Падманлівыя ўражаньні. — Чаго не пачуў журналіст. — Дыскрымінацыя не абмінула. — Канадзкае шматкультур’е. — Нас мяшалі і мяшаюць з гразёй. — Быць голасам нашага краю

Падманлівыя ўражаньні

Калі я згадзілася на просьбу дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука напісаць мае «жывыя мэмуары», не ўяўляла сабе, як гэта будзе цяжка. Ня толькі таму, што жыцьцё разнастайнае, а я, як і ў маіх мастацкіх творах, не люблю затрымоўвацца на дрэнных успамінах, тады як лёс даў мне столькі добрага. Калі гавару пра цяжкія ўмовы эмігранцкага жыцьця, дык толькі таму, што з удзячнасьцю прыпамінаю, як мы гэта ўсё перажылі і ўрэшце перамаглі.

Гэта часам робіць уражаньне, што ўсё для нас было лёгкім і бесклапотным у параўнаньні з тым, што перажыў наш народ.

Чаго не пачуў журналіст

Вось адзін прыклад. Два гады таму была ў Даніі, калі дацкае тэлебачаньне якраз рабіла фільм пра паваенных уцекачоў. Знайшоўшы магілу маёй сястрычкі Прадславы, мяне адшукалі й папрасілі, каб расказала пра наш досьвед. І вось праз шэсьць месяцаў я зь зьдзіўленьнем пабачыла ў фільме, якое наша жыцьцё ў Даніі было лёгкае ў параўнаньні з жыцьцём нямецкіх уцекачоў, якія таксама апынуліся ў Даніі пасьля вайны.

Журналіст неяк не пачуў, што ў Даніі я страціла маю сястрычку, а бацькі — дачушку, якую прынесьлі на руках зь Беларусі. Не пачуў таксама, што мой брат Лявон таксама ледзь выжыў, а я моцна хварэла. Не пачуў, што жылі мы двойчы ў тых самых уцякацкіх лягерах, што і немцы, у першым — у стайні, а ў іншых — у адным малым пакойчыку, разам зь іншымі ўцекачамі. Што тату давялося змагацца, каб

Данія не аддала саветам беларускіх уцекачоў, якія паходзілі з Усходняй Беларусі. Што я была адзіным дзіцём у лягеры, якое хадзіла ў дацкую школу. Мой брат, якому не пашчасьціла пасябраваць з добрымі людзьмі ды навучыцца дацкай мовы, хадзіў разам з усімі іншымі дзецьмі, разам і зь нямецкімі, у школу для ўцекачоў. Мой ветлівы дацкі журналіст толькі пачуў, як я моцна палюбіла Данію, і таму вырашыў, што ўцекачоў, якія былі не зь Нямеччыны, Данія прымала як гасьцей.

На шчасьце, сказаў, што я старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні, — і такім спосабам давёў да ведама Даніі, што наш беларускі народ усё яшчэ змагаецца.

Дыскрымінацыя не абмінула

Не хачу таксама, каб склалася ўражаньне, што і ў Канадзе так лёгка знайсьці працу й дасягнуць посьпеху. Усе эмігранты нашага пакаленьня перажылі ў Канадзе вельмі цяжкія першыя гады эмігранцкага жыцьця. Працу рабілі тую, якой не хацелі рабіць канадцы, і часта былі ахвярамі дыскрымінацыі. Шмат тут гаварылася, напрыклад, пра тое, як мы сюды прыехалі ў канцы шасьцідзясятых гадоў, згадаю i пра канадцаў японскага паходжаньня, якія правялі апошнюю вайну ў лягерах у Канадзе толькі таму, што Японія тады была ворагам Канады і Злучаных Штатаў.

Канадзкае шматкультур’е

Канада пачала інакш ставіцца да тых сямі мільёнаў канадцаў паходжаньнем не зь Вялікабрытаніі ды Францыі, а зь іншых краінаў сьвету, калі разумны чалавек, прэм’ер-міністар Канады П’ер Трудо, увёў палітыку шматкультур’я — разам, дарэчы, з палітыкай двухмоўя і, магчыма, дзеля яе…

