2383 выхады ў этэр. — Дзесяць гадоў ГУЛАГу за спазьненьне. — Вяшчаньне пачынаецца з «Пагоні». — «Вызваленьне ёсьць справай непазьбежнай...» — Нараджэньне Гані і Паўлінкі

2383 выхады ў этэр

Між 8 сьнежня 1958 году і 31 траўня 1965 году Гішпанскае нацыянальнае радыё перадавала штодзённыя беларускія радыёперадачы, скіраваныя на Беларусь. Былі гэта праграмы цалкам незалежныя, бесцэнзурныя. Гішпанцы лічылі, што ніхто так добра ня ведае, што хочуць беларусы пачуць, як самі беларусы. Адзінае, чаго вымагалі штодзённа, гэта некалькі радкоў справаздачы пра нашу праграму дня. За шэсьць з паловай гадоў існаваньня беларускіх радыёперадачаў Гішпанскага нацыянальнага радыё прагучалі 2383 штодзённыя праграмы.

Вёў радыёперадачы з Мадрыду мой муж Янка Сурвіла. Я яму дапамагала, калі яго найлепшы супрацоўнік і прыяцель Віця Сянькевіч, зь якім ён пачынаў, выехаў з Мадрыду ў 1961 годзе.

Перадачы Янка ўважаў найбольшым дасягненьнем свайго жыцьця. На само здабыцьцё іх спатрэбілася паўтара году стараньняў — праўда, пры супрацоўніцтве і падтрымцы органаў Рады БНР, якія забавязаліся ўтрымоўваць неабходных працаўнікоў радыёперадачаў. Гішпанцы далі нам тэхнічныя магчымасьці з умовай, што беларускае грамадзтва возьме на сябе ўтрыманьне працаўнікоў. На такіх умовах вяліся радыёперадачы з Мадрыду і для бальшыні іншых краінаў.

Дзесяць гадоў ГУЛАГу за спазьненьне

Ці даходзілі нашыя праграмы да слухачоў у Беларусь? Дасюль дакладна ня ведаю. Ведаю толькі, што даходзілі мадрыдзкія праграмы ў Польшчу і ў балтыйскія краіны. Жывучы яшчэ ў Парыжы, слухала іх сама кожны дзень, пакуль не пачыналі грымець глушыльныя машыны. Было іх, здаецца, аж сем… Але нешта заўсёды можна было пачуць. Гэта было пацьверджана шмат пазьней у кнізе амэрыканца, які правёў нейкі час у савецкім ГУЛАГу ў Сібіры. Eн там пазнаёміўся зь дзяўчынай, беларускай, якую засудзілі на дзесяцігадовую ссылку, таму што на некалькі хвілін запозьнілася з глушэньнем у Менску беларускіх радыёперадачаў з Мадрыду. Тут зазначу, што спазьніцца было лёгка, бо гішпанцы ніколі не былі пунктуальныя й неаднойчы ўключалі радыёперадачу крышку зарана або запозна…

Вяшчаньне пачынаецца з «Пагоні»

За гэтыя шэсьць з паловай гадоў нам трэба было падрыхтаваць штодня спачатку пятнаццаціхвілінную, а пасьля — ад 21 ліпеня 1960 году — дваццаціхвілінную радыёперадачу, якая перадавалася два разы кожны дзень. Не было тады ні кампутараў, ні факсаў, ні ксэраксаў. Мелі ў хаце дзьве прылады — друкарку і радыё, на якім правяралі, як чуваць перадачы.

Раніцай Янка а восьмай гадзіне ехаў на радыё па дэпэшы. Вярнуўшыся, дыктаваў паводле іх навіны дня, якія займалі прыблізна чацьвертую частку радыёперадачы, і пісаў або проста дыктаваў камэнтар на міжнародныя падзеі.

