. Як-бы там нi было, але Раман Корзюк слыў якраз, як авантурнiк, з немалым, як гаварылi, нахiлам да прыгодаў. А найболей пагаджалiся на тым, што Корзюк - проста гарэзьнiк i ўсё, малады чалавек, з вялiкiм запасам сiлы й энэргii. "Сялянская стыхiя i бунт", як нехта з сяброў схарактарызаваў Рамана. Праўда, гэтай "сялянскай стыхii" ня шкодзiла мець у твары тонкiя, артыстычныя рысы, гнуткi, як у спартсмэна, стан, сiнiя, як на дзiва, вочы й зусiм русявыя валасы iнтэлiгентнага чалавека. Да таго-ж Раман Корзюк добра вучыўся i быў начытаным студэнтам - гэта, з другога боку, надавала яму павагi i выклiкала нават зайздрасьць у iншых.
Рэпутацыю авантурнiка i гарэзьнiка замацаваў за сабою сам Раман Корзюк. Аднойчы позна ўвечары, пасьля куфлю пiва, Раман Корзюк, у сяброўстве студэнтаў i студэнтак, варочаўся з тэатру дахаты. Трамваi ўжо ня йшлi, i Раману (ён ня жыў разам з студэнтамi ў iнтэрнаце) трэба было iсьцi на пяхоту да кватэры на ўскраiну гораду. На пытаньне, як ён дабярэцца цяпер дадому, Корзюк адказаў "пабачаце" i, зыйшоўшы на брук з тратуару, высокi й стройны, ужо замаячыў над трамвайнымi рэйкамi: упёршыся нагамi ў iх, мала не датыкаючыся даўгiм пальцам выцягнутай рукi да электрычнага проваду ўгары, Корзюк, трымаючы другую руку ззаду на мяккiм месцы, з сьвiстам i крыкам "Бывайце здаровы!", бы трамвай, iмчаўся "на край начы", як ён дадаў напасьледак.
- Хiба ты здурнеў, я закахалася ў цябе! - дазволь мне праводзiць цябе дахаты, - нi то сурёзна, нi то жартлiва адазвалася Валя i, дагнаўшы Рамана, артыстычна ўзяла яго пад руку.
Стаяў высокi восеньскi месяц, верасьнёвая ноч, таямнiчая i здрадлiвая, узьнiмала, i без таго ўзьняты, настрой у Рамана Корзюка.
- Ты-ж, Валя, заўсёды гаворыш, што ты баiшся мяне, i ня так мяне, як... майго настрою. Як ты адважылася праводзiць мяне?
Валя, тулячыся ад холаду, адказала, што яна сягоньня не баiцца яго й гатовая праводзiць яго аж да самае хаты.
- Табе ня дзiўна, што я, а ня ты праводзiш мяне? - запыталася Валя.
- Наадварот, было-б дзiўна, каб праводзiў цябе я.
- Слухай, я хачу табе нешта сказаць.
- Дасюль ты мне яшчэ нiчога не сказала наогул.
- Бо я й не хацела. А цяпер вось хачу... Ты вучыўся ў Вiцебскiм кiнематаграфiчным тэхнiкуме? Гэта праўда, што твой бацька яшчэ не ў калгасе i хаваецца? I быццам вы маеце сваякоў у Польшчы?
- Усё гэта было-б няпраўдай, калi-б пра ўсё гэта ня пыталася ты.
- Мне здавалася, што я заслужыла на больш далiкатную гутарку са мною.
I змоўкла.
- Мне зусiм не падабаецца твая прэтэнсiя, Валя.
- Я ня люблю прэтэнсiйных людзей, - зьдзiвiўся i сам Раман свайму сур'ёзнаму тону.
- Вельмi рада я, што ты гаворыш шчыра.
- Толькi з табою.
- Выбачай, Раман Корзюк, - пачала Валя гiранiчна, - а можа ты й не Раман Корзюк. Толькi вучышся з намi пад гэтым прозьвiшчам. Табе не небясьпечна?
- Нiкалiва з табою.
- Я не з табою - я супраць цябе.
Нахiлiўшыся, Раман лёгка прытулiў Валю шчачыною да сваiх грудзей. У вадказ Валя абхапiла рукамi пад палiтом тонкую талiю Корзюка.
- Гэткае тваё супраць, га?
- Так, нажаль... Я ня буду ў цябе нi пра што пытацца. Я думала, што я добра цябе ведаю, такi знаёмы мне ты быў i блiзкi. А цяпер гэтакi далёкi, чужы i халодны - мае рукi замёрзлi ад цябе i нiчога не адчулi.
- Няпраўда - адчулi халоднасьць...
Маскоўская вулiца скончылася. Раман i Валя стаялi перад Берасьцейскiм мастом, гатовыя разьвiтацца.
- Даехалi, значыцца, - рэйкi скончылiся, i мы стаiмо на стыку.
Пад Берасьцейскiм мастом праходзiў таварны цягнiк i, доўга стукаючы на стыках, дзесьцi далёка зацiх уначы.
- Няпраўда, ты зойдзеш да мяне?
- Я сказала, што давяду цябе - пайшлi!
Яны апынулiся цяпер на змрочнай вулiцы. Паабапал стаялi ў месячным сьвятле цiхiя, як у казцы, сады. Пахла гнiлымi яблыкамi, i якраз так, як там, дома, у садзе бацькi Рамана. Раману чамусьцi прыгадаўся незнаёмы чалавек, з якiм бацька пра нешта цiха гутарыў у iхным садзе. Гэта было ўжо позна ўначы. Як нi намагаўся Раман падслухаць iх, ён нiчога не ўлавiў. Толькi й запямятавалася, як пахлi яблыкi i як дзеля гэтага ён доўга ня мог заснуць. Цiкава - так пахнуць яблыкi i тут.
- У цябе нехта ў хаце - глядзi, сьвятло! - страпянулася Валя. - Я не хачу йсьцi далей - у цябе ўжо нехта ёсьць. Нейкiя госьцi, цi што?
- Баiшся? Ты ўжо мусiш цяпер зайсьцi, пабачыць маiх "гасьцей". Гэта, я думаю, мой дзядзька.
- Перадумала - хачу паглядзець тваю радню, - перамянiлася на вясёлую Валя. - Хадзем!
Толькi адно перашкаджала гэткаму ейнаму настрою - гэта нейкае новае, трывожнае пачуцьцё, якое ўзьнiкла цяпер у яе ў сувязi з Корзюкам: раней ён выклiкаў у яе якiя-хаця эмоцыi толькi ня гэткiя.
Яны моўчкi, ня стукаючыся, увайшлi ў хату. "Госьць" нiкалiва не зьбянтэжыўся, хаця гледзячы на ягоны твар, i не чакаў у гэтую часiну нiкога, хто мог-бы перашкодзiць яму дарыхтавацца да ролi гаспадара. Не зьявiлася для яго як быццам нечаканасьцяй i новая асоба - ён хутка здолеў знайсьцi ў сабе да яе пашану й ветлiвасьць.
"Госьць" быў добра апрануты, i гэта рабiла яго яшчэ больш упэўненым, далiкатным i свабодным у гэстах. Валя прыкмецiла ягонае нятутэйшае аблiчча. Рухлiваму й крышачку трапяткому, яму, здавалася, было цесна ў Раманавым пакойчыку.
- Гэта так i ёсьць - мой дзядзька Генадзь Кандраценя, - пазнаёмiў Раман Валю з "гасьцём".
Гэта ён зрабiў так нерашуча, так няўмела, што Валя не магла пазнаць Рамана Корзюка.
- Вы ня з нашых бакоў? - асьмелiўся папытацца ў Валi чарнявы "госьць".
- А вы, прабачце, з якога боку будзеце самi?
- Гэта ня ветлiва, Валя, - уступiўся за "дзядзьку" Раман.
- Якраз з твайго боку ня ветлiва, Ромусь, - пасьпешна ўставiў чарнявы госьць. - Ты мусiў-бы пазнаёмiць мяне ня гэтак павярхоўна. Я спадзяюся, ты калi-небудзь направiш сваю вiну перад тваёю сяброўкай.
- Ня турбуйся аб гэтым, дзядзька.
Валя пры слове "дзядзька" ўзьняла вочы на Рамана й гатовая была пра нешта папытацца, але хутка апусьцiла вочы, угледзеўшы пад сталом невялiкi сакваяж.
У гэты мамэнт Валя была падобная да сьляпой статуi - Раман Корзюк знайшоў яе ў такiм стане куды прыгажэйшай, больш прапарцыянальнай, больш дасканалай, як-бы й сапраўды яна сталася цяпер здабыткам самога мастацтва.
- Валя, табе зусiм непатрэбныя вочы - яны псуюць цябе, дэмаскуюць цябе, робяць цябе зайздроснай, па зямному жывой, уносяць дызгармонiю. Шылер, прыкладам, сказаў-бы - яны парушаюць прапорцыю, без якой ня можа быць таго, што называецца прыгажосьцяй.
- Што - ты хочаш паказаць сваю вучонасьць?
Валя сказала, што ёй цяпер якраз час дадому.
- Ня гневайся. Хiба я прайдуся з табою.
- Якi ты ўсё-ткi малады чалавек - гэта-ж само сабою разумеецца! - так-жа ветлiва, як i сустракаў, разьвiтваўся цяпер з Валяю Генадзь Кандраценя.
Валя i Раман выйшлi. На iхнае абодвых зьдзiўленьне, "госьць" сьледам за iмi згасiў у хаце сьвятло. Пацямнела вомiрг у ваччу. Валя ледзь стрыманым голасам сказала:
- Якая экстравагантнасьць!
Ня выходзячы на сьвятло з цёмнае вулiцы, перад Берасьцейскiм мастом, Корзюк, спынiўшыся, далiкатна ўзяў Валiны рукi i сам iх заклаў у сябе на поясе, а сваймi абняй яе за талiю.
- Грэйся, калi ты замерзла!
Валя ахвочай была прытуляцца, ад чаго Раман Корзюк рабiўся больш натуральным, цiхiм i мяккiм.
- Я хацела-б, каб ты быў заўсёды такiм... звычайным хлопцам, - Валя падняла й надзела свой бэрэцiк.
Раман давёў Валю аж да самага Ўнiвэрсытэцкага Гарадка, дзе яна жыла ў iнтэрнаце для студэнтак, вядомым сярод студэнтаў пад назвай "манастыр".
- Заўтра (цi ўжо сёньня) пабачымся на экзаменах па дыялектычнаму матэрыялiзму, - разьвiтваўся з ёю Раман.
- Толькi не правалi, - разьвiталася сваiм парадкам Валя.
* * *
Не сьвяцiўся агонь у вокнах Раманавай кватэры, шыбы, як прадоньне, палохалi Корзюка, хавалi ў сабе нешта трывожнае. Нiбы цёмнае крыльле бiлася ў iх, калi Раман браўся за клямку. Дзьверы былi запёртыя знутра. "Госьць", падняўшыся з ложка апранутым, як i быў, пасьпешна адчынiў дзьверы i, ня пытаючыся, хто, упусьцiў Рамана.
- Хадзi, хадзi, даражэнькi, годзе табе швэндацца з рознай поганяй, калi вiсiць гарачая куля на носе. За бацькам ганяюцца i расстраляюць, калi зловяць, цябе згнояць у турме, калi я ня выратую вас... калi вы ня выратуецеся самi. Ты-ж ведаеш, што з тваiм бацькам?
- Я не хачу слухаць пра гэта ўсё. Я не хачу вас... цябе бачыць тут у сябе. Будзеце назаляць - змушаны буду заявiць. Хопiць ужо таго, што я ня выдаў цябе перад маёй сяброўкай, перад тою "поганяй", як ты толькi што сказаў. Прашу пакiнуць мяне! Iнакш, я мушу нешта зрабiць каб абаранiцца ад цябе.
- Цiшэй, цiшэй, не разыходзься! Ты цяпер у маiх руках. Паспрабуй выдаць! Хутчэй я цябе выдам! Ты яшчэ ня ведаеш, хто я такi. Як ты мог прыймаць такiх людзей, як я? Ты ведаеш, адкуль i чаго я прыйшоў сюды? Можа ты скажаш, што ты не хацеў мяне? Во, ў мяне ёсьць довад!
Генадзь Кандраценя дастаў з кiшанi паперку, сьпiсаную з двух бакоў, i паднёс яе пад самы нос Рамана. I дадаў:
- Фiгу я табе дам! Гэта залаты дакумант супраць цябе. А потым, ты-ж атрымаў i ад бацькi паперку - адкуль бы-ж ты ведаў, што да цябе мае прыехаць нейкi "дзядзька", Генадзь Кандраценя? Значыцца, ты мяне чакаў, ты назваў мяне "дзядзькам" i пры тэй - як яна завецца? - пры тваёй Валi. Значыць, ты са мною за адно. Чаму-ж ты ёрзаеш i нiправошта ня хочаш слухаць? У цябе няма болей нiякай дарогi, як толькi аддацца на маю ласку. У душы ты ўжо мяне прыняў, толькi адмахваешся языком. Куды ты дзенешся? Калi ты яшчэ паспрабуеш карэжыцца, я знайду табе месца.
Корзюк хацеў быў запалiць сьвятло, як адумаўся. У хаце было цёмна ад таго, што схаваўся за хмарамi месяц i больш не паказваўся. Як-бы змарыўшыся, зацiх i Генадзь Кандраценя, седзячы ў крэсьле за сталом. Раман заставаўся стаяць ля вакна, куды ён падыйшоў ня гэтулькi, каб зацягнуць фiранку, колькi для таго, каб быць далей ад Кандраценi. У цемры яны як-бы прыслухоўвалiся адзiн да аднаго, i ад гэтага яшчэ больш павялiчвалася цiшыня ў хаце. Раман нат пачуў, як за вакном упаў з дрэва яблык.
- Чаго вы гэтак накiнулiся на мяне? - зьвярнуўся Раман да Кандраценi. Можна было пачуць перамену ў ягоным голасе.
- Я прыйшоў не накiдвацца, а ратаваць цябе, Ромусь. Гэта ў мяне такi звычай накiдвацца. Ты таксама маеш свае звычаi, хоць ты й маладзейшы за мяне. Ты мяне мала памятаеш. Ты ня ведаеш мяне добра, i можа таму баiшся мяне. Я цяпер ад твайго бацькi - надыйшоў вам час выбiрацца. Ты разумееш, што азначае "выбiрацца"? Адкуль i куды? Я таксама выбраўся, няхай гэта будзе табе вядома, калi невядома было дасюль. Мацi твая й сястра яшчэ пакуль што сядзяць у голай хаце на хутары. Усё забралi, але iх да часу не чапаюць, дармо, што пiльнуюць, думаюць - начою прыйдзе бацька, дык i схопяць. Рэч сурьёзная: мала таго, што вы кулакi - нехта яшчэ затоўк сакратара райкому партыi (я не кажу, што твой бацька яго забiў), але-ж яму гэта чапляюць, шукаюць i калi знойдуць расстрэл.
- Ня хочацца мне пакiдаць вучобу. Чым я магу дапамагчы бацьку?
- Але ты мусiш пабачыцца з бацькам. Ён просiць цябе. Ён пiша праз мяне, дык я й прыехаў сюды, каб пагаварыць з табою i забраць цябе.
- Забраць?
- Але. Я дзiўлюся, як ты яшчэ ходзiш на свабодзе. Бацька думае, цябе ўжо няма, а ты, дзякаваць Богу, водзiш да сябе й паненак. Ды пiльнуйся! Будзе позна. Будзеш шкадаваць, што не паслухаў мяне. Пойдзем з хаты цяпер во! За ноч i датупаем. Я ведаю, дзе хаваецца бацька. Адсюль недалёка. Можа з дзесятак кiлямэтраў якiх. Кiдай ўсё. Я дам табе зброю (не баюся прызнацца табе) i грошы. Вунь ляжыць гэта ўсё ў сакваяжы.
Генадзь Кандраценя ўпацёмку нагнуўся пад стол i дастаў адтуль сакваяж.
- На, бяры i тое i другое - спатрэбiцца.
- Нi таго, нi другога ня хочу. Скажы мне, дзе хаваецца бацька?
- Цяжка сказаць. Сам ты не спаткаешся з iм. Трэба, каб i я быў з табою.
- Заўтра я мушу пайсьцi на заняткi - у мяне экзамен.
Генадзь Кандраценя думаў.
- Я прыйду да цябе заўтра ўначы, як i сёньня.
Раман нiчога не адказаў, тым ня менш Кандраценя папрасiў яго не пазьнiцца заўтра дахаты i чакаць.
- А гэта вось лiст ад бацькi - прачытаеш.
Генадзь Кандраценя ўстаў i не разьвiтаўшыся, пакiнуў Раманаву кватэру. Корзюку здавалася - Кандраценя стаiць, прытаiўшыся за дзвярыма й слухае яго, бо ня чутно яшчэ было ягоных крокаў на ганку. Ня чутно iх было i пазьней - усё было напоўнена начой, i нiводнага выразнага зыку, апрача толькi шораху-плынi самой цемры, не магло злавiць насьцярожанае вуха Рамана. Яму хацелася цяпер быць разам з Валяй, дармо што яна такая адменная й не заўсёды згодная з iм. Спаць не хацеў Корзюк. Бы схамянуўшыся, ён зiрнуў на вакно - там квола прарэзваўся восеньскi ранак. Мутны, ляны дзень упаўзаў у хату, пакiдаючы на шыбах, як пасьля сухавею, толькi адну смагу. Ужо й без сьвятла ён мог прачытаць бацькаў лiст.
"Дарагi сыну, я пiшу яшчэ раз усё, як ёсьць. Ты, спадзяюся, ўсё зразумееш. (Гэты лiст перадае табе надзейны чалавек, якога й ты, я думаю, трохi знаеш.) Мы ўсе мусiм уцякаць. За мною ганяюцца i, ўрэшце, зловяць. Мацi й сястра твая жывуць у абрабаванай нашай хаце, як заложнiкi. Незаводна прыйдзi з чалавекам да мяне. Трэба ўсё абмеркаваць i ўсiм збавiцца. Кiдай навуку. Яна толькi згубiць цябе. Не пападайся ў рукi. Прыедзь, глядзi-ж. Твой бацька."
У Рамана набеглi сьлёзы. Ён дакараў сябе, чаму ён адразу-ж не пайшоў да бацькi. Хоць пайсьцi азначала-б ужо не вярнуцца. А ён гэтага не хацеў. Няўжо так i абарваць раптам усё, i можа недарэчна. Цi-ж такiя ён вызначаў сабе шляхi? Перад iм адчыняўся сьвет, прывабны, з вялiкiмi магчымасьцямi, а цяпер ён замыкаўся, вузеў, i як-бы ня было цяпер у iм для Рамана месца. Пайсьцi? Кiнуць? Лёгка сказаць! Што мяне чакае там, у iншым сьвеце? Не патое ён кiнуў бацькоў i хутар, каб варочацца туды. Чым ён дапаможа бацьком? Яны-ж самi выганялi мяне ў сьвет шукаць шчасьця, каб хоць я не прапаў, калi ўжо яны прападаюць. Гэта-ж яны самi казалi зрачыся нават роду свайго Корзюкава, каб нiхто ня ведаў, хто я й адкуль, каб хоць для мяне не зачынялiся дзьверы. Ды я не магу зрачыся. Мяне ўсюды ведаюць, як Рамана Корзюка, сына кулака. Кулак? Я ведаю - гэта ня ганьба. На мяне глядзяць зайздроснымi вачыма якраз таму, што я кулак. Мяне выгналi з тэхнiкуму, але я застаўся там у душах, як кулак непакорны, непадкупны, дужы, адчынены й наважны. Мяне пасадзяць у турму? Мне не дадуць скончыць навукi ў iнстытуце? Я скончу яе ў турме, але не паддамся й не саступлю. Вось толькi сапраўды - бацькi! Няўжо яны й мяне зацiснуць у свой вузел? Што сталася з бацькам? Я не пазнаю яго - гэта не ў натуры Корзюкаў хавацца i ўцякаць. А тым болей забойства. Што гэта такое?
Гаспадыня пастукалася прыбраць, запыталася, чаму ён ня йдзе на заняткi. Раман адказаў, што ў iх няма сёньня першай лекцыi i што ён зьбiраецца на трэйцюю. Пасьпешна выпiў гарбату i, узяўшы партфэль, пакiнуў кватэру.
Калi Раман увайшоў у будынак Галоўнага корпусу Ўнiвэрсытэцкага гарадка, студэнты ягонага курсу ўжо клумiлiся перад дзьвярыма аўдыторыi 312, чакаючы, калi пачнуцца экзамены. Раман апранутым мiнуў распранальню, сьпяшаючыся да сваiх сяброў.
- Здымеце галёшы й пальто, - закрычэлi на яго з распранальнi.
Корзюк толькi азiрнуўся i падаўся далей.
- Вярнецеся, нельга ў галёшах!
Раман размахваў партфэлем, ня бяручы ўвагi на крыкi й просьбу.
- Вам хочацца да дырэктара, цi каб мы выклiкалi мiлiцыю? - дагнала Рамана жанчына з распранальнi й спынiла яго за рукаў.
- Толькi бяз рук!
- А ты чаго прэшся - тры пуды гразi на нагах. Красьцi хадзiў, цi што? Называецца, культурны чалавек, студэнт! Нечага з вамi валаводзiцца! Да дырэктара, або ськiнуць галёшы!
- Не магу - пальцы голыя, дык таму i галёшы.
- Пакажы, тады паверу.
Корзюк ськiнуў з нагi галёшу й паказаў на падзёрты чаравiк. Жанчына з распранальнi пагардлiва зiрнула на нагу i дэманстрацыйна пакiнула Рамана.
Студэнты зьбеглiся на iнцыдэнт i прысукалi да Корзюка.
- Да чаго ты дажыў - жанчыны пачынаюць распранаць!
- Гэта-ж нахабства. Дзiўна, як ты ёй паддаўся?
- Што ты хочаш ад яго - яго ўчора згрэбла Валя Камоцкая i павязла дахаты.
Раман, нiчога не адказваючы i ня спыняючыся, хутка йшоў па карыдоры, хмуры i ўцьвелены. Побач яго i ззаду, як вучнi, драбязою беглi студэнты, не ўпраўляючыся за iм. Вышэйшы за iх на галаву, Раман зупынiўся толькi каля самых дзьвярэй аўдыторыi 312.
З другога боку, супроцьлежнага таму, адкуль узяўся Корзюк, наблiжаўся выцягнуты, як струна, вышэйшы яшчэ за Корзюка, стары, ў пэнснэ, прафэсар, выкладчык дыялектычнага матэрыялiзму. Але прафэсар, як-бы нiкога не пазнаючы з сваiх студэнтаў, гледзячы некуды праз iхныя галовы, наткнуўся толькi вачыма на Корзюка i папытаўся:
- Гэта аўдыторыя 312?
- Вы не памылiлiся, - адказаў Раман.
- Заходзьце вы першы i яшчэ адзiн! Упушчаць i, зразумела, выпушчаць буду толькi па двох, - засьмяяўся прафэсар i ўпяршыню глянуў унiз, на студэнтаў.
Раман увайшоў у аўдыторыю. Толькi цяпер яму прыйшло ўдум, што Валi няма на карыдоры, што яна ня прыйшла на экзамены i, напэўна, ня прыйдзе - пазьнiцца яна ня любiць. Раман занепакоiўся. Калi-б яна была там, за дзьвярыма, чакала свае чаргi, у ягонай душы ўсё-б было ў парадку, нiчога-б, здавалася, ня трывожыла-б яго i ўсё было-б паранейшаму - гэты дзень, як i ўсе днi, не зачапляў-бы яго, не адкладаўся-б гэтак балюча i шчымлiва i, галоўнае, ён не адчуваў-бы сябе вiнаватым перад ёй, калi-б яна была цяпер тут. А так - яе няма, i можа яна пакрыўджаная чым-небудь, злуецца на яго, знарок ня прыйшла, каб памсьцiцца яму хоць гэткiм спосабам. I гэтак заўсёды - калi яе няма, яму хочацца яе, калi яна ёсьць - ён кпiць i глумiцца з яе. Ён заўсёды дакарае сябе за гэта, ды нiчога ня выходзiць - ня можа сябе перарабiць. Ад таго ён можа сам для сябе стварыў гэтулькi пакутаў. Ня любiў сябе Корзюк за свой характар, хоць i ведаў - ён застанецца такiм, як ёсьць, супярэчлiвым i зьменным. Пра тое-ж, што яго сёньня чакае на квартэры, Раман стараўся ня думаць.
Прафэсар у пэнснэ, седзячы, корпаўся ў сваiм партфэлi i, як-бы нiчога не знайшоўшы ў iм, хутка замкнуў яго, падпёршы над сталом свой худы падбародавiч абедзьвюма даланямi. Утрымваючы гэткiм спосабам сваю галаву на лакцёх, ён уставiўся вачыма ў столь i, выяўна задаволены сваiм тонам, сфармуляваў Раману Корзюку тэму "Законамернасьць i выпадковасьць у гiстарычным працэсе".
Да Рамана, як праз сон, ледзьве дайшла гэтая тэма, i ён яшчэ не хацеў думаць над ёй. Ён таксама, як i прафэсар, некуды бяздумна глядзеў i схамянуўся толькi тады, калi прачытаў на дошцы, што стаяла насупраць яго, напiсанае крэйдай вялiкiмi лiтарамi "Раман Камоцкi". Ах, якi дасьцiпны жарт! Дарослыя, а - як дзецi. Але падумаў - нядрэнна гучыць: Раман Камоцкi. Але - не! Камоцкая гэта толькi яна, Камоцкая. У гэтым прозьвiшчы яна ўся: прывабная, далiкатная i адначасна вульгарная. Але якраз вульгарнае ў яе выходзiць далiкатным. Яно якраз i прыцягвае да яе. Пайду, папытаюся ў ейных сябровак, дзе яна i што з ёю?
- Выбачайце, прафэсар, я блага сябе адчуваю, мне трэба выйсьцi... на хвiлiначку.
Корзюк узьняўся з-за стала, i крэсла, на якiм ён сядзеў, з грукатам павалiлася на падлогу.
- Часiначку! Але вы разумееце, што такое заканамернасьць i выпадковасьць? Вы скажэце мне толькi... - не адпушчаў прафэсар Рамана.
- Разумею. Разумею, прафэсар. Даруйце - я спадзяваўся прыйсьцi да вас на экзамен з сваёй сяброўкай, а яна ня прыйшла. Што тут - выпадковасьць цi заканамернасьць?
- Дасьцiпна! Надзвычайна! Вы разьбiраецеся ў тэме. Цешуся вашай правiльнай пастаноўкай пытаньня. Залiковая кнiжка?
Раман падаў кнiжку i выляцеў з аўдыторыi, як ня з гэтага сьвету, разглядаючыся па бакох i шукаючы Валiных кампанак.
- Ну, як - здаў? Што табе паставiў? Якiя ў цябе былi пытаньнi?
- Што паставiў? Асла!
- Вар'ята кавалак, - адказаў той, хто пытаўся.
Корзюк змоўк, як-бы асекся, стоячы на сярэдзiне калiдору. Адна з Валiных сябровак, калi ён зiрнуў на яе, схавала ад яго свае вочы, гледзячы ў канспэкт i падыходзячы блiжэй да дзьвярэй аўдыторыi. Гэта азначала, што яна ня хоча гаварыць. Раману толькi не зразумела было - цi таму, каб ён не турбаваў яе перад самымi экзаменамi, цi проста, каб не сказаць, дзе Валя. Як-бы там нi было, Корзюк адчуў сябе абражаным, чужым сярод сваiх, i ад гэтага яму было яшчэ больш не па сабе. Яму здалося - усе ведаюць пра яго больш, чымся ён сам пра сябе, але ня хочуць яму нiчога сказаць, нешта хаваюць ад яго. Больш ён i ня думаў пытацца пра Валю, яна ня была ўжо яму гэтак патрэбная, як колькi часiнаў перад тым. Яму нiхто не патрэбен быў цяпер. Нiхто ня цiкавiцца iм, навошта i яму тады хто-небудзь? Вунь усе стаяць пад дзьвярыма, як перад царскiмi варотамi, кожны дрыжыць за сваё асабiстае, i сапраўды, цi можа каго цiкавiць нейкi Корзюк? Вядома, не! Якiя адны з iх будуць шчасьлiвыя, калi здадуць экзамен, а другiя - якiя нешчасьлiвыя, калi не здадуць. А ён ня ўмее нi радвацца, нi гараваць. Ён i той экзамен здаў нейкiм нязвычайным спосабам, не такiм, як усе.
Ня прыстаўшы да нiкога i ня ведаючы, што яму рабiць далей, Корзюк памалу, уцягнуўшы галаву, як ад дажджу, у каўнер палiта, пайшоў да выхаду. Iдучы гэтак, ён наткнуўся на Сьцяпана Мялешку, камсорга свайго курсу.
- Корзюк, вас хоча бачыць цяпер-жа дырэктар, - намагаўся як найлагадней паведамiць Мялешка.
- Дзякую, Сьцяпан, я неяк ужо й сам туды хiлiўся. Каб ты й не сказаў, я зайшоў-бы да яго й сам. А ты што - ад яго?
- Ты не канечне мусiш ведаць усё.
Корзюку зноў давялося йсьцi паўз распранальню. Тая самая жанчына, што гэтак старанна яго распранала, зiрнула на яго блiскучымi вачыма i падмiргнула другой, прыймаючы палiто з рук студэнткi. Раман нiяк не рэагаваў на гэта i толькi хутчэй пайшоў па вытаптанай дарожцы.
У канцылярыi дырэктара перш сустрэла Рамана сакратарка. Яна пастукалася да дырэктара, крышку адчынiла дзьверы ягонага пакою i, не ўваходзячы, уткнула туды, як праз шчылiну, сваю галаву, ня зусiм эфэктна паказаўшыся ззаду Раману.
- Заходзьце! - павярнулася яна, села за свой стол, за якiм яна сядзела перад гэтым.
Дырэктар ня ўзьняў вачэй ад папераў i тады, калi Раман стаяў ужо перад ягоным сталом.
- Вы, здаецца, хацелi мяне бачыць? - заявiў аб сабе Корзюк.
- Так, так. Добры дзень! Сядайце! Як справы? Вы жывяцё на водшыбе i вас ня ўсюды можна бачыць. Вам ня хочацца перабрацца ў iнтэрнат? Да нас?
Дырэктар стродка зiрнуў у вочы Рамана Корзюка.
- Я й так разам з вамi, таварыш дырэктар.
- Разумеецца, мы цяпер разам з вамi - я й вы ў адным пакоi... Былi на экзаменах?
- Так.
- Ну, вы i на экзаменах заўсёды трымаецеся свабодна. Спадзяюся, што вы й цяпер не адступiлi ад свайго правiла?
- Гэта ня мае нiякага значэньня, таварыш дырэктар.
Як-бы першы раз за сто год маўчаньня, прарваўся тэлефон, бразкуча i трывожна. Дырэктар прывычным рухам рукi спакойна зьняў з яго трубку i, сказаўшы "пазьней", перапынiў тэлефонную гутарку.
- Вас сягоньня просяць завiтаць на рог Савецкай i Ўрыцкага. Разумееце, куды? А восьмай гадзiне ўвечары. Пакой 72. Органы дзяржаўнай бясьпекi цiкавяцца вамi. Можаце йсьцi.
Дырэктар паклiкаў сакратарку, а Раман Корзюк, быццам яшчэ ня ўсё сказаўшы, памуляўся колькi сэкундаў i выйшаў толькi тады, калi зразумеў, што ягоная гутарка з дырэктарам сапраўды скончылася.
2
З Валяю Камоцкай нiчога асаблiвага ня сталася. У манастыр, драўляны дамок ля самага Галоўнага корпусу, яна, пасьля разьвiтаньня з Раманам, прышла даволi позна; сьвятла ня было як у iхным, так i ў iншых пакоях. Ня было сьвятла нават i ў карыдоры, i Валi вобмацкам давялося шукаць сваiх дзьвярэй. Асьцярожна, каб як найцiшэй, узялася за клямку. Дзьверы былi замкнутыя. "Ня пушчаюць", - аж спалохалася яна гэтай свае першае думкi, гэткай прыкрай i недарэчнай для яе, прыкрай таму, што рэальнай. "Заставайся на вулiцы, досыць нацешылася ты". Гэтае самаўсьведамленьне яшчэ больш узмацнiла ў Валiнай душы несамавiты, можна сказаць, дваякi настрой: радасьць, што яна правяла час з Раманам i неспадзяваная расплата за тую радасьць. Два адценьнi ў ейным пачуцьцi зьлiлiся ў вадно - у тую прыкрасьць, якую яна адчула адразу-ж, калi ўвайшла ў цёмны карыдор манастыра. "Значыць, выжываюць - гэтак адкрыта i бессаромна! Даюць зразумець, што пагарджаюць, як вулiчнiцай. Заўтра, цi дакладней ужо сёньня ўсе будуць ведаць: Валю Камоцкую ня пусьцiлi ў хату ейныя-ж сяброўкi, яна стаяла пад дзьвярыма, прасiлася й мала ня плакала. Яшчэ таго глядзi, паставяць адкрыта пытаньне аб маральным разлажэньнi".
Валя пачала стукаць у дзьверы, наважна й настойлiва. Ды дармо, нiхто ня йшоў адчыняць. Яшчэ й яшчэ. Мацней i мацней. "Прытаiлiся, бы выдахлi".
Валя нацiскала на дзьверы з усёй моцай, абураная, злосная да няпрытомнасьцi. "Манашкi - няма каму сьвiснуць - паўставалi-б".
Валя бразгала гэтак, што пачулiся пратэсты з суседнiх пакояў, але толькi цiха было ў Валiнай кельнi. "Гэткая зацятасьць!" падумала Валя блiзу што ў голас, зьняможаная крыўдай i нянавiсьцяй да сваiх сужыхарак. Нарэшце, калi яна пакiнула грукаць, нехта шлёпнуў з ложка босымi нагамi аб падлогу i, падбегшы да дзьвярэй, пакруцiў ключ у дзiрцы, пасьпешна ўцякаючы назад.
Валя ўвайшла ў пакой i на злосьць шархнула сьвятлом. Усе на ложках iнстынктыўна нацягнулi на галовы коўдры, але нiхто нiчога не гаварыў, вiдавочна, баючыся чапаць Валю Камоцкую.
- Чаму-ж вы, такiя адважныя, пахавалiся цяпер? Чаму з вас нiхто ня хоча глянуць мне ў вочы? Можа-б я ляпей разгледзела вашае аблiчча - цi чалавечае яно.
Бяз удачы выклiкаць манашак на паядынак, Валя Камоцкая разьдзелася й легла ў свой ложак. Доўга яна не магла заснуць. Ня тое, каб яе мучыла зьнявага сябровак, - гэты канфлiкт у яе хутка ўлёгся, - з галавы ў яе ня выходзiў Раман, ён валадарна сьцёр з памяцi яе ўсё, што адклалася ў ёй не ад яго. Iхныя ўзаемадачыненьнi здавалiся Валi ня зусiм выразнымi, як-бы ня было ў тых дачыненьнях такога пункту апоры, дзякуючы якому можна было-б утрымаць i забясьпечыць памiж ёй i iм раўнавагу, нiколi ня ставiць пытаньня: што будзе далей? або цi ўсё гэта праўдзiва? Валя Камоцкая хацела-б, каб усё было ясна цяпер-жа, каб яна ведала ўсё наперад, каб была тая ўпэўненасьць, безь якой нельга плянаваць дзявоцкага жыцьця, цi жыцьця наогул. Учора яна чытала Анатоля Франса, i як-жа ён памыляецца, калi кажа, што шчасьце - у невядомасьцi. Не, невядомае - гэта найгоршая рэч. Трэба, каб невядомае было разьвязанае. Яна ўсё развязала, што да Рамана. Праўда, гэтае "ўсё" разьвязалася само па сабе, бяз плянавасьцi, стыхiйна. Раман напаткаўся ёй неспадзявана, адразу. Тры гады правучылася - не дабачала яго, потым ён як-бы аднекуль зьявiўся, вырас i, жартлiвы, нават абыякавы, знайшоў сабе мейсца ў ейнай душы. I цяпер яна нагэтулькi звыклася з iм, што нельга было-б уявiць нейкi адыход ад яго, гэтакi магчымы з ягонага боку. Гэта яшчэ больш кiдае яе да яго з такой пасьпешнасьцяй, з якой кiдаецца пад хуткiя колы дарога. Калi ўчора праходзiў пад Берасьцейскiм мастом цягнiк, здалося, што гэта ня ён адыходзiць ад iх, зьнiкаючы ўначы, а што гэта яна адыходзiць, адплывае ад Рамана. Iнакш-бы яна, напэўна, не цягнулася за iм да самае хаты, не наравiлася-б гэтак. Ёй хацелася-б, каб не яна слалася тэй дарогай перад iм, а ён перад ёю, больш пакорны i больш адданы. Але якраз тут у яе i ня было пэўнасьцi - Раман не такi. Ён нiякi. Няўлоўны, пасьпешны, ён нiколi ня будзе самiм собою, без самаўсьведамленьня, ён - толькi рух бязьмэтны. Нявядомае ў iм палохае Валю. Хто ён i што ён, як чалавек, нарэшце? Цi можна спадзявацца на яго? Спадзяваньняў гэтых ня шмат было ў яе. Найгоршае-ж, чаго яна баялася i ў чым яна не хацела прызнацца нават сама перад сабою - гэта тое, што Раман часамi выдаваўся ёй падазроным. Будучы з кiм-небудзь разам, ня з ёю толькi аднэй, Раман выяўляў новыя, невядомыя датуль рысы характару: з кiм-небудзь iншым, у сьвятле таго "iншага", ён як-бы ня той, каго яна ведае. Шмат такiх дадаткаў яна ўжо ўгледзела ў iм. Вось хоць-бы ягоны "дзядзька" - што гэта за чалавек? Ён, бязумоўна, ня цiкавiць яе сам па сабе. Яна не пазнала толькi ў сутыку з iм Рамана. Значыцца, Раман ня толькi з ёю, а й яшчэ з некiм. Раман такi чалавек, якi нiколi не гаворыць нi пра сябе, нi пра каго-небудзь, а толькi пра што-небудзь.
Як-бы выплываючы з разважаньняў аб Раману Корзюку, у Валi Камоцкай зарадзiлася iнтрыгуючы i самую яе думка: праверыць Рамана. Не пайсьцi на экзамены (iх можна здаць яшчэ i заўтра), а пайсьцi да Раманавае гаспадынi, калi той будзе на экзаменах, i вынюхаць усё так, як толькi яна ўмее. Можа Раманава гаспадыня ведае што-небудзь пра "дзядзьку", а можа яна яго нiколi й ня бачыла. Дык гэта ўжо будзе таксама нейкай нiткай. Падставай. Нейкай асаблiвай нетактоўнасьцi ў гэтым ня бачыла. Пагатоў, калi Раман ня будзе нiчога пра гэта ведаць. У iмя iхнага далейшага трэба высьветлiць дачыненьнi Раман Корзюк - Генадзь Кандраценя.
З гэтай думкаю Валю Камоцкую сустрэла раньне. Яна ня выспалася i нiкому не хацела паказвацца на вочы пры дзённым сьвятле - сьляды ночных перажываньняў выразна ўдавалi яе iншай, слабой, крыху няпэўнай i не такой наважнай, чаго яна ня любiла ў сабе. Каб ужо й сапраўды ня выглядаць гэтак, а галоўнае, каб яе не палiчылi за такую, яна пусьцiла ў ход выпрабаванае сваё мастацтва падабацца ўсiм i выклiкаць зайздрасьць - наколькi можна было, яшчэ перад тым, як пайсьцi ў агульны мыцельнiк, зграбна вызвалiла з-пад свайго ранiшняга ўбору загарэлыя рукi, грудзi, шыю i акруглай формы сьпiну - няхай ад злосьцi ўкусяць яе, яна ведала - стройную, iмклiвую i плястычную.
У мыцельнiку Валi Камоцкай давялося стаць вобак з сваiмi таварышкамi. Адна з iх, трымаючы ў роце зубную шчотку i саркастычна аглядаючы Валю, цынiчна парэкамандавала ёй:
- Памый заадно й грудзi ды павесь iх на шнурку сушыцца.
- Гэта ня я, а ты з радасьцяй павесiла-б, каб у цябе было што вешаць.
Няпрыемная сутычка памiж дзьвюма жанчынамi сьцiшыла рэшту, зьмянiла настрой. Мала гаворачы, усе вярнулiся ў пакой i пачалi зьбiрацца на заняткi. Валя Камоцкая, як i заўсёды хутказьменная, зноў увайшла ў сябе, замкнулася, няпрыступная нiкому. Яна зноў вярнулася да таго, з чым i прачнулася - да Рамана. Толькi цяпер яна думала ня проста пра Рамана - ў ёй прачыналiся здольнасьцi сьледчага, якi яшчэ ня ведаў, як пачынаць цяжкое сьледства. Дзьве супярэчлiвыя акалiчнасьцi рабiлi цяжкой Раманаву справу: з аднаго боку, Валя хацела, так-бы сказаць, намацаць Ахiлесаву пяту ў Рамана, знайсьцi тое, што мучыць, дражнiць, палохае i штурхае яго на падазроныя сувязi, з другога боку, сваiм нязвычайным сьледствам яна магла пашкодзiць самыя сувязi з Раманам. Апошняга яна баялася найбольш, але-ж i не магла застацца ў тэй няпэўнасьцi, якую яна адчувае i асаблiва адчула апошнiм разам, на кватэры ў Рамана Корзюка.
Валя выйшла з iнтэрнату разам з усiмi, але, апынуўшыся на вулiцы, адлучылася ад кампанii i стала на трамвайным спынку, што быў тут-жа, недалёка ад манастыра. Усё зьдзiўлена азiрнулiся на яе. Нават блiжэйшыя спамiж ейных сябровак, з якiмi яна, бывала, i дружыла, нiчога не папыталiся ў яе трымаючыся ўвесь час нейтральна. Неўзабаве прыйшоў трамвай, i Камоцкая лёгка ўскочыла на падножак.
З уваходам у трамвай увайшло ў свае берагi i тое пачуцьцё, якое кiравала ёю i вяло яе да пастаўленай мэты. Яна не спакмела, калi прайшоў пад Чыгуначным мастом трамвай i калi ён дайшоў да свайго канцовага спынку. Усе вылезьлi, толькi яна адна заставалася ў апусьцелым вагоне, пакуль кандуктар не нагадаў, што трамвай далей ня йдзе. Валя Камоцкая, як i ўчора, зноў прайшла паўз Берасьцейскi мост i хутка згубiлася ў садовых вулiцах. Але цяпер яна баялася тут, на гэтай ускраiне. Учора ўвечары яна пачувала сябе тут iнакш, зацiшней, бясьпечней, а цяпер удзень у яе мог яшчэ хто-небудь папытацца, хто яна i што ёй тут патрэбна. Нiколi яшчэ яна ня йшла тут адна. Заўсёды толькi з Раманам... Што яна надумалася? Яна яшчэ нiчога не хавала ад Рамана, заўсёды ўсё яму гаварыла ў вочы - прыемнае i прыкрае. Што змушае яе цяпер хаваць у сваiм сэрцы тое, што яна надумалася? Не, гэта ня тая дарога, што вядзе да Рамана. Прыйшоў-бы час, i ён сам, магчыма, адчынiў-бы сваю душу, як ён заўсёды адчыняе мне дзьверы свайго пакою. Камоцкая зiрнула на дом, дзе жыве Раман, i не знаходзiла адвагi iсьцi далей. Вярнулася, каб ня так ужо адразу... Можа лепей зайсьцi з другога канца вулiцы... На месцы iхнага ночнага прыпынку ляжала колькi расьцiснутых яблыкаў. Валя перайшла на iншую вулiцу, яшчэ меншую за гэту. З нейчага дварку злосна кiнуўся на яе сабака, тузануўшыся на ланцугу.
Валя Камоцкая пастукалася да гаспадынi Рамана Корзюка. Тая не адразу адчынiла ёй дзьверы, у хаце была чуваць гаворка. Гэта насьцярожыла Камоцкую Раманава гаспадыня жыла адна, муж у яе памёр маладым, дзяцей ня было, раднi таксама, i хто-б мог зайсьцi да яе - нi з кiм яна ня зналася i ня любiла нiякiх наведвальнiкаў. Але мала чаго ня бывае. Валi толькi не спадабалася, што нехта зайшоў да яе тады, калi i ёй трэба было пагутарыць з ёю. Собiла ж ёй ткнуцца ў гэтую часiну, няхай-бы раней цi пазьней. Ды ня было ўжо як адступаць - дзьверы адчынiлiся: Раманава гаспадыня стаяла перад ёй спалоханая, зьбянтэжаная i як-бы злосная, хоць у голасе, калi яна абазвалася да Валi, ня чулася нiчога асаблiва варожага.
- Добра, што вы зайшлiся.
Гаспадыня павяла Валю ў другую палавiну хаты. Падняўшы з нейкага матэрыялу заслону ў дзьвярох, яна ўпусьцiла Валю ў досыць вялiкi пакой. На нейкай воддалi ад Камоцкай, перад вялiкiм старым люстрам на ўсю сьцяну, стаялi тры высокiя мiлiцыянэры, i адзiн з iх трымаў у руках сакваяж, падобны да таго, якi Валя бачыла ўчора пад сталом на кватэры ў Рамана. "Вось i сьледства", - хутчэй за самую думку ўспыхнула трывога ў падсьвядомасьцi ў Камоцкай. Мiлiцыянэры перш пабачылi яе ў люстры - з галавы да ног, яна як-бы наскрозь прасьвяцiлася перад iмi. Потым яны павярнулiся да яе. Асьлепленым, iм цяжка было напачатку глядзець на яе: яны ўспрыймалi яе, быццам шклянымi вачыма - гэтак шмат трапiла сьвятла ад люстра ў iхныя зрэнкi. Выцiраючы вочы, адзiн з iх, найстарэйшы, дапытлiва глянуў на Камоцкую:
- Вы чаго прыйшлi сюды, грамадзянка?
- Вы ня маеце права мяне дапытваць.
Два маладзейшыя мiлiцыянэры пераглянулiся мiж сабой i моўчкi пераступiлi з нагi на нагу. Гаспадыня, бы сэкундант на дуэлi, стаяла ў баку, гледзячы больш на мiлiцыянэраў, чымся на Валю каля дзьвярэй.
- Ваша прозьвiшча? - папытаўся мiлiцыянэр у Камоцкай.
- Я арыштаваная?
- Пакажэце ваш пашпарт.
- Я атрымала яго ў мiлiцыi, i вы добра ведаеце, як ён выглядае.
Старэйшы з мiлiцыянэраў кiўнуў маладзейшым, i тыя хутка апынулiся за плячыма ў Валi, папрасiўшы яе прайсьцi далей ад парогу.
- Вы ведаеце гэтую асобу? - зьвярнуўся старэйшы да гаспадынi.
- Яна часта заходзiцца да майго кватаранта.
- Рамана Корзюка?
- Гэта вы ўжо ведаеце.
- Гэта значыць, студэнтка, тая самая аб якой вы гаварылi?
- Няго-ж якая!
- Калi трэба, я буду гаварыць сама за сябе. Прашу вас, калi ласка, ня турбавацца, - ня зусiм валодаючы сабой, адным дыхам прагаварыла Валя Камоцкая да гаспадынi i, ня саступаючы з мейсца, уставiла на яе свой узрок, калючы i злосны. Старэйшы з мiлiцыянэраў бачыў, як павернутая да яго шчака ў Валi налiвалася чырвоным колерам гневу.
- Якое вы маеце права забараняць ёй гаварыць, хоць-бы й пра вас, хоць-бы й няпрыемнае для вас? Мы пытаемся ў яе пра што хочам i як хочам... Значыцца з усяго вiдаць - вы добра ведаеце Рамана Корзюка? А вы ведаеце, што гэта вось гэта? - старэйшы з мiлiцыянэраў паказаў на сакваяж у руках свайго памагатага, што стаяў ззаду ў Валi. - Вы хочаце, каб мы адчынiлi яго й паказалi вам, што ў iм, га?
Валя й не спрабавала азiрнуцца назад, толькi адчула сваёю сьпiною страх, як-бы за ёю ляжала нейкая бомба, гатовая вiда-вiда выбухнуць.
- Я нiчога не хочу ведаць, мяне гэта не дачыцца.
- Не, гэта датычыцца й вас. Мы паглядзiм, наколькi ў вас хопiць запалу баранiцца.
- Мне ня трэба баранiцца. Я ня ведаю, што вы хочаце ад мяне, нарэшце? Я прыйшла сюды зусiм прыватна. Можа ня ў час.
- Вы зусiм нам не перашкодзiлi. Мы спадзяёмся, вы дапаможаце нам. Вы нам патрэбныя, i мы вам вельмi ўдячныя, што вы якраз прыйшлi сюды цяпер.
Старэйшы з мiлiцыянэраў - гэта можна было пачуць па ягоным голасе i як-бы iранiчнай iнтанацыi - бачыў сябе пераможцам, i ад усьведамленьня гэтага, рабiўся яшчэ больш красамоўным. Ён i не спадзяваўся, што гэтая справа гэтак выгадна абернецца для яго - ён можна ўжо сказаць, ускрыў яе, маючы перад сабой такую цiкавую дэталь, як гэтая дзяўчына, што прыйшла сюды сама i стаiць во цяпер перад iм. Ён давядзе гэтую справу да канца, высьветлiць у ёй усё невядомае i ўзьнiмiць яе да ступенi дзяржаўнага значэньня. Бязумоўна, важная дэталь у гэтым - Раман Корзюк. Дык ён-жа таксама бадай у ягоных руках. Застаецца яшчэ толькi адно невядомае, але й яно, бясспрэчна, знойдзецца па дзьвюх першых дэталях, ужо вядомых яму. Трэйцяя дэталь будзе вышэйшым пунктам ягонай дзейнасьцi i завяршэньнем усяе справы. Адно толькi мала цешыла яго гэта тая акалiчнасьць, што гаспадыня сама прыйшла да iх i паведамiла аб усiм. Д'ябла яе прынёс - ён сам-бы выкрыў гэта ўсё без яе. Але й тут у яго ёсьць адна зачэпка - можа й сама гаспадыня ўцягнута ў гэтую справу i толькi дурыць галаву, што яна знайшла гэтыя рэчы пад сталом, замятаючы пакой Рамана Корзюка. На самай справе, хто мог-бы пакiнуць такiя цацкi пад сталом? Гэта ўсё выглядае куды глыбей, чымся здаецца на першы пагляд.
- Вы, я думаю, не адмовiцеся, - падыйшоў блiжэй да Валi Камоцкай старэйшы мiлiцыянэр, - паехаць разам з намi й даць фармальнае паказаньне ў справе знойдзеных рэчаў на квартэры вашага знаёмага Рамана Корзюка?
- Я нiкуды не паеду, я пайду туды, адкуль i прыйшла. Вы ня маеце нiякай падставы затрымваць мяне.
- Не нэрвуйцеся - у нас ёсьць падстава... Зрэшты, чаго вам баяцца, калi вы нiчога ня ведаеце? Так i скажаце, што ня ведаеце, i ўсё. Але, натуральна, вы можа самi хацелi-б ведаць, чаму нам патрэбна вашае супрацоўнiцтва ў гэтым выпадку? Мы дапушчаем нават, што вы нi ў чым невiнаваты, i ў гэтым сэньсе нам зразумела вашае абурэньне. У тым вунь сакваяжы, - мiлiцыянэр зноў паказаў на свайго памагатага, - хаваецца нешта большае, чымся зброя i грошы.
Валя ўпяршыню за гэты час павярнулася назад i зiрнула на сакваяж, але як на рэч, якая ня выклiкае ў яе нiякага ўражаньня. Тое, што сказаў ёй мiлiцыянэр, як-бы нiкалiва ня зьдзiвiла яе, i яна толькi пытальна ўзьняла вочы на гаспадыню, быццам просячы яе сказаць, скуль гэта яна ўсё ўзяла. Але гаспадыня заставалася стаяць моўчкi з выглядам, што яна ўсю вiну за гэта ўжо звалiла з сябе i ўсклала на каго iншага. "Пытайся цяпер у iх, або ў таго, з кiм знаешся. Я сваё зрабiла, а ты выкручвайся цяпер, як можаш".
Валя Камоцкая, апусьцiўшы абедзьве рукi ў кiшэнi палiта i трымаючы iх так, што адно i другое крысо ўзьнялося ўгару, насьмешлiва i з дражлiвым тонам зьвярнулася ўжо не да гаспадынi, а да старэйшага мiлiцыянэра, што ўвесь гэты час ня зводзiў з яе вачэй:
- Што хочаце, нiяк не магу зразумець гэтай вашай дэманстрацыi!
Старэйшы з мiлiцыянэраў, абураны i незадаволены эфэктам, на якi ён, вiдаць, разьлiчваў, ня стрымаўся i на ўвесь голас закрычаў:
- Рукi з кiшэняў! Да закаранелых злачынцаў у нас знойдзецца i адпаведны мэтад. Узяць яе!
Два маладзейшыя мiлiцыянэры ўзялi пад рукi Камоцкую i вывелi яе заднiм ходам на двор, дзе на iх чакала машына.
Гаспадыня, толькi калi яны ад'ехалiся, зачынiла за iмi дзьверы свайго дому.
3
Раман Корзюк нiдзе ня мог знайсьцi сабе мейсца. Ён ня ведаў, за што яму ўзяцца, куды пайсьцi i што пастанавiць. Тысячы розных супярэчлiвых думак зьмянялiся адна па аднэй, i нiводнай з iх ён ня мог прыняць, або адкiнуць усе яны здавалiся яму правiльнымi i ў той-жа час зусiм нерэальнымi для зьiшчэньня. Яны зараджалiся недзе ў глыбiнi душы i, падагрэтыя хваляваньнем, не маглi адстоiцца i набыць сталага характару. Ён толькi адчуваў iх, яны раiлiся ў iм, але ня мог iх усьвядомiць, i ад таго ў яго ня было нiякай яснасьцi ў душы. Таго факту, што ён мусiць пайсьцi а восьмай гадзiне на допыт (навошта-ж-бы ён яшчэ быў патрэбны?), Раман Корзюк як-бы й не адмаўляў, згаджаўся з ягонай няўхiльнасьцяй i гатовы быў на ўсё. Страху ён ня меў, наадварот - калi ўжо яго выклiкаюць, ён папытаецца сам, чаго ад яго хочаць: свайго як-бы нейкага нелегальнага становiшча ён ня мог больш трываць. Але тут адразу-ж, як кантралёр, у яго зьяўлялася iншая думка i таксама высоўвала свае довады: а можа яму i ня йсьцi зусiм? Навошта? Усё ясна й так: нейчая нявiдочная рука затрымвае яго. I было-б недарэчна лезьцi самому ў пастку. Калi яшчэ нядаўна яму было шкада свайго пройдзенага, дык цяпер усё гэта ня мела нiякага сэнсу, нават болей таго - тое, з чым яму, здавалася, немагчыма расстацца, паварочваецца супраць яго самога. Дык цi варта яму даражыць i чапляцца за яго? Трэба адмовiцца ад самога сябе, каб нiчога цябе ня трымала. Якая наўда яму, калi ён упёрся ў самога сябе i стаiць перад нiчым? Трэба самым балючым спосабам адзьдзялiць сябе ад усяго, што зьвязвае й трымае, каб быць зусiм свабодным i нiчога не шкадаваць.
I ўсё-ткi Раман Корзюк ня мог, як сьлед разабрацца ва ўсiм гэтым. Iдучы па вулiцы, высокi, ён хацеў-бы схавацца, зьнiкнуць сярод людзей, толькi-ж вулiцы выдавалiся занадта пустымi, а сам горад - замалым для таго. Нiўводнай з бiблiятэкаў, куды ён заходзiў, ён ня мог доўга заставацца: усюды баяўся аднаго - вось зараз нехта зьявiцца i павядзе яго, i нiхто яго больш не пабачыць. Для вока толькi возьме газэту цi часопiс, патрымае ў руках столькi часу, колькi трэба, каб ня выклiкаць падазронасьцi ў пасьпешнасьцi, i выходзiць, як сам ня свой, на вулiцу, ня ведаючы, куды яму пайсьцi яшчэ.
На Карла Маркса яму папаўся трамвай, што йшоў на Ляхаўку. Раман надумаўся паехаць на фабрыку люстраў, дзе ён тры разы на тыдзень лiквiдуе няпiсьменнасьць сярод работнiцаў, маючы за гэта лiшнюю капейку. Сягоньня таксама ў яго там заняткi. Дык ён i прабудзiць там да самага вечару з людзьмi, пакуль яму iсьцi туды.
Як у мансардзе, у пакойчыку на паддашшы, адведзеным адмiнiстрацыяй для заняткаў, Корзюк чакаў на сваiх вучанiцаў, гледзячы праз маленькае вакенца, як з вежы, на восеньскi горад.
Заходнi вецер бесьперастанку гнаў, як-бы з нейкага iншага краю, лёгкiя хмары. У далячынi, там, дзе яны ўзьнiкалi, ад iх чарнела ўсё неба, а тут, над горадам, без дажджу, яны iмклiва расьцярушвалiся i бялявымi струменьчыкамi зьнiкалi ў чыстым прасторы. Ды толькi зноў, зусiм недалёка, спад небасхiлу, яны нарасталi яшчэ i, разрываючыся, плылi далей, невядома куды i кiм пасланыя. Шматпавярховы Дом Ураду першы сустракаў iх, як нязнаных вандроўнiцаў, разглядаючыся вакол усiмi сваiмi вокнамi - ён адзiны над горадам быў на iхнай вышынi i слухаў iхны шум i затоенае дыханьне, ахутаны iмглой, пануры i стродкi.
Гледзячы туды, дзе набухалi, як выбухi, чорныя хмары, Раман Корзюк ня думаў, не адчуваў, дзе ён цяпер - ён хацеў быць там, па другiм баку тых выбухаў, што ўзьнiмалiся ад зямлi ўсё вышэй i вышэй, засталучваючы ад яго паўнеба. Яму здавалася - за тымi выбухамi ляжыць сонечная краiна, i калi хто й бачыць там гэтыя чорныя хмары, дык, напэўна, толькi радуецца, што яны адплываюць адтуль, а ня йдуць насустрач так, як яны йдуць погрозьлiва сюды на яго.
За сьпiною Раман адчуў некага.
- Сягоньня заняткаў ня будзе - усе работнiцы на агульным сходзе, - пачуў ён за сабою жаночы голас i павярнуўся ад вакна.
Перад iм стаяла жанчына сярэднiх гадоў i ўжо вiнавата ўсьмiхалася яму, гледзячы круглымi аляiстымi вачыма некуды ўгару, праз Раманаву галаву, усё болей i болей налазячы на яго. Гэта ўзлавала Рамана.
- Ну дык i чаго вы хочаце ад мяне?
- Сказаць вам, каб не чакалi.
- А хто вас паслаў сюды?
- Я сама. Начальства не парупiцца. А бабы нашыя вас любяць, дык ня хочаць, каб вы сумавалi тут адны.
- I, значыцца, паслалi вас забаўляць тут мяне?
- Гэтак.
- Ня трэба, дзякую.
Корзюк добра ведаў сваiх вучанiцаў i зразумеў iхны жарт - паслалi самую "пiсьменную", якая кожнага разу на занятках толькi ўсяго й рабiла, што з усёй стараннасьцяй выводзiла ў сваiм сшытку два няхiтрыя словы, далёкiя ад цэнзурнага характару.
- Добра, дык я й пайду, калi вы ня хочаце... Заставайцеся здаровенькiя.
Гэта яна сказала так, быццам хацела запалохаць Корзюка сваiм адыходам, але пагроза выйшла ў яе слабой, i яна ўсё не адыходзiлася, мулiлася каля дзьвярэй з выглядам, што анi не разумее свайго дзiўнага настаўнiка.
Ад учарайшага Корзюк нiчога ня еў i адчуў голад, як-бы апамятаўшыся, ён успомнiў, што ён-жа й ня спаў - аб усiм гэтым яму прагаварыла стомленасьць, якая прыцiшыла яго i вярнула здольнасьць адчуваць сябе самога.
З мансарды ён выйшаў сьледам за тэй "пiсьменнай" на фабрычны двор, хацеў зазiрнуць у сталоўку, дзе ён, здаралася, абедаў з работнiцамi, але тут-жа, яшчэ на двары, яго спынiла загадчыца клюбу, немаладая ўжо, на вельмi кароценькiх нагах (з аднаго толькi тулава) моцнага складу дзяўчына.
- Я адмыслова лiчыла на гадзiньнiку, колькi часу вы былi адны ў школе з нашай работнiцай - цэлыя паўгадзiны лiквiдавалi няпiсьменнасьць! Добры настаўнiк!
- Даражэнькая, ня турбуйся, мяне ён не папсаваў! Цi хiба зайздросьцiш? адсеклася работнiца, што не пасьпела яшчэ далёка адыйсьцiся i знарок спынiлася, каб паслухаць гутарку загадчыцы.
- Iдзi, iдзi, ведаем мы цябе. А вы, таварыш Корзюк, у нас болей не настаўнiк. Прымiце гэта, як афiцыйнае паведамленьне. Разьлiк атрымаеце ў пару.
Раман Корзюк нiчога ня здолеў на гэта адказаць - паведамленьне на яго падзеела так, быццам наступна яго ўжо схопяць, як злачынца, страх рэальнай небясьпекi зноў апанаваў iм, i тое адпружаньне, якое толькi што прыйшло яму, зьмянiлася нювым прадчуваньнем нечага нямiнучага. У сталоўку ён не пайшоў, i адразу апынуўся на вулiцы. Разам з фабрычнымi варотамi, здавалася яму, зачынiлася за iм i нейкая частка белага сьвету, i Раман нават узрадваўся, што яна зачынiлася - прынамся, сьвет павузеў i, такiм парадкам, зьменшылася магчымасьць блуканьня ў iм.
Корзюк паабедаў у сваёй, студэнцкай сталовай на Фабрыцыюса, калi ўжо там нiкога ня было. Купiў дзесяць талерак макарону-баланды, зьлiў з iх ваду, атрымаўшы талерку гушчы. Усю гэтую апэрацыю ён прарабiў на доўгiм стале, i афiцыянткi зьдзiўлялiся ягонай "някультурнасьцi".
А сёмай гадзiне Раман Корзюк пайшоў у манастыр, дзе ён спадзяваўся засьпець цяпер Валю Камоцкую. Дзiўная рэч - тая акалiчнасьць, што за гадзiну ён пераступiць парог НКВД як-бы зусiм не турбавала яго цяпер: ён доўга чакаў на гэты момант, i чаканьне змарыла яго. Да таго-ж, уяўленьне сустрэчы з Валяй азвалася ў iм з новай сiлай. Ён iмкнуўся цяпер да яе, як з далёкай дарогi. Валя была цяпер для яго тым адзiным сьветам, якi яшчэ яму не зачынiўся i ў якiм ён можа знайсьцi сабе прытулак. Ён хацеў быў не паказвацца ёй на вочы, пакуль ня сходзiць туды, але цяпер наважыўся абавязкова пабачыць Валю. Ён нiчога ня скажа аб тым, куды яго выклiкаюць, але пайсьцi туды яму будзе лягчэй ад яе. Страх, што ён можа страцiць яе, быў мацнейшы за страх, што ён ня вернецца адтуль.
Як бадай i заўсёды, Раман ня стукаючыся ўляцеў у манастыр. Спалохана скрыкнула студэнтка. Стоячы на ўвесь свой рост на сваiм ложку, голая, у вадных толькi трусiках, яна беспарадна прысядала i, ўхапiўшы сукенку, сьпяшалася надзець яе праз галаву, але, зьбянтэжаная, не магла i ўсё крычала Раману: "Адвярнiся, не глядзi!" Раман адвярнуўся i чакаў, пакуль яму не сказалi, што ўжо можна глядзець.
Валi Камоцкай ня было - гэта Раман спасьцярог адразу, не пасьпеўшы яшчэ азiрнуцца. Ён i не папытаўся нi ў кога, дзе яна, што з ёю, або калi яна прыйдзе, неяк пасмутнеў i не па сабе спаважнеў. Але студэнткi пачалi з iм жарты, назнарок кпiлi з яго. З Раманам яны ўсе былi пасяброўску свабодныя i маглi сказаць яму, што хацелi - такiя дачыненьнi склалiся ў iх даўно, ён быў для iх свой, хоць i належыў, як яны казалi, Валi Камоцкай.
- Дзе-ж гэта дзелася нашая Валечка, мы яе ня бачылi ўвесь гэты час з самай ранiцы?
Пра тое, што было ўначы i рана ў мыцельнiку, нiхто нiчога Раману не сказаў, можа таму, што, спадзявалiся, што Валя сама зрабiла ўжо гэта лепей за iх самiх. Яны толькi наводзiлi яго на тую тэму, усяляк зачаплялi яго, чакалi, як ён зарэагуе на гэта сам, i сумелiся крышку, калi не пачулi ад яго нi слова. Раман нiколi ня быў з iмi маўклiвым, па дурноце сваёй ён гаварыў iм, як сваiм, часам болей, як трэба, нават i пра Валю. Гэтая акалiчнасьць давала некаторым з iх магчымасьць думаць, што Раман не кахае Валю i што, значыцца, ён яшчэ свабодны для iх самiх. Дык тым болей дзiвiлiся яны Раманавай маўклiвасьцi цяпер, - нiхто з iх, вядома, ня думаў, што Раман так доўга ня бачыўся з Валяй.
- Даўгавата ты яе трымаеш там у сябе ў хаце. А можа яна не ад цябе прыходзiць так позна?
Нават i такая шпiлька не кальнула Рамана. Раман быў цяпер на сваёй кватэры, выразьлiва бачыў пад сталом сакваяж, шкадаваў, што нiкуды яго не закiнуў, выходзячы з хаты. Што там ёсьць, ён i не паглядзеў, хоць Кандраценя i гаварыў, што там.
Ды час быў Раману пакiдаць манастыр - наблiжалася восьмая гадзiна, дзеля якое ён гэтулькi перажыў i якое трэба было чакаць гэтулькi часу. Студэнтка, што крычэла на яго "не глядзi", угаворвала яго пайсьцi з ёю ў кiно, навошта-ж яна так прыбiралася?
Абое яны йшлi ўжо па Савецкай. Вецер памякчэў. Як вясьняны, густы, тузьлiвы, ён уздымаў настрой у студэнткi, падпiхаў iх ззаду, i яны, здавалася, ня йшлi, а беглi. Студэнтка ўзяла Рамана пад руку, i, баючыся, што вецер можа адарваць яе ад яго i некуды панесьцi, яшчэ болей тулiлася да яго, i, калматая, вiсела на Раманавай руцэ, як кошык. Раман маўчаў, а студэнтка думала, што ён пачуцьцёва слухае яе i ня горнецца больш наважна да яе толькi таму, што саромiцца пешаходаў. Якi ён дзiўны, гэта-ж зручна пры ветры!
Галоўны корпус Унiвэрсытэцкага гарадка i Дом ураду былi ўжо адзаду iх.
- Тымчасам, Ларысачка, мне трэба, нажаль, завярнуцца сюды, на вулiцу Ўрыцкага. Нажаль, вельмi кароткая дарога ад унiвэрсытэту да Ўрыцкага. Няма калi й пагаварыць з табою.
- Ты баiшся Колькi?
- Я не баюся твайго Колькi. Толькi мне трэба сюды. Выбачай.
I Раман Корзюк адарваўся ад Ларысы, завярнуўся налева, каб перайсьцi Савецкую. А Ларыса, гледзячы назiркам за Раманам, пастаяла з часiнку яшчэ на месцы, i, як-бы зразумеўшы ўсё, раптам, з падскокам, як дзiцянё, пабегла далей па Савецкай.
Раман Корзюк пераступiў парог НКВД першы раз у жыцьцi. Дасюль ён нават добра ня ведаў гэтага будынку, хоць i праходзiў бадай штодня паўз яго. Нават таго чырвонаармейца з вiнтоўкай, што толькi дапытлiва зiрнуў на яго пры ўваходзе, ён толькi цяпер пабачыў, як рэальную, а не сымбалiчную рэч.
Не пасьпеў, увайшоўшы, Раман Корзюк зрабiць у ненаважанасьцi колькi крокаў ад парогу, як у ваддаленай насупраць яго сьцяне адчынiлася маленькае вакенца, i нехта, пабачыўшы яго знутра, паклiкаў да сябе пальцам. Раман падыйшоў. Той, хто яго паклiкаў, нiчога не гаворачы высунуў яму з вакенца картку з нумарам 72-СПО, i вакенца само па сабе, аўтаматычна мякка зачынiлася перад самым носам Корзюка. А перад iм ужо стаяў, усьмiхаючыся, нехта iншы ў гарнiтуры i, як выраслы з зямлi, вёў яго, бяз рук i словаў, як-бы аднымi гэстамi, па доўгiм карыдоры. Дарожка была мяккой, i крокаў ня чуваць было зусiм, усё глухла, i Раман меў пачуцьцё, быццам ён iшоў у тарычэльлевай, беспаветранай пусьцiнi, падхоплены мяккiмi, як дарожка, крыламi анёла-абаронца.
Раман Корзюк i чалавек-анёл у гарнiтуры супынiлiся ў канцы карыдору. I дзiўная рэч - з правага боку, з адчыненых, як на чвэрць, дзьвярэй, даляцеў да Раманавага слыху, цi яму толькi так здалося, голас Генадзя Кандраценi. Затым дзьверы зачынiлiся, а адначасна з левага боку, якраз насупраць, адчынiлiся iншыя, i ў тых дзьвярох стаяла ўжо маладая i вельмi прыгожая на першы пагляд жанчына, уся ў белым, з залацiстымi накручанымi валасамi, што ясьнiлiся й пералiвалiся ад электрычнага сьвятла i ад белага колеру сукенкi. Чалавек-анёл здаў ёй Корзюка. Жанчына зачынiла дзьверы ў калiдор i павяла Рамана праз зырка асьветлены пакой у iншы, сумежны, што ўжо як-бы чакаў на яго сваiмi адчыненымi дзьвярыма. Перад сабою Раман пабачыў за сталом чалавека ў вайсковым. Жанчына, прапусьцiўшы Рамана наперад, дзесьцi зьнiкла, а чалавек за сталом прывiтаў, здавалася, ужо нарыхтаванымi словамi, Рамана Корзюка:
- Заходзьце, заходзце, таварыш Корзюк, i сядайце вось тут, гутарка будзе ў нас, здаецца, доўгая.
Раман Корзюк не чакаў, што нехта ў НКВД загаворыць да яго пабеларуску. Сеў.
Чалавек за сталом ёрзнуў на крэсьле, i новыя рамянi праз плячо й на поясе адазвалiся сырамятным скрыпам.
- Нам дасканала ведама, таварыш Корзюк (чалавек у вайсковым нацiскаў на слове таварыш), што ў Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце (ВПI) у Менску актыўна дзейнiчае нацдэмаўская, контррэвалюцыйная, шпiёнска-дывэрсыйная групоўка, да якой належыце й вы. Што вы скажаце нам на гэта?
Чалавек у вайсковым абвёў сваiмi круглымi яснымi вачыма Корзюка, тымчасам, як ягоная правая рука сама па сабе, мiжвольна легла на кабуру. Адкiнуўшыся на спiнку крэсла i выцягнуўшы пад стол ногi, ён цяперака ня спушчаў сваiх вачэй з Корзюка.
- Я чакаю на ваш адказ, таварыш Корзюк, - зьмянiў строгую iнтанацыю на больш лагодную чалавек у вайсковым.
- Нажаль, мой адказ не задаволiць вас, - ня думаючы, надпрыродна спакойна адказаў Раман.
Адвага, з якой сказаў гэта Корзюк, абыякавасьць у тоне нiмала зьдзiвiлi чалавека ў вайсковым - ён гэтага не чакаў, гатовы быў на круты паварот, але ўпару стрымаўся, не выяўляючы нiчым свайго незадавальненьня цi ўзрушанасьцi.
- Усякi ваш адказ будзе добрым i задаволiць нас. Скажэце, калi ласка, хто на вашым факультэце чытае лекцыi па фальклёру? Пiятуховiч, гаворыце? Добра ведамая й нам асоба. Выдатны лектар... А лiтаратуру? Так, так, з Барысенкам я асабiста знаёмы. Хаця й камунiст, але паганы лектар... Ну, а што вы скажаце пра вашага выкладчыка беларускай мовы?
- Я ня зьбiраў нiякай пра яго iнфармацыi.
- Мы й не патрабуем яе ад вас.
- Што-ж вас тады цiкавiць? Я-ж прыйшоў сюды на ваш выклiк.
- Мы выклiкалi вас сюды, як чэснага савецкага чалавека, як сумленнага студэнта, на якога выдаткуе грошы нашая дзяржава i на якога гэтая дзяржава спадзяецца, разьлiчвае.
Крыху памаўчаўшы:
- Ня важна, што вы належыце (калi не фармальна, дык iдэялягiчна) да гэтай кантррэвалюцыйнай ячэйкi. Скажу вам нават болей - добра, што сярод кантррэвалюцыянэраў - i вы. Нам нiякая кантррэвалюцыя тады ня страшная!
- Мне здаецца, што я нiчым не заслужыў гэткага даверу да мяне.
- Я не спадзяваўся, што вы нагэтулькi наiўныя...
Сьмяючыся, ён дадаў:
- Хай вам будзе ведама, што якiх-небудзь фармальных (з сяброўскiмi кнiжкамi) кантррэвалюцыйных арганiзацыяў i быць ня можа. Тым страшней для нас такая неаформленая кантррэвалюцыя. Стыхiйная. Як вы... Афармляем i распраўляемся з ёй ужо мы. Вы дапамажэце нам у гэтым афармленьнi. Або вы споўнiце гэтую вашую сацыяльную мiсiю, - i тады перад намi чэсны, надзейны савецкi чалавек, або вы ня споўнiце - i тады... тады вас проста ня будзе. Вы станецеся для нас у тысячу разоў небясьпечнейшым, чым нашыя замаскаваныя ворагi.
- Вы мусiце мяне спачатку арыштаваць, а потым дамагацца i пагражаць. Цi я ўжо арыштаваны?
- Вы не арыштаваны, мы ня хочам вас арыштоўваць. Разумееце вы, цi не? Навошта вы нам арыштаваныя? Гэтага дабра даволi ў нас. Вы, нарэшце, разумееце чаго мы хочам ад вас?
- Разумею, як, спадзяюся, вы разумееце й мяне.
- Бязумоўна, але гэта нас не задавальняе.
- Як не задавальняе й мяне. Мы разыходзiмся.
- А трэба, каб мы сыйшлiся. Вам не здаецца, што я з вамi зашмат гавару?
Падняўшыся з крэсла, чалавек у вайсковым захадзiў туды й назад, ад стала да кута. Толькi цяпер Раман спасьцярог, што чалавек у вайсковым - малога росту, на разлатых нагах, у галiфэ i хромавых ботах, рыхтык камiсар часоў ваеннага камунiзму. Ён вёў сваё далей:
- Вы хочаце ведаць болей? На тэрыторыi БССР выкрыта й цяпер лiквiдуецца вялiкая нацдэмаўская арганiзацыя, якая ставiла сабе за мэту - адзьдзяленьне ад СССР. Арганiзацыя мела, мае шмат ячэек, адгалiнаваньняў. Адной з такiх ячэек, адгалiнаваньняў - вашая групоўка ў ВПI. I яшчэ адна сымптаматычная дэталь нацдэмы, як правiла, зьвязаныя з аднэй замежнай дзяржавай (можа вы й ня вартыя таго - з Польшчай). Дом Пiсьменьнiка, тэатры, настаўнiцтва, студэнцтва ўцягнутыя ў гэтую арганiзацыю... Вас ня трывожыць сувязь нашай кантррэвалюцыi з Польшчай? - чалавек у вайсковым сеў на сваё мейсца.
- Мяне гэта нiкалiва ня трывожыць.
- Не, не - гэта найбольш датклiвая дэталь ў вашай справе.
- Вы не сказалi-б, нарэшце, дакладней, якая ў мяне справа?
Чалавек у вайсковым, на вялiкае зьдзiўленьне Рамана, нямаведама з чаго, раптам зайшоўся ад сьмеху, шчыра цi ўяўна:
- Калi ласка, не разыгрывайце, на актора вы не надаяцёся... Зрэшты, вы не ў тэатры, i я для вас ня публiка, - дадаў ён павышаным голасам. Але раптам змоўк, хутка налiўся крывёю, як-бы адзаду ў яго была нейкая помпа, вочы з круглых i ясных ператварылiся ў шчылiны й памутнелi, i ён увесь закалацiўся, як у лiхаманцы.
- Шпiён! - закрычэў ён на ўсё горла i, як-бы ў нейкiм трызьненьнi, цi перад якой атакай, замiтусiўся, ды хука, зьнясiлены, як-бы ў экстазе, зноў апусьцiўся на крэсла.
Выключылася сьвятло, раптоўная цемра асьляпiла вочы. Чалавек у вайсковым скамандваў:
- Не ўставаць з крэсла!
Не пасьпела прагучэць, як сьлед, каманда, як челавек у вайсковым ужо стаяў за плячыма ў Рамана, трымаючыся ззаду рукамi за сьпiнку крэсла, на якiм сядзеў Раман.
Ды неўзабаве зьявiлася з запаленаю сьвечкаю ў руках маладая жанчына, што колькi часу таму прывяла ў гэты пакой Рамана. Яна была ў тым-жа ўбраньнi, толькi выглядала цяпер яшчэ больш прыгажэйшай: асьцярожна йдучы, каб не пагасла сьвечка, яна сканцэнтравана глядзела на яе, i ў гэтым ейным поглядзе, ува ўсiм выразе твару было штосьцi далiкатна-прынаднае, iз сьвечкаю ў руках, яна была падобнай да залацiстага вогнiка, што ўсё блiжэй i блiжэй рухаўся ў кiрунку да Рамана. Яму стала весялей, утульней i ня так вусьцiшна.
Як прыкрасьць, успыхнула электрычнае сьвятло, ад чаго жанчына як-бы палiняла ў сваiм харасьцьве, зноў перад вачыма Корзюка стаяў чалавек у вайсковым.
- Дзякую, Галя.
Чалавек у вайсковым нешта сказаў ёй i "вогнiк" выйшаў.
- Тут у нас сядзiць ужо адзiн архаравец, прывезены з Красна-Уфiмску, нацдэм таксама, па прозьвiшчу Цьвiкевiч, ня чулi выпадкам? Ён ужо адседзеў пяць год, але мы яго прывезьлi зноў у Менск, каб ён мог пераканацца, што Менск тымчасам не гаворыць пабеларуску. На першым допыце, пяць год таму, ён пераконваў нас, што калi-б мы, бальшавiкi, не перашкаджалi нацдэмам, на вулiцах Менску мы ня чулi-б iншай мовы, апрача беларускай. Якая раскоша, га?
Абазваўся тэлефон. Ён званiў так, як позна ўначы - звонка, выразьлiва й трывожна. З тых слоў, якiя сказаў у тэлефон чалавек у вайсковым, Раман зразумеў, што працаўнiка НКВД чакае ў хаце жонка й пытаецца, калi ён прыйдзе.
- Грамадзянiн Корзюк! (чалавек у вайсковым ужыў цяпер не "таварыш", а "грамядзянiн") я перадумаў - давядзецца вас арыштаваць. Дайце мне вашую картку, з якой вы ўвайшлi сюды. Вашая картка затрымлiваецца, безь яе вы ня можаце выйсьцi адсюль.
Корзюк аддаў картку 72-СПО.
- Вы ведаеце, што такое СПО? Секретно-политическое отделение. Начальнiк яго - я. Разумееце?
- Мiстыфiкацыя.
- Вы ня маеце даверу да органаў НКВД?
- Ня маю, калi ўсе гэтыя органы такiя, як той, на чале якога стаiцё вы.
Чалавек у вайсковым пазванiў. За часiнку ў пакой начальнiка СПО увайшоў чалавек iз сакваяжам у руках. Паставiў на стол, як нейкую нязвычайна важную рэч. Чалавек у вайсковым i Корзюк зiрнулi абодва на сакваяж. Потым начальнiк СПО сам адчынiў яго i вынiў адтуль два наганы i вялiкую пачку савецкiх грошай.
- Грамадзянiн Корзюк, чыё гэта ўсё?
Корзюк маўчаў.
- Грамадзянiн Корзюк, хто такi Генадзi Кандраценя?
Корзюк маўчаў.
- Грамадзянiн Корзюк, як вы думаеце, хто перадаў гэта ў нашыя рукi?
Корзюк маўчаў.
- Грамадзянiн Корзюк, пацалуйце рончкi (чамусьцi ён сказаў гэта папольську) у прыгожай панны Камоцкай, залатыя рончкi, можна сказаць: яны прыслужылiся нам сваiм цудоўным подпiсам, спраўджаньнем, што гэтыя рэчы яна бачыла ў вас на кватэры. Мiлiцыя здуру арыштавала яе, але яна тут ня прычым. I справа пахне тут ня мiлiцыяй. Мы Камоцкую выпусьцiлi. Затое пратакол, якi яна падпiсала ў мiлiцыi, цiкавы. Вось колькi мясьцiнаў з яго...
Пашукаўшы тых "мясьцiнаў" вачыма, пачаў чытаць: ...учора бачыла гэты сакваяж пад сталом на кватэры Рамана Корзюка... Калi я зайшла да Рамана Корзюка, там ужо быў нейкi чал... (гэта мы высьветлiм) ...у iнтэрэсе Рамана Кор... (ведама, жанчына) ...чалавек паказаўся мне падазроным (бязумоўна) ...я падумала, што тут нешта нячыстае (але досыць). Вы пазнаеце подпiс, уласнаручны подпiс Валi Камоцкай?
Чалавек у вайсковым паднёс Раману напiсаны на машынцы пратакол з подпiсам Валi Камоцкай унiзе, паказаў на гэты подпiс пальцам i бадай урачыста адыйшоўся ад Рамана, паклаўшы пратакол у папку на стале. Потым загаварыў з чалавекам у форме НКВД, з тым, што прынёс сакваяж.
Раман не зважаў на iх, фразы з пратаколу зьмяшалiся ў вадно ў Раманавай галаве, у зьдзеклiвае "яна й нам прыслужылася вялiкай службай". Раман нiяк не чакаў, што й Валю ўцягнуць, што й яна будзе фiгураваць побач з ягоным iмём. I як фiгураваць? Ягонае нутро абдала гарачыня й пякла нясьцерпна, датклiва.
- Таварыш начальнiк СПО, - Раман падняўся з крэсла, на якiм пакорлiва сядзеў увесь час. - Канчайце як-небудзь усё гэта, я болей не магу трываць - я ня ведаю, што... або адпусьцеце, або...
I Раман Корзюк як-бы хацеў ужо пайсьцi, падняўся... Яму здалося дзiўным, што ён у НКВД, ён цяпер не адчуваў, што ён у НКВД, ён быў увесь дзесьцi ў мiнулым, але ня ведаў дакладна дзе, як-бы прыпамiнаў i, прыпомнiўшы, усьвядомiў, што яму трэба хутчэй дадому й больш нiчога.
- Пачакайце, пачакайце... Што-ж гэта вы гэтак?.. Мы ня скончылi яшчэ ўсяго... Апамятайцеся... Вы забылiся, дзе вы... Сядайце... Якiя весткi вы маеце ад бацькi?
- Весткi... Не разумею... якiя... Як з фронту... Пусьцеце мяне дахаты, прашу...
- I ўсё-ткi я паслухаю вас... Вы перамаглi мяне. Дайце падпiску (падпiшэцеся вось тут), што нiдзе, нiкому ня скажаце, пра што гаварылася тут. Аддаю вам назад вашую картку - яна спатрэбiцца пры выхадзе. Мы выклiчам вас яшчэ, iншым разам... Дабранач...
Калi ён выйшаў з габiнэту чалавека ў вайсковым, яму сказалi, каб ён падняўся паверхам вышэй ды йшоў па карыдоры да выхаду. Iшоў ён адзiн, нiхто за iм не назiраў, але Раману здавалася, што чалавек, якi паказаў яму дарогу, глядзеў на яго ззаду. Калiдор давёў Рамана да сходаў, па якiх ён зноў зыйшоў унiз i апынуўся ў вялiкiм зырка асьветленым пакоi, дзе ў яго папрасiлi картку-пропуск.
Раман выйшаў. На вулiцы йшоў дождж.
4
Раман у бацькоў быў адзiны сын. Сястра Рамана нарадзiлася, калi яму было восем гадоў, у бежансьцьве, недзе недалёка ад Масквы, Раман добра помнiць - у вёсцы Барлюкi. У гэтай-жа вёсцы Раман пайшоў упяршыню ў школу. Бацька дзесьцi працаваў, але Раман слаба помнiць гэта. Добра помнiць толькi, што бацька пакiдаў iх адных у вельмi цеснай, халоднай каморцы й прыходзiў позна ўвечары. Помнiць таксама, як маленькая сястрычка, моцна спавiтая, як зьвязаная, падоўгу плакала, i Раман прасiў мацi, каб яна яе распавiла-разьвязала, бо-ж яна й крычыць, мусiць, дзеля гэтага. Але мацi ня слухалася яго, сястрычка ўсё плакала, i Раман, шкадуючы яе, таксама плакаў. Iз школы Раман часта прыходзiў незадаволены й разьятраны, былi днi, калi ён зусiм не хацеў iсьцi ў школу насуплены i хмуры, часамi прыходзiў iз школы iз сьлязьмi на вачох: не даючы яму праходу, у школе дражнiлi яго Кавалём i ўсяляк кпiлi. Гэта вельмi квялiла яго. Мянушку Каваль ён нажыў гэтак. У расейскiм лемантары быў нейкi вершык "Кузнец", якога вучнi мусiлi навучыцца напамяць. Але перад гэтым яны чыталi яго ў клясе, з цяжкасьцяй i па складох. Чыталi ўсе, прыйшло i да Рамана настаўнiца папрасiла чытаць. Хвалюючыся, Раман пачаў чытаць, таксама па складох: ку...кузьнецц, але, калi настаўнiца папыталася ў яго, а як будзе разам, Раман хутка, аўтаматычна адказваў "каваль". I гэтак, зьбiўшыся, колькi разоў узапар. Усе рагаталi i дзiвiлiся, адкуль у яго бярэцца гэтае "каваль". Так i застаўся ён у сваёй клясе ня Корзюкам, а Кавалём.
Раман пытаўся ў мацi, чаму там, адкуль яны прыехалi, гавораць "каваль", а тут "кузнец" - i ўсё прасiўся вярнуцца да "каваля". Там у Рамана былi ўжо й сябры, а тут нiкога, яшчэ й сьмяюцца. Бацькi заўсёды адказвалi яму, што неўзабаве вернуцца да "Каваля", што й iм апрыкрыў "Кузьнец". I сапраўды, калi яны вярнулiся з уцякацтва дамоў, Раман быў вельмi ўсьцешаны.
Бацькi Рамана жылi на хутары ў пагранiчным з Польшчай Заслаўскiм раёне. На тым баку мяжы, у Заходняй Беларусi, у Корзюкаў была радня: бацькаў брат i матчына сястра. Да 1928 году яны лiставалiся, але пасьля лучнасьць абарвалася, i яны нiчога ня ведалi пра iх. Гаспадарка ў Корзюкаў была ня тое, што вялiкая, але досыць добрая. Праўда, зямля была не такая ўрадлiвая, ды Корзюк прымусiў яе радзiць. Ён ня любiў жыць на вёсцы, i сеў, можна сказаць, на пяску, абы толькi ня быць у ёй. Казаў, калi ты зямлю любiш, дык i яна будзе цябе любiць. I Раманаў бацька любiў зямлю. Ня толькi як добры гаспадар, але неяк i яшчэ. Ён адчуваў яе праз увесь год: i калi яна ляжала пад сьнегам, i калi вызвалялася, гула i клiкала да сябе працаўнiка. I ён iшоў да яе, аддаваўся ёй. Таму яна й радзiла яму. Лета гнулася ад ураджаю, а восень, з бульбаю, канаплямi i вятрамi, прыносiла Корзюку, гаспадару зямлi, сiлу, давала яму i ўсiм ягоным хатнiм нейкi асаблiвы смак да жыцьця й здароўе. Лясы ахутвалi хутар Корзюкаў, i калi, бывала, прыпячэ вясеньняе сонца, у цiшы смачна й моцна пахлi дзе-небудзь на ўзьлесьсi сунiцы. А недалёка праз лес блiшчэла возера.
Калi-б вы перайшлi кухню ў гаспадарскiм доме Корзюкаў, вы пабачылi-б у наступным пакоi, у куце на стале перад ходзiкамi, апрача часапiсу "Сам сабе аграном", замасоленых двух Мiцкевiчаў i газэту "Беларуская вёска".
Тут i ўзрос Раман Корзюк. А побач з iм, як-бы даганяючы яго, расла ягоная сястрычка, не падобная ўжо да тэй, спавiтай, у Барлюкох.
Як пачалася калектывiзацыя, Корзюка-бацьку пачалi кулачыць. У сельсавеце ўначы на паседжаньнi сельскага актыву ("беднякоў") вынесьлi пастанову, маўляў Корзюк заможны i карыстаўся наёмнай працай. А якое там карыстаўся? Часамi якая жняя падскочыць на дзень дапамагчы жонцы, i ўсё. Раман Корзюк як цяпер памятае - толькi прыехаў з Вiцебску, з кiнематаграфiчнага тэхнiкуму на канiкулы, сеў за стол абедаць, як прыехала на двор на чале з начальствам колькi фурманак па хлеб Савосты Корзюка, кулака, у якога ёсьць лiшкi гэтага хлеба, а ў некага няма. Корзюкам на чатыры душы пакiнулi ўсяго колькi пудоў, усё выграблi з засекаў, не ставала мяшкоў, дык насыпалi ў дзяругi. Мацi, гледзячы на ўсё гэта, плакала, а бацька, скамянелы, маўчаў. Потым праз два тыднi прыехалi дакулачваць. Сярод прыежджых быў нехта i з вiнтоўкай. Забралi ўсю маёмасьць, у хаце засталiся толькi голыя сьцены, нават гаршкi, якiя мацi паставiла была сушыць у печ, выцягвалi i разьбiвалi вобземлю, чыгуны, як больш вартасныя рэчы, клалi на вазы. Вязалi сьвiньнi. Пiск, крык на двары. Сястрыныя падушкi, што ляжалi на ейным ложку гарой, таксама вынесьлi, сказаўшы, што замуж ня выйдзе ўсё роўна. Жывёлу й коняй пагналi. Выязная жаробка, калi ўжо яе запрагаў калгас, бывала, спынецца на дарозе пры сустрэчы з мацi i, спынiўшыся, жаласьлiва iржэць, а ў мацi коцяцца сьлёзы ад таго, што й скацiне ня добра ў калгасе - вунь сядзёлка зьбiла сьпiну, а хамут плечы. Дзiва, што зажурышся па гаспадынi, якая даглядала, можна сказаць - з гаршка кармiла.
