На Манмартры. — Правы бераг і Ле-Марэ. — Левы бераг і Лацінскі квартал. — Тэрасы ў цені плятанаў. — Цюільры. — Ля Гранд Жат. — Вэрсаль. — Вакол Парыжу

На Манмартры

Парыскі пэрыяд майго жыцьця ня быў лёгкім, але я разумела, што жыву ў надзвычай прыгожым горадзе. Я ўжо згадвала мясьціны, якія мне былі мілыя. Але толькі калі я пакінула Парыж, адчула, да якой ступені гэты горад мне блізкі. Калі (здаецца, у пачатку сямідзясятых гадоў) ехала таксоўкай зь лётнішча Арлі ў Сартрувіль, забілася ад радасьці сэрца — і я зразумела, што вяртаюся ў маю «вёску».

Ад таго часу я дзясяткі разоў была ў Парыжы і штораз больш ім захапляюся. Французы зь вялікім густам аднаўляюць сваю спадчыну. Найбольшую прыемнасьць, якую мне можа зрабіць брат Лявон, гэта завесьці мяне адведаць мілыя мясьціны. Звычайна абавязкова ідзем на Манмартар. Апошні раз, калі была там з мужам, пазнаёміліся мы і правялі вельмі прыемную гадзінку ці дзьве зь Вінцуком Вячоркам. На пляцы дзю Тэртар Лявон запрашае звычайна на бліны. Пасьля разам аглядаем творы мастакоў з усяго сьвету, якія там зьбіраюцца. Праўду кажучы, добрае штосьці там цяжка пабачыць, але атмасфэра сапраўды ўнікальная.

Важная частка майго Парыжу — рака Сэна зь яе шматлікімі мастамі і дзьвюма выспамі. З мосту дэз Ар не нагледзецца на Сітэ зь яе палацамі, саборам Нотрэ-Дам і найстарэйшым мостам Парыжу, які называецца Новым.

Правы бераг і Ле-Марэ

Калі працавала студэнткай у краме сувэніраў каля сабору Нотрэ-Дам, часта туды заходзіла. Цяпер захапляюся яго чысьценькімі вежамі й выявамі сьвятых — некалькі гадоў таму фасады Нотрэ-Дам вычысьцілі. Але я яго любіла нават чорным па стагодзьдзях дыму і бруду. За саборам — выспа Сэн-Люі. Бальшыня дамоў на высьпе прынамсі з XVII стагодзьдзя. Нікому не прыйшло ў галаву разбураць іх ды будаваць новыя — каб мець прывілей там жыць, багатыя людзі плацяць мільёны эўра.

Іншы цудоўны стары квартал, па якім моцна люблю прайсьціся, гэта Ле-Марэ, на правым баку ракі. Калі я была студэнткай, ён быў даволі занядбаным. Цяпер стаў надзвычай модны. Там знаходзіцца Музэй Пікаса, адзін з найпрыгажэйшых у Парыжы. Таксама зусім блізенька найбольш знаная беларуская мясьціна ў Парыжы — кватэра ў доме на вуліцы дэ Гравіе, 65.

Левы бераг і Лацінскі квартал

За Сарбонай, на левым баку Сэны, — гара Сэнт-Жэнэўеў. Крышку далей — старая вуліца Муфтар зь яе слаўнай кавярняй «Контрэс-карп», рынкам, вельмі старымі дамамі з шыльдамі, прысьвечанымі колішнім жыхарам, рэстаранамі на кожным кроку, дзе, паводле паданьня, калісьці елі тры мушкетэры ды іншыя слаўныя героі францускай гісторыі й міталёгіі. Надзвычай прыемна пасядзець між старымі мурамі ды пакаштаваць тыповых францускіх страваў, уяўляючы сабе, як тут усё выглядала трыста гадоў таму.

Тэрасы ў цені плятанаў

Тэрасы на вуліцах і бульварах Парыжу — цудоўнае месца адпачынку ня толькі для турыстаў, але і для парыжанаў. На тэрасах былі напісаныя многія творы францускіх (і ня толькі) вялікіх пісьменьнікаў. Яны сапраўды ёсьць часткай парыскага жыцьця. Я заўсёды любіла пасядзець у добрай кампаніі на тэрасе ў цені плятанаў парыскага бульвару.

