Францускі кантракт. — Нас сустракае Рыдлеўскі. — Гатэль на высьпе Ля Гранд Жат. — Я павінна быць найлепшай вучаніцай. — Капліца пад Сэн-Сюльпіс. — Вучуся граць на піяніна. — Я выбіраю замежныя мовы. — Будынак у сквэры Манталён. — Прамовы Міколы Абрамчыка. — Баль у вэтэранаў. — Першае спатканьне зь Янкам Сурвілам. — Тата робіць маркі БНР. — Газэта «За волю»

Францускі кантракт

Наша сям’я прыехала ў Францыю 12 красавіка 1948 году, па праграме эміграцыі ўцекачоў — з краінаў, дзе яны апынуліся падчас ці пасьля Другой усясьветнай вайны, у краіны сталага пасяленьня. Пражыўшы тры гады ў

Даніі, куды нас закінуў лёс у траўні 1945 году, мы былі змушаныя пакінуць гэтую цудоўную краіну, таму што яна ня мела магчымасьці прыняць сотні тысяч людзей, якія тым ці іншым спосабам туды дабраліся, уцякаючы ад вайны ды бальшавіцкай пагрозы.

Францыі тады якраз патрабаваліся работнікі, і, каб не аддаляцца ад Беларусі, бацькі вырашылі эміграваць туды, разам з бальшынёй беларускіх уцекачоў у Даніі.

Усе мы прыехалі ў Францыю з кантрактамі працы на фэрмах. Паколькі ў Францыі не хапала рабочых у галіне сельскай гаспадаркі, імігранты мусілі згадзіцца адбыць кантракт на вёсцы перш як шукаць іншай працы. Такі кантракт падпісаў і тата, і мы былі гатовыя, прыехаўшы ў Францыю, пасяліцца недалёка ад Макон-сюр-Сон, у цудоўнай францускай правінцыі Бургонь, куды нас выправілі.

Але выйшла непаразуменьне. Фэрмэр прасіў сям’ю рабочых, а не гараджанаў, ды да таго з малымі дзецьмі. Пабачыўшы нас, перапалохаўся. Гэта дало тату надзею, што мо як зможа адразу перабрацца ў Парыж, дзе ўжо была вялікая беларуская грамада. Прапанаваў фэрмэру паехаць у адміністрацыю. Там паказаў свае дыплёмы і запэўніў, што ня будзе дамагацца працы ў фэрмэра, калі той не жадае яго прыняць. Вось так мы і атрымалі дазвол перабрацца ў Парыж.

Нас сустракае Рыдлеўскі

У Парыжы нас спаткаў Лявон Рыдлеўскі. Завёз нас на вуліцу дэ Гравіе, 65, дзе тады жыў Прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык з жонкай Нінай. Мы ведалі Міколу Абрамчыка яшчэ з Даніі, куды ён некалькі разоў да нас прыяжджаў. Але заапекаваўся намі інжынэр Рыдлеўскі. Памятаю ягоную ветлівую ўсьмешку.

Дагэтуль маю ў альбоме некалькі здымкаў з таго першага дня ў Парыжы: ня ведаючы, як малых пазабаўляць, завёў нас у «фотаматон» (аўтаматычны фатаграфічны кіёск), і зрабілі мы там сэрыю партрэтаў.

Як я даведалася крыху пазьней, беларусы ў Парыжы тады жылі ў чатырох месцах. Частка жыла на слаўнай высьпе Ля Гранд Жат, якую паўстагодзьдзя раней малявалі імпрэсіяністы. Безумоўна, не выглядала яна пасьля вайны так прыгожа, як на пачатку стагодзьдзя, але ўсё ж месца было цудоўнае. Другая частка беларусаў жыла на поўначы Парыжу, недалёка ад Маршэ-о-Пюс. Называлі мы гэтае месца Клінянкур, паводле назвы апошняй станцыі на лініі мэтро, якой туды ехалі. Жылі беларусы таксама на вуліцы Бацарыс, у 19-й акрузе францускай сталіцы, і на вуліцы Гамбэта, у 11-й акрузе.

Гатэль на высьпе Ля Гранд Жат

Спадар Рыдлеўскі завёз нас на выспу Ля Гранд Жат, дзе мы пасяліліся ў адным маленькім пакойчыку старога перадваеннага гатэлю. Толькі пад восень перабраліся ў два пакойчыкі, дзе і жылі, пакуль не купілі кавалка зямлі і не пачалі будаваць сваю хату ў 1952 годзе.