Так i засталiся Корзюкi з нiчым ў сваёй хаце. Пагражалi i з хаты выгнаць, але яшчэ не чапалi i не арыштоўвалi, як iншых кулакоў.
У гэтым часе выключылi з тэхнiкуму й Рамана Корзюка, як сына кулака. Нiкуды пасьля яго ня прыймалi, i Раман, наведаўшы бацькоў, неўзабаве пакiнуў хутар-гняздо, раськiданае цяпер. Бацькi яго самi прасiлi, каб ён iшоў у сьвет, глядзеў хоць сябе, калi ня iх. I Раман пайшоў у сьвет. У якi сьвет? Пад Менскам наняўся на цагельню, i, прабыўшы там лета, меў даведку "рабочага" ды такiм парадкам як-бы перайшоў у iншую сацыяльнуюю групу. З гэтай даведкай зноў падаўся ў навуку, вытрымаў уступныя экзамены i быў залiчаны на малочна-масьлянае адзьдзяленьне Сельска-гаспадарчага iнстытуту iмя Куйбышава ў Менску, але, пабыўшы на колькiх лекцыях, ня ўзьлюбiў гэтай навукi i перайшоў у Вышэйшы Пэдагагiчны Iнстытут, хоць i з меншай стыпэндыяй. Заняткi тут пачыналiся пазьней, дзеля недабору студэнтаў - наплыву ў пэдагагiчныя ўстановы ня было, усе iмкнулiся ў тэхнiчныя ўстановы з большай стыпэндыяй i лепшым забясьпячэньнем. Студэнты пэдагагiчнага iнстытуту забясьпечвалiся паводля нiжэйшай катэгорыi. Да 17 верасьня Раман быў свабодны i наважыўся зноў наведаць бацькоў на хутары, ад якога цяпер засталося толькi адно званьне.
Апрача саду, у Корзюкаў цяпер нiчога ня было. Усё поле да самых сьценаў было заарана трактарам пад калгас (усё лета зямля пуставала - калгас нiчога ня сееў, а Корзюку забаранялi, дык цяпер узлупiлi на зiму, не пакiнуўшы Корзюку зямлi нават пад агарод).
У час гэтага наведваньня Раман Корзюк упяршыню пабачыўся з Генадзем Кандраценем. Як там пабачыўся - у цемры ён нават не разлгедзеў, як сьлед, ягонага твару: Кандраценя гаварыў з бацькам у сенцах, а Раман iшоў з двара, дык тады й пазнаёмiлiся.
Раман Корзюк адразу пайшоў спаць, а Кандраценя ўсё яшчэ гаварыў на двары з бацькам. Раман ня мог заснуць - як галоднага, яго дражнiў, дурманiў пах яблыкаў з iхнага саду.
Ранiцой Раман ужо ня бачыў Кандраценi. I мацi, i сястра, i бацька былi вельмi сумныя. Раман ня мог зносiць гэтага i пачаў зьбiрацца на цягнiк. Мацi ня было чым пачастваць на дарогу Рамана. Падала яму перапечку напалам з травою, падгарэлую, але сырую - замала мукi, дык i не сьпяклася. Гледзячы, як Раман разламваў яе на кавалкi, каб яна астыла, уцiрала хвартухом сьлёзы. У сястры яны таксама задрыжэлi на вейках, але яна хутка адвярнулася й не глядзела на Рамана.
Раман, здавалася, назаўсёды пакiдаў хутар. Ён ня ведаў, што будзе з бацькамi, i гэта найбольш турбавала яго. Мацi ўгаворвала бацьку падаць заяву ў калгас, можа-б прынялi, але бацька й слухаць не хацеў.
Па Раманавым ад'езьдзе ў ваколiцах хутару разыйгралася трагедыя, пра якую потым Кандраценя ўспамiнаў Корзюку на ягонай кватэры ў Менску i якая мае вялiкае значэньне для гэтай аповесьцi.
У Заслаўскiм раёне, у тым самым сельсавеце, дзе жылi й Корзюкi, не хацела йсьцi ў калгас адна вялiкая вёска, увесь час бунтавалася, нiякiх агiтатараў ня слухалася, будучы чамусьцi ўпэўненай, што прымусова яе ў калгас не загоняць, як пагранiчную вёску - пра такi маўляў скандал даведалiся-б нават у самой Польшчы, а гэта, сваiм парадкам, нявыгодна адбiлася-б на савецкай палiтыцы дабраахвотнасьцi калектывiзацыi. Хто падсунуў жыхаром гэтай вёскi такую канцэпцыю, нiхто ня ведаў, але такая палiтыка вельмi ўдала эксплятавалася iмi. Вёска была адзiным астраўком у моры калектывiзаваных гаспадарак. У раёне наважылiся за ўсякую цану зламаць гэты супрацiў, зьнiшчыць астравок, тым болей, што з некаторых, ужо арганiзаваных калгасаў, сяляне пачалi выходзiць, уцякаць, спасылаючыся ня рэдка, як на прыклад, на гэты астравок: чаму-ж iх ня гонiце, дабраахвотна, дык дабраахвотна, яны ня хочаць, дык i мы ня хочам. I кулакi сядзяць, i ўсё iнтрыжкамi займаюцца й кантррэвалюцыяй.
I вось у гэтую Заслаўскую цытадэлю едзе сам сакратар райкому партыi разам з колькiмi "пяцiдзесяцiтысячнiкамi", адмыслова вышкаленымi агiтатарамi да калектывiзацыi. Якраз у ляску перад Корзюкавым хутарам нехта застрэлiў у легкавой машыне сакратара райкома партыi Ленскага, тымчасам як пяцiдзесятнiкаў нiхто не зачапiў. Пачалося сьледства. Упаўнаважаныя раённага НКВД гойсалi ўсюды, але найбольш пiльнавалi хату Корзюка. Собiла-ж у той дзень яшчэ зранку Корзюку старэйшаму пайсьцi ў мястэчка, у раён, па грошы, якiя ён зарабiў, возячы дровы на станцыю, калi ў яго былi яшчэ конi, перад раскулачваньнем, але якiх яму ўсё ня прысылалi. Адлучка Корзюка паказалася сьледчым вельмi падазронай, болей таго, яны прыйшлi да высновы, што забiў сакратара ня хто iншы, як толькi Корзюк, i гэтай сваёй адлучкай толькi маскуе сваё злачынства. Нiякiх iншых сьлядоў злачынства сьледчыя не знайшлi i ўпёрлiся такiм парадкам толькi ў Корзюка. Пiльнавалi хату, жонку i дачку, нiкуды iх ня выпушчалi, i ўсё чакалi, калi прыйдзе сам Корзюк. А Корзюк, нейкiм способам даведаўшыся аб усiм, што адбылося, ня йшоў у хату, туляўся дзе мог, наважыўшы не пападацца ў рукi НКВД, выклiкаючы гэтым яшчэ большае падозраньне.
У самай-жа рэчы сакратара райкому забiлi самi агенты раённага НКВД. Зроблена гэта было, каб штучна стварыць у раёне атмасфэру кантррэвалюцыi. Глядзеце, кантррэвалюцыя ўзьняла галаву, адважылася на адкрытае выступленьне супраць савецкае ўлады, забiвае яе найбольш адказных працаўнiкоў. Трэба, такiм парадкам, расправiцца з гэтай кантррэвалюцыяй самым станоўкiм парадкам. Тут было ськiраванае, як кажуць, iстрыво першым чынам супраць кулацтва. Кулакоў пачалi масава арыштоўваць, а iхныя сем'i вывозiць на далёкую поўнач i на ўсход. Гэтым таксама была прысьпешаная суцэльная калектывiзацыя ў раёне. Так раён добра даў рады з усiмi цяжкасьцямi i быў прызнаны ў цэнтры першым раёнам у калектывiзацыi.
Пра гэтую гiсторыю Раман Корзюк ў Менску нiчога тымчасам ня ведаў.
5
Было позна, а Раман усё ня прыходзiў (Раманава гаспадыня заўсёды чула, калi выходзiў i калi прыходзiў ейны кватарант, нават чула, як ён клаўся ў ложак), яна думала, што можа ён i ня прыйдзе сягоньня, можа ўжо пад замком, дык для нейкай сваёй бясьпекi замкнула дзьверы i ў Раманавым пакоi, а калi прыйдзе - на вулiцы ня будзе стаяць, маючы ключ у кiшанi. Яна ня любiла, калi нехта прыходзiў да Рамана, асаблiва карцела ёй, калi яна ня ведала хто, як прыкладам учора.
Дождж крапiў сьцены, у хаце было ўтульна й цiха. I Раманава гаспадыня аж баялася гэтай цiшынi, прыслухоўвалася да ўсяго i ўсё чакала Рамана, трывожылася, што ён i на самай рэчы ня прыйдзе, i чула пры гэтым сваю вiну перад iм - нашто яна пажалiлася ў мiлiцыi, гэтулькi грошай, патрэбных i ёй i Раману, а тыя наганы закiнула-б куды-небудзь, i ўсё. А то яшчэ й Раман пацерпiць, яна шкадавала яго i ў нiчым не вiнавацiла. Гэта той, учарайшы наведвальнiк, спакушае яго, а сам Раман не такi чалавек. I яшчэ, яна ведала, моцна спакушае Рамана Валя. Два чалавекi спакушаюць Рамана. I цi выцерпiць ён?
Нехта паспрабаваў дзьверы. Раманава гаспадыня падумала, што гэта йдзе Раман. Счакала часiнку, затаiўшы дыханьне, але нiхто не ўваходзiў. Потым яна пачула стук у шыбу. Цiхенька нехта пастукаўся якраз у тое вакно, перад якiм стаiць ложак Рамана.
Гэта стукаўся Генадзi Кандраценя, думаў, што Раман сьпiць, але, пераканаўшыся, што Рамана няма, раззлаваўся на яго. Ён прост ня ведаў, што яму цяпер рабiць: цi чакаць, цi некуды йсьцi. Дакуль-жа ён будзе чакаць? Давiдна? Напэўна вазёкаецца, як i ўчора, з тэй... харашунькай... Дзiву трэба дацца гэтулькi ўсяго на галаве, а ён i ня дбае. Добра чалавеку з такiм характарам! Нi дажджу - нiчога для яго няма! Генадзi Кандраценя, каб не стаяць на дажджы, схаваўся пад стажком у сене на гародзе, мусiць, гаспадынiным. Больш прыкрай сытуацыi, чым гэта, не магло й быць. Кандраценя лаяўся ў душы - у сене яму было нязручна, а найбольш ён шкадаваў свае вопраткi. Падняўся й хацеў быў iсьцi, як пабачыў сьвятло ў Раманавым вакне. "Ага, тут, галубок", - i падаўся ў хату.
- Я-ж табе казаў, прасiў не пазьнiцца, а ты швэндаешся ўсё.
Раман глядзеў на Кандраценю - у ягоным бобрыку сядзела гэтулькi розных асьцюкоў i дзядоўнiку, што Раман не паўстрымаўся, каб не засьмяяцца: гэткiм дзiўным выглядаў ля парогу Кандраценя, уся ягоная хванабэрыя некуды зьнiкла, i ён стаяў, як абшчыпаны гусак.
- Дзе гэта вы так выкачалiся?..
Кандраценя зiрнуў на сябе й не пазнаў свайго бобрыку. Ён адразу ўзяўся выскубаць з яго дзядоўнiк, але разам з iм вылазiлi й варсiнкi бобрыку. Генадзi не ўдаваў, што яму шкада пiджака.
- Дастань там з сакваяжу (ну, няхай будзе патвойму, з торбы, калi ты ня любiш гэтага слова), трэба пагрэцца, пахаладзела раптам, як у глыбокую восень, i дождж.
- Няма нi сакваяжа, нi торбы, усё паехала, i я сам чуць не паехаў. Нашто вы прыцягнулi сюды гэтую злыбяду?
- Ня выскаляйся. Пара й паважным быць.
- Я й не выскаляюся, глядзеце - няма, у НКВД!
- Ты ашалеў?..
- Я-ж вам кажу, я й сам толькi адтуль...
Кандраценя як-бы ўзрадваўся, што Рамана цягалi ў НКВД, пакiнуў выдзiраць дзядоўнiк i забегаў па хаце.
- Вось табе й на! Не казаў я табе? Добрая штука! Як-жа ўсё гэта папалася ў iхныя рукi? Ты можа здурэў - сам? Цi хто?
- Мусiць, мая гаспадыня. Я ня думаю, каб гэта зрабiла Валя, мая паненка, як ты кажаш.
- Я табе не казаў? Бяры лахi пад пахi ды ўцякай! Кожная часiна дорага - не цяпер, дык за гадзiну, другую прыйдуць i пацягнуць не на жарты. Гэта табе ня жарты. За слова, й тое бяруць, а за гэта... i за... возьмуць.
Мова Кандраценi адзначался сягоньня сваёй прасьцiнёй, сялянскасьцяй, яна ня была такой далiкатнай i стылiзаванай, як учора, i гэта выстаўляла Кандраценю ў iншым сьвятле. Ня было й тых, нейкiх арыстакратычных гэстаў, што ўчора. Кандраценя выдаўся Раману двуаблiчным.
- Тое, што сталася, мусiць быць табе сыгналам. Трывожным сыгналам, - зноў варочалася кнiжная мова Генадзiю Кандраценю.
Раман палез у суднiк па яду. Ён там пабачыў кавалак сала, якое Генадзi, не даеўшы, пакiнуў учора на стале i якое, вiдаць, прыбрала гаспадыня. Учора не хацелася яго, а цяпер яно смачна запахла, зьялчалае i рыжаватае па беражкох. Раман паклаў яго на стол разам з газэтай, i яму кiнулася ў вочы, што газэта польская, "Кurier Wilenski".
- Адкуль гэта?
- Бачыш адкуль...
Раман умеў чытаць папольску, а апошнiм часам нават сур'ёзна зацiкавiўся гэтай мовай. Асаблiва заахвочваў яго студэнт з польскай сэкцыi лiтаратурнага факультэту, ягоны траха ня сябра - Рамановiч.
Раман разгарнуў з цiкавасьцi вялiкага абыйма газэту, упяршыню глядзеў на замежную прэсу. Прагна прабягаў вачыма загалоўкi рознай вялiчынi, прыгожыя iлюстрацыi, абвесткi, i дзiвiўся, як непадобныя да польскае савецкiя газэты хударлявыя i шэрыя. Так i тхнула на яго з старонак iншым сьветам, незнаёмым, але цiкавым. Болей i болей, глыбей i глыбей уваходзiў у гэты сьвет Раман... Нечакана - зацемка пра хiракiры Янкi Купалы, спроба скончыць самагубствам у НКВД. Зацемка страшэнна заiнтрыгавала Корзюка. Чуткi пра хiракiры Купалы насiлiся ўжо па Менску, але нiхто нiчога дакладна ня ведаў. Чуткам гэтым верылi й ня верылi. Сам Раман сумляваўся ў гэтым, дарма, што пра гэтую падзею яму гаварыла Валя. Сваiм парадкам Валi расказала адна студэнтка, якая прыпадкам пазнаёмiлася на вулiцы з жонкай Купалы, Уладыславай.
Студэнтка несла на руках здаваць у бiблiятэку iмя Пушкiна тры тамы Янкi Купалы, якiя яна брала для экзаменаў на лiтаратурным факультэце. Насустрач незнаёмая жанчына:
- Нашто вы адабралi ў мяне майго мужа?
Студэнтка зьбянтэжылася, пачырванела й нiчога не змагла адказаць незнаёмай жанчыне - яна нiчога i нi ў кога не адбiрала наогул, тым болей - мужа.
Незнаёмая жанчына хутка прыйшла ёй на дапамогу:
- Выбачайце, гэта я пажартавала. Я - жонка Янкi Купалы. Будзем знаёмыя.
Дык вось гэтай самай студэнтцы i сказала неяк жонка Купалы аб хiракiры. Дадала, што апрача яе, жонкi, нiкога ў бальнiцу да Купалы ня пушчалi i яе самую прасiлi, каб яна ўсiм, хто можа пытацца ў яе пра мужа, гаварыла, што ён паехаў на раку Арэсу зьбiраць матэрыялы на новую паэму.
Цяпер Раман Корзюк паверыў у чуткi пра хiракiры Купалы, дзiвiўся толькi, як гэта трапiла на старонкi вiленскай газэты. Значыць, i Купала быў там, дзе толькi што быў i ён.
- Што ты ўгледзеўся, як баран на новыя вароты? Цiкава? Досыць разглядаць. Еж сала! Смачнае. I я крыху падсiлкуюся дый пойдзем. На досьвiтку пабачымся i з бацькам.
Генадзi Кандраценя падрабязна расказаў Раману пра забойства сакратара райкому партыi, пра тое, што забойства прыпiсалi бацьку - Савосту Корзюку, i пра мацi з сястрой, што сядзяць цяпер, як заложнiцы, у абрабаванай хаце на хутары - колiшнiм гнязьдзе Раманавым.
У Раманавым нутры ўзьнялося ўсё корзюкаўскае: зьвярынае вычуцьцё радзiннай крывi, на якую цяпер замахваецца вораг, гатовасьць абаранiць яе за ўсякую цану, разьюшанасьць i шчымлiвы жаль. Корзюкi, жывучы разам, не адчувалi нейкай асаблiвай супольнасьцi, злучва, цягi адзiн да аднога, наадварот, грызьлiся мiжсобку але калi разыходзiлiся, жылi ня разам, асаблiва калi разлучалiся не па сваёй волi, а з прымусу, шалелi адзiн па адным, бяда аднаго адклiкалася болем у другога, i плын корзюкаўскай крывi, супольны ўсiм, не даваў болей нiкому спакою.
Раман быў цяпер гатовы на ўсё. За ягонымi плячыма адвалiлася ўсё мiнулае, i ён парываўся наперад. Як-бы няясныя, неазначаныя й недакладныя рухi зьмянiлiся цяпер наважнасьцяй дзеяньня. Нiчога з таго, што было перад гэтым, як-бы ўжо болей не iснавала, i Раман Корзюк адчуваў сябе, як на старце. З Генадзем Кандраценем не спрачаўся, як учора, уважлiва слухаў яго, распытваў. Ён ясна ўсьвядомiў, што яго патрабуе цяпер, як нiколi раней, ягоная сям'я, гул корзюкаўскай крывi клiкаў яго.
- I я таксама не хачу тут папасьцiся чорту ў лапы, - гаварыў Кандраценя, у мяне ёсьць яшчэ й свае абавязкi, у мяне ня толькi ты, цi вы ўсе разам, у мяне гэн колькi ўсяго...
I нечакана спынiўшыся:
- Ромусь, згасi лепей сьвятло, навошта яно - ноч.
Парэзанае на дробныя кавалкi сала яны елi пры стале ў пацёмку, моўчкi, як-бы прыслухоўваючыся адзiн да аднаго. Напэўна, пачуўшы сала, пад дзьвярыма з таго боку, ад гаспадынi, пачаў мяўкаць кот.
- Каб ён здох - нядобра. Пойдзем хутчэй!
Увесь дзень Раман Корзюк быў у вадным касьцюмчыку, пабялелым ад сонца, асаблiва на плячох i сьпiне, купленым увесну ў ГУМе за сто трыццаць рублёў. Затанны, цяпер ён трашчэў, ламаўся. Рукавы ў iм кароткiя, ад чаго Раманавы рукi здавалiся яшчэ даўжэйшымi, штаны таксама, ад чаго Раман выглядаў вышэйшым. Калi Раман iшоў у гэтым касьцюме па вулiцы, ад нейкай дыспрапорцыi ён выглядаў чалавекам-гiгантам. Але якраз можа дзякуючы гэтай дыспрапорцыi, ён адразу зварачаў на сябе ўвагу, як нязвычайны чалавек, дзiўны, траха не карыкатурны, але пасвойму прываблiвы, прыгожы.
Цяпер ён узяў на руку пiджак хатняга вырабу й нiчога больш. Як быў бяз кепкi, так i застаўся. Ад сонца, дажджоў i вятроў ягоныя валасы на дзiва нiкалiва не зьмянiлi свайго колеру, толькi павялiчылiся ў абыйме, i то можа болей дзеля таго, што Раман даўно не падстрыгаўся.
Кандраценя таксама быў гатовы, з палкаю ў руках. Яны выйшлi з хаты. Дажджу ўжо ня было.
Раманава гаспадыня ня спала i ўвесь час прыслухоўвалася да шолаху й гаворкi ў свайго кватаранта, але нiчога не магла добра ўцямiць, толькi дзякуючы нейкай сваёй асаблiвай здольнасьцi здагадвалася, што Раман гаворыць з тым-жа самым чалавекам, што i ўчора. У Раманаў пакой яна не адважылася зазiрнуць - нагэтулькi нязвычайнай выдалася ёй сытуацыя. Яна вычувала, што нешта важнае адбываецца з Раманам, i ўжо баялася нават скрануцца з месца: як стаяла, так i засталася пасярэдзiне пакою, не падыходзячы блiжэй да сьцяны падслухоўваць, каб ня скрыпнуць.
I толькi, калi Кандраценя з Раманам зыходзiлi з ганку, яна кiнулася да вакна. Чалавечыя фiгуры здалiся ёй няяснымi, яна не магла распазнаць нават Рамана - з пiджаком пад пахаю, ён выглядаў нiжэйшым, бачыла й таго, што йшоў з iм побач. Абодвы яны не пайшлi па вулiцы, а завярнулiся на гарод.
6
У мiлiцыi Валю Камоцкую дапытвалi вельмi доўга, i гэтая акалiчнасьць зусiм вывела яе з раўнавагi. Старэйшы з мiлiцыянэраў, гэтаксама, як i ў хаце Раманавай гаспадынi, разглядаў яе, як важную асобу ў ланцугу злачынства, якое ён толькi што выкрыў i якое ўзьнiмаў да ступенi дзяржаўнага злачынства. Лёгiка старэйшага мiлiцыянэра сягала да таго, быццам у тых грашох i наганах, якiя ён знайшоў у Корзюка, палягае пытаньне, быць цi ня быць савецкай уладзе. Тон старэйшага мiлiцыянэра быў нагэтулькi важны i ўрачысты, а сам ён нагэтулькi самаўпэўнены, што Валя Камоцкая не магла гэтага ўсяго сьцерпiць. А прэтэнсiя старэйшага мiлiцыянэра яшчэ й на нейкую галантнасьць, якая межавала з хамствам, даводзiла Валю да скрайняй раздражнёнасьцi. На некаторыя пытаньнi старэйшага мiлiцыянэра Валя не адказвала наогул, тым ня менш старэйшы мiлiцыянэр стаўляў iх зноў, i калi Валя й другi раз не адказвала на iх, старэйшы мiлiцыянэр зьменьваў iнтанацыю i ўсё роўна дамагаўся свайго:
- Значыцца, вы катэгарычна адмаўляецеся адказваць на пастаўленае перад вамi пытаньне?
- Катэгарычна!
Старэйшы з мiлiцыянэраў пагражаў ёй, што ён пасадзiць яе ў падвал, але Камоцкая не баялася i трымалася так, як толькi яна ўмела.
Каб, напрыклад, уся гэтая справа тычылася толькi яе аднае, каб гэта было ня ў сувязi з Раманам, яна, напэўна, надала-б усяму гiранiчна-жартлiвы ход. Але ўся загвоздка была ў Рамане, i яна, узяўшы сябе пад кантроль, ацiхла, падумала, што й сапраўды гэты маньяк, чаго добрага, можа пасадзiць яе, i такiм парадкам адцягне сустрэчу з Раманам, гэтак патрэбную ёй цяпер.
Якое-ж было ейнае зьдзiўленьне, калi старэйшы мiлiцыянэр, выклiканы некiм па тэлефоне i, як можна было здагадвацца, атрымаў нейкi загад, пасьля кароткай паўзы, лiсьлiва зiрнуўшы Камоцкай у вочы, нечакана для яе, абвесьцiў ёй, што яна свабодная i можа йсьцi, пачаў прасiць у яе прабачэньня за ўсе турботы, прычыненыя ёй, нават сказаў, што арышт быў вялiкай памылкай. Адпускаючы яе, ён толькi папрасiў яе падпiсаць нановасфармуляваны пратакол.
Гэтак скончылася Валiна несамавiтае сьледства.
У манастыры Валi Камоцкай сказалi, што за ёю заходзiўся Раман, але паколькi яе ня было, ён пайшоў некуды з Ларысай - мусiць, у кiно, а можа й яшчэ куды. Пра што добрае Валiны кампанкi ёй не павядомяць, выткнуць-жа што-небудзь - заўсёды гатовыя. Асаблiва ў гэтым мастацтве вызначалася Роза Шкляр, для якой Валя Камоцкая была як-бы нейкай супэрнiцай. За Розай Шкляр надта нiхто не заляцаўся, i яна - дзiўная рэч - думала, што ў гэтым вiнаватая Валя i бадай што ненавiдзела яе. Iншыя насельнiкi манастыра - Оля Дзiчкоўская, Зiна Аўсеева, Гольдзiна, Лагоўская - трымалiся нейтралiтэту, калi й парушалi яго, дык прапарцыянальна да варожых бакоў, што ахоўвала манастыр ад якiх-небудзь больш сур'ёзных эксцэсаў. Хаця Оля Дзiчкоўская й была другiм пасьля Валi моцным характарам у манастыры, з Камоцкай яна ладзiла i жыла з ёю дружна. Дзiчкоўская ня любiла манастыра, хацела вырвацца з яго на прыватную кватэру, шукала сабе волi. Як слабейшы характар, Роза Шкляр нiколi свае нянавiсьцi да Камоцкай ня выказвала адкрыта, заўсёды як-бы старалася ёй дагадзiць.
- Чаму-ж Раман пайшоў у кiно з Ларысай, а не з табой?
Такая нiбыта дабразычлiвасьць Розы Шкляр здавася Валi нясьцерпнай. Тонкая гiронiя Шкляр дасягнула свайго: да Ларысы, першай Раманавай сымпатыi, Камоцкая не магла быць раўнадушнай. Валi ўсё здавалася, што Раман усё яшчэ кахае Ларысу, дармо што як-бы й не глядзiць на яе. Тое, што Раман як-бы ўхiляецца ад сустрэчаў з Ларысай, толькi выдае Раманаву неабыякавасьць да яе. Чаму Раман ня можа быць з Ларысай, як з усiмi - свабодным, жартлiвым, гiранiчным. Мне дык ён усё скажа - уцешлiвае i няўцешлiвае, а Ларысе - толькi нешта далiкатнае. Камоцкая нават зайздросьцiла Ларысе: чаму яна не такая, як яна. У душы яна прызнавала, што Ларыса пасавала-б Раману лепей: Ларыса нейкая спакайнейшая, мякчэйшая, задуменная i меншая ростам, яна-ж сама, можна сказаць - другi Корзюк.
Паводя тэорыi Камоцкай, падабенства ў характарах вядзе да разыходжаньня, людзi ня могуць разам жыць з аднолькавымi характарамi. Жанчыне, мусiць, утульней у руках дужэйшага за яе мужчыны i, наадварот, мужчына, мусiць, няўцешлiвы з жанчынай, роўнай сабе па сiле. Раман ня дужэйшы за мяне. Ён ня можа перамагчы мяне.
Ларыса пяшчотай прывабiла Рамана яшчэ калi яны былi на першым курсе ВПI. Раман цэлы год гарэў пачуцьцямi позьняга першага каханьня да Ларысы, хочачы i адначасна баючыся, каб пра ягоныя пачуцьцi як-небудзь не дазналася Ларыса. Ларыса, бязумоўна, не магла ня ведаць аб усiм гэтым, але насустрач Раману ня йшла - як i ён, тамiлася ўпотайку, спадзяючыся, што Раман першым зробiць калi-небудь рашучы крок да зблiжэньня. Аднак кроку гэтага Раман не рабiў, i, дзiўная рэч, кахаючы адзiн аднога, яны як-бы баялiся пераступiць нейкую мяжу, знаходзячы сваеасаблiвую асалоду ў ненаблiжэньнi. Нясьмелых, зблiзiць iх хацела Лагоўская, як больш дасьведчаная асоба (яна была самая старэйшая ў манастыры). Але ёй гэта не ўдалося: разам Раман i Ларыса былi як дзецi.
Гэтак цягнулася да тых пор, пакуль аднойчы ў iнстытуцкай чытальнi Раман канчальна ня вызвалiўся з-пад улады Ларысiных чараў. Гэта сталася зусiм раптоўна i нечакана. Упяршыню Ларыса села за адным сталом побач Рамана. Абодвым iм было добра й зацiшна. Нехта з Ларысiных сябровак, здаецца, Лагоўская шэптам, каб нiкому не перашкаджаць, паклiкала яе на ймя. На гэты шэпт Ларыса азiрнулася назад: у вывернутых i пакрытых рыжаватымi бялкамi вачох Раман пабачыў нешта такое, што яго адштурхнула. Усё, што трымала дасюль Ларысу ў Раманавым сэрцы, абарвалася, апала - аднаго нявыгоднага для Ларысы параўнаньня, якое прыйшло на ўздум Раману ў сувязi з рыжаватымi бялкамi на вачох, падобнымi... (Раман нiколi-б нiкому не сказаў падобнымi да чаго) хапiла для таго, каб у вадно iмгненьне разьлюбiць Ларысу. Раман узьняўся i, нiчога не гаворачы, пакiнуў Ларысу адну за столiкам.
Ларыса адчула, што адбылося нешта нязвычайнае. Колькiмi днямi пазьней яна пераканалася, што яна страцiла Рамана. Ня гледзячы на боль, спрычынены адыходам Рамана, Ларысе стала лягчэй, ейныя дачыненьнi да Рамана сталiся больш свабоднымi. Замест варожасьцi, Раман выклiкаў у яе спагаду, i ўжо шкадуючы, а не кахаючы Рамана, Ларыса ўсё-ж не магла канчальна адыйсьцi ад яго. Набiвалася, пападалася яму часта на вочы. Гэта Раман успрыймаў пасвойму i вычуваў перад ёю нейкую сваю вiну.
Пра гiсторыю Раманавага каханьня Валя Камоцкая добра ведала й сама, але Раман, як назнарок, расказаў ёй усё, як на споведзi, хоць такой споведзi Валя ад яго й не патрабавала. I невядома было - цi Раман хвалiўся, цi хацеў пераканаць Валю, што Ларыса яго нiколi ня цiкавiла. Споведзь у яго выходзiла ненатуральна, i Камоцкая папрасiла яго нiколi не гаварыць на гэтую тэму.
Неўзабаве прыйшла з кiно й Ларыса. Валя дапытлiва зiрнула на яе, ня выяўляючы да яе, аднак, нiякай няпрыхiльнасьцi, Роза Шкляр - тут, як тут пасьпела першая прыткнуць своё слоўка:
- Дзе-ж гэта твой кавалер? З хаты забраў, а ў хату ня прывёў. Фу! Цi можа баiцца паказацца на вочы?
Ларыса спакойна, сумнымi вачыма паглядзела на Розу Шкляр i нiчога не сказала ў адказ, а Валя Камоцкая, налiваючы сабе ў шлянку гарбаты, прапанавала й Ларысе.
- Дзякую, Валя, неяк ня хочацца.
- Выпi кубачак - галодная-ж, ведаю.
- Ну, калi ты просiш - вып'ю.
Валя й Ларыса моўчкi пiлi гарбату, а Роза Шкляр, зьбiтая няўдачай завязаць вайну, памулiла да свайго ложку. Яе асаблiва зьбянтэжыла, што Валя нi словам не адгукнулася на ейны шантаж. За сьпiною Розы Шкляр многазначна пераглянулiся Лагоўская з Аўсеевай. Лагоўская, угадваючы ў хаце замiрэньне, надзела сваё пэнснэ i лягла ў ложак чытаць, накрыўшыся белым, як сьнег, прасьцiрадлам.
Неяк боязна было глядзець на яе збоку: маленькi, сухi i паморшчаны лоб пудраю бялеў, як i прасьцiрадла, нагадваючы сабой лоб нябожчыка, у той час як на кароценькiм абгрызеным носе грала ўсiмi спэктрамi ў залатой аправе пэнснэ.
Валя ўсё хацела загаварыць з Ларысай, але не магла, iм абедзьвюм было нязручна ад таго, што яны маўчаць, i яны толькi гучна сёрбалi гарбату, пакуль ня кончылi, а калi кончылi - зацятае маўчаньне было немагчымым.
- Раман пайшоў дахаты? - азвалася першай Валя.
- Я ня бачыла яго, як разьвiталася з iм, iдучы яшчэ ў кiно.
- Дык ты ня была разам з iм?
- Не. На Савецкай ён павярнуў на Ўрыцкага, мала ня ўцякаючы ад мяне. Наогул ён...
Валя як-бы й абрадвалася, але ў яе зьявiлася i iншае - страх за Рамана. Ёй хацелася бегчы ратаваць Рамана, але яна ня ведала, куды бегчы. Сэрцам яна чула, што яго цяпер няма ў хаце. Гэта павёў яго некуды "дзядзька". Патое ён i прыходзiў учора, каб павесьцi яго i згубiць. Чаму я не зьберагла яго ад яго? Напэўна, Раман шукаў мяне, а я ўсхадзiлася з гэтым сьледствам i ўсё страцiла.
Апошняй прыйшла ў манастыр Оля Дзiчкоўская, радасная, рашчырванелая, з зiхатлiвымi вачыма.
Было позна i ўсе ўжо спалi ў манастыры. Зьняможаная, спала й Валя Камоцкая. Толькi-ж праз сон, як-бы iз самога сну, увесь час тырчэлi два дулы нагана, а з iх абодвых - адным вокам з кожнага - глядзiць на яе "дзядзька" Рамана, цэлiцца i вось-вось стрэлiць у яе, яна хоча адхiнуцца ды ня можа, нарэшце хоча заплюшчыць вочы, але першы раз у жыцьцi й гэтага ня можа зрабiць. З крыкам i ў страху прачнулася... За вакном, высока ў небе, плыў месяц, бокам рэзаў хмары, падносячы сябе ўсё вышэй, як на машце. Адно вакно было незачыненым, i вецер выдзьмуў на хату белую фiранку i, падтрымлiваючы яе сваiм дыханьнем, як ветразем, паласкаў яе ў месячным сьвятле. Уся ў дзюрачках i ў узорах, фiранка напаўнялася сьвятлом, запальваючыся i патухаючы, калi месяц закрывалi хмары.
А ранiца была самая неспакойная. Усе паўскоквалi з ложкаў у нейкiм страху i недаўменьнi... На вулiцы бесьперастанку крычэлi громкагаварыцелi. Цяжка было ўявiць, што здарылася, пакуль не паадчынялi вокнаў. Словы, зьмешаныя з ветрам, як-бы ўвальвалiся ў хату, як нешта важкое i страшнае... Кiрава... гiдра кантррэвалюцыi... палымянны трыбун... Кострыкаў...
Уключылi i сваё радыё - Кiраў забiты. На вулiцах ня было руху, усё спынiлася. Пустыя, яны нiбыта ўпяршыню паказалi сваё сапраўднае аблiчча. Здавалася, уся краiна ўкленчыла, слухае нязвычайную навiну з затоеным дыханьнем. Быццам адыйшоў найвялiкшы чалавек i таму спынiлася жыцьцё i нiколi зноў бяз гэтага чалавека ня ўзновiцца i так усё навекi й застанецца ў напружаным маўчаньнi. Яно так, мусiць, i было-б, каб праз гэтую зыркую цiшыню не даляталi словы пагрозы за сьмерць вялiкага рэвалюцыянэра, каб ня грозны зварот-просьба да ўсiх, хто слухае шукаць, выяўляць сярод сябе замаскаваных ворагаў, што, карыстаючыся даверам савецкай улады, цiхама выношваюць свае пляны спынiць дывэрсыяй, забойствам i шпiянажам вялiкi поступ сацыялiзму. Але дармо - ворагаў чакае суровая расплата, меч дыктатуры пралетарыяту апусьцiцца на iхныя галовы, караючы па ўсiх правiлах рэвалюцыйнай законнасьцi.
Манастыр прыцiх, кожны з ягоных жыхароў адчуваў сябе тым ворагам, якога зараз-жа выявяць, варта толькi добра прыгледзецца каму-небудзь. Кожны апушчаў вочы, каб не глядзець, адчуваючы сваю вiну ў тым, што адбылося. А радыё ўсё гаварыла пра здраднiкаў, як-бы ўвесь Савецкi саюз быў населены iмi.
Ды першы мамэнт скамянеласьцi i грознай цiшынi прайшоў, наступiў мамэнт не заалягiчнага, а ўсьвядомленага страху, рух узнавiўся, людзi, спыненыя, зноў пайшлi, быццам нехта магутны, стоячы за сьпiною цэлага народу, сьцёбнуў па iм вялiзманай пугай i, узьнiмаючы яе яшчэ вышэй для наступнага ўдару, затрымаў яе над галавой, i кожны баяўся, што вiда-вiда гэта пуга ўдарыць па iм.
У манастыры ўсе маўчалi, каб не сказаць лiшняга. Гэтая нямая сцэна цягнулася-б невядома дакуль, каб ня Оля Дзiчкоўская.
- Ну, чаго стушавалiся? Дзе-ж вашая рэвалюцыйная загартаванасьць? Сорамна, дзяўчаты! Гайда на заняткi!
Дзiчкоўская вярнула жыхаром манастыра страчаную было iмi здольнасьць нармальнага ўспрыняцьця рэчаiснасьцi.
У дзявочы пакой увайшоў загадчык гаспадарчай часткай iнстытуту з клеем i палоскамi паперы, папрасiў паклеiць усе шыбы накрыж - будзе недалёка выбух.
Заняткi ў iнстытуце пачалiся пазьней, як звычайна. А дзесятай гадзiне студэнты сабралiся ў Актавай салi iнстытуту на сход. Сход доўга не адчыняўся, у салi расло напружаньне.
Нарэшце, на трыбуне зьявiўся сакратар партарганiзацыi.
- Таварышы, вы ведаеце, што адбылося... Кантррэвалюцыя нацэлiлася ў самае сьвятое сьвятых - у нашых правадыроў i вырвала здрадлiвым стрэлам з нашых шэрагаў. аднаго з самых выдатных бальшавiкоў - Сяргея Мiронавiча Кiрава. Мiжнародная кантррэвалюцыя, ня здолеўшы перамагчы нас на фронтох, подлым подступам дабралася да габiнэту аднаго з перадавых правадыроў камунiстычнай партыi. Ганьба нам (сакратар узвысiў голас), калi мiжнародная кантррэвалюцыя знайшла сярод нас сабе апору ў асобе брыдкага стварэньня, iмя якому Нiкалаеў. Мiжнародная кантррэвалюцыя адабрала ад нас шляхетную асобу, натхнiцеля сацыялiстычнага будаўнiцтва - Сяргея Мiронавiча Кiрава. Значыць, мы забылi аб асноўным законе рэвалюцыi - пiльнасьцi. Таварышы, у нашых студэнцкiх шэрагах ёсьць таксама, павiнны быць, замаскаваныя ворагi. Калi мы ня бачым iх, мы хварэем на сьлепату, а сьлепата, як ведама - самая небясьпечная рэч ува ўмовах клясавага змаганьня. Хоць у нашай краiне i перамог сацыялiзм, вораг яшчэ ня здаўся, шалеючы ад нашых посьпехаў. Ворага трэба дабiць. Шукайма, выяўляйма яго ў нашых шэрагах! Ён тут, сярод нас, будзьма толькi пiльнымi! У iмя нашай рэвалюцыi, заклiкаю вас, таварышы, у гэты адказны момант дапамагчы нам. Канкрэтна называйце ворага па iмю, пад якiм-бы аблiччам ён нi хаваўся... Страху i сораму не павiнна быць месца... Слова за вамi... Я скончыў...
У салi цiшыня, нiхто не зварухнецца, нiхто не адважыцца глянуць, падняць вочы. Як наэлектрызаваныя, студэнты шорхлi ад страху. Загiпнатызаваныя, невiнаватыя, яны нiбыта адчувалi сваю вiну. Нават такая няўрымсьлiвая асоба, як Оля Дзiчкоўская, i тая паддалася гiпнозу. Седзячы на крайнiм крэсьле, яна хацела пакiнуць салю, каб толькi ня чуць прамовы сакратара. Яе скаваў страх, i яна, схiлiўшы галаву, хавалася за сьпiной студэнта, што сядзеў перад ёю. Ды з сцэны ўсе былi добра вiдны, як на далонi. Прэзыдыюм пазiраў на iх строга, сурова, i пад ягоным крытычным позiркам саля корчылася й замiрала.
Падняўся з першага раду камсорг Сьцяпан Мялешка i пайшоў на сцэну. Не сьпяшаючыся, зазiрнуўшы ў вочы сакратару партарганiзацыi, Мялешка падыйшоў да трыбуны, абвёў падсьлепаватымi вачыма ўсю салю, загаварыў:
- Таварышы, правiльна, добра сказаў таварыш партарганiзацыi. Ворага трэба называць канкрэтна, па прозьвiшчу. I я, таварышы, хачу першым назваць тут адно прозьвiшча.
Як зьбiтыя ў гурт у сьпёку авечкi, студэнты ў чаканьнi таго прозьвiшча, затаiлi дыханьне.
- Раман Корзюк, паднiмiцеся!
Корзюк не паднiмаецца. Мялешка шукае яго вачыма, а сьледам за iм павяртаецца i ўся саля, разглядаючыся па бакох, быццам мае падняцца не Раман Корзюк, якога й так шмат хто ведае, а чалавек зусiм нейкi iншы, якога нiхто нiколi ня бачыў i цяпер усе хочуць зiрнуць на яго, пераканацца, цi гэта той, каго толькi што выклiкалi з трыбуны. Але нiхто не паднiмаўся, цiшыня i напружаньне ўзрасталi, саля чакала, што будзе далей.
- Дзе Раман Корзюк? Яшчэ раз прашу падняцца!
Ды ў салi нiхто не паднiмаўся.
- Значыць, няма? Але не схаваецца. Ягонае зьвярынае аблiчча нам добра ведамае. I мы яго ўсюды пазнаем i знойдзем!
Перамянiўшыся ў голасе:
- Валя Камоцкая! Бачу вы тут... Дзе Раман Корзюк?
На ўсю, можна сказаць, мёртвую салю прагучэў голас Валi Камоцкай:
- Аб кожным з нас у вас болей iнфармацыi, чымся ў мяне.
- Вы мала памылiлiся - у нас ёсьць iнфармацыя i пра вас, - уквелены, кiнуў са сцэны Сьцяпан Мялешка. - Таварышы, у той час, як уся нашая краiна перажывае цяжкую страту, зьбiраецца на заводах, фабрыках i ва ўстановах i з ўсёй рашучасьцяй i рэвалюцыйнай чэснасьцяй выяўляе ўсялiкiх масьцей злачынцаў i ворагаў, ёсьць у нас, з - дазволу сказаць, студэнты, якiя хаваюцца, i ня проста хаваюцца, а за нашай сьпiной займаюцца злачыннымi махiнацыямi. Гэтым самым яны самi сябе паставiлi ня толькi вонках нашае грамады, ня толькi самi дэмаскавалi сябе, а й адкрыта сталi на баку нашых ворагаў. I мы маем дачыненьне ня з студэнтам проста, а з... Таварышы, мы доўга вывучалi й займалiся справай Рамана Корзюка. Раман Корзюк - сын кулака. Але гэта яшчэ нiшто. Бацька Рамана Корзюка падняў на ногi ўсю кантррэвалюцыю ў Заслаўшчыне, i пасьля таго, як нiякiя спробы не дапамаглi яму спынiць мерапрыемствы савецкай улады, ён перайшоў да скрайняй формы барацьбы - тэрору. Ягонымi рукамi, цi рукамi ягоных наймiтаў забiты сакратар райкому партыi i старшыня сельсавету. Таварышы, Корзюкаў бацька - гэта зьвяно таго самага ланцугу, якi сваiм другiм канцом дапяў аж да Кiрава.
Саля загаманiла i раздалiся галасы.
- Выгнаць з iнстытуту Рамана Корзюка!
- Арыштаваць Рамана Корзюка!
Псыхоз улёгся, яму быў дадзены выхад, саля зашорхала нагамi, ажыла, нехта падняўся i папрасiў слова, але Мялешка яшчэ ня сунiмаўся, усё гаварыў, размахваючы рукамi.
Валя Камоцкая знайшла ў сабе сiлы падняцца i накiравалася да выхаду. Сьцяпан Малешка праводзiў яе з трыбуны вачыма, аж пакуль яна не зачынiла за сабою дзверы.
У Валiных вушох стала цiха-цiха, гарачыя сьлёзы апяклi ейны твар. На карыдоры нiкога ня было, толькi жанчына з распранальнi правяла яе вачыма аж да самага выйсьця з Галоўнага корпусу.
Праз колькi хвiлiнаў яна была ўжо ў студэнткi Басi Цыпiнай, што жыла тут-жа за манастыром, ля Чыгуначнага маста, на кватэры свае сястры, жонкi другога сакратара ЦК КПБ. Валя ня то што сябравала з Цыпiнай, але любiла часамi заходзiць да яе, паслухаць, як яна грае на раялi, папоркацца ў ейнай бiблiятэцы, пабыць у сям'i (з Цыпiнай жыла i ейная мацi). Асаблiва Валя Камоцкая адчувала патрэбу ў людзях, калi ў яе было нядобра на душы, што-небудзь ня ладзiлася. Адзiным прыстанiшчам для яе тады была кватэра Цыпiнай.
Цыпiны якраз позна сьнедалi й пасадзiлi за стол Валю Камоцкую. Валя нiчога ня брала, адмаўлялася, а калi пачалi яе ўгаварваць, заплакала. У адказ на роспыты, Валя ўсё расказала пра Мялешку i пра выступленьне сакратара партарганiзацыi (Цыпiна на сход не пайшла). Саромячыся сваiх сьлёз, Валя выцерла iх хустачкай i запыталася:
- Адкуль гэта ў вас столькi набiта шкла?
Валя й не заўважыла, што амаль усе шыбы на вулiцу былi выбiты. Бася падвяла Валю да вакна - праз вулiцу, якраз насупраць iхнага дому, ляжала грудай цэглы царква.
- Узарвалi, - растлумачыла Бася.
Валя толькi цяпер здагадалася, для чаго прыносiў у манастыр паперу i клей загадчык гаспадарчай часткай.
Толькi пасьля абеду пачалiся ў iнстытуце заняткi. Валя хацела ня йсьцi, але яе ўгаварыла Цыпiна. Цiха, нiчога не запiсваючы, сядзела Валя за столiкам у першым радзе ад выкладчыка. Можна было падумаць, што яна ўважлiва слухае, але гэта было ня так. Выкладчык дыямату, той самы, якому Корзюк здаваў экзамен, як i заўсёды, тым-жа тонам, з тым-жа выразам у твары, гнусява напамяць цытаваў з Карла Маркса, Энгелса, Ленiна, як-бы й нiчога надзвычайнага ня здарылася, як-бы падзеi для яго зусiм ня тычылiся - нi сходы, нi мiтынгi, нi пагрозы, нi заклiкi. Ён як-бы знаходзiўся паза часам, належыў гiсторыi. Ён быў сапраўды той Кантавай рэччу ў сабе, сутнасьць якой ён цяпер тлумачыў сваiм слухачом. Як-бы не ўсьведамляючы сябе, аднак дакладна фармулюючы свае думкi, прафэсар хадзiў узад i ўперад, спыняючыся то каля аднаго, то другога столiку ў першым радзе, за якiм сядзелi пераважна дзяўчаты. Прафэсар такiм парадкам падыходзячы да Валi, кожны раз машынальна браў двумя пальцамi пасмачку доўгiх ейных валасоў i цягнуў яе ўгору датуль, пакуль пасмачка не канчалася. Пасмачка падала i прафэсар адыходзiў, каб зараз-жа вярнуцца зноў i рабiць тое самае. Гэта не магло ня выклiкаць сьмеху. Даведаўшыся ў чым рэч, прафэсар прасiў Валю прабачыць яму. Валя выбачала яму смутным схiленьнем свае галавы.
На адным з перапынкаў у Малую салю Галоўнага корпусу ўнесьлi труну з целам прафэсара Барычэўскага. У ганаровай варце стаялi студэнты. Пастаяўшы колькi часiнаў перад труной свайго прафэсара, яны, зьмяняючыся, адыходзiлi, каб уступiць месца iншым.
А пятай гадзiне ад Галоўнага корпусу да самай Камароўкi пацягнулася, як дэманстрацыя, пахавальная працэсiя. Наперадзе, адразу перад чорным катафалкам, iнстытуцкая аркестра грала жалобныя мэлёдыi з тугой па вечнасьцi. Валя Камоцкая iшла таксама "хаваць сябе", як яна думала. Да Ваенных могiлак было далёка i гразка. Наперадзе Валi сiгаў выкладчык дыямату, высачэйшы за ўсiх i ў пэнснэ. Задраўшы галаву, як жаўнер на парадзе, ён перастаўляючы ногi, некаму наступаў на пяты. Той "нехта", як вiдаць было, напачатку цярпеў, намагаўся iсьцi хутчэй, але яму ня было як, i ён, нарэшце, як-бы просячы ратунку, азiрнуўся назад - Валя Камоцкая пазнала ў iм Янку Купалу з кастылём на плячы.
7
Не сьпяшаючыся, Валя спушчалася ла сходках з трэцяга паверху ў касу. Якiмi трымя ступенькамi вышэй за ёю цiха клыпаў Сьцяпан Мялешка i з нейкiм затоеным дыханьнем глядзеў на яе ззаду: i ногi, i стан, i сiняя блюзка на ёй страшэнна падабалiся яму. Iдучы за ёю, ён думаў, якая яна ўсё-ткi прыгожая i прывабная. Такой зграбнасьцяй надзялiла яе прырода, што яна мусiла-б быць нечым надзвычайным, а не такой бязьлiтаснай, якою яна ёсьць на самай справе. Але гэта нiколькi не зьмяншала яе вартасьцi ў вачох Мялешкi i ён хацеў яе. Ды ён ведаў, што ён не падабаецца ёй: ён ня прыгожы i ёй не раўня. Але ён, як нiхто, адчувае прыгажосьць, ня так, як Раман - прыгожыя мужчыны ня ўмеюць ацанiць жаночага хараства i ўсяго iхнага прывабства.
Валя адчувала сьпiной, што нехта за ёю iдзе, чакала, што яе хутка абгоняць, але той, хто мусiў-бы ўжо зраўнацца з ёю, нiбы назнарок марудзiў, i Валя аглянулася - толькi тады Мялешка хутка абмiнуў яе.
Да касы стаяла ўжо вялiкая чарга - кожны хацеў атрымаць стыпэндыю хутчэй, тым болей, што сягоньня ўпяршыню за колькi год ува ўсiх крамах сталiцы прадаюць бяз картак хлеб, чорны i белы.
Камоцкая ўсё роўна была-б апошняй, i ў чаргу таму не станавiлася, разглядала кнiжкi на выставе, што была тут-жа, недалёка ад касы. Гэта была пераважна выстаўка мастацкай лiтаратуры: Купала, Колас, Александровiч, Чарот, Галавач. А вось невядомы ёй аўтар Юрка Лявонны iз сваiм зборнiкам "Стала i мужна". Злучнiк "i" яна прачытала не адразу - ён быў некiм замазаны i ў яе выходзiла не "Стала i мужна", а "Стала мужна". Нешта кальнула ў сэрца, нешта азвалася ў нутры трывогай i жарсьцяй. Але гэта ўсё было толькi мiмалётнiм. Валя падыйшла да вялiкага вакна, дзе на падваконьнiку заўсёды клаў паштар лiсты для студэнтаў. Камоцкая нiчога не чакала для сябе, i толькi дзеля цiкавасьцi пачала разглядаць пошту. Аж не паверыла сваiм вачом, калi пабачыла лiст "Корзюку Раману Савоставiчу". Доўга думала, ўзяць, цi не, i пасьля некаторага ваганьня ўткнула лiст у кiшаню, паднялася аж на чацьверты паверх-паддашша, дзе канчалася лесьвiца невялiчкай пляцоўкай i дзе яна, бывала, сядзела з Раманам на крэсьле, невядома кiм прынесеным туды. Тут можна было прачытаць лiст да Рамана. Як выявiлася, пiсаў да яго з Варкуты Мiкола Саланевiч, якога забралi яшчэ ў мiнулым годзе з трэйцяга курсу, быццам за тое, што той абараняў на занятках антымарксысцкую тэорыю аўтагенных вобразаў Пераверзева, згодна якой пiсьменьнiк-спадарожнiк ня можа стацца пралетарскiм пiсьменьнiкам. У прыватнасьцi Саланевiч ня верыў у магчымасьць перабудовы Кузьмы Чорнага: ягоная буржуазна-нацыяналiстычная "аўтагеннасьць" перадалася-б у творы ўсiм персанажам.
Саланевiча арыштавалi ня ў Менску, а ў Прапойску, куды ён паехаў настаўнiчаць, ня скончыўшы iнстытуту. У Прапойску Саланевiч многа пiў, але зьдзiўляў усiх сваiмi нязвычайнымi здольнасьцямi: i ў лiтаратуры, i ў музыцы, i ўва ўсiм чыста, за што нi браўся. Выкладаў у старэйшых клясах дзесяцiгодкi беларускую лiтаратуру, якую добра ведаў i дзеля чаго рэдка калi рыхтаваўся да заняткаў. Аднойчы прадстаўнiкi з раёна i з гаркома партыi захацелi пабываць у Саланевiча на ўроку. Яны зайшлi ў клясу, у часе перапынку, калi Саланевiч быў у настаўнiцкай, i селi ззаду. Саланевiч, нiчога ня ведаючы аб гэтым, п'яны, увайшоў у клясу бяз нiякiх нататак. Угледзеўшы гасьцей, зьбянтэжыўся, але ўсё-ткi паведамiў ня гэтулькi вучням, колькi прадстаўнiком, што гутарка сёньня будзе пра Янку Купалу. Хоць Купалы па раскладу ня было, тым ня менш Саланевiч наважыўся гаварыць мяноўна пра Купалу - свае здольнасьцi выкладчыка i сваю эрудыцыю ён спадзяваўся паказаць на Купалу. Ды не пасьпеў Саланевiч вымавiць i першага сказу "Iван Дамiнiкавiч нарадзi...", як нутро Саланевiча здрадлiва выкiнула на стол, за якiм ён стаяў, усё, што ён выпiў i чым закусiў. У той-жа дзень Саланевiча арыштавалi i накiравалi ў Менск. Цяпер у лiсьце да Корзюка, з якiм яго зьвязвала дружба, Саланевiч прасiў прыслаць яму... гальштук. Саланевiч пiсаў, яму жывецца ў лягеры вельмi добра, што ўсяго з яго хапае, лепей i быць ня можа, толькi вось не стае аднэй дробнай рэчы - гальштука. Спачатку гэтай алегорыi Валя не разумела, а потым з далейшага тэксту лiста здагадалася - гальштук сымбалiзуе сабою самагубства. Значыць, жыве Саланевiч так, што лепей было-б павесiцца. Так дасьцiпна паведамiў Саланевiч аб сваiм жыцьцi-быцьцi на Варкуце.
Камоцкая парвала на дробныя кавалачкi лiст Саланевiча i спусьцiлася ўнiз. Ля касы было толькi некалькi чалавек i Валя стала за iмi. Касiр доўга шукаў у ведамасьцi Валiнага прозьвiшча i ўсё не знаходзiў, а Валя, стоячы ля вакна, думала, што ўжо можа й стыпэндыi няма для яе. Касiр падняўся з крэсла i выйшаў, як ён сказаў, на часiнку ў канцылярыю. Прайшло добрых пяць часiнак, а касiра ўсё ня было, i гэта яшчэ болей стрывожыла Камоцкую. Нарэшце, касiр прыйшоў, сказаў, што ўсё ў парадку i выдаў Камоцкай стыпэндыю, адлiчыўшы пяць рублёў на самаабкладаньне.
Валя Камоцкая не пайшла ў манастыр, а да Басi Цыпiнай. Тая адразу тыцнула ёй лiст ад Рамана i ўпiхнула яе ў сваю спальню, жартлiва зазначыўшы, што яна ня хоча бачыць Валiных сьлёз. А сама стала зачэсваць рыжыя, як полымя, свае доўгiя валасы. Ззаду яны даходзiлi аж да пояса. У люстры вiднелiся Басiны голыя грудзi i шыя, усееныя ўсьцяж няпрыемным, як у курапы, рабацiньнем. Рабацiньне-плямы рухалiся ад кожнага ўзмаху рукi i гралi, як чышуёю. На твары сядзеў здаравяка-нос з вялiкай валасатай бародаўкай на канцы. Адылi гэта не перашкаджала Цыпiнай быць задаволенай сабою, яна расчэсвала i расчэсвала сваю гордасьць - валасы, пiльна ўглядаючыся ў люстра. Радасная i ўсхваляваная, яна чакала з хвiлiны на хвiлiну Петрака Шыракова i канечне хацела, каб ён застаў яе ў такiм выглядзе, найбольш эфэктным паводля ейнага разуменьня.
На парозе паказаўся Пятрок Шыракоў з папкаю пад пахай. Жартлiвая, Бася пабегла да яго, ашчаперыла, пацалавала ў пухлую шчаку, абдаючы яго залацiстым агнём свайго пышнага валосься. Пятрок вызваляўся з рук Цыпiнай, выкручваўся, пакуль не пасыпалiся на падлогу сьпiсаныя аркушы паперы з папкi. Шыракоў ажно быў раззлаваўся, але на просьбу Басi, усё-ткi пацалаваў яе сваёю расьсечанай наўкось губою. Хутка яны расьселiся на дыване, i Шыракоў хацеў быў чытаць Басi сваё новае апавяданьне. Але Бася, паклаўшы свой падбародавiч на плячо Шыракова, перапынiла яго:
- Ты ведаеш, хто ў нас? Ня ведаеш? Мой кавалер. Спалохаўся цябе i схаваўся ў маёй спальнi. Хадзi - пакажу!
Цыпiна пацягнула Петрака за руку ў спальню, а з яе якраз ужо выходзiла Валя Камоцкая.
- Ня выйшла - тваё шчасьце, - сьмяючыся, сказала Бася Петраку i запыталася ў Валi: - Зьбег? Дзе ён? I чаго гэта ён надумаўся пасылаць лiсты на мой адрас?
- Ня ведаю.
- А што ён пiша?
- Нiчога. Тры радкi ўсяго.
- Дзе-ж ён, пытаюся - у бацькоў?
- Ах, ведаеш, Бася, як-жа ён можа быць у бацькоў?
Цыпiна спакмела, што Камоцкая ня хоча гаварыць аб Раману i запрапанавала ёй застацца паслухаць апавяданьне Петрака, але Валя, папрасiўшы прабачэньня, пакiнула iх адных, ведаючы, што калi Цыпiна запрашае - ад запрашэньня трэба адмовiцца.
"Прыедзь, калi можаж i хочаш пабачыць мяне, на тое самае месца, дзе мы былi з табою, як iшлi на Польшчу", - думала Валя аб прачытаных радкох у Раманавым лiсьце, пакiдаючы Цыпiну.
"Прыездзь, калi хочаш i можаш"... Як я магу? Зусiм не магу. Гэта-ж ты добра ведаеш i сам, але просiш. Зьнябыўся, га? Я так i ведала. "Калi можаш"? Магчымасьцi ў мяне нiякай. Ёсьць толькi адно хаценьне.
Камоцкая была рада хоця якой магчымасьцi пабачыцца з Раманам. Учора яна думала, што ўжо страцiла яго, аж тут, во глядзi, знайшоўся i спакушае.
Як-жа мне дабрацца да "таго самага месца"? Тады гэта было проста i лёгка яны йшлi абы йсьцi, абы куды, вясёлыя, абы толькi наперад, праз ноч i цiш, поўныя хаценьня, цягi адзiн да аднаго, то была сапраўды вандроўка "на край начы". Гледзячы на зоры, Раман вёў яе тады "ў Польшчу", i сапраўды, яны дайшлi тады мала не да самай заставы. Цяпер ёй трэба йсьцi аднэй, i яна баялася гэтага кiрунку на Польшчу.
Валя Камоцкая адчула - пахiснулася пад ёю зямля, усё, як назнарок, пайшло наўкрыў i не на ейную карысьць: i тое, што яе дапытвалi ў мiлiцыi, i тое, што Мялешка на сходзе назваў ейнае прозьвiшча, i той галоўны факт, што яна заадно з Раманам, i нават тое, што касiр ня выдаў ёй грошай адразу. Камоцкая адчула, што Раман разьдзелiць лёс Саланевiча, што, апынуўшыся на нейкай сваёй фатальнай дарозе, ён уцягне яе ў сваю арбiту. Усё гэта яна добра ўсьведамляла цяпер, але ведала - няма павароту. Каб нават i былi нейкiя шляхi да адступленьня, яна не павярнула-б на iх. Ёй таксама наканавана сваё, як i Раману. I Камоцкая нават iшла далей - ейны шлях прадбачаны нейкай вышэйшай сiлай, самiм космасам, як i шлях Корзюка. Як i Раман, яна чалавек з мiсiяй. "Нiхто з гранiц сваiх ня выйдзе", - пацяшала яна сябе. Таму сваё прызначэньне яна мусiць споўнiць. У гэтым "споўнiць" былi для Валi i насалода, i боль, i шчасьце. Адно было толькi ў гэтым няўцешлiвае - цi разумее Раман супольнасьць, наканаванасьць ягонай i ейнай долi? Адказ на гэтае пытаньне ў Валi выходзiў часта адмоўным. I яшчэ было адно балючае месца: гатовая "споўнiць", спаўняючы ўжо сваю "долю", Валя не магла споўнiць практычна-зямнога хаценьня сваiх бацькоў: выйсьцi ў людзi праз навуку. Не магла, бо навука ня йшла ў пары з ёю, з ейнаю "доляй", дый навука - гэта няшчасьце: каб яна сядзела ў бацькоў на зямлi, не пайшла ў гэтую навуку, усё можа пайшло-б паiншаму, хоць яна й усьведамляла, што ўжо й тая зямля перакуленая дагары i болей не ратуе, што ў спакойны быт зямлi ўварвалася грозная, разбуральная сiла. Адвеку чамусьцi так на нашай зямлi, што людзi, якiя йшлi ў навуку для сябе й зямлi свае, толькi цярпелi ад навукi. Яна ня была нiколi такой разгубленай, нiколi не паддавалася сваёй збытнасьцi, усе ейныя практычныя здольнасьцi пакiнулi яе i яна нат радая была паддацца нейкаму свайму вышэйшаму прызначэньню. Такi настрой у яе пачаўся, калi яна йшла "хаваць сябе" на Ваенныя могiлкi.
"Прыдзi, калi хочаш i можаш пабачыць мяне". Помнiш нашае "трошачкi"? сьвяцiлiся ў Валiнай душы словы Раманавых запросiнаў.
8
Вярстох у трох ад савецка-польскай мяжы тулiўся да лесу аднэй сваёю хатай i вялiкай стадолаю хутар Баранкевiча. Гаспадара з сямёю некуды выслалi, як кулака, а на яго месца пасадзiлi многадзетнага бедняка Шаркевiча, даўняга прыяцеля Генадзя Кандраценi. З Шаркевiча гаспадар быў неважнецкi, але сельсавет, вiдавочна, не кiраваўся гаспадарскiмi якасьцямi Шаркевiча, i надзялiў яго гэтым хутарам з нейкiх iншых меркаваньняў. Гэтак i апынуўся Шаркевiч нечакана для сябе на гэтым аселiшчы з сваёю вялiкай сям'ёй - з дзьвюма дарослымi дачкамi i з драбязой-падлеткамi, голымi i абдзёртымi. Ведама, бяз маткi. Гультаяватыя, як i бацька, дарослыя дочкi ня дбалi пра меншых, глядзелi толькi самых сябе. Параўнаўча вялiкая хата Баранкевiча была разьдзеленая на чатыры пакоi-каморкi, якiя й зьмясьцiлi ўсю сям'ю Шаркевiча. На гэтую сялiбу i прывёў уначы Кандраценя Рамана Корзюка.
Шаркевiчы i палавiны не сабралi з поля таго, што пасееў быў колiшнi гаспадар Баранкевiч: няскошаная сенажаць ляжала пажоўклай, а перасьпелае жыта ўпала крыччу, - Шаркевiч казаў, што яно было ўжо перасьпелым i высыпалася, калi ён перабiраўся на хутар. Затое Шаркевiчы накапалi сабе на зiму бульбы, насеклi капусты, нарылi буракоў, а мяса пасьвiлася на полi - цэлы гурт зьдзiчалых авечак. Быў конь i карова. Усё гэта дасталася Шаркевiчу дарма. Цэлая раскоша была тут Шаркевiчам.
Хоць было ўжо запоўнач, калi Генадзь з Раманам прыйшлi на хутар, хата ўсё яшчэ сьвяцiлася адным сваiм вакенцам. Сьвятло яны заўважылi толькi тады, калi бралiся за клямку. Дзьверы былi не на засове, i Генадзь увайшоў з Раманам ня стукаючыся.
За вялiкай старою пiянiнай, у кутку, пры газоўцы, сядзеў, як потым выявiлася, п'яны Шаркевiч i сьмяяўся з маладога ката, што асьцярожна хадзiў па клявiшах, нацiскаючы на iх сваiмi лапкамi, i палохаўся, калi клявiшы адзывалiся. Гэта, вiдаць, падабалася Шаркевiчу, i ён вяртаў ката зноў хадзiць па клявiятуры, забаўляючыся кацiнай iмправiзацыяй. З гасьцьмi прывiтаўся неяк ненатуральна шумна, апёкшы Рамана як незнаёмага затоеным бляскам сваiх вачэй.
- Ага, ведаю, ведаю... Добра, добра! Пагаворым потым. Цяперка позна ўжо, трэба класьцiся спаць... Заседзеўся во... Дрынзы-брынзы пад кустом, накрывай... лiстом, - сьпяваў нешта сабе пад нос Шаркевiч. - Ну, як у цябе ўсё, Кандрацiк мой залаценькi? У мяне дык расход з барышом на адным полазе едуць... Дзе будзеш спаць, гэй ты (ён ляпнуў па плячы Рамана)? Пойдзеш да бацькi на сена, цi да дзявок?
З каморкi выглянула на кухню цупкая дачка Шаркевiча, засланяючы ночнай сарочкай грудзi.
- Я табе пакажуся! Га, якая! Брысь!
Раман пайшоў у стадолу да бацькi. Яго завёў туды Шаркевiч, аддаючы на рукi "бадзяку", як ён назваў Рамана, тармозячы за плячо старога Корзюка. Вярнуўшыся ў хату, Шаркевiч распачаў з Генадзем гаворку, налiваючы яму чарку за чаркай гарэлкi.
- Дык, кажаш, хочыш перакiнуць iх туды? Як гэта зрабiць, я й сам ня ведаю. Сплавiў туды не аднаго, i як канцы ў воду... Але цяперака... Цяперака, глядзi, я й Шмэрку не таварыш. Вунь колькi ўсяго маю. Няхай сабе яно й чужое... Тымчасам я спажываю. Дык ня хочацца неяк на ражон лезьцi.
- Памажы яшчэ трохi, пан Шаркевiч, цярпеньню нашаму прыйдзе хутка канец ня сяньня, дык заўтра выбухне вайнiшча. Запануем, дальбог, i зап'ема тады! А за сваё атрымаеш, колькi скажаш, дармо, што разбагацеў, кажаш.
- Хай яны спрахнуць грошы - ня хочу! Здаецца, на мой сьлед натрапiлi ўжо. Во-во, ляпне пастка. Чуе сэрца.
- Ня бойся, пане Шаркевiч. Хiба ты ўжо ня верыш мне? Скажы, Кандраценя падвёў цябе калi? Ня бойся, кажу, у мяне ўсе тут у кiшанi... да самага начальнiка пагранзаставы! Ня верыш? Хочаш, нiводнага пагранiчнiка ня будзе там, дзе ты будзеш пераходзiць. Адцягну! Разумееш? Хоць пры тваёй спрытнасьцi й розуме табе гэтага й ня трэба. Ты-ж сам калiсь казаў, што ўдача дружыць з табою толькi тады, калi ёсьць рызыка. А тут, браце, канечне-ж, не бяз рызыкi. Ну, дык i што?
- А ўжо-ж, няхай будзе й так, - закiльзаў, не адчэпiшся. Позна мне каiцца.
- Ну вось што ўздумаў! Цi выпiў зашмат?.. Трэба-ж пашкадаваць людзей. Ведаеш, як смачна хавацца чалавеку. У сене век не праляжыш. Трэба калi-небудзь i вылазiць. А куды вылезеш? За забойства - забойства! Сам ведаеш. Прывёў табе й сына. Бачыш якi! Гэты махне праз тваю гранiцу, як праз плот. Клопату з iм ня будзеш мець. Вось толькi, як вычапiць iхную мацi з дачкою? Вось пра гэта падумай. А гранiца - глупства!
- Хто iх там сьцеражэ гэтак у iхнай хаце? Дурныя, дык i сядзяць павалачэмся во зараз i забярэм! НКВД ужо, я думаю, паехала. А сьцерагуць для прычэльля толькi. Бяз вiнтовак i, пэўна-ж, свае людзi. Якая гэта стража?
Загаманiлi пад вокнамi сосны, дасюль яны маўчалi, як-бы падслухоўваючы гутарку ў хаце, а мо' гэта толькi яны азвалiся пад восеньскi ранак сваiм затоеным шумам? За перагародкаю, як конi ў хляве, стукалi нагамi сонныя дзецi. Кандраценя й Шаркевiч, устрывожаныя шумам сосен, вышлi на двор пераканацца, цi ў гомане хвояў ня было сапраўды чаго-небудзь трывожнага, цi цiшыня, парушаная гоманам сосен, была надзейнаю цiшынёю. Шаркевiч i Кандраценя прывыклi ня верыць цiшынi, што залягла на колькi кiлямэтраў памiж двума бакамi - гэным i тым. Не, гэта ненадзейная i як-бы чалавекам штучна створаная цiшыня. Сама прырода недаверлiва прыслухоўваецца й рэагуе пасвойму на яе, заўсёды папераджае цябе аб небясьпецы, калi ты толькi заадно з прыродаю i ўмееш разгадваць яе. Кожны рух, трэск, павеў, моўкнасьць i грук - гэта ўмоўны для цябе знак. Хутар Баранкевiча - хатаю, стадолаю, соснамi, авечкамi ў хляве i коньмi - настаўляў вушы i разгадваў цiшыню, перасейваючы яе на сiце недаверу. Вушы хутару Баранкевiча, яшчэ ў часы свайго першага гаспадара, навучылiся рапартаваць ня толькi аб тым, што дзеецца на гэтым баку, а й хапалi той бок. I восень тут гулка-цiхая, яна глядзiць на цябе з пагранiчнай пушчы папераджальна. Заўважыўшы яшчэ цябе здалёк, пужае, калi ты баiшся, i запрашае цябе, калi разумееш яе i йдзеш да яе.
Кандраценя з Шаркевiчам заснулi воддаль хаты ў iмшанiку - невялiкай будынiне, накшталт лазьнi. Звычка ня спаць у хаце сталася законам для Кандраценi: чатыром сьцянам ня вер, калi-небудзь закутаюць цябе. Куды ляпей назiраць за хатай збоку, як за няпрыяцельскiм пунктам - прынамся, ты бачыш, каго нялёгкая прыгнала й зачым, i калi што - ногi могуць уратаваць.
На досьвiтку старэйшая з дачок Шаркевiча вывела на папас каня, што ўсё нечага фыркаў. Вярнуўшыся, Шаркевiчанка цiхенька ўвайшла ў стадолу. Прыслухалася. Па дыханьню адрозьнiла малодшага з Корзюкаў: ёй запаў у вока Раман адразу, як толькi яна пабачыла яго на кухнi, назiраючы за iм з свае каморкi-спальнi. У пасьцелi ёй было душна, яна круцiлася i не магла заснуць i, нарэшце, наважылася - начныя пляны сьмелыя - злазiць да Корзюкава сына на сена. Паўзла ня дыхаючы, але сена шамацела, Корзюкi пераставалi сапсьцi, Шаркевiчанка замiрала, ды, перачакаўшы часiнку, зноў паўзла, покуль не дабралася да Рамана. Але напрыканцы ў яе не хапiла адвагi выканаць свой намер - ашчаперыць соннага Корзюка моцна-моцна i пацалаваць яго гэтак, каб ён, ня ведаючы хто, прачнуўшыся, ў жарсьцi прытулiў яе да сябе i, зьнясiлены асалодай, заснуў з ёю разам. Вокамгненная думка, як да гэтага ўсяго паставiўся-б сын Корзюка, размагнiцiла Шаркевiчанку, i яна пахопiста спаўзла долу. Каб нечым апраўдаць перад сабою свой заход у стадолу, яна наскубла, быццам для авечак, дробнага сена i з ахапкам выйшла з стадолы.
Ранiцою Шаркевiчанка саромiлася паказвацца на вочы Раману. Бацька Рамана коса глянуў на яе - мусi, ня спаў i ўсё чуў i ўсё разумеў, ня выдаючы сябе.
Шаркевiч папрасiў усiх трох - i Савосту, i Рамана, i Генадзя - адыйсьцiся куды-небудзь ад хаты да наступнай начы на ўсялякi выпадак.
- Iдзеце пасьвiцца з авечкамi ў кусты! Начзаставы ўнадзiўся нешта апошнiм часам - два разы на тыдзень прыяжджае на кабыле.
- Начзаставы - чалавек малады, а прынаду маеш. Дзiва што ўнадзiцца, падмiргнуў Кандраценя Савосту, але гэты мiрг не застаўся незаўважаным для Шаркевiча. - Хочаш мяне за свата?
Невядома адкуль, як з мора, раптам набег туман i заняў увесь хутар Баранкевiча. Iмшанiк, хата, стадола расталi ў iм, толькi высака на хвоях вiдны былi вароны. Яны каркалi, пазiраючы ўнiз, як валадары. Хутар быў цяпер, як мора, а сосны з варонамi - як машты. Туман шуршэў, як у вокнiшчы, i ўсё нiкла ў iм бязгучна, як у пустынi.
Калi сьцямнела, усе чацьвёра рушылi на хутар Корзюка вызваляць заложнiц. Кандраценя ўзяў з сабою зброю, якую перахоўваў у Шаркевiча - так, на ўсякi выпадак. Да хутару было вёрст шэсьць i трэба было прайсьцi гэтую адлегласьць гэтак, каб ня сустрэцца нi з кiм. Мясьцiны, якiмi йшлi, былi добра вядомыя, толькi адзiн Раман не пазнаваў iх i ўсё спатыкаўся на куп'ё.
- Э, браце, глядзi, каб ня йшоў гэтак, калi трэба будзе сапраўды iсьцi.
Раман нiчога на гэта не адказаў. Моўчкi перайшлi рэчку, за якой пачынаўся той лес, дзе быў забiты сакратар райкому партыi Ленскi. (Раман быў негаваркi ня толькi цяпер, а й тады, калi ляжаў уначы з бацькам на сене. Быў, як здавалася бацьку, рашчуленым. У бацькi-ж канчальна высьпела думка перабрацца ў Польшчу. Не адзiн-жа ўжо там! I ня чутно, каб выкiдвалi адтуль назад, значыць - прыймаюць. Тым болей, калi ёсьць там сваякi. Ня можа быць - будзе лепей, як тут. Перад судом за чужы грэх Савоста не хацеў станавiцца. А застанешся тут, дык абавязкова станеш. Каб-жа яшчэ перад судом, а то перад зладзеямi. Дык чаго яшчэ чакаць? Рады быў за сына, што паслухаўся i далучыўся да сям'i. Дасьць Бог - пярэйдуць i мяжу: Кандраценя абы як за дзела не бярэцца).
Ступiлi на зямлю Корзюкаў, чужую ўжо, але ўсё-ткi яшчэ як-бы й сваю. Сьвятла ў Корзюкавым доме ня было, i ён сваёю пабелкаю бялеў у цямрынi, як здань. Прабралiся цiха ў сад, адтуль - за хлеў. Насьцярожылiся: нi гуку, нi зыку. Увайшлi ў сенцы - нiкога. Цапнулi за клямку - замок. Корзюкам - бацьку i сыну - стала ясна: вывезьлi. Савоста абняў сына i павiс на iм. Раман чуў, як сьлёзы бацькi - гарачыя i салёныя - пяклi яму шчокi, раставалi на вуснах. Раман тулiў да сябе за плечы бацьку, але чамусьцi саромiўся блiзiнi з iм, хоць сэрца й заходзiлася жалем. Тымчасам Кандраценя з Шаркевiчам зялезным прэнтам выцягнулi з луткi прабой i ўвайшлi ў хату. Натыкалiся на розныя рэчы, iшлi вобмацкам - запалак усьцiраць не хацелi. Савоста нiчога ня мог намацаць з таго, што ведаў - усё перамянiлася, было чужым i незнаёмым. Тое самае i за хатай, на двары: хлявы пустыя, дзьверы парашчыняныя, нi ўздыху скацiны, нiчога. Ды ня гэта цяпер турбавала Савосту - ён мучыўся цяпер адным: навошта ён адбiўся ад хаты, пайшоў з яе? Усё можа было-б ня так, i жонка з дачкой можа былi-б цэлыя. Што-б там нi было - прынамся, ён быў-бы з iмi разам. I той суд можа разабраўся-б, як сьлед, i не абвiнавацiў-бы невiнаватага. Дык скуру сваю зьбярог, а iх падставiў за сябе. Трымалi-трымалi, бедных, зьдзеквалiся i няма. Бяз слова апошняга на разьвiтаньне. Iшоў, прыйшоў - i нiкога ня ўбачыць!
Рушылi назад. Савоста Корзюк адумаўся, стаў, як укопаны, i сказаў, што нiкуды ня пойдзе адсюль, застанецца ў хаце, можа жонка й дачка яшчэ прыйдуць адкуль-небудзь. Можа ў iх была якая пiльнасьць, i яны вернуцца зноў.
- А навошта-ж дошкамi ў хаце вокны забiты? - азваўся Кандраценя.
Савоста гэтага й ня прыкмецiў, вярнуўся, каб самому пераканацца. Выючы, ён здагнаў сваiх i яшчэ раз кiнуўся на грудзi сыну.
9
Давiдна нiхто ня клаўся спаць - як зайшлi з дарогi ў iмшанiк, так i заставалiся ў iм, пакуль не пачало сьвiтаць, мала размаўляючы памiж сабою: няўдача на хутары Корзюкаў прыглушыла ўсiх, ня толькi Савосту. Нават гаваркi Кандраценя - i той сумеўся. А калi пачало ўзыходзiць сонца, дык пагатоў нiхто ўжо не хацеў i думаць пра сон. Шаркевiч два разы схадзiў за гэты час у хату паглядзець дзяцей. Ён папрасiў сваiх гасьцей заставацца ў iмшанiку - як-бы нечага баяўся. Савосту - i таму забаранiў iсьцi ў ягоную бярлогу, на сена. Леглi на цаглянай падлозе iмшанiку, засланай саломай.
Кандраценя ня ведаў, што яму цяпер рабiць i доўга над нечым думаў. У кутку намацаў пляшку гарэлкi. Выпiў сам, налiў Шаркевiчу, паднёс Савосту, але той адмовiўся, i, як не прасiлi яго, ня ўзяў нават на губы. А калi дайшла чарга да Рамана, спахвацiлiся, што яго няма ў iмшанiку - калi ён выйшаў з яго, нiхто й ня прыкмецiў, пэўна, калi было яшчэ цёмна. Кандраценю й Шаркевiча гэта ашаломiла. Але яны хацелi заспакоiць сябе: можа зайшоў у хату цi куды i хутка вернецца. Шаркевiч, ужо ап'янеўшы, глядзеў праз маленькае вакенца ў iмшанiку на двор i на хату: можа там хто пакажацца.
На ганак выбегла Шаркевiчанка, ня тая, што лазiла да Рамана на сена, а маладзейшая. Уся ў ранiшнiм сонцы, яна выглядала прыгожай. З лесу - гэта добра было вiдаць Шаркевiчу - павольным крокам ехаў на кабыле начзаставы. Шаркевiч штурхануў Кандраценю. Той, угледзеўшы начзаставы, замiтусiўся, пачаў выганяць Шаркевiча, каб ён пасьпяшаўся насустрач начзаставы. Але Шаркевiч i ня думаў сьпяшацца:
- Ты-ж казаў, што яго маеш у кiшанi, ягоным сватам хочаш быць, а цяпер заенчыў, спалохаўся.
- Не спалохаўся, а ня хочу цяпер з iм бачыцца.
- Каб гэтулькi жыў, васпан!
Шаркевiчанка пабегла насустрач начзаставы. Той падаў ёй руку з сядла, i Шаркевiчанка, ступiўшы аднэю нагою ў страмяно, хутка, як сьцяг, узьнялася ўгору, падхопленая на рукi начзаставы. Шаркевiч, назiраючы за гэтай сцэнай, плюнуў i выйшаў з iмшанiку. Але не пайшоў дахаты, а нiзам у кусты, дзе пасьвiлася яго-Баранкевiча каняка. Расьпёртая травою за доўгую ноч, каняка, угледзеўшы Шаркевiча, узьняла галаву ад травы i цяжка ўздыхнула. Шаркевiч сеў i вярхом, як на бубне, паехаў насустрач начзаставы.
- Дзень добры, таварыш начальнiк! Як здароўечка?
- Ня "дзень добры", а добры дзень! Што й ты ў палякi глядзiш? А мы думалi, што ты наш!
- Хто-ж тады будзе ваш, калi не я? - пасьмялеў зьбянтэжаны было Шаркевiч.
- Вось што, Шаркевiч, кажуць, што ты ўсё зярно i бульбу перавёў на гарэлку. Частуешся сам i iншых частуеш.
I, памаўчаўшы, дадаў:
- Хто ў цябе начуе?
- Нiкагусенькi няма ў мяне, таварыш начальнiк. Што вы гэта? Запытайцеся ў маiх дзяцей. Няхай во i яна скажа, - паказаў Шаркевiч на дачку, што стаяла ўжо побач начзаставы.
- Можа цяпер i няма, але хто быў?
- Таварыш начальнiк, вы ня верыце мне? Паглядзеце ў хаце, паглядзеце, дзе хочаце - нiкога няма. А калi-б хто й паказаўся, адразу-б за морду i да вас.
- Добра, добра, мы верым табе. Гэта я так - спужаць хацеў цябе. Ты за каго лiчыш мяне? Гэта я - па дарозе ў Бароўку цяпер.
Але Шаркевiч не на жарты занепакоiўся, ён ведаў начзаставы. Ягоны прыезд паказаўся яму падазроным.
Вярнуўся зноў у iмшанiк, а трохi пазьней i Кандраценя - ён ня вытрымаў страху i выкацiўся з iмшанiку ў хмызьняк, калi з начзаставы гаварыў Шаркевiч. У iмшанiку заставаўся толькi Савоста, турбуючыся больш за сына, чым за сябе.
Кандраценя накiнуўся на Шаркевiча:
- Трэба ўсё гэта скончыць як найхутчэй!
- Што-ж тады мне казаць? Бачыш, нi адсюль, нi адкуль узяўся, панюхаў i паехаў. Я хачу ў гэтую-ж ноч ачысьцiцца ад усiх i ад усяго.
- Пане Кандраценя, даруйце мне, без сям'i я не магу iсьцi за мяжу. Ня выйшла так, як меркавалi... - падняўся высокi, як i сын, Савоста, няголены, з запалымi глыбока вачыма.
- Не, пане Корзюк, вы пойдзеце! Позна ўжо адмаўляцца! - закрычэў Генадзi Кандраценя.
- Як-жа гэтак? Вы-ж самi бачаце маё палажэньне!
- Трасца вашай матары! Кажу, ня можна цяпер адмаўляцца. Усё ўжо зроблена i павядомлена, каму трэба. Вас будуць чакаць, а вас ня будзе. А чацьвертай ранiцы вы мусiце быць на тым баку! Разумееце вы?
- Не магу, дальбог. Я буду мучыцца без сям'i горш, чым цяперака. А калi што i з сынам...
- Як гэтак, дык i я не хачу цягнуць сiлком чалавека, - азваўся Шаркевiч.
- I ты? - падступiў Кандраценя блiжэй да Шаркевiча.
- I я! - цьвёрда адказаў Шаркевiч, але Кандраценя не паверыў у ягоную цьвёрдасьць.
- Адмаўляешся?
- Ня то што, а...
- Шаркевiч, палiчы, колькi разоў ты хадзiў туды! Не павядзеш цяпер выдам!
I зьвярнуўшыся да Савосты:
- Вы ўсё сапсуеце мне i самi прападзеце. Падумайце абодвы: ты забiў чалавека? Забiў! Атрымаеш расстрэл. Ты хадзiў у Польшчу? Хадзiў! I табе расстрэл! Дык куды-ж вы пнiцёся? Малыя вы цi што?
- Ну, калi й вы гаворыце, што я забiў чалавека, дык я пайду й сам здамся. Няхай лепей судзяць мяне ворагi, чым свае... Сорамна вам, пане Кандраценя. Не чакаў я ад вас гэтага. Дзякую.
У Савосты паказалiся сьлёзы. Ён нагнуўся, каб узяць з падлогi торбачку i шапку на ёй.
- Бывайце здаровы! Дзякую, пане Шаркевiч, за прытулак. Даруйце, што столькi ўчынiў вам клопату. Не хачу, каб дзеля мяне вы пацярпелi.
Кандраценя загарадзiў сабою выхад:
- Проста ня пушчу i ўсё! Гэта-ж скандал! Вы хочаце i мяне згубiць? Я не вiнаваты, што вашую жонку i дачку вывезлi. Вы хацелi за мяжу, i я ўсё зрабiў, каб вы перайшлi ў Польшчу. А цяпер мяняць? Не, ня пойдзе гэтак. Вы i Ромуся пакiдаеце. Мы-ж ня ведаем, дзе ён дзеўся. Што з вамi, Корзюк? Апомнiцеся!
* * *
Раман Корзюк, рашчулены, iшоў цяпер проста куды вочы глядзяць - абы наперад. "Наперад" азначала ў яго перш за ўсё сiлу, а не кiрунак. I йшоў ён вялiкiмi крокамi - як-бы, адрываючыся ад зямлi, узьнiмаўся ўгору, як самалёт пры ўзьлёце. Гэтую сiлу ўзьлёту Раман адчуў седзячы ў iмшанiку, якi выдаўся яму жахлiва цесным, i ён вырваўся з яго, не ўсьведамляючы сябе, падуладны толькi ўстрывожанай корзюкаўскай стыхii. Да яго сьведамасьцi дайшло толькi, што мацi й сястры ён болей ня ўбачыць, - пра бацьку ён нават забыўся. Ён раптоўна павярнуў ад Шаркевiча гэтаксама, як нечакана пакiнуў Менск, iдучы баранiць корзюкаўскую кроў. Цяпер Раман iшоў ад Польшчы, ня так, як калiсьцi з Валяй - на Польшчу.
I ўсё-ткi ў Раманавым "наперад" быў i кiрунак - Валя. Яна была для яго i кiрункам, i сiлай, i той мэтай, да якой ён iшоў як-бы бязмэтна. А тое, што хавалася на дне ягонай душы, шчымлiвы боль за бацькоў, якiх пакiнуў i якiх прынёс у ахвяру свайму "наперад" - здраду корзюкаўскай крывi - ён хаваў i маскаваў у нейкай асобнай шчылiне сваiх адчуваньняў. Гэтая здрада яшчэ ня ўзьнiмалася ў пачуцьцях Рамана да ступенi грэху. Прыйшоўшы на хутар Баранкевiча, войстра адчуўшы страту, ён баяўся, што страцiць цяпер i Валю. Гэты страх узьняў у iм непамерную сiлу i штурхаў яго "наперад". Хаценьне пабачыць Валю сталася вяршыняй ягоных жаданьняў. Усяго толькi колькiмi днямi раней ён думаў разьвiтацца з ёю i на разьвiтаньне ўзяць ад яе ўсё, што яна можа даць. Цяпер-жа ён баяўся разьвiтаньня з ёю. Наадварот, прагнуў, каб яна вывела яго адсюль i забрала з сабой.
Чым блiжэй ён падыходзiў да "Стаянкi на краю начы", як ён празваў з Валяй шалаш у лесе недалёка ад Валiнай цёткi, зроблены iмi самiмi, тым хутчэй хацеў быць там. Па дарозе яму нiхто не пападаўся. Праўда, ён iшоў болей полем i лесам.
Дзень зацьмiўся, тое ранiшняе сонца, што было паказалася на хутары Баранкевiча, было здрадлiвым, кароткiм, не павосеньску чыстым i ясным. За гэтай ягонай сухотна-яркай ухмылкай хаваўся валогiсты дзень позьняй восенi. Бацiнкi й штаны змоклi ў Рамана ад расы й вiльгацi, а валасы былi, як вехаць. Колькi было часу, Раман ня ведаў, свой гадзiньнiк ён забыўся на стале, пакiдаючы сваю кватэру ў Менску. Здавалася, ужо цямнела, а цётчынага дому ўсё ня вiдно было. Нарэшце, паказаўся высокi сасновы бор, а ўскрай яго i хата Валiнай цёткi. Вось i "Стаянка на краю начы". Раман нiколi ня бачыў яе ўдзень - тут яны з Валяй былi ўначы. Раман спалохаўся свайго логава, напоўразбуранага цяпер. Канюшыны, якой быў усланы дол, ня было - мёдна-пахны iх ложак, вiдаць, зьелi каровы.
Раман услаў цяпер шалаш варсiста-сьлiзкiм, як дываном, мохам i нецярплiва чакаў умоўленай сустрэчы з Валяй, той восьмай гадзiны, якая, як ён спадзяваўся яшчэ не наступiла.
* * *
- Надумаўся! Усё будзе добра! Рэж барана! Смаж! - клiкаў да сябе Кандраценя Шаркевiча, якi ўсё туляўся па куткох з выглядам, што ён заняты па гаспадарцы. На самай-жа справе ён ненавiдзеў Кандраценю, не хацеў нi гаварыць, нi быць з iм.
- Што-ж ты глядзiш? Гэтак, кажу! Скончацца ўжо твае пакуты.
- Што-ж ты надумаўся, га? - неахвотна запытаўся Шаркевiч.
- Запрашай начзаставы на вячэру!
- Пашто?
- Я ўжо ведаю - пашто! Ня турбуйся, я буду сам з iм гаварыць.
- Болей бяды хочаш? Задумаў яшчэ нешта? Круцель! Нiкога я ня буду запрашаць! Едзь сам i запрашай, каго хочаш!
- Добра, паеду сам! А ты ўсё-ткi рыхтуй вячэру! Зараз схаджу, няхай i дзяўчаты памогуць табе. Гарэлка ёсьць!
Праз хвiлiну высыпалi з хаты, як з вульля, дзецi Шаркевiча i пачалi ўпрашваць бацьку зарэзаць барана - iм таксама хацелася нечага новага, яны заседзелiся на бязьлюдзьдзi.
- Рэжце ўжо!
