СЯРГЕЙ БЕЛАЯР
МАРНЫЯ СПАДЗЯВАННІ-2
Раніца выдалася цяжкай.
Трыццацідвухгадовы менеджар аўтасалона «Чатыры колы» Яраслаў Логаш з цяжкасцю разляпіў павекі, падняў галаву і павёў каламутным позіркам па пакоі, намагаючыся зразумець, дзе знаходзіцца. Змучаны алкагольнымі парамі мозг адмаўляўся працаваць. Думкі блыталіся, ніяк не хацелі падказваць адказ. Галава расколвалася, як быццам па ёй усю ноч білі кувалдай. У роце нібы каты нагадзілі. Аднак горш за ўсё было адчуванне агульнай слабасці. Мужчына не мог паварушыць ні нагой, ні рукой. Цела як быццам прапусцілі праз камнедрабілку, затым закінулі ў малатарню, пасля чаго выціснулі, але забыліся страсянуць. Любы рэзкі рух неадкладна адклікаўся болем, ад якога хацелася выць. Толькі шыя нейкім цудам утрымлівала вагу чыгуннай даўбешкі, у якую ператварылася чарапная каробка.