Адзін з пакойчыкаў, тры на тры мэтры, быў нашай сталовай, заўсёды поўнай сяброў, і працоўняй, дзе дзеці рабілі вечарамі школьныя заданьні, а тата даваў лекцыі матэматыкі ды фізыкі хлопцам, якія стараліся прадаўжаць навуку, перарваную вайною. Гэта была таксама спальня бацькоў. Другі пакойчык такой жа плошчы быў спальняй дзяцей і кухняй. Там стаяла і маміна швейная машына, на якой яна старалася падзарабіць пару грошаў, бо тата зарабляў вельмі мала ў маленькім атэлье, дзе рамантаваў маторы.

У тыя гады выспа Ля Гранд Жат была месцам, дзе жылі бедныя эмігранты. Дзіўна, але сёньня гэта адзін з найбольш прэстыжных раёнаў Парыжу. Зусім нядаўна тут набыў кватэру прэзыдэнт Францыі Сарказі.

Я павінна быць найлепшай вучаніцай

З братам адразу пачалі хадзіць у пачатковую школу, за два кварталы ад нашай вуліцы, хаця я ўжо тады здала экзамэн у сярэднюю школу ў Даніі. Але ж трэба было неяк навучыцца францускай мове. Пасьля перайшлі — Лёнік у тэхнічную школу ў Сюрэн, а я ў гімназію для дзяўчат у Нёі. Гэта была прыватная школа, бо ў Нёі тады не існавала сярэдняй публічнай школы для дзяўчат. Каб атрымаць для мяне нейкую палёгку з аплатай, тата з спадаром Рыдлеўскім мусілі паабяцаць, што я ня толькі здам экзамэны, але і буду найлепшай вучаніцай, прыкладам для іншых дзяўчатак. Шмат я напераймалася падчас наступных сямі гадоў, каб хаця быць на вышыні ды ня страціць стыпэндыі.

У сярэдняй школе я заўсёды мела шмат сябровак, зь некаторымі яшчэ цяпер сябрую. Іншыя перадусім цанілі тое, што я добра вучылася ды магла ім памагчы. Часта запрашалі дахаты на абед. Жылі яны ўсе ў цудоўных дамах, да стала падавалі служанкі. Але ніколі мне не прыйшло ў галаву параўнаць іхныя ўмовы жыцьця з нашымі. Ніколі не ўважала сябе горшай ці бяднейшай за іх. Наадварот, жыцьцё нашае было нашмат цікавейшае.

Капліца пад Сэн-Сюльпіс

Кожную нядзелю сям’ёй мы езьдзілі на службу да айца Льва Гарошкі, у капліцы пад касьцёлам Сэн-Сюльпіс. Там звычайна зьбіралася шмат людзей, ня толькі ўніятаў, якіх было ў Парыжы вельмі мала, але і праваслаўных, і каталікоў. Веравызнаньне нас не разьдзяляла, зьяжджаліся мы ўсе, таму што служба была беларуская. Ніна і Вера зь сям’і Дышлюкоў вельмі прыгожа сьпявалі падчас службаў. Калі першы раз прыйшлі ў капліцу і пачалі сьпяваць, не папярэдзіўшы айца Льва, дык ён ледзь не самлеў, а ўсе прысутныя былі захопленыя.

Пасьля службы звычайна ўсе разам накіроўваліся ў бок мэтро «Сэўр-Бабілён», пасьля чаго наша сям’я ішла пешкі ў нейкі музэй — найчасьцей Люўр, дзе праводзіла рэшту дня. Часам арганізоўвалі экскурсіі па Парыжы разам зь іншымі суродзічамі. Часта ішлі дахаты па Элізэйскіх палях, захапляючыся па дарозе паркам Цюільры, пляцам Канкорд, Гран Пале, Трыюмфальнай аркай ды іншымі слаўнымі мясьцінамі Парыжу.

Вучуся граць на піяніна

З братам Лявонам езьдзілі на курсы беларускай мовы да спадарыні Абрамчык і на курсы рэлігіі да айца Льва. Я таксама вучылася граць на піяніна ў старэнькай настаўніцы ў Аржантэй. Трэба было аўтобусам гадзіну ехаць туды і гадзіну назад, дый задавальненьня ад піяніна было мала, бо не было на чым практыкавацца.