Памятаю шчасьлівыя моманты, праведзеныя зь Янкам на тэрасе каля фантану Сэн-Мішэль, на пляцы Сэнт-Андрэ дэз Ар, або з мамай у кавярні на бульвары Сэн-Жэрмэн каля Адэону — туды мы заходзілі пасьля наведваньня суседняй кнігарні, дзе часам знаходзілі беларускія кнігі. Пасьля сьмерці таты я выкарыстоўвала мае паездкі ў Сартрувіль, каб разам з мамай адведаць ведамыя мне новыя або ад- ноўленыя мясьціны Парыжу. Мама моцна любіла хадзіць. Пакуль жыў тата, яны разам бывалі ў парыскіх музэях і галерэях.

Цюільры

Студэнткай я любіла прайсьціся з Мастацкай школы, а то і Сарбоны, да станцыі «Сэн-Лязар», адкуль адыходзіў цягнік у Сартрувіль. Трэба было перайсьці раку, прайсьці праз парк Цюільры між Люўрам і пляцам Канкорд, каля тэатру «Камэдзі Франсэз» і па авэню дэ ль’Опэра. Між іншым, я часта вярталася ў парк Цюільры зь Янкам і нашымі дзяўчаткамі, калі мы прыяжджалі ў Парыж ужо зь іншых краі- наў. Там, між скульптурамі Маёля, было некалькі надзвычай прыемных «бювэт», і можна было цудоўна перакусіць смачным сандвічам з сухой францускай каўбасой.

Ля Гранд Жат

Вельмі зьмянілася выспа Ля Гранд Жат, дзе мы жылі, прыехаўшы ў Парыж. Месца, якое малявалі ў пачатку ХХ стагодзьдзя мастакі, у заходнім канцы выспы, можна зноў адведваць.

Там цяпер прыгожы парк. Старыя дамы на высьпе разбурылі, пакінуўшы толькі тыя, якіх ня трэба было аднаўляць. І, безумоўна, засталіся старыя «бювэт», дзе цяпер вельмі модна і дорага. Захаваліся й сходы да вады, дзе я калісьці кожны вечар вучылася. На жаль, ніхто пра іх не клапоціцца. Няма колішняй атмасфэры.

Вэрсаль

Пішучы пра Парыж зь яго цудоўнымi паркамі, не магу не сказаць пра Вэрсаль. Сам палац я наведала першы раз з маёй пачатковай школай увосень 1948 году. Па вяртаньні мы павінны былі намаляваць парк. Дрэвы былі залатыя, неба фіялетавае, палац ружовы — я была захопленая. Аднак пазьней неяк не было часу зьезьдзіць туды цягніком, а машыны ў той час мы ня мелі. Я прыехала туды праз шмат гадоў, каб зрабіць патрэбныя паперы перад шлюбам: гэта быў наш адміністрацыйны цэнтар.

Мы паехалі з маёй сяброўкай Франсуазай, і паколькі трэба было некалькі гадзін чакаць, пайшлі наведаць «Амо дэ ля Рэн» і яе «гаспадарку». Цяжка сабе ўявіць больш прыемнае месца. Шмат разоў мы там былі пасьля таго зь Янкам, бацькамі й нашымі дзяўчаткамі — і заўсёды вярталіся з кучай здымкаў. Затое самой туды ехаць цяпер сумнавата — прыгадваецца час, які ўжо ніколі ня вернецца. Але моцна раю ўсім маім сябрам, каб абавязкова адведалі «хутар» каралевы.

Вакол Парыжу

Каля сталіцы Францыі ёсьць дзясяткі палацаў зь вялікімі паркамі, якія фактычна зьяўляюцца часткай Парыжу. Адзін зь іх, на поўнач ад сталіцы, — Шанціі, блізенька ад прыгожага гарадка, які называецца Іль Адам. Над ракой, на высьпе, рэстаран — такі, якімі іх маляваў і любіў Рэнуар. Дарогай у Парыж абавязкова трэба заехаць таксама ў Авэр сюр Уаз, дзе пахаваныя Ван Гог і ягоны брат Тэо, недалёка славутага касьцёлу пад цёмна-сінім небам. Аматарам агародніцтва варта наведаць Жывэрні, дзе Манэ каля сваёй хаты стварыў, мусіць, найбольш вядомы ў сьвеце агарод.

Так, прыгожая француская сталіца ў прыгожых ваколіцах. Войны яе ня зьнішчылі, як зьнішчылі нашу зямлю. І людзі, свае і чужыя, яе шануюць і паважаюць. Мару, што калісь наш народ таксама зразумее вартасьць сваёй спадчыны.