Рызыка пiсьменства (на белорусском языке)

Белль Генрих

Генрых Бёль

Рызыка пiсьменства

Пераклад: Алесь Пяткевiч

Сем гадоў таму я наведаў выдаўца аднаго вядомага часопiса, каб прапанаваць яму свой рукапiс; калi мяне запрасiлi, я падаў яму рукапiс - гэта было апавяданьне - але ён нават не зiрнуў на яго, паклаў яго на адзiн са стосаў, якiмi быў завалены ягоны пiсьмовы стол, загадаў сакратарцы падаць мне фiлiжанку кавы, сам выпiў шклянку вады i сказаў: "Я прачытаю ваш рукапiс, але пазьней, можа, праз пару месяцаў - бачыце, колькi тут усяго ляжыць. Але адкажыце мне на адно пытаньне, на якое нiхто з вашых папярэднiкаў - сёньня ранiцай у мяне перабывала ўжо сямёра - ня здолеў даць здавальняльнага адказу: чаму так шмат генiяў i толькi так мала мэнэджэраў майго ўзроўню. Я люблю часопiс, якi раблю, але я б не памёр, калi б мне прывялося вярнуцца да майго былога занятку: я быў кiраўнiком рэклямнага аддзелу на фабрыцы лёзаў да галеньня i адначасова пiсаў тэатральную крытыку, бо гэта мне падабалася. Вы таксама недзе стала працуеце?"

- На гэты момант я супрацоўнiк адной статыстычнай установы.