Але ў Даніі і Лёнік і я вучыліся граць два гады, бацькі прыкладалі вялікія намаганьні, каб даць нам гэтую магчымасьць, таму думалася, што неяк трэба прадаўжаць. Толькі як пайшла ў гімназію, перастала езьдзіць у Аржантэй, бо зашмат гэта займала часу. Яшчэ цяпер з удзячнасьцю прыпамінаю ўсё, што бацькі зрабілі, каб дзецям даць магчымасьць «людзьмі стацца»…

Я выбіраю замежныя мовы

У Францыі я здабыла вышэйшую адукацыю. Спачатку год правучылася ў Вышэйшай мастацкай школе, а пасьля перайшла ў Сарбону, на гуманітарны факультэт. Выбрала мовы — ангельскую і скандынаўскія.

Сарбона тады яшчэ мясьцілася ў гістарычным будынку XVІІ стагодзьдзя. Будынак для тысяч студэнтаў, якія там вучыліся, быў зацесны. На лекцыі трэба было прыходзіць загадзя і станавіцца ў чаргу ля дзьвярэй аўдыторыі, каб захапіць сядзячае месца. Калі ў бібліятэцы не было месца, то студэнты між лекцыямі ішлі вучыцца ў бліжэйшыя кавярні.

Мая асабістая сытуацыя была яшчэ больш складанай, бо я, як чужынка, ня мела права на стыпэндыю. Жыла ў бацькоў, тры гадзіны кожны дзень марнавала на транспарт. Каб аплачваць цягнік і выдаткі на навуку, летам, а таксама ў суботы і нядзелі я працавала ў краме сувэніраў, дзе і практыкавалася ў мовах. Але падрабязна пра Сарбону — крыху пазьней.

У Францыі я пражыла адзінаццаць гадоў, пакуль ня выйшла замуж і не перабралася ў Мадрыд. Бацькі мае жылі там да канца свайго жыцьця — тата памёр у 1977 годзе, мама ў 1994-м. Да канца жыцьця яны так і не прынялі францускага грамадзянства. Да канца жыцьця ня трацілі надзеі вярнуцца дадому… Цяпер у бацькоўскай хаце жыве мой брат Лёнік зь сям’ёй.

Будынак у сквэры Манталён

Галоўным месцам спатканьня для беларусаў у Парыжы быў прафсаюзны будынак Францускай канфэдэрацыі хрысьціянскіх работнікаў, у сквэры Манталён. Там адбываліся і выставы, і зборкі, і ўрачыстыя сьвяткаваньні нашай грамады.

Першы раз мы туды прыехалі ў 1948 годзе — здаецца, на сьвяткаваньне праваслаўнага Вялікадня. Было там шмат людзей, і памятаю, што спаткалі нас з кветкамі. Перадаў іх Арсень Монід. Быў там і Міхась Наўмовіч, які тады вучыўся ў Вышэйшай мастацкай школе, і пэўна ж, усе іншыя беларускія парыжане. Хоць мы іх тады яшчэ ня ведалі, вельмі было прыемна ў вялікай беларускай сям’і.

Прамовы Міколы Абрамчыка

На наступным спатканьні тата расказаў пра наша жыцьцё ў Даніі. Памятаю, як прыгожа гаварыў. Між іншым, таксама заўсёды захаплялася выступленьнямі Міколы Абрамчыка, які быў выдатным прамоўцам. Слухалі яго пасьля кожнага ягонага падарожжа па сьвеце, у тыліку і ў далёкую Амэрыку. Яшчэ цяпер памятаю, як ён расказваў, як хутка амэрыканцы будуюць дамы, ды дзівіўся аб’ёмам амэрыканскіх газэтаў.

У прафсаюзным доме сьвяткавалі мы кожны год 25 Сакавіка і адзначалі Слуцкае паўстаньне. Пасьля дакладу на тэму дня быў звычайна канцэрт, выступалі зь вершамі, сьпяваў Віктар Жаўняровіч. Падросшы, я часам вяла гэтыя сьвяткаваньні.

У Нёі мы вышылі шмат народных касьцюмаў. Вышывалі іх для студэнтаў у Лювэне, для сябе, для паказу на міжнародных выставах. Ініцыятыва была Ніны Абрамчык, я малявала ўзоры, вышывалі мама, Ніна, Валя Кавалеўская і я. Шмат гадоў пасьля пабачыла ў Канадзе вышываную кашулю з узорам, які я была прыдумала ў свае дванаццаць гадоў у Парыжы.

