Нас хочуць выслаць з Даніі. — Лекары адмаўляюцца лячыць дзяцей. — Сьмерць Прадславы. — Добрая мэдсястра Тантэ Гэдвіг. — Чаму крычаў Лёнік. — Я адвучылася гуляць у лялькі. — «Лявоніха» перад чужынцамі. — Сям’я Расмусэн. — Год у Капэнгагене. — Тата перакладае Андэрсэна. — Шчасьце вяртаньня

Нас хочуць выслаць з Даніі

Першай нармальнай краінай, куды мы дабраліся праз замінаванае Балтыйскае мора за некалькі дзён перад канцом вайны, у красавіку 1945 году, была Данія. Памятаю да сёньня тую раніцу, калі першы раз убачыла з карабля незруйнаваны прыгожы горад зь зялёнымі дахамі. Гэта быў Капэнгаген. Сьвяціла сонца, мора было цёмна-сіняе. Выглядала ўсё неяк нерэальна, як у казцы. Калі ўвайшлі ў порт, нас пасадзілі на цягнік і разам зь немцамі зьбіраліся везьці назад у Нямеччыну. Хто мы — ніхто нас не пытаўся. Для Даніі ўсе мы былі няпрошанымі гасьцямі, якіх трэба было як найхутчэй пазбавіцца.

Лекары адмаўляюцца лячыць дзяцей

Пасьля пары тыдняў ваганьня адвезьлі нас усё ж не ў Нямеччыну, а ў лягер уцекачоў зь Нямеччыны, былую ваенную базу Гэвэльтэ. Пасьля цяжкіх умоваў жыцьця апошніх месяцаў многія людзі пачалі хварэць, і шпіталь хутка напоўніўся дзецьмі. Дацкія лекары адмовіліcя лячыць «ворагаў», і дзеці пачалі паміраць, папросту дзясяткамі кожны дзень. Прадслава, Лёнік і я таксама захварэлі.

Сьмерць Прадславы

Я ляжала ў шпіталі ў тым самым ложку, што сястрычка Прадслава. 26 траўня яна памерла.

Добрая мэдсястра Тантэ Гэдвіг

Толькі калі бацькі даведаліся, што ўцекачоў зь іншых краінаў пачалі вывозіць у другі лягер, удалося проста скрасьці ноччу цяжкахворага Лёніка (я ўжо была з бацькамі) і пакінуць Гэвэльтэ.

У другім нашым дацкім лягеры, які зваўся Брэмэрсвольд, было каля паўтары сотні ўцекачоў, пераважна з балтыйскіх краінаў, Украіны і Польшчы. Шмат было параненых, хворых. Усіх даглядала цудоўная мэдсястра, Гэдвіг Фрыгор, якую мы называлі Тантэ Гэдвіг — цётка Гэдвіг. Тады яшчэ быў моцна хворы мой васьмігадовы брацік Лёнік. Мама насіла яго на руках, бо ня мог хадзіць. Тантэ Гэдвіг спатрэбілася некалькі тыдняў, каб яго вылечыць.

Чаму крычаў Лёнік

Памятаю, як аднаго дня раптам пачулі Лёнікаў крык. Крычаў ён на ўвесь голас… Мы думалі, што яго ўкусіла пчала. Але калі да яго прыбеглі, аказалася, што ён першы раз змог падняцца ды стаць на ногі, і крычаў з радасьці.

Я адвучылася гуляць у лялькі

З таго часу Тантэ Гэдвіг да сваёй сьмерці ў 1960 годзе была нашай блізкай прыяцелькай. Памятаю, як з Брэмэрсвольду завезла мяне на ровары ў краму ў суседні гарадок, каб купіць мне сукенку. Дасюль мы толькі мелі адзежу, у якой выехалі з Баранавічаў… Таксама ад Тантэ Гэдвіг мы атрымалі нашыя (мабыць, першыя ў жыцьці) калядныя падарункі. Лёнік — самалёцік, а я — прыгожую лялечку. Памятаю, колькі часу я правяла, з захапленьнем гледзячы на тую ляльку… Гуляць, праўда, за вайну адвучылася, ня ўмела. У наступныя гады Тантэ Гэдвіг пазнаёміла мяне з усёй сваёй сям’ёй. Да сёньняшняга дня пляменьнікі і пляменьніцы Тантэ Гэдвіг, якім ужо ўсім пад семдзесят гадоў, лічаць мяне часткай сваёй сям’і, а я іх люблю як братоў і сёстраў.

