Мая маці. — Роса-Марыя. — Зіна Гімпелевіч і Паўліна Сьміт-Пашкевіч. — Ала Орса-Рамана. — Лёля Міхалюк, Віялета Кавалёва і Надзя Дробіна. — Люда Войтанка. — Раіса Жук-Грышкевіч і Валянтына Пашкевіч. — Жанчына ўсё можа!

Мая маці

Мяркую, што мэмуары гэтыя не былі б завершанымі без разьдзелу, прысьвечанага беларускім жанчынам. Хай мне прабачаць мужчыны за гэты падзел беларускага народу на дзьве паловы, але трэба прызнаць, што шмат яшчэ не сказана пра вялікую ролю, якую адыгралі ў жыцьці нашага краю жанчыны.

Чытаючы нядаўна ўспаміны аднаго слаўнага беларуса пра «ведамых людзей», заўважыла, што ён ня ведаў ніводнай выдатнай беларускі...

Я ж мела шчасьце спаткаць вялікую колькасьць выдатных жанчын, і прысьвячаю гэты разьдзел маіх успамінаў ім. Пачну ад маёй мамы, Эвэліны (называў яе тата Валяй) Пашкевіч-Шыманец. Была яна нашым анёлам і героем. Здабыла навуку ў неймаверных абставінах. Дзякуючы яе стараньням бальшавікі ня вывезьлі тату ў Сібір у 1941 годзе. Дзякуючы яе адвазе й веры дабраліся мы ў Данію. Падтрымлівала яна ўсе татавы ініцыятывы. Ніколі не наракала. Моцна верыла ў Бога. Сваёй бясконцаю любоўю давала сэнс высілкам, якія мы з братам рабілі, каб дасягнуць нашых мэтаў. Цешылася нашымі посьпехамі й адначасна зь вялікім разуменьнем ставілася да няўдачаў. Нічога не вымагала. Падчас навукі маёй дачкі Ганны-Прадславы ў Францыі мама была яе найлепшай сяброўкай, зь якой яна магла падзяліцца сваімі перажываньнямі куды вальней, як з бацькамі.

Дасюль Ганя тужыць па сваёй дарагой бабулі.

Роса-Марыя

Я ўжо ўспамінала пра жанчын, гэтым разам не беларусак, якія адыгралі вялізарную ролю ў мае дзіцячыя гады ў Даніі. У Францыі таксама спаткала выдатных жанчын — сябровак, зь якімі яшчэ ў кантакце. І настаўніц, якія верылі ў мае магчымасьці яшчэ перад тым, як я поўнасьцю авалодала францускай мовай. Навукоўцы даказваюць, як гэта важна для посьпеху дзіцяці, калі яно карыстаецца даверам і падтрымкай бацькоў і настаўнікаў.

Пра нашу гішпанскую сяброўку Росу-Марыю Мэлендэс я ўжо пісала. Але дзеля яе надзвычайнай мужнасьці хочацца расказаць пра яе крыху болей.

З Росай-Марыяй я пазнаёмілася ў Оксфардзе летам 1958 году, але Янка яе ведаў раней — яна на дзіва добра плавала ва ўнівэрсытэцкім басэйне. З прычыны перанесенага ў дзяцінстве поліяміеліту Роса-Марыя амаль не карысталася нагамі, трымалася на адмысловых апаратах, але ў калясцы ня езьдзіла. Яна скончыла факультэт ядзернай фізыкі Мадрыдзкага ўнівэрсытэту і ўсё жыцьцё працавала па сваёй спэцыяльнасьці. Яе мужнасьць захапляла ўсіх сяброў.

Прыгожая, разумная і адважная, аб’ехала яна калі ня ўвесь сьвет, дык прынамсі Эўропу і Паўночную Амэрыку. Яна была нашай найбліжэйшай сяброўкай у Мадрыдзе, і я дасюль часта зь ёю кантактую. Цяпер ёй ужо цяжка езьдзіць. Яе хобі цяпер — глядзець тэніс па тэлебачаньні. Цешыцца, калі выйграюць беларусы.

Зіна Гімпелевіч і Паўліна Сьміт-Пашкевіч

У Канадзе, дзякуючы нашаму Фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, я зноў спаткала безьліч выдатных жанчын. Пачну тут, аднак, ад дзьвюх беларусак, маіх сябровак — прафэсара Зіны Гімпелевіч, цяперашняй старшыні Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе, і Паўліны Сьміт-Пашкевіч, дачкі старых эмігрантаў з Століншчыны. Бязь іх мы наагул не змаглі б заснаваць фонду. Рэч у тым, што міністэрства, ад якога мусілі атрымаць рэгістрацыю, вымагала подпісаў трох асобаў, якія ня маюць сямейных сувязяў. Зіна і Паўліна згадзіліся адразу падпісаць нашую заяву, і Зіна прапанавала заплаціць палову адміністрацыйных выдаткаў, зьвязаных з стварэньнем фонду.

