Васіль БЫКАЎ
ПАТРУЛІ
Апавяданне
У нізкім мураваным пад'ездзе старога будынка-інтэрната стаялі два хлопцы. Адзін, Піліп Лапата — прысадзісты, дужы дзяцюк у чорным гарнітуры, пінжак якога аж напяўся на яго шырокіх плячах. Ён нецярпліва пазіраў маленькімі вочкамі на двор, відаць, кагосьці чакаў. Другі—абыякавы да непакою таварыша, Алесь Вострыкаў, спакойна і задуменна калупаў заплямленую, даўно нефарбаваную сцяну. На твары яго з драбнаватымі рысамі ляжала паныласць. Быў ён невялічкі, тонкі, у старэнькай аблезлай, але добра вымытай фэзээнаўскай форме. Калі нарэшце са двара паказаўся трэці, той, каго чакалі тут, Піліп загаварыў, і яго басавіты голас, нібы ў дзежцы, забумкаў пад нізкім скляпеннем пад'езда.