Вопыт пяці краінаў. — Мадэль ідэальнай дзяржавы. — Французы — вялікія крытыкі. — ...і ня менш вялікія эстэты. — Бяз шэрага колеру. — Цеплыня халоднай Канады

Вопыт пяці краінаў

На маю думку, найбольш суб’ектыўныя ўспаміны — пра людзей і звычаі. Залежаць яны ад пэрыяду жыцьця чалавека, ад дасьведчаньня, ад папярэдне пражытага і перажытага, ад веку і самапачуваньня ў канкрэтны момант. Да таго ж кожны інакш успрымае перажытае: адны бачаць, як кажуць французы, тую самую бутэльку напалову поўную, другія — напалову пустую. Аднак кожны досьвед пакідае сьлед у душы — адбіваецца на ўспрыманьні жыцьця, на стаўленьні да сьвету, на паводзінах чалаве- ка, таму думаю, што варта ўключыць у мэмуары і гэты, вельмі суб’ектыўны, аспэкт маіх жыцьцёвых уражаньняў.

Жыла я доўгі час у пяці краінах, адведала зь дзясятак іншых. Перасяленьні з аднае краіны ў другую, хоць і заўсёды цікавыя, не адбываліся бязь цяжкасьцяў.

Кожная краіна — гэта іншая мова, але таксама і іншая штодзёншчына, іншыя звычаі. Іначай людзі апранаюцца, іначай паводзяць сябе, іначай ядуць, іначай ставяцца да іншых. Калі розьніца толькі павярхоўная, дык лёгка да яе прывыкнуць. Часам, аднак, кранае яна найглыбейшыя рысы характару чалавека. Мясцовыя людзі, між іншым, не заўсёды сябе бачаць такімі, якімі іх бачыць новапрыбылы падарожнік. Але чалавек да ўсяго неяк прывыкае, да добрага і да дрэннага, бярэ гэта за «нармальнае». Думае, што так яно ўсюды.

Мадэль ідэальнай дзяржавы

Падчас трох гадоў, якія наша сям’я правяла ў Даніі адразу пасьля вайны, я адчувала сябе як у раі. Спаткала шмат добрых людзей, якія дасюль засталіся маімі шчырымі сябрамі. Данія заўсёды будзе для мяне мадэльлю ідэальнай краіны — такой, якой хацела б бачыць Беларусь. Найбольш уразіла дзевяцігадовую дзяўчынку ветлівая ўсьмешка кожнага дарослага чалавека, зь якім спатыкалася ці то на вуліцы, ці ў цягніку, ці ў краме. Бачыла павагу, зь якой ставіліся людзі да маіх бацькоў, бедных уцекачоў з Усходняе Эўропы. Між сабой таксама людзі кантактавалі добра, не падвышалі голасу, не сьмяяліся адны з другіх, нікога не абражалі.

Французы — вялікія крытыкі

У параўнаньні з Даніяй Францыя мне выдалася страшэнна негасьціннай. Хутка адвыкла ўсьміхацца людзям, бо і мне ніхто не ўсьміхаўся. Наадварот, мае аднаклясьнікі сьмяяліся з таго, што я рабіла ня так, — аж да таго часу, пакуль я ня стала найлепшай вучаніцай у клясе. Француская сыстэма адукацыі закладала правілы спаборніцтва: трэба быць ня проста добрым вучнем, а найлепшым.

Пазьней іншыявучаніцы голасна пратэставалі, калі я здабыла зашмат узнагародаў за першае месца ў розных прадметах.

Людзі ніколі не задумваліся над тым, як успрымаюць іншыя іхныя паводзіны ці словы. Лёгка ўзвышалі голас, крытыкавалі бяз долі сумненьня ці спачуваньня. Тут мушу зазначыць, што якраз у Францыі я перажыла цяжкі пэрыяд у жыцьці, калі трэба было адаптавацца да чужога асяродзьдзя, зусім іншай культуры, цяжкога эмігранцкага жыцьця і адначасна да пераходнага пэрыяду ў асабістым жыцьці, якім ёсьць век разьвіцьця, росту і здабыцьця ведаў.

...і ня менш вялікія эстэты

Францыя, аднак, дала мне вельмі шмат — любоў да інтэлектуальнай працы, захапленьне хараством, павагу да якасьці, дасканаласьці. Форма адыгрывае ў Францыі вялікую ролю. Прыкладам, у галіне мовы. Калі ангельскамоўны амэрыканец вас разумее з паўслова і даруе вам усе вашыя памылкі ў новаздабытай чужой мове, у Францыі, каб вас разумелі й паважалі, вы мусіце выказаць вашую думку ясна і дакладна, безь ніводнай памылкі. Між іншым, француская мова, праз сваю дакладнасьць, адна з найцяжэйшых моваў для перакладчыка зь іншых моваў, а менавіта з моваў менш дакладных.

Вялікую ролю ў Францыі адыгрывае і прыгажосьць у архітэктуры, ва ўрбаністыцы — нездарма Францыя дае сьвету сваю моду. Да ўсяго гэтага я і ўся наша сям’я былі вельмі адчувальныя. Памятаю, зь якім захапленьнем мы знаёміліся з Парыжам, зь якой прыемнасьцю я кожную раніцу ехала аўтобусам з станцыі «Сэн-Лязар» у Сарбону, праз цэнтар Парыжу. Як прыгожа выглядалі восеньню над ракой, між бронзавымі лістамі дрэваў, асьветленых лёгенькім туманам, кожны палац, кожны музэй, кожны стары будынак. Нават хмарачосы ў

Францыі своеасаблівыя. Некаторыя зь іх, як, напрыклад, у Дэфанс, найцікавейшыя, а то і найпрыгажэйшыя ў сьвеце.

Бяз шэрага колеру

З гішпанскай культурай я пазнаёмілася, як выйшла замуж і пераехала жыць у Мадрыд. Горад гэты мне выдаўся ад самага пачатку цудоўным, поўным жыцьця, сьпеваў і музыкі.

Нідзе, мусіць, людзі так прыемна не праводзяць час. Калі мы жылі ў Мадрыдзе (ня ведаю, ці яшчэ яно так), увесь горад, уключна зь дзецьмі, быў летам на вуліцах да другой гадзіны ночы.

Было ў нас вельмі шмат сяброў — цудоўных людзей. Калі мы выляталі ў Канаду, усе яны прыехалі на лётнішча нас праводзіць, хоць было гэта ў сярэдзіне тыдня, у сераду, а другой гадзіне дня. Гішпанцы нічога ня робяць напалову. Калі прыяцель — прыяцель на ўсё жыцьцё. Усё там белае і чорнае, сьвятло і цень, дзень і ноч. Шэрага колеру не існуе.

Цеплыня халоднай Канады

Канада падалася нам вельмі прыгожай у тую перадкалядную ноч, калі мы ўпершыню яе пабачылі, асьветленую тысячамі каляровых лямпачак. Калі праз пару дзён пасьля нашага прыезду пасыпаўся сьнег, дык мы ў захапленьні фатаграфавалі зіму, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што на вуліцах Атавы мы былі адны. Усе разумныя людзі, безумоўна, сядзелі дома, у цёпленькіх кватэрах. Але ж яны не пражылі паўжыцьця ў сухім Мадрыдзе, дзе кожная сьняжынка была скарбам.

Хутка і ў Канадзе знайшліся на працы цудоўныя людзі, зь якімі мы пасябравалі. Адзінокімі пачуваліся толькі два тыдні, калі апынуліся бяз мэблі ў пустым новананятым памяшканьні, у той час як увесь сьвет кругом нас сьвяткаваў Каляды.

Сёньня, пасьля болей як трыццаці гадоў, праведзеных у Канадзе, хачу сказаць, што мы тут ня раз адчулі гасьціннасьць і дабрыню канадзкага народу. Але найбольш захапілі нас канадцы пасьля чарнобыльскай катастрофы, калі мы вырашылі дапамагаць ахвярам у Беларусі. Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, створаны маленькай групкай беларусаў у 1989 годзе, хутка ператварыўся ў чыста канадзкую шматэтнічную арганізацыю, якая дасюль памагае Беларусі й беларускім дзеткам. Гэта дазволіла нам адчуць, чым жыве гэты народ, да якой ступені ён адкрыты і спачувае ўсім, хто церпіць.