Жук-Грышкевіч і Сажыч. — Мандат ад Васіля Захаркі. — Сустрэчы ў Даніі. — Заснаваньне Радыё «Вызваленьне». — Старшынёўства ў «Парыскім блёку». — Самаахвярная праца

Жук-Грышкевіч і Сажыч

Я мела прыемнасьць і гонар асабіста ведаць трох старшыняў Рады БНР — Міколу Абрамчыка, Вінцука Жук-Грышкевіча і Язэпа Сажыча. (Дарэчы, да гэтага часу пасада кіраўніка Рады БНР у розных крыніцах пішацца па-рознаму — часам прэзыдэнт, а часам старшыня.

У цяперашнім Статуце ўжываецца назва «старшыня», але пры перакладзе на іншыя мовы — прэзыдэнт.)

Кожны зь іх быў змагаром за незалежнасьць Беларусі, за сувэрэннасьць беларускай дзяржавы, за волю і дабрабыт беларускага народу. Кожны зь іх, аднак, розьніўся ад сваіх папярэднікаў — як сваім палітычным думаньнем, так і асабістымі зацікаўленьнямі.

Пра Вінцэнта Жук-Грышкевіча, які ўзяў на сябе адказнасьць давесьці да парадку ўнутраныя структуры Рады БНР, мы ведаем шмат дзякуючы зьмястоўнай працы пра яго жыцьцё ягонай жонкі Раісы Жук-Грышкевіч. Доктара Сажыча ў Беларусі шмат хто сустракаў падчас Адраджэньня пачатку дзевяностых гадоў: старшыня Рады БНР браў удзел у сьвяткаваньні 75-х угодкаў БНР у 1993 годзе ў Менску. На ўрачыстым пасяджэньні ў залі філярмоніі разам зь ім быў тагачасны афіцыйны кіраўнік Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч.

Язэп Сажыч жыў надзеяй, што зможа нарэшце перадаць паўнамоцтвы Рады БНР вольнаму беларускаму парлямэнту ў Менску. Але да гэтага не дайшло, бо парлямэнт, як і ўрад, заставаліся пракамуністычнымі, а незалежнасьць Беларусі не была гарантаваная (пры гэтым, мушу сказаць, урад Кебіча рабіў намаганьні, каб Рада БНР перадала свае паўнамоцтвы).

Мандат ад Васіля Захаркі

Пра Міколу Абрамчыка ў Беларусі калі і ведаюць, дык толькі хлусьню, якая публікавалася пра яго ў БССР. Таму раскажу пра гэтага выдатнага дыплямата, палітыка і чалавека. Мікола Абрамчык быў трэцім старшынём Рады БНР на выгнаньні. Мандат яму перадаў перад сьмерцю Васіль Захарка ў 1943 годзе.

Тады, безумоўна, не было магчымасьці склікаць сэсію Рады БНР, каб выбраць новага старшыню Рады. Зрабіў гэта Мікола Абрамчык у сьнежні 1947 году. Там яго пераабралі, і быў ён старшынём Рады аж да свае сьмерці ў 1970 годзе.

Жылі Абрамчыкі ў Парыжы, на вуліцы дэ Гравіе, 65, пакуль не перабраліся ў прадмесьце Парыжу Вільпэнт. У тым памяшканьні было і Згуртаваньне беларусаў Францыі «Хаўрус», выдавалася там газэта «За волю». Калі каталіцкі касьцёл купіў яго для беларускага ўніяцкага сьвятара айца Льва Гарошкі, мясьцілася там і ягоная бібліятэка, і беларуская каплічка, у якой пазьней адпраўляў беларускія багаслужбы для беларусаў у Францыі айцец Аляксандар Надсан. Гэтая маленькая беларуская мясьціна ў Парыжы, якая зьвязаная з выбітнымі беларусамі і лёсавызначальнымі для дыяспары падзеямі, цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, прадаецца. На жаль, цяперашнія ўлады Рэспублікі Беларусь у ёй не зацікаўленыя. Ня ведаю, ці зможа купіць яе наша эміграцыя.

Сустрэчы ў Даніі

Міколу Абрамчыка я першы раз пабачыла, калі ён прыехаў у Данію дапамагчы беларускай грамадзе ў гэтай краіне змагацца супраць маскоўскіх намаганьняў вярнуць на «радзіму» шматлікіх уцекачоў з Усходняе Беларусі — гэта значыць зь перадваеннага Савецкага Саюзу. Людзі гэтыя рызыкавалі жыцьцём, каб вырвацца зь вялізарнага канцлягеру, якім для ўсіх нас была расейская імпэрыя, а іх хацелі прымусам вярнуць. Расейцы, якімі ніхто не апекаваўся, неаднойчы «вызваляліся» ад прымусовага вяр- таньня ў СССР самагубствам. Балтамі, беларусамі, украінцамі апекаваліся іх суайчыньнікі, якія, дзеля іхнага несавецкага грамадзянства перад вайной, не падпадалі пад дамову між Савецкім Cаюзам і яго заходнімі саюзьнікамі ў справе прымусовага вяртаньня савецкіх грамадзянаў.