- Пане Шаркевiч, пашто гэта ўсё? - азваўся Савоста. - Прост не разумею. Цi не здаецца вам, што тут нешта нядобрае ёсьць? Памойму, ён i Рамана некуды дзеў, каб мяне затрымаць. А мне дык хочацца пайсьцi як найхутчэй адсюль, за ўсё падзякаваўшы вам.
- Ах, я таксама не разумею. Пачакайма ўжо. Будзем рэзаць барана.
- Я не хачу нiякiх гасьцей. Што вы гэта? Вы-ж бачыце маё палажэньне.
- А вы думаеце, ён будзе некага запрашаць? Прагаладаўся, вось i ўсё. I мяне аблашчыць хоча i сабе цану набiць. Ведаю я ўжо яго.
- Хто яго ведае, пане Шаркевiч.
- Нiчога, ня бойцеся!
Савоста яшчэ раз пайшоў абшукаць хмызьнякi каля хаты - можа дзе сын заснуў. Але сын, як прапаў. Цямнела ўжо, i не заставалася нiякай надзеi, што ён прыйдзе к начы. Савоста паплёўся на сена, у сваё логава.
Тымчасам ужо й зусiм сьцямнела. Парэзаны на кавалкi, засмажаны баран стаяў на стале ў вялiкай блясе. А побач дзьве мiсы - адна з бульбай, другая з сыраквашай. Бульба яшчэ дымiлася, быццам запрашаючы госьцей. З хвiлiны на хвiлiну чакалi Кандраценю, якi ўсё-ткi паехаў за начзаставы.
- Я табе казаў, сьцерва, ня ставiць яшчэ на стол бульбы - прастынiць, гыркнуў на большую дачку Шаркевiч.
- Затое не абпячэцеся, татачка!
- Заткнi ляпу i схадзi па дзядзьку на сена - няхай iдзець есьцi. Будзем пачынаць. Досыць начакалiся!
Шаркевiчанка, выходзячы, гэтак бразнула дзьвярыма, што вывалiўся з лямпы i разьбiўся пузырок, а паветра згасiла агонь. У хаце - хоць выкалi вока.
Пачуўся гоман на двары. Шаркевiч выскачыў з хаты праз чорныя дзьверы i стаў, схаваўшыся за сасной, пад вакном, прыслухоўваючыся. "Нешта зашмат незнаёмых галасоў нейкiх". Шаркевiч упiваўся вачыма ў цемру, намагаючыся разгадаць, хто-б гэта мог быць. "Вось сюды, калi ласка, не спаткнецеся! распазнаў Шаркевiч голас Генадзiя. - Заходзьце, заходзьце, гэта нiчога, што няма сьвятла, пэўна, гаспадар выйшаў некуды... Свае людзi... Не саромцеся... Ну, добры вечар у хату! Хто тут?"
- Мы.
- Дзе бацька? Запалеце што-небудзь.
Не дачакаўшыся, Кандраценя сам усьцёр запалку, асьвяцiў ёю хату. Угледзеў лямпу на пiянiне. Ткнуў сярнiк у капшук, i хата страпянулася палахлiвым святлом. Ля парогу, ня сьмеючы ступiць далей, стаялi, як быццам ня з гэтага сьвету, Раман Корзюк, ягоная мацi i сястра з Валяй Камоцкай.
Шаркевiч, пабачыўшы з двара праз вакно Рамана з Генадзем i незнаёмых яму жанчын, асьмелiўшыся, кiнуўся ў хату i ўжо надзяваў на свой твар маску радасьцi, зьдзiўленьня i гасьцiннасьцi гаспадара.
Кандраценя коратка пазнаёмiў Шаркевiча з жанчынамi.
- Дык, мае даражэнькiя госьцейкi, праходзьце i сядайце адразу-ж за стол! Чым хата багата, тым i рада, - ажыўляўся Шаркевiч.
Прысутнасьць жанчын на яго дзейнiчала надзвычайным спосабам - ён рабiўся лепшым, iншым, як звычайна.
Лямпу перанесьлi з пiянiна на стол i за сталом яна зырчэй асьвяцiла ўсю кампанiю.
За сталом з краю сядзела Корзюк-мацi. Поўная жанчына. Надзiва спакойная. З нейкай сьвяточнай усьмешкай, цiхай i сардэчна-далiкатнай. Яна трымалася так, быццам баялася каму-небудзь перашкодзiць. Слухаючы, маўчала, аднак, здавалася, з гатовым на вуснах словам для адказу. I боязна было голасна загаварыць пры ёй. Побач з ёю сядзела дачка, што прыгожа паўтарала сваю мацi. Яшчэ падростак, яна з цiкавасьцяй i неяк украдкам глядзела на ўсё журботна-вясёлымi вачыма. Дзiўная рэч, будучы падобнай да бацькi, Раман, седзячы побач сястры, быў падобны i да яе. Валя не садзiлася, стаяла ззаду Рамана. Корзюк-мацi, угледзеўшы гэта, вачыма папрасiла Валю сесьцi каля яе, i калi Валя падыйшла, яна дзьвюма рукамi ўсадзiла яе за плечы.
Увайшоў у хату (яго паклiкалi з сена) Корзюк Савоста. Асаблiвай радасьцi ня вiдаць было на ягоным твары. Зарослы, з глыбокiмi вачыма, ён хутчэй выглядаў пакутнiкам, чым чалавекам, якi абрадваўся сустрэчы з сваiмi. Моўчкi падыйшоў да жонкi, абняў яе, прытулiўшыся на сэкунду шчакой да яе галавы, потым пацалаваў у лоб дачку i як-бы коса зiрнуў на сына. А Валi й ня прыкмячаў.
- Пазнаёмся з ёю, - паказала Корзюк-мацi на Валю, - яна дарагая нам, як дачка.
Савоста суха працягнуў руку Валi. Валя падала сваю, падняўшыся.
- Я казаў, што ўсё будзе добра, - дачакаўшыся зручнага моманту, загаварыў Кандраценя i пачаў налiваць усiм чаркi. - Начзаставы ня можа прыбыць. Абыйдземся й без яго!
Шаркевiч, увiхаючыся каля стала, пры гэтым усьмiхнуўся толькi яму аднаму зразумелай усьмешкай.
- Вяртаючыся з заставы, зусiм выпадкова сустрэўся во з гэтым валацугам. Хай ён i раскажа вам, як i адкуль узяўся ён з усiма разам.
- Дарагiя госьцейкi, частуйцеся-ж! - не забываў свае ролi гаспадара Шаркевiч i ўсiм падкладваў то таго, то другага, асаблiва жанчынам.
- Дык вып'ем па аднэй! - настойваў Кандраценя. - За сустрэчу Корзюкаў!
Корзюкi моўчкi нахiлiлi чало i толькi прыгубiлi ўзьнятыя iмi чаркi.
- Ну, дык Ромусь, раскажы нам усё!
- Я скажу за яго, - як-бы заступiлася за Рамана мацi. - З дачкой нам удалося ўцячы з хутару i дабрацца да Менску. Хацелi сустрэцца там з сынам, а сустрэлiся во з ёю... дай ёй Бог добрую долю, - яна паказала на Валю. - Яна й прывяла нас да сына, якi чакаў яе. А рэшту вы самi ведаеце.
- Важна, што людзi цэлы, а як там было - ня наша справа. Ежце й пiце, калi ласка! Што-ж гэта вы й не пакаштавалi майго вырабу, ну, хоць кропельку, ветлiва ўпрошваў Шаркевiч жанчынаў.
- Вып'ем цяпер за тое, каб iм было добра там, - не дарэчы падмiргнуў Кандраценя Савосту, на што той нiчога не адказаў.
Кандраценя, бачачы, што яму не разьвесялiць Корзюкаў, упару спахвацiўся i перайшоў на другое:
- Яно, канешне, не да твае гарэлкi, Шаркевiч! Дзякуем за гасьцiннасьць, але перад намi яшчэ самае галоўнае...
Не пасьпелi госьцi вылезьцi з-за стала, як з каморак вылецелi меншыя дзецi Шаркевiча i накiнулiся на ўсё, што засталося на блясе i ў мiсках.
Савоста iшоў у стадолу радзiцца. Валя Камоцкая хацела была застацца, але Савоста запрасiў i яе:
- Мацi нашая назвала вас дачкой. Значыць, вы заслужылi гэтага. Хадзеце з намi, дачка!
Валя абрадвалася, а Раман засаромiўся, хоць i быў рады, што ўсё так добра сыйшло з iм i Валяй.
У стадоле Савоста гаварыў, што ўжо, вiдаць, суджана так iм сыйсьцiся разам i разам пайсьцi далей. Пытаўся мацi цi яна хоча йсьцi. Мацi, уздыхнуўшы, адказала згодаю, хрысьцячыся ў цемры. Яна ў мiласьлiвым узбуджэньнi абнiмала i тулiла да сябе ўсiх адначасна. Прытуляла дачку, прасiла Валю сесьцi да яе блiжэй. Але Раман не адпушчаў Валю, шукаючы ейных вуснаў. Валя вызвалялася ад Рамана i прыцiскалася да мацi.
Гэтак усе й заставалiся адзiным гняздом пад прыкрыцьцем ночы, балесныя, адназгодныя. У вадным толькi была нязгода: мацi хацела, каб мяжу пераходзiць усiм разам, а не дзьвюма групамi, як прапануе Шаркевiч.
Найболей засмуцiла старых Корзюкаў Валiна нязгода: яна не захацела йсцi за мяжу. У душы Корзюк-мацi вырас новы боль - боль за сына, i якую сэкунду яна нават заставалася няпрыхiльнай да Валi, але потым адумалася i зноў абняла яе.
- Што-ж, можа, й грэх цягнуць цябе з сабою.
- Я ўсё роўна буду з вамi, дзе-б я нi была. Але як у вас, у мяне таксама свая доля. А з Раманам, мацi, мы заўсёды такiя - то ён, то я не пагаджаемся. Дазвольце мне пабыць з вамi, пакуль не разьвiтаемся. I я пайду сваёй дарогай. А на мяне, мацi, ня злуйцеся.
Валя расказала Раману аб выступленьнi Сьцяпана Мялешкi на агульным сходзе i аб лiсьце Саланевiча. Пра гiсторыю з сакваяжам яна не ўспамiнала, а Раман ня пытаўся.
Тымчасам Кандраценя, абмеркаваўшы ўсё з Шаркевiчам, прыйшоў клiкаць Корзюкаў. Цiха, жартлiвым тонам сказаў, што ўжо сэмафор адчынены i дарога чакае на iх.
- З Богам, даражэнькiя! - развiтваўся Кандраценя. - Яшчэ побачымся, ня тужэце!
Валя пры ўсiх абняла Рамана. Раман на нейкi час затрымаў Валiну руку ў сваёй.
- Значыць, Ромка, разьвiтваемся... назаўсёды. Будзь шчасьлiвы!
I ўжо зьвярнуўшыся да iншых:
- Прашу не турбавацца! Я знайду дарогу сама, - Валя няпрыкметна i хутка зьнiкла ў цемры.
- Будзь i ты шчасьлiва, - пасьпела ёй сказаць ўслед Корзюк-мацi.
- Ну, вы гатовы, пане Шаркевiч?
- Гатоў...
- Шчасьцi! Пераходзь там, дзе ўмовiлiся!
10
Начзаставы позна ўначы сядзеў у сваiм кабiнэце, вывучаючы сакрэтныя дадзеныя, толькi што атрыманыя з Менску. Згодна тым дадзеным, у зоне ПЧ, пасьля поўначы, мае перайсьцi савецка-польскую мяжу група ўзброеных савецкiх грамадзян-тэрарыстаў на чале з праваднiком-прафэсыяналам. Да групы, што складаецца з аднае сям'i далучацца ў тым-жа самым месцы яшчэ некалькi чалавек, членаў аднае арганiзацыi, зьвязанай з дэфэнзывай. У паведамленьнi прасiлi сваечасова запабегчы гэтаму з тым, каб затрымаць групу жывой, як вельмi важную з палiтычнага гледзiшча.
Начзаставы не ўпяршыню атрымваў шыфроўкi, - гэта, можна сказаць, было ягоным штодзённым хлебам, - але гэтым разам сваiм шостым пачуцьцём пагранiчнiка ён ўзяў пад сумлеў верагоднасьць паведамленьня. Шыфроўка здалася начзаставы занадта нейкай штучнай. Ён ня ўлаўлiваў сапраўдных намераў iнстанцыi, якая паведамляла i загадвала яму. З практыкi ён ведаў, што такiя апэрацыi небясьпечныя - як для тых, хто йдзе на "лiквiдацыю" iх, так i для яго асабiста. Асьцерагацца трэба правакацыi. Справакаваны пагранiчнiк - хоць-бы справакаваны сваiмi-ж - ужо не пагранiчнiк. Ты мусiш выканаць тое, што табе загадваюць, але ты ня ведаеш матываў загаду. Як правiла, ты ўсё мусiш браць пад сумлеў, але, як правiла, ты ўсё мусiш выконаваць, - як-бы й сапраўды, апэрацыя мае адбыцца ў рэальнасьцi так, як яна расьпiсана табе ў паведамленьнi-загадзе. Ад дакладнага выкананьня заданьня - рэальнага цi нерэальнага - залежыць твой службовы посьпех. Гэта нiчога, што твая апэрацыя можа апынуцца "пустой" у сэнсе вынiку, затое ў iншай зоне яна выдраiць. Або, наадварот, табе выпадзе тая "рэальнасьць", i тады ты мусiш з ёю справiцца... Пра ўсё гэта начзаставы добра ведаў i паставiўся да заданьня самым сур'ёзным чынам.
На апэрацыю ў зону ПЧ пайшлi самыя выпрабаваныя людзi, гатовыя на ўсё i адпаведна ўсiм забясьпечаныя.
Начзаставы, знаходзячыся ў сваiм кабiнэце, трымаў з канвоем лучнасьць. Канвой, як называлася падразьдзяленьне, накiраванае ў зону, бесьперапынна рапартаваў начзаставы. Зона ПЧ знаходзiлася ў лясной паласе, i гэта рабiла заданьне асаблiва цяжкiм. Атрыманую iнфармацыю начзаставы перадаваў у суседнiя з ПЧ зоны.
"...Цямнота... Нiчога ня вiдаць... Наблiзiлiся да ПЧ... Час 1,25... Зона... На пазыцыях... Час - 1,45". "...Нас слухае нехта iншы, - занепакоена адазваўся начзаставы. - Мы раскадаваныя... Перайсьцi на другi канал сувязi..."
Шаркевiч з Корзюкамi быў ужо недалёка ад мяжы. Мясцовасьць была ведамая Шаркевiчу да самай найменшай куцiны. Ён ведаў некалькi пераходаў мяжы, дакладна вывучаных iм, i карыстаўся тым цi iншым, у залежнасьцi ад абставiнаў... Шаркевiч нiколi сур'ёзна ня браў пад увагу, што нехта забясьпечыць яму пераход, створыць яму адпаведныя ўмовы - гэта ён лiчыў чысьцейшым абсурдам. Наадварот, Шаркевiч, як знаўца мяжы, лiчыўся з найменшай драбнiцай перасьцярогi. Ён ня верыў, ня меў права верыць нi Кандраценю, якi яго выправiў, нi палякам, якiя павiнны яго сустрэць на тым баку.
Корзюк-мацi, адыйшоўшыся ад хутару Баранкевiча з вярсту, нечакана пачала скуголiць i ўгаварваць мужа вярнуцца, зьмянiўшы сваю ранейшую пастанову пад уплывам страху, якi ўзрастаў у яе па меры наблiжэньня да мяжы. Калi-ж хутар застаўся далёка ззаду, а мяжа згодна ейнаму адчуваньню "ўпiралася" ў грудзi, перастаўшы войкаць, пачала тулiцца да мужа, да сына, да дачкi i напасьледак сказала, што ляжа на зямлю, а ня пойдзе, калi Шаркевiч павядзе iх праз мяжу ня разам - спачатку яе з сынам, як былi ўмовiлiся раней, а потым дачку з бацькам. "Жыць цi прападаць разам". У ёй прачнулася вялiкая сiла ўпартасьцi, можа першы раз ў жыцьцi, калi яна адчула вялiкую небясьпеку. Раман быў сьвядомы свайго абавязку: яго прасiлi прыйсьцi, i ён прыйшоў, i вось вядзе iх пад сваiм прыкрыцьцем. Шаркевiч злаваўся, што Раман неасьцярожны, прасiў яго не задзiраць вельмi галавы, а прысядаць, зьлiвацца з зямлёю i быць маўклiвым, як яна.
Шаркевiч пагадзiўся з думкаю, што ўсе яны пойдуць разам, толькi не задаволены быў, што ноч занадта цёмная - ён любiў пераходзiць мяжу пры месяцы, пры здрадлiвым сьвятле, калi ўсё няпэўна, хiсьлява, зманлiва, калi ты з-за купiны бачыш усё i ўсiх, а цябе нiхто. Бывала, Шаркевiч прытулiцца, зрасьцецца з купiнай i чарнеецца, як яна да тых пор, пакуль месяц не пачнуць засьцiць хмары, а ён зноў далей, да наступнай купiны, паўзком, як вужака. А тут - ноч, як абвугленая засланка: цi ты напрэшся на каго, цi на цябе напруцца.
Iдучы, часта клалiся на зямлю, прыслухоўваючыся. Адзiн толькi Раман ня слухаўся - стаяў над iмi, як вартаўнiк, i мацi, лежачы, цягнула яго за штанiну, змушаючы прызямлiцца. Лежачы i слухаючы, Шаркевiч меркаваў, як яму лацьвей прахнуцца праз тую шчылiну, якая называецца мяжой. Але нiчога з ягоных меркаваньняў ня выходзiла, i ён не на жарты занепакоiўся: быў проста перакананы, што пападзецца, i праклiнаў i Кандраценю, i Корзюкаў, i сябе. Куды-ж гэта на самай справе - гурт такi! Нiякi плян не нараджаўся - як адняло розум. А час - iшоў.
"Канвой! Канвой! - гаварыў начзаставы з свайго пакою. - Чуеце мяне? Пераходзьце на код тры-нуль-сямнаццаць... Як чуеце мяне? "Чуем... Перайшлi на код... Стаiмо ў зоне... У зоне нехта ёсьць... Гамонка... Сябе не выяўляем... Час - 3,15... Неспакойна... Вялiкая група..."
Успыхнула ад выбуху цемра i на вокамгненьне асьляпiла. Спачатку падразьдзяленьне ня ведала, як рэагаваць, чакаючы нападу, але хутка адказны за апэрацыю падаў каманду абстраляць зону. Цемра, як парваная здавалася, прастагнала ад куляў, як ад вострага болю, захлынаючыся водгульлем. I зноў на нейкi момант запанавала цiшыня. Ды праз гэтую цiшыню пачаў наблiжацца, кацiцца нейкi гул у зоне ПЧ. Падразьдзяленьне затаiла дыханьне...
Толькi цяпер адказны за апэрацыю зразумеў, што ён зрабiў вялiкую памылку выбух у iхнай зоне быў правакацыяй, на якую ён не павiнен быў адказваць. Але было ўжо позна, i ён чакаў далейшага. Пагранiчны iнцыдэнт, справакаваны хоць i ня iм, не ўяўляўся яму прыемнай штукай. Ноч глуха заварочалася, азвалася затоеным сполахам. Ледзь чутна недзе завялiся маторы. У воддалi палоскаю, як-бы па шнурку, запалiлiся на сэкунду й пагасьлi фасфарычныя агеньчыкi. Раздалася гамонка. Зафыркалi конi, далёка-далёка на ўсю гранiцу забляялi авечкi. За ўсю гэтую парушаную цiшыню перажываў адказны за апэрацыю ў зоне ПЧ. Апэрацыя не ўдалася, апраўдаць iнцыдэнт магло толькi што-небудзь непрадбачанае.
Тымчасам падыйшла на чале з камандзiрам знэрваваная група жаўнераў з суседняй зоны. Абмянялiся паролямi. Камандзiр прыбылай групы лаяўся, гатовы бiцца з адказным за апэрацыю, у той час як рэшта пагранiчнiкаў панура маўчала, як-бы адпачываючы...
* * *
Шаркевiч, забыўшыся спакойным сном, ляжаў на саломе ў гумне ўжо на тым баку - у Польшчы. Выдаўся на дзiва пагодлiвы дзень. Узыйшоўшы, сонца зырка, палетняму сьвяцiла ў вароты з шчылiнамi, i калi Шаркевiч, ня зусiм яшчэ прачнуўшыся, у паўсьне, зiрнуў на iх, яму, яшчэ соннаму, здавалася, што гарыць ягоная хата, i ён у страху пахопiста ўзьняўся з саломы, трывожна аглядаючыся, i ня ведаючы спачатку, дзе ён знаходзiцца. Рамана Корзюка з сям'ёю тут ня было - iх адразу-ж забралi, а ён адсыпаўся тут, каб зноў, як наступiць ноч, перакiнуцца дахаты на хутар.
З польскiм начальствам на кордоне Шаркевiч не паладзiў, уважаючы, што абыходзяцца з iм занадта строга, не як з сваiм чалавекам, але, нарэшце, Шаркевiч плюнуў на ўсякi гонар i, перастаўшы спрачацца, перайшоў на жарт, i тыя толькi пажурылi яго. Калi ў яго запыталiся, чаму ён пераходзiў мяжу ня там, дзе на яго чакалi i дзе было ўмоўлена, ён запытаўся ў сваю чаргу:
- Хто чакаў?
- Мы, - адказаў паляк.
- А пану часам невядома, што на мяне чакалi ня толькi вы, але й нехта iншы?
- Хто, напрыклад?
- Няўжо-ж пан нагэтулькi нездагадлiвы?
- Так! - хiтра ўсьмiхнуўся паляк, зiрнуўшы ў вочы Шаркевiчу.
- Пан нiколi ня ўбачыў-бы мяне, каб я пераходзiў там, дзе мне радзiлi пераходзiць.
I пачакаўшы з сэкунду, як-бы сур'ёзна дадаў:
- Яны мяне чакалi ў адным месцы, а я перайшоў у iншым. - Сры-бяры, лоб маж, а мы ўжо й тутака, лiханька!
Паляк пахвалiў за кемлiвасьць Шаркевiча, адначасна ўсё-ткi ўпiкнуўшы, што нарабiў iм шмат клопату сваiм перайначваньнем.
Кожны раз, як прыходзiў да iх Шаркевiч, палякi фатаграфавалi яго. Сфатаграфавалi й на гэты раз. Далi савецкiх грошай, а як сьцямнела, адвезьлi на кардон.
Толькi на гэты раз Шаркевiча чакала няўдача.
Перад самым адыходам Шаркевiч атрымаў ад польскага начальнiка падрабязнае ўказаньне, дзе пераходзiць мяжу, чаго не гаварыць на выпадак, калi зловяць. Шаркевiч прасiў свабоды дзеяньня, каб яго нiкуды не вялi, нiкуды ня пхалi ззаду на той бок, а каб ён сам, бяз iхнай дапамогi, мог абраць сабе месца пераходу i час. Ды начальнiк яго пераконваў, што дапамога патрэбная, што без дапамогi яму пагражае небясьпека, а галоўнае - ня можа-ж ён брысьцi ўсюды i нюхаць ува ўсе дзюркi польскай заставы. Шаркевiч, нарэшце, пагадзiўся з довадамi польскага начальнiка, i з першымi пеўнямi крануўся ў небясьпечную дарогу.
Такое ўжо, вiдаць, было шчасьце Шаркевiча, што й на гэты раз ён шчасьлiва перайшоў мяжу. Небясьпека яго чакала дзесьцi наперадзе.
З пераходам мяжы Шаркевiч крышку прыпазьнiўся. Па савецкiм баку ён iшоў, калi было ўжо вiдна, ня бачачы для сябе нiякай пагрозы. Калгасьнiкi прыехалi ўжо на працу. Не хаваючыся, як-бы заняты сваiмi думкамi, пануры, не выяўляючы нiякага непакою, як заклапочаны гаспадар, iшоў ён полем з выглядам чалавека, якому ўсё тут знаёма. Можа дзеля гэтага Шаркевiчавага спакою, нiхто з калгасьнiкаў не палiчыў яго за падазронага чалавека i не затрымаў, як гэта часта здаралася з такiмi хадунамi.
Дабраўся да свайго хутару. На папасе першай яго заўважыла ягоная каняка. Шаркевiч не чапаў яе, толькi падумаў: "Грызi-грызi дол, нябога, i гадуйся сама, няма калi за табою хадзiць". У хаце яшчэ ўсе спалi i на двары было цiха, як-бы нiхто тут i ня жыў. Шаркевiч даражыў сном дзяцей i ў хату не пайшоў, а накiраваўся проста да iмшанiку, каб перачакаць там, пакуль не прачнуцца дзецi. Увайшоў, згiнаючыся, ў дзьверы, а з правага боку, у самую скронь, ужо глядзела на яго дула нагану. Начзаставы прагаварыў:
- Дык апраўдаў, кажаш, давер савецкай ўлады?
- А ўжо-ж.
- Гад ты!
- I ў цябе ня бела ў роце.
I ўжо зiрнуўшы ў вочы начзаставы, Шаркевiч, як-бы выраслы ў плячох, сурова дадаў:
- Вядзi, калi ўзяў! Досыць цырымонiцца! Знойдзецца каму пытацца ў мяне i без цябе.
Папрасiў толькi разьвiтацца з дзецьмi, але начзаставы не адпусьцiў i, узброены, пагнаў яго на заставу.
11
На допыце Раману Корзюку стала ясна, чаго ад яго хочуць. Зморанага доўгiмi допытамi, яго адвялi ў маленькi пакойчык у тым самым будынку, дзе й дапытвалi. У пакойчыку быў ложак, столiк i табурэтка, а ў вуглу, каля дзьвярэй - мятла з бярозавых пруткоў. Было ўжо позна, i Раман звалiўся ў ложак - яго няпрыемна ўразiла, што падушка была напханая саломай, але зьмiрыўся i хутка заснуў. Гэта была ягоная першая ноч у Польшчы.
Назаўтра, а восьмай гадзiне, яго разбудзiлi стукам у дзьверы. Лёгкая на ўразу амбiцыя Корзюка праявiла сябе радыкальна - траха ня лаянкай. У дзьвярох стаяў, усьмiхаючыся, нейкi нiжэйшы ваенны чын i ласкава запрашаў Рамана на сьняданьне. Гэтая акалiчнасьць трохi супакоiла Рамана, але не паўстрымала ад запальчывасьцi:
- Цi нельга-б было дэманстраваць сваю ўладу трошкi далiкатней?
- Гэта не я, стукаў - дзяжурны. У iх такi звычай. А хiба пану тут не падабаецца?
Даняло Корзюка й тое, што нiжэйшы чын уважлiва глядзеў, як Раман адзяваўся - Раман саромiўся сваёй даматканай бялiзны.
За сьнеданьнем чын быў з Раманам назойлiва гаваркiм i назойлiва ветлiвым.
Пасьля сьнеданьня чын прывёў Рамана да вышэйшага начальнiка. Упяршыню з учарайшага дня тут Раман сустрэўся з сам'ёю.
Калi Раман яшчэ ўваходзiў у вялiкi пакой начальнiка, мацi, седзячы на крэсьле, коратка зiрнула на яго й заплакала. Высокi польскi чын шчакаўшы, пачаў:
- Фактычна, Польшча, згодна ўмовы з Савецкiм саюзам, выдае савецкiх грамадзян-перабежчыкаў, гэтаксама як СССР выдае нам нашых. Гэта правiла. Тым болей ня прыймаем мы людзей, якiя даканалi ў сябе на бацькаўшчыне якое-небудзь злачынства i каб не панесьцi кары, шукаюць сабе ратунку ў iншай дзяржаве. Гэта таксама правiла. Але я не хачу запалохваць вас... Дарэчы, я не хацеў-бы, каб вашая цурэчка была сьвяткем таго, што мы будзем тут гаварыць - она ест ешчэ дзецко.
Пры гэтым начальнiк усьмiхнуўся да "дзецко" гэтак, як-бы перад iм сядзела дарослая панна.
- Можа-б яна пачакала ў iншым пакоi? Зрэшты, яна разумее папольску?
Мацi адказала, што не разумее, але чын ўсё-ткi выклiкаў жаўнера, каб забраць яе. Адылi дачка Корзюкаў прыклеiлася да мацi i не хацела iсьцi. Тады начальнiк папрасiў выйсьцi з дачкою й мацi.
- Дык крымiналiстаў, пане Корзюк, мы ня прыймаем.
- Паважаны пане, дык я-ж...
- Прашу слухаць, калi я гавару, - строга абсек чын Савосту.
- Даруйце.
- Хто хоча ў нас толькi схавацца, звычайна, у нас сымпатыi не знаходзiць. Iнтарэсы нашай дзяржавы вышэй гэтага. Мы ведаем, што вы раскулачаныя, што ня любiце савецкай ўлады. Але адно гэта яшчэ не дае падставы шкадаваць вас. Гэтага, гавару, яшчэ замала. Тады мы мусiлi-б пашкадаваць цэлыя мiльёны такiх, як вы. Нажаль, мы гэтага ня можам зрабiць. Замала й таго, пане Корзюк, што ў вас тут ёсьць сваякi, крэўныя. Для Польшчы трэба даканаць нешта такое высокае, каб Польшча магла вас прыняць i ўсынавiць. Польшча - дзяржава такога тыпу, якая ад сыноў i дочак сваiх спрадвеку патрабуе вялiкiх ахвяраў. Вы забiлi еднэго большевiка. Добра! Але гэта, паўтараю, - крымiналiстыка. Як стварэньня Боскага, нам шкада вас, зразумела. Хаця й перад Богам вы за сваю вiну мусiце адкупiцца. Што-ж тычыцца Польшчы, дык на ейны аўтар, вы мусiлi-б злажыць вялiкую ахвяру, i толькi тады, заслужоныя, вы маглi-б быць прынятыя ёю. Вы гатовы на ахвяру для Польшчы? - катэгарычна паставiў пытаньне польскi чын.
Увесь час чын гаварыў толькi да Савосты, зрэдку толькi пазiраючы на Рамана нейкiмi застылымi, шклянымi вачыма.
- Пане начальнiк, дайце мне цяпер сказаць...
- Пане Корзюк, вы найперш адкажэце на маё пытаньне - вы гатовыя на ахвяру для Польшчы? - яшчэ больш катэгарычным тонам сфармуляваў пытаньне польскi чын.
- На якую ахвяру, выбачайце?
Раздражоны, павярнуўшыся да тэлефону, польскi чын загадным ладам прагаварыў у слухаўку:
- Забраць чалавека!
Потым, зьвярнуўшыся да Рамана:
- Паважаны студэнце, дрогi колега, коханы млоды чловеку! Забудзем на прыкрую гутарку з ойцэм пана.
- Для каго прыкрую?
- Для мяне i, спадзяюся, для пана, - блiснуў вачыма чын, - цi хiба пану ня сорамна за ойца, за такi ягоны жалюгодны адказ на пытаньне ўладз.
- Так, пане, мне сапраўды сорамна, што мой ойцец як належыць не адказаў пану, вiдавочна, даруючы такi прывiлей сыну.
- Мы такога прывiлею вам не дамо! - нiколькi не зьбянтэжыўшыся, упэўненым, стрыманым, але суровым голасам, устаючы з крэсла, прагаварыў польськi чын. - Я спадзяюся, што ў халоднай пан студэнт настолькi астыне, што рэальна ацэнiць сваё палажэньне. Даю вам часу да вечара. Зразумейце адно - што да выкананьня нашых абавязкаў мы народ таксама ганаровы.
I польскi чын дэманстрацыйна адаслаў Рамана з пасыльным у камэру.
У халоднай Раман сапраўды астыг, цi лепей сказаць сьцiшыўся. Цяпер ён глядзеў на сябе знекуль здалёк, збоку, як на чужога, i, аддалены, добра бачыў сябе. Свае памылкi i сваё донкiхоцтва. Аднак здольнасьць бачыць сябе збоку, як i заўсёды, прыходзiла да Рамана запозна. Раман нiколi ня мог скарыстаць з свайго вопыту самааналiзу: будучы сам-на-сам, Раман валодаў сабою, спраўляўся з сваёй натурай i зусiм ня памятаваў сябе, губляўся, калi з некiм сутыкаўся. Сутыкацца й было Раманавым донкiхоцтвам. Толькi так i мог ён сябе праявiць. Сутыкненьне - гэта й было дзеяньнем, ягонай натурай. На самоце-ж сваё дзейства Раман асуджаў, мучыўся i каiўся.
Лiрычная плынь замянiла цяпер сабою Раманава "дзейства". Прыслухоўваючыся да гэтай плынi, асьветлены ёю, ён цяпер быў здольны бачыць сябе. Гэтая лiрычная плынь як-бы становiцца ягоным розумам. Вось хоць-бы ўзяць допыты. Цi-ж так я мусiў-бы сябе паводзiць? Задзiрства i ўсё, i нiякага розуму ў гэтым задзiрстве няма. Чаго я даб'юся гэтак? Нi бацьком, нi сабе гэта ня пойдзе на карысьць. Наадварот. Усё-ж мы перайшлi мяжу, шукаючы прытулку, дык i мусiў-бы я прасiць гэтага прытулку, калi не для сябе, дык хоць-бы для iх. А, зрэшты, чаму-б i не для сябе? Дзе я дзенуся?.. Я iдэалiзаваў Польшчу. I вось я цяпер у Польшчы. Чаму-ж я ня люблю цяпер Польшчы? Мо таму, што я ня ведаю яе? Польшча патрабуе ахвяраў? А цi-ж не патрабуе ахвяраў мая бацькаўшчына? Я люблю Польшчу - калыску мае бацькаўшчыны. Але я непатрэбны ёй, як i яна мне. Я бягу ад яе, i яна ня мае права затрымаць мяне. Затрымацца - значыць скончыцца. I я пайду, каб ня скончыцца... Папрашуся...
Раман падняўся i, больш не разважаючы, застукаў у дзьверы. На ягоны стук дзяжурны зазiрнуў у "ваўчок", нiчога не сказаўшы. Корзюк грукаў яшчэ i яшчэ, але нiхто не падыходзiў да дзьвярэй. Прайшло яшчэ некалькi хвiлiн. Раман пачуў на карыдоры крокi. I вось адчыняюцца дзьверы, i - нi сон, нi ява - перад iм дзеўчына, прысадзiстая й куцая, запрашае "пана студэнта" на гарбатку да начальнiка, усьмiхаючыся i заглядваючы ў вочы. Раман выходзiць з камэры. Дзеўчына вядзе яго наверх па шырокiх сходках, угару i ўгару, бягом наперадзе, як-бы ўцякаючы i дражнячы Рамана, але ўцекчы ёй было цяжка - Раман толькi сiгане i ўжо даганяе яе.
- Пане студэнце, пан начальнiк выклiкае вас i я прарочу вам добрыя навiны, - усьмiхнулася палячка такiмi белымi, чыстымi зубамi, якiх Раман яшчэ нi ў кога ня бачыў.
Iдучы насустрач Корзюку, новы начальнiк, пасьля прывiтаньня, прапанаваў яму сесьцi. Але Раман не садзiўся, як-бы не пачуўшы запрашэньня. Трохi зьдзiўлены, начальнiк паўтарыў запрашэньне. Начальнiк, яшчэ калi вылазiў з-за стала, выцягваў насустрач Раману свае рукi, усьмiхаўся:
- Сядайце, сядайце, калi ласка!
- Дазвольце мне пастаяць. Я хачу прасiць вас стоячы.
- Аб чым-жа, сыне? - ласкава запытаў начальнiк.
- У iмя Польшчы адпусьцеце мяне дахаты, на маю Бацькаўшчыну.
- Што вы надумалiся?
- Я думаю, я не патрэбны вам.
- Вы можаце лёгка загiнуць.
- I яшчэ адна ў мяне просьба - не выдавайце маiх бацькоў. Задарма вашага хлеба яны ня будуць есьцi.
Начальнiк усадзiў Рамана ў крэсла, сеў на сваё месца. Як i раней, шырака ўсьмiхаючыся, гледзячы Раману ў вочы, як-бы рады таму, што ўжо меў на думцы, урачыста сказаў:
- Вы проста вымалiлi, чаго хацелi - мы вас адпускаем, калi вы моцна хочаце таго, пане студэнце... Мы любiм вас...
- Я не заслужыў...
- Вашых сваякоў тут у нас мы ўжо паведамiлi. Заўтра яны прыяжджаюць за вашай сям'ёй. Вам застаецца толькi разьвiтацца з ёю, калi вы толькi сапраўды хочаце пакiнуць нас, паўтараю.
- Зрабеце такую ласку...
- Спадзяюся, што вы на нас не пакрыўджаныя i што ў асобе пана студэнта мы будзем мець, прынамся, прыяцеля.
Позна ўначы Рамана Корзюка прывезьлi на польска-летувiскую мяжу. Дзеля Раманавай бясьпекi было вырашана вяртацца ў Беларусь з Латвii. Корзюк атрымаў сабе праваднiка.
Iдучы халоднай восеняй ноччу - спачатку па Польшчы, потым па Летуве Раман ўдыхаў паветра дзьвюх краiн, страшэнна падобнае да паветра ягонай бацькаўшчыны. Цяжка ўявiць сабе сiлу, якая гнала яго цяпер назад - ён вырашыў - у Менск. Як той жораў, што блукаючы ў паднябесьсi, быў на хвiлiну заблудзiўся i цяпер знайшоў правiльную дарогу, Раман Корзюк як-бы вяртаўся зноў да сям'i, да сваiх, хоць "свае" засталiся ўжо недзе ззаду.
12
З хутару Баранкевiча Валя Камоцкая вярнулася ў Менск толькi на другi дзень увечары. У манастыр яна не пайшла, а папрасiлася пераначаваць у Басi Цыпiнай, хоць тая прыняла яе ня вельмi ахвотна: нечага баялася. Валя не хацела паказвацца на вочы сваiм кампанкам - ведала, што будуць распытваць, жартаваць i кпiць. Да таго-ж, у Цыпiнай Валя Камоцкая спадзявалася лепей адпачыць з дарогi i даведацца аб iнстытуцкiх навiнах. Але Бася Цыпiна аказалася негаваркой, сказала толькi, што Валiна адсутнасьць на занятках заўважаная i ацэненая не як звычайная адсутнасьць. Найболей-жа Бася Цыпiна старалася частаваць Камоцкую то тым, то iншым - падлiвала гарбаты, падсоўвала блiжэй да яе масла, цукар i ўвесь час прасiла есьцi i не саромiцца. Пра тое-ж, дзе была Камоцкая, Цыпiна нават i не запыталася, толькi дапытлiва пазiрала ёй у вочы i выказала зьдзiўленьне, чаго гэта Валя гэтак пахудзела. Позна не сядзелi. Цыпiна любiла ўставаць рана i прапанавала Валi лажыцца спаць. Уступiла ёй свой пакой i ложак, а сама лягла разам з маткай у другiм пакоi. Валя, кладучыся спаць, паглядзелася ў невялiкае люстэрка, што стаяла на ночным столiку; пад вачыма больш выразна азначылiся сiнiя паўкругi, а сам твар сьцягнуўся. Чорныя бровы, як-бы ўзьнялiся вышэй, але ў сваiм палёце былi ўсе такiмi-ж прыгожымi. Вейкi неяк падаўжэлi i мiгалi ўздрыглiва, зорылiся ў цёплым бляску вачэй. Так, яна сапраўды пахудзела! З люстэрка глядзеў на яе, як-бы новы, незнаёмы для яе чалавек.
Згасiла сьвятло i хутка заснула. Але яе сон быў, вiдавочна, няглыбокiм: у сьне ёй вярзлося нешта нязвычайнае. Савецкiя пагранiчнiкi злавiлi Рамана i прывялi да яе. Яна да яго гаворыць, ён усё маўчыць. "Калi ён будзе маўчаць, мы яго адвядзём". Баючыся, што яго павядуць ад яе, яна стала перад iм на каленi, каб ён загаварыў, але Раман адмоўна матляў галавой i ўсё маўчаў. "Даём табе яшчэ адну хвiлiну". Рамана як зацяло! Канчалася ўжо i тая хвiлiна. Валi здавалася, што Раман ня можа гаварыць ад таго, што яго мучыць смага, бо губамi ён плямкаў, а голасу ня было. Яна хуценька паднялася з каленяў i паднясла яму вады. Але i вады ён ня ўзяў. Нават не працягнуў рукi. Скончылася хвiлiна, дадзеная пагранiчнiкамi, i яны павялi Рамана. Валя засталася адна. На цэлым сьвеце адна... Ну, зачым Раман хадзiў у тую Польшчу? Лепей яму было заставацца ў Менску на вучобе i нiкуды не ўцякаць. Уся гiсторыя ўцёкаў Корзюкаў у Польшчу здавалася ёй такой неразумнай! Якая-ж была для Рамана рэальная небясьпека? Нiякай! Прыводзiлi-ж вось яго да яе пагранiчнiкi! Калi-б быў вiнаватым, не прывялi-б. Злавiлi на гранiцы, як малога якога, убачылi, што зьбег ад бацькоў па дурноце сваёй (тыя можа далi за што дзягi), дык i вярнулi назад, да бацькоў. Бацькоў не аказалася, i прывялi во да яе. Загаварыў-бы, прызнаўся-б у дурноце сваёй, дык ўсё i скончылася-б добра i пакiнулi-б яго з ёй. Дык гонар паказаў свой, не пакарыўся. Затое i павялi. Хутка, аднак, дзьверы адчынiлiся зноў, i на парозе паказаўся Раман, але ўжо без пагранiчнiкаў. Маўчаў, як i раней. Валя бачыла, як ён мучыўся ад таго, што ня можа з ёю загаварыць. Ён быццам хацеў выскачыць з сябе, выкручваўся перад ёю ў розных позах, ламаных i нягеглых. Яна хацела стрымаць яго, каб ён ня круцiўся, але не магла - ён пырскаў з роту на яе тою вадою, якую яна паднасiла яму пiць i якой ён ня ўзяў. Зрабiўшыся маленькiм, ён выскачыў з хаты праз дзьверы, за якiмi яго чакалi пагранiчнiкi.
Валя бачыла, як яны вялi яго пад рукi па вулiцы. Толькi-ж ён неяк выкруцiўся з рук i пабег на хутар Баранкевiча. Яна кiнулася за iм, але дагнаць яго не магла, апынуўшыся раптам у лесе, праз якi яна вярталася ў Менск. Па лесе прабег вецер i падняўся шорах у верхавiнах дрэў. Ад гэтага раптоўнага павеву Валя стулiлася, анямела i ня дыхала, як-бы ў часiну найбольшай небясьпекi. Лягла й улiпла ў зямлю, бо ёй здалося, што нячыстая сiла хоча адарваць яе ад зямлi i панесьцi. Каб яна магла крыкнуць, нячыстая сiла адчапiлася-б ад яе, але яна баялася свайго голасу яшчэ болей, чым нячыстай сiлы, i ўсё цiснулася да зямлi, аж пакуль пад ёй не паказалася вада з моху. Ад страху аблiвалася потам. Зьнясiленая, яна, нарэшце, заснула. Яна ўсьведамляла, што яна заснула ў сьне. Прабудзiлi яе, нюхаючы, каровы. З iх ноздраў, як iльдзiнкi, сьцякалi на яе соплi. Тут падкруцiўся аднекуль Раман i сказаў, што гэта-ж яны хочаць, каб iх падаiлi, таму i ня йдуць i пускаюць соплi. На сiлу адагнаў iх пастух, што прыбег з хутару Баранкевiча з вялiкай хварасьцiнай у руках. Валя, пакiнутая Раманам, i выбраўшыся з пушчы, пайшла ў вёску да бацькоў, як да адзiнага прыстанiшча. Але й бацькi яе не прынялi, i яна ў лапцёх пехатою падалася ў Менск паступаць у пэдагагiчны тэхнiкум, як яна й сапраўды хадзiла колькi год таму назад. Як i тады, яе прынялi ў тэхнiкум, i вось яна жыве ўжо ў iнтэрнаце. Яна i ўсе дзяўчаты кладуцца спаць, але, лёгшы ў ложкi, хочаць яшчэ перад сном пажартаваць. Оля Дзiчкоўская (яна паступала з ёй разам) ставiць перад усiмi сяброўкамi пытаньне: "Адкуль, з чаго паходзiць Валя Камоцкая?" I пасьля таго, як нiхто нiчога ня здолеў сказаць, яна адказала на пытаньне сама: "Якiя вы дзiўныя! Вядома, адкуль - з лапцяў". Усе зарагаталi. У пакой уляцеў Раман i крыкнуў: "Я баюся, што яны надзенуць цяпер табе боты. Хадзем адсюль!"
Цыпiна трэсла за плечы Валю, але Валя ўсё не прачыналася. Варочалася i нешта трызьнiла. Уваходзячы ў спальню, Цыпiна пакiнула дзьверы адчыненымi. У сталовай было запаленае сьвятло i там - гэта можна было бачыць з спальнi стаялi два чалавекi.
- Разаспалася. Уставай! Годзе ўжо! Ну, паднiмайся-ж! Трэба!
- Ну, чаго ты прычапiлася, Бася?
- Я не чапляюся! Глядзi - цябе чакаюць.
Валя Камоцкая паднялася на локцi i зiрнула праз адчыненыя дзьверы ў сталовую. Нiчога не зразумеўшы, яна апусьцiла галаву на падушку. Тады ў пакой увайшоў чалавек, папрасiў Цыпiну запалiць сьвятло i ў спальнi, i ўжо пры сьвятле, паднёс Валi Камоцкай пад самыя вочы маленькую паперку:
- Чытайце!
Валя падняла галаву зноў i прачытала: "Ордер на обыск и арест".
- Можна вас папрасiць выйсьцi, пакуль я адзенуся?
Чалавек выйшаў з спальнi ў сталовую. Валя Камоцкая адзявалася не сьпяшаючыся, спакойна. Замест страху, ёю апанавала абыякавасьць: усё роўна, як-бы яна й чакала гэтага арышту. Прост, з ёю мусiла нешта стацца, i вось яно сталася. Тая наканаванасьць, аб якой яна думала, збылася. Яна йшла да нейкага фiналу ўжо даўно i калi-небудзь трэба-ж было дайсьцi. Ад ранейшага супрацiву i ваяваньня Валя прыйшла да збытнасьцi. Была другая гадзiна ночы. Валя, адзеўшыся, паглядзелася яшчэ ў люстэрка: яна не хацела выглядаць перапалоханай перад людзьмi, якiя прыйшлi за ёю. Начныя сны яшчэ раiлiся ў яе, засмучалi, трымалi яе ў сваiм рэальна-фантастычным сьвеце. Гатовая зусiм, яна выйшла з спальнi ў сталовую. Двое зiрнулi на яе коратка i ўедлiва.
- Дзе вашыя рэчы?
- У мяне няма нiякiх рэчаў.
- Як так?
- Проста. Я тут, як вы, напэўна, ведаеце, ня жыву.
- Абшукаць кватэру!
- Выбачайце, гэта кватэра мая, а не Камоцкай, - досыць-такi цьвёрдым голасам сказала Бася Цыпiна, што ўсё моўчкi стаяла ўбаку.
Двое пераглянулiся памiж сабой.
- Абшукаць спальню арыштаванай!
У спальнi нiчога такога не знайшлося.
- Кнiгi ёсьць? - тым ня менш пытаўся чалавек з НКВД.
- Няма.
- Зброя?
- Няма.
- Лiсты?
- Няма.
- Падпiшэцеся, калi ласка, вось тут, што ў часе арышту з вамi абыходзiлiся ветлiва, - i чалавек з НКВД даў Камоцкай алавiк.
Камоцкая падпiсалася ў адпаведным месцы пратаколу.
- А вас мы папросiм падпiсаць гэты пратакол у якасьцi сьведкi, зьвярнуўся ён да Цыпiнай.
Цыпiна, аднак, ад подпiсу адмовiлася, а падпiсала пратакол ейная мацi.
- Пайшлi!
I Валя Камоцкая пайшла, падаўшы на разьвiтаньне руку Цыпiнай i ейнай мацi.
Двое гаварылi цiха i на кватэры Цыпiнай, а як апынулiся за дзьвярыма, перайшлi на шэпат.
На вулiцы чакала iх аўта. Пасадзiлi. Павезьлi. Ехалi па Савецкай. Горад спаў. Гледзячы ў вакно, Валя разьвiтвалася з вулiцамi, з дамамi, з усiм тым, што ёй было знаёма i з чым яна была так цi iнакш зьвязана тут. Пыталася ў сябе самой, калi яна ўбачыць ўсё гэта яшчэ раз i цi ўбачыць наагул. Вулiцы i дамы i тыя рэдкiя людзi, што некуды сьпяшалiся ў гэты позьнi час, здавалiся ёй дарагiмi, як нiколi. Яна прыкмячала такiя цяпер драбнiцы, якiх ня бачыла нiколi раней.
З вулiцы Ўрыцкага ўехалi на двор гэтак званай унутранай турмы НКВД. У Камэндатуры Валю Камоцкую абшукалi па ўсiх правiлах мастацтва, аформiлi i адвялi ў адзiночную камэру. Спаць Камоцкая не магла, дый ня было ўжо калi. Уверсе, скрозь краты адзiнага вакна прарэзваўся ўжо мутны, кастрычнiцкi дзень. Праз нейкi час электрычная лампачка пад стольлю зблекла i начная цемра сплывала з куткоў камэры. На карыдоры бразгацелi начыньнем. Вакенца ў дзьвярох адчынiлася, i падалi гарбату, хлеб i цукар. Бяручы ўсё гэта, Валя запыталася, цi не маглi-б ёй даць кнiжак цi газэт. Яна атрымала адказ, што кнiжкi i газэты толькi з дазволу сьледчага.
- У мяне яшчэ няма сьледчага.
- Не сьпяшайцеся, будзе! - усьмiхнуўся чалавек з карыдору.
I на самай справе, каля якой адзiнаццатай гадзiне адчынiлiся дзьверы зноў, i на парозе стаў чалавек:
- Зьбiрайцеся на допыт.
Камоцкая на хаду, пасьпешна прычэсвалася i зашпiляла гузiкi ў сваiм сiнiм свэтры.
Чалавек заставаўся стаяць на парозе i назiраў за Камоцкай.
- Выспалiся? - запытаўся ён такiм тонам, што Камоцкая не магла зразумець, цi ён спачувае ёй цi зьдзекваецца з яе. I таму Камоцкая адказала яму нейтральна:
- Яшчэ не пасьпела.
Вёў ён яе па лесьвiцы ўнiз, потым праз двор, аж пакуль не ўвайшлi ў высокi i доўгi будынак. У сярэдзiне будынку чалавек скамандваў: "Рукi назад!" I пагнаў Валю Камоцкую перад сабой на другi, потым на трэцi паверх. Яны прайшлi за гэты час гэтулькi змрочных закуткаў, карыдораў i карыдорчыкаў, што на Валю напаў страх. Яна нiколi-б ня выбралася адсюль назад, каб яе i пусьцiлi. Нарэшце, на нейкiм вiдным карыдоры чалавек загадаў ёй спынiцца. Пастукаў ў дзьверы з нумарам 76. Знутры пачуўся голас, i Камоцкая трапiла ў габiнэт сьледчага, спынiўшыся каля парогу. Перад ёй налева ў вуглу, сядзеў за сталом на выгляд яшчэ зусiм малады чалавек. Ён прапанаваў Валi сесьцi. Камоцкая падыйшла да стала, i толькi хацела сесьцi на крэсла, якое там стаяла, як сьледчы, нiбы схамянуўшыся, паказаў ёй рукой на табурэтку, што была якраз пасярэдзiне пакою, далёка ад сьледчага:
- Сядайце вунь там!
Валя ў недаўменьнi, вярнуўшыся ад стала, за якiм сядзеў сьледчы, села на табурэтку. З хвiлiну моўчкi прыглядаўся да яе сьледчы сваiмi прыжмуранымi, нiбы падсьлепаватымi вачыма. Прыглядаўся гэтак, быццам рабiў няцiкавую, але патрэбную для яго работу. Валя то апускала, то ўзьнiмала свае вочы. Яна ня вытрымлiвала маўклiвасьцi i прыжмураных вачэй рыжага сьледчага. Пасьля паўзы, якую ён вытрымлiваў, здавалася, назнарок, сьледчы падняўся i пачаў хадзiць з вугла ў вугал, заклаўшы рукi назад.
- Маё прозьвiшча Палiтыка! - i ён пагладзiў адной рукой свае залацiста-курчавыя валасы, зьнiзу шчыльна падстрыжаныя, як пад гаршчок. Паходка яго была валюхатая, быццам ён хадзiў ня ў ботах, а ў растоптаных лапцёх - ступнi яго ног, вiдавочна, былi пляскатыя. - Але палiтыкай мы не займаемся. Iнтарэсы нашай дзяржавы вышэй усялякай палiтыкi i iх мы й паклiканы абараняць.
Як-бы змарыўшыся ад хадзьбы, Палiтыка сеў на сваё месца. Валя зьдзiвiлася - ён глядзеў на яе цяпер ня прыжмуранымi, а круглымi, чырвонымi i злоснымi вачыма, якiх Валя не заўважыла на пачатку. Ад адкрытага цяпер погляду аблiчча яго зьмянiлася, i перад Камоцкай сядзеў цяпер як-бы iншы чалавек.
- Дык, значыцца, займаецеся сплавам, савецкая студэнтка Камоцкая!
- Не разумею, выбачайце.
- Сплаўляеце савецкiх грамадзян за мяжу?
- Калi вы гэта называеце сплавам - так!
- Ах, вось як! А я думаў вы будзеце адмаўляцца!
- Чаму-ж? Не!
Такi адказ Камоцкай, здавалася, нечакана раззброiў сьледчага, зьбiў яго з тропу. У першы момант ён як-бы ня ведаў, што яму рабiць далей. Ды, расьсекшы, як мячом, даланёй паветра, рашуча прагаварыў:
- Значыць, мне лягчэй! Будзем тады пiсаць пратакол! Адказвайце: iмя, iмя па бацьку, прозьвiшча?
- Валя Сьцяпанаўна Камоцкая.
- Год нараджэньня?
- Трынаццаты.
- Сацыяльнае паходжаньне?
- З сялян.
- Адукацыя?
- Вышэйшая, незакончаная.
- Яшчэ можаце закончыць. Прафэсiя?
- Настаўнiца.
- Сувязь з загранiцай?
- Нiякай.
- Вось тут мы вам не паверым! Каго вы завялi на хутар Баранкевiча?
- Нiякага такога хутару я ня ведаю.
- Дзе вы бачылiся апошнiм разам з Раманам Корзюкам?
- А гэта iншая рэч. Прынамся, не на хутары Баранкевiча.
- Дзе-ж тады?
- Гэта прыватная справа.
- Гэта не адказ.
- Маю я права адказваць, як хачу?
- Нiякага такога права вы не атрымаеце. Адказвайце на пытаньне - вы арыштаваныя.
- Я ўжо адказала.
- Вы ведаеце сям'ю Корзюкаў?
- Не.
- А ўсё-ж вы вялiкая шэльма!
- Абраза - гэта нягодны мэтад. Прашу не абражаць.
- Нiчога! Мы вас абрэжам! Дзе i як вы сустрэлiся ў Менску з мацi i сястрой Корзюка?
- Я вам адказала, што ягонай сям'i я ня ведаю.
- А яго самога?
- Трошкi.
- Якую гэта вы маеце стаянку на пагранiччы?
- Я нiдзе не стаяла.
- Ляжалi? А такое прозьвiшча - Шаркевiч - вам вядома?
- Не.
- Значыць, вам нiчога не вядома? Скажэце, да якой шпiёнскай арганiзацыi вы належыце?
- Як хутка вы творыце ўсё, таварыш Палiтыка! Не сьпяшайцеся!
- А й сапраўды! У нас час ёсьць, таварыш Камоцкая! Пройдзе месяц, два, пройдзе паўгода, год - загаворыце!
Палiтыка патэлефанаваў. На парозе зьявiўся чалавек.
- Забраць арыштаваную!
13
У камэры Валя Камоцкая аналiзавала свае паводзiны на допыце. Яна была незадаволеная iмi. Наблытала i нагаварыла ўсякага глупства. Спачатку нiбы прызналася, а потым пачала адмаўляцца. Няма лiнii, не паказала свае натуры. Вось табе i наканаванасьць долi, вось табе i мiсiя ўся! У думках выходзiць усё ўзьнёсла i ўрачыста, а ў жыцьцi - i ценю няма ад тых думак! Ставiла сабе за мэту - iграць нейкую ролю, i вось сыйграла. Лепш ня трэба! Дзiцё! Ды наўзьверх i зьядлiвае. Недаростак! Сапраўды - "з лапцяў"! Чаго я выкручвалася? Тут-жа ўсё ясна. Самаабарона? Але самаабарона, так як я вяла яе, абнiжае мяне. Валя Камоцкая ведала, што не адказваць на пытаньнi, якiя табе могуць пашкодзiць, традыцыйна лiчыцца разумным. Але-ж такая "разумнасьць" зьнiжае твой вобраз i ў рэшце рэшт ня зьменшыць твае вiны ў вачох сьледчага. Мяне ня вiдаць было як асобы. Ня было постацi! Значыць, ня было чалавека. На самай справе, як я дакацiлася да турмы? Дзеля чаго? Дзеля Рамана? Такое я ўжо дзiцянё, што кiнула ўсё i пабегла за хлопцам? Ня шукала я нечага большага? Ня быў Раман для мяне рухам наперад, чалавекам, што не скараўся i некуды йшоў? Раман ўсё-ткi пайшоў, сваёй цi не сваёй, правiльнай цi няправiльнай дарогай, а пайшоў. А дзе-ж я стаю? На якой дарозе? Якая мая мэта? Толькi так, дзеля глупства нейкага марнавацца ў турме? Гэта было-б праступствам i дурнотай. А перад бацькамi вялiкiм грэхам. Хiба можна так кiдацца сваiм жыцьцём? Як-бы ў мяне няма й нiякага абавязку? Няўжо-ж я ўмею толькi дурэць? Ня скончылася мая дурасьлiвасьць даўно? А дзе-ж тая сталасьць, запытацца-б у сябе? Падумаць толькi - шпiёнкай станаўлюся! Куды павярнулi! Сапраўды, добрая студэнтка з мяне! Таго глядзi, абкруцяць Шаркевiчамi i Кандраценямi!
Думкi гэтыя, здавалася Валi, былi такiмi громкiмi, што iх можна было-б нават падслухаць. На самай-жа справе, гэта былi слабыя, цiхiя, ня зусiм акрэсьленыя, ня зусiм ясныя думкi. Але яна так аддалася iхнай уладзе, уяўляла сябе такой барацьбiткай, што забывалася нават, дзе знаходзiцца. Наплыў гэтых думак рабiў яе сьмелай, кемлiвай, рашучай i здольнай на канкрэтнае дзеяньне. Iмi яна расьпякала сябе да такой ступенi, што параўноўвала ўжо сябе з рэвалюцыянэркай. Памяць яе адшукала нямала прыкладаў з прачытанага, каб падмацаваць такую аналёгiю. Яна была падобна ў гэты час да людзей, якiя, трапiўшы ў турму, лiчаць сябе змагарамi на тэй толькi падставе, што iх арыштавалi i што яны сядзяць, пакутваюць. Валя не магла яшчэ сфармуляваць iдэi, за якую яе арыштавалi i за якую яна ўжо пакутвае цяпер.
Адылi гарэньне скончылася i змора адкiдала яе ў сон. Валя ня спала ўжо дзьве начы, арышт i допыт змучылi яе. Але недзе было легчы. Ложак з матрацам быў уцiснуты ў сьцяну i не адкладваўся. Валя легла на падлозе, паклаўшы пад бок свой плашчык - так ёй захацелася спаць! Турэмнiк зiрнуўшы праз "ваўчок":
- Удзень нельга спаць. Забараняецца.
Камоцкая паднялася з падлогi, устрывожаная, спалоханая й разьбiтая. Турэмная варта зьмянiлася. Адчынiлiся дзьверы - гэта быў час iсьцi ў прыбiральню. Там папалася ёй на вочы кiнутая скамечанай палавiнка беларускай газэты. Валя схавала яе пад свiтар i прынесла ў камэру. Мiж iншага, яна натрапiла ў ёй на артыкул "Нацдэмы - замежная агентура". З яго яна даведалася аб арыштах нацдэмаў у партыi, у дзяржаўных органах i ў грамадскiх установах. Прозьвiшчаў не падавалася. Гаварылася толькi, што нацдэмы зьвiлi сабе гняздо ня толькi ў культурных установах, але што яны мелi намер перакiнуцца i ў армiю. Валя чула пра "нацдэмаў" ня ўпяршыню, але дакладнага ўяўленьня аб iх ня мела. Сяды-тады выкладчыкi лаялi нацдэмаў, нават на занятках у iнстытуце, але ў чым iх галоўны грэх, дакладна не гаварылася. Як-бы там нi было, а гэтая навiна моцна яе ўзрушыла, сказаць-бы, нават абрадвала. Значыць, весялей! Асаблiва суцяшаў яе той факт, што артыкул не прамiнуў i настаўнiкаў: сярод iх былi нацдэмы таксама. Як нi як, i яна залiчае сябе да настаўнiцтва, ня гледзячы на тое, што працавала ў школе толькi адзiн год.
За ўвесь дзень яна выпiла толькi кубак гарбаты. Цясьцяны хлеб ляжаў на стале някранутым. Зупы, якую давалi на абед, яна не ўзяла - не магла сьцерпiць смуроднай рыбы ў ёй. Глядзеўшы ў высокае маленькае вакно, з якога да самай падлогi разорамi сьцякала вiльгаць, Валя магла бачыць толькi кавалачак неба, хоць яно было загароджана вялiкiм, чорным комiнам, што ўзьнiмаўся тут-жа адразу, ад вакна. За дзень яна перадумала столькi, што страцiла адчуваньне часу - ёй здавалася, што яна тут ужо цэлыя гады. Камоцкая вырашыла ня пiсаць бацьком. Яна не магла нават уявiць, як можна было напiсаць бацьком, што яна арыштаваная i сядзiць у турме. Камоцкая баялася, што мацi такой навiны не перажыве. Думаючы, Камоцкая забывалася пра сябе. Ходзячы па камэры, яна не ўсьведамляла сябе. Калi думала пра Рамана, дык бачыла сябе разам з iм нейкай iншай, iдэальнай, не такой, як у рэальнасьцi. Гэтае вiдзеньне сябе i Рамана ў жадана прывабнай пэрспэктыве давала Камоцкай насалоду, падтрымку й забыцьцё. Сваё першае быцьцё на стаянцы Валя перажывала зноў, з вялiкай жарсьцяй i самазабыцьцём. Ейная ўява малявала тую першую ноч у такiх фарбах i колерах, што яна паўставала перад ёй больш выразнай, чым сама рэальнасьць i даводзiла Камоцкую да экстазу. Адразу, як толькi яны апынулiся ў шалашы, Раман урачыстым тонам заявiў, што ён не адказвае за сябе i за ейную цэласьць. Тады страшныя, цяпер гэтыя словы гучаць у вушох, як дзiвосная музыка. Ягонага папярэджаньня яна баялася, хоць голас, якiм гэта было сказана, быў такiм пяшчотным i такiм прызыўным, што баяцца, здавалася, ня было чаго. I яна захацела выпрабаваць Раманаву станоўкасьць. Садзiлася яму на каленi, абнiмала, прытулялася. Раман вырываўся з ейных абдымкаў i казаў, калi яна ня хоча страцiць дружбы i ня быць паганкай, яна мусiць адыйсьцiся ад яго, або сядзець побач i расказваць яму што-небудзь надзвычайнае. Iнакш - скончыцца прыгожая казка, засаромяцца зоры i патухнуць! Бо сьвецяць яны, пакуль мы сьвецiмся, гараць, пакуль мы гарым. Ня тушы, Валя, зораў - некуды будзе йсьцi ў пацёмку! Глядзi, i праз нашую страху яны глядзяць! На нас! Яны прывялi нас сюды. Хай-жа праводзяць i адсюль! Ня губi казкi! Мы мусiм спраўдзiць, што мы вышэй за сябе. Чалавек заўсёды мусiць быць вышэй за сябе, iнакш - ён не чалавек. Зразумей, Валя, гэта было-б так звычайна для нас зараз легчы. Не сядзець, а легчы. Так-бы ўсе зрабiлi на нашым месцы. А ўся прыгажосьць якраз у тым, каб ня быць такiмi, як усе. Ты разумееш, Валечка? Цi сьвяцiлi-б нам зоры пасьля таго, калi-б мы паднялiся пасьля ляжаньня? Валечка, прыдумай казку, а то i я ня ўтрымаюся! Я раззлавалася i ўпiкнула Рамана, што з Ларысай ты не дэклямаваў-бы i сам прыдумаў-бы казку. Я ўцякла ад яго i стала пад сасной, каб ня легчы. Я хачу таксама стаяць! Я гордая таксама! Не хачу абнiмацца! З шалаша выхапiўся Раман i ўбачыў на маiх вейках зоры, што - я ўпэўненая - пералiвалiся, дрыжэлi, вабiлi. Я сама адчувала, што я была ў той час спакусьлiвай пазямному i прыгожай панябеснаму. I Раман падыйшоў да мяне, узяў i павёў мяне на мох. I над намi сьвяцiлiся зоры, i мы доўга ляжалi, i мы хацелi адзiн аднаго яшчэ болей. Так нарадзiлася яшчэ адна казка. Гэта была наша найвялiкшая казка ў сасновым бары. I мы назвалi яе сваiм, нiкому невядомым iмём - "трошачкi", хоць гэта й было ня "трошачкi".
Адчынiлiся дзьверы. Што гэта я? У камэру ўвайшлi начальнiк турмы i пракурор. Яны рабiлi свой чарговы абход. Пракурор, аглядаючы камэру, кiнуў вокам на хлеб i запытаўся, чаму Камоцкая ня есьць? Такое, нiбыта бацькоўскае пытаньне, прыхiльна наставiла Валю да пракурора. Пракурор, у форме НКВД, быў яшчэ малады чалавек, з дробнымi рысамi ў твары, з маленькай, бруднага колеру бародкай i маленькiмi сьвiнцовымi вачыма. Увесь ён быў падобны на рэвалюцыянэра царскiх часоў, якiх часта даводзiлася Валi бачыць на фатаграфiях i якiх яна лiчыла гуманнымi i вельмi энэргiчнымi людзьмi.
- Паводля якога артыкулу вы абвiнавачваецеся? - запытаўся ён i падрыхтаваўся запiсваць у маленькi блакноцiк, якi ён трымаў у руках.
- Я ня ведаю, - адказала Камоцкая.
- Як так? - зьдзiвiўся пракурор. - Калi вы арыштаваныя?
- Учора.
- Былi на допыце?
- Так.
- Добра... Ваша прозьвiшча? Якiя скаргi, жалобы? - запытаўся пабеларуску i парасейску пракурор, пры гэтым у беларускiм слове "скаргi" ён вымавiў гук "г" парасейску, цьвёрда.
- Нiякiх. Я хацела-б толькi, каб мяне перавялi ў агульную камэру.
- Гэта залежыць ад вашага сьледчага.
Пракурор i начальнiк турмы выйшлi, а за iмi глуха зачынiлiся абабiтыя зялезам дзьверы. Валя засталася зноў адна, але вярнуцца да сваiх ранейшых думак яна ўжо не магла.
Настала дзесятая гадзiна, ложак аўтаматычна адклаўся i зьняможаная Валя Камоцкая лягла спаць.
14
У манастыры аб арышце Валi Камоцкай даведалiся на наступны-ж дзень. Калi сьцямнела, прыехала НКВД за рэчамi. Забрала ўсе Валiны кнiгi, у тым лiку некалькi тамоў Ленiна, лiсты, фатаздымкi i нават канспэкты. Апiсалi ўсё гэта i зьвярнулiся да жыхарак манастыра з просьбай падпiсаць пратакол, але нiхто з прысутных, - а былi дома якраз усе, - не хацеў падпiсвацца, i толькi, пасьля некаторага ваганьня, згадзiлася прыкласьцi свою руку Роза Шкляр. Нiхто не хацеў, каб ягонае прозьвiшча фiгуравала ў НКВД. Дый самой Камоцкай было шкада, хоць ад таго, падпiшышся ты цi не, лёс Камоцкай, ведама, ня зьменiцца. Дармо, што Камоцкай у манастыры як-бы й ня любiлi, цяпер, калi з ёй такое сталася, кожны шкадаваў яе. Дый ня любiлi яе можа болей за праўду, якую яна гаварыла ў вочы, i за прасталiнейнасьць. Затое ў душы аддавалi ёй належнае за яе станоўкасьць, шчырасьць i адвагу. У асобе Камоцкай нельга было адмовiць чалавека з асаблiвай жыцьцёвай фiлязофiяй i цьвёрдым паглядам на рэчы. Гэтай сваёй якасьцяй яна выклiкала павагу нават у сваiх няпрыхiльнiкаў.
У хаце без Камоцкай стала неяк пуста. Ейны ложак, што стаяў каля сьцяны, здавалася, дакорлiва глядзеў на кажнага i як-бы абвiнавачваў у нечым. Над ложкам на сьцяне вiсеў у рамачках невялiчкi, вельмi стары партрэцiк яе бацькоў, якога людзi з НКВД ня ўгледзелi, або пасаромiлiся зьняць. З яго ўнiз глядзелi вочы пажылых людзей i як быццам шукалi кагосьцi i, не знайшоўшы, смуцiлiся бацькоўскай журбою. Ларыса смуцiлася, Дзiчкоўская маўчала, а Роза Шкляр з Аўсеевай рабiлi розныя здагадкi аб прычыне арышту Камоцкай i спрачалiся мiж сабой. Праўда, з пэўнасьцяй нiхто яшчэ ня мог сказаць, што Камоцкая арыштаваная (Цыпiна на занятках у iнстытуце нiкому не сказала, што Камоцкую павялi з ейнай кватэры). Дзяўчаты здагадалiся аб арышце Камоцкай толькi па тых гасьцёх, што нечакана завiталi да iх. У гасьцей Дзiчкоўская не пабаялася запытацца, што з Валяй i дзе яна зараз знаходзiцца. "Госьцi" нiчога на гэта не адказалi.
- Можа яна ўтапiлася цi што? Дык мы хоць аб гэтым хацелi-б даведацца.
- Тапельцамi мы ня цiкавiмся, - толькi ўсяго i буркнуў адзiн з гасьцей.
Лагоўская страту сяброўкi перажыла неяк адразу, у вадзiн мамэнт, i ўжо займалася сваiмi навукамi. Але агульная засмучонасьць i прыгнечанасьць не праходзiлi. Плян сьвяткаваньня Кастрычнiцкай рэвалюцыi не абмяркоўваўся, адкладваўся на пазьнейшае. Дзяўчаты хацелi запрасiць да сябе на сьвята колькi студэнтаў i павесялiцца. Прадбачалася выпiўка з закусонам. Пiсалiся ўжо iмёны хлапцоў, якiх варта было-б запрасiць, але згоды тут памiж дзяўчатамi ня было: тая хацела аднаго, iншая - другога. Чакалi ўсё Валю Камоцкую, калi яна, нарэшце, прыпляцецца з "блуду" i дапаможа iм вырашыць такое немалаважнае пытаньне, як хлапцоўскае пытаньне. Думалi, што Валя "сядзiць" у Корзюка, але чаму-ж-бы яна тады ня прыходзiла на заняткi? У кожным разе, да прыходу "гасьцей" нiхто ня думаў, што з Валяй сталася нешта сур'ёзнае. Аж тут во адбылося нешта нязвычайнае, непрадбачанае. "Госьцi" з НКВД пакiнулi ў манастыры за сабою цень трывогi, страху i няпэўнасьцi. Не пасьпеў манастыр як сьлед ажыць ад кiраўскiх дзён, як здарылася во нешта новае.
Але першае несамавiтае ўражаньне прайшло, наступiў позьнi вечар, кажны пачаў рабiць нешта сваё, рыхтавацца да заняткаў, i такiм парадкам, усталявалася як-бы нармальнае жыцьцё ў манастыры. Дзiчкоўская загнала ўсiх на ложкi i пачала працiраць падлогу. Яе чарод прыбiраць у пакоi прыпадаў на заўтра, але яна хацела ўсё зрабiць сягоньня нанач. Лагоўская абуралася, што мыцьцё пачалося цяпер, калi трэба ўжо спаць, падлога ня высахне добра, i трэба будзе дыхаць вiльготным паветрам усю ноч. Але Дзiчкоўская не зьвяртала на гэта нiякай увагi, шаравала падлогу яшчэ з большым iмпэтам, гаварыла, што нiчога нiкому ня станецца, а наўзьвер усяго яшчэ й дадала:
- Трэба-ж выгнаць паганы дух пасьля такiх адведзiнаў! Як ты думаеш? Iнакш - затхнёмся! Вось табе й ня мый! Дый сьвята на носе, апрача таго.
- Ну, тады мусiш выпалiць у печы!
- Калi ты прынясеш дровы!
Нехта пачаў стукаць у дзьверы. Дзiчкоўская адаткнула падол вясковага андарака, якi яна надзела на час мыцьця, падняла ўгору швабру i стала пад дзьвярыма з такiм разьлiкам, каб, калi яны адчыняцца на хату, яна засталася-б за iмi незаўважанай тым, хто ўвойдзе ў хату. Усе зразумелi яе намер, усьмiхнулiся i голасна гукнулi:
- Уваходзьце, калi ласка!
Дзьверы пачалi павольна адчыняцца i Дзiчкоўская нарыхтавалася з швабрай. "Вось зараз некага шлёпне. А можа гэта Валя?"
У дзьвярох паказалася незнаёмая жанчына, i Дзiчкоўская, сумеўшыся, хуценька апусьцiла швабру, адскочыўшыся ад дзьвярэй.
- Добры вечар у хату, галубкi! - лагодна прывiталася нейкая бабулька. Можна ў вас пабыць хвiлiначку? Я вам не перашкоджу!
- А вы хто такiя, бабка? - запыталася Дзiчкоўская. - Праходзьце. Сядайце! - i яна паставiла ёй крэсла каля стала.
Бабулька асьцярожна, каб не насьлядзiць падыйшла да стала i села на крэсла, паставiўшы на падлогу свой клунак. Усе зьлезьлi з сваiх ложкаў i паселi за сталом, разглядаючы незнаёмую. Чакалi, што яна скажа. Бабулька, абвёўшы ўсiх сваiм маладым паглядам, загаварыла:
- Я гэта прыехала сюды з Самахвалавiчаў. Я - мацi Мiколы Саланевiча, можа ведаеце?
Саланевiча ўсе ведалi тут, як былога студэнта. Насьцярожылiся i слухалi далей бабульку ў паношаным пальто, такiх-жа ботах i ў сукняным платку чырвонага колеру.
- I што-ж вы хочаце? - дапытвала далей бабульку Дзiчкоўская, падсядаючы да яе ўсё блiжэй i заглядаючы ёй прост у самыя вочы.
- Казалi мне, што ў вас мусiць быць тут такая дзяўчына - Валя Камоцкая.
- Ну, ёсьць. А што? - хiтра вяла сьледства Дзiчкоўская.
- А каторая яна тут? - ледзь усьмiхнулася бабулька. - Бачаце, колькi вас тут! I ўсе разам жывяцё згодна?
- Ня скажам каторая. Адгадайце! - перайшла на жарт Роза Шкляр.
Дзiчкоўская, пасур'ёзьнеўшы, перабiла Шкляр:
- Няма ў нас болей Валi Камоцкай, бабка! Была, але цяпер няма, i ня пытайцеся пра яе!
- А што - i з ёй нешта сталася нядобрае?.. Я нiчога... Я толькi хацела... Можа яна што ведае пра майго Мiколу... Сядзiць ён... Можа-ж чулi?
Бабулька выцерла на сваiх вачох сьлёзы. Дзяўчаты чулi, што Саланевiч арыштаваны, але чуткi так i засталiся чуткамi. Чамусьцi верылi, што як паехаў ён настаўнiчаць дык i настаўнiчае. А цяпер сама мацi гаворыць пра гэта. Незразумела было толькi, што-ж супольнага памiж Саланевiчам i Камоцкай.
- Ужо цэлы год ня пiша Мiкола. Можа ўжо, крый Божа, яго няма ў жывых. Аж тут дачулася я гэта во, што Мiкола напiсаў пiсьмо Корзюку Раману, кавалеру гэтай... як яе... дзяўчыны... Камоцкай. Я была ўжо на квацеры Корзюка, дык яго няма, а гаспадыня яго паслала мяне... прывяла мяне сюды i кiнула. Кажа, што можа яна, гэтая яго дзяўчына, што-кольвек ведае. Ён з ёю любiцца цi што, казала. Дык можа як папала ёй пiсьмо майго Мiколы.
- А як-жа вы ведаеце, што ваш сын напiсаў пiсьмо Корзюку?
- Хто вам сказаў? - уставiла i сваё слова Лагоўская, паправiўшы пэнснэ на сваiм носе.
- А гэтага ўжо, мае даражэнькiя, я вам не магу сказаць, хто. Вам-жа ўсё роўна, хто? Даруйце мне старой i дурной! Мы ўжо столькi пыталiся людзей, што здурэць можна. Пiсалi i ў лагер той, дзе ён сядзiць, ды ня шлюць нiчога адтуль.
- А за што яго пасадзiлi?
- Хто-ж яго ведае, дзеткi. Ён-жа тут быў з вамi, дык можа вы i ведаеце, за што. Сказалi-б мне можа? Я нiкому не скажу... Ня можа быць, каб наш Мiкола ў чым правiнiўся. Не такi ён. Яблыка чужога не сарваў.
- За яблыкi, бабка, не бяруць.
- Хто-ж яго ведае. А толькi мы з сваiм старым занудзiлiся чыста. Як толькi ляжам спаць, дык i сьнiм абодвы свайго Мiколу. Пасылала я свайго старога i ў кэвэдэ - ня хоча. Кажа, што ўсё роўна нiчога ня скажуць... Пыталiся ўжо такiя, як мы! Выправiлася во сама. Кабеце, кажуць, лацьвей. Дык i мяне ня пушчаў, стары мой... не хацеў, каб iшла. Але як-жа я не пайду? I на той сьвет пайшла-б... Дык нiчога ня скажаце, даражэнькiя, пра майго Мiколу? - старая паднялася з крэсла i падняла сваю клумку з падлогi.
- Нiчога ня ведаем, бабка. I рады-б, але нiчым дапамагчы вам ня можам, адказала за ўсiх Дзiчкоўская. - Сядайце во, пачастуем вас гарбатай.
- Не, дзякую, дзеткi, пайду ўжо!
- Дзе-ж вы будзеце начаваць? Позна ўжо!
- На вакзале.
- Дзяўчаты, паложым яе ў нас! - азвалася Ларыса, што сядзела ўвесь час моўчкi. - Ложак гуляе.
- Як табе ня сорамна, Ларыса! Яшчэ не пасьпеў прастыць ложак, а ты ўжо ложыш на яго людзей, - - запярэчыла Дзiчкоўская.
- Ну як хочаце, - прымiрылася Ларыса.
Старая, падзякаваўшы за ўсё, i за тое, што маладыя не пагардзiлi ёю, выйшла з манастыра.
- А я дык нешта ня веру ёй! - пасьпяшалася выказаць сваю думку Шкляр.
- А што-ж там ня верыць? - пакрыўдзiлася Дзiчкоўская.
- Не разумею я ўсяго гэтага, - не здавалася Шкляр.
- I разумець няма чаго! Цi хiба ў цябе мацi няма?
- Мяне дзiвiць толькi адно, адкуль у нашай Валечкi такiя сувязi? - усё яшчэ зьмяншальным iмём называла Лагоўская Валю.
Перад сном Ларыса зьняла з Валiнага ложку пакрывала, каб яно не бялелася ноччу, - Ларыса баялася гэтага пустога ложку побач, ён будзiў у ёй жаласьлiвыя пачуцьцi i мiстычны страх.
15
Назаўтра дзяўчаты выйшлi з манастыра на заняткi ўсе разам, як па камандзе, што рэдка здаралася раней. Звычайна, адныя з iх любiлi прыходзiць на заняткi за паўгадзiны да пачатку лекцыяў, iншыя, наадварот, выседжвалi да самага званка, якi быў добра чуцён з Галоўнага корпусу i служыў надзейным гадзiньнiкам для студэнтак. Сягоньня-ж нейкi нязвычайны настрой гнаў iх усiх раней. Пiлi гарбату адначасна, моўчкi, сьпяшаючыся. Можна было падумаць, што яны злуюцца адна на адну. Цяжка было вытлумачыць такiя iхныя паводзiны чым-небудзь iншым, як толькi фактам адсутнасьцi Валi. Страта была настолькi вымоўнай, што не дазваляла нават гаварыць аб ёй. Звычайна, ранiца ў манастыры - гэта час жартаў, звадыяшу i кпiн. Але не такая ранiца сягоньня!
У Галоўным корпусе хутка прайшлi паўз распранальнi - свае палiтончыкi дзяўчаты заўсёды пакiдалi дома, каб не стаяць у чарзе, - i накiравалiся проста ў сваю аўдыторыю. Зiрнулi направа - у канцы карыдору, каля канцылярыi дырэктара, стаяла вялiкая група студэнтаў - чыталi нешта на дошцы загадаў i абвестак. Дзяўчаты борзда павярнулi туды. Насустрач iм iшоў iхны выкладчык лiтаратуры прафэсар Пiятуховiч. Пазнаўшы iх, ён запытаўся:
- Куды-ж гэта вы? А на заняткi?
- Мы зараз-жа, на аднэй назе, выбачайце!
Тыя, што ўжо прачыталi навiны, адыходзiлiся, даючы магчымасьць падыйсьцi iншым. Даступiлiся й дзяўчаты - за кантррэвалюцыйную дзейнасьць загадам дырэктара выключаюцца з лiку студэнтаў Раман Корзюк i Валя Камоцкая. Ня то што нехта шкадаваў Корзюка або Камоцкую (сярод тых, хто прачытаў гэты загад, былi й такiя, каго гэта радвала), хутчэй страх за сябе самога западаў у душу кожнага: а што, калi звольняць i мяне? Ад часу забойства Кiрава гэта-ж ужо ня першы такi загад. I калi раней дошкай загадаў нiхто, звычайна, ня цiкавiўся, дык цяпер падыходзiлi да яе з страхам. Толькi невялiкая параўнаўча частка студэнтаў заставалася спакойнай i не турбавалася моцна за свой лёс: яна верыла, што тое, што пастанаўляе начальства, зьяўляецца адзiна правiльным, што калi яно нешта робiць, дык значыць так трэба, справядлiвасьць ягоных захадаў ня можа падлягаць сумлеву.
Цэлым гуртам дзяўчаты, на чале з Дзiчкоўскай, увалiлiся ў аўдыторыю. Пiятуховiч лекцыi яшчэ не пачынаў, чакаў, калi зьбяруцца ўсе - нязвычайнае зацiкаўленьне студэнтаў дошкай загадаў сягоньня ўпяршыню парушыла нармальны ход нутранога парадку iнстытуту.
Пiятуховiч, як выглядала, ведаў прычыну такога забурэньня i не сьпяшаўся з лекцыяй. Дзiчкоўская, сеўшы за стол побач Цыпiнай, шэптам запыталася ў яе, цi ведае яна пра сёньняшнiя навiны. Тая, ня гледзячы на яе, неахвотна адказала, што так. Цыпiна гатовая была слухаць лекцыю i не хацела, каб ёй хто перашкаджаў. Усю сваю ўвагу яна сканцэнтравала на прафэсары, чакала, калi ён загаворыць. Прафэсар Пiятуховiч меў сёньня лекцыю пра беларускi фальклёр. Найперш, як i заўсёды, ён паўтараў тэзы папярэдняй лекцыi, а потым пачынаў тэму наступнай лекцыi. Ён дакладна пачынаў заўсёды так: "Дарагiя сябры, паўторым тэзы папярэдняй лекцыi". Прыгадваў ён iх прыблiзна хвiлiнак з пяць. Наагул-жа ён лiчыўся добрым лектарам - гаварыў лягiчна, рабiў напрыканцы лекцыi высновы, i студэнтам лёгка было запiсваць свайго выкладчыка. А гэтая акалiчнасьць сама па сабе ўжо лiчылася вялiкай заслугай выкладчыка. Пiятуховiч паўтарыўшы, нарэшце, свае тэзы, прамовiў: Тэма-ж нашай сёньняшняй гутаркi Заплачкi.
Апошнiм часам, а сягоньня найбольш, Пiятуховiч моцна крытыкаваў нацдэмаў за iхныя мэтадалягiчныя памылкi ў галiне фальклёру. Прызнаваў i свае грахi, радзiў сваiм слухачом не карыстацца ягонымi працамi ў галiне беларускага фальклёру, як антымарксысцкiмi ў сваiм мэтадзе. Аднэй з галоўных памылак нацдэмаў ён лiчыў iгнараваньне iмi вуснай спадчыны пралетарыяту i выпукленьне фальклёрнага фонду "старых бабулек". Вёска ў нацдэмаў - усё, горад - нiчога. Студэнты разумелi, што iхны прафэсар самастрахуецца, значыць - нечага баiцца. Свае лекцыi Пiятуховiч перасыпаў цытатамi з Маркса, Энгельса, Ленiна i Сталiна, але гэта нiколькi не страхавала яго ад крытыкi, i ў першую чаргу - ад крытыкi з боку дацэнта Барысенкi, якi ў сваiх лекцыях па беларускай лiтаратуры, перад тымi-ж самымi студэнтамi, што слухалi й Пiятуховiча, называў яго "нацдэмам". Адпору Барысенку Пiятуховiч не даваў, баючыся яго, як маладога вучонага-камунiста.
Скончылася лекцыя Пiятуховiча, i студэнты высыпалi на перапынак на карыдор. Пра выключэньне Корзюка i Камоцкай з iнстытуту, дзiўная рэч, нiхто цяпер не гаварыў. Гаварыць пра iх, вiдаць, было ўжо небясьпечна. Гаворыш значыць, думаеш пра iх, а можа яшчэ й шкадуеш. Таму й не гаварылi. Гаварылi абы пра што. Спрабавалi жартаваць. Пятрок Шыракоў з Цыпiнай i з некаторымi iншымi студэнтамi заставалiся ў аўдыторыi, на карыдор ня выходзiлi. Цыпiна кармiла Шыракова бутэрбродамi, якiя яна прыносiла з дому i якiмi яна спадзявалася ўтрымаць пры сабе галоднага Шыракова. Шыракоў напачатку адмаўляўся ад пачастунку, але Бася ўмела яго ўгаварыць, i Пятрок згаджаўся, вынiмаў з кiшэнi сьцiзорык i гаварыў:
- Ну, калi ты ўжо гэтак просiш, адрэжу ад цябе на капейку!
Потым Пятрок пачаў адразаць i на рубель. Нарэшце, Пятрок сьцiзорыка ўжо не вынiмаў, а браў Басiны бутэрброды цалком. Пятрок цяпер баяўся за сябе: ён сябраваў з Корзюкам, i гэтае сяброўства магло абярнуцца супраць яго. Але выгляду не паказваў, што гэтая акалiчнасьць турбуе яго, захоўваўся вонкава спакойна i, як заўсёды, жартаваў. Гэтак вось i цяпер, зьеўшы бутэрброд, ён выцягнуў за руку з-за стала Басю i закружыўся з ёй у вальсе каля прафэсарскай кафэдры. Вальс ён граў сам сабе на губах. Трымаючы Басю шчыльна, але настолькi, каб можна было сваiм корпусам адкiдацца назад, Пятрок кружыў Басю да шаламлiвасьцi, i яна, быццам у вялiкай жарсьцi, клала яму сваю галаву на плячо, заглядаючыся ў ягоныя вочы знарок спакусьлiва i мiрглiва. Потым iнцыятыву забiрала Цыпiна, пачынала знарок круцiць Петрака налева, ведаючы, што ён умее танцаваць толькi ў адзiн бок. Гэта называлася вальсам Цыпiнай. Прысутныя сьмяялiся i бiлi iм у ладошкi. Вальс Цыпiнай выконваўся досыць часта на просьбу ўсяе клясы. У часе перапынкаў пачыналася часам такое, што цяжка было паверыць, што гэта дарослыя людзi - танцавалi, дурэлi, станавiлiся ў пiрамiду. Раман Корзюк, бывала, рабiў у паветры сартамартале: неяк раптам, што й ня ўгледзiш, падкiнецца ў паветры i там, угары, нягледзячы на ўвесь свой рост, кульнецца гэтак спрытна i зграбна, што, бывала, ягоная галёша, а то й абедзьве разам, ськiнуўшыся, шыбуюць куды-небудзь у вакно цi ў сьцяну. Толькi блiсьне ў паветры голая пятка.
Скончылiся заняткi i дзяўчаты, перш чым пайсьцi ў манастыр, падыходзяць яшчэ раз да дошкi загадаў, каб больш уважлiва разгледзiць загад дырэктара. Iдучы па карыдоры, яны сустрэлi бабульку, якая ўчора заходзiла да iх. Яна пазнала дзяўчат i, як да сваiх, загаварыла. У яе была ўсё тая-ж, знаёмая дзяўчатам торбачка-кайстра.
- Была, дзеткi, у самога дырэктара. Нi мычыць, нi целiцца. I так i сяк, а праўды не гавора. Па ўсiм бачу - ведае, ды ня хоча гаварыць. Так i не сказаў нiчога.
- Куды-ж вы цяпер iдзеце?
- Шукаю Гiнзбурга. Мой Мiкола жыў з iм разам у тырнацi i можа што ведае ён. Гэта мне падказалi добрыя людзi схадзiць да яго.
- Ну, як знаеце, цётка! Пашукайце Гiнзбурга, але й Гiнзбург, здаецца, цi ня згiнуў ужо! - з апошнiмi словамi Дзiчкоўская зьвярнулася не да бабкi, а да Розы Шкляр, якая добра ведала Гiнзбурга, студэнта з гiстарычнага адзьдзяленьня. Шкляр, у знак пацьверджаньня, кiўнула галавой. Дзяўчаты памахалi бабцы i яна пасунулася некуды далей. Жанчына з распранальнi доўга ня спушчала з яе вачэй, але не затрымлiвала, як калiсцi Корзюка, i ня чынiла ёй нiякiх прыкрасьцяў, хоць на нагах у бабулi было нямала гразi.
На вялiкае зьдзiўленьне дзяўчат, загад дырэктара аб звальненьнi з iнстытуту Корзюка i Камоцкай быў ужо зьняты з дошкi. Што-б гэта азначала? Павiсеў колькi гадзiн i ўжо зьнялi? Раней такiя загады вiселi па тыдню i болей.
З такой загадкай дзяўчаты пераступiлi парог свайго манастыра.