«Лявоніха» перад чужынцамі

Але вярнуся ў Брэмэрсвольд, дзе мне давялося першы раз прадстаўляць Беларусь перад чужынцамі. Шматнацыянальная грамада вы- рашыла наладзіць канцэрт народных танцаў і сьпеваў. Пратанцавала я там — сола! — «Лявоніху», і так добра гэта ў мяне выйшла, што згадзілася прадэклямаваць яшчэ і верш «Cлуцкія ткачыхі». Вось толькі перад поўнай заляй зьніклі ў мяне з памяці «Ткачыхі» — і спатрэбілася дапамога таты, каб давесьці да канца гэтае выступленьне…

Сям’я Расмусэн

З Брэмэрсвольду нас перавезьлі ў курортны гарадок Скодсбарг на поўнач ад Капэнгагену і пасялілі ў перадваенным гатэлі ў адным пакойчыку з украінскай сям’ёй. Там я пазнаёмілася з маёй другой дацкай сям’ёй — Хрыстынай, Эляй і Аннай Расмусэн. Яны мяне ня толькі навучылі гаварыць па-дацку, але і паказалі, якая шчасьлівая можа быць штодзёншчына, калі людзі любяць адно аднаго, калі яны талерантныя, добразычлівыя і ветлівыя.

За шэсьць месяцаў, якія я правяла ў сям’і Расмусэнаў у маленькім гарадку Аўгустэнборгу, на поўдні Ютляндыі, я ня чула ніводнай сваркі, ніводнага няветлівага слова. Багатымі яны не былі, але былі даволі шчодрыя, каб дзяліць тое, што мелі, з чужым дзіцём. Калі я іх зноў адведала ў 1954 годзе, я спыталася тады ўжо старэнькую фру Расмусэн, як я магу ёй адудзячыцца за ўсё, што яна для мяне зрабіла.

Яна мне адказала: «Калісь зрабі і ты тое самае». Праз гадоў трыццаць пяць прыпомніліся мне гэтыя словы, калі давялося стварыць Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. А калі канадцам здавалася, што беларускім дзеткам можа быць цяжка вяртацца ў Беларусь пасьля адпачынку ў Канадзе, я ім расказвала пра мой дацкі досьвед. Пасьля цудоўных побытаў у Аўгустэнборгу я з радасьцю вярталася ў лягер, бо там чакалі мяне бацькі і Лёнік, якія былі для мяне найдаражэйшымі людзьмі ў сьвеце. У тым веку нават не прыходзіла мне ў галаву параўноўваць умовы жыцьця ва ўцякацкім лягеры з умовамі ў Аўгустэнборгу.

Год у Капэнгагене

Апошні год у Даніі мы жылі ў Капэнгагене, у вялізным лягеры Клeвэрмаркет. Тата працаваў па сваёй прафэсіі, я хадзіла ў дацкую школу — была адзіным дзіцём у лягеры, якое дастаткова добра ведала дацкую мову, каб хадзіць у мясцовую школу. Тады ўжо здала пасьпяхова іспыт у сярэднюю школу. Моцна любіла маю настаўніцу, фрэкен Босэ, зь якою доўгія гады пасьля перапісвалася. Здаецца, у тым часе тата наладзіў кантакт зь Міколам Абрамчыкам, дзякуючы стараньням якога беларуская грамада ў 1948 годзе змагла пераехаць у Францыю. Тата быў старшынём беларускае грамады ў Даніі.

Тата перакладае Андэрсэна

Апрача грамадзкае і палітычнае працы, тата перакладаў на беларускую мову казкі Андэрсэ- на, працаваў над дацка-беларускім слоўнікам і вельмі цікавіўся самой краінай — быў захоплены яе дабрабытам у такі цяжкі паваенны час.

Часта пра гэта разважаў — з думкай, як прыстасаваць да Беларусі дацкі досьвед. Як маленькая краіна, безь ніякіх прыродных багацьцяў (тады яшчэ не знайшлі нафты ў Катэгаце), сталася такой заможнай дзяржавай? Думаю, што пытаньне гэтае актуальнае і сёньня.

Шчасьце вяртаньня

Тры гады, праведзеныя ў Даніі, я і дасюль прыпамінаю з удзячнасьцю. У гэтай першай краіне, якую я пазнала пасьля ваеннай завірухі, я чулася добра і была шчасьлівая. Жыцьцё ў Францыі, дзе я правяла наступныя адзінаццаць гадоў, было нашмат цяжэйшым, хоць таксама шмат заўдзячаю гэтай краіне. Там я скончыла навуку, здабыла веды, якія пасьля моцна спатрэбіліся ў жыцьці. Выйшаўшы замуж, я выехала ў Гішпанію. А дзесяць гадоў пазьней пераехалі з мужам Янкам і дзьвюма дачушкамі ў Канаду.

З кожнай з гэтых краінаў я зжылася. Калі цяпер адведваю Капэнгаген, Парыж ці Мадрыд, маю ўражаньне, што вяртаюся ў сваю вёску. Але адначасна заўсёды сумавала па Беларусі. Я заўсёды адчувала недахоп нечага істотнага, неабходнага. Толькі калі вярнулася ў Беларусь у 1992 годзе, пазнала тое бясконцае, стопрацэнтовае, амаль фізычнае, шчасьце, якое толькі раз перажыла перад тым — гэта калі нарадзіла ў Мадрыдзе маю першую дачушку Ганю.