Гішпанскія хвалі для беларускага слова. — На апошнім паверсе сьпякоты. — Начныя вартаўнікі. — Нашыя сябры і сяброўкі. — Мы чакаем паштальёна

Гішпанскія хвалі для беларускага слова

З Гішпаніяй зьвязаныя найбольш шчасьлівыя ўспаміны майго дарослага жыцьця. Прыехала я з мужам Янкам з Парыжу ў Мадрыд 29 жніўня 1959 году, праз тыдзень пасьля нашага шлюбу. У Мадрыдзе ад сьнежня 1958 году Янка вёў разам з сваім сябрам Віцем Сянькевічам штодзённыя беларускія радыёперадачы Гішпанскага нацыянальнага радыё. Уяўляю сабе, што ня лёгка было Янку пакінуць Віцю аднаго, каб ехаць жаніцца ў Парыж, бо нават удваіх працавалі яны ад ранічкі да вечару — рыхтавалі штодня пятнаццаціхвілінную перадачу. І таму Янка моцна сьпяшаўся назад у Мадрыд. Гэта мне абсалютна не перашкаджала, бо і я была захопленая, што мы мелі беларускія радыёперадачы з Мадрыду, і яны адразу сталіся й для мяне найважнейшай падзеяй нашага супольнага жыцьця. Янку спатрэбілася паўтара году, каб здабыць хвалі. Ягонаму, Віцеваму і майму шчасьцю не было канца, калі нарэшце 8 сьнежня 1958 году беларуская мова прагучала першы раз на гішпанскіх хвалях.

Сем наступных гадоў, да 31 траўня 1965 году, мы толькі для іх і жылі. Да канца свайго жыцьця Янка ўважаў, што беларускія радыёперадачы з Мадрыду былі найважнейшым ягоным жыцьцёвым дасягненьнем. Што да Віці Сянькевіча — пазьней слухачы Радыё Свабода будуць ведаць яго як Язэпа Барэйку.

На апошнім паверсе сьпякоты

Мадрыд мне выдаўся надзвычай прыгожым і цікавым горадам. Незадоўга перад нашым шлюбам Янка наняў маленькае памяшканьне на шостым, апошнім паверсе, на вулічцы Санта Крус дэ Марсэнада — недалёка ад студэнцкай рэзыдэнцыі, дзе ён раней жыў. Адтуль было дзясятак хвілін пешкі да пляцу Гішпаніі і галоўнай мадрыдзкай вуліцы Гран Вія, недалёка пачынаўся стары горад. Але найбольш мне падабаліся тады шырокія бульвары, засаджаныя дрэвамі, дзе так цудоўна было прайсьціся зь Янкам увечары.

Жылі мы на апошнім паверсе, і сонца пякло нам у столь. Днём гарачыня была чамусьці зносная — мо таму, што паветра было вельмі сухое. Бялізна высыхала на вяроўцы між вокнамі за пяць хвілін. Затое ўначы гарачыня не давала спаць. Не было ў нас тады і халадзільніка. Мелі толькі лядоўку, якую трэба было штодня ладаваць лёдам, каб захаваць у сьпякоце неабходныя прадукты.

Начныя вартаўнікі

Шмат рэчаў мяне вельмі прыемна зьдзівілі ў Мадрыдзе. Прыкладам, млячарні з жывымі каровамі, у цэнтры гораду. Думаю, што гэта быў найлепшы спосаб мець сьвежае малако. Праўда, хутка пасьля майго прыезду пачалі іх зачыняць — магчыма, сталі больш даступнымі халадзільнікі. Таксама мяне моцна забаўляла прысутнасьць у кожным квартале вартаўніка, галоўная функцыя якога была — адчыняць жыхарам ноччу дзьверы. Трэба было папляскаць у далоні, і вартаўнiк за пару хвілін аднекуль зьяўляўся з ключамі… Цяпер іх таксама ўжо няма.

