Арышт таты. — Выезд з Баранавічаў. — Усходняя Прусія. — Савецкія самалёты бамбуюць. — Выратавальны карабель

Арышт таты

Мне было восем гадоў, калі бацькі, перад другім надыходам бальшавікоў, вырашылі, што ня здолеюць перанесьці новага зьняволеньня, і выбраліся з малымі дзецьмі ў няведамы сьвет. Нарадзілася я ў Стоўпцах. Першыя гады жыцьця прайшлі ў Засульлі, потым бацькі пераехалі ў Баранавічы.

Першае дасьведчаньне савецкай акупацыі між 1939 і 1941 годам было для іх страшным і незразумелым. Бацьку (ён тады працаваў галоўным інжынэрам на электрастанцыі ў Баранавічах) арыштавалі і засудзілі на пяць гадоў ссылкі ў Сібір. Памятаю, як прыйшлі яго арыштоўваць. Хацелі ў мяне з шыі сарваць залаты крыжык, і я крычала, каб яго ня даць. Мне было толькі тры гады, але памятаю маміны сьлёзы.

Выезд з Баранавічаў

Празь дзевяць месяцаў, калі пачалася вайна, тата нечакана вярнуўся. Вязьні турмы пачулі крыкі на вуліцы, што бальшавікі ўцяклі, і лаваю выбілі дзьверы. Пазьней даведаліся, што праз гадзіну прыехалі іх расстрэльваць. Другіраз патрапіць у зьняволеньне бацька не зьбіраўся. У 1944 годзе сям’я выехала таварным цягніком з Баранавічаў у Кёнігсбэрг. Бацьку і маме было тады па трыццаць тры гады, браціку Лёніку — сем годзікаў, а сястрычцы Прадславе — дзевяць месяцаў. Ехалі двое сутак — да Беластоку з сотнямі іншых жыхароў гораду ў таварным цягніку, а далей, прадаўшы ровар, які былі захапілі з сабой, — у пасажырскім.

Усходняя Прусія

Праз Усходнюю Прусію прыйшлося перабірацца дзесяць месяцаў. Жахлівы гэта быў час. Не зьбіралася яго апісваць у гэтых успамінах. Былі гэта апошнія дзесяць месяцаў вайны, а пра вайну беларусы наслухаліся болей як трэба на працягу апошняга паўвеку. Але перажыла я гэты час у дзяцінстве, а сьветапогляд чалавека ў вялікай ступені фармуецца якраз у першыя гады жыцьця. І таму ўспаміны мае былі б, магчыма, незразумелымі бяз гэтай часткі майго жыцьця, між ліпенем 1944 году і траўнем 1945-га.

Апынуўшыся ва Ўсходняй Прусіі, васьмігадоваму дзіцяці цяжка было ўявіць, што дадому ня вернемся. Магчыма, і бацькі не ўяўлялі сабе, якім доўгім будзе выгнаньне. Шмат пазьней, калі ім прыйшлося выбіраць краіну, дзе асяліцца настала, дык выбралі Францыю, бо адтуль, як тады казаў тата, «і пяшком можна будзе вярнуцца дадому». Дасюль шкадую, што тата не дачакаўся кароткага пэрыяду Адраджэньня на пачатку дзевяностых гадоў, калі брат і я зноў пабачылі Беларусь.

Савецкія самалёты бамбуюць

Пасьля шасьцімесячнага побыту ва Ўсходняй Прусіі ў сярэдзіне зімы мы зноў пачулі гарматы фронту. Увесь пасёлак Даніельс, дзе тата працаваў, сьпешна выбраўся ў дарогу. Была гэта халодная зімовая ноч. Маме і дзецям знайшлося месца на возе разам зь іншымі жанчынамі, а тата ішоў за возам пехатою. З сабою мелі адну малую валізачку з дрэва, куды бацькі ўкінулі крыху сала з парсючка, якога самі былі выгадавалі на зіму.

Так мы «даехалі» да пустой хаткі над Балтыйскім морам, дваццаць пяць кілямэтраў на поўнач ад Піляў, дзе і затрымаліся. Наш побыт там падаўся мне доўгім і непрыемным. Жыло нас зь дзясятак у адным пакойчыку, разам зь вельмі няветлівымі немцамі.

Мора было шумнае і страшнае. Заўсёды дзьмуў вецер. Часта былі чуткі пра караблі ўцекачоў, якія траплялі на міны ды танулі. Аднаго разу сказалі тату ісьці на пляж закопваць трупы людзей, якіх мора прынесла на бераг. Некалькі дзён хадзілі людзі іх закопваць. Расказваў тата, што былі гэта маладыя жанчыны, сотні маладых жанчын.

