Уладкоўваюся перакладчыцай. — Радасьць бачыць суродзічаў. — Знаёмім зь беларускай культурай. — У Этнакультурнай радзе. — Абраза накладам 400 тысяч. — Наш сьцяг перад парлямэнтам
Уладкоўваюся перакладчыцай
У сталіцу Канады Атаву мы з мужам і дзеткамі прыехалі з Гішпаніі на Каляды 1969 году. Да нашага прыезду беларускага асяродку ў Атаве не было.
Сталіца Канады Атава — невялікі горад між Манрэалем і Таронта, дзе месьціцца бальшыня фэдэральных урадавых установаў краіны. Прыехалі мы сюды, прачытаўшы ў францускай газэце «Лё Монд» абвестку аб патрэбе ў канадзкай адміністрацыі перакладчыкаў з ангельскай на францускую мову. Веды, якіх патрабавалі ад кандыдатаў, я мела, і падалося нам, што было б цікава зьведаць гэтую далёкую краіну. Дык вось, падала на экзамэн, у канадзкай амбасадзе ў Мадрыдзе здала яго, і 10 сьнежня прыляцелі ў Атаву. Назаўтра, 11 сьнежня, я ўжо пачала працаваць на новым месцы.
Радасьць бачыць суродзічаў
У той час найбольш актыўная беларуская грамада жыла ў Таронта. У Манрэалі было таксама шмат беларусаў, але там ужо было неяк заціхла беларускае жыцьцё, перадусім пасьля выезду ў Злучаныя Штаты некаторых павадыроў манрэальскага беларускага асяродку. У Вініпэгу таксама была даволі актыўная група аж да пачатку васьмідзясятых гадоў. Былі меншыя асяродкі ў Садбэры, якія арганізацыйна належалі да Таронта.
Першыя беларусы, якіх мы спаткалі ў Канадзе, былі Акулы і Грыцукі, якія прыехалі нас адведаць перад тым, як мы займелі аўтамабіль. Алесь і Вольга Грыцукі жылі з малой дачушкай у Кінгстане, толькі дзьве гадзіны дарогі адАтавы, дзе спадар Алесь працаваў бібліятэкарам у Кўінскім унівэрсытэце. Мы хутка зь імі пасябравалі й часта бачыліся. Кастуся Акулу мы зноў пабачылі толькі на пачатку 1971 году, калі першы раз паехалі ў Таронта.
Пасьля доўгіх гадоў у Мадрыдзе, дзе іншых беларусаў не было, адчувалі вялікае шчасьце ад сустрэчаў з суродзічамі, і кожная нагода была добрая, каб ехаць у доўгую дарогу. З Атавы ў Таронта ў тым часе трэба было ехаць ледзь ня шэсьць гадзін летам, калі была сухая дарога.
Нягледзячы на гэта, у 1972 годзе езьдзілі мы туды аж дванаццаць разоў.
У Таронта беларуская грамада мае дзьве царквы: Сьвятога Кірылы Тураўскага і Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Дамы для гэтых рэлігійна-грамадзкіх цэнтраў былі набытыя нашай эміграцыяй яшчэ ў пяцідзясятыя гады, на супольныя ахвяраваньні. Там адзначалi беларускія нацыянальныя сьвяты ды ўгодкі падзеяў з гісторыі Беларусі й з жыцьця слаўных беларусаў. Затое менш зьвярталася ўвагі на міжэтнічнае жыцьцё ў Канадзе. Праўда, восем гадоў, між 1970 і 1978 годам, моладзь брала ўдзел у міжнародным фэстывалі «Караван» — і з гэтае нагоды дзясяткі тысяч канадцаў адведалі наш рэлігійна-грамадзкі цэнтар на вуліцы
Сэнт-Клярэнс у Таронта, але звычайна арганізоўваліся імпрэзы для сваіх людзей. Найважнейшым заданьнем лічылі захаваньне беларускай мовы, культуры і сьвядомасьці ў Канадзе.
Знаёмім зь беларускай культурай
У Атаве адразу паўстала магчымасьць выканаць іншае даручэньне статуту Згуртаваньня Беларусаў Канады — знаёміць Канаду зь Беларусьсю і нашымі нацыянальнымі імкненьнямі.
Першай паважнай імпрэзай, якую мы арганізавалі пасьля майго абраньня ў 1974 годзе на старшынёўства Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе, стаў Беларускі тыдзень студыяў, прысьвечаны беларускай прысутнасьці ў Паўночнай Амэрыцы. Ён прайшоў у 1975 годзе ў Атаўскім унівэрсытэце. Змаглі гэта зрабіць дзякуючы вельмі добрым сябрам у Славянскім аддзеле, а таксама знаёмству з канадзкімі ўрадавымі структурамі, дзякуючы якому навязалі супрацоўніцтва Аддзелу шматкультур’я канадзкага ўраду і Канадзкага музэю чалавека. Праўда, арганізацыя такой падзеі заняла шэсьць месяцаў. Аб’ехалі мы тады шмат беларускіх асяродкаў у Злучаных Штатах і Канадзе, каб сабраць дастаткова твораў народнага мастацтва на прафэсійна арганізаваную музэем выставу, якая адбылася ва ўнівэрсытэце ў рамках нашага Тыдня студыяў. Шмат высілкаў спатрэбілася, каб здабыць на ўсё гэта сродкі, зацікавіць журналістаў і дакладчыкаў ды арганізаваць супольна з унівэрсытэтам вечар у гонар Натальлі Арсеньневай і канфэрэнцыю, у якой бралі ўдзел найвыдатнейшыя навукоўцы беларускай дыяспары Паўночнай Амэрыкі і некалькі вядомых украінскіх беларусістаў.