16
Дырэктар iнстытуту Мэльцэр меў у сябе ў габiнэце важную нараду з сакратаром партарганiзацыi. На гэтую нараду больш нiкога не запрашаў - яна была строга сакрэтнай. Сваю сакратарку Мэльцэр адаслаў дахаты, хоць яна й была ўтаямнiчаная ў справы канцэлярыi. Выходзячы, як-бы абражаная, яна зьдзiўлена паглядзела на дырэктара, якому й самому было нязручна за свой учынак. Такi ўчынак тлумачыўся тым, што на нарадзе стаўлялася пытаньне аб iм самiм. Паставiў-жа яго сам сакратар партарганiзацыi iнстытуту. Вытварылася дзiўная сытуацыя: у сваiм собскiм габiнэце дырэктар iнстытуту ня чуўся гаспадаром i з страхам чакаў, якую пазыцыю зойме ў ягонай справе сакратар, як фактычна вышэйшая сiла ў iнстытуце. А справа тая стаяла гэтак, што яе нiкуды iнакш не павернеш: быць або ня быць. Дырэктар даўно i не аднойчы абвiнавачваўся ў апартунiзме, "мякка кажучы", як зазначаў заўсёды сакратар партарганiзацыi.
- Таварыш дырэктар, дазвольце пачаць нашую гутарку ўжо не з апартунiзму, адразу ўзьняў свой голас сакратар, седзячы за дырэктарскiм сталом. Апартунiзм - гэта нiякае слова! Тут нешта куды большае! Барацьбу за камунiстычнае выхаваньне мы прайграем, таварыш дырэктар! Ускладзеныя на нас абавязкi мы ня выконваем! Скажу канкрэтна - моладзь у нашым iнстытуце расьце ня туды! Вы калi-небудзь думалi над гэтым? Цi вы толькi зацiкаўленыя хатнiм, прыватным выхаваньнем сваiх дзяцей? А iнстытут для вас - толькi месца, дзе вы выкладаеце гiстарычны матэрыялiзм? Для сваiх дзяцей вы знайшлi i нямецкага i ангельскага настаўнiкаў, а хто-ж будзе настаўнiкам для тых маладых людзей, якiя знаходзяцца пад вашай высокай апекай? Думаеце, выплачваць дзяржаўную стыпэндыю студэнтам - гэта i ўсё? Вы прыслухалiся калi-небудзь хоць на хвiлiну да таго прытоенага гулу, якi нарастае з кажным днём у сьценах, якiя мы называем савецкiм iнстытутам? Мы выкладаем i гiстарычны i дыялектычны матэрыялiзм, мы выкладаем ленiнiзм, гiсторыю партыi, гiсторыю народаў СССР, пэдагогiку й пэдалёгiю i шмат чаго iншага, а зойдзе да нас, скажам, якая-небудзь бабулька, паходзiць тут, мiж намi, якiх з пару дзён i ўсяму нашаму камунiстычнаму выхаваньню - канец! Прабуджаюцца такiя цёмныя сiлы, вымерыць якiя адной толькi гэтак званай кантррэвалюцыяй немагчыма. Той шаблёнчык "кантррэвалюцыi", якiм мы карыстаемся, каб акрэсьлiць iндувiдуалiстычную стыхiю, нiчога ня варты.
- Выбачайце, таварыш сакратар партарганiзацыi, вы самi карыстаецеся гэтым шаблёнчыкам.
- Я ўсьведамляю ягоную нiкчэмнасьць! Рэвалюцыя хутка абяртаецца ў кантррэвалюцыю, калi яна не забясьпечаная хлебам, у iмя якога яна паўстала. Гэта можа й вульгарна, але гэта так. I тут назаву вам канкрэтны факт - вы не забясьпечылi сваю ўстанову хлебам!
- Забясьпячэньне хлебам - гэта такi-ж мой, колькi i ваш абавязак. Але, сапраўды, не адзiным хлебам жыў чалавек. Накармеце вы хлебам галодных, i яны прададуць рэвалюцыю, якую яны рабiлi, калi былi галодныя.
- Таварыш дырэктар, у дыялектыку тут гуляць няма чаго! Вашыя студэнты ня толькi бяз хлеба, а й бяз зупы. Вы былi калi-небудзь у студэнцкай сталовай? Не? Ну вось бачаце! Вы пацiкавiлiся iнтэрнатамi? Вы ведаеце, як i чым жывуць там людзi? Адзiн толькi, скажам, лiст, атрыманы нашым студэнтам ад бацькоў з вёскi, у якiм тыя скардзяцца на недаед, i прачытаны сябром, хавае ў сабе такую эмацыянальную сiлу, што здольны пераставiць цi аднаму мазгi. Аднаго такога лiста досыць, каб скасаваць усе нашыя вячэрнiя палiтзаняткi, на якiя, дарэчы, нiхто ня хоча хадзiць. Такiя заняткi - толькi праформа.
- Таварыш сакратар партарганiзацыi, тое, аб чым вы гаворыце, тычыцца болей вас, чым мяне. Палiтычным выхаваньнем кiруеце вы, а не я, i вам не выпадала-б тут чытаць мне натацыi.
Мэльцэр пасьмялеў i перайшоў у наступленьне пасьля таго, як ён упэўнiўся, што сакратар ня ставiць адкрыта пытаньня, быць цi ня быць яму на становiшчы дырэктара iнстытуту. Гэтага дырэктар як найболей баяўся. Аднак сакратар, раздражнёны рэплiкай дырэктара, перайшоў у парыве гневу да контратакi:
- Згаджаюся, палiтычнае выхаваньне перш за ўсё тычыцца мяне, але я скажу вам зараз проста ў вочы - з такiм дырэктарам, як вы, я працаваць не магу! I не магу адказваць за палiтыка-маральнае выхаваньне, за ўзровень яго ў нашым iнстытуце! Я не зьбiраюся дзеля вас несьцi кару! Як дырэктар, вы проста не аказалiся на вышынi. Вам мусiць быць сорамна, што вашаю ўстановаю апякуюцца найболей органы дзяржаўнай бясьпекi.
- Гэтай апекi, як бачна, захацелi вы i толькi ўзвальваеце вiну на мяне.
- Як-бы там нi было, факт застаецца фактам. Загадамi аб звальненьнi вы не застрахуеце сябе i не паднiмiце мараль у студэнтаў. Прабачце, вы й тыя загады пiшаце пад дыктоўку ўсё таго-ж шэфа. Пiшаце, а потым праз некалькi гадзiн адменьваеце па званку вашага апякуна. Дарэчы, чаму вы анулявалi загад аб звальненьнi з iнстытуту Корзюка i Камоцкай?
- Мне загадалi гэта зрабiць.
- Хто?
- Органы, як вы насьмешлiва называеце iх. Камоцкая яшчэ не асуджаная i я ня меў права яе звальняць да суда, а Корзюк нямаведама дзе. Я можа й сапраўды пасьпяшаўся з iмi.
- Хачу найперш зазначыць, што перад "органамi" я ня дрыжу, як вы, i не страхуюся перад iмi, я не баюся iх, бо ня маю грахоў i, значыцца, ставiцца да iх зьняважлiва або поўзаць перад iмi ў мяне няма нiякiх падставаў. Яны выконваюць сваю функцыю, як мы мусiм выконваць сваю. А вы, таварыш дырэктар, перадалi свае функцыi вашаму шэфу!
- Цi не даволi-б вам тут прыцiскаць мяне? Я не хлапчук вам, а, здаецца, трошкi старэйшы за вас бальшавiк! Вы, а не я стварылi штучную атмасфэру кантррэвалюцыi ў iнстытуце! Хто, як ня вы, з трыбуны нядаўна пагражалi й заклiкалi шукаць усюды ворагаў, знаходзiць iх там, дзе можа iх i няма. Вы наэлектрызавалi атмасфэру, расьпяклi яе да таго, што ў такiх умовах я й сапраўды не магу выконваць сваiх абавязкаў. I прызнаюся - я баюся НКВД таму, што вы туды ходзiце! Вы зайшлi калi-небудзь да мяне перад тым, як iсьцi туды? Не! Цяпер насьмiхаецеся, што я дрыжу. I калi гаварыць тут праўду перашкаджаеце працаваць мне - вы!
Дырэктар, раззлаваны, падняўся з крэсла i пачаў бегаць па сваiм габiнэце. Ад таго, што габiнэт быў занадта малым, усяго некалькi крокаў удоўжкi, дырэктар часта павяртаўся i выглядала, што ён топчыцца на месцы, натыкаючыся то на адну, то на другую сьцяну.
Сакратар партарганiзацыi спакойна назiраў за iм.
- Адно тое, што памiж намi няма паразуменьня, ужо пагражае нам абаiм. Прашу зразумець гэта. Што-ж тычыцца вашага закiду, скажу - я, як мага абараняю нашую ўстанову там! Прапаную - працаваць разам, пановаму.
Сакратар працягнуў руку Мэльцару. Той падаў сваю, i гутарка памiж iмi была ўжо больш лагоднай.
- Маю колькi канкрэтных прапановаў. Абавязкава - выкладаць пабеларуску! Чаму гэта важна? Наш шэф абвiнавачвае нас за нацыяналiстычныя настроi сярод нашай моладзi. Каб такiх настрояў ня было, мы павiнны задаволiць законныя нацыянальныя запатрабаваньнi беларускай моладзi. Мы працуем у больш складаных умовах, чым нашы расейскiя таварышы, дзе нацыянальнага пытаньня фактычна не iснуе. Далей - нашае, так сказаць, пагранiчнае палажэньне! Мы ў падсуседзях у капiталiстычнага сьвету. Гэты сьвет заўсёды будзе правакаваць, уплываць на нас i шкодзiць нам. Не забывайма Польшчы. Мы працуем там, у Заходняй Беларусi, i што тычыцца беларускага пытаньня мы мусiм быць у гэтым сэньсе прыкладам для нашых заходнiх братоў, прыцягальнай сiлай!
Сакратар партарганiзацыi на момант спынiўся i, пазiраючы ў вочы дырэктару, дадаў:
- Таварыш дырэктар, давайце працаваць так, каб у нас ня было нiводнага арыштаванага!
- Згода, калi гэта будзе залежыць толькi ад нас.
Дырэктар быў нямала зьдзiўлены хлапецкай наiўнасьцяй сакратара партарганiзацыi.
17
Неверагоднае бывае верагодным. Ёсьць людзi, якiя мала, а то й зусiм ня турбуюцца за свой лёс, iдуць наўпрасткi, куды iх вядзе iхнае хаценьне, i толькi дзiву даешся, як выносiць iх нейкая няведамая сiла з самых неверагодных абставiнаў. Гэта заюшаныя людзi, i можа найшчасьлiвейшыя ў сьвеце. Здаецца, што не яны самi аб сабе дбаюць, а нехта iншы вядзе iх, i яны праходзяць роўна гэтулькi, колькi iм адведзена. Падобных людзей нагадваў сабою i Раман Корзюк. Iдучы ў Польшчу, Корзюк ведаў, што ён не застанецца там, але ўсё-ткi йшоў, як-бы яго хто пхаў туды. Прывёўшы сям'ю ў Польшчу, ён лiчыў, што сваё заданьне ён выканаў, i, такiм парадкам, пачуваў сябе свабодным. Сям'я яго ўжо больш ня зьвязвала. I Корзюк захацеў, - ня вырашыў, а захацеў - пайсьцi назад. Гэтае хаценьне было нагэтулькi вялiкае, што нават аднае лiшняе гадзiны ён не хацеў заставацца ў Польшчы. Ён, канешне, i ня думаў складаць нейкую ахвяру на аўтар Польшчы, як таго дамагаўся польскi чын. Сваёй ахвярнасьцяй Корзюк не хацеў здабываць сабе ласкi. Польскi чын спадабаўся яму сваёй высокай iдэйнасьцяй, але ён-жа стаўся i вялiкiм дакорам для яго. Калi высокi польскi чын загаварыў аб гераiзме польскiх сыноў i дачок, якiя зьвеку гатовыя ахвяраваць сабой, каб толькi жыла iхная бацькаўшчына, Корзюка ашаламiла раптоўная думка: ён здраднiк свае радзiмы. Польскi чын, здавалася, хацеў i падказаць Раману гэткую думку, i не зрабiў гэтага толькi дзеля далiкатнасьцi. Нiколi раней Раману i ў голаў ня прыходзiла думка, што перабегчы - значыць, здрадзiць. Раман баяўся гэтага слова. Ён ня шукаў тут для сябе ратунку, ён ратаваў толькi iншых. А цяпер выходзiць, што ён уцёк, пабаяўся небясьпекi, уцёк дзеля сваёй собскай выгады, таму толькi, што яго абвiнавачваюць у нейкай кантррэвалюцыi, у прыналежнасьцi да арганiзацыi, аб iснаваньнi якой ён даведаўся толькi ад сьледчага. Не пасьпелi яму паказаць недарэчныя наганы, як ён адчуў сябе вiнаватым, злоўленым, пабаяўся арышту, паддаўся Кандраценю, пакiнуў навуку, пакiнуў усё, каб толькi зьберагчыся. Якi-ж ён кулак i дзе ягоная кулацкая шырыня, якой ён хвалiўся перад самiм сабою? Сабака, i той не пакiдае свае будкi, здыхае на двары гаспадара, а ня йдзе. А я пайшоў, схаваўся. Студэнт, называецца! Тое "пане студэньце", з якiм падкрэсьлена ветлiва зьвяртаўся да яго польскi чын, набыло цяпер для Рамана сэнс напамiнку пра абавязкi студэнта. Якi-ж я студэнт? Студэнт - гэта iдэальнае слова. Я плямлю яго. Студэнт i перабежчык-здраднiк у ваднэй асобе ня могуць зьмясьцiцца. Студэнт - гэта ўсё-ткi сымбаль рэвалюцыйнасьцi, а ня толькi аднэй панскай далiкатнасьцi. Студэнт - гэта Сiбiр, i Сiбiру сапраўдныя студэнты нiколi не баялiся.
Раману пашчасьцiла. Польскiя ўлады абыйшлiся з iм добра - адпусьцiлi яго. Нават паклапацiлiся аб тым, каб ён ня трапiў у рукi сваiм, перакiнулi ў Латвiю, каб ужо адтуль выпхнуць на ўсход. Чаму палякi абралi для яго такi шлях, Раману невядома было. Праваднiк-жа казаў, што летувiская гранiца сьцеражэцца ня так пiльна, летувiсы не бягуць у Савецкi саюз так, як бягуць беларусы з Польшчы. Дык для Раманавай бясьпекi i было вырашана пераходзiць мяжу там. Рамана ўсё-ткi зьдзiўляла, чаму так прыхiльна паставiлiся да яго палякi? Але й на гэтае Раманава недаўменьне даў адказ на дзiва гаваркi праваднiк, - Раман, мусiць, спадабаўся палякам, казаў ён, i яны спадзяюцца мець у яго асобе свайго чалавека за кардонам.
- Польская дэфэнзыва, пане мой, нiчым ня кiдаецца, - закончыў ён, сьмяючыся. - Можа калi й пан спатрэбiцца нам.
Перажыў Раман i часiну сьмяротнага страху. Быў адзiн мамэнт, калi Раман падумаў, што праваднiк-паляк хоча з iм раськвiтацца. Патое, думаў ён, палякi й выдумалi такую вандроўку.
Зьлезьлi ноччу з цягнiка недзе на глухiм паўстанку. Да гранiцы, як казаў праваднiк, заставалася яшчэ з пару кiлямэтраў. Трэба было прайсьцi дужа камянiстую, глухую i дзiкую мясцовасьць. Нiякiх сялiбаў нiдзе ня было. Iшлi не гамонячы. Неўзабаве наткнулiся на нейкую будынiну. Зайшлi. Сьвятла ня было. Паляк прывiтаўся палетувiску. Яму адказала на гэтай-жа мове жанчына, па голасу - маладая. Раман нiчога ня мог разгледзець у цямрынi, застаючыся стаяць ля парогу. Пасьля кароткай гаворкi, жанчына затупацела, i хутка ў кутку засьвяцiлася газоўка. Раман аж аслупянеў: насупраць сябе ён пабачыў не жанчыну, а падлетка гадоў чатырнаццацi. Гэта так няпрыемна ўразiла Рамана, што яму ўсё здалося тут падазроным, няпэўным i небясьпечным. Агледзеўшыся, Раман заўважыў, што ў хаце няма нiводнага вакна, цi можа яму так здалося. У кажным разе адчуваньне было - быццам ты ў падвале. Праваднiк сiгнуў наперад i сеў за маленькi столiк, запрасiўшы й Рамана.
- Падай гарэлкi! - зьвярнуўся праваднiк да падлетка ўжо папольску. Хочацца трохi выпiць.
Пiў паляк ня "трохi", а куляў чарку за чаркай, змушаючы пiць i Рамана. Але Раман адмаўляўся.
- Пi, кажу, усё роўна плацiць будзеш ты!
Раман не садзiўся, стаяў на сваiм месцы.
- Ня хочаш - ня трэба! Часу ў нас няма, - i паляк падняўся, коўтнуўшы напасьледак яшчэ адну чарчыну. - Зыгмундзiк, дай пляшку на дарогу!
"Зыгмундзiк" паставiў пляшку на стол.
- Ну, плацi, браце! Ня так-жа я цябе вяду! Колькi каштуе?
"Зыгмундзiк" сказаў.
Раман выняў з кiшанi сваё партманэ i заплацiў злотымi.
Выйшлi.
- Я бачу ў пана досыць ладна грошай. Не пашкадавалi табе, - азваўся сур'ёзна, зусiм пацьвярозаму праваднiк, як-бы гарэлкi й ня нюхаў.
Рамана скалынула. "Прывёў сюды, каб ня весьцi далей".
- Пану злотыя больш не патрэбныя. Праз гадзiну пан будзе на тым баку.
Раману адлягло. Ранейшая думка яму здалася сьмешнай, ён нават засаромiўся свайго страху перад палякам. Аддаў усе грошы, якiя ў яго былi - i польскiя i савецкiя.
- Савецкiя грошы хай пан трымае сабе на дарогу. Яны мне нi да чога. Я ведаў, што ў пана яны ёсьць.
Навобмацак ён адзьдзялiў савецкiя грошы ад польскiх.
Калi паляк здаваў Рамана iншай асобе, недзе зусiм блiзка пракрычэлi пеўнi.
- Гэта на панськiм баку. Пан, можна сказаць, як дома, - азваўся лагодна паляк. - I ехалi i йшлi сюды далёка так, каб пан цэлы быў i ў рукi не папаўся.
Аднэй сваёй рукой паляк узяў Рамана за плячо, другой, выцягнутай, паказваў:
- Вунь, бачыш агеньчык, што ледзьве колiць цямрыню, гэта хата пана Якуба, на тым баку ўжо. Як зойдзеце да яго, скажаце: "Вiтаньне, пане Якубе", i пан Якуб адвядзе пана на самую станцыю. Яшчэ й на Менскi цягнiк пасадзiць, як пан не пашкадуе савецкай паперчыны.
На гэтым паляк ветлiва разьвiтаўся з Раманам, i новы чалавек павёў яго проста на агеньчык хаткi "пана Якуба". Праз колькi маўклiвых i цiхiх хвiлiн яны былi ўжо ў "пана Якуба", - Раман гэтак i не заўважыў, дзе й калi была пярэйдзена iмi гранiца. Перакiнуўшыся колькiмi словамi з "панам Якубам", Раманаў праваднiк вярнуўся назад.
Калi Раман перадаў палякова "вiтаньне, пане Якубе", пан Якуб усьмiхнуўся i толькi сказаў: "Шэльма ён". Корзюк прабыў у "пана Якуба" гадзiны паўтары. "Пан Якуб" пачаставаў яго гарбатай з ромам i сказаў, што ён можа яшчэ здрымнуць да цягнiка. Стомленасьц, атупеласьць i абыякавасьць да ўсяго сьцiшылi Рамана i, седзячы за сталом, ён пачаў дзюбаць носам. Да чыгункi было тры кiлямэтры, i яны пасьпяшалiся.
Сваёй зямлi Раман цяперака баяўся. Яму здалося, што ён быў недзе шмат гадоў i глядзiць на свой край як-бы ўпяршыню, з трывогай i ўтрапеньнем на душы. Вакзал - невялiкая будынiна - глядзеў на Рамана няветлiва i запытальна.
У касу за бiлетамi стаяла колькi чалавек. У чаргу стаў i Раман. Адчынiлася вакенца, нешта сказаў касiр i вакенца зачынiлася. Незадаваленьне прайшло па людзёх. Праз якiх дзесяць хвiлiн вакенца зноў адчынiлася i пачаўся продаж бiлетаў. Зьявiўся аднекуль нi то ў форме НКВД, нi то ў форме пагранiчнiка чалавек i стаў каля саменькай касы, аблакацiўшыся на балясы. Ён аглядаў вачыма кожнага, хто адыходзiўся з бiлетам ад касы. Корзюк паволi прасоўваўся да вакна. "Пан Якуб" стаяў воддаль. "А можа гэта ён i выклiкаў яго сюды?" Раман нi разу не зiрнуў у бок чалавека ў форме, хоць яму i здавалася, што той назiрае за iм. "Гэта добра, што ў мяне саматканы пiджак". Ад напружаньня скура на iм аж шорхла. Нарэшце, ён падыйшоў да вакенца. Грошы ён не падрыхтаваў, як гэта рабiлi iншыя, i калi яму трэба было плацiць, ён пасьпешна i нязграбна пачаў вынiмаць iх з партманэ. Невядома якiм парадкам, зашалясьцела з партманэ на падлогу новенькая паперка польскiх злотых. Вiдаць, у свой час яе не намацаў праваднiк, i яна засталася ў Рамана. Чалавек у форме хацеў быў падняць яе, але Корзюк папярэдзiў яго i паклаў польскiя грошы ў партманэ.
Прыйшоў цягнiк. "Якуб" кiўнуў Раману на разьвiтаньне галавой. У вагоне, у якiм апынуўся Корзюк, было пуста, толькi ў вадным купэ сядзелi, як на выгляд, два службоўцы з партфэлямi на каленях i аб нечым заўзята спрачалiся. Корзюк сеў у наступным ад iх купэ, ля вакна i адразу пачаў углядацца ў азызлыя прасторы, што паўставалi з ранiшняга паўзмроку i беглi назад, выгiнаючыся перад вачыма талеркай i як быццам прысядаючы. Гэта паглынула Корзюка: нiколi раней ён не назiраў такога. Цягнiк набiраў хуткасьць, ён бег на ўсю сваю моц, i дрэвы, што паказвалiся на воддалi, здавалася, сьпяшалiся кiнуцца яму ў вочы, каб ён iх запомнiў назаўсёды. Аб тым, дзе ён быў, Раману не хацелася думаць, яму цяпер не падабалiся такiя думкi, дый цяпер яму здавалася, што ён ня быў нiдзе наагул. Тых колькi дзён, якiх яго ня было на гэтай зямлi, ён ня лiчыў, яны здавалiся яму нечым нерэальным. Корзюк хацеў думаць, што яго ня было зусiм, што ён не iснаваў, быў дзесьцi па-за часам, як-бы ў iншай палавiне сьвету, адзьдзеленай мутнай, нявiдочнай пялёнкай. Ды ў падсьведамасьцi Корзюк чуў, што гэта ня так, што ён усё-ткi быў дзесьцi i толькi хоча сябе падманiць, што нiдзе ня быў. Корзюк хаваўся i ашукваў сябе, каб адмахнуцца ад таго, што засталося ззаду i сустрэцца, па магчымасьцi бяз болю, з тым, што наперадзе.
Корзюк цалкам ачнуўся, калi перад iм пачаў паказвацца Менск, перш за ўсё знаёмы яму Дом ураду. Толькi цяпер Корзюк рэальна ацанiў, хто ён, што з iм. У сэрцы азвалася пякучаю ранай трывога, Раман хацеў, каб цягнiк вёз яго ўвесь час, не сьпяшаючыся, мiма гораду, далей ад усяго. Але цягнiк, абагнаўшы горад, яшчэ з большай, здавалася, пасьпешнасьцяй, з грукатам, з лязгам, з iмпэтам кiраваўся на вакзал, што ўжо чакаў яго i гатовы быў прыняць у свае абдымкi.
18
З менскага вакзалу Раман Корзюк ня ведаў куды яму пайсьцi: на кватэру цi шукаць Камоцкую. Пакуль ён быў яшчэ ў цягнiку, ён ведаў, што ён некуды едзе, што ў яго ёсьць месца й напрамак, а калi зьлез нiчога з гэтага не засталося: на гэтым вакзале ён апынуўся, як на канцовай станцыi, адкуль цягнiкi нiкуды ня йдуць, ды й калi-б iшлi, на iх ужо ня сядзеш. Ён ужо прыехаў i нiякiх iншых дарог у яго няма. Ён пачуўся адзiнокiм ня толькi на гэтым вакзале, а й адзiнокiм наогул. Ён думаў, што дзе-як-дзе, а ў Менску яго ссодзяць, возьмуць i павядуць, i гэта ўжо будзе нейкай дарогай. Але такога ня сталася. Раман не заўважыў, як апусьцела платформа, i на ёй зьявiўся ўжо невядома кiм прывезены багаж i кiнуты, вiдаць, для наступнага цягнiка. У Корзюка ня было цяпер нiякага абавязку, яму ня было да чаго прыкласьцi рук, ён быў пакiнутым, як той багаж, з тэй толькi розьнiцай, што багаж некуды паедзе, а ён застанецца тут. Калi-б ён нават лёг плашмя на гэтай плятформе, дык i тады яго напэўна, абыходзiлi-б, каб не спаткнуцца, не зачапiцца за яго. Яму здавалася, што нехта глумiцца над iм, зьдзекуецца з яго, даўшы яму такую поўную свабоду. Раман разглядаўся - нiчога ня было такога, што сьведычыла-б аб нейкiх зьменах i што пагражала-б яму. Менск ня быў цяпер блiзкiм, родным горадам для яго, не акрыляў, быў пустым, як гняздо бяз птушак. Калiсьцi Менск прыймаў яго, як i бацькоўскi хутар - аднолькава шчыра. I дзе-б ня жыў - на хутары цi ў Менску гэтыя два месцы былi ў яго, як адно месца. Такога месца цяпер ня было ў яго. Раману хацелася крыкнуць гэтаму менскаму вакзалу: "Дык што-ж ты, д'ябла, не прыкмячаеш мяне? Хiба-ж я прыехаў не для цябе?" Нейкi чыгуначнiк зiрнуў на яго, i Раман падумаў, можа ён i сапраўды сказаў гэтыя словы ўголас.
Выйшаў на Прывакзальную плошчу, дзе людзей было болей. Iм апанаваў такi настрой, што калi-б была тут трыбуна, ён узьлез-бы на яе i, ўзьняўшыся высока над плошчай, кiнуў-бы адно толькi слова ў натоўп, i ад таго слова, пабачыўшы яго, пайшла-б за iм уся плошча з сваiм манумэнтам. I тады ня трэба было-б зварачаць на сябе ўвагу, кожны яго прыкмецiў-бы, здагадаўся-б, адкуль ён, хто ён такi i чаго ён хоча. Але, сквiлячы на завароце, прыйшоў на плошчу трамвай i забраў людзей, агалiўшы яе. На ёй нiкога не засталося, i ня было да каго гаварыць прамовы.
Раман Корзюк павярнуў на вулiцу Бухарына. Пачалася iмжа, пацямнела, дзень скончыўся раптам, асеў у шэрай восеньскай муцi. Калi Раман выбраўся на Савецкую, як па камандзе там запалiлiся лямпачкi, але вулiцу не асьвяцiлi, а надалi ёй фантастычны казачны выгляд, Закалыхалiся ценi, ад слабога току лямпачкi гарэлi жоўтым агнём i па колеру нагадвалi надзьмутых, як ад холаду птушанят. Вось направа будынак НКВД. З ягонага падвалу тхнула на Рамана нейкай смачнай ежай - нi то яешняй, нi то шмальцам. Ад гэтага пахнага смуроду закружылася галава, страшэнна захацелася есьцi. У вачох плыў сiнi куродым, як у нядзелю, калi мацi пякла блiны. З дзьвярэй, кружачы iх, выходзiлi людзi ў ваенным. З-за вугла вынырнуў чырвонаармеец з вiнтоўкай. Ня глянуўшы на яго, Раман пасьпяшаўся па Савецкай у напрамку да Дому ўраду. Вось той i Дом ураду. Ён тануў, як вялiзарны карабель з запаленымi агнямi ў шэрым, мутным вокнiшчы васеньняга надвячорку. Насупраць Дому ўраду, асьветлены iм, маўклiва, як вiнаваты, прысядаў да зямлi Галоўны корпус Унiвэрсытэцкага гарадка. Раман украдкам зiрнуў на яго, адным толькi вокам, i пайшоў, не сьпяшаючыся, мiма дзявочага манастыра, мiма дому, дзе жыве Цыпiна, мiма ўсяго яму знаёмага, як-бы выпраўляючыся ў вялiкую i новую для яго дарогу.
Не, ён не пайшоў на сваю кватэру. Вярнуўся назад. У сэрцы вырасла iмгненна пастанова... Вось ён у манастыры. Нiкуды ня дзенешся ад дажджу. Валя хуценька апранаецца i ён iмчыць з ёю ўсё-ткi на сваю кватэру праз дождж i iмглу. Валя дае яму цёплы, сухi свiтар. Гладзiць яму шчокi. Яму гэтак прыемна, што Валiны пальцы дакранаюцца да яго i выклiкаюць цiхую буру пачуцьцяў. Валя бярэ яго за падбародавiч, прыўзьнiмае галаву i, сьмяючыся, пытаецца, чаго яму не стае. Зьнiзу глядзяць на яго яе вочы i зацьвiтаюць сiньню. Ён адказвае, што яму цяпер добра, утульна й ня холадна. Просiць яе маўчаць. Ён кладзе сваю галаву на ейныя далонi i заплюшчанымi вачыма бачыць Валю такой, якой ён яшчэ яе нiколi ня бачыў - добрай. Яны слухаюць, як сячэ дождж вокны. Дармо - ён не дастае iх.
Раман Корзюк стаў пад сьцяной манастыра i цiхенька стукаў, выклiкаючы даўнiм спосабам Валю. Ён стукае там, дзе стаiць ля сьцяны ейны ложак. Бывала, толькi чыркне па сьцяне пазногцем i Валя ўжо прачынаецца. Але нiхто не адгукаецца. Ён пастаяў з хвiлiнку i, адубелы, пайшоў прэч. Цяпер ён не сьпяшаўся, iшоў паволi, не зважаючы на дождж. Дайшоў да свае кватэры адзiнага свайго кутка, якi яшчэ мог яго прыняць.
Гаспадыня сустрэла Рамана з усёй шчырасьцяй i сардэчнасьцяй, хоць, вiдаць было, ужо й не чакала яго. Дала яму сухое пераадзецца. Напаiла гарбатай з мёдам i ўлажыла спаць, накрыўшы цяжкою ватняю коўдрай. Ужо ў ложку Раман пачуў, як цiкаў на стале ягоны гадзiньнiк, якi ён забыў колькi дзён таму, пакiдаючы з Кандраценем хату. Гаспадыня накручвала яго кожны дзень, каб ня спыняўся, а йшоў i чакаў свайго гаспадара. Рамана гэта вельмi ўзрушыла - ён адчуў шчырасьць, любасьць чужога яму чалавека.
Рамана абыймаў сон, ён ужо быў заснуў, але ў падсьвядомасьцi, у нейкай затоенай шчылiне душы, азвалася неакрэсьленая, але трывожная думка й прыпынiла той сон. Раман заплюшчваў вочы, але заснуць ужо ня мог i, каб ня мучыцца, устаў i запалiў сьвятло. Яму здалося - нехта грукнуў у дзьверы. Раман прыслухаўся - той самы лёгкi стук яшчэ. Корзюк падыйшоў да дзьвярэй, але ня ведаў, цi адчыняць iх. Далiкатнае, але настойлiвае стуканьне ўзнавiлася. Нерашучасьць, з якой нехта хацеў зайсьцi да яго заiнтрыгавала Рамана i ён адчынiў дзьверы - увомiрг, хутка, лёгка ўкацiўся Генадзi Кандраценя i адразу да Рамана:
- Прыбег ужо?
Раман зачынiў за Кандраценем дзьверы i стаў воддаль яго.
- Чаго ты ўталопiўся й глядзiш? Прыбег, пытаюся?
Раман толькi акiнуў вачыма Кандраценю.
- Г-м-м... Ня хочаш гаварыць. Запанеў цi што, пабыўшы ў Польшчы?
Кандраценя ўсьмiхнуўся, гледзячы на Рамана, але ягоная ўсьмешка адразу-ж пахаладзела ад Раманавай маўклiнi i насупленасьцi.
- Мусiць, не ўдалося цi што якое? - асьцярожна ўшчынаў Кандраценя гаворку зноў. - Бацькi-ж, я думаю, засталiся там? Ты толькi сам? Нiхто не падстрэлены i ўсе жывы? Ну, расказвай-жа, як усё было?!
Раман прыплюшчаным вокам акiнуў Кандраценю, але той ня прыкмецiў гэтага i гаварыў далей:
- Можа якая-кольвечы дапамога патрэбна табе цяпер?
Раман ўсё маўчаў.
- Ромусь, ты што-ж? Крыўду на мяне маеш якую? А мо думаеш, што нельга памагчы тваёй бядзе? Мне ўсё тут ясна. Ведаеш, што - махнi на Дальнi Васток, i ўсёй нацдэмаўшчыне будзе канец! Думаеш, я ня ведаю, што яны табе шыюць? Го, дзядзька твой ня дурны! Усё бачыць! У нас-жа, на нашай бацькаўшчыне, заўсёды так: як бяда - уцякай! Паў-Беларусi зьбегла ўжо! Хто на захад, а хто на ўсход. I шукаць нiхто ня будзе цябе! Усё гэта - блеф, як вы, кнiжнiкi, сказалi-б. Шмат гаварыць табе не хачу. Ты можа ня бачыш сваiм дурным розумам, куды яны заганяюць цябе, як зайца? У якую пастку? Ты думаў, ты сам бег у Польшчу? Трасцы! Яны загналi цябе туды! Ты думаеш, што ты прыбег адтуль сам? Не! Усё тыя-ж самыя сiлы выпхнулi цябе i адтуль! Бачыш, якая твая самастойнасьць? Ты толькi паслухмяны струмант у iхных руках! Яны дзьмуць у тваю чулую душу, i ты плывеш на iхным ветразi туды, куды яны хочаць, куды iм трэба. Вось у чым, браце, твая трагедыя! Ты думаеш можа, што твой бацька i сапраўды забiў сакратара? Усё гэта патрэбна было iм, а ня бацьку твайму! Пашто гэта было яму? Прост яны абралi вас, як трагiчных людзёў.
- I ты памагаў iм у гэтым? - кiнуў сваё слова Корзюк i падыйшоў блiжэй да Кандраценi.
- Толькi ня бiся, Ромусь! - памагаў!
- Дык хто-ж ты тады?
- Вось i бачу, што ты не зразумеў. Сядайма лепей! Я старэйшы за цябе i табе трэба вучыцца ад мяне. У цябе цяпер няма тут бацькоў i нiкога!
Раман i Кандраценя селi за стол, за якiм яны некалi сядзелi i раней. Як i ў тую ноч, калi яны выходзiлi з хаты i накiроўвалiся на хутар Баранкевiча, Кандраценя папрасiў Корзюка згасiць сьвятло i цяпер.
У садзе шумелi голыя дрэвы i гольле iх зачапляла страху над Раманавым пакоем. Усхадзiўся вецер. I было трывожна.
- Дык вось як яно ўсё. Хутка разыграецца ня гэткае i ты, Ромусь, мусiш быць гатовым. Не давайся ў рукi тым, хто цябе хоча закласьцi, як барана на ўрачыстасьць. З цябе будзе добрая ахвяра. Але iм трэба шмат такiх ахвяраў, як ты. I яны знойдуць, набяруць памiж вас такiх, як ты. Пабачыш - за адну ноч нахапаюць. Дык я й прыйшоў цябе папярэдзiць, а не за душой тваёй, як ты можа думаеш. Вось i разьбярыся, каму i як я памагаю. Я табе ня дзядзька, але лепш, як дзядзька. Шкадую цябе дзеля тваiх бацькоў, з якiмi я зьвязаны ня толькi дружбай. Але гэта iншая стацьця. Ня ўсё табе, бачу, тут ясна, дый ня трэба. Адно кажу - едзь! Кiруй свае ветразi ў iншы бок! Хай нiхто ня дзьме ў iх! Дзьмi сам!
- Добра табе гаварыць.
- Але я гавару праўду. Каб цябе тут больш нiчога ня трымала, скажу табе яшчэ адно: твая паненка ўжо ў НКВД. Не ўбярог. Дабранач. Мне трэба йсьцi.
Раман Корзюк не затрымлiваў яго.
19
А ранiца выдарылася сонечная, як рэдка ў Менску ў лiстападзе. Раман упяршыню за колькi дзён добра выспаўся, але з ложку не ўставаў: яму было прыемна ляжаць i быць задаволеным сваiм ляжаньнем. У вадно акно сьвяцiла сонца, у другiм - быў вiдзён сад. На старой грушы яшчэ трымалася лiсьцё, жаўрэла ў ранiшнiм сонцы i зглела. Было суха, звонка, ясна, i Раман падумаў, што вярнулiся кастрычнiцкiя, павасеньняму халодныя, налiтыя яблыкамi ранiцы, такiя прыгожыя на ўскраiнах Менску! Адчуваньне было такое, быццам Раман дома, на хутары. Бацька й мацi працуюць дзесьцi на полi, а яго ня будзяць, даюць яму выгаду, як гасьцю, што прыехаў дахаты толькi на кароткi час. На стале чакае яго пад абрусам смачнае сьнеданьне, згатаванае мацi, - напэўна, яечня. Раману, даросламу, сорамна заставацца аднаму ў хаце, калi ўсе працуюць. Нават сястрычка, i тая разам з бацькамi пяклуецца. Але сьвята ў душы ад гэтага ня сьцiраецца. Душа - як прыгожа прыбраная сьвятлiца: дзiвiцца ўсяму ў цiшынi сваёй, расьце, дужэе, сама сабе спавядаецца.
Пастукалася гаспадыня i прынесла гарбату. Была ўжо дзевятая гадзiна ранiцы. Пасьля гарбаты Раман адразу-ж пачаў зьбiрацца ў iнстытут. А куды-ж больш? Падаўся ў навуку, значыць i трымайся яе, iдзi напралом! Вучыся сам, а потым вучы! I ў першую чаргу - дзяцей. Бо-ж будаўнiцтва бацькаўшчыны пачынаецца з дзяцей. Як доктар прышчапляе воспу, гэтак ён будзе прышчапляць iм бацькаўшчыну. (Iдэя бацькаўшчыны засела ў яго галаве з часу ягонай гутаркi з высокiм польскiм чынам.) Прышчапляць на векi вечныя! Усё гэта ён, мусiць, вычытаў у Лёсiка. Тым-жа часам трэба йсьцi на заняткi, а не ўцякаць "на Дальнi Васток". На ганку яго затрымала гаспадыня й запыталася, калi ён вернецца. Корзюк адказаў, што бавiцца нiдзе ня будзе. Прайшоў цiхiя вулiчкi, мiнуў Берасьцейскi i стаў на трамвайным спынку. Сеў на трамвай i праз колькi хвiлiн зьлез насупраць кватэры Цыпiнай, ля самага манастыра. Калi ён, бывала, сыходзiў тут а восьмай, дзяўчаты якраз у гэтым часе выходзiлi з свае рэзыдэнцыi i ён iшоў з iмi разам, але сёньня яны пайшлi ўжо i ён ня сустрэне iх тут.
Раман яшчэ ня вырашыў, цi йсьцi яму перш да дырэктара цi адразу на заняткi. I калi пайсьцi да дырэктара - што яму сказаць? Пра гэта Корзюк, як зьбiраўся на заняткi, не падумаў, а цяпер гэтае пытаньне налезла на яго гвалтам, узьняло ў iм зноў неспакойную сiлу. Ад ранейшага настрою i ценю не засталося. Дзень пачаў граць сваю драму i ўжо ўцягнуў у яе Корзюка, як чулага i ўразьлiвага актора.
"Не могу-ж я цярпець такога палажэньня бясконца! Канешне, пайду й скажу ўсю праўду! Нелегальна сядзець у клясе ня буду! Гэта было-б сьмешна! Мала што можа быць..."
З гэтым Корзюк падаўся да дырэктара. Сакратарка прыняла яго ветлiва. Папрасiла пачакаць, пакуль яна павядомiць дырэктара аб iм. З ейных вачэй Раман вычытаў, быццам яна яго доўга чакала i цяпер абрадвалася, што ён прыйшоў.
- Заходзьце! - запрашала Рамана сакратарка, выйшаўшы ад дырэктара, у якога яна прабыла можа з пяць хвiлiн.
- Ну, што вы нам скажаце, таварыш Корзюк?
- Можна мне пайсьцi на заняткi?
- Чаму-ж не? Вы ня звольненыя! Вы такi-ж у нас студэнт, як i ўсе iншыя! Тое, што мы вас пакрытыкавалi, яшчэ нiчога ня значыць - лес сякуць, трэскi ляцяць. Канешне, iдзiце, iдзiце на заняткi! Наведвайце рэгулярна заняткi! Прашу не прапушчаць! Здавайце экзамены, якiя вы яшчэ ня здалi. Адным словам, вучэцеся!
I спынiўшыся на сэкунду:
- Можа маеце якую спэцыяльную просьбу, патрэбу?
- Не, дзякую.
- Значыць усё ў парадку. Можаце йсьцi.
Раман не чакаў такога i быў зусiм раззброены. Да "прызнаньня" не дайшло. Што-ж гэта такое? Няўжо ён нiчога ня ведае? Быць ня можа! Такi ветлiвы, лагодны. Ах, трасцы! Ведаў-бы, не пайшоў-бы. Нешта занадта паслухмяным i пакорлiвым стаў я. Вось-жа, паказаў сваю дурноту! Канешне, усё ён ведае, толькi прыкiдваецца.
З затоеным дыханьнем i з страхам чакаў канца лекцыi на сваiм курсе. Дзьверы ў аўдыторыю былi зачыненыя. Як гэта яго сустрэнуць? Пэўна, першым выскачыць з аўдыторыi Пелагейчык i пабяжыць наверх у буфэт, каб стаць у чаргу за малаком i булачкай. Такая ненажэра! I грошы ёсьць скульсьцi. Падыйдзе да буфэту i доўга будзе цмокаць-плямкаць губамi, пакуль ня купiць i не пачне есьцi. А буфэтчыца, каб трымаць у памяцi колькi i каму яна мусiць даць рэшты, будзе ўсё паўтараць для сябе самой тую рэшту i налiваць малако ў шклянкi i падаваць булачкi. Нялёгкая праца буфэтчыцы! Студэнты празвалi яе "Семь копеек": у ейным вымаўленьнi слова "сем", "м" выходзiла дужа мяккiм. Нiхто з студэнтаў-беларусаў ня ўмеў вымавiць гэтае "м" так, як яна. Адсюль i пайшло прозьвiшча "Семь копеек".
За Пелагейчыкам высьлiзьне Дзiчкоўская, стане ля вакна i сваiмi гарачымi вачыма прапячэ наскрозь кожнага, хто пройдзе па карыдоры паўз яе. А калi будзе iсьцi дацэнт Аляхновiч, яна абавязкава спынiць яго i папросiць у яго прыкурыць, каб толькi пачаць з iм гутарку.
Затым выйдуць усе разам Шкляр, Голдзiна i Аўсеева i табунком стануць пасярэдзiне карыдору, размаўляючы памiж сабой, сьмяючыся i мякка размахваючы рукамi.
Высунецца Шарамецьцеў - высокi, як жэрдзь, трохi сарамлiвы i цiхi юнак, зiрнець паўзверх галоваў i ўсьмiхнецца: значыць, пра нешта цiкавае падумаў. От, такая прастэча!
Тады лёгкай хадой выкацiцца Шынкевiч i будзе з кажным нюхацца: яму гэта патрэбна для свайго дзёньнiка, пад назовам "Хто чым дыша".
Маяком пакажыцца двуаблiчны Янус - "iнтэлiгент" Яначкiн, як яго празвалi студэнты. Ён не гаворыць пабеларуску i ня любiць гэтай мовы. Кожнае слова, непадобнае на расейскае, называе "нацдэмаўскiм" або "польскiм".
Шыракоў i Цыпiна будуць сядзець i есьцi свае бутэрброды, дамаўляючыся, у якое кiно яны пойдуць увечары. Яны ня выйдуць на карыдор.
Лагоўская ня выйдзе таксама - яна будзе вучыцца.
А ад Камоцкай усяго можна чакаць: або яна сядзiць за адным сталом з Ларысай i гаворыць з ёй, як з сястрой, або глядзiць у вакно, каб нi з кiм не гаварыць. Так цi iнакш - ня выйдзе на карыдор.
Сьцяпан Мялешка абавязкава выйдзе: яму трэба пабачыць дырэктара або таварыша сакратара партарганiзацыi.
"Цiкава, як i хто сустрэне мяне? Стану ля вакна насупраць дзьвярэй i буду ў кожнага ўглядацца. От, зраблю нешта накшталт апытальнiка".
Званок. Найбольш сягоньня энэргiчны - як на пажар цi на надзвычайны сход.
Зьнiзу, напэўна з падвалу, азвалiся духавыя трубы, - дзьмулi голосна i прарэзьлiва, ажно рвалi поветра: заўтра-ж Кастрычнiк, аркестра рыхтуецца да выступленьня i да ўдзелу ў сьвяточнай дэманстрацыi.
Нарэшце, рашчынiлiся абедзьве палавiны дзьвярэй.
Прайшоў Пелагейчык паходкай хлапчука, закружыўся на месцы, убачыўшы мяне, але выраўнаўся i пайшоў. Думаеце, гэта лёгка высьлiзнуцца з-пад вачэй?
Мялешка ажно спужаўся, угледзеўшы мяне тут: хто як хто, а ён думаў, што мяне ўжо няма. Пайшоў заклапочаны.
Шынкевiч нюхаўся з усiмi, а мяне - рабiў выгляд - не прыкмячае.
Двуаблiчны Янус - "iнтэлiгент" Яначкiн, пагардлiва зiрнуўшы на мяне, пачаў нешта высьвiстваць, захоплены, вiдаць, мэлёдыяй з падвалу.
Табунок (гэта значыць, Шкляр, Голдзiна i Аўсеева) памахаў мне рукой, але не падыйшоў да мяне i хутка схаваўся ў прыбiральнi.
Шарамецьцеў, пасьля некаторага ваганьня, усё-ткi падыўшоў да мяне i нясьмела падаў мне руку. Ён таксама не хацеў-бы бачыць мяне, але ўжо, угледзеўшы, ня меў сiлы адыйсьцiся: слабую меў натуру. Ня ўмеў гаварыць са мной i ня ведаў, як адыйсьцiся ад мяне. Шкада мне яго.
Нешта-ж ня вiдно Дзiчкоўскай! Няйначай, затрымалася дзесьцi. А, вось i яна! Цiсьне проста да мяне. Абедзьвюма рукамi ўхапiлася за маю працягнутую руку i, жартуючы й сьмяючыся, задам пацягнула мяне ў клясу - паказаць "рэабiлiтаванага злачынцу i ворага".
- Ну, як, братва, - прымем? - i паказвае на мяне.
Нiхто нiчога не адказваў ёй, але такая акалiчнасьць не зьбянтэжыла яе, i яна зьвярнулася да Шыракова:
- Пятро, сыйграй туш, хоць на губах, калi медзi няма!
Пятро Шыракоў вiнавата ўсьмiхнуўся: пад сталом Цыпiна наступiла яму на нагу, каб ён ня слухаўся Дзiчкоўскай.
Iншыя, хто быў у клясе, зьдзiўлена i моўчкi пазiралi на мяне.
- Ну, ня хочаце прывiтаць чалавека, дык i ня трэба! - раззлавалася Дзiчкоўская. Яна не спадзявалася, што ў яе выйдзе так дрэнна.
- Рамашачка! (гэта яна так далiкатна ахрысьцiла мяне) сядай са мной за адным сталом i пагаворым! Бяда, браце, - Валiчкi тваёй няма, бачыш. I што гэта рабiць?
Падыйшла i Лагоўская i таксама сказала мне, што Валiчкi няма.
У аўдыторыю ўвайшоў выкладчык. Шмат хто думаў, што цяпер я выйду (можа, зайшоў сюды ў якой справе), але я ня выходжу, сяджу. "Значыць яго ня выключылi. А за што-ж сядзiць тады Валя? Ён прыйшоў во i слухае, нiчога з iм ня сталася. Яшчэ й нос задзiрае".
Лекцыi я ня слухаў. Чытаў гiсторыю пэдагогiкi Фрыдман. Як i звычайна, свае тэзы ён падмацоўваў гучным плясканьнем аднэй сваёй даланi аб другую. Рукавы ў яго былi закасаныя (ён нiколi ня прыходзiў на лекцыi ў гарнiтуры).
Валi няма. Сапраўды, гэта жудка: усе сядзяць, а яе няма. Паўзло на мяне як-бы нешта чорнае з вуглоў, абымала мяне, шаптала. Быццам рэха Валiнага голасу насiлася тут, абвiнавачвала мяне i дакарала. А то, як праз туман, глядзелi яе вочы, прасiлi, усьмiхалiся, зноў зьнiкалi.
На перапынку да мяне падыйшло ўжо болей сяброў. Пераканалiся, што я ўсё яшчэ студэнт. Ад Цыпiнай атрымаў "вымову з апошнiм папярэджаньнем" за тое, што высылаю лiсты (ня ёй) на ейны адрас. Ды, не зважаючы на "вымову", запрасiла мяне i Шыракова завiтаць да яе ўвечары. Але я не пайду.
20
Няма прыгажэйшых у сьвеце восеньскiх вечароў, як у Менску! Яны некуды цягнуць, вабяць. Халодна-звонкае паветра кружыць тваю галаву i ты ступаеш, узвышаючыся i вырастаючы, быццам не датыкаешся да зямлi, радасны й прыемны сабе самому. Асьветлены знутра, iдзеш як на сустрэчу, яшчэ першую ў тваiм жыцьцi, нязнаную й нязвычайную. Лёгкасьць i хараство... Заходзячы, хлiпае над узгоркам сонца, а тут, у месьце, калеюць i стынуць ужо трамвайныя рэйкi, выпростваючы свае доўгiя рукi i запрашаючы цябе. Але ты ня хочаш ехаць. Цябе маняць вунь тыя сады, голыя, павасеньняму смутныя, сьведкi твайго каханьня, одуму й рашчараваньня.
У вячэрнiм паўзмроку сады - як прывiды мiнулага, яны стаяць як за мяжою, па той бок, у краiне ўчарайшага шчасьця. I табе цяпер хочацца поглядзець на iх. Не паглядзець, а пабачыць iх. Не паглядзець, а пабыць у iх, пастаяць i прыслухацца.
Такi вечар выдаўся й сягоньня. Раман ведаў (ён нiколi не памыляўся, калi моцна чаго-небудзь хацеў, або быў узрушаны), што i сягоньня на кватэры будзе чакаць яго Генадзь Кандраценя. I Раман вырашыў тымчасам ня йсьцi нi на кватэру, нi да Цыпiнай, якая запрасiла яго на вечар. Iм апанавала рамантыка адзiнотных блуканьняў, знаёмая толькi такiм натурам, як Корзюк - бязмэтным, непасьлядоўным, чулым, хiсткiм i адначасна бязьмежна рашучым у сваёй наважнасьцi. Ня дай Божа захацець чаго-небудь такiм натурам - яны праглынуць самiх сябе i пойдуць на якую хочаш ахвяру!
Корзюка манiлi ўскраiны Менску. Вясной ён ня любiў iх. Ён любiў iх толькi ўвосень. Iнстытуцкi дзень яго стамiў i прытупiў яго пачуцьцi... Раман уцякаў ад людзей, каб паслухаць сябе самога i набрацца нейкiх асаблiвых уражаньняў-мамэнтаў, зыркiх i прарочых, ад якiх-бы яму было лягчэй у мiтусьнi й разгубленасьцi, частай у яго.
У сваiм бязмэтным руху Раман адчуў новае захмяленьне ў крывi, выраслы, ён парываўся наперад, некуды ў шырыню i ў смутна-радасную разьлегласьць вечару.
Вылузнулiся першыя, павасеньняму буйныя i чыстыя зоры. Белым сьвятлом сваiм, як знаёмыя госьцi, яны iскрыста цалавалiся ўгары iз шпiлямi касьцёлу i з адзiным залатым крыжам на царкве, што ўзвышалася недзе ў напрамку Нямецкiх могiлак. Раман пайшоў туды, на тое зьзяньне i бляск.
Ён ня раз блукаў у гэтых ваколiцах яшчэ калi працаваў на цагельнi. Вунь, палiчы, колькi iх, цагельняў, налева ўзьнялося сваiмi ненажэрнымi глоткамi-трубамi ў неба! Калiсьцi амаль кожны дзень, пасьля працы, увечары, Корзюк уцякаў з-пад гэтых труб на ўзгоркi, што разьлеглiся цяпер перад iм, i адпачываў. Але гэта ўсё ў мiнулым. На душы цяпер зусiм iншае сьветла-ўзьнёслае, прыемнае, журботна-трывожнае. Яно шукае выхаду i не знайшоўшы, жыве ў заходлiвасьцi сэрца, у думах, у рытме хады i ўва ўсiм.
Раман бяжыць на ўзгоркi подскакам, каб зiрнуць унiз. Не, каб быць вышэй над усiм, радвацца й захапляцца!
З гэтага самага ўзгорку, на якiм ён стаiць цяпер, Раман некалi штурхаў унiз Валю i, даганяючы, лавiў яе ў свае абдымкi. Яны ўзьбiралiся на вяршыню зноў, i ў зорах, у сьвятле месяца, гукалi сусьвет i, жартуючы, кулакамi пагражалi яму за тое, што ён маўчаў. А потым Раман пачынаў кпiць з Валi: як гэта яна паддалася яму i робiць тое, што й ён! Валя злавалася i Раман ведаў, што яе трэба тады моцна прытулiць. Корзюк смяяўся, што Валя была настаўнiцай: настаўнiкi i мэдыкi, на думку Корзюка, людзi бяз сэрца i ня здольныя на нейкую там гарэзьлiвасьць i захапленьне. Такое азначэньне абурала Валю, - як ня штурхаў яе Раман з гары, яна ня бегла ўнiз, садзiлася i, наравiстая, не ўставала з зямлi, аж пакуль ня ўзьнiмаў яе пад пахi Корзюк. Аднак злосьць яе, як i заўсёды, праходзiла хутка i яна зноў станавiлася Валяй - прагнай, увiшнай i пякельна лiпкай.
З гэтых во самых узгоркаў яны праектавалi сабе шлях на Польшчу. Каб хто запытаўся ў iх тады чаму, яны не змаглi-б адказаць на гэтае пытаньне, iм прост хацелася пабачыць iншага сьвету або хаця лятуцець аб iм. Такой краiнай лятуценьняў у Корзюка была Польшча, як самая блiзкая загранiца. На месцы Польшчы магла быць хаця якая краiна - яна аднолькава вабiла-б Корзюка, як iншая дзяржава, не свая. Свае, мясцовай рэальнасьцi, як-бы не хапала, каб жыць. I ня было было куды йсьцi. А йсьцi трэба было. Ня йсьцi Корзюк ня мог. Рамантыка рэвалюцыi больш не захапляла. У цяпершчыне-ж нiчога ня было цiкавага. Тургенеў быў прачытаны i перажыты, i з мiнулага пара было выбiрацца. Рамантыкi Зарэцкага не хапiла. Нацыянальных герояў было замала. I трэ было станавiцца героем самому. I Корзюк пайшоў, адчуўшы ў сабе героя. Аднак, гэтае геройства абярнулася нейкiм авантурызмам.
А вось i Нямецкiя могiлкi! З Валяй мы нiколi ня мiналi iх, як былi тут. Цяпер тут сьцюдзёна й боязна. Болей змрочна, як раней. Здаецца, i такiх манумэнтаў раней тут ня было. Адкуль яны ўзялiся? I як-бы высачэйшыя. Калi мы былi тут апошнi раз, Валя трывожылася i казала, што калi я памру, яна станiць помнiкам над маёю памяцьцю. (Гэта калi мы праходзiлi з ёю памiж гэтых крыжоў.) Я тады прашу яе паказаць мне, як гэта яна будзе стаяць нада мною тым помнiкам? А яна й гаворыць, трэба, каб я найперш памёр, тады яна й зможа паказаць на практыцы, як яна распастрэцца крыжам. Ну, я й кладуся на зямлю, галавою ў ногi ёй - гэта значыць, памiраю. Валя ўяўляе мяне ўжо мёртвым. Стоячы нада мною, распасьцiрае свае рукi й замiрае. Вось бачыш, гаворыць яна, аднэй магiлкай i крыжам болей стала. Я ўсхоплiваюся, не хачу быць могiльнiкам. Цягну Валю за руку адсюль. Дрэнь гэтыя Нямецкiя могiлкi! Гайда ў горад назад!
I Раман бяжыць з вышыняў унiз. Там загарэўся ўсiмi лямпачкамi Менск. Кiнулася сваёй пабелкаю турма на Валадарскага. Вунь у той вежы, што ад мяне на поўнач, мусiць, сядзiць Валя. Але не: Валi яшчэ няма ў гэтай турме. Яна марнуецца на допытах i, пэўна, сядзiць яшчэ ў "Амэрыканцы". Толькi пасьля заканчэньня сьледства, яе перавядуць на Валадарскага. (Для жыхароў гораду ня было сакрэтам, што апрача старой турмы на Валадарскага, усiм вядомай i вiдочнай, ёсьць яшчэ ў горадзе другая турма, новая - "Амэрыканка", якой з вулiцы ня ўгледзiш, яна стаiць недзе на двары, за мурамi будынку НКВД.)
Раман уздумаў "паглядзець" Валю ў "Амэрыканцы". Прынамся, хоць зблiзку пахадзiць каля яе. Заўтра ён панясе для Валi перадачу. У кожным разе, ня лiшне пазнаёмiцца блiжэй з гэтым Валадарскiм, якога ня мiнеш. Раман успомнiў пiсульку бацькi, якую перадаў яму ў сваiм часе Кандраценя, i словы ў ёй пра тое, што ён, Раман, ходзiць на волi тымчасам i толькi дзякуючы нейкiм хiтрыкам.
Тут, у горадзе, пры сьвятле, усё выглядае пасьвяточнаму - хутка Кастрычнiк! У вiтрынах болей выстаўлена i вулiцы былi запоўненыя людзьмi, асаблiва Савецкая. Але на тым адцiнку яе, дзе стаяў будынак НКВД i дзе шпацыраваў чырвонаармеец-вартавы, пападалiся толькi паадзiнокiя прахожыя: рух быў на другiм баку вулiцы, а ня тут. Раман Корзюк спачатку абыйшоў гэты будынак з боку Ўрыцкага, а потым з боку Савецкай, заглядаючыся ў кожнае вакно. Потым павярнуўся назад i зноў пачаў рабiць свой абход. Калi Раман паглядзеў направа, унiз - на ўзроўнi тратуару, праз забруджаныя маленькiя вакенцы, прабiвалася з падвалу на волю цьмяное сьвятло i адкiдвала ценi ад торбачак i вузялкоў, што вiселi ў сярэдзiне на кратах. Раман Корзюк не хацеў надта сьцiшаць свае хады, каб ня кiнуцца ў вочы вартавому. Завярнуў за вугал Урыцкага. Насустрач - вартавы. Разыйшлiся. Раман iшоў паўз сьцяны будынку. Направа шырокiя - шэсьць крокаў - зялезныя вароты. Мусiць, сюдою вязьлi Валю. На сэкунду Корзюк затрымаўся, павяртаючыся назад. У гэтым-жа часе, нечакана для яго, павярнуўся назад i вартавы. Корзюк iшоў прост на яго. Яны хутка зблiжалiся. Параўналiся - вартавы хоць-бы глянуў на яго! Але "iнспэкцыi" Корзюк болей не рабiў. Пайшоў на трамвайны спынак. Ён i раней часта езьдзiў абы куды толькi для таго, каб, апынуўшыся ў трамваi сярод людзей, паглядзець "гораду ў аблiчча". Бывала, спадабаецца яму якое-небудзь "аблiчча" - будзе ехаць за iм да тых пор, пакуль гэтае "аблiчча" ня зьлезе на якiм-небудзь спынку. Гэтак i цяпер, ён сеў на трамвай з такой-жа мэтай. Але сягоньня яму не шэньцiла - нiводнага выдатнага "аблiчча"! I ён, праехаўшы адзiн пралёт, зьлез, ня хочучы глядзець у "звычайнае аблiчча гораду". Якраз апынуўся ў сваiм Гарадку. Куды яму пайсьцi? Няма куды! I ён пайшоў да свае адзiнае, добра знаёмае сяброўкi, якая нiколi яму не здраджвала, была паслухмянай i ў радасьцi i ў смутку, адзывалася ўсiмi акордамi свае душы. Яна помнiла яго i заўсёды чакала яго. Маўчала ў кутку, пакуль ён не падыходзiў да яе i пакуль не дакранецца да яе. Нiкога iншага яна ня прыймала так ахвотна, нiкому не аддавалася так, як яму. Убег ня сьпераду, а ззаду ў Галоўны корпус. Узабраўся на самы апошнi паверх, дзе яна стаяла.У гэтым кутку нiколi ня было сьвятла. I Раман любiў гэтае месца сустрэчы з ёю. Адсюль было вялiкае адчуваньне вышынi. Тут было толькi два вакны. Ён адчынiў iх: адно на двор, другое - на вулiцу. I зайграў... Хто толькi хоць раз паслухаў Корзюка, як ён iграе, той, заплюшчыўшы вочы, праз дзесяць, дваццаць, трыццаць год уявiць сабе Корзюка. Ня трэба глядзець на яго. Трэба толькi слухаць ягонае граньне. Нi аблiчча, нi постаць, нi рукi, нi ногi, нi вочы - нiчога вам не сказала-б гэтулькi, колькi сама музыка, якая йшла ад яго. Тое, што Раман граў - аднолькава было i кампазытарава i Корзюкава. I няхай-бы вы ня бачылi Рамана i ў вочы, слухаючы яго, вы сказалi-б, як ён выглядае: i рост, i аблiчча, i вочы, i нават колер валосься, i ўсё тое, што называецца характарам, уявiлася-б вам дакладна.
Так i цяпер, Корзюк сядзеў у змроку i граў. Усё тое, што ён граў, ён граў напамяць - ноты яму перашкодзiлi-б. З вышынi праз вокны лiлася музыка - то ўзьнёслая, то цiхая, то журботна-далiкатная, то як успамiн i вечнасьць - i запаўняла ўсё: вулiцы, плошчы, надзем'е, хапаючы зоркi. Прахожыя на момант спынялiся на тратуарах i на плошчы, ня ведаючы адкуль музыка, i йшлi зноў, паслухмяныя рытму, лёгкiя i зьдзiўленыя. Увесь гэты дзень Раман шукаў уцелаўленьня сябе ў чым-небудзь i, знайшоўшы яго ў музыцы, быў памiж нябыцьцём i найвышэйшым iснаваньнем. Музыка была самой iснасьцяй, i ўвабрала ў сябе ўсё ад нараджэньня i па гэтую часiнку. Але найболей у ёй было, чаго яшчэ ня было: страху, мукi i суму чалавека, што гэтак мучыцца i шукае свайго зьiшчэньня.
Чулi Раманава граньне i ў манастыры. Дзiчкоўская выхапiлася i ўжо бегла на паддашша, на тую пляцоўку, дзе стаяла пiянiна. Яна добра ведала гэтае месца спатканьняў. Раман не пераставаў граць. Цiха, на цыпачках, падыйшоўшы да яго, Дзiчкоўская, стаўшы ззаду, накрыла далонямi вочы ў Корзюка: адгадай! Рухам галавы Раман хацеў вызвалiцца, але ня мог, i яшчэ адданей прылягаў да пiянiны. Дзiчкоўская не адпушчала сваiх рук, i нахiляла Корзюкаву галаву да сябе. Змоўкла музыка. Па тым, як пахлi пальцы (гэта тыя самыя рукi, што цягнулi яго сягоньня з карыдору ў аўдыторыю) Раман пазнаў: Дзiчкоўская.
Яны не заставалiся тут доўга. Дзiчкоўская прыходзiла, як яна сказала, трошкi пашкадаваць Корзюка. Але гэтая спагада абразiла яго: спачуваньне ён лiчыў самым нiкчэмным пачуцьцём. Быў не гаваркi, вiдавочна, усё яшчэ знаходзячыся ў уяўным сьвеце. Яны выйшлi на вулiцу. Разьвiтаўшыся з Дзiчкоўскай, Раман сеў на трамвай. Ён не заўважыў позiрку, якi кiнуў на яго кандуктар.
21
- Ну, дык i што будзем рабiць, Ромусь?
- Нiчога.
- Як нiчога? Усё так надарэмна й прапала? Пашто тады было ўсё ўсенькае?
- Можа ваша й праўда - пашто? Але скажэце, нарэшце, чаго вы прылiплi да мяне? З пят ня злазiце!
Корзюк пахопiста падняўся з крэсла i пайшоў да дзьвярэй. Кандраценя падумаў - Раман хоча ўцячы ад яго.
- Нiкуды, браце, не ўцячэш.
I, апярэдзiўшы Рамана, стаў задам да дзьвярэй, распасьцёршы рукi:
- Вось калi хочаш, дык падыйдзi да мяне, я абнiму цябе й пацалую. Надта ты харошы, калi злуешся.
Раман моўчкi пачаў хадзiць па пакоi, ад сьцяны й да сьцяны. Кандраценя вярнуўся ад дзьвярэй i зноў сеў за стол.
Ноч стаяла за сьценамi на дварэ, аблягала хату. Яны баялiся гаварыць, сьцiхлi. Корзюк наперад ведаў - зараз Кандраценя яму скажа: "Ромусь, патушы сьвятло - навошта яно?" Бо нiколi яшчэ такога ня было, каб Генадзь сядзеў у Рамана пры сьвятле.
Але Кандраценя з такой просьбай не зьвяртаўся цяпер да Рамана, заставаўся сядзець за сталом, супакоiўшыся i нешта думаючы. I Раман, спынiўшыся ля вакна, глядзеў паўз верх фiранкi ў сад, хоць i нiчога там ня бачыў. Так яны й засталiся - Раман ля вакна, Кандраценя - за сталом. Нiводзiн з iх ня быў цяпер адзiн аднаму блiзкiм, яны як быццам вялi асобнае, паралельнае iснаваньне, бяз нiякай сувязi аднаго з другiм. Калi-б хто-небудзь назiраў за iмi цяпер збоку, можна было-б падумаць, што кожны з iх рыхтуецца да нападу i чакае зручнага для гэтага моманту, старанна маскуючы свой намер. Хата была для iх той пляцоўкай, на якой вiда-вiда разыграецца бой.
- Дык ўсё-ткi, Ромусь, што мы будзем рабiць?
- А што ты хочаш, каб я рабiў?
- Ну, разумееш... каб нешта-ж рабiў.
- Так табе хочацца, га?
- А табе - не?
- Не!
Гутарка не наладжвалася. Седзячы, Кандраценя ёрзнуў з пару разоў.
- Дык у цябе няма аб чым i гаварыць са мною?
- Няма!
Корзюк зноў пачаў хадзiць па хаце. Змоўк i Кандраценя. На гаспадыненай палавiне прарэзьлiва каўкнула кошка, як-бы ёй хто наступiў на хвост. Кандраценя i Корзюк пераглянулiся.
- Чапаю-чапаю я цябе i ўсё не магу зачапiць.
- А ты лепей не чапай.
- Як-жа цябе не чапаць, калi трэба.
- Нашто я табе спатрэбiўся, скажы ты мне, нарэшце?
- Але-ж, скажу.
- Гавары!
Гэтае "гавары" Раман сказаў гэтак, быццам ужо цiснуў Кандраценю за горла.
- Патушы, браце, святло! Я цябе не баюся. У пацёмку й гаварыць ляпей. Сядзь i ты за стол. Ня тырчы! Можа й бачыш ты мяне апошнi раз.
У Кандраценевым голасе, як у тым звану, нешта трэснула, ён зазьвiнеў неяк жаласьлiва, журботна й трывожна. Раман затушыў сьвятло. У апалым Кандраценевым голасе чулiся сьлёзы i Раман спужаўся, што Кандраценя заплача.
- Дык слухай, нягоднiк, усё скажу.
Голас у Генадзя падужэў.
- Надыйшоў i твой час. Заўтра твой дзень. Будзь вартым яго!
Крэсла, на якiм ён сядзеў, затрашчала.
- Я ведаў, ты ня ўцерпiш у Польшчы. Але гэта ня важна. Важна, што ты быў там. Слухай чуйна. Шкада мне цябе, а найболей бацькоў тваiх. От, пакутнiкi, ня дай Божа! Праз тыдзень бацьку твайго будуць судзiць у Заслаўi. Ня пужайся, бацькоў тваiх тут няма й ня будзе. Суд будзе над, iм без яго, суд завочны. I ты будзеш на бацькавым судзе. Пабачыш! Ты слухаеш мяне?
Раман слухаў, але ня мог уседзiць за сталом. Адыйшоў i стаў ля вакна.
- Дык вось-жа, збайдарылi сакратара райкому партыi самi, а прычапiлi бацьку твайму. Самi-ж i ратунак для яго знайшлi - Польшчу тую. Канешне, ён ня вернецца адтуль, але пра яго скажуць, што забiў чалавека ён i ўцёк туды. Тут, браце, цэлая сыстэма. А Шаркевiч i я, ты думаеш - для чаго? Каб, канешне, справаджаць вас туды. Мы як-бы дапамагаем вам, на справе-ж мы робiм сваё, што нам загадана. Мы - вашыя i адначасна iхныя. А потым яны назавуць нас бандытамi, шпiёнамi i дывэрсантамi. Думаеш, i начзаставы езьдзiў на хутар Баранкевiча так сабе? Не, браце! Ён прапусьцiў праз гранiцу цябе, бацькоў тваiх i сястру. Ён тут у ваднэй кампанii з намi. Ён пацёг Шаркевiча, пацягнуць i яго, калi ўжо не пацягнулi. Ад хутару Баранкевiча й метлуху не застанецца згалелых дачок, i тых забяруць. Як-жа дзяржава можа глядзець на ўсё гэта, заплюшчыўшы вочы, думаеш? А начзаставы, думаеш, ня мае сяброў-аднамысьнiкаў у Менску? Мае! А калi-б i ня меў, дык знойдуць. Знойдуць таго, хто даваў яму загады i зьвяжуць разам iх у вадно. НКВД карае i тых, хто выконвае ягоныя загады. Бачыш, як тут усё скручана-зьверчана. А цяпер, якая-ж мая роля ўва ўсiм гэтым? Пачакай, скажу.
Раман Корзюк закурыў, асьвяцiўшы на момант запалкай Кандраценю. Папяроска доўга блiшчэла ў цемры, i гэта нэрвавала Кандраценю.
- Не смалi, а слухай! Каму гавару? Не сабе. Табе. Кажу, будзеш на бацькавым судзе. Дык вучыся. Вучыся жыць. А то надта скачаш па версе блыхой лятучай. Згiнеш. На Дальнi Васток позна ўжо. Учора было яшчэ ня позна, а сёньня позна ўжо. НКВД сьцiснула ўжо зялезны абруч. I ты апынуўся ў гэтым абручы-коле. Але ня толькi ты адзiн у iм. У гэтым абручы ўся Беларусь. Але ўся Беларусь iм не патрэбная. Навошта? Апрача твайго брата-студэнта, у абручы апынулiся выкладчыкi, у тым лiку i твае, песьняры вашыя, акторы, сьпевакi, нават калгасьнiкi, i каго яшчэ не захапiў гэты абруч? Шырака хапянуў ён i цяпер паволi сьцiскаецца i сьцiскаецца. Будзь пэўны, выйсьця з гэтага абруча няма! У гэтым абручы i табе адведзеная роля. I ты граеш яе дасканала. Ты дайграўся ўжо - заўтра твой судны дзень, Ромусь. А хто-ж твой рэжысэр? Здагадайся сам! Я табе ўжо шмат чаго падказаў. У твайго рэжысэра i я на службе. Чаму гэта ўсё патрэбна? Спадзяюся-ж, маю службу ты разумееш, як сьлед. Ты, канешне, замалады яшчэ. Вось чаму, паважаючы бацькоў тваiх, я вучу цябе.
Раман дакурыў i кiнуў агарак на падлогу. Хутка ён згас. Цямнота насунулася яшчэ больш. За хатаю шорхла ноч, стаяла за вугламi, церлася аб сьцены, быццам прасiлася нанач. Змоўк на часiнку i Кандраценя i, як Раман, слухаў за вокнамi ноч. Быў у нейкай трывозе сказаў:
- Так, гэта ноч. Але ня будзем гаварыць аб ночы. Ведаеш, калi цябе дапытвалi ў НКВД, я быў таксама там i бачыў цябе, але не хацеў табе паказвацца на вочы. Яны выклiкалi цябе, каб паглядзець, якi ты чалавек. Цябе адпусьцiлi (я ведаў, што яны адпусьцяць), а я яшчэ заставаўся там i праседзеў усю ноч навылёт. Тады я й даведаўся, якую махiну яны задумалi. Галоўны архiтэктар гэтай махiны - Цiмошка. Веры не даваў сабе, што ён будзе гаварыць гэтак адкрыта са мною, як з братам. Сядзiць Цiмошка за сталом, дык галава ледзь вiдна з-за стала, а мазгi мае, дармо што... Каб ты ведаў сваю ролю, гаворыць ён мне, мусiш ведаць, браце, усю драму i сцэну, на якой гэта драма будзе пастаўленая: кажнае слоўка, усе хады i выхады. Тады-ж я прайшоў у яго i першую рэпэтыцыю. Патрабаваў, каб iгра была артыстычнай i каб было поўнае суладзьдзе, а не абы што. Не адзiн-жа ты будзеш на сцэне... Дык вось, Ромусь, узялiся й за нас, лапцюжнiкаў. Гiсторыя загаворыць пра нас, ня будзе болей маўчаць. Дасюль мы хацелi будаваць самi Беларусь. Але-ж не... Дапамога патрэбная. Сiлы ў нас свае мала. Трэба ўдарыць чалом перад паньскай Польшчай. З дапамогай яе адчэплiваем Беларусь ад Расеi, але не для Польшчы, а для сябе самiх. Годзе ўжо нам быць то ў Польшчы, то ў Расеi! Цiмошка клёку ў галаве мае досыць. Ён стварае для гэтай мэты нацыянальныя кадры, заганяе гэтыя кадры ў сваю арганiзацыю-махiну i дае ёй назоў заканспiраванай нацдэмаўскай партыi. Нацдэмы - гэта агентура польскай дэфэнзывы. Чытаў можа ў газэце? Вось для чаго ты, браце, хадзiў у Польшчу! Скажы, дрэнны з Цiмошкi архiтэктар? I вось уявi сабе такога памочнiка Цiмошкi, як я! Я-ж хачу, каб нешта было беларускае. Пакуль вы, беларусы, самi надумаецеся што-небудзь, дык Цiмошка хутчэй за вас зробiць. I тут я зусiм згодны з НКВД: нам патрэбна нацдэмаўская арганiзацыя! I будзь упэўненым, НКВД яе згарусьцiць. У гэтым, можна сказаць, гiстарычная заслуга НКВД перад Беларусяй. Яно стаўляе беларускую праблему на дзённы парадак, актуалiзуе яе, надае ёй дзяржаўнае значэньне. Цiмошка, гавару, ня дурны чалавек. Самi-ж мы ня можам нiчога справiць. А то, глядзi, i твая кватэра сталася штабам. I грошы тут, i зброя i стратэгiю во разьбiраем. Вось i пяцягнуць усiх вас, i агалее ваша Беларусь. I яшчэ казаў Цiмошка: бярэцца ў сiлу фашызм i здань вайны матляецца недалека ад нашых рубяжоў. I тады на каго, пытаўся ў мяне Цiмошка, абапрэцца фашызм у нас у Беларусi? Канешне-ж, на нацдэмаў. У Беларусi можа няма нiводнага нацдэма, але палiтыка патрабуе iх. Вось Цiмошка й бярэцца за гэта. Ён высока ўзьняў свой зялезны абруч над Беларусяй, над яе галавой i ўжо няпрыкметна апусьцiў яго. Застаецца толькi крэкнуць i косткi хруснуць. Беражыся, браце! Шкадую вас, птушанятаў. Цяжкая выпала мне доля, крыж пакутны. Узяўся несьцi яго, дык вось i нясу. Стаў памiж iмi i вамi i ня ведаю, цi ўстаю. Я не баюся вас, я баюся iх. Я гавару во з табою пра ўсё - гэта мне дазволена, нават патрэбна, а з iмi гаворка кароткая. Уськiнулi мяне на зубцы вялiкага зялезнага махавiка i круцiць мяне той махавiк аж пакуль ня скруцiць. Шматкi майго цела ляцяць i душа пакутуе. Знайшлi мяне аж на мёрзлай поўначы i прывезьлi сюды во, у родныя мясьцiны, на Бацькаўшчыну, па якой занудзiўся i вытрымаць ня мог. Лепшага чалавека, казалi, у iх няма. Кажуць, мне ўсё даруецца, калi я нешта сьцяпаю для iх. Дык вось i цяпаю. Ня вельмi блiскуча, ды ўсё-ж... Я хацеў-бы, каб нешта з гэтага засталося i для вас, каб ахвяры не дарэмна прапалi. А што ахвяры будуць, дык гэта нават добра. Хутчэй насеньне прарасьце. У нас-жа яшчэ ня было вялiкiх ахвяраў. У нас была толькi пакута. Цiхая пакута. А з цiхай пакуты нiчога ня выйдзе. Гэта пакута нявольнiкаў. Нявольнiцкiя ахвяры ня ў лiк. Патрэбны высокiя ахвяры. Ты ўжо высокая ахвяра, Ромусь. Ты ў матку ўдаўся. Мацi твая - чалавек шляхетнай крывi. Я рады, што ў цябе адазвалася гэтая кроў. Пакуль што я нiчога не скажу табе болей пра тваiх бацькоў...
Я даўно ведаю гэтыя абшары - Менскiя, Вiленскiя, Слуцкiя, Магiлеўскiя. Маладосьць мая пакiнула сьляды й памяць на гэтых абшарах. Рэвалюцыя кiдала мяне ў самы вiр жыцьця. Менск быў апошняй маёй авантурай, як назваў гэта Цiмошка ў сваiм досьледзе Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Беларусi. Але Цiмошка, мусiць памылiўся. Вось цяпер ужо Менск - гэта хiба мая апошняя авантура, сапраўды... Ромусь, трэба канчаць ужо. Наслухаўся ты мяне досыць. Позна ўжо. Позна ўжо наогул. Ня бойся свайго дня, як не баяўся я. Я буду наведваць цябе i там. Ты ня згiнеш. Iдзi туды! Бачыш, як я табе памагаю? Толькi йдзi на ўвесь рост! Ня прысядай! Чуеш мяне? Нешта й духу твайго ня чуваць!
Раман Корзюк, як акамянелы, увесь гэты час стаяў ля вакна i слухаў Кандраценю, яго нязвычайную гаворку, споведзь i запавет. Кандраценеў напамiнак аб мацi засмуцiў Рамана, якому стала шкада сваiх родных, што цяпер ня з iм, недзе ў iншай краiне пакутуюць, наракаючы на сваю долю i вiнавацячы ўва ўсiм яго. А ён тут таксама адзiн сумуе па iх, хоць яны й ня ведаюць пра гэта. Думаюць, што ён усё-ж такi, як i быў, жыве сабе бястурботна й бадзяецца абы дзе. Яны таго ня ведаюць, што ён цяпер стаiць во ў пацёмках i душа яго заходзiцца па iх. Раман думаў, што каб яны былi цяпер на сваiм хутары, яны чулi-б яго i яму было-б лягчэй, а так яны на тым баку i таму iх няма як-бы на сьвеце зусiм. I што iх няма, у тым толькi ён адзiн вiнаваты. Каб ён не адводзiў iх туды, яны былi-б тут разам з iм, i ён ня мусiў-бы во слухаць Кандраценю i не баяўся-б яго. Яму здавалася, што на цэлым сьвеце ён застаўся толькi з адным Кандраценем, i што апрача яго, у яго няма цяпер нiкога. Адчуваньне было такое, быццам ён ехаў у акiяне на вялiкiм параплаве, на якiм было многа пасажыраў, але параплаў гэты няўцям затануў i з усiх пасажыраў, якiя былi на гэтым параплаве, у жывых застаўся толькi ён адзiн з Кандраценем, i вось цяпер знаходзiцца з iм у вадным цесным труме на самым дне акiяну.
- Што-ж ты маўчыш, Ромусь?
Раман Корзюк нiчога не адказваў Кандраценю. Заскрыпелi палавiцы на кухнi, i ў дзьверы, што вялi туды з Раманавага пакою, пастукалася, як трэба было думаць, гаспадыня. I сапраўды, увайшла гаспадыня з лямпай у руках. Ад нечаканага сьвятла Кандраценя зажмурыўся за сталом, а Раман падыйшоў да гаспадынi i, узяўшы ў яе з рук лямпу, паставiў на маленькi зэдлiк у кутку. Раман быў рады гаспадынiнаму прыходу.
Генадзь Кандраценя, хуценька падняўшыся з-за стала, усьмiхаўся, чакаў, пакуль яго пазнаёмiць Раман з гаспадыняй. Але Корзюк ня прыкмячаў гэтага. Тады Кандраценя сам фанабэрыста падыйшоў да гаспадынi i прывiтаўся з ёю, пацалаваўшы ёй руку. Але прозьвiшча свайго не назваў. Гаспадыня на момант зьбянтэжылася, але хутка знайшла што сказаць:
- У цябе, - звярнулася яна да Рамана, - няма пасьцелi для госьця, дык я прынясу i пасьцялю во тут на гэтым дыванчыку, хай нам даруе госьць.
Раман, канешне, добра ведаў, што на самай справе гаспадыня прыйшла да яго, каб пабачыць "госьця".
- Дзякую, дзякую, нажаль, мне трэба йсьцi ўжо, i так заседзеўся во позна, - сказаў Кандраценя такiм тонам, якi не дапушчаў угаворую
Гаспадыня пастаяла яшчэ з хвiлiну, сказала дабранач i, акiнуўшы вачыма, пайшла назад у кухню.
Кандраценя сапраўды хутка пакiнуў Корзюка, адзiнотнага i распачлiвага ў сваiх думках.
22
Iнстытут высыпаўся на двор Унiвэрсытэцкага гарадка i станавiўся ў чацьвёркi. Але гэтыя чацьвёркi фармавалiся не адразу, марудна й неахвотна. Пагода была халаднаватая, i нiхто не сьпяшаўся вылазiць з будынку. А тыя, што ўжо стаялi ў чацьвёрках, бачачы такую замаруджанасьць, разыходзiлiся i працiскалiся назад у будынак. Асаблiва зяблi студэнткi. Выкладчыкi стаялi за шырокiмi дзьвярыма ў сярэдзiне i назiралi адтуль: яны чакалi пакуль не зарганiзуецца iнстытуцкая калёна. Аркестра вучылася яшчэ ў падвале, i адтуль даносiлiся такiя галасы, быццам там каго рэзалi цi зьдзеквалiся. Плякаты, партрэты, транспарэнты i сьцягi былi ўжо вынесеныя i стаялi каля ўваходу, але тымчасам нiхто iх не разьбiраў. Каля iх круцiўся толькi Сьцяпан Мялешка i нешта меркаваў. Парадку ня было. Натоўп гудзеў на розныя галасы, сьмяяўся, гаварыў, грэўся i быццам адцягваў арганiзаванае выступленьне з Гарадка.
Па Савецкай даўно ўжо йшлi дэманстранты з музыкай, песьнямi i калыхлiвым бязладзьдзем сьцягоў, плякатаў, партрэтаў. Беларускi Дзяржаўны Ўнiвэрсытэт i Мэдiнстытут ужо вырушылi з Гарадка, абыходзячы з правага боку пэдiнстытут, сьмяючыся i жартуючы з ягонай няўпраўнасьцi. Але вось падаў каманду загадчык Ваеннай кафэдры станавiцца ў чацьвёркi. Дзесьцi ў натоўпе зарагаталi i голас загадчыка Кафэдры - ня дужа моцны - прапаў у тлуме, сквiле i гомане. Загадчык узьняў свой голас яшчэ, але натоўп заставаўся натоўпам. Тады ён пачаў хадзiць узад i ўперад, стаўляючы сам першыя чацьвёркi, пераважна з дзяўчат, як больш паслухмянага элемэнту. Нейчы звонкi голас з натоўпу жартлiва падаў сваю каманду i толькi па гэтай камандзе заварушылiся студэнты, становячыся падкрэсьлена павайсковаму ў шарэнгi. Так пакрысе пачала вызначацца калёна. Падыйшлi й iншыя падпiхачы - сакратар парткому, выкладчыкi фiзкультуры, адказныя за арганiзацыю кастрычнiцкай манiфэстацыi i iншыя актывiсты. Натоўп як растаў. Замест яго вырасла на ўсю сваю даўжыню калёна й застыла ў маўклiнi. Толькi зрэдку перабягалi з аднае чацьвёркi ў другую дзяўчаты, шукаючы зацiшных хлапцоўскiх плячэй. Iхныя касынкi матлялiся на ветры й гарэлi аганькамi. Нарэшце, выйшлi з-за шкляных дзьвярэй выкладчыкi i сталi ў галаве калёны. Усё агалела. Толькi на сходках усё яшчэ сьпiсваў з натуры i завяршаў свой твор студэнт Мень. Натурай быў Раман Корзюк. Раман стаяў у нейкай трагiчнай позе i нiкуды не глядзеў, застыгшы, як помнiк, на ўвесь свой рост, стоячы высока на сходках, быццам тое, што адбывалася на двары, было для яго толькi фонам. А Мень, Раманаў аднакурсьнiк, раз-поразу кiдаў на яго то адным, то другiм прыжмураным вокам i ўсё сьпяшаўся накiдаць Рамана на паперу. Мень доўга ганяўся за Раманам, як за мадэляй, i сягоньня ён прост сiлком затрымаў яго на сходках на той вышынi, на якой ён здаваўся яму нязвычайным i манумэнтальным перад натоўпам унiзе. Гэтак зарадзiлася кампазыцыя твору ў мастака Меня. I Раман Корзюк гатовы быў служыць яму сваёй постацяй. Дзiчкоўская i Лагоўская з калёны любавалiся экстравагантнасьцяй гэтага моманту. Але хутка ўзабраўся на сходкi Сьцяпан Мялешка i сьпёр iх далоў. Пачалi раздаваць сьвяточны матэрыял партрэты, сьцягi, плякаты, транспарэнты, каб усё гэта ўзьнялося ўгору й пайшло.
Корзюк стаў у чацьвёрку недзе пасярэдзiне калёны, але загадчык Ваеннай кафэдры перагнаў яго наперад, як рослага. Дзiчкоўская пабегла за iм i стала ў аднэй з iм чацьвёрцы, нясучы Кагановiча.
Вецер узьняўся мацнейшы. У вышынi i на даляглядзе ён шпарка гнаў парваныя хмары на ўсход, i яны, як iльдзiнкi ў моры, iмклiва плылi, засланяючы i адкрываючы блакiтна-сiнiя вокны ў глыбокiм небе. Стаяў халодны восеньскi дзень. Ад холаду людзi зызлi. З iх рук вецер вырываў сьцягi, плякаты, партрэты, тузаў i рваў iх. Таму нiхто нiчога не хацеў несьцi, хоць i трэба было. Мялешка з загадчыкам кафэдрай i сакратаром партарганiзацыi раздалi ўжо шмат сьвяточнага матэрыялу, але яшчэ шмат яго i заставалася. Трэба абавязкова было ўсталiць у галаве калёны самы вялiкi партрэт Сталiна. Партрэтаў Сталiна было ўжо поўна па ўсёй калёне, але ў Мялешкi быў свой плян: каб усiх маленькiх сталiнаў ззаду засланяў вялiкi Сталiн наперадзе. У галаве калёны кожны ўжо што-небудзь трымаў, апрача Корзюка, i Мялешка наважыўся аддаць вялiкага Сталiна яму. Мялешка паднёс партрэт да Рамана i папрасiў яго ўзяць. Але Раман, як трымаў свае рукi ў кiшэнi, так i заставаўся, спакойна i холадна гледзячы на Мялешку. Мялешка паставiў партрэт цаўём на зямлю.
- Ня хочаш?
- Не хачу!
- Тады выйдзi з калёны.
- Ты мяне сюды ня ставiў.
Заднiя за Раманам чацьвёркi насьцярожылiся, пярэднiя павярнулiся назад.
- Значыць, не бярэш?
- Не бяру.
Сьцяпан Мялешка падняў Сталiна i перадаў некаму iншаму.
Сакратар партарганiзацыi сказаў нешта на вуха загадчыку Ваеннай кафэдры i той голасна скамандваў:
- Студэнт Корзюк, выйдзеце з калёны!
Як сапраўдны жаўнэр, Корзюк выйшаў, выцягнуўся на зважай на ўвесь свой рост перад загадчыкам Ваеннай кадэдры:
- Куды загадаеце стаць?
Загадчык кафэдры ня ведаў, што адказаць i зьбянтэжана глядзеў на сакратара партарганiзацыi, але й той разгубiўся.
- Iдзеце дахаты! - знайшоў што, нарэшце, сказаць загадчык кафэдры.
- Ёсьць дахаты!
I Раман Корзюк хутка адыйшоўся на бок i стаў на дашчаным тратуары перад усёй калёнай. Калi ён яшчэ стаяў перад загадчыкам Ваеннай кафэдры, выцягнуўшыся як вайскавiк, ён думаў збыць свой паступак жартам, надаць усёй гэтай гiсторыi гiранiчна-кплiвы сэнс, але з самага мамэнту, калi ён апусьцiў узьнятую было да скронi сваю руку, Раманава жартаўлiвасьць прапала i ён стаяў цяпер пераможаным, нiкчэмным i ўдвая нiжэйшым. Уся калёна моўчкi глядзела на яго. Мень памкнуўся быў i тут схапiць мамэнт трагiзму ў вобразе Корзюка, але яго ўпхнулi назад у калёну.
Выйшла з падвалу аркестра i стала на самым перадзе. Вялiкi Сталiн быў узьняты ўгору. Зайгралi туш, i калёна ўлiвалася ўжо ў вагромнiстую ляву дэманстрацыi, што плыла па Савецкай. I толькi адзiн Раман Корзюк, як быў, гэтак i заставаўся стаяць на тратуары, пакiнуты грамадой.
Хутка апусьцеў Гарадок. Раман, адумаўшыся, пайшоў таксама ў горад. Iнстытуцкая калёна павярнула на Карла Маркса, але ён усё яшчэ чуў сваю аркестру i як-бы йшоў на яе. Ён дайшоў па Савецкай да Ленiнскай. На скрыжаваньнi гэтых вулiц Раман спынiўся. Тут таўклiся яшчэ болей. З усюль калёны сыходзiлiся сюды i, апынуўшыся тут, iшлi далей на Пляц Волi. Адтуль парад iшоў на Нямiгу, i, прайшоўшы колькi вулiц, павялiчаны колькасна, парад апыняўся на Валадарскага. З Валадарскага трапляў зноў на Савецкую, каб зграмадзiцца на Ленiнскай плошчы перад Домам ураду для прыняцьця.