Баль у вэтэранаў

З айцом Львом хадзілі на кангрэсы, дзе трэба было трымаць беларускі сьцяг, а часам і прамовіць пару словаў па-француску. Аднойчы Міхасю Наўмовічу трэба было пайсьці на зборку Міжнароднай асацыяцыі вэтэранаў, якая арганізавала супольны баль. Міхась быў заняты і папрасіў, каб пайшла я. Было даволі камічна бачыць на паседжаньні сівых вэтэранаў шаснаццацігадовае дзяўчо… Але адбыла павіннасьць, і беларусы ўзялі ўдзел у імпрэзе. Я ўжо ведала добра францускую мову, і даводзілася рабіць даволі шмат рэчаў, якія звычайна ў такім веку ня робяцца. Прыкладам, запаўняла просьбы на выезд у Амэрыку ці Канаду і падатковыя дэклярацыі, вадзіла новапрыехалых у гарадзкі камісарыят рэгістравацца, а каму было трэба — да лекара ці ў шпіталь. Не магу сказаць, што рабіла гэта зь вялікай прыемнасьцю, але тады не было прынята адмаўляць камуколечы ў помачы.

Першае спатканьне зь Янкам Сурвілам

Адным з найбольш прыемных успамінаў з таго часу быў Усясьветны зьезд беларускай эміграцыі, які адбыўся ў кастрычніку 1948 году ў Парыжы. Прыемны ўспамін, бо на гэтым зьезьдзе я ўпершыню пабачыла майго будучага мужа, Янку Сурвілу. Зьехалася тады беларуская дзейная эміграцыя зь Нямеччыны, Англіі, Бэльгіі, Францыі. Гэта было яшчэ перад масавым выездам беларусаў за акіян.

Я прышпільвала людзям беларускія сьцяжкі, а яны мне за гэта клалі на талерку некалькі франкаў на аплату выдаткаў, зьвязаных зь зьездам. Кожны нахіляўся, я яму прышпільвала сьцяжок, пасьля чаго, усьміхнуўшыся, ішоў знаёміцца зь іншымі дэлегатамі.

А тут прыходзіць малады чалавек і кладзе мне за сьцяжок штось каля месячнай зарплаты майго таты. Калі я гэта ўбачыла, пабегла за ім, каб сказаць, што ён, відаць, памыліўся, — бо ж ніхто іншы столькі на талерку ня клаў. А ён кажа: не, не памыліўся. Безумоўна, такой шчодрасьці я не магла забыцца, і калі Янка праз год пераехаў з Мэцу, дзе ён тады працаваў, у Парыж, я на яго ўжо глядзела з асаблівым захапленьнем.

Тата робіць маркі БНР

Зьезд беларускай эміграцыі — адзін з прыкладаў вельмі актыўнага беларускага жыцьця ў тыя гады ў Парыжы. Айцец Леў Гарошка выдаваў рэлігійны часопіс «Божым шляхам». Міхась Наўмовіч зь Януком Філістовічам і, крыху пазьней, з Аўгенем Кавалеўскім выдавалі рататарам часопіс «Моладзь». Янка Сурвіла выдаваў, таксама рататарам, Бюлетэнь Усясьветнага аб’яднаньня беларускай эміграцыі. Выдалі беларускі каляндар, тата маляваў сэрыю марак БНР.

Газэта «За волю»

Аднак адчувалася, што патрэбная сапраўдная газэта. Беручы пад увагу нашыя ўмовы жыцьця, цяжка сабе ўявіць, дзе браліся на ўсё гэта сілы. Раптоўна ўзяліся мы езьдзіць па друкарнях (пераважна езьдзіў тата, а мяне браў з сабою, бо трэба было перакладчыцу), па фабрыках, дзе вылівалі з волава літары ды рабілі прэсы. Пачалі лічыць, колькі кожнай літары трэба, каб надрукаваць беларускі тэкст, зьбіраць грошы, каб усё гэта закупіць. Нарэшце пачала працаваць беларуская друкарня на вуліцы дэ Гравіе, 65. Платным друкаром стаўся Мікола Лысуха. Набіраў ён па літарцы газэту «За волю», якая тады пачала выходзіць. Тата і пісаў, і рэдагаваў, і рабіў карэктуру, і рассылаў газэту, і зьбіраў на яе сродкі. Найбольш грошай даваў, праўда, сам. Мама тымчасам езьдзіла ранічкаю на Галі, вялізарны стары рынак у цэнтры (той самы, якому Э. Заля прысьвяціў раман «Чэрава Парыжу» і які пазьней разбурылі), каб таньней купіць бульбы, селядцоў ды сьвіных ножак — бо ж трэба было пракарміць сям’ю.

Газэта перастала выходзіць праз паўтара году, калі Лысуха адмовіўся яе набіраць за грошы, якія грамада магла яму плаціць. А больш грошай цяжка было сабраць — магчыма, таму, што людзі пачалі ўжо выяжджаць у Амэрыку.