Вячаслаў Адамчык
Пах летнiх траў
Кожным годам, цёплым летам, калi пачынаюць касiць, я еду дадому.
Спачатку адчуваеш трапяткi сыраваты холад на душы, калi яшчэ раненька, калi яшчэ толькi прагрукоча першы трамвай, iдзеш на блiзкi прыпынак, пустою вулiцаю, не падмеценым яшчэ тратуарам i з нейкай нецярплiвасцю думаеш, што недзе сёння пасля поўдня, калi сонца спадзе на вечар, калi ўсё неяк раптам прыцiхне, чакаючы жывое расы i вiльготнае ночы, - будзеш дома.
Будзе вёска, шэрыя стрэхi, вузкая сцежка ад гумна да хаты праз картоплю, што, пэўна, недзе цвiце сумна прывялым цветам. Будзе гладкi камень каля парога. Скрып дзвярэй. Пах роднае хаты, нiзкая столь, пабеленыя сцены, завешаныя накрухмаленымi фiранкамi вокны - i надта малыя - гэта спачатку, пакуль разгледзiшся. А потым ужо порсткае цёплае сена - яно пахне горкiм чэмерам - у хлевушку на палатках, цяжкiя i сонныя ўздыхi каровы, нечы добры голас у цемнаце на вулiцы, ясная шчылiнка ў сцяне i дзiўнае адчуванне, што ты нiдзе не быў, што жыў дома, што гэтае самае было ўчора, пазаўчора, год назад, два i болей...