Айзэк Азiмаў
Выродлiвы хлапчук
Пераклаў Генадзь Шупенька
Як заўсёды, перш чым адчынiць наглуха зачыненыя дзверы, Эдзiт Фэлоўз паправiла свой рабочы халат i толькi пасля таго пераступiла тую нябачную лiнiю, што аддзяляла рэальны свет ад свету несапраўднага. Пры ёй былi нататнiк i асадка, хоць з пэўнага часу яна не вяла больш сiстэматычных запiсаў, робячы iх толькi пры пiльнай патрэбе.
На гэты раз яна несла з сабою i чамадан. "Гэта гульнi хлопчыкам", усмiхнуўшыся, растлумачыла яна вартаўнiку, якi даўным-даўно ўжо не задаваў ёй нiякiх пытанняў i толькi махнуў рукою, прапускаючы яе.