Шматкультур’е ў Канадзе дазволіла кожнаму эмігранту адчуваць сябе дома, бо ягоная культура раптам сталася такой самай каштоўнай, як і ангельская ці француская. Заміж «катла» ўніфікацыі, якім быў і Савецкі Саюз, хоць зь іншых прычынаў, Канада стала мазаікай больш як сотні розных культурных асяродкаў. Пачалі арганізоўваць фэстывалі, каб пазнаёміць канадцаў з усімі культурамі гэтай краіны, а ў 1982 годзе ажыцьцявілася Грамата правоў, якая па сваім духу падобная да Другой устаўнай граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Што да палітыкі двухмоўя ў Канадзе, дык падобная яна да фінляндзкай. Усюды, дзе пражывае болей за адпаведную колькасьць жыхароў (калі не памыляюся, пяць працэнтаў), для якіх другая афіцыйная мова родная, усе фэдэральныя ўрадавыя ўстановы і законы мусяць быць двухмоўныя й паслугі можна атрымаць на дзьвюх афіцыйных мовах. Правінцыя Квэбэк, дзе я жыву, прызнае, праўда, толькі адну афіцыйную мову — францускую. А гэта таму, што ў ангельскамоўным моры Паўночнай Амэрыкі ёй пагражае зьнікненьне. Каб жа так паважалася ў нашай краіне беларуская мова, небясьпека для якой яшчэ большая!

Нас мяшалі і мяшаюць з гразёй

Я хацела перадусім расказаць пра эмігранцкі лёс. Паваенная хваля эміграцыі была эміграцыяй палітычнай, і таму беларуская афіцыйная прапаганда мяшала яе з гразёй. І робіць гэта аж да сёньняшняга дня. Між тым эміграцыя гэтая жыла і жыве сваёй бясконцай любоўю да бацькаўшчыны і ўсімі даступнымі сродкамі змагаецца за вольную і незалежную Беларусь. Менавіта такая мэта запісаная ў Статуце Рады БНР.

Амаль паўстагодзьдзя жылі мы надзеяй, што вернемся ў гэтую незалежную Беларусь, што будзем браць удзел у яе адраджэньні й адбудове. Перадалі мы нашу любоў да Беларусі і нашым дзецям, якія чуюцца стопрацэнтнымі беларусамі. Так аднойчы заявіла свайму мужу мая дачка Ганна-Прадслава, калі ён сказаў, што яна ўсё ж канадка. Аднак найбольш расчуліла Янку і мяне нашая малодшая дачка Паўлінка.

Яна расказвала нам, што ўпершыню ў жыцьці адчула сябе дома ў той момант, калі самалёт, якім ляцела ў Беларусь, прызямліўся ў Менску. Гэта было ў 1993 годзе — Паўліна, якая выбрала прафэсію этнамузыказнаўцы, прыехала, каб напісаць доктарскую дысэртацыю пра рок-музыку ў Беларусі. Цяпер яна працуе прафэсарам у Злучаных Штатах. Ганя, старэйшая, пайшла па бацьку, выбрала матэматыку, атрымала спэцыяльнасьць бізнэс-мэнэджара і працуе кансультантам у Францыі.

Быць голасам нашага краю

Хачу зрабіць яшчэ адну заўвагу, якая тычыцца ўжо ня толькі Канады ды мяне самой, а наагул мэмуараў усяе беларускае паваеннае эміграцыі. Кожны з нас, калі пачынае пісаць свае ўспаміны, дык піша фактычна пра падзеi зь беларускага жыцьця. Вось так я і пішу пра мужа й пра нашае жыцьцё ў канадзкай сталіцы. Нават калі пісала пра жыцьцё ў Парыжы, дзе болей расказвала пра перажытае асабіста, усё ж на кожным кроку прыпаміналася, як мы жылі як грамада. Як мы стараліся, каб выжыць ня толькі самім, а каб выжыла Беларусь, дома і на чужыне.

Усе мы ўважалі, што апынуліся мы на чужыне, каб быць голасам нашага акупаванага краю. Таму мы і рабілі ўсё, што маглі. Зарабіўшы на хлеб, часта шмат менш, як маглі б зарабіць, калі б гэта было нашай мэтай, мы прысьвячалі кожны момант нашага жыцьця беларускай справе. Магло гэта быць будаваньне сваіх сьвятыняў за так цяжка заробленыя грошы. Магло быць навучаньне нашых дзетак беларускай мове, сьпевам і танцам. Прыпамінаецца мне тут запіс беларускіх песьняў, якія тата сам насьпяваў перад сьмерцю і пакінуў брату і мне, каб не забыліся. І асабліва было гэта штодзённае змаганьне за права Беларусі быць незалежнай.

Гэтым мы жылі, гэтым ганарымся. Гэта ўважаем дасягненьнем нашага жыцьця. Між намі вельмі мала багатых людзей. Аднак усё робім, каб памагчы беларускай справе. А тыя з нас, што не дапамагаюць столькі, колькі хацелася б, дык магчыма таму, што ўжо ўсё аддалі.