Пакутлівыя думкі. — Турма народаў. — Акадэмік на абароне імпэрыі. — Памяць пра страх. — Савецкая мэнтальнасьць. — Індывідуалізм. — «Абы выжыць»? — Пытаньні да саміх сябе

Пакутлівыя думкі

Хто і што перашкаджае нашаму народу на шляху да нармальнага, цывілізаванага, дэмакратычнага ладу жыцьця? Чаму ён не скарыстаў з магчымасьцяў, якія былі яму дадзеныя ў пачатку дзевяностых гадоў, каб адрадзіць сваю вольную дзяржаву? Чаму дазволіў ён чалавеку, ня вартаму ані нашай увагі, ані павагі, называць сябе «бацькам»? Чаму наша бацькаўшчына ёсьць адзінай дыктатурай у Эўропе? Чаму наш разьвіты і разумны народ ня здольны скінуць ярмо, як гэта зрабілі ўсе нашы суседзі?

Пытаньні гэтыя мяне турбуюць — як, мяркую, і многіх маіх суродзічаў. Ёсьць на гэтыя пытаньні дзясяткі адказаў. Хацела б тут падзяліцца маім асэнсаваньнем варожых сілаў — вонкавых і ўнутраных — на нашым шляху да волі і дабрабыту.

Турма народаў

Самай першай такой варожай сілай лічу нашага ўсходняга суседа. Ня лёгка нам абараняцца ад яго. Ён мацнейшы за нас. Ён поўнасьцю амаральны. Ён на працягу амаль двух стагодзьдзяў быў турмой народаў паловы Эўропы і Азіі. Ніхто Беларусі не зрабіў столькі зла ў гісторыі, як Масква.

Але ж Масква — сусед ня толькі наш. Меншыя за нас народы вызваліліся ад яе ярма. А частка нашага народу яшчэ ўсё ўважае дапушчальным гаварыць пра саюз з Расеяй!

Акадэмік на абароне імпэрыі

Другім нашым няшчасьцем, зь якім мне асабіста прыйшлося змагацца ўсё маё жыцьцё, — няведаньне сьвету пра наша існаваньне. Пасьля развалу Савецкага Саюзу мы былі папросту белай плямай у сярэдзіне Эўропы. Беларускі народ дасюль ня ведае, да якой ступені акупанты хавалі яго існаваньне ў час БССР. Калі Беларусь абвясьціла незалежнасьць, расейская эміграцыя, якая, на жаль, вывезла з сабой галоўную характарыстыку свайго народу — імпэрыялізм, пераняла гэтую функцыю Масквы. Заварушылася ва ўсім сьвеце, каб даказаць, што мы не існуем. Я спачатку ня верыла сваім вачам, чытаючы артыкулы, падпісаныя цяперашнім пажыцьцёвым сакратаром Францускай акадэміі Элен Карэр д’Анкос, у якіх яна даказвала, што мы — штучна створаны ў савецкі час народ. А потым шмат што зрабілася зразумелым, калі даведалася, што яе продкі паходзяць з Расеі...

Дзеля гэтае прапаганды, з аднаго боку, і пацьверджаньняў яе Масквой і яе паплечнікамі ў Менску — з другога, Захад папросту ня ведаў, што з намі рабіць. Пасыпалася дапамога нашым суседзям з усіх бакоў — толькі пра нас (і, магчыма, Малдову) сьвет забыўся. І гэта нягледзячы на ўсе высілкі беларускай дыяспары, і гэта тады, калі наш край стаўся найбольшай ахвярай чарнобыльскага злачынства.

Памяць пра страх

Але ж сытуацыя зьмянілася. Сьвет цяпер пра нас ведае, нам спачувае і хоча дапамагчы. А мы яшчэ ўсё рабы той самае сыстэмы. Тыя, што цэняць волю, яшчэ ўсё чакаюць, каб нехта іх вызваліў. А для бальшыні воля яшчэ ня сталася жыцьцёвым прыярытэтам. Ці мы сапраўды тая «рабская нацыя»? Усёй маёй душой ведаю, што — не.

Наш народ добры, разумны, натуральна інтэлігентны, працавіты, сумленны. Мы ня горшыя за іншых. Але мы задоўга былі ў няволі і перажылі Чарнобыль. Выжыць — сталася нашай галоўнай мэтай. Гэта добра разумелі акупанты й разумеюць цяперашнія ідэолягі рэжыму.

Тады, калі ўвесь сьвет стараўся забыцца пра Другую ўсясьветную вайну (была яна «айчыннай» толькі для Расеі), беларусам усё яшчэ на кожным кроку яе прыпамінаюць. Памяць перажытага выклікае страх, а дыктатару гэта на руку.

Савецкая мэнтальнасьць

Беларускі народ — найменш паінфармаваны народ у Эўропе. Ня ведае ня толькі пра тое, што робіцца за межамі Беларусі, але ня ведае нават пра тое, што робіцца штодня ў Беларусі. Чуе толькі тое, што яму кажуць лукашэнкаўскія прапагандысты, якіх штодзёншчына — падман і хлусьня. У такіх умовах, безь ніякае надзеі на лепшае, цяжка нават думаць. Пра зьмены мараць толькі людзі, якія маюць доступ да інфармацыі.