Корзюк прапускаў вачыма парад, усё застаючыся на савецка-ленiнскiм скрыжаваньнi. Ён ведаў, што тут мае прайсьцi i ВПI. На тратуарах людзi тупалi, грэлiся, паднiмалi каўняры, сiнелi, але не хацелi што-небудь прапусьцiць. Гэтых людзей Раман прыраўноўваў да адкiнутых на ўзбочча людзей, непатрэбных, лiшнiх. Але яны, не здаючыся, усё яшчэ труцца на ўзбочынах ля магiстралi, каб хоць гэтак быць блiжэй да руху.
Вось Раман выразна пачуў сваю аркестру. Яна наблiжалася й наблiжалася. Неўзабаве ён угледзеў яе i перш за ўсё Петрака Шыракова з барабанам на пузе. Пятрок быў радасны i ўсьмiхаўся, вiдавочна, ад усьведамленьня свае годнасьцi. Ягоны твар аж зiхацеў ад усьмешкi, падобнай да той блiскучай мядзянай трубы, у якую дзьмуў ягоны сябра побач.
З калёны Корзюка заўважыла Дзiчкоўская i гукнула яго. Раман убег у калёну i стаў побач Дзiчкоўскай. Наперадзе iх iшоў выкладчык гiстарычнага матэрыялiзму i, як заўсёды, горда нёс сваю галаву над натоўпам, наступаючы каму-небудь на пяты. Чацьвёрак ужо ня было. Праз гэтае скрыжаваньне, каб мiнуць яго хутчэй (тут стаялi мiлiцыянэры i падганялi), людзi сыпалiся без якога-колечы парадку.
Музыка - трубы й барабаны - панесла Рамана разам з натоўпам. Калi яны апынулiся на Валадарскага, праходзiлi паўз турму, зьняволеныя, прадзеўшы праз краты рукi з белымi хустачкамi, махалi параду, нiбы птушкi крыльлем. Там-сям парад адказваў iм тым-жа. Невялiкая група маладых людзей, спынiўшыся на тратуары, сьпявала пушкiнскага "Вязьня". Корзюк, пакiнуўшы калёну i ў ёй Дзвiчкоўскую, далучыўся да iх. Ён таксама хацеў сьпяваць гэтую песьню. Але зьнекуль, як з-пад зямлi, вынырнулi мiлiцыянэры i разагналi групку. Раман застаўся адзiн без грамады. З вокнаў турмы ўсё яшчэ махалi, i Раман хоць i ведаў, што яе тут можа й ня быць, усё-ткi шукаў вачыма ў тых вокнах Валю. З аднэй высокай будкi стрэлiлi, кулi зацiўкалi i рук ня стала.
Хутка Раман Корзюк апынуўся ля Дому ўраду. Прыймалi парад мясцовыя правадыры, але былi й госьцi. Праходзiлi прадпрыемствы, установы, арганiзацыi, кацiлася на танках армiя. Вось i калёна Вышэйшага Пэдагагiчнага Iнстытуту. Раман зiрнуў - сапраўды, усю калёну сьпераду засланяў вялiчэзьнейшы партрэт Сталiна. За гэтым партрэтам, побач iншых, матлялiся меншыя сталiны, усе яны калыхалiся, мiгцелi ў вачох, зьлiвалiся ў нейкай строгай, аднэй вусатай усьмешцы. I здавалася, сталiным ня было канца. Яны гойдалiся ўсюды, задаволеныя i насьмешлiвыя. Здавалася, што гэта яны толькi адны iдуць парадам на плошчу, каб узвысiцца там у выглядзе аднаго Сталiна вышынёй на ўсе дзесяць паверхаў Дому ўраду i глядзець з вышынi на ўсiх, хто прыйшоў пакланiцца яму i шукаць вачыма тых, хто ня прыйшоў. I ўсе хацелi прыйсьцi, каб паказацца яму на вочы. I вось яны йдуць i йдуць аж да чацьвёртай гадзiны. Глядзяць на яго i крычаць яму "Гурра!" Гукнуць i адыходзяць, каб даць магчымасьць iншым выказаць сваё такое-ж захапленьне. Ён будзе стаяць над плошчай i ўначы, пасьля таго, як усе ўжо пройдуць, пiльнуючы сон сваiх улюбёных чадаў.
Пад вечар хмары схлынулi, прайшлi таксама парадам на ўсход i ачысьцiлi неба. Дзень яшчэ больш пасiвярэў. Раман больш не затрымлiваўся ў горадзе, i а пятай гадзiне быў ужо на сваёй кватэры.
23
Гаспадыня сустрэла Рамана на ганку i папрасiла яго зайсьцi да яе на кухню:
- Хачу нешта сказаць. Сягоньня зданьню прайшоў нейкi чалавек паўз нашыя вокны. Адзiн раз, а потым i другi ў высокiм каўняры. Нi гарадскi, нi вясковы. Гэтак асьцярожна i няўцям, што ажно я спужалася. Зiрнець на вокны i зноў утулiцца ў каўнер. Я стаяла якраз вось тут i ўсё бачыла. Аж бачу яго ў другiм вакне, што на двор. Аглядае, быццам купляе, ацэньвае. Я й падумала, што гэта ён нездарма. Прост насланьнё нейкае... Каб чаго дрэннага ня было, га? Што з вамi, вума не прыбяру. То вы ў хаце, то вас няма. То вы начуеце, то вы не начуеце. Бадзяецеся недзе.
- Хутка я вас асвабаню...
- Я ня тое, што ганю вас. Жывеце, як жылi. Я вас шкадую, от што. Толькi ўсё мне тут няўцям.
- Хутка ўсё будзе ясна. Дзякую за навiну.
Раман Корзюк памкнуўся ў свой пакой, але гаспадыня затрымала яго.
- Паслухайце мяне, старую. Ганiце ад сябе ўсiх прэч. Ня пушчайце злыбяды на парог... Хто гэта такi быў у вас?
- Мой дзядзька.
- Не манеце! Бачу я гэтага "дзядзьку". А дзе-ж гэта вашая дзяўчына?
- От, зьбiраюся да яе. Дайце, калi ласка, мне чыстую кашулю, гарнiтур i гальштук. Iду на вечар... Вясельле будзем гуляць.
Раманава гаспадыня недаверлiва паглядзела на яго i праз сваю крывую ўхмылку сказала:
- Вясельле гуляеце, а мяне не запрашаеце. Добрага чалавека я маю!
- Канешне, я жартую. Але на вечар сапраўды йду. Кастрычнiк будзем гуляць. Дзяўчаты запрасiлi i трэба як найхутчэй.
- Затрымлiваць ня буду. Iдзеце сабе. Толькi глядзеце, каб гэты кастрычнiк кайстрою i пылам горкiм не абярнуўся... Зьелi-б што. Цалюткi-ж дзень няеўшы.
- Дзякую. Там усё будзе.
Раман пайшоў у свой пакой, а гаспадыня пашкадавала, што не распытала яго пра ўсё, як хацела, калi перанiмала яго на ганку. "Прыбег во i, як кот угарэлы, бяжыць зноў. Мiтусiцца, як перад сiлом якiм".
Хутка Раман быў гатовы. На iм быў добра адпрасаваны гарнiтур, той самы, у якiм ён хадзiў у Польшчу. Пасьля прасу ён пацямнеў i быў, як новы. Гаспадыня адпусьцiла ў iм рукавы, падоўжыла нагавiцы, i цяпер Раман ня выглядаў такiм цыбатым, як раней. Корзюк перад адыходам паказаўся гаспадынi.
- Пажадайце мне ўсяго найлепшага.
- Прост мне шкада цябе. Ну йдзi з Богам... Нешта-ж ты ў вадным плашчыку. Акалееш.
На двары было цёмна. Знаёмымi вулiчкамi Раман пайшоў да трамвайнага спынку. Калi ён увайшоў у трамвай, кандуктар, што заўсёды езьдзiць на гэтай лiнii i ведаў Рамана, многазначна мiргнуў яму, i гэты мiрг няпрыемна падзейнiчаў на Корзюка. На наступным спынку селi два мiлiцыянэры. У вадным з iх Корзюк пазнаў таго самага, што часта заходзiць у Галоўны корпус i падоўгу стаiць ля распранальнi, пазiраючы кажнаму ў вочы, хто распранаецца. Мiлiцыянэр пазнаў Рамана таксама (аб гэтым можна было здагадацца па тым зiрку, якi кiнуў на яго мiлiцыянэр), але выгляду не паказаў, што ведае, гаварыў з сваiм спадарожнiкам i нi разу больш ня зiрнуў на Рамана.
Манастыр ужо сьвяткаваў Кастрычнiк. У некаторых ягоных пакоях голасна гаманiлi, сьпявалi i крычэлi. А ў вадным граў патэфон, чутна была тупанiна танцавалi. У змрочным карыдорчыку Раман угледзеў адну пару, што як мага прыцiскалася да сьцяны, пэўна, каб яе не пазналi. Перад дзьвярыма, у якiя ён мусiў увайсьцi, Раман спынiўся. Яму чамусьцi здалося, што дзьверы адчынiць Валя, возьме яго пад руку i павядзе, жартуючы, да свайго ложку. Дзяўчаты будуць кпiць з яе, што яна забiрае яго ад iх i цягне адразу ў свой куток, быццам баючыся, што ў яе адбяруць яго. Калi Раман увайшоў, ён пабачыў бутэлькi на стале i поўнае застольле людзей. Значыцца, яго не чакалi. Гэткi знаёмы яму пакой, утульны i цiхi, гаманiў цяпер незнаёмымi i няпрыемнымi для яго галасамi, быў цесным i закураным. Як яшчэ стукаўся Корзюк у дзьверы, яму доўга не адчынялi, i ўжо гэта адно пакрыўдзiла яго, а той факт, што адчыняла яму Ларыса, а ня хто iншы, толькi ўзмацнiў у iм незадаваленьне сабою i ўсiмi. Корзюк доўга заставаўся каля дзьвярэй, не падыходзячы да стала i нi з кiм ня вiтаючыся. Ларыса глядзела на яго i нiчога не гаварыла, стаяла й ня йшла на сваё месца. Дзьве лямпачкi вiселi над сталом, зацемненыя каляровай паперай, i ад таго каля парогу было змрочна. Адсюль, аднак, Корзюк усё бачыў, а сам быў нявiдзён. За сталом, вiдаць, дайшло ўжо да такога пункту весялосьцi, калi ўвага паглыналася ня вонкавым, а ўнутраным. I, мусiць, таму Раман заставаўся незаўважаным. Ён хацеў нават выйсьцi, але, адчуўшы ў сабе голас помсты за абыякавасьць да яго, Корзюк нязвычайна голасна, што нi адзiн падскочыў за сталом, прывiтаўся:
- Добры вечар!
Усё застольле поглядзела на яго. Першай выхапiлася Дзiчкоўская, пакiнуўшы Яначкiна:
- Што-ж ты гэтак позьнiшся, Рамашачка? А ты стаiш i не запрашаеш, - тут-жа зьвярнулася яна да Ларысы.
Потым падыйшла i Роза Шкляр, i ўсе яны пацягнулi Рамана за стол. На момант гаворка спынiлася, i тая весялосьць, якая была ўжо запанавала тут, перарвалася з прыходам Рамана. На твары Мялешкi застыла незадаваленьне, а Яначкiн пачаў вылазiць з-за стала, абражаны няўважлiвасьцяй Дзiчкоўскай, якая выяўна лiпла цяпер да Корзюка.
- Не ўцякай, Яначкiн! Вып'ем за прыход у нашу сям'ю Рамана Корзюка!
- Чакай, Оля, можа гэтая сям'я i ня хоча мяне, - загаварыў Раман.
- Хочам! Хочам! - закрычэлi дзяўчаты.
- Пачакайце. Я ведаю, што вы хочаце. Але найперш вып'ем!
Выпiлi ўсе, апрача Мялешкi. Дзiчкоўская заўважыла гэта i секанула:
- Сьцяпан, i за Кастрычнiк ня хочаш выпiць?
- А ты хiба выпiла цяпер за Кастрычнiк?
- Канешне, за Кастрычнiк. А за што-ж?
- Добры твой Кастрычнiк!
- Ня горшы твайго!
I Дзiчкоўская тэатральна ўсадзiла каля сябе Корзюка. Корзюк пачырванеў.
- Вып'ем сапраўды цяпер за Кастрычнiк! Паглядзiмо, цi будзе пiць Мялешка.
Грамадою ўзьнялiся над сталом, трымаючы чаркi.
- За Кастрычнiк!
Але Мялешка ня ўзьняў свайго кiлiшка.
- Сьцёпачка, што з табою? Хутчэй! - на Дзiчкоўскую найшоў шал i яна не адступалася ад Мялешкi: - Ну!
Мялешка, не сьпяшаючыся, падняўся, але замест таго, каб узяць i падняць чарку, ён вылез з-за стала i рашучым крокам пайшоў да дзьвярэй.
Дзiчкоўская, рашчырванелая i зiхатлiвая, яшчэ з большым iмпэтам скамандвала:
- За Кастрычнiк!
Выпiлi, але настрой ужо апаў - выйшаў бо Мялешка. А гэта нешта значыла. Ларыса хацела затрымаць яго, угаварвала застацца, але ён апрануўся i, не разьвiтаўшыся нават з ёю, пакiнуў манастыр. Калi ўсiх гэты выпадак ацьвярозiў, дык на Дзiчкоўскую ён ня меў нiякага ўплыву - яна налiвала Раману то гарэлку, то вiно, тулiлася да яго i была як-бы рада, што Мялешка сыйшоў з воч. Пятро Шыракоў з Цыпiнай узялiся круцiць вальс Цыпiнай. Як i заўсёды, Пятрок граў на губы. Калi завялi патэфон, ён сказаў, што ягоная "партнiха" (гэта значыць партнёрка) прывыкла да ягоных жывых гукаў i пад патэфон танцаваць ня ўмее. Жарты Шыракова, ягоны нейкi няўлоўны цынiзм сьмяшылi ўсiх, i хутка ахвотнiкаў танцаваць знайшлося даволi. Яначкiн пайшоў з Ларысай, Аўсеева з Фомкай Марцiновiчам, Шкляр з Каплеўскiм. Дзiчкоўская яшчэ сядзела з Раманам за сталом i падкладвала яму яду. Шарамецьцеў гаварыў з Лагоўскай. Танцораў набралася гэтулькi, што ня было нiдзе нават кроку ступiць, i пары не танцавалi, а цёрлiся.
Селi зноў за стол. Пiтва хапала, не хапала толькi закусi.
- Досыць вам есьцi! - зьвярнулася Роза Шкляр да Дзiчкоўскай i Корзюка: Давайце вып'ем! А то як з галоднага краю вы.
- Канечне-ж, з галоднага. Я кармлю Рамашачку, каб ён дужэйшым быў. А то зьнямогся, бедны, што сягоньня ня змог партрэта несьцi. Дзiва што...
- Будзе яму яшчэ за гэты партрэт. Мялешка нездарма выйшаў. Ну, за што вып'ем? - пыталася Роза.
- На гэты раз за прыгожую Розачку, - прагаласiла тост Дзiчкоўская.
- Брава! Брава! П'ем за Розачку!
Пiлi шмат. Дзiчкоўская, нарэшце, выйшла з Раманам на сярэдзiну пакою i закружылася з iм у танцы. Яны танцавалi гэтак зграбна, прыгожа, далiкатна i ўтульна, што выклiкалi замiлаванасьць i зайздрасьць i нiхто ня сьмеў далучыцца да iх. Усе толькi любавалiся iмi. Дзiчкоўская шчыльна прыпадала да Рамана i ўся - як сьвяцiлася. Нiжэйшая за Рамана, яна як-бы была пад iм i толькi адкiдвала галаву, каб зазiрнуць яму ў вочы.
- Хопiць, даражэнькая, з цябе. Дай мне цяпер твайго кавалера, - падыйшоўшы блiзка да iх на зьдзiўленьне ўсiх сьмела сказала Лагоўская. Гэта было так неспадзявана, што Дзiчкоўская апешыла i бяз нiякiх выбрыкаў, на якiя яна была здольная, уступiла ёй Рамана. Каб гэта падыйшоў да яе з такiм намерам нехта iншы, яна нi за што не зрабiла-б гэтага, хаця-б той нехта памiраў.
Раман зрабiў адзiн круг з Лагоўскай. Тады да яго пачалi падыходзць усе дзяўчаты па чарзе, сьмяючыся i жартуючы. Не пасьмела толькi падыйсьцi да яго Ларыса, але Раман сам узяў яе i прайшоўся i з ёю. Дзiчкоўская назiрала за ўсiм гэтым нядоўга. Схапiла Корзюка за руку i пацягнула за стол.
- Хопiць з вас! Рамашачка цяпер мой, - сказала яна. - Не здарма-ж я кармiла яго i паiла.
- Каб была тут Валя Камоцкая, было-б табе "мой", - кiнула Шкляр, - не падзялiлi-б.
- Рамашачка, што ты думаеш пра "дзяльбу"? Падзялiлi-б? Цi не падзялiлi-б?
- Я суцэльны.
Корзюк, вiдавочна, ужо п'яны, выцягнуў Дзiчкоўскую з-за стала, але танцаваць яна не хацела ў сваiм пакоi, а папрасiла яго пайсьцi на танцы ў Галоўны корпус, дзе, гаварыла яна, грае сапраўдная аркестра i хапае прастору.
- А й сапраўды, чаму-б нам не пайсьцi туды ўсiм? - Шкляр гэта сказала, як-бы не хацела, каб Дзiчкоўская пайшла туды з Раманам адна.
У Галоўны корпус на танцы пайшлi ўсе, апрача Розы Шкляр з Каплеўскiм - яны пасьпяшалiся на кватэру да Каплеўскага. Нават Шыракоў з Басяй прыцягнулiся.
Танцы адбывалiся ў падвале Корпусу, на паркетнай пляцоўцы. Гэта была нiштаватая пляцоўка з некалькiмi слупамi пасярэдзiне, вакол якiх кружылiся пары, i такiм парадкам утваралася столькi акружынаў, колькi было слупоў. Пляцоўка ня была добра асьветленай, але гэта нiколькi не замiнала - наадварот. На пляцоўку прыходзiлi ўсе карыдоры i тут канчалiся. Цяпер яны былi поўныя людзьмi, бо-ж на танцы прышлi студэнты аж з трох iнстытутаў: пэдагагiчнага, мэдычнага i наргасу. Былi i з БДУ. Але найболей кiдалiся ў вочы - сваёй колькасьцяй - вайсковыя. Скуль яны сюды папрыходзiлi, нiхто дакладна ня мог-бы сказаць. Досыць таго, што яны былi тут галоўнай сiлай. Яны былi ня толькi ў вайсковай форме, а й ў шпорах, i цяпер гэтыя шпоры зьвiнелi тут нейкiм даўно мiнулым, аднак, гэта не перашкаджала iм знаходзiць водгук у дзявочым сэрцы. Студэнты былi адкiнутыя, як кажуць, на заднi плян.
Танцавала няшмат. Найболей глядзела. Але Дзiчкоўская, падхопленая, як на крыльлях, музыкай, звонам i тлумам, цягнула Корзюка ў круг, моцна сьцiскаючы ягоную руку сваёю лiпкай. Гралi вальс i танцавалi, хто толькi хацеў, умеў цi ня ўмеў. Аднак вальс скончыўся i зайгралi факстрот. Хоць-бы адна пара выйшла нiхто ня ўмеў. А можа хто трохi i ўмеў - саромiўся выходзiць. Ды ня гледзячы на гэта, аркестра грала. Ад таго, што пляцоўка была пустой, саромiлiся ўсе, нават i тыя, хто не танцаваў наагул. Прыцiхлi й вайсковыя. Змоўклi iхныя шпоры.
I вось у гэтай маўклiвасьцi i напружанасьцi выходзiць Дзiчкоўская з Раманам - памалу, нi на кога ня гледзячы, саромячыся i быццам няўпэўнена. Для ўсiх гэта было збаўленьнем, выйсьцем з несамавiтасьцi. У першы момант нават боязна было падумаць, што танец можа ня ўдацца ў iх. Але ўпэўненасьць, з якой павёў Дзiчкоўскую Раман, заспакоiла ўсiх. Дзiчкоўская i Раман танцавалi факстрот так натхненна, лёгка i нявымушана, што, гледзячы на iх, станавiўся зразумелым сам танец. Ён захапляў усё болей нейкiм сваiм нявымоўным чарам. Дзiчкоўская - фiгурыстая i ў зграбнай сукенцы, што выгадна i спакусна аблягала яе, Корзюк - у сваiм штодзённым гарнiтуры, але прыгожы, стройны, гнуткi заваражылi ўсiх сваiм зьяўленьнем на гэтай пляцоўцы. Пачуўся шэпат у грамадзе. "Хто i адкуль яны такiя?" Зьдзiўленьне i захапленьне. А Дзiчкоўская i Корзюк, быццам забаўляючыся, паслухмяныя рытму, у сваёй чароўнай хацьбе, адчувалi гэтае захапленьне грамады i яшчэ болей уваходзiлi ў сваю ролю. Гледзячы на iх збоку, думалася, што ў сваiм датыкненьнi яны мучацца, шчасьлiвыя i пакутныя, шукаюць зiшчэньня нязiшчанага ў рытмiчным наблiжэньнi i аддаленьнi. Гэтым яны заражалi iншых, i тое, што перажывалi яны, дзiўным спосабам перадавалася iншым. Яны вырасталi ў вачох iншых у герояў, у казку, якой не хапала ў жыцьцi, iм зайздросьцiлi, iх iдэалiзавалi i хацелi быць такiмi, як яны. Невядома, колькi-б яшчэ iграла аркестра, каб Раман схiленьнем галавы не падзякваў аркестрантам. З сашчэпленымi рукамi Корзюк i Дзiчкоўская пайшлi на сваё ранейшае месца. Трывала яшчэ часiна маўклiнi. Здавалася, што пасьля гэтага ня ўзновяцца танцы наагул i змоўкнуць назаўсёды шпоры. Але з грамады выступiў нейкi лейтэнант - досыць прыстойны на выгляд - i зычным голасам не папрасiў, а скамандаваў сыграць вальс.
У вальс налезла, як у сетку вакунёў.
- Вальс-адбiяны! - скамандваў той-жа лейтэнант i хуценька падыйшоў да Рамана з Дзiчкоўскай, што вальсавалi недалёка ад яго. Дзiчкоўская моцна сьцiснула Раманаву руку i заставалася з iм.
- Вальс-адбiяны! - яшчэ грамчэй закрычэў лейтэнант, iдучы побач Дзiчкоўскай з Раманам. - Вальс-адбiяны, грамадзянiн! Вы чуеце, цi не? Адпусьцеце барышню!
Раман з Дзiчкоўскай яшчэ хутчэй закружылiся вакол слупа. Але лейтэнант не адступаў ад iх.
- Жыва!
- Цi нельга без каманды, таварыш лейтэнант? - спынiўся, нарэшце, Корзюк, трымаючы левай рукой Дзiчкоўскую за талiю.
- Патое я й камандзiр, каб камандваць, - i лейтэнант схапiў i пацягнуў да сябе Дзiчкоўскую. Тая скрыкнула. Раман правай рукой няўгледна дзыгнуў у твар лейтэнанта. Лейтэнант, перакруцiўшыся, замахнуўся ўдарыць Рамана, але не пасьпеўшы, заекатаў, адкiнуты моцным ударам нагi ў жывот.
Падскочылi ваенныя. Вырасла й студэнцкая сьцяна. Аркестра перастала граць. Дзiчкоўская цягнула Рамана ў гурт, але ён не паддаваўся i ўсё стаяў на месцы.
- Даць iм дагаварыцца на двары, а ня тут, - хтосьцi гукнуў з грамады.
Раман усё болей i болей зацiскаўся з двух бакоў натоўпам. Лейтэнант кiдаўся да яго, але ня мог раськiдаць грамады. Цяжка было зразумець, што дзеецца. Зьнекуль нахапiўся загадчык Ваеннай кафэдрай:
- Я адказны за танцы i прашу зараз-жа разыйсьцiся! Аркестра, грайце!
Пасыпалася полька. Лейтэнант, аднак, не паказваўся. Ён стаяў каля выйсьця на двор - пiльнаваў Рамана. Але дармо - Дзiчкоўская знайшла для Рамана iншае выйсьце, i яны, яшчэ перад тым, як скончылiся танцы, пакiнулi Галоўны корпус.
24
Хмары засьцiлi месяц. Але ён выкачваўся з iх i плюскаў сваiм сьвятлом над голымi садамi. Шчарбатай усьмешкай ён сьлiзгаўся па ўсiм чыста, ад чаго ўскраiна, якой вяртаўся Раман дахаты, з сваiмi садамi i агародчыкамi, хлiпала нейкiм трывожным мiгценьнем, як у срыбнай, але цямлявай сетцы. Ценi далёка сiгалi праз вулiцы, асьветленыя зорнасьцяй. Ценi перакрэсьлiвалi Раманаў твар i асьвячалi яго, як маланкай.
Калi Раман Корзюк дайшоў да свае кватэры, з адчыненай брамкi выбег суседскi сабака, сеў на тратуары i па воўчаму завыў, уставiўшы на Рамана сваю мызу. Раней, падбягаючы да Рамана, ён вiтаўся з iм, як вiтаюцца сабакi, але цяпер сядзеў на воддалi i трывожыў сваiм выцьцём вулiцу, трывожную i без таго ў гэты позьнi час. Месяц быў ужо ззаду, за домам. Корзюк ступiў на ганак асьцярожна й няўпэўнена, быццам ён уваходзiў у чужую, незнаёмую для яго хату.
Ужо з свайго пакойчыку, у задняе вакно, Раман зноў пабачыў у месячным сьвятле сабаку. Але цяпер ён ня выў, як на вулiцы, а толькi сядзеў i, здавалася, глядзеў у вакно, падобны болей на ваўчанё. Корзюку здавалася, што ў сваiм пакойчыку, як на талерцы, ён вiдзён з усiх бакоў. Упяршыню ён ня чуўся забясьпечаным ад напасьцяў. Каб мог, ён засланiў-бы вокны дзяругай, каб пацямнела i можна было-б лажыцца спаць. Але засланiць ня было чым, i Раман лёг, накрыўшыся коўдрай з галавой. Сабака пачаў драпаць сьцяну i скуголiць, быццам просячыся ў хату. Ды Корзюку не хацелася ўжо паднiмацца з ложку, ён сагрэўся i засыпаў. Ужо заснуў... Сьпiць. Сабака цяпер на ганку бразгацiць клямкай, хочачы адчынiць дзьверы, i гыркае. Але нехта ласкава адганяе яго ад дзьвярэй, гладзiць i дае нешта коўтнуць. Коўтнуўшы, сабака зноў пачынае гыркаць. I тады яму добра даюць пад рэбры ботам. Сабака, яўкнуўшы ад болю, бяжыць у свою будку. I ўжо адтуль пачынае скуголiць зноў. Што-б гэта значыла? Пэўна Кандраценя iдзе мяне вучыць цi зноў расказваць пра Цiмошку... Але не... Цяпер я ўжо сплю i мой салодкi сон будзе трываць доўга-доўга. Нi сабака, нi Кандраценя не перарвуць яго. Так добра ў цёплым ложку пасьля дзённай зморы! Высплюся й вылежуся. Каб толькi даўжэй... Сабакi ня чутно i ўжо месяц схаваўся. Патухлi й вокны. Iх замазала ноч, i ў хаце - як спаць. Ценi ня трывожаць i ня шныраць па дарогах. Сады ахiнулiся iмглой i таксама сьцiшылiся. Iм утульней i бясьпечней ад гэтага, як утульна мне пад коўдрай. Утульна, як пасьля вялiкага шчасьця, што перамагло цябе i кiнула ў нябыт...
Дзыгу-дзыгу... Дзаг-дзаг-дзаг... Дзагу-дзагу... Дзаг-дзаг-дзаг - ходзiць ходарам клямка. Ды дзьверы не адчыняюцца. Моцныя! А от у вокнах шкло дзынкае трывожней: тук-тук-тук! тук-тук-тук! Нешта-ж ёсьць такое, калi гэтак брынчаць. Ды гэта нiшто. Сон ёсьць сон. Сон смачна сьвiшча ў носе, булькае ў горле, захлiпаецца. Перарвецца на сэкунду, паслухае сябе самога i зноў за сваё...
Нешта-ж такi ўсхадзiлася гаспадыня... Во як бухнула ў перагародку! Яшчэ-б трохi, дык i ў жывот... Чым бы гэта? Нагой?
Раман Корзюк пачуў галасы ў кухнi. Скрозь шчылiны ў перагародцы адтуль калола сьвятло i даставала Рамана, як штыхамi. Гаспадыня прыглушаным голасам прасiла Рамана адчынiць дзьверы. Корзюк скокнуў з ложку, адкруцiў на дзьвярох закрутку i нырнуў назад пад коўдру.
Як i ўчора, калi ён быў з Кандраценем, гаспадыня спынiлася ў дзьвярох з лямпай у руках:
- Устаньце!
Накiравалася да другiх дзьвярэй, што на вулiцу, i адклала заслон, якiм заўсёды запiраўся Корзюк нанач. Няўгледна, як па камандзе, увайшлi людзi двое з дзьвярэй i двое - з кухнi.
Пад стольлю зырка загарэлася лямпачка. Гаспадыня пасьпяшалася выйсьцi.
- Адзявайцеся! Вы арыштаваныя!
Раману Корзюку не паказалi нават ордэр на арышт. Пiльна прыглядалiся да яго, калi ён надзяваўся. Потым загадалi яму сесьцi за стол, вiдавочна, каб забясьпечыць сябе ад магчымых нечаканасьцяў з боку арыштаванага. Двое стаялi перад Раманам, ня зводячы з яго вачэй, а двое другiх пачалi рабiць вобыск.
Перавярнулi ўсё дагары дном.
- Аддайце зброю!
- Вам ня трэба было-б шукаць яе, каб яна была ў мяне.
- Вы хочаце сказаць, што яна заявiла-б аб сабе сама?
- Патое-ж яна зброя.
- Гм-м... Дасьцiпна.
- Вы самi напрасiлiся на такi досьцiп.
Спрабавалi мясьнiцы, вадзiлi далонямi па шпалерах. Самi адчынялi чамаданы й поркалiся ў iх. Узрылi пасьцель, нечым перакалолi матрас.
- Пакажыце вашы кнiгi.
- Яны ўсе тут.
Перабралi i перагарталi даводнай. Тыя з iх, у якiх былi якiя-небудзь надпiсы, заўвагi, падкрэсьленьнi, закладкi, адкладвалi на бок, а iншыя стаўлялi на месца. Кнiгi на беларускай мове забiралi, не гартаючы, усе, колькi было. Да гэтай катэгорыi належылi й кнiжкi на польскай мове. Канспэкты i лiсты зьвязвалi асобна. Склалi ў мяшок фатаграфii, што былi наклееныя на паперу на сьцяне. Прыглядалiся да партрэта Валi, якi яна падаравала яму, паставiўшы яго ў зграбнай рамачцы на ночным столiку. Знайшлi й вузялок-перадачу для Валi, якога ня прынялi ўчора ў Рамана, бо ня было прыёму i якi цяпер ляжаў у шафцы.
Раман Корзюк абыякава глядзеў на працэдуру вобыску, хацеў, каб яны канчалi хутчэй i вялi ўжо. Але людзi з НКВД не сьпяшалiся, яны толькi зрэдку пазiралi на гадзiньнiкi, абменьваючыся кароткiмi, толькi iм зразумелымi позiркамi. Калi ўжо было ўсё гатова, упакавана i пасартавана, пачалi пiсаць пратакол. Падпiсалi яго Раман i гаспадыня, якую яны паклiкалi. Гаспадыня прынесла Раману бялiзну, цукру i слоечак масла.
- Яму ўсё гэта не патрэбна. Ён хутка вернецца.
- Каб-жа-ж...
- Пайшлi!
На вулiцы кiнуўся сабака з брамкi, але адразу-ж адбегся i, як перад гэтым, сеўшы, завыў.
Месяц не паказваўся. Яго перамаглi хмары, i вулiцы - глухiя, з садамi й гародамi - нiклi ў перадранiшняй iмгле.
У машыне людзi з НКВД сядзелi побач Рамана, сьцiскаючы яго, быццам якiмi клямарамi. Ехалi цiха, не гаворачы. Каб хто якiм словам перакiнуўся! Гэтую маўчанку Раман ледзве перамагаў. Каб ён не баяўся паказацца наiўным, ён сам першым загаварыў-бы да сваiх "суседзяў" i яму было-б ня гэтак прыкра, як цяпер, але загаварыць Корзюк ня мог, i блiзiня, якую Корзюк адчуваў, седзячы памiж сваiмi "целахранiцелямi", мучыла яго, злавала i выдавалася надта абразьлiвай. Толькi нейкая звышнатуральная сiла паўстрымоўвала яго ад таго, каб ня рынуцца на iх. У вадзiн мамэнт - варта было яму толькi, напружынiўшыся, тоўхнуць сваiмi моцнымi i доўгiмi нагамi ў вадзiн i ў другi бок, як уся ягоная кампанiя поруч - Раман вычуваў у сабе такую сiлу - апынулася-б вонках машыны. Але Корзюк ехаў цяпер туды, i ўсьведамленьне гэтага стрымлiвала ягоную натуру. Той дзень, аб якiм гаварыў яму ўчора Кандраценя, настаў i цi варта цяпер адхiляць яго такiм спосабам. Тым больш, што такога дня Корзюк чакаў сам, iшоў да яго, i ў гэтым фiнале сваiм мусiць-жа ён, нарэшце, сьцiшыцца. За плячыма Корзюка, здавалася яму, ехала ягонае мiнулае i быццам праводзiла яго ў новую дарогу.
Па Чыгуначным мосьце праходзiў цяпер якраз замежны цягнiк на Стоўбцы. Вокнамi цягнiк сьвяцiўся ў цемры, нясучы сваё калыхлiвае сьвятло ў нейкi iншы, зваблiвы сьвет, да якога ён, здавалася, бег здалёку, з таго боку начы. Корзюк меў магчымасьць праводзiць вачыма цягнiк аж да таго часу, пакуль чырвоны лiхтар, матляючыся ззаду апошняга вагону, ня згас у вiльготнай i зябкай каламуцi.
За Чыгуначным мастом пачыналася Савецкая. Адно вакно ў Цыпiных ужо сыгналiзавала сьвятлом, што там нехта прачнуўся - хутчэй за ўсё Бася: сьвятло такое трапяткое i чырвонае, як яна сама. А вось праплывае ў паўзмроку сонны яшчэ манастыр - сьпяць. Сапраўды, як пасьля Кастрычнiка! I чаму-б iм ня спаць? Нiхто ня сьпiць мацней за жанчын.
Усё ўжо ззаду: i Цыпiна, i мастыр, i iнстытут, i Дом ураду з сьвяточным партрэтам Сталiна.
Перад варотамi на Ўрыцкага машына доўга чакала, гурчэла, быццам скардзячыся, што яе ня пушчаюць. Нарэшце, адчынiлiся вароты - на чатыры крокi ўшыркi - i аўта рванулася на двор. Пад'ехала да нейкiх дзьвярэй, спынiлася.
У Камэндатуру Корзюка ўвялi з двара. Адразу-ж, з парогу, Корзюк нырнуў (яго вялi туды) у падвал-скляпеньне, асьветленае моцнымi лямпачкамi. Iшла "апрацоўка" арыштаваных: iхную адзежу распасьцiралi на стале, абмацвалi кожнае шво, абразалi гузiкi i спражкi, выцягвалi з бацiнак шнуркi, забiралi рэмнi, гальштукi, грошы. А ў вадным кутку - зусiм голыя - некалькi чалавек прысядалi, распасьцiраючы рукi, i, прысеўшы, заставалiся з сэкунду ў такой пiкантнай позе, пакуль тыя, што аглядалi iх, не казалi iм узьняцца.
Корзюк баяўся, што яму загадаюць рабiць тое-ж самае, але, нашчасьце, гэтай атлетыкай яму ня прыйшлося займацца: значыць, яго ня лiчаць такiм небясьпечным арыштантам, як тых, у кутку.
Яму далi квiтанцыю на асабiстыя рэчы, якiх нельга браць з сабою ў камэру, i павялi. Паднялiся на другi паверх. У цэнтры акружыны, якая станавiла сабою падлогу таго паверху, стаяў чалавек i круцiў, як здавалася Корзюку, нейкае кола. Але гэта было ня кола, а прост рычагi, пры дапамозе якiх дзьверы камэраў у выпадку патрэбы адчынялiся i зачынялiся. Не пасьпеў Корзюк апынуцца перад дзьвярыма 27, як яны адчынiлiся, паказаўшы Раману тое, што называецца камэрай-адзiночкай. Корзюк у нерашучасьцi спынiўся: ня камэра, а труна, вузкая ад дзьвярэй i трохi шырэйшая ў процiлежным канцы. Ззаду Корзюка лёгенька папхнулi. Толькi ён перанёс свае ногi праз парог, як дзьверы зачынiлiся за iм з такiм гулам, быццам хвалi шторму з усёй сiлай ударылi ў каюту, схлынуўшы назад у сваiм адступленьнi.
25
- Раскажэце, Шаркевiч, як вы хадзiлi з свайго хутару ў Польшчу?
- Я ў Польшчы ня быў i хутар той ня мой.
- Што хутар ня ваш, гэта мы добра ведаем. I што вы былi ў Польшчы, гэта мы ведаем таксама. Але мы хочам, каб вы прызналiся ў гэтым самi. Будзе меншая кара... Дык колькi разоў вы былi ў Польшчы?
- Я вам сказаў, што нi разу.
- А каго вы вадзiлi туды?
- Нiкога.
- I самi ня былi?
- Не, ня быў.
- Ну, а хто вас туды пасылаў?
- Як я там ня быў, дык нiхто мяне туды й ня пасылаў.
- Добра адказваеце. I скажаце, Генадзь Кандраценя ня быў у вас на хутары?
- I Кандраценi нiякага ня ведаю!
- А калi я пакажу вам яго?
- Ну дык што - што пакажаце. Вы ўсё можаце паказаць.
- Цяпер адкажэце мне на такое пытаньне: начзаставы да вас часта заяжджаў?
- Гэны бываў.
- Можа ён перакiдваў вас сам?
- Дрэнны быў-бы ён начзаставы.
- Можа ён i ёсьць такi.
- Такога вы ня трымалi-б. Ён-жа ваш.
- Ён i ваш.
Палiтыка з Шаркевiчам гаварыў сёньня лагодна, як-бы пасяброўску. Прост гуляў з iм. Ня тое што ўчора i пазаўчора - душу выцягваў. Шаркевiч бачыў, што ягоны сьледчы змораны, хоча спаць, пазяхае i час-ад-часу заплюшчвае вочы. Даўно ўжо перавалiла за поўнач. Колькi разоў Палiтыка, седзячы за сталом, браўся за трубку тэлефону i цiхiм голасам перакiдваўся, як здавалася Шаркевiчу, з жонкай кароткiмi словамi, абяцаў ёй прыйсьцi а чацьвёртай. Шаркевiч, канешне, прыкiдваўся, што ня слухае ягонай гутаркi, знарок ёрзаў на сваiм крэсьле, але на самай справе прыслухоўваўся да кожнага слова, сказанага сьледчым. Шаркевiч ня ведаў, колькi цяпер часу, вычуваў толькi, што каля трох i ўжо, можна сказаць, не баяўся, што Палiтыка будзе й сёньня прыцiскаць ягоныя каленi другiм крэслам, зробленым як-бы адмыслова для таго, каб прычыняць Шаркевiчу боль, такi нясьцерпны, хоць крычы... Возьме крэсла, трохi вышэйшае за тое, на якiм, звычайна, сядзiць Шаркевiч, i пачынае неўзаметку й пацiху, як-бы жартуючы, сунуць да Шаркевiча. Дагонiць шчыльна да каленяў Шаркевiча i спынiцца, прыглядаючыся, цi акуратна прыставiў да самых храшчыкаў у суставах. Потым бярэцца за крэсла зноў i гэтым сваiм крэслам пхне Шаркевiча на ягоным крэсле да сьцяны. Вось тады i пачынаецца прыцiсканьне. Шаркевiч крычыць. Тады сьледчы перапыняе свою работу i пытаецца ў соты раз пра адно i тое-ж - хто пасылаў у Польшчу?
Сёньня-ж Палiтыка, як ня той. Жартуе й гаворыць так, абы гаварыць. Быццам i яму абрыдла таўчы ваду ў ступе. Мала таго, Палiтыка расказаў Шаркевiчу пра ягоных, Шаркевiчавых, дзяцей, што яны жывуць без яго на хутары лепей, чым з iм - дзяржава дапамагае, дармо, што iхнi бацька польскi шпiён... Апрача старэйшай дачкi, усе ходзяць у школу. Адным словам, дагледжаны, сыты - савецкая ўлада не дапусьцiць, каб дзецi прапалi. I таму Шаркевiчу няма чаго турбавацца.
Такая чуласьць i дабрыня сьледчага пужала й насьцярожвала Шаркевiча. Ён ня верыў яму. Але Палiтыка - як-бы яго хто падмянiў - быў сапраўды ласкавым, частаваў яго папяросамi, паклаўшы перад iм цэлую пачку - "Казьбек". Упяршыню сьледчы дазволiў яму сядзець з iм за адным сталом. I як-бы там нi было, а Шаркевiчу ад такой гутаркi было ня так страшна заставацца аднаму са сьледчым уначы.
Найболей баяўся Шаркевiч, калi ягоны сьледчы змаўкаў, застаючыся нярухомым i сутуленым у сваiм крэсьле. Тады Палiтыка разглядаў Шаркевiча, мацаў яго сваiм, быццам нятутэйшым, павольным зрокам, сьлiзгаўся па iм тупым, халодным паглядам заспаных вачэй, шукаючы для сябе нейкага адказу. Шаркевiч разумеў гэта пасвойму: сьледчы ўпiваецца ў яго для таго, каб канчальна вырашыць Шаркевiчаў лёс, знайсьцi адказ. Шаркевiч добра ведаў, што яго чакае, але ня гледзячы на гэта, хацеў спадзявацца, што той ягоны лёс вырашыцца неяк iнакш i таму баяўся "канчальнага" вырашэньня, якое магло высьпець у санлiвым мазгу сьледчага. Шаркевiч тады курчыўся на крэсьле, млеў, вернападдана глядзеў у вочы сьледчаму, быццам хацеў гэтым зьмякчыць той магчымы вырак, што можа прыйсьцi ў кожную сэкунду.
Змаўкаў сьледчы, змаўкала i ноч у НКВД. У габiнэце рабiлася так цiха, што Шаркевiч чуў нават плынь i шорах начы. Змаўкаў вулiчны гул, галасы звонку не даходзiлi сюды. Не, Шаркевiч баяўся, калi сьледчы маўчаў.
Сьледчы пачынаў гаварыць, i ажываў габiнэт, цiшыня некуды адступала, Шаркевiчу станавiлася лягчэй, i той страх выраку, што толькi палохаў яго, зьнiкаў, замяняўся сэкундаю надзеi...
- Чаму вы, як вярталiся з Польшчы, зайшлi ў iмшанiк, а не адразу ў хату?
- Я йшоў ня з Польшчы, а ад свае канякi. Глядзеў, цi з начы куды не закалдыбала. А ў хату ня йшоў, бо хацеў прыймацца ўжо за работу.
- Якiя вы старанныя!.. Ну, добра... Хто яшчэ быў у iмшанiку, апрача начзаставы, у той час, калi вы зайшлi туды.
- Я нiколi ня бачыў чалавека, што браў мяне разам з начзаставы. Ня ведаю яго.
- Добра... Колькi часу вы прабылi пад арыштам на заставе, перад тым, як вас адправiлi ў Менск?
- Ня доўга. Начзаставы дапытваў мяне толькi адзiн раз.
- Пра што ён у вас пытаўся?
- Пра тое, што й вы.
- Але яму вы гаварылi праўду. Ня так, як мне. Хочаце паслухаць пратакол?
- Там усё няпраўда.
- Вы-ж падпiсалiся пад тым, што вы гаварылi!
- Мяне бiлi, каб я падпiсаўся.
- Бiлi? Вось як... Мы ня б'ём.
Пасьля паўзы:
- Зрэшты, ня важна, што ў пратаколе напiсана. Важна тое, што мы ведаем самi i, канешне, тое, што вы скажаце. Вось, напрыклад, што вас змусiла зьвязацца з Кандраценем? Дружба? Атрымалi ад яго шмат грошай? Вам дрэнна жылося? Мы пасадзiлi вас на хутар не для таго, каб вам было блiжэй да Польшчы. Вамi мы хацелi заткнуць хоць адну з дзiрак, што, нажаль, яшчэ ёсьць у нас на пагранiччы. А вы што-ж? Палезьлi праз дзюрку самi! Забойцаў, кантррэвалюцыянэраў, шпiёнаў i iншую хлудзь прапхнулi. Што вы былi ў Польшчы i можа не аднойчы (тут Палiтыка кiнуў на Шаркевiча хуткi i пранiкнёны зрок), гэта абсалютна вядома нам. Але мы, паўтараю, хочам даведацца ад вас, чаму вы сталi на шлях здрады? Чаму былы батрак, пастух не палiчыўся нi з чым - нi з сям'ёю, нi з намi, нi, нарэшце, з сваiм сумленьнем - i пайшоў на службу да ворага? Возьмем зноў Кандраценю! Як ён змог зацягнуць вас у сваё логава? Вы зноў скажаце, што ня ведаеце яго? Да часу мы даём вам магчымасьць гаварыць усё, што хочаце, але раней цi пазьней мы ўсё-ткi змусiм вас загаварыць пасапраўднаму. Генадзя Кандраценю выкiнула да нас Польшча. I трэба сказаць, ён дабiўся тут, у нас, некаторых посьпехаў - знайшоў вас i такiх, як вы, пралез i ў больш далiкатныя месцы. Спрабуе нават займацца палiтыкай. Але ўсё гэта, бачу, для вас няцiкава i мала зразумела. I я ня зьбiраюся доўга гаварыць пра гэта. Вы патрэбныя нам, як жывы чалавек, як доказ, як сьведка, як дэталь ведаеце, як вiнцiк ад машыны. Мы зьбiраем цяпер вялiкую машыну i нам не хапае шмат якiх вiнцiкаў-шрубак, такiх, як вы. Дык мы й пярэйдзем цяпер блiжэй да справы. Пачнём ад пачатку.
Палiтыка ўзяў аркуш паперы i нарыхтаваўся запiсваць.
- Значыць, Генадзя Кандраценю, кажаце, ня ведаеце? Так?
- Так.
- Так i запiшам. Начзаставы, кажаце, ведаеце? Так?
- Так.
- Добра, што прызнаецеся хаця ў адным. Дапамагаў вам начзаставы пераводзiць людзей у Польшчу?
- Якiх людзей?
- Адказвайце на пытаньне!
- Не!
- Значыць, вы адны, бяз нiкога пераходзiлi гранiцу?
- Не пераходзiў я гранiцы!
- А ў Польшчы былi?
- Як не пераходзiў, дык i ня быў.
Палiтыка ўськiпеў гневам i кiнуў асадку на падлогу. Падыйшоў да Шаркевiча, замахнуўся рукой, але ня ўдарыў. Накiраваўся ў куток, дзе стаяла крэсла. Налёг на яго дзьвюма рукамi i пачаў сунуць яго да Шаркевiча. Пацiху, ня зводзячы з яго вачэй. Шаркевiч ведаў для чаго прызначаецца крэсла, але ўдаваў, што не баiцца. Сядзеў i чакаў. Быццам адумаўшыся, Палiтыка нечакана пакiнуў крэсла пасярэдзiне пакою i сеў за стол, падняўшы з падлогi асадку.
- У якiм гэта гумне вы адсыпалiся ў Польшчы?
- Я спаў дома, выбачайце.
- На гэты раз вы адказалi не дасьцiпна!
Разгневаны, Палiтыка ўвомiрг узьняўся i выйшаў з-за стала. Гучным голасам пачаў каманду:
- Устаць!
Шаркевiч устаў.
- Сесьцi!
Шаркевiч сеў.
- Устаць!
- Сесьцi!
- Устаць!
- Сесьцi!
- Устаць!
- Сесьцi!
Шаркевiч садзiўся i ўставаў з хуткасьцяй, з якой камандваў Палiтыка. Ён ганяў Шаркевiча датуль, пакуль не змарыўся сам i ў зьнямозе ацiх. Iз стосу папераў, якiя ляжалi на стале, дастаў папку i, разгарнуўшы яе, накрыў нешта ў ёй аркушам паперы, загадаўшы Шаркевiчу прысунуцца блiжэй да стала:
- Глядзеце, зараз пакажу, што пад гэтым аркушам паперы.
Палiтыка паволi ссунуў аркуш паперы ўнiз, да сябе можа на якi адзiн сантымэтр. З-пад аркуша паперы вытыркалiся валасы.
- Хто гэта?
- Не пазнаю па валасох.
Палiтыка яшчэ больш пацягнуў унiз аркуш паперы - паказалася верхняя часць iлба.
- Хто гэта?
- Ня ведаю. Балван нейкi.
Палiтыка сьцягваў аркуш паперы яшчэ нiжэй - паказалiся густыя бровы.
- Хто гэта?
- Нехта-ткi знаёмы, але не прыпамiнаю.
Палiтыка паказаў болей - глянулi вочы... Чые-б вы думалi? Вочы Шаркевiча!
- Хто гэта?
Не дачакаўшыся адказу, Палiтыка ўдарыў Шаркевiча ў твар. У Шаркевiча з носу пайшла кроў. Але тым ня менш, Палiтыка, узяўшы з папкi фатаграфiю, паднёс яе пад самы нос Шаркевiчу i голасам, у якiм чулася вялiкае задаваленьне i перамога, сказаў:
- А вось i тое гумно, пра якое я пытаўся. Пазнаеце?
Шаркевiч маўчаў.
- Вы хадзiлi ў Польшчу?
Шаркевiч маўчаў.
- Хадзiлi, пытаюся?
- Што-ж тут пытацца!
- Не, я хачу, каб вы мне адказалi, як належыцца. Хадзiлi?
Шаркевiч, выпрастаўшыся на сваiм крэсьле, i гледзячы ў вочы Палiтыцы, цьвёрда адказаў:
- Хадзiў!
26
Мiнула колькi часу, а Валю Камоцкую на допыт болей не выклiкаюць - як забылi. Нездарма-ж Палiтыка пужаў яе паўгадовым i гадовым сядзеньнем. Мусiць сваю пагрозу ён сапраўды датрымае.
Валя Камоцкая кожны дзень з нецярплiвасьцяй чакала хвiлiны, калi адчыняцца дзьверы i яе выклiчуць, ды дзьверы тыя ўсё не адчынялiся, i яна, не дачакаўшыся, позна кладучыся ў ложак, ускладвала свае надзеi на заўтрашнi дзень, якi, наступiўшы, ашукваў яе так-жа, як i папярэднi. I так бясконца. З адзiночкi яе не пераводзiлi, хоць яна не аднойчы прасiлася ў пракурора-iнспэктара, калi той абходзiў камэры. Пiсаць дахаты не дазвалялi. А ёй якраз цяпер хацелася-б напiсаць бацьком, тым больш што яны так цi iнакш, бязумоўна, даведалiся аб яе арышце i хаваць ад iх гэты факт было-б дзiўна i недарэчна. Немаль кожную ноч Валi сьнiцца адзiн i той-жа сон: у iнтэрнат мацi прыяжджае за ейнымi рэчамi, але ёй не аддаюць iх, ня пушчаюць нават на парог, адпiхаюць, гоняць. Ды мацi не здаецца - прыяжджае зноў. Як i раней, рэчаў ёй не аддаюць, гоняць, яшчэ й насьмiхаюцца. I што найболей засмучае Валю ў гэтым сьне, дык гэта маўклiвасьць мацi. Хоць-бы адным слоўкам яна абранiлася - яе ў грудзi пiхаюць, а яна маўчыць. Цiхенька й паслухмяна адыходзiцца iз сьлязьмi на вачох.
Падобныя сны засмучалi Камоцкую, прыцiшалi, западалi глыбока ў ейную душу i, здавалася, разбуралi яе, пакiдаючы ў ёй толькi адну горыч. Колькi прайшло таго часу, а Валя вычувала сябе ня той, ранейшай, што гатовая была абаранiць сябе, не папусьцiцца i не ўступiць. Аб Раману яна думала цяпер менш, нават дакарала сябе, што зашмат выдала на яго свае душы. Тая ўява, якая з такой сiлай малявала ёй спатканьнi з iм, за кароткi час турэмнага побыту перастала быць уявай, i памяць аб Раману станавiлася горкай, датклiвай. Камоцкая ўсьведамляла, што калi яна прабудзе ў турме яшчэ далей (а яна чамусьцi верыла, што яе хутка павiнны вызвалiць), у ейным нутры ўсё выгарыць i ў душы застанецца толькi холад, за якiм прыйдзе помста за ўсё нязьдзейсьненае, недасьнёнае й перарванае. Яе душа ня ўмела пераносiць гора, якое яе напаткала. Ад навукi, якую яна, можна сказаць, асягнула, яна чакала рэальнай карысьцi, вынiку для сябе, гэтак як i для сваiх бацькоў, i нечаканы канец гэтаму ўсяму быў успрыняты Валяй Камоцкай трагiчна. Дарога ў жыцьцё ў яе скончылася i гэтага Валя Камоцкая не магла дараваць сабе. Яна нават даходзiла да таго, што прычыну ўсiх сваiх няшчасьцяў яна шукала ў сваёй "лапцюжнасьцi".
А то часамi Валя рашчульвалася тою "лапцюжнасьцяй": гэта-ж яна, "лапцюжнасьць", вывела яе ў сьвет. Ейны бацька быў таксама "лапцюжнiк", i ў навуку яе прынялi менавiта, як "лапцюжнiцу". Як-бы яна цяпер хацела вярнуцца да тых лапцяў з белымi анучамi i новымi аборамi, - танцавала-б ня так, як калiсьцi ў сваiм вясковым клюбе. Мова i ўсё было лапцюжнае. Лапцю была дарога. А цяпер куды папалiся гэтыя лапцi? I дзе цяпер выйсьце для iх?..
Таго, што давалi ёй есьцi, хапала з яе, яшчэ й заставалася, на стале чарсьцьвеў хлеб, суп з рыбай вылiвала ў "парашу". Не хацелася есьцi, душа зацялася i пасьцiлася, як душа манашкi. Пiла толькi гарбату з цукрам. "Сохне душа, няхай сохне й цела".
Забразгацяць посудам на карыдоры, i Валя Камоцкая ведае - абед. Турэмнiк стане на парозе, трохi пажартуе i зноў зачынiць дзьверы, упусьцiўшы ў камэру на некалькi глыткоў халаднаватага паветра. I гэтак тры разы на дзень. У дадатак - выпусьцяць у прыбiральню. Валя вымые там сваю блюзку цi што iншае, высушыць у камэры i зноў надзене чыстае. А то пашчасьцiць разабраць "пошту": дастаць з кошыка кавалак газэцiны, некiм кiнуты туды. Ёй газэт не давалi, i яна дзiвiлася, што нехта iх мае i, як назнарок, кiдае тут, як-бы спэцыяльна для яе. З гэтай "пошты" Валя шмат аб чым даведвалася, распасьцiраючы ў камэры на стале пакммечаныя шматкi, а то й цэлыя балонкi якой-небудзь газэцiны. Напрыклад, ёй удалося вычытаць, што скончыў самагубствам Чарвякоў, арыштаваны Галадзед, Шаранговiч, Жылуновiч (Цiшка Гартны), Кудзелька (Мiхась Чарот), Касянкоў-Зарэцкi, Дайлiдовiч-Дудар i г.д. Такiя i iншыя навiны як-бы жывiлi Валю, яна вычувала, што насоўваецца нешта вялiкае i што ў гэтым вялiкiм, можа стацца, i яна знойдзе нейкае сваё месца. Але зноў - цесныя сьцены камэры сьцiскалi яе ў сваiх каменных абдымках, не давалi ходу, i ўсяго, што ёй заставалася - гэта той нязводны кавалак неба, што сiнеў у ейным высокiм вакне, перахрышчаным кратамi.
Валю Камоцкую ня толькi не выклiкалi на допыт, але i не вадзiлi на прагулку. Стоячы пад дзьвярыма i падслухоўваючы рух на карыдоры, Камоцкая чула, як там тупацелi, пацiху гаварылi i сыходзiлi ўнiз па гулкай лесьвiцы. Камоцкая здагадвалася, што гэта вядуць зьняволеных на прагулку, бо хутка яны вярталiся i тупаценьне ўзнаўлялася. Валя чакала, што вось павядуць i яе, але нiхто не падыходзiў да яе дзьвярэй i не адчыняў iх, i яна, зьняможаная ў чаканьнi, садзiлася за свой каменны столiк у кутку.
Увечары выблiснулi за кратамi зоры i паказаўся ў небе новы, тонкi ў сваiх абрысах месяц. Ён крышыўся ў кратах вакна, i, паламаны, сыпаўся аськепкамi сьвятла ўнiз, па той бок сьцяны. Валi здавалася, што калi-б яна магла падставiць свае прыгаршчы, гэтыя аськепкi, упаўшы, апяклi-б ёй далонi. Але гэта ёй толькi здалося. З суседняй камэры дробненька забарабанiлi ў сьцяну. Па рытму гэта нагадвала ёй азбуку Марзэ. Камоцкая пашкадавала, што яна не разумее гэтага коду i выклiк на размову застаўся без адказу. Валя, узяўшы лыжку, толькi чыркнула ёй па сьцяне. I неводомы ёй сусед цi суседка замоўк. Але ад усьведамленьня, што нехта жыве побач яе i, напэўна, мучыцца гэтаксама, як i яна, ёй рабiлася весялей. Яна пачынала сваю няспынную хаду па камэры, да яе вярталася сiла, i недзе ў iмглiстай далечынi як-бы ўспыхвала надзея, то няясная, то зыркая, дастаткова звабная, каб натхняць яе i аддаляць ад усяго, што яе трымае тут.
I месяц, i зоры за вакном, i той паўзмрок у камэры, якога не магла перамагчы лямпачка ўгары, i той, нарэшце, выклiк з-за сьцяны - усё гэта вытварыла ў Валi нязвычайны настрой.
На карыдоры дзённая зьмена дзяжурных перадае сваю "паству" начной. Значыць дванаццаць гадзiн. Адчыняюцца дзьверы, i начная зьмена прыймае "тавар" ад дзённай, запiсваючы ў журнал колькi таго "тавару" ў наяўнасьцi.
- Колькi ўсяго? - трымаючы журнал i алавiк напаготове, пытаецца начная зьмена ў дзённай.
- Колькi ўсяго? Ня бачыш? Адна! - сьмяючыся, адказвае старая зьмена.
Дзьверы зачыняюцца, крокi зацiхаюць i вее жудасьцяй ад мёртвага турэмнага гмаху.
Праходзiць яшчэ паўгадзiны, i Валя, сьцiшаная, кладзецца ў ложак.
Толькi Камоцкая ўладкавалася, як адчынiлiся дзьверы i чалавек у форме прыглушаным голасам, але ўладна прагаварыў:
- Зьбiрайцеся на допыт! Хутка!
Камоцкая хутка была гатова. Праз хвiлiну яна ўжо зыходзiла з другога паверху ўнiз, устрывожаная i спалоханая нечаканым выклiкам.
На двары зоры з вышынi калолi яе сьвятлом, што сьцякала з iх, як iз штыхоў. Хутка яна апынулася ў тым будынку, у якiм яна была на першым допыце. Гэты будынак выглядаў цяпер больш прыплюснутым, здавалася, што ягоная столь у карыдоры гатова ўпасьцi на галаву ў кожную хвiлiну. Карыдор хутка скончыўся крутымi сходкамi ўнiз, i Валя была ўжо ў другiм карыдоры, даўжэзным i вузкiм. У канцы яго адчынiлiся дзьверы, i яркае сьвятло выбухнула навонкi. З дзьвярэй выйшаў чалавек у форме i, угледзеўшы Валю, чакаў яе, пакуль яна не падыйдзе да яго.
- Бачаце, як мы вас сустракаем? - усьмiхнуўся ёй Палiтыка. - Заходзьце вось сюды! Мы вас ужо даўно чакаем!
Потым Палiтыка зьвярнуўся да чалавека, што прывёў Валю, i сказаў:
- Вы свабодны. Можаце йсьцi.
I ўжо да Камоцкай:
- Сюды! Сюды! Вось у гэты пакой!
У зырка асьветленым пакоi, куды ўвайшла Валя, ня было нiкога. Палiтыка пасадзiў Валю за стол i, перабiраючы нейкiя паперы на столiку, запытаўся:
- Як вам сядзiцца? Я пасьпяшаўся трохi з выклiкам - вы яшчэ за такi кароткi час нiчога не пасьпелi надумаць. Цi можа ўжо?
Палiтыка, адыйшоўшыся ад столiку, не чакаючы адказу, нацiснуў кнопку.
- Зараз я вам пакажу такое, чаго вы, пэўна, не спадзяецеся пабачыць. Я, уласна, i выклiкаў вас сюды, каб зрабiць вам прыемнасьць. Мы народ спагадлiвы...
З двума сьледчымi ў габiнэт увайшоў Раман Корзюк. Наступiла цiшыня, якой нiхто не парушаў. Сьледчыя адыйшлiся, як-бы ня хочучы перашкаджаць i назiралi зводдаль. Камоцкая, седзячы, бяз нiякага, здавалася, зьдзiўленьня, спакойна i моўчкi глядзела на Рамана, сваiм поглядам шукаючы яго вачэй, якiя ён хаваў пад спушчанымi павекамi. Але гэта цягнулася можа якую тысячную долю сэкунды i Раман, пад пiльным поглядам Валiных вачэй, зiрнуў на яе i iх кiдкiя погляды зьбеглiся, збочлiва i коратка. З iх нiхто яшчэ не сказаў нiводнага слова.
- Рамантычная сустрэча не ўдалася, пачнём рэалiстычную. Можа гэта ўдасца лепей! - ня вытрымаў Палiтыка, з халоднай усьмешкай паглядзеўшы на сваiх сяброў-сьледчых. - Грамадзянiн Корзюк, сядайце!
Корзюк сеў за сталом насупраць Валi. Селi й сьледчыя за асобны столiк.
- Валя Камоцкая, вы ведаеце Рамана Корзюка? - пачаў Палiтыка. - Усё душэўнае вы мусiце цяпер адкiнуць! Адказвайце на маё пытаньне: вы ведаеце Рамана Корзюка?
- Вы ведаеце добра, што гэта лiшняе пытаньне.
- Раман Корзюк, вы ведаеце Камоцкую?
- Валя, падумай толькi - нiчога ня сталася. Усё будзе добра! Чаго ты нахохлiлася? Сягоньня мы вялiкiя акторы! Грайма-ж!
- Ц-с-с. Адказвайце на пытаньне!
- Ня зьдзеквайцеся!
- Бацькоў i сястру Рамана Корзюка ведаеце, Камоцкая?
Валя Камоцкая глядзела на Рамана i ня ведала, што гаварыць.
- Валя, гавары! Гавары! Нiчога ня бойся! Усё, як было! Толькi гавары годна! Грай! Чым большай ты будзеш акторкай, тым больш будуць задаволеныя табой нашыя рэжысэры.
- Не хачу я граць!
- Правiльна - граць ня трэба! Валя Камоцкая, адказвайце на маё пытаньне! Бацькоў i сястру Рамана Корзюка вы ведаеце?
- Нiкога i нiчога я ня ведаю... Досыць... Досыць мучыць мяне...
Валя Камоцкая зайшлася гiстэрычным плачам, рукамi закрыўшы свой твар. Сьледчыя пераглянулiся мiжсобку. Двое з iх узялi пад рукi Камоцкую i вывелi яе ў суседнi пакой, пакiнуўшы дзьверы адчыненымi. Корзюк бачыў, як Валю пасадзiлi там на дыван. Немаведама адкуль узяўшыся, моўчкi цьвёрдаю хадой перасекла пакой "Галя", тая самая "Галя", што сустракала Корзюка на першым яго допыце тут. "Галя" села каля Валi i сьледчыя вярнулiся.
- Нiчога! Пасядзiць трохi i ачухаецца. Гэта яшчэ нiшто! А тымчасам паклiчам сюды яшчэ аднаго героя.
Палiтыка пазванiў i прывялi Шаркевiча.
- Пазнаеце адзiн аднога, сябры?
Раман пакiнуў пытаньне без адказу.
Палiтыка пачаў званiць. Хутка ў вялiкi пакой Палiтыкi ўвялi пад зброяй пяць чалавек, у тым лiку i Генадзя Кандраценю. За сьпiною ў кожнага з iх пасталi чырвонаармейцы з вiнтоўкамi. Як толькi прыведзеныя селi, увайшлi двое ў ваеннай форме, на выгляд - высокае начальства. Палiтыка i двое ягоных паплечнiкаў павайсковаму аддалi iм чэсьць. Высокае начальства села за стол, пакрыты чырвоным сукном. Паабапал начальства селi сьледчыя. У пакой "Галя" ўвяла Камоцкую.
Узьняўся Палiтыка:
- Гэта яшчэ ня суд. Суд будзе. Справядлiвы, але бязьлiтасны суд.
Палiтыка сеў, а адзiн з высокага начальства - высачэзны i кантаваты падняўся, вiдавочна, прызвычаены гаварыць стоячы.
- Я займаюся даўно вашаю справаю, арыштаваныя! - пачаў ён. - Канешне, ня толькi вашаю аднэй справаю, а й сотнямi падобных. Карацей - я вывучаю нацдэмаўскую справу ва ўсебеларускiм маштабе. Але я не гэта хачу сказаць. Я тут зараз хачу падчыркнуць адзiн факт, якi вы, можа, не дастаткова ясна ўяўляеце сабе, а менавiта зьнiтаванасьць нацдэмўскай кантррэвалюцыйнай шпiгунска-дывэрсыйнай арганiзацыi, сцэнтралiзаванасьць яе. Ды як-бы нi была сцэнтралiзаваная гэтая арганiзацыя, цэнтра, я ўпэўнены, вы ня ведаеце, i такому адгалiнаваньню, як, скажам, ваша ў Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце можа здацца, што яно нi з кiм i нi з чым ня зьвязанае, што яно самастойнае, народжанае мясцовымi ўмовамi, нявiннае, бяз мэты i кiрунку адгалiнаваньне. Болей таго - вы можаце сказаць, што вашая ячэйка (умоўна назаваём яе гэтак) жыла штодзённым студэнцкiм жыцьцём i нiчога такога не рабiла, чаго-б нi рабiлi i ўсе. I мы гатовы нават згадзiцца з гэтым. Бальшыня членаў (бяручы гэта слова не фармальна) вашай нацдэмаўскай ячэйкi ў Пэдiнстытуце, сапраўды, усяго толькi й рабiла, што чытала забароненую нацыяналiстычную лiтаратуру, шукала яе, i найчасьцей шукала яе таму, што яна забароненая лiтаратура. Бальшыня з вас ня лiчыла гэта нейкiм праступствам перад савецкай уладай. I я нават скажу тут, што ў дадзеным выпадку ня вы вiнаваты перад савецкай уладай, а яна перад вамi. Бо-ж гэта яны, мясцовыя органы савецкай улады, пазбавiлi вас гэтай лiтаратуры. Пад рубрыкай забароненай лiтаратуры апыналася найiстотнейшая частка беларускай лiтаратуры, i нам зусiм зразумела ваша прыродная, натуральная цяга да яе. I гэта нiякая не нацдэмаўшчына! Нацдэмаўшчына пачынаецца там i тады, калi нехта гэтую вашую натуральную цягу ськiроўвае ў iншы бок i надае ёй палiтычна-iдэялагiчны характар, а ў некаторых выпадках прост улучае яе ў сфэру шпiгунства, здрады i дывэрсыi. Хто накiроўвае i ўлучае, запытаецеся вы? Адкажу адразу - ваш Цэнтр. Дзе ён i якi ён? I вось над гэтым трэба затрымацца... Да тых пор, пакуль у Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце пэўная група студэнтаў (досыць вялiкая) толькi чытала забароненую лiтаратуру, захаплялася ёю, сябравала памiж сабой i ня думала, што яна кантррэвалюцыйная група, да тых пор гэтая група ня была небясьпечнай для нас. I мы ня лiчылi яе нацдэмаўскай групай. Але з часу, калi яе намацаў сваiмi шчупальцамi Цэнтр, калi яна сталася ўцягнутай iм у агульную арганiзацыю, яна зрабiлася небясьпечнай для нас. Вось чаму вы апынулiся тут. I тут я вам скажу адзiн сакрэт (прамоўца ўсьмiхнуўся) гэтаю начой, лiтаральна паўгадзiны таму назад, органы НКВД (прамоўца пасур'ёзьнеў) дадаткова арыштавалi сорак студэнтаў ВПI. Яны цяпер тут, разам з вамi. I ўсё гэта толькi таму, што яны ўцягнутыя, няважна - разумеюць яны гэта, цi не. Яны апынулiся ў засягу Цэнтра, i з гэтага часу перасталi быць савецкiмi студэнтамi.
Гэта адзiн бок, якi я тут хацеў адцемiць. Ёсьць яшчэ iншы, аб якiм i будзе мова... Самi па сабе вы для нас - ноль. I мы ня сталi-б з вамi вазёкацца, надаваць вам нейкае значэньне, набiваць вам цану - вы ня вартыя, кажу, усяго гэтага. Нажаль... (прамоўца затрымаўся) нажаль, запахла порахам. Мы яго ўжо чуем, хоць яшчэ й на вялiкай ад нас адлегласьцi. Вы зьяўляецеся тым порахам, на якi разьлiчвае наш вораг. Так што ўсё, што мы робiм, нi больш, нi менш санiтарнае мерапрыемства. Гэта iншая рэч, што аднаго санiтарнага мерапрыемства мала для нас i мы змушаныя часамi ўжываць больш радыкальныя сродкi... Усiх вас ня так ужо й шмат, але мы бярэм пад увагу, што ў кожнага з вас ёсьць бацькi, браты, сёстры, сваякi i разам - гэта ўжо вунь якая армiя!..
Да гэтага часу прамоўца гаварыў i не глядзеў на арыштаваных. Ягоны зрок быў ськiраваны ўвесь час на чырвонаармейцаў, што стаялi ззаду зьняволеных i былi быццам мiшэняй для прамоўцы. Цяпер прамоўца затрымаў свой зрок на зьняволеных i, перачакаўшы часiну, зноў пачаў, але ўжо зьмененым, нiжэйшым тонам.
- А потым i яшчэ адно - гэтак званае нацыянальнае пытаньне. Скажу катэгарычна й шчыра (у НКВД гэта можна сабе дазволiць), што гэтае пытаньне здымаецца намi з парадку дзённага, як пытаньне, якое не забясьпечвае цэласьцi савецкае Расеi. Вырашыць пазытыўна нацыянальнае пытаньне, значыць - разбурыць Савецкi саюз, а мы на гэта нiколi ня пойдзем. Так што, уласна кажучы, беларускае пытаньне ня мае будучынi. Разьвязаць нацыянальнае пытаньне ўнутры iмпэрскай Расеi немагчыма, i ваш Цэнтр разумее гэта. Вось чаму разьвязкi нацыянальнага пытаньня ён шукае вонках. Адсюль - арыентацыя Цэнтра на буржуазны Захад, у сяньняшнiх умовах - на Польшчу й Нямеччыну.
Прамоўца паглядзеў на гадзiньнiк i загаварыў хутчэй.
- Я ня сьледчы. Вашыя сьледчыя сядзяць побач мяне i яны канчальна разьвяжуць вашае пытаньне. Побач дзяржаўнай функцыi, якую НКВД выконвае, у яго ёсьць яшчэ функцыя ўзгадаваўчая. Я тут i выступаю з гэтай мэтай i спадзяюся, што маё выступленьне дапаможа вам разабрацца ў сутнасьцi справы i стаць на шлях супрацоўнiцтва з вашымi сьледчымi.
Прамоўца спынiўся, узяў з стала паперы, якiя ляжалi перад iм, i, гледзячы ў iх, пачаў:
- А вось i той Цэнтр, аб якiм я гаварыў. Усё, што я хачу тут зрабiць, гэта пералiчыць некаторыя з iмёнаў, якiя складаюць цi складалi гэты Цэнтр: Iгнатоўскi, Балiцкi, Адамовiч, Чарвякоў, Убарэвiч i некаторыя iншыя. З прысутных тут цэнтраўцаў вы бачыце чатырох: Жылуновiча - Цiшку Гартнага, Дайлiдовiча - Алеся Дудара, Касянкова - Мiхася Зарэцкага, Кудзельку - Мiхася Чарота. Прашу ўзьняцца!
"Цэнтраўцы" паднялiся.
Раман Корзюк, а таксама Кандраценя з Шаркевiчам глядзелi на iх без асаблiвага зьдзiўленьня. "Цэнтраўцы", слаба ўсьмiхаючыся, паголеныя i ў гарнiтурах, бяссэнсоўна i ледзь прыкметна паварочвалiся направа i налева, кланялiся, быццам перад iмi была сапраўды вялiкая аўдыторыя.
- Сядайце, калi ласка!
"Цэнтраўцы" селi.
- Гэта, так сказаць, навочны вам прыклад. Возьмем цяпер вас самiх, ячэйкаўцаў. Хто вы i што вы? Хто вамi апякуецца? Кандраценя, устаньце!
Кандраценя ўзьняўся i ўсе мускулы на ягоным твары зайгралi, аляiстыя вочы засьмяялiся, забегалi.
- Кандраценя - гэта вельмi важнае зьвяно ў нацдэмаўскiм ланцугу. Яго перакiнула да нас яснавяльможная Польшча i ён лазiў тут у нас даволi доўга. Зьнюхаўся з нашым начальнiкам пагранзаставы i з ягонай дапамогай перапраўляў за мяжу забойцаў, дывэрсантаў i розных кантррэвалюцыянэраў, у тым лiку сям'ю Корзюкаў. Працаваў i на iдэалягiчным фронце. Фармальна не належыў да ячэйкi ў ВПI, але накiроўваў яе праз Рамана Корзюка. Сядайце, Кандраценя!
- Шаркевiч!
Узьняўся Шаркевiч.
- А гэта вось Кандраценеў памочнiк, выканаўца ягоных плянаў. Знаўца гранiцы i майстра пераходзiць яе! Сядайце, Шаркевiч!
- Корзюк.
На ўвесь свой рост падхапiўся Корзюк.
- А гэта вось, бачыце, галоўная сiла ў нацдэмаўскай ячэйцы Пэдiнстытуту. Сын забойцы. Быў перакiнуты ў Польшчу ўсё тымi-ж Кандраценем i Шаркевiчам, але па загаду Цэнтра вярнуўся адтуль з мэтай барацьбы з савецкай уладай, з ейнымi прадстаўнiкамi. Кандраценя рыхтаваў Корзюка на тэрарыста, забясьпечваючы яго ня толькi грашыма, а й зброяй. Усё гэта было знойдзена ворганамi мiлiцыi i НКВД на кватэры Рамана Корзюка. Сядайце!
Корзюк адразу ня сеў, заставаўся стаяць, гатовы, як выглядала, на нейкую неспадзеўку, але стрымаўся i толькi запытаўся, цi сапраўды высокi начальнiк болей не патрэбуе яго, у выпадку патрэбы, ён мог-бы паслужыць яму дэкарацыяй колькi начальнiку спатрэбiцца.
- Камоцкая!
Камоцкая не ўставала. Высокi чын папрасiў яе яшчэ. Аднак, Камоцкая заставалася ўсё сядзець.
- Няважна... Адным словам, Камоцкая заблыталася ў кантррэвалюцыйных сувязях, ад усьведамленьня гэтага не валодае сабой. Камоцкая выкрала мацi й сястру Рамана Корзюка з-пад аховы раённага НКВД i даставiла iх на хутар Шаркевiча, адкуль iх, усю сям'ю, Шаркевiч перакiнуў у Польшчу. На гэтым я канчаю. Я спадзяюся, што карцiна, намаляваная мною й падмацаваная канкрэтнымi прыкладамi, гаворыць сама за сябе.
Высокi начальнiк сеў. Атрымаўшы ад аднаго сьледчага нейкую папку, ён выйшаў з-за стала, за iм падняўся i другi высокi начальнiк. Абодвым iм сьледчыя зноў аддалi чэсьць i высокiя чыны выйшлi з габiнэту Палiтыкi.
Сьледам за iмi чырвонаармейцы вывелi i "Цэнтраўцаў", а таксама Кандраценю i Шаркевiча. Камоцкая з Корзюкам яшчэ заставалiся ў Палiтыкi.
...Вокны ўжо пачалi сiнець ранiшняй трывогай, але ў габiнэце Палiтыкi гэтага не заўважалi. Зыркае сьвятло ад лямпачак выядала вочы i здавалася - ноч яшчэ ў сiле. Толькi вялiкi гадзiньнiк, што бесьперестанку тахкаў на сьцяне, здавалася, пайшоў хутчэй, быццам даючы гэтым знаць, што ён даволi ўжо адмерыў начы i што яна ўжо канчаецца.
За Камоцкай у габiнэт зайшла "Галя". Валя разьвiталася з Раманам. Пакуль яна йшла да дзьвярэй. Раман увесь час глядзеў ёй усьлед.
- Бывай Валя!
Калi Валя зiрнула на яго, павярнуўшыся ад дзьвярэй, яна таксама хацела сказаць "Бывай!", але не магла i толькi зайшлася плачам.
- Сцэнiчнае мастацтва на сёньня скончылася. Заўтра пачнецца мастацтва сапраўднае, - прыгразiў Палiтыка, адпушчаючы Корзюка.
27
У тую самую ноч, калi Палiтыка, разам iз вышэйшым начальствам, iнсцэнiзаваў у НКВД "нацдэмаўшчыну", у Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце адбывалiся вялiкiя арышты. За ноч было арыштавана сорак студэнтаў, пераважна з лiтаратурнага й гiстарычнага факультэтаў. Але трапiлi ў гэты лiк i студэнты з iншых адзьдзяленьняў, у прыватнасьцi з пэдоляга-пэдагагiчнага. Асаблiва латошылi ў тую ноч iнтэрнаты на Энгельса i ў Галоўным корпусе Ўнiвэрсытэцкага гарадка. Людзi з НКВД былi поўнымi гаспадарамi тае начы. Але яшчэ ўдзень перад тою начой i ўвечары, калi толькi што пачынала шарэць, можна было заўважыць iх, пераадзетых у штацкае, на сходках i ў пад'ездах гэтых iнтэрнатаў. Яны асьцярожна й коратка праходзiлiся тут i зьнiкалi гэтаксама, як i зьяўлялiся нечакана й няпрыкметна. Апрача тэхнiчак, iх нiхто й не заўважаў. А калi перавалiла за поўнач, яны пад'ехалi на машынах, размаляваных i быццам прызначаных для развозкi хлеба па магазынах, на такiх-жа самых машынах, якiмi карысталiся i ў горадзе, з надпiсам на iх "хлеб" (пры тым на розных мовах). Грузiлi гэты "хлеб" i везьлi на Ўрыцкага, у турму.
У самым найбольшым пакоi ў iнтэрнаце на Энгельса, пасьля дванаццатай, калi ўжо ўсе вярнулiся з гораду й спалi моцным сном, загарэлася вiсючая пад сталом вялiкая электрычная лямпачка, зырка асьвяцiўшы ложкi, што цесна стаялi паўз сьцен. Ззаду людзей, якiя ўвайшлi ў пакой, стаяла тэхнiчка i, калi трэба было, паказвала, дзе хто сьпiць. Патрэбных студэнтаў цiха будзiлi, гаварылi iм, што яны арыштаваныя, загадвалi ўставаць i зьбiрацца. Iшоў вобыск, пiсалiся пратаколы. Усё гэта рабiлася хутка. Суседзi па ложку, прачнуўшыся, прыкiдвалiся соннымi, i, калi яны былi патрэбныя як сьведкi, iх нельга было дабудзiцца. У такiм разе падпiсвала пратакол у якасьцi сьведкi тэхнiчка. Калi ўсё ўжо было гатова, арыштаваных выводзiлi i лямпачка гасла.
Тое-ж самае дзеелася i ў iнтэрнаце Галоўнага корпусу. Але там апэрацыя арыштаў праходзiла лацьвей: пакоi маленькiя, на тры-пяць чалавек, i можна было б не асьцерагацца вельмi. А часам здавалася, што забiралi цэлым пакоем, дык тым болей нiякага розгаласу баяцца ня трэба было. Адылi як-бы латва не праходзiлi тут арышты, слых аб iх блiскавiчна разьнёсься па ўсiх карыдорах iнтэрнату. Быццам у нейкай самаабароне тушылiся на карыдорах лямпачкi. Згашаныя яны былi й на той пляцоўцы, дзе на Кастрычнiк былi танцы.
Спакойна спаў толькi манастыр. Для яго гэтая ноч была, як i ўсе iншыя ночы. Тым болей ашаламiла яго ранiца ў iнстытуце, калi яна наступiла.
А гэта была самая палахлiвая ранiца, ранiца дваццаць чацьвертага лiстапада 193* году.
Усе дзяўчаты прыйшлi на заняткi ў iнстытут, як i звычайна, перад самым званком. За кафэдрай, аблакацiўшыся, стаяў Пiятуховiч i, склаўшы свае вусны ў нейкай запытальнасьцi, глядзеў перад сабою i быццам нiчога ня бачыў, маўклiвы й акамянелы. Лекцыi не пачынаў, нечага чакаў. Дзiчкоўская, увайшоўшы ў аўдыторыю i пабачыўшы, што яна напаўпустая, спынiлася адразу-ж каля дзьвярэй. Павярнуўшыся да сваiх сябровак, што таксама спынiлiся за ёю, запыталася:
- Дзяўчаты, глядзеце, дзе-ж гэта падзелiся нашыя хлопцы?
Пiятуховiч як-бы ня чуў гэтага i ўсё заставаўся ў тэй-жа самай позе. Ён толькi бачыў, як селi на сваё месца Дзiчкоўская, Шкляр, Лагоўская, Аўсеева, Ларыса, але, здавалася, ня ўспрыймаў гэтага, яго вочы глядзелi няпрысутным, патойбочным паглядам. Чакаў i лекцыi не пачынаў.
Роза Шкляр непазнавальна зьмянiлася: яна ўбачыла, што ў лiку адсутных быў i ейны Каплеўскi. Заўсёды сьмяшлiвыя, ейныя вочы спынiлiся й застылi, а твар, звычайна белы ад пудры, зачырванеўся. Бася Цыпiна ня ўгледзела за сваiм столiкам Петрака Шыракова, i Дзiчкоўская, да якой ужо пасьпеў вярнуцца ейны зласьлiвы гумар, прыкмецiўшы гэта, выпалiла:
- Бася, цяпер ня будзе каму адразаць у цябе каўбасы. Сьцiзорыка твайго няма таксама. Ня толькi-ж аднаму Раману Корзюку адседжвацца! Бачыш, як падмялi!
З хлопцаў прыйшлi на заняткi Шынкевiч, Яначкiн, Пелагейчык. Нават Шарамецьцева, i таго забралi. Сьцяпан Мялешка таксама адсутнiчаў.
- Паўторым тэзы нашай папярэдняй лекцыi! - пачуўся, нарэшце, голас прафэсара Пiятуховiча, якi меў звычай заўсёды пачынаць сваю лекцыю гэтымi словамi. Не пасьпеў Пiятуховiч паўтарыць "тэзаў", як зьявiўся Сьцяпан Мялешка i аб'явiў, што па загаду дырэктара заняткаў ня будзе i што замест гэтага склiкаецца агульны сход студэнтаў i выкладчыкаў.
- Вось табе й тэзы! - нi то сур'ёзна, нi то жартлiва тыцнула пад бок Дзiчкоўская Цыпiну, што села цяпер побач яе.
- Ужо ня будзе й лекцыi? - уськiнуў прафэсар на Мялешку спалоханы пагляд сваiх вачэй.
- Такi загад, таварыш прафэсар.
Пiятуховiч заўсёды баяўся сходаў - ён нiколi нiчога добрага для сябе не чакаў ад iх. Тым болей баяўся сягоняшняга сходу. Пiятуховiч даведаўся аб арыштах яшчэ перад заняткамi i добра ўяўляў сабе, якi гэта будзе сход. Згроб свае сьпiсаныя алавiком лiсткi, паклаў iх асьцярожна ў партфэль. Паглядзеў неяк асаблiва на студэнтаў i ягоныя вусны зноў склалiся ў журботную i вiнаватую напаўухмылку. Пiятуховiч быццам разьвiтваўся iз студэнтамi. Здавалася - прафэсар шкадуе, што ягоная лекцыя засталася не прачытанай. На самай-жа справе, гэта было ня так: Пiятуховiч баяўся, што гэта ягоная апошняя лекцыя наагул. I Пiятуховiч не памыляўся.
Студэнты паднялiся з-за сталоў, але з аўдыторыi ня выходзiлi, стаялi гуртам, зачыналi гаворку, хаця яна хутка й абрывалася.
- Шынкевiч, а чаму цябе не арыштавалi? - распачала свой звычайны ход Дзiчкоўская i пайшла, сьмяючыся, на яго з кулакамi. - Чаму вас усiх не арыштавалi - i цябе, i цябе, i цябе! - бiла яна з падскокам кожнаму ў жывот сваiмi маленькiмi кулакамi. - Ня люблю я такiх хлопцаў. Вы нiкому непатрэбныя!
Яна шукала яшчэ Мялешку, але той ужо пасьпеў выйсьцi.
- Хто куды, а я ў буфэт! - пераводзячы на iншае гутарку, выгукнуў Пелагейчык. - Оля пабiла жывот кулакамi, дык балiць - пайду палячу малачком.
- Iдзеце й вы ўсе з Пелагейчыкам, я-ж вас усiх пабiла, - лячыць свае жываты! Зараз-жа! Каб вас болей я тут ня бачыла!
Жарты Дзiчкоўскай памаглi мала - нiхто асаблiва не сьмяяўся. Лагоўская не сказала нi слова. А Ларыса адыйшлася ад гурту i стала ля вакна, углядаючыся ў голыя галiнкi дрэў на панадворку.
Калi выйшлi на карыдор, убачылi ля дошкi абвестак натоўп студэнтаў. Дзяўчаты накiравалiся туды. Загадам дырэктара выключалiся з складу студэнтаў усе арыштаваныя. Дзяўчаты табунком павярнулi да выхаду, сцiшаныя i сумныя.
На дварэ сеелася iмжа. Дзяўчаты тулiлiся адна да аднэй, настаўлялi каўняры - зябка. У паветры як-бы малолася вiльгаць i, прасееная, як на самым тонкiм сiце, спадала нi то сьцюдзёнай зольлю, нi то дажджом. Дрэвы ад ветру хiсталiся i з iх сыпалiся буйныя кроплi дажджу. Дзяўчаты перайшлi на другi бок вулiцы, дзе ня было прысадаў. Iхныя валасы хапаў вецер i яны часта спынялiся, павяртаючыся сьпiной да ветру. Але ўсё роўна ён даймаў iх, безабаронных, у паношаных палiтончыках нарасхлiст. На завароце сквiлiлi трамваi, ахутаныя дажджанай iмглой.
У карыдоры манастыру дзяўчаты ўгледзелi бацькоў Валi Камоцкай, якiх яны ведалi яшчэ з ранейшых часоў, калi яны прыяжджалi ў Менск наведаць дачку. Цяпер яны прыехалi за дачкiнымi рэчамi. Стаялi ля ўваходу ў манастыр дзяўчаты, iдучы на заняткi, прымкнулi сваю багадзельню. Гуртам увайшлi ў хату. Бацькi Камоцкай горка заплакалi, угледзеўшы сiратлiвы ложак свае дачкi. Мацi Валi была мяккога характару i ўсё сьлязiлася. Бацька, няпрыметна выцершы сьлязiнкi, што дрыжэлi на ягоных вейках, узяўся за работу: складаў рэчы, пакаваў, зьвязваў. Мацi гаманiла з дзяўчатамi, распытвала пра дачку, як яе арыштавалi, за што, цi пiша яна да iх i што яны думаюць будзе з ёй. Дзiчкоўская, як магла, суцяшала яе, сказала, што можа яшчэ Валю й выпусьцяць. Лагоўская таксама спрабавала супакоiць Валiну мацi, гаворачы, што не адну-ж яе арыштавалi, на што Камоцкая-мацi адказала:
- А от вас-жа не арыштавалi.
- Можа яшчэ арыштуюць, - пацешыла яе Дзiчкоўская.
- Крый Божа, каб я гэтага хацела. Я гэта толькi так сказала.
- Пагаманiла й хопiць. Пара нам кратацца, - зьвярнуўся Камоцкi да сваёй старой.
Стоячы ля парогу i гатовыя выйсьцi, яны яшчэ раз падзяквалi, што Валiны рэчы засталiся цэлымi. Ад парогу яны прыкмецiлi на сьцяне свой партрэт у рамачцы.
- Iдзi, стары, здымi! Хай не назаляе паненкам. Досыць яны ўжо нагледзелiся на нас з табою.
Валiн бацька зьняў рамачку, i месца, якое яна займала, цяпер выглядала бялейшым i чысьцейшым у параўнаньнi з цэлаю сьцяною.
- Бачаце, памяць аб вас усё роўна застанецца, - не сьцярпела й тут каб не пажартаваць Дзiчкоўская.
Старыя выйшлi. На Валiным ложку застаўся цяпер толькi адзiн парыжэлы матрац, падкрэсьлiваючы й без таго пусьцiню i няўтульнасьць у хаце.
За сьценамi хлюпацеў дождж, сек шыбы i дзяўчатам не хацелася йсьцi на агульны сход, хоць i трэба было.
28
Удзень НКВД, можна сказаць, не працавала: яно ажывала толькi ўначы. Удзень тут панавала змора i нехаць, жыцьцё як-бы драмала, схаваўшыся ў патайных куткох, i тое, што тут i рабiлася, выглядала звычайнай работай нармальнай установы. Удзень НКВД як-бы шчупульвалася, абыякава пазяхала за столiкамi, пiло каву, толькi часамi ажывала ад лiсьлiва-кароткiх усьмешак прыгожых працаўнiцаў, што раптам зьяўлялiся i зьнiкалi, невядома куды. Удзень НКВД як-бы ўсяго толькi й рабiла, што з падкрэсьленай далiкатнасьцяй прыймала нейкiх наведвальнiкаў i, пасьля марудна-доўгiх гутарак, выпушчала iх на вулiцу, пасьпешна зачыняючы за iмi дзьверы, быццам баючыся ўсяго вонкавага, што нечакана магло ўварвацца сюды. Удзень НКВД адпачывала, як пасьля пякельна цяжкой працы. Яно маскавалася ў культурную i дабрадзейную ўстанову, што ня выклiкае i ня можа выклiкаць якiх-небудзь спэцыяльных асацыяцыяў, зьвязаных з ейным iмём. I калi-б вы йшлi гэтым часам па вулiцы, вы маглi-б падумаць, што гэта самая бясьпечная ўстанова i што з ёю нават зацiшней у сьвеце. Так выглядала гэтая ўстанова ўдзень.
