Алесь Аркуш
Нестар эсэссэрыi
У таталiтарнай Беларусi быў, бадай што, адзiны сапраўдны яе песьняр Вiнцэсь Мудроў. Нiхто так, як ён, не захапляўся ўчорашнiм сацыялiзмам, з такой адданай любоўю не занатоўваў усе яго сацыяльныя праявы, гiсторыi, показкi. Пры гэтым не разьлiчваў на якiясь ганарары, членскi бiлет СП, месца ў прэзыдыюме i ляўрэацкiя вянкi. Крэмзаў сабе ў сваiх вучнёўскiх сшытках, час ад часу ладзячы сяброўскiя чытаньнi, на якiх прысутныя аж заходзiлiся ад рогату. Такi пясьняр мог зьявiцца: па-першае, на пэрыферыi, дзе ня трэба прыкладаць намаганьняў, каб заставацца нонканфармiстам (ты ўсё роўна нiкому не патрэбны); па-другое, у адпаведным асяродзьдзi (наконт гэтага ў Наваполацку ўсё было о'кэй); па-трэцяе, у сям'i, якая ня мела б нiякага дачыненьня да мастацтва (каб не патрапiць у наежджаную каляiну i не эстэтызаваць свой мастацкi сьвет). Не выпадкова менавiта Мудроў стаўся галоўным стваральнiкам лiтаратурнага самвыдавецкага альманаху "Блакiтны лiхтар", пятнаццаць нумароў якога былi выпушчаныя ў Наваполацку 70-х гадоў.
У краiне пiянэрскiх гальштукаў i камсамольскiх сходаў патрэбная была прадушына. Дзялянка, на якой можна было праяўляць сваю бунтарскую сутнасьць, зьдзяйсьняць свой беларускi чын. (Iснуе легенда, што вучань Вiця Мудроў знайшоў аднойчы ў кучы школьнай макулатуры падзёрты зборнiк вершаў Максiма Багдановiча, вырашыў пазьдзекавацца з вахлачых беларускiх вiршаў i пачаў уголас дэклямаваць адзiн зь iх. Эффект атрымаўся неверагодны - "мяшанец" Витя Мудров стаўся беларусам Вiнцэсем Мудровым.)
Аднак ягоная схiльнасьць да жартаўлiвага ўспрыняцьця беларускага сацрэалiстычнага слова засталася. Ён знаходзiў у творах беларускiх пiсьменьнiкаў, аўтараў "Маладосцi", "Полымя" etc., мясьцiны (балазе iх хапала ўдосталь), перачытваючы якiя, рваў сьмехам бакi. Сваiмi знаходкамi аматар беларускага краснага пiсьменства дзялiўся з сябрамi, нават наладжвалiся грунтоўныя чытаньнi чарговай мудроўскай ахвяры. Атрымлiвалiся сапраўдныя вечарыны гумару. Высьмейвалася ўгодлiвае, партыйна-прымiтыўнае, яўна хлусьлiвае бытапiсальнiцтва, непiсьменнасьць, спэкуляцыя на "гераiчнай" тэме. Найбольш "удалыя" радкi перасыпвалiся зьедлiвымi камэнтарамi чытальнiка, яго дасьцiпнымi тлумачэньнямi мастацкай канцэпцыi аўтара, фантазiямi i рэфлексiямi.