Да гэтага трэба дадаць савецкую мэнтальнасьць, якую нам пакінуў у спадчыну Савецкі Саюз. І гэта найбольш страшна. Мне цяжка зразумець, як наш звычайна разважны й памяркоўны народ мог да такой ступені паддацца мане ды прапагандзе. Няўжо ворагам удалося цалкам сьцерці яго генэтычную памяць?

Індывідуалізм

Але што робяць тыя, хто ведае? Індывідуалістамі мы былі заўсёды, пра гэта калісь сьведчыў посьпех нашых хутароў, а раней, у XVIII стагодзьдзі — на жаль, развал нашай дзяржавы. Але ў кожнай краіне, якой пагражае няволя ці заняпад, людзі неяк перамагаюць свій індывідуалізм, яднаюцца, салідарызуюцца, ідуць на бой «шчыльнымі радамі». Ствараюць урады нацыянальнай еднасьці, бо ведаюць, што разам перамогуць там, дзе паасобку зрабіць гэта ім не да сілы.

Магчыма, недастаткова мы любім, недастаткова паважаем адзін аднаго. Цяжка гэта зразумець. Праўда, чужынцы нас заўсёды дзялілі. Выкарыстоўвалі ўсе нашыя адрозьненьні — веравызнаньне, геаграфію, адукацыю, сацыяльны статус. Але ж людзей можна падзяліць, толькі калі яны самі гэта дазволяць. У іншых народаў падзел гэты амаль не заўважаецца.

«Абы выжыць»?

А можа, палітык Павал Севярынец мае рацыю. Магчыма, зашмат здрадаў адбылося ў жыцьці нашага народу. Магчыма, не ацанілі мы адпаведна тое, што нам было дадзена: наш цудоўны прыгожы край, нашы здольнасьці, нашу культуру, у 1991 годзе — нашу незалежнасьць. Ня ўсім Бог даў столькі дабра. Курды, чачэнцы і столькі іншых народаў яшчэ ўсё змагаюцца за волю. Але — мы хацелі болей. Ці спыталіся мы калі — так, як казаў суродзічам-амэрыканцам прэзыдэнт Джон Кенэдзі: а што мы далі нашаму краю, якая карысьць нашай бацькаўшчыне з сыноў і дачок — такіх, як мы?

Адказ, які мяне найболей праймае, гэта — мы ж яшчэ ўсё пад уплывам чарнобыльскае бяды. Ці не адабрала яна ў нас тую энэргію, якая нам дазволіла перажыць толькі ў XX стагодзьдзі дзьве страшэнныя вайны, ня кажучы пра Курапаты, ссылкі, тэрор і галечу?

Замест каб дапамагчы краю ачуняць, рэжым усё робіць, каб адабраць у нас нашу адвечную жыцьцяздольнасьць і веру ў будучыню. Выразы «абы выжыць», «абы не было вайны» сталіся лёзунгамі нашага народу. Людзі недаядаюць, касуюцца чарнобыльскія льготы, плянуюцца новыя чарнобылі ў цэнтры краіны, катуецца моладзь — наша будучыня. Толькі «вэртыкаль» ды іншыя інструмэнты ўлады ўсё маюць.

Ці толькі ім будзе дазволена выжыць? Ці, перамогшы нямецкі фашызм, не апынуліся мы зноў у руках той самай ідэалёгіі, хаця і крыху іншага колеру?

Пытаньні да саміх сябе

Дык што? Будзем чакаць? Караткевіч казаў: «І адзін можа». Можа, ад гэтага ўсьведамленьня нам і трэба пачаць?

Што я — Зьміцер, Сяргей, Аляксандар, Мікола, ці Сьвятлана, Ірына, Ганна, Марына — зрабіў ці зрабіла, каб жыла бацькаўшчына? Ці я хоць раз выказаўся ці выказалася за незалеж-

насьць і свабоду Беларусі? Ці я калі паехаў ці паехала ў вёску адведаць якую старэнькую спадарыню, ды падтрымаў ці падтрымала яе? Ці я хоць раз выступіў ці выступіла ў абарону маіх людзкіх правоў? Ці я падтрымаў ці падтрымала палітычнага вязьня, які ў турме таму, што адважыўся быць маім голасам? Ці я зьвярнуўся ці зьвярнулася ў маю гарадзкую ўправу, каб выратаваць хоць адзін помнік мінуўшчыны — адну частачку маёй гісторыі? Ці я гавару пабеларуску ў маім штодзённым жыцьці? Ці я расказваю маім дзецям пра падзеі мінуўшчыны, якія дазволяць ім зразумець, хто яны? Ці я час ад часу запрашаю дзіця з суседняга дзіцячага дому, каб даць яму таксама пачуцьцё, што яно вартае ўвагі?

Каб яно, і я, і мой брат, і сястра, і іх дзеці ведалі, што ўсе мы належым той самай беларускай зямлі, што мы ўсе — браты і сёстры, мо мы ўсё яшчэ здолелі б адрадзіць наш край і давесьці яго да нормаў Эўропы, часткай якой мы калісь былі? А гэта ўмова sіne qua non, абавязковая, каб нарэшце дасягнуць нашай супольнай мэты — выжыць ня толькі да заўтра, а пакуль на гэтай зямлі будуць людзі.