А з начой ейныя вокны цямнелi i нейкiя ценi бiлiся сполахам у iх. На момант сьвятло ад трамвая, што праiмчыцца тут, адбiвалася ў iхнай глыбiнi i гасла, не прабiваючы яе. З цёмнага прадоньня вокан, здавалася, нехта глядзеў на вас i сачыў за вамi, дармо што, як выглядала, установа была зачыненай. У нiводным вакне вы не маглi пабачыць сьвятла - для вока людзскога гэта быў мёртвы будынак, што заснуў на цэлую ноч. На самай-жа справе, у ягоных унутраных, падземных лябiрынтах iшло сваё жыцьцё, варочалася, прыглушанае й зацiснутае ў сховах.
Начальнiк НКВД Бэрман асабiста паклiкаў да сябе ў габiнэт на нараду галоўнага тэарэтыка й стратэга па нацдэмаўшчыне Цiмошку, а за адно з iм i некалькi iншых сваiх адказных працаўнiкоў-экспэртаў, а таксама сьледчых, у тым лiку Палiтыку й новапрыбылага Пушкiна, што толькi вярнуўся з заданьня - усяго чалавек дзесяць. Слаба асьветлены вялiкi габiнэт начальнiка беларускага НКВД быў добра абсталяваны, з дыванамi на падлозе i на сьценах. Але ня гэтая акалiчнасьць зьвяртала на сябе ўвагу. Уражвала ягоная поўная iзаляванасьць, здавалася, што ён кругом быў абабiты тоўстым лямцам, якi нiчога не прапускаў: нi крокаў, нi голасу. Што-б хто нi гаварыў - усё глухла, i стваралася ўражаньне, быццам вы знаходзiцеся ў каюце падводнай лодкi, на якую цiсьне страшэнная тоўшча вады, i ад гэтага цiску ў вас балiць галава.
Начальнiк НКВД сядзеў у крэсьле за вялiкiм сталом, накрытым сукном, а за меншымi столiкамi - насупраць i побач яго - расьселiся запрошаныя. Iхныя твары асьвячалiся лямпамi, што гарэлi ў кажнага з iх на столiках, так што начальнiк НКВД мог добра бачыць кожнага з iх. Падняўшыся, Бэрман адчынiў нараду громкiмi словамi:
- Беларускае НКВД, таварышы, як вы ведаеце, пагранiчнае НКВД i на яго ўскладваецца падвойная задача - лiквiдацыя ня толькi ўнутранай кантррэвалюцыi, а й замежнай агентуры. Сказаць толькi, што НКВД - гэта меч дыктатуры пралетарыяту, яшчэ замала: трэба, каб гэты меч не ржавеў! Як начальнiк НКВД, мушу давесьцi да вашага ведама, што ў Маскве нашым, беларускiм НКВД, незадаволеныя. Там сьцьверджаны факт, што яно, iменна як пагранiчнае НКВД, не спаўняе сваiх абавязкаў. Асабiста таварыш Сталiн незадаволены намi, разгневаны нашым склаўшы рукi сядзеньнем. Вы можаце ўявiць, што гэта можа азначаць? Увесь цяжар вiны, зразумела, ляжыць на мне, але - не таюся - у сваю чаргу я знайду таксама вiнаватых. Нашу ўнутраную кантррэвалюцыю, як духоўна, гэтак i матэрыяльна, жывiць, як ведама, замежная разьведка. Яна стварыла ў нас ня толькi ачагi кантррэвалюцыi, але й навiла гнёздаў шпiгунства. Побач трацкiстка-бухарынскага ахвосьця, самая небясьпечная ўнутраная кантррэвалюцыя ў нас на дадзеным этапе - нацдэмы. Нацдэмы - гэта памагатыя замежнай разьведкi. З лiку нацдэмаў разьведка навярбавала сабе шпiёнаў, дывэрсантаў i тэрарыстаў. Драпежныя лапы замежнай разьведкi працягнулiся аж да самага нашага НКВД. Мы, седзячы ў сваiх габiнэтах, чакаем пакуль вораг сам ня прыйдзе да нас, не пастукаецца ў нашыя дзьверы i ня здасца нам. Мы пляцёмся ў хвасьце, мы адсталае НКВД, а адсталых, як сказаў таварыш Сталiн, б'юць. Памятайма словы Сталiна: "Калi менскае НКВД сьпiць, яго разбудзiць маскоўскае". Я патрабую як найхутчэйшага заканчэньня нацдэмаўскай справы. Адкрыты працэс нацдэмаў - гэта канкрэтная нагода рэабiлiтаваць сябе. Як нядаўна на допыце сказаў мне былы мiнiстр Беларускай народнай рэспублiкi (БНР) пан Цьвiкевiч, якi, дарэчы, сядзiць у нас ужо цэлы год, нацдэмаўская справа страцiць сваю вайстрыню, калi мы будзем яе адцягваць. Я сягоньня паклiкаў вас сюды, каб ад вас, як ад знаўцаў i спэцыялiстаў справы, даведацца, якiя рэальныя магчымасьцi ёсьць для таго, каб у самым блiжэйшым часе распачаць адкрыты працэс нацдэмаў. Слова для дакладу мае таварыш Цiмошка.
З-за столiка вылез Цiмошка i, стаўшы побач начальнiка НКВД, распасьцёр на стале карту, расклаў кнiгi, паперы, налiў з графiна ў шклянку вады, выпiў. Ростам ён быў нагэтулькi малы, што тыя, якiя заставалiся сядзець за столiкамi, бачылi толькi ягоную галаву. Выглядала так, быццам галава Цiмошкi была зьнятая з тулавiшча i выстаўленая для паказу, тварам да публiкi. Цiмошка слаба ўсьмiхнуўся. Зразумеўшы, што гэта не адпаведная для яго пазыцыя, ён выкацiўся з-за стала i ў галiфэ, у хромавых ботах, з нiзкiмi i сабранымi ў гармонiк халявамi, увесь паказаўся на вочы. Начальнiк НКВД ня спушчаў з яго сваiх вачэй. Цiмошка, уткнуўшы левую руку ў кiшэню свайго фрэнчыка, прыняў позу маленькага Ленiна з выкiнутай наперад правай рукой i хутчэй, як прамоўца, а не тэарэтык, нарыхтаваўся гаварыць. Такая поза Цiмошкi нiкога ня зьдзiвiла, усе ведалi яго, як здатнага аратара i, значыцца, нейкая-ж поза мусiць быць. Усе навастрылiся слухаць яго. Ды Цiмошка апусьцiў сваю правую руку i, як-бы наважыўся на нешта нязвычайнае, касавурлiва павярнуўся да Бэрмана:
- Таварыш начальнiк беларускага НКВД, дазвольце не згадзiцца з адным вашым цьверджаньнем.
I як-бы ацэньваючы, якое ўражаньне зрабiлi на Бэрмана ягоныя словы, дадаў:
- Таварыш начальнiк беларускага НКВД, вашая стаўка на нацдэмаў будзе бiтая i ў вынiку беларускае НКВД апынецца яшчэ ў большым прарыве.
Бэрман нават не зварухнуўся ў сваiм крэсьле, сядзеў i, здавалася, чакаў, што яшчэ скажа Цiмошка, у той час, як за столiкамi напружаньне ўжо пераходзiла ў сваю вышэйшую стадыю - страх.
- Таварыш начальнiк беларускага НКВД, беларуская нацдэмаўская арганiзацыя - гэта правакацыя менскiх трацкiстаў.
Думаючы, што Бэрман ужо пераможаны, Цiмошка хацеў дабiць яго канчальна:
- Таварыш начальнiк, вы самi - трацкiст.
Аднак, Бэрман нiчым не паказваў свайго ўзрушэньня i, седзячы ў крэсьле, без якога-колечы напружаньня, спакойна перапынiў Цiмошку:
- Трацкiст я, цi не трацкiст - гэта ня вам вырашаць. Тымчасам начальнiк НКВД - я, i я загадваю вам, таварыш Цiмошка, далажыць нам, як выглядае нацдэмаўская справа на сёньня. Тым болей, што вы адказны за яе. Сваю асабiстую нязгоду вы выказалi i затрымлiваць нашую ўвагу на дробязях я лiчу немэтазгодным. У нас тут нарада, а не трыбуна.
- Тое, што я сказаў, я сказаў, i мог-бы паўтарыць яшчэ, але я паўтару гэта ў найбольш адпаведным месцы, - апэляваў Цiмошка ўжо болей да прысутных. Таварышы, я цяпер напраўду раскажу вам пра тую мiтычную нацдэмаўскую арганiзацыю, над стварэньнем якой мы б'ёмся ўжо цэлы год. Я асабiста не пагаджаўся на канструяваньне гэтай арганiзацыi - вычуваў, што прост ня будзе мне на чым разгарнуцца. Карацей - гэтая справа не натхняла мяне. Я люблю канструкцыi большых маштабаў! А тут якраз няма тае маштабнасьцi! I толькi пад цiскам нашага начальнiка - вы гэта ведаеце - я змушаны быў узяцца за фабрыкацыю таго, што мы называем нацдэмаўскай арганiзацыяй... Ды апэтыт, гавораць, прыходзiць у часе ежы - вось так сталася й са мною: за працаю прыйшло натхненьне, якога ня было напачатку. Ну, а калi прыйшло натхненьне, страшэннае, д'ябальскае натхненьне чэкiста - вы ведаеце самi - можна паверыць у сапраўднасьць iснаваньня ня толькi нацдэмаўскай арганiзацыi, але й ў тое, што ты - гэта ня ты. Памятаеце, паверыў-жа я некалi, што мая жонка - польская шпiёнка. Як вы ведаеце, я сам вёў ейную справу, сам яе судзiў, сам патрабаваў расстрэлу. А чаму я паверыў, што яна - шпiёнка? Папершае, яна была полька. А падругое - i гэта самае галоўнае - навяла мяне на гэта адна справа: я канструяваў у тым часе патрэбную для НКВД шпiгунскую афэру: жонка аднаго чэкiста (якраз па нацыянальнасьцi полька) становiцца польскай шпiёнкай. Чым больш я камбiнаваў гэту справу, чым болей ня спаў над ёю начэй, тым больш захапляўся ёю, тым больш бачыў у ёй магчымасьцяў праявiць свой генi сьледчага. I, нарэшце, дайшло да таго, што я паверыў у верагоднасьць гэтай справы, якой займаўся, хоць напачатку глядзеў на яе, як на практыкаваньне. Але мала таго, што я паверыў. Я пачаў шукаць мадэляў для гэтай канструкцыi ў жыцьцi, у тэй рэальнасьцi, якой я жыў i якая мяне акружала. Мне здавалася, што я ў палоне гэтых мадэляў i што трэба ад iх ачысьцiцца. Лежачы ў начы ў вадным ложку з жонкаю, я й падумаў, што яна якраз i ёсьць адна з тых мадэляў, якiх я шукаю. Вось што значыць натхненьне i пракудны генi сьледчага.
Тое-ж самае i з арганiзацыяй беларускiх нацдэмаў. Напачатку я не хацеў ёю займацца, у мяне ня было натхненьня, а потым, калi пачаў ствараць - чыста тэарытычным спосабам - абстрактныя мадэлi гэтай арганiзацыi, захапiўся iмi i, ужо натхнёны iмi, канкрэтна пачаў уцелаўляць iх у жыцьцё. Такiм парадкам, абстрактныя мадэлi нацдэмўскай арганiзацыi ў маiх руках ажылi, набылi ня толькi форму, але й зьмест. Гэткiм парадкам я змадэляваў усю Беларусь, за кожнай маёй мадэляй стаiць жывая асоба. Гэтыя мадэлi я доўга перастаўляў з месца на месца, пакуль не атрымаў з iх цэласьцi. Я начамi ня спаў, яны строга матэматычна стаялi ў маёй памяцi, выдуманыя мной, аж пакуль у маiм выабражэньнi я не замянiў iх жывымi людьмi. Мы iх шукалi ўсюды - дзе яны былi i дзе iх ня было. Я паверыў, што яны ўсюды ёсьць i, сапраўды, я знаходзiў iх усюды. Гэта акалiчнасьць падмацавала мяне на думцы, што мадэлi-людзi сапраўды былi яшчэ раней, тады, калi я яшчэ iх ня шукаў. Так паўстала беларуская нацдэмаўская арганiзацыя, да назову якой мы далучылi пазьней эпiтэты "кантррэвалюцыйная", "антысавецкая", "тэрарыстычная", "шпiгунска-дывэрсыйная".
Цiмошка спынiўся й аддыхаўся. Ён прыкмецiў што ягонае выступленьне рабiла ўражаньне. Але з боку можна было прыкмецiць i iншае - на яго глядзелi, як на страшнага чалавека. Нават сам Бэрман сьцiшыўся i як-бы над нечым думаў. Вiдавочна, ён хацеў чым-небудзь перапынiць Цiмошку. Чакаў, калi ён аддыхаецца i пачне зноў.
Трамвай прайшоў недзе так блiзка i з такой магутнай сiлай, што на сэкунду здавалася ён забiрае з сабой i ўвесь будынак НКВД - падлога ў габiнэце начальнiка НКВД задрыжэла i як-бы некуды паплыла. Агонь у лямпах на столiках затоўхаў копацьцю ў капшукох.
- Але ў тое, што я стварыў, я ўжо болей ня веру - прайшло бо натхненьне, скончыўся бо сьледчы. Дык тое, што я падам тут - усяго толькi схэма, голая канструкцыя, з некаторымi, праўда, жывымi ўцелаўленьнямi.
Цiмошка блiжэй падыйшоў да Бэрмана - вiдаць, яму спатрэбiлiся цяпер пакiнутыя iм на стале паперы, кнiгi, карта.
- Дык сканструяваная мною тутака арганiзацыя афiцыйна называецца "Беларуская нацдэмаўская антысавецкая кантррэвалюцыйная тэрарыстычная шпiгунска-дывэрсыйная арганiзацыя". Арганiзацыя створаная па загаду Масквы. У Менску ейнымi верхаводамi былi, як я сказаў, трацкiсты, разам з шавiнiстычнымi расейцамi. Сама iдэя нацдэмаўскай арганiзацыi зрадзiлася з чыста тэарэтычнага пастуляту: паколькi кожная з саюзных рэспублiкаў тэрытарыяльна сутыкаецца з капiталiстычным сьветам, ужо сам па сабе гэты факт правакуе зараджэньне нацыяналiзму. Аднойчы народжаны, нацыяналiзм у гэтых рэспублiках заўсёды будзе шукаць сабе падтрымкi ў сваiх суседзяў за мяжой, а гэтыя апошнiя будуць апiрацца на яго ў сваёй падрыўной рабоце. Гэты тэарэтычны пастулят выключае ўсякую магчымасьць рэвiзii яго або скiдкi на мясцовыя ўмовы: НКВД у саюзнай рэспублiцы ня можа заявiць, што на тэрыторыi ягонай дзейнасцi няма буржуазных нацыяналiстаў. НКВД, якое зрабiла-б гэта, было-б разгромленым. Вось такiм парадкам знайшлiся нацдэмы i ў Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiцы. Канечне, i гэта не сакрэт - такая тэорыя забясьпечвае далёкасяжную практычную мэту: перагляд нацыянальнага пытаньня на карысьць цэласьцi савецкай Расеi.
У поўнай згодзе i ў адпаведнасьцi з гэтай палiтыкай мы й тварылi нашую нацдэмаўскую арганiзацыю. Тутака я ўкажу на некаторыя цяжкасьцi гэтага тварэньня. Папершае, нам цяжка было дакумантаваць адзiн з галоўных пунктаў абвiнавачаньня нацдэмаў: iхную сувязь з замежнай разьведкай. (Не забываце, таварышы, што арганiзацыi, як такой, у сапраўднасьцi ня было i, значыцца, не магло быць i той сувязi з разьведкамi.) Сувязь нацдэмаў з польскай разьведкай наладзiла само нашае НКВД: яно знайшло найбольш незадаволеных савецкай уладай людзей i, справакаваўшы iх, перакiнула ў Польшчу. Мала таго, намi было даканана колькi палiтычных забойстваў чаловых савецкiх работнiкаў з адзiнай мэтай абвiначваньня ў гэтых забойствах нацдэмаў або кулакоў, зьвязаных з iмi. Гэтых "забойцаў" мы самi-ж i ратавалi - па дамоўленасьцi з нашымi пагранзаставамi перакiдвалi iх у Польшчу. Там, у польскай дэфэнзыве, яны часта траплялi ў рукi нашых-жа работнiкаў, якiя i выпраўлялi iх назад, у Беларусь, дзе мы iх i лавiлi, ужо як сапраўдных шпiёнаў, засланых Польшчай. Так прыблiзна была забясьпечаная сувязь беларускiх кантррэвалюцыйных нацдэмаў з Польшчай i фашысцкай Нямеччынай.
Падругое, нам цяжка было стварыць Цэнтр нацдэмаўскай арганiзацыi знайсьцi вядомых i дастаткова аўтарытэтных у вачох грамадскасьцi людзей, якiя-б пагадзiлiся ўзначалiць нацдэмаўскую арганiзацыю. З гэтай мэтай мы абвiнавацiлi цiмала палiтыкаў, вучоных, пiсьменьнiкаў (асаблiва гэтых), грамадскiх дзеячоў (беларусаў паводля паходжаньня), пасадзiлi iх у турму i з дапамогай iх, ужо тут, у турме, вырашылi й гэтае пытаньне - пытаньне Цэнтру.
Трэйцяе, найбольш цяжкое для нас пытаньне было пытаньне масавасьцi нацдэмаўскай арганiзацыi. Каб забясьпечыць гэтую масавасьць, нам давялося-ткi трухнуць усiмi без выключэньня беларускiмi навуковымi, культурнымi i грамадзскiмi ўстановамi. У нас апынулiся Саюз савецкiх пiсьменьнiкаў БССР, Акадэмiя навук, пэдагагiчныя iнстытуты, тэхнiкумы, тэатры, настаўнiцкiя кадры i г.д.
Чацьвёртае, мы сустрэлiся з вялiкiмi цяжкасьцямi ў пытаньнi мiлiтарнага характару нацдэмаўскага руху. Нам патрэбна было, каб нацдэмы ў сваiм змаганьнi з савецкай уладай апiралiся на збройныя сiлы. Адгэтуль узьнiкла патрэба кантакту нацдэмаў з Камандармам другога рангу Ўбарэвiчам, галоўнакамандуючым Беларускай ваеннай акругай. Хоць-бы сабе намiнальнага кантакту! Нямала мы працавалi i над праблемай сувязi беларускiх нацыяналiстаў з украiнскiмi. Урэшце, мы атрымалi тое, што мы маем цяпер - гатовую да суда беларускую нацдэмаўскую арганiзацыю. Значыцца, мая схэма выглядае так: на чале арганiзацыi стаiць Цэнтр, зьвязаны з польськай дэфэнзывай, яму падпарадкавана даволi густая сетка нiзавых нацдэмаўскiх арганiзацый-ячэк. Для замаскаваньня сваёй дзейнасьцi Цэнтр эксплятуе пры дапамозе Чарвякова зьезды Саветаў БССР: у якасьцi дэлегатаў ад працоўных, Цэнтр "дэлегуе" ячэйкаўцаў у Менск, дзе яны, як легальныя дэлегаты зьезду, займаюцца сваёй нелегальнай работай.
Гэтак з большага выглядае нескладаная структура гэтай арганiзацыi. Дакiну, што гэтую агульную схэму я забясьпечыў канкрэтнымi дэталямi-мадэлямi, якiя кожны з прысутных тут мае ў сябе на руках. Заканчваючы сваё выступленьне, я хачу ўзьняць асноўнае пытаньне, якое мы павiнны тут вырашыць, гэта пытаньне судзiць нацдэмаў адкрытым судом, цi закрытым. Асабiста я за тое, каб ня судзiць iх зусiм. Я глыбока перакананы, што калi дасюль у нас ня было нацдэмаў, дык пасьля яны будуць абавязкова. Слушна сказаў адзiн арыштаваны намi нацдэм, што нацдэмам ён нiколi ня быў, але цяпер, пасьля арышту, ён захацеў iм быць. Я хачу гэтым сказаць, (Цiмошка зноў павярнуўся тварам да Бэрмана), што нашае НКВД само стварае кантррэвалюцыю i за гэта яно ня можа не панесьцi адказнасьцi!
Цiмошка забраў свае рэчы з стала, якiмi ён так i не карыстаўся, i сеў зноў за свой столiк. Твар ягоны асвяцiўся лямпай - ягоныя вочы ўсё глядзелi на начальнiка НКВД, гарэлi бляскам адвагi, рашучасьцi, што межавала з вар'яцтвам. Усе сядзелi за столiкамi моўчкi, ня ведаючы як рэагаваць на прамову "тэарэтыка" Цiмошкi. Усе яны глядзелi на Бэрмана, што нярухома сядзеў у змроку. Замест таго, каб нешта адказаць Цiмошку, ён зьняў трубку тэлефона, што быў перад iм, i пазванiў - хутка ў габiнэт начальнiка НКВД прыйшлi дзьве жанчыны ў белым, з яечнямi ў круглых патэльнях i з бутэлькамi пiва. Падалi гэта ўсё й вышлi.
- Закусiм, таварышы, прамову Цiмошкi i паспачуваем яму! Але нарада на гэтым яшчэ не канчаецца. Гаворачы вобразна, нацдэмаўская справа - гэта драма, якую мы ўсё-ткi мусiм разыграць на сцэне - разыграць па ўсiх правiлах драматычнага мастацтва. Так ужо сталася, што я паклiканы ў галоўныя рэжысэры гэтай драмы, i я, канешне, мушу добра ведаць, з чым я выступаю.
29
Тэарэтыку Цiмошку прыйшло ў голаў: паглядзець самому, як паводзяць сябе ягоныя мадэлi на допытах. Тэорыя тэорыяй, а жывая душа - гэта нешта iншае: можа якая зь iх i не захоча быць тою мадэляй, захоча вылузацца з яе, i тады паспрабуй загнаць яе ў форму, патрэбную нам. Дзеля гэтага Цiмошка й вырашыў пахадзiць па сьледчых, калi тыя будуць дапытваць мадэлi. Цiмошка хацеў пераканацца, наколькi ягоныя мадэлi працаздольныя. Асаблiва яго цiкавiла пытаньне, што будуць рабiць сьледчыя ў выпадку, калi мадэлi ня будуць даваць патрэбнага адказу, або адмаўляцца наогул адказваць на пытаньнi. Бо-ж Цiмошка ведаў, што ня ўсе мадэлi паслухмяныя i што толькi пры дапамозе адпаведных мэтадаў мадэль можна зрабiць мадэляй.
На нарадзе ў Бэрмана Цiмошка шмат чаго не дагаварыў i наогул быў незадоволены сваiм учарайшым выступленьнем, яму здавалася, што сваёю стрыманасьцяй Бэрман перамог яго, паказаў усiм, што ён анi не шманае, ня лiчыцца з тым, што ён гаварыў i што даводзiў, цалкам зiгнараваў яго, патрабуючы толькi выкананьня ягонага загаду.
Аднак Цiмошка быў перакананы, што ў Бэрмана нiчога ня выйдзе з нацдэмаўшчынай, у яго не хапае мазгоў, таленту, фантазii. Гэта толькi ён, Цiмошка, патрапiў узьняць у Маскве пытаньне мэтазгоднасьцi адкрытага суду над нацдэмамi.
Пра сьледчых i гаварыць няма чаго - гэта тупiцы. Сякуць тапаром i толькi. Цiмошку прыйшлося доўга iх узгадоўваць. Яны не разумеюць сутнасьцi нацдэмаўшчыны. Яны ня ўмеюць абыходзiцца з мадэлямi, якiя трапiлi ў iхныя рукi, яны ўмеюць толькi бiць. Мадэль трэба ўсьведамляць, каб яна ведала, за што яе б'юць. Якая-ж прыемнасьць бiць несьвядомую мадэль? Гэта нават грэх. Гэта невiнватая мадэль. Яна - як палка: бi, колькi хочаш, а да смаку ня дойдзеш. Iншая рэч, калi ты ўсьведамiш мадэль. Усьведамленая мадэль - ужо вiнаватая мадэль, я сказаў-бы разумная, зь яе ў такiм разе нешта ўжо можна выбiць.
Была ноч, i Цiмошка выйшаў з свайго габiнэту на "нацдэмаўскi карыдор". Там ужо йшла "работа". Цiмошка зайшоў да Палiтыкi - на ягоную думку найбольш здатнага сьледчага. Пасярэдзiне пакою сядзела адна мадэль i хоць-бы вухам павяла: нават адным вокам ня зiрнула на Цiмошку. Аднак мадэль яму спадабалася: iнтэлегентная, удумлiвая й прыгожай формы. Адразу вiдаць, што ўсьвядомленая мадэль. Цiмошку страшэнна хацелася пачуць жывы голас гэтай мадэлi...
З прыходам Цiмошкi Палiтыка - i без таго заўзяты сьледчы - ператварыўся ў чалавека, што гатовы зрабiць усё, абы спадабацца свайму начальнiку. Падняўся з-за стала i, з закладзенымi назад рукамi, пачаў апiсваць кругi вакол мадэлi на табурэтцы.
- Можа хочаце, Раман Корзюк, у вагульную камэру? - пачаў Палiтыка здалёк. - Перавяду!
- Вам нельга быць добрым, - адказаў Корзюк.
Цiмошка толькi лыпнуў вачыма.
- Для вас магу.
- Дзякую.
- А Камоцкую мы ўжо выпусьцiлi...
- Дзякую таксама.
- А вы самi не хацелi-б пайсьцi наступнай ранiцы на заняткi ў iнстытут?
- Калi толькi вы будзеце там выкладчыкам.
- Грамадзянiн Корзюк ня хоча сёньня гаварыць са мною, - з усьмешкай, весела сказаў Палiтыка Цiмошку.
I, сеўшы за стол, ужо сур'ёзна нарыхтаваўся пiсаць пратакол. Дастаў з шуфляды нейкiя паперы i хуткiмi вачыма пачаў нешта вычытваць зь iх. Усталявалася некалькi сэкундаў цiшынi. Быццам зьнеахвочаная гэтай цiшынёй i перапынкам у допыце, мадэль, пазяхаючы, павярнулася на табурэтцы i пачала глядзець у вакно. Здавалася, ёй было маркотна сядзець склаўшы рукi i чакаць наступнага пытаньня. Гэта нямала зьдзiвiла Цiмошку.
- Таварыш Палiтыка, вашая мадэль не працуе. Вы не даеце ёй дастатковай нагрузкi. Перапынку ў вашай рабоце ня мусiць быць. Вы не заўважаеце, што вашая мадэль iгнаруе вас?
- Псыхалёгiя гэтай мадэлi мне добра ведамая. Мы маем дачыненьне з рамантычнай мадэляй.
Палiтыка адкiнуў у бок паперы. Мадэль усё яшчэ глядзела ў вакно на горад, быццам ня чуючы, што аб ёй гавораць.
- Не давайце пазяхаць вашай мадэлi. Дапытвайце!
Палiтыка ня ведаў, з чаго пачаць, прысутнасьць Цiмошкi яго бянтэжыла, i ён паставiў перад Корзюкам першае што прыйшло яму ў голаў пытаньне:
- Прызнаеце сябе вiнаватым?
- У чым? - запытаўся ў сваю чаргу Корзюк.
- Мадэль зьдзекваецца над вамi, таварыш Палiтыка.
Цiмошка пахопiста ўзьняўся з свайго крэсла i ў вокамгненьне апынуўся за сталом Палiтыкi, побач яго.
- Мадэль! (Прозьвiшча вашае мяне ня цiкавiць.) Мадэль! Вы будзеце сур'ёзна адказваць на пытаньнi?
- Калi пытаньнi будуць сур'ёзныя, - азвалася, нiбы схамянуўшыся, мадэль.
- Абсалютная згода. У гульню гуляць мы вам не дамо. Зрэшты, нам не патрэбнае нават вашае прызнаньне. Вы - у нас, i выхаду адсюль вам няма. Вы тая мадэль, якая нам спатрэбiлася.
- Я наогул не мадэль i мадэляваць мяне вам будзе цяжка.
- Не, якраз вы мадэль i мы вас змадэлюем. Вы толькi ламаецеся. Але датуль, пакуль вас мы яшчэ не даламалi. У карцар!
Корзюка адвялi ў карцар.
- Вось гэтак трэба дапытваць, таварыш Палiтыка. Гэткая мусiць быць нашая палiтыка.
Незадаволены паводзiнамi мадэлi, Цiмошка пакiнуў сьледчага. Ён пайшоў да iншай мадэлi, што паводля ягонай задумы мае адыйграць адну з галоўных роляў на працэсе нацдэмаў. У ягоным уяўленьнi паўставала мадэль Зьмiтра Жылуновiча Цiшкi Гартнага. Цiмошка сьпяшаўся падрыхтаваць яе. Якраз патрэбная яму мадэль была на допыце. Увайшоўшы да сьледчага, Цiмошка нават ня глянуў у бок мадэлi, што сядзела - на дзiва - у раскошным крэсьле.
У сьледчага Пушкiна падпухлi ад ночнай працы вочы. Ён зморана сядзеў за сталом. Да ўваходу Цiмошкi ён мiрна гаварыў з Жылуновiчам.
- Як мадэль? Працуе?
- Iдэальная мадэль, - адказаў Пушкiн, зiрнуўшы на Жылуновiча. - Цiшка Гартны, як вы ведаеце, - беларускi пiсьменьнiк, ён сваё дазнаньне (я даю гэта яму рабiць i ў камэры) пiша беларускаю моваю.
Пушкiн паказаў Цiмошку тоўсты сшытак, сьпiсаны рукою Жылуновiча.
- Можаце пачытаць цi хоць глянуць.
- Я ня чытаю пабеларуску, дый яшчэ ад рукi. Ты скажы - мадэль супрацоўнiчае з намi?
- Цалкам.
- Можна сьмела выпусьцiць яе на сцэну? Я пытаюся пра гэта, не зважаючы на прысутнасьць мадэлi, паколькi вы гаворыце, што яна згодная з намi. Я-ж казаў нам патрэбныя ўсьвядомленыя мадэлi, мадэлi, так-бы сказаць, добраахвотныя. Зрэшты, i мадэлям выгодна - увойдуць у гiсторыю. Хацеў-бы паслухаць з вуснаў самой мадэлi, што яна напiсала там у сваiм сшытку.
Жылуновiч, як абрадваўшыся, пачаў:
"Усё маё сьвядомае жыцьцё - гэта змаганьне з савецкаю ўладаю. Цяпер-жа, калi я ўсьвядомiў усю бяссэнснасьць такога змаганьня, я складваю аружжа..."
- Гэта надзвычайна. Але вы што-небудзь пра мэты нацдэмаўскай арганiзацыi i пра ейныя сувязi з замежжам.
Пушкiн паказаў у сшытку патрэбнае месца i Жылуновiч з усёй старэннасьцяй працягваў:
"Нашая арганiзацыя - Беларуская Нацыянальная дэмакратычная партыя стаўляе сабе за мэту адзьдзяленьне Беларусi ад Расеi, цi iнакш - наша партыя хоча скарыстаць з легальнага права выхаду з складу Савецкага саюзу, паколькi дадзены стан рэчаў не гарантуе дэмакратычнага ладу ў ёй. Значыцца, мы за адзьдзяленьне. Але мы катэгарычна супраць усялякага далучэньня, напрыклад да Польшчы, у чым вы спрабуеце нас абвiнавацiць..."
- Таварыш Пушкiн, Бэрман чытаў гэтыя матэрыялы? - перабiў чытаньне Цiмошка. - Гэта-ж золата.
- Не.
- Я забяру гэтыя матэрыялы ў вас. - I праз нейкi момант. - Ну, а якiм спосабам вы хочаце адзьдзялiць Беларусь? - запытальна, але ласкава зiрнуў Цiмошка на мадэль.
- Пры дапамозе сiлаў Беларускай ваеннай акругi на чале з Убарэвiчам.
Тут Жылуновiч узьняў вочы на Цiмошку i паясьнiў яму:
- У падтрымку з боку Ўбарэвiча я асабiста ня веру, але на працэсе я буду гэта сьцьвярджаць, а менавiта, што такой падтрымкай мы заручылiся. Гэта, каб вашая, а разам i нашая нацдэмаўская арганiзацыя выглядала салiдна, каб на адкрытым працэсе нацдэмаў было вiдаць, што нашая арганiзацыя сапраўды iснуе рэальна, а ня выдумка НКВД i што яна дастаткова небясьпечная для савецкай улады, каб зь ёй змагацца.
- Надзвычайна... Надзвычайна. Мадэль патрапляе. Сьвядомая свайго заданьня мадэль, - як у трызьненьнi мармытаў Цiмошка.
Ён, абрадваны i ўсьцешаны, узьняўся з крэсла, пацiснуў руку Пушкiну i, паляпаўшы мадэль па плячы ў знак пашаны да яе, выйшаў з пакою.
Цiмошка прадаўжаў абход сваiх мадэляў. Змора яго ня брала, хоць ужо пачало шарэць у вокнах, наблiжалася сьвiтаньне - час, калi яму было цяжка ўстрымацца ад спакусы хоць на часiнку заснуць. У яго было вышэйшае заданьне - паставiць, выстраiць на сцэне перад аблiччам усёй Беларусi шарэнгу здраднiкаў, апрацаваных iм мадэляў, але такiх мадэляў, якiя-б не саромячыся, на ўвесь голас, як таго мы ад iх дамагаемся, заявiлi, куды i як яны хочуць пiхнуць нашую, iхную Беларусь.
Справа ад яго адчынiлiся дзьверы (выходзiў сьледчы) i Цiмошка пачуў нейкi жаласьлiвы стогн, ён адразу даўмеў, што гэта даводзяць да парадку якуюсь мадэль, абрадваўся i яму захацелася пабачыць яе. Увайшоў у пакой. На воддалi ад сьледчага сядзела мадэль, як ён адразу заўважыў - на войстрай ножцы перакуленай дагары табурэткi. Сьледчы загадваў ёй узьнiмацца i садзiцца, зноў узьнiмацца i садзiцца, i яна, акрываўленая паслухмяна выконвала каманду сьледчага, сударгава калоцячыся ад болю ўсiм целам. Цiмошку аж страсянула.
- У чым справа? - зьвярнуўся ён да следчага-стажора.
- Ня прызнаецца.
- У чым не прызнаецца?
- Што хацеў забiць Варашылава, калi той прымаў парад войскаў Беларускай акругi. Я хачу даказаць сувязь нацдэмаў з камандармам першага рангу Ўбарэвiчам. Гэты апошнi дзеля нейкiх прычынаў хацеў збавiцца ад свайго вышэйшага начальнiка i падшукаў во гэтага сабе шэльму.
Сьледчы паказаў пальцам на мадэль.
- Творчая iдэя, - пахвалiў Цiмошка сьледчага-практыканта. - Практыкуйцеся далей. Дамагайцеся прызнаньня i пацьверджаньня гэтага прызнаньня на судзе, публiчна. У вас у руках вельмi важная дэталь-мадэль. Але мадэль толькi тады мадэль, калi яе ўламаеш.
Цiмошка меў намер абыйсьцi гэтай начы ўвесь "нацдэмаўскi калiдор" i пасьпяшаўся да аднаго з "цэнтраўцаў" - да Кудзелькi - Мiхася Чарота пралетарскай мадэлi паводля свайго паходжаньня. Калi Цiмошка ўвайшоў у кабiнэт свайго сябры сьледчага Цiмахвеева, ён аж не паверыў сваiм вачам: за сталом, аблакацiўшыся на яго, драмала мадэль, штосэкунды дзюбаючы носам, як-бы кланяючыся свайму сьледчаму насупраць.
- Дужа-ж мiласьцiвы ты, браце мой - таго глядзi, ложак загадаеш прынесьцi, каб тваёй мадэлi было зручней спаць у нас.
Цiмошка кожнага арыштаванага нацдэма iнакш не называў, як толькi мадэляй.
- Хай адпачне нашая Кудзелька, я за ноч досыць яго накудзелiў.
I ўжо зусiм сур'ёзна:
- Кудзелька - Мiхась Чарот пайшоў на поўнае з намi супрацоўнiцтва. Ён забясьпечыць посьпех адкрытага працэсу нацдэмаў. Больш таго, ён дапаможа нам схiлiць да супрацоўнiцтва з намi i сваiх калегаў, што апынулiся ў нас. Ты ведаеш, нацдэмы Касянкоў - Зарэцкi, Дайлiдовiч - Алесь Дудар, Платон Галавач пакуль што неахвотна паддаюцца нашай апрацоўцы. Ты, як адказны за ўсю нацдэмаўскую кампанiю, мусiш i iх падцягнуць да агульнага назоўнiку.
- Падцягну. Падцягну. Ня турбуйся. Знойдзем сродкi падцягнуць i iх.
Перад тым, як пакiнуць пакой сьледчага, Цiмошку захацелася зiрнуць у вочы дрэмнай мадэлi. Ды неймаверна - мадэль храпла. Сьледчы Цiмахвееў даваў ёй, як прызвычаенай да алкаголю мадэлi, трохi коўтнуць i ў часе допыту, каб яна была больш лагоднай i згодлiвай. Вось i захрапла таму. Гэта нямала зьдзiвiла Цiмошку. Ён падыйшоў да мадэлi i - сонную - ткнуў у яе пальцам, ды яна не ўзьнялася, толькi перарвала на момант дыханьне, зацягнуўшыся хрыплым сьвiстам. Гэтак i не давялося Цiмошку зазiрнуць у вочы заслужанай мадэлi. Ён папярэдзiў Цiмахвеева, каб мадэль была сьвядомая сваёй ролi на судзе. З Дударам, Зарэцкiм, Галавачом - непаслухмянымi мадэлямi - ён будзе гаварыць асабiста.
Тымчасам ужо разьвiднелася, i Цiмошка, змораны сваiм начным абходам нацдэмаў, падаўся дахаты адпачыць.
30
Валя Камоцкая, выйшаўшы з турмы, не хацела вяртацца ў манастыр - яна хацела жыць адна, на прыватцы. Манастыр, з ягонымi насельнiкамi, у яе цяпер адпаў. Яна не змагла-б ужыцца з сваiмi колiшнiмi (так, цяпер ужо колiшнiмi) сяброўкамi, яны былi, здавалася, недзе ўжо ў мiнулым, перасталi iснаваць для яе. Яна i раней з iмi ня жыла ў згодзе, то было iнтэрнацкае, вымушанае сужыцьцё, цяпер немагчымае пасьля перавароту, перажытага ёю за тры месяцы сядзеньня ў адзiночнай камэры. Зрэшты, яна iшла да гэтага перавароту даўно, калi ёй кiнуўся ў вочы Раман i захапiў яе. Нi Ларыса, нi Оля Дзiчкоўская не змаглi прыручыць яго, хоць i бралi яго на прыцэл, "на мушку", паводля выразу Розы Шкляр. Валя Камоцкая пусьцiла ў ход усе свае здольнасьцi, каб авалодаць Корзюкам, адбiць яго ад Ларысы не таму, што яна ўжо яго гэтак кахала, а найболей, магчыма, таму, каб не пакiнуць яго iншым. Тут было хутчэй больш жаночага эгаiзму, чымся каханьня. У змаганьнi за Рамана, Камоцкая, можна сказаць, вырабiла ў сабе iншы, не ўласьцiвы ёй характар: сваёй уяўнай баявiтасьцяй, якая межавала з вульгарнасьцяй, сваёй настырнасьцяй, "арыгiнальнасьцяй" яна адказвала на такую-ж "арыгiнальнасьць" Рамана Корзюка, сваёй "нязгодай" адказвала на Раманаву "нязгоду". На самай-жа справе, пад "вульгарнасьцяй" Валi хавалася цiхая пяшчота, пад найгранай весялосьцяй засмучанасьць. Сваёй "вульгарнасьцяй" Камоцкая абараняла сваю душу ад вонкавага сьвету, засланялася ад яго, ня пушчала нiкога заглянуць у ейную душу. У гэтым змаганьнi за Корзюка i з самой сабой Камоцкая стамiлася, здалася, сьцiшылася, прыйшла да сябе самой, да сябе сапраўднай, да такой, якой яна была на самай справе. I ўласна, тут ня было перавароту, было толькi ўсьведамленьне сябе. Тры месяцы турэмнага жыцьця былi толькi завяршэньнем гэтага ўсьведамленьня, "перавароту". Аднак, з боку, для пабочнага вока яна магла здацца iншай, ня той ранейшай, якой яна была, а перароджанай, зламанай. Нават сьледчы не Палiтыка, а ўжо iншы, на ймя Беларус, што канчаў ейную справу быў зьдзiўлены лагоднымi паводзiнамi Камоцкай, розумам, якi яна нiбыта выявiла ў гутарцы зь iм. (Характарыстыка, дадзеная Камоцкай Палiтыкай была, на думку Беларуса, няправiльнай.) У гутарцы з Камоцкай Беларуса зьдзiвiла i iншая акалiчнасьць: Камоцкая баранiла не сябе, а Корзюка. Яна ня ведала яшчэ, што яе маюць выпусьцiць, для яе было загадкай, чаму ейная справа была перададзеная ў рукi iншага сьледчага з штучным, як ёй здалося, прозьвiшчам "Беларус".
"Беларус", старэйшы ўзростам чалавек, спакойны i, як здавалася, разважлiвы, пытаўся ў яе з нейкай бацькоўскай спагадай у голасе пра ўсё: пра бацькоў, чым яны займаюцца, у якiм яны веку, цi быў у iх дастатак, пра ейнае маленства, пра тое, як ёй падабалася праца настаўнiцы, нарэшце - цi хацела-б яна закончыць вышэйшую асьвету i стацца зноў настаўнiцай, не ў пачатковай школе, як раней, да паступленьня ў iнстытут, а ўжо ў сярэдняй школе. Зацiкаўленьне сьледчага ўва ўсiм гэтым, ягоная спагада выклiкала Камоцкую на шчырую, рашчуленую гаворку.
- Вы самi сабе напсавалi сваiмi сувязямi з Раманам Корзюкам i ягонай сям'ёй. Асаблiва сваiмi провадамi iх на хутар Баранкевiча. Вам хiба было няўцям, што хутар Баранкевiча - гэта шпiёнскае гняздо, - дапытлiва зазiрнуў Беларус у вочы Валi Камоцкай.
- Хутар той мне паказаўся падазроным i самой, але я хацела дапамагчы мацi i сястры Рамана, нi ў чым невiнаватым i пакiнутым жанчынам.
- Вашая спагадлiвасьць заслугоўвае пахвалы, але вам, савецкай студэнтцы, савецкай грамадзянцы, не да твару было апынуцца ў цянётах злачыннай шайкi-лейкi. Добра, што мы выцягнулi вас з гэтых цянётаў. Вы мусiлi-б у нас на сьледстве катэгарычна адмежавацца ад Рамана Корзюка, рашуча заявiць аб сваёй непрыналежнасьцi да справы Корзюкаў. Вы гэтага не зрабiлi, толькi бяз дай прычыны тармазiлi сваiмi паводзiнамi выясьненьне вашай справы. Вы не дапамагалi, шкодзiлi сьледству. Што-ж тычыцца Рамана Корзюка, вы мусiце заняць да яго выразную лiнiю. З iм вам можа яшчэ давядзецца сустрэцца ў абставiнах, ня вельмi прыемных для яго.
- Я не магу зьмянiць сваёй лiнii да яго, - заявiла Камоцкая. - Мае асабiстыя дачыненьнi да яго, думаю, ня цiкавыя для вас... Пра ягоную-ж вiну... ён не вiнаваты.
- Я не вяду яго сьледства. Але ягоная сувязь з польскай дэфэнзывай вiдавочная. Перайшоўшы ў Польшчу, ён здрадзiў сваёй радзiме.
- Ён вярнуўся на сваю радзiму, - адказала Камоцкая.
- Так. Вярнуўся. Але ў якасьцi каго? Падумайце, для чаго польская дэфэнзыва вярнула яго да нас? Хiба-ж не для таго, каб, выбачайце, пабачыцца з вамi? Ды я не хачу тут займацца справаю Рамана Корзюка. Я выклiкаў вас ня ў сувязi з iм, цi можа меней за ўсё ў сувязi з iм.
- Мне крыўдна ўсё-ж... Раман не хацеў iсьцi ў Польшчу. Ён пайшоў быў туды ня хочучы... Абкруцiў яго Кандраценя, "дзядзька" ягоны. Якi ён дзядзька яму? Раман - ахвяра, але ён ня ведае гэтага, - у Камоцкай нечакана для сьледчага заблiшчэлi на вейках сьлёзы. У яе варухнулася жаласьць, страсянула ўсiм яе целам, яна зайшлася сьлязьмi, гатовая заплакаць наўзрыд. Камоцкая не магла супакоiцца, вусны ў яе сударгава дрыжэлi i толькi праз нейкi момант, выцершы даланёю сьлёзы, яна саўладала з сабою...
Калi сьледчы зноў пачаў распытваць пра бацькоў, Камоцкая няўстрымалася i яшчэ болей закалацiлася ад плачу.
- Дазвольце спатканьне з бацькамi або хоць напiсаць iм...
- Пiсаць вам ужо ня трэба. Мы вас выпiсваем - вы свабодны.
Камоцкая недаверлiва зiрнула на сьледчага. Той, злавiўшы ейны погляд, паўтарыў:
- Сьледства ў вашай справе спыняецца. Вы адноўленыя ў правох студэнта ў установе, у якой вы навучаецеся. Стыпэндыя за мiнулыя тры месяцы будзе выплачаная. Жадаем вам найлепшых посьпехаў. Мы спадзяёмся, што да нашых органаў вы ня будзеце мець асаблiвай крыўды. Даруйце iм, дапушчаную iмi памылку. Я хацеў-бы сказаць - мы спадзяёмся на вашую прыхiльнасьць да гэтых органаў, да нас, iхных працаўнiкоў.
Беларус дастаў з шуфляды паперчыну, папрасiў, уручыўшы Камоцкай, прачытаць яе i падпiсаць. У паперчыне гаварылася аб "неразглошении" бачанага i чутага ў НКВД з папярэджаньнем аб магчымай кары за недатрыманьне ўмоваў.
Камоцкая, не вагаючыся, падпiсалася, усё яшчэ ня верачы, што яе напраўду выпускаюць.
На заняткi Камоцкая вярнулася толькi на другi дзень. Былыя ейныя кампанкi па манастыры сустрэлi яе ветлiва, хоць i насьцярожана: нагэтулькi нечаканы для iх быў ейны зварот, яны яшчэ ня ўспрынялi, як сьлед, падзею i ня ведалi, як да яе паставiцца. У часе перапынку Камоцкая ня выйшла, як гэта яна рабiла раней, на карыдор, заставалася сядзець за незанятым у кутку столiкам. Да яе падыйшла найперш Лагоўская, прывiталася, пытаючыся, цi ня трэба ёй якая-небудзь дапамога. За ёю падыйшлi Аўсеева i Роза Шкляр з Голдзiнай. Шкляр хацела была запытацца ў Камоцкай пра Каплеўскага (прыйшла-ж з турмы i можа ведае што пра яго), але адумалася, адкладваючы гэта на вечар. Сьцяпан Мялешка, незадаволены паваротам Камоцкай, схадзiў у канцэлярыю да дырэктара ўпэўнiцца, цi Камоцкая сядзiць у класе легальна. Яму прыкра было, што яна тут, у ваднэй зь iм групе, што яе, супольнiцу Рамана Корзюка, выпусьцiлi такiя аўтарытэтныя органы, як НКВД, ён нават дапускаў нейкую памылку з боку гэтых органаў. Цяпер яна будзе глядзець на яго яшчэ з большай пагардай, як раней. Ён баяўся - таго глядзi што i хлопцаў яшчэ павернуць: зьняў-жа дырэктар з дошкi абвестак свой загад аб выключэньнi iх з iнстытуту... I ўсё-ткi Мялешка ня мог не падыйсьцi i не прывiтацца з Камоцкай. Нясьмелы i як-бы вiнаваты ў чым, ён падыйшоў да яе i ўжо гатовы быў ёй нешта сказаць, як наскочыла Оля Дзiчкоўская, локцем адпiхнула яго, прагаварыўшы:
- Няма чаго табе, братка, цяпер вiтацца. Хiба потым, пасьля мяне.
Мялешка апешыў, стаяў моўчкi, ня ведаючы, што яму рабiць.
- Бачыш, адны толькi дзяўчаты засталiся - хлопцаў ты ўсiх упёк. Iх няма. Застаўся ты адзiн. Лягчэй табе?
Дзiчкоўская ашчаперыла Валю i праз колькi сэкундаў, адарваўшыся, адыйшлася ад яе са сьлязамi на вачох.
У аўдыторыю ўвайшоў выкладчык нямецкай мовы Зэмэль. Дзяўчаты ўсё яшчэ не адыходзiлiся ад Камоцкай, толькi Сьцяпан Мялешка, сагнуўшыся, памуляў на сваё месца, апынуўшыся перад самым носам выкладчыка (ён заўсёды сядзеў на вiдавоку ў кожнага з iх).
Нарэшце, уселiся i дзяўчаты. Дзiчкоўская, узьняўшыся, i паказваючы выкладчыку пальцам на Камоцкую, голасна прагаварыла:
- Ганс Рудольфавiч, сёньня ў нас, бачаце, на адну студэнтку болей вярнулася.
- Я вельмi рады. Zehr gut, - адказаў Зэмэль, але хутка, як-бы спалохаўшыся сваiх слоў, пачаў тлумачыць Partizip II. Ён баяўся свайго нямецкага паходжаньня i быў дужа асьцярожны ў сваiх гутарках з студэнтамi.
Ларысы i Басi Цыпiнай на занятках ня было - прастудзiлiся i засталiся з грыпам ляжаць у пасьцелi, а ў iх якраз i мела патрэбу Валя Камоцкая, выходзячы з будынку Галоўнага корпусу ўнiвэрсытэцкага гарадка.
31
Адчынiлiся дзьверы камэры, i Раману Корзюку сказалi зьбiрацца з рэчамi.
- Можа дахаты? - пачалi гадаць, як-бы абрадваныя, камэрнiкi.
- Гм-м... Лёгка так, думаеш...
- А можа на суд?
- А можа ў iншую камэру?
- Добра, што хоць бяруць, нейкi рух усё-ткi, а то сядзiш во паўгоду i яшчэ нi разу ня выклiкалi на допыт.
Корзюка выправаджвалi ўсёй камэрай, жадалi яму ўсяго найлепшага, прасiлi калi будзе магчыма - паведамiць iм пра сябе, а калi на суд - колькi далi. Узрушэньне ў камэры было такое, быццам Корзюк iшоў на волю. Камэрнiкам здавалася, што пачалося нешта такое, што можа закрануць i iх, што можа дзесьцi на вярхох нехта-ж, нарэшце, адумаецца i пачнецца роспуск нявiнаватых людзей. У камэры ажыла на момант радасьць, кожнаму хацелася паверыць у тое, у што ён хацеў верыць.
Корзюку не сказалi, куды яго забiраюць. Яго зьдзiвiла, што яго прывезьлi на вакзал. Толькi ўжо ў вагоне канваiр яму сказаў (хоць яму забаранялася ўваходзiць у гутарку з арыштаваным), што яны едуць у Заслаўе.
На ранiцу яны былi ўжо там. Корзюк доўга чакаў у цесным пакойчыку на турэмным двары, пакуль яго ня ўзялi адтуль i не прывялi да нейкага начальнiка. Той паведамiў яму, што яго прывезьлi на суд бацькi ў якасьцi сьведкi. Корзюка такое паведамленьне ашаломiла. Калi яго ўвялi ў салю суда, ён пабачыў там Кандраценю, Шаркевiча i нейкага незнаёмага. Яны сядзелi направа ад уваходу з канваiрамi адзадзя. Корзюка пасадзiлi налева ад уваходу, тварам да тых, што сядзелi направа. Хутка з боку, з вузкiх дзьвярэй, увайшлi ў салю судзьдзi, як выявiлася пазьней - Спэцыяльная Калегiя Вярхоўнага суду БССР пад старшынствам Карпiка.
- Суд идет! Встать! - скамандваў старшыня Калегii.
Трое - Кандраценя, Шаркевiч i незнаёмы - узьнялiся, але заставаўся сядзець Корзюк.
- Конвоир, поднять!
Корзюк, ня хочачы, каб яго паднiмалi, узьняўся сам.
Старшыня Калегii агаласiў:
- Сёньня мы судзiм здраднiка радзiмы, забойцу i шпiёна Савосту Корзюка. Судзiм завочна. Забойцу ўдалося схавацца ў ваднэй замежнай, варожай нам дзяржаве, пад крылом ейнай разьведкi. Спэцыяльная калегiя Вярхоўнага суду БССР прыбыла сюды на месца злачынства, каб на падставе дадзеных сьледства i паказаньняў сьведкаў дэмаскаваць сапраўдны твар злачынцы, паказаць навочна, у чыiх руках ён быў знарадзьдзем i паводля пралетарскай, сацыялiстычнай законнасьцi, з усёю строгасьцяй нашых законаў, пакараць злачынцу. Сьледствам i паказаньнямi сьведкаў устаноўлена, што кулак Савоста Iгнатавiч Корзюк, году народжаньня 1883-га, у сваёй азьвярэласьцi i заюшанасьцi, усялякiмi спосабамi супрацьставячыся мерапрыемствам партыi i ўраду, у прыватнасьцi вядучы падрыўную дзейнасьць супраць калектывiзацыi, пайшоў на скрайнюю форму барацьбы з савецкай уладай - на тэрор. Сьледствам дакладна ўстаноўлена, што 13 лiстапада гэтага году, у момант, калi першы сакратар Заслаўскага райкому партыi Ленскi накiроўваўся, каб зламаць кулацкi супрацiў у вёсцы Залесьсе, па дарозе туды быў застрэлены куляй, выпушчанай бязьлiтаснай, памсьлiвай рукой кулака Савосты Корзюка. Усьведамляючы сваё злачыннае действа i баючыся панесьцi кару, кулак Савоста Корзюк, з дапамогай агентаў польскай дэфэнзывы, уцёк у Польшчу. Каб не пакiнуць у нас нават семя свайго, ён забраў з сабой i сваiх дзяцей - сына Рамана i дачку Наталку. Сына польская разьведка вярнула да нас назад з мэтай правядзеньня падрыўной дзейнасьцi. Але нядрэмнае вока нашых органаў бясьпекi перагарадзiла дарогу такой дзейнасьцi, i шпега чакае таксама заслужаная кара.
Пасля паўзы, Старшыня Калегii Карпiк усё тым-жа высокiм, урачыстым тонам працягваў:
- Абвiнавачваны Кандраценя! (Кандраценя ўзьняўся.) У сваiм папярэднiм дазнаньнi вы прызналi свой удзел у афэры Корзюка Савосты - у перакiдцы яго за мяжу, у Польшчу. Пацьвярджаеце сваё прызнаньне?
Кандраценя, пераступаючы з нагi на нагу, цягнуў з адказам на пытаньне. З ухмылкай на твары ён як-бы зьдзiўляўся, што яму было пастаўленае такое пытаньне. Старшыня Калегii, занепакоены адцяжкай з адказам, гатовы ўжо быў паўтарыць пытаньне, як Кандраценя, хiтра ўхмыльнуўшыся, з нейкай весялосьцяй адказаў:
- Пацьвярджаю... Пацьвярджаю...
- Сядайце! Абвiнавачваны Шаркевiч! (Ён узьняўся.) Вы тая асоба, што практычна пераправiла сям'ю Корзюкаў у Польшчу? Вы прызнаеце гэта?
- Я не асоба. Я чалавек, i каб мяне ня змушалi я не рабiў-бы таго...
- Чаго?
- Таго, пра што пытаецеся.
- Канкрэтна - вы пераводзiлi Корзюкаў праз мяжу?
- Ну што-ж тут круцiцца - пераводзiў. Але змушаў мяне гэта рабiць пан Кандраценя, што сядзiць во побач.
Кандраценя нават не зварухнуўся на сваiм месцы.
- Пра "пана Кандраценю" я ў вас ня пытаюся. З нас хопiць вашага пацьверджаньня. Сядайце!
Старшыня Калегii зьвярнуўся да iншага члена Калегii, цi ў яго ёсьць якое-небудзь пытаньне да падсуднага. Той запытаўся ў Кандраценi:
- Вам вядома было, што, перапраўляючы Корзюка праз мяжу, вы ратавалi забойцу?
- Не.
- Вы супярэчаце сваiм паказаньням на папярэднiм сьледстве. У пратаколе допыту ад 21 верасьня, падпiсаным вамi, вы пацьвердзiлi факт выкананьня акту забойства Савостам Корзюкам.
- Я не пацьвердзiў-бы, каб НКВД не прасiла мяне зрабiць гэта.
- Вы хлусiце, узводзiце паклёп на органы НКВД.
- Дазвольце ў вас запытаць: хто я сьведка, цi я падсудны? Паводля ўмовы я - сьведка.
- Адказвайце на пытаньне: Савоста Корзюк забойца цi не?
- Я ўжо адказаў на вашае пытаньне. Адкажэце вы на маё.
- Паклiкаць сьведку! - спынiў палемiку старшыня Калегii.
У салю суду ўвялi суседа Корзюка, таксама хутаранiна, Платона Грамовiча, аброслага шчацiнай да самых вачэй, ад чаго яны блiшчэлi як з нейкага падпольля. Зьдзiўляла, аднак, што ён быў добра апрануты i пры гальштуку.
- Якiя ў вас доказы таго, што першага сакратара райкома партыi Ленскага застрэлiў Корзюк Савоста? I што аб гэтым забойстве ведаў падсудны Кандраценя?
- Ведаючы пра антысавецкiя настроi кулака Савосты Корзюка, а больш за ўсё як зацятага працiўнiка калгасаў (ён, каб не забралi ягонага дабра, як у кулака, гатовы быў-бы забiць ня толькi сакратара райкома партыi, а й самога Сталiна), я ўвайшоў з iм, Савостам Корзюкам, у цесныя сувязi, быў ягоным (я йграў гэтую ролю) "саўдзельнiкам", "прыхiльнiкам" усiх ягоных дзiкiх актаў помсты. Не захаваю перад судом - iдэя забойства Ленскага, якi асабiста кiраваў раскулачваньнем Корзюка, належыць нiкому iншаму, як Генадзю Кандраценю. Ён дастаў для Савосты зброю, навучыў яго страляць, распрацаваў ува ўсiх дэталях, з указаньнем часу i месца, усю апэрацыю забойства. Кандраценя абяцаў Савосту Корзюку вялiкую ўзнагароду за выкананьне акцыi i гарантаваў яму абсалютную бясьпеку, пацяшаючы яго, што за iм, Кандраценем, стаiць цэлая партыя - "Саюз вызваленьня Беларусi", якая, з падтрымкай Польшчы, здольная будзе ўзьняць усебеларускае паўстаньне супраць калектывiзацыi. Калектывiзацыя будзе адмененая (Сталiн маўляў ужо б'е адбой у сваiм артыкуле "Головокружение от успехов"). У вынiку ўсяго гэтага Савоста Корзюк, абяцаў Кандраценя, атрымае сваё багацьце назад. I Савоста Корзюк пагадзiўся на забойства, пайшоў на яго i выканаў яго. Седзячы ў засадзе разам з Корзюкам, я быў сьведкам гэтага забойства.
Кандраценя сядзеў спакойна, нiчым не паказваючы свайго ўзрушэньня, спадзяючыся, што калi яго i судзяць, дык толькi фармальна, для паказу толькi, што - ня можа-ж таго быць - каб Органы не ацанiлi ягоных заслугаў перад iмi.
- Усё ясна. Неаспрэчныя, важкiя доказы. Паклiкаць наступнага сьведку!
У залю ўвайшоў чалавек сярэдняга веку ў новенькай форме мiлiцыянэра.
- Што вам вядома пра забойства Корзюкам сакратара райкома партыi Ленскага? - зьвярнуўся да яго ўжо iншы член Калегii.
- У мяне ёсьць неаспрэчныя доказы таго, што сакратара застрэлiў Савоста Корзюк.
- Якiя канкрэтна доказы?
- Зброя, якой быў забiты сакратар.
- Больш ясней.
- Я маю на ўвазе зброю, якой карыстаўся Савоста Корзюк i якой ён страляў у сакратара.
- Ня можаце больш падрабязна?
- Пры вобыску на кватэры Рамана Корзюка, сына Савосты, мы знайшлi ў яго два наганы i дзьве гранаты i ў вялiкай колькасьцi савецкiя грошы. Судовая экспэртыза ўстанавiла, што адным з гэтых наганаў быў застрэлены сакратар Ленскi.
- Як апынулася гэтая зброя на кватэры Корзюка Рамана ў Менску? Забойства-ж мела месца ў Заслаўскiм раёне?
- Яе перакiнуў туды грамадзянiн Генадзi Кандраценя пасьля ўжытку. На допыце ў нас гэта пацьвердзiла гаспадыня Рамана Корзюка i нават ягоная сяброўка Валя Камоцкая.
- Падсудны Кандраценя! Пацьвярджаеце вы паказаньнi сьведкi?
- Я пацьвярджаю ўсё, як i дамовiлiся. Служу да канца. Але прашу не зьвяртацца да мяне, як да падсуднага.
- Суд разьбярэцца, хто вы. Паклiкаць наступнага сьведку!
У салю суду ўвайшла Раманава гаспадыня, нясьмелая, згорбленая, у чырвонай хатняга вырабу хустцы, што хавала амаль увесь ейны твар. Калi яна азiрнулася i ўгледзела Рамана, яна спалохалася, ссутулiлася, i гэтае ейнае ўтрапеньне было ацэненае судзьдзямi, як знак таго, што яна не надзейны сьведка.
- Як вы "обнаружили" зброю ў вашага кватаранта?
- Як падмятала хату.
- I заявiлi аб гэтым мiлiцыi?
- Спачатку я не хацела, але падумала, што Раману можа быць кепска i... сказала. Раман тут нi пры чым.
- А хто-ж "пры чым"?
- Я ня ведаю.
- Вы чулi што-небудзь пра дзядзьку Рамана Корзюка?
- Заходзiўся да яго нейкi чалавек, але я ня ведаю яго.
- Вы маглi-б яго пазнаць? Ён тут, сярод нас, - член Калегii паказаў на Кандраценю. - Пазнаеце?
- Здаецца, ён.
Кандраценя заўважна для ўсiх заварушыўся на сваiм месцы.
- Вы свабодны. Паклiкаць наступнага сьведку!
У салю суду ўвайшла Валя Камоцкая.
- Вы ведаеце Рамана Корзюка? - запытаўся ў яе старшыня Калегii Карпiк.
- Ведаю.
- Былi вы ў яго на кватэры?
- Была.
- Добра. У нас да вас такое пытаньне: бачылi вы зброю на кватэры ў Рамана Корзюка?
- Не. На кватэры ў Корзюка зброi я ня бачыла. Мне яе паказалi толькi ў мiлiцыi.
- Чаму вы былi затрыманыя мiлiцыяй?
- Мне тады было няясна, чаму.
- А цяпер?
- Цяпер я разумею. Але... магу быць я шчырай... праўдзiвай перад судом? Мяне мучыць усё гэта. Я доўга над гэтым думала... Пашто гэта ўсё штучнае? Зьлеплiваць, калi яно ня лепiцца? Колькi на гэта трацiцца сiлы... жыцьцяў? Чаго можна дасягнуць гэтай выдумкай? Мне сорамна i страшна гаварыць пра гэта. Каму гэта ўсё патрэбна? Няўжо нашай краiне? Хто гэта ўсё робiць?.. Тут я хацела-б сказаць, - Камоцкая зiрнула на Рамана, якi ўвесь час сядзеў, скамянелы, маўклiва, - адно: нi ён, нi я нiколi не належылi да якой-небудзь антысавецкай арганiзацыi. Мая сувязь з iм нiчога ня мае злачыннага. У маiм выпадку органы разабралiся. Хацела-б, каб яны гэта зрабiлi i ў выпадку Рамана Корзюка.
- Зашмат вы хочаце. Вы свабодны.
Камоцкая выйшла.
- Корзюк Раман! (Той усхапiўся.) Вы пацьвярджаеце, што зброя, якой ваш бацька, Савоста Корзюк, застрэлiў кiраўнiка раённай партарганiзацыi, знаходзiлася ў вас, на кватэры ў грамадзянкi Цылi Дзялiбы? - сфармуляваў пытаньне старшыня Калегii Карпiк.
Замест адказу Раман Корзюк паставiў контрпытаньне:
- Скажэце, паважаныя судзьдзi, можна з нагана застрэлiць каго-небудзь на адлегласьцi, патрэбнай для таго, каб вас не заўважылi? Мой-жа бацька мусiў хiба цэлiцца, каб яго нiхто ня прыкмецiў, на досыць вялiкай адлегласьцi, з лесу, з засады, калi сакратар iмчаўся на машыне. Хiба ня так?
Пытаньне Рамана Корзюка было для судзьдзяў такiм нечаканым, але настолькi правамоцным, што яны не адразу маглi апамятавацца. Гэта дало магчымасьць Раману гаварыць далей:
- Мой бацька нiякi не забойца. Як сын ягоны, я пратэстую супраць зьдзеклiвага суду над iм, наверх яшчэ завочнага. Ня маючы магчымасьцi абаранiць ягоную чалавечую годнасьць (я зьняволены), я крычу на ўвесь сьвет: спынеце гвалт над чалавекам! Мой бацька пайшоў у Польшчу не таму, што ён забойца, баяўся кары, а таму што, вы шылi яму гэтае забойства. Я разумею, нашым слаўным органам - каб iм было што рабiць - трэба было стварыць арганiзацыю з усiмi, патрэбнымi для гэтых органаў атрыбутамi: нацыяналiстычную, тэрарыстычную, шпiёнскую арганiзацыю. I вы яе стварылi, я й сам нявiдочным спосабам уцягнуты ў яе. Шкада, што гэтай арганiзацыi няма на самай справе. Але яна вамi падказана i яна будзе, ня сёньня, дык заўтра.
Кандраценя, слухаючы Корзюка, радаваўся ў душы стойкасьцяй Корзюка нарэшце, як яму я й казаў, узьняўся-ткi на ўвесь свой рост. Прыйшоў бо-ж ягоны судны дзень.
- Вашае выступленьне тут, грамадзянiн Корзюк, будзе ўлiчана i залiчана. Будзьце пэўны. Мы зашмат далi вам гаварыць. Але не сьпяшайцеся - да вашай справы мы яшчэ дойдзем!
Наступiла няпрыемная паўза. Судзьдзi перакiнулiся колькiмi словамi мiж сабой. Выраз iхных аблiччаў, iхныя гэсты сьведчылi аб незадаволенасьцi i нейкай нязгодзе памiж iмi.
Ды ў хуткай, рашучай наважнасьцi, звонкiм голасам старшыня Спэцыяльнай калегii Вярхоўнага суду БССР Карпiк, нiбы пагражаючы каму, страсянуў магутным голасам, - як выстралам - паветра прасторнай з высокай стольлю салi:
- Нiякiмi выкрунтасамi ворагу ня ўдасца апраўдаць сябе! Яму ня выкруцiцца з нашых рук!
Пераходзячы на iншы тон, Карпiк зьвярнуўся да асобы, што сядзела яшчэ неапытаная:
- Падсудны начзаставы! (Гэтак ён назваў чалавека, што сядзеў побач Кандраценi i Шаркевiча.) Засталося яшчэ слова за вамi. Сьледствам устаноўлена, што вы, як начальнiк пагранаховы, спрыялi пераходу сям'i Корзюкаў у Польшчу. Пацьвярджаеце?
- Я дзейнiчаў паводля загаду з Менску.
- Значыць, пацьвярджаеце? Больш ад вас нам нiчога ня трэба.
Калегiя пакiнула салю суду для нарады. Падсудным прынесьлi турэмны паёк. Корзюк i начзаставы да пайка не дакранулiся. Раман з нейкай агiдай глядзеў, як елi паёк Кандраценя i Шаркевiч.
- Суд идет! Встать! - зноў гукнуў, як i на пачатку, старшыня Калегii. Слухайце прыгавор Спэцыяльнай калегii Вярхоўнага суду БССР у справе забойства першага сакратара Заслаўскага райкому партыi Ленскага. Вiна забойцы Савосты Корзюка поўнасьцяй даказана ўсiмi матэрыяламi сьледства i паказаньнямi сьведкаў. Наш прыгавор кароткi. Зачытваю:
Именем Белорусской советской социалистической республики гражданин Савоста Игнатович Корзюк приговорен Специальной Коллегией Верховного суда БССР к высшей мере социальной защиты - расстрелу. Приговор окончателен и обжалованию не подлежит.
Судзьдзi пакiнулi салю суду.
Рамана Корзюка забраў канвой. Уначы ён быў дастаўлены цягнiком у Менск i пасаджаны ў камэру, дзе сярод iншых, сядзеў i былы мiнiстр замежных спраў ураду Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР) Аляксандр Цьвiкевiч.
32
Начальнiк беларускага НКВД Бэрман з скуры лез, каб хутчэй скончыць з падрыхтоўкай нацдэмаў да адкрытага суду над iмi. I ня так суду, як працэсу, суд звычайны яго не задавальняў, ён хацеў больш громкага рэзанансу - менавiта працэсу, можна сказаць, грамадзскага суду над iмi, што закончыўся-б гнеўным i агульным асуджэньнем iх, як ворагаў народу. Добра зладжаны нацдэмаўскi працэс рэабiлiтаваў-бы яго, Бэрмана, а разам з iм i ўсё беларускае НКВД у вачох самога Сталiна, якi ўсё яшчэ заставаўся незадаволеным работай унутраных органаў рэспублiкi.
Бэрман выклiкаў Цiмошку да сябе, каб канчальна высьветлiць з iм справу i вызначыць цьвёрдую дату нацдэмаўскага працэсу. Але Бэрман зноў наткнуўся на непадатлiвасьць Цiмошкi, на ягоную прынцыповую нязгоду адчыняць адкрыты працэс нацдэмаў. Цiмошка ня верыў, што ён удасца, ён хутчэй лiчыўся з правалам яго, пры тым на вачох грамадзскасьцi. Такога блямажу Сталiн нiкому не даруе зьляцiць не адна галава. Цiмошка таксама дапушчаў, што ягоныя мадэлi, апынуўшыся на людзскiх вачох, адчуўшы сябе як-бы на свабодзе, пачнуць адмаўляцца ад сваiх паказаньняў на допытах. Больш таго, у вадзiн голас закрычаць, што iх бiлi i катавалi i што каб збавiцца ад пакутаў, яны падпiсвалiся пад хлусьнёю, выдуманай сьледчымi. Апрача таго, на думку Цiмошкi, сярод арыштаваных нацдэмаў няма дастаткова папулярных, громкiх iмёнаў, якiя-б маглi прыкаваць да iх увагу грамадзкасьцi, выклiкаць у яе - няважна што: абурэньне да здраднiкаў цi сымпатыю i спачуваньне да iх.
- Ну, а хiба iмя Жылуновiча - Гартнага замала для гэтага? - пярэчыў Бэрман Цiмошку. - Як нiяк, Жылуновiч-жа першы былы галава беларускага ўраду, грамадскi дзеяч, вядомы пiсьменьнiк, нарэшце чалавек, якi меў гонар гутарыць, сустракацца з Сталiным. Адным словам, досыць вядомая асоба, каб быць вядучым на працэсе нацдэмаў.
- Але ўсё-ткi замалая для такой ролi, - стаяў на сваiм Цiмошка.
- А каго-б вы лiчылi больш адпаведнай асобай для такой ролi?
- Янку Купалу толькi. Але яго нельга чапаць: гэта ўжо, з другога боку, занадта вялiкае iмя для нашага экспэрымэнту. Тут мы страцiлi-б - грамадзкасьць была-б не на нашым баку, а потым - гэта i палiтычна было-б няправiльна, заганна: у Беларусi была-б падкошанай уся нашая нацыянальная палiтыка, казыраць нам было-б нечым. Разумееце? Сам Сталiн не дараваў-бы нам такой палiтычнай недасьпеласьцi. Карацей - я супраць адкрытага працэсу.
- Устрымаюся пакуль. А як наконт Зарэцкага i Дудара?
- Постацi недастатковыя, - кампэтэнтна адказаў Цiмошка.
- Тады застаецца ўсё-ж Жылуновiч - Цiшка Гартны.
- Я ўжо выказаў сваю думку адносна яго.
- Якi-ж выхад?.. Я баюся - вы ня хочаце супрацоўнiчаць са мною. Вы сабатуеце справу нацдэмаў - найбольш актуальную цяпер у нас. За правал нацдэмаўскага працэсу адказваць будзеце вы. У мяне складваецца ўражаньне - вы знарок тармозiце справу нацдэмаў. Вы што - на iхным баку? Урэшце, вы чэкiст цi не? - разгневаны, узьняўся з-за стала Бэрман.
- Я - чэкiст. I не раўня вам, - адрэзаў Цiмошка.
- Пабачым... - Бэрман нацiснуў кнопку. - Вы свабодны. Можаце iсьцi.
Цiмошка, падазрона зiрнуўшы на Бэрмана, выйшаў.
Бэрман шукаў нейкага iншага выйсьця. Якога - ён сам сабе яшчэ добра не ўяўляў. Купалу браць на працэс (ён тут пагаджаўся з Цiмошкам) сапраўды не аплацiцца. Купала мае iмя, але характарам сваiм ён для працэсу, трэба пагадзiцца, не падыходзiць: нейкi сарамяжы, асьцярожны, палiтычна неразвiты. Склалася-б уражаньне, што ён - пакутнiк, якi ня ведае, за што яго судзяць. Быў-жа ён тут у нас. Усё, што мы пабачылi ў iм - гэта ягоную рашчуленасьць, псыхiчную няўстойлiвасьць, што можа прывесьцi - у часе ягонай большай пачуцьцёвасьцi - да нейкага непажаданага кроку - да самагубства. Нашто нам такая ахвяра?
Бэрману прыйшоў на думку калектыўны аўтарытэт: Гартны-Чарот-Зарэцкi. Ён паклiкаў да сябе сьледчага Пушкiна.
- Як Жылуновiч?
- Хворы.
- Што з iм?
- Баюся - прызнакi вар'яцтва.
- Сымулюе, мабыць?
- Ня думаю.
- Што-ж тады? З чым мы можам пачаць працэс? Далей нельга адкладваць. У Маскве чакаюць громкага нацдэмаўскага працэсу. Мы павiнны вызначыць канкрэтную дату працэсу. Хто на вашую думку (Бэрман больш не разьлiчваў на Цiмошку) з усiх арыштаваных падыходзiў-бы найбольш для галоўнай ролi на працэсе - Гартны, Чарот, Зарэцкi?
- Нiводзiн з iх. Яны мала вядомыя палiтычна. Нам патрэбны для галоўнай ролi не пiсьменьнiкi, а палiтык. Пiсьменьнiкi - у дадатак. I я бачу такога палiтыка, - усьцешаны сваёю думкай, усьмiхаючыся, ласкава пазiраючы ў вочы Бэрману, нiбы iнтрыгуючы яго, - спакушаў Пушкiн Бэрмана.
- Хто ён, гэты палiтык?
- Чарвякоў, Аляксандр Рыгоравiч.
- Як гэта ня прыйшло мне ў голаў раней - надзвычайная, адзiна правiльная, адзiна магчымая iдэя, - радаваўся Бэрман. - Сапраўды - маеце слушнасьць Чарвякоў постаць дастатковая, калярытная - у мiнулым эсэр, цяпер старшыня Цэнтральнага Выканаўчага камiтэту Беларусi, прэзыдэнт, можна сказаць.
- Да таго-ж - не забывайма - Чарвякоў - душа нацдэмаў, - ушчаў Пушкiн. Чарвякоў пад iхным уплывам, у згодзе з iмi, праводзiць iхную нацыяналiстычную палiтыку, варожую рабочаму класу.
- Вы ня ўзялi-б на сябе абавязак скампанаваць сцэнарый працэсу, паводля якога мусiў-бы праходзiць працэс? Я ўпаўнаважваю, загадваю вам гэта зрабiць як найхутчэй. У трохдзённы тэрмiн. У гэтую пятнiцу пакладзеце гэты сцэнарый мне на стол. Цiмошка, не захаваю ад вас, адхiлены i будзе пакараны за зрыў кампанii. Згода?
- Я зраблю ўсё магчымае, - запэўнiў Пушкiн Бэрмана.
Пушкiн быў рады свайму новаму абавязку, а найболей магчымасьцi насалiць Цiмошку, якога ён ненавiдзеў у душы, усяк маскуючы сваю няпрыхiльнасьць да яго. Пушкiн выстаўляў сябе сябрам Цiмошкi i быў з iм на ты. У Пушкiна быў свой плян: заняць у Бэрмана месца Цiмошкi, як стратэга ў нацдэмаўскай справе.
Бэрмана трывожыла толькi адно: цi апрабуе Масква, у прыватнасьцi Калiнiн, ордэр на арышт Чарвякова - усё-ж гэта фiгура ўсесаюзнага значэньня. Але сама iдэя ўзначаленьня нацдэмаўскага працэсу Чарвяковым падабалася Бэрману, i ён загадаў сваiм падначаленым узьняць, схаваныя дасюль матэрыялы аб дзейнасьцi Чарвякова з тым, каб яны былi гатовыя да партыйнай чысткi, якую Чарвякоў, як i ўсе члены партыi, мусiць неўзабаве прайсьцi.
Машына закруцiлася. Настаў той дзень чысткi Чарвякова. Спэцыяльная камiсiя па чыстцы была незадаволеная паводзiнамi Чарвякова: ён недастаткова, на думку Камiсii, высьветлiў сваё мiнулае, ня прызнаў усiх сваiх памылак, не раскаяўся да канца ў сваiх палiтычных грахох, у прыватнасьцi - эсэраўскiх, у сваiх кантррэвалюцыйных сувязях з нацдэмамi. З Камiсii ён пайшоў сумны, расквелены i бездапаможны. У "Правде" зьявiўся артыкул, што абвiнавачваў яго ў правым ухiле. На наступнай чыстцы Чарвякова прыдзiрлiвымi пытаньнямi i запалохваньнем давялi да сьлёз. На Зьезьдзе Саветаў БССР першы сакратар ЦК КПБ Шаранговiч, у прысутнасьцi Чарвякова, абвiнавацiў яго ў патураньнi "нiкчэмным нацдэмаўскiм замыслам", адначасна прыпiсваючы яму вiну за ўсе гаспадарчыя няўдачы ў Беларусi, у прыватнасьцi за недасягненьне ў рэспублiцы стану суцэльнай калектывiзацыi. Чарвякоў ня мог вытрымаць зьнявагi i пакiнуў прэзыдыюм Зьезду, у якiм ён сядзеў разам з Шаранговiчам. Шаранговiч яшчэ гаварыў, з трыбуны, як пачуўся стрэл з кабiнэту Чарвякова, сумежнага з саляй, у якой адбываўся Зьезд. Стрэл прагучэў на ўсю Беларусь, ён забраў ейнага кiраўнiка. Карта Пушкiна з Бэрманам была бiта.
33
Дзяжурны па карыдору пачаў заўважаць, што зьняволены трэйцi дзень ня есьць свае пайкi хлеба. Прыймае, але ня есьць. Адчынiўшы дзьверы ў камэру, дзяжурны пытаецца:
- Сват! (Гэтак ён заўсёды зьвяртаўся да зьняволенага.) Чаму ты складаеш свае пайкi хлеба на стол, а не сюды (ён паказаў на свой жывот)?
Зьняволены ня ведаў што адказаць i толькi зьбянтэжана ўхмыляўся. Дзяжурны не пакiдаў свайго:
- Цi не таму, што ня прыносяць больш смачнейшых абедаў, з сталовай начальства? Значыць, ня ў ласцы ты, калi пасадзiлi на звычайны, турэмны паёк? Яно зразумела, пасьля катлетаў баланда ня лезе ў рот, - жартаваў дзяжурны па карыдору.
Зьняволены на ўсё гэта нiяк не рэагаваў, хоць, здавалася, i хацеў нешта сказаць, ды ня ўмеў ад нейкай сарамлiвасьцi.
Цiшка Гартны прызнаваўся на допытах ува ўсiм, i яму дастаўлялi ў камэру абеды з сталовай НКВД - белы хлеб, першае i другое, нават з дэсэртам кампотам цi кофэ. Забясьпячаўся ён i iншымi недазволенымi для звычайных арыштантаў рэчамi: алавiкамi, газэтамi, паперай, кнiжкамi. У беларускай "Звяздзе", здаралася, ён чытаў пра сябе артыкулы, у якiх падавалiся цэлымi кавалкамi вытрымкi з ягоных паказаньняў на допытах. Цяпер ён баяўся сказаных iм слоў. Уначы, калi ён гаварыў iх сьледчаму, яны здавалiся яму звычайнымi словамi, цяпер-жа ў газэце яны, страшныя, быццам стралялi ў яго. Iх чытаюць цяпер iншыя i можа дзiвяцца, як ён мог сказаць усё гэта. Ён думаў, што ягоныя словы не праб'юцца праз муры, заглохнуць у iх навекi, як глухне тут усё. Такая акалiчнасьць ня стрымлiвала яго нi ў чым, нават падахвочвала яго гаварыць следчаму патрэбнае i непатрэбнае. Ён сьпiсаў за год сядзеньня ў турме цэлыя стосы паперы, каб - дзiўная рэч - дагадзiць сьледчаму, паказаць, што ён не абы якi чалавек, што ён нешта значыць, iнакш - iм-бы не зацiкавiлiся i ён ня быў-бы тут. Часамi ён нават думаў, што чым болей ён будзе надаваць сабе вагi ў сваёй пiсанiне, тым болей з iм будуць лiчыцца i тым меншая яму будзе кара. Дапушчаў, што яго могуць нават пусьцiць дахаты, як гэта, зрэшты, даваў яму зразумець i сьледчы. Ён рабiў усё, каб ня зьнiзiць свайго вобразу, заставацца на вышынi лiдэра нацдэмаўскай арганiзацыi. Ён аформiў яе ў сваiх паказаньнях паводля задумы i пляну Цiмошкi, як антысавецкую, кантррэвалюцыйную, шпiёнска-дывэрсыйную, тэрарыстычную нацдэмаўскую арганiзацыю. Ён уцягнуў у яе можа палавiну беларускiх пiсьменьнiкаў i паэтаў, знаёмых i незнаёмых яму. Падаў нямала iмёнаў з Беларускай Акадэмii навук, дзе ён працаваў, з тэатру, iмёны ўсiх сваiх блiзкiх знаёмых.
Цяпер ён спалохаўся ўсяго гэтага, уясьнiў, што гэта ўсё ня жарты, што за ўсё гэта трэба будзе расплачвацца i можа цаною жыцьця.
Сьледства ў ягонай справе закончанае, ён падпiсаў фармальны пратакол аб заканчэньнi, i цяпер яго ўжо болей ня выклiкаюць на допыт i ня прыносяць ранейшых спэцыяльных абедаў. Дасюль ён праседжваў начамi ў сьледчага на допытах, або займаў сябе пiсанiнай у камэры, i яму ня было гэтак сумна, як цяпер. На прагулку яго ня выводзяць, газэтаў для яго ня купляюць, i яму зрабiлася нясьцерпным жыцьцё ў камэры. Яму было страшна аднаму. Уначы, асаблiва, калi неба было зорнае, ён усiмi сваiмi сiламi хацеў далезьцi да вакна, але яно было высока, i ён з сьлiзкага каменнага падваконьнiка, ня здолеўшы ўхапiцца за краты, спаўзаў унiз. Але не здаваўся - рабiў тое самае зноў. Яму хацелася зiрнуць у неба, схавацца ў iм, але змрок у камэры, здавалася, цягнуў яго назад, хапаў за плечы i ён, абясьсiлены, падаў долу. Тады ён браў з кутка мятлу i нiбы якую лесьвiцу стаўляў яе да сьцяны, думаючы, што такiм спосабам ён дабярэцца да вакна. Ды такое "ўладжаньне" анiяк не дапамагала яму, i ён у роспачы адкiдаў яе ў кут.
Дзяжурны па карыдору, што назiраў за ягонымi патугамi праз "ваўчок", адчынiўшы дзьверы, сьмяяўся з яго, але па нейкiм часе, бачачы, што той ня спыняе сваiх практыкаваньняў, быў схiльны думаць, што ягоны падапечны хiба што рэхнуўся, i данёс пра сваю здагадку начальству.
Гартны худзеў, нiчога ня браў у рот. Яго квялiла думка: шго ён нарабiў? Стукаўся ў дзьверы, каб сказаць дзяжурнаму, што ён хоча бачыць свайго сьледчага, хоча, каб ён выклiкаў яго.
...Я ўсё запярэчу... Адмоўлюся... Скажу, што ўсё няпраўда... Што нахлусiў... Што каб ня верылi мне... Што навыдумляў... Што нават няма тых людзей у жывых, якiх я падаў iм. Iх проста няма... I арганiзацыi няма... Яны самi выдумалi яе... Божа-ж мой, як буду глядзець я людзям у вочы - наплююць... Калi толькi яны пабачаць мяне... Натварыў ячэек па ўсёй Беларусi... А йдзе яны?.. Усё пайшло ад мяне... Не, ад сьледчых... Гарту ў мяне няма... Якi я Гартны?.. Чым я выкуплю вiну сваю перад усiмi невiнаватымi?.. Яны сядзяць во побач мяне ў кожнай камэры... Я чую iх стогны i плач... Яны пасылаюць мне праклён за тое, што я прыцягнуў iх сюды... Ня толькi мяне, дзяцей маiх праклянуць... Кнiжкi паляцца... Навошта мы пiсалi iх?.. Усе цяпер тут... Сяджу во ў гэтым закутку... Сьмерць настала-б хутчэй... Лягчэй было-б... Ага... дзьверы ўсё-ткi адчыняюцца... Спатрэбiўся... На допыт... Вось добра... Усё цяпер напраўлю... Штосьцi не пазнаю свайго сьледчага... Гэта ня ён... Гэта iншы... Той быў лепшы... Мякчэйшы... Пагражаеце?? Што?.. Ня выпусьцiце?.. Згiну тут?.. Быў добры... Цяпер не... Важкiя паказаньнi, грамадзянiн Жылуновiч! Для расстрэлу дастаткова... Сьцерцi гэтага вы ўжо ня можаце... Моцна запiсана... Ну, гэтак... Праўда... Нагаварыў-жа i напiсаў... пад расстрэл... Цi-ж можна было падумаць?.. Яшчэ й Сталiна прычапiлi... Казалi, што яны самi яго прыбяруць... Зьнiшчаць, душагуба... Пыталiся, цi ён варты таго... Я, каб быць з iмi ў згодзе, казаў што варты... А яны тады... я хацеў забiць Сталiна. Iм гэта трэба было, каб мяне расстраляць... Божа-ж мой... Я хацеў забiць Сталiна?..
Ён падлазiў пад стол, прыкаваны да сьцяны, думаў, што схаваецца, i яго не павядуць на расстрэл... Калi яму дзяжурны падаваў хлеб, ён адмаўляўся, ня браў, казаў: "Ежце самi... Мяне ўжо ня будзе..." А то прасiў купiць яму беларускую газэту, каб пабачыць, што пра яго там пiшуць. Цi сапраўды яго расстраляюць? Лез на вакно, да зораў. Уцякаў з камэры. Зьдзiраў пазногцi, лезучы да вакна. Дзяжурныя сьмяялiся, абыякава глядзелi на дзiвакаватага вязьня. Але прыйшоў аднойчы на дзяжурства той, што называў яго "сватам". Адчынiў дзьверы, хацеў нешта сказаць "свату", як "сват", ударыўшы пад рукi, выскачыў на карыдор. Пабег на круг, ухапiўся за рычагi i пачаў адчыняць iмi камэры. (Было такое ўладжаньне ў "амэрыканцы", пры дапамозе якога дзверы ў камэрах аўтаматычна адчынялiся i зачынялiся.) Наскочыла болей дзяжурных... Схапiлi... Пацягнулi ў больнiцу...
У начальнiка беларускага НКВД Бэрмана адпала яшчэ адна магчымасьць для адкрытага працэсу нацдэмаў.
34
Аляксандр Цьвiкевiч быў рады пазнаёмiцца з Раманам Корзюкам, беларускiм студэнтам. Жывучы доўга на выгнаньнi, па-за межамi Беларусi, ён ня ведаў пра настроi беларускай моладзi, што яна думае, чым жыве, пагатоў студэнцкая моладзь. Дзiўна, Цьвiкевiч вельмi ўсьцешыўся, калi даведаўся, што Корзюка абвiнавачваюць у беларускiм нацыяналiзме. Жыве, думаў ён, яшчэ душа беларуская. Цьвiкевiч распытваў Корзюка пра ўсё-ўсенькае, дзiвiўся адкрытасьцi, наiўнасьцi i безабароннасьцi Корзюка, неяк шкадаваў яго. Корзюк у сваю чаргу, з вялiкай увагай, захапленьнем i павагай слухаў свайго старэйшага кампаньёна па камэры, асаблiва, калi той, спачатку насьцярожана, потым адкрыта i свабодна, паблiскваючы сваiм пэнснэ, апавядаў яму пра свой жыцьцёвы шлях, пра сваю грамадзскую i палiтычную дзейнасьць. Аляксандр Цьвiкевiч гаварыў цiха, седзячы на сваiм ложку, адзiным ува ўсёй камэры. Ягоны сьледчы загадаў паставiць яму ложак быццам ў знак пашаны да яго, былога мiнiстра ў эмiграцыйным урадзе Беларускай народнай рэспублiкi (БНР). Камэрнiкi былi зьдзiўленыя такой прывiлеяй i глядзелi на Цьвiкевiча з зайздрасьцяй i адначасна з нянавiсьцяй, спрабуючы разгадаць, хто ён за такая шышка. Цьвiкевiч нi з кiм ня ўступаў у гаворку, не шпацыраваў, як iншыя, па камэры, сядзеў на сваiм ложку, аб нечым думаючы, як-бы бiўся над вырашэньнем нейкай важнай праблемы. Камэрнiкаў зьдзiўляла, што ён цяпер разгаварыўся з Корзюкам, новапрыбылым чалавекам. Цьвiкевiч, запрасiўшы Корзюка сесьцi на ягоны ложак, бубнiў яму пра сваю ролю ў беларускiм нацыянальным руху, у прыватнасьцi ва ўрадзе БНР, гаварыў, што ў беларуса яшчэ ня вырасьлi зубы, што ён мусiць прабiваць сабе дарогу ў жыцьцё, не баючыся пушчаць у ход кулакi. Здавалася, ён выхоўваў, навучаў Корзюка. Корзюк прыйшоўся яму да спадобы, нават i тым, што добра выйшаў ростам. Не ўшаноўваў толькi Корзюкаву "спантаннасьць". Ад Корзюка Цьвiкевiч даведаўся аб арыштах студэнтаў у пэдiнстытуце. Гэта было для Цьвiкевiча доказам, што беларуская справа не памёрла. Цьвiкевiч гаварыў Корзюку, што той факт, што НКВД стварае беларускую нацыянальную арганiзацыю i абвiнавачвае арыштаваных у iхным iмкненьнi адасобiць Беларусь, адарваць яе ад Саюзу сьведчыць, што беларуская праблема iснуе i што яна турбуе цэнтральны ўрад. Цьвiкевiч разьвiваў перад Раманам сваю думку адносна вырашэньня беларускага пытаньня i, захапiўшыся, гаварыў грамчэй, i толькi, заўважыўшы, што яго пачынаюць падслухоўваць камэрнiкi, змаўкаў i адпушчаў Рамана. Той у роздуме, падагрэты iдэямi Цьвiкевiча, распачынаў сваю хаду па камэры, ня надта асьцерагаючыся, каб не наступiць каму-небудзь на ногi - арыштанты, ня маючы сваiх ложкаў, ляжалi на цамэнце ўпокат, i ня вельмi любiлi, калi нехта расхаджваў па камэры.