Былі доктар Тумаш, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Антон Адамовіч. Быў даклад Стася Станкевіча (хаця дзеля стану здароўя сам ён не прыехаў), гучаў даклад украінскага паэта Славутыча. Усяго дванаццаць дакладаў. Задавальненьне было вялізарнае. Пасьля гэтага не было тыдня, каб ня трэба было ісьці мужу або мне на міжэтнічныя паседжаньні ці імпрэзы, у арганізацыі якіх часта бралі ўдзел. Янка звычайна займаўся палітычнай дзейнасьцю зь іншымі этнічнымі групамі а я брала ўдзел у шматкультурным жыцьці і ў cувязях у галіне культуры.
У Этнакультурнай радзе
У канцы 1975 году запрасілі мяне ў арганізацыйны камітэт Шматкультурнай канфэрэнцыі жанчын Атавы, дзе я мела нагоду пазнаёміцца з шматлікімі групамі канадзкай сталіцы. Мы сталіся часткай усяго, што рабілі культурныя групы. У 1979 годзе адбыўся тут першы фэстываль «Бацькаўшчыны», у якім мы занялі вельмі пачэснае месца і бралі ўдзел аж да 1989 году, калі заняліся арганізацыяй Канадзкага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі.
У 1984 годзе мяне выбралі ва ўправу Канадзкай этнакультурнай рады. У яе ўваходзілі больш за трыццаць галоўных этнічных групаў Канады, якія прадстаўлялі траціну насельніцтва Канады. Спачатку я там была звычайным сябрам, прадстаўляючы беларускую грамаду ў Канадзе, а пазьней мяне выбралі сябрам управы й сябрам канстытуцыйнага камітэту.
Я была тады адзіным сябрам управы, хто добра ведаў францускую мову, таму прыходзілася часта прадстаўляць раду на спатканьнях з ка- надзкім урадам і парлямэнтам.
Недзе ў тым жа часе дачку Паўлінку выбралі старшынёй моладзі Канадзкай этнакультурнай рады. Дачка Ганя была ў 1979—1980 гадах наймаладзейшым сябрам дарадчай рады міністра, які адказваў за палітыку шматкультур’я. Прэм’ер-міністар сам запрасіў яе ў раду, калі пачуў Ганін выступ на канфэрэнцыі моладзі, дзе яна прадстаўляла беларусаў. Усюды мы стараліся, каб пра беларускую прысутнасьць у Канадзе і наагул пра Беларусь ведалі канадцы і іншыя групы.
Абраза накладам 400 тысяч
У тым часе Янка актыўна працаваў у Радзе паняволеных народаў, дзе бараніў палітычныя інтарэсы беларускага народу. Тады якраз канадзкі ўрад выдаў накладам 400 тысяч асобнікаў мапу афіцыйных моваў сьвету і адзінай афіцыйнай мовай усяго Савецкага Саюзу назваў расейскую. Гэта прадстаўнікі паняволеных народаў — так называлі народы СССР і камуністычнага лягеру — успрынялі як абразу. Пачалі захады, каб выправіць такую недарэчнасьць. І ўрэшце дамагліся, каб мапу перавыдалі. Дзякуючы прысутнасьці Янкі беларуская мова была ўключаная ў сьпіс афіцыйных моваў сьвету.
У канцы васьмідзясятых гадоў я таксама даказала канадзкаму прадстаўніку ў Міжнароднай арганізацыі нормаў, што беларуская мова не называецца па-беларуску «белорусским языком», як там было сказана. Такім чынам, памылка была папраўленая ў публікацыях Міжнароднай арганізацыі нормаў на просьбу не БССР, а Канады.
Наш сьцяг перад парлямэнтам
Для нас гэта былі вялікія перамогі, бо праз усе гэтыя гады трэба было на кожным кроку змагацца, каб вярнуць Беларусь на мапу сьвету. Савецкі Менск гэтым абсалютна не цікавіўся, а Масква хавала ад сьвету, што мы наагул існуем. Разам з прадстаўнікамі іншых паняволеных народаў беларусы бралі ўдзел у дэманстрацыях, менавіта ў так званы «Дзень чорнай стужкі» (угодкаў дамовы Рыбэнтропа з Молатавым), і наш бел-чырвона-белы сьцяг узьнімаўся між іншымі сьцягамі на плошчы перад канадзкім парлямэнтам.
Не было такой магчымасьці інфармаваць пра Беларусь, якой мы не стараліся скарыстаць.