У асяродзьдзі мастакоў. — Мэдаль за афішу. — Імпрэсіяністы і графікі. — Тэорыя і пленэры. — Незавершаны твор. — Дзеля слова «Беларусь». — Сямейная традыцыя

У асяродзьдзі мастакоў

У нашай хаце мастацтва неяк заўсёды паважалі. У Баранавічах часта бачыла тату з пэндзлем у руках. Татаў стрыечны брат зь Сьвержаню (ня памятаю, ці з Новага ці Старога), які нейкі час у нас жыў, вучыўся ў баранавіцкай мастацкай школе. У Даніі тата намаляваў цэлую сэрыю твораў, якія адразу прадаў. Памятаю, як у Францыі ён рыхтаваў да друку маркі БНР. Усюды, дзе мы жылі, наведвалі мастацкія музэі і выстаўкі. Прыехаўшы ў Парыж, у Люўр хадзілі сям’ёй кожную нядзелю. Скульптар Міхась Наўмовіч і мастак Віктар Жаўняровіч часта былі ў нашай хаце. На сьценах заўсёды віселі дзясяткі твораў — татавых і іншых мастакоў.

Мэдаль за афішу

Мастацтва з самага дзяцінства стала неад’емнай часткай майго жыцьця. Першае задавальненьне яно мне прынесла, калі ў шэсьць гадоў пайшла ў школу ў Баранавічах. Настаўніца загадала дзецям намаляваць ілюстрацыю да народнай казкі пра Бабку і рэпку. І так яе ўразіў мой малюнак, што паказвала яго ўсёй школе.

У пачатковай школе ў Даніі даверылі мне ўпрыгожыць маімі малюнкамі клясу на Каляды.

У сярэдняй школе, ужо ў Нёі-сюр-Сэн у Францыі, атрымала гарадзкі бронзавы мэдаль за афішу «Кругом вогнішча». Падчас адпачынку ў летнім лягеры над морам нарысавала для капліцы вельмі мадэрную Крыжовую дарогу, пра якую доўга гаварылі й нават зьбіраліся выдаць у кнiзе Даніель-Ропса. Некаторыя з маіх найлепшых твораў зрабіла яшчэ перад тым, як паступіла ў Вышэйшую дзяржаўную школу мастацтва ў Парыжы.

Імпрэсіяністы і графікі

Адкрыцьцём у той час былі для мяне творы францускіх імпрэсіяністаў, якія выстаўляліся ў музэі Жэ дэ Пом. Малявалі яны, між іншым, часта краявіды паўночна-заходніх прадмесьцяў Парыжу, дзе мы жылі. Будучы ў Аўстраліі, пабачыла нават палатно Пісаро «Рака Сэна ў Сартрувілі»… Захаплялася таксама Ван Гогам.

Першы мастацкі альбом, які сама купіла, быў пра мастацтва Гагена. Пазьней пачала лепш разумець хараство перадрэнэсансавага італьянскага мастацтва, якое французы называюць «prіmіtіfs іtalіens». Таксама дасюль моцна люблю партрэт інфанты Вэляскеса — на маю думку, адзін з найпрыгажэйшых партрэтаў, якія я бачыла. Заўсёды любіла Батычэлі дзеля прыгажосьці яго лініяў і спакою, які ён перадае гледачу. Гэтыя дзьве рысы ў мастацтве фактычна і сталіся маім крэда. Але захапляюся сотнямі мастацкіх твораў. Усюды, дзе бываю, найбольшай прыемнасьцю для мяне ёсьць наведваньне мастацкага музэю.

Зь беларускіх мастакоў заўсёды любіла графіку Алесі Пасьлядовіч. Але няма беларускага мастака, які б не стварыў чагосьці мілага майму сэрцу. У 2006 годзе рабіла два даклады пра Беларусь у творах яе мастакоў, ад Бялыніцкага-Бірулі й Шагала да Марачкіна й Руслана Вашкевіча.

Тэорыя і пленэры

Я заўсёды любіла рабіць партрэты. Краявіды, апрача развалінаў беларускіх замкаў ды сьвятыняў, калісь мяне не цікавілі. Між іншым, гэта адпавядала густу і майго прафэсара, Жана Сувэрбі. Цяпер затое часта раблю акварэлі майго гароду.

Да навукі я заўсёды ставілася вельмі паважна. У Мастацкай школе, мусіць, не прапусьціла ніводнага курсу, і дні, асабліва ў студыі, праляталі як хвіліны. Тэарэтычныя заняткі (анатомія, кампазыцыя, гісторыя мастацтва, касьцюму, архітэктуры і тэхнічныя курсы) адбываліся больш па абедзе. Але нават на лекцыю пэрспэктывы, дзеля якой я мусіла бегчы на цягнік а шостай гадзіне раніцы, я ні разу не спазьнілася. Ніколі так моцна не захаплялася навукай, як падчас таго году ў Вышэйшай дзяржаўнай школе мастацтва ў Парыжы. З прафэсійнага жыцьця, мусіць, найлепшыя ўспаміны ў мяне засталіся з часу, калі выкладала мову ў Францускім інстытуце ў Мадрыдзе. Там таксама не заўважала, як праляталі гадзіны.