Была ўжо дванаццатая гадзiна, поўнач, калi Рамана Корзюка выклiкалi на допыт. Цьвiкевiч сьпяшаўся нешта сказаць яму, выглядала - настаўляў яго, падтрымлiваў на духу. Цьвiкевiч як-бы ўглядаў у Корзюку нейкую зьмену сабе. За час выгнаньня ён зьняверыўся, яму здавалася нерэальнай надзея на магчымасьць адраджэньня беларускага нацыяналiзму, пасьля разгрому яго на самым пачатку трыццатых гадоў. I як-жа ён быў зьдзiўлены - прыемна зьдiўлены, калi ў Корзюку ўгледзеў новыя парасткi гэтага нацыяналiзму. Абрадваны, у гутарках з Корзюкам ён прасiў яго рацыянальна мацаваць у сабе беларускую сьвядомасьць, каб яна праяўлялася ў iм ня стыхiйна, а ўсьвядомлена, мела здольнасьць цягласьцi.
Сьледчы Палiтыка сустрэў Рамана ветлiва, доўга гаварыў з iм пра рэчы пабочныя, ня зьвязаныя з ягонай справай. Сказаў Корзюку, што ён пахудзеў, парадзiў яму абстрыгчыся, каб уберагчыся ад выпадзеньня валос. Да суду, пад сьледствам, арыштаваны мае яшчэ права, калi ён таго хоча, насiць прычоску, пасьля-ж выраку яго ўсё роўна абстрыгуць, хоча ён таго цi ня хоча. Такая тут рэгуляцыя.
- Вас абстрыгуць, таварыш Корзюк. Суд вас не апраўдае i дахаты вы ня пойдзеце. Нашто вам прычоска? - нi то жартаваў, нi то зьдзекваўся Палiтыка.
Корзюк, успомнiўшы навуку Цьвiкевiча быць у сваiх пачуцьцях рацыянальным, спахапiўся ў час i нiяк не рэагаваў на кпiны сьледчага. Чакаў, пакуль ён ня прыступiць да справы.
- Тады пачнём. Цi дакладней - давайце канчаць. Справа вашая ясная i яе час скiраваць у суд. Мы, сьледчыя, зрабiлi сваё. Доказна ўстанавiлi прыналежнасьць вашай ячэйкi, кiраўнiком якой вы зьяўляецеся, да разгалiнаванай нацдэмаўскай арганiзацыi. Доказна ўстанавiлi вашую сувязь з польскай дэфэнзывай. Гэта галоўныя пункты абвiнавачаньня. Што вы сын забойцы, гэта вам не iнкрымiнуецца. Як сказаў Сталiн, дзецi не адказваюць за злачынствы сваiх бацькоў. Дык калi ў вас нiчога няма дадаць да вашых ранейшых паказаньняў, будзем пiсаць пратакол аб заканчэньнi сьледства. На судзе вы можаце апраўдвацца, колькi вам захочацца, тут-жа - справа скончана. Як я сказаў, яна перадаецца ў суд.
- У якi? - мэханiчна запытаўся Корзюк.
- У Спэцыяльную Калегiю Вярхоўнага суду БССР. Дарэчы, вы былi ўжо, у якасьцi сьведкi, на завочным судзе вашага бацькi i ўжо мелi магчымасьць пазнаёмiцца з гэтай Калегiяй. Як вам спадабалася?
Цынiзм сьледчага абурыў Корзюка.
- У iншым месцы я вам не дараваў-бы гэтага.
- Таму вы тут, у нас.
- Калi-небудзь вы будзеце ў нас.
- Але вам доўга давядзецца чакаць. Пагражаеце, га? Вось яно што!
Палiтыка стукнуў прэс-пап'е па сталу i пачаў, заклаўшы рукi ззаду, кружыць вакол свайго стала.
- Не патрэбна й пратаколу. Падпiшаце гатовую спэцыяльную формачку аб заканчэньнi сьледства i ўсё. Хопiць з мяне вас.
У кабiнэт Палiтыкi ўвайшлi тры сьледчыя, вясёлыя, знарок шумныя. Пытаюцца ў Палiтыкi:
- Ну, як усё?
- Усё, - многазначна адказаў Палiтыка.
- Тады ў парадку. Значыцца, групу Корзюка здаём пад суд? - запытаўся найменшы з траiх.
Корзюк ня ўстрымаўся:
- У мяне няма нiякай групы.
Найменшы з траiх:
- Як-жа няма? Трынаццаць чалавек - чортава тузiна. Вы завадзiла гэтай тузiны.
Корзюк пакаяўся, што ня змоўчыў перад правакатарамi, што можа й прыйшлi, каб падражнiць яго, вывесьцi з раўнавагi. Рагочачы невядома чаго, трое пакiнулi кабiнэт Палiтыкi, скандуючы: "Рот фронт!"
У кабiнэт, на вялiкае зьдзiўленьне Корзюка, быў уведзены Генадзi Кандраценя. Сьмела, нечакана для Корзюка, з нейкай засмучанай мiнай, Кандраценя працягнуў яму руку i Раман, зьбянтэжаны, машынальна падаў сваю. Кандраценя ўхапiўся за яе абяруч, прыцiскаў да грудзей, здавалася гатовы быў пацалаваць Рамана. Корзюк, апамятаўшыся, пашкадаваў свае падатлiвасьцi, ды было ўжо позна - Кандраценя завалодаў iм:
- Казаў-жа я табе, Ромусь, твой дзень прыйшоў, станавiся! Станавiся на ногi! Скажы сваё слова! Громкае, важкае слова перад высокiм судом. Будзь варты Корзюкаў!
Палiтыка маўчаў, задаволены наступам на Корзюка. Было ясна, што нiхто iншы, як ён, наладзiў гэту дзiўную сустрэчу i цяпер вось пасьмейваецца з iх абодвых, назiраючы, што выйдзе з гэтай сустрэчы.
- Ня бойся суда. Гэта будзе твой судны дзень. Ня трэба карэжыцца. Гавары праўду! Ты беларус i змусь суд паважаць цябе, як беларуса. Скажы сьмела, што ты сам i твая трынаццатка ў "Саюзе вызваленьня Беларусi". Рабi гiсторыю! Стварай яе! У нас не хапае актыўнай гiсторыi...
Кандраценя на момант спынiўся. Азiрнуўся на Палiтыку, i прыняўшы маўклiвасьць Корзюка за знак згоды з iм, пачаў зноў:
- Я даў табе, Ромусь, прытулак у Польшчы. Я ратаваў цябе ад арышту, але ты вярнуўся адтуль. Там, канешне, цябе завербавалi; дык i скажы на судзе, з якой ты мiсiяй тут. Чым больш ты будзеш рашучым, тым больш цябе будзе паважаць (а ты думаў, што?) сам суд. Не абы якi, а Вярхоўны суд твае рэспублiкi. Будзь варты гэтага суду! Рабi, кажу, гiсторыю. Мая поўная падтрымка табе. Не падумай - я таксама ролю адыгрываю. Я, уласна, шкадую цябе, а можа болей - тваю мацi.
Кандраценя гаварыў i гаварыў, а Корзюк зацята маўчаў, анi не рэагуючы на ўгаворы Кандраценi, i дзеля гэтага Палiтыцы невядома было, цi Корзюк прыймае наказы Кандраценi, цi адкiдае iх.
Палiтыка ўсё-ткi лiчыў, што гаворка Кандраценi даходзiць да Рамана i што ён цяпер у стане ўнутранага ўзрушэньня, а гэта ўжо нядрэнны знак. Корзюк-жа ў душы сьмяяўся з гэтай сцэны i чакаў, калi яна толькi скончыцца. Дасюль ён думаў, што Палiтыка ўсё-ж больш разумнейшы чалавек i на такi танны мэтад допыту ня пойдзе.
Кандраценя, ўрэшце, быў адпушчаны. Палiтыка даў падпiсаць Корзюку "формачку" аб заканчэньнi сьледства i Рамана адвялi назад, у камэру.
35
У Бэрмана нiчога ня выходзiла з нацдэмамi: iмi занята ўся "Амэрыканка" i цэлы паверх на Валадарскага, а кiраўнiка, якi iх павёў-бы, няма. Няма папулярнай, аўтарытэтнай асобы, якая ўзначалiла-б iх на адкрытым працэсе. Шмат драбязы - паэтаў, настаўнiкаў, артыстаў, студэнтаў i няма постацяў дзяржаўнага маштабу. За год, што прайшоў ад часу, калi мы пачалi плянаваць нацдэмаўскую арганiзацыю, нацдэмы, а пасутнасьцi - ёлапнi нагаварылi сьледчым, пад цiскам i добраахвотна, гэтулькi ўсяго неверагоднага, што неяк боязна выводзiць iх на сцэну. Шмат каму з iх нат хочацца, каб мы iх абвiнавачвалi ў беларускiм нацыяналiзме: за адсутнасьцяй такога ў рэчаiснасьцi, яны радыя яго ствараць у сьценах НКВД. Выглядае, як-бы яны згаладалiся па гэтым нацыяналiзме. Дзiўны фэнамэн. Iншая рэч, што iнiцыятыва была тут ўсё-ткi нашая. Праявы нацыяналiзму то тут, то там - пераважна ў навучальных установах - былi спантанныя, мала ўсьвядомленыя. Гэтыя правы так-бы й заглохлi пры няспрыяльных умовах. Але мы надалi гэтым праявам выгляд, скiраванасьць. Мы аформiлi кволыя парасткi нацыяналiзму ў стройную арганiзацыю з пэўнымi палiтычнымi мэтамi. Мэта нам цалкам удалася, тут ёсьць нават перавыкананьне. Але нам патрэбныя постацi. Постацi! А iх якраз i няма. Тут у нас, можна сказаць, поўны правал. I ёсьць пагроза зрыву нацдэмаўскай кампанii. Стаўка на Жылуновiча правалiлася, на Чарвякова - таксама. Адзiны козыр, што ў нас яшчэ застаўся - Убарэвiч - i той адпаў: яго няма ўжо ў жывых. Значыцца, iдэя збройнай падтрымкi нацдэмаў адпадае. Няма ў жывых Галадзеда - усёткi гэта была-б нейкая фiгура. Дывэрсыi i забойствы - ня надта ўматываваныя. Сувязь з польскай дэфэнзывай - эфэмэрная. Антысавеччына? Гэтага колькi хочаш. Хоць адбаўляй. Ды нам ня гэта трэба. Гэта звычайныя рэчы... Мы прывезьлi з сылкi Лёсiкаў, Некрашэвiчаў, Цьвiкевiчаў, Ульянавых, але з iх толку мала - гэта ўжо асобы ўчарайшага дня. Iхныя iмёны былi яшчэ прыцягальныя, калi мы судзiлi iх першы раз. Судзiць iх паўторна дохлае дзела. Адным словам, апраўдацца нам будзе цяжкавата. Асаблiва мне. Цiмошку што? Ён апраўдаецца. Але цi апраўдаюся я? Ды я мушу апраўдацца! Урэшце, я знайду выхад: паклiчу Ульрыха, ён прыедзе сюды i нацдэмам будзе крышка. Ваенны трыбунал надта не разьбiраецца. Калi немагчымы адкрыты працэс, дык ня будзе нiякага працэсу. Яшчэ ляпей. Свае галавы я не падстаўлю.
Апрача навiслай пагрозы правалу нацдэмаўскай кампанii, Бэрман ня чуўся пэўным i ў iншым дачыненьнi: iшлi арышты трацкiстаў, i ён, ня гледзячы на свой чэкiсцкi стаж, пабойваўся свайго трацкiзму. У 1927 годзе ён галасаваў супраць выключэньня Троцкага з партыi. А якраз такiх цяпер i падбiраюць. Бэрман пакладаўся на Ягоду, якi паставiў яго на чале беларускага НКВД, але Ягода не ўсемагутны. Бэрман трывожыўся за свой лёс, ён ня чуў болей пад нагамi апоры. У яго i сярод падначаленых былi працiўнiкi, хоць-бы той-жа Цiмошка. Ляпнуў-жа ён у прысутнасьцi маiх супрацоўнiкаў: я - трацкiст.
У кабiнэт Бэрмана ўвайшла ягоная сакратарка i запыталася, цi не хацеў-бы ён чаю. Ён папрасiў, i калi тая прынесла, ён улiў у яго ладную порцыю каньяку, што быў у яго тут-жа пад бокам, у шафцы. Ён хацеў заглушыць сваю трывогу, адпружыцца, але заспакаеньне ня прыходзiла, у сваiм уяўленьнi небясьпекi для яго ён даходзiў да скрайнасьцi, яму здавалася, што ягоную трывогу прыкмячаюць i толькi чакаюць, калi ён адыйдзе, зьнiкне. На ноч ён не хацеў, як звычайна, заставацца тут, у сваiм кабiнэце, вырашыў пайсьцi дахаты. Шафёра не захацеў, паехаў сам. Было ўжо цёмна, калi ён стаўляў машыну ў гараж. Ён не тэлефанаваў жонцы з працы, што прыедзе на абед дамоў. Першымi яго сустрэлi ў хаце дзецi, абрадвалiся ягонаму прыходу - яны рэдка бачылi яго. Жонка не чакала яго i была сабраная ўжо ў тэатр. Бэрман папрасiў яе застацца дома, нiкуды ня йсьцi i тая, хоць i неахвотна, засталася. Загадала прыслузе рыхтаваць абед. Прыглядалася да мужа, бачыла, што ён мае кепскi настрой, але нi пра што ў яго ня пыталася. Ськiнула сваё выхадное ўбраньне i перад люстэркам пачала сьцiраць непатрэбную ўжо памаду. Бэрмана крыўдзiла ейная няўважлiвасьць да яго. Ён, увайшоўшы ў хату i пабачыўшы жонку, гатовую да выхаду, не пацалаваў яе, як гэта ён рабiў заўсёды, i мусiць таму, думаў ён, яна такая абыякавая да яго.
- Ну, запытайся-ж пра што-небудзь! Што гэта ты гэткая?
Ён хацеў, каб яна загаварыла з iм, паказала сваю душэўнасьць.
- У вас-жа там усё тое самае. Пра што пытацца? Давай, прызнавайся! Давай, прызнавайся! Вось i ўся вашая грамата.
- Рыва, што з табой? Табе мая работа няцiкавая? Табе ўсё роўна?
- А чаго ты разьнюнькаўся? Няўжо ты такi i на сваёй рабоце? Мяккi?
- Ведаеш, штосьцi я цябе не пазнаю. Я магу быць i цьвярдым. Хочаш, каб я i ў хаце завёў чэка? Магу. Калi табе падабаецца.
Бэрман папрасiў кухарку падаць яму якую-небудзь закусь.
- Будзе-ж абед, - сказала тая.
- Няважна. Прынясi што-небудзь!
Ён налiў сабе ў шклянку каньяку i, як-бы злуючыся, выпiў адным дыхам.
- Ты як-бы некуды сьпяшаешся? - лагодна запыталася жонка. - Прыйшоў, дык i пасядзеў-бы спакойна.
Бэрман скоса зiрнуў на яе, нiчога не сказаўшы. Узяўся за яду.
Адазваўся тэлефон. Жонка падняла:
- Цябе.
Бэрман не сьпяшаўся, выглядала, быццам ён баяўся падыходзiць.
- Алё... Ага... Разумею... Што яшчэ?.. Неверагодна!.. Ня можа быць... Гэта факт?.. Зараз буду... Канешне... Пасылаць за мной ня трэба.
Спалохана кiнуў на жонку вачыма. Засьпяшаўся. Схапiўшы нешта з сваiх рэчаў, выбег.
Было чуваць, як спачатку не заводзiлася машына. Жонка падумала - ад нэрвовасьцi... Ага, ад'ехаў... Рыва зiрнула яшчэ ў вакно: ноч асьляпiла яе, i яна адыйшлася. Ёй здавалася, што хтосьцi ходзiць на двары. Два разы ляпнула калiтка.
Рыва ня ўпяршыню бачыла свайго мужа раздражнёным, ня ў гуморы, неахвотным на слова, незадаволеным, але сёньня ён - як ня свой. Нейкi расьцярушаны. Шкадавала, што ня прытулiла. Калi ў яго што-небудзь ня ладзiлася на рабоце, ён, прыйшоўшы дахаты, прасiў ласкi. Лез ёй пад крыло. Прасiў абняць.
- Няўжо чэкiсты ведаюць ласку? - жартавала яна.
- А як-жа. Гэта iм неабходна. Бяз нейчай ласкi яны ня вытрымалi-б, адказваў ён. Прасiў у часе пяшчотаў нi пра што ня пытацца ў яго, толькi ўтуляць яго i каб усю ноч, абнятага, трымаць яго ў руках.
Ён рабiўся мне працiўным. Я адпiхнула-б, яго, каб не баялася. Ён усё прылiпае, кажа, што, скончыўшы працу, яму недзе дзецца. Толькi ў яе ён можа схавацца, у ейных абдымках. Але што мне? У чэкiста няма, ня можа быць пяшчотнасьцi - яна ачарсьцвела ад грубасьцi.
Дзецi пыталiся, куды гэта паехаў тата. Рыва адказвала, што ён хутка вернецца, хоць ужо й трывожылася сама. Што ў iх там такое? Нi дня, нi ночы. Як на сенакосе якiм. Пэўна, прывезьлi некага важнага i ня ведаюць, з чаго пачаць. Што i як... Глупства ўсё... У тэатр ужо позна...
Бэрман пад'ехаў да варотаў сваёй установы. Вартавы хадзiў уздоўж будынку ўзад i ўпярод - выпаўняў сваю звычайную службу, не зьвяртаючы асаблiвай увагi на машыну што пад'ехала: ён ведаў, хто ў ёй - ня ўпяршыню-ж. Вароты адчынiлiся, i Бэрман апынуўся на двары, шчыльна атуленым з усiх бакоў будынкамi ягонага наркамату. Варта была i тут. Бэрман узьняцьцем рукi, як Гiтлер, прывiтаўся з ёю i хуткiмi крокамi накiраваўся да ўваходу ў нiжнi этаж. Варта пры ўваходзе i ў нутры не затрымлiвала яго. Ён уваходзiў i выходзiў тут кажны раз. Iдучы карыдорам па мяккай дарожцы да свайго кабiнэту, Бэрман адчуў - ад таго, мабыць, што тут было цёпла i не хапала сьвежага паветра - што ён ап'янеўшы. У галаве няясна i ў нагах - слабасьць. Рады быў апынуцца ў сваiм крэсьле. Толькi занадта зыркае сьвятло. Жмурыў вочы. Жонка пазванiла, цi ён даехаў добра. Бэрман паклiкаў свайго намесьнiка. Але замест яго, у кабiнэт увайшоў зусiм незнаёмы яму чалавек, у цывiльным з вялiкiм пакетам у руках.
- Гэта вам, - падыходзiў незнаёмы да стала. - Пэрсанальна вам.
- Хто вы? Якi пакет? Недарэчна. Чаго вы тут?
Схапiўся за тэлефон - адключаны. Узяўся за другi - таксама.
- Здрада! Варта! Сюды! - закрычэў.
Незнаёмы iшоў на яго. Ня йшоў, а сунуўся - спакойна, з iранiчнай ухмылкай. Гэтак iшоў Нiкалаеў на Кiрава. Бэрман у сьмяртэльным страху завойкаў:
- Не страляйце! Не страляйце!
Незнаёмы праваю рукою палез у кiшэню.
- Не страляйце! - узьняў угару рукi Бэрман.
Незнаёмы цэлiўся.
Бэрман у няпрытомнасьцi разьзявiў рот, быццам хацеў праглынуць кулю, шта гатова была вiда-вiда вырвацца з дула.
- Не палохайцеся! Вы толькi арыштаваныя i ня больш. Думалi, вы будзеце абараняцца. Тым лепш.
З арыштам Ягоды, у першую-ж ноч была арыштаваная ўся ягоная намэнклатура, у тым лiку i начальнiк беларускага НКВД Бэрман.
36
Камоцкая знайшла сабе пакойчык на Кляра Цэткiн. Танны, без асаблiвых выгодаў. Але яна была задаволенай сваiм прыватным жыцьцём. Яна любiла цяпер быць самой. Думаць над сабой. Пастарэла на цэлае стагодзьдзе, дзiвiлася сама што яна ня тая. На шмат старэйшая, яна нiбы прасьвятлiлася, ачысьцiлася, i гэтае новае адчуваньне - вышэйшае - да спадобы ёй, натхняе яе, з iм добра ёй. У пачуцьцях сваiх - багацейшых цяпер - яна ўзьнялася да нейкай новай эстэтычнасьцi, якая перашкаджала ёй задавальняцца абы чым. З усiх ейных дасюлешнiх сябровак добрымi душамi яна лiчыла толькi Ларысу, Дзiчкоўскую i ў меншай ступенi - Цыпiну. Да яе ёй трэба сёньня зайсьцi. Яна ня ведала, што Цыпiна ўжо ходзiць цяжарная. У iнстытуце-ж дазналiся аб гэтым толькi ўчора, калi яна папрасiла ў рэктара даць ёй на год водпуск. Гэты факт быў, аднак, прыняты там без асаблiвага зьдзiўленьня. Камоцкая ня бачыла Цыпiнай ад часу, калi яна была арыштаваная на ейнай кватэры. Будзе пра што гаварыць.
Яны прывiталiся сардэчна, аглядаючы адна другую. На твары Цыпiнай ужо адбiлася цяжарнасьць. Гэта адразу кiнулася ў вочы Камоцкай, але яна зрабiла выгляд, што нiчога не заўважае. Сама-ж Камоцкая паказалася Цыпiнай непазнавальнай, ня той, ранейшай. Цыпiна чула ўжо, што Камоцкая выпушчана.
- Ну, Валечка, я цябе цяпер баюся. Раней ты была антысавецкай, i мне добра было з табою такой, а цяпер ты - аддана савецкая. - Цябе-ж выпусьцiлi хiба ня так сабе - далi нейкае заданьне, - нi то сур'ёзна, нi то жартам выпалiла Цыпiна. - Пецьку-ж майго не адпушчаюць.
Каб Камоцкая не пакрыўдзiлася, дадала:
- Даражэнькая, я-ж жартую. Добра, што цябе выпусьцiлi. Я вельмi рада. Можа ты ведаеш што пра Пецьку. Сама я нiчога не дабiлася. За што яго арыштавалi i што з iм - невядома.
- Ува ўсiх iх адна справа - беларускi нацыяналiзм. Арганiзацыя. Ты хiба й ня ведала, што твой Пятрок у арганiзацыi? - з ноткай iронii ў голасе запыталася Камоцкая.
- Але ўсё-ткi, як ты думаеш - чаму цябе выпусьцiлi?
- Ня ведаю сама. Нiхто з нас нi ў чым ня вiнаваты. Мусiць таму, што я больш цьвярдзейшай была на допытах. Не пагаджалася з хлусьнёю. А можа-ж i яшчэ каго выпусьцяць. Суд будзе - можа каго апраўдаюць. Але я не хачу цябе суцяшаць. Не выглядае гэтак.
Камоцкая спахвацiлася, цi не зашмат яна гаворыць - дала-ж абяцаньне маўчаць. Нiчога не гаварыць пра свой турэмны вопыт. Хоць што i каму яна можа расказаць? Апрача Рамана, яна нiкога там ня бачыла. Iх трымаюць строга iзалявана.
Аднак Камоцкай крыўдна было, што ейнае вызваленьне з турмы ўспрыймаецца падазрона. На занятках у iнстытуце з ёй абыходзяцца падкрэсьлена ветлiва, але лiшняга з ёй, як раней, не гавораць, нават ухiляюцца гаворкi з ёю.
- Ведаеш, Бася, там дрэнна кормяць. Зрыхтуем перадачы: ты для Пятра, я для Рамана.
- Я ўжо спрабавала - ня прыймаюць. Ларыса таксама Раману насiла - тое самае. Мне сказалi, мусiць быць дазвол на перадачы ад сьледчага. Я тады папрасiла была дазволiць мне пабачаньне. I гэтай просьбы таксама не задаволiлi.
Камоцкая слухала, а ў пямяцi яе ўсплыў малюнак: ля турэмных варот жанчыны з перадачамi. Гэта яна пабачыла, калi выходзiла з будынку НКВД, ужо вызваленая. "Няўжо нi ў кога з iх ня прыймаюць?"
Сяброўкi радзiлiся, гаварылi, успамiналi. Перабралi па костачках усiх сваiх знаёмых. Зблiзiлiся.
Цыпiна запыталася ў Камоцкай, цi ёсьць усё-ткi ў каго-небудзь з арыштаваных вiна якая?
- Ну, якая вiна ў твайго Пецькi?
- Можа тое, што Пецька займаўся пiсанiнай i ўжо пачаў друкавацца? Помнiш яго апавяданьне ў газэце "Лiтаратура i мастацтва"? Там нешта ў яго знаходзiлi. А можа таму, што сябраваў з Раманам? Скажы, ну чаго з дуру яго пагнала ў тую Польшчу? Гэтым ён пашкодзiў i сабе i ўсiм. Ня ты яго туды зманьвала?
Цыпiна была перакананая, што Пятрок сядзiць з-за Рамана, хоць прама й не гаварыла пра гэта Камоцкай. Не хацела з ёю сварыцца.
Камоцкая мела сваё меркаваньне.
- Ты-ж ведаеш, Бася, пiсаць пабеларуску, друкавацца - ужо гэта адно ў нас ня добра. Гэта ўжо нацыяналiзм. Глядзi, апрача Рамана, лiчы, усе нашыя хлопцы пiсалi: хто для сябе, хто для друку. Пiсалi-б яны парасейску, дальбог, iх не чапалi-б. Дык твая здагадка ў нейкiм сэньсе правiльная. (Абараняць Рамана Камоцкая ня стала - быццам з-за яго сеў i Пацька.)
Цыпiна ня зусiм была згоднай з Камоцкай:
- Пiсаць-жа пабеларуску не забаронена?
- Так, не забаронена, але ўсё яно ня так проста.
Камоцкая не хацела, устрымалася ад удакладненьня пытаньня. Цыпiна ня ведае ўсяго. Яна сама ня ведала, пакуль не пабывала там. Толькi там стаецца ўсё зразумелым.
Камоцкая не сказала Цыпiнай пра суд над бацькам Рамана i што яна была на гэтым судзе ў якасьцi сьведкi. Хацела сказаць, але адумалася. Ёй стрэлiла думка (такая раптоўная!), а мо яе выпусьцiлi, каб яна сьведчыла супраць Рамана? "Такою цаной я зарабiла сабе свабоду?"
Цыпiна перабiла гэтую думку сваiм запрашэньнем за стол i нешта зьесьцi.
- За тваё вызваленьне, Валя! - узьняла Цыпiна пазалочаную чарачку з каньяком. (Цыпiну забясьпячала правiянтам i ўсiм iншым ейная сястра з закрытага магазыну, куды яна мела доступ, як жонка высокага партыйнага работнiка).
- Лепш-бы ты, Бася, не прагалашала такога тосту. Ён дужа горкi, - сказала ў адказ Камоцкая i ейная чарчына засталася не паднятай.
- Ты сапраўды пакрыўдзiлася? Зрэшты, разумею. Выбачай! Былi i будзем добрымi таварышкамi. Я рада, што ты завiтала да мяне. Цяпер я адна. Мацi ў шпiталi... I ведаеш - я ўжо чую, як ён шаволiцца ў мяне ў нутры. Ты-ж разумееш, пра што я гавару... Ты-ж хiба прыкмецiла... А што ён будзе ён я ў гэтым упэўнена. Пецька хацеў яго, i асаблiва стараўся, каб ён быў ён.
Цыпiна сьмяялася, але разам i пусьцiла сьлязу, што Пецькi няма.
- Не забывай мяне. Заходзь. Мы-ж, можна сказаць, цяпер з табой удовы. Але што гэта я? Яны-ж не памёрлi. Нi для мяне, нi для цябе. Я буду чакаць Пецьку, каб нават яго на дзесяць год асудзiлi. А ты? Ты, здаецца, парожняя. Раман не пастараўся.
Камоцкая нiчога на гэта не адказала. Сядзела задуменнай i сумнай. Яна шукала ў Цыпiнай нейкай падтрымкi - уласна, за гэтым яна прыйшла да яе - але Цыпiна, як Цыпiна: у яе няма душы.
На парозе - на зьдзiўленьне абедзьвюх - паказалася Ларыса.
- Глядзi, яшчэ адна ўдава, - насьмешлiва ткнула Бася пальцам у грудзi Камоцкай. - Праходзь, праходзь, Ларыска. Не саромся. Гэта я пра тое, што ўсе мы цяпер удовы - хлопцаў-жа няма: забралi. Застаўся адзiн Сьцяпан Мялешка, а дзяўчатаў, колькi хочаш.
Цыпiна многазначна глянула на Камоцкую, але тая не зьвярнула на гэта нiякай увагi, радая прыходу Ларысы. Прысутнасьць Ларысы хутка зьмянiла напрамак гаворкi. Цыпiна, ужо сур'ёзная i клапатлiвая, зьвярнулася да Ларысы:
- Можа хочаш перакусiць што?.. Канечне-ж, i гавары, за чым прыйшла, ты-ж да мяне так не заходзiш.
- Каб вы ведалi што? Мэльцэра арыштавалi! Увесь наш iнстытут пад пытаньнем. Усе прыцiхлi. Затаiлiся. Нашыя некуды выпаўзьлi з манастыра, i мне стала не па сабе адной. Дык я вось да цябе. Балазе, ты тут-жа, пад бокам. Што гэта будзе?
Ларыса зiрнула на Камоцкую, як-бы шукаючы ў яе адказу. Ды Камоцкая, пачуўшы навiну, неяк ссутулiлася, нат зьмянiлася з твару: усё яшчэ не перастаюць латошыць, а яе вось выпусьцiлi. Яна вычувала нейкую сваю вiну, чулася няёмка перад сяброўкамi за тую нiбыта лiтасьць да яе з боку НКВД. Але гэта была толькi мiмалётная няёмкасьць - Камоцкая авалодала сабой i запыталася ў Ларысы:
- Што табе сказалi ў камэндатуры?
Ларыса здагадалася пра што ў яе пытаецца Камоцкая:
- Толькi пасьля суду могуць прыняць перадачы.
- Дармо! Трэба паспытаць яшчэ. У iх сем пятнiц на тыднi, - ажыўлена сказала Цыпiна.
На гэтым i пагадзiлiся. Цыпiна ня выказала адносна арышту дырэктара спагады цi спачуваньня. Туды яму й дарога: пасадзiў хлопцаў, сеў i сам. Не, па iм я ня плачу. Накрыла стол. Нарэзала каўбасы, смачна пахнай, кракаўскай. Зрыхтавала гарбату. Ларыса адчула страшны голад i ела, не саромячыся. Камоцкая падумала, якая яна непасрэдная. Пазайздросьцiла ёй. Сама толькi ўзяла, каб паспрабаваць, хоць ёй i цяжка было ўстрымацца ад спакусы ня ўзяць болей. Цыпiна частуе, але глядзiць, колькi ты зьела.
Камоцкая, разьвiтваючыся, прасiла Ларысу заходзiць да яе. Яна вярнулася на Кляра Цэткiн, ня надта задаволенай сваiмi адведзiнамi Цыпiнай i чамусьцi дакарала за гэта сябе самую.
37
Раман Корзюк рабiў усё, каб утрымацца, як яму радзiў Цьвiкевiч на "вышынi", не паддавацца смутку, гнаць вон з душы лятуценнасьць i лiрыку - у чаканьнi суду гэта ўсё адмоўныя якасьцi. На прагулку Раманаву камэру не вадзiлi, i ейныя насельнiкi наладжвалi "шпацыр" самi ў сябе: падбiралi з падлогi свае лахманы, на якiх удзень сядзелi, а ўначы спалi, густа садзiлiся сьпiной да сьценаў, падабраўшы ногi, каб было больш прастору. У вынiку вызвалялася невялiкая пляцоўка да хацьбы. Прычым, "прагулку" пачыналi ня ўсе адразу, а чародна: спачатку адна, потым другая палавiна камэры. Корзюк быў iнiцыятарам такiх "прагулак", падаваў, з даручэньня старасты камэры, каманду i рух пачынаўся - у вадзiн i ў другi бок. Карыдорны заглядваў у "ваўчок", дзiвiўся такому "шэсьцю", баяўся толькi аднаго - каб ня было якога бунту. Апрача "прагулак", Корзюк умудраўся пампаваць паветра з карыдору, сьвяжэйшае, чымся ў камэры: прыкладаўся носам да пазоў у дзьвярах i смактаў, убiраў у грудзi, даставаў "азон". Асаблiва доўга прастойваў ён уначы, калi паветра ў карыдоры было халаднейшае. "Асьвяжаў" сябе Корзюк i ў час калi камэру выводзiлi на апраўку: ськiнуўшы кашулю, мыўся пад кранам, плёхаўся, фыркаў, выцiраўся мокрым рушнiком, загартоўваўся. Цьвiкевiч, назiраючы за iм, радваўся, што "хлопец" трымаецца. Корзюк ведаў, што на судзе будуць сьведкi з лiку студэнтаў ягонага курсу, i ён не хацеў паказвацца перад iмi слабым, цi тым больш - змарнелым. Ён хацеў выглядаць у ваблiччы гэтых сьведкаў дужым, героем-пакутнiкам, вышэйшым, чымся яны, гордым, сьведамым сваёй мiсыi, хоць i ня цалкам яснай для яго самога. Ён цешыў сябе думкай - i гэта яго падтрымлiвала - што бальшыня студэнтаў, асаблiва дзяўчаты, спачуваюць яму, што самы факт арышту ўжо ўзвышае яго ў вачох ня толькi студэнтаў, а й у выкладчыкаў.
Супярэчлiвым было ягонае ўяўленьне толькi адносна Валi Камоцкай: у сваiх пачуцьцях да яе Корзюк ня мог добра разабрацца. Апынуўшыся ў турме, ён думаў пра яе больш, чым калi-небудзь, шкадаваў, што ня быў з ёй больш лагодным, не аддаваўся цалкам, як яна таго хацела, ейнай "лiпкай фiзыялёгii". Не разумеў яе. Быў таксама лiпкiм, хацеў яе, але сваю любасьць да яе глумiў сваёю няўстолiвасьцю, няўважлiвасьцяй, а то й грубасьцяй. Я хацеў яе, калi хацеў, i кпiў з яе, калi не хацеў. О, мая Стаянка на краю начы! Гэта была нашая апошняя жарсьць, высокая, зорная, большая за "лiпкую фiзыялёгiю". У гэтай жарсьцi захлынулася гармонiя сусьвету, то было сутыкненьне абсалютнай згоды, звычайнага з нязвычайным, чалавечага з боскiм. Нам ня было сорамна. Гэта ня было грэхам, а злучвом, яднаньнем, iстотай у iстоце. А мо турма нас цяпер разьяднала? Не, гэтага ня можа быць. Я зразумеў, што сапраўды кахаю цябе i хачу цябе. Уласна, у мяне нiкога не засталося, апрача цябе. I калi-б ня было цябе, хiба быў-бы я? У мяне былi бацькi, сястра, але iх няма. Можа й цябе ўжо няма? Можа й ты адыйшла? О, як-бы я хацеў, каб мы i тут былi разам. Гэта надавала-б нашым пакутам асаблiвага значэньня. Даруй - лепш-бы ты заставалася ў мурох, чымся вонках iх. Мне было-б лягчэй. А то - я няўпэўнены. Я сьню цябе - засмучанай, журботнай, такой, якой я хацеў-бы, каб ты была. Засмучанай дзеля мяне. Але ты - якой я цябе бачу ў снох - можа не такая ў сапраўднасьцi. Цi-ж ня так? Або часам - я хачу цябе ў сьне, i ты прыходзiш да мяне, як-бы сапраўды. Гэтак бачу цябе ў сьне, а адплюшчу вочы - цябе няма. Iлюзiя. Бурбалка. Бачу цябе на яве, гляджу, што ты робiш, але-ж ты не са мной... Не магу толькi ўявiць цябе соннай. I ведаеш, што? Часам я думаю, што нехта, як i я калiсьцi, стукаецца ў тваю сьцяну, ля якой стаiць твой ложак, каб ты пачула i адчынiла. Не, ты не такая. Стаянка на краю начы нас зьляпiла навекi ў вадно. Ты непадкупная... А ўсё-ткi, як ты выйшла на волю? Пакiнула тут мяне аднаго? Чаму-б табе не застацца тут дзеля мяне? Мы былi-б тут разам, як на Стаянцы. Назаўсёды. Цябе сьледчыя падкупiлi? Ты iм нешта абяцала? Пагадзiлася на нешта? А мо ты ашукала iх, каб выйсьцi на волю i стуль дапамагаць мне, цягнуць мяне адсюль? Але-ж. Што-б ты магла зрабiць, калi-б ты сядзела разам са мною? Нiчога. Бачыш, ты ўжо адплачваеш iм - выклiкалi-ж цябе на суд за сьведку. Я, канешне, ня турбуюся - мяне ты не прадала. Але ўсё-ткi ты прыйшла на суд. Чаму ты на гэта пагадзiлася? Абараняць мяне? Ну, канешне-ж. Чаму я, ёлапень, ня бачу гэтага? Хутка будзе i мой суд. Ты прыйдзеш? Будзеш сьведчыць? Але. Я пабачуся з табою. I мо астаньнi раз. Злаўлю толькi адзiн твой зiрк, i я разгадаю цябе - мая ты, цi не. А мо зiрнеш ты на мяне i ўбачыш безнадзейнасьць. О, гэта будзе адказнае спатканьне! Калi будзе наогул. Гэта Валя, а што я? Што я такое? Я нiшто. У мяне няма асобы. У мяне пад нагамi няма грунту. Былi бацькi - няма бацькоў. Быў хутар - няма хутару. Вучыўся недавучыўся. Я жыў супярэчнасьцямi i ў гэтым знаходзiў сiлу. Цяпер няма i мяне. Супярэчнасьцi злагоджаныя, зьнятыя, прыведзеныя да адзiнства. I ўсё скончылася. Адзiнства - гэта канец. А што такое тая Беларусь? Цяпер яе таксама няма. Яна ў НКВД. I што засталося? Нiчога. Але гэта ўсё-ж ня так - застаўся я, засталася Беларусь. Але для чаго я сябе прызначаю? Якую стаўляю мэту? Мэта... Мэта... Мэта... Кандраценя казаў - настаў мой судны дзень. Якi дзень? Суд? А што такое суд? Уласна, за што мяне судзяць? Ведаю я? Усьведамляю? Быць годным Корзюкаў? А што такое Корзюкi? Хутар цi нешта большае? Мяне ўсьведамляў высокi польскi чын. Вучыў мяне патрыятызму. Ёсьць ён у мяне? Гатовы я ахвяраваць сабою дзеля яго? А можа я ўжо склаў ахвяру на аўтар патрыятызму? Турма - гэта ахвяра цi толькi пакута? Валя - таксама патрыятызм? Патрыятызм - гэта нацыяналiзм? Ноч... I я адзiн уначы... Што робiць цяпер Цiмошка? Стварае мадэлi? Мадэлюе Беларусь? Я таксама мадэль? Так, мадэль. Аформленая мадэль. Дасюль быў я аморфным. Тут я атрымаў афармленьне.. Аформiўся. Я ўведаў, што над хутарам Корзюка, як правобраз яго, схiлiлася, няпрыкметная для людскога вока, бы журботная Мадонна, Беларусь. Дасюль ня бачыў яе, а цяпер угледзеў. Адкрыў. Усю ў блакiтных сьлязах. Мне дапамог гэта зрабiць Цiмошка. Ён аформiў мяне. Кандраценя гаварыў ня зусiм выразна. Ён ходаўся толькi як-бы дзеля мацi мае. А можа й мацi мая - тая-ж самая Мадонна? Кандраценя ўзяў апеку нада мною, шкадуючы мяне, зноў-жа дзеля мае мацi. Я застаўся адзiн. I гэта быў ейны наказ Кандраценю настаўляць мяне, неразумнага? Бо-ж я тут, а яны там, па той бок мяжы. Мадонна ў смутку сьхiляецца над iмi i нада мною - тут i там. Благаслаўляе нас?
Напалавiну замураванае, з "наморднiкам" акно пачало прапушчаць у камэру змутнелую сiняву нясьмелай верасьнёўскай ранiцы. Раман Корзюк спахвацiўся, спалохаўся як-бы гэтай сiнявы - пачынаўся дзень, i Корзюк, як ачнуўшыся ад сваёй мройнасьцi, ня ведаў, што прынясе яму гэты дзень.
38
Новы начальнiк беларускага НКВД Бярэзiн ня меў нiякага ўяўленьня аб справе нацдэмаў. Прысланы звонку, ён наогул не арыентаваўся ў жыцьцi рэспублiкi - нi ў ейнай эканомiцы, нi ў ейнай культуры, нi ў ейнай гiсторыi - навошта яму гэта? Ён начальнiк НКВД. Ён выхаваны ў духу навукi аб НКВД, паводля якой НКВД - гэта меч дыктатуры пралетарыяту i толькi. Ён нiкога ня ведаў з сучасных беларускiх партыйных дзеячоў, не гаворачы ўжо пра нейкiх там пiсьменьнiкаў, паэтаў, артыстаў. Нават прозьвiшча Янкi Купалы яму было невядомае. Яму трэба было толькi ведаць, што нацыяналiсты ў Беларусi ёсьць, цi паводля сталiнскай тэорыi разьвiцьця грамадзства - павiнны быць, i з iмi трэба расправiцца па ўсiх правiлах рэвалюцыйнай законнасьцi. А хто яны такiя, якая iх мэта, колькi iх, як стаiць iхная справа ў НКВД - усё гэта было для яго цёмным месцам, i ён меў пiльную патрэбу пазнаёмiцца з гэтай новай для яго праблемай. Начальнiк Сакрэтна-палiтычнага адзьдзелу (СПО) уцалеў, але ад яго Бярэзiн даведаўся ня шмат. Той парадзiў яму выклiкаць Цiмошку, адказнага за нацдэмаўскую справу. За гэтую думку Бярэзiн адразу, не чакаючы, i ўхапiўся. Бярэзiн выклiкаў Цiмошку, з якiм ён яшчэ ня бачыўся. Калi Цiмошка зьявiўся на парозе, Бярэзiна зьдзiвiла надта маленькая постаць Цiмошкi. Уразiў яго Цiмошка i ў iншым сэнсе: сваёй непрапарцыянальна-вялiкай галавой з выпуклым iлбом. У Бярэзiна мiльгнула думка: "iдыятычная асоба". Але Бярэзiн сустрэў Цiмошку вельмi ветлiва, падаў яму руку моцна пацiснуўшы ягоную, пасадзiў на мяккае крэсла насупраць сябе. У крэсьле, правалiўшыся, Цiмошка выглядаў яшчэ меншым. Бярэзiну здавалася, што перад iм - ненармальна разьвiтае дзiцё.
- Вам хiба нязручна? - запытаўся Бярэзiн. - Мы маглi-б перасесьцi.
Цiмошка адчуў сябе абражаным, ацанiў свайго новага начальнiка, як малакультурнага чалавека.
- Дзякую. Я адчуваю сябе добра на сваiм месцы.
- Вы, далажылi мне, займаецеся справай беларускiх нацыяналiстаў. Адказныя за яе. Пазнаёмце мяне, калi ласка, з гэтай справай. Дарэчы, чаму вы iх называеце яшчэ i другiм iмём - нацдэмамi? Што гэта такое?
Цiмошку ня надта хацелася выкладаць справу нацдэмаў - ён выясьняе яе ўжо цэлы год перад рознага роду ёлупнямi. I цяпер яму трэба во зноў выкладаць, таксама хiба перад новым ёлупнем. Але суцяшала яго адно: няма Бэрмана, i ён, як выглядае, застанецца адзiным дарадцам у справе нацдэмаў. Не, ён быў задаволены выклiкам i гатовы сфармуляваць нацдэмаўскую праблему перад новым начальнiкам.
У мiжчасе была прынесеная гарбата - на iсподку шклянка перад Бярэзiным i шклянка перад Цiмошкам. Але Цiмошка нават не дакрануўся да яе, яму было нязручна, гэта ён лiчыў лiшнiм. З нейкай доляй раздражнёнасьцi ён пачаў:
- Нацдэмы - гэта скарочана: нацыянальныя дэмакраты. Само па сабе яно гучыць нядрэнна. Але мы iх так не называем. У нас яны: буржуазныя нацыяналiсты. Гэта больш правiльна. Чаму? Нацыяналiсты - гэта людзi, што лiчаць свой народ, сваю нацыю асобнай катэгорыяй, выразна адрознай ад якой хаця iншай нацыi, у нашым выпадку - ад расейскай i польскай нацыяў. Беларуская нацыя, кажуць нацдэмы, - гэта апрычоная нацыя, прычым, яны ўважаюць яе прыгнечанай нацыяй, нацыяй, якая ня хоча больш быць прыгнечанай, хоча быць самостойнай, хоча выйсьцi з Саюзу, хоча займець сваю нацыянальную дзяржаўнасьць. Або, як цьвердзяць нацдэмы, яны хочаць адрадзiць сваю дзяржаўнасьць, страчаную ў ходзе гiсторыi, перш на карысьць Польшчы, потым Расеi... Гэта толькi вам маленькая гiстарычная даведка, у самым найсьцiсьлейшым абрысе. На сучасным-жа этапе нацдэмы будуюць сваю палiтыку на ленiнскiм прынцыпе самавызначэньня нацыяў. Беларусы, значыцца, хочаць самавызначыцца. Мала таго - яны, як украiнцы i iншыя, iдуць далей. Iх ужо не задавальняе самавызначэньне. У рамках Савецкага саюзу Беларусь, як i iншыя рэспублiкi, ужо самавызначылiся. Нацдэмы хочаць ужо не самавызначэньня, а адзьдзяленьня. Ад чаго? Ад каго? Яны хочуць адзьдзяленьня ад Савецкага саюзу, адзьдзяленьня канкрэтна - ад расейцаў. Вось да чаго прывёў ленiнскi прынцып "самавызначэньне аж да адзьдзяленьня".
Бярэзiн ня ведаў усяго гэтага i быў уражаны красамоўствам i ведамi "iдыятычнага" Цiмошкi. Сядзеў i слухаў, зрэдку падносячы кубак для аднаго-другога глытка. Цiмошка-ж, перадыхнуўшы, гаварыў далей:
- Уласна, нацдэмы стаяць на легальных пазыцыях i iх няма за што судзiць. Права беларускага народу на самавызначэньне i адзьяленьне запiсанае ў Канстытуцыi БССР.
Тэарэтычныя разважаньнi Цiмошкi былi, аднак, малазразумелымi для Бярэзiна i, як гэткiя, ня цiкавiлi яго. Ён энкавэдыст, ён практык. Але Бярэзiн быў рады, што ў яго (цяпер-жа ўжо ў яго!) ёсьць такi во падкаваны iдэялягiчна работнiк.
- Вы сказалi, што нацдэмаў няма за што судзiць? Як гэта так? - перапынiў Бярэзiн Цiмошку.
- Мы судзiм iх. Мы будзем судзiць iх. Бяз лiтасьцi. Гэта я ў тым сэньсе, што паводля тэарэтычнага ленiнскага палажэньня i паводля канстытуцыйнага палажэньня, адзьдзяленьне не разглядаецца як злачынства. Яно легальнае. Але iншая справа - Ленiн нiкому не даваў адзьдзяленьня. Не даваў, бо распаўся-б Саюз, перастала-б iснаваць адзiная цэнтралiсцкая дзяржава, а выдзеленыя рэспублiкi сталiся-б лёгкай здабычай вонкавых сiлаў. З гэтага гледзiшча сэпаратысцкая дзейнасьць нацдэмаў злачынная. Няздарма Сталiн абвесьцiў нацыяналiзм як найбольшую небясьпеку на дадзеным этапе.
Бярэзiн, будучы чэкiстам чыстай крывi, будучы практыкам, ня ўспрыймаў усiх гэтых палажэньняў i дзiвiўся, адкуль гэта ўсё бярэцца ў ягонага субяседнiка. Праўда, указаньне Сталiна дайшло да яго: ён пасьпяшаўся зазначыць:
- Слушна, нацыяналiсты гэта небясьпека. Яны - ворагi народу. А ворагаў народу мы судзiм бязьлiтасна, пабальшавiцку. Не маглi-б вы канкрэтна назваць мне лiдэра беларускiх нацыяналiстаў?
- Вось з лiдэрствам у нас якраз слабавата.
I Цiмошка пачаў высьвятляць пытаньне.
- Справа ў тым, што лiдэры зьвялiся: мы чысьцiм iх ня ўпяршыню. У канцы 20-ых i на самым пачатку 30-ых гадоў мы ладна пусьцiлi iм кроў. У вынiку няма громкiх iмёнаў. Мы iх лiквiдавалi. У гэтым часе нацдэмам быў нанесены сакрушальны ўдар. Ня стала iгнатовiчаў, балiцкiх, лёсiкаў, адамовiчаў, прышчэпавых (канечне, вам невядомых). Спынiлася й беларусiзацыя Беларусi. Што мы маем цяпер? Iнфармую вас: мы маем шматлiкую арганiзацыю беларускiх нацыяналiстаў ува ўсебеларускiм маштабе, колькасьцяй, паводля маiх падлiчэньняў, ня менш, як 30 тысячаў. Хто ўваходзiць у гэтую арганiзацыю? Перш за ўсё пiсьменьнiкi, паэты, журналiсты, настаўнiкi, артысты, мастакi, кампазытары, у масавай колькасьцi - студэнты, паасобныя рабочыя, зрэдку вайскоўцы. Гэта досыць разнаколерная, разначынная маса. Яна, каб стацца арганiзацыяй, патрабуе аўтарытэтнага ўзначаленьня, лiдэра, як вы сказалi. Праўда, гэтай масе, як адказны за справу, я надаў стройны выгляд, я аформiў яе, змадэляваў, але я не магу яе ўзначалiць. Я сфармуляваў назоў гэтай арганiзацыi ў патрэбным нам гучаньнi. Арганiзацыя называецца ня проста "Саюз вызваленьня Беларусi", а "Беларуская кантррэвалюцыйная, антысавецкая, буржуазна-нацыяналiстычная, шпiёнска-дывэрсыйная арганiзацыя". Як бачыце, я надаў ёй форму i зьмест. Але, паўтараю, у нас сёньня няма людзей, дастаткова значных i папулярных, каб павесьцi гэтую арганiзацыю i з дапамогай якiх мы змаглi-б наладзiць адкрыты працэс нацдэмаў. У нас былi тры-чатыры чалавекi, годных увагi, але iх ужо, нажаль, няма. Гэта - Чарвякоў (ён скончыў самагубствам), гэта - Галадзед (ён скончыў самагубствам), гэта - Убарэвiч (ён скончыў самагубствам), гэта - Жылуновiч (ён безнадзейна хворы). Засталася дробязь i з ёю на сцэну ня выйдзеш. З ёю трэба распраўляцца паасобку. Адкрыты працэс быў-бы правалам. Праўда, ёсьць некалькi больш-менш вядомых у Беларусi лiтаратараў, што апынулiся ў нас, але яны не палiтыкi. Нам патрэбны палiтычныя дзеячы, найменш - рэспублiканскага маштабу... Не захаваю ад вас, кагадзе я меў асабiстую гутарку з трыма беларускiмi лiтаратамi - Чаротам, Александровiчам, Галавачом. I ведаеце, што? Паводля свайго перакананьня гэта - савецкiя людзi. Яны вераць у Сталiна, пiшуць яму, скардзяцца, што яны арыштаваныя беспадстаўна i спадзяюцца, што яны будуць апраўданыя. Але яны ня ведаюць аднаго: што яны будуць расстраляныя. Яны-ж бо прызналiся ў такiх рэчах, што iншай кары, як сьмерць, iм i не прыдумаеш. Яны ахвотна супрацоўнiчаюць з намi, падпiсваюць пратаколы ў патрэбным для сьледчага сфармуляваньнi. Яны без пярэчаньня пацьвярджаюць сваю прыналежнасьць да нацдэмаўскай арганiзацыi, бяруць на сабе, падказаную намi, ролю ў гэтай арганiзацыi. Прызнаюся, мне ня цалкам зразумелы гэты фэнамен. Або яны, сапраўды, нечага вартыя людзi, або яны проста - дурнi. Праўда (паколькi я ўжо закрануў пытаньне), ёсьць асобы з мацнейшым характарам. Напрыклад, Зарэцкi, Дудар, Шалай (вам яны, канешне, незнаёмыя). Гэта людзi з зубамi, зацятыя нацыяналiсты. Яны ня супраць, каб "Саюз вызваленьня Беларусi" iснаваў на самай справе... Выбачайце, я не стамляю вас?
- О, не. Нiколькi. Вельмi цiкава. Я ўдзячны вам за паiнфармаваньне. Я новы чалавек, мне трэба гэта. Бачу, вораг узьняў галаву i яму трэба даць па галаве. Бачу вашу кампэтэнтнасьць. Патрабую ад вас хутчэйшага, канчальнага высьвятленьня пытаньня беларускiх нацыяналiстаў.
- Яно ўжо высвветлена, таварыш начальнiк...
- Тым лепш. Але як?
- Судзiць нацдэмаў закрыта! Працэс ня выйдзе! Найлепшы выхад - ваенная калегiя трыбуналу на чале з Ульрыхам. Для найбольшых шышак. Для меншых тройка. Раз, два i гатова.
Да сьведамасьцi новага начальнiка беларускага НКВД добра дайшлi прапановы Цiмошкi.
39
Крытая машына для развозкi хлеба шчыльна пад'ехала заднiм ходам да ўваходу ў будынак Юстыцыi на Пляцы Свабоды. Не пасьпела яна спынiцца, як адчынiлiся ейныя заднiя дзверы i быў кiнуты на тратуар вузенькi трап. Па iм з нутра машыны - адзiн па адным - зьбягалi людзi. Здавалася, што "хлебная" машына выплёўвае iх на тратуар. У кожнага з iх ззаду быў канваiр з вiнтоўкай у руках. Ланцужок такiм парадкам падвойваўся, i, каб яго ня надта хто прыкмячаў, сьпяшаўся схавацца ў нутры будынку. Пешаходы, затрыманыя ў сваiм руху разгрузкай "хлебнай" машыны, на момант спынялiся, прыглядаючыся да "тавару". Зразумеўшы ў чым справа, яны iшлi далей: гэта iм было ня ўпяршыню. Асобы ў цывiльным, што стаялi паабапал машыны, ветлiва, цiха, амаль шэптам прасiлi:
- Грамадзяне, не затрымлiвайцеся! Праходзьце! Праходзьце!
"Хлебная" машына - парожняя ўжо - iмклiва ад'ехала ад уваходу ў будынак Юстыцыi на Пляцы Свабоды.
Зьняволеныя разьмясьцiлiся на другiм паверсе ў моцных, прыкаваных да падлогi, дубовых крэслах - па канваiру ззаду ў кожнага. У кожнага за сьпiной тырчэла вiнтоўка з штыхом напагатове.
Група Рамана Корзюка - дванаццаць чалавек - чакала паяўленьня судзьдзяў. Яны неўзабаве зьявiлiся i пачулася каманда:
- Суд идет! Встать!
Раман Корзюк пазнаў сярод членаў суду Карпiка, старшыню Спэцыяльнай Калегii Вярхоўнага суду БССР, што завочна судзiў ягонага бацьку ў Заслаўi. Адзiн з групы - Марцiновiч - ад страху страцiў прытомнасьць. Канваiр вывеў яго пад рукi за дзьверы.
Па нейкiм часе ён быў прыведзены медсястрой i пасаджаны назад у крэсла. Суд, пасля пэрсанальнай праверкi, пачаўся кароткiм уступным словам Карпiка. Карпiк зазначыў, што справа падсудных, перададзеная сьледчымi органамi суду, досыць ясная i ня выклiкае якiх-небудзь асаблiвых засьцярогаў. Суд прыняў справу i спадзяецца, што зьняволеныя - у iхных-жа асабiстых iнтэрэсах - будуць супрацоўнiчаць з Вярхоўным судом, як яны, зрэшты, супрацоўнiчалi i з сьледчымi органамi.
Карпiк даў слова пракурору. Узьняўся высокага росту, выцьвiлы, сухi, як мумiя, чалавек. Здавалася, ён быў зьлеплены з шэрага пяску i трымаўся толькi на нейкiм нявiдочным шпню. Пракурор глядзеў не на зьняволеных, што сядзелi перад iм унiзе, а на ўзьнятыя штыхi канваiраў.
- Незразумела! - пачаў ён. - Абсалютна незразумела, як савецкi студэнт можа трапiць на лаву падсудных? Як савецкi студэнт адважыўся стаць на бок нашага ворага? Як савецкi студэнт - не якi-небудзь сын нэпмана цi сын з лiку "былых людзей" (з iмi мы скончылi), а сын селянiна-бедняка, сын пралетарыя паддаўся на вудачку засланых да нас шпiёнаў i дывэрсантаў? Вы, студэнты савецкай вышэйшай навучальнай установы, на якiх нашая дзяржава трацiць столькi сродкаў, як вы дакацiлiся да таго, што вас трэба было арыштоўваць, пайсьцi на радыкальны крок, каб спынiць вашае спаўзаньне ў кантррэвалюцыйную багну. Вы ўсе бяз малага - выпускнiкi, вас, як выкладчыкаў чакалi рашчыненыя для вас дзьверы дзесяцiгодак, тэхнiкумаў, iнстытутаў... Скажу адкрыта, мы доўга прыглядалiся да вас. Мы напачатку не зьвярталi асаблiвай ўвагi на вашыя дробныя грахi i прадзелкi. Мы рабiлi ськiдку на вашую маладосьць. Мы шмат чаго даравалi вам. Думалi - паразумнееце, пасталееце. Чаго вам не хапала? Вы ўспрыймалi самую гуманную навуку, мы забясьпячалi вас усiм, што патрэбна для вашага гарманiйнага разьвiцьця. А вы? Вы самi сабе сапсавалi кар'еру. Вашыя бацькi чакалi ад вас ня гэткага во.
Пракурор, чалавек як з пяску, граў на пачуцьцях падсудных. Ён iмкнуўся прамовiць да iх, як бацька, каб рашчулiць iх. Пракурор лiчыў сябе псiхолагам, Ён спадзяваўся, што iхная душа ня выстаiць, аслабне i можа нават пралiцца сьлязьмi. I яно так сталася: не адзiн з арыштаваных прызнаваўся ў душы, што пракурор гаворыць праўду, глядзi, во спачувае iм, разумее iх нават абараняе iх. Цi-ж тут ня нашая вiна сапраўды? Душа паддавался жалю i смутку, гатовая каiцца.
Ды хутка "бацькоўскае" слова зьмянiлася на пракурорскае.
- Мы шмат чаго, кажу, даравалi вам. Але вы пераступiлi мяжу, мяжу нашага цярпеньня, мяжу, за якой - вы самi таго захацелi - вас ужо ня будзе. Мы ўжылi мэтад сацыяльнай прафiлактыкi, каб адгарадзiць вас ад грамадства. I ня толькi адгарадзiць, а - калi спатрэбiцца - i... зьнiшчыць. Вам хiба вядома формула пралетарскай законнасьцi: калi вораг не здаецца, яго зьнiшчаюць. Мы папераджалi вас кiнуць гульню ў кантррэвалюцыю, у якой-бы форме яна нi выяўлялася - у форме нацыяналiстычных праяваў, у форме зьядлiвага камантару на нашую сацыялiстычную рэальнасьць, у форме кпiнаў над нашымi найвышэйшымi кiраўнiкамi, у форме сваёй нейкай адасобленасьцi ад грамадства, у форме такой нявiннай на першы пагляд рэчы, як гiронiя. У вас - невядома, адкуль зьявiлася пагарда да ўсяго савецкага. Скажу адкрыта - нават i за ўсiм гэтым мы назiралi з вытрымкай, не чапалi вас, назiралi - куды гэта ўсё вас прывядзе. I яно вось прывяло. Прывяло да таго, што вы апынулiся ўжо ў арганiзацыi кантррэвалюцыйнай, антысавецкай арганiзацыi, што ў асобе сваiх кiраўнiкоў падумаць толькi! - наладзiла кантакты з замежнымi, варожымi нам разьведкамi, якiя i падбухторваюць вас на злачынныя дзеяньнi, аж да перавароту ўсталенага ў нас дзяржаўнага ладу. Вы дайшлi да таго, што вам ужо давай адзьдзяленьне рэспублiкi ад Саюзу, давай незалежную Беларусь. Канешне-ж панская Польшча ня супраць займець i другую частку Беларусi. I што-б вы атрымалi? Я добры прарок - Лукiшкi. А фашысцкая Нямеччына? Яна гатовая на каго хочаш апiрацца, каб паняволiць i зьнiшчыць нас. На вас, беларускiх нацыяналiстаў, яна разьлiчвае таксама. Дык вы, нарэшце, усьведамляеце сваю агiдную здраду? Вялiкае злачынства цяжыць над вамi. Вялiкая кара зьвiсае над вамi. I вам ад яе ня ўхiлiцца. Вярхоўны суд - правамоцны судзьдзя народны - ня турбуйцеся - ацэнiць кожнага з вас па заслугах.
Зьняволеныя - прыбiтыя - сядзелi, замёршы. Яны страцiлi прысутнасьць духу. Яны самавыключылiся i не маглi думаць. Iх - як ня было. Iхныя рэчы, кiнутыя пад сьцяной ля дзьвярэй - ватоўкi, мяшэчкi, розная дробязь, што назьбiралася за год сядзеньня, сьведчылi пра незайздроснае палажэньне iхных уладальнiкаў, здавалася - яны баялiся быць пакiнутымi, сьцiшна ляжалi ў чаканьнi.
Пачаўся разгляд спраў. Пачалi ня з Корзюка, а з Каплеўскага найслабейшага характарам.
- Падсудны Каплеўскi! - зьвярнуўся старэйшы векам член Калегii. Прызнаяцё сябе вiнаватым?
Каплеўскi вагаўся з адказам. Стаяў у нерашучасьцi. Ён баяўся даваць адмоўны адказ, думаў - горш будзе. Вырашыў прызнавацца.
- Так, прызнаю.
- Значыцца, пацвярджаеце факт сваёй прыналежнасьцi да нацдэмаўскай групы ў Вышэйшым Пэдагагiчным Iнстытуце (ВПI) у Менску? Зрэшты, гэта пагаджаецца i з вашымi папярэднiмi паказаньнямi на допытах. Хто яшчэ, апрача вас, належыў да вашай групы?
Каплеўскi, азiраючыся на сваiх таварышаў:
- Усе... хто тут.
Ён сказаў гэта нясьмела, вiдавочна, баючыся сваiх сяброў. Член суда, заўважыўшы гэта, пасьпяшаўся загадаць яму сесьцi. Выклiкаў сьведку.
У залю суду ўвайшоў лiтаратурны крытык Хатулёў, да якога Каплеўскi пiсьменьнiк-пачатковец - зьвяртаўся за парадамi.
- Вы ведаеце грамадзянiна Каплеўскага? - запытаўся старэйшы з членаў суда.
- Так, ведаю.
- Вам вядомы факт прыналежнасьцi Каплеўскага да антысавецкай групы ў ВПI?
- Асабiста я ня ведаю такой групы ў ВПI. Ведаю толькi, што Каплеўскi настроены паантысавецку. Не пагаджаецца з нацыянальнай палiтыкай партыi. Ён паказваў мне свае апавяданьннi, героi якiх скардзяцца на русiфiкацыю, нiбыта праводжаную Масквой. Асабiста мне выказваў сваё абурэньне з поваду, як ён казаў, перасьледу беларускiх нацыянальных дзеячоў, казаў, што ўсё беларускае топчыцца. Ведаю таксама, што Каплеўскi захапляецца забароненай нацыяналiстычнай лiтаратурай, чытае яе i пашырае сярод iншых.
- Грамадзянiн Каплеўскi, пацьвярджаеце паказаньнi сьведкi?
- Ня зусiм... Э... э... гм... Ня ўсё... Магу я сказаць?..
- Адказвайце на пытаньне канкрэтна: пацьвярджаеце паказаньнi сьведкi?
- Ён перакруцiў...
- Што перакруцiў?.. Вы-ж самi прызналiся, што належылi да кантррэвалюцыйнай групы i пэўна-ж не ўсхвалялi мерапрыемствы савецкай улады. Сядайце, грамадзянiн Каплеўскi!
Потым да сьведкi:
- Вы свабодны.
Хатулёў пасьпешлiва зьнiк за дзьвярыма суду.
Карпiк зьвярнуўся да iншага падсуднага:
- Грамадзянiн Марцiновiч! Прызнаяцё сябе вiнаватым?
Марцiновiч, аддана паглядаючы на Карпiка, адказаў:
- Мушу прызнацца - вiнаваты.
- У чым канкрэтна? Належылi вы да нацдэмаўскай групы ў ВПI?
- Належыў, не разабраўшыся ў сутнасьцi гэтай групы. Я праявiў сваю блiзарукасьць. У групу ўцягнуў мяне Раман Корзюк. Мала таго, ён намаўляў мяне перабегчы ў Польшчу... Казаў, нас, як сыноў раскулачаных, прыймуць там добра, можна будзе i навуку прадаўжаць. Свабодна друкавацца ў тамашнiх беларускiх выданьнях. Але я на гэта не пайшоў. Прашу суд разабрацца ў маёй справе. На сьледстве я накляпаў на сябе. Гаварыў няпраўду. Усё прызнаваўся...
- Чаму вы прызнавалiся ў няпраўдзе? Сьледчы вас змушаў?
- Пагражаў...
- Вы ўзводзiце паклёп на сьледчыя органы! Але да справы: сьледствам устаноўлена - вашая група мела цесныя кантакты з Цэнтрам нацдэмаўскай арганiзацыi. Адказвайце на пытаньне - хто быў сувязным?
- Раман Корзюк... Ён меў сувязi... Ад яго ўсё загарэлася. На занятках яго рэдка калi можна было бачыць - усё некуды зьнiкаў. Сам казаў, што хадзiў у Акадэмiю навук да Жылуновiча. Хвалiўся нават гэтым. А потым Польшча... Хто-б гэта мог падумаць?.. Корзюк няясны чалавек. Але ўмее рабiць уплыў на iншых. Умее падманьваць. Зманiў, прызнаюся, i мяне. Але я не хачу помсьцiць савецкай уладзе за бацьку, кулака. Я арыштаваны нiзавошта.
Карпiк не хаваў свае задаволенасьцi Марцiновiчам, патураў яму, намагнiчваў яго i сьпяшаўся падстаўляць яму пытаньнi:
- Чакайце... Чакайце... З лiку членаў вашай групы Цэнтрам нацдэмаўскай арганiзацыi была выдзеленая асоба для забойства Варашылава падчас ягонага побыту ў нас, у Менску. Хто гэтая асоба?
Марцiновiч, зразумеўшы, што яму ўжо больш няма адступу, адказаў:
- Раман Корзюк...
I каб злагодзiць вастрыню мамэнту, папрасiў:
- Дайце мне расказаць ўсё...
- Але коратка i ясна, - дазволiў яму гаварыць Карпiк.
- Наш iнстытут апанавала кантррэвалюцыя. У беларускай, польскай i яўрэйскай сэкцыях лiтаратурнага адзьдзяленьня заселi нацыяналiсты i сiянiсты. Беларусам давай незалежную Беларусь, палякам - яснавяльможную Польшчу, яўрэям - Палестыну. Нашага дырэктара наведвалi нямецкiя фашысты пад выглядам, што яны шукаюць у нас ратунку ад перасьледаваньня iх Гiтлерам, як камунiстаў. Дайшло ўжо да таго, што мне, чэснаму савецкаму студэнту, недзе было дзецца. Мне ня было з кiм дружыць. Толькi з iмi. А яны ўсе... бачыце, хто яны?..
Марцiновiч, як наняты, называў iмёны выкладчыкаў, што быццам кiравалi групай. Такiя прафэсары, як Пiятуховiч, Юргiлевiч, Ляўчук, казаў ён, былi душою ячэйкi, падтрымлiвалi яе. Корзюк нiколi не здаваў у iх экзаменаў, але яны ўпiсвалi яму залiкi ў кнiжку. Ячэйка iснавала пад выглядам драматычнага гуртка. I я напачатку думаў, што гэта i напраўду драматычны гурток... Далучыўся да яго... Аж пакуль Корзюк, упэўнiўшыся ў маёй надзейнасьцi, не раскрыў сапраўдныя мэты гэтага "драматычнага гуртка". Я адхiнуўся, але гэта было ўжо пачасе. Бачаце, я...
Карпiк ня спыняў Марцiновiча, i той гаварыў i гаварыў, нi разу ня зiрнуўшы на сваiх таварышаў. З баязьлiвага напачатку, ён ператварыўся ў сьмелага абвiнаваўцу падсудных. Ад няскладнай i ня зусiм выразнай гаворкi ён перайшоў да лагiчных фармулёвак.
- У iнстытуце я стаў баяцца сваiх ячэйкаўцаў. Маглi спусьцiць i пад галды. Сёньня-ж перад высокiм судом я не баюся заявiць: сваячасова падняўся меч дыктатуры пралетарыяту i ён мусiць апусьцiцца на галовы кантррэвалюцыйнай гiдры.
Нарэшце, Карпiк перапынiў Марцiновiча i той сеў.
- Бачыце, загаварыла сумленьне. Мы ўлiчым гэта. Грамадзянiн Корзюк!
Той пахопiста падняўся.
- Я ня буду нават стаўляць пытаньня - прызнаяцё вы сябе вiнаватым цi не вiна вашая, крымiнальная злачыннасьць, больш, чым вiдавочная. Сьцьвярджаю: у вас на кватэры была знойдзеная зброя i грошы, дастаўленыя вам грамадзянiнам Генадзем Кандраценям. Адказвайце на пытаньне: для чаго гэта вам спатрэбiлася?
- Пра гэта вы запытайцеся ў свайго агента Кандраценi. Я не прасiў яго прыносiць мне зброю.
- Вы пацьвярджаеце факт, што зброя была ў вас?
- Я вам сказаў, што зброя не мая. Яна была прынесеная вашым супрацоўнiкам, каб, як бачу цяпер, абвiнавацiць мяне ў тэрарызме. Паўтараю, я ня маю нiякага дачыненьня да падкiнутай мне зброi.
- Грамадзянiн Корзюк, гэта стары трук. Мы не дамо вам магчымасьцi бэсьцiць нашыя органы. Кандраценя - ваш дзядзька, а ня наш агент i ён дзейнiчаў у згодзе з польскай дэфэнзывай. Пытаньне: хто арганiзаваў вашыя i вашай сям'i ўцёкi ў Польшчу? Адказвайце на пытаньне!
- Вам гэта лепш вядома, хто. Заварылi кашу, дык i расхлёбвайце самi. Мне нат ня хочацца гаварыць - нагэтулькi гэта ўсё абсурдна! Судзiце! Я ў вашых руках. Досыць таўчыся i таўчы нас! Так або гэтак!
- Не, ня будзе "так або гэтак"! Будзе гэтак! - не сьцярпеўшы, гнеўна адказаў Карпiк, стукнуўшы кулаком па стале. Але, асеўшы, пачаў шаптацца з членамi Калегii. Корзюк усё стаяў. Яго не садзiў Карпiк. Карпiк некуды пазванiў, i хутка ў салю суду быў уведзены Генадзi Кандраценя, у тым самым пiджаку, у якiм некалi ўвайшоў быў у хату з панадворку, увесь у дзядоўнiку ён тады ляжаў у сене, чакаючы прыходу Рамана дахаты. Генадзь Кандраценя трымаўся бадзёра, з нейкай вясёлай i адначасна журботнай ухмылкай.
Карпiк прагаварыў як-бы сам да сябе:
- Хоць i падсудны, але добры сьведка. Грамадзянiн Кандраценя! Хто забясьпячаў грамадзянiна Корзюка зброяй i грашыма? Вы?
- Я...
- Для чаго?
- Каб страляць.
- У каго?
- Я не магу сказаць. Гэта ўжо iхная справа. Яны - арганiзацыя, i зброя iм была патрэбная.
- Якая арганiзацыя?
- Пэўна-ж, кантррэвалюцыйная, а не якая.
- Значыцца, вы забясьпечвалi Корзюка зброяй для правядзеньня палiтычных забойстваў? Так?
- У палiтыцы i гэта патрэбна.
- Перакiдвалi Корзюкаў у Польшчу вы? Так?
- Ня я асабiста.
- Ня важна. Вы былi сувязным памiж польскай дэфэнзывай i арганiзацыяй беларускiх нацыяналiстаў? Так?
- Я выконваў свой абавязак.
Карпiк зьвярнуўся да Корзюка:
- Грамадзянiн Корзюк, вашая стаўка бiтая. Ваша прыналежнасьць да арганiзацыi неаспрэчная. Сядайце!
Наступiла паўза. Члены Калегii радзiлiся. Канваiры сядзелi моўчкi, апёршыся на вiнтоўкi, якiя яны трымалi ўвесь час памiж каленяў. У мiжчасе вывелi Кандраценю. Падсудныя абцерпiлiся, скаванасьць, што трымала iх увесь час у напружаньнi, аслабла. Непадатлiвая пастава Корзюка падказала заняць i iм больш цьвярдую пазыцыю. Калi iх яшчэ везьлi на суд ў "хлебнай" машыне, яны дагаварылiся, што будуць адмаўляцца ад дадзеных iмi на сьледстве паказаньняў. Прыгразiлi Каплеўскаму i Марцiновiчу даць бухлоў, калi яны ня будуць трымаць лiнii.
Пачаўся далейшы разгляд справаў.
Апытваўся Казьленка, родам з Нароўлi, упарты паляшук, як яго ахрысьцiлi ягоныя сябры. Адказваючы на пытаньне прыналежнасьцi да групы, ён заявiў:
- Я катэгарычна адмаўляю пытаньне аб прыналежнасьцi па той простай прычыне, што ня было куды належыць - нiякай кантррэвалюцыйнай ячэйкi ў ВПI ня iснавала - яе стварылi органы НКВД.
Карпiк хацеў спынiць зьняволенага пагрозай дадатковай кары за абразу органаў, але Казьленка, пайшоўшы на рызыку, працягваў:
- Органы НКВД пайшлi на вялiкае злачынства, арыштаваўшы i пасадзiўшы ў турму невiнаватых, маральна чэсных людзей, студэнтаў, адданых савецкай уладзе, гатовых служыць ёй сваiмi ведамi, сваiмi талентамi. Дзяржава затрацiла вялiкiя сродкi на нашае выхаваньне, чакаючы аддачы. Вы-ж перахоплiваеце нас, адразаеце нам дарогу ў жыцьцё. I напрошваецца пытаньне: хто тут з нас вiнаваты?
Заява Казьленкi сваёй нечаканасьцяй ашаломiла членаў Калегii. Карпiк загадаў вывесьцi Казьленку з салi суду. Быў абвешчаны перапынак. Падсудным невядома хто - падкiнуў аж дзьве перадачы. Канвой, распакаваўшы i агледзеўшы iх перадаў зьняволеным. Яны скончылi з ежай хутка. З другога паверху iм адчыняўся, як на далонi, увесь Пляц Свабоды, перакрэсьлены па дыяганалi дарожкай для шпацыру. Як заўважылi зьняволеныя, па дарожцы прахаджвалiся подруку Роза Шкляр з Голдзiнай, Камоцкая з Ларысай, Дзiчкоўская з Аўсеевай. Мусiць, гэта яны i прынесьлi перадачы. Дзiвiлiся, што iх прынялi ад iх. Падсудныя радавалiся - iх не забылi, яны ня выкрэсьленыя з памяцi, дзеля iх iдуць нават на рызыку. Гэта ўзвышала iх, надавала мужнасьцi, веры ў будучыню, спадзяваньне калi-небудзь - хоць праз дзесяць год - вярнуцца, выжыць, пабачыцца зноў.
Узнавiлася слуханьне. Без Казьленкi. Калегiя, вiдаць, разьлiчвала, што ягоная адсутнасьць запалохае падсудных, застрахуе ад выпадаў, непажаданых для судзьдзяў. Але разьлiк быў няправiльны: адсутнасьць Казьленкi змабiлiзавала актыўнасьць ягоных сяброў. Перадача ад студэнтак таксама паддала аптымiзму, зьмянiла настрой. Кожны з ячэйкаўцаў адмаўляў свае паказаньнi на допытах, спасылаючыся на тое, што яны былi вымушаныя сьледчымi. Гэта нямала бянтэжыла Калегiю.
Дзюндзiн, блiзкi сябра Казьленкi, запярэчваючы свае паказаньнi, пачаў неспадзявана з крытыкi Рамана Корзюка, i было напачатку невядома, куды ён гне.
- Таленавiты фiлiстэр, дылетант, Корзюк неяк трапiў у поле вашага зроку i вы збудавалi на iм эфэмерную нацдэмаўскую групу ў ВПI, назваўшы яе адгалiнаваньнем арганiзацыi "Саюз вызваленьня Беларусi", дарэчы таксама выдуманай органамi НКВД. Корзюк хадзiў у Польшчу - я ня ведаю, цi па сваёй волi, - вярнуўся адтуль, дык i судзiце яго за пераход гранiцы. Праўда, ён сваю вiну ўжо направiў, вярнуўшыся дахаты. Але, скажэце, пры чым мы тут? Мы ў Польшчу не хадзiлi, а iншай вiны ў нас няма, прынамся ў мяне. Прашу суд вылучыць справу Корзюка асобна. Я не хачу адказваць за неабдуманую анарха-рамантычную авантуру Корзюка.
Ячэйкавец, паэт Суднiк, адмаўляўся слаба, гаварыў, што ў яго, апрача нацыяналiстычных, ёсьць i вершы, прысьвечаныя Сталiну. Агульнай лiнii ён ня трымаўся, iшоў, як i Дзюндзiн, на раскол, даказваў сваю нявiнаватасьць у надзеi, што яго апраўдаюць.
Калегiя гэткiм парадкам апытала ўсiх ячэйкаўцаў i пабачыўшы, што падсудныя пайшлi на адмаўленьне, зьмянiла тактыку: пачала дапытваць сьведкаў.
Зьявiлася ў салi суду Камоцкая, засяроджаная, нэрвова нацягнутая.
- Грамадзянка Камоцкая, у нас да вас толькi два пытаньнi, - зьвярнуўся да яе старэйшы з членаў Калегii, што сядзеў поруч Карпiка. - Першае: пацьвярджаеце вы свае паказаньнi ў мiлiцыi адносна зброi, знойдзенай у Рамана Корзюка на ягонай кватэры? Iнакш кажучы, цi пацьвярджаеце вы факт, што зброя, знойдзеная мiлiцыяй у Корзюка, належыла менавiта Корзюку? I другое пытаньне: цi вядомы быў вам факт прыналежнасьцi Корзюка да нацыяналiстычнай, нацдэмаўскай арганiзацыi? Паколькi вы былi ў блiзкiх адносiнах з падсудным, вы можаце дапамагчы нам высьветлiць гэтыя пытаньнi. Прашу!
Камоцкая стаяла некалькi сэкунд моўчкi - думала, як-бы ня ведала, з чаго пачаць, i, надумаўшыся, лагодна ўсьмiхнулася, нявымушана, свабодна, ейны твар, напачатку пахмуры, асьвяцiўся, у вачох зайгралi, цяплынёй сагрэтыя, блакiтныя iскрынкi - iмгненна яна пахарашэла, гэта кiнулася ў вочы ня толькi Раману. Камоцкая загаварыла:
- Паважаны суд! Дазвольце мне пачалавечаму, як ня ў судзе, як - калi-б мы сядзелi за сталом недзе ў гасьцях i мiрна гутарылi мiжсобку - душэўна i адкрыта, i вы захацелi-б у мяне запытацца, як я чуюся сёньня? Ведаеце, што я сказала-б! Я адказала-б: "Балiць сэрца: мае дарагiя сябры i знаёмыя ў бядзе i я нiчым не магу дапамагчы iм. Можа-б вы заступiлiся за iх, невiнаватых?"
Усьмешка з твару Камоцкай зьнiкла, i яна змоўкла, застыгла, быццам чакаючы адказу. Але адказу яна не пачула, толькi тое, што яна свабодная i можа iсьцi.
Увайшоў студэнт Шынкевiч, нэрвовы, але рашучы. Нiразу ня зiрнуўшы на сваiх учарайшых сяброў, павярнуўшыся тварам да суду i выслухаўшы ў нецярплiвасьцi пытаньне, ён пачаў:
- Прыемна суду заявiць - атмасфэра ў iнстытуце ачышчана ад смуроду! Мы адчуваем сябе добра бяз сыканьня зьмяiнага гнязда нацыяналiстаў! Дзякуем нашым слаўным органам за разгром гэтай шайкi-лейкi! Я пачну канкрэтна, хто чым займаўся ў iнстытуце. Я не баюся...
Шынкевiч сьведчыў супраць Корзюка, Казьленкi, Дзюндзiна, абвiнавачваў усю групу. Як ён сьцьвярджаў - група дэманстрацыйна размаўляла толькi пабеларуску - ня толькi на занятках, а i ўсюды: у iнтэрнаце, у студэнцкай сталовай, на вулiцы, у трамваi, у тэатры, у кiно. Нават падчас дыскусiяў на сэмiнары па расейскай лiтаратуры яны прынцыпова гаварылi пабеларуску. Зьбiралiся адзiн у аднаго, iгнаравалi заняткi, афiцыйны ўнiвэрсiтэт замянялi сваiм, нелегальным, хатнiм. Нiхто з iх нiколi не хадзiў на палiтзаняткi - маўляў, яны й так усё ведаюць. Найчасьцей група зьбiралася на кватэры ў Рамана Корзюка. Корзюк iнфармаваў сваiх гасьцей аб сваiх кантррэвалюцыйных кантактах, я ўпэўнены - з асобамi, што кiруюць кантррэвалюцыяй.
Карпiк ня спыняў Шынкевiча, пакуль той у запале грамiў ячэйкаўцаў. Слухаў, назiраў, якое ўражаньне робяць на падсудных сьведчаньнi Шынкевiча. I толькi, калi Шынкевiч выдахся, Карпiк адпусьцiў яго.
У залю ўвялi Казьленку. Раман Корзюк узьняў руку, прасiў слова. Слова яму не далi. Карпiк сказаў, як адсек:
- Разгляд справаў закончаны, вiна падсудных устаноўлена, засталося пытаньне вызначыць кару.
I Калегiя ў поўным сваiм складзе, уключна з пракурорам, зьнiкла - было вiдаць падсудным - за дзьвярыма сумежнага з трыбунай пакойчыку.
Падсудныя чакалi прысуду. Скаваныя страхам, яны сядзелi моўчкi. Марцiновiчу стала дрэнна - ён баяўся расстрэлу, абвiс у сваiм крэсьле. Канваiр бачыў гэта, але ня выказваў турботаў за лёс зьняволенага.
Не прайшло i дзесяцёх хвiлiн, як дзьверы сумежнага з трыбунай пакойчыку энэргiчна адчынiлiся i старшыня Спэцыяльнай Калегii Вярхоўнага суду БССР Карпiк - за iм iшлi гуськом усе члены Калегii - скамандваў:
- Суд идет! Встать!
Зьняволеным быў абвешчаны вырак пяць i дзесяць год. Бяз права абскарджаньня. ("Приговор окончателен и обжалованию не подлежит".) Нiводнага апраўданага.
...Ля ўваходу ў будынак Юстыцыi на Пляцы Свабоды засуджаных чакала "хлебная" машына. Коламi наступiўшы на тратуар, прыцiснуўшыся задам да ўваходу i раскрыўшы, як зяпу, заднiя дзьверы, яна чакала на свае ахвяры, гатовая iх праглынуць.
40
Вялiкая камэра для засуджаных - гула, ня сьцiхала праз усю ноч - нiхто не лажыўся спаць у чаканьнi выклiку на этап. Камэра бiтком набiта - у яе прыбываюць усё новыя i новыя засуджаныя. Ажыўленьне. Гамана. Радасьць, што, нарэшце, павязуць з турмы куды-небудь на працу. На абы-якую - ня страшна. Толькi-б хутчэй адсюль. Да суда сядзелi-ж год, паўтара i болей - ня бачылi сьвету Божага, замураваныя i змардаваныя. Усё роўна куды - на Калыму, у Котлас, на Iндыгiрку, у Нарым. Прыбылыя знаёмiлiся мiж сабой. Гутарылi. Узбуджаныя, што яны ўжо, можна сказаць, едуць, апавядалi кожны пра сваё - па якой стацьцi прайшоў, колькi атрымаў. Знаходзiлiся такiя, што ўжо ведалi, калi i куды будуць браць на этап. Пашыралася здагадка, што фармуецца эшалон на Калыму, але што пакуль даедуць да Ўладывастоку, Ахоцкае мора замерзьне i давядзецца зiмаваць недзе на Амуры, чакаць вясны. Зазначалася, што на Калыму бяруць толькi з вялiкiмi срокамi - з малымi завозiць туды не аплачваецца. Адбор строгi - толькi з добрым здароўем i маладых, каб маглi вытрымаць Запаляр'е i каб былi адпорны на цынгу.
Рамана Корзюка ня цешыла такая пэрспэктыва, ён хацеў-бы застацца ў Беларусi. Тут, здавалася яму, было-б лягчэй - свая, знаёмая зямля, сваё паветра, сваё ўсё. I блiжэй да хаты. Хоць хаты той i няма. Але ёсьць уяўленьне аб ёй. Неадступнае. Яно нiколi ня зьнiкае. Хата будзе iснаваць, дзе-б ты ня быў. Хата, у якой ты нарадзiўся, узрос, будзе заўсёды роднай, нiчым незаменнай хатай. Да таго-ж i бацькi паблiзу, дармо, што за мяжою. Але якая гэта мяжа? Яна не мяжа. Гэта нешта страшнае. Яна праходзiць праз сэрца. Разрэзала яго напалам. Адна палавiна тут, другая - там. Абедзьве палавiнкi мучаюцца, адна без аднэй.
А яшчэ й Валя. Гэта ўжо трэйцяя палавiнка. Яна засланяе першыя дзьве. Пераважае. Усё-ткi тут я мог-бы некалi i пабачыцца з ёй. А да Калымы не дапне. Усё будзе страчана. Нiчога з таго, што называецца хатай, ужо ня будзе. Будзе толькi сум па ёй. Сум па хаце, па Бацькаўшчыне. Але. Але. Але-ж Бацькаўшчына вырастае толькi з пакутаў, з цярпеньня.
Ды Корзюк вычуваў, што яго возьмуць на Калыму - усё ў яго адпавядае вымогам Калымы: i ўзрост, i срок, i нават тое здароўе.
Яго пасьля суду адзьдзялiлi ад усёй групы, хiба таксама паводля здароўя iх у вадну камэру, яго во ў гэту.
Асаблiва ажывiлася камэра з прыходам у яе лётчыкаў, прывезеных з Лепельскай турмы ў сваiх прыгожых лётнiцкiх шынялёх, акуратна пашытых з добрага сукна, падагнаных па касьцi. Iх было аж шэсьць. I ў кожнага той самы срок - пятнаццаць год. Iм прышылi здраду радзiме. Адзiн з iх, калi яны сядзелi за сталом за чаркай, падзялiўся з сябрамi сваёй бядой - ня можа ўжыцца з жонкай, хоць садзiся на самалёт i ўцякай ад яе ў Польшчу. Нейкiм чынам НКВД даведалася пра такую гутарку i - гатова: здраднiк, шпiён. I хто слухаў - за адно i той здраднiк i шпiён.
Корзюк сыйшоўся з iмi хутка i адразу: яны спадабалiся яму сваёй ажыўленасьцяй, адкрытасьцяй, вастрынёй успрыйманьня i дакладнай, як адрэзаць, гаворкай. Раман хацеў-бы апынуцца разам з iмi на этапе. Але не пасьпелi яны, ськiнуўшы шынялi, разьмясьцiцца побач Рамана пад вакном, дзе болей паветра, як iх забралi з камэры. Усе, ня толькi Раман, пашкадавалi гэтага - з iмi было весялей, яны сваёй прысутнасьцяй, як вайсковыя людзi, неяк падбадзёрвалi, падцягвалi, узьнiмалi прыбiты, пакутны дух.
Корзюк доўга ня мог заснуць: у прадчуваньнi, што яго могуць выклiкаць, забраць i павезьцi, ён як-бы разьвiтваўся з сабой. Лезьлi ў галаву думкi, праходзiла праз сэрца, паўставала ў ваччу безьлiч вобразаў i зьяваў, ён у сваiм уяўленьнi бачыў iх куды больш зыркiмi, чымся яны былi ў сапраўднасьцi. Ягоная душа жыла iмi, яны замянялi ёй рэальнасьць. З усёй плоймы вобразаў i зьяваў душа квялiлася найбольш засмучанымi i найбольш датклiвымi - вобразамi бацькоў i сястры i цяпер усюды - неадступным вобразам Валi. Ён стварыў гэты вобраз цяпер, раней яго ня было. Ён адзьдзялiў у гэтым вобразе ўсё, што зьнiжала яго, адкiнуў усё супярэчлiвае ў iм, надаў яму выключна прынадны выгляд, такi, якi яму быў патрэбны, каб з iм, з гэтым вобразам, застацца назаўсёды, ён баяўся быць вывезеным апусьцелым, бяз нiчога, баяўся скончыцца, перарвацца ў сваiм быцьцi. Ён хацеў забраць усё з сабою, каб з гэтым запасам, з гэтым НЗ, вярнуцца назад нерастрачаным, неапусьцелым. Яму патрэбны быў вобраз для малiтвы, якi сьвяцiўся-б яму ўсюды, на якой-бы адлегласьцi ён ад яго нi знаходзiўся. I душа яго, замкнутая ў сабе, стварала гэткi вобраз.
