Нам падвышаюць плату за жыльлё. — Набываем кавалачак зямлі ў Сартрувілі. — Першы паверх сваімі рукамі. — Два гады ў адным пакоі. — Татаў досьвед і талака

Нам падвышаюць плату за жыльлё

Як я ўжо апавядала, па прыезьдзе ў Францыю наша сям’я пасялілася ў двух маленькіх пакойчыках у старым перадваенным гатэлі, на высьпе, дзе жылі ўжо некалькі беларусаў. Месца было цудоўнае — над ракой Сэнай, спакойная вулічка, магчымасьць вучыцца, седзячы над ракой ды гледзячы на прыгожыя парыскія захады сонца ды «пэнішы», ці баржы, якія павольна плылі па рацэ.

Але памяшканьне нашае, хоць і таннае, знаходзілася ў вельмі няякаснай прыбудове да гатэлю. Зімой вецер веяў праз шчыліны ў дзьверы і вокны, кухарыла мама ў адным з пакойчыкаў, дзе дзеці спалі, адзіны даступны кран (безумоўна, толькі з халоднай вадой) знаходзіўся на іншым паверсе. Але тады ўсё здавалася нармальным — тата паблізу працаваў і быў моцна заняты грамадзкімі справамі, мама старалася як найтаньней нас пракарміць, каб як-небудзь заашчадзіць пару франкаў. Гэтыя франкі нам моцна прыдаліся праз колькі гадоў.

Рэч у тым, што ў 1952 годзе гаспадар вырашыў падвоіць плату за памяшканьне, а плаціць столькі мы не маглі. Тата пачаў шукаць выйсьце. Са мной у ролі перакладчыцы аб’ехаў усе ваколіцы Парыжу з надзеяй, што знойдзем іншае жытло. На жаль, тады яшчэ Францыя толькі пачынала адбудоўвацца пасьля вайны, і памяшканьняў папросту не было.

Набываем кавалачак зямлі ў Сартрувілі

Тады ўзяліся глядзець, ці можна штосьці купіць. Хутка агледзелі, што і на гэта ў нас не было магчымасьцяў, бо пра пазычку бедным эмігрантам у Францыі і гаворкі не было. Адзіны выхад — купляць кавалак зямлі за горадам і будаваць.

Тата тады быў зьмяніў працу, і каля ягонай фабрыкі, на поўнач ад Манмартру, будаваліся вялікія дамы. Кожны дзень падчас абеду ён хадзіў на будоўлю і глядзеў, як людзі працуюць. Прафэсійны плян, каб атрымаць дазвол ад гораду на будоўлю дому, ён як інжынэр мог зрабіць сам.

Дзесь улетку 1952 году мы знайшлі кусочак зямлі ў мястэчку Сартрувіль, якое знаходзіцца за дванаццаць кілямэтраў на паўночны захад ад мяжы Парыжу. На жаль, мама назьбірала толькі палову сумы, каб яго купіць. Трэба было знайсьці кампаньёна на другую палову. Паабяцаўшы аднаму чалавеку, што тата зробіць яму плян і дапаможа будаваць, вырашылі і гэтую праблему.

Плян хаты, які адпавядаў усім патрабаваньням, горад прыняў бязь цяжкасьцяў. Паколькі грошай не было, тата вырашыў будаваць этапамі двухпавярховы дом, бо ўчастак быў пасьля падзелу даволі вузкі. Спачатку тата пастанавіў падрыхтаваць адзін пакой, куды можна было б адразу перабрацца. А за грошы, заашчаджаныя на кватэры, кожныя два тыдні можна было б купляць будаўнічыя матэрыялы - цэмэнт, пясок, цэглу, жалеза, а пазьней вокны, дзьверы, падлогу і гэтак далей, і памаленьку сям’ёй будаваць. Толькі калі трэба было заліваць дах ды падлогу між паверхамі, рабілі гэта талакой — разам зь сябрамі-беларусамі, якія прыехалі з намі з Даніі.

Першы паверх сваімі рукамі

Яшчэ цяпер памятаю дакладна, як гэта ўсё рабілася. Як мы мяшалі цэмэнт зь пяском, як рабілі цагліны, як тата іх клаў, як мы з братам зьвязвалі жалезныя драбінкі для бэтону… Адным з маіх заданьняў было езьдзіць у Сартрувіль чацьвяргамі, калі не было школы, ды прымаць купленыя матэрыялы — бо ж тата сярод тыдня працаваў. Толькі калі прыйшлі татавы канікулы, паставілі палатку і там ужо жылі, пакуль не пабудавалі сьценаў першага пакою нашай хаты.

Два гады ў адным пакоі

Перабраліся мы перад зімой у няскончаны яшчэ пакой. Не было электрычнасьці — трэба было вучыцца пры газьніцы, не было вады. Крыху пазьней тата купіў вялікі кантэйнэр, паставіў яго на даху і напаўняў яго вадою зь іншай вуліцы, бо на нашай тады яшчэ вады не было. Жылі мы ў гэтым адным пакоі (чатыры на пяць мэтраў) два гады. Тата за хатай пабудаваў хлеўчык, дзе гадавалі курэй, трусоў, качак. Таксама быў невялічкі агарод, там пасадзілі бульбу і таматы.

З грашыма было вельмі цяжка, бо ж і брат і я вучыліся. Праўда, мы падзараблялі на свае штодзённыя выдаткі. Я давала лекцыі дзецям.

У 1953 годзе ўлетку займалася пару тыдняў з двума малымі хлопчыкамі з Амэрыкі, якіх бацькі прывезьлі ў Парыж, але ня мелі часу імі займацца. Памятаю, зь якой радасьцю аддала заробленыя грошы тату на цэглу.

Хату скончылі ў 1956 годзе — увесь дом пабудавалі самі. Адзіная пазыка, якую мелі, быў кошт увядзеньня электрычнасьці. Грошы на электрыку пазычылі нам цудоўныя нашыя сябры, спадарства Баркоўскія (ён беларус, яна францужанка), калі горад правёў электрычнасьць на нашай вуліцы і сталася яна больш даступнай. Атынкавалі хату крыху пазьней.

У 1959 годзе, калі я выходзіла замуж, была гэта найпрыгажэйшая хата на нашай — вельмі даўгой — сартрувільскай вуліцы.

Татаў досьвед і талака

Але дасьведчаньне нашае з будоўляй (прынамсі, татава) на гэтым ня скончылася. Калі нашыя суродзічы пабачылі, што задума пабудаваць свой дом усё ж не была віламі па вадзе пісаная, пачалі цікавіцца, як пабудаваць дамы сабе.

Першаму тата зрабіў плян Міхасю Наўмовічу, які быў купіў кавалачак зямлі ў Вільпэнт, у суседзтве Абрамчыкаў. Міхась пазьней пабудаваў сабе яшчэ два дамы, адзін у горах, а другі над морам. Неаднойчы прыгадваў, што адважыўся гэта рабіць дзякуючы тату. Два наступныя дамы пабудавалі дзьве беларускія сям’і ў вёсцы Вэр-ле-Гран. Тата ўсім рабіў пляны, тлумачыў, як будаваць, і езьдзіў зь Лёнікам дапамагаць, калі патрэбная была талака. Пабудавалі таксама дамы каля Парыжу паводле татавых плянаў (якія ён заўсёды рабіў бясплатна, па-сяброўску) Емільянчыкі, Хоміч, Забаўскія і шмат іншых.

У сартрувільскім доме тата з мамай жылі да канца жыцьця. Там цяпер жыве брат з жонкаю. Гасьцілі там сотні суродзічаў з усяго сьвету. Многае згадваю, калі часам начую цяпер у маім пакойчыку, які мне збудаваў тата. Брат дабудаваў яшчэ адзін паверх для сваёй сям’і, пакуль жылі бацькі. Нядаўна дадаў вэранду. Выглядае дом прыгожа і праз паўстагодзьдзя пасьля будоўлі.

Тата казаў, што дом гэты быў найбольшым ягоным дасягненьнем. А зрабіў ён у жыцьці вельмі шмат.