СЯРГЕЙ БЕЛАЯР
Сіндром Кеслера
Пасланец добрай волі Асамблеі разумных светаў Айкумены адмірал Хартэсно стаяў на капітанскім мосціку, што нібы скала ўзвышаўся над рубкай кіравання «Ла-Гроа», і назіраў за падрыхтоўкай да гіперпрасторавага скачку. Унізе панавала дзелавая мітусня: важдаліся тэхнікі, адбівалі на клавіятурах барабанны дроб аператары, перагаворваліся каардынатары. Манітор перад Хартэсно дубляваў інфармацыю з галаўнога камп'ютара — пабудова контуру ішла па графіку.
Побач з адміралам стаяў другі намеснік — капітан трэцяга рангу Лаворгс, не толькі падначалены, але і блізкі сябар Хартэсно. Як і адмірал, ён уважліва сачыў за ходам працэсу.