Зіна і Паўліна шмат гадоў працавалі ў фондзе, і яны яго пажыцьцёвыя сябры. Мушу зазначыць, што ня кожны згодзіцца ўвайсьці ў арганізацыю зь фінансавай адказнасьцю. Дапамаглі нам шчодрасьць і адвага гэтых дзьвюх беларусак.

Зіна Гімпелевіч, прафэсарка канадзкага ўнівэрсытэту Ватэрлёо, напісала кнігу пра Васіля Быкава на ангельскай мове. Ад 1989 году яна душа беларускага ўдзелу ў канфэрэнцыях славістаў Канады. Штогоду робіць даклад на беларускіх сэсіях гэтых канфэрэнцыяў, інфармуючы канадзкіх навукоўцаў пра Беларусь і беларускую культуру. Яна адначасна сяброўка

Згуртаваньня беларусаў Канады, актыўна ўдзельнічае ў беларускім грамадзкім жыцьці. Паўліна Сьміт-Пашкевіч нарадзілася ў Канадзе ў баптысцкай беларускай сям’і на пачатку трыццатых гадоў. Заўсёды брала ўдзел у грамадзкім жыцьці Квэбэку. Мы зь ёю выпадкова пазнаёміліся, калі яе абралі ў склад Камісіі ангельскамоўнага школьніцтва ў рэгіёне Ўтаўэ.

Ад 1991 году Паўліна поўнасьцю аддалася працы ў Канадзкім фондзе дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Была яго сакратаром, прымала ў сябе перакладчыкаў, якія прыяжджалі зь дзецьмі зь Беларусі. Паўліна мае сына, дзьве дочкі й трох унукаў. Марыць пра тое, каб адведаць родную Століншчыну.

Зь любоўю і ўдзячнасьцю ўспамінаю ўсіх іншых беларусак, якія сталіся неад’емнай часткай майго сьвету. Некаторых ведаю ўжо вельмі доўга, зь іншымі пазнаёмілася пазьней, падчас маіх падарожжаў па сьвеце ў якасьці старшыні Рады БНР. Хацелася б падзяліцца ўспамінам пра ўсіх, але на гэта не хапіла б, мусіць, ня толькі гэтага разьдзелу, але і ўсяе кнігі. Таму вырашыла расказаць толькі пра некаторых зь іх, усіх на чужыне. Усе яны паўнавартасныя ўдзельніцы беларускіх асяродкаў у сьвеце, усе — цудоўныя людзі.

Ала Орса-Рамана

Пра Алу Орса-Рамана, мусіць, кожны беларус ведае. Яна выдатная беларуска, прафэсар, выкладчыца хіміі ў Нью-Ёрскім унівэрсытэце, якая гадамі знаходзіла час вучыць нашую моладзь беларускім народным танцам. Ала і сама цудоўная танцорка. Яна сьпявае ў беларускіх царкоўных хорах, арганізуе ўсе канцэрты беларускай грамады ў Нью-Ёрку і бярэ актыўны ўдзел у палітычнай дзейнасьці беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах. І гэта яшчэ ня ўсё.

Ала Орса-Рамана заклала Адукацыйную фундацыю, якая спрычынілася да ажыцьцяўленьня шматлікіх беларускіх культурніцкіх задумаў. Выгадавала двух сыноў, таксама добрых беларусаў, якія ўдзельнічаюць у беларускім жыцьці й дапамагаюць фундацыі. Я асабіста вельмі ўдзячная Але за яе такі каштоўны ўклад у жыцьцё Рады БНР.

Лёля Міхалюк, Віялета Кавалёва і Надзя Дробіна

Захапляюся адданасьцю, патрыятызмам яшчэ адной маёй беларускай сяброўкі, Лёлі Міхалюк. Калісьці, гадуючы трох сыноў, дапамагала мужу Янку Міхалюку ў ягонай дзейнасьці на чале Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі. Страшэнна перажывала, калі ён захварэў. Аднак пасьля яго сьмерці знайшла ў сабе сілу і мужнасьць, каб прадаўжаць ягоную адказную і цяжкую працу. Узначаліла згуртаваньне, і вось ужо шмат гадоў удзячная беларуская грамада ў Брытаніі пераабірае яе на гэтую пасаду.

