Бангуолiс Балашавiчус
Знаёмы салдат
Пераклад: Павел Марцiновiч
Недалёка ад Плiшкяя, трохi вышэй вусця безыменнага ручая, па правым беразе Нёмана цягнецца балота. З iншых трох бакоў яго апярэзвае лес, глухi сыры ельнiк: зямля тут тлустая, але грунтовыя воды стаяць ля самай паверхнi. А на самiм балоце растуць каравыя чэзлыя сасонкi. Яны i памiраюць недаросткамi; падгнiлыя ствалы падаюць на белаваты тарфяны мох, прасякаюцца вадой i ў хуткiм часе парахнеюць; так у балоце напластоўваецца торф. Зараз гэты пласт ужо тоўсты: "вокнаў" у дрыгве засталося няшмат, i ступаць па балоце можна без асцярогi. Тут знаходзяць прытулак звяры, а вось мясцовыя жыхары амаль не зазiраюць на балота, хоць журавiн на iм процьма.
Балота карыстаецца благой славай. Поўна ў iм снарадаў i бомбаў, што не разарвалiся, застаўшыся ў дрыгве з вайны. Калi ў той засушлiвы год загарэўся тарфянiк, выбухi два месяцы скаланалi наваколле. Не знайшлося смельчакоў, якiя б сунулiся на балота, i пажар урэшце пагас сам сабой. Але i зараз людзi абыходзяць балота, бо невядома, якiя яшчэ ў iм тояцца небяспекi.