Прэзыдэнт Абрамчык прыяжджаў у Данію некалькі разоў. Спыняўся ён звычайна ў нас. Быў гэта чалавек інтэлігентны і адукаваны, што праяўлялася ў паводзінах і выглядзе. Яго ўсе паважалі. Я яго тады папрасіла, каб напісаў мне пару словаў у маю кніжачку аўтографаў, якія былі вельмі модныя ў той час. Дагэтуль маю тыя словы, якімі і цяпер ганаруся. Гучаць яны вось так:

Маленькай, але бравай беларусцы,

Івонцы Шыманец,

што так моцна змагаецца за сваю

беларускасьць,

на ўспамін аб спатканьні ў Капэнгазе.

ад М. Абрамчыка

27 лістап. 1947

Капэнгага.

Прыехаўшы ў Францыю, мы часта бачыліся з Абрамчыкамі. Добра памятаю ў канцы 1948 году Ўсясьветны зьезд беларускай эміграцыі. Арганізавалі яго Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі і Ўладзімер Шыманец. Тады я першы раз бачыла Вінцука Жук-Грышкевіча, а таксама будучага Архіяпіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Васіля (Тамашчыка) і майго будучага мужа Янку Сурвілу.

Заснаваньне Радыё «Вызваленьне»

Калі Абрамчыкі перабраліся з Парыжу ў вёску, запрасілі брата і мяне да сябе на адпачынак. У тым часе, аднак, прэзыдэнт Абрамчык быў найчасьцей пры сваім працоўным стале.

Хутка пасьля гэтага паехаў першы раз у Злучаныя Штаты. Звычайна, калі не было яго на нашых зборках (я часта там зьяўлялася), дык быў ён за мяжой. Калі прыяжджаў назад менавіта з Амэрыкі, зьбіралася ўся наша грамада, каб пачуць ягоную справаздачу з падарожжа. Для мяне было гэта заўсёды вельмі цікава, бо ж Амэрыка была ў маім дзіцячым уяўленьні нечым поўнасьцю недасягальным.

Ад 1954 году езьдзіў прэзыдэнт Абрамчык даволі часта ў Мюнхэн, дзе дзякуючы ягоным стараньням пачала дзейнічаць Беларуская служба Радыё «Вызваленьне», цяперашняй «Свабоды».

Старшынёўства ў «Парыскім блёку»

Увесь гэты час прэзыдэнт Абрамчык адыгрываў вялікую — кіроўную — ролю і ў сувязях між дыяспарамі паняволеных народаў СССР.

Ён быў вельмі тактоўны і цярплівы чалавек, меў павагу і давер людзей, якія спрачаліся або варагавалі між сабой. Такт і цярплівасьць забясьпечылі яму і старшынёўства ў «Парыскім блёку», дзе згуртаваліся лідэры нерасейскіх дыяспараў. Яны супольна баранілі інтарэсы нерасейскіх народаў і іхнае змаганьне за незалежнасьць пасьля прадбачанага развалу расейскай імпэрыі, якою быў Савецкі Саюз.

Замежная палітыка была прыярытэтам для Міколы Абрамчыка. І з усіх старшыняў Рады ён найболей зрабіў у гэтым кірунку.

У вялікай меры дзякуючы аўтарытэту Міколы Абрамчыка паўсталі і беларускія радыёперадачы Гішпанскага нацыянальнага радыё. Каб ня ён, беларуская грамада не ўзялася б іх фінансаваць. А без дапамогі беларускага грамадзтва рэдактарам не было б за што жыць у Мадрыдзе, вяшчаючы на Беларусь, бо Гішпанія забясьпечвала толькі тэхнічныя сродкі для вяшчаньня.

Самаахвярная праца

Мушу тут заўважыць, што рабіў Мікола Абрамчык усю гэтую працу ў надзвычай цяжкіх умовах. Ніякіх прыбыткаў з працы ня меў. Каб пражыць, мусіў таксама разьлічваць на падтрымку нашага грамадзтва. Пакрысе з здабытых старых матэрыялаў будаваў сабе маленькую хату для жонкі і маленькага сына Альгерда.

Перадчасная ягоная сьмерць ад цяжкое хваробы была вялікім ударам для беларусаў усяго сьвету. Зьехаліся на паховіны ў Парыж суродзічы з суседніх краінаў, з Амэрыкі, з Канады. Усе адчувалі, што адышоў вялікі беларускі патрыёт і дзяржаўны муж. У БССР адплацілі яму за гэта абразьлівымі мянушкамі й зьняважлівымі абвінавачаньнямі.