Віялета Кавалёва кіруе ў Таронта выдатным беларускім хорам «Яворавы людзі» й рэдагуе газэту беларусаў Канады «Беларускае слова». Адначасна працуе (грамадзкая праца ў замежжы ня платная) і выхоўвае з мужам дзьвюх цудоўных беларусачак.

Надзя Дробіна была некалькі гадоў старшынёй Згуртаваньня беларусаў Канады. Працуе на царкоўнай ніве, усім займаецца, усё арганізоўвае, усім дапамагае. Гэта яшчэ адна выдатная беларуска, здольная і прыгожая, безь якой цяжка было б уявіць беларускае жыцьцё ў антарыйскай сталіцы. Таксама працуе і гадуе з мужам сына.

Люда Войтанка

Мая сяброўка яшчэ з Баранавічаў Люда Войтанка-Бакуновіч жыве цяпер у Нью-Ёрку, дзе гадуе дзьвюх блізьнятак, яе наймалодшых унучак. Нядаўна яе таксама абралі ў галоўную ўправу Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня. Але калі была нават звычайнаю сяброўкаю БАЗА, яна заўсёды цікавілася беларускім жыцьцём — і менавіта суродзічамі ўва ўсім сьвеце. Калісь перапісвалася з Ларысай Геніюш. Калі мы жылі ў Гішпаніі, рэгулярна прыходзілі ад Люды пачкі з адзежай для маіх дзяўчатак і іншымі рэчамі, якія, яна ўважала, мне прыдадуцца. На Каляды часта дасылала грошы. Мае Люда неймаверна вялікае сэрца.

Сама выгадавала пяцёра дзяцей, заўсёды працавала і заўсёды знаходзіла час і волю падзяліцца тым, што мела.

Раіса Жук-Грышкевіч і Валянтына Пашкевіч

Пра Раісу Жук-Грышкевіч скажу толькі, што ў восемдзесят сем гадоў яна ўсё яшчэ поўная энэргіі, чытае «Нашу Ніву» ад А да Я. Брала нядаўна ўдзел у паломніцтве нашай таронтаўскай грамады да Беларускага крыжа ў Мідлэндзе, які яны з мужам узьнялі. Да нядаўна выдавала сама, на сваім кампутары (і сама вазіла на пошту), бюлетэнь «Камунікат», у якім імкнулася перадаць суродзічам свой патрыятызм. Заслужыла яна гэтым удзячнасьць кожнага з нас. Дай Божа ёй яшчэ шмат гадоў жыцьця.

З удзячнасьцю і любоўю ўспамінаю старэйшую сястру Раісы, Валянтыну Пашкевіч. Была гэта жанчына разважная, разумная, надзвычай цікавая. У Таронта мы зь Янкам і нашымі дзяўчаткамі часта затрымліваліся ў Валі і Міхася Пашкевічаў. Было гэта для нас заўсёды вялікай прыемнасьцю. Валя Пашкевіч — аўтарка двух тамоў падручніка беларускай мовы для ангельскамоўнай моладзі. Ангельска-беларускі слоўнік, які быў нядаўна выдадзены Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва, ёсьць вынікам шматгадовай працы Валянтыны Пашкевіч і групы супрацоўнікаў інстытуту.

Жанчына ўсё можа!

Спадзяюся, што калісь напішу і пра маіх новых сябровак у Польшчы, Прыбалтыцы і Аўстраліі, пра цудоўных дзяўчат, якіх спаткала ў Чэхіі і Ангельшчыне, пра выдатных мастачак і ўсіх тых надзвычайных жанчын, зь якімі пазнаёмілася ў 1992 годзе ў Беларусі. Ну і, безумоўна, пра выдатных беларусак Канады і Злучаных Штатаў, пра якіх дасюль не напісала.

Усе яны прыгожыя, разумныя, здольныя жанчыны. Тых, што гадаваліся ў Беларусі, жыцьцё навучыла даваць сабе рады ў найгоршых абставінах. Усе яны працуюць, гадуюць або выгадавалі дзяцей. І абавязкова знаходзяць час на грамадзкую працу. Вітаю вас, дарагія сяброўкі, і ад імя Рады БНР дзякую вам за працу, якую робіце для дабра ўсіх нас.

Дазволю сабе тут адказаць маладой беларусцы, якая пыталася ў перадачы Радыё Свабода: што звычайная дзяўчына можа зрабіць дзеля карысьці бацькаўшчыны? Усё можа! Кожная беларуска можа стацца Прадславай, Цёткай, Эміліяй Плятэр, Ларысай Геніюш. Усё, што рабілі гэтыя выдатныя беларускі, дасюль актуальнае. Але перадусім трэба ўсьвядоміць: калі чалавек хоча, дык усё можа!