Захапленьне талентам. — Праскае знаёмства. — «Сьвечачка надзеі». — Аўра сьвятасьці
Захапленьне талентам
Расказаўшы столькі пра сябе (на падзеі жыцьцё маё сапраўды багатае), хочацца падзякаваць усім тым цудоўным маім суродзічам, якія мне дапамагаюць у маім штодзённым змаганьні за лепшую будучыню нашага беларускага народу, і ўсім тым, каго я мела шчасьце спаткаць, адведваючы нашы беларускія асяродкі ў сьвеце, ад Эстоніі да Гішпаніі, ад Аўстраліі да Чэхіі, Польшчы, Латвіі і Літвы, ад Англіі і Бэльгіі да Злучаных Штатаў і Канады.
Паколькі немагчыма тут пералічыць усе гэтыя спатканьні, хоць часта з удзячнасьцю іх успамінаю, раскажу тут толькі пра адно зь іх, якое было для мяне асабліва мілым. А менавіта — пра спатканьні ў Празе з Васілём Быкавым і яго цудоўнай сяброўкай жыцьця, жонкай Ірынай.
Здаўна я была захопленая талентам Васіля Быкава, ягоным веданьнем чалавечае душы й ягонай здольнасьцю перадаць чытачу ўсе яе адценьні і эмоцыі. «Аблаву» чыталі мы з мужам уголас. Прачытаўшы «Бедных людзей», не магла некалькі начэй заснуць. «Знак бяды» дык наагул не змагла скончыць — нагэтулькі была ўзрушаная. Але ў Празе я мела шчасьце спаткаць Васіля Быкава — чалавека. Спакойнага, ветлівага, поўнага дабрыні.
Праскае знаёмства
У 2000 годзе спадарства Быкавы жылі яшчэ ў Нямеччыне. У сакавіку праскія беларусы запрасілі Быкавых і мяне на сьвяткаваньне гадавіны БНР. Нас пасялілі ў адным гатэлі на вуліцы Алівовай.
Кожную раніцу спадар Васіль званіў мне, каб запрасіць на смачную сьвежую каву, якую ўжо была прыгатавала спадарыня Ірына. Была гэта для мяне нагода надзвычай прыемна пачаць дзень. Я, безумоўна, болей за ўсіх гаварыла — маю звычку гэта рабіць, калі адчуваю сябе ў мілай кампаніі. Спадар Васіль і спадарыня Ірына ветліва слухалі, дзяліліся сваімі думкамі. Абгаворвалі мы праблемы, якія зьбіраліся закранаць на нашых штодзённых спатканьнях з чэскімі палітыкамі. Васіль Быкаў часта браў на іх слова, каб прасіць дапамогі для беларускіх студэнтаў у Чэхіі. Ён моцна пераймаўся цяжкасьцямі, якія мусіла пераадольваць наша моладзь.
Прыпамінаюцца ўсе сустрэчы, на якіх мы прадстаўлялі разам вольную Беларусь. Лічыла я гэта за вялікі гонар. Садзілі мы Дрэва дэмакратыі для Беларусі — у прысутнасьці мэра чэскай сталіцы, шматлікіх журналістаў, палітыкаў і групы беларускай моладзі, якая тады знаходзілася ў Празе. Былі на ўрачыстай вячэры з чэскімі палітыкамі ў рэстарацыі паблізу Карлавага мосту, на якой увесь вечар гаварылі пра Беларусь. Давалі прэсавую канфэрэнцыю і лекцыю ў Карлавым унівэрсытэце. Былі ў Прэзыдэнцкім палацы і ў міністэрстве замежных справаў, дзе нас так урачыста прынялі, нягледзячы на высілкі лукашэнкаўскай амбасады нас скампрамэтаваць. Разам мы падпісалі «Заяву пра Акт 25 Сакавіка» і выступілі на ўрачыстай акадэміі ў Люстраной залі Клемэнтынуму.
Тады, канечне, ня думалася, што праз тры гады тут, у гэтай залі, Васіль Быкаў выступіць з апошняй сваёй публічнай прамовай...
«Сьвечачка надзеі»
Перад вачыма ў мяне гэтае апошняе з Васілём Быкавым сьвяткаваньне нашай вялікай нацыянальнай падзеі, якое адбылося 22 сакавіка 2003 году, за пяць дзён да апэрацыі і за тры месяцы да сьмерці пісьменьніка. Часта прыпамінаю ягоныя словы. Натхняюць яны мяне і сёньня:
«Восемдзесят пяць гадоў таму ў слотны й шэры дзянёк на зачыне вясны беларусы зьдзейсьнілі цуд. Не, яны не панішчылі ворагаў, ня вызвалілі краіны, не дамагліся свабоды, але яны запалілі кволую сьвечку надзеі. Пры яе сьціплым сьвятле яны, як маглі, змагаліся з бальшавіцкай навалай, з фашыстоўскай акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што за стагодзьдзі ўкараніліся ў гаротным народзе. Мы ўсьцешаныя, што гэтая сьвечачка гарыць і дасюль, і хоць яе зыркі агеньчык слаба сьвеціць, часам капціць і ня грэе, але ён дае спадзеў шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю — тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця.
Дык няхай яна гарыць, нашая кволая спадзяванка, якую мы песьцім і тулім, ашчаджаем і беражэм, як найлепшыя зь беларусаў яе бераглі да нас з думкай: а раптам яна ўспыхне сонечным зьзяньнем, калі надарыцца спрыяльны для таго час. Бо калі ня будзе таго, хай сабе слабога, агеньчыку, ня ўспыхне нічога. І для нас настане вечная ноч. Але мы ня хочам вечнай ночы, мы — божае стварэньне, людзі, і мы маем права на боскую долю. Памажы нам Гасподзь! І — жыве Беларусь!..»
Аўра сьвятасьці
Напярэдадні майго ад’езду з Прагі разам зь Сяргеем Навумчыкам мы адведалі спадарства Быкавых у іх маленькай кватэры. Разам пайшлі паабедаць у кітайскую рэстарацыю. Зрабілі пару здымкаў. Нягледзячы на трывогу перад апэрацыяй, спадар Васіль і спадарыня Ірына, як заўсёды, імкнуліся зрабіць для нас гэтае спатканьне мілым і прыемным. Не ўяўляла я тады, што Васіля Быкава я болей не пабачу.
...Прыгадваецца мне айцец Джон Гардон, колішні прафэсар аднаго з атаўскіх унівэрсытэтаў і аўтар кніг па гісторыі рэлігіяў, зь якім мы зь Янкам пазнаёміліся ў сямідзясятыя гады. Меў ён для нас своеасаблівую аўру сьвятасьці. У яго прысутнасьці мы чуліся ў іншым — лепшым — сьвеце. Такое я адчувала пры кожным спатканьні з Васілём Быкавым. Часта пераношуся думкамі ў Менск, дзе плача па мужу спадарыня Ірына. Адчуваю яе боль. Я таксама страціла майго сябра жыцьця і дасюль не магу з гэтым пагадзіцца.