Перайшла я з Мастацкай школы ў Сарбону праз год, бо зразумела, як цяжка будзе зарабіць на хлеб мастаку. У Парыжы маладыя мастакі найчасьцей мусілі працаваць вартаўнікамі ноччу, каб займацца мастацтвам днём. А я ўжо ведала некалькі моваў. Французам чужыя мовы даваліся цяжка, тады яшчэ мала хто мог сабе дазволіць езьдзіць за мяжу дзеля практыкі. Дык вырашыла скарыстаць з багажу, які дало мне жыцьцё.

Незавершаны твор

Да 1986 году я заўсёды нешта стварала. У 1979-м пайшла на курсы графікі й да 1986 году выпрабавала ўсе віды тэхнікі гравюры, апрача шаўкаграфіі. Найбольш мне падабаліся тэхніка афорту і дрэварыт. Уважаю акватынту «Ішкалдзкі касьцёл» і дрэварыт «Эўфрасіньня Полацкая» найлепшымі маімі творамі ў галіне графікі.

Мастацтвам, аднак, перастала наагул цікавіцца на працягу васьмі гадоў пасьля чарнобыльскай бяды. У роспачы пачала рабіць абраз, які меўся быць апошнім маім творам і які назвала «Вось што яны зрабілі з маёй песьняй». Але ня мела сілы яго скончыць. Ня толькі мастацтва, але і жыцьцё ў тыя гады перастала мець сэнс.

Дзеля слова «Беларусь»

Ад часу прыезду ў Канаду брала ўдзел у некалькіх дзясятках выставаў. Часта рабіла гэта дзеля таго, каб было напісана ў каталёгу слова «Беларусь».

Аднойчы даведалася пра вялікую выставу «Ўсё мастацтва сьвету», якую арганізавала ў 1985 годзе міністэрства культуры Квэбэку. Падала адну працу — маленькую акватынту «Вялікдзень». Працу міністэрства купіла. Але мне падумалася, што якісь непісьменны куратар можа замяніць слова «Беларусь» словам «Расея» (звычайна гэта рабілі, каб, маўляў, «людзям было лягчэй зразумець»), і таму пазваніла даведацца, як выглядае запіска пра маю працу ў каталёгу. І вось атрымала адказ: напісалі, што нарадзілася я ў Расеі. Я, безумоўна, моцна загневалася і сказала, што калі не паправяць, забіраю працу назад. Паправілі. І запрасілі яшчэ на адну выставу, прысьвечаную мастачкам-жанчынам, даючы мне яшчэ адну нагоду сказаць, што ў Квэбэку ёсьць беларусы.

У 1994 годзе мастацтва — мо разам зь любоўю — усё ж перамагло чарнобыльскі застой. Узялася зноў за пэндзлі, бо захацелася зрабіць партрэт мужа Янкі. Падрыхтавала яшчэ адну выставу ў франкамоўным асяродку — дала шэсьць працаў.

Спадзявалася, што калі пайду на пэнсію, зноў вазьмуся за творчасьць. Але тады мяне выбралі старшынёй Рады БНР, і ад таго часу адводжу толькі тры гадзіны ў тыдзень на мастацтва. За гэтыя гадзіны нічога паважнага зрабіць немагчыма. Аднак малюю — і штораз з большай прыемнасьцю карыстаюся акварэльлю. Але бальшыня твораў яшчэ ў стане праектаў. Жывуць яны, аднак, у маім уяўленьні і, дзеля доўгага высьпяваньня, мусілі б быць добрымі. Моцна хацелася б неяк пасьпець іх рэалізаваць перад тым, як будзе запозна.

Сямейная традыцыя

У сям’і Шыманцоў-Сурвілаў не адна я мастачка. Быў мастаком тата, Уладзімер Шыманец. Брат Лявон апошнім часам зрабіў некалькі цікавых працаў. Калі выставіў у Сартрувілі свой партрэт унука Віктара, які назваў «Зьдзіўленьне», дзьве парыскія галерэі прапанавалі наладзіць яму выставы ў Парыжы.

Дачка Паўлінка — дасьведчаная мастачка. Яна найбольш любіць алейную тэхніку. Цяпер якраз працуе над вялікім палатном на беларускую тэму. Яна таксама вельмі добры фатограф. У гэтай галіне талент, відаць, перадаў ёй Янка, які рэдка выходзіў з хаты без фотаапарата. Жыву надзеяй, што каліcь змагу выдаць альбом яго здымкаў, менавіта зь беларускага жыцьця.

На маю вялікую радасьць, унукі ня толькі цікавяцца мастацтвам, але адзін зь іх, Антон, у сем гадоў намаляваў алейнымі фарбамі краявід з рэчкай, які тэхнічна на ўзроўні сьпелага мастака. Унучка таксама добра малюе. А маленькі Валік, якому шэсьць годзікаў, на дзіва добра кампануе здымкі, якія, між іншым, моцна любіць рабіць.