Апоўначы адчынiлiся ў камэру дзьверы i на парозе стаў чалавек у форме з паперамi ў руках. Ён назваў прозьвiшчы дзясятка чалавек, загадаў iм быць хутка гатовымi з рэчамi. Выклiканы быў i Раман Корзюк. Праз якiх дзесяць-пятнаццаць хвiлiн Раман Корзюк стаяў ужо ў вялiкай калёне на турэмным двары. Зьявiўся канвой i павёў зьняволеных на вакзал па сонных яшчэ вулiцах Менску. Канваiры прасiлi захоўваць цiшыню, падганялi, сьпяшалiся запратаць свой "тавар" у вагоны. Раман Корзюк прыглядаўся да кожнага дому на знаёмых яму аддаўна вулiцах - быццам хацеў iх запомнiць. У некаторых з iх ужо засьвяцiлiся агнi, i Раман прыкмячаў у вокнах кiдкiя ценi людзей. Па Савецкай зьняволеных не вялi. Унiвэрсытэцкi Гарадок з манастыром заставаўся з боку налева. Iшлi па колiшняй Бухарына. Вось яны ўжо i на Прывакзальнай. Недзе з боку ад уваходу ў станцыйны будынак iх прапусьцiлi праз адчыненыя насьцеж вароты i яны апынулiся на пэроне. Цягнiк з пульманамi быў пададзены i ўжо чакаў на iх. Раман першым заняў парожняе яшчэ купэ з вакном у калючках. Праз яго ўсё-ж можна было бачыць, што дзеецца на пэроне. Лiхтары ўжо згасьлi - пачынаўся ранак позьняга лiстапада. Канвой кудысьцi адыйшоў. Варту перанялi iншыя. Дзьверы вагонаў зачынiлiся. Раманава купэ напоўнiлася зьняволенымi. З купэ можна было яшчэ выходзiць на праход у вагоне. Там ня было яшчэ ўнутранай варты i дзьверы ў купэ былi яшчэ не замкнёныя. У суседнiм з Раманавым купэ чуваць было нехта голасна гаварыў пабеларуску. Яму адказвалi парасейску. Як Раман даведаўся, сядзелi ў тым купэ беларускiя лiтаратары - Зьмiтрок Астапенка i Сяргей Знаёмы. Корзюк прыслухоўваўся да iхнай гутаркi. Выясьнялася, што абодвы яны спадзяюцца пабачыць сваiх жонак, калi тыя прыйдуць на вакзал. Яны былi чамусьцi ўпэўненыя што, iхныя жонкi будуць ведаць пра iхны транспарт i зьявяцца, каб сказаць iм хоць якое слова на разьвiтаньне. У Рамана ўспалыхнула трывожная думка - а можа й Валя прыдзе як-небудзь.
Увайшла варта. Зачынiлiся ў купэ дзьверы. Цягнiк гатовы быў адыйсьцi. Раман углядаўся ў вакно: першая плятформа, пасьля адыходу пасажырскага была ўжо апусьцелай i Раманаву зроку адкрываўся ўвесь тлум, што яшчэ панаваў на пэроне: адвозiлi i падвозiлi багаж, адыходзiлi i прыходзiлi ўсё новыя натоўпы людзей. Справа на плятформе Раман прыкмецiў купку людзей - пераважна жанчынаў, - што, як-бы застыўшы, стаялi нярухома i, як здавалася Раману, прыглядалiся да вокнаў вагонаў. Некаторыя з гэтай купкi людзей, як-бы ўгледзеўшы каго, махалi рукой. Можна было бачыць узьнятае ўгару павялiчанае дзiцячае фота. Зноў iншыя рознымi ўмоўнымi знакамi iмкнулiся перадаць тое, што яны хацелi. Нейкая маладая жанчына, прыгожа апранутая, прыклаўшы рабром далонь да свайго роту, доўга гаварыла нешта, як вiдаць было, упэўненая ў сваiм посьпеху. Але ейны голас сюды не даходзiў, i толькi вiдаць было, як рухалiся ейныя нафарбаваныя вусны. Раман быў упэўнены, што гэта i ёсьць тыя, што прыйшлi сюды ў надзеi пабачыць сваiх, абнадзеiць iх, падаць iм знак падтрымкi i спагады. Корзюк углядаўся, шукаючы сярод гэтай купкi людзей Валю. Але ён не знаходзiў яе. Яе ня было. Яна ня прыйшла. Можа яна ня ведала, што яго бяруць на этап. Да купкi людзей прыскочыла яшчэ некалькi чалавек, працiскаючыся наперад. Раману кiнулася сiняя Валiна блюзка. У яго зайшлося сэрца, у вачох усё замiтусiлася i ён страцiў вобраз Валi. Раптоўным сваiм грукатам яго аглушыў маскоўскi хуткi, што наляцеў, як вецер, i стаў, як укопаны, засланiўшы, сьцёршы ўсё, што толькi перад тым бачыў Корзюк. Скрануўся i пульман. На стыках заляскаў коламi, i Менскi вакзал, з яго нявысокай вежай, пачаў паволi адплываць.
Была цi ня была Валя?
Сум агортаў Рамана, ён ужо адарваны, колы вязуць, iмчаць. У ранiшнiм сьвiтаньнi праносяцца за вокнамi голымi вяршынямi дрэвы. Выгiнаючыся талеркай, адплывае зямля. Ваколiцы Менску, да болю знаёмыя яму, разьвiтваюцца з iм.
У Воршы прычапiлi да iх яшчэ некалькi пульманаў. Склаўся даўгi, на цэлы кiлямэтр, транспарт, i калi ён, як вужака, выгiнаўся на паваротах, можна было, гледзячы ў вакно, падлiчыць вагоны.
Цягнiк, казалi, накiроўваецца на Смаленск, але на самай справе ён iшоў на Магiлеў. Два днi там стаялi на станцыi ў тупiку, пакуль ня былi дагружаныя пульманы новай партыяй мясцовых зьняволеных. У купэ насаджалi гэтулькi людзей, што ўжо не хапала ягоных двух паверхаў-нараў. Давялося лажыць i пад лаўкамi. Ад'яжджаючы з Магiлева, Раман Корзюк не адыходзiўся ад вакна, як-бы навекi разьвiтваючыся з роднымi яго сэрцу краявiдамi. За Масквой яны былi ўжо iншыя, i, адыйшоўшы, суцiшыўшыся, ён аддаўся пад уладу сваiх думак. У сваёй памяцi неймаверна ясна - ён бачыў усё перажытае iм, мог ахапiць яго i спалучыць у вадно цэлае, у вадзiн вобраз. Нават фiзычную прастору, нядаўна пакiнутую, ён бачыў перад сабой як на карце. У цэнтры гэтага вобразу-ўяўленьня, зьнiкаючы i зноў зьяўляючыся мiгцела, паўставала, як золак, постаць у нейкiм сьвяточным убраньнi, да болю знаёмая, хоць цяпер ужо рэальна i аддаленая.
41
Адкрыты працэс нацдэмаў гэтак i ня ўдаўся. Было нямала на гэта прычынаў. Найгалоўнейшая - вiдавочная штучнасьць справы нацдэмаў. Беларускае НКВД перастаралася: у пагонi паказацца перад Масквой перадавым НКВД у змаганьнi з нацыяналiстамi, яно агалiла Беларусь, пасадзiўшы за краты большую палавiну ейных нацыянальных кадраў, найперш пiсьменьнiкаў, паэтаў, крытыкаў, гiсторыкаў, географаў, выкладчыкаў беларускай мовы i лiтаратуры, навуковых працаўнiкоў, што займалiся беларусазнаўствам, работнiкаў наркомасьветы, артыстаў, працаўнiкоў кiно i г.д. Беларусь была падмецена жорсткай мяцёлкай, ачышчана ад уяўных нацыяналiстаў. Не пашкадаваная была i маладая зьмена - тут беларускае НКВД бачыла цi ня самую галоўную небясьпеку, i ў вынiку пацярпела вялiкая часьцiна студэнцтва. Дастаткова было пачуваць сябе беларусам, як табе прышчаплялася кляймо нацыяналiста. Асаблiва пацярпелi педагагiчныя навучальныя ўстановы, што рыхтавалi маладыя нацыянальныя кадры, перадусiм настаўнiкаў для пачатковых i сярэднiх школаў. Гэтыя ўстановы былi разгромленыя. Не хапала выкладчыкаў беларускай мовы i лiтаратуры. У страху быць абвiнавачанымi ў нацыяналiзме, шмат хто з iх цураўся беларускай мовы i пачынаў выкладаць расейскую мову, у вынiку - скарацiлiся гадзiны для роднай мовы. Ня было падручнiкаў па беларускай мове i лiтаратуры - яны здымалiся з ужытку, паколькi ў iх фiгуравалi iмёны арыштаваных аўтараў. Гiсторыя Беларусi ня выкладалася наогул.
Як прызнаваўся Цiмошка, у пошуках нацдэмаў, у пошуках адпаведных нацыянальных мадэляў-тыпаў, была змадэляваная ўся Беларусь. Гэтыя мадэлi, жывыя людзi, былi цяпер у руках сьледчых, i з iмi яны гулялi, як толькi хацелi. Рыхтавалi iх да судовага адкрытага працэсу. А працэс той ня выходзiў. Бiцьцё i запалохваньне не дапамагала: мадэлi, паразумнеўшы, пачалi адказвацца ад сваiх пачатных сьведчаньняў. Скалочаныя сьледчымi нацыяналiстычныя групы пачалi развальвацца. Адпала, такiм чынам, гэтак званая групавая кантррэвалюцыя, адпала iдэя адзiнай, кiраванай Цэнтрам, нацдэмаўскай арганiзацыi. Цiмошка, узяўшы гэтую акалiчнасьць пад увагу, катэгарычна выступаў супраць адкрытага працэсу.
Ня вышла i з лiдэрствам. Разнаколерную масу нацдэмаў ня было каму ўзначалiць. Разьлiк на вядомых беларускiх дзеячоў правалiўся дзеля iхнай ужо фiзычнай адсутнасьцi, а стварыць нейкае калектыўнае кiраўнiцтва ў НКВД ня было магчымасьцi. Урэшце, у самiм беларускiм НКВД адбылiся вялiкiя зьмены: Яжоў не пашкадаваў i яго - пачысьцiў. Прыйшлi новыя людзi, што не маглi, дый надта не хацелi разьбiрацца ў справах нейкiх там нацдэмаў. Былi ўжо важнейшыя справы. I было пастаноўлена судзiць нацдэмаў проста. Час не чакае!
Цiмошка сядзеў у Бярэзiна з выяўна задаволенай мiнай. Нарэшце, яму ўсё ўдалося. Няма Бэрмана. З нацдэмамi будзе так, як ён i казаў. Ня толькi "будзе" а ўжо ёсьць - Ульрых з сваiм трыбуналам ужо тут. Працуе. Пушкiна, ягонага супэрнiка, таксама няма. Няма i трацкiстаў. Бойку выйграў ён. Што значыць мець галаву, бачыць наперад!
- Як мы аформiм справу вашых нацдэмаў для Масквы? - запытаўся ў Цiмошкi Бярэзiн.
- А ўжо-ж аформiм. Аформiм! Афармляў дасюль, аформлю й цяпер!
Цiмошка быў усьцешаны ўсьведамленьнем сваёй незаменнасьцi. Пра Бярэзiна-ж думаў, седзячы перад iм: "не на доўга ты, браце, сюды прыехаў, будзе табе тое, што й Бэрману".
- Я прапаную, таварыш Бярэзiн, у справе нацдэмаў наступнае. Я дасканала ведаю - Масква больш ня цiкавiцца беларускiмi нацдэмамi. Два гады таму - так! Сталiн асабiста патрабаваў громкага нацдэмаўскага працэсу, з Чарвяковым на чале, дарэчы колiшнiм ягоным супрацоўнiкам у Нацыянальнай сэкцыi. Ня здраджу вам, калi скажу - Сталiн быў незадаволены беларускiм НКВД, як пагранiчным НКВД, i Бэрман хацеў нажыць сабе палiтычны капiтал на беларускiх нацыяналiстах. Ды Сталiна не ашукаеш - нацдэмамi Бэрман не адкупiўся. Зрэшты, наколькi я разумею, у Сталiна цяпер iншае на ўме. Сталiн хоча прымiрыцца з Гiтлерам. Але гэта ўжо па-за нашай тэмай. У справаздачы Маскве мы напiшам: адкрыты працэс нацдэмаў больш немэтазгодны таму, таму i таму, але што галоўка нацдэмаўскай арганiзацыi ўжо, падкрэсьлiваю, "ужо" абезгалоўлена, а драбнейшыя нацдэмы ўжо, падкрэсьлiваю, "ужо" прапушчаны праз Вярхоўны суд БССР i праз "Тройку" i што кара ў дачыненьнi да ўсiх дапушчана самая максымальная. Вось i ўсё. Гэта задаволiць Маскву. Паўтараю, нацдэмаўская справа больш неактуальная. Сталiн iграў на ёй, пакуль было актуальнае польскае пытаньне. Польшча для Сталiна больш ня iснуе. Ня iснуе i нацдэмаўскае пытаньне.
Бярэзiн уважлiва слухаў Цiмошку, хоць i ня надта разьбiраўся ва ўсiх тонкасьцях разважаньняў Цiмошкi. Але Бярэзiн быў задаволены, што, нарэшце, ён збудзе справу нацдэмаў, як самую незразумелую для яго. Папрасiў Цiмошку аформiць справаздачу для Масквы зараз-жа.
Цiмошка, пакiдаючы Бярэзiна, буркнуў:
- Аформлю! Аформлю! Як мы й дамовiлiся.
Тым-жа часам у падвалах будынку НКВД на Савецкай i Ўрыцкага, у турме на Валадарскага афармленьне iшло iншае: працаваў меч дыктатуры пралетарыяту. Як каму пашэнцiць: пяць, дзесяць, пятнаццаць. Горш, калi хто трапляў да Ульрыха. Той ў камэры сьмяротнiкаў чакае памiлаваньня ад Калiнiна.
Нацдэмаўскi карыдор у будынку НКВД ачышчаўся. Iшлi суды. Засуджаныя рыхтавалiся на этап.
Марцiновiч, Каплеўскi i Шыракоў былi ўпiхнутыя разам у этапную камэру. Рэшту раськiдалi, каго куды. Чакалi з нецярпеньнем, калi iх павязуць куды-небудзь. Нiчога ня ведалi пра Рамана Корзюка. Можа яму пашэньцiла, i ён ужо ў дарозе. А iх во ўсё марнуюць, гоняць у лазьню - мыць. Бралi-б на этап ня мылi-б. Пашто на дарогу?
Толькi цяпер прызнаўся Марцiновiч - дасюль усё хаваўся, - што ён пiша вершы - сэнтымэнтальна-чульлiвыя, як ён сам iх абазначыў. Напамяць зачытаў некаторыя з iх Шыракову. Таму, як празаiку, вершы не спадабалiся, але Марцiновiч не пакрыўдзiўся - ён пiша iх не для каго-небудзь а для сябе, для свайго задаваленьня.
Стаялi перад дзьвярыма. Чакалi, калi адчыняць дзьверы i пагоняць гуртам у лазьню.
- А можа якраз з лазьнi ды ў вагоны?
- Няго-ж! Так табе й гатова! А як прастудзiшся? Нашто ты тады iм?
- Ну, выкiнуць з вагону i ўсё. Вялiкая бяда!
- Пачакай. Пачакай. Павязуць! Не сьпяшайся! Будзеш яшчэ прасiцца назад у турму, як навозiшся тачак.
- Можа ты й баiшся тачак. Я - не!
- Герой гэтакi!
- Ну вось i лазьня.
Дзьверы адчынiлiся i адмысловы чалавек, з вялiкiм ключом у руках, павёў у лазьню.
Зьняволеныя радвалiся, калi iх вадзiлi ў лазьню: апрача задаваленьня ачуняць трохi пад гарачай прышнiцай, можна яшчэ прачытаць турэмную пошту надпiсы на сьценах лазьнi, што як правiла пакiдалi тыя, што мылiся перад iмi. Вахманы сьцiралi гэтыя надпiсы, але ня ўсё яны маглi сьцерцi - зьняволеныя ўмудралiся рознымi спосабамi пакiнуць пасьля сябе сьлед, пераважна выбiваючы на сьценах сваё прозьвiшча цi яшчэ што-небудзь.
Марцiновiч быў вялiкi ахвотнiк рашчытваць надпiсы: ня стане пад душ, пакуль не агледзiць сьцены, не рашчытае надпiсы. Ня ўпяршыню ён вычытваў прозьвiшча Дудара. Але сёньня яго ўжо няма. Замазана вапнай. I замазана толькi ягонае прозьвiшча. Можа ўжо яго i самога няма? Сустрэць прозьвiшча свайго знаёмага, пагатоў прозьвiшча вядомага чалавека заўсёды было нейкай падтрымкай, а то й радасьцяй: ага, тут ня толькi я, ёсьць i знатнейшыя за мяне, што пакутуюць за тое, што й я. Што-б гэта азначала, што Дударава прозьвiшча замазанае? Гэта трывожна. Дрэнная сёньня камунiкацыя. Прозьвiшчы ўсё незнаёмыя.
Калi вярнулiся, памыўшыся, у камэру, зьдзiвiлiся - упхнулi яшчэ аднаго вязьня, з сьсiвелай галавой. Дзевяноста дзён праседзеў у камэры сьмяротнiкаў. Надыйшло памiлаваньне. Расстрэл замянiлi на пятнаццаць год. На пытаньнi камэрнiкаў адказваў скупа. На гутарку iшоў неахвотна. Пайкi свае не зьядаў. Цясьцяную, ён клаў яе на падваконьнiк сушыцца.
Петрака Шыракова ён цiкавiў, як тып. Добры быў-бы для апавяданьня. Пятрок бачыў, што "тып" сумуе, ня можа ўседзiць на адным месцы, як-бы шукаючы нейкага занятку. А занятку ня было нiякага, i "тып" нэрваваўся. Пятру прышло ў голаў зрабiць з хлеба шашкi. Зрабiў. Высушыў. Шашкi, як косьць. Вуглём накрэсьлiў на падлозе шахматную дошку.
- Вы, здаецца, добра гуляеце ў шашкi? - амаль шэптам зьвярнуўся да "тыпа" Шыракоў. - Згулялi-б можа?
"Тып" нiчога не адказаўшы, вачыма даў зразумець, што ня супраць. Гуляў добра, але заўсёды прайграваў, нэрвуючыся. Гатовы быў праседзець цэлы дзень. Уначы ён спаў мала, i калi, бывала, ня спаў i Пятрок, "тып" прасiў яго згуляць. Шыракоў ахвотна пагаджаўся, хочучы разгаварыцца з "тыпам". I "тыпа" прарвала - прост пачаў спавядацца перад iм. Расказаў усю сваю гiсторыю. Жыў на хутары, хоць i не на сваiм. Многа разоў хадзiў у Польшчу. Вяртаўся адтуль з малымi даручэньнямi. Палякi плацiлi ня шмат. Але бяз iхнай памогi ня мог пражыць - дзесяцера дзяцей. Дый наогул, жыўшы пры гранiцы, любiў - ад суму, дзеля самога мастацтва - часам схадзiць у "госьцi" да палякаў. Сплавiў да iх нямала нашых людзей - кулакоў i ўсякiх iншых дуракоў ("тып" любiў гаварыць пад рыфму). Траплялiся i вашыя студэньцiкi. Памятую, аднаго. З бацькам, маткай i сястрой, збыў туды. Прыгожы, ладны хлапец, хоць нейкi i нарваны. Усё не хацеў разам з бацькамi iсьцi ў Польшчу - спакушала хлапца дзеўчына. Аж на хутар з Менску прыбегла. Лiплi адзiн да аднаго. Бяды з iмi набраўся. Ды ўсё-ткi сходаў i iх. За людзей палякi плацiлi болей.
- А вы ня памятаеце прозьвiшча "студэньцiка"?
- Чаму-ж не! Памятаю. Мае дзьве сястры выйшлi замуж за Корзюкаў, дык мне гэтае прозьвiшча ўелася. I студэнт той быў якраз Корзюк Раман. Кажу, ладны быў хлапчына. Мае старэйшыя адразу ўкокалiся ў яго.
Шыракову ўсё гэта здавалася проста неверагодным - нагэтулькi гэта ўсё было нечакана. Але гэта была надзвычайная навiна. Шыракоў быў цяпер цалкам перакананым, што Раман Корзюк сапраўды быў за мяжою. Ня хлусiў. Шыракоў схiльны быў думаць, што, як i ўсё iншае, НКВД выдумала i гэтую гiсторыю з Корзюкам.
- Дык вы хiба ведаеце i такога тыпа, як Кандраценя? Ён у нас на судзе сьведчыў супраць Корзюка.
- Лепш не гаварэце. Канечне-ж, ведаю. Ён утапiў, загубiў не мяне аднаго. О, гэта тып, маеце рацыю! Круцiўся ўсё жыцьцё i цяпер круцiць. Я ня верыў яму нiкалiва. Але ён мяне ўсё-ж забрытаў. Праз яго i я тут, дурны Шаркевiч.
Для Шыракова, Марцiновiча i Каплеўскага адчынiлася новая, дасюль няведамая старонка ў iхнай справе. Яна набыла нейкую таямнiчасьць. Яны ня ведалi дасюль, што стаяла за iмi, як яны былi абкручаныя. Вобраз Корзюка паўставаў перад iмi ў новым асьвятленьнi.
Ад Шаркевiча (ён толькi можа мiжвольна назваў сваё прозьвiшча) хлопцы даведалiся i яшчэ аб адным: у камэры сьмяротнiкаў сядзяць нейкiя Касянкоў i Дайлiдовiч. Чакаюць - можа памiлуюць. Для хлопцаў было ясна, хто такiя Касянкоў i Дайлiдовiч. Усё перавярнулася ў iхных душах - яны ў адну хвiлiну зрабiлiся дарослымi, раптам пабачылi. Што? Яны зiрнулi ў твар жыцьця, якога дасюль ня ведалi. У iх адпала ранейшае ўяўленьне аб iм i нарадзiлася новае, больш страшнае, але больш праўдзiвае. Гэтая праўда будзе iм патрэбна для будычынi. Для самазахаваньня.
Шаркевiчу яны сказалi, што Касянкоў i Дайлiдовiч - гэта беларускiя пiсьменьнiкi, вядомыя чытачу, як Мiхась Зарэцкi i Алесь Дудар.
- Так, я цяпер памятаю, што нехта казаў у камэры, што яны - пiсьменьнiкi. Але не бядуйце - можа i iх памiлуюць, як во мяне (ён даткнуўся рукой да сваiх валасоў).
Шаркевiч расказаў пра сваiх дзяцей - усiх забралi ў дзiцячую калёнiю. Заплакаў. Сьлёз ня выцiраў, i яны срэбрам кацiлiся на грудзi, на дзiва буйныя.
Хлопцаў усё-ткi выклiкалi на этап. Яны чульлiва, як з бацькам, разьвiталiся з Шаркевiчам. Той шкадаваў, што яго не бяруць разам з iмi.
Хлопцы доўга чакалi з рэчамi на руках, пакуль не адчынiлiся дзьверы камэры i iм не сказалi, што на iх чакаюць.
Адгарнулася яшчэ адна старонка iхнага жыцьця.
42
На Калыме рэдка хто атрымлiваў лiсты. Таксама пiсалi з Калымы рэдка. Можа якi адзiн раз у год прынясуць у барак дакладна столькi лiсткоў паперы з канвэртамi i алавiкамi, колькi ў бараку жыхароў. Барак мусiў i вярнуць столькi-ж лiстоў, колькi атрымаў паперчын, прычым лiсты мусiлi быць здадзенымi з незаклеенымi канвэртамi. Мусiла быць таксама зьвернутая i адпаведная колькасьць алавiкоў, каб нiчога не засталося на руках у зьняволеных - нi паперы, нi канвэрта, нi алавiка. Але ня было пэўнасьцi, цi ўсе здадзеныя лiсты адсылаюцца. Праўда, каб ня было з чым-небудзь затрымкi, папярэджвалася - лiсты мусяць быць кароткiмi, бяз лiшнiх слоў, i кожны, канешне, пiсаў у лiсьце пра самае iстотнае. Гэтае "iстотнае" зводзiлася пераважна да "жыў, здароў", цi да нечага падобнага. Пра бяду, гора, каб i можна было пiсаць, ня вельмi хацелася - пашто засмучаць адрасата? Як-бы там нi было, а кожны быў рады магчымасьцi хоць нешта паведамiць аб сабе. Дзень лiстоў для зьняволенага быў асаблiвым днём, бадай сьвятам.
У Рамана Корзюка такога сьвята ня было - яму ня было да каго пiсаць. У Польшчу бацьком не напiшаш. Пiсаць Валi яму яшчэ не хацелася - толькi можаш пашкодзiць ёй. Раман асаблiва быў сумным у дзень лiстоў, калi пiсалi ўсе i толькi ён адзiн здаваў свае "письменные принадлежности" не запоўненымi, пустымi.
- Чаму гэтак? - пытаўся ў яго адказны лагерны працаўнiк, забiраючы ад арыштантаў лiсты. - Няма каму пiсаць? Напiшы Сталiну! - дадаваў жартлiва.
Мiнула ўжо больш году, як Раман на Калыме, а весьцяў з Беларусi - як быццам быў ён закляты, - жаданых весьцяў гэтак i ня было. Ён ведаў, што весьцяў тых i ня можа быць - хто-ж ведае, дзе ён, але яму хацелася iх мець. Ён чамусьцi нават верыў, што нешта-ж мусiць прыйсьцi i яму, ня можа-ж быць, каб гэтак ён i прапаў бяз весьцяў. Ад такой думкi яму рабiлася жудка. Сяброўства ён нi з кiм не заводзiў, дый якое тут можа быць сяброўства. Дзень зьняволенага разьмеркаваны дакладна: шэсьць гадзiн сну, астатняе - забой, з дарогай пад канвоем туды i назад. Лета, i трэба здабыць, прамыць як найбольш золата. У сталовай вiсяць-жа плякаты: "Кожны грам золата - удар па фашызму".
Корзюк адкатваў нагружаныя ўкоптар залатою пародай тачкi на "Бутару" - там прамываецца гэтая парода i, прамытая, яна спаўзае ўнiз ручаiнкамi золата. Яго абсушваюць на агнi i адвозяць, невядома куды. З недалёкай лётнай пляцоўкi ўзьлятаюць з iм самалёты, нясуць золата ў Магадан, што на бухце Нагаева. Так прынамся гавораць зьняволеныя.
Корзюка ўпадабаў брыгадзiр, як добрага, спрытнага працаўнiка, але калi той, зьнямоглы, аднойчы папрасiў зьмянiць яму працу, брыгадзiр пачаў лаяць яго, пагражаць, кiнуўся-б бiць яго, каб толькi не моцная пастава Корзюка. Раман у сваёй брыгадзе быў маладзейшым, i брыгадзiр канечне хацеў трымаць яго на адкатцы. "Бутара" немiласэрна жэрла, i трэба было сьпяшацца затыкаць ейную пасьць залатым пяском - вазiць тачкi, пхнуць iх з усёй сiлы ўгару па мокрым i сьлiзкiм трапу, пакрытым зялезнай вузкай палоскай.
I Корзюк узбунтаваўся - штурхнуў на бок тачку, пад самыя ногi брыгадзiру. Прасiў зьмянiць працу, замянiць тачку на лапату, лом, кiрку. Прыкаваны да тачкi, ён возiць яе ўжо два гады. Брыгадзiр доўга думаў, нарэшце прыдумаў: перавёў у iншую брыгаду, але - у штрафную.
Пайшлi яшчэ больш цяжэйшыя, шэрыя, безнадзейныя днi. Корзюка апаноўваў сум. Ён увесь аддаваўся згадкам, у сваiм уяўленьнi залятаў з гэтага дзiкага, чужога яму краю туды, адкуль ён быў узяты. Бывае, абапрэцца. на лом цi на лапату, зажмурыць вочы i ў сваёй уяве - ён таго хоча - бачыць сваю мацi: яна падае яму на стол, з сьлязьмi ў вачох, ляпёшку, напалавiну з травой, падгарэлую, але яшчэ ўсё сырую - няма чым лепшым пачаставаць яго, сына, што толькi што прыехаў з вучобы на канiкулы. А то - мацi зьбiрае яго ў дарогу: кладзе яму ўсё патрэбнае, глядзiць, цi не забыла што, як-бы адцягвае ягоны ад'езд, просiць бацьку таксама дапамагчы ў зборах i не сьпяшацца яшчэ запрагаць каня. А то - ня будзiць яго, каб паспаў даўжэй. Усе ўжо на працы мацi, бацька, сястра - i ён, прачнуўшыся, бачыць на стале пакiнутае для яго сьнеданьне i абавязкова - яешню. Гэта калi ён прыяжджаў з тэхнiкуму што ў Вiцебску. А то - бацька арэ на сваiм полi, Раман iдзе побач, глядзiць, як рэжа i адвальвае плуг скiбу тлустай зямлi - вучыцца быць аратым. А то яны косяць разам. Бацька яго вучыць, як правiльна махаць рукамi, трымаць касьсё, надта не прысядаць, шчыльней трава ад гэтага зразацца ня будзе. Раман забывае, дзе ён, але дзесьцi ўсё там - малюнак за малюнкам. Iснаваньне ў неiснаваньнi. Плыве ўсё аблокамi па чыстым небе i нiводнай хмурынкi. Радасьць быцьця.
- Заснуў ты, цi што? - Раман адчувае далонь таварыша на сваiм плячы. Напарнiк кажа, што трэба варушыцца, хутка прыйдзе брыгадзiр замяраць, колькi вырабiлi кубамэтраў.
Корзюк кiдае лом, на якiм апёршыся вiсеў у сваёй мройнасьцi, бярэцца за кiрку i пачынае дзяўбаць.
А то - гэта ўжо, як боль - наблiзiцца, паўстане перад вачыма манастыр. Але бяз Валi. Хацеў-бы злавiць ейны зiрк, а ня можа. Ня можа ўявiць ейных вачэй, гэтак, каб яны глядзелi на яго выразна. Бачыць усё: ейную постаць, ейныя рухi, чуе ейную гаворку, мiгцiцца тое, што яна надзяе, а вось ейных вачэй ня можа ўявiць. Куды выразьней ён бачыць Ларысу, Дзiчкоўскую, Цыпiну, Розу Шкляр, Лагоўскую, Аўсееву. Сваiх хлопцаў - як ня было. Засталiся ад iх толькi нейкiя абрыўкi, iх постацi кудысьцi ўцякаюць, правальваюцца ў нейкiм бяздоньнi. Але зноў усплывае нешта iншае. I гэтак бясконца. Ты тут, а на самай справе цябе тут няма, ты там. Ды гэтак жыць цяжка. Трэба глядзець, як лепей абарачацца з кiркай, з ломам, з лапатай. Жыць не падманнай рэальнасьцяй, а сапраўднай, той, што побач. Iнакш - хутчэй змардуешся. Хоць гаворыць-жа мне сусед па нарах, што толькi маральная ўстойлiвасьць можа выратаваць зьняволенага, ягоная, нiчым напераадольная вера ў сьветлае можа абаранiць яго ад небясьпекi быць цалкам праглынутым цёмным, страшным бяздоньнем лягернага быту. Мройнасьць ачышчае цябе, узносiць над тым бяздоньнем, перад якiм ты стаiш увесь час. Асаблiва над такiм бяздоньнем, як Калыма. Тут ты як-бы па-за сьветам. Адсюль здаецца, што таго свету й няма зусiм. Толькi гэты i ты баiшся застацца ў iм назаўсёды. Тут уражае адвечная цiшыня. Нiадкуль не пачуеш гуку, апрача вытваранага табой, дый той глухне - колькi нi дзяўбi ломам, кiркой нутро гары паглынае яго. Такая бязгучнасьць аж палохае.
Таму хiба кожная вестка з "кантынэнту" (калымскi вязень думае, што ён на iншай зямлi), якая даходзiць сюды, успрыймаецца, як нейкая падзея, як радасьць, хоць-бы гэтая вестка i ня тычылася цябе, а твайго суседа. Ты запытаешся ў яго, што пiшуць, што чуваць там. Або твой сужыхар i сам раскажа табе.
Раман Корзюк не прапушчаў такiх весьцяў, настаўляў сваё вуха, прагнае да весьцяў, хоць i чужых. Але найчасьцей весьцi прыходзiлi з Сiбiру, з Беларусi нiколi. Прынамсi, ён яшчэ ня чуў, каб хто з беларусаў атрымлiваў, хоць iх тут i нямала.
Ды неспадзявана прыйшлi з Беларусi весьцi, i весьцi надзвычайныя, што вокамгненна абляцелi ўвесь лагер: Чырвоная Армiя заняла Заходнюю Беларусь. Сталiн з Гiтлерам разьбiлi Польшчу. СССР i Германiя цяпер у згодзе. Гэтыя весьцi пацьвердзiлiся i лагерным палiтработнiкам у адмысловым ягоным выступленьнi перад лагернiкамi. Лагернiкi ўспрынялi гэту навiну, як нешта такое, што можа заважыць i на iхным лёсе. У кожным разе, пачалося нешта новае. Калымскую цiшыню аглушыла вестка. Лагер узварушыўся, пачаў жыць нейкай надзеяй, нейкiмi спадзяваньнямi на лепшае. Зьняволены ня можа жыць без надзеi. Калi яе няма, ён стварае iлюзiю яе. Глядзi, Сталiн замiрыцца з Гiтлерам, ня будзе, як дасюль, напружаньня, наступiла ўжо нейкая разрадка, мiжнароднае палажэньне палепшылася, будзе лягчэй i нам, а можа Вусаты i нейкую амнiстыю абвесьцiць - перамога-ж, СССР узбуйнiўся.
Корзюк падумаў пра бацьку - што цяпер будзе з iм? Знойдуць. Возмуць. Няма дзе дзецца. Уцякаў у Польшчу, калi Польшча была, цяпер яе няма i няма сховiшча. Засудзiлi-ж на сьмерць, i, ўзяўшы ў рукi, учыняць сьмерць. Беларусь для Рамана паўстала ў новым вобразе. Больш акрэсьленай. Больш рэальнай. Больш сапраўднай. Ён думаў пра тую часьць яе, якая цяпер злучылася з ейнай другой часьцяй. Цi пазнаюць яны адна адную? Я пазнаў, калi быў там. Праўда, я ня бачыў яе, толькi вычуваў. Прайшоўся па ёй, i то ўначы. Яму гаварыў пра яе польскi чын, хоць, уласна, не пра яе, а пра Польшчу. Беларусь была для яго Польшчай. Ад майго бацькi польскi чын дамагаўся польскага патрыятызму, каб заслужыць сабе права на побыт у Польшчы. Я слухаў яго i ў мяне абражанага, ўспалыхнула свая, беларуская гордасьць. У тую сэкунду, як супрацiў, загаварыў у мяне беларускi патрыятызм. Але гэтак было тады. Цяпер ужо ўсё iншае. Цяпер Беларусь адна, суцэльная... I як сполах - вобраз бацькi: ён заплацiць за гэту цэласьць. Лепш-бы гэтай цэласьцi ня было. Айдзе цяпер Валя? Дзе цяпер усе? Якiмi дарогамi яны пайшлi? Манастыра-ж няма. Разьляцеўся. Няма ўсяго таго, што было. Яно цяпер, як несапраўднае. I цi было яно? Няма Галоўнага Корпусу Ўнiвэрсытэцкага Гарадка. Ён затушаваўся. Але-ж гэта ўсё яшчэ трымцiць у сэрцы.
Рамана Корзюка перакiнулi з забою на лесанарыхтоўку ў тайгу. Брыгада невялiкая, i ўсе зьмясьцiлiся ў якуцкай юрце. Канвою няма. Брыгаду ўзяў пад сваю адказнасьць наёмны дзесятнiк-сiбiрак. Але, каб i хацеў, куды ты пойдзеш адсюль? Каб i ўцёк, вярнуўся-б, згаладалы, назад, у юрту прасiць хлеба. Да "кантынэнту" далёка. Ня блiжай i да Бэрынгава пралiва. Пачалiся даўгiя ночы, i Рамана апаноўвалi думы яшчэ больш. Ён не разьвiтваўся з думамi пра Беларусь чамусьцi думаў, што ён стаiць перад паваротам туды. Аж вясною, калi сагнала сьнег i адкрылася з Галоўнай базы дарога ў юрту, прыйшоў лiст. Прыйшоў лiст... ад Валi.
- Што бачыў, Раман, сёньня ў сьнях? - запытаўся дзесятнiк. - Гавары!
Лесанарыхтоўшчыкi былi толькi што паднятыя, i, седзячы на нарах, яшчэ сонныя, сёрбалi суп з бляшаных талерак, зацiснутых памiж каленяў. Маленькiя дзьверы ў юрту дзесятнiк пакiнуў за сабой адчыненымi.
- Нiчога ня бачыў? Дык вось пабач! - i дзесятнiк падаў Раману абшарпаны, з мноствам пячатак i надпiсаў шэры канвэрт. Лiст доўга iшоў. Валя адрасавала яго ў Магадан. Адтуль ён блукаў па розных камандыроўках, пакуль ня трапiў у Ахоцкую Калыму i аж сюды, у юрту. Валi, пасля доўгiх пошукаў, усё-ж удалося даведацца пра Рамана ў Галоўным Упраўленьнi лагераў у Маскве. Сказалi, што Корзюк быў транспартаваны параходам "Трансбалт" - з Уладывастоку ў Магадан. Камоцкая пiсала аб гэтым адкрыта, як вiдаць, ня надта зважаючы на цэнзуру. Яна паведамляла, што бяз Цыпiнай яна наўрад цi знайшла-б яго. У Цыпiнай блат. Праз сваю сястру яна ўсё зрабiла: i свайго Петрака знайшла i Валi дапамагала знайсьцi Рамана.
Раман баяўся пачынаць чытаць лiст - чакаў пакуль абсядзiцца ўсхваляванасьць, пакуль не авалодае сабой, пакуль набудзе здольнасьць успрыймаць чытанае цьвяроза. З Рамана дзiвiлiся, чаму ён так марудзiць, угадвалi, калi ён пачаў чытаць, якое ўражаньне робiць на яго лiст - добрае, радаснае, цi ня надта прыемнае. Але ўсе былi радыя, што i ў iхную юрту штосьцi прыйшло. Няважна якая, але навiна з "кантынэнту", з таго сьвету. Гэта ўносiць у iхны аднастайны быт ажыўленьне. Аднакашнiкi, нарэшце, пакiнулi Рамана аднаго, даючы яму магчымасьць аддацца самому сабе са сваiм лiстом. Валя пiсала, што яна ў Сьмiлавiцкай дзесяцiгодцы выкладае беларускую мову i лiтаратуру, што ўсе "нашыя" разьехалiся, хто куды, толькi адна Цыпiна засталася настаўнiчаць у Менску. Улетку ў Беластоку яна, Валя, выкладала мову на настаўнiцкiх курсах. У Заходняй Беларусi не хапае настаўнiкаў, i "нашыя" едуць туды ахвотна. "I ведаеш што? Хацела адшукаць тваю сям'ю. Не ўдалося. Тут усё ў руху. Твайго бацьку можа ўжо знайшлi. Чакаю цябе. Колькi ў цябе год? Але ўсё роўна - буду чакаць. Нi за кога ня выйду замуж, на зло табе. Але я жартую. Мялешка на выпускным вечары фармальна i сур'ёзна зрабiў прапанову. Прасiў мае рукi. Бачыш, небясьпека для цябе iснуе. Але прабач. Не да жартаў. Гэта я хачу ў цябе выклiкаць рэўнасьць. Беражы сябе. Ня кiдайся. Уцалееш - мяне знойдзеш. Прыеду да цябе i ў Сiбiр. Цыпiна можа як выцягне вас - хадатайствуе за свайго Пецьку. У яе нарадзiлася дзяўчынка - Алеся. Бася ўсё можа. Бацькi мае старэюць. Робяцца слабымi, асаблiва мацi. Прасiла да сябе. Ня хочаць. Шкада мне iх, як i цябе. Яны спачуваюць. Яны ўсё ведаюць. Ларыса прыслала мне з Нароўлi лiст (яна там настаўнiчае), пытаецца, цi я што ведаю пра цябе. Сустракалiся з ёй на настаўнiцкай канфэрэнцыi ў Менску. Адносiны да мяне ў школе - так сабе. Але, ведаеш, бяру праўдаю i адкрытасьцяй. Што яшчэ? Тулюся да цябе. Будзь здароў. Твая..."
Нiшто так не падтрымлiвае цябе, не ратуе, як упэўненасьць, што нехта ёсьць у цябе, гатовы для цябе нават пайсьцi на ахвяру. Сам факт iснаваньня такога чалавека, сам факт, што ён ёсьць, што ён, пагатоў, любiць цябе - гэта тое, без чаго ты ня можаш жыць. I калi-б усяго гэтага ня было, ты мусiў-бы ўсё гэта выдумаць. I табе будуць лягчэйшыя тачка, лом, лапата, пiла, тапор, што-б там нi было. Гэта якраз тое, пра што й гаварыў мой сусед па нарах - меншавiк, якi адседжваў ужо свой дзесяты год. Маральная непахiснасьць, цудоўная казка - вось што трэба, каб вытрываць. I Раман жыў такой казкай, у такой маральнай узьнятасьцi. Валiн лiст толькi дадаваў гарту i ўпэўненасьцi. Бо як-жа iнакш? Разбурыш казку, разбурыш i сябе. Раман адразу-ж, як надарылася магчымасьць, адпiсаў Валi. I з нецярпеньнем чакаў. Але лiсты на Калыму прыходзяць ня хутка, i ты доўга будзеш жыць у чаканьнi iх, спадзявацца - бо як-жа iнакш? - што яны прыйдуць.
ЭПIЛЁГ
1
Праз дзень i ноч бесьперастанку iшлi таварныя. Дакладна невядома было з чым, але канечне-ж з дабром, плёнам людскiх рук. I ўсе яны iшлi толькi ў вадным напрамку - на Захад, праз Менск да станцыi Негарэлае i далей, у самыя лапы Гiтлера, як гаварылi тыя, хто на станцыях сустракаў i абслугоўваў гэтыя таварнiкi. Сталiн выконваў свае ўмовы з нямецкiм фюрэрам.
Зялезнадарожны мост, што нiзка зьвiсаў над Маскоўскай вулiцай у Менску, ня меў адпачынку: па iм грукацелi колы платформаў, яны несьлi ў чахлах зброю, таксама - на Захад. З воддалi, iдучы па Савецкай, вы маглi бачыць, як яны прабягалi праз мост, хутка зьнiкаючы ад людскога вока за абрысамi дамоў. Яны iмчалiся ўсю ноч; маскавалiся, але iм не ставала начы, i яны не саромiлiся бегчы ўжо i ўдзень, быццам дзесьцi там куды яны бягуць, шалее нячуваная бiтва, i плятформам iз зброяй канечна трэба як найхутчэй данесьцi яе да пякельнага бою, на карту якога пастаўлена ўсё.
Мянчане назiралi за гэтым рухам плятформаў i думалi пра сябе: нездарма-ж гэта, нешта-ж мае быць, нешта пачнецца i пачнецца, мабыць, хутка - глядзi, як праносяцца, нiбы ашалелыя плятформы з чахламi.
Толькi шапталi i трывожылiся перад нечым навiслым. Гэтае навiслае вычувалася ўсiмi i пра яго лiшне было-б гаварыць. Яно адбiвалася ў вачох, i яго нельга ўжо было схаваць пры сустрэчы.
- Ну - што?
- Нiчога. Сам бачыш.
- Часу мала.
- Так. Мала.
Усё было зразумела без гаворкi. Падсьведамае, яно рабiлася сьведамым. Людзi рыхтавалiся да нечага, рабiлiся як-бы лепшымi гаспадарамi. Пачалося назапашваньне, аж да такiх рэчаў, як соль.
Басю Цыпiну трывожыў рух на зялезнадарожным мосьце. Ейная кватэра ўсяго толькi якiх трыста мэтраў ад моста. Ёй ня сьпiцца, яна ня можа ня прыслухоўвацца да ночнага лёскату колаў на мосьце. Чуе адначасна, як дыхае Алеська. Куды дзенешся з ёй, яшчэ такой маленькай? Нашы хiба ня ўтрымаюцца i наскочаць тыя. Прачнешся, а яны ўжо тут. Маё аблiчча адразу выдасьць мяне. Не пашкадуюць i яе: яна не ў Петрака, а ў мяне ўдалася. Пецьку ня выпусьцяць. Нiкога з iх ня выпусьцяць! Зьмянiлася палажэньне на горшае.
Басi Цыпiнай не далi ўчора пабачаньня з мужам. Яна хадзiла з Алеськай, каб паказаць яе бацьку. Ён-жа ня бачыў яшчэ яе. Нiчога не дапамагло - маўляў, ня скончана сьледства. Якое-ж тут сьледства? Зноў судзiць? Прывезьлi судзiць нанова? Не разумею, што тут зьмянiлася. Прыгавор-жа адменены.
Пайшла да сястры параiцца. Яе не застала. Быў якраз сам. Сакратар. Ён i сказаў, што справа Пецькiнай групы дрэнь - Гiтлер ля варот i гатовы рынуцца. Час не такi, каб выпускаць злачынцаў, пагатоў нацыяналiстаў. Iх адразу падхопiць Адольф у моц сваёй нацыянальнай дакрыны. Я дамогся адмены прыгавору рэспублiканскага суда, але я бясьсiльны ўжо надаць справе твайго мужа спрыяльны для яго ход. Кажу, навiс Гiтлер. I я баюся, што ў гэткiх умовах кару iм збольшаць. У нашага адваката часу ўжо няма апэляваць да вышэйшых iнстанцыяў. Ды i ў тых iнстанцыях мы страцiлi вагу - там няма ўжо нашых людзей. У аблiччы вайны маiх людзей там адсунулi. Так што, мая даражэнькая, забудзь пра свайго Пецьку. Думай цяпер, як уратаваць сябе.
Цыпiна патэлефанавала Камоцкай у Сьмiлавiчах, каб тая прыехала да яе. I Камоцкая, спадзяючыся пачуць ад Цыпiнай нешта новае, пасьпяшалася - прыкацiла злоўленым на шашы аўтамабiлем. Апошнiм годам яны сустракалiся часта. Цыпiна iнфармавала Камоцкую пра ход справы. Абедзьве яны спадзявалiся, што iз скасаваньнем выраку беларускага Вярхоўнага суду Вярхоўным судом СССР справа групы пойдзе на лад, што, нарэшце, як сьлед разьбяруцца, i калi не апраўдаюць, дык, прынамся, залiчаць ужо адбытыя пяць год i выпусьцяць. Але сяброўкi ня ўлiчылi аднаго: вырак быў адменены "са стадыяй новага сьледства". I сьледства пачалося. Якраз гэтак, як i раней, паводля задумы Цiмошкi. Было нейкае адпружаньне, але яно было кароткiм, пачалося завiнчваньне гаек нанова, i была небясьпека, што зьняволеных засудзяць на яшчэ больш даўжэйшыя тэрмiны.
- Ты разумееш - крыўдна! Да болю крыўдна! Пецька, можна сказаць, пад бокам, тут, а пабачыцца не даюць. Напiсала лiст, адказу няма. А ён-жа тут. Я ведаю.
- Адкуль ты ведаеш, што яны тут? - запыталася Камоцкая. - Ты ўпэўненая, што яны тут?
- У гэтым я ўпэўненая. Я-ж табе ўжо гаварыла, што мой адвакат, член Прэзыдыюму Вярхоўнага суду СССР, знайшоў у справе нашых хлопцаў (Цыпiна ўсё яшчэ пастарому называла зьняволеных "хлопцамi") цэлы шэраг парушэньняў працэсуальнага характару i на падставе гэтага дамогся адмены прыгавору беларускага Вярхоўнага суда. Мелася справа быць перагледжанай нанова на карысьць, як я спадзявалася, майго Пецькi (я-ж хадатайнiчала за Пецьку), паколькi ў iх справа агульная, дык i на карысьць усiх iншых, уключна з тваiм Раманам. I каб перагледзець справу, спатрэбiлася во прывезьцi iх назад сюды, дзе iх судзiлi. Я спыталася ў Камэндатуры i мне сказалi, што Пётр Шыракоў у iх. А цi Раман тут, схадзi, даражэнькая, й запытайся. Ты ведаеш, колькi мне каштаваў адвакат? I ня толькi грошы тут. Каб ня захады майго швагра (сакратара ЦК КПБ) нiчога ня выйшла-б. Адвакат атрымаў доступ да справы нашых хлопцаў, вывучыў яе, паехаў у Маскву на паседжаньне Прэзыдыюму Вярхоўнага суда i зрабiў сваё. Я была амаль упэўненая, што справа выгарыць i на маiм парозе зьявiцца Пецька. Але ўсё, вiдаць, перавярнулася дагары нагамi. Запахла iншым. Швагра мой атрасае рукi - нiчым дапамагчы ўжо ня можа. Кажа - з пагрозай вайны справа нашых хлопцаў набывае якасна iншы характар. Яны-ж нацыяналiсты, а Гiтлеру такiя i патрэбныя. Але, скажы мне, якi з майго Пецькi нацыяналiст? Твой Раман, можа, й так. З-за яго расплачваецца i мой Пецька. Але цяпер не пра гэта трэба гаварыць. Змайструй перадачу для Рамана i мчы ў Камэндатуру. Цiкава, што табе скажуць. Так, цi так, а даведаешся, цi й Раман тут. Трэба-ж вынюхваць. Я й выклiкала цябе, каб нешта-ж рабiць, нешта парадзiць.
Камоцкая атрымала ад Рамана толькi два лiсты за пяцiгадовы пэрыяд. Апошнi лiст надыйшоў год таму назад, i яна ня ведала, што з iм. Пра справу "хлопцаў" яна ўзнавала ад Цыпiнай. Ад яе-ж яна даведалася i аб новым павароце ў справе зьняволеных, аб тым, што iх прывозяць назад у Менск. Як i Цыпiна, яна мела надзею на iхнае вызваленьне. Але на вызваленьне, як яна бачыць цяпер, няма надзеi.
- Дык зьбiрайся-ж хутчэй! Вяртайся й дакладвай! - жуцiла Бася Камоцкую. У мяне й заначуеш. Ранiцай пасьпееш i ў сваю школу.
У Камоцкай перадачы ў Камэндатуры ня прынялi таксама. У тых, у каго прыймалi, поркалiся ў дробязях, адкiдалi тое, што не дазвалялася. Работнiк унутраных органаў, калi Камоцкая назвала яму прозьвiшча Корзюка, доўга шукаў яго ў сьпiску, пытаўся, як завуць яго па бацьку, зьвяраў год нараджэньня i толькi пасьля гэтага сказаў, што перадачы яму недазволеныя.
- Але ён у вас?
- Мы такiх справак не даём.
- Маю-ж я права ведаць, пытацца?
- А хто вы такая? Жонка? Сястра?
Камоцкая нiчога не змагла адказаць на гэтыя пытаньнi i, зьбянтэжаная, стаяла ў нерашучасьцi, не магла запытацца пра што-небудзь iншае.
- Я - нявеста чалавека, пра якога пытаюся, - раптам стрэлiла ёй сказаць гэта, ў наiўным спадзяваньнi, што такi аргумант пераканае работнiка ўнутраных органаў.
- На вулiцы шмат такiх нявестаў.
Грубасьць работнiка ўнутраных органаў прынiзiла Камоцкую, на яе кiдалi зьдзiўленыя позiркi жанчыны, што стаялi ў чарзе, ёй было сорамна i яна ня ведала, што ёй рабiць далей - iсьцi цi нечага чакаць.
- Грамадзянка, я задаволю вашае права на запытаньне. Асоба, пра якую вы пытаецеся, у нас, але прыняць перадачу мы ня можам. Усё!
Камоцкая пакiнула Камэндатуру. Яна дакарала сябе за сваю бездапаможнасьць, нявынаходлiвасьць, збытнасьць, недаросласьць. Мець, як яна, дазнаньне з такой установай, з такiмi людзьмi i ня ўмець абыходзiцца з iмi - проста недарэчнасьць. Не, ня Цыпiна я.
Праходзiць паўз фабрыку-кухню. Як калiсьцi яна сама з Раманам, там клумяцца - вiдаць-жа - студэнты спадзяючыся атрымаць з ежы нешта таньнейшае. Цяпер яна настаўнiца i магла-б заняць столiк на другiм паверсе фабрыкi-кухнi, дзе кормяць смачней, але яна ня пойдзе туды, гэта было-б грэхам, здрадай Раману.
На Савецкай, ля манастыра, вiталiся з ёю ейныя клёны. Цяжка прайсьцi паўз iх, сьведкаў ейнага дзявоцтва. Справа застыў i палохае сваiмi мурамi Дом Ураду. Калiсьцi яна ўспрыймала яго iнакш. Зараз вось i Цыпiна. Праз два дамы, на левым баку. Усё знаёмае. Усё зьвязанае з ёй самою. Направа была-б царква. Але яе няма. Дынамiт Яраслаўскага яе не пашкадаваў. Перад ейнымi вачыма праз чыгуначны мост праймчаўся цягнiк з чырвонаармейскiмi пiлоткамi ў вокнах.
Камоцкая не хацела заставацца нанач у Цыпiнай - дома чакаюць бацькi. За iмi трэба прыглядаць. Але Цыпiна ўгаварыла яе.
- Бяры трубку! Пазванi iм i яны супакояцца. Ты-ж хросная наша. Пабудзь у нас. Хрысьцiла-ж Алеську ты? Я-ж, ведаеш, няхрышчоная. А Алеська ўжо хрышчоная. Я рада. Мы з Пецькам дамовiлiся так зрабiць, калi яшчэ ня было яе на гэтым сьвеце. Алесьцы такой можа ляпей будзе. Можа ўцалее, як прыйдуць тыя iрады.
- Ты ўжо гэтак упэўненая, што яны прыйдуць?
- Прыйдуць, Валечка. Сэрца маё чуе. Чуеш, як гудзе мост! Ня сьцiхае. Нездарма гудзе.
Камоцкая, застаўшыся, перадала Цыпiнай ва ўсiх дэталях сцэну сваiх адведзiнаў Камэндатуры.
- Значыцца, справа сапраўды дрэнь. Мой швагра гаварыў праўду - засудзяць iх яшчэ на большае. Гэтак Алеська i не дачакаецца свайго таткi - вунь вiдаць адсюль вежа турмы, у якой ён сядзiць, а пабачыць нельга. Часамi мне здаецца, што Пецька глядзiць з той вежы прама мне ў вакно i я магу бачыць яго. Чэснае слова.
- Чаго хочаш, тое й здаецца. Можа-ж мы iх яшчэ пабачым. Напраўду!
Камоцкая распакавала каробку з прыгожай сукенкай для хрэсьнiцы. Прымерылi. Пасавала добра. Бася папрасiла Алеську даць хроснай "буськi". Пацалавала сама хросную.
- Згатуем тады абед якi. Ты зарабiла, - зьмянiлася на жартлiвую Цыпiна. А па абедзе прагуляемся па Валадарскага - можа яны пабачаць нас з табою. Заўсёды-ж, калi йдзеш паўз турмы, махаюць рукамi праз краты. Праўда, цяпер ужо надзелi на вокны "наморднiкi" - не памахаеш. Але ня ўсюды. Нашыя нас пабачаць.
Да абеду Цыпiна паставiла на стол бутэльку вiна. Выпiлi за сустрэчу з сваiмi "мужыкамi". Бася ўсё жартавала.
- Заўтра зноў пойдзем да таткi з Алеськай. Буду забiраць з садка Алеську пасьля заняткаў у школе i буду хадзiць з ёй туды кожны дзень, пакуль не дазволяць пабачыцца. Калi я не вазьму сабой, дык можа Алеська возьме паглядзi, якая яна прыгожанькая ў тваёй сукенцы. Ты заглядай туды таксама часьцей. Пiшы Раману, як я пiшу Пецьку. Ведаеш-жа, iм будзе лягчэй. Няхай ведаюць, што мы ня выйшлi замуж.
Забралi Алеську i выйшлi на вулiцу. Сонца ўжо iшло на спад, ягоныя пазалочаныя праменьнi, як штыхамi, пракалвалi панадворкi, сьлiзгалiся па сьценах дамоў, запальвалi пажар на агародах.
Абыйшлi два разы турму - з аднаго боку i з другога, - паглядаючы на ейныя вокны. Адтуль не падаў нiхто нiякага знаку. Толькi з аднэй вуглавой вежы, з вакна, узятага ў краты, пачуўся воклiч - адзiн раз, другi, трэйцi. Выкiнулася белая хустачка ў прадзетай праз краты руцэ. З вышкi вартавы стрэлiў, i куля, цiўкнуўшы, зьбiла на сьцяне пабелку i тая з шорахам пасыпалася на зямлю.
- Вось табе й пабачылi, - спалохана прагаварыла Цыпiна. Узяла на рукi Алеську. Прытулiла.
Яны павярнулi дамоў. Валя ўвесь час маўчала, як-бы нешта абдумвала. Цыпiнай здавалася, што Валя ня так турбуецца, як яна. Цыпiна нiколi не магла дабрацца да патайнага ў душы Камоцкай. Сама-ж Камоцкая не праяўлялася так лёгка, як Цыпiна.
Прыйшлi дахаты. Гаворка неяк ня йшла. Валя разглядала толькi што атрыманыя Цыпiнай навiнкi, яшчэ не пастаўленыя ў кнiжную шафу. Цыпiна мыла Алеську, рыхтавала яе ў "пасьцельку".
Зьвечарэла на двары, насунулiся лёгкiя, празрыстыя вясеньнiя змрокi. Цыпiна запалiла сьвечку ў сваёй спальнi, найбольшым пакоi ў ейнай кватэры. Сьвечка, гаварыла яна, стварае атмасфэру. Электрыка не. Прынесла пачатую за абедам бутэльку вiна.
- Разап'ём, Валя. Нешта паганы настрой.
Пiлi. Разгаварылiся. Душы сталi мякчэйшымi, больш адкрытымi.
- Ну а што, Валя, калi прыйдуць немцы, пойдзеш у лес?
- Я ня веру, што яны прыйдуць, а калi прыйдуць - пабачу.
- А ведаеш - што? Я... пайду. Выйдзе, можа, Пеця i яго забяру. Нам, напаўхрысьцiянам, заставацца неяк.
- Ах, ня бойся!
- А я баюся, Валя. Ты ў Сьмiлавiчах ня чуеш гулу, а я тут чую, бачу. Ня так бачу, як чую. Адзiн мост што кажа! Паслухай! Чуеш колы? Iмчацца колы адныя наўздагонку другiм. Кладзiся са мной спаць разам - ложак шырокi. З табою можа я ня буду чуць колаў. Дый не хачу-ж я класьцi цябе там, адкуль цябе калiсьцi паднялi. (Бася мела на ўвазе арышт Валi на ейнай кватэры, калi яна спала ў сумежным з Басiнай спальняй пакойчыку.) Няпрыемна там лажыцца зноў.
Было ўжо запоўнач, а яны ўсё ня клалiся - думалi, напаўп'яныя дуры, што да iх прыйдуць Пецька i Раман. Яны-ж тут, зусiм блiзка. Як за перагародкай. Да таго вычувалася iхная блiзiня!
Валя яшчэ напiсала Раману ў турму лiст. I тады толькi лягла. У сьне, увесь час, у ейнай памяцi гарэла, як падсьвечаная маленькiмi лiхтарыкамi, напiсаная ёю ў лiсьце да Рамана фраза: "Калi цябе выпусьцяць, я сустрэну цябе ў ваколiцах Менску, на дарозе твайго сьледаваньня".
Басi не давалi супакою цягнiкi, што праходзiлi праз мост. Яна будзiла Валю, але той усё бегла агнiстым тоненькiм шнурочкам напiсаная ёю ў лiсьце фраза аб спатканьнi з Раманам, i яна ня прачыналася, ня ўспрыймала Басiных штуршкоў.
На Захад-жа - чуваць было - iшлi бесьперастанку цягнiкi, напаўнялi ноч сваiм нязвычайным бегам, быццам хацелi разбудзiць дрэмнасьць заснулых мянчанаў.
2
Праз вакно ў камэры вiдаць было толькi неба. Унiз зiрнуць - засланяў "наморднiк". Поруч Рамана стаяў нядаўна арыштаваны сяржант (яшчэ ва ўсiм вайсковым) i таксама ўглядаўся ў неба - там было неспакойна, пiкiравалi самалёты, зноў узьляталi, рэзалi неба, выглядала - iшла бiтва. Усё менскае неба было засталучана самалётамi.
- Гэта манэўры, - сьцьвердзiў сяржант. - Паводля апошняга загаду Цiмашэнкi, манэўры, баявыя дзеяньнi мусяць адбывацца дакладна так, як таго вымагала-б абстаноўка пры нападзе сапраўднага ворага.
- Гэта не манэўры, а вайна. Ня дуры галавы, - запярэчыў iншы вайсковы, што падыйшоў быў да вакна i таксама назiраў за небам з выглядам абазнанага чалавека.
Да вакна пачалi падыходзiць iншыя, стаялi натоўпам, не адыходзiлiся. Камэра прыцiхла. Разьдзялiлася ў сваiх меркаваньнях - манэўры цi вайна. Сьцьвярджаць, што вайна - рызыкоўна: можа ты хочаш яе. Лепш маўчаць, ня выказваць свае, такой цi iншай думкi. I камэра маўчала. Час ад часу - чуваць было - здрыгвалiся (цi гэта так толькi здавалася) тоўстыя мураваныя сьцены турмы.
Надыйшоў час абеду, а "баланды" ня прыносiлi, хоць i быў чуцён нейкi шорах за дзьвярыма на карыдоры, быццам там усё-ткi рыхтавалiся выдаць абед. Але дзьверы ўсё не адчынялiся i на калёсiках не ўяжджаў бак з апалонiкам для раздачы супу. Адцяжка была ненармальнай. Камэра гадала аб прычыне такой няўпраўкi.
Раман Корзюк пасьля Калымы сядзiць ужо трэйцi месяц i амаль кожную ноч яго цягаюць на допыты. Нават давалi два разы вочную стаўку, з кiм-бы вы думалi - з бацькам. Знарок гэта рабiлi, бяз дай прычыны, абы толькi квялiць, надсадзiць сэрца, зламаць, учынiць трагедыю. Бацьку прывезьлi ў менскую турму з Польшчы, з Заходняй Беларусi. Справу яго перадалi ваеннаму пракурору. Забойства сакратара райкома партыi Ленскага ад яго не адпала. Бацька сьмертнiк. Яго засудзiлi ў Заслаўi на сьмерць. Сын быў на тым судзе, падумаць толькi - за сьведку супраць бацькi. У Заслаўi Раман ня бачыў бацькi - яго судзiлi завочна. А цяпер вось зьвялi разам... даюць вочную стаўку. Можа выцерпiць душа? Мая i яго? Сутыкнуць сына з бацькам! Мучыць чалавека нямаведама за што! Невiнаватага чалавека! Для таго толькi, каб схаваць сваё, энкэвэдэўскае забойства Ленскага.
Але Раман пастанавiў выжыць. Зьбiраў сiлы. Ведаў - патрэбныя будуць для новых выпрабаваньняў. Але цi выжыве бацька? Ён ужо нядужы. Ня выцерпiць расстаньня з мацi.
Дзьверы ў камэру ўсё не адчынялiся, арыштаваных нiхто, як звычайна, не правяраў, не падлiчваў, быццам на iх забылiся, пакiнулi. Толькi здраджалi сьцены турмы - iх глухiя ўздрыгi прадвяшчалi нешта нячуванае дасюль.
У камэры згасла лямпачка, спынiлася перадача электраэнэргii. Сьцямнела быў ужо вечар. Адчынiлiся, нарэшце, дзьверы i на парозе стаў чалавек з сьвечкаю ў руках:
- Граждане, прошу соблюдать спокойствие. Ждите распоряжения.
I выйшаў. Засквiлеў зялезны засоў. Замкнулiся дзьверы, быццам назаўсёды.
Дазналiся - няма сьвятла i на двары i на вартавых вышках. Уся сыстэма не працуе.
Аж дзесьцi апоўначы зварухнулiся - як толькi ня ськiнуцца - сьцены турмы выбухнула, казалi нашыя ваенныя, бомба. Недзе зусiм блiзка, магчыма ў жаночы корпус трапiла.
- Ня можа быць. Турмаў не бамбяць, - асьмелiўся нехта запярэчыць.
- Думаеш, пашкадуюць цябе?
Тымчасам дзесьцi далей чулiся нясьцiханныя выбухi, быццам загаманiла дасюлешняя цiшыня i, ўзбунтаваная, не магла сьцiшыцца - рвалася на клочча.
У камэры ўжо нiхто не сумляваўся, што йдзе ня што iншае, як бамбёжка. Хто яе пачаў - з нiчыiх вуснаў гэтага нельга было пачуць, хоць i вядома было, хто.
Камэра чакае распараджаньня. Нiхто нiчога не гаворыць, толькi зрэдку хто кiне тое цi iншае слова, лiшняе ўжо, i яго гаворыць толькi неразумны - яно перашкаджае засяродзiцца.
Засквiлеў замок у дзьвярох - ёкнула сэрца. Распараджаньне - з рэчамi пацiху, бяз шуму, выходзiць на двор.
Вышлi. Куды нi зiрнеш - менскае неба ўсё ў агнявых сполахах.
З двара вывелi на Валадарскага. Калi выводзiлi - пабачылi: жаночы корпус увесь у друзах. На вулiцы ўжо канвой узяў вялiчэзную, на ўсю Валадарскую, калёну арыштантаў.
- Кому жизнь дорога, бросайте лишнее! - пачулася каманда, i ўвомiрг "лишнее" апынулася на асфальце. Калёна зрушылася i пайшла вулiцамi, загружанымi трамваямi, кiнутымi аўтамабiлямi. Падпарадкоўваючыся камандзе "не разговаривать", калёна iшла моўчкi, як i тыя жыхары гораду, што ўцякалi з яго з клумкамi i дзецьмi на руках. Яны асьцярожна, як вобмацкам, iшлi ў ранiшнiм змроку тратуарамi, калёна - пасярэдзiне вулiцы. Карыстаючы з абставiнаў, той-сёй вышмыгваў з яе, далучаючыся да натоўпу, зьнiкаючы ў iм, у вольнай грамадзе мянчанаў.
Ужо, як мае быць, разьвiднелася, галава калёны ўжо вырушыла з гораду, пачала, выгiнаючыся на павароце, узыходзiць на шашу, а хваста яе ўсё яшчэ ня было вiдаць, ён яшчэ боўтаўся на вулiцах прадмесьця, i каб ён ня страцiўся, не адарваўся, каб ня было разрыву, калёна, замарудзiўшы крок, спынiлася на час, пакуль хвост не падцягнецца. Стоячы ў галаве было вiдаць, наколькi калёна даўжэзная, расьцягнутая ня меней, як на кiлямэтр. Цяпер больш кампактная, калёна рушыла далей. Паабапал iшлi адзiн за адным канваiры з вiнтоўкамi за плячыма. Iхнае начальства гойсала на канёх, падавала каманду. Калёна, як сталася вядомым, iшла на Чэрвень.
Стаяла сонечная, расяная ранiца. Блiшчэла ўсё навокал. Неба схiлялася сваёю бяздоннаю блакiтнаю сiнявою.
На павароце, там, дзе шаша гнулася ў дугу, абодва канцы калёны - галава i хвост - амаль што сыходзiлiся, прамежак памiж iмi быў малы. Калёна нагадвала сабой падкову, зьлёгку выпрастаную, разагнутую. На гэтую падкову нявiдочна наляцелi нямецкiя самалёты, павiсьлi над ёй, вывучаючы яе. У калёне людзi замiтусiлiся ў страху. Скамандвалi лажыцца. Ратаваўся хто як мог - у лагчынах, у куп'i, у вялiкiх для сьцёку бэтонных трубах пад шашою, або й проста так, адкiнуўшыся наўзнач i засланяючы твар рукамi, каб ня бачыць тых самалётаў. Чатыры чалавекi - Раман бачыў - узьнялiся, пабеглi наўцёкi адкрытым полем да недалёкага ўзьлеску, але дваiх з iх на паўдарозе дагналi кулi канваiраў. Самалёты, вiдавочна, зразумеўшы, што гэта ня тая армiя, якую яны хiба спадзявалiся напаткаць, крута ўзьнялiся, iмгненна патануўшы ў глыбокiм блакiце. Падалi каманду строiцца. На шашу ўзыходзiлi расьсееныя было зьняволеныя. Раман, пакуль калёна фармавалася, абыйшоў яе з канца ў канец, шукаючы бацькi - можа-ж ён тут. Бач, колькi вывалiлi з турмы, дык ня дзiва, калi i яго зачысьцiлi. Але нiдзе ён яго не пабачыў. Калёна гатовая была да паходу, але яшчэ ня рухалася - канваiры з сабакамi аглядалi навакольле, цi не застаўся яшчэ хто ў якой купiне, ямiне цi лагчыне. Нарэшце, скранулiся. Раман апынуўся ў хвасьце калёны. Ззаду ехала нагружаная ўкоптар павозка, накрытая брэзэнтам, Раман адразу пачуў - з хлебам. За павозкай, на нейкай воддалi ад яе, iшлi тры чалавекi ў адмысловай форме, нязнанай для Рамана. Хвост калёны адставаў, яго ўвесь час падганяў канвой. Хвастом гэтым былi людзi хворыя, зьнямоглыя, кульгавыя. Яны прасiлiся на падводу, але iх ня бралi, транспарту было непрадугледжана для iх. Некаторых з iх вялi дужэйшыя за iх таварышы, падтрымлiвалi, цягнулi, каб не пакiдаць. Тым-жа, у каго ня было падтрымкi, хто адставаў, ня мог iсьцi, хто ўжо поўз на каленях, тым канваiры загадвалi адыходзiць або спаўзаць у бок, блiжэй да канавы. Канвой iх пакiдаў, але iх не пакiдалi людзi, што йшлi за павозкаю - яны стралялi iх, сьпiхваючы з дарогi. Канвой атрымаў загад не пакiдаць зьняволеных. Там, ззаду, чулася прыглушанае шпоканьне, яно наганяла сьмяротны страх на тых, хто адставаў - кожны разумеў, што гэта значыць. Той, хто мог iсьцi, сьпяшаўся прабрацца ў галаву калёны, баючыся застацца ў хвасьце. Раман таксама пайшоў наперад, прыглядаючыся, цi не напаткае дзе бацьку.
Сонца пячэ, смага мучыць болей, як голад. Яшчэ нiкалiва ня было ў роце ад учарайшага. Баляць ад шашы ногi. Кiрзавыя бацiнкi цесныя - нацёрлi крывавыя мазалi. Раман ськiнуў iх, абкруцiўшы ногi анучамi.
Абяцаюць хутка прывал i хлеб. Паўз шашы iдуць - дзе радзей, дзе гусьцей людзi з кашолкамi, партфэлямi, едуць на веласiпэдах, вязуць на калясках свой скарб - пакiдаюць Менск. Яны дзiвяцца на нас, iдучы сваёй дарогай. Толькi каторы з iх азiрнецца назад - глядзiць, як над Менскам стойма стаяць, як выбухi, клубы чорнага дыму. На фоне яснага, сонечнага дня яны здавалiся злавесным зьявiшчам, што прадказвала бяду i гiбель.
Каб даць вады, паталiць прагу, даць адпачыць, каб магчы iсьцi далей, калёну сьпiхнулi, згруздзiлi з дарогi на нейкае азярцо, што разлiлося плыткай лужынай i займала досыць вялiкую прастору. Пiлi з гэтай лужыны, не баючыся праглынуць ўсё, што вадзiлася i плавала ў ёй. Пасьля кароткага адпачынку людзям цяжка было падняцца, змора цягнула да зямлi. Ды канвой рабiў сваё зганяў на шашу, каб гнаць далей праз засьмягласьць i сьпёку дня.
Калёна зноў на шашы, расьцягнутая i ачэпленая канвоем. Канвой акiдвае вокам прастору - цi не застаўся яшчэ хто там, на прывале. Раман бачыць, як аддзялiўся ад сваёй групы канваiр i пашыбаваў да нейкага - адсюль ён быў вiдзён - грудка. Там канваiр, як выглядала, некага прыкмецiў. Падыйшоў - да грудка - узьняў чалавека. Але чалавек ня мог стаяць - упаў. Канваiр крычэў, пхаў яго прыкладам. Той поўз. Шмат хто ў калёне бачыў гэта. Прыглядаўся i Раман. Нечакана рвануўшыся, ён пабег насустрач канваiру. Ззаду пачулася "Стой!", але Раман ня спыняўся, апромецьцю бег. Павалiўся, калi выстрэлiлi. Падхапiўся. Сэрца яго чула - трэба бегчы. Ён бег. I дабег. Бачыць - так i ёсьць: бацька. Падняў яго на плечы i, павярнуўшыся, высокi, пасьпяшаўся з iм на шашу. Канваiр iшоў ззаду. Калёна глядзела i моўчкi спачувала, ведала бацька i сын. Раман ужо ў калёне i так выйшла - зноў у хвасьце. Угледзеў кiнутую некiм пад нагамi вяроўчыну - падняў. Зачапiў яе адным канцом за рэмень у сябе на поясе, другi канец аддаў бацьку ў рукi, i той, трымаючыся за вяроўку, цягнуўся за сынам, ледзьве перастаўляючы ногi. Раман, быўшы ў камэры, колькi дзён ня ўжываў цукру - адкладваў яго ў кiшэню i цяпер, зьбярогшы, даваў той цукар бацьку. Бацька яго смактаў i трохi ачуняўшы, трымаўся на нагах. Раман-жа не шкадаваў сваiх сiл цягнуць яго, усё сьпяшаючыся прабрацца з бацькам наперад, у галаву калёны, каб ня чуць шпоканьня ззаду.
Дзесьцi на спынку раздалi хлеб - кiдалi вялiкiя боханы ў натоўп. Бохан iшоў па руках, i кожны меў столькi, колькi ён здолеў, запусьцiўшы кiпцi ў бохан, адламаць ад яго. Дзялiць хлеб было немагчыма - нi часу, нi цярпеньня на гэта ня было. Раман, дзякуючы свайму высокаму росту, сiле i спрыту забясьпечыўся кавалкамi хлеба - хоць i малымi - для бацькi i сябе. Iншыя-ж i таго ня мелi - не маглi ў барацьбе за хлеб здабыць яго.
Толькi на другi дзень дабрылi да Чэрвеня. Iшлi па ягонай цэнтральнай вулiцы. Па бакох шчыльна, з рознымi рэчамi ў руках, стаялi жыхары гарадка, гатовыя пакiнуць яго. Яны моўчкi прыглядалiся да зьняволеных людзей, быццам шукаючы сярод iх сваiх. Шмат хто ў калёне ад сьпёкi, яшчэ большай у горадзе, млеў. Такiх бралi пад рукi, вялi - да мясцовай турмы, казалi, ужо недалёка. У хвасьце стралянiны ня было ўжо чуваць - саромiлiся гаражан.
Раман, узяўшы бацьку пад руку, вёў яго, усяляк падтрымлiваючы, каб ня ўпаў. Наколькi мог, аглядаўся па бакох, лавiў твары людзей, што, здаецца, углядалiся ў кожнага зьняволенага. Спачувалi. Не ў аднаго-ж у iх, у тых, хто глядзеў, можа, вось так-жа недзе пад канвоем вядуць бацьку, сына, мужа, брата, жанiха. Можа й тут ёсьць хто з iх. Таму й прыглядаюцца.
Усю дарогу суправаджалi iх спагадныя, журботныя вочы мацi, вочы ўсiх тых, чыя доля так цi iнакш перасеклася з iхнай доляй. Лявiны людзей, што пакiдалi Менск, iшлi, можна сказаць, паралельна, паўз шашы. Куды яны йшлi, невядома. Яны й самi хiба ня ведалi, куды. Уцякалi ад гора, ратавалiся ад сьмерцi.
На нейкай вулiцы, ужо на ўскраiне Чэрвеня, Раман угледзеў ля калодзежа людзей - пiлi ваду. Як выглядала, не мясцовыя, а прышлыя. Як Раману падумалася - мянчане. Iхнае адзеньне гаварыла за гэта. I сярод гэтых людзей, пераважна жанчын - падалося Раману глянулi вочы... Валi. Кiдкiя. Прост сюды. Як-бы на яго. Ёйны позiрк. Адно iмгненьне, i iх ня стала. Мала ў каго ёсьць такiя вочы? Такi позiрк? Рэзнула думка пра яе. Як-жа гэта я й забыўся? Яна-ж пiсала сустрэне мяне на дарозе майго сьледаваньня. У Менску. А цяпер-жа ўжо Чэрвень. А можа яна й сюды iшла за мною, "сьледавала"? Iдуць-жа iншыя. Але што гэта я? Гэта звабнасьць думкi. Зьявiлася думка, як сыгнал, i зьнiкла, як тыя вочы глянулi i схавалiся ў натоўпе. Мне трэба было гукнуць яе - Валя! Яна магла-б пачуць. Чаму я ня гукнуў? Яна даведалася-б, што я тут. Але-ж яна зiрнула. Можа не пазнала? Зiрнула так сабе. Як усе глядзяць.
Канвой завярнуў нас на бочную вулiцу, i хутка мы апынулiся на двары Чэрвеньскай турмы. Тут дадуць нам есьцi. Бацька можа трохi ачуняе.
Настаў вечар. Над горадам праляцелi нямецкiя самалёты. Ськiнулi бомбы (гаварылi масцовыя зьняволеныя) на аэрадром, што побач. Жыхары гораду, баючыся бамбёжкi, пакiдалi яго. Крыкi. Гоман. Шорах. Рыкалi каровы. Бляялi авечкi. Толькi апоўначы сьцiхла ўсё.
Уначы на двары было холадна. Раман накрыў сваёй калымскай целагрэйкай бацьку i ён заснуў. На двары гудзелi заведзеныя ваенныя грузавiкi. На ранку яны падабралi летувiсаў i палякаў, што былi тут. I тады-ж, на сьвiтанку, мы прыкмецiлi - вышкi пустыя. Варта нас пакiнула i вароты адчыненыя - iдзi, куды хочаш.
1957-1984
Заўвагi
Барыс КIТ (нар. 1910) - пэдагог, вучоны, беларускi грамадскi дзеяч. Скончыў матэматычны факультэт унiвэрсытэту Сьцяпана Баторыя ў Вiльнi i атрымаў ступень магiстра фiласофii ў галiне матэматыкi. Ступень доктара фiласофii ў галiне матэматыкi i гiсторыi матэматыкi атрымаў пры ўнiвэрсытэце ў Рэгенсбургу (Нямеччына). Выкладаў матэматыку i быў дырэктарам беларускай гiмназii ў Вiльнi. Браў актыўны ўдзел у арганiзацыi беларускага школьнiцтва падчас другой сусьветнай вайны. Аўтар шэрагу навуковых працаў i адзiн з першых удзельнiкаў дасьледваньняў у галiне астранаўтыкi ў Злучаных Штатах Амэрыкi. У сучасны момант прафэсар матэматыкi амэрыканскага ўнiвэрсытэту.
Мiхась ПIЯТУХОВIЧ (1891-1937) - навуковец, прафэсар, выкладчык Беларускага пэдагагiчнага iнстытуту ў Менску, член Беларускай навукова-тэрмiналягiчнай камiсыi, загадчык кафэдры гiсторыi беларускай лiтаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнiвэрсытэту ў Менску. Аўтар "Нарысаў па гiсторыi беларускай лiтаратуры", аўтар артыкулаў "Францiшак Скарына i ягоная лiтаратурная дзейнасьць", "Паэтычнае сьветаадчуваньне ў творчасьцi Якуба Коласа", "Ля вытокаў лiрыкi Янкi Купалы" i iнш. Абвiнавачваўся вульгарнай сацыялягiчнай крытыкай у "нацыяналiстычных ухiлах", у памылках мэтадалягiчнага характару. У сярэдзiне 30-х гадоў быў арыштаваны. Абвiнавачваўся ў прыналежнасьцi да "нацдэмаўскай" арганiзацыi. Памёр у турме. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Васiль БАРЫСЕНКА (1904-1984) - савецкi навуковец, крытык, выкладчык, доктар фiлялягiчных навукаў, член-карэспандэнт АН БССР. Аўтар працы "Францiшак Багушэвiч i праблема рэалiзму ў беларускай лiтаратуры 19 ст.". Для яго характэрны вульгарна-сацыялягiчны падыход да твораў мастацтва. Трымаўся партыйных пастановаў аб лiтаратуры. Выкрываў "нацыяналiстычныя памылкi" ў творчасьцi некаторых беларускiх пiсьменьнiкаў, у тым лiку ў творчасьцi Янкi Купалы i Якуба Коласа.
Аляксандр ЦЬВIКЕВIЧ (1883-?) - беларускi дзяржаўны i палiтычны дзеяч. Уваходзiў ува ўрад Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР) у якасьцi мiнiстра вонкавых справаў. Апынуўшыся замяжой, актыўна выступаў за прызнаньне ўраду БНР, як законнага ўраду, з боку краiнаў Антанты. У 1926 годзе вярнуўся ў савецкую Беларусь, спадзяваючыся на нейкую магчымасьць нацыянальнага будаўнiцтва ў БССР. Належыў да Iнстытуту беларускай культуры (Iнбелкульту). Шырока разгарнуў публiцыстычную дзейнасьць. Аўтаiр кнiгi "Западно-руссизм" i першага тому гiсторыi Беларусi, канфiскаванай савецкай цэнзурай. Двойчы арыштоўваўся: першы раз на пачатку 30-х гадоў iз сылкаю ў Красна-Уфiмск, другi раз - у 1937 годзе, калi ён быў прывезены iз ссылкi зноў у Менск для новага абвiнавачваньня ў "нацдэмаўшчыне". Пра абставны ягонай сьмерцi нiчога няведама. Дасюль нерэабiлiтаваны.
Сяргей КIРАЎ (Кастрыкаў) (1886-1934) - савецкi партыйны i дзяржаўны дзеяч. Выдатны прамоўца. Асаблiва быў папулярны ў Ленiнградзе на становiшчы першага сакратара абкома партыi. Ягонай папулярнасьцi ў масах баяўся Сталiн i, як мяркуюць, зьнiшчыў яго рукамi Нiкалаева, паводля афiцыйнай вэрсыi - быццам засланага заходняй разьведкай. Нiкалаеў забiў Кiрава ў ягоным кабiнэце ў Ленiнградзе падчас працы.
Яўген БАРЫЧЭЎСКI (1883-1934) - прафэсар, аўтар навуковых працаў "Мир искусства в образах", (М., 1922), кнiгаў "Тэорыя санэта", "Паэтыка лiтаратурных жанраў" (Менск, 1927), артыкулаў i дасьледваньняў, прысьвечаных пытаньням беларускай, расейскай, нямецкай, францускай лiтаратур, друкавалiся ў часапiсах "Маладняк", "Узвышша", "Полымя", у "Працах Беларускага дзяржаўнага ўнiвэрсытэту", дзе ён выкладаў антычную i заходняэўрапэйскую лiтаратуры. Памёр на рак.
Янка КУПАЛА (Iван Луцэвiч) (1882-1942) - найбольшы побач Якуба Коласа паэт Беларусi. Супрацоўнiк i рэдактар "Нашай нiвы". Кастрычнiцкую рэвалюцыю сустрэў няпрыхiльна. Лятуцеў пра слаўнае мiнулае Беларусi. Хацеў, каб яна была самастойнай. Быў аб'ектам частых нападаў афiцыйнай крытыкi. Абвiнавачваўся ў нацыяналiзме. Пад цiскам органаў НКВД публiчна каяўся ў сваiх "грахох". Меў спробу (праз хiракiры) скончыць самагубствам. З прымусу ўсхваляў Сталiна, пiсаў вершы паводля мэтаду сацыялiстычнага рэалiзму. У 1942 годзе ськiнуўся ў пралёт лесьнiцы ў ваднэй з Маскоўскiх гасьцiнiцаў. Афiцыйна факт самагубства не ўспамiнаецца. Аднак яго сьцьвярджае пiсьменьнiк Iльля Эрэнбург у сваёй кнiзе ўспамiнаў "Людзi, гады, жыцьцё".
Якуб КОЛАС (Канстанцiн Мiцкевiч) - (1882-1956) - найбольшы побач Янкi Купалы паэт Беларусi. Да Кастрычнiцкай рэвалюцыi ставiўся з засьцярогай. Аўтар славутых твораў "Новая зямля", "Сымон Музыка", "У глушы Палесься". Як i Купала, абвiнавачваўся вульгарна-сацыялягiчнай крытыкай у нацыяналiстычных загiбах. Змушаны быў публiчна каiцца i перабудоўвацца ў адпаведнасьцi з вымогамi артадаксальнай марксысцкай крытыкi.
Андрэй АЛЕКСАНДРОВIЧ (1906-1963) - паэт-камунiст. Афiцыйнай крытыкай называўся раданачальнiкам беларускай пралетарскай паэзii. У сваёй паэме "Ценi на сонцы", у згодзе з партыйнай крытыкай, выкрываў "нацдэмаў" i "нацдэмаўшчыну". Аднак усё гэта не ўратавала яго ад перасьледу - у часе чысткi "нацдэмаў" у сярэдзiне 30-х гадоў Александровiч быў арыштаваны i засуджаны. Быў рэабiлiтаваны пасьля адбыцьця кары.
Мiхась ЧАРОТ (Кудзелька) (1896-1938) - паводля афiцыйнай крытыкi пралетарскi паэт. Аўтар твораў "Босыя на вогнiшчы", "Беларусь лапцюжная", "На Купальле", "Карчма" i iнш. У часе масавых судоў (закрытых) над "нацдэмамi" напiсаў верш "Суровы прыгавор падпiсваю першым". Аднак сябе гэтым не застрахаваў - быў арыштаваны i засуджаны. Загiнуў у турме. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Платон ГАЛАВАЧ (1903-1937) - пiсьменьнiк. Партыец. Аўтар твору пра калектывiзацыю ў Беларусi "Спалох на загонах", раману "Праз гады". У часе чысткi "нацдэмаў" у сярэдзiне 30-х гадоў быў арыштаваны i засуджаны. Абставiны сьмерцi няведамыя. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Юрка ЛЯВОННЫ (Юркевiч) (1908-1944) - паэт, вызначаўся сваёй плённасьцяй аўтар шматлiкiх зборнiкаў на тэмы бягучай палiтыкi. Некаторымi рэцэнзэнтамi ягоныя творы ацэньвалiся як "чырвоная халтура". Быў арыштаваны i засуджаны. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Цiшка ГАРТНЫ (З. Жылуновiч) (1887-1937) - пiсьменьнiк, грамадскi дзеяч, першы старшыня Часовага савецкага ўраду Беларусi, рэдактар газэты "Дзяньнiца", газэты "Савецкая Беларусь", рэдактар часапiсу "Полымя", дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, член Iнстытуту беларускай культуры (Iнбелкульту), акадэмiк АН БССР. Пiсаў вершы i прозу. Аўтар раману "Сокi цалiны". Арыштаваўшы, органы НКВД рыхтавалi Гартнага на галоўнага лiдэра нацдэмаў на выпадак адкрытага працэсу над iмi. У вынiку дапытаў у НКВД Гартны звар'яцеў. Памёр у Магiлеўскай бальнiцы для псыхiчна хворых. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Еранiм УБАРЭВIЧ (1896-1937) - ваенны дзеяч, камандарм I-га рангу. За час сваёй дзейнасьцi ў розныя часы камандваў на розных франтох армiямi i войскамi. З 1931 году камандуючы Беларускай ваеннай акругай. Намесьнiк наркома абароны СССР. Праходзiў па працэсе над групай Тухачэўскага. Расстраляны. Маршал Жукаў у сваiх успамiнах высока ацанiў Убарэвiча, як палкаводца i тэарэтыка. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Клiмент ВАРАШЫЛАЎ (1881-1969) - савецкi ваенны, партыйны i дзяржаўны дзеяч. Праславiўся падчас грамадзянскай вайны. Маршал Савецкага саюзу. Ня раз наведваў сталiцу Беларусi.
Мiхась ЗАРЭЦКI (Касянкоў) (1901-1941) - папулярны як раманiст. Аўтар раманаў "Сьцежкi-дарожкi", "Голы зьвер", "Вязьмо", "Крывiчы", нарысу "Падарожжа на новую зямлю". Абвiнавачваўся ў нацыяналiзьме. Органамi НКВД рыхтаваўся на аднаго з лiдэраў беларускiх нацдэмаў на працэсе. Абставiны сьмерцi Зарэцкага невядомыя. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Алесь ДУДАР (Дайлiдовiч) (1904-1946) - паэт. Аўтар зборнiкаў "Беларусь бунтарская", "Сонечнымi сьцежкамi", "I залацiсьцей i сталёвей", "Вежа" i iнш. Перакладаў з Пушкiна, Гётэ, Шылера. У НКВД прайшоў як нацдэм. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Аляксандар ЧАРВЯКОЎ (1892-1937) - выдатны дзеяч. Адзiн з арганiзатараў i кiраўнiкоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыi. У 1919 годзе падпiсаў у Смаленску Манiфэст аб абвешчаньнi БССР. З 1920 году па 1924 старшыня ЦВК БССР i СНК БССР. З 1922 па 1937 год - адзiн з старшыняў ЦВК СССР. Удзельнiчаў у падрыхтоўцы стварэньня СССР, у распрацоўцы канстытуцыяў СССР i БССР. Актыўна падтрымлiваў палiтыку беларусiзацыi, садзейнiчаў выхаваньню нацыянальных кадраў у Беларусi, спрыяў разьвiцьцю нацыянальнай культуры. Ня сьцярпеўшы цкаваньня з боку розных савецкiх i партыйных органаў i з боку друку, у 1937 годзе скончыў самагубствам падчас з'езду Саветаў Беларусi ў Менску. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.
Мiхаiл КАЛIНIН (1875-1946) - савецкi партыйны i дзяржаўны дзеяч. Актыўны арганiзатар марксысцкiх гурткоў, шмат разоў арыштоўваўся царскiмi ўладамi за падпольную дзейнасьць. Пры савецкай уладзе доўгагадовы старшыня ЦВК СССР. Тры месяцы ў годзе яго замяняў на гэтым становiшчы Чарвякоў. З 1938 году старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР. Часта наведваў Беларусь.
Сямён ЦIМАШЭНКА (1895-1970) - савецкi ваенны дзеяч, маршал Савецкага Саюзу. З 1940 па 1941 год - нарком абароны СССР. Быў зьняты з пасады на самым пачатку нямецка-савецкай вайны за правал абароны. Пасьля вайны - камандуючы войскаў Баранавiцкай, Паўднёва-Уральскай i Беларускай ваеннай акругаў.
Васiль ШАРАНГОВIЧ (1897-1938) - савецкi партыйны дзеяч, удзельнiк змаганьня за савецкую ўладу ў Беларусi. У 1920 годзе быў арыштаваны польскiмi акупацыйнымi ўладамi ў Беларусi i засуджаны на 20 гадоў катаргi. У 1921 годзе быў выменены савецкiмi ўладамi. Займаў цэлы шэраг партыйных пасадаў. З 1937 году - першы сакратар ЦК КПБ. Крытыкаваў Чарвякова за розныя ўхiлы, у тым лiку за нацыяналiстычныя. Прайшоў па працэсу групы Бухарына. Расстраляны. Рэабiлiтаваны пасьмяротна.