Неўзабаве савецкія самалёты пачалі бамбаваць вёску. Гэтым разам месца на возе нам не было. Вырашылі бегчы ўздоўж пляжу ў бок Піляў. Беглі цэлы дзень. Савецкія самалёты шмат разоў прыляталі — стралялі ў нас. Кідаліся мы на пясок. Мама пад сабой хавала сястрычку, тата стараўся пад сябе схаваць мяне і Лёніка. Кулі падалі папросту між нашымі пальцамі. Дзякаваць Богу, ніводная ня трапіла. За намі пачаў гарэць пляж. Тата сказаў, што, напэўна, гараць людзі ў акопах.

Позна вечарам мы дабеглі да нейкай рачулкі. Трэба было скіроўвацца ў лес, які стаяў уздоўж пляжу. За намі ўсё гарэла. Але мы, дзеці, далей папросту не маглі стаяць на нагах. Мама зайшла з Прадслаўкай у нейкую хату, поўную салдатаў, каб папрасіць дазволу пераначаваць на вэрандзе. Дазвол атрымала, але калі выйшла па нас, мы стоячы ўжо спалі, а Лёніка нідзе не было відаць. Пачалі клікаць. Мама — у плач. А кругом нас ноч, нічагусенькі не відаць, толькі за намі пажар. Тут сталася нешта незразумелае. Раптам убачылі чалавека, здаецца, ва ўніформе, які нам сказаў на нейкай славянскай мове, што дзіцё бачыў на дарозе. Тата пабег у той бок, і хутка ўбачыў Лёніка, які спаў стоячы, абняўшы дрэва.

Назаўтра дайшлі да Піляў. У порце нейкая баржа перавозіла людзей на другі бок вады, на паўвыспу ўздоўж мора, між Піляў і Данцыгам. Але было столькі людзей, што ня мелі ніякай надзеі туды трапіць. Удалося гэта толькі на другі дзень.

Выратавальны карабель

Ізноў два тыдні ішлі на Захад, разам з сотнямі тысяч людзей. Так мы дайшлі да Віслы. Тут, не атрымаўшы пропуску на баржу (пропускаў чужынцам не давалі), зразумелі, што скончылася нашае выпрабаваньне. Мы паваліліся на мокрай зямлі й заснулі. Нават не было ўжо волі і жыць. Тым часам у даўжэзнай чарзе людзі чакалі, пакуль іх уратуюць. Ледзь пачало віднець, падышоў да нас нейкі жаўнер і спытаўся, колькі нас. Тата адказаў, што пяцёра, і зноў заснуў. Празь дзясятак хвілін жаўнер вярнуўся і загадаў: «Хадзеце!» Узяў тату за руку, сказаў накрыць чымсьці галаву, каб не было відаць, што мужчына, і павёў нас на самы пачатак чаргі, на баржу. Заплылі мы шчасьліва на паўвыспу Гэль, насупраць Гдыні. Там ужо былі толькі руіны.

Кожны дзень бачылі, як савецкія самалёты бамбавалі ў cонечныя дні караблі ў порце. Не было сэнсу варушыцца.

Нарэшце дачакаліся пахмурнага дня. Вырашылі ісьці ў порт. Там ужо былi тысячы людзей, якія чакалі магчымасьці зьехаць. Маме паказалі дарогу да карабля, які зьбіраў жанчын зь дзецьмі. Мама не пайшла бяз таты. Раптоўна прыйшло ёй у галаву ўлезьці з Прадслаўкай на кладку, якая вяла да лодак. За ёю палезьлі і мы зь Лёнікам, а за намі тата, у кажушку і з той маленькай валізачкай на плечуку, нібы парабак нямецкай дамы. Тут трэба сказаць, што маму можна было прыняць за даму. Тоненькая, у чорным плюшавым паліто і капялюшыку, хаця і ў дзюравых ботах, ішла ўзьняўшы галаву, як бы ёй і належала павага жаўнераў. Зьбянтэжаныя, вартаўнікі аддавалі чэсьць жанчыне.І так мы дайшлі — апошнія — на апошнюю лодку, якая адвозіла людзей на вялікі карабель, поўны параненых салдатаў.

Там знайшлі месца ў калідоры. Стараліся, каб ніхто нас ня бачыў і ня чуў. Дзесь а поўначы мэдсёстры між сабою казалі, што выбух, які нядаўна чулі, гэта быў той карабель зь дзецьмі і жанчынамі, на які высылалі маму. Хоць плыў ён за нашым, трапіў на міну і ўзарваўся. Загінулi тры тысячы жанчын і дзяцей.