Нас падзялілі. — Уніяцкі сьвятар Леў Гарошка. — Мітрапаліт Мікалай. — Будучыня аўтакефаліі

Нас падзялілі

У заходняй суседкі Беларусі, Польшчы, пасьля развалу савецкага блёку найлепшым саюзьнікам у працэсе адраджэньня была рэлігія. Усім нам вядома, якую вялікую ролю адыграла ўніяцтва ў захаваньні тоеснасьці ўкраінскага народу. У Беларусі, на жаль, якраз рэлігіяй карысталіся — і дасюль карыстаюцца — нашыя ворагі, каб нас асыміляваць.

Уніяцтва, якое адрозьнівала нас ад расейцаў, было яшчэ ў XІX стагодзьдзі прымусова замененае ў Беларусі маскоўскім праваслаўем, а беларусаў-каталікоў, якія адмовіліся ад перахрышчэньня, назвалі «палякамі». Такім чынам ня толькі выкаранілі ўніяцтва, але і, магчыма, першы раз у нашай гісторыі падзялілі беларускі народ на рэлігійным грунце.

Нашыя бедныя «тутэйшыя», якія ведалі, што яны не расейцы і не палякі, пачалі забывацца, што яны ёсьць нацыяй. Эмігруючы ў новы сьвет, беларусы, аж да паваеннае хвалі эміграцыі, дазвалялі запісваць сябе «рускімі» або «палякамі», у залежнасьці ад веравызнаньня.

Калі мяне пытаюць пра маё веравызнаньне, я люблю адказваць, што гэта справа між мною і Богам. Мама была каталічкай, тата — праваслаўным. Ніколі не мянялі веравызнаньня.

Дзяцей ахрысьцілі ў праваслаўнай царкве ў Стоўпцах. Я выйшла замуж за каталіка. Маліліся мы з мужам у каталіцкіх, беларускіх аўтакефальных, уніяцкіх і іншых хрысьціянскіх сьвятынях. Часта сябравалі зь сьвятарамі.

Адзінае, што ўважалі недапушчальным, гэта рэлігійную неталерантнасьць.

Хацела б расказаць пра двух беларускіх сьвятароў, якіх мы абое любілі й паважалі. Былі яны цудоўнымі прадстаўнікамі тых плыняў хрысьціянства, да якіх належалі, і адначасна адданымі патрыётамі. Былі гэта архімандрыт Леў Гарошка, уніят, і ўладыка Мікалай, мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Уніяцкі сьвятар Леў Гарошка

Айца Льва я памятаю яшчэ з Баранавічаў. Жылі мы на той самай вуліцы, і выехалі з Баранавічаў тым самым цягніком. Пабачыліся мы зноў у 1948 годзе на Паўночнай станцыі ў Парыжы, куды ён прыйшоў нас спаткаць пасьля нашага прыезду з Даніі. Гэтак, як і бальшыня беларускай грамады ў Парыжы, хадзілі мы кожную нядзелю на ягоныя багаслужбы ў адной з капліцаў слаўнага цяпер касьцёлу Сэн-Сюльпіс.

Быў айцец Леў надзвычай інтэлігентны чалавек, упарты і энэргічны, калі трэба было бараніць інтарэсы Беларусі, і адначасна талерантны і ветлівы ў штодзённым жыцьці. Жыў ён у манастыры недалёка ад студэнцкай сталоўкі, дзе я абедала, калі вучылася ў Сарбоне, і я яго адведвала, калі мела вольную хвіліну. Часам дапамагала яму ілюстраваць часопіс «Божым шляхам», які ён выдаваў, а ён мяне падтрымліваў на духу, калі адчувала патрэбу падзяліцца маімі праблемамі. На дзіва, ніколі не стараўся мяне «перахрысьціць», як гэта рабілі прадстаўнікі некаторых іншых веравызнаньняў. Наагул, здаецца, ніколі не гаварыў пра ўніяцтва. І нягледзячы на гэта, у мяне расло зацікаўленьне і захапленьне гэтай плыньню хрысьціянства, якая так добра адказвае патрэбам нашага народу.

Айцец Леў браў актыўны ўдзел у беларускім жыцьці ў Парыжы, прадстаўляў беларусаў на міжнародных канфэрэнцыях. Пакуль жыла ў Парыжы, і я там часам была разам зь ім, каб патрымаць бел-чырвона-белы сьцяг ці сказаць пару словаў па-француску. Быў айцец Леў да самае сьмерці сябрам управы «Хаўрусу» (аб’яднаньня беларусаў у Францыі), і сябраваў ён з усёй нашай грамадой — вянчаў, хрысьціў, хаваў. Памёр ён пасьля апэрацыі на нырках у парыскім шпіталі за месяц да сьмерці майго таты, у 1977 годзе. Абодвум было 66 гадоў.

Цяпер Беларуская ўніяцкая царква на чужыне ў добрых руках дзякуючы яшчэ аднаму выдатнаму сьвятару і чалавеку — айцу Аляксандру Надсану.

Мітрапаліт Мікалай

Другім сьвятаром, таксама вялікім патрыётам і адданым беларусам, якому хочацца аддаць чэсьць у гэтых маіх разважаньнях пра рэлігію, быў уладыка Мікалай, мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Я прысутнічала як старшыня Рады БНР на ягоных паховінах у Нью-Брансўіку ў чэрвені 2002 году і прыняла перададзены Радзе бел-чырвона-белы сьцяг, які пакрываў ягоную труну.

З уладыкам Мікалаем мы зь Янкам пазнаёміліся, калі былі ўжо ў Канадзе. Адведваў ён нас у Атаве на Вадохрышча, сьвяціў наш дом і ў нас начаваў. Тады мы мелі нагоду шмат пра што пагутарыць. Быў гэта чалавек лагодны, сьціплы і працавіты. Ён добра ведаў, ідучы вучыцца на сьвятара, што матэрыяльна жыцьцё яго будзе цяжкім. Але верыў у Бога і ў людзей і ніколі ня траціў надзеі. Дараваў нават тым, хто яго асабіста пакрыўдзіў.

Быў уладыка моцна перакананы, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай, і таму моцна бараніў аўтакефалію. Верыў, што прыйдзе час, калі Беларуская праваслаўная царква вызваліцца ад Масквы. Моцна перажываў раскол БАПЦ на эміграцыі. Казаў, што зь яго боку няма перашкодаў да згоды з уладыкам Ізяславам, які ачольваў другую частку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Ведаў, што спрэчкі, недавер і нязгода між беларусамі толькі на карысьць нашым ворагам.

Будучыня аўтакефаліі

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, на жаль, перажывае сёньня надзвычай цяжкі крызіс, да якога падвойна спрычыніліся маскоўскія «траянскія коні». Як старшыня Рады ўстрымаюся тут ад камэнтароў на гэтую тэму. Для варожых нам прапагандыстаў, паводле якіх мы намагаемся кантраляваць аўтакефалію, хачу паведаміць, што БНР ня ўмешваецца ў справы ні Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ні ў справы іншых беларускіх цэркваў. З глыбіні сэрца жадаю, аднак, каб ачоліў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву беларускі сьвятар-патрыёт, які ўсьвядоміць, якую вялізарную ролю БАПЦ можа адыграць у жыцьці нашага народу.