Я ў гэтым часе ўжо пачынала перапіcваць знойдзены ім або напісаны галоўны артыкул ці гутарку на беларускую тэму. Усяго, апрача першай і апошняй бачынак з прывітаньнем і разьвітаньнем на фоне «Пагоні», трэба было надрукаваць шэсьць з паловай бачынак машынапісу. Гэта займала аж да паўпятай гадзіны па абедзе, а тады ўжо не было іншага выйсьця, як бегчы па таксоўку і імчацца на радыё чытаць праграму.

Так кожнага дня, аж пакуль не прыдумалі рыхтаваць і начытваць наперад нядзельную праграму і, такім чынам, мець адзін дзень адпачынку на тыдзень. Адпачынку, праўда, адноснага — бо трэба было думаць пра перадачу наступнага дня.

«Вызваленьне ёсьць справай непазьбежнай...»

У справаздачы, напісанай у 1964 годзе, Янка Сурвіла гэтак пісаў пра зьмест беларускіх радыёперадачаў з Мадрыду: «Матэрыялы на беларускія тэмы ахоплівалі разнаякую тэматыку — палітычную, сацыяльную, эканамічную, гістарычную. У меру магчымасьці адзначаліся ўсе важнейшыя падзеі ў нашай гісторыі, асабліва ў гісторыі нашага нацыянальна-вызвольнага руху, прыпаміналіся імёны нашых выдатных людзей і іхная дзейнасьць, шмат увагі прызначалася беларусам, якія сталіся ахвярамі расейска-бальшавіцкага акупацыйнага рэжыму і злачыннай палітыкі гэтага рэжыму на нашай Бацькаўшчыне. Гаварылася аб нашых мэтах — аднаўленьні беларускай незалежнай і сувэрэннай дзяржавы, выказваючы надзею і перакананьне, што вызваленьне нашай Бацькаўшчыны ёсьць справай непазьбежнай. Перадавалі таксама інфармацыі аб жыцьці і дзейнасьці нашых суродзічаў, беларускіх арганізацыяў і інстытуцыяў у вольным сьвеце.

Нашыя нацыянальныя справы і праблемы мы трактавалі безь ніякіх абмежаваньняў, як бы гэта рабілі будучы ў сябе дома». Думаю, што маглі мы гэта ўсё рабіць таму, што энтузіязму нашаму не было канца, і таму, што абодва бясконца цанілі кожны момант нашага супольнага жыцьця і нашай супольнай працы.

Нараджэньне Гані і Паўлінкі

Матэрыяльна жыцьцё ў Мадрыдзе было цяжкім. Жылі мы за мінімум, на мяжы беднасьці. Я пачала даваць прыватныя лекцыі францускай і ангельскай моваў, каб купіць тоесёе неабходнае, але часу на гэта не было шмат.

Два разы за гэты час былі мы зь Янкам у Таледа, раз у Сэговіі, некалькі разоў наведалі Эскарыяль. Якія гэта і дасюль цудоўныя ўспаміны! Рэшту Гішпаніі пабачылі ўжо шмат пазьней, пасьля закрыцьця беларускіх радыёпера-дачаў. А поўдзень упершыню пабачылі ў 1982 годзе, турыстамі з Канады. Затое Мадрыд вельмі добра ведалі й моцна любілі. Мелі шмат добрых сяброў, якія засталіся дасюль блізкімі. Дзякуючы ім змаглі выжыць пасьля закрыцьця радыёпраграмы, аж пакуль не знайшлі новую працу — я выкладчыцай францускай мовы ў Францускім інстытуце ў Мадрыдзе, а Янка журналіcтам на Гішпанскім радыё.

Пражылі мы яшчэ пяць гадоў у Гішпаніі да выезду ў Канаду. У Мадрыдзе нарадзіліся нашыя дочкі Ганя і Паўлінка, з часам жыцьцё сталася нармальным. Пачалі кожны год езьдзіць у Францыю да бацькоў на цэлы месяц, а пасьля яшчэ на тыдзень да мора. Заўсёды буду памятаць і шанаваць Гішпанію як шчодрую краіну, якая дазволіла Янку скончыць навуку, а пасьля дала нам магчымасьць працаваць для бацькаўшчыны, і ўсё гэта — не спадзеючыся ад нас нічога ўзамен.