Месца ягонага дзяцінства. — Партызаны паляць школу. — Бэрлін, лягер, завод. — Рэдагаваньне бюлетэню. — Магістрат і дактарат. — На Гішпанскім радыё. — Быў адданы сям’і і Беларусі

Месца ягонага дзяцінства

Едучы ў Беларусь на канфэрэнцыю «Сьвет пасьля Чарнобылю» ў красавіку 1992 году, я моцна хацела пабачыць пасёлак Мель каля Жодзішкаў, дзе Янка правёў найлепшыя гады свайго дзяцінства.

Часта ўспамінаў ён той час. Успамінаў пра шырокую Вяльлю, над якой стаяла хата яго дзядоў, пра вялізарны дуб пры ўезьдзе, пра сасновы лес вакол пасёлку, дзе дрэвы былі такія высокія, што толькі ў гішпанскай сіеры бачыў падобныя. Расказваў пра лядоўку, дзе лёд ляжаў усё лета, пра лазьню. Казаў, якая цудоўная была сям’я ягоных дзядоў, як дзядзькі, усе высокія і моцныя, гуляючы з малым, кідалі яго, як мячык, над вадой. Гэта адзін зь іх, дзядзька Эдвард, навучыў яго чытаць на памяць паэму Купалы «Курган», калі было яму толькі чатыры годзікі. Янка яе памятаў праз усё жыцьцё і часам дэклямаваў.

Калі ў 1992 годзе мы ехалі з братам Лявонам і сябрамі ў Вільню, я спыталася, ці не было б вялікім кругам заехаць у Мель. Ніхто ня ведаў, дзе той Мель, але згадзіліся паехаць праз Смаргонь, дзе Янка хадзіў у школу, і праз Жодзішкі. І вось так я наведала рай Янкавага дзяцінства й мела вялікую радасьць пабачыць і пачуць таго самага дзядзьку Эдварда. Яму было 92 гады, і ён яшчэ мог на памяць прадэклямаваць «Курган». Пабачыла таксама, дзе Янка гуляў, дзе рос, дзе хадзіў у школу і дзе вучыў яшчэ пару дзён перад тым, як лёс яго закінуў на чужыну.

Партызаны паляць школу

Перад выездам зь Беларусі, калі было яму толькі васямнаццаць гадоў, ён скончыў настаўніцкія курсы ў Войстаме і быў прызначаны на кіраўніка беларускае пачатковае школы ў Данюшаве. У першых днях кастрычніка 1943 году гэтая школа была спаленая партызанамі, якія змагаліся тады перадусім супраць усялякіх праяваў беларушчыны, у тым ліку й беларускага школьніцтва. Пад пагрозай ліквідацыі Янка сам мусіў уцякаць.

Бэрлін, лягер, завод

У лістападзе 1943 году выехаў да ваеннапа-лоннага дзядзькі, які працаваў у баўэра ў Нямеччыне. У Бэрліне старшыня Беларускага камітэту самапомачы Мікола Абрамчык узяў яго на працу, а празь месяц яго выбралі на сакратара гэтага камітэту. Там ён працаваў да канца вайны. Два наступныя гады ён правёў у лягерах для ўцекачоў у Заходняй Нямеччыне.

У беларускім лягеры Ватэнштэце Янка арганізаваў Беларускі дапамаговы камітэт, быў выбраны яго старшынём і, з пачаткам 1946 году, пачаў выдаваць беларускі грамадзка палітычны часопіс «Шляхам жыцьця». У 1947 годзе заклаў прыватнае выдавецтва, першым выданьнем якога была брашура пра Беларусь па-ангельску.

Калі пачаўся працэс эміграцыі ў краіны сталага пасяленьня, Янка выбраў Францыю, дзе яму паабяцалі, што будзе магчымасьць прадаўжаць навуку. Дзеля гэтага ён мусіў падпісаць аднагадовы кантракт на працу на мэталюргічным заводзе ў Лёнгві — сталёўні, як ёняго называў, — ва ўсходняй Францыі.

Рэдагаваньне бюлетэню

Я першы раз пабачыла Янку, калі ён, падчас таго году працы, прыехаў у Парыж на Ўсясьветны зьезд беларускай эміграцыі. Было гэта ўвосень 1948 году. Яму было дваццаць тры гады, і быў ён ужо ведамым беларускім дзеячам, а з 1947 году — сябрам Рады БНР. Там яго выбралі сакратаром Управы створанага тады Ўсясьветнага аб’яднаньня беларускай эміграцыі і рэфэрэнтам прэсы й інфармацыі гэтага ж аб’яднаньня. З таго часу ён выдаваў «Інфармацыйны бюлетэнь Усясьветнага аб’яднаньня беларускае эміграцыі». Адначасна вывучаў францускую мову і літаратуру ў Інстытуце францускай мовы пры міністэрстве замежных справаў. Каб зарабіць на пражыцьцё, працаваў на фабрыцы вульканізацыі шынаў.

Магістрат і дактарат

У 1951 годзе, з дапамогай айца Льва Гарошкі, атрымаў стыпэндыю ад унівэрсытэцкай Каталіцкай дапаможнай арганізацыі ў Гішпаніі і змог нарэшце здабыць вышэйшую адукацыю. Выбраў эканоміку, бо ўважаў, што гэтая галіна найболей спатрэбіцца нашаму краю, калі ён вызваліцца ад савецкага паняволеньня. Вучыўся Янка выдатна, хоць, прыехаўшы ў Гішпанію, ня ведаў ні слова па-гішпанску. Першыя экзамэны пісаў па-француску. Атрымаў ступень магістра палітычных і эканамічных навук 29 верасьня 1956 году й адразу ўзяўся за працу над дактаратам на тэму «НЭП у Беларусі». Праз гады навукі ў Мадрыдзе ўвесь час нешта рабіў, каб пазнаёміць Гішпанію зь Беларусьсю і беларускай праблематыкай.

Супрацоўнічаў з Цэнтрам усходніх навук, дзе вёў Беларускую сэкцыю і быў сябрам рэдкалегіі квартальніка «Orіente Europeo», чытаў даклады пра Беларусь у розных гарадах Гішпаніі, браў удзел і чытаў даклады на Тыднях студыяў беларускага акадэмічнага аб’яднаньня «Рунь».

На Гішпанскім радыё

Ад 1952-га кожны год 25 сакавіка перадаваў на Беларусь радыёперадачу праз Гішпанскае нацыянальнае радыё.

У сьнежні 1958 году, пасьля паўтара году стараньняў, перарываючы працу над дактаратам, пачаў зь сябрам Віцем Сянькевічам штодзённыя беларускія радыёперадачы на Беларусь. Калі ў 1965 годзе пасьля дагавору з Савецкім Саюзам гішпанцы закрылі перадачы для паняволеных краінаў, Янка яшчэ працаваў пару гадоў рэдактарам і перакладчыкам навуковых і культурных паведамленьняў на Гішпанскім радыё. У 1969 годзе мы пераехалі ў Канаду.

У Канадзе Янка працаваў эканамістам і, аж да свае сьмерці, у 1997 годзе, браў удзел у беларускім жыцьці.

Быў адданы сям’і і Беларусі

Янка таксама быў цудоўным мужам і бацькам. Памятаю, як гадавалі мы нашых дзяўчатак, абое іх калыхалі, абое мылі пялюшкі. Разам вазілі іх да лекара, пераймаліся іхнымі прастудамі. Памятаю, калі Паўлінка моцна захварэла, дык у Янкі за тыдзень сьсівела барада.

Ад таго моманту, калі я ў Парыжы ўпершыню сустрэлася зь Янкам Сурвілам, заўсёды была захопленая ягонымі здольнасьцямі, пачуцьцёмгоднасьці, бясконцай адданасьцю бацькаўшчыне. Удзячная лёсу за тыя трыццаць сем гадоў, якія нам было дадзена пражыць разам.