Нашыя сябры і сяброўкі

У Мадрыдзе апрача Віці Сянькевіча, якога ведала з 1951 году, я мела яшчэ адну добрую сяброўку, Росу-Марыю, зь якою я пазнаёмілася на год раней у Англіі. Праз два гады яна стала хроснай мамай нашае першае дачушкі. Але таму, што яна гаварыла са мною па-ангельску, а ў нашай хаце размаўлялі толькі па-беларуску, мне спатрэбілася болей за два гады, каб навучыцца па-гішпанску.

Сябры Янкі, зь якімі ён жыў падчас заняткаў у мадрыдзкім унівэрсытэце Камплютэнсэ ў супольнай рэзыдэнцыі для студэнтаў з-за «жалезнай заслоны», гаварылі звычайна зразумелымі мне мовамі. Толькі пазьней, калі Віця пазнаёміў нас з адным сваім калегам з унівэрсытэту, вэнэсуэльцам, прыйшлося рабіць высілкі, каб яго зразумець. Ён, між іншым, навучыў нас рабіць цудоўны рыс з рыбай з кансэрваў, які гадамі быў нашым галоўным прысмакам, а то нават і «куцьцёй» на Каляды — бо ж для сапраўднай куцьці ў Мадрыдзе не было ані кашы, ані маку. Да таго ж і Янка і я чуліся даволі разгубленымі ў кухні.

Люіс (так называўся наш новы сябра) быў з багатай сям’і і мог сабе дазволіць часта хадзіць у тэатар і на канцэрты. А паколькі любіў кампанію, дзякуючы яму (бо самі на гэта абсалютна ня мелі сродкаў) мы пазнаёміліся з гішпанскай сарсуэляй. Запрашаў Люіс нас вельмі часта. На жаль, сарсуэля пачыналася пасьля вячэры аб адзінаццатай вечару, а пасьля сарсуэлі быў звычай заходзіць выпіць нечага прахалоднага ў бары каля тэатру (запрашаў таксама Люіс), так што дадому вярталіся дзесь каля трэцяй ночы. Дзеля працы на радыё нам хутка прыйшлося адмовіцца ад гэтае прыемнасьці.

Мы чакаем паштальёна

Самі мы лішніх грошай ня мелі. Калі Янка рабіў захады, каб наладзіць беларускія радыёперадачы, гішпанцы паабяцалі даць толькі тэхніку. Супрацоўнікам не плацілі. На просьбу прэзыдэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка ўтрымоўваць працаўнікоў узялася беларуская дыяспара. Ведаючы, як цяжка прыходзілася зарабляць грошы новым эмігрантам, жылі мы за мінімум.

Але з-за пошты і, магчыма, неразуменьня нашымі людзьмі поўнай нашай залежнасьці ад прысланага імі невялікага чэку, гэты мінімумне заўсёды прыходзіў своечасова.

Памятаю, як часта мы не маглі дачакацца паштальёна, бо не было за што купіць хлеба. Але й гэта нам здавалася другарадным. Як кажуць, мора было па калена. Ды неяк давалі сабе рады. Калі надышла зіма ды зрабілася холадна (у Мадрыдзе зіма халодная з-за вятроў, якія часта веюць з гораў), я кожны тыдзень купляла клубочак воўны і неўзабаве зьвязала Янку на Каляды прыгожы цёплы швэдар. Мне мама пашыла паліто ў Парыжы. Бацькі таксама падкідалі час ад часу пару франкаў, хоць таксама заўсёды жылі сьціпла.

За дзесяць гадў, якія мы правялі зь Янкам у Мадрыдзе, перажылі мы нямала і цяжкіх момантаў. Найгоршы год быў, магчыма, 1965-ты, калі гішпанцы, пасьля дамовы з Савецкім Саюзам, закрылі шаснаццаць радыёперадачаў, у тым ліку і беларускую. Але пра гэта неяк ня думаецца. У памяці засталіся толькі найшчасьлівейшыя, найпрыгажэйшыя моманты нашага сямейнага жыцьця.