Прадмова да гэтых успамінаў прагучала ў этэры 20 траўня 1954 году, у самы першы дзень вяшчаньня Радыё Свабода («Вызваленьне»): «У тапаграфіі кут, мераны ўправа ад магнэтнай поўначы, завецца азымутам. Азымут паказвае нам напрамак простага маршу да мэты. Зьмераны на карце кут досыць добра запамятаць, — пасьля, гледзячы на стрэлку компаса, можна ўдзень і ўночы ісьці проста да мэты».
Акурат пра гэтыя, яшчэ ненапісаныя ўспаміны гаварылася ў той гістарычнай перадачы: «Мы, беларускія эмігранты, маем свой зьмераны і добра запамятаны азымут ад месца нашага прабываньня да нашай мэты — Беларусі. І гэты азымут мы завём азымутам сэрца». Гэтыя ўспаміны мелі на ўвазе іх аўтары, першыя супрацоўнікі «Свабоды», калі тлумачылі: «Залежна ад нашага месца, лічбы азымуту мяняюцца: і так, азымут з Аўстраліі іншы, чым з Англіі, а яшчэ іншы з Канады, але мэта застаецца адна і тая самая — дарагі, родны, паняволены наш край».
Прызнаньне з гэтых успамінаў прагучала на кароткіх хвалях за паўстагодзьдзя да іх напісаньня:
«Вольны, дэмакратычны сьвет прыняў нас наагул добра і даў усе правы вольных і паўнавартасных людзей. Але не асабістага дабрабыту мы тут шукаем, набіваючы ногі па ўсіх дарогах
і бездарожжах чужога сьвету. Мы — як нашыя птушкі ў выраі: гнёздаў ня ўём — павароту чакаем».
Надзея і спадзяваньне гэтых успамінаў заставаліся нязьменныя з моманту першага вяшчаньня: «Дык дай нам, Божа, каб наша слова дайшло да вас цераз усе запоры і барыкады, каб яно, дайшоўшы, знайшло ў вашых сэрцах пажаданы водгук!»
І непарушная заставалася вера: «Хоць ноч і зіма лютуюць над нашым краем, мы верым у вясну і сьветлы дзень». Сёмы старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая ніколі не жыла ў незалежнай Беларусі, нарадзілася пад польскім панаваньнем, перажыла савецкую акупацыю, пакінула радзіму падчас гітлераўскай, але яе дарога заўсёды была вольная, і дарога вяла да Беларусі і была яе Беларусьсю, і цяпер яна запрашае ўсіх з сабой у памятныя мясьціны свайго доўгага падарожжа.
Азымут не памяняўся.
Аляксандар Лукашук,
Радыё Свабода