Ткачы (на белорусском языке)

Аркуш Алесь

Алесь Аркуш

Ткачы

Раней нiхто й не здагадваўся, што ў нашым горадзе жывуць ткачы. Нават старажылы ня памятаюць, каб былi тут якiясь ткацкiя фабрыкi. Прычым, гэтыя ткачы да нас нiадкуль не прыехалi, гэта ня нейкiя там мiгранты з баваўнянай Сярэдняй Азii. Як раз не. Гэта свае, тутэйшыя. Тут нарадзiлiся, гадавалiся й сталелi. Але як iм удалося дасюль хаваць сваю прыналежнасьць да тае спэцыфiчнае прафгрупы? Загадка.

Раней я быў па-дзiцячаму наiўны. Мне падавалася, што калi ты каваль, дык мусiш вырабляць на кавадле працоўныя прылады з мэталу, а калi ткач - ткаць халсты. Нiчога падобнага. Можна быць ткачом i ня ведаць, што такое ткацкае абсталяваньне й чым бавоўна адрозьнiваецца ад нэйлёну. Карацей, быць поўным прафанам у ткацтве. Калi я даведаўся, што такое магчыма, дык страшэнна зьдзiвiўся. Можна сказаць, што ў маёй галаве адбылася рэвалюцыя. На ўзор сэксуальнай. Прабачаюся, але колькi словаў мушу сказаць пра сэксуальную рэвалюцыю.

За савецкiм часам на сэксуальную сувязь да ўзяцьця шлюбу глядзелi як на паўкрымiнальную правiну. Гэта сьцьвярджалi ўсе iнстытуты грамадзтва - мараль, iдэалёгiя, адукацыя, сям'я. Таму ўласна сэксуальная сувязь ва ўяўленьнi моладзi паўставала ў выглядзе гэткай д'ябальскай спакусы. Гэткага сатанiнскага ўчынку. Побач зь якiм проста не iснавала месца каханьню. Каханьне ўсё ж такi боскае пачуцьцё. Ня цяжка ўявiць, што нараджалася ад сэксу без каханьня. Сэксуальная рэвалюцыя выбухнула як супрацiў татальнаму падману. Як ахоўчая рэакцыя маладых арганiзмаў i душаў. Сацыяльная экалёгiя, што згубiла раўнавагу, патрабавала ратаваньня. Трэ было вярнуць каханьне чалавечым адносiнам. Памятаю, мая аднакурсьнiца, апраўдваючы дашлюбную сэксуальную сувязь, казала, што гэта небясьпечна - браць шлюб без выпрабаваньня свайго суджанага. Маўляў, навошта ўскладняць сабе будачае жыцьцё. Дзяўчына была прагматычнаю й думала пра будучае. Сатанiнскi сэкс ня думае нi пра што.