Сяргей Балахонаў
Сьмерць лютністы
Апавяданьне з часоў апошняй нямецкай акупацыі
Немцы не дазволілі нармальна справіць навагоднія сьвяты. Не зважаючы на вялікі спадзеў многіх ахвотнікаў, фаервэркі былі катэгарычна забароненыя пад пагрозаю карных захадаў ажно да расстрэлу. Як папраўдзе, расстрэлы дужа нэрвавалі менскі люд. Неяк цяжка было сьцяміць, чаму немцы, калі што ня так, хапаліся за зброю. Амаль як бальшавікі тыя. Хаця апошнія чынілі практычна ўсё ўпотайкі безь нямецкае схілкі да паказальнасьці, але
хто
ж у Менску ня знаў мясьціны, дзе НКВД мардаваў людзей?! Хто-ніхто, аднак, быў гатовы зразумець немцаў, бо ў менскіх ваколіцах шнырылі савецкія банды, а руіны самога места таксама былі ня надта бясьпечнымі з прычыны дзейнасьці зладзейскіх груповак, якія менавалі сябе „патриотическим подпольем“. Так ці гэтак, але стрэлы тут гучэлі штодня, бо нямецкая адміністрацыя ня мела аніякае пэўнасьці, што пад выглядам фаервэркаў чырвоныя ня ўчыняць якой-кольвек дывэрсіі.