Вяртаньне праз сорак восем гадоў. — Быкаў, Пазьняк, Канапля, Шушкевіч. — Мастакі. — Старажытныя мясьціны. — Дзедава хата. — Віленшчына

Вяртаньне праз сорак восем гадоў

Хацела б падзяліцца ўспамінамі пра адну з найбольш шчасьлівых падзеяў жыцьця — маё першае падарожжа на бацькаўшчыну ў 1992 годзе. Вярнуўшыся, я шмат пра гэта пісала. Захаваліся нататкі ўражаньняў, запісаныя, калі былі яны яшчэ зусім сьвежыя.

Было гэта 10 красавіка. Самалёт ужо далятаў да Менску, калі я нарэшце паверыла, што сапраўды неўзабаве прызямлюся ў Беларусі. Старалася ўявіць, што пабачу. Прыпомнілася раніца, калі сорак восем гадоў таму ў Баранавічах зрушыў зь месца таварны цягнік, у якім мае бацькі, з трыма малымі дзецьмі, выбраліся ў невядомы сьвет. Прыпомніла цёцю

Ганку ў белай хустачцы, якая з плачам бегла за цягніком. Згадвала таксама цудоўныя гады дзяцінства ў Засульлі. Я ўспомніла сваю бабулю Вольгу, з роду Пахомаў зь Негарэлага, яна была моднай краўчыхай. Успомніла дзеда Аляксандра Шыманца, які, лежачы на печы, расказваў унукам казкі. Прыпомніліся сьпеў пеўня раніцою, цёплыя прамені ўзыходзячага сонца ў яблынях перад акном, аладкі зь сьмятанай на сьнеданьне, рэч- ка за лугам, дзе з братам «плавалі» ў таты на плячах, млын крышку далей, направа, драўляная царква з званіцай, якую тата маляваў шмат пазьней у Парыжы. Памятаю ўсё гэта ў колерах. Тады я яшчэ ня ведала, што такое бомбы, пажары, страх і вечная туга па бацькаўшчыне. Вяртаючыся ў Беларусь, крыху праймаюся. А што калі не знайду мае Беларусі, калі яна так зьмянілася, што не пазнаю?

Быкаў, Пазьняк, Канапля, Шушкевіч

Мая паездка зьвязаная з кангрэсам «Сьвет пасьля Чарнобылю», на які мяне запрасілі ў якасьці старшыні Канадзкага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Плянуючы падарожжа, я вырашыла выехаць крыху раней ды яшчэ застацца пару дзён пасьля кангрэсу, каб тое-сёе пабачыць. У той момант я яшчэ ня ведала, што спаткаю столькі цудоўных людзей, якія зробяць з гэтага майго першага візыту на бацькаўшчыну адну з найбольш цікавых і прыемных падзеяў жыцьця.

Кангрэс адбыўся ў Менску ад 13 да 17 красавіка 1992 году. Мэтай яго было прыцягнуць увагу ўсясьветнага грамадзтва да трагічнага лёсу Беларусі праз шэсьць гадоў пасьля ядзернай катастрофы ў Чарнобылі. Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне дапамогі ахвярам Чарнобылю было тэмай шматлікіх выступленьняў.

Прысутнасьць такіх выдатных людзей, як Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, акадэмік Яўген Канапля, сьведчыла пра важнасьць падзеі.Удзельнікі кангрэсу маглі наведаць дзіцячыя шпіталі ў Менску, адбылося спатканьне з старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам, былі падарожжы ў найбольш забруджаныя раёны Беларусі. Гэта дазваляла дэлегатам атрымаць непасрэдную інфармацыю пра патрэбы людзей, пацярпелых ад чарнобыльскае бяды. Адно толькі расчаравала: на маё вялікае зьдзіўленьне, на кангрэсе амаль цалкам адсутнічала беларуская мова, і мне прыйшлося ў сталіцы Беларусі слухаць даклады беларускіх навукоўцаў у перакладзе на ангельскую.

За дванаццаць дзён у Менску адведала таксама Сойм БНФ, Беларускі гуманітарны ліцэй, два музэі. Была двойчы на канцэртах вучняў Ларысы Сімаковіч, якія расчулілі мяне да сьлёз, і спаткала сотні цікавых і цудоўных людзей.

Мастакі

Асабліва было цікава пазнаёміцца ў Менску зь беларускімі мастакамі, калегамі па пэндзлі. Лёс мастака на эміграцыі ня лёгкі. Не знаходзіць ён ані зразуменьня, ані падтрымкі ў асяродзьдзі, у якім жыве. Вялікую прыемнасьць мне зрабіў мастак, які заўважыў, што мае гравюры па характары беларускія. У майстэрнях маіх новых і так мілых сяброў адчувала сябе як у роднай сям’і. Гаварылі мы той самай мовай, захапляліся тымі самымі ідэямі і, як выявілася, гадамі жылі тымі самымі надзеямі.

Старажытныя мясьціны

Апрача Менску наведала я падчас гэтага падарожжа Заслаўе, Стаўпеччыну, Ашмяншчыну, цудоўную Вільню. Была ў Міры, у Баранавічах, у Смаргоні, у Жодзішках. Бачыла Нёман, Вяльлю ды столькі прыгожых краявідаў мілых беларускіх вёсачак ды сьвятыняў.

Па дарозе ў Заслаўе мне паказалі курганы. Даведалася, што ў Заслаўі і ваколіцах ёсьць больш за тысячу курганоў X—XІІ стагодзьдзяў. З высокіх пагоркаў аднае з найстарэйшых вёсак Заслаўшчыны, Дзехнаўкі, пабачыла першы раз панараму Заслаўя з цудоўнай сьвятыняй, пабудаванай у XVІ стагодзьдзі. Адведала «Замачак», дзе стаяў калісь дом Рагнеды.

Дзедава хата

У Засульлі царквы ўжо не было. Нехта ўзарваў. Месца, дзе яна стаяла, зарасло пустазельлем. Галоўная вуліца яшчэ ўсё небрукаваная. Хатка маіх дзядоў стаіць старэнькая, пафарбаваная ў сіні колер. Калі была новая — такой яе памятаю — была цёмна-жоўтая. Перад хатай, дзе калісь быў сад і поўна кветак, пуста. На плоце заміж збанкоў вісяць шкляныя слоікі. Між Засульлем і Зарэччам, на месцы рачулкі, стаяць цяпер панурыя калгасныя будынкі.

На другім баку вуліцы, дзе былі дзедавы гум- но, хлеў ды сьвіран, цяпер чужыя хаты. Толькі стары склеп пры вуліцы, дзе дзед перахоўваў бульбу, яшчэ тамсама. У гэтым склепе мы хаваліся з мамай, калі немцы праходзілі празь вёску.

Вёска наагул робіць прыемнае ўражаньне. Пры вуліцы вырасла шмат высокіх дрэваў. Хаткі маляўнічыя, хаця збольшага не такія, якімі я іх памятала. Цяпер яны пафарбаваныя ў сіні або зялёны колер. Заміж сенцаў — шкляныя вэранды. Стрэхі шыфэрныя вельмі ж псуюць выгляд. Дзедава хата была калісь пакрытая дранкай. Ня ведаю, ці адчувала сябе дома. Балела сэрца, што ў дзедавай хаце жывуць цяпер чужыя людзі. Але ўсё ж туды мяне зноў цягне. Мо хоць на палатне калісь зьберагу тое, што яшчэ засталося, што прыгожае ды мілае сэрцу.

Віленшчына

18 і 19 красавіка мела шчасьце, дзякуючы ветлівасьці сяброў, пабыць на беларускай Віленшчыне ды ўпершыню наведаць Вільню. Шмат марыла я аб гэтай частцы Беларусі, родным куце майго мужа Янкі. Страшэнна хацелася яе адведаць.

Праехалі мы праз Ашмяны, Жупраны і Вайнідзяняты, праз Гарыдзяняты, Раслу і Асінаўшчыну. Захапляліся Вяльлёй каля Смаргоні, гістарычнымі Жодзішкамі, маляўнічымі вёскамі з прыгожа дагледжанымі хатамі. Людзі, якіх мы спатыкалі, былі ветлівыя і гасьцінныя і ў бальшыні гаварылі па-беларуску. Недалёка ад Жодзішкаў наведалі родную мясьціну дзядоў майго мужа, дзе ён правёў частку дзяцінства.

У Вільні Лявон Луцкевіч правёў нас па ўсіх беларускіх гістарычных мясьцінах. Тата заўсёды казаў, што толькі Парыж можна параўнаць зь Вільняй. На кожным кроку пэрспэктывы, як бы спэцыяльна прыдуманыя і заплянаваныя для мастака — папросту гатовыя кампазыцыі. Маляўнічыя домікі, Вастрабрамская вуліца дасюль выглядае такой, якой тата яе бачыў у пачатку трыццатых гадоў, калі вучыўся ў Вільні ды пазьней маляваў.

Так знайшла я маю Беларусь, мілую мне і дарагую, хаця і зьняможаную даўгалетнімі зьдзекамі, а цяпер Чарнобылем. Але яна жыве. Хочацца верыць, што яна пераадолее ўсе выпрабаваньні, бо растуць і мацнеюць адданыя ёй сыны і дочкі, якія